№ 6 (845) 6 ЛЮТАГА 2008 г.
125 гадоў з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча
У марозныя пераднавагоднія дні 1920 года пасля гераічных баёў са свежымі чырвонаармейскімі част - камі аддзелы нашых слуцкіх паўстанцаў былі прыціснутыя да ракі Лань , за якой стаялі польскія войскі . Каб захаваць людзей, камандаванне Слуцкай брыгады БНР прыняло рашэнне перайсці раку. Але адзін батальён (блізу 400 паўстанцаў) адмовіўся здацца палякам і застаўся ў родных мясцінах для партызанскай барацьбы. Гэта былі прыхільнікі легендарнага генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
Яшчэ ў юнацтве ён, шляхціц з паходжання, заслужыў у браслаўскіх сялянаў мянушку "Бацька" - за тое, што нязменна трымаў іхні бок у канфліктах з абшарнікамі. Дзейнасць Булак-Балаховіча ў гады Першай Сусветнай вайны і пасля кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту чакае ўвасаблення ў гістарычнаавантурным рамане. На яго старонках адлюстраваліся б дыверсійныя рэйды па нямецкіх тылах, нядоўгая служба ў Чырвонай Арміі і пераход разам з сваім палком на бок белых, захоп Пскова (за што быў атрыманы чын генерал-маёра), абарона Эстоніі ад бальшавікоў, канфлікт з Юдзенічам, які загадаў арыштаваць Булак-Балаховіча і аддаць яго пад суд, але ў выніку сам апынуўся пад арыштам у балахоўцаў...
У студзені 1920-га з аддзелам на паўтары тысячы шабляў генерал быў прыняты ў склад войска БНР. Ягоныя кавалерысты, якія сталі самай баяздольнай часткаю гэтага войска, здзейснілі пераход з Латвіі на Палессе, ушчэнт разбілі 67-мы полк хвалёнай 1-й коннай арміі чырвоных, узялі Пінск...
У лістападзе таго самага 1920 году ўжо 20-тысячная армія Булак-Балаховіча распачала імклівы наступ усцяж Прыпяці. Ад бальшавікоў былі вызваленыя Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, дзе Бацька (відаць, натхніўшыся прыкладам Юзафа Пілсудскага) абвясціў сябе начальнікам незалежнай Беларускай дзяржавы...
Жывучы ў міжваеннай Польшчы брыгадны генерал Балаховіч кіраваў Саюзам былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў. Ён быў перакананым антыфашыстам, але яшчэ больш непахісным антыкамуністам, што прывяло яго ў армію Франка. У верасні 1939-га на чале аддзелу дабраахвотнікаў Балаховіч абараняў Варшаву, а затым змагаўся з акупантамі ў шэрагах польскага Супраціву. Памяць пра беларускага генерала-незалежніка, застрэленага гестапаўцамі пры спробе арышту, ушанаваная ў назве вуліцы ў горадзе Белавежа на Беласточчыне.
Партрэт супярэчлівай, але, безумоўна, выбітнай асобы Балаховіча будзе няпоўным, калі не згадаць, што генерал ня толькі ўсё жыццё не забываў беларускай мовы, але і пісаў на ёй вершы.
Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч з тых людей, якіх шчодра расціла наша зямля, але ў гісторыі мы можам параўнаць яго толькі з Аляксандрам Лісоўскім.
200 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
У спіс памятных датаў ЮНЭСКА на 2008-2009 гады ўключаны 200-годдзе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 600-годдзе Белавежскай пушчы
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў адным з першых, хто выступіў на ніве новага беларускага пісьменства, хто сваёй дзейнасцю сцвярджаў ідэю існавання літаратуры на роднай мове, шмат у чым вызначаючы дэмакратычны характар і кірунак яе далейшага развіцця. Фактычна, ён заклаў трывалы падмурак нацыянальнай літаратуры новага часу.
Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1808 годзе (па некаторых звестках - у 1807) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павету ў сям'і арандатара. Бацькі рана памерлі, і яго лёсам займаўся дздзька па маці, магілёўскі архіепіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які ўладкоўвае пляменніка спачатку ў Віленскую базыльянскую бурсу, а пазней у Віленскі (паводле іншых звестак - Пецярбургскі) універсітэт на медыцынскі факультэт, але юнак з прычыны хваробы кідае вучобу і служыць сакратаром у прыватным бюро Бараноўскага ў Вільні.
У 1831 годзе ДунінМарцінкевіч ажаніўся з 16гадовай Юзэфай Бараноўскай без згоды на тое Бараноўскага і быў вымушаны пераехаць у Менск, дзе ўладкаваўся чыноўнікам Менскай Кансісторыі. У 1870 годзе ДунінМарцінкевіч купляе фальварак Люцынка каля Івянца, дзе застаецца на сталае жыхарства, назаўсёды кінуўшы казённую службу.
У 40я гады Дунін-Марцінкевіч пачаў сур'ёзна займацца літаратурнай творчасцю, ствараючы лібрэта аперэт. Напісанае ім лібрэта оперы "Ідылія" ("Sielanka") выйшла ў 1846 годзе ў вілейскай друкарні Юзафа Завадскага. Гэта, па сутнасці, першая беларуская опера: паны ў ёй гавораць па-польску, сяляне - па-беларуску.
Літаратурна-грамадская дзейнасць В. Дуніна-Марцінкевіча стала жывой плённай традыцыяй для многіх пакаленняў беларускіх пісьменнікаў, яна і сёння з'яўляецца ўзорам самаахвярнай адданасці справе духоўнага адраджэння роднага краю.
ЖЫВЕ МІНУЛАСЦЬ З НАМІ...
(Драматычны абразок)
Гадоў колькі таму выкладчыца музыкі Святлана Багданкевіч напісала драматычны абразок " Жыве мінуласць з намі ..." пра камазітарскія здольнасці дачкі нашага слыннага драматурга В . І . Дуніна - Марцінкевіча . Натуральна, у гэтым абразку, прысвечаным яго дачцэ, жыве дух і постаць самога Марццінкевіча. Дый у самой Каміле,адчуваецца, Марцінкевічаў дух. Нездарма ж у паліцэйскіх рапартах пра Камілу пісалі: "Характару дзёрзкага, а ідэі запазычвае ў бацькі. Сёлета нашаму слыннаму драматургу спаўняецца дзвесці гадоў. 3 нагоды гэтага слаўнага юбілею нашага слыннага драматурга прапануем чытачам "Нашага слова" згаданы драматычы абразок Святланы Багданкевіч. Мо хто зацікавіцца і ўвасобіць яго на сцэне. А пакуль зацікаўленага вам чытання.
Ўладзімір Содаль.
Дзеянне адбываецца ў менскім доме паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Інтэр'ер гасцёўні: раяль, столік, канапа, фатэлі.
ВЯДОЎЦА (выходзіць на авансцэну) : Вітаю шаноўную публіку і прапаную перанесціся разам з намі ў мінулае нашай краіны і нашага горада -у 1855 год. Насельнікам тагачаснага губернскага горада Менска не магла і прысніцца сённяшняя двухмільённая сталіца незалежнай Беларусі. Так і нам сёння цяжка ўявіць, як выглядаў наш Менск у 19-м стагодд-зі, якія людзі жылі ў ім, пра што марылі, да чаго імкнуліся. Час, калі Беларусь была задворкамі Расейскай імперыі , называлася "Северо-Западным краем", але размаўляла пераважна па-польску і па-беларуску, а найболей, відаць, на польска-беларускал трасянцы. Час, калі беларуская мова прабівала шляхі ў мастацкую літаратуру, а беларуская народная песня выклікала ўсё большую зацікаўленасць у кампазітараў і фалькларыстаў.
Няшмат засталося ў нашым Менску наламінаў пра тыя часы. Працягваюць знікаць старыя вуліцы, старасвецкія камяніцы. Але здараецца і станоўчае, суцяшальнае. 3'явілася мемарыяльная дошка на доме, у якім прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады славутага кампазітара Станіслава Манюшкі. Адноўлены дом вядомага мастака Валента Ваньковіча.
Толькі ж няма і знаку ад дома, дзе жыла сям'я выдатнага нашага паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. А ў ім жа колісь бруіла жыццё- звінелі маладыя галасы паэтавых дзяцей, іхніх сяброў, гучэла музыка, спевы. Старэйшая дачка Каміла, адораная рэдкім музычным талентам, рыхтавалася да кар'еры піяністкі, пачынала сама пісаць музыку. Зазіра-ючы наперад, мусім зазначыць, што гэтыя яе планы не здзеісніліся. Легендарную Камілу чакаў драматычны лёс - удзел у паўстанні Каліноўскага, турма, высылка... I праца ў школцы, створанай яе бацькам.
Ды сёння мы ўбачым маладую, двац-цацігадовую Камілу, поўную вялікіх і светлых спадзяванняў...
Але ціха!.. Вось і яна.
Вядоўца пакідае сцэну, Каміла пады-ходзіць да раяля, перабірае ноты, сядае за інструмент, пачынае граць "Накцюрн" Шапэна. Праз колькі хвілінаў уваходзяць яе сяброўкі Юстына і Анэля (апошняя толькі што вярнулася з Парыжа). Стаяць і слухаюць, пакуль Каміла не заўважае іх прысутнасці і не спыняе ігры.
АНЭЛЯ. Ма шэр, бонжур!
ЮСТЫНА. Дзень добры, ясна панна!
КАМІЛА. О, Анэля, Юстына! ( абдымае і цалуе іх па чарзе). Вітаю вас, каханыя! (Да Анэлі) Анэлька, калі ты вярнулася з Парыжа?
АНЭЛЯ. Не далей, як учора! А Парыж! Ён проста дзівосны, жыццё кіпіць, не тое, што ў нас! Ды ўсё ж я рада, што ўжо дома.
КАМІЛА (чытае крыху нараспеў) .
"Што мне пекны Парыж,
Рым прыгожы і слынны,
Што Швейцарскія горы,
Старыя Афіны,
Што мне Вена, Мадрыд,
што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё
я бацькоўскаму краю адданы!"
АНЭЛЯ. Як сказаў наш вядомы Дунін-Марцінкевіч?
КАМІЛА. Так, ён. I, здаецца, слушна. (Да Анэлі). Але ж цудоўна выглядаеш! (Анэля кружыцца, паказваючы сябе) . А які прыгожы капялюшык! I колер...
АНЭЛЯ. Гэта ж з Парыжа! Апошняя мадэль! Табе праўда падабаецца?
КАМІЛА. Няма слоў, ты ў ім проста прыгажуня!
ЮСТЫНА (падыходзіць да раяля). Што гэта ты, Каміла, іграла? (Глядзіць у ноты.) Ну вядома, Шапэн. Дзівосная музыка... Рыхтуеш новую праграму?
КАМІЛА. Так, хутка мой канцэрт...
ЮСТЫНА. I, як заўсёды, вялікі поспех! Ты ж; з дзяцінства на сцэне. 3 таго часу, як бацька вазіў вас з братам па гарадах з канцэртамі. Ужо тады вы зачаравалі і Менск, і Слуцк, і Кіеў, і Вільню, нават, Варшаву! Гэта колькі ж табе было гадоў?
КАМІЛА (смяецца) . Вунь што успомніла! Ну так, пачыналі, калі мне было дзевяць, а Міраславу ўсяго восем. Мы ж лічыліся вундэркіндамі!
Людзі глядзелі на нас, як на нейкі цуд. Цешыліся! Такія малыя, а ўжо іграць умеюць! Але цяпер я дарослая, і патрабаванні іншыя, цяжэй заваяваць поепех.
АНЭЛЯ. А памятаеце, як мы ўдзель-нічалі ў прэм'еры Манюшкавай "Сялянкі"? Таксама ж амаль яшчэ дзецьмі былі. Колькі было радасці спяваць і танцаваць у оперы!
ЮСТЫНА . А як хор сялянаў прыехаў з Люцінкі для ўдзелу ў прэм'еры!
АНЭЛЯ. А колькі смеху было на рэпетыцыях! Як твой тата, Каміла, пан Вінцэнт, смяшыў усіх да слёз у ролі Навума Прыгаворкі. Якія рабіў рэверансы і прысядкі! Як танчыў, сыпаў жартамі! Які артыст, з якім камедыйным талентам!
ЮСТЫНА. Што і казаць, пан Дунін-Марцінкевіч - асоба выбітная. I паэт, і драматург, яшчэ і актор выдатны. Мы ўсе так ім ганарымся, Каміла! Пасля лібрэта "Рэкруцкага набору" ды "Сялянкі" ўжо гэтулькі новага напісаў! А што цяпер твой тата піша, не сакрэт?
КАМІЛА. Не сакрэт. Піша вершы па-беларуску. Хутка кніжка выйдзе.
АНЭЛЯ. Вось дык навіна! Дык жа па-беларуску друкаваць не дазволена! Як жа ён яе выдасць?
КАМІЛА. А гэта - сакрэт. I ўсё ж кніжку спадзяемся хутка ўбачыць. Абяцаю: будзе вам падарунак!
ЮСТЫНА. Ну, то памагай яму, Божа. А я хачу паказаць вам, як я рыхтуюся да вечарыны рамансу, што мае адбыцца ў гарадскім тэатры (спявае пад уласны акампанемент).
КАМІЛА. Прыгожа. I што гэта за навінка? Ізноў наш Манюшка?
ЮСТЫНА. Так, яго новая песня. Брат прывёз з Вільні. Мне - новыя песні а твайму тату і ўсёй вашай сям'і - цёплае прывітанне. Брат казаў, што Манюшка збіраецца выдаваць ужо шосты том "Хатніх спеўнікаў". Сядзіць дапрацоўвае "Гальку", хоча паставіць яе ў Варшаве.
КАМІЛА. Чаму дапрацоўвае? Xіба яна не гатовая? Ужо летась, памятаеце? - прайшлі дзве тэатральныя пастаноўкі: у Вільні і ў нас у Менску!
ЮСТЫНА. Адась казаў, штось палякі носам круцяць, адхілілі оперу ад пастаноўкі, бо не такая яна польская, як ім трэба. Бедны Манюшка дапісвае паланэзы ды гуральскія танцы, каб ім дагадзіць. Але ж, кажуць, добра атрымліваецца! Наш Манюшка за што ні возьмецца, усё зробіць дасканала!
АНЭЛЯ. Чыстая праўда! А памятаеце, як цудоўна спяваў ягоныя творы Ахілес Банольдзі, калі пры-язджаў сюды з Вільні з канцэртамі?
КАМІЛА. Банольдзі! Ах, які гэта голас! I як любіць Ахілеса Манюшка! Спецыяльна для ягонага голасу напісаў многія свае песні, ра-мансы, ды і оперныя арыі, таго ж Ёнтака з "Галькі"!
ЮСТЬІНА. Ахілес Банольдзі, наколькі мне вядома, італьянец з паходжання, а нарадзіўся, здаецца, у Барселоне. Ды вось, чамусьці затрымаўся ў Вільні...
КАМІЛА. Чула, што трапіў ён сюды выпадкова, але закахаўся ў Леакадзю Багнеўскую, ажаніўся, дый застаўся тут на стала. А цяпер яшчэ з Манюшкам пасябраваў, жыць адзін без аднога не могуць!
АНЭЛЯ. Як гэта рамантычна!
КАМІЛА (абдымае Анэлю) . Гэта ты, Анэлька, рамантычная асоба. Мы ўжо тут без цябе засумавалі. Добра, што вярнулася. Ну як там, у Парыжы, музычнае жыццё? Мо штось нам зайграеш? (Анэля сядае да раяля і грае "Накцюрн" Напалеона Орды. Каміла і Юстына з цікавасцю слухаюць.)
АНЭЛЯ (спыняе ігру) . Ведаеце, што гэта?
КАМІЛА. Стыль нагадвае Шапэна. Але ёсць у гэтай музыцы штось самабытнае... Не ведаю... Чыя гэта музыка, Анэля?
АНЭЛЯ. Чулі пра такога - Напалеона Орду?
КАМІЛА. Здаецца, я штось чула... Так, тата расказваў. Родам ён з-пад Пінска, з Варацэвічаў. У 30-м годзе за ўдзел у паўстанні атрымаў прысуд- - смяротнае пакаранне, але здолеў уратавацца, збег за мяжу.
ЮСТЫНА. А я чула, што ён добры мастак, а яшчэ і музыка, піяніст. Даходзілі чуткі, што нейкі час ён быў нават дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы!
АНЭЛЯ. Так, ён і мастак, і кампазітар! Ён жа быў вучнем Шапэна і надзвычай таленавітым, а пасля ўжо і ягоным сябрам. У свой час яны нават выступалі разам у канцэртах. Кажуць, часам жартавалі, выконваючы без аб'яваў творы адзін аднаго. I публіка, што б вы думалі, праглынала! Не магла адрозніць! Аднойчы, каб выказаць Шапэну камплімент, хтось назваў яго... паслядоўнікам Напалеона Орды!
ЮСТЫНА. От дык кур'ёз!
АНЭЛЯ. А той гэтага ніяк не чакаў, быў вельмі ўражаны. Толькі і мовіў: "Дык я ж - Шапэн!"
КАМІЛА. Вядома, Шапэн недасягальны. Але такія кур'ёзы сведчаць пра высокі прафесіяналізм і талент нашага земляка.
АНЭЛЯ. Так, музыка ў яго цудоўная! Дык вось, прывезла я табе з Парыжа, дарагая Каміла, падарунак - зборнік твораў Напалеона Орды! (Дастае з сумачкі і падае Каміле зборнік.)
КАМІЛА. О, шчыра дзякую! (Цалуе Анэлю, разглядае зборнік.) Які каштоўны падарунан! Якія ноты! Абавязкова вазьму штось адсюль для свайго канцэрта!
АНЭЛЯ. А як твая кампазітарская творчасць? Ёсць што-небудзь новае?
КАМІЛА. Ну вядома, ёсць. Зараз мы з Юстынай праспяваем для цябе мой апошні раманс. Развучылі да твайго прыезду. (Спява-юць раманс "Асенняя ружа".)
АНЭЛЯ (апладзіруе, Юстына таксама, Каміла кланяецца). Цудоуны раманс! Чаму б вам не выканаць яго на вечарыне ў тэатры?
КАМІЛА. Магчыма, і адважымся - пасля адпаведных рэпетыцый.
АНЭЛЯ. Дык, можа, і для фартэпіяна штось новае маеш?
КАМІЛА. Пакуль толькі накіды, фрагменты... Нічога сур'ёзнага. Ну вось, магчыма, такая лірычная мазурка будзе (грае) . Штось такім кшталтам, (устае з-за раяля) . Але ж ты, Анэлька, пакарміла крыху нас парыжскімі плёткамі, пачаставала навінкай, а пра галоўнае нічога не кажаш: што бачыла ў Парыжы, дзе бывала, каго сустракала? Мо закахалася там у якогась парыжаніна? Ну, прызнавайся!
АНЭЛЯ. Што і казаць, пабачыла і пачула шмат. Бывалі з цёткай і кузінкай Катрын колькі разоў у оперы, слухалі Расіні, Вэрдзі. Трапілі нават на парыжскую прэм'еру ягонай новай оперы "Травіята". Не ўяўляеце, што адбывалася ў зале: публіка ў захапленні! I ў шоку! А як жа, галоўная гераіня - куртызанка! Не, так усяго не раскажаш!
ЮСТЫНА. А сустрэчы, знаёмствы?
АНЭЛЯ. Катрын пазнаёміла мяне з сваім! сябрамі: Клодам, Мары, Андрэ. Мы пасябравалі. Можаце сабе ўявіць, яны склалі цэлую праграму, куды мяне павядуць і што пакажуць. Булонскі лес, Манмартр, Версаль, Елісейскія палі... А яшчэ - Луўр, розныя выставы! Я нават крыху ўдасканаліла сваю французскую мову, калі заўважылі.
КАМІЛА. Як жа, заўважылі. Але ты не дагаворваеш. Дык хто ён? Клод? Андрэ?
АНЭЛЯ. А вось і не. Не закахалася! Дальбог! Нашыя х'лопцы лепшыя. Што там тыя французікі рафінаваныя: "кес кесэ", "сава б'ен"? А ў нас жа такія асілкі, як дубы на нашых узлесках!
ЮСТЫНА. Дык ты ў Булонскім лесе згадвала родныя ўзлескі? Як наш геніяльны Міцкевіч у выгнанні!
АНЭЛЯ. Ага, не верыце. Але я напраўду сумавала па нашых палях і лясах. Асабліва часта ўспаміналася мінулае лета, нашае гасцяванне ў Люцінцы, Купалле, песні, якія мы там спявалі. Памятаеце? (Запявае).
О-ю-ля-лю!
Дайце ж мне раду
Пад маю ўладу.
О-ю-ля-лю!
КАМІЛА і ЮСТЫНА (спяваюць) .
О-ю-ля-лю!
Што ж табе рада?
Млоды Мацейка?
О-ю-ля-лю!
АНЭЛЯ.
О-ю-ля-лю!
ІІІто ж мне па гэтым,
Па даўганосым?
О-ю-ля-лю!
О-ю-ля-лю!
Дайце ж мне раду
Пад маю ўладу.
О-ю-ля-лю!
КАМІЛА I ЮСТЫНА.
О-ю-ля-лю!
Хто ж табе рада?
Млоды Антоська?
О-ю-ля-лю!
АНЭЛЯ.
О-ю-ля-лю!
Яго люблю я,
За яго пайду я.
О-ю-ля-лю!
КАМІЛА. Няйначай тут прызнанне! Што і казаць, Антось - ладны хлапчынаа купальскі. Князь на белым кані! Такое і ў Парыжы будзе сніцца! Сапраўды незабыўныя імгненні: мы ўсе ў народных строях, у вянках, Антось -Князь, Анэля - Купалінка...
ЮСТЫНА. А скокі праз вогнішча, пошукі папараць-кветкі, вянкі на вадзе.. I песні, карагоды - аж да самага рання...
КАМІЛА. Але і прыгожыя нашыя песні беларускія!
ЮСТЫНА. А ты не спрабавала ўклю-чаць мелодыі народных песняў у свае творы? Цяпер жа гэта вельмі модна: вывучаць фальк-лор і жывіць ім прафесійную творчасць. Вунь у Манюшкі скрозь у творах напевы простага народа чуюцца. Слухаеш оперную арыю - і чуеш там штось да болю знаёмае, але так хітра ды ўмела ўплеценае... Тое ж і ў ягоных рамансах, і ў танцах. Дарэчы, вось паслухайце, мазурку вам зайграю. (Садзіцца да раяля.) Ведаеце ж песеньку "Дзяўчына без пасагу"? (Іграе, дзяўчаты слухаюць, пасля пачынаюць рухацца крокам мазуркі, танчаць. Юстына завяршае мелодыю моцным акордам.)
КАМІЛА. Адмыслова! Вось дык мазурачка! А ноты адкуль?
ЮСТЫНА. Усё адтуль жа, з Вільні. Ну добра, а зараз вам на ўспамін штось іншае. (Іграе "Паланэз" Агінскага. Сяброўкі спакваля пачынаюць рухацца крокам паланэза, пад-крэсліваючы рухамі характар музыкі). Добра выходзіць! Патрапляеце і пад Агінскага танчыць! Хаця, кажуць, Агінскі - першы, хто пісаў свае паланэзы не для танцаў.
КАМІЛА. А для "канцэртнага падна-шэння", як тады казалі. Не для ног, а для вушэй. цяпер многія так пішуць, вазьміце таго ж Шапэна, яго мазуркі, паланэзы. А гэты паланэз - так званы "любімы"...
ЮСТЫНА. "Самы любімы"!
КАМІЛА. Вось-вось, менавіта так яго называлі ў свой час. "Самы любімы". Ён яшчэ і назву мае - "Развітанне з Радзімай".
АНЭЛЯ. Відаць, напісаў яго, як назаўсёды ад'язджаў у Італію. Развітваўся гэтым паланэзам.
КАМІЛА. Думаю, тут не пра тое развітанне. Агінскі, як вядома, удзельнік касцюшкаўскага паўстання, змагаўся за неза-лежнасць Рэчы Паспалітай. Пасля паразы паўстання эміграваў, вярнуўся з амністыяй. Кажуць, усе свае творы напісаў ужо тут, у сваім Залессі, у тым ліку і гэты элегічны паланэз, у якім і яго смутак, і парыў да свабоды...
АНЭЛЯ. А што там цяпер, у тым Залессі? Вось жа славуты тэатр ягонага дзядзькі, Міхала Казіміра, у Слоніме даўно ператварыўся ў руіны -без гаспадара, незапатрабаваны. А колісь грымеў на ўсю Еўропу. "Палескія Афіны"!
ЮСТЫНА. I Залесее называлі ў свол час Афінамі, толькі "Паўночнымі". "Паўночныя Афіны". Мой дзед бываў у Агінскага ў Залессі на ягоных славутых літаратурна-музычных імпрэзах. Апавядаў пра тое, якія знакамітасці туды з'язджаліся. 3 усяго краю. Вяліся там палітычныя размовы, літаратурныя чытанні, а найболей гучэла музыка. Агінскі сам граў на скрыпцы ў сваіх ансамблях. Дзед бачыў там, у Залессі, і вялікага Казлоўскага. Ён на той час ужо вярнуўся з Пецярбурга, дзе служыў дырэктарам імператарскіх тэатраў. Казаў, сядзеў сівы, мажны, у арэоле сваёй славы, граў у ансамблях на віяланчэлі.
АНЭЛЯ. А ці праўда, што Казлоўскі ў маладосці быў у Агінсктх настаўнікам музыкі?
ЮСТЫНА. Так, яшчэ зусім юным, дзесь шаснаццаць гадоў меў тады.
КАМІЛА (задуменна) . Вось кола і замкнулася... Так, слаўныя часы былі, Засталіся толькі ўспаміны. Ды музыка.
ЮСТЫНА. У цябе ж былі ноты раманса Агінскага "Успаміны"! Давайце. яго заспяваем! (Каміла адшуквае ноты. Юстына садзіцца за раяль, Каміла з Анэляй спяваюць на два галасы, Юстына акампануе і таксама спявае. Пасля заканчэння выходзяць на авансцэну і кланяюц-ца.)
КАМЕНТАР
Гэты драматычны абразок быў напісаны яшчэ ў 2002 годзе падчас маёй працы на музычным аддзяленні Менскага.дзяржаўнага педагагічнага каледжа №2 імя Максіма Танка. Пісаўся ён, можна сказаць, на патрэбу дня. Навучэнцы каледжа рыхтаваліся да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе на лепшае авалоданне прафесійнымі навыкамі, у тым ліку ігрой на музычным інструменце і вакальнымі спевамі. Па ўмовах конкурсу яны павінны былі паказваць гэтыя свае ўменні ў ходзе пэўнага сцэнічнага дзеяння, мне прапанавалі напісаць сцэнар, які аб'ядноўваў бы музычныя нумары ў адзінае цэлае адмысловьм сюжэтам. У якасці музычнага матэрыялу мы вырашылі ўзяць творы беларускага рамантызму 19 стагоддзя. Гэта цікавы, багаты і выйгрышны матэрыял, які да таго ж шмат дае для спасціжэння і пэўнага пераасэнсавання мінулага нашай музычнай культуры.
У нас былі тры канкурсанткі, вось і з'явіліся тры дзяўчыны, а гэта маглі быць, хутчэй за ўсё, менскія шляхцянкі, музычна адукаваныя, таленавітыя дзяўчаты. I тут у адной з іх мне ўбачылася Каміла Марцінкевіч, дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якая была, як вядома, выдатнай піяністкай, спрабавала сама пісаць музыку. Мы. мелі ў фанатэцы каледжа колькі запісаў яе фартэпіянных твораў. А нотны запіс фрагмента яшчэ аднаго яе твора (яго падараваў мне даследчык літаратуры сп. Содаль) знайшоў сваё месца ў дзеянні п'есы.
Дзеянне гэтае склалася з размовы Камілы з яе сяброўкамі і іх сумеснага музыцыравання. Уявілася, як яна магла адбыцца, найбольш верагодна, у 1855 годзе, калі Каміле было, як і нашым канкурсанткам дзесьці каля дваццаці гадоў. Прысутнасць гэтага рэальнага персанажа сталася той спружынай, якая раскруціла сюжэт п'есы, дапамагла намаляваць карціну культурнага жыцця тагачаснай Беларусі, адчуць яго атмасферу і водар. А мена віта гэта я бачыла сваёй звышзадачай.
Пакуль я ўсё гэта асэнсоўвала, кампануючы тэксты і музычныя нумары, змяніліся ўмовы конкурсу. Аднак цікавая задума мяне захапіла, і я вырашыла давесці пачатае да канца, тым больш, што цяпер атрымала поўную свабоду ад часавых і ўсялякіх іншых абмежаванняў. Можна было, урэшце паставіць спектакль у сваім каледжы.
Праўда, здзейсніць такую пастаноўку тады так і не ўдалося, хаця спроба была зроблена. Падабралі і вывучылі музычны матэрыял, праводзілі рэпетыцыі, абмяркоўвалі касцюмы, дэкарацыі, афармленне залы (для гэтага падрыхтавалі павялічаныя копіі гравюр з відамі Менска 19 стагоддзя). Прэм'еру, аднак, прыйшлося адкласці зза хваробы адной з "артыстак", а пасля ўжо проста не хапіла сілы і часу, бо пачаліся залікі, экзамены, Іншыя складанасці канца года. Магчыма, не хапіла ўсё ж нейкіх дадатковых стымулаў і, хутчэй за ўсё, адраджэнцкай творчай атмасферы пачатку дзевяностых.
Спадзяюся, што прыйдзе яшчэ такі час творча спрыяльны для нашай Беларусі, і гэты своеасаблівы музычнадраматычны абразок зацікавіць тэатральныя студыі або гурткі, што часам ствараюцца ў музычных наву-чальных установах. Тады ён спатрэбіцца, і ён знойдзецца. А пакуль Каміла чакае...
Святлана Багданкевіч
У Менску прайшла вечарына да 200-годдзя беларускага паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 29 студзеня прайшла вечарына з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага паэта і драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
У гэты дзень у музеі пачала праца-ваць літаратурна-дакументальная выстава "Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы", прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху В.Дуніна-Марцінкевіча. У экспазіцыю ўвайшлі дакументы, што распавядаюць аб паходжанні беларускага паэта, яго вучобе ў ільні і Пецярбургу, жыцці ў Менску, дзе былі вы-дадзены кнігі "Гапон", "Цiкавiшся - прачытай", "Вечарніцы", паэтычны зборнік "Дудар беларускi" і іншыя, а таксама аб познім перыядзе яго творчасці, калі была напісана славутая паэма "Пiнская шляхта".
Сярод экспанатаў - арыгінальныя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, перавыданні яго кніг пачатку ХХ стагоддзя, а таксама фрагменты фаянсавага посуду, знойдзенага пры раскопках у маёнтку драматурга.
Як зазначыў на вечарыне даследчык творчасці паэта, літаратуразнаўца Язэп Яну-шкевіч, "В. Дунін-Марцінкевіч заслугоўвае звання роданачальніка новай беларускай літаратуры", творы якога паклалі пачатак таксама беларускай камедыяграфіі. Ён абвергнуў даследаванні, што з'явіліся ў апошнія гады, аўтары якіх спрабуюць даказаць, быццам камедыя "Пінская шляхта" не належыць пяру В. Дуніна-Марцінкевіча.
Я.Янушкевіч паведаміў, што 4-5 лютага ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Купалы будзе паказаны спектакль "Ідылія" паводле п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча. На 5-6 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук запланавана правядзенне міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта і драматурга.
Таццяна Дарашчонак, БелаПАН
Каліноўскі і Дунін-Марцінкевіч - у жывапісе і графіцы
2 лютага а 17-й гадзіне на сядзібе БНФ адкрылася мастацкая выстава, прысвечаная 170-м угодкам Кастуся Каліноўскага і 200-годдзю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Выстава арганізаваная суполкай "Пагоня" і сябрамі камісіі на культуры Партыі БНФ.
Выстава адкрылася ў дзень народзінаў нацыянальнага героя Беларусі, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года, рэвалюцыянэра-дэмакрата, публіцыста Кастуся Каліноўскага. А 4 лютага - 200-годдзе выбітнага беларускага пісьменніка, драматурга Дуніна-Марцінкевіча.
Распавядае мастак Аляксей Марачкін :
- Мы павінны памятаць пра наша слаўнае мінулае і асабліва пра такіх волатаў Адра-джэння, волатаў у змаганні за Беларусь супраць русіфікацыі, супраць гвалту, супраць прыгнёту. Вось гэтыя дзве фігуры вельмі важныя для нас. Паколькі зала тут невялікая, прадстаўленыя творы Міколы Купавы - вельмі цікавы цыкл яго лінарытаў, прысвечаных паўстанню 1863 года, творы, прысвечаныя Дуніну-Марцінкевічу. Цікавыя творы Алеся Цыркунова.
Выстаўленыя працы самога Аляксея Марачкіна. Асабліва ўражвае вялікі парадны партрэт Дуніна-Марцінкевіча, намаляваны алеем у 1983 годзе. На выставе дэманструюцца таксама плакаты Ўладзіміра Крукоўскага, палотны Міхася Карпука, Тодара Ладуцькі.
Мастак Алесь Цыркуноў выставіў два сваіх творы: "Люстэрка" - (прысвячэнне Эдварду Яну Ромэру, грамадзкаму дзеячу, літаратару, перакладчыку і мастаку) і "Пакліканыя і ўтрапёныя прадвечнаю воляй" - прысвячэнне Кастусю Каліноўскаму. Мастак прызнаецца, што хацеў невялікім па памерах творам ахапіць увесь арэал таго ваяўнічага перыяду:
- Па перыметры - выявы паўстанцаў, паўсотні прыкладна партрэтаў. Кампазіцыя па форме сваёй мае крыж з бел-чырвона-белай асновай. У цэнтры крыжа - выява кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Чатыры выявы, якія па баках - тых дзеячаў, якія жылі пазней і адлюстравалі кожны ў сваёй галіне вобраз правадыра паўстання. У жывапісе - там малады Пётра Сергіевіч, у паэзіі - Максім Танк, у прозе, драматургіі - Уладзімір Караткевіч, у навуковых даследаваньнях - Генадзь Кісялёў.
У той жа дзень у сядзібе БНФпрайшла вечарына, прысвечаная 170-м угодкам Кастуся Каліноўскага, з удзелам хору "Унія" і барда Эдуарда Акуліна.
Іна Студзінская.
ПІСЬМЕННІК ВОЛЯЮ БОСКАЙ…
Патэлефанавала Алена Макоўская: памёр Кастусь Акула, беларускі пісьменнік і грамадскі дзяяч. Сэрца зашчымела ад болю: хаця і ведала, што ён зараз у шпіталі, у цяжкім стане, ды ўсё ж спадзявалася, што вырвецца і на гэты раз, зноў устане на ногі і патэлефануе: "Ну, як там, у нас?"
Колькі гадоў на эміграцыі, а ўсё роўна Канада так і не стала яму родным домам. Стала домам утульным, домам свабодным, дала яму шмат якія магчымасці - але душой ён заўсёды быў тут, на Беларусі… А яна адплочвала яму за ўсю любоў - бясконцым цкаваннем, знявагамі, насмешкамі прадажных пісакаў, і толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі тая грамадскасць, якую так і не змаглі перайначыць на інакшы, чужы лад, дала яму трохі спатолі: магчымасць адчуць сябе пісьменнікам нацыянальным, значным, цікавым. Яго ўпершыню выданая ў Беларусі пры актыўным удзеле Уладзіміра Арлова кніга "Змагарныя дарогі" у 1995 г. па апытаннях "Нашай нівы" была прызнаная лепшай кнігай года і стала бестселерам. Яго сакавітая, эенергічная, багатая мова, новая ў беларускай літаратуры тэма - беларус ў жорнах між двума таталітарнымі сістэмамі - прыцягнула ўвагу многіх даследчыкаў. Але - пайшло на спад Адраджэнне, пачаліся пераследы айчынных літаратараў - і гэта не дало яму ўзляцець на беларускім літаратурным небасхіле, як таго заслугоўвае яго літаратурная (цяпер ужо не дзейнасць, а - спадчына…).
Я пісала пра ягоную трылогію "Гараватка" і нават зрабіла даклад на ягоным 80-годдзі ў Таронта. Мы добра сябравалі, знаходзячы адно ў адным родныя душы, з'яднаныя любоўю да Беларусі і нялёгкай пісьменніцкай і грамадскай працай. Яму было пра што расказаць: удзельнік барацьбы з фашызмам( вайну закончыў у Італіі), заснавальнік Згуртавання беларусаў Канады, ён быў і выдаўцом газеты "Беларускі эмігрант"( 1948 г.), а таксама часапіса "Зважай!" Кнігі яго - "Змагарныя дарогі", трылогія "Гараватка" (раманы "Дзярлівая птушка", "Закрываўленае сонца" і "Беларусы, вас чакае зямля") сталі значнай падзеяй ў літаратурным жыцці беларускай эміграцыі.
Прапаную чытачам "Нашага слова" фрагмент з дзённіка, які я вяла падчас паездкі ў Канаду ў 2003 г.
30 04.2003 г. Толькі што вярнулася з прагулкі разам з Кастусём Акулам. Мы ішлі не цераз вялікі мост праз раку Дон, як гэта было ў тыя разы, калі я была ў яго ў гасцях раней. Тады вакол ляжаў снег, я ішла па мосце, перад самым пераходам з Bloor-street трапляючы ў густую зляжалую суцэльную гурбу снегу, таксяк балансуючы на ёй і выбіраючыся нарэшце на пераход. Цяпер мы пайшлі паралельна таму шляху: ля стадыёна, паўз помніка Сунь - Ят - Сену, што стаіць непадалёк ад вуліцы Рівэрсдэйл, дзе жыве спадар Кастусь. Прайшлі каля шпіталя, у якім памёр ягоны сын Алесь, і ён расказаў пра тое, што ў час прыступу цукравіцы ў сына разгубленая жонка не разабралася, што адбываецца, і, замест таго каб выклікаць цяжка хвораму сыну дыябетчыку "Хуткую", напаіла яго гарачай гарбатай … з цукрам, што яшчэ болей справакавала прыступ. Хлопца забралі ў рэанімацыю, назад ужо не вярнуўся… "Мне патэлефанаваў старэйшы сын Юрка. Я быў на працы і гнаў машыну пад 100 міль, але не паспеў"… Расказваў, і сляза ўсё ж пакацілася па шчацэ…
Далей мы ціха пакрочылі ўніз, праз зялёны ажурны масток, які выглядае як дзіця ў параўнанні з суседнім вялікім мастом, далей праз былы заапарк (яго называюць фармай), дзе ад усіх звяроў засталася толькі пара коней ды трусы і свінкі, да якіх мы не пайшлі (хапае гэтага дабра і ў Беларусі). На схіле там узняліся і ўжо тамсям цвітуць жоўтыя цюльпаны і, яшчэ вышэй - нарцысы. Я хацела пашыбаваць далей, але ён ужо стаміўся, і села ў трамвай, пару разоў азірнуўшыся і памахаўшы рукой. Высокі, магутны, але ўжо сагнуты гадамі, у зялёнай кепачцы, сіняй блузе, пайшоў ён чытаць "Нашу Ніву", якую закінуў у скрыню паштальён, калі мы яшчэ сядзелі за гарбатай.
А да гэтага ў яго хаце мы доўга гаварылі пра сітуацыю на Беларусі, пра яго родную хату там, у Докшыцкіх Верацеях, і пра дзяцей, якія ізноў - якое ўжо дзесяцігоддзе! - гадуюцца не ў нацыянальных, а, як скрозь па Беларусі, у рускіх школах. Гэта яму балела, ён узгадваў, што менавіта беларуская школа зрабіла яго патрыётам. "Якія ж патрыёты выйдуць з гэтых, рускамоўных дзетак?! І бацькі ж ужо таксама выйшлі з рускамоўных школак! Калі ж мы выберамся з гэтага зачараванага кола?!"
У Верацеі ён паставіў сваім бацькам помнік з чырвонашэрага граніту (сімвалічны, бо бацьку замардавалі ў савецкім канцлагеры, а магіла маці за столькі год знікла).
Сястра яго Марыся памерла ў 1943 годзе (таксама ад дыябету). Расказваў пра тое, як сядзеў у Парыжы ля Цівалі і раптам пазнаў гэтае месца з польскіх часапісаў, што выпісвала сястра, дзе казалася: "Пабачыць Парыж (Цівалі) - і памерці!" Марыся, якая шыла для заможных жанчын наваколля, Парыжу таго так і не пабачыла.
Памятае, як пяклі хлеб на аеры і кляновых лістах, і бацька рэзаў бохан. Прыціснуўшы яго да левага боку, а ў правай руцэ трымаў нож і асцярожна адразаў лусту за лустай.
Калі, выпадкова пры аблаве трапіўшы да немцаў у час вайны, сядзеў у астрозе, увесь зарос каростай. Далі мазь, але пакуль не памыўся, яна не дзейнічала. Ужо не мог гаварыць, быў на валасіну ад смерці. Бацька яго знайшоў у Менску, прыехаў, прывёз хлеба. І, мабыць, сам пах роднай хаты, смак таго хлеба вярнуў маладога Кастуся да жыцця…
А я думаю: ён і не мог тады памерці, бо усе ягоныя кнігі, якія ён напіша пра бацькоў і Беларусь, былі яшчэ наперадзе. Бо ён быў і застаецца пісьменнікам воляю Боскай…
Вольга Іпатава, 30.01.2008 г.
На здымках: 1. Кастусь Акула ля свайго жытла, 2003г.
2. К.Акула, М.Ганько, В.Іпатава, Р. Жук-Гріцкевіч, Таронта, 2003 г.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Сярод прысутных і мясцовы архірэй, які вельмі сардэчна прывітаў Пілсудскага падчас яго знаходжання ў Менску. Я тлумачу біскупу, як ён памыляецца адносна пытання ахвярнасці абшарнікаў, не гаворачы ўжо аб тым, што яны адны падчас акупацый, якія змяняліся адна за адною, неслі на сабе ўвесь цяжар вайны, тады як сялянства толькі ўзбагачалася, але ж самай вялікай ахвярай з'яўляецца ахвяра крывёй, якую, перасягнуўшы ўсе мае чаканні, так шырока і ахвотна панеслі нашы абшарнікі. Бо, напрыклад, у Слуцкім павеце няма ні аднаго двара, у якім застаўся б сын. І так, ад павета пайшло ў шэрагі: 3 Радзівілаў, 3 Вайніловічаў, 2 Залескіх, 2 Даманскіх, 2 Аколавых, 2 Чарноцкіх і г. д. Біскуп слухаў уважліва і, не знаходзячы адказу, гаварыў, што яго выступ быў няправільна зразуметы, што ён так не думаў і г. д. У канцы раўту вячэра ў вузкім коле: Жалігоўскі, Рачкевіч з жонкай, я і яшчэ пару чалавек; некалькі тостаў з прамовамі, і на гэтым канец. Жалігоўскі, відаць, што салдат па прафесіі, не палітызуе, але клапоціцца аб жаўнерах і гонары сцяга.
13 лістапада 1919 г. Паседжанне "Народнай рады Беларускай Рэчы паспалітай", якое складаецца з адных "сацыялрэвалюцыянераў", што выказваюць найболей крайнія тэорыі. Падчас паседжання Сельскагаспадарчага таварыства былі адпраўленыя, па ўказанні Рачкевіча, тры дэпешы, падпісаныя мною і папярэдне адрэдагаваныя, наступнага зместу: Пілсудскаму : "Сабранае ўпершыню ў вызваленай ад замежнага гвалту краіне найстарэйшае на Крэсах "Менскае сельскагаспадарчае таварыства" шле Табе, годны Начальнік, выказванне гонару і прызнання за пасоўванне пераможных польскіх войскаў да межаў 1772 года і забеспячэнне народам краіны, што тут пражываюць, умоў жыцця, вызначаных іх культурай і гістарычным мінулым". Трампчынскаму: "Сабранае ў Менску "Сельскагаспадарчае таварыства" вітае ў Тваёй асобе, Годны Маршалак, Заканадаўчы Сойм. Спасылаючыся на даўнія традыцыі, беларускія Крэсы запэўніваюць, што ў вернутых межах 1772 г., да якіх імкнецца мясцовае насельніцтва, Крэсы гэтыя паранейшаму будуць цвярдыняй Рэчы паспалітай". Падзярэўскаму: "Менскае сельскагаспадарчае таварыства", далучаючыся да выказвання павагі і падзякі ўсяго народа за Тваю палітычную дзейнасць на Захадзе, цвёрда верыць, што паспяшаешся вярнуць Айчыне межы 1772 г. на Ўсходзе". Але саноўнікі Яснай Рэчы паспалітай не жадалі ўшанаваць нас сваім адказам.
15 лістапада 1919 г. Вярнуўся дадому і знайшоў уланаў 3га палка, рэквізуючых у мяне і ў наваколлях збожжа для войска. Праседзелі ў мяне два тыдні з конямі разам, я змушаны быў іх карміць, сам здавольваючыся нешматлікім, так што сумняваюся, ці хопіць ў мяне хлеба для працаўнікоў да новага ўраджаю.
29 і 30 лістапада 1919 г. Быў у Слуцку. Першы арганізацыйны збор уваскрэслага "Саюза абшарнікаў" пасля сыходу бальшавікоў. Урачыстае богаслужэнне, вайсковы парад, урачыстае шэсце на Рынкавы пляц, дзе пабудаваная трыбуна. Выступаў стараста, а потым дробнамаянтковы шляхціц з Качановіцы, Крашэўскі, які гаварыў аб значэнні для народа гэтых памятных дзён; насельніцтва глядзела на ўсё цалкам абыякава і ўдзелу не прымала, а калі адзін з выступоўцаў успамінаў, што Польшча нясе народу "волю" у сэнсе волі, хтосьці з натоўпу крыкнуў: "Хай бы лепш прынесла нам солі". Наогул гэтыя маніфестацыі зза абыякавасці людзей лічу дачаснымі і яны паказваюць толькі іншую арыентацыю гэтай нешматлікай групы маніфестантаў.
11 снежня 1919 г. Паколькі вось ужо пару тыдняў пасажырскія цягнікі не ходзяць па прычыне перавозкі войскаў з Усходняга фонту ў Варшаву для замены іх свежымі сіламі, я адправіўся ў Менск на конях праз Старыцу на паседжанні 12, 13, 14, 15 і 16 снежня ў розных установах, такіх як Сіндыкат, Сельскагаспадарчае таварыства, Узаемнае страхаванне, Саюз абшарнікаў і да т. п. Гутарка з начальнікам акругі Рачкевічам па пытанні аплаты працы сельскагаспадарчых працаўнікоў, нанятых бальшавікамі, скончылася паспяхова, у сэнсе так, як гэтага жадала Сельскагаспадарчае таварыства. Арышты некаторых прамаскоўскіх беларусаў.
20 снежня 1919 г. Паседжанне ў Слуцку "Саюза абшарнікаў".
1 студзеня 1920 г. Улан, некалькі нецвярозы, уварваўся конна на кані праз могілкавую агароджу ў сенцы Савіцкай цэрквы, людзі якія сабраліся, сцягнулі яго з каня і моцна пабілі, так, што тйо сцякаў крывёй і ў несвядомым стане, прынеслі яго ў нашу хату, дзе мая жонка і прывезены фельчар зрабілі яму першую перавязку.
7 студзеня 1920 г. Я выехаў у Менск і Варшаву, начаваў у Нясвіжскім замку, але, празнаўшы, што Пілсудскага не заспею ў Варшаве, бо ён выехаў на валынскі фронт, а менскі цягнік трэба было б чакаць вельмі доўга, я вярнуўся дадому. Пачалося вяртанне закладнікаў ад бальшавікоў у Менск і наваколлі. Смерць жонкі Антонія, Пулъяноўскай, Эдварда Яленскага, князя Ераніма ДруцкагаЛюбецкага. Я успомніў аб паседжанні дэпутатаў шляхты 13 16 снежня мінулага года. Для дакладнасці трэба паказаць генезу так званага адраджэння інстытута шляхты, якое наступіла падчас нямецкай акупацыі, у асноўным па ініцыятыве пана Людвіка Уняхоўскага.
Дэпутацыя ў Менску, якая мае незвычайна багатыя і адносна спарадкаваныя архівы, што тычацца радаводаў шляхты і якія неаднаразова развязвалі пытанні не толькі роднасных адносін, але і права на спадчыну, па шчаслівай выпадковасці пазбегла бальшавіцкай анархіі. Але, заставалася на апецы Бога і толькі пад наглядам былога сакратара, маршалка губерні Малібожкі, які застаўся без жалавання і ўлады над сабой. Але калі немцы пачалі намякаць на тое, што зусім не думаюць так хутка выбірацца з краіны і пачалі пазіраць на астаткі розных устаноў і грамадскіх інстытутаў, пры аднаўленні дзейнасці якіх атрымалася б захапіць краіну, то ў "Саюзе абшарнікаў" узнікла боязь, каб гэтыя заснаваныя інстытуты, узніклыя ў часыы Керанскага і бальшавікоў, пашыраючы свае падрыўныя канцэпцыі, не завалодалі б краінай ізноў. Трэба было ім супрацьпаставіць такую арганізацыю, у якой было б сваё мінулае ў краіне і сваё значэнне ў дарэвалюцыйны час. Такой арганізацыяй былі маршальскія кіраванні паветаў і губерняў, прызначальныя, праўда, урадам, але выконваючыя галоўную ролю ва ўсіх адміністрацыйных і судовых кіраваннях нашай краіны.
Таму, не адсутнасць жадання вярнуцца да класавага ладу, супрацьпастаўленага усесаслоўным інстытутам, а надзея, што манархічная тады яшчэ Нямеччына захоча ўчапіцца ў тыя рэшткі ранейшага кансерватыўнага ладу, было прычынай таго, што ініцыятары аднаўлення шляхецкіх інстытутаў пачалі шукаць падтрымкі ў акупацыйных уладаў і дабіліся дадатнага выніку. Як толькі з'явілася магчымасць, у Менску, у зале майго дома, сабралася шляхта і правяла выбары. Пры гэтым губернскім маршалкам быў вылучаны ўсімі паважаны старшыня "Саюза абшарнікаў" граф Ежы Чапскі. Я не жадаў высоўваць сваю кандыдатуру, бо ніколі не пагадзіўся б пасяліцца ў Менску, асабліва пасля страты такой вялікай часткі маёй маёмасці падчас пагрому. А калі некаторыя мае сябры высунулі маю кандыдатуру, то пры паўторным галасаванні я не прайшоў, падкрэсліваю, у выніку маёй нязгоды пры фармаванні "польскіх рад" і іх пачатковай арыентацыі. Застаўся я, як і раней, толькі дэпутатам ад шляхты Слуцкага павета, чаго заўсёды і жадаў.
(Працяг у наступным. нумары.)
Зварот
Патрабуем нацыянальныя календары!
Сярод рэчаў, без якіх не можа абысціся чалавек - каляндар. Яго значэнне фактычна такое ж, як гадзінніка. Таму невыпадкова яны ёсць у кожнай краіне. Маем і мы сваю адметную гісторыю календара.
Самы стары нацыянальны "Гаспадарчы каляндар" на 1819 год быў выдадзены ў Вільні. З таго часу ў дзяржаўных выдавецтвах нашай краіны пабачылі свет календары розныя па сваёй тэматыцы і прызначэнні: насценныя, настольныя, перакідныя, адрыўныя, кішэнныя, табель-календары, мастацкія, канфесійныя, штодзённікі ды іншыя. Бясспрэчна, каляндар - адно з самых запатрабаваных выданняў, якое мае літаральна кожная сям'я. Пад Новы год - гэта адзін з добрых памятных падарункаў, што дае ўяўленне пра краіну, пра яе адметнасці.
На Беларусі цягам апошняга дзесяцігоддзя адзіным календаром на беларускай мове, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе, заставаўся адрыўны каляндар "Родны край". На жаль, сёлета мы не маем ніводнага нацыянальнага календара!!!
Што гэта? Недасведчанасць дзяржаўных чыноўнікаў ці наўмыснае пазбаўленне грамадзян нашай дзяржавы сваіх нацыянальных каштоўнасцяў?
Таварыства беларускай мовы выказвае сваё абурэнне такой з'явай і заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян краіны падтрымаць наш зварот да Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем выдаць на 2009 год самыя разнастайныя календары на нацыянальнай мове беларусаў.
29 студзеня 2008 г.
Прыняты на пасяджэнні Сакратарыята Таварыства беларускай мовы.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым
Маслюкова Алена Аляксан. Мурашка Ігар Нікіценка Таццяна Пятроўна Працко Святлана Аляксан. Ахрамчук Віктар Георгіевіч Болбас Вадзім Іванавіч Трубкін Аляксей Анатоль. Русак Андрэй Давыдаў Антон Аляксандр. Рудніцкая Яніна Ружыцкі Павел Аляксандр. Бязрукая Аксана Юр'еўна Лабада Анастасія Рысявец Раіса Рыгораўна Яшчэня Ірына Садоўская Яна Францаўна Старжынскі Андрэй Емяльянава Аляксандра Вік. Шчасная Марыя Паўкштэла Сюзана Алегаўна Кур'ян Астап Андрэевіч Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Цэдрык Ганна Васільеўна Бярэзіна Надзея Уладзімір. Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Корж Уладзімір Кірэеў Антось Мікалаевіч Іваніцкі Павел Яўгенавіч Аўсеенкава Кацярына Валер. Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Хацкевіч Анатоль Канстанц. Аскерка Валянціна Валянц. Шырвель Андрэй Раманавіч Старавойтаў Сяргей Мікал. Красоўскі Сяргей Уладзімір. Яшын Дзмітрый Іванавіч Карбановіч Сяргей Мазынскі Валер Яўгенавіч Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Бублікава Лілія Лыч Леанід Міхайлавіч Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Корзан Ала Вікеньцеўна Серада Алеся Сяргееўна Канойка Ігар Губарэвіч Настасся Уладз. Губарэвіч Юрый Іванавіч Чылік Ніна Аляксандраўна Пятровіч Аксана Іванаўна Петрашкевіч Часлава Крыванос Алеся Васючэнка Пятро Васільевіч Раманцэвіч Валянціна Карл. Шундрык Георг Бекешка Вікторыя Сямёнаўна Цімохін Леанід Аляксандр. Жук Мікалай Рачко Мікалай Свістун Сяргей Гаравы Леанід Антонавіч Грыгор'ева Жанна Іосіфаўна Чычкан Фёдар Уладзіміравіч Крэйніна Людміла Міхайл. Райчонак Аляксандр Алег. Крысюк Людміла Цішакіна Ірына Пятроўна Кузьмянкова Наталля Алег. Курыленка Юлія Забаўская Святлана Праташчык Людміла Віктар. Кішкурна Уладзімір Герасім. Хмянчук Марыя Іванаўна Богуш Мікалай Ліс Тамара Крук Алена Іжохіна Надзея Іванаўна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Утохіна Наталля Ціткоўскі Ігар Адамавіч Мартынаў Мікола Рыгоравіч Лявончыкава Дз. Шаўчук Аляксандр Мікал. Чыбісаў Мікола Бардош Іна Анатольеўна Туровіч Алесь Марачкін Ігар Аляксеевіч Ігаценка М.І. Аўкштулевіч Тамара Яўген. Сцефановіч Галіна Іванаўна Мянькоў Юры Уладзіміравіч Сакалова Алена Георгіеўна Швайко Валянціна Рыгораўна Хадневіч Васіль Піўко Юры Мінько Жанна Ходар Аляксандр Гельвей Вацлаў Бабічаў Антон Вячаслававіч Матавілава Кацярына Ігар. Заяц Генадзь Мікалаевіч Ладыга Сяргей Паўлавіч Камесніковіч Вольга Пяткевіч Марына Стома Анастасія Тэрэз Віктар Чарняўскі Сцяпан Качура Яўген Шпакаў Фелікс Місуна Раман Літаш Вольга Абраменка Эдуард Якаўлевіч Матэлёнак Леанід Алякс. Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Дземідовіч Вольга Валер. Наскоў Міхаіл Андрэевіч Краснабаеў Артур Мікал. Касаржэўскі Віктар Іванавіч Касцючык Валянціна Міх. Сянкевіч Мікалай Іванавіч Макарэвіч Аляксандр Васіл. Петрашкевіч Аляксандр Ан. Падашвялёў Дзмітрый Аляк. Бузо Алег Леанідавіч Клімчык Генадзь Ражкоў Леанід Мікалаевіч Строганаў Вадзім Вячасл. Сарока Андрэй Іванавіч Кучынскі Віталь Паўлавіч Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Голуб Аксана Уладзіміраўна Баравік Марыя Якаўлеўна Сідарук Лілія Мікалаеўна Калядка Таццяна Рыгораўна Карповіч Лявон Эдвардавіч Савасцеева Людміла Плітко Віктар Васільевіч Лашкоўская Рэгіна В. Шашута Алесь Язукевіч Ганна Чаславаўна Войткун Галіна Вотэхаўна Чарнышова Зоя Кучаравенка Паліна Уладзім. Савіцкі Мікалай Іванавіч Лукашонак Тамара Літвінава Людміла Сямёнаўна Андруцэвіч Станіслаў Вяч. Мяцельскі Мікалай Міхайл. Пятроўскі Аляксандр Рымко Вольга Ятусевіч Сяргей Станіслав. Ваўрышук Наталля Юр'еўна Мудроў Максім Вашкевіч Марына Ануфрыенка Валянціна Галякевіч Яўген Ціханавіч Засім Тамара Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Ушакоў Сяргей Аляксандр. Клімовіч Наталля Грышан Мікола Паўлавіч Яканюк Данат Лявонавіч Канановіч Ірына Гільвей Вацлаў Дзенісевіч Павел Алегавіч Верхачуб Уладзімір Васіл. Дамашэвіч Уладзімір Максім. Гаўрон Алесь Ярмусік Эдмунд Петрушкевіч Ала Гарэлава Ганна Філюта Ніна Рыгораўна Гарнастай Алена Коласава Лілія Міхайлаўна Пухоўская Таццяна Фёдар. Карнеева Алена Віктараўна Дубіцкі Віктар Сымонавіч Гуцалік Галіна Бубен Уладзімір Нялепа В. Надокунева Ірына Новікава Яна Машнюк Тацяна Аляксанд. Кляшчонак Алена Мішчанкова Юлія Анатол. Камінская Аліна Аляксанд. Кухаронак Аляксандр Дзміт. Нікіцін Віталь Прохарскі Аляксей Ражко Яўген Яўгенавіч Лагодская Ірына Крываногава Святлана Жукоўская Л. С. Клімуць Станіслава Клімуць Лада Макарэвіч Алесь Даніленка Сяргей Ковель Уладзімір Лазарэвіч Аляксандр Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч Сырасек Васіль Іванавіч Драгун Павел Якаўлевіч Добыш Генадзь Канстан. Янушэўскі Віктар Пятровіч Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Сучак Міхась
"...будзеш вечна жыці, грамадой мільёнаў з светам гаманіці..."
У Янкі Купалы ёсць два вершы пад адной і той жа назвай "Роднае слова". Адзін - хрэстаматыйны - пачына-ецца з вядомага і школьнікам: "Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне...". Верш - гімн: "Бяс-смертнае слова", "Свабоднае слова", "Загнанае слова". Звер-нуты да сябе: "Ты песень наўчыла мяне". Другі - ад імя ўсіх - звернуты да свету:
І радзімым
словам рукой мазалістай
Беларус упіша
на старонцы чыстай
Кнігі ўсіх народаў важна,
ў непрымусе
Сумную аповесць
роднай Беларусі.
Абазначаныя ў класіка межы бязмежнага часопіс "Роднае слова", як славуты ківач Фуко, увесь час імкнецца пашырыць: ад гукапісу - да нотаў, ад слова - да вобраза, ад вобраза - да сімвала. Поле - белае поле, чорнае насенне - увачавідкі прастарнее: множыцца кола аўтараў, большае лік падпісчыкаў, даўжэе ланцужок нумароў, коціцца калясніца гадоў. За гэтай калясніцай не можа ўгнацца чорная гайня: учора роднае слова адчувала сябе нязмушана ў газеце "Свабода", у "Крыніцы", сёння - у "Народнай Волі", у "Нашай Ніве"... Яно няўлоўнае, як персанаж танкаўскай "Казкі пра Музыку": "Браткі! тут зямля такая!.."
Часопіс "Роднае слова" за дваццаць гадоў свайго праўдзівага існавання апублікаваў тысячы тысяч старонак самых розных па тэматыцы і зместу матэрыялаў, сем тысяч артыкулаў, творчых партрэтаў, літаратурных аглядаў, метадычных распрацовак урокаў, тэматычных даследаванняў, заданняў алімпіяд і конкурсаў, сцэнарыяў пазакласных мерапрыемстваў, вершаў і тэкстаў песень, лексікону мудраслоўяў, прадметных слоўнікаў, календары памятных датаў, мноства карэспандэнцый ці не з усіх школ рэспублікі, дзе ёсць настаўнікі беларускай мовы.
Малапамалу "Роднае слова" пачало засяроджваць на сабе мары і лятункі свядомай беларускай супольнасці, якое пакрысе пачынае разумець, што ад палітычных лозунгаў даўно пара перайсці да чорнай штодзённай працы - асветніцкай, даследчай, збіральніцкай, метадычнай, ад шырокамаштабных зваротаў да сусветнай грамадскасці - да размовы з кожным, у кім цепліцца на дне душы беларускасць, і найперш - з дзецьмі. Не трэба з пагардай адносіцца да тэорыі "малых спраў", калі бачыць за імі перспектыву будучых "вялікіх спраў".
Што з гэтага атрымліваецца, нагадвае нядаўняя гісторыя. На пачатку апошняй хвалі нашага адраджэння, у канцы 80-х і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, на пісьменніцкіх сходах прагучала лічба 176 - столькі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры не хапала сталічным школам. Сябры пісьменніцкага саюза, маючы ў большасці сваёй дыпломы аб філалагічнай адукацыі і прафесію выкладчыкаў роднай мовы і літаратуры, палічылі сябе ледзьве не абражанымі, калі да іх звярнуліся з адпаведнымі прапановамі заняць згаданыя вакансіі народных настаўнікаў. Як жа, яны працуюць на будучыню! Місія іх быць абраннікамі, а не чарнарабочымі нацыянальнай асветы! У выніку нават у прэстыжны на тыя часы Коласаўскі Гуманітарны Ліцэй не знаходзілася на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў ахвотнікаў выкладаць родную літаратуру. Праўду кажучы, ў блізкім асяродку і сёння не відно энтузіястаў ужо па адной той прычыне, што яны адсталі ад літаратурнага працэса, мала чытаюць, зусім не працуюць над самадукацыяй і ўсё спадзяюцца на тое, што талент і без чорнай працы дасць плён.
Пашырэнне культурнага кругагляду - ці не асноўная мэта "роднаслоўцаў", якая выклікае водгук і спачуванне беларусаў не на словах, а на справе. У сітуацыі, калі хваля грамадскага ўзрушэння прыкметна апала, многае залежыць ад жыццёвай пазіцыі свядомых адзіночак. Лёгка заўважыць, што лепшыя творчыя калектывы, і ў нашы часы, і ў ранейшыя, трымаліся і трымаюцца на ініцыятыве, мудрасці і асабістай адданасці справе таленавітых арганізатараў, сапраўдных лідэраў. Часопіс "Роднае слова", несумненна, трымаўся на агульнапрызнаным аўтарытэце яго першага рэдактара Міхася Шавыркіна, чалавека апантанага, адчувальнага да пульсу часу, вечна заклапочанага лёсам свайго ўлюбёнага дзецішча, і тады, калі ён толькі станавіўся на ногі, і пазней, калі гонарам для многіх імянітых аўтараў было надрукавацца ў часопісе. Менавіта гэты агеньчык захаплення сваёй справай гарэў у яго вачах, менавіта гэтая апантанасць тлумачыць і апраўдвае яго патрабавальнасць, а часам і жорсткасць у адносінах да калектыва рэдактараў і супрацоўнікаў часопіса, пераважна жаночага. Але якія гэта імёны: Міхась Скобла, Алесь ГібокГібкоўскі, Лідзія Камінская, Ларыса Сагановіч, Міраслава Шавыркіна, Эдвард Карбановіч, Віктар Жыбуль, Крысціна Пучынская!
У рэдакцыю, якая змушана была па вядомых прычынах часта змяняць сваю дыслакацыю, ахвотна наведваліся вядомыя людзі рэспублікі, і не толькі тыя, хто меў дачыненне да мовы і літаратуры. У большасці сваёй яны падтрымлівалі галоўную мэту "Роднага слова": усебаковае адраджэнне беларускай мовы, гісторыі, культуры. Настаўнік - галоўны персанаж часопіса, яго аўтар, падпісчык і рэцыпіент, - у перспектыве бачыўся, як некалі, у часы "нашаніўства", у 20-я, 60-я гады, самым паважаным чалавекам у грамадзе, носьбітам і выразнікам народнага духу, першай крыніцай ведаў, прычым ведаў не казённых, а тых, якія сталі асновай еўрапейскасці. Часопіс шпарка набываў усе прыкметы эпіцэнтра кола нацыянальнай інтэлігенцыі, якое пашыралася з кожным годам і кожным новым нумарам. У Беларусі, кажучы словамі Максіма Багдановіча, узнікла нябачаная з'ява: адраджэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, народнай эліты. Гэта было не знаёмым з гісторыяй "хаджэннем у народ", а прарастаннем усяго лепшага ў народзе, яго імкненнем да ўсебаковага духоўнага і творчага жыцця, якое толькі і надае сэнс чалавечаму існаванню, абуджае ў чалавеку пачуццё нацыянальнай годнасці.
Міхась Тычына, аўтар "Роднага слова".
Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч - беларускі вайсковы і палітычны дзеяч
(Да 125-годдзя з дня нараджэння)
Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо ў 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з актыўнейшых беларускіх вайсовых і палітычных дзеячаў - генарала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў, трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Менска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў Энцыклапедыю гісторыі Беларусі і Беларускую Энцыклапедыю. У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага "Генеал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой". Вывучэнне біягра-фіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.
Маладосць. Першая сусветная вайна.
Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10 лютага 1883 года - 10 мая 1940 года) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павету Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шюленайскай апілінцы (Летувы). Яго бацька, Нікадзім Міхал беларус-католік. Працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйшто-вічаў, а маці - Юзэфа з Шафранаў, полька. Была пакаёўкай. Паводле сямейнай традыцыі Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай шляхты беларускай, але Алег Латышонак лічыць Балаховічаў сям'ёй сялянскага паходжання. Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Майштовічаў у арэнду невялікі маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся яго малодшы брат, Юзаф (Язэп) (22 ліпеня 1896-13 чэрвеня 1923 г.) таксама ў будучым генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лункі у Дзісненскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку "Бацька".
У пачатку Першай Сусветнай вайны Станслаў Булак-Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўдам, а потым унтрэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях па тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Быў узнагароджаны георгіеўскім медалём і георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступені. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.
9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад Вярхоўнага галоўнакаман-дуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (з верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах супраціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 кон-нікаў) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. У гэтым атрадзе С. Булак-Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля пагібелі Л. Пуніна ў баі 1 верасня 1916 г. - камандзірам усяго атрада.
Партызанскі атрад С. Булак-Балаховіча з-за лініі фронту рабіў кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў, калі фронт знаходзіўся на тэры-торыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў разведвальна-дыверсійныя заданні.
Станіслаў Булак-Балаховіч хутка атрымоўваў чарго-выя афіцэрскія званні. У 1917 г. ён быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі на афіцэрскім пагоне).
У Прыбалтыцы.
Вясной 1918 г. пасля знаходжання ў шпіталі ў Петраградзе (пасля ранення у пачатку сакавіка ў баі з нем-цамі) С. Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада ён у горадзе Луга (Петраградская губерня) сфармаваў 1-ы Лужскі конны партызанскі полк (у складзе 4-й Петраградскай дывізіі). У траўні полк быў перайменаваны ў 3-ці Петраградскі полк. Даўняя партызанская дзейнасць Балаховіча звярнула на яго ўвагу наркама па вайсковых і марскіх справах, старшы-ні Рэваеннакаму савецкай Расіі Л. Троцкага, які выклікаў Булак-Балаховічаў Маскву і прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Балаховіч адмовіўся ад гэтай прапановы, бо быў настрояны супраць аптысялянскай палітыкі савецкага ўраду.
С. Булак-Балаховіч аса-біста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з часоў Першай Сусветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх падначаленых. С. Булак-Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых бальшавіцкіх уладаў накіравайь у яго полк камуністаў.
У кавалерыйскім палку пад яго началам, які складаўся з 1121 жаўнера, служылі палякі (быў нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Ён намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій з боку ўлады. Тым не менш С. БулакБалаховіч працягваў служыць у Чырвонай Арміі, паколькі побач - у Эстоніі і Латвіі да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па-ранейшаму разглядаў як галоўнага ворага.
Хуткая ўжо параза Германіі ў Першай Сусветнай вайне і намаганні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю ў гэтым рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была ўтвораная "белая" расійская армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандавання. У канцы лістапада 1918 г. яна ўжо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу ўтрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г. Станіслаў Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік Відзякін паінфармаў камандаванне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С. Булак-Балаховіча першасці са сваім палком на бок белых. У Пскове знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.
16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістр Станіслаў БулакБалаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка якім давяраў. Прыбыў і камандзір Чудскай флатыліі капітан 2 рангу Д.Д. Нялідаў. Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Перамыкін падпісалі пагадненне з прадстаўніком штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.
Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1-ы эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на ўсход ад Пскова. За некалькі гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму з нагоды першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна Гдоў-Тарошына таварышу Янісу Фабрыцыюсу.
Пасля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыюс выклікаў на чыгуначную станцыю Тарошына Язэпа Булак-Балаховіча, як намесніка камандзіра палка, а потым і С. Булак-Балаховіча. Абодва запэўнілі камісара ў сваёй лаяльнасці. Але падрыхтоўка да пераходу палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудскай флатыліі Д.Д. Нялідаў перайшоў таксама на бок белых. Тры параходы з пяці, два кацеры і сем малых кацераў з экіпажамі даплылі па Чудскім возеры да Пскова.
Полк С. Булак-Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі Стругі Белыя. У Стругах С. Булак-Балаховіч выдаў адозву да "братоў сялян". Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вай-ны супраць бальшавікоў, за рускі народ, праваслаўную царкву, за мір і працу для людзей. Ён заклікаў сялян да выступу супраць бальшавіцкай улады і да ўступлення ў яго атрад. Падпісаўся "Атаман сяляніскіх партызанскіх атра-даў. Бацька Балаховіч".
Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава (20 кіламетраў на ўсход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак-Балаховіча павялічылі лічэбнасць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе складу.
Ротмістр С. Булак-Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага коннага атрада змагаўся ён (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова ў Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага возера.
25 снежня 1918 г. часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незамежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна яго група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая - на пскоўскім кірунку.
У пскоўскай групе і змагаўся С. Булак-Балаховіч. За ўдзел у вызваленні Тарту ад бальшавікоў Балаковіч атрымаў ў студзені 1912 г. званне падпалкоўніка. Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С. Булак-Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудскага возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай групы генерал-маёр А. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча, зразумела, пад камандаваннем самога С. Булак-Балаховіча.
15 траўня 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя ў гэтай аперацыі С.Н. Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў званне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі. У выніку яе 25 траўня 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часткамі белых. Балаховіч быў прызначаны на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал А. П. Радзянка прысвоіў С. Булак-Балаховічу званне генерал-маёра, а з частак, падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.
С. Булак-Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і яго раёне. Па яго ініцыятыве былі ўтвораныя народныя суды, якія каралі злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў. Як ваенны камендант Пскова і павету С. БулакБалаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду. Друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў на фронце і за лініяй фронту ) рознага роду адозвы і ўлёткі. Пісаў у іх: "Змагаюся не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянскарабочую Расію". Выступаў з эсэраўскімі лозунгамі: "За зямлю і хлеб для ўсяго народу, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход. У гэты час у ліпені 1919 г. на бок С. Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі. Аднак у кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі генераламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі, якія складалі большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве, і рэвалюцыйнадэмакратычнай групай у Паўночна-Заходняй арміі на чале з С. Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім крыле гэтай гупы. Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал М. М. Юдзеніч, галоўнакамандуючы ПаўночнаЗаходняй арміяй, прызначыў С.Н. Булак-Балаховіча камандуючым 2-м корпусам з дзвюх дывізій гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш абвастраліся з-за эсэраўскай прапаганды, якую вёў Балаховіч. 22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы Паўночна-Заходняй арміяй М.М. Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, і арыштаваць С. Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеянні" падчас кіравання Псковам і паветам 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў, 2 батарэй і іншых частак паводле загаду М.М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штабу корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і гарадскі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак-Балаховічу з групай у дваццаць коннікаў з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся М.М. Юдзенічу. Булак-Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад "хатні арышт", але адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км на поўдзень ад Пскова) да сваёй коннай групы ў 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часткі Чырвонай Арміі, карыстаючыся крызісам у стане былых, занялі Пскоў. А Булак-Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару. Яго падтрымлівала эстонскае камандаванне як баявога генерала. падчас восеньскага наступу белай Паўночна-Заходняй арміі на Петраград група генерала С. Булак-Балаховіча наносіла ўдары па камунікацыях Чырвонай Арміі ў кірунку на Порнаў (75 км на ўсход ад Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі па чыгуначнай лініі Петраград-Полацк.
Пасля паражэння белай Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 г. сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Асабліва яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй (мірны дагавор быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). расійская Паўночна-Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі. На пачатку 1920 г. С. Булак-Балаховіч у расійскай газеце ў Эстоніі "Верный путь" звярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генерала Й. Лайданера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія ўлады неафіцыйна яго падтрымалі. С. Булак-Булаховіч, каб атрымаць для свайго атрада і іншых новых атрадаў сродкі, а так-сама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць Юдзеніча і забраць грошы з касы арміі, якія былі ў Юдзеніча. У ноч на 28 студзеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у гатэлі "Комерс" генерала М.М. Юдзеніча, генерала Крузенштэрна і ад'ютанта. У пакоі М.М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С. Булак-Балаховіч прымусіў Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры Паўночна-Заходняй арміі, галоўным чынам на выплату жалавання салдатам і афіцэрам падчас ліквідацыі арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і папулярнасць С.Н. Булак-Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго атрад добраахвотнікамі Арыштаваных генералаў С. Булак-Балаховіч адвёз на станцыю, пасадзіў у таварны вагон і павёз на фронт з сабою. Толькі пад націскам англійскай місіі ў Эстоніі са станцыі Тапа на палове дарогі ад Таліна да Нарвы цягнік затрымалі і адвезлі назад у Талін, дзе Юдзеніча перавезлі ў памяшканне англійскай вайсковай місіі. Пасля гэтага Юдзеніч выехаў за мяжу як прыватная асоба. С. Булак-Балаховіч вярнуўся на фронт, дзе працягваў камандаваць сваім атрадам у 1200 чалавек. У гэты ж час, калі Эстонія выходзіла з вайны з Савецкай Расіяй, генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, памятаючы добра пра сваё беларускае паходжанне, прапававаў падпарадкаваць свой атрад ураду БНР. Яго атрад у 1200 чалавек меў у сваім складзе 75 адсоткаў беларусаў-жаўнераў і палову афіцэраў-беларусаў. Называўся атрад Добраахвотным народным С. Булак-Балаховіч надаў яму назву беларускага. Адрад прыняў за свой штандар беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і какарды на фуражках з нацыянальным гербам Пагоня. Генерал Булак-Балаховіч атрымаў дазвол ад эстонскіх уладаў набіраць у сваю вайсковую адзінку добраахвотнікаў і з іншых частак былой Паўночна-Заходняй арміі, пераважна беларусаў і палякаў.
Пасля звароту Булак-Балаховіча да войскова-дыпламатычнай місіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую ўзначальваў у Рызе палкоўнік К. Езавітаў. 22 студзеня 1920 г. рада міністраў БНР прыняла Беларускі атрад "у склад войска БНР" шэф вайскова-дыпламатычнай місіі Рады БНР К. Езавітаў афіцыйна звярнуўся 8 лютага 1920 года да галоўнакамандуючага польскай арміяй Ю. Пілсудскага, каб той даў дазвол перавесці асобны атрад генерал-маёра Булак-Балаховіча з Эстоніі ў Беларусь і "прадаставіць Асоб-наму Атраду Беларускай Народнай Рэспублікі кавалак фронту на левым фланзе Польскай Арміі і ўзлажыць на Польскае інтэнднцтва павіннасць адпускаць для Асобнага Атраду усё яму патрэбнае".
23 лютага у баях на Беларусі 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч падпісаў з польскім вайсковым прадстаўніцтвам у Рызе пагадненне аб сумесных ваенных дзеяннях супраць Чырвонай Арміі. 3 сакавіка Балаховіч быў прыняты ў Дзвінску (Даўгаўпілсе) генералам Эдвардам Рыдз-Сміглым, а 14 сакавіка беларускі Асобны атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну, каб змагацца на савецка-польскім фронце ў Беларусі. Але сачат-ку ён быў накіраваны ў Берас-це, дзе атрад дафармоўваўся і атрымаў дадатковую колькасць зброі. Ад пачатку чэрвеня 1920 г. Беларуская група (або Беларуская Нацыянальная армія) генерала С. Булак-Булаховіча налічвала каля 2 тысяч шабель (кавалерыстаў). Яна прымала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на Палессі супраць Чырвонай Арміі.
С. Булак-Балаховіч рабіў знянацку кавалерыйскія налёты на тылы савецкіх войскаў, штабы злучэнняў Чырво-най Арміі. Аператыўна група С. Булак-Балаховіча ўваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў, потым 3-й польскай арміі Група папаўнялася. Паводле звестак аператыўнай выведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня 1920 г. у атрадзе Булак-Балаховіча, калі ён знаходзіўся на фронце ў раёне Уладавы ( на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі (партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазнясенскі) агульнай колькасцю 1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з трох эскадронаў у 400 шабель, характэрна што палкі былі названы па гарадах Пскоўскай губерні, дзе раней ваяваў Булак-Балаховіч і яго атрад.
Пра адступленні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасні 1920 г. атрад С. Булак-Балаховіча, прарваўшыся скрозь лінію фронту ІУ савецкай арміі, разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасня ўварваўся ў Пінск, дзе знаходзіўся штаб ІУ арміі і запасны полк. Частка штаба паспела прарвац-ца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член рэвваенсавета арміі паліткамісар конна паехалі да лініі фронту. ІУ армія аказалася разрэзанай на дзве часткі, а яе кіраванне парушаным. Пінск быў заняты групай С. Булак-Балаховіча апоўдні 26 верасня. Атрады з групы С. Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да самага заканчэння ваенных дзеянняў. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле ўмоў перамір'я ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі спынены праз 6 дзён 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі прасунуліся яшчэ далей наперад. Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў.
20 ліпеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагад-ненне аб аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на ўсход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй належала Б. В. Савінкаву. А ваеннае - С.Н. Булак-Балаховічу. Армія С. Булак-Балаховіча пачала рэарганізацыю, у яе склад уступалі мясцовыя партызаны, што ваявалі супраць савецкай улады, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя на вайне людзі, якія ўжо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску С. Булак-Балаховіча фармаваўся і яўрэйскі конны эскадрон на чале з паручнікам Цэйтліным.
Падрыхтоўка Паходу на Палессе.
У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у шыхце. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізія, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1-я дывізія "смерці" палкоўніка (потым генерал-маёра) Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000-4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія "смерці", якая складалася з 1-га партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га Востраўскага і 4-га Вазнесенскага палкоў і іншых падраздзяленняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры беларускага атрада, якія прыйшлі па фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі, у кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога досведу, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцыі дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так. 2-я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Менскага, Смаленскага і Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.
Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на ўляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай "ваеннага камунізму", прарвацца ў Расію для стварэння там ддэмакратычнай рэспублікі. Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі план. Дзеля гэтага С. Булак-Балаховіч падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаў на пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду Аленюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.
На пачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі беларусі і Украіны. Так. польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі - брыгадку цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.
Паход Булак-Балаховіча на Палессе.
6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала свой наступ у Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар абрынуўся на 10-ю страл-ковую дывізію заходняга фронту. Якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9-га мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-ай дывізіі "смерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітыч-най дзейнасці Булак-Балаховіча. Камендант Мазыра генерал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія сцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10 лістапада Востраўскі полк 1-й дывізіі арміі Балаховіча заняў Калінкавічы.
Частка яго войска - 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Язэп Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага - наступала на Рэчыцу, а другая частка войска - на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падыйшлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.
Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч адкрыў свае ўласныя палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе "начальнікам беларускай дзяржавы (як Пілсудскі-Польскай) і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада ён выдаў загад пра фармаванне беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з дабраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк. С. Н. Булак-Балховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаванне Рускай народнай дабраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па ранейшаму каманда-ваў Саюзнай (Народнай) арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.
У Мазыр з Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П. Аляксюк і В. Адамовіч, якія за-ключылі з С. Н. Булак-Балаховічам і Б. В. Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі з наступным узгадненнем Устаноўчымі соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы ўзаемаадносін. С. Н. Булак-Балховіч прызначыў П. Алексюка старшынём свайго ўраду, а эміграцыйны ўрад В. Ластоўскага і савецкі ўрад Чарвяка (А. Чарвякова) ў Менску абвясціў "звергнутымі".
Барацьбу супраць арміі С. Булак-Балаховіча вяла савецкая 16-я армія Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чы-рвонай Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контрнаступленне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе часткі 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца адрэзанымі, перадвыя атрады С. Н. Булак-Балаховіча 18 лістапада спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне яго дывізій. 2-я пяхотная дывізія упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада ён быў захоплены супраціўнікам.
Асноўнай частцы арміі Булак-Балаховіча ўдалося 22 лістапада прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы-Якімавіча (на поўнач ад Мазыра) праз Заслоны чырвонаармейцаў 33-й Кубанскай казацкай дывзі і 24 лістапада фарсіраваць Пціч. Сам С. Балаховіч быў паранены. 26 лістапада войскі С. Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войск План каманда-вання Чырвонай Арміі абкружыць і знішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак-Балаховіча не ўдаўся.
Армія С. Н. Булак-Балаховіча сабралася ў раёне Тураў-Давыд-Гарадок-Лаква і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адыйшла ў нейтральную зону (па 15 км па абодва бакі мяжы), якая існавала да заключэння міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла партызанскія дзеянні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка атрадаў падчас адступлення арміі засталася на месцы і працягвала весці партызанскую вайну. Налёты атрадаў С.Н. Булак-Балаховіча на тэрыторыю БССР працягваліся да 1922 г. значная частка былых яго жаўнераў атрымала працу ў Белавежскай пушчы на тартаках высечцы лесу.
У Польшчы.
Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў прызнаны генералам, але не быў залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал. Ён быў абраны як генерал брыгады старшынём Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў) Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У сваіх публіцыстычных творах ён паслядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку гэтых дзяржаў у дачыненні да суседніх народаў. Падчас савецка-польскай вайны і пасля яе адмоўна да С. Булак-Балаховіча ставіліся і палітычныя сілы на Беларусі, не кажучы ўжо пра бальшавікоў, для якіх ён быў заўсёды ворагам. Адмоўна да яго ставілася і партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (падчас вайны саюзніца бальшавікоў, якую яны выкарысталі, а потым ёй здрадзілі і яе забаранілі). Беларускія эсэры не маглі дараваць генералу яго саюза з Польшчай і таму падчас яго пахода на Палессе не падтрымалі яго. Такой тактыкі яны прытрымліваліся і пазней, не гледзячы на тое, што беларускае сялянства падтрымлівала генерала, бо генерал выступаў за незалежнасць Беларусі і супраць антысялянскай палітыкі бальшавікоў. Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадскі дзеяч і літаратуразнавец Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў Зборнік вершаў "Перш, пакуль голас свой даць", які згадваецца ў картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам знайсці не ўдалося. Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і недаступным нам часопісе "На Чужыне" (выходзіў у Рызе ў 20-х гадах) верш С. Булак-Балаховіча "Покліч бацькі", напісаны 25 лістапада 1919 г. у Рэвелі (Таліне), калі Булак-Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць Чырвонай Арміі.
Покліч бацькі
Праз цёмныя хмары
на чуждай старонцэ
Зірнула на нас
цёпла-роднае сонцэ,
І гоман пачуў я
з радной стараны:
"Свабода калоціцца
ў нашэ ваконца,
За бацькаўшчыну
ўсталі яе ўсе сыны!"
Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа.
Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
І будзем гатовы ў дарогу!
І сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч пры дапамозе шэфа вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў перамовы аб накіраванні свай-го Беларускага атрада пад назвай Беларуская Нацыянальная Армія на ўчастак Савецка-Польскага фронта ў Палессе, куды і прыбыў яго Беларускі атрад.
Алесь Бяляцкі апублікаваў таксама ў часопісе "Спадчына" (1997, № 6, С. 17) два вершы С. Булак-Балаховіча: ужо прыведзены "Покліч бацькі" і "Шарак ці брысь", напісаны 19 ліпеня 1927 г. з каментатарам Алеся Бяляцкага Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага генерала і дапоўняць характарыстыку гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны С. Булак-Балаховіч прымаў удзел як назіральнік ад польскай вайсковай місіі ў арміі генерала Ф. Франка падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1936-1939 гг.
Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотніцкі атрад, які спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак-Балаховіч арганізаваў абарону сталіцы на паўдзённым участку. Удзельнікі абароны пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў тылы нямецкіх войск, здабывалі важную вайсковую іінфармацыю, нападалі на нямецкія патрулі. Супраціўленне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы верасня 1939 г.
У канцы 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч разам з былымі афіцэрамі сваіх вайсковых фармаванняў стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.
Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 траўня 1941 г., калі перад сваім домам на Саскай вуліцы 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе арышту падчас страляніны.
Па некаторых звестках, Станіслаў Булак-Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты перыяд супрацоўнічалі з гестапа. Па гэтых звестках, забойцы генерала гаварылі паміж сабой на рускай мове. Але больш праўдападобнай з'яўляецца версія пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра што С. Булак-Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.
Сімвалічная магіла генерала С. Булак-Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх могілках Камунальных, былых вайсковых (кватэра А15, рад 8, магіла 12).
На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Балаховіча стараннямі яго ўнука Мацея Булак-Балаховіча ўмацавана памятная дошка, прысвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.
Адзначаючы 125-годдзе з дня нараджэння Станіслава Булак-Балховіча трэба падкрэсліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасць генерала, які намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць незалежную Беларускую дзяржаву.
Анатоль Грыцкевіч
"Part isan" у Магілёве. Разам з Акудовічам.
У першы дзень апошняга месяца зімы Магілёўская гарадская суполка ТБМ зладзіла сустрэчу са знакамітым беларускім мысляром Валянцінам Акудовічам і рэдактарамі часопіса "PArtisan" Максімам Жбанковым і Артурам Клінавым.
Вечарына распачалася выступам А. Клінава, які прэзентаваў альманах беларускае культуры "PArtisan", акрэсліўшы яго канцэпцыю як "прадстаўляць сферы беларускай культуры, што знаходзяцца на вастрыі інтэлектуальнага пошуку". Па яго словах, "PArt isan" - своеасаблівая інтэлектуальная лабараторыя, спроба першапачатковага акрэслення новай беларускай мастацкай культуры.
Максім Жбанкоў падкрэсліў, што "PArtisan" з'яўляецца "формулай самадастатковага мастацкага пошуку ў межах нашай парадаксальнай нацыянальнай сітуацыі - канфліту розных сістэмаў каштоўнасцяў", што часопіс існуе, каб "пераканаць нас больш не быць партызанамі, захаваць нашы нацыянальныя гонар і годнасць". У планах выдаўцоў - зрабіць часопіс квартальнікам, кожны нумар плануецца і надалей рабіць тэматычным, акрэсліваючы такім чынам своеасаблівае праблемнае поле.
Далей з актыўным удзелам прысутных, якіх было больш за 50, распачалася досыць цікавая дыскусія пра сучасную беларускую культуру, віды і формы яе існавання. Неабходна адзначыць, што часта ў ролі апошняй інстанцыі выступаў В. Акудовіч, які здзіўляў прысутных трапнымі фармулёўкамі, лагічнасцю аргументацыі тэзісаў і проста эмацыйнасцю, непасрэднасцю і неперадузятасцю. Напрыканцы В. Акудовіч распавёў, што яго як мысляра найбольш цікавіць "метафізіка адсутнасці - што знаходзіцца там, дзе мяне няма?" Увогуле ж, па яго словах, "мысліць пасапраўднаму - вельмі страшна, а мысленне - гэта нешта большае, чым уласна філасофія".
Акрамя нумароў часопіса, ахвотныя маглі набыць кнігі В. Акудовіча "Дыялогі з Богам" і А. Клінава "Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца", а таксама першы нумар "Газэты Магілёўскага ТБМ". Напрыканцы сустрэчы старшыня Магілёўскага ТБМ ад імя ўсіх прысутных падзякаваў гасцям сустрэчы і прэзентаваў ім адмысловыя календары.
Юрась Каласоўскі.