№ 9 (848) 27 ЛЮТАГА 2008 г.
90 гадоў з дня нараджэння Алеся Бачылы
БАЧЬІЛА Алесь (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Менскай вобл. - 4.1.1983), бел. паэт, драматург. Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Менскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934- 39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946-57) і час. «Полымя» (1957-72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972- 78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго. вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А. Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М. Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М. Гогаля (з М. Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С. Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Судзебніку Казіміра - 540 гадоў
зіміра, першы кодэкс крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права ВКЛ. Выдадзены Вялікім князем Казімірам на сойме 29.2.1468. Складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі. Складаецца з 25 артыкулаў. Устанавіў адзіныя для ўсёй дзяржавы віды пакаранняў за злачынствы супраць феад. уласнасці, абмяжоўваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа і бацькі. У Судзебніку развіта ідэя індывідуалізацыі пакарання. Гэта было накіравана на захаванне гаспадаркі ўсёй сям'і як феадальна падатковай адзінкі, што было ў інтарэсах феадала. У выпадку, калі жонка і дзеці злодзея карысталіся крадзеным, дзейнічала норма старога звычаёвага права. Калі не было чым плаціць судовы штраф і кампенсаваць прычыненыя злачынствам страты, маглі перадаць у рабства таму, хто пацярпеў, жонку і старэйшых за 7 гадоў дзяцей асуджанага. Гэта першае ў законе вызначэнне ўзросту, з якога дзеці маглі несці адказнасць за віну бацькоў. Новым было і вызначэнне злачынства як процілраўнага дзеяння: злачынца «ис права выступаеть», «над право сягнул». У Судзебніку ўпершыню змешчаны артыкул, які прадугледжваў аналогію закона. Так, паводле арт. 23-га за ўтойванне знаходкі вінаватага каралі, як за крадзеж. Узмацненне феадальнага прыгнёту і пазбаўленне залежных сялян права свабоднага адыходу ад феадала было замацавана ў арт. 24-м, які прадугледжваў суровае пакаранне асоб, што садзейнічалі ўцёкам чэлядзі нявольнай і феадальна-залежных сялян. У Судзебніку вы-явіўся і новы погляд на мэты пакарання. У звычаёвым праве галоўнай мэтай пакарання была кампенсацыя пацярпеламу прычыненай шкоды і спыненне злачыннай дзейнасці. Мэта пакарання, паводле Судзебніка - застрашванне, хоць не вы-ключаліся і маёмасныя кампенсацыі. Цялесныя пакаранні і смяротная кара прадугледжваліся нават за такія злачынствы, як крадзеж на суму «выше полукопья», г.зн. больш за 30 грошаў. У старажытным праве злачынец, прыгавораны да смяротнай кары, мог ад яе адкупіцца, яго маглі таксама перадаць у няволю пацярпеламу ці яго блізкім. Паводле Судзебніка забаранялася вызваляць злачынцу ад кары. У Судзебніку адлюстраваны таксама захоп чужых зямель феадаламі, іх міжусобіцы і зямельныя спрэчкі. Бакам у такіх выпадках прад-пісвалася не рабіць самачынных нападаў і захопаў, а звяртацца ў суд. Калі ж феадал нападаў на другога феадала, то вінаватага належала разглядаць як парушальніка закону і караць. Але ў Судзебніку не ўказвалася, якое пакаранне трэба ўжываць да злачынца, бо такі прыгавор павінен быў выносіцца Вялікім князем з панамірадай. У канцы Судзебнік абавязваў усіх жыхароў трымаць у належным стане дарогі і масты. За парушэнне гэтай павіннасціўстанаўліваўся штраф 10 рублёў.
Судзебнік даў пачатак новаму этапу ў развіцці пра-вавой тэорыі, практыкі заканадаўчай дзейнасці і кадыфікацыі феадальнага права, які завершаны выданнем Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Судзебнік напісаны на старабела-рускай мове. Захаваўся ў трох спісах канца 15 - пач. 16 ст. Упершыню апублікаваны (лацінскімі літарамі) І. Даніловічам у 1826 г. у Вільні.
21 лютага - свет адзначыў Дзень роднай мовы
Аляксандр Лукашэнка: "Беларускай мове быць, жыць..."
(З адказаў на пытанні падчас наведвання БДУ)
- Я хацела спытаць накоят беларускай мовы. Вы ведаеце, сітуацыя ў краіне такая, што большасць насельніцтва размаўляе па-руску. Ці плануюцца нейкія мерапрыемствы па павышэнні прэстыжу нашай роднай мовы, каб яна сапраўды стала дзяржаўнай?
...- Действительно, мы в школах начинали меньше внимания уделять беларускай мове. Вот я учился в русской школе на селе, но было достаточно тех объемов преподавания, чтобы хорошо знать мову. И я обратил внимание министра: мне кажется, что мы в Минске во многих школах английский язык преподаем на более высоком уровне, чем белорусский. И никто об этом не говорит! Я на это тоже внимание обращаю. Да, английский должен быть на высоком уровне, но белорусский нельзя забыть! Это наш язык! Его нет ни у россиян, ни у украинцев. Белорусскому языку быть, жить, и мы его должны знать, прилично знать.
