№ 5 (844) 30 СТУДЗЕНЯ 2008 г.
170 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 2 лютага 1838 года ў вёсцы Мастаўляны пад Беластокам. Паходзіў са шляхецкага роду Каліноўскіх герба "Калінава", які паводле пісьмовых крыніцаў вядомы з XVII стагоддзя.
Першапачатковую адукацыю будучы рэвалюцыянер атрымаў у Свіслацкай павятовай навучальні. Вялікі ўплыў на яго меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсітэце, вывучаў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсітэта, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступенню кандыдата права. Ужо ў студэнцтве ён рашуча ступіў на сцяжыну палітычнай барацьбы з самаўладдзем, разам з братам належаў да рэвалюцыйнага гуртка Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага. На Бацькаўшчыну Каліноўскі вярнуўся ў 1861 годзе перакананым змагаром супроць царызму.
Кастусь стаўся стваральнікам і душой нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Горадні, разам з паплечнікамі ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў, рыхтуючы іх да паўстання. Гэтай мэце служыла і нелегальная беларуская газета "Мужыцкая праўда", якую Каліноўскі пачаў выдаваць у 1862 годзе супольна з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерам Урублеўскім.
Увосень 1862га К. Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт, што рыхтаваў вызвольнае паўстанне ў Беларусі. Кастусь стаяў на чале найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў ("белых") называлі "чырвонымі". Яны выступалі супроць саслоўнай няроўнасці, за дэмакратычную рэспубліку, за перадачу зямлі сялянам. Каліноўскі лічыў, што народы Беларусі, Летувы ды Ўкраіны павінны самі развязаць пытанне пра сваю незалежнасць. "Белыя" ж лічылі галоўнаю задачай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Пасля пачатку паўстання "белым" удалося адхіліць Каліноўскага і ягоных паплечнікаў ад кіраўніцтва. Ён стаў паўстанцкім камісарам Гарадзенскай губэрні, здолеў прыцягнуць да ўдзелу ў збройнай барацьбе шмат сялянаў. Улетку 1863 году Кастусь зноў узяў у свае рукі кіраўніцтва віленскім паўстанцкім цэнтрам, які часам называлі "Чырвоным жондам".
Царскі ваеннапалявы суд вынес настанову: пакараць правадыра інсургентаў смерцю на шыбеніцы. Прысуд быў выкананы 22 сакавіка 1864 года на віленскім гандлёвым пляцы Лукішкі.
"Роднаму слову" - 20 гадоў
25 студзеня 2008 года адзначыў свой 20гадовы юбілей часопіс "Роднае слова". Выданне фактычна вядзе свой пачатак ад 1987 года, калі ў часопісе "Народная асвета" існаваў невялічкі раздзел "Беларуская мова і літаратура". Цікавасць да гэтых публікацый расла, гэтак жа як і папаўняўся запас матэрыялаў. Было прынята рашэнне аб заснаванні асобнага выдання. З лёгкай рукі тагачаснага Міністэрства асветы Беларусі, якое і стала заснавальнікам, у студзені 1988 года пабачыў свет першы нумар часопіса "Беларускай мовы і літаратуры ў школе".
Ад самага пачатку рэдакцыйная калегія не абмяжоўвалася асвятленнем толькі пытанняў мовы і літаратуры. Наспела цалкам абгрунтаванае рашэнне змяніць назву. Таму з 1992 г. часопіс выходзіць пад новай вокладкай "Роднае слова". Роднаслоўцы з імпэтам асвятлялі шырокую культурнаасветніцкую дзялянку: з нумара ў нумар друкаваліся гістарычныя, культуралагічныя артыкулы. свой голас да чытача са старонак "Роднага слова" даносілі вядомыя пісьменнікі, акадэмікі, дактары і кандыдаты навук, метадысты і настаўнікі. Супрацоўнікі рэдакцыі не адмаўлялі і маладым аспірантам у іх навуковым пошуку.
Да свайго юбілею роднаслоўцы падышлі са значным набыткам: выдадзена 240 нумароў, якія без сумнення можна назваць унікальнымі па духу і змесце.
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарына шчыра віншуе супрацоўнікаў рэдакцыі "Роднага слова" з юбілеем і жадае ім усім моцнага здароўя, упэўнена трымацца абранага кірунку, шырыць кола сваіх аўтараў і чытачоў, радаваць нас усіх цікавымі і змястоўнымі публікацыямі.
Сакратарыят ТБМ.
Наперадзе чарговы з'езд ТБМ
Паважаныя сябры! На апошнім сваім паседжанні Рада ТБМ вырашыла ў адпаведнасці з нашым статутам у кастрычніку гэтага года пра-весці чарговы з'езд ТБМ. У сувязі з гэтым трэба зараз пачаць падрыхтоўчую працу.
Таксама, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам да 1 сакавіка кіраўніцтва павінна накіраваць у Міністэрства юстыцыі звесткі аб дзейнасці ТБМ за мінулы год і інфармацыю аб усіх зарэгістраваных рэгіянальных структурах ТБМ.
Таму я вельмі прашу кіраўнікоў нашых мясцовых суполак і іншых структур да 1 лютага зрабіць наступную працу:
1) Ва ўсіх арганізацыях, у якіх за апошнія два гады не было справаздачна-выбарчых сходаў ці канферэнцый, - правесці іх як мага хутчэй і даслаць у сядзібу ТБМ наступную інфармацыю: выпіску аб правядзенні сходу ці канферэнцыі і звесткі аб абраных кіраўнічых органах: старшыні, намесніку, скарбніку, сябрах рады і рэвізійнай камісіі.
Трэба адзначыць, што такія сходы і канферэнцыі ўжо адбыліся ў Новаполацку, Нясвіжы, Заслаўі, Светлагорску, Берэзінскім р-не, Дзятлаўскім р-не, Ленінскім р-не г. Менска, і іншых рэгіёнах Беларусі, а таксама за межамі нашай краіны.
2) Даслаць у сядзібу ТБМ і рэдакцыю газеты "Наша слова" да 15 лютага справаздачы /пажадана з ілюстрацыямі/ аб дзейнасці вашых арганізацый за 2007 год. Некаторыя справаздачы мы ўжо надрукавалі на старонках нашай газеты. Чакаем Вашых новых допісаў, асабліва з абласных гарадоў.
3) Прадоўжыць падпіску на "Наша слова" на другі квартал, асабліва сярод настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ і студэнтаў. Трэба сказаць, што ў апошнія дні мінулага года сакратарыят ТБМ, дзякуючы дапамозе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі здолеў дадаткова падпісаць на паўгады наступныя раённыя бібліятэкі: г. Глубокае, Паставы, Орша (Віцебская вобл), Івацэвічы і Ляхавічы (Берасцейская вобл) і г. Капыль (Менская вобл).
Такім чынам амаль усе раённыя бібліятэкі Беларусі ўжо атрымліваюць газету "Наша слова". Тыя некалькі бібліятэк, якія засталіся без "Нашага слова", атрымаюць газету ў другім квартале.
4) Актывізаваць збор сяброўскіх складак і перасылку ці перадачу іх у сядзібу ТБМ, альбо адразу на рэспубліканскі рахунак ТБМ за мінулы год (гл. інфармацыю у нумары "НС" №3).
Хачу паведаміць так-сама ўсім удзельнікам збору подпісаў (а яны збіраліся двой-чы) за наданне вуліцам нашай сталіцы імёнаў Льва Сапегі і Янкі Брыля добрую навіну.
Рашэннем Менскага гарадскога Савета №97 ад 30 лістапада 2007 года і зацвер-джанага Міністэрствам юсты-цыі пад № 9/12495 дзвюм но-вым вуліцам нашай сталіцы гэтыя імёны нададзены.
Зараз трэба актыві-заваць збор подпісаў за заха-ванне беларускай мовы як прадмета ў нашых ВНУ.
Жадаю Вам усім плённай працы.
З павагай,
Старшыня ТБМ - Алег Трусаў.
УПРАЎЛЕННЕ КУЛЬТУРЫ МІНСКАГА ГАРАДСКОГА САВЕТА ДЭПУТАТАЎ
Старшыні Грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны»
Трусаву А.А.
Аб увекавечанні памяці Янкі Брыля і Льва Сапегі
Паважаны Алег Анатольевіч!
Паведамляем, што 30 лістапада 2007 г. Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў прынята рашэнне № 97 «Аб прысваенні назваў вуліцам г. Мінска», якое прайшло юрыдычную экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Новым праектаваным вуліцам у мікрараёне Міхалова-1 наданы імёны народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і выдатнага беларускага дзяржаўнага дзеяча канца XVI стагоддзя Льва Сапегі.
Начальнік упраўлення У.М. Карачэўскі.
РАШЭННЕ МІНСКАГА ГАРАДСКОГА САВЕТА ДЭПУТАТАЎ
30 лістапада 2007 г. № 97
9/12495 Аб прысваенні назваў вуліцам г. Мінска
(26.12.2007)
У адпаведнасці з артыкулам 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года «06 адми-нистративно-территориальном делении и порядке решения вопросов административно-территориального устройства Республики Беларусь», праектам плана забудовы жылога квартала ў межах вул. Гурскага - пр. Дзяржынскага - рака Мышка (мікрараён Міхалова-1) Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў ВЫРАШЫЎ:
1. Праектаванай вуліцы № 1 на ўчастку ад праспекта Газеты «Звязда» да вул. Гурскага ў межах забудовы вул. Гурскага - пр. Дзяржынскага - рака Мышка (мікрараён Міхалова-1) надаць імя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і надалей называць яе «вуліца Янкі Брыля (Янки Брыля)».
2. Праектаванай вуліцы № 2 на ўчастку ад праектаванай вуліцы № 1 да вул. Гурскага ў ме-жах забудовы вул. Гурскага - пр. Дзяржынскага - рака Мышка (мікрараён Міхалова-1) надаць імя выдатнага беларускага дзяржаўнага дзеяча канца XVI - першай паловы XVII стагоддзя Льва Сапегі і надалей называць яе «вуліца Льва Сапегі (Льва Сапеги)».
3. Безназоўнаму праезду ад вул. Каліноўскага да Мінскай аўтамабільнай кальцавой да-рогі ў мікрараёне Зялёны Луг, які злучае кальцавую аўтамабільную дарогу з храмам -помнікам у гонар Усіх Святых у памяць бязвінна забітых, прысвоіць назву «вуліца Усіхсвяцкая» (Всехсвятская)» і надалей называць яе «вуліца Усіхсвяцкая (Всехсвятская)». ;
Старшыня М.В. Матусевіч.
На радзіме Кастуся Каліноўскага
Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасля ягонага продажу у 1836 годзе бацька будучага кіраўніка паўстання заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку. Тут і нарадзіўся Кастусь Каліноўскі.
На жаль, матэрыяльных артэфактаў, звязаных з родам Каліноўскіх, не захавалася. Але мясцовае насельніцтва памятае і шануе беларускага героя. Адзінае, што раней на будынку мастаўлянскай школы вісела мемарыяльная шыльда ў гонар лідара нацыянальнавызвольнага паўстання 1863 г. К.Каліноўскага. Зараз будынак школы часткова разбураны, а шыльда скрадзена.
Кастусь Вікенці Каліноўскі быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў недалёкай Ялоўцы. Дарэчы, храм у адрозненне ад школы цудоўна захаваўся.
Шматгранны талент на карысць роднай мове, літаратуры, журналістыцы, культуры
(Да 80-годдзя з дня нараджэння Георгія Юрчанкі) Прадстаўнікам беларускай культуры, журналістыкі і публіцыстыкі, пісьменніцкаму асяроддзю і чытацкай аўдыторыі, філалагічнай навукі і выдавецкай справы, супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі добра вядома імя Георгія Фёдаравіча Юрчанкі. Творчая біяграфія гэтага чалавека з'яўляецца вельмі цікавай і насычанай.
Нарадзіўся Г. Юрчанка 31 студзеня 1928 года ў вёсцы Кудрычы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. вучыўся ў Мсціслаўскай сярэдняй школе. Потым паступіў у Магілёўскі настаўніцкі інстытут, пасля заканчэння якога ў 1951 годзе працуе настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў школах Дзятлаўскага і Воранаўскага раёнаў Гарадзеншчыны.
Працу ў школе малады настаўнік спалучае з вучобай завочна ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце, які заканчвае ў 1959 годзе. Фармаваннем сваім як філолага і пісьменніка Георгій Юрчанка абавязаны вельмі многім вядомаму крытыку і літаратуразнаўцу Якубу Усікаву, а таксам таленавітаму мовазнаўцу Пятру Юргелевічу, у якіх вучыўся, набіраўся досведу і якія прадвызначылі, па словах самога Георгія Фёдаравіча, яго далейшы лёс журналіста, крытыка, публіцыста, мовазнаўца, выдавецкага работніка. Нарысы і замалёўкі Георгія Юрчанкі змяшчаюцца ў мсціслаўскай раённай газеце "Святло Кастрычніка", а таксама ў газетах "Звязда", "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", "Сельская газета", "Мінская праўда", "Вячэрні Мінск", у часопісах "Полымя", "Вожык". Мсціслаўская раённая газета ў 15 нумарах надрукавала нарыс Г. Юрчанкі па гісторыі Мсціслаўшчыны. Выходзяць артыкулы і нарысы аўтара пра культурнае і літаратурнае жыццё рэспублікі. За плённую журналісцкую і публіцыстычную дзейнасць Георгій Юрчанка ў 1963 годзе выбіраецца членам Саюза журналістаў СССР.
Вяршыняй журналісцкай і публіцыстычнай дзейнасці Георгія Юрчанкі з'явілася яго кніга "На мсціслаўскай зямлі ўзгадаваны. Нарыс жыцця і навуковай дзейнасці П.П. Кабекі", якая выйшла ў выдавецтве "Навука і тэхніка" ў 1986 годзе. Гэта кніга пра выдатнага савецкага фізіка членакарэспандэнта АН СССР Паўла Паўлавіча Кабеку (18971954) - нашага земляка, аднавяскоўца Георгія Юрчанкі, паплечніка і калегі такіх карыфеяў фізічнай навукі, як акадэмікі А.Ф. Ёфе, П.Л. Капіца, І.В. Курчатаў, М.М. Сямёнаў, В.Д. Скабельцын, Л.Д. Ландаў, Я.Б. Зельдзевіч, Я.І. Фрэнкель, А.І. Аліханаў, Л.А. Арцымовіч. Асноўныя работы П.П. Кабекі прысвечаны даследванню аморфных рэчываў і палімераў. Ім створана новая галіна фізікі цвёрдага цела. Фізік адным з першых пачаў даследаванні ў кірунку пераводу гумавай прамысловасці на сінтэтычны куўчук. У час Вялікай Айчыннай вайны ў асадным Ленінградзе вучоны распрацоўваў навуковыя праблемы, звязаныя з абаронай.
У час працы над гэтай кнігай у аўтара было многа паездак у Ленінград і Маскву, сустрэч з родзічамі вучонага і яго калегамі і вучнямі, якія жылі і працавалі ў Ленінгардзе. Прыходзілася вывучаць архіўныя матэрыялы, знаёміцца з навуковай спадчынай вучонага і яго калег, наведаць музейны куток П.П. Кабекі, які арганізавалі вучні славутага фізіка ў Ленінградскім палітэхнічным інстытуце. Рабіць фотакопіі і фотаздымкі, большасць якіх як ілюстрацыі змешчаны ў кнізе Г. Юрчанкі. Рускамоўны варыянт гэтай кнігі, дапрацаванай і дапоўненай, выйшаў у 1991 годзе.
Вядомы Георгій Юрчанка філалагічнай і пісьменніцкай грамадскасці і як літаратурны крытык. Ім апублікавана ў "Полымі", "Літаратуры і мастацтве", "Чырвонай змене" і іншых выданнях шмат артыкулаў і рэцэнзій, у якіх даецца грунтоўны аналіз літаратурных твораў такіх беларускіх пісьменнікаў. Як М. Скрыпка. А. Бажко. М. Даніленка, В. Гігевіч, А. Наўроцкі, В. Каваленка, М. Грынчык і інш. Георгій Юрчанка першым адгукнуўся на з'яўленне аповесці Васіля Быкава "Жураўліны крык" рэцэнзіяй, якая была змешчана ў "ЛіМе" ў канцы красавіка 1960 года. Выступіў у друку Г. Юрчанка і з характарыстыкай моўных асаблівасцей апавяданняў В. Хомчанкі і аповесці А. Пальчэўскага "Ты не адзін".
Георгій Юрчанка падрыхтаваў да друку кнігу паэзіі вядомага беларускага паэта 2030 -х гадоў ХХ стагоддзя Сяргея Фаміна пад назваю "Дымнае жыта. Вершы, паэмы, пераклады" і паспрыяў яе выхаду ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 1991 годзе. Г. Юрчанка напісаў прадмову да гэтай кнігі пад назвай "З Беларуссю заручоны" і зрабіў каментарыі і заўвагі да кожнага з паэтычных твораў, змешчаных у гэтым выданні. Паэт Сяргей Фамін стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій трыццатых гадоў і быў расстраляны 4 снежня 1941 года.
Другой гранню багатага таленту Г. Юрчанкі з'яўляецца яго пісьменніцкая дзейнасць. Менавіта як пісьменнік. як паэт пачаў ён сваё творчае жыццё. Найбольш жа ярка пісьменніцкі талент Георгія Юрчанкі праявіўся ў літаратурных пародыях і эпіграмах. Упершыню пародыі Георгія Юрчанкі былі апублікаваны ў часопісе "Вожык" у 1960 годзе. "Вожыкаўцы" вельмі спрыяльна сустрэлі яго першыя пародыі, далі шырокую дарогу творам пісьменніка. У серыі "Бібліятэка Вожыка" у 1965 годзе выйшла і першая кніжка пародый і эпіграм Г. Юрчанкі пад назвай "Распрэжаны Пегас". Талент Юрчанкіпісьменніка рос і мужнеў. Выходзяць адна за адной кніжкі пародый і эпіграм: "Вярхом на вожыку" (1968). "Немеладычныя мелодыі" (1974), "Парнаскія ўхабы" (1979), "У натхнёнай паграбеньцы" (1983), "Негабляваная пегасня" (1989), "Абаранкі пад хрэнам" (1994). У зборніках сабраны пародыі на беларускіх празаікаў, паэтаў, песеннікаў, драматургаў, крытыкаў. Пад абстрэл парадыста трапляюць літаратурная поза, неглыбокае пранікненне ў сутнасць з'яў, непатрэбная ўскладанасць, захапленне словатворчасцю, празмернае ўжыванне дыялектных словаў, драбнатэмнасць, мнагаслоўе, гладкапіс, маралізатарства і інш.
Гумар сатырыка шчыры, добразычлівы. А падчас калючы і нават з'едлівы. Талент Юрчанкіпарадыста ва ўменні выбраць патрэбнае ў неабсяжным моры літаратурных з'яў, ва ўменні дасягнуць камічнага эфекту. Усё гэта робіць кнігі пародый і эпіграм аўтара вясёлымі і цікавымі.
Георгій Юрчанка - член Саюза пісьменнікаў з 1975 года.
Трэцім відам творчай дзейнасці Георгія Юрчанкі з'яўляецца беларускае мовазнаўства. А дакладней збор, вывучэнне і сістэматызацыя дыялектнай лексікі і фразеалогіі гаворак роднай Мсціслаўшчыны - мяжы непасрэдных кантактаў сучасных беларускіх і рускіх гаворак. Першай мовазнаўчай кнігай Г. Юрчанкі быў яго "Дыялектны слоўнік" (1966), у якім аўтарам растлумачана значэнне 2170 слоў, не лічачы варыянтаў і форм. У 1969 годзе Г. Юрчанка выдаў сінанімічны слоўнік па дыялектнай лексіцы, які назваў "Народная сінаніміка". У ім распрацавана 440 сінанімічных радоў. Гэта быў першы сінанімічны слоўнік па сінаніміцы дыялектлексікі.
У 1981, 1983 і 1985 гадах выйшаў у свет трохтомны слоўнік Георгія Юрчанкі пад назвай "Народнае вытворнае слова". У ім з ілюстрацыямі і тлумачэннем пададзена каля 16200 лексічных адзінак. У гэтай лексікаграфічнай працы словы падаюцца камбінаваным алфавітнагнездавым спосабам. У гнёзды аб'ядноўваюцца звычайна аднакаранёвыя словы, якія блізка стаяць паводле алфавіту: напр.: буль-башнік, бульбяннік, бульбят-нік, бульбяшнік , /ахвотнік да бульбы/, у гэтым жа гняздзе прыводзяцца з ілюстрацыямі і формы жаночага роду - буль-башніца, бульбянніца, буль-бятніца, бульбяшніца: нама-салівацца, намаселіцца, на-маселеный; якей, якенькій. якенечкій і г.д.
У 1988 годзе выйшла з друку праца Георгія Юрчанкі "Сучаснае народнае слова. З гаворкі Мсціслаўшчыны. Слоўнік". У слоўнік уключаны багаты лексічны матэрыял, каля 4000 слоў, сабраны аўтарам у 6080я гады ХХ стагоддзя на ўсходзе Беларусі, на мяжы непасрэдных кантактаў сучасных рускіх і беларускіх гаворак. У гэтай працы слоўнікавыя артыкулы таксама пабудаваны гнездавым спосабам.
У адным артыкуле аб'яднаны, напрыклад, дзеясловы закончанага і незакончанага трывання абшалушываць і абшалушыць , зваротныя дзеясловы абодвух трыванняў, утвораныя ад апошніх - абшалушывацца і абшалушыцца , дзеепрыметнікі - абшалушаный, абшалушоный і дзеепрыслоўе законча-нага трывання абшалушемшы (абшалушыўшы) . У артыкулах на назоўнікі і прыметнікі падаюцца памяншальныя фор-мы: лабавік - лабавічок; ласкуціна - ласкуцінка; слабый- слабенечкій, слабёсенькій, слабёсенечкій, слабюсенькій. слабюсенечкій.
Такое кампактнае размяшчэнне матэрыялу дазволіла сэканоміць месца для падачы большай колькасці слоў і вялікай колькасці ілюстра-цый, а таксама паказаць словаўтваральнае багацце гаворкі.
Абсалютная большасць слоў, пададзеных у апошнім слоўніку Георгія Юрчанкі, адсутнічаюць у слоўніках літаратурнай мовы. Выклю-чэнне зроблена толькі для некаторых агульнанародных слоў, напрыклад, для слоў авёс, армяк, лес і некаторых іншых. І зроблена гэта для таго, каб паказаць народнае багацце вытворных ад іх слоў, што адсутнічаюць у слоўніках літаратурнай мовы: авясец, аўсішча, аўсюган, армячэнка, армячонка, армячышча, лясюга, лесюган, лясішча.
Вельмі многа ў гэтым слоўніку арыгінальных, малавядомых мясцовых слоў. Мно-гія з іх упершыню выводзяцца на нашу агульнанацыяналь-ную моўную арэну. Сярод іх варта назваць такія, напрыклад, словы, як: абада - навала, напасць; закаютак - куток, зацішная мясціна; ік - голас, здольнасць гаварыць; кургузік - нізкарослы чалавек; мушка-рыць -муштраваць; нарціцца - упарціцца; субытчывацца - збірацца; улыбляцца - ус-міхацца; упорчывый, упорчы-стый - упарты; хлепястаць - прагна піць; шабуцёж - шум, крык, галас і многія іншыя.
На старонках слоўніка сустракаем таксама многа слоў, шырока распаўсюджаных у паўночна-ўсходніх беларускіх гаворках, але якія адсутні-чаюць у слоўніках літаратурнай мовы: адбалматаць - спыніць павольную, невы-разную балбатню; заквак-тываць - пачынаць квак-таць; кулдуячыць - гаварыць неразборліва; тыханне - біццё сэрца; убоістый - непаслухмяны, упарты; убухто-рывацца - налівацца; упа-цёмках - папацёмку; шмарц-це - шмаццё і інш.
У слоўніку ёсць нямала слоў з агульнанародным бела-рускім коранем, але асаблівых сваім утварэннем, націскам, фанетычна, з іншым, чым у літаратурнай мове, граматычным родам і г.д., напрык-лад: асвоіцца- асвойтацца; абшара - абшар; абычайна - звычайна; высцябываць - выбіваць сцябаннем; дагад-чыватый, дагадчывый - зда-гадлівы; даказ - доказ; дак-тарша - доктарка; дарага-тоў, дарагатоўля - дарагоўля; дармавізна - дармаўшчына; зацалець - уцалець; кромшы - акрамя; кружка - кружком; цвярдынь - вялікая цвёрдасць і г.д.
Пры першым знаёмстве са слоўнікам адразу звяртаеш увагу на вялікую колькасць у гэтай лексікаграфічнай працы экспрэсіўных, ацэначных, жаргонных і іншых стылістычна афарбаваных моўных адзінак, слоў з метафарычнымі і пераноснымі значэннямі. Такія словы і іх значэнні, трэба сказаць з упэўненасцю, даступны для выяўлення і збірання толькі дасведчанаму збіральніку, які вельмі добра ведае мясцовую гаворку. Да такіх слоў у слоўніку адносяцца, напрыклад, наступныя: адбялендзіць - набалбатац-ца, спыніць балбатню; ад-гвэздаць - моцна запэцкаць; артамоннічаць - быць разя-вакай; башкавіна - галава; ваўчэць - рабіцца нелюдзі-мым; дабязуліць - лодарніча-ючы, нашкодзіць сабе; дады-хаць - дажыць; дахуркацца - дабурчацца; канархала - да-кучлівая асоба; хармузнік - зграбны чалавек; церабіць - настойліва сцвярджаць сваё і г.д.
Шырока ў слоўніку прадстаўлена сінаніміка і сло-ваўтваральная варыянтнасць, напрыклад: адправіцельная, адпраўная, адправешная - адпраўка, развітальны вечар; апекарка, апекарша, апекар-шая - апякунка; апекарства-ваць; апекарнічаць, апека-рыць - апекаваць; даходлівый, даходный, дахожый - пра-біўны; камсаць, камсіць, ком-саць, кэмсаць - камячыць, мяць; лалакаць, лалалакаць, лалыкаць, лалахаць, лалакац-ца, лалалакацца - балбатаць і г. д. Шырока падаюцца памян-шальныя формы слоў: краёк, краёчак, краюшок, краюшо-чак; махлаценькій, махласце-нькій, махлавасценькій; шка-рлупашка, шкарлупашачка, шкарлупінка, шкарлупінач-ка, шкарлупачка і мн. інш.
У 1993, 1996 і 1998 гадах пабачыла свет праца Георгія Юрчанкі "Сучасная народная лексіка. З гаворкі Мсціслаўшчыны". Гэта трохтомны дыялектны слоўнік, які змяшчае каля 17400 слоў запісаных аўтарам у гаворках на тэрыторыі Мсціслаўскага раёна. Слоўнік змяшчае багаты разнастайны матэрыял. У ім, як і ў дзвюх папярэдніх працах Г. Юрчанкі, матэрыял падаецца алфавітнагнездавым камбінаваным спосабам, што дазволіла аўтару кампактна падаць вялізны матэрыял, сабраны лексікографам на працягу чатырох дзесяцігоддзяў - у 60 - 80я гады ХХ стагоддзя. У адрозненне ад папярэдніх выданняў у гэтай трохтомнай працы часцей раскрываецца метафарычны бок мясцовай лексікі, пераносныя значэнні слоў.
Георгій Фёдаравіч Юрчанка з'яўляецца таксама актыўным збіральнікам і сістэматызатарам беларускага фальклору. Так. У 1972 годзе ён выдае першую кнігу трохтомнага фразеалагічнага слоўніка на літары А - З пад назвай "І коціцца і валіцца". Другі том слоўніка на літары І - П пад назвай "І сячэ і паліць" выйшаў у 1971 , а трэці (на літары Р - Я) пад назвай "Слова за слова" - у 1977 годзе. у загалоўкі ўсіх трох кніг слоўніка вынесены жывыя мясцовыя ўстойлівыя выразы. У гэтай рабоце апрацавана 18 тысяч фразеалагічных выразаў і іх варыянтаў (асноўных, апорных фразеалагізмаў у трохтомніку 8 тысяч).
У раней згаданай працы Г. Юрчанкі "Сучаснае народнае слова. З гаворкі Мсціслаўшчыны. Слоўнік" (1988) ёсць фальклорны дадатак. Гэта тэксты мясцовых мсціслаўскіх прыказак, прымавак, прыгаворак, жартаў, выразаў, формул, зачынаў, клятваў і пажаданняў, праклёнаў і зламысных пажаданняў, дыялогаў, частушак, песень, замоў, анектотаў, легенд, павер'яў, паданняў, народных апавяданняў. Спіс гэтых фальклорных тэкстаў налічвае ў дадзенай працы 676 назваў.
У 2001 годзе ў Магілёве выйшла кніжка Георгія Юрчанкі "Крылатыя залацінкі Мсціслаўшчыны". Гэта тлумачальны слоўнік прыказак. якія бытуюць ва ўсходніх беларусіх гаворках. У слоўнік увайшло звыш паўтысячы прыказак. якія ў абсалютны своёй большасці бытуюць толькі на адзначанай моўнай тэрыторыі. Гэта найкаштоўнейшы матэрыял для фалькларыстаў, мовазнаўцаў, майстроў мастацкага слова. На вялікі жаль, у артыкуле ўсяго гэтага багацця нельга паказаць. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў: а гонь у саломе не схаваеш (не месціцца); адзін блін і той на рэшаце; адзін відзіць за Сажем, другі за Вяхрою; адзінокаму сабаку і хвост забава; без меркі і лапця не спляцеш; вароты незапёрты, хочаш - у рай, хочаш к чорту; вушы золатам завешаны, дзеткі бульбачкай пацеша-ны; дакоскі гуляюць у коскі; жаліўся казёл барану на на-дворную свінню; наняўся кот смятану сцярэжч; не жаніў-ся - дзве анучы, ажаніўся - трапак куча; пад носам узы-шло, у галаве не сеяна; сэрца з перцам, душа з цыбуляю; твае кляты табе ў пяты; у акуратніцы серада з-пад пятніцы; у доўг браць - шыю падстаўляць; у цеснаце і кукіш не пакажаш; хочацца ў рай, ды каб з бутылачкай; цыбуля з рэдзькаю ўсягды сталкуюцца; чужбіна па шэрсці не гладзіць; што ні дзень, то пятніца; яму каб барыню ды ўпрысядачку і г.д.
У выдавецтве "Беларуская навука" ў 2002 годзе выйшла кніга Георгія Юрчанкі "Народнае мудраслоўе" Матэрыял для гэтай працы аўтар збіраў на працягу паўстагоддзя на ўсходзе Беларусі, на Мсціслаўшчыне. Кніга складаецца з чатырох частак. Першы раздзел называецца "Прыказкі". Ён у кнізе займае важкае месца (сс. 684). Прыказкі (а іх з варыянтамі кампанентаў у працы нададзена 808) адлюстравалі шматвяковы досвед і мудрасць народа. У іх добразычлівая ўсмешка і рэзкае асуджэнне. Радасць і гора. Прыязнасць і адмаўленне. Выклікаюць здзіўленне высокія мастацкія якасці прыказак. іх народная апрацаванасць, дасканаласць. Многія прыказкі вылучаюцца трапнай рыфмай: у хвастуна ўсяму адна цана; харош Панас, ды не пра нас; ці еўня, ці асець, глядзі, каб не акасець. Характэрна для пададзеных у слоўніку прыказак гінербала: на адну аўцу сем пастухоў; упяцярых адзін сноп нясуць; пачасалася свіння аб шула - сем даж-джоў не адмыюць і інш.
Вельмі важна, што ў гэтай працы, як і ў папярэдняй, тлумачыцца сэнс кожнай прыказкі і кожная прыказка забяспечана ілюстрацыяй з мясцовай гаворкі.
Другі раздзел кнігі называецца "фразеалагізмы" у ім пададзены, растлумачаны і праілюстраваны 881 фразеалагізм. Што вельмі важна, у слоўнікавых артыкулах падаюцца варыянты фразеалагізмаў, якія маюць ужыванне ў жывой гаворцы. Зазначым, што гэтыя фразеалагічныя адзінкі не паўтарюць тых, што былі прыведзены Г. Юрчанкам у яго названым вышэй трохтомным фразеалагічным слоўніку.
У трэці раздзел працы "Народнае мудраслоўе" (сс. 177204) увайшлі народныя параўнанні. Спіс іх налічвае ў кнізе 380 адзінак. Кожнае параўнанне, як і фразеалагізмы, забяспечана дэфініцыяй і ілюстрацыяй.
Завяршае кнігу раздзел "Лексіка" (сс. 205317), у якім лексікаграфічна аформлена 1957 моўных адзінак. Аднакаранёвыя і вытворныя адзінкі адной часціны мовы падаюцца ў гнёздах пад апорнымі словамі. Гэты раздзел у большасці сваёй прадстаўляюць эмацыянальнаэкспрэсіўныя словы.
Фальклорныя матэрыялы, сабраныя Г. Юрчанкам у народных гаворках, публікаваліся ім таксама ў калектыўным зборніку "Праблемы сучаснага беларускага фальклору" (1969), у часопісе "Полымя" і ў іншых выданнях.
Народная мова па сутнасці невычэрпная: акрамя чатырнаццаці тамоў слоўнікаў. Георгій Юрчанка апублікаваў таксама значную колькасць артыкулаў па дыялектнай лексіцы і тапаніміцы, прычым большасць з гэтых публікацый асаблівыя па зместу, бо раскрываюць калі можна так сказаць, цяжкадаступныя і малавывучаныя лексічныя пласты народнай мовы. Выйшла таксама многа рэцэнзій Г. Юрчанкі на працы, слоўнікі беларускіх мовазнаўцаў, на працы беларускіх фалькларыстаў і інш.
Слоўнікі Георгія Юрчанкі высока ацэнены вядомымі спецыялістамімовазнаўцамі. Шмат рэцэнцій паявілася на іх у беларускім, саюзным і замежным друку.
Выдадзеныя Г. Юрчанкам слоўнікі і лексікаграфічныя і фразеалагічныя матэрыялы да іх, а таксама падрыхтаваныя ім да друку новыя лексікаграфічныя матэрыялы аб'ядноўваюць звыш 100 тысяч моўных адзінак. Параўнаем: да гэтага самымі значнымі зборамі дыялектнай лексікі былі - пяцітомны "Слоўнік беларускіх гаворак паўночназаходняй Беларусі і яе пагранічча" (19791988) (38 тысяч слоў). Пяцітомны "Лексічны атлас беларускіх народных гаворак" (19931998) (звыш 22 тысяч моўных адзінак. "Краёвы слоўік усхоняй Магілёўшчыны" (1970) І.К. Бялькевіча (звыш 20 тысяч слоў), пяцітомны "Тураўскі слоўнік" (19821987), выкананы пад кіраўніцтвам А. А. Крывіцкага (20 тысяч слоў).
Акрамя гэтага, Г. Юрчанка зафіксаваў, апрацаваў і апублікаваў 5 тысяч фальклорных адзінак, якія называліся вышэй.
Збіральніцкай, сістэматызатарскай і даследчай працы ў галіне народнай беларускай лексікі, фразеалогіі і фальклорнага матэрыялу Юрчанка прысвяціў каля шасці дзесяткаў гадоў. Толькі вялікія творчыя намаганні, самаадданая, самаахвярная праца, вялікая любоў да народнага слова, тонкае моўнае чуццё і вельмі добрае веданне роднай гаворкі дазволілі Георгію Фёдаравічу Юрчанку зрабіць у названай галіне столькі, што бывае часам не пад сілу цэлым калектывам.
Георгія Фёдаравіча Юрчанку можна з вялікай упэўненасцю, без перабольшання ахарактарызаваць як беларускага Уладзіміра Даля.
Зробленае Георгіем Юрчанкам як лексікографам заслугоўвае самай высокай ацэнкі.
Падсумоўваючы больш чым пяцідзесяцігадовую творчую дзейнасць Георгія Юрчанкі, неабходна сказаць, што ён падрыхтаваў і апублікаваў больш, як 550 работ. Гэта, як было адзначана вышэй, пародыі і эпіграмы, вершы і замалёўкі, публіцыстычныя і навуковыя артыкулы, літаратрныя агляды і рэцэнзіі, слоўнікі, дзве публіцыстычныя кнігі, фальклорныя матэрыялы, краязнаўчыя працы і інш.
І нарэшце нельга не спыніцца на выдавецкай дзейнасці Г. Юрчанкі. З 1961 па 1988 год месцам яго працы было выдавецтва "Навука і тэхніка" ў Менску. З сакавіка 1962 па люты 1988 года Г. Юрчанка быў загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва гэтага выдавецтва. За 25 гадоў кіраўніцтва рэдакцыяй праз рукі і вочы Георгія Юрчанкі прайшло і ўбачыла свет звыш 600 назваў кніг, брашур, штогоднікаў. Асноўныя з іх - 30томнае выданне беларускага фальклору, аб'яднанае назвай "Беларуская народная творчасць", многія іншыя працы па беларускім фальклоры, этнаграфіі, мастацтве, летаратуразнаўстве, мовазнаўстве.
Г. Юрчанка клапаціўся не толькі пра паляпшэнне якасці навуковай прадукцыі, што выходзіла ў яго рэдакцыі, але і рыхтаваў кваліфікаваныя кадры выдавецкіх работнікаў.
Вялікую грамадскую работу вёў Г. Юрчанка ў выдавецтве "Навука і тэхніка" і ў Акадэміі навук у цэлым. Так, на працягу 13 гадоў ён узначальваў журналісцкую арганізацыю Акадэміі навук Беларусі, быў членам народнага кантролю Акадэміі навук, выконваў іншую грамадскую работу. Калегі Г. Юрчанкі і ўсе, хто сутыкаўся з ім у выдавецкай справе і грамадскай рабоце, асноўнымі рысамі яго характару называюць прынцыповасць, актыўнасць, акуратнасць, незвычайную працавітасць, сціпласць.
Георгій Фёдаравіч узнагароджаны медалём "Ветэран працы", значком Дзяржкамвыда СССР "Выдатнік друку", ганаровай граматай Дзяркамвыда БССР і БРК прафсаюза работнікаў культуры БССР, з'яўляецца лаўрэатам журналісцкай прэміі імя вядомага журналіста Беларусі 30х гадоў ХХ стагоддзя Р. Вашчыленкі.
Няўрымслівым і творча актыўным чалавекам з'яўляецца Георгій Юрчанка і цяпер, у свае восемдзесят. Працуе над новымі мастацкімі творамі, адгукаецца рэцэнзіямі на новыя мастацкія творы, фалькларыстычныя, мовазнаўчыя і краязнаўчыя працы, збірае і сістэматызуе дыялектны і фальклорны матэрыял, працягвае працаваць у галіне краязнаўства.
Шматгранны талент Георгія Юрчанкі служыць добрым прыкладам для маладых дзеячоў культуры, філалагічнай навукі, журналістыкі, выдавецкай справы.
Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Крыўко.
СПРАВАЗДАЧА
суполкі ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны" за 2007 г.
1. Навукова-даследчая дзейнасць.
1.1. Праводзяцца тэарэтычныя даследаванні па тэмах:
"Музеефікацыя гарадзішча "Замэчак". (Падрыхтаваны даклад на тэму: "Музеефікацыя гарадзішча "Замэчак": гісторыя пытання, актуальнасць, прапанова па архітэктурнаму выра-шэнню")
"Гісторыя Кальвінскага збору ў Заслаўі". (Праца ў архівах г. Менска). Напісаны даклад на тэму "Судовая справа Яна Янавіча Глябовіча на Люблінскім сейме 1569 г."
"Гісторыя Заслаўя 1917-1941 г.г."
"Тэма старажытнага Заслаўя ў творчасці Віктара Маркаўца"
"Інсітнае мастацтва"
(Падрыхтаваны даклад на тэму: "Музей інсітнага
мастацтва ў Заслаўі: Быць альбо не..?").
"Духоўная спадчына Я.Драздовіча" Напісаны даклад на тэму: "Коллекция наивного искусства нз фондов НКМЗ "Заславль"
"К вопросу о происхождении клети как хозяйственного строення белорусов" (Выступленне з дакладам на канферэнцыі, прысвечанай 30-годцзю Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту)
2. Экспазіцыйная і выставачная дзейнасць.
2.1. Выставачная дзейнасць:
Праведзены наступныя часовыя выстаўкі:
"В поисках гармонии",
(выстаўка жывапісных работ Т. Дауд)
"Скрыня Пандоры" (канцэптуальная выстаўка
на аснове твораў жывапісу Міхася Рагалевіча)
Выстаўка твораў Мікалая Дучыца,
прысвечаная 110-угодкам мастака
3. Канферэнцыі
3.1. Праведзена канферэнцыя:
"Заслаўе. Карані нашага радаводу", пад час Шостага фестывалю Беларускай камернай музыкі ў Заслаўі. Выступілі з дакладамі на тэмы:
"Полоцкая княгиня Рогнеда как прообраз былинной невесты".
"Коллекцня наивного яскусства нз фондов НКМЗ "Заславль".
3.2. Праведзена канферэнцыя: "Старажытныя гарады. Праблемы даследавання, музеефікацыі, захавання помнікаў і гістарычных тэрыторый", прысвечанай 20-годдзю заснавання музея-запаведніка. Выступілі з дакладамі на тэмы:
"Судовая справа Яна Янавіча Глябовіча на Люблінскім сейме 1569 г."
"Музеефікацыя гарадзішча "Замэчак": гісторыя пытання, актуальнасць, прапанова па архітэкгурнаму вырашэнню".
"Музей інсітнага мастацтва ў Заслаўі: Быць альбо не..?"
4. Публікацыі, выдавецкая і рэкламная дзейнасць
4.1. Публікацыі:
Артыкул для выдання "Учреждения Минска"
"Сусвет душою беларуса"
(час. "Дзеяслоў", № 3, 2006 г.)
"Маляваныя дываны ад Алены Кіш да Тамары Дауд"
(Краязнаўчая газета, 2006 г.)
Падрыхтаваны для выдання матэрыялы канферэнцыі
"Заслаўе. Карані нашага радаводу".
Падрыхтавана для выдання кніга
"Патаемнае наіўных мастакоў".
Сакратар суполкі Казлоўскі В.І.
Заснавана прэмія імя Фр. Аляхновіча "Беларускага дабарахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры"
Заснавана прэмія імя Францішка Аляхновіча грамадскага аб'яднання "Беларускае дабарахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры". Палажэнне аб прэміі было адзінагалосна прынята 22 студзеня на паседжанні мемарыяльнай секцыі таварыства і накіравана на зацвярджэнне рэспубліканскай рады аб'яднання.
У палажэнні, між іншым, адзначаецца, што прэмія засноўваецца за значны ўнёсак у справу ўвекавечвання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і прысуджаецца грамадскім актывістам, дзеячам культуры і мастацтва, гісторыкам і краязнаўцам, літаратарам і журналістам.
Узнагароджанне праводзіцца камітэтам па прэміі з пяці чалавек, створаным пры рэспубліканскай радзе таварыства. Прадстаўленні на спаборцаў прэміі накіроўваюцца ў камітэт да 1 лютага. У лютым камітэт простай большасцю галасоў пры тайным галасаванні вызначае аднаго лаўрэата году.
Лаўрэату прэміі ўручаецца дыплом, знак і падарунак. Уручэнне прэміі адбываецца ўрачыста 9 сакавіка ў дзень народзінаў Ф. Аляхновіча і асвятляецца СМІ. Лаўрэат чытае лекцыю, выступае перад грамадскасцю краіны і замежжа, а яго фатаздымак з апісаннем заслуг змяшчаецца ў Памятнай кнізе лаўрэатаў.
Лаўрэацкі знак вырабляецца з каляровага металу. На вонкавым баку знака барэльеф Ф.Аляхновіча, а на адваротным тэкст у тры радкі: "Лаўрэат прэміі імя Ф. Аляхновіча". Асобна гравіруюцца парадкавы нумар прэміі і год яе прысваення.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.
Справаздача за 2007 год
Заслаўскай суполкі "Нашчадкі Рагнеды" ГА Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
Актыўных сяброў заслаўскай суполкі ТБМ наліч-ваецца 6 чальцоў. Трое з сяброў арганізацыі не плацілі складкі: Макарчык А. А., Малаш Ю. Л., Трубач Т. Г. Выпісваюць газеты:
"Наша слова" - 3 чал.
"Звязда" - 1 чал.
"Народная воля" - 1 ч.
Па прычыне смерці з заслаўскай суполкі за гэты год выбылі 3. М. Барай, Банкевіч Генадзь.
Нашыя справы:
Удзел у падрыхтоўцы друкаванай праграмы па кі-рунку "Нефармальная адука-цыя", удзел у праграме "Ус-тойлівае развіццё мясцовых супольнасцяў".
Адбыліся 2 паездкі двух сяброў за мяжу, у Літву.
У СШ №1 і 2 працуюць два беларускамоўныя класы.
Наведванне сябрамі ТБМ разнастайных фэстаў, імпрэз. Для павышэння свайго агульнаадукацыйнага узроў-ню і развіцця культуры.
Сябры суполкі маюць электронную пошту ў інтэр-нэце. Выпушчаны два бюлетэ-ні, якія асвятляюць навіны суполкі.
Вывучэнне некаторых прадметаў ва ўніверсітэтах па-беларуску сябрамі суполкі.
Святкаванне Калядаў у дзіцячых садках. Дзеці разам з бацькамі расказвалі вершы па беларуску, далучаліся да бе-ларускіх традыцый.
Спадарыня Шарэйка у СШ №2 праводзіла з дзецьмі купальскія гульнію
Віншаванне з юбілеямі сяброў суполкі.
Суполка "Нашчадкі Рагнеды" віншавала з Міжнародным днём роднай мовы педагагічныя калектывы школ і дзіцячых садкоў.
Збіранне подпісаў дзе-ля захавання беларускай мовы ў ВНУ.
Працягванне сувязяў з рознымі грамадскімі аб'яднан-нямі: музеем Уладзіміра Карат-кевіча ў Оршы, СПА "Ча-зенія", ТБШ і інш.
Дзелавое сулрацоў-ніцтва з ГА "Жаночы альянс" і НДАЭК, які знаходзіцца ў вёсцы Новае Поле.
Працяг даследавання гісторыі горада Заслаўя. Збіранне сябрамі ТБМ гістарыч-ных і прыродных помнікаў навакольнага ассяроддзя.
Працягваем папуля-рызаваць сярод насельніцтва дейнасць Заслаўскага запавед-ніка, школьага музею "Бела-руская хатка" у СШ №3, ваен-на-гістарычнага музея ў СШ №2.
Прымаем ўдзел у свяце беларускай пісьменнасці, Купалаўскіх чытаннях у Вязын-цы; фэстах, музыкальных кан-цэртах, гасцёўнях у Менску і Заслаўі.
Сустрэча з паэтамі і празаікамі Беларусі, навукоўцамі, мастакамі і інш.
Праводзім рэкламу пясочных скульптур на кар'ерах горада Заслаўя.
Двое з нашых сяброў Стахоўскі С. і Аксючыц Г. паступілі на гістарычныя фа-культэты розных ВНУ.
Прымаем удзел у святкаванні па плану рэспубліканскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
Распаўсюджваем беларуску друкаваную прадукцыю.
Старшыня Заслаўскай суполкі ТБМ "Нашчадкі Рагнеды" Вольга Шарэйка
КОНКУРСЫ "НАШЧАДКІ СКАРЫНЫ"
Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай школы" ў апошні час правяло ці працягвае праводзіць конкурсы "Прэмія імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ", "Беларускі Настаўнік 2007 года". Распачынае праводзіць веснавыя конкурсы на лепшую роднамоўную групу дашкольнай установы г. Менска і Менскай вобласці пад назвай "Нашчадкі Скарыны". У траўні журы ТБШ назаве па тры лепшыя групы д/у сталіцы і Меншчыны, якія вызначаюцца ўзорным нацыянальным выхаваннем. Для ўдзелу ў конкурсах неабходна запоўніць спецыяльную анкету (кіраўніку ўстановы, выхавацелю ці бацькам) і даслаць яе на адзін з наступных адрасоў да канца сакавіка 2008 года: 220029 Мінск, а/с 64, электронная пошта (tbskoly@tut.by).
Журы разглядае конкурсныя дакументы, па неабходнасці знаёміцца з групай пры дапамозе наведвання і ганаруе шэсць лепшых груп двух сталічных рэгіёнаў спецыяльнымі дыпломамі і падарункамі, адзначаюцца таксама і іх выхавацелі.
Што робіцца ў Міры?
Старшыні грамадскага
аб'яднання "Таварыства
беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб работах у Замкавым
комплексе "Мір"
Па выніках разгляду пытанняў адносна работ у Замка-вым комплексе "Мір" паведамляем наступнае.
1. Пры афармленні музейных экспазіцый у Рэспубліцы Беларусь, як правіла, выкарыстоўваецца ў якасці асноўнай беларуская мова. Іншыя мовы прымяняюцца па неабходнасці з улікам характару і статусу канкрэтнага музея.
Адносна моўнага афармлення будучых экспазіцый Замкавага комплекса "Мір" такога ж роду інфармацыя была агучана супрацоўнікамі дзяржаўнай установы "Нацыянальны мастацкі музей Беларусі" (далей - Нацыянальны мастацкі музей), якія прадстаўлялі канцэпцыю музеефікацыі аб'екта 29 лістапада 2007 г. на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры (далей -Навукова-метадычная рада).
2. Згодна з устаноўленым заканадаўствам парадкам Бубноўскаму Д.С. выдадзены сертыфікат (пасведчанне) ад 04.06.1999 г. № 0001 з прадстаўленнем права кіраўніцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорый 0, 1, 2, 3 і ажыццяўлення аўтарскага нагляду пры іх правядзенні, што адпавядае палажэнням артыкула 39, пункта 1 і падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 40 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" (далей - Закона). У гэтай сувязі няма падстаў сумнявацца ў кваліфікацыі навуковага кіраўніка работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці "Замкавы комплекс "Мір", што пацвярджае шматгадовая работа Бубноўскага Д.С. у гэтай якасці.
Акрамя таго, неабходна ўлічваць, што адказнасць за распрацаваную праектную дакументацыю нясе непасрэдна генеральны праекціроўшчык, якім у дадзеным выпадку з'яўляецца УП "Мінскпраект". Па нашаму меркаванню, у яго складзе працуюць дастаткова падрыхтаваныя спецыялісты розных прафесій, здатныя ажыццяўляць праектную дзейнасць.
Варта таксама ўлічваць, што заказчыкам на выкананне ўсіх відаў работ у Замкавым комплексе "Мір" з'яўляецца Нацыянальны мастацкі музей, якім ажыццяўляецца прыёмка ва ўстаноўленым парадку навукова-праектнай дакументацыі і забяспечваецца яе рэалізацыя на аб'екце. Генеральным падрадчыкам на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ выступае РБРУП "Мінскрэстаўрацыя".
У ходзе распрацоўкі праекта для размяшчэння калодзежа было прынята месца, дзе гэта збудаванне існавала да апошняга часу. Паводле абгрунтавання праектнага рашэння яно магло быць першапачатковым, прынамсі, на час рэканструкцыі замкавага комплексу ў перыяд Рэнесансу (1594 г.). Аб гэтым сведчыць размяшчэнне калодзежа побач з асноўным, нязменным з самага пачатку будаўніцтва замка, сцёкам вады з двара ў гаспадарчай зоне на дастатковай адлегласці ад парадных уваходаў і фасадаў палаца.
Тып калодзежа прыняты пасля прапрацоўкі альтэрнатыў-нага варыянта размяшчэння на замкавым двары драўлянага "жураўля", канструкцыя якога, пры глыбіні ўзроўню вады больш сямі метраў ад паверхні брукоўкі, заняла б практычна ўсю дыяганаль двара. Улічвалася таксама і тая акалічнасць, што аб'ёмна-прасторавае і пластычнае асяроддзе замкавага двара сфарміравалася пад ўплывам рэнесансных традыцый, з улікам адлюстравання якіх выканана аднаўленне дваравых фасадаў палацавых карпусоў. Гэта стала прычынай выбару найбольш распаўсюджанага ў перыяд Рэнесансу тыпу калодзежа (з блокам), тым больш, што і на дзядзінцы Нясвіжскага замка ў гэты ж час быў створаны аналагічны па характару калодзеж.
Выбар пяшчаніка для афармлення надземнай часткі калодзежа абумоўлены выкарыстаннем каменя і ва ўладкаванні яго падземнай канструкцыі. Пластычнае яе афармленне ўлічвае эстэтычныя прыёмы і ў значнай частцы тыя ж архітэктурныя абломы, што скарыстаны для аздаблення дзвярных і ваконных праёмаў Мірскага замка. Вобраз металічнай канструкцыі калодзежа прыняты на аснове вывучэння еўрапейскіх аналагаў гэтага перыяду. Улічваліся таксама мясцовыя кавальскія прыёмы.
Праектнае рашэнне калодзежа было прадстаўлена на планшэтах, якія дэманстраваліся ў час пасяджэння Навукова-метадычнай рады, што праходзіла 18 красавіка 2007 г. у Замка-вым комплексе "Мір". Пярэчанняў адносна яго вобразнага ўвасаблення не было.
Па выніках абследаванняў печаў у капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх унітарным прадпрыемствам "Інстытут НДПТІБ (НИПТИС)" іх стан быў вызначаны як разбураны, у сувязі з чым было рэкамендавана выканаць новыя. Акрамя таго, у адпаведнасці з тэхнічным заключэнне названага інстытута № 2005.3Т.489, тэхнічнымі ўмовамі і заданнем на распрацоўку праекта, якія прадстаўлены заказчыкам, а таксама заключэннем органаў пажарнага нагляду была распрацавана навукова-праектная дакументацыя на ўладкаванне ў будынку сістэмы вадзянога ацяплення і на аднаўленне формаў і знешняга выгляду печаў з іх выкарыстаннем для сістэмы вентыляцыі памяшканняў.
Навуковым кіраўніком работ 06.03.2007 г. у журнале аўтарскага нагляду зроблены запіс, згодна з якім разборку ўсіх печаў належала ажыццяўляць "з асаблівай акуратнасцю з мэтай максімальнага захавання цэлых кафляў (асабліва карнізных). Цэлыя кафлі ачысціць ад пабелак і пафарбовак. Прыдатныя для паўторнага выкарыстання кафлі рассартыраваць па тыпах, іх колькасць аформіць актам".
Атрыманыя ад разборкі печаў кафлі сістэматызаваны і захоўваюцца на вытворчай базе УП "Мінскрэстаўрацыя" у Калядзічах. 3 іх выкарыстаннем ёсць магчымасць аднавіць адну печ (не хапае толькі адной кутняй кафлі). Праектныя рашэнні па аднаўленню знешняга выгляду печаў прынята на падставе абмерных чарцяжоў і фотафіксацыі, выкананых УП "Белінфарм-рэстаўрацыя" у 2004 г. (аб'ект № 17-04-КНД-0). Памеры і колькасць металічных вырабаў вызначаны на падставе абмераў праёмаў і адтулін печаў. Атрыманая ад УП "Мінскпраект" праектная дакументацыя на аднаўленне печаў капліцы-пахавальні перададзена заказчыкам у вытворчасць ва ўстаноўленым парадку.
Можна прызнаць справядлівай выказаную заўвагу адносна недастаткова ахайна выкананай работы па разборцы печаў, на што было ўказана службе тэхнагляду заказчыка і генеральнаму падрадчыку. Аднак гаварыць аб варварскім разбурэнні печаў па прычыне недагляду Бубноўскага Д.С. не выпадае.
Рабочая дакументацыя на аднаўленне печаў у памяшканні сталовай паўночнага копуса Мірскага замка выканана на падставе матэрыялаў архітэктурнага праекта, разгледжанага і ўхваленага Навукова-метадычнай радай, што адлюстравана ў пратаколе яе пасяджэння ад 04.06.1999 г. № 53. У адпаведнасці з лістом Нацыянальнага мастацкага музея ад 20.03.2004 г. № 0П7сг-о распрацоўка той часткі дакументацыі, якая вызначае знешні выгляд печаў, была завершана папярэднім генеральным праекціроўшчыкам УП "Група СТС".
Пасля атрымання станоўчага заключэння органаў дзяржаўнай экспертызы праектаў пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва архітэктурны праект "Рэстаўрацыя і прыстасаванне помніка архітэктуры ХУІ-ХХ стагоддзяў замкавага комплексу ў г.п. Мір Гродзенскай вобласці" быў зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 г. № 77.
Месцы размяшчэння печаў прыняты з улікам аналізу асаблівасцей аб'ёмна-пластычнага і канструктыўнага вырашэння памяшкання: дзве з іх размешчаны каля шырокіх міжваконных прасценкаў, у тоўшчы якіх месцяцца дымаходныя каналы, адна прыбудавана да ўнутранай сцяны, у якой таксама знаходзіцца дымаходны канал, у месцы, што з'яўляецца адзіна магчымым для палення печы з суседняга памяшкання, традыцыйнага для перыяду Рэснесансу. Прымаліся да ўвагі і іншыя акалічнасці, напрыклад, наяўнасць пад пляцоўкамі печаў падпіраючых іх сцен на ніжнім ярусе палаца.
За аснову аб'ёмна-прасторавага рашэння печаў прыняты рэканструкцыі, выкананыя аддзелам археалагічных даследванняў, які дзенічаў у 1980-я гг. у складзе НДПБ СНРВМ Міністэрства культуры (пазней інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя"). Пры гэтым памер запраектаваных печаў крыху зменшаны ў параўнанні з іх рэканструкцыяй, што абумоўлена вышынёй размяшчэння ў сценах адтулін дымаходных каналаў, памерамі выкарыстанай для вымуроўвання ўнутраных аб'ёмаў печаў цэглы канца XVI - пачатку XVII стст., кратнасцю знешніх памераў печаў памерам кафлі, рэканструяванай па матэрыялах археалагічных даследа-ванняў замка 1980-х гг., цеплатэхналагічнымі характарыстыкамі залы, аб'ём якой складае каля 1000 куб. м (тры сцяны і столь якой мяжуюць з халодным знешнім атачэннем, наяўнасць дзевяці вялікіх вокнаў з металічнымі і каменнымі рамамі, зашклёнымі ў адну нітку).
Пры праектаванні печаў былі выкарыстаны і пэўныя аналагі з тэрыторыі Полыпчы і Чэхіі, што абумоўлена адсут-насцю аўтэнтычных вырабаў як у Беларусі, так і ў іншых суседніх краінах.
Цыліндрычнае завяршэнне адной з печаў не мае абсалют-на круглага абрысу. Складаецца яно з нескругленых прама-вугольных кафляў, таму знешняя паверхня мае гранёны перыметр. Пры гэтым, у перыяд Рэнесансу ў еўрапейскіх краінаў тып печы з кубічным нізам і цыліндрычным з гранямі або без іх верхам быў дастаткова распаўсюджаны, а ў польскіх крыніцах падаецца як "традыцыйны".
У першым вядомым інвентары Мірскага замка, датаваным 1688 годам, пры апісанні печаў часцей за ўсё ўпамінаецца толькі характарыстыка кафлі (колер, наяўнасць палівы і г.д.). Вельмі рэдка, але згадваецца "печ круглая", аднак характарыстык іншых форм у апісанні няма.
Такім чынам, з улікам акалічнасцей выпрацоўкі канцэпцыі аднаўлення першых двух адсекаў палацавай часткі Мірскага замка на перыяд яе стварэння (1594 г.), праектам прадугледжана выкарыстанне, як памянёнай вышэй "традыцыйнай" формы рэнесансных печаў, так і болып рэдкай для перыяду будаўніцтва комплекса з верхам у выглядзе паралеліпіпеда.
Усе праектныя рашэнні на выкананне работ у Замкавым комплексе "Мір", згодна з артыкулам 43 Закона, выносяцца на разгляд Навукова-метадычнай рады, у рабоце якой, акрамя яе пастаянных членаў, звычайна, прымаюць удзел спецыялісты розных накірункаў, у тым ліку археолагі, гісторыкі, архітэктары, музейныя работнікі. У ходзе яе работы рашэнні па прадстаўленай для разгляду дакументацыі прымаюцца адкрыта, абмежаванняў для ўнясення абгрунтаваных прапаноў і заўваг няма.
Намеснік Міністра У.П. Грыдзюшка.
Мама!
Мне шмат хто з маіх калегаў і сяброў, старэйшых і малодшых за мяне, зайздросцілі, казалі: «Ты шчаслівы, Уладзя! У цябе ёсць мама! А мы даўно забыліся, калі гэтае слова пяшчотна прамаўлялі!»
І от 20-га студзеня 2008 года, у дні Хрыстовага Хрышчэння, маёй маці не стала. Яна пайшла ў іншы свет. Кажуць, хто пакідае белы свет падчас такіх святаў, як Хрыстова Хрышчэнне, той трапляе ў рай. Што ж, мая матуля вартая гэтага. Яна хоць і была простая сялянка, але чалавечай годнасці і высакароднасці ёй не трэба было пазычаць. Высакароднай і велічнай яна выглядала і ў прыёмным пакоі бараўлянскай лякарні ў бальнічнай каталцы 19-га студзеня, за дзень да смерці. Была яна разважлівая, у мінулым годзе ёй прапанавалі стымулятар на сэрца, але папярэдне яе папрасілі пачуць нашу згоду. На што матуля сказала: «Дзеці мае, калі хочаце, каб я з вамі пабыла яшчэ, не чапайце мяне!»
Колькі з ёй усяго перагаворана, згадана! У апошнія гады без паперы і асадкі я з ёй не размаўляў. Натаваў усё: і сюжэтныя расповяды, і паасобныя слоўцы. Помаўкі і прымаўкі. Усё моўленае ёю, вартае нашай увагі, нашай мовы. Яна ніколі не крыўдавала, калі праз нейкі час я прасіў паўтарыць той ці іншы яе расповяд, і яна ахвотна распавядала. Сюжэт заставаўся той жа, але моўна ён чым-небудзь розніўся. Сінтаксічна, лексічна.
І мяне гэта цешыла. Я радаваўся кожнаму яе слоўку, часам ужо прызабытаму нашай сённяшняй пісьмовай практыкай.
За апошнія гады запісаў ад мамы ў мяне намножылася не на адзін агульны сшытак. З цягам часу ўсе гэтыя запісы стануцца набыткам нашага духоўнага жыцця. А пакуль - бывай, мама!
Хай пухам Табе будзе астрашыцкая зямля! Калі-небудзь, пры нагодзе, я прывязу на тваю магілку і мяшэчак нашай роднай зямлі з нашага роднага Мормаля, дзе ты нарадзілася, узгадавалася, зведала і радасці, і горасці. А найбольш - апошняга. Я ўсё гэта помню. І пакуль буду жыць я, будзеш жыць і ты!
Твой Уладзя, Ладымер.
Таварыства беларускай мовы выказвае шчырыя спачуванні сябру Рады ТБМ Уладзіміру Содалю, яго сям'і з прычыны вялікай страты, смерці матулі Аляксандры Несцераўны Содаль.
Жыццё і Слова
Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія; уважай закону Бога нашага, народе Гаморскі. Біблія. Кніга прарока Ісаі, раз. I, ст. 868
Без пяці мінут настаўнік беларускай мовы і літаратуры Змітрок Сантаровіч едзе на замурзаным аўтобусе да бацькоў на летнія вакацыі. Пакуль наш руплівец калываецца па пылаватай дарозе самы час бліжэй прыгледзецца да яго.
Настрой у хлопца неблагі. Пасля пакутлівых разважанняў выбраў тэму дыпломнай работы і ўжо пачаў пісаць. Тэма патрыятычная і, адначасна, узнёслая: «Творчасць Уладзіміра Караткевіча - яскравы прыклад служэння Радзіме.»
Змітрок натура ўражлівая і чуйная, нават рамантычная. А як жа інакш! Дзелавыя, ухвацістыя хлопцы сёння грошы закалочваюць, а ён сам сабе намаляваў такую няпэўную будучыню. Каб не жыў паэт у душы - хіба на такое можна адважыцца? Праўда, точыць чарвяк, ой, точыць нутро. У кожны свой прыезд хлопец пільна ўзіраецца не толькі ў знаёмыя з маленства краявіды, але прыглядаецца да вяскоўцаў, іх жыцця. Нібы хоча прыдушыць таго чарвячка, цыкнуць на яго, каб не дакучаў.
Тоесёе з пачутага і ўбачанага радуе, натхняе, абнадзейвае. Шмат што бянтэжыць, засмучае, цісне на грудзі. Тады паганы чарвяк ажывае, квеліць душу, казыча сэрца. Можа падсвядома, а хутчэй зусім асэнсавана, Змітрок пакутліва аналізуе жыццё вёскі і вяскоўцаў. Хоць сам сабе не прызнаецца, а дзеля яго - чарвячка.
У такія горкія хвіліны, возьме і паразважае. Вось, свеціць сонца. Яго ласкавае цяпло патрэбна людзям? А ці атрымлівае асалоду ад сваёй нястомнай працы яно само? Зелянее травамурава. Яна ж не так сабе песціць вока. Ці скардзіцца на свой лёс, калі кладзецца ў пракосы? Трэліць птушка, пахне кветка, зноўтакі - сабе ў ахвоту і на замілаванне людзям. А чалавек? Канкрэтна ён, Змітрок Сантаровіч, і яго навука? Прынясе ён карысць людзям і ўцешыць сваю душу? Ці ўсё кату пад хвост? Чарвячок, аказваецца, няпросты, усяляе трывогу, хваляванне. Каб ён спрах гэты чарвяк!
Змітрок любіць сваю зямлю і ўсё, што на ёй жыведыхае. Яшчэ ён любіць Слова. Не лішне будзе, так мяркуем, вынесці на суд шаноўнага чытача яго спробы праявіць сябе ў прыгожым пісьменстве. Не. Вершаў ён не піша. А што тычыцца прозы, то трошкі крэмзае. Як яно атрымліваецца - меркаваць вам. Першая спроба пяра і, вядома ж, пра Слова. Дакладней, пра Слова і яго ратавальнікаў - студэнтаў. Змітрок перакананы: будучыня беларускага слова ў руках мажлівых настаўнікаў, аграномаў, урачоў, эканамістаў, інжынераў, юрыстаў...
А каб Слова глыбока ўкаранялася і вечна жыло - яму патрэбна маліцца. Як гэта рабіць і што гаварыць? А вось так, як ён, Змітрок, выпакутаваў:
Малітва студэнта Слову.
«Любае, шаноўнае Слова! Вітае цябе студэнт Змітрок, нізка кланяецца, схіляе сваю галаву. Хачу пакаяцца за ўсе здзекі, што чыніліся і чыняцца над тваёй святасцю. Даруй нам, абармотам, грахі нашы цяжкія, за тое што не шануем, нявечым, калечым, ганьбуем цябе.
Ты ж, Слова, маеш душу, сэрца і розум, смак і колер, цану і вагу, сілу і аўтарытэт, бываеш пяшчотным і гнеўным, салодкім і горкім, цнатлівым і гаючым, цярплівым і ўтрапеным, добрым і злосным, гарачым і халодным, жыватворным і смяротным...
Ты, Слова, было першым. Ты нам Госпадам дадзена на векі вечныя. Каб нам добра жылося, працавалася, пілося, елася і яшчэ хацелася. Каб з роду у род у нас не нараджаліся нямтуры і самаеды. Каб добрыя людзі хінуліся да нас, а мы да іх. Каб мы і нашы дзеткі славілі Бога, неба і зямлю, прызнаваліся ў каханні, радаваліся і гаравалі, смяяліся і плакалі, шчыравалі ў працы і адпачывалі, нараджаліся з табою і дзеля цябе, Слова.
Табе, Слова, цяжка. Ты, нібы рыба, выкінутая з вады на бераг рэчкі, нібы кветка, вырваная з карэннем, як вольны чалавек за кратамі. Але ты, Слова, не адчайвайся. Мы, студэнты, уратуем і зберажэм цябе. Нас многа, мы маладыя, няўрымслівыя, дужыя, апантаныя. Мы цябе, Слова, любім і захаваем...»
Вось такая малітва Слову атрымалася ў Змітрака. А цяпер скажыце: хіба хлопец не рамантык? Яшчэ які! То, што з яго узяць... Ён жа яшчэ і не на такое здатны! Думае, раз ён да людзей з адкрытым сэрцам і душою, чыстымі думкамі, дык і яму павінны плаціць той жа манетай. Не, браце, так у жыцці не бывае, лепш рот трымай на замку, сапі ў дзве дзіркі, варушы сваю справу, а там - Богбацька. Хіба хлопец прыслухаецца да добрай парады? У яго сваё ў галаве, сваё карціць, ён свае гне.
Але ж і чаканы аўтобус ужо навідавоку. Выкаціў зза таполевых прысад. Як там, наш Змітрок, пачуваецца? Нічога, дзякаваць Богу. Пружыніста скочыў на зямлю, камусьці адсалютаваў рукою, ускінуў на плячо спартыўную сумку. Белабрысы, стройны, нават худаваты (ён жа не сынок новага беларуса ці багатыраначальніка). Загарэлы, валасы русыя, кароткія, але густыя і шорсткія - характар! Позірк дапытлівы, але не дзёрзкі. I ў гуморы. Толькі носам круціць. Гэта аўтобус патыхнуў смуродам і пакаціў да цэнтра калгаса. Аблачынка едкага дыму рассеялася, запахла гаркаватым дымам. Нічога, Змітрок, душу сваю адвядзеш і ўлагодзіш у лесе.
Лес - рукой падаць. Перайшоў дарогу, два крокі і ты нібы нанава нарадзіўся. Ісці два км. Так сведчыць указальнік і ты гэта добра ведаеш...
Насыпная, торная, убітая коламі аўтамабіляў, трактароў, фурманак даволі шырокая дарога. Паабапал векавы яловы лес з густым пахам смалы і кары. Пракідваюцца ніцыя бярозы і трапяткія асіны, скрозь купчасты арэшнік, тамсям імкнуцца увысь разгалістыя дубы - іх тут сойкі «пасадзілі». Гэтак жа як рабіну, а яна тут таксама сустракаецца - "пасеялі" дразды.
А хто гэта грукоча ажно рэха па лесе ляціць? Мабыць, лясны доктар. Трэба пацікаваць што за штукар.
Змітрок саступіў з дарогі, па мяккай, пачарнелай мінулагодняй лістоце і шальніку крадком ступае, дыхае прэласцю і сухасцю летняга лесу. Шчэміцца на зацяты стукат. Змахнуў з твару павуцінне і залюбаваўся на маладую ялінку. Яшчэ тонкая і кволая, невысокая, у яго рост, скрозь аблытана тонкімі, бліскучымі ад расы, ніткаміпавуцінкамі. Вешай цукеркі, чырванабокі яблык і вось табе - гатовая навагодняя ёлка. Гэта Змітрок, не душны горад з плаўленым асфальтам, удушлівым пахам гудрону і СО 2. Тут лес з усім сваім багаццем пахаў і гукаў. Не проста лес, а лес твайго дзяцінства, дзяцінства твайго бацькі, дзеда і прадзеда...
Трэснуў сухі сук пад нагою і дзяцел змоўк. Сцішыўся і Змітрок. Прыхінуўся плечуком да шурпатай кары старой хвоі, чакае. Немаведама чаго, у грудзях моцна закалацілася сэрца. Усміхнуўся: «Як дзіця.» Дзяцел зноў зашчыраваў, ужо зусім побач. Не кранаючыся з месца, задраў галаву, паўзіраўся. На зламанай бурай тоўстай, у абхват, асіне, прыліп да ствала і цяслярыць чорны дзяцел. Верхавіна асіны валяецца непадалёку і ўжо струхлела. Ды, Бог з ёю, з верхавінай! Жаўна! Чорны дзяцел! Не так часта пашчасціць сустрэць. Дзівосны экземплярчык! Вялікі, з галку, сапраўды чорны як смоль, ажно блішчыць, з чырвонай шапачкай на цемені: выліты кардыналкаталік. Доўгай, светлай дзюбаю крышыць ствол, ажно трэскі ляцяць. То на момант сціхне і як злодзей, дзікавата вызірне зза ствала. Змітрок не хацеў яго пужаць, але аступіўся, ледзь не грумнуўся, нарабіў шуму. Дзяцел узляцеў на самую макаўку высокай, кудлатай ёлкі, трывожна і прарэзліва закрычаў: ткляя. На яго мове, мабыць, небяспека. А можа, што іншае сказаў добраму лесу і яго насельнікам.
Пакуль выкіроўваў з гушчару, натрапіў на сонечную сунічную палянку. Паміж рэдкага папаратніку чырванелі буйныя духмяныя ягады. Не ўтрымаўся, паставіў сумку, назбіраў жменю і, каб адчуць асалоду, па каліву кідаў сабе ў рот. Падсохлая сямейка рыжых лісічак выклікала лёгкі сум: ні сабе ўцехі, ні людзям радасці. Нічога не папішаш, даўнавата дажджу не было. Дарога паварочвала і адразу пачынаўся стромкі спуск з высокай гары. Унізе, у глыбокай седлавіне, цячэ ціхаплынная рэчка Вуса. На правым беразе яе прытулілася вёска Павуссе. Вада ў рэчцы крынічная, халодная, да ламаты у зубах. Не зважаючы, дзетвара плешчацца да пасінення. Вуса тут, паблізу, бярэ пачатак, пасля блытаецца паміж аселіц, сенажацяў, лугоў, парослых лесам і хмызам гор і ўзгоркаў. Утварае маляўнічыя лукі, ажно пакуль не трапіць у абдымкі бацькі Нёмана. Вуса - дачка яго. Пра рэчку згадвае ў сваёй манументальнай працы «Беларусы» Яўхім Карскі. Цвердзіць, што этымалогія назвы мае літоўскія карані. Можа і так. Для яго, студэнтафілолага акадэмік Карскі аўтарытэт беспярэчны.
3 гары вёска бытта на далоні. Змітрок прыпыніўся, хацеў трохі памілавацца на гожую панараму, ды зашаргацелі аб пясок колы. Азірнуўся, з ровара спешвалася незнаёмая маладая, з невыразным тварам і чарнатой пад вачамі, жанчына.
- Мусіць, баіцеся ехаць з гары? - адказаў на вітанне і весела пацікавіўся Змітрок.
- А то как же! Горато крутаято,- адказала і ўсміхнулася жанчына. Сумненняў быць не магло: з прыхадняў. Іх тут, у цэнтры калгаса, атабарылася за апошнія гады шмат. Чыста расейская вымова сведчыла, што з прыхадняў далёкіх. Магчыма, з Казахстана. Адтуль ўцякае і асядае па беларускіх вёсках болып за ўсё. Ёсць сярод іх людзі працавітыя, прыстойныя. але шмат і аблудных. Такіх вяскоўцы клічуць валацугамі і прыблудамі. Гэта «горато крутаято» разанула Змітраку слых. Мільганула думка: у лагодным лесе і «трасянка» не так рэжа вуха. Яны спускаліся з гары побач і каб нешта сказаць, не маўчаць, як вады ў рот набраўшы, спытаў:
- Па якой патрэбе да нас? Калі невялікі сакрэт...
- Так, ведь, Катеринато ногу сломала. Вот здесь, на горето. Тормозато отказали у велосипеда. Я тепериче почту вожу.
Кацярыну Доўнар, іхнюю паштарку, ён, вядома, ведаў. А вось, што яна знявечылася - пачуў упершыню. Дзіва што, два месяцы не наведваўся да бацькоў. Сесія, пасля тлум з дыпломнай...
- А Сантаровічам маеце што даць? То я забяру, каб вам не ехаць у канец вёскі"
Спытаў, хоць добра ведаў: ёсць. Выпісаў бацькам, праўда, за іхнія грошы, адну рэспубліканскую беларускамоўную і раённую газеты.
Жанчына прыпынілася, не знімаючы з руля ровара цэлафанавы пакет, закорпалася ў ім, зашалясцела, дастала газеты і працягнула хлопцу. Змітрок яшчэ падумаў: «Не надта шануюць друкаванае слова землякі».
Спусціліся ўніз, на мосце цераз рэчку жанчына села на свой рыпучы ровар, націснула на педалі, паехала. Змітрок, так ён заўжды рабіў, калі пераходзіў мост, абапёрся на іржавую металічную парэнчу, прыслухаўся да роўнага шуму вады цераз плаціну. Унізе, там, куды падала вада, паміж цёмных камянёў і каменьчыкаў паблісквалі серабрыстай луской печкуры, выгіналіся вусатыя сліжы і верацяніцы. Далей, па цячэнні, рэчка раздвойвалася і ўтварала невялікі астравок з высокімі і густымі купінамі асакі. Там і сёння ў задуменні стаялі на сваіх доўгіх чырвоных нагах два буслы. Усе як заўжды і кожны раз усё нанава.
Змітрок адарваўся ад парэнчы, наважыўся пакласці газеты ў сумку. Ды. што гэта? Вось дык навіна! Раённая газета была «Чырвоны сцяг», а стала «Красное Знамя». Няўжо?! Так і ёсць, чорным па беламу: «Газета выходнт на русском языке.» Нейкі момант стаяў у здранцвенні, думкі блыталіся і набягалі нібы хвалі адна на адну, зашчымела сэрца, прыкрасць і крыўда паланілі душу. Уявіў бацьку вольнай вечаровай хвілінай на канапе з акулярамі на носе, з «Красным Знаменем» у руках. Недарэчнасць! Таропка палез у нагрудную кішэню джынсавай курткі, дастаў мабільны тэлефон, набраў нумар знаёмага журналіста. Доўга ніхто не адказваў, пасля:
- Алё?
- Мікола! Прывітанне. Змітрок турбуе. Як мацуешся? Што за фокусы?! Узяў у рукі тваю газету і не веру сваім вачам! Даўно?
- Нядаўна.
- Чыя ініцыятыва? Зверху ці знізу? Маўчанне. Няёмкае і тужлівае. Урэшце:
- 3 сярэдзіны,- і ненатуральны смяшок.- Ты ў бацькоў? Завітаў бы... не па тэлефону ж... Пасядзім, па чарцы возьмем. Пагамонім...
- А што цяпер языкамі малаціць?! Цьфу. Каб яно ўсё спрахла. Мацуйся...
Вось дык прыкол! Як жа так? Тут, у цэнтры Меншчыны і Беларусі, дзе чысцюткая, як сляза, мова?! Ён жа ведае, ён філолаг. Менавіта, мова цэнтральных раёнаў легла ў аснову сучаснай літаратурнай мовы. I гэта сказана не ў крыўду астатнім. Вунь, Гарэцкі, з Магілёўшчыны, а чытаеш - ўсё той жа смак. Нібы мёд п'еш. I так паўсюдна. Брыль - з Гарадзеншчыны.
Той жа мёд, смак і асалода. Ды што там казаць! Як пчолы ў соты носяць нектар, так усе, пакрысе, вякамі выкрышталізоўвалі яе, родную.
Закіпеў наш руплівец. Унутры ўсё бурліць, клякоча. Не пашкодзіла б яму цяпер спаласнуцца ў халоднай вадзіцы, зрабіць глыбокага нырца і як мага даўжэй пабыць пад вадою, асвяжыць галаву. Яна ж, крынічная лепшы доктар ад усіх хвароб. Глядзіш, палягчала б хлопцу. Вунь, і месцейка прыдатнае, глыбакаватае. Называецца - Чорны бераг. Там, у самым беразе, ціто гліна, ціто гразь чорнасіняя. Вясковыя хлапчукі вымазваюць адзін аднаго, пасля скачуць у рэчку, пырскаюцца, гарэзяць. Некалі і Змітрок уцякаў сюды, прападаў цэлымі днямі, бавіў з сябрамі час. Тут рэчка робіць калена, паварочвае на ўсе сто градусаў. 3 кожным годам падмывае, падмывае бераг, ужо, вунь, тоўстыя вербы і алешыны нахіліліся, гатовы зваліцца у ваду. А мясціна тут - з галоўкай. Так што, давай, Змітрок, плюнь на ўсё, распраніся, можаш і трусы скінуць, тут, за кустамі лазы і крушыны, - не відно. Паплавай, апрытомней, дайдзі да розуму, што табе больш за ўсіх трэба?! Усё роўна ад тваёй мовы і літаратуры астануцца рожкі ды ножкі. Так што, трымай язык за зубамі, глытай смаркачы, падварушвай сваю справу і ўсё будзе ціптоп. Выпацкайся ў чорную гразь, стань чортам, схапі за горла душу і задушы яе. I больш не крычы, што мова - душа народа. Задушы душу. Так спакайней і зацішней жыць...
Паслухаўся Змітрок. Па чвыру з'ехаў з дарогі на утравянелы бераг рэчкі, па шапоткай дзяцельніцы, крочыць да Чорнага берага, мабыць, хоча ўвабрацца ў воўчую скуру, стаць нячысцікам. Ды, не. Спыніўся. Унурыў галаву, звесіў на грудзі, штосьці маракуе. Ці не бярэ верх над чортам рамантык? Ну, ну... Пачакаем. Стаіць нібы ўкопаны, не варухнецца. Толькі твар цвярдзее, цвярдзее, рот сцяты, на сківіцах перакочваюцца жалвакі, позірк калючы, упарты. Вагаецца, а можа ўжо рашыўся. На што? Вяртаецца назад. І правільна. Там, Змітрок, каля магазіна, вясковыя кабеты стаяць і балабоняць, трошкі воддаль, пад Марыльчынай ліпай, на лаўцы, мужчыны сядзяць, байкамі частуюцца. Ідзі, хлопча, да людзей. Ідзі...
«Чаму ж царква і поп не маюць такога аўтарытэту і ўплыву на сваіх прыхаджан? - квеліцца думкамі Змітрок.- Людзі толькі зрэдзь часу наведваюцца ў храм Божы? Толькі па святах? То, вазьмі, святы айцец, ды выступі ў газеце «Красный шворон», цяперака яна на рускай мове выходзіць, язык не трэба ламаць. Раскажы людзям, што лаяцца - душу сваю д'яблу прадаваць. Што кожны з нас акружаны аўрай, яна нас ахінае ад усялякай пошасці. Скажаш бруднае слова - у аўры дзірка, Люцыпар пляскае ў далоні, радуецца, бярэ жменю бруду - плясь табе на душу. Таму/душа ў аднаго нібы вясёлка, а ў другога - ануча з бота трактарыста. У аднаго чакру адкрыеш - пах прыемны, у другога - смярдзіць нібы з памыйнай ямы. Форткі ў кватэры трэба адчыняць.
Пра аўру і чакру, шмат яшчэ што, Змітраку апавядаў знаёмы экстрасэнс. Пэўна, пра тое самае павінен ведаць і поп. Вось і выступі ў друку, бацюшка, прама скажы людзям: не крыйце матам налева і направа - не губіце свае душы. Можа, хто і прыслухаецца... Тады і аўтарытэт намалюецца, прыхаджане будуць у царкву валам валіць. А яшчэ, каб з амбону на роднай мове!.. Не тарабаніць, а палюдску. Каб зразумела было і людзям, і Богу.
- Во, гарадскія на свята прыджгалі,- не паспеў Змітрок павітацца, загаварыла Раіса Бязмен і вачамі абмацала паставу хлопца.- Нябось, маці ўжо яечню спякла, чакае. Што, Змітрок, чуваць на белым свеце?
«Так я табе і паспавядаўся,- падумаў Змітрок.- Слова скажы, ты дзесяць дапляцеш. Пасля будзеш бегаць па завуголлю, ляскаць языком. Такім дзёгцем выпацкаеш - не адмыешся.»
- На белым свеце ўсё ў ажуры. Чаму ён і называецца белым,- сціпла ўсміхнуўся Змітрок.
Такі адказ не сказаць, каб задаволіў звадыяшку, яна чмыхнула носам, стушавалася. Толькі хітрыя, круглыя вочкі, працягвалі абшукваць хлопца.
- Мой жа ўнук учора надвячоркам прыехаў,- загаварыла Паўліна Невяроўская, старая, але яшчэ рухавая кабета.- Прыходзь Змітрок. Заўтра ж Сёмуха - вялікае свята.
- Прыехаў Пятрусь? - перапытаў Сантаровіч.
- Прыехаў, прыехаў. Прыходзь, сынок...
Усталявалася цішыня. Прыляцеў, закружыўся над галовамі калматы чмель, жанчыны замахалі рукамі, бзынкалі мухі і авадні. 3 ліпы лёгкі ветрык сарваў дачасна зжаўцелы лісток і ён кружыўся ў паветры, падаў. На выгане зарыкала карова - жанчыны насцярожыліся. Неўзабаве пастух будзе гнаць з пашы на даенне і, кожнай трэба вылучыць сваё быдла са статку. Уласна, яны тут, каля магазіна і топчуцца дзеля гэтага клопату. Як і мужчыны, што сядзяць воддаль на лаўцы пад Марыльчынай ліпай. А што выбраліся загадзя? Такая завядзёнка. Дзе і калі, як не тут, пагамоніш, даведаешся пра апошнія навіныплёткі. Казаламазаларазмазала. Казаўпэцкаўвыпацкаў. Дзеля гэтага і работа пачакае. Толькі лаўкі няма, каб даць адпачыць навярэджаным нагам. Была, была лаўка. Стаяла вось тут, пад гэтай карабатай знізу і гладчэйшай вышэй, старой высокай бярозай. Зламалі тутэйшыя наркоты. Кабеты іх клянуць. Абібокаў цяпер у вёсцы хапае. Неяк з бацькам пачалі лічыць: колькі на семдзесят двароў маладых хлопцаў і мужчын, якія нідзе не працуюць, а піць - п'юць? Дзесяць чалавек ва ўзросце ад дваццаці да пяцідзесяці гадоў. Жанчын не лічылі. Хаця тыя жлукцяць барматуцу мудрэй чым мужчыны.
- Вось, усе кажуць: Сёмуха, свята,- ачуняла Раіса Бязмен.- А людзі летась рабілі. На свае вочы бачыла. Стукалігрукалі... Ды і якое свята! Вось паглядзіце заўтра. Гэта раней і музыка, і танцы, і маёўкі. А цяпер...
- Дык і ты ж летась на Сёмуху корпалася ў агародзе. А твой бязбожнік дровы калоў,- астудзіла праведніцу маладая і бойкая Паліна Уланевіч.- Я таксама на свае вочы бачыла - абгаворваць не стану...
Пакуль кабеты не схапіліся за космы, Змітрок вырашыў лепш падацца да мужчын. Пляткарства, звады - не для яго. Надта ўжо атрутныя. Гэта яшчэ з часоў Адама, ад змея, які спакусіў Еву. У плётках зашмат змяінага яду.
Калі ў згорбленай сівой, сухенькай, зморшчанай ў крук, з лыжнай палкай ў руцэ, цікаўныя дапытваліся колькі гадоў яе ліпе, бабуля Марыля чэсна прызнавалася: не ведаю. I ахвотна пачынала лічыць свае гады. Згадваліся войны, смерці, радзіны і вяселлі - атрымлівалася дзевяноста. Пры тым, бабуля ўпэўнена цвердзіла: пад гэтай ліпай ў маленстве яна гуляла ў хованкі і дрэва было, як абняць.
А ліпа - сапраўды на заглядзенне, на ўсю вёску. А можа нават і на цэлы раён. Роўная, як свечка. Побач стаіць слуп электралініі, то ліпе ён па калена. Каб аперазаць камель - не хапіла б папруг гэтых пяці мужчын, якія зараз сядзяць пад ёю. Знізу шырокая і разлапістая, галіны да самай зямлі звісаюць, бліжэй да верхавіны звужаецца на конус. I густая, густая. Цень і зацішак упадабалі вераб'і. Іх тут - процьма. Крона варушыцца. Бывае ўсчыняць гвалт - ўсё наваколле калоціцца. Трохі ліпавы ліст пэцкаюць, ён ажно шэры... Але гэта пакуль ліпа не зацвіце жоўтым, духмяным мядовым цветам. Тут ужо днём гаспадараць пчолы і ліпа гудзе ад іх. А на ноч кватараваць прылятаюць вераб'і. Пасядзець, адпачыць збіраюцца мужчыны. Вечарам - моладзь. Лепшага месца для прызнання ў каханні не адшукаць. Густы, салодкі пах ліпы найлепшы памагаты ў гэтай справе.
Змітрок «падобрыдзенькаўся», мужчыны адказалі і хацелі пацясніцца, даць хлопцу месца. Але лаўка нядоўгая і сядзелі шчыльна. Урэшце, Антон Дыбіцкі, які па слова ў кішэню ніколі не лез, чалавек прамы, без цырымоніяў, звярнуўся да Фені Лушчыцкай, маладзіцы, якая сядзела на ўскранку раўкі.
- Слухай, Феня. Колькі ты будзеш сядзець тут? Ідзі ты ўжо да баб. Дай месца хлопцу.
Феня падскочыла нібы ашпараная.
- Сядзеце, сядзеце... Я пастаю. Такой бяды, такой бяды,- заспяшаўся і зніякавеў, ад такога павароту падзей, Змітрок.
Гэта «такой бяды, такой бяды», сказанае павясковаму, надта спадабалася мужчынам. Яны падабрэлі тварамі, заўсміхаліся.
- Ідзі, ідзі, Феня. Без цябе нам будзе весялей,- жартаваў Дубіцкі.
- Ну і пайду. А ты, Змітрок, сядай. Мне ужо самой апрыкрала слухаць іхнюю балбатню,- маладзіца, знарок віхляючы задам, падалася да гурту кабет.
Гаворка вілася вакол прыкрага здарэння, якое ускалыхнула ўсю вёску. У васьмідзесяцігадовага дзеда Данілы Камарыцкага ўкралі скрыпку. Не зусім, каб сцібрылі, проста аблапошылі яго жонку.
Сам Даніла, павэдлуг сваёй гаспадыні, стары борзды. Ён на пенсію ішоў, было гэта за тымі камуністамі, у канторы калгаса яму прысвяцілі насценную газету. Павіншавалі, але і сяброўскі шарж намалявалі. Падымае Камарыцкі штангу, а ўнізе подпіс: «Што збіраецеся рабіць на пенсіі?» I адказ Данілы: «А ты што, не бачыш?!» Вясною Змітрок напаткаў дзеда, паглядзеў на яго лёгкую паходку і падобраму пазайздросціў: калі ўжо дажываць да глыбокай старасці, то да такой.
Шырокі ў косці, каржакаваты, сцісне пальцы ў кулак - міжволі задумаешся (як ён толькі трапяткую скрыпку і смык умудраўся ў такіх руках не раздушыць, а віртуозна граць!). Трохі пануры. Ніякі не весялун. Хто не ведае, то можа падумаць - звераваты і сугней. Але гэта не так. Проста дзед Даніла чалавек нешматслоўны, сам у сабе. А што ўнутры творыцца, да гэтага нікому справы няма. Трошкі нос вялікі, з гарбінкай, сагнуты да нізу, псуе лагодны выраз твару. Але з твару вады не піць. Хоць на вяселлях шалапуты падсмейваліся: дзед Даніла грае не смыкам, а носам. А ён бывала схіліць галаву так, што нос ледзь струн не датыкаецца, вочы заплюшчыць і трэба ,табе полькутрапятуху - танцуй да ўпаду, папросіш «юрачку» ці вальс - калі ласка. А граць навучыўся ад свайго бацькі. Той і скрыпку ў спадчыну перадаў.
Даніла сядзеў на другім канцы лаўкі, звесіўшы галаву і ўтупіўшыся вачыма ў дол, пануры і маўклівы, нейкі надта кіслы. Мужчыны і так і гэтак, з усіх бакоў, абсмоктвалі навіну і Змітрок спаўна ўявіў, як тое было.
Дзед Даніла жаніў унука. Ён і сам яшчэ сыграў бы вяселле, каб на пару з добрымі гарманістам, цымбалістам і каб было каму біць у бубен, але унук закапыліў нос, зажадаў ансамбль. Стары паслухаў, паслухаў тую музыку, паглядзеў, як цяпер вытанцоўвае моладзь і сказаў: «Шмат грукату, енку. I скачуць бытта камары кашу таўкуць летнім надвячоркам.» Кудлаты хлопецбубеншчык, угледзеў на старым камодзе скрыпку (Даніла яе зрэдзь часу браў ў рукі) і прыліп: «Прадай.» Даніла усміхнуўся, пакруціў галавою і схаваў інструмент у шафу, ключ паклаў ў кішэню выхаднога пінжака, апранутага з вядомай ўжо нагоды. Хлопец той быў добры дзялок і праныра, а можа хто з тутэйшых паскуднікаў падказаў. Праз тыдзень наведаўся на легкавіку, якраз тады, калі старога не было ў хаце, вось як цяпер, пайшоў вылучаць карову з чарады. Што там было, як было, аднак скрыпка апынулася ў руках таго архараўца. За пяцьдзесят тысяч прадала гаспадыня - два з паловай кіло вясковай каўбасы. А інструмент - пашукаць. Не фабрычны, самаробны. Даўнейшай работы. Кудлаты ведаў толк у скрыпках.
- Два тыдні - ні чорнага, ні белага. Маўчыць. Толькі старой сказаў: ты прадала маю маладосць,- нахіліўся і прашаптаў на вуха Змітраку Дубіцкі.
Змітрок крыху падаўся наперад, каб лепей бачыць дзеда. Той сядзеў усё гэтак жа сутуліўшыся, паніклы, як дзіця, бездапаможны. Шкада стала старога: «Сядзіць колішняя Беларусь,- падумаў Змітрок.- Яе абакралі. Забралі душу, музыку, песні... Цяпер дабіраюцца да Слова. Язык хочуць жывасілам вырваць. Галаву таму недавярку мала адкруціць...»
Тым часам гаворка перакінулася на спрадвечныя турботы вяскоўцаў: хто і колькі ўкасіў сена, і як яго дабавіць да гумна, ці вырасце ў сухмень бульба, хто багацее, а хто апошняе прапівае...
Змітрок услухоўваецца ў нетаропкую гамонку землякоў, разважае. Вёска сёння, як тое поле узаранае нядбайным трактарыстам. Жыццё сялян няроўнае. Адны робяць ад відна і да цямна, круцяцца, багацеюць. Тойсёй жывот адгадаваў - цераз папругу перавісае. Другія п'юцькрадуць, крадуцьпрапіваюць. У іх штаны з задніцы звальваюцца. Не ведаю, мяркуе сам сабе Сантаровіч, што меў на ўвазе рускі класік, калі ў рамане «Злачынства і пакаранне» пісаў: маўляў, усе добрыя людзі на Русі - п'яніцы, ўсе п'яніцы на Русі добрыя людзі. Можа, там яны і добрыя, Бог яго ведае. А ў вёсцы, дзе хатка яго бацькоў, яны благія. Іхніх дзяцей, вечна галаднаватых, апранутых амаль у рыззё, з не дзіцячай тугой у вачах - шкада. Вось вясною, ён ужо сабраўся ісці на аўтобус, прыносіць васьмігадовы Васілёк трохлітровы слоік малака, (бацька як захварэў на сэрца карову давялося збыць). Змітрок ажно сумеўся, пазаўчора ж прыносіла яго бабуля Юзэфа (маці Васілька пазбавілі мацярынства) трохлітровік і бацька папярэдзіў, што болып пакуль не трэба, скажа, калі яшчэ прынесці. I Васілёк быў з бабуляй, чуў тое.
- Гэта табе бабуля сказала занесці нам малако? - пацікавіўся Змітрок. Хлопчык, смуглявы, худы і кволы (як ён дацягнуў трохлітровік!), не, не збянтэжыўся, а паважна і самавіта адказаў:
- Бабуля падаіла і пабегла ў школу на дзяжурства. А мы з сястрой працадзілі і вам прынеслі.
За брамкай, на вуліцы, насцярожана, з надзеяй блішчэлі вочкі на год маладзейшай і такой жа ценькаватай сястрычкі Васілька - Анюты.
Ён аддаў свае дзве тысячы, грошы невялікія, а вясковае малако, яно і ў Менску вясковае малако, адно пацікавіўся: куды хлопчык мяркуе ўжыць грошы? Купім батон, адказаў работнічак, астатнія - бабулі. Ну, і на здароўе! Для іх і белы батон вялікая раскоша.
Мужчыны выгаварыліся і палезлі ў кішэні па цыгарэты. «Самы час»,- устрапянуўся Змітрок, нагнуўся, расшпіліў сумку і дастаў кнігу Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі!» Ен і раней, калі наведваўся да бацькоў, часцяком чытаў вяскоўцам штокольвечы вясёлае, жартаўлівае ці сатырычнае. Землякам гэта даспадобы, яны рагаталі там, дзе трэба было гэта рабіць і абураліся таксама да месца. Сёння хлопец наважыўся пачытаць тоесёе са згаданай кнігі і, вядома ж, мясціну, дзе Бог дзеліць паміж народамі землі. Напачатку трошкі распавёў пра Уладзіміра Сямёнавіча, яго задуму.
Сама легенда просценькая, трошкі іранічная. Склалі яе нашы прадзеды напачатку 30х гадоў XIX стагоддзя. Калі хто забыўся ці не памятае, то можна з большага нагадаць.
Прыйшлі беларусы па надзел і вельмі пану Богу спадабаліся. Ён і адмераў «братачкам»: зямлю ўрадлівую, рэкі поўныя і ў іх рыба віруе, пушчы - нямераныя, азёры - нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі, пчолы ў борцях - касякамі. Жанчыны - прыгожыя, дзеці - дужыя, сады - багатыя, грыбоў ды ягад - заваліся. Паабяцаў, што голаду не будзе, але і зажэрціся не дасць. Шмат яшчэ чаго адшкадаваў пан Бог. Аж тут святы Мікола падвярнуўся, штурхець Усявышняга ў бок: «Пане Божа, ды падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаеце!..» Бог падумаў, падумаў - не забіраць жа назад. «Добра,- кажа,- зямля будзе - рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся - дам вам найгоршае ва ўсім свеце начальства...» Для раўнавагі даў пан Бог. Каб насы не задзіралі. Вось і ўся легенда.
- Габлюй, Змітрок. Чытай. Мы, сам ведаеш, свету белага нябачым, за работай душымся. Брахуна гэнага, тэлевізар, няма калі паглядзець,- падахвоціў хлопца Антон Дубіцкі і ён жа першым, як толькі Змітрок скончыў чытаць узрушана загаварыў:
- Вядома, не пашкадаваў. Даў. Бо мы дурныя да работы. Але, браце, даў не рай. Рай Бог даў расейцам. Во, дзе адваліў, дык адваліў! Усяго ўволю. Там табе: золата і нафта, алмазы і газ... Што душа захоча...
- Яно яшчэ на маёй памяці тое было,- раптам варухнуўся, ціха загаварыў дзед Даніла і ўсе ажывіліся. Дубіцкі нават падміргнуў Змітраку, таўхануў яго ў бок.- У нашай Вусе, праўда, тады тры млыны стаяла, шмат вадзілася рыбы: палку ўторкні - будзе стаяць, не паваліцца. Рыба варушылася - вада кіпела. А цяпер... Што ж...
- Ты, Змітрок, мне скажы,- упарціўся Антон Дубіцкі.- За што Бог даў расейцам столькі багацця? Га? Яны што, лепшыя за нас? Хрэн. Па тэлевізару самі паказваюць: суцэльная п'янь, бамжы, беспрытульныя дзеткі, бандыты.
- Людзі што... Яны ўсюды людзі. Яны не вінаватыя,- памяркоўна, але гэтак жа ціха зноў загаварыў дзед Даніла.- Куды іх начальства пугаўём гоніць, туды і чэшуць. Я, вось,ніяк не дабяру розуму: чаму яны ў семнаццатым годзе ўладу бандытам аддалі, а цяпер унукам тых галаварэзаў? Га? А начальства ва ўсе часы грэбла пад сябе, грабе і будзе грэбсці. Хай здохне тая курыца, якая ад сябе грабе...
Усе дружна зарагаталі. Усміхнуўся ў сівыя вусы і дзед Даніла. Ен выпрастаўся, крактануў, ляпнуў шырокімі далонямі па каленях, акінуў мудрым поглядам вяскоўцаў, незразумела сказаў:
- Жыць трэба. Трэба, хлопцы. Пакуль жывеш, то і жыві. Рабі, варушы мазгаўнёй...
Сонца шчодра адорвала зямлю ласкавым цяплом. Шапталася лістота на ліпе, з агарода пахла кропам, з палісадніка - бэзам і язвінам. Пырхалі з галінкі на галінку, заўзята шчабяталі птушкі. Рыкалі, у прадчуванні скорай дойкі, каровы. Пагрузнелыя ад травы, разамлелыя на сонцы, яны ішлі нетаропка, валюхаючыся, адбіваліся хвастамі ад аваднёў і мух, паднялі густы шызы пыл. Вяскоўцы заспяшаліся, сталі зваць сваіх Галак, Лысух, Лабатак... Засабіраўся да бацькоўскага парогу і Змітрок Сантаровіч.
Ішоў загуменнямі, спакваля, у глыбокім одуме. «Трэба дапісаць малітву. А напішу так: "Пакуль жывеш, Слова - жыві. А мы будзем шчыраваць, рупіцца, варушыць глуздамі. Інакш - грош цана нам.»
Алесь Макоўскі
Святкаванне Калядаў - 2008
Пэўна кожны мінчук штосьці чуў аб Ратамцы, нават ведае дзе тая знаходзіцца, але гэтае і зусім нядзіўна. Будзе дзіўным, калі хтось яшчэ з іх прыгадае аб СДК, гэта значыць - сельскі дом культуры. Запытаеце, чаму менавіта аб ім? Таму, адкажу вам, што за апошнія 1015 год ён з намінальнай ці ўмоўнай, фармальнай сельскай кропкі культуры пераўтварыўся ў зайздроснадзейсны, творча натхнёны калектыў, які жыве і няспынна пульсуе свой імпэт як адзіны арганізм. Візітнай карткай, так бы мовіць, тут з'яўляецца фальклорнажартоўны гурт "Цешча", які ўжо заслужана і з гонарам валодае тытулам "Народны". Паверце, гэта зусім не фармальная прынада, як зараз шмат дзе ёсць. Кожны ўдзельнік гэтага гурту - асоба, самабытны талент, індывід непаўторны, лёгка валодае нашай роднай мовай, цікавіцца і ганарыцца, як уласнай, так і агульнанароднай мінуўшчынай ды культурай. Але зараз аб галоўным.
Напярэдадні святкавання другіх Калядаў і Хрыстовага нараджэння гэтым гуртом перад жыхарамі і гасцямі мястэчка была паказана святочнаўрачыстая праграма "Калядкі2008". Пасля абавязковага ўступнага традыцыйнаўзнёслага псалма, выкананага на царкоўны лад, на працягу ўсёй праграмы няспынным патокам сыпаліся, што з рога, жарты і гумар, якія шчыра аздабляліся дасціпнымі і ёмістымі прыгаворкамі ды прымаўкамі. Розныя калядныя істоты, як у калейдаскопе, вірліва змянялі перад зачараванымі гледачамі адна другую. То "цыганка" чмурыць людзей, то "каза" сутаргава дрыгае нагамі, ці "мядзведзь" дэманструе смаргонскую навуку, ці то галоўны персанаж свята Зюзя, водзячы карагоды і адорваючы падарункамі, нястомна нясе да ўсіх жаданае шчасце. Зухавата зпад пальцаў Анатоля Якімовіча няспыннай завірухай мкне ў тахт усім дзеям іскрыстая мелодыя.
… і вось, калі ўжо прысутныя ледзь не ўсмятку паразбівалі далоні пляскаючы ў ладкі, як на іх відавоку з'яўляецца дзіцячы лялечнадраматычны гурт "Мікося". Праграма іх выступу значна рознілася ад папярэдняй сваёй неардынарнасцю, але яна надзвычай пасавала гэтаму святу і была жывым яе працягам. Паэтычная нізка твораў, тут скарыстаных, належала пяру адоранага самабытнага паэта і праніклівага краязнаўцы Алеся Гарбуля з Лынтупаў, што на Пастаўшчыне. Але, умоўна кажучы, яна ўяўляла сабой яшчэ толькі прыгожы падбор словаў, шкілет для будучага цела, пакуль не трапіла ў рукі дасведчанага прафесіянала сцэнічнага мастацтва Міколы Рабычына, які тут з'яўляецца рэжысёрам і пастаноўшчыкам. Яму на зайздрасць трапна ўдалася "ўдыхнуць душу", калі здолеў падабраць кожнаму дзіцяці адпаведны тэкст і ўдала размеркаваць усе акцэнты ды ролі.
Нарэшце, бадай ці не найскладнейшае, як дамагчыся, каб дзеці лёгка і натуральна, як іхныя дзядулі ды матулі калісьці ў маленстве, сакавіта пабеларуску прамаўлялі і спявалі з выключнай чысцінёй. Што асабліва ўражвае і здзіўляе, дык тое, што гэтае ім удалося, і хоць дзеці гэтыя займаюцца ў мясцовай школе з расейскай мовай навучання. Гэтакае навучанне, як вядома, зазвычай вельмі адмоўна ўплывае як на развіццё індывідуальнасці ўвогуле, так і на асаблівасці прамаўлення і мыслення ў прыватнасці.
Бліскучы выступ дзяцей быў ці не лепшым падарункам Зюзі, як для людзей тут прысутных, так і для ўсяе Беларусі. Зараз, вельмі мала дзе ў нашай сталіцы, на вялікі жаль, можна сустрэць падобны шчасны феномен - адпаведную высокую адказнасць перад сваім абавязкам, як у прафесійным сэнсе, так і ў сэнсе ўсведамлення сваёй айчыннай прыналежнасці ды адказнасці перад будучыняй свайго народу. Вельмі трапным выглядае ў гэтым спрыянне і актыўны ўдзел у распрацоўцы літаратурных праграм дасведчанага майстра Яна Чэркаса.
Хочацца верыць, што такі ўдалы пачын Ратамскага СДК, якім кіруе Алёна Юркеня, у блізкім часе дасць свой вартасны плён. Вядома, усё гэтае сталася дзякуючы няспыннай увазе мясцовых уладаў, якія нарэшце, акурат да святаў, давялі да належнага ладу гэтае культурніцкае месца.
На развітанне яшчэ раз хочацца выказаць падзяку ўсяму калектыву, і сталым, і малым удзельнікам святочнага выступу, пажадаць новых здабыткаў, натхнення і радасных сустрэч. Ды праспяваць: "… бывайце здаровы, жывіце багата…".
Старшыня Рады Партызанскага раёна г. Менска ТБМ імя Скарыны, мастак Алесь Цыркуноў.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
4 верасня 1919 г. Нечаканае вяртанне сястры маршалковай Харват у Менск з Бабруйскай турмы, з якой яе вызваліла ўзяцце Бабруйска польскім войскамі. Святая сіла яе ахоўвала, таму што днём пазней яна была б высланая з партыяй зняволеных у Смаленск, адкуль невядома калі вызвалілася б, ды і ці засталася б жывая. Мой ад'езд з Менска ў Варшаву.
5 верасня 1919 г. Вяртанне ў Варшаву. Падчас маёй адсутнасці быў адрэдагаваны Стэцкім і пададзены выбітнымі прадстаўнікамі сельскай гаспадаркі, гандлю, прамысловасці і фінансаў мемарыял, уручаны падчас выступу Юльяна Талочкі Падзярэўскаму, Трампчынскаму і Пілсудскаму; у мемарыяле паказвалася на няправільную лінію ўраду і гаварылася аб неабходнасці росту прадукцыйных сіл краіны на фоне пагрозлівага банкруцтва ва ўсіх сферах. Быў гэта першы здаровы парыў сіл грамадства. Падзярэўскі быў гэтым мемарыялам моцна раздражнёны, Трамчынскі прыняў мемарыял дабразычліва, Пілсудскі панура.
8 верасня 1919 г . Ад'езд з Варшавы дадому. Развітанне з нашымі годнымі гаспадарамі спадарамі Пулъяноўскімі, у якіх мы пачуваліся спакойна і ў бяспецы, як у бліжэйшых сваякоў. Вяртанне дадому без звычайнага ў такіх выпадках пачуцця шчасця, таму што невядома, што гэты разбураны дом у анархічнай краіне, у спустошанай гаспадарцы прынясе.
9 верасня. 1919 г. У Гарадзеі чакаў фурман, які некалі вазіў на брычцы, запрэжанай чацвёркай коней, а зараз парай бездапаможных пад'язных, і воз драбінчасты, таму што не пакінулі нам ніякай іншай брычкі. Заехаў я на двор пад палац па здзірванелай дарозе. Мяне прывітала жонка, якая ўжо тыдзень была дома, і пару служак з шчырай радасцю, астатнія з адпаведнай збянтэжанасцю, а можа і з нудой па распусце і ўсёдазволенасці, па спыненых незаробленых прыбытках. Парк, пакінуты і здзічэлы, палі ў большай частцы неапрацаваныя, ураджай дрэнны, поўная адсутнасць інвентару і прыладаў працы. Усё гэта можна было б перанесці, усё з часам можна было б выправіць, калі б была ўпэўненасць у заўтрашнім дні, у правах уласнасці, упэўненасць у дзяржаўнай прыналежнасці, у прававым ладзе.
17 верасня 1919 г. Першы дзень сяўбы жыта. У ранейшыя гады сяўба ў гэтую пару была б ужо скончаная 2 3 тыдні назад, а не пачыналася б толькі. Глеба дрэнная, сухая як попел, не вылежаўшая, бракуе працоўнага інвентару, як тут можна разлічваць на ўраджай? Але на ўсё воля Бога: бывала, чалавек пасеяў добра, а ўраджаю не дачакаўся. Наогул, у мяне няма такога ўражання, што я вярнуўся ў бацькаву хату, хутчэй у мяне ўражанне, што я знаходжуся на нейкім этапе, гэта часовы прыпынак падчас вандравання па жыцці. Не бачу вакол сябе таго, на што глядзеў 72 гады. Голыя сцены, паламаная мэбля, абутак на мне дзіравы, архіў і бібліятэка разрабаваныя, пару талерак і некалькі сталовых прыбораў да кашы і бульбы, вечары без святла, суседзі разбрыліся і наперадзе не травень або чэрвень, а цёмныя і слотныя кастрычніцкія і лістападаўскія дні, а галоўнае такія ж панурыя палітычныя і грамадскія гараскопы.
19 верасня 1919 г. Я атрымаў нечаканы выклік з Староства прыехаць у Слуцк каб сустрэць там Пілсудскага, які быў у Менску і праз Баранавічы збіраўся прыехаць у наш павятовы горад.
20 верасня 1919 г. Шабас. На куту вуліцы Шасейнай і Маставой прыгатаваная трыўмфальная арка, сабраная пажарная ахова, аркестр, увесь дзень чакаем з хлебам і соллю. Мясцовыя ўлады ў мундзірах выглядаюць, як пераапранутыя акцёры нейкага аматарскага тэатра, якіх бавіць іх новая роля: няма сур'ёзнасці і перажывання за свае абавязкі, хутчэй за атрыбуты ўлады. Пад вечар прыходзіць дэпеша, што Кіраўнік дзяржавы, выкліканы важнымі справамі ў Варшаву, у Слуцк не заедзе. Увечар мясцовыя дамы ідуць у "салдацкую гасподу" на танцы з салдатамі мясцовай залогі. На наступны дзень 3ці полк уланаў павінен быў выйсці з горада ва ўсходнім кірунку. Пошта не працуе, газет няма, шырокае поле для розных гутарак і здагадак.
26 верасня 1919 г. Паступова вяртаюцца суседзі, сёння на сняданку ў мяне быў ардынат нясвіжскі, прыбылы з Парыжа.
1 кастрычніка 1919 г. Першыя, але моцныя замаразкі; вада замерзла ў карыце, а толькі заўтра пачынаем капаць бульбу. Вялікі кірмаш у суседніх Цімкавічах, мужыкі занадта рана вяртаюцца з мястэчка, жаляцца, што прыбылыя з Слуцка на машыне салдаты ў іх адбіраюць палатно, аўчыны, сукно па цане, не роўнай і чвэрці кошту. Трэба данесці аб гэтым уладам, каб захаваць аўтарытэт польскага кіравання.
16 кастрычніка 1919 г. Я паехаў у Менск, распавёў Рачкевічу аб інцыдэнце ў Цімкавічах; узяў запісы і выслаў дэпешу, каб адразу ж адрэагаваць на гэтыя злоўжыванні і эксцэсы. Уладзіслаў Рачкевіч, хоць і радыкальнай арыентацыі, робіць уражанне чалавека энергічнага, чэснага і безумоўна хоча дабра нашай краіне. Вось б такіх адміністратараў давалі на Крэсы, іншым быў б аўтарытэт польскага кіравання. Менск на здзіўленне хутка стаў польскім: назвы вуліц польскія, шыльды, напісаныя, праўда, на тарабарскай польскай мове, але польскія, школы польскія, нават габрэі пачынаюць папольску гаварыць на вуліцах, хоць яны і не зусім упэўненыя ў тым, што сапраўдны "статускво" прадоўжыцца доўга. Толькі рубель не капітулюе, усё расце, а марка танее. З Менска я паехаў у Варшаву. Абвешчаны па ўсёй краіне штрайк працаўнікоў фальваркаў не ўдаўаўся, часткова дзякуючы пратэсту гарадскога насельніцтва, якому пагражаў бы голад, калі б своечасова не была б выкапана бульба, якая, аднак, у многіх месцах зза часовай правалокі з уборкай памерзла. Як быццам бы і ўрад пачынаў трохі разумець, што папускаючы анархію, недалёка зойдзе.
8 лістапада 1919 г. Я прыехаў у Менск на збор Сельскагаспадарчага таварыства. Збор быў нешматлюдным, на ім прысутнічала ў асноўным тая частка абшарнікаў, якая або заставалася ў Менску, або яшчэ не паспела даехаць да сваіх маёнткаў.
9 лістапада 1919 г. Урачыстае богаслужэнне ў Кафедральным саборы ў гонар гадавіны вызвалення Польшчы, прысутнічалі вайсковыя і цывільныя ўлады. У першым шэрагу займае крэсла генерал Жалігоўскі, ганарова вядомы сваім вяртаннем з Адэсы, у цяперашні час галоўнакамандуючы на адрэзку беларускага фронту ў Менску; з другога краю, начальнік цывільнага кіравання Ўладзіславаў Рачкевіч са сваім намеснікам Альгердам Яленскім, сынам майго суседа, абшарніка Эдварда Яленскага, які, нягледзячы на сваё абшарніцкае паходжанне, моцна афарбаваны сваімі падрыўнымі поглядамі і ў межах сваёй улады з добрымі, верагодна, намерамі, але прыносячы вялікую шкоду, уплывае на парадак у сталіцы і абшарніцкія справы.
Біскуп Лазінскі, паддаючыся беларускадэмагагічнаму ўплыву, у сваім звароце папракаў між іншым абшарнікаў за нібы адсутнасць ахвярнасці. Пасля богаслужэння паседжанне Сельскагаспадарчага таварыства, абуранага пропаведдзю біскупа, якую я меў намер адпарыраваць на раўце, які наладжваўся у той жа дзень генералам Жалігоўскім і Рачкевічам у Шляхецкай зале, на які я атрымаў запрашэнне. На раўце шмат запрошаных, але больш вайскоўцаў. Нягледзячы на неабаграваныя суседнія пакоі, у іх танчаць жанчыны ў дэкальтаваным з ахвочымі патанчыць паручнікамі пад гукі двух вайсковых аркестраў.
(Працяг у наступным нумары.)
У Менску прайшла вечарына, прысвечаная 20-годдзю часопіса "Роднае слова"
Вечарына, прысвечаная 20годдзю штомесячнага навуковаметадычнага ілюстраванага часопіса на беларускай мове "Роднае слова", прайшла 25 студзеня ў ліцэі Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску.
Як зазначыў галоўны рэдактар часопіса, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ Уладзімір Куліковіч, выдадзена 240 нумароў часопіса, які да 1992 года называўся "Беларуская мова і літаратура ў школе".
Паводле слоў У. Куліковіча, у выпушчаных нумарах выдання, якое не мае аналагаў у свеце, апублікавана звыш за 8 тыс. артыкулаў больш чым тысячы аўтараў. Галоўны рэдактар назваў 20годдзе часопіса "святам роднай мовы, якое дазваляе нам быць беларусамі і адчуваць сябе гаспадарамі сваёй зямлі".
Сярод новых рубрык выдання У.Куліковіч назваў "Літаратура і час", "Мовы рысы непаўторныя" і "Алімпіяды. Конкурсы. Іспыты". Рубрыку "Дыялог з карцінай" будзе весці пісьменнік і мастак Віктар Карамазаў, а "Беларускія мудрагелінкі" доктар філалагічных навук прафесар Ірына Казакова. Яна пазнаёміць чытачоў з элементамі духоўнага свету беларусаў.
Рэдкалегію часопіса прывіталі саветнік міністра адукацыі Віктар Іўчанкаў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
Былы галоўны рэдактар выдання Міхась Шавыркін падкрэсліў, што ўсіх супрацоўнікаў часопіса аб'ядноўвала імкненне да прыгажосці. "Мы хацелі не толькі адчуць і зразумець прыгажосць, але і перадаць яе дзецям. Мы імкнуліся да гармоніі з прыродай, людзьмі і прасторай вакол нас, з гісторыяй і культурай свайго народа, бо без усяго гэтага няма будучыні ў часопіса, школы і нашай краіны", сказаў М. Шавыркін.
Удзельнікам вечара былі ўручаны бібліяграфічныя даведнікі "Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса "Роднае слова".
Часопіс асвятляе пытанні літаратурнай, моўнай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе. Публікуе матэрыялы аб гісторыі нацыянальнай культуры, сучасным літаратурным працэсе, лінгвістычных праблемах і міжмоўных сувязях, аб асаблівасцях беларускай мовы. Друкуюцца рэцэнзіі на выданні, паэтычныя і вакальныя творы, творчыя партрэты беларускіх мовазнаўцаў, літаратараў, дзеячаў культуры, а таксама архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю.
М. Гаравы, БелаПАН.
Віленскі і беларускі літаратурныя музеі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве
У сталіцы Літвы падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным літаратурным музеем імя Янкі Купалы і віленскім Літаратурным музеем А.С. Пушкіна.
"Гэтая дамова дае магчымасць літоўскаму музею карыстацца фондамі беларускага музея, а беларусам нашымі, растлумачыла карэспандэнту БЕЛТA дырэктар віленскага музея А.С.Пушкіна Таццяна Міхнева. У дамове прадугледжаныя абмен экскурсіямі, выставамі, экспазіцыямі, доступ да музейных матэрыялаў, адукацыйных праграмаў. У нас захоўваюцца экспанаты, звязаныя з жыццём беларускага паэта ў Літве. Ёсць у нас камплекты часопісаў "Наша Ніва" і "Наша доля", якія выпускаліся ў Вільні на беларускай мове. Захоўваем мы і частку экспазіцыі былога музея Якуба Коласа, які да 1960 года існаваў у Павільні (ускраіна Вільні)".
Важнасць дамовы для захавання культурнай спадчыны беларусаў у Літве адзначалі падчас цырымоніі падпісання дакумента прадстаўнікі беларускай грамады Літвы. Загадчыца кафедрай беларускай філалогіі і міжкультурных камунікацый Віленскага педагагічнага ўніверсітэта Лілея Плыгаўка падкрэсліла, што велізарны пласт віленскай культуры, асабліва канца XIX пачатку XX стагоддзяў, гэта беларуская культура. Бо ў тыя часы ў Вільні не толькі выдаваліся часопісы на беларускай мове, але і працавала беларуская гімназія.
На цырымоніі падпісання дамовы прысутнічалі віцамэр Вільні Альгірдас Палецкіс, загадчык аддзелам музеяў Міністэрства культуры Літвы Раманас Сенапедзіс, дырэктар Беларускага дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Алена Матэвасян, супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Літве. Сёння ж Беларускі дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з Літоўскім музеем тэатра і кіно. Ужо ў лютым беларусы прывязуць сюды першую выставу.
БЕЛТА.
УВАГА!
Запрашаем наведаць выставу беларускай музыкі, кніг і часопісаў на сядзібе ТБМ (г. Менск. вул. Румянцава, 13). Працуем штодня, акрамя выходных, з 14.00 да 18.00.
Тут Вы можаце пазнаёміцца з новымі запісамі на CD, DVD, кнігамі з серыі "Беларускі кнігазбор", а таксама з новымі аўдыёкнігамі : "150 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі", Мікола Ермаловіч "Лісты, выступы, гутаркі, вершы", Дж. Оруэл "Ферма", "1984", Андрэй Хадановіч "Абменьнік". Вершы і пераклады, Максім Багдановіч "Вершы".
Новыя DVD : "Апакаліпсыс", "Лісты з Іўа Дзімы", "Тлум (Бабілён)" ды іншае.
Старшыні
ГА "Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб беларускамоўных календарах
Паважаны Алег Анатольевіч!
Па даручэнню Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінісэрстве інфармацыі разгледжаны Ваш зварот ад 27.12.2007 г. аб выданні календароў на беларускай мове.
Аб прычынах прыпынення выдавецтвам "Беларусь" выпуску адрыўнога календара "Родны край" на 2008 Вы праінфармаваны раней (ліст ад 16.11.2007 " 05-05/ЛН 238).
Адначасова паведамляем, што па даручэнню Міністэрства інфармацыі выдавецтва "Беларусь" аднаўляе выданне адрыўнога календара на беларускай мове "Родны край". Названы каляндар (на 2009 год) уключаны ў план выпуску сацыяльна значнай літаратуры ў 2008 годзе. 3 мэтай змяншэння цаны на яго выпуск запланавана выдзяленне субсідыі з рэспубліканскага бюджэту.
Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.
Тэматыка семінараў ТБМ
7 лютага. "Гарады Беларусі ў творах беларускіх пісьменнікаў". Вольга Іпатава. СШ г. Менска.
11 лютага. "Беларусь у гады нямецкай акупацыі" Ігар Кузняцоў. 18.00. ТБМ.
13 лютага. "Студэнт і здаровы лад жыцця: не - наркотыкам і алкаголю". Л. Дзіцэвіч. БДТУ.
18 лютага. "Гістарычная тапаграфія і тапаніміка Менска". Захар Шыбека. 18.00. ТБМ.
25 лютага. "Як жыць лепей ва ўмовах эканамічнай і палітычнай сітуацыі краіны". Людміла Дзіцэвіч. 18.00. ТБМ.
28 лютага. "Беларусь і яе незалежнасць у 1918 годзе". Анатоль Грыцкевіч. 18.00. ТБМ.
28 лютага. "Гарады Беларусі ў творах беларускіх пісьменнікаў". Вольга Іпатава. Каледж г. Менска.
Беларускія карані не былі для яго таямніцай
70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Высоцкага
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Адметнай рысай Высоцкага была ўпэўненасць у сабе, ён заўсёды паступаў так, як лічыў патрэбным. Мірыцца з несправядлівасцю, крыўдай, прычыненай слабым, ён не мог з дзяцінства.
Быў такі выпадак. Лета. Дача пад Кіевам, дзе адпачываюць трынаццацігадовы Валодзя, Яўгенія Сцяпанаўна, куды часта прыязджае на выходныя Сямён Уладзіміравіч, з'яўляюцца іншыя кіеўскія сваякі Высоцкіх.
Вясковая цішыня, спа-кой. Заняткі хатняй гаспадаркай, у якіх не апошняе месца займаюць выпас курэй і збор ягад. Купанне ў рэчцы і іншыя любаты дачнага жыцця. Да ўсеагульнай радасці прыязджае Лідзік. З ёю маленькі сын Віталь. Але раптам тут, на дачы, ён захварэў. У яго пад-нялася тэмпература. Побач здымала дачу сям'я лекараў, і ўсхваляваная Лідзія Мікала-еўна звярнулася да іх па дапамогу:
- У мяне захварэла дзіця, вы не маглі б яго пагля-дзець?!
Але атрымала жорсткі адказ:
- Мы прыехалі адпачываць і нікуды не пойдзем!..
У слязах яна вярнулася дадому. На парозе быў Валодзя.
- Што здарылася, Лідзік? - спытаў ён з клопатам. А калі даведаўся што здарылася, сказаў сур'ёзным тонам: - Калі яны адмовіліся дапамагчы - гэта не лекары!..
Калі сцямнела, вакол дачы "лекараў" раздаўся моцны шум. Гэта хлапчукі пад правадырствам Высоцкага грукаталі, стукалі і крычалі па-тарзанску. Раніцай высветлілася, што хлопцы адвязалі лодку суседзяў Высоцкіх і пусцілі ўніз па цячэнні.
- Божа мой! Нас жа ўсіх арыштуюць! Божа мой, што ты нарабіў! - галасіла бабуля Ўладзіміра. - Нас усіх пасадзяць!
Але, мабыць, лекары самі зразумелі ўсю ганебнасць сваіх паводзінаў - на наступны дзень яны з'ехалі.
У 10-м класе Высоцкі пераехаў жыць да маці, Ніны Максімаўны. У новым доме, на той жа Першай Мяшчанскай увесну 1955 г. яны атрымалі пакой у трохпакаёвай кватэры, дзе побач з імі пасяліліся іх суседзі па камунальнай кватэры, Гіся Майсееўна і яе сын Мішка Шыфман. У Валодзі пашырэў круг знаёмых, але ён не забыў сваіх сяброў на Вялікім Карэтным, дзе ўжо ў школьныя гады стала фармавацца кампанія, аб якой ён потым скажа: "... усе былі цікавыя людзі досыць высокага ўзроўню, хто б чым не займаўся...". З многімі з іх Уладзімір Высоцкі захавае выдатныя адносіны на ўсё жыццё.
Выдатная кампанія на Вялікім Карэтным, аб якой пазней не раз будзе ўспамінаць Уладзімір Высоцкі на сваіх лекцыях-канцэртах, утварылася ў канцы 50-х - пачатку 60-х гадоў. З'явілася яна, вядома, спантанна, але, зрэшты, цалкам заканамерна, на аснове збліжэння двух рознаўзроставых груп. Адна з іх складалася з аднакласнікаў і аднагодкаў Уладзіміра Высоцкага. Яго школьны таварыш Валодзя Акімаў, які рана страціў бацькоў, у старэйшых класах жыў практычна адзін, таму ў яго на Карэтным, у вялікім пакоі, каля 40 квадратных метраў, перагароджаным шафай і гунькамі, збіралася вясёлая мужчынская кампанія, у якую абавязкова ўваходзіў і Высоц-кі: Ігар Каханоўскі, Яша Бязродны і Аркадзь Свідэрскі. Другая група - гэта Лявон Сурэнавіч Качаран, яго сябры і знаёмыя, якія жылі ў яго, а пазней і ў яго жонкі Іны Аляксандраўны Качаран (Крыжэўскай), у трохпакаёвай кватэры ў тым жа пад'ездзе, дзе жылі бацька Высоцкага і Яўгенія Сцяпанаўна.
Качаран быў старэйшы за Ўладзіміра на 6 гадоў, яго пазнаёміў з Лявонам Анатоль Уцеўскі. Апошні вучыўся з Лёвай у МДУ на адным факультэце, юрыдычным, сябраваў з ім і нават пазнаёміў Качарана з будучай жонкай. Яшчэ вучачыся ў школе, Высоцкі трапляе ў кампанію дарослых людзей, якія маюць да таго моманту на Вялікім Карэтным адпаведны аўтарытэт, і неўзабаве становіцца яе паўнапраўным чальцом. Сябры ўспамінаюць, што Ўладзімір у гэты час быў лёгкі, вясёлы, вельмі таварыскі хлопец, які ўмеў арганізаваць любое свята, як ён сам сябе зваў - ілгун, балбатун і рагатун. Потым некаторыя з школьных прыяцеляў Уладзіміра: Каханоўскі, Акімаў, Бязродны таксама трапляюць у кампанію Лёвы Кача-рана і ўтворыцца цікавая супольнасць рознабакова адо-раных людзей.
Лявон Сурэнавіч Качаран аказаў велізарны ўплыў на маладога Высоцкага і таму варта распавесці пра яго больш падрабязна. Анатоль Бары-савіч Уцеўскі ўспамінае: "Лёвушка быў дзіўным чалавекам: выдатна ведаў літаратуру і кіно, спяваў, граў на гітары, быў спартоўцам - пышна бак-саваў, на здымках сам вадзіў танкі, а Толя Гарагуля, капітан цеплахода "Грузія", распавя-даў, што аднойчы Лёва сам прышвартаваў цеплаход. Лёва любіў дзівіць людзей - мог выпіць куфель шампанскага і закусіць фужэрам. Спакойна жаваў брытвы, мог пракалоць шчаку іголкай. Гэта рабіла ўражанне, асабліва на маладых дзяўчат. Качаран быў вельмі рознабаковым чалавекам - не было прафесіі або рамяства, якімі ён не змог авалодаць. У хаце ён літаральна ўсё зрабіў сам, мог пашыць сабе кашулю... Потым раптам пачаў захапляцца абажурамі - у ўсіх у нас былі Лёвушкіны абажуры. На ней-кім сваім фільме сам сканструяваў і пабудаваў не то брычку, не то тачанку.
Увогуле, Лёва быў ча-лавекам унікальным. Гэтая ўнікальнасць выяўлялася першым чынам у яго ўменні сябраваць, выслухаць і зразумець блізкіх сяброў, калегаў па працы, проста знаёмых. Мена-віта таму многія цягнуліся да яго...
Качарана як другога рэжысёра шанавалі шматлікія нашы вядомыя майстры. На "Масфільме" нават гаварылі, што Кочаран - першы сярод усіх другіх рэжысёраў.
Зносіны з Качаранам усім нам давалі шмат, а Валодзі, як мне здаецца, асабліва. У многіх рэчах ён проста перай-маў Качарана. Лёву любілі многія людзі і, як вы разумееце, было за што...".
У 10-м класе Ўладзімір пачаў займацца ў драмгуртку пры Доме настаўніка на вуліцы Горкага. Кіраваў гуртком артыст МХАТа Ўладзімір Мікалаевіч Багамолаў. Аднойчы Ніна Максімаўна Высоцкая прыйшла туды на рэпетыцыю. Яна так успамінае аб сваім уражанні ад ігры сына: "Валодзя паказваў селяніна, які прыйшоў на вакзал і патрабуе ў касіркі квіток, яму адказваюць, што квіткоў няма, а ён дамагаецца свайго. Я упершыню бачыла яго (Уладзіміра) на сцэне і дагэтуль памятаю сваё здзіўленне, настолькі нечаканымі былі для мяне ўсё яго акцёрскія прыёмы. Пасля рэпетыцыі я падышла да Багамолава і спытала (хоць ужо ведала адказ): "Ці можа Валодзя прысвяціць сваё жыццё сцэне?" - "Не толькі можа, але павінен! У вашага сына талент", - адказаў акцёр.
Валодзя да глыбокай ночы знікаў у гуртку...".
Атэстат аб сярэдняй адукацыі Ўладзіміра Сямёна-віча Высоцкага, атрыманы ім 24 чэрвеня 1955 года, паве-дамляе, што: "пры выдатных паводзінах" ён "выявіў наступ-ныя веды па прадметах":
Руская мова - 4 (чатыры).
Усеагул. гісторыя - 5 (пяць).
Літаратура - 5 (пяць).
Канстытуцыя СССР - 5 (пяць).
Алгебра - 4 (чатыры).
Геаграфія - 5 (пяць).
Геаметрыя - 4 (чатыры).
Фізіка - 4 (чатыры).
Прыродазнаўства - 5 (пяць).
Хімія - 4 (чатыры).
Гісторыя СССР - 4 (чатыры).
Зам. мова (французская) - 4 (чатыры).
Да канца школы Ўла-дзімір рашуча заявіў бацькам: хачу ў Тэатральны, але ўся сям'я была супраць. Бацька, маці, дзядуля Ўладзімір Сямёнавіч, іншыя сваякі ўгаворвалі яго пакінуць мару аб тэатральнай кар'еры і, каб заўсёды мець кавалак хлеба, стаць "нармалёвым савецкім інжынерам". Пад такім ціскам Высоцкі вырашыў паступіць у тэхнічную ВНУ на механічны факультэт разам са сваім ад-накласнікам і сябрам Ігарам Каханоўскім. Выбар інстытута быў зроблены выпадкова - па самым прыгожым запраша-льным квітку на дзень адчы-неных дзвярэй. Гэта быў МІБІ імя Куйбышава. Патрапіць туды лічылася вялікім шчасцем, так у 1955 годзе конкурс на механічны факультэт склаў 17 чалавек на месца. У той час немалую дапамогу пры паступленні аказвалі спартовыя поспехі абітурыентаў. Ігар Каханоўскі успамінае аб тым, як яны з Высоцкім прыйшлі ў прыёмную камісію: "... там усіх пыталі: "У вас ёсць разрад?" Я гавару: "Ёсць. Першы па хакеі!" Мне гавораць: "Усё, ідзём, мы цябе ўладзім". А я ім: "Хвіліначку, я з сябрам!" А яны: "Мы вам дапаможам!" Яны нам сапраўды дапамаглі - напярэдадні назвалі тэму сачынення. У нас, вядома, было па некалькі варыянтаў гэтых тэм, і мы ўсё гэта перапісалі, атрымалі добрыя адзнакі...".
На сачыненні сябры атрымалі па чацвёрцы, не забыўшы для пэўнасці зрабіць па памылцы. З астатнімі прадме-тамі было больш складана. Але Ўладзімір, атрымаўшы "4" па матэматыцы, "5" па фізіцы, "5" па французскай, стаў таксама, як і Ігар, студэнтам. Загад дырэктара МІБІ ім. В. Куй-бышава за N 403 ад 23 жніўня 1955 г. абвяшчае: "Залічыць у лік студэнтаў 1-га курса меха-нічнага факультэта т. Высоц-кага Ў.С. без прадстаўлення інтэрната".
Першы час сябры радаваліся свайму паступленню і досыць шмат прагульвалі. Высоцкі хадзіў на заняткі, як на катаргу, - яму было невы-носна сумна сядзець там, слу-хаць лекцыі па начартальнай геаметрыі, вышэйшай матэматыцы, фізіцы, аналітычнай геаметрыі, а самым жудасным для яго прадметам аказалася чарчэнне. Толькі зносіны з сакурснікамі, на якіх ён з задавальненнем пісаў эпіграмы і пародыі, падабаліся ў МІБІ Высоцкаму. Некалі ён і Каханоўскі у адным з маскоўскіх двароў падхапілі рэпліку: "Клічце мяне проста Вася". З таго час інакш як Вася, Васёчак, Васька яны адзін да другога не звярталіся. Ад дыялогаў гэтых двух "Васяў" студэнты і студэнтачкі паміралі ад смеху.
Увосень першакурснікаў адправілі "на бульбу". Трэцяя група механікаў збірала ўраджай на калгасных палях Валакаламскага раёна. Працы было шмат. З непрывычкі гарадскія хлопцы моцна стамляліся, але Высоцкі і ўвечар не сядзеў на месцы - хахміў, спяваў частушкі і гарадскія прыпеўкі, не дазваляючы сябрам упасці духам. Ён і там знаходзіў сабе тыя заняткі, якія затым спатрэбіліся яму ў працы артыста кіно. Ігар Каханоўскі успамінаў, як Высоцкі ўпарта вучыўся рабіць задняе сальта і ездзіць на кані:
"...Калі мы паступілі ў МІБІ і, правучыўшыся тыдзень, апынуліся на ўборцы бульбы, у вёсцы, якая стаяла на беразе ракі, ён спрабаваў "круціць задняе", але ўсякі раз смешна і балюча пляскаўся ў ваду спіной. Аднойчы нават не на жарт пакрыўдзіўся на мяне, калі вынырнуўшы пасля чарговага балючага - у прамым сэнсе гэтага слова - скачка, пачуў мой дзікі смех. А не смяяцца было, сапраўды, немагчыма - так нязграбна і паклоўнску ён боўтнуўся з берага ў раку. Але пасля кожнага няўдалага скачка ён ізноў паўтараў спробу за спробай, хоць, па-праўдзе гаворачы, скачкі лепш не станавіліся...
...У вёсцы мы неяк убачылі стрыножаных і без сядла коней, якія пасвіліся на лузе. Нікога з вясковага "начальствы" паблізу не было. Валодзя расстрэножыў аднаго з коней, на якім была аброць, мы дапамаглі яму ўзлезці на каня і ён паехаў. На шчасце, кабыла аказалася даволі рахманай і паслухмянай і як бы нехаця, але ўсё ж пабегла марудным подбегам. Валодзю гэтага здалося, мабыць, мала, ён стукнуў яе голымі пяткамі па баках, тузануў аброць, кабыла рэзка рванулася, і... ён кулём зляцеў на зямлю... Але, слава богу, усё абышлося, хоць гарбом ён прыклаўся вельмі прыстойна. Ледзь разагнуўшыся, сказаў: "Трэба абавязкова яшчэ раз паспрабаваць. Яна ўжо па-чынае мяне слухацца.... Вунь, бачыш, яна не ўцякае, чакае мяне...".
Наступіла першая сесія. Да новага, 1956 году Ігар і Ўладзімір здалі ўсе залікі, акрамя чарчэння. Да іспыту заставалася пару дзён, а праца не гатовая! Яны сядзелі ў вялікім пакоі ў Ніны Максімаўны, падзяліўшы стол кніжкамі, пілі каву, каб не заснуць, і рабілі чарцяжы. Каханоўскі скончыў працу першым і, зірнуўшы на "майстэрства" Высоцкага, нервова разрагатаўся: на месцы выразнага алфавітнага шрыфту расплылася кля-кса. Журботны, журботны Валодзя стаяў побач, глядзеў на чарцёж, разумеючы, што, вядома, у яго не прымуць, затым ён выліў астаткі кавы з кубка на чарцёж і сказаў:
- Васёчак! Я ў гэты інстытут больш не хаджу!
- Ды што ты?! З такой цяжкасцю паступалі!
- Не, не! Гэта - не маё! Я думаю пайсці ў тэатральны.
Пачуўшы вокліч сына, Ніна Максімаўна з трывогай зайшла да іх у пакой і ўбачыла, як Уладзімір выплюхвае на чарцёж туш з слоіка.
- Інжынернай дзейнасці з мяне даволі, не магу больш!.. - прагаварыў ён, смяючыся.
Уладзімір падаў заяву з просьбай аб адлічэнні і не змяніў сваё рашэнне, нягледзячы на ўгаворы, просьбы, патрабаванні родных і знаёмых.
- Высоцкі, не рабіце неабдуманага кроку, у вас яўныя здольнасці да матэматыкі, - гаварыў дэкан у прысутнасці маці.
- Цалкам магчыма, - упарта сказаў Уладзімір, - але інжынерам я быць не жадаю і не буду!.. Дык навошта займаць месца, якое іншаму больш патрэбнае?..
Гэты рашучы ўчынак, сыход з прэстыжнага інстытута, стаў першым крокам Уладзіміра Высоцкага на шля-ху да прафесіі акцёра. З студзеня па чэрвень 1956 г. ён працягваў займацца ў драм-гуртку ў Багамолава, які да-памагаў яму рыхтавацца да ўступных іспытаў, а ўлетку паступіў у школу-студыю МХАТ.
Пазней Высоцкі не без гумару распавядаў пра гэты цяжкі, вырашальны ў яго лёсе час:
"...Я паступіў у Маскоўскі будаўнічы інстытут імя Куйбышава на механічны факультэт. Але потым адчуў, што мне гэта... словам - неўмагату... А у гэты час я ўжо некалькі гадоў займаўся ў самадзейнасці, але гэта была не такая самадзейнасць, да якой мы ўжо прывыклі - яна адразу аскому выклікае і па ёй ужо прайшліся ў нас у фільмах і ў прэсе. (Ліванаў аднойчы спытаў нашага міністра культуры: "А вы пайшлі б да самадзейнага гінеколага?"). Проста людзі акрамя працы займаліся яшчэ іншай справай, любімай больш за працу. Гэта было хобі, якое тады яшчэ не аплачвалася.
Кіраўніком там быў Багамолаў, артыст Мастацкага тэатра. Ён на нас "спрабаваў" шматлікія спектаклі і працаваў з намі па-рэжысёрску, як з прафесіяналамі. І я пачаў у яго набіраць - вельмі моцна, па яго словах. Вядома, гэта захапляла мяне больш, чым маё студэнцтва, і я проста сыйшоў з інстытута і пачаў паступаць у студыю МХАТ. Паступіў туды з вялікай цяжкасцю, лічылася, што мой голас не прыстасаваны для сцэны. Мяне нават спрабавалі адлічыць з студыі за прафнепрыдатнасць з-за голаса, але кіраўнік курса Павел Уладзіміравіч Масальскі не дазволіў...".
Але вернемся да кампаніі на Вялікім Карэтным. Трэба сказаць, што менавіта Анатоль Уцеўскі і Лявон Кача-ран дапамаглі Высоцкаму адважыцца кінуць будаўнічы інстытут. Іна Аляксандраўна Качаран успамінае, што Ўла-дзімір неяк сказаў ёй:
- Калі б не Лёва і Талян, я б застаўся ў будаўнічым...
Тут, на Вялікім Карэтным, на кватэры Качарана сустракаліся Васіль Шукшын, Андрэй Таркоўскі, Артур Макараў, Уладзімір Акімаў, Алег Стрыжэнаў, Усевалад Абдулаў, Яўген Епіфанцаў і многія іншыя. У нейкія перыяды жыцця Высоцкага тут быў яго другі дом.
Ён мог папросту застацца тут начаваць або нават жыць некаторы час. Як бы не мянялася жыццё Ўладзіміра: ці вучыўся ён у студыі МХАТ; ці кідаўся з аднаго тэатра ў другі; ці стаў акцёрам кіно і тэатра на Таганцы, спеваком, непрызнаным паэтам, ці быў халасты, закаханы, жанаты або не, - ён ніколі не забываў аб сваіх сябрах на Вялікім Карэтным. Тут заўсёды адбываліся пацешныя, камічныя гісторыі. Вельмі цікава распавядае аб гэтым часе пісьменнік Артур Сяргеевіч Макараў:
"...Правілы сужыцця ў нас склаліся цалкам адпаведныя: мы былі блізкія сябры, а гэта значыць, што жылі мы, па сутнасці справы, камунай. Аднаўляючы той час у памяці, я выявіў, што калі ўжыць пазнейшае азначэнне, усе мы з'яўляліся дармаедамі... Для навакольных мы былі дармаедамі таму, што амаль ніхто з нас не працаваў, гэта значыць усе мы працавалі і працавалі шмат, але як? Без выдачы бачнай, важкай, а галоўнае - ухваленай прадукцыі. Усё вельмі шмат працавалі, але кожны - у тым кірунку, у якім жадаў. Ніхто нідзе не значыўся і нічога практычна не атрымліваў. Валодзя разам з адным таварышам напісаў "Гімн дармаедаў" на мелодыю, запазычаную з вя-домай песні. Гімн гэты рэгулярна выконваўся з вялікім уздымам. І нават у ім праслізвала тое, што трымала гэтую кампанію. Адзін куплет быў такі:
І артысты, і юрысты
Цесна трымаем у жыцці круг,
Ёсць сярод нас
жыды і камуністы,
Толькі няма сярод нас подлюг!
А прыпеў быў :
Ідзем здаваць пасуду,
Яе бяруць не ўсюды.
Праца нас не чакае,
Хлопцы, наперад...!"
Кампанія на Вялікім Карэтным жыла шумна і весела. Часам закончваліся грошы і тады самым выратавальным сродкам было здаць бутэлькі. Вядомы анекдот таго часу, дзе адзін алкаш піў, піў..., потым бутэлькі здаў і машыну купіў - быў не такім ужо фантастычным, бо пустая тара ў даперабудоўныя часы сапраўды нешта каштавала і вельмі часта яе бераглі на "чорны дзень" не толькі жабракі і эканомныя бабулькі.
Аднойчы раніцай Толік Уцеўскі і Валодзя вырашылі здаць бутэлькі. Посуд яны паклалі ў заплечнікі, якія на-дзелі на плечы, і адправіліся ў "журботны" шлях.
Наперадзе іх, рамантычна ўзяўшыся за рукі, ішла пару. На плячах - таксама заплечнікі.
- Вы ў паход?.. - пытае Валодзя, - А куды?..
- Мы едзем ва Ўцеш-нае!.. А вы далёка?
- Не, нам нашмат блі-жэй! - вымавіў Высоцкі, зварочваючы з сябрам у падва-ротню да прыёмнага пункта.
Часам у кватэры Кача-рана знаходзілася гэтулькі людзей, што і прыхінуцца не было дзе, не тое што заснуць. Некалі менавіта ў такі момант прыйшоў Валодзя. Лявон Ка-чаран, не доўга думаючы, паклаў яго ў ваннай. Слаць не было як - таму наліў цёплай вады, а пад падбародак пад-ставіў дошчачку, каб у сне не захлынуўся. Усю ноч Качаран бегаў падліваў Высоцкаму гарачую ваду, каб той не за-студзіўся. Раніцай Валодзя прачнуўся вясёлы: і спаць можна, і чысты!
Як успамінае Артур Сяргеевіч Макараў, у іх кампаніі было прынята выпіваць, але: "Мы не пілі тупа, не пілі для таго, каб ап'янець. Была нармалёвая форма зносін, якая падмацоўваецца дозамі роз-нага роду напояў. Да адпаведных дат - асабліва да дзён нараджэння кагосьці з нас - мы заўсёды рыхтавалі нейкі капуснік. Гэта разыгрывалася намі самімі, ды яшчэ запісвалася спадарожна на магнітафон, калі ён у нас з'явіўся. А з'явіўся ён так. Паўстаў перыяд, калі матэрыяльныя справы нашы сталі настолькі дрэнныя, што прыйшлося паквапіцца на святая святых - наша жыллё. Праз слёзы, мы дазволілі Качарану здаць на час (на паўгода) яго кватэру. Гэта азначала, што ўсім нам прыйдзецца на гэты час фактычна застацца без прытулку і мы пасяліліся ў Валодзі Акіма-ва... Ён жыў у камунальнай кватэры, у велізарным 40-метровым пакоі, вокны якога выходзілі ў двор. Пакой быў застаўлены старадаўняй мэб-ляй, на сцяне вісела каска з надпісам "Калі заўтра вайна?", бурка бацькі і яго шашка. Так мы жылі даволі доўга, пакуль крызіс не стаў усё-абдымным. І тады мы ўга-варылі Валодзю абмяняць гэты 40-метровы пакой на меншы... у лік даплаты нам далі стары магнітафон, зда-ецца "Спаліс", які ледзь праца-ваў. Вось так у нас з'явіўся магнітафон".
У гэтай кампаніі многія любілі спяваць, гралі на гітары. Выконвалі народныя песні, рамансы, ваенныя песні, так званыя блатныя. Галоўнымі спевакамі былі Алег Стрыжэнаў, Ігар Каханоўскі, Яўген Урбанскі, і толькі з часам Уладзімір Высоцкі стаў складаць ім канкурэнцыю і зацямніў сваімі песнямі. У 30-касетным зборніку песень Уладзіміра Высоцкага, выпушчаным у 1996 годзе фірмай MOROZ RECORDS, ёсць досыць вялікая колькасць кампазіцый, узятых з народнага фальклору, творчасці іншых аўтараў, запісаныя яны менавіта ў пачатку 60-х гадоў. Тут і "Ціхарэцкая" М. Тарывердзіева і М. Львоўскага, і "Таварыш Сталін" Ю. Аляшкоўскага, габ-рэйскія, адэскія прыпеўкі і вядомая "Трыножкі". Спяваў таксама ў той час Уладзімір Высоцкі і песню свайго школьнага сябра Ігара Каханоўскага "Бабіна лета" (1961). У ёй перадаецца той рамантычны настрой, які нярэдка бываў у кампаніі на Вялікім Карэтным:
Клёны вымалявалі горад
Чароўным нейкім колерам -
Значыць хутка , значыць хутка
Бабіна лета , бабіна лета .
Значыць хутка , значыць хутка
Бабіна лета , бабіна лета .
Што так хутка
растаюць лісты?
Нічога мне не зразумела.
А я лаўлю, як гэтыя лісты,
Нашы даты, нашы даты.
А я лаўлю, як гэтыя лісты,
Нашы даты , нашы даты .
Толькі вось лае мама ,
Што мяне начамі няма ,
Што я занадта часта п'яны
Бабіным летам ,
бабіным летам.
Што я занадта часта п'яны
Бабіным летам ,
бабіным летам...
Гэтую песню Ўладзімір Высоцкі выконваў заўсёды ў "першым варыянце", як ён гаварыў: "...Не тое, што спявае Шульжэнка па радыё - таму што... тая мелодыя горш (хоць гэта і рабіў прафесійны кампазітар), а для гэтай песні патрэбна... усё-такі такая мелодыя, якую спявалі мы, і якую, мусіць, спяваюць усе...у кампаніі".
Першыя песні Ўладзі-міра Высоцкага, як правіла, мелі пэўны адрас, былі вы-кліканыя нейкім выпадкам, нагодай. Напрыклад, фраза: "Што ж ты, зараза... нядаўна галавой быка забіў..." пра Лявона Качарана. А. Б. Уцеўскі ўспамінае: "Лёва быў вельмі справядлівым чалавекам. Калі ў яго прысутнасці кагосьці крыўдзілі, ён неадкладна кідаўся на абарону. Лёва добра біўся галавой, ён, сапраўды, як бык, ішоў напралом... Ніколі не забуду выпадак... Мы ішлі ўтрох па вуліцы Горкага, да нас прысталі некалькіх п'яных хлопцаў. Мы іх пабілі, даклад-ней не мы, а адзін Лёва. Але ў міліцыю забралі нас, і забралі, як мы лічылі, цалкам несправядліва... Быў складзены пратакол. Калі Лёву далі яго падпісаць, ён узяў гэты пратакол і з'еў! Склалі другі пратакол, а Лёву ў рукі яго не даюць. Але ён усё-такі здолеў яго вырваць і праглынуць. Міліцыянерам гэта надакучыла: "Ідзіце адгэтуль да чортавага маці! Едакі паперы!.."
Або фраза: "Біць чалавека па твары я з дзяцінства не магу..." была абавязаная сваім з'яўленнем наступнаму выпадку. Уладзімір Высоцкі, Артур Макараў і Міхаіл Туманішвілі ехалі ў тралейбусе. На старым Арбацкім пляцы ў салон зайшла вялікая кампанія, і хтосьці з іх меў неасцярожнасць грубіянска прыставаць да дзеўчыны. Міша заступіўся, і скончылася гэта кароткай спрэчкай і бойкай. На Арбацкім пляцы бойка працягнулася. Сілы былі няроўныя, і таму Высоцкаму, Макараву і Туманішвілі з цяжкасцю ўдавалася пазбягаць свісцячых кулакоў. Міша стаяў за спіной у Артура і той, не чакаючы ўдару ззаду, разбіраўся з пярэднімі, але раптам атрымаў моцны ўдар з-за спіны...
Калі бойка скончылася, ён спытаў Туманішвілі:
- Як жа так - ты быў ззаду, і мне адтуль навесілі? Як гэта завецца?
Міша адказаў:
- Артур! Людзі розныя. Ты без разважання можаш стукнуць любога, а я з дзя-цінства не магу біць чалавека па твары!
Уладзімір гучна засмяяўся:
- Міша, родны! Аб такіх рэчах загадзя папярэджваць трэба!..
А песня "Вялікі Карэтны" (1962), як адзначалася вышэй ва ўспамінах І.У. Каханоўскага, была падораная Высоцкім, прысвечаная Ана-толю Уцеўскаму, які ўжо тады працаваў у МУРы і меў "чорны пісталет". У 1961 годзе ён пераехаў з Вялікага Карэтнага ў новую кватэру, таму менав-іта яму адрасавана: "Не, не, ды па Карэтным пройдзеш...". Прыпеў гэтай песні доўгія гады забіяцка звінеў на маскоўскіх вуліцах:
Дзе твае сямнаццаць год?
На Вялікім Карэтным.
А дзе твае сямнаццаць бед?
На Вялікім Карэтным.
А дзе твой чорны пісталет?
На Вялікім Карэтным.
А дзе цябе сёння няма?
На Вялікім Карэтным.
- яго ведае і сучаснае пакаленне сямнаццацігадовых.
Яшчэ адна песня - "Мой сябар з'ехаў у Магадан" была створаная з нагоды ад'езду Ігара Каханоўскага ўлетку 1965 года ў Магадан. Ён вырашыў усё кінуць і з'ехаць папрацаваць у газеце "Магаданскі камсамолец". Напярэдадні ад'езду адбыліся сціплыя праводзіны, і тады Ўладзімір Высоцкі прынёс гэтую стылізаваную пад блатную песню:
Мой сябар з'ехаў у Магадан -
Зніміце капялюш,
зніміце капялюш!
З'ехаў сам, з'ехаў сам -
Не па этапе, не па этапе.
Скончыць аповяд аб кампаніі на Вялікім Карэтным нам хочацца словамі Ўладзі-міра Высоцкага, сказаныя ім на адным з канцэртных выступаў:
"...Гэта быў самы запамінальны час майго жыцця. Пазней мы ўсе разбрыліся, пагубіліся... Але ўсё роўна я перакананы, што кожны з нас гэты час адзначыў... Можна было сказаць толькі паўфразы, і мы адзін аднаго разумелі ў адну секунду, дзе б ні былі; разумелі па мізе, па руху вачэй - вось такая была прыцірка адзін да аднаго. І была атмасфера такой адданасці і раскаванасці - адзін - аднаму мы былі адданыя па- сапраўд-наму... Зараз ужо няма такіх кампаній: або з-за таго, што ўсе замітусіліся, або больш спраў стала, можа быць...".
... Апроч багатай песеннай спадчыны, Уладзімір Высоцкі пакінуў прыкметны след у кінематографе. І значная частка ягонага кінадосведу наўпрост звязаная з Беларуссю.
Цягам паўтара дзясятка гадоў Уладзімір Высоцкі супрацоўнічаў з беларускімі кінематаграфістамі. Найбольш вядомыя стужкі з ягоным удзелам - "Я родам з дзяцінства" і "Вайна пад стрэхамі" рэжысёра Віктара Турава, "Саша-Сашанька" Віталя Чацверыкова. Ён аўтар музыкі і песень да шэрагу фільмаў ("Сыны ідуць у бой" і г.д.), а песня "На брацкіх магілах не ставяць крыжоў" стала ледзьве не гімнам вайны ў яе рэальных праявах.
У 1979-м, роўна за год да смерці Высоцкага, у менскім Доме афіцэраў з аншлагам прайшлі трохтыднёвыя гаст-ролі Тэатра на Таганцы (Вы-соцкага менчукі пабачылі ў спектаклях "Гамлет", "10 дзён, якія ўскалыхнулі свет", "Доб-ры чалавек з Сэзуану").
Рэжысёр Валеры Панамароў на той час ужо знаў Высоцкага, з якім "шапачна" пазнаёміўся на пляцоўках "Масфільму". А ўпершыню пра "зорку", якая заззяла на паўпадпольных канцэртах у Маскве, Панамароў даведаўся ў сярэдзіне 1960-х студэнтам Тэатральна-мастацкага інстытута:
- Рыхтаваўся яго выступ у Палітэхнічным інстытуце. А ў нас якраз інтэрнат побач з галоўным корпусам БПІ. На жаль, на канцэрт не трапілі, бо тэатральны інстытут проста туды не пусцілі. Потым было яшчэ некалькі выступаў. У Беларусі яго лепшым сябрам быў Віктар Тураў. У яго здымаўся, адна з першых роляў была якраз у "Я родам з дзяцінства". І калі тут ужо пабываў, у здымачных групах (пэўна, дзякуючы таму ж Тураву) з'явіліся бабіны. Як толькі паўза на пляцоўцы, гукаапе-ратар у перапынку "ўрубаў" Высоцкага. Усе балдзелі! Згадваю 1973 год, Наваполацак. Дабралюбаў здымае "Вуліцы без канца". Хтосьці бегае і крычыць: "Нельга! Загадайце выключыць! Ён забаронены!". А ні ... Гукааператар уключае тонваген, на дах дынамік паставіць - да Полацка чуваць, не тое што ў Наваполацку".
Кінааператар Дзмітры Зайцаў быў побач з Віктарам Туравым на здымках практычна ўсіх карцінаў. І пацвярджае, што Высоцкі з задавальненьнем бываў у Беларусі, перадусім каб сустрэцца з Туравым. На экзатычным, як на тыя часы, "Сітраэне" жонкі Высоцкага, Марыны Ўладзі, яны часта праносіліся праз Беларусь транзітам у Францыю.
Пра сумесныя прыгоды і шумныя адзначэнні тых сустрэчаў узгадваюць дагэ-туль - з-за гэтага Высоцкі мусіў нават на распараджэнне кіраўніцтва Тэатра на Таганцы дачасна пакінуць Менск падчас гастроляў у 1979-м. Вы-соцкі і Тураў былі амаль ад-нагодкамі. Тураў на 16 гадоў перажыў сябра:
- Кожны раз, калі ён ехаў у Парыж ці куды за мяжу, заўсёды заязджаў у Менск. Гэта апроч здымкаў, калі тут фактычна жыў. З Туравым яны ўвогуле былі неразлучныя, вялікія сябры. Ён песні пісаў для "Пункту адліку". І Марына Ўладзі таксама песню для "Пункту..." напісала. А ўвогуле, калі чалавек яшчэ жывы, людзі, можа, і не здагадваюцца, якая гэта асоба, і да яго ставіліся, як да іншых, хто хадзіў па калідорах студыі. Я яго ўжо чуў, ён быў у нас на "Альпійскай баладзе" на практыцы, песню "На нэйтральнай паласе" мы ставілі на ўсе малюнкі горных лугавінаў. Але ўспамін пра першае знаёмства - Адэса, 1967 год. Мы выбіралі натуру і трапілі з Марухіным на пікнік на беразе мора. І вось калі падыходзілі, ён спяваў - такі хрыплы голас..."
І хоць Высоцкі ў Беларусі бываў пераважна з вытворчых патрэбаў, ён не цураўся падкрэсліваць: што ка-рані яго- на Палессі. А вось беларуская прывязка ягонай жонкі Марыны Ўладзі яшчэ больш рэальная: у часе транзіту праз Беларусь яны заяз-джалі на Наваградчыну, на радзіму яе бацькі. А па руінах наваградскага замка іх вадзіў вядомы гісторык і археолаг Міхась Ткачоў. І менавіта на Гарадзеншчыне, як сцвярджае Дзмітры Зайцаў, Тураў арганізаваў для сяброў "мядовы месяц":
- Яны трапілі на возера Свіцязь. Нейкі час там правялі, потым расказвалі шмат гісторыяў пра іх з Марынай Уладзі. Як звычайна бывае, да іх там "падкочваліся" розныя элементы, з рознымі мэтамі. І калі потым ім казалі, што гэта Высоцкі - дык ніхто не мог паверыць. Маўляў, адкуль тут Высоцкі? Бо вобразы, убачаныя з экрана, і чалавек у жыцці - яны бываюць несумяшчальныя. Прынамсі, так здаецца людзям... А тое, што яны з Марынай там адпачывалі - дык гэта факт... .
Падчас працы над дылогіяй "Сыны ідуць у бой" і "Вайна пад стрэхамі" Уладзімір Высоцкі шмат кантактаваў з Алесем Адамовічам, па творах якога і ставіліся гэтыя фільмы. І калі ў "Сынах..." Высоцкі гучыць, то ў "Вайне..." ягоны голас цэнзура "зарэзала".