№ 7 (846) 13 ЛЮТАГА 2008 г.
80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дамашэвіча
ДАМАШЭВІЧ Уладзімір Максімавіч (17.2.1928, в. Вадзяціна Ляхавіцкага р-на Берасцейскай вобл.), бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у выд-вах, час. «Полымя» і «Маладосць». Друкуецца з 1958. Асн. тэмы апавяданняў і аповесцей - жыццё сялян Зах. Беларусі, барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў, пасляваен. адбудова, маральныя праблемы сучаснага вясковага і гарадскога жыцця, каханне (зб-кі «Заклінаю ад кулі», 1960, «Між двух агнёў», 1963, «Абу-джэнне», 1968, «У лабірынце вуліц», 1979, аповесць-хроніка «Порахам пахла зямля», 1973, дакумент. аповесць «Першым заўсёды цяжка», 1986, з У. Сазановічам). Раман «Камень з гары» (1990) пра падзеі 1950-60-х г., калі быў развянчаны культ асобы. Героі твораў Д. - людзі сумленныя і працалюбівыя, мужна імкнуцца да праўды і справядлівасці, высокага маральнага ідэалу. Проза пісьменніка злабадзённая па тэматыцы, псіхалагічна паглыбленая, стрыманая ў фарбах, вылучаецца жывой нар. мовай. За аповесць «Кожны чацвёрты» (1991) Літ. прэмія імя І. Мележа 1992. Пераклаў на бел. мову раман Е. Путраманта «Верасень» (з Я. Міско), апавяданні К. Федзіна, Ю. Нагібіна, У. Салаухіна і інш.
Мы - не рабы...
(урывак з дыпціха)
Уладзіміру Дамашэвічу
Калі былі рабы,
Рабамі не былі мы
Ні Кіева, ні Рыма;
І моцны, і слабы,
Былі мы - не рабы,
Скарыны і Багрымы.
У світках касінеры...
Прэч, страху цень рабы!..
"Касцюшкавы жаўнеры-
Ніколі не рабы!"..
У Яські-гаспадара,
Як ясені, дубы,
На веснавых выжарах
Паўстанцы - не рабы!..
Чаго ж цяпер не стала:
Вадохрышча, красала?..
Чаму, нібы грыбы,
Гарбаціцца любы?
Як быццам нам залежыць,
Каб свет быў без рабоў?!
Што, нам іх, як зуброў,
Адроджаць Белавежай?
Звон клічу вечавы,
Крычу: "Іду на вы!.."
І сам сябе-раба
Выпальваю з гарба!..
Алег Лойка.
250 гадоў з дня нараджэння Юльяна Нямцэвіча
НЯМЦЭВІЧ (Урсын-Нямцэвіч) Юльян (16.2.1758, в. Скокі Берасц. р-на - 21.5.1841), пісьменнік, палітычны дзеяч, гісторык. 3 роду Нямцэвічаў. У 1770-77 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве. 3 1777 ад'ютант А.К. Чартарыйскага. Падарожнічаў па Еўропе. Пасол на Чатырохгадовы сойм 1788-92, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 траўня 1791. 3 1791 чл. Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792 у эміграцыі ў Саксоніі, Аўстрыі, Італіі. У час паўстання 1794 ад'ютант і сакратар Т. Касцюшкі. Быў паранены ў Мацяёвіцкай бітве і зняволены ў Петра-паўлаўскай цвердзі ў Пецярбургу. У 1796 разам з Касцюшкам выехаў у ЗША. У 1807 вярнуўся, займаў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства. 3 1813 сакратар Сената Каралеўства Польскага. У сваім маёнтку Урсынаў каля Варшавы сабраў значную б-ку (4 тыс. тамоў). Чл. Т-ва сяброў навук у Варшаве (старшыня з 1827). Зрабіў некалькі падарожжаў з мэтай адшукання і апісання «нацыянальных помнікаў», па Беларусі - у 1809, 1816 і 1819. У час паўстання 1830-31 увайшоў у Часовы ўрад, абраны сенатарам-кашталянам. Пасля ў эміграцыі ў Парыжы. Аўтар драматычных і паэтычных твораў, аповесцей, падарожжаў, паліт. камедыі «Вяртанне пасла» (1790). Аўтар зборнікаў «Літоўскія пісьмы» (1812), цыкла «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і інш.
У кн. «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гг.» (1858) апісаў Берасце, Гародню, Наваградак, жыццё бел. сялян. Напісаў «Гісторыю панавання Жыгімонта III» (т.1-3, 1818-19), «Сучасную гісторыю» (1863), «Жыцці значных людзей XVIII ст.» (1904). Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1-7, 1822-36), у які ўключыў «Дыярыюшы» С. і Б. Маскевічаў. Аўтар мемуараў, у т. л. «Дзённікаў часоў маіх» (1848, дапоўненае выд., т. 1-2, 1957).
140 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца
КАГАНЕЦ Карусь (сапр. Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія - 10.5.1918), бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863- 64, сасланага ў Сібір. 3 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Менскай гар. вучэльні, Маскоўскай вучэльні жывапісу, скулыпуры і дойлідства. Працаваў у Менску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне.Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў менскую турму (1905-06, 1910-11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкія да нар. песні Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнуга нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»). Цэнтр. герой яго лірыкі - кабзар, лірнік («Кабзар»). Проза К. - апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»). Аўтар гіст. («Стара-жовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап, 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага). Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук - папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С. Шаўлоў-скім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). 3 твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з глшы, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я. Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзярж. р-на Менскай вобл. пастаўлены помнік.
Беларусі перададзены архіў Міхала Клеафаса Агінскага
У Беларусь перададзены архіў вядомага дзеяча еўрапейскай гісторыі і культуры Міхала Клеафаса Агінскага. Урачыстая цырымонія прайшла 6 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.
У ёй узялі ўдзел пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, старшыня Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце міністраў Уладзімір Адамушка і інш. Архіў перададзены на мікрафільмах і кампакт-дысках.
Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў, раней архіў кампазітара захоўваўся ў Расійскім дзяржаўным архіве старадаўніх актаў, куды ў 1833 годзе яго перадаў сын М.К.Агінскага.
Архіў кампазітара ўключае больш як 5,9 тыс. лістоў. Архіў вернуты ў Беларусь па ініцыятыве Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА пры фінансавай падтрымцы бюро ЮНЕСКА ў Маскве. БелаПАН.
21 лютага ТБМ ладзіць святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага па ініцыятыве ЮНЕСКА.
Падчас імпрэзы плануецца прэзентацыя "Беларуска-украінскага слоўніка", выдадзенага напрыканцы мінулага года ва Украіне, а таксама выступы мовазнаў-цаў, перакладчыкаў, вядомых пісьменнікаў, спевакоў.Уваход вольны.
Пра месца і час правядзення імпрэзы даведкі па тэлефоне:
"З а к л і н а ю ..."
Да 80-годдзя Ул. Дамашэвіча
Цікава, як пайшло б маё жыццё, каб я стаў масквічом?
А нагода такая ў мяне была. Пасля вучобы, яшчэ да здачы дзяржэкзаменаў, нас студэнтаў філфака БДУ, размяркоўвалі на працу. Мне, як ні дзіўна, прапанавалі стаць цэнзарам у Галоўліце. Ды яшчэ ў Маскве. Я быў проста ашаломлены, бо ніколі пра такі варыянт не сніў, збіраўся ісці ў вёску настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Мне нават прапанавалі падумаць, і калі я выйшаў за дзверы і сказаў аднакурснікам, куды мяне накіроўваюць, але я баюся, на мяне нарабілі крыку нашы дзяўчаты: будзеш дурнем, як адмовішся, згаджайся - і ўсё! Я здаўся, хоць упэўненасці не было.
У прыёмнай камісіі, калі я зайшоў другі раз, якраз гаварылі, што патрэбен малады спецыяліст у Вучэбнапедагагічнае выдавецтва ў Мінску, і я, паслухаўшы тую гутарку, папрасіў, калі можна, замяніць мне цэнзарскую працу на рэдактарскую.
Камісія выслухала маю просьбу і лёгка згадзілася, чаго я не чакаў. Так, не стаўшы цэнзарам у Маскве, я стаў рэдактарам у Мінску. Стаў, як ні дзіўна, гарадскім чалавекам.
Час паказаў, што я не памыліўся ў сваім выбары. Тры гады я працаваў у Вучэбна-педагагічным выдавецтве ў рэдакцыі мовы і літаратуры, а потым самахоць перайшоў у Белдзяржвыдавецтва, там стаў рэдагаваць творы нашых пісьменнікаў: зборнікі апавяданняў, аповесці, раманы. Паступова я ўжываўся, урастаў у творчую атмасферу, у галаве пачалі складацца свае сюжэты, я стаў шукаць нейкія гісторыі, з якіх можна зрабіць апаяданне: ува мне абуджаўся празаік. А праз некалькі гадоў я надрукаваў у часопісе "Маладосць" сваё першае апавяданне "Трэці лішні".
Ёсць пачатак - будзе і працяг. Я пачаў думаць, шукаць новыя тэмы. Мяне цягнула да трагічных сюжэтаў, хоць яны, як я ведаў па літаратурных павевах, не надта былі ў пашане: хопіць, што трагедый мы наглядзеліся ў вайну, не трэба імі забіваць галовы чытачу, давайце пяро лёгкае, светлае ... Я зразумеў так, што трэба перамешваць трагедыю з паэзіяй, як пісаў некалі Янка Купала. У маім першым зборніку было усяго пяць апавяданняў: тры драматычныя, два - трагічныя. А ў адным трагічным - "Заклінаю ад кулі" - было ажно дзве трагедыі, аб'яднаныя адным сюжэтам. Хоць я яшчэ быў навічок у літаратуры, але ужо зразумеў, што толькі так можна зрабіць з тым матэрыялам, каб ён змог прайсці цэнзуру. Я наклаў шмат "ваты", каб "камень" не надта муляў, бо абедзве трагедыі былі непрахадныя, калі даваць іх паасобку.
Былі дзве гісторыі з нашага жыцця пад акупацыяй: адна з маёй вёскі Яншычы, другая - з суседняй. І па часе розныя, не звязаныя паміж сабою. Першая, з нашай вёскі, была трагічная ад пачатку да канца. Жыла бедная, амаль беззямельная сям'я, тры дарослыя сыны, дачка, бацькі даўно няма. Старэйшы сын вярнуўся з нямецкага палону, былы польскі жаўнер.
А тут і самі немцы, нібы ішлі за ім па пятах: сорак першы, восень. У нашай вёсцы на хутары жыла яўрэйская сям'я, мела сваю зямлю, але і займалася гандлем. Трымала невялікую краму, грошы ў іх вяліся. І вось, тры бедныя браты, ведаючы, што яўрэі ў немцаў не ў пашане, вырашылі за іх кошт пажывіцца: аднойчы ноччу зрабілі напад, прыстрашылі людзей, узялі, што хацелі і пайшлі. Але пакрыўджаныя заявілі пра рабунак у Клецную камендатуру, адкуль прыехалі немцы і арыштавалі братоў. А праз некалькі дзён, пасля каротнага следства, іх прысудзілі да расстрэлу. Браты згаварыліся ўцякаць. Ужо ля свае магілы яны кінуліся наўцёкі, кожны ў свой бок. Малодшага забілі адразу. Старэйшага паранілі, а потым дабілі, а сярэдні, які кіраваў у горад, уцалеў ад кулі. Казалі, што на вуліцы ён сарваў з галавы шапку ў аднаго дзядзькі, каб не вылучацца і паджгаў у свет, як у капейку. Пасля вайны той хлопец, Змітрок, аказаўся ажно ў Францыі.
Яўрэйскую сям'ю чакаў амаль падобны лёс: іх хутка забралі ў нямецкае гета, дзе яны і загінулі.
Ці можна было падаць "жыўцом" такую гісторыю ў нашым друку? Ні ў якім разе! А мяне скаланула адчайная смеласць нашых хлопцаў, хоць на герояў яны і не "цягнулі", бо былі ўжо заплямленыя. Я ў апавяданні павінен быў "абяліць" гэтых хопцаў, зрабіць іх партызанамі, хоць у той час партызанаў яшчэ і не было, і звязаць з другою трагедыяй, якая па часе адбылася на два гады пазней, у суседняй вёсцы Даматканавічы. Там зімою ці на самым пачатку вясны невядомыя (пасля стала вядома) ноччу расстралялі сям'ю клецкага бургамістра Кастуся Новіка. Сям'я была вялікая, але ў той дзень і вечарам яна нібы тасавалася, і ноччу апыніліся дома не ўсе, інакш трагедыя была б яшчэ большая.
Той, на каго найбольш палявалі - на Кастуся, уцалеў. Засталася і яго матка - яна якраз начавала на хутары ў свае хворае маткі..
Партызаны - а гэта былі яны - няйначай сачылі за хатаю бацькоў бургамістра, ведалі, што ён будзе дома з жонкаю і малым сынам. Недзе апоўначы яны пастукалі ў дзверы да Новікаў. На стук выйшаў гаспадар Антось - з пасцелі, у адной бялізне. Яго тут жа на парозе і скасілі аўтаматнаю чаргою. Уварваліся ў хату, у пакоі і ў спальню. На ложку ў пасцелі забілі Кастусёвага брата Змітрака, маладога настаўніка, іх сястру Ганну, наймалодшую ў сям'і. У асобным пакоі далі чаргу па маладой Кастусёвай жонцы, якая не паспела нават узняцца з пасцелі, а пасля яшчэ паласнулі па старой жанчыне, гаспадаровай матцы, якая схілілася над калыскаю малога ўнука, закрываючы яго ад злых людзей. Ды так і асунулася на калыску, у якой ляжаў малы Славік. Бабуліна кроў стала яму святою купеллю - ён уцалеў...
Уцалеў і другі чалавек - старэйшы Антосеў сын Іван, які, пачуўшы рэзкі стук у дзверы, зразумеў, што трэба хавацца, і прыняў правільнае рашэнне: нырнуў у падпечак.
Пакінуўшы пяць трупаў, партызаны пайшлі да знаёмага, у якога жылі дагэтуль, а потым будуць жыць пасля...
А Кастусь у той вечар заседзеўся на хутары ў цесця Паўлоўскага, там была і яго жонка Зося, але яна пайшла раней, бо турбавалася пра малога Славіка. Кастусь ноччу пачуў стрэлы, зразумеў, што робіцца нешта нядобрае. Ірваўся дадому, але цесць яго не пусціў. Яшчэ ўцалеў малодшы Кастусёў брат Анатоль, які застаўся ў Клецку, бо там у той вечар ставілі спектакль, ён іграў нейкую ролю і не захацеў позна ісці дадому...
Цяпер падлічым: двое ўцалелі ад кулі дома. У хаце. І трое ўцалелі па збегу абставін. Пяцёра загінула. Пяцёра засталося: нібы нейкая сіла іх зберагала, няйначай, Вышэйшая сіла.
Раніцаю парадзелая напалову ся'я сабралася дома. У паветры плаваў саладкавапрэсны пах крыві, якая была густа разліта ля парога, дзе упаў прастрэлены аўтаматнаю чаргою гаспадар і на двух ложках, дзе ляжалі забітыя - сын, дачка, а нявестка на падлозе - усё было ў крыві, і пырскі і плямы крыві віднеліся нават на сценах над ложкамі, а кроў з забітае бабкі цякла на калыску, на малога Славіка, які літаральна купаўся ў яе крыві.
Цяжка ўявіць, якую трэба было мець сілу волі, выносліваць, моц сэрца і нерваў, каб не ўпасці, не зламацца духам і перажыць, вытрымаць тое, што давялося вынесці і перажыць усім ім, жывым, стоячы над трупамі сваіх родных, якія яшчэ нядаўна былі побач, а сёння ўжо адышлі ў іншы свет, толькі засталіся іх параненыя, прабітыя кулямі целы.
З Клецка прыехала машына з нямецкімі салдатамі і камендант, убачыўшы кроў і забітых людзей, закрычаў, што ён не даруе забойцам і зараз жа аддасць загад паліць вёску, так пачулі яны ўсе ад перакладчыка.
Але гаспадыня дома ўпала перад камендантам на калені і прасіла не рабіць людзям ніякае шкоды, бо яны не вінаватыя, а хто гэта зрабіў, таго пакарае сам Усявышні. Камендант паслухаў жанчыну - яму пераклалі - і сказаў "Гут".
Просьба маці можа падацца нязначным эпізодам. Але гэта не так: маці выратавала ад немінучай смерці не адзін дзесятак нявінных людзей і іх будынкі. А што было б, каб яна загінула ноччу разам са сваімі? Усявышні нібы знарок уратаваў яе, каб зменшыць людскую бяду...
Вось такі быў жудасны эпізод грамадзянскай вайны на нашай зямлі, "вайны пад стрэхамі", як назваў яе Алесь Адамовіч, чаго ніяк не хацелі празнаваць савецкія гісторыкі. Але факты - а іх вялікае мноства - паказваюць, што вайна ішла не толькі з немцамі, але і паміж сабою: помсцілі за крыўды, вялікія і малыя, за раскулачванне, за высылкі ў Сібір, за прысваенне чужое працы і чужога дабра. Партыйныя ратаваліся ад беспартыйных, аднаасобнік помсціў мясцоваму брыгадзіру за тое, што той абрэзаў яго соткі па самыя вуглы хаты, а старшыня калгаса ўцякаў ад "народнага гневу" вяскоўцаў за тое, што плаціў працадні "палачкамі", а не зернем ці грашыма.
У гарадах былі свае крыўды. Крыўдаў сабралася шмат, і ўсе іх трэба было выліць на нечыя галовы, а найбольш на прадстаўнікоў рэжыму, чыімі рукамі рабілася ўся несправядлівасць. Карацей кажучы, часта сусед тапіў суседа, каб адпомсціць за мінулую крыўду. Вось чаму ў вайну так шмат аказалася ахвяраў, чаго доўга не хацела празнаваць афіцыйная статыстыка: рэальны малюнак жыцця быў не ў яе карысць. І я ў сваім "перакручаным" апавяданні "Заклінаю ад кулі" паказаў падобны кашмар, і ён прайшоў, яго надрукавалі, прапусціўшы тое, што крычала, што не лезла ні ў якія афіцыйныя вароты: што партызаны забіваюць невінаватых людзей. У маім апавяданні яны забілі толькі тры чалавекі, у рэальнасці - пяць. Магчыма, што, калі б я напісаў так, як было ў жыцці, апавяданне не прайшло б. Цяпер мяне здзіўляе, што ўва мне ўжо тады сядзеў цэнзар, які ведаў, у якіх прапорцыях падаваць праўду і няпраўду, каб праўда ўсё ж магла дайсці да чытача. А мо то была звычвйная выпадковасць, мо проста заблытанасць сюжэту?
Тады, у 1960, калі мая кніжачка выйшла з друку, мае землякі здзіўляліся, як я мог так пераблытаць факты і пісаць абы што. Я і тады быў з імі згодны, але я ведаў, чаму так напісаў, а яны не ведалі. Каб я напісаў так, як было, яны не ўбачылі б таго апавядання ці двух апавяданняў, якія маглі б выйсці з-пад майго пяра: адно пра трох братоў, другое - пра сям'ю бургамістра. Дарэчы, у рэальнасці не такога ўжо і злога, як апісана ў маім апавяданні: не па яго віне былі расстраляны камсамольцы - падпольшчыкі, тады ён яшчэ не быў бургамістрам. Гэта факт, але ж апавяданне - не дакумент, там можа быць і выдумка, вымысел, і яго там шмат, так і прозвішчы - імёны не тыя, што былі ў рэальных людзей, і вёска перайначана - усё зроблена ў рамках дазволенага. Я гэтыя рамкі добра ведаў, папрацаваўшы рэдактарам сем гадоў, хоць як аўтар, як пісьменнік быў яшчэ зусім зялёны - меў два гады стажу. Ужо цяпер думаю, што калі б я сам не быў рэдактарам, які ведае, што можна пісаць, а што няможна, мае апавяданні і аповесці былі б, калі не лепшыя ў мастацкіх адносінах, дык выглядалі б хоць смялейшымі і вастрэйшымі, больш крытычнымі.
Ды, з другога боку, гэтую вастрыню, якая ў мяне з'яўлялася, тут жа "абчэсвалі" - або яшчэ ў рэдакцыях - радактары, або ў Галоўліце - цэнзары, адно з маіх першых апавяданняў "Ля старых шведскіх курганоў" было знята цэнзарам ужо з нумара часопіса "Маладосць" і яшчэ доўга не друкавалася, хоць я там і памяняў старшыно - нягодніка на брыгадзіра.
І яшчэ факт у маю карысць. Мой раман "Камень з гары" праляжаў у мяне дваццаць гадоў, пакуль яго надрукавалі, праўдзівей, калі яго стала можна надрукаваць...
Яшчэ што хацелася б сказаць у канцы гэтых нататак? Брата і сястру Новікаў я ведаў, вучыўся з імі перад вайною ў іхняй Даматканаўскай школе. Я ў пятым, а яны абое у шостым класе, ужо прыкметныя пераросткі. Абое былі высокія, танклявыя, паводзілі сабе прыстойна, без усякай фанабэрыі... Анатоль пасля пахавання родных трапіў у бальніцу, як і яго старэйшы брат Іван, іх жыццё было пад пагрозай - здавалі нервы.
Летам сорак чацвёртага браты Кастусь і Анатоль падаліся на Захад, за немцамі, потым апынуліся ў ЗША, завялі сем'і. Іван застаўся з маткаю і Славікам, якога маткабабка не аддала сыну забраць з сабою ў далёкі свет. Іван ваяваў у Карэліі, прайшоў праз смерць і "смерш" вярнуўся дадому без здароўя.
А малы Славік пад крылом у бабкі Алесі вырас добрым чалавекам, працаваў шафёрамвыпрабавальнікам на аўтазаводзе, а пасля пачаў ездзіць у далёкія маршруты, аб'ездзіў паўсвету, цяпер ужо на заслужаным адпачынку.
Дзіўна тое, што са Славікам Новікам мы сваякі - хоць не па крыві, а па сваяцкіх лініях. Яго маці Зося Паўлоўская была роднаю сястрою жонкі майго дзядзькі Івана Лобкі з Кухчычаў ля Клецка. У іх сям'і было чатыры дачкі - усе высокія, танклявыя, падобныя на матку Аляксандру і на цётку Зосю, якая загінула ў тую трагічную ноч.
Гэтыя дзяўчаты, потым жанчыны, Таіса, Ларыса, Ніна і Зоя - мае траюрадныя сёстры. Усе яны даводзяцца Славіку цёткамі, а паколькі я іхні брат, дык воляйняволяй стаў Славікавым дзядзькам. Цяпер у мяне на аднаго сваяка пабольшала. І я вельмі рады, што мы не ворагі, а сваякі. Хачу яшчэ напісаць апавяданне пад назваю "Славік, у крыві купаны". Каб жа толькі Бог даў сілу...
Уладзімір Дамашэвіч, 7.03.2007 г.
Часопісу "Роднае слова" - 20 гадоў
Часопіс "Роднае слова" можа па праву ганарыцца сваёй назвай і працай.
Часопіс э'яўляецца своеасаблівай крыніцай, з якой можна чэрпаць веды пра нацыянальную метадычную працу і яе ўзровень.
Алкрыцці ў навуцы не застаюцца па-за ўвагаю часопіса. "Роднае слова" злучае навукоўцаў і педагогаў, якія абменьваюцца досведам.
Публікацыі часопіса падпарадкоўваюцца агульнаму кірунку развіцця грамадства. Мэта выдання - выхаванне гарманічна развітой асобы. Часопіс змяшчае шэраг культуралагічных цыклаў, якія арганічна яднаюцца з навучальным матэрыялам. "Роднае слова" выказвае рэальныя ідэі, прапаноўвае канкрэтныя праграмы па іх увасабленні, пашырае кола культуралагічных тэмаў, без якіх немагчыма далейшае развіццё і ўдаскана-ленне выхаваўча-навучальнага працэсу.
Праграма публікацый часопіса датычыцца не толькі філалогіі, методыкі выкладан-ня, але і эстэтычнай культуры: музыкі, выяўленчага мастацтва, архітэктуры, таатра, кіно.
Раздзел "Культура Беларусі" ў гэтым сэнсе - адзін з вядучых. Калі на ўроках яднаюцца навука і мастацтва, значыць "Роднае слова" ўвайшло ў наша жыццё. Часопіс з дапамогай музеяанаўцаў, педагогаў, мастацтвазнаўцаў ак-рэслівае агульныя тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве, дае магчымасць пазнаёміцца з яго класікай, а таксама з узорамі, створанымі паводле літаратурных крыніц. Навуковыя і мастацкія паведамленні, адкрыцці, якія адбываюцца ў мастацтве, біяграфіі мастакоў, скульптараў, заўсёды дапаўняюцца ілюстрацыямі. У кожным нумары можна сустрэць згадку пра таго ці іншага вядомага мастака, пазнаёміцца з яго дзейнасцю, убачыць фотаэдымкі і рэпрадукцыі твораў. Асобна пызначае часопіс каляндар памятных датаў і юбілейных дзён на кожны месяц. Сярод іх - юбілеі мастакоў і тых падзей, якія адбываліся ці адбываюцца ў мастацкім жыцці Беларусі.
Часопіс вылучаецца актыўнай патрыятычнай нацыянальнай і грамадзянскай пазіцыяй. Гэта выяўляецца ў ар-ганізацыі матарыялаў. Часопіс-ныя публікацыі дапамагаюць настаўнікам-беларусістам будаваць урокі на нацыянальным мастацкім грунце і вучыць дзяцей і падлеткаў адчуваць сябе часткай навакольнага асяроддзя.
Надзея Усава, намеснік дырэктара па навуцы Нацыянальнага Мастацкага музея.
"Якая паэтка Айчынная!"
Так сказаў пра Дануту Бічэль Анатоль Сыс. Сказаў, як звязаў: ні дадаць і не адняць. Ёмка, трапна! Літаральна ў двух словах выказаў сутнасць яе паэтычнага таленту!
Гэтым крылатым выслоўем пачыналася вечарына, прымеркаваная да юбілею Дануты Янаўны. Яно прагучала ва ўступным слове Хрысціны Лялько, якая вяла рэй на гэтай урачыстасці, што адбылася 23 студзеня ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Трэба адзначыць, што ушаноўваць лаўрэатаў літаратурнай прэміі Янкі Купалы - добрая даўняя традыцыя музея. Данута Янаўна мае гэтую прэмію за зборнік вершаў "Дзе ходзяць басанож", ганарыцца ёю і прыгадвае самае кароткае ў сваім жыцці выступленне на той цырымоніі, калі на пытанне "Дык дзе ж, Данута Янаўна, ходзяць басанож?", яна адказала: "Тут".
Данута Бічэль пачала сваё выступленне з вершаў пра маці, самага дарагога чалавека ў жыцці кожнага з нас. Зала, як зачараваная, лавіла кожнае прамоўленае слоўка, кожны шчымлівы радок. Наталялася адметнасцю аўтарскага чытання, суперажывала. Стаяў цёплы зімовы вечар. За вокнамі Купалавага дома ціха падаў доўгачаканы сняжок, які бялюткай коўдрай на гэты час пакрыў зямельку, нібыта падкрэсліваючы празрыстасць і чысціню паэтычных радкоў спадарыні Дануты.
Сярод запрошаных - сябра, старэйшы пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч. Ён параўноўвае вершы Бічэль з пярлінкамі, якія вырастаюць на целе малюска, прычыняючы яму боль. У паэтычных радках Дануты боль і самота, а перадусім - любоў. Толькі праз боль, любоў і каханне могуць нарадзіцца творы, сатканыя з прастаты і чысціні. Гэтую думку развіваюць у сваіх выступленнях землякі: Ірына Багдановіч, Міхась Скобла. Свае вершы чытаюць маладыя творцы Аксана Данільчык і Ганна Серыхан. Паэтка і знаўца беларускай літаратуры Ірына Багдановіч прыходзіць у сваіх разважаннях да высновы, што "ў нашых лёсах ёсць ад кветак штосьці". У гэтым можна пераканацца пры ўважлівым прачытанні вершаў Дануты Бічэль. Яна, як ніхто іншы, апявае хараство беларускіх кветак, нашых раслінаксцяблінак, сярод якіх мы гадаваліся, па якіх хадзілі басанож; паэтызуе не толькі ружу, прыгажосці якой шмат увагі надаецца ў сусветнай паэзіі, але і родныя пралескі і дзьмухаўцы, браткі і казельчыкі... незабыўныя, духмяныя, знаёмыя з дзяцінства:
"Пі цвінтарэй, кахай і не старэй".
"Цвіце пасцель зязюльчынага лёну.
Імхі радзімы абніму шырока.
Стракоча ў галаве сасны сарока."
"Нядзелькай светлаю хадзіла.
Бальсан, сармацкае кадзіла,
казельчыкі, каціну мяту
сушыць закідвала на хату."
Ад так званых "усходнікаў" слова меў Франц Сіўко, які прыгадаў сустрэчы з Данутай Янаўнай у Віцебску. Гаварыў, як ён "ненаві-дзіць" прозу і любіць паэзію. І ўжо без жартаў - пра вершы Бічэль як складаныя ў сваёй прастаце, простыя ў сваёй складанасці.
Усе прамоўцы падкрэслівалі шчырасць паэтычнага радка Дануты, шчодрасць яе пачуццяў. Пра такіх творцаў як Бічэль ёсць трапныя радкі ў Ларысы Геніюш:
Змагаешся з цемраю, дык і жывеш,
Родзіцца творчасць са шчодрага сэрца,
З маленькіх пачуццяў не вырасце верш,
З пустога вядзерца вада не нальецца!
Прывітаў Дануту Янаўну пробашч Бабруйскага касцёла, дзе быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ён запрасіў прысутных на ўрачыстасць, якая адбудзецца 3 лютага, з нагоды адкрыцця ў касцёле дошкі да 200-годдзя паэта і драматурга.
...І зноў бярэ слова Данута Янаўна, і ў зале гаспадарыць Яе Вялікасць Паэзія. Гучаць духоўныя вершы. Яны нараджаліся з-пад пяра Бічэль недзе з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя і ўвайшлі ў кнігі: "Божа, мой Божа", "На белых аблоках сноў". Данута Янаўна прачытала свой новы цыкл вершаў "Ойча наш...". Яго складаюць 9 вершаў: "Ойча наш", "Каторы ёсць у небе", "Свяціся імя Тваё", "Прыйдзі валадарства Тваё", "Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі", "Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння", "І адпусці нам правіны нашыя", "І не ўводзь нас у спакусу", "Але збаў нас ад злога".
Паводле Хрысціны Лялько - гэта вяршыня паэзіі Бічэль, яе паэтычнае асэнсаванне кожнага радка малітвы Панскай.
Гралі маладыя музыкі, гучалі песні на вершы Бічэль. Паэтку віншавалі: Ірына Жарнасек, Ганна Запартыка, дырэктар Літара-турнага музея Янкі Купалы Алена Раманаўна Мацевасян. Мар'ян Дукса, які не змог прыехаць на юбілейную вечарыну, даслаў свой верш. Валянціна Якімовіч падаравала крыжык Еўфрасінні Полацкай. Кнігу Аляксея Карпюка "Выбраныя творы", - дачка пісьменніка і Міхась Скобла. Трэба было бачыць, якой радасцю для Дануты Янаўны былі гэтыя дзве дарагія яе сэрцу кнігі. Мастак Уладзімір Вішнеўскі ахвяраваў графічны твор. Ганна і Уладзімір Крукоўскія віталі спадарыню Дануту букетам ружаў незвычайнай прыгажосці і сваім таемным гасцінцам. Але самым неспадзяваным і нечака-ным для паэткі сталася новая кніжка вершаў "Ойча наш...", выдадзеная намаганнямі сяброў у выдавецтве "Про Хрысто".
Няхай і гэтая згадка пра той цудоўны вечар будзе табе маім падарункам, дарагая Данута Янаўна.
Ірына Марачкіна.
Прапануем першы верш з новай кніжкі.
"Ойча наш"
Ты мяне, зерне, пасеяў тут -
Я тут расту...
Ойча наш, калі я перайду
Праз мяжу ў прастору, у прастату,
Праз генетычны код роду
З-пад споду -
Ад слова, якое адбілася ценем,
да Слова, Якое сталася Целам,
магчыма, так праясніцца
таямніца жывога жыцця -
я - Тваё, Ойча, узлюбленае дзіця...
Ты любоў мне даў як аванс...
Паміж нас -
Між Тваёй зямлёю, Тваімі вышынямі -
Звініць непарыўная чыстая лінія...
У гэтым бляску
Ўсё дадзена мне навырост -
На Тваю хвалу, на мой пост,
На мой пералёт кароткі -
Як абавязак салодкі -
Неад'емнасць, надзейнасць,
Споўненасць, недарэмнасць...
Ты мяне
Не перасаджвай з Тваёй чыстай зямлі,
Я тут зацвітаю калі-нікалі
На блакітнай градцы малой...
Ойча наш, Ойча мой!
Беларусь ушаноўвае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Дуніну-Марцінкевічу
Пазнаёміўся з даўняю кнігаю,
з дзіўным словам, нязвыклай граматыкай.
Тут на кожнай шурпатай старонцы
свецяць вочы, чало тваё, Аўтар.
I мой век ненатольны лагодзіць
і маршчыны твае, і маршчынкі,
дакранаецца шрамаў пякучых,
выпрамляе забыўнасць і горасць.
Дзе б твой кліч ні насіўся гаркавы,
у якое жытло ні прасіўся,-
я ля кніжкі тваёй дачаканай,
ля тваёй ратаванае думы.
Панясу тваю зольную долю
у мой сонечны дзень, у прыволле,
да апошняй тапырнай травінкі,-
каб ад роднай зямлі несурочнай
не адарвацца.
Сяргей Панізьнік.
У Менску маліліся за Дуніна-Марцінкевіча
4 лютага 2008 г. у касцёле Святога Роха ў Менску адбылася імша, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За супакой душы класіка беларускай літаратуры разам з менскімі вернікамі маліліся таксама сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы.
Менскі залатагорскі касцёл быў абраны для імшы невыпадкова. Дунін-Марцінкевіч быў тут сталым парафіянінам, тут ён хрысціў усіх сваіх дзяцей. Ксёндз Юры Касабуцкі, які адпраўляў імшу, нагадаў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і сказаў:
- Святой памяці, светлай памяці Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч няхай дапамагае адтуль, з нябёсаў сваёй малітвай, сваім заступніцтвам людзям працягваць тую справу, якую ён пачаў. Каб усё гэта стала сапраўднай, вялікай, божай справай, якая праславіць наш народ.
Гэтымі днямі ў Беларусі знаходзяцца сваякі Дуніна-Марцінкевіча з Польшчы. Станіслаў Плаўскі, Агнешка і Тадэвуш Крыжанскія таксама прыйшлі памаліцца за свайго слыннага продка. Агнешка Крыжанская, наймалодшая прадстаўніца старадаўняга роду, кажа:
- Я тут упершыню. Вельмі цікава будзе пабываць у Люцінцы, бо мне пра гэтую мясціну шмат апавядаў мой тата. Таму вельмі хачу пабачыць. Вельмі задаволеная, што сюды прыехала, вельмі цешуся з таго, што тут вельмі шануюць нашага продка.
Удзел у набажэнстве з нагоды юбілею пісьменьніка, публіцыста і драматурга ўзялі таксама многія парафіяне і іншыя людзі, неабыякавыя да беларускай гісторыі і культуры.
На заканчэнне імшы ў касцёле Святога Роха слова ізноў узяў ксёндз Юры Касабуцкі:
- Калі мы зараз удзельнічаем у святой імшы і молімся за Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, то было б незразумелым, каб мы не знайшлі ягоных твораў і не пачыталі бы. І няхай ва ўсім гэтым нам дапамагае добры Бог.
Галіна Абакунчык
У фальварку Люцінка ўшанавалі Дуніна-Марцінкевіча
6 лютага 2008 г. у фальварку Люцінка каля Івянца, дзе жыў і працаваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, прайшлі ўрачыстасці да 200-годдзя яго нараджэння. У адной з адноўленых сядзібаў адкрылася літаратурна-мастацкая выстава. А ў касцёле служылі ўрачыстую імшу.
Вось што паведаміў арганізатар юбілейных імпрэзаў гісторык Алесь Белы:
Наш музей - рэгіянальны, на краі Люцінкі. Тут - фотаздымкі Крыжанскіх, унукаў ДунінаМарцінкевіча, з 1930х гадоў. Мапы і планы Люцінкі і яе ваколіцаў 1830 году. Таксама ў музеі фотаздымкі, якія адлюстроўваюць этапы рэканструкцыі драўлянай хаты пад музей. Выстаўлены творы мастакоў.
Ствараць экспазіцыю мне дапамагалі сябры грамадскага аб'яднання "Гісторыка". Сёння на адкрыцці выставы тут шмат мастакоў, музыкаў, дзеячаў культуры. Да прыкладу, мастак Уладзімір Кандрусевіч, літаратары Валеры Булгакаў, Уладзімір Содаль, Вячаслаў Рагойша.
На гэта час стала вядома, што Люцінку наведалі нашчадкі Дуніна-Марцінкевіча - Станіслаў Плаўскі, Агнешка і Тадэвуш Крыжанскія.
Фальварак Люцінка быў куплены Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам у 1840 годзе. Пераехаў сюды пісьменнік зь першай жонкай Юзэфай і двума дзецьмі - дачкой Камілай і сынам Міраславам. Малодшыя дочкі, Сафія і Цэзарына, нарадзіліся ўжо ў Люцінцы.
Вячаслаў Кулік.
Памятаем цябе, спадарыня Тамара!
На праспекце Ракасоўскага ў сталічным раёне Серабранка, у кватэры, дзе раней жыла Тамара Іванаўна Грузнова, гараць жалобныя свечкі. Сюды прыйшлі сябры Ленінскай раённай арганізацыі ТБМ Менска, каб памянуць свайго былога старшыню спадарыню Тамару, чыё жыццё скончылася год таму, 13 лютага.
Святло ад запаленых свечак прабіваецца вонкі і, перш чым растварыцца ў бяздонным космасе, узбагачаецца святлом, што зыходзіць з вокнаў менчукоў, якія ведалі Тамару пры жыцці, з якімі яна сябравала. Кажуць, што праз святло знічак адбываецца сувязь паміж душамі людзей, і калі гэтая сувязь парываецца, то нашы памерлыя, нашы Дзяды перастаюць спрыяць жывым.
Пры жыцці Тамару Іванаўну ласкава называлі гаспадыняй адметнай гасцёўні. Дзверы яе кватэры ніколі не зачыняліся для людзей з адкрытай душой і добрым сэрцам. Да Тамары можна было зайсці ў які заўгодна час і з любой нагоды: ці то па справе, ці то заскочыць на хвілінку, каб папіць гарбаты ды падзяліцца той ці іншай навіной. А яшчэ сябры ведалі, што гэтая жанчына ва ўмовах зрусіфікаванай постсавецкай рэчаіснасці ўсю сябе, сваё жыццё падпарадкавала нялёгкай справе адраджэння незалежнай, раўнапраўнай і квітнеючай Беларусі. Ведалі і як маглі дапамагалі ёй церабіць непадатлівы змагарны шлях.
Да рупнасці Тамары Іванаўны з паразуменнем і прыхільнасцю ставіліся ці не ўсе прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый і палітычных партый нацыянальнай дэмакратычнай арыентацыі. А для сябе яна выбрала працу ў Таварыстве беларускай мовы. Менавіта там яна раскрылася як бескампрамісны кампетэнтны захавальнік жывога беларускага слова.
І захоўвала, і пашырала. Асабістым прыкладам, ладам жыцця, перакананасцю. Няхай сабе і ўскосна, але менавіта дзякуючы Тамары Іванаўне адбылося і маё ўласнае вяртанне да беларускага слова.
Нашы шляхі, двух незнаёмых адзін аднаму людзей, перакрыжаваліся ў тую пару, калі сапраўдная гісторыя Беларусі пачала раскрывацца праз чытанне газетных артыкулаў з кніжкі "Сто пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі". Але самі беларусы яшчэ не паспелі асэнсаваць важнасць надання беларускай мове статуса дзяржаўнай. Менавіта тады ў адзін з летніх надвячоркаў мне давялося ехаць электрычкай з лецішча дадому. У перапоўненым вагоне зрэдчас агучваліся назвы чарговых прыпынкаў. Вось жа металёвы голас радыё прахрыпеў "Следующая остановка - Роща!".
Ці мала такіх аб'яў падчас паездак даводзілася прапускаць міма вушэй! А запомнілася тая, даўнішняя. Справа ў тым, што тады наўздагон рускамоўнай аб'яве праз увесь вагон нечакана, жывым жаноцкім мілагучным голасам, на чысцюткай беларускай мове прагучала: "Наступны прыпынак - Гай!".
Мне захацелася выказаць падзяку жанчыне, якая так да месца дапасавала дакладнае беларускае слова - гай . Але не паспеў. Яна накіравалася да выхаду і на кароткі момант зноў паказалася на ходніку каля вагона. У яе была гожая постаць і лагодныя вочы за акулярамі.
Тое, што гэта была Тамара Іванаўна Грузнова, я даведаўся крыху пазней.
Сяржук Атрашэнка, сябар ТБМ .
Значкі да 170-х угодкаў з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага
Гарадзенская арганізацыя Партыі БНФ выпусціла серыю значкаў, прысвечаных сто семідзесятай гадавіне з дня народзінаў Кастуся Каліноўскага. Выпуск значкоў з'яў-ляецца часткай кампаніі "Год Незалежнасці - 2008?.
Кампанія прысвечаная 90-годдзю абвяшчэння нашай не-залежнай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі.
Нагадаем, што ў Горадні дзейнічае аргкамітэт святкавання 90-х угодкаў БНР, утвораны па ініцыятыве Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ. Да працы ў аргкамітэце далучыліся Гарадзенскі Рух "За Свабоду" і гарадзенскі Малады Фронт. Да ўдзелу запрашаюцца прад-стаўнікі іншых палітычных партый, грамадскіх арганізацый і грамадзянскіх ініцыятываў горада.
Наш кар
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Маршалак губерні кватэру ў шляхецкім доме не заняў, бо часова аддадзеная яна была біскупу, але шляхецкія архівы атрымалі апякуна, праўда, без жалавання, так што маршалкі і дэпутаты змушаныя былі класці грошы з уласнай кішэні датуль, пакуль назад не вярнуліся бальшавікі, і ніхто дагэтуль не ведае, які быў лёс архіваў дэпутацыі.
29 студзеня 1920 г. Выезд у Менск, ізноў на конях, 20 міль, праз Старыцы. У Менску паседжанне ў Рачкевіча па гаспадарчых і забеспячэнскіх справах. Для таго, каб стала быць гатовым даць раду Рачкевічу, які вельмі хутка арыентуецца, але з эканамічнымі справамі яшчэ не дастаткова пазнаёміўся, з яго згоды вылучылі сталых прадстаўнікоў: ад Сельскагаспадарчага таварыства Зыгмунта Равенскага і Альгерда Свіду; ад "Саюза абшарнікаў" Людвіга Уняхоўскага і Юзафа Свянціцкага. Абмяркоўвалася таксама справа па разняволенні дробных арандатараў не без даволі вялікага супраціву ўладальнікаў маёнткаў. З Менска ў Варшаву я адправіўся праз Вільню, бо іншых цягнікоў не было. У "цяплушцы", прызначанай для 40 чалавек, ехала нас 100; праз двое сутак такога вандравання я дабраўся да Варшавы.
Перад гэтым на агульным сняданку, на які мяне запрасіў мой кузен Алекс Ваньковіч з Менска, я пазнаёміўся з вядомым Меражкоўскім, амаль усе творы якога я чытаў або ў перакладзе, або ў арыгінале. З Меражкоўскім ехала яго жонка, публіцыст Філосафаў і паэт ці то Зотаў, ці то Зорын, не памятаю добра. Уся гэтая кампанія жыла ў Менску ў кляштары манашак і пачынала аб'езд: Менск, Вільня, Варшава замежжа з галоўнай думкай: Расія сама ўстаць і адрадзіцца не можа, патрэбныя новыя "варагі", гэтымі "варагамі" павінны быць палякі; яны павінны пабіць бальшавікоў, узяць Маскву, навесці парадак у Расіі, арганізаваць і ўвесці ў федэрацыю славянскіх народаў.
Калі Польшча не возьмецца зараз за гэтую гістарычную місію, то гэты момант ужо ніколі не паўторыцца і Расія будзе змушаная зваліцца ў абдымкі Нямеччыны, якая потым разам з Расіяй задушыць Польшчу. Гэтыя меркаванні выказаў Меражкоўскі генералу Жалігоўскаму, камандуючаму аперацыйнай групай на беларускім фронце. Гэты просты салдат, выслухаўшы, сказаў: "Вельмі добра, вазьму 10 дывізій, і праз два тыдні Масква будзе ў руках Польшчы, але яна нам не патрэбна, каму, прафесар, скажаш яе аддаць?" Меражкоўскі не здолеў на гэта даць адказ, і ў гэтым складаецца ўвесь трагізм становішча Расіі.
У Варшаве пытаннем дня быў мір, закючыць які прапанавалі бальшавікі. На наступны дзень пасля прыезду я быў на шматлюдным зборы "Партыі канстытуцыйнай працы", для якой барон Кроненберг даў свае апартаменты. Дэпутат з Галіцыі, ён жа чалец камісіі па замежных справах у Сойме, Старавейскі зрабіў справаздачу на паседжанні камісіі, што міністр замежных спраў Патэк у прысутнасці высокіх вайсковых улад распавядаў аб выніках свайго знаходжання ў Парыжы і Лондане, а таксама патрабаваў, каб камісія выказалася па пытанні міру з бальшавікамі. Камісія прыйшла да высновы, што адмоўнага адказу даваць не варта, а чакаць, пакуль справа сама па сабе больш выпагадзіцца і, мусіць, тыдні праз 3 4 штонебудзь адказаць. Вайсковыя ўлады сцвярджалі, што на фронце маецца дастатковыя сілы, каб аказаць супраціў бальшавікам і як след іх пабіць.
Агульны настрой збору быў мірны. Я выступаў супраць, даказваючы, што мір без поўнага разгрому бальшавікоў, гэта толькі адкрыццё нашых меж для прапаганды на Беларусі, і так ужо засыпанай бальшавіцкімі пракламацыямі. Здавалася, што мяне падтрымалі, але калі я выходзіў, барон Кроненберг узяў мяне за локаць і шапнуў: "Польшча далей ваяваць не можа, таму што вайна каштуе ёй мільярд у месяц, а ў кішэні няма і гроша".
На наступны дзень, каб зарыентавацца ў настроях Варшавы, я пайшоў да графа Юзафа Патоцкага. Той таксама быў настроены на мір, сцвярджаючы, што "паколькі лёс наш знаходзіцца ў руках чалавека такога маштабу, як Пілсудскі, то мы можам пачувацца ў бяспецы, усё будзе прадбачана". Затым я адправіўся да былога чальца Дзяржаўнай рады, вельмі са мной дружнага Ігната Шабекі, нядаўна прызначанага амбасадарам у Берлін, нягледзячы на яго германафобскі настрой. Ён хутчэй падыходзіў для Парыжа або Лондана, дзе раней доўга быў і ўсталяваў шмат кантактаў і сувязяў. Той таксама быў настроены досыць мірна, даказваючы, што бальшавікі, быўшы вельмі саслабелымі, прымуць зараз усе ўмовы, таму ўмовы трэба высоўваць самыя цвёрдыя, бо адкладаючы, мы рызыкуем, у выпадку прыходу да ўлады ў Польшчы яшчэ больш левых элементаў, якія самі па сабе мірна настроеныя, што тыя самі пачнуць прапаноўваць бальшавікам мір і пагодзяцца на горшыя ўмовы.
Праз два дні Шабека павінен быў выехаць у Берлін, быў на аўдыенцыі ў Пілсудскага, ад якога пачуў, што Польшча не так багатая, каб магла сабе дазволіць выдаткі рэвалюцыі, ён асабіста ніколі да гэтага не дапусціць, а прывядзе краіну праз эвалюцыю да парадку. Шабека ў Парыжы і Лондане сустракаўся з былымі царскімі дзяржаўнымі дзеячамі і сваімі ранейшымі калегамі з Заканадаўчых Палат: Сазонавым, Львовым, Мілюковым і г. д. і тлумачыў ім хібнасць палітыкі Расіі, якая думае, што яе місія на Захадзе, тады як яе місія на Ўсходзе, дзе захоплены кавалак краіны стакратна вярнуў бы страту некалькіх бедных беларускіх губерняў. Я пайшоў шукаць іншыя настроі. Сустрэў такія толькі на абедзе ў Лядніцкага і на звычайным суботнім зборы ў старшыні Глінкі. Там мяне ўсе ўгаворвалі, каб я ішоў са сваімі поглядамі ў Бельвядэр і дамагаўся адмовы ад заключэння міру зараз. Але паколькі тэрмін майго ад'езду быў сапраўды вызначаны і я не мог разлічваць на тое, што мяне выслухаюць тады, калі я захачу, я выехаў і праз трое сутак вандравання ў неверагодных умовах, цудам не заразіўшыся якойнебудзь хваробай або заразай у перапоўненых салдатамі вагонах, дабраўся дадому.
Падчас майго знаходжання ў Варшаве быў штрайк пекараў і іншыя штрайкі, выкліканыя, па аповядах, інструкцыямі, атрыманымі з Масквы непасрэдна ад Леніна і Троцкага. Наогул, бальшавізм на Ўсходзе меней страшны для нас, але горш і ў сто раз небяспечней той, які пачынае прасочвацца ў войска. Падчас майго знаходжання ў Варшаве ў Пілсудскага была вялікая дэлегацыя ад левых сіл Сойма, якая патрабавала заключыць мір на працягу трох дзён, у выпадку адмовы пагражала пачаць усеагульны штрайк. Пілсудскі вельмі трапна адказаў, што "з бальшавікамі прасцей ваяваць, чым заключаць мір".
4 сакавіка 1920 г. Я паехаў у Слуцк на арганізацыйны з'езд па справах самакіравання, на якім павінен быў прысутнічаць начальнік Менскай акругі Ў. Рачкевіч. Дэбаты вяліся аб першачарговых патрэбах павета, якіх аказалася так шмат, што на іх задавальненне не хапіла б і мільярда. Ад павета вылучылі чатырох дэлегатаў на такі ж з'езд у губерні, у іх ліку і мяне. У гонар Рачкевіча мы наладзілі вячэру, а на наступны дзень я быў на абедзе, наладжаным у гонар Рачкевіча старастам Грабоўскім. Я павінен быў абавязкова на наступны дзень быць у Менску на паседжанні Сельскагаспадарчага таварыства, таму Рачкевіч прапанаваў паехаць з ім машынай да Бабруйска, адкуль генерал Канаржэўскі, які часова там размясціўся, павінен быў адправіць мяне ў далейшую дарогу якімнебудзь вайсковым цягніком.
(Працяг у наступным нумары.)
Вялікі Вінцэнт Беларусі
Ёсць у нашай Бацькаўшчыны сыны і дочкі, імёны якіх, вяртаючыся і паўстаючы з даўніны і таямніцы, мацнеюць і трывалеюць у сённяшняй культурнай бытнасці і духоўным жыцці краіны. Адным з першых у грамадзе гэтых імёнаў яснее постаць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Паэт, драматург, перакладчык, знаўца нацыянальнай культуры і, урэшце, пачынальнік новай беларускай літаратуры. Напэўна, ніводны з беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. не пакінуў нашчадкам такой багатай і разнастайнай жанравай літаратурнай спадчыны, як В. Дунін - Марцінкевіч. Кнігі беларускага дудара сталі творчым арыенцірам для беларускіх пісьменнікаў не аднаго пакалення. Пад уплывам В. Дуніна - Марцінкевіча пачалі пісаць Янка Купала, Алесь Гарун, Ядвігін Ш. і іншыя пісьменнікі пачатку ХХ ст. Сваёй літаратурнай працай асветнік унёс вялікі ўклад у выпрацоўку першых норм беларускай літаратурнай мовы, чым значна аблегчыў працу сваім паслядоўнікам па далейшым яе развіцці. Як піша адзін з даследчыкаў асобы і творчасці беларускага дудара Язэп Янушкевіч, В. Дунін - Марцінкевіч быў адным з першых, хто выступіў на ніве новага беларускага пісьменства, усёй падзвіжніцкай дзейнасцю сцвярджаючы ідэю існавання айчыннай літаратуры на роднай мове і шмат у чым вызначаючы дэмакратычны характар і кірунак яе далейшага развіцця. Трапіўшы пад ганенне з абодвух бакоў, афіцыйных уладаў і польскіх шляхецкіх шавіністаў, улічваючы трагічны досвед папярэднікаў, братоў па духу і пяру, Дунін - Марцінкевіч пайшоў шляхам, па-свойму мужным і цяжкім, здолеў зрабіць болей - заклаў трывалы падмурак нацыянальнай літаратуры новага часу.
Нарадзіўся В. Дунін - Марцінкевіч на Бабруйшчыне ў колішнім фальварку Панюшкавічы. Хрысцілі Вінцэнта ў бабруйскім парафіяльным касцёле. Пачатковую адукацыю будучы пісьменік атрымаў у павятовай школе Бабруйска.
Працяглы час датай нараджэння Дуніна - Марцінкевіча было прынята лічыць 1807 г., пра што шматкроць сведчылі і сучаснікі, і блізкія да спадара Вінцэнта людзі. Але даследчык і гісторык беларускай літаратуры Генадзь Кісялёў адшукаў і апублікаваў метрычны запіс Бабруйскага парафіяльнага касцёла святых Апосталаў Пятра і Паўла аб хрышчэнні Вінцэнта. Запіс у метрычнай касцельнай кнізе паведамляе наступнае : "Года Божага 1808, студзеня 23 дня - Я, Ігнат - Якуб Даліва-Садоўскі, прэлат, кантар Мінскі, канонік Жытомірскай кафедры, доктар філасофіі, краснасельскі пробашч, ахрысціў адной вадой дзеля небяспекі для жыцця дзіця, названае двума імёнамі ВінцэнтЯкуб, якое нарадзілася ў згаданы дзень. Сына яго міласці Яна Марцінкевіча, падчашага наваградскага, і Марыяны з Нядзведскіх. Высакароднымі кумамі былі яго міласць Іпаліт Паўловіч з яе міласцю Юльянай Марцінкевічанкай, дачкой падчашага наваградскага (старэйшая сястра Вінцэнта ) " . Паводле новага стылю дзень нараджэння творцы адзначаецца 4 лютага.
Хаця дар таленту Дуніна - Марцінкевіча расквітнеў не на Бабруйшчыне, бясспрэчна, што карані яго музы з бабруйскай зямлі. Гэта яе жыватворчыя сокі далі натхненне і моц яго творчай душы.
О, магіла бацькоў! - любых прдкаў сядзіба!
Я вітаю цябе, мая родная скіба!
Я душою твае бачу ціхія нівы
І прыгадваю час - час мінулы шчаслівы!
Маладыя гады ў думках я ўспамінаю
Бо ўздыхаць на ўвесь свет не люблю, не жадаю…
…Што мне Вена, Мадрыд,
што мне Лондан туманны,
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы!...
… Тут ёсць праўда і шчырасць,
тут людзі з душою!
Тут бацькоў маіх прах пад сырою зямлёю!
(З вершаванага апавядання
"Благаславёная сям'я").
І ў Бабруйску шануюць памяць пра вялікага земляка. На жаль, не зусім годнае і адпаведнае значэнню асобы Дуніна - Марцінкевіча гэтае ўшанаванне… Непадалёк ад месца дзе калісьці знаходзілася сядзіба Марцінкевічаў на прыдарожным валуне прымацавана гранітная дошка з наступным тэкстам: "На гэтым месцы знаходзілася сядзіба, дзе ў 1807 г. нарадзіўся В. І. Дунін - Марцінкевіч, класік беларускай драматургіі". Летась тэрыторыю вакол памятнага знака прыпарадчылі, а прылеглую балацінку адгарадзілі арэхавым частаколам. Праз некалькі сот метраў ад валуна, на тэрыторыі лагера адпачынку "Рамонак" уталявана бетонная стэлапомнік з профільнай выявай і надпісам "В.І. Дунін - Марцінкевіч", але стан гэтага "помніка" страшэнны. У самім Бабруйску імя паэта і драматурга прысвоена тэатру драмы і камедыі. А замест гожага бронзавага помніка ў дзве натуральныя велічыні, вырабленага да 180годдзя пісьменніка, але так і не ўсталяванага і скрадзенага, пазней - да 190ай гадавіны з дня нараджэння, праваруч увахода ў тэатр быў пастаўлены сціплы мармуровы бюст творцы.
Як сказаў у адным са сваіх вершаў Рыгор Барадулін: "Жыццё лісцё, а памяць карані." І як бы ні асцёбвалі нашыя вершаліны - карані нашай памяці прарастаюць!... Памятаючы пра прыналежнасць Дуніна - Марцінкевіча да Касцельнай супольнасці, бабруйскія католікі вырашылі ўвекавечыць памяць пра яго хрост. Да таго ж 200-я гадавіна хрышчэння дзень у дзень супадае з 200-годдзем з дня народзінаў класіка.
Так сталася, што першы бабруйскі парафіяльны касцёл, пабудаваны ў 1615 г., у якім хрысцілі Вінцэнта-Якуба, не захаваўся. Пасля моцнага панішчэння пажарам у снежні 1885 г. муры святыні разабралі ніжэй падваконняў, а праз некалькі год на яе магутным падмурку вайскоўцы залогі Бабруйскай цвердзі, на тэрыторыі якой касцёл апынуся ў пачатку 1812 г., пабудавалі двухпавярховы цагляны будынак, які выкарыстоўваўся імі да 2005 г. Зыходзячы з гэтых абставінаў пробашч бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Юры Быкаў прыняў рашэнне ўсталяваць мемарыяльную дошку у гонар слыннага парафіяніна ў дзейным касцёле. З просьбай аб яе вырабе ксёндз Юры звярнуўся да вядомага беларускага скульптара Валяр'яна Янушкевіча. Спадар Валяр'ян зрабіў вельмі прыгожы і сакральны помны знак, які арганічна ўпісаўся ў нядаўна абноўлены інтэр'ер касцёла. Дошка выканана з зялёнага мармуру, у верхняй частцы змешчаны бронзавы медальён з рэльефнай профільнай выявай В. Дуніна - Марцінкевіча; ніжэй, на беларускай лацініцы, выгравіраваны пазалачоны тэкст " Году Божага 1808, дня 4 лютага, у Бабруйску быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін - Марцінкевіч". Умацавалі дошку на бліжэйшай ад уваходу правай калоне, між цэнтральнай і бочнай навамі, а яе адкрыццё было ўключана ў спіс мерапрыемстваў па святкаванню 200-годдзя здня народзінаў В. Дуніна - Марцінкевіча. Сваю згоду на чын асвячэння мемарыяльнай табліцы даў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
І вось пагодлівым нядзельным днём, 3 лютага 2008 г., у пачатку святой Імшы аб 11ай гадзіне, у перапоўненым вернікамі і гасцямі бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Яго Эксцэленцыя ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасля прынагоднай малітвы адкрыў і асвяціў мемарыяльную дошку ў гонар Вялікага Вінцэнта. Падчас палымянай казані ў час Імшы Яго Эксцэленцыя неаднаразова падкрэсліў значэнне асобы Дуніна - Марцінкевіча, як прыклад хрысціянскага служэння грамадству і дбання аб спрадвечных, Богам дадзеных, каштоўнасцях. Мітрапаліт узгадаў словы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, што культура паходзіць ад слова культ, якое азначае рэлігійнае служэнне. Сапраўдная культура стаіць на варце маральнасці, духоўнасці і справядлівасці. І творчасць Дуніна - Марцінкевіча стала ўзбагачэннем менавіта такой культуры. Арцыбіскуп Тадэвуш таксама выказаў думку, што дзяржава можа толькі тады смела глядзець у заўтрашні дзень, калі ў гэтай дзяржаве шануецца духоўная спадчына, мова і гістарычная памяць. Мітрапаліт, а за ім і ксёндз Юры Быкаў шчыра падзякавалі ўсім, хто спрычыніўся да з'яўлення і ўсталявання мемарыяльнай дошкі.
Выказваючы ксяндзу арцыбіскупу Т. Кандрусевічу словы ўдзячнасці за цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы сябра парафіяльнай рады сп. Ала Грахава, разам з маленькім парафіянінам Вадзікам, пранікнёна прачыталі верш В. Дуніна - Марцінкевіча, прысвечаны Бібліі, "Дзіця і маці":
Скажы, прашу, мне, мама дарагая,
Чаму і ўстаўшы й позняю парою
Штодзённа на каленях Бога мы благаем,
Гаворым пільна пацеркі з табою?...
…Ён сонца мо ўзняў на нябёс скляпенне
І зоркамі багата ўкрыў блакіты?
Ці праз Яго, прагнаўшы ночы цені,
Нам месяц шле свой бляск несамавіты?
На гэтыя дзяціны шчабятанні
Адкажа маці: "Вось у кніжцы новай,
Што дам табе, на ўсе твае пытанні
Адказ заўсёды знойдзеш ты гатовы.
Усё Бог сатварыў сваёй магутнай сілай,
Хто ў Бога верыць, той не ашуканы,
Душой я веру, бо мне верыць міла,
І верылі ж бацькі так пастаянна".
Верш гэты вельмі вусцешыў Мітрапаліта, дый усіх прысутных. Падалося нібы сам аўтар невідочна завітаў у святыню … Пасля гэтага, завяршаючы Імшу, Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Т. Кандрусевіч удзяліў усім сваё арцыпастырскае дабраслаўленне.
Перажытая ўрачыстасць прыемна ўразіла шматлікіх гасцей, прадстаўнікоў улады і прэсы. Вельмі задаволены засталіся нашчадкі В. Дуніна - Марцінкевіча па лініі дачкі Камілы - Станіслаў Плаўскі, Тадэвуш Крыжанскі і Агнешка Бжэгув, якія прыехалі з Польшчы.
Аўтар мемарыяльнай дошкі скульптар Валяр'ян Янушкевіч, адказваючы на шматлікія пытанні журналістаў між іншага сказаў: "Знаходзячыся сёння тут, у Бабруйску, маю даволі складанае пачуванне. З аднаго боку - хвалююся, бо прадстаўляю парафіянам касцёла і ўсім бабруйчанам сваю працу. З іншага - я шчаслівы, з таго, што бяру ўдзел у гэткай эпахальнай падзеі. Хаця па ўсёй краіне у той ці іншай ступені адзначаецца 200годдзе з дня нараджэння Дуніна - Марцінкевіча, вельмі сімвалічна, што менавіта ў Бабруйск прыехаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Прыехаў у той горад, які перад усім звязаны з імем пачыныльніка новай беларускай літаратуры".
4га лютага, у 200ты дзень нараджэння беларускага дудара, адбыліся святочныя мерапрыемствы, арганізаваныя выканаўчай ўладай г. Бабруйска і раёна. У Панюшкавічах прайшоў мітынг і ўскладанне кветак да мемарыяльнага сядзібнага каменя. А ўвечары ў тэатры адбылося творчае прадстаўленне па біяграфічных вехах і літаратурных творах пісьменніка. У гэтых святочных падзеях удзельнічалі таксама ўнучка стрыечнага брата сп. Вінцэнта Беата Хоміч з дачкой Барбарай.
Вышэйапісанымі бабруйскімі ўрачыстасцямі год Вінцэнта Дуніна - Марцінкевіча толькі распачаўся, і наперадзе яшчэ шмат сустрэч і судакрананняў з прыгожай спадчынай і асобай Вялікага Вінцэнта Беларусі.
Віктар Маліноўскі г. Бабруйск.
Адышоў у лепшы свет Кастусь Акула
29.01.2008 г. у Канадзе адышоў у лепшы свет Кастусь Акула.
Кастусь Акула ( Аляксандр Ігнатавіч Качан) - вядомы грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт, драматург.
Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павету (цяпер Докшыцкі рн Віцебскай вобл.). У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА). Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. эміграваў у Канаду.
Кастусь Акула з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары. Пісаў і друкаваўся ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант". У Беларусі і на эміграцыі Кастусь Акула вядомы сваімі празаічнымі творамі - раманамі "Змагарныя дарогі", "За волю", трылогіяй "Гараватка". К.Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове "Заўтра - гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман зараз рыхтуецца да выдання ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчына" (пераклад на беларускую мову Ірыны Варабей).
Усё жыццё Кастуся Акулы было прасякнутае любоўю да Беларусі. Ён марыў бачыць сваю Радзіму вольнай, незалежнай краінай і шмат зрабіў для гэтага.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" смуткуе з нагоды смерці вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, чыё ахвярнае жыццё на карысць Беларусі ёсць узорам для беларусаў у замежжы і на Радзіме. Выказваем шчырыя спачуванні родным, блізкім і паплечнікам сп. Кастуся.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Не стала Кастуся Акулы
Сумная вестка з далёкай Канады ўскалыхнула жалобай многія сэрцы нацыянальна сведамых людзей ў Беларусі. Памёр выдатны бе-ларускі пісьменнік, рэдактар шматлікіх беларускіх выдан-няў, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары Канады, ветэран Другой сусветнай вайны Кас-тусь Акула (16.11.1925-29.01. 2008 г.)
Кастусь Акула (Аляксандр Качан) нарадзіўся ў вёсцы Верацеі цяпер Док-шыцкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля сканчэння школы, Аляксандр уступіў у Беларускую Краёвую Абарону, каб мець магчымасць абараняць родны край ад фашыстаў і бальшавікоў. Гэта быў чэрвень 1944 года. А ў жніўні, пасля эвакуацыі школы, трапіў ў 8 брытанскую армію Андэрсана ў Італіі, дзе узельнічаў ў баях з фашыстамі на Апенінскім паў-востраве. Узнагароджаны ордэнам "Зорка Італіі", а таксама брытанскім "Медалём за вай-ну". Пасля сканчэння ІІ Сусветнай вайны пераехаў на сталае жыццё ў Канаду.
У 1948 годзе па яго ініцыятыве было створана Згуртаванне беларусаў Кана-ды, пачалося выданне газеты "Беларускі эмігрант". У гэтыя ж гады да Кастуся Акулы прыходзіць вядомасць і як да захапляльнага і глыбокага пісьменніка, які вельмі тонка мог перадаваць асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў, што шчыра выяўляўся ў часы грозных выпраба-ванняў, грунтаваўся на любові да сваёй Бацькаўшчыны. Пра талент Кастуся Акулы ва ўвесь голас загаварылі, калі з'явіліся такі раманы пісменніка, як трылогія "Гараватка" (1965), "Tomorrow is yesterday" (1968), "За волю" (1991) "Усякая ўсячына. Проза, паэзія, п'есы" (1984). А выдатны раман "Змаганыя дарогі" (1962), які перавыдаваўся выдавецтвам "Мастацкая літаратура" ў 1994 годзе, замацаваў за Кастусём Акулам статус пісьменніцкага таленту, які ў адлюстраванні трагічных падзеяў ІІ сусветнай вайны стаіць побач з Васілём Быкавым.
Аўтару гэтых радкоў і вядомаму беларускаму журналісту Вітаўту Мартыненку прышлося асабіста пазнаёміцца са спадаром Акулам яшчэ ў сярэдзіне 80-гадоў, калі ён згадзіўся стаць рэдактарам нашай першай кнігі па беларускай музыцы розных кірункаў "Праз рок-прызму" (БІНІМ, New York, 1989), калі па выдавецкіх справах наведваў Беларусь. Мы з Вітаўтам Мартыненкам былі і застаёмся вельмі ўдзячнымі спадару Кастусю за яго пільны рэдактарскі чын, які дазволіў нам не толькі выдаць першы ў Беларусі том музыказнаўчых дасле-дванняў, але і прывіў нам любоў да не зрусіфікаванай, не скалечанай беларускай мовы, актыўным носьбітам і прапагандыстам якой ён ўсё жыццё і з'яўляўся.
Мы будзем помніць Вас і Ваш гераічны чын на карысць Волі, Незалежнасці і Дэмактарыі ў Беларусі! Няхай пухам Вам будзе зямля, спадар Кастусь!
А тут на Беларусі партрэт Кастуся Акулы займае ганаровае месца ў Музеі беларускага мастацтва "Фонд Анатоля Белага" у Старых Дарогах. Там жа разгорнута экспазіцыя твораў Кастуся Акулы, у якой паказана амаль усё напісанае і выдадзенае пісьменнікам.
А. Мяльгуй, В. Мартыненка, сябры Клуба "Спадчына".
19 лютага ў 18.30 на сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца вечарына памяці Кастуся Акулы, якую ладзяць ГА "Таварыства беларускай мовы" і МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Светлы Чалавек
Пра Ірыну Платонаўну Крэнь можна сказаць - Светлы Чалавек. У кожнага, хто сустракаўся з ёю, яна пакінула яркі незабыўны след. Была чалавекам спагадлівым, чулым, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу, з ёю можна было падзяліцца радасцю, расказаць пра свае клопаты. У сяброўстве была адданая да апошніх дзён свайго жыцця.
Маё знаёмства з Ірай адбылося ў жніўні 1948 года ў час уступных экзаменаў у БДУ. Памятаю: даваенны чырвоны корпус універсітэта, калідоры, поўныя абітурыентаў. Мінчане, раскаваныя, шумлівыя, большасць знаёмыя паміж сабой стаяць купкамі. Мы ж, перыферыйныя, з розных гарадоў, мястэчак і вёсак, паводзім сябе інакш: адчуваем сябе няўтульна, насцярожана прыглядаемся адзін да аднаго - няўпэўненасць пужае: вакол усе незнаёмыя, і ўсё новае, непрывычнае, непадобнае на школу. Да мяне падышла чарнявая дзяўчынка, з далікатнымі, мілымі рысамі твару, з аксамітнымі, вельмі прыгожымі вачыма. Яна ветліва ўсміхнулася і пацягнула руку: "Іра". Мы пазнаёміліся, і я старалася быць каля яе. На экзамене па беларускай мове (сачыненне) селі побач. Я скончыла рускую школу ў м. Вялікая Бераставіца на Гарадзеншчыне і не так добра валодала мовай, як мая новая знаёмая. Іра час ад часу паглядала, як я пішу, і крадком дапамагала. Па сачыненні я атрымала "выдатна", дзякуючы чаму і паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. Апынулася ў адной групе з Ірынай, вучыліся разам усе пяць гадоў.
Прыцягвала мяне да Ірыны яе адкрытасць, прастадушнасць, любоў да роднага слова, тонкае разуменне літаратуры. Я тады не ведала, што яе бацька, Платон Крэнь, "беларускі інтэлігент з народа", як добра назваў яго Васіль Быкаў у прадмове да кнігі Платона Крэня "Бывай, Ярашоўка". Пра бацьку Ірына не расказвала, бо ён, беспадстаўна абвінавачаны, як і тысячы сапраўдных беларускіх патрыётаў, пакутаваў у ГУЛАГу. Ужо праз шмат гадоў пасля заканчэння універсітэта я зразумела, адкуль у Іры такая любоў да роднага слова, да свайго народа, краю, да беларускай культуры і літаратуры - усё гэта вынік сямейнага выхавання, плённы ўплыў бацькі - беларускага паэтапатрыёта.
Пасля заканчэння ўніверсітэта я не страціла сувязі з Ірынай. Мы часта сустракаліся, яна знаёміла мяне са сваімі артыкуламі, нарысамі, расказвала пра сустрэчу з Янкам Брылём, Васілём Быкавым і яго жонкай, з мастаком Марачкіным і інш., з якімі сябравала, брала ў іх інтэрвію, пісала пра іх у сваіх публікацыях.
Ірына не была абыякавай да людзей, да іх клопатаў і праблем. Ведаю, як доўга і старанна яна дабівалася, каб Ніне Барысаўне Ватацы, вядомаму беларускаму вучонамубібліёграфу, адзінокай жанчыне, далі асобную аднапакаёвую кватэру. Пайшла на прыём да мэра горада, Кавалёва Міхала Васільевіча, пасля чаго Ніна Барысаўна атрымала жыллё.
Ірына Платонаўна доўгі час працавала ў газеце "Наша слова", а пасля - рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета". Яна стала высокакваліфікаваным спецыялістам. Дзякуючы ёй былі падрыхтаваны і выйшлі з друку шмат дапаможнікаў і падручнікаў для школы па мове, літаратуры, методыцы мовы, педагогіцы. Марына Цімафееўна Каралёва, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Белдзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка, успамінае: "Ірына Платонаўна была вельмі ўважлівай да аўтараў, з якімі ёй даводзілася працаваць: прыслухоўвалася да іх, не навязвала сваёй думкі, але, калі трэба было, мякка і настойліва даводзіла, што паправіць, як зрабіць лепш. Была вельмі пунктуальная, ніколі не застаўляла чакаць сябе, не адмяняла сустрэчу, не лічылася са сваім часам, а калі была неабходнасць, заставалася з аўтарам і пасля працоўнага дня". Так высока ацэньвае працу Ірыны Платонаўны, як рэдактара, Марыя Цімафееўна - аўтар дапаможніка для вучняў старэйшых класаў "Беларуская мова". Увогуле у жыцці Ірына была тактоўным, сціплым і мудрым чалавекам.
У апошнія гады яе жыцця мы яшчэ больш зблізіліся і бывалі адна ў адной у гасцях, сустракаліся ў бібліятэцы, хадзілі некалькі разоў на мастацкія выставы. Дарэчы, Ірына была вельмі гасцінная, добрая гаспадыня, вельмі любіла пачаставаць сваім печывам і варывам, часта запрашала да сябе ў госці. У гэтыя гады яна многа расказвала мне пра сваю сям'ю, пра бацьку. Шмат намаганняў прыклала, каб вярнуць добрае імя бацькі, расказаць пра яго нялёгкі жыццёвы шлях, што прайшоў усе кругі пекла і застаўся Чалавекам, пазнаёміць з яго паэзіяй. Дзякуючы ёй выйшла ў друку кніга ўспамінаў Платона Крэня "Бывай, Ярашоўка", якую Іра падаравала мне і майму мужу з мілым надпісам: "Няхай гэтая сціплая кніга паспрыяе нашаму шчыраму сяброўству, замацуе яго больш шчырымі, даверлівымі пачуццямі. Няхай Вас Бог беражэ. Ваша Ірына Крэнь, 18.06.2000 г." (падкрэслена Ірынай). Гэта дарагая для мяне памяць, як і многія іншыя кніжкі з яе подпісамі, падарункі да майго дня нараджэння.
Смерць Іры - вялікі боль майго сэрца: пайшоў з жыцця цудоўны Чалавек, сяброўка, таленавітая дачка беларускага народа.
Вечная табе памяць, Ірачка!
Эвеліна Блінава.
На фота: Э. Блінава.
Тэматыка семінараў ТБМ
13 лютага. "Студэнт і здаровы лад жыцця: не - наркотыкам і алкаголю". Л. Дзіцэвіч. БДТУ.
18 лютага. "Ментальнасць гараджан Беларусі" . Захар Шыбека. 18.00. ТБМ.
25 лютага. "Як жыць лепей ва ўмовах эканамічнай і палітычнай сітуацыі краіны". Людміла Дзіцэвіч. 18.00. ТБМ.
28 лютага. "Беларусь і яе незалежнасць у 1918 годзе". Анатоль Грыцкевіч. 18.00. ТБМ.
28 лютага. "Гарады Беларусі ў творах беларускіх пісьменнікаў". Вольга Іпатава. Каледж г. Менска.
За кожны камень, за кожнае слова
Адкрыты ліст Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю
Паважаны Зянон Кузьміч!
31.07.2007 г. ва ўзначальваемы Вамі Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь быў накіраваны ліст за № 43, у якім нашае грамадскае аб'яднанне паведамляла пра неадпаведнасці дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству і міжнароднай метадалагічнай базе тых работ, што праводзяцца на гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі "Гістарычны цэнтр г. Менска", якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў пад шыфрам 711Е000001.
Вынікам гэтага ліста стаў пачатак дыялогу паміж грамадскасцю, у асобе нашага Таварыства, з аднаго боку, і выканаўчай уладай, у асобе Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму і Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з другога. Аснова дыялогу - альтэрнатыўны праект узнаўлення Гістарычнага цэнтра Менска, распрцаваны У. Папругам і прапанаваны для разгляду выканаўчай уладзе Таварыствам.
Але ж ход самога дыялогу, рэгулярныя страты частак праекту, як у Менгарвыканкаме, так і ў падначаленых яму структурах, перспектыўныя планы гардскіх улад па размяшчэнні новых аб'ектаў у Гістарычным цэнтры сталіцы ў парушэнні дзеючага заканадаўства, паказваюць нежаданне Менскага гарадскога выканаўчага камітэту і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь працягваць дыялог і выконваць комплекс прац на гісторыка-культурных каштоўнасьцях у адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай Рэспублікі Беларусь.
Пра склаўшуюся сітуацыю Таварыства паведамляла ў Камітэт дзяржаўнага кантролю лістамі ад 02.01.2008 г. № 2 і ад 22.01.2008 г. № 10. Ліст ад 02.01.2008 г. перададзены для рэагавання ў Менгарвыканкам (на сённяшні дзень адказу з Менгарвыканкаму Таварыства яшчэ не мае), а на ліст ад 22.01.2008 г. Таварыства атрымала адказ № 20-А-18-1/1 ад 28.01.2008 г. за подпісам намесніка начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзян В.А. Аўдзеенкі.
У адказе нам паведамлялася, што згодна з дзеючым заканадаўствам пытанні пазначаныя Таварыствам у кампетэнцыю Камітэта дзяржаўнага катролю Рэспублікі Беларусь не ўваходзяць, і было рэкамендавана звяртацца для вырашэння склаўшыхся праблем у Менгарвыканкам, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Тут у нашага грамадскага аб'яднання ўзнікае шэраг пытанняў да Вас асабіста, паважаны Зянон Кузьміч, як да кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю. Згодна дзеючага заканадаўства КДК ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за выканннем законаў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці фінансавыя, гаспадарчыя і падатковыя адносіны.
Няўжо кантроль за выкананьнем Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" ад 09 студзеня 2006 г., за выкананнем Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 ад 14.07.2004 г. "Аб развіцці гістарычнага цэнтру Менска", адпаведнай Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15.07.2004г. №36/100-296 і шэрагу іншых дакументаў не ў кампетэнцыі Камітэту дзяржаўнага кантролю? Навошта Вам тады Галоўнае экспертна-прававое ўпраўленне?
Чаму сп. В.А.Аўдзеенка ад імя Камітэту дзяржаўнага кантролю раіць па пазначаных у лістах праблемах звяртацца менавіта ў тыя органы, якія ў першую чаргу ці то парушаюць, ці то санкцыянуюць парушэнні нарматыўна-прававой базы ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны?
Гэта звычайны фармалізм чыноўніка, ці індыкатар, які паказвае, што не толькі прадстаўнікі выканаўчай улады, але ж і кантрольных і наглядных органаў уцягнуты ў працэс парушэнняў дзеючага заканадаўства, які пагражае прыняць татальны характар у дачыненні да Гістарычнага цэнтра нашай сталіцы? I ўсё гэта пад прыкрыццём імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў прыватнасці, пад прыкрыццём спекуляцыямі па выкананню Указу № 330 і зацверджанай ім «Канцэпцыі рэканструкцыі Гістарычнага цэнтра г. Менска».
Яшчэ пытанне. Ці валодаеце Вы асабіста і, адпаведна, Вашыя падначаленыя інфармацыяй, што яшчэ ў 2005 г. Камітэт дзяржаўнага кантролю займаўся праблемамі выканання заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны г. Менска, і, нават, быў падрыхтаваны адпаведны ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за подпісам першага намесніка старшыні КДК сп. Матусевіча, дзе сфармуляваны парушэнні дзеючага заканадаўства? Які лёс гэтага дакумента? Ці можаце Вы адказаць на якім узроўні ён лёг «пад сукно», і парушэнні не толькі працягваюцца, але ж набіраюць абароты і надалей?
Дзеля таго, каб атрымаць поўную інфармацыю, калі не ад Вас, то ад пэўнага ўпаўнаважанага супрацоўніка Вашага паважанага ведамства, каб у чарговы раз ліст не быў «разгледжаны» і Таварыства ў чарговы раз не атрымала адказ, больш падобны на адчэпку, гэты. зварот да Вас, паважаны Зянон Кузьміч, я вымушаны рабіць адкрытым. Ён будзе прадстаўлены для публікацыі ў сродкі масавай інфармацыі.
Не надта спадзяюся, што пабачыць ён свет у «Савецкай Беларусі» ці «Рэспубліцы», але ж, дзякуй Богу, захаваліся ў нас хоць і нешматлікія, але сапраўды незалежныя выданні, ды і інтэрнэт-прастора даступна шмат для каго. Паўтараю, робіцца гэта не дзеля нагнятання чарговага скандалу, проста ахова помнікаў гісторыі і культуры, праблемы, якія паўсталі вакол гісторыка-культурных каштоўнасцяў, асабліва ў апошнія гады, хвалююць не толькі актывістаў нашага трамадскага аб'яднання, але і шырокую грамадскасць.
Старшыня Рэспубліканскай рады Антон Астаповіч.
Трусову О.
ул.Румянцева, 13, г.Минск, 220034
Сообщаю, что Ваше заявление, поступившее из Генеральной прокуратуры Республики Беларусь, рассмотрено прокуратурой Гродненской области.
Изучением материалов о ходе реконструкции исторического центра г. Гродно в управлении территориальной планировки, градостроительства и архитектуры комитета по архитектуре и строительству Гродненского облисполкома, в Гродненском горисполкоме, установлено, что на территории г. Гродно расположены 33 объекта историко-культурных ценностей, включенных в Государственный список историко-культурных ценностей Республики Беларусь, на которые распространяются требования Закона Республики Беларусь «Об охране историко-культурного наследия».
Проведение работ по ремонту и благоустройству исторической части г. Гродно осуществляется в рамках реализации общей концепции регенерации исторического центра, проект которой разработан на основании Указа Президента Республики Беларусь от 28.07.2003 № 332.
Учитывая статус застройки исторического центра г. Гродно, работы на его территории осуществляются в соответствии с действующим законодательством, в том числе Законом Республики Беларусь «Об охране историко-культурного наследия Республики Беларусь», на основании утвержденной в установленном порядке градостроительной документации, а также с оформлением необходимых разрешительных документов в Министерстве культуры Республи-ки Беларусь. Работе на объектах исторического наследия предшествует проведение комплексных научных исследований.
Ремонтно-строительные работы на объектах исторического центра г. Гродно проводятся в соответствии с согласованной в установленном порядке проектной документацией.
На начальном этапе реконструкции площади Советской в г. Гродно имели место отдельные нарушения, допущенные исполнителями работ, связанные с проведением земляных работ без предварительного выполнения археологических исследований, которые были устранены ОУПП «Институт Гродногражданпроект».
Фактов причинения ущерба историко-культурным ценностям на объектах строительства не установлено.
В связи с изложенным, оснований для принятия мер прокурорского реагирования облпрокуратура не находит.
В случае несогласия с принятым решением Вы вправе обжаловать его вышестоящему прокурору.
Заместитель прокурора Гродненской области
старший советник юстиции Е.А. Трутько.
На Менскім кніжным кірмашы - прэзентацыі кніг Быкава
У першы дзень працы XV Менскай Міжнароднай кніжнай выставыкірмаша 06.02.2008 адбыліся дзве прэзентацыі твораў Васіля Быкава.
Шасцітомны збор твораў на беларускай мове прэзентавала расейскае выдавецтва "Время". А апавяданне Васіля Быкава "Бедныя людзі" было прадстаўлена ў перакладзе на іўрыт.
Прэзентаваныя шэсць тамоў твораў Васіля Быкава беларускія чытачы ўжо мелі магчымасьць пабачыць. А неўзабаве будуць надрукаваныя яшчэ восем кніг, якія завершаць 14томны збор твораў пабеларуску. Пра гэта паведаміў, адкрываючы імпрэзу, дырэктар расейскага выдавецтва Барыс Пастарнак:
Адным з важных кірункаў сваёй дзейнасці мы лічым выданне твораў выдатных расейскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя, а таксама сусветных класікаў сучаснасці. Да прыкладу, Андрэя Сахарава, Андрэя Платонава, Фазіля Іскандэра і іншых. І нам заўсёды падавалася, што ў гэтым шэрагу павінна быць месца і Васілю Быкаву.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, у сваю чаргу, адзначыў, што выданне збору твораў сталася магчымым дзякуючы працы грамадскага Аргкамітэту па ўшанаванні памяці Васіля Быкава. Гэткім чынам падрыхтаваныя да друку 8 тамоў яшчэ аднаго збору твораў народнага пісьменніка Беларусі - на расейскай мове:
Поўны збор мастацкіх твораў пісьменніка з'яўляецца тым помнікам, да якога будуць прыходзіць новыя і новыя пакаленьні беларускіх чытачоў.
Прадстаўнік амбасады Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які перакладае творы Васіля Быкава на сваю родную шведскую мову, паведаміў:
Ужо выйшаў адзін раман, гэта "Кар'ер". Я спадзяюся, што кнігі Васіля Быкава будуць яшчэ выходзіць не толькі на шведскай, але на ўсіх еўрапейскіх і іншых мовах.
Удзел у прэзентацыі бралі Ірына Міхайлаўна Быкава, шмат хто з пісьменнікаў, сяброў і паплечнікаў класіка беларускай літаратуры. Слова бралі Валянцін Тарас, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава, Віктар Казько і многія іншыя. Паэт Генадзь Бураўкін, у прыватнасці, адзначыў:
На гэтым прыемным свяце мне сёння няёмка, што збор твораў Васіля Быкава па-беларуску выходзіць не ў Менску, а ў Маскве. Мне няёмка за тых чыноўнікаў, якія не шкадуюць грошай і магутнасцяў беларускіх паліграфкамбінатаў на выданне пустых дэтэктываў, але не знаходзяць сродкаў на выданне класіка, на выданне твораў Васіля Быкава.
Таксама ў дзень адкрыцця кніжнай экспазіцыі Ізраіля, было прэзентавана апавяданне Васіля Быкава "Бедныя людзі" ў перакладзе на іўрыт. Падчас прэзентацыі амбасадару Ізраіля ў Беларусі Зэеву БэнАр'е было ўручана пасведчанне сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Галіна Абакунчык.
Касцёл садзейнічае развіццю нацыянальнай культуры
Дзве выдатныя вечарыны адбыліся 2 і 3га лютага ў Менску. Чырвоны Касцёл быў запоўнены шчырымі каталікамі, што прышлі на свята Стрэчання і гарачымі прыхільнікамі беларускага слова і музычнай культуры, якія сабраліся ў тэатральнай залі.
2 лютага грамада святкавала 170годдзе з Дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Аматары спеваў Эдуарда Акуліна сустрэліся з любімым выканаўцам. У імпрэзе ўзялі ўдзел Алесь Камоцкі, ЛеанідДранькоМайсюк, Кастусь Герашчанка і іншыя.
Пісьменніца Вольга Іпатава расказала пра свае ўражанні аб ранейшых выступленнях паэта і барда, і прысвяціла яму верш. Э. Акулін выканаў спевы, прысвечаныя Максіму Багдановічу і Янку Купале, прагучалі творы з альбому "Песні Залатой Крывіі". З хваляваннем слухала грамада песні " Зорка Максіма і "Пагоня" .
На наступны дзень у Касцёле адбылася творчая сустрэча з музычнымі крытыкамі Анатолем Мяльгуем і Вітаўтам Мартыненкам, аўтарамі кнігі " 222 альбомы беларускага року і ня толькі". Акрамя магутных спеваў Алега Хаменкі ( "Палац"), лірычных матываў Яраша Малішэўскага, натхнёных песень Андрэя Плясанава, яна была ажыўлена цікавымі ўспамінамі сяброў.
Яшчэ ў савецкія часы два маладыя журналісты і аматары музыкі пазнаёміліся каля крамы грампласцінак па вул. Казлова. Любоў да джазу і року вылілася ў плённае супрацоўніцтва ў галіне музычнай крытыкі.
Тады абодва журналісты друкавалі нататкі пра сучасныя гурты ў моладзевых газетах. З такіх калонак, як "Нататнік філафаніста" ў "Чырвонай змене" нарадзілася першая кніга В. Мартыненкі пра сучасную музычную культуру. Кніга пры ўдзеле і рэдагаванні пісьменніка Кастуся Акулы была выдадзена за мяжой.
Паступова падрасло пакаленне прыхільнікаў беларускага року. Нараджаліся новыя гурты, сталелі выканаўцы. Фальклор, бардаўскія песні, рок паступова пашыралі плынь нацыянальных спеваў.
У першага выдання кнігі знайшліся ўдзячныя чытачы. Малады і перспектыўны Віталь Супрановіч абараніў дыплом ў дзяржаўным Iнстытуце Культуры па тэматыцы гэтай кнігі. Менавіта Віталь, які за гэты час з моладзевага актывіста ператварыўся ў нацыянальнага прадзюсэра, арганізатара канцэртаў і выдаўца дыскаў, паспрыяў новаму выданню кнігі пад назвай "222 альбомы беларускага року і ня толькі".
Беларускі музычны шоўбізнес у нас сяброўскі, лічыць Вітаўт Мартыненка. Гэта сваеасаблівы рух, які мае станоўчыя рысы.Каб выдаць першыя дыскі незалежныя музыкі звярталіся да сваіх знаёмыхбізнесоўцаў. Цяпер яны пераканаліся, што ўкладаць грошы ў беларускую музыку - пачэсна і вынікова.
Мы павінны адстойваць кожны свой крок, сваю прысутнасць на нашай зямлі, у родным слове, у песні, у імёнах нашых дзяцей, лічаць выканаўцы і музычныя крытыкі.
Э. Оліна.