(Белгазета №7 /628/, 18 лютага 2008 г.)
Пасланне
Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Каіціра Мацууры з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
21 лютага 2008 года
Святкаванне ў дзевяты раз 21 лютага Міжнароднага дня роднай мовы мае асаблівае значэнне ў гэтым, 2008 годзе - Міжнародным годзе моў, абвешчаным Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, якая даручыла ІОНЕСКА каардынацыю яго правядзення.
Таму сёлетні Міжнародмы дзень родыай мовы ўяўляе сабой асабліва шматабяцальную магчымасць нагадаць пра тое, на што робіцца стаўка. Мовы маюць вельмі важнае значэнне для індэнтыфікацыі груп альбо асоб, іх мірнага суіснавання. Яны з'яўляюцца стратэгічным факгарам для крокаў у накірунку устойлівага развіцця і гарманічных суадносін глабальнага і лакальнага.
Мовы - гэта далёка не толькі аб'ект аналізу спецыялістамі, ім належыць месца каля самога стрыжня ўсяго грамадскага, эканамічнага і культурнага жыцця. У гэтым палягае сэнс дэвіза з якім выступіла ЮНЕСКА з нагоды Міжнаролнага года моў: "Мовы маюць значэнне!"
Мовы сапраўды маюць значэнне для дасягнення шасці мэтаў у галіне адукацыі для ўсіх (АДУ) і Мэтаў раз-віцця Тысячагоддзя (МРТ), якія былі узгодены Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый у 2000 годзе. Яны маюць зна-чэнне, калі мы хочам садзейнічаць культурнай разнастайнасці, змагацца з непісьменнасцю, гэтак жа яны маюць значэнне для якаснай адукацыі, якая ўключае навучанне на роднам мове ў пачатковых класах школы. Яны маюць значэнне для змаганння за сацыяльную інклюзіўнасць, для творчасці, экамаміч-нага развіцця і аховы спрадвечных ведаў.
3 нагоды дзевятага Міжнарод-нага дня матчынай мовы я звяртаюся з заклікам паўсюдна - у адукацыі, адмі-ністратыўнай і прававой сістэмах, у праявах культуры, у сродках масавай інфармацыі, у кіберпрасторы і ў гандлі - прызнаваць важнасць лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўя. Усе ўстановы сям'і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, усе дзяржавы-члены, партнёры і сябры ЮНЕСКА, аб'яднаемся, каб паказаць, што "мовы маюць значэнне"!
Каіціра Мацуура.
Свята роднай мовы
21 лютага ў канферэнцзале сталічнага Палаца мастацтва ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы.
У імпрэзе бралі ўдзел старшыня ТБМ А.Трусаў, першы намеснік старшыні ТБМ Л.Дзіцэвіч, старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ і намеснік старшыні ТБМ А.Анісім, старшыня Камітэта па справах ЮНЕСКА У.Р. Шчасны, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь сп. І.Дз. Ліхавы. У зале прысутнічаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь сп. С. Эрыксан, прадстаўнікі польскага і іншых дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін.
У сваім вітальным слове А.Трусаў павіншаваў прысутных са святам і зрабіў маленькі агляд здзейсненых і задуманых спраў нашай арганізацыі.
Свята роднай мовы мела сапраўднае міжнароднае гучанне: старшыня Камітэта па справах ЮНЕСКА ў Беларусі сп. У.Р. Шчасны агучыў пасланне Генеральнага сакратара ЮНЕСКА Каіціры Мацууры з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. У гэтым пасланні звярталася ўвага на тое, што 2008 год абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН Міжнародным годам моў. "Мова - гэта далёка не толькі прадмет аналізу спецыялістаў. Яна цэнтр грамадскага, эканамічнага і культурнага жыцця. У гэтым і заключаецца сэнс дэвізу ЮНЕСКА для Міжнароднага года моў: "Мовы маюць значэнне!"
Напэўна, такімі словамі можна ахарактарызаваць і ўсё мерапрыемства. Шмат часу было аддадзена на прэзентацыю "Беларуска-украінскага слоўніка", выдадзенага ў межах Дзяржаўнай праграмы "Словники Украпны" ў Кіеве ў мінулым годзе. Вельмі годна яна была распачата Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Украіны ў Рэспубліцы Беларусь сп.І.Дз. Ліхавым. Не змаглі прысутнічаць аўтары слоўніка Р. Піўтарак і А. Скапненка, але яны даслалі прывітальны ліст, які агучыла вядоўца А. Анісім.
Падчас імпрэзы гучалі выступы навукоўцаў В.П. Лемцюговай, І.І. Савіцкай, прысвечаныя агляду слоўніка. Усіх усхваляваў выступ Т.В. Кабржыцкай, вядомай навуковай і грамадскай дзяячкі, якая шмат зрабіла і робіць у развіцці стасункаў між двума народамі - беларускім і украінскім. Свае пераклады з украінскай паэзіі прачытала пісьменніца В.М. Іпатава. А сябра двух пісьменніцкіх саюзаў Украіны і Беларусі В.В. Стралко прадэманстраваў кароткі ўрывак са свайго перакладу "Новай зямлі" Я. Коласа на ўкраінскую мову. А.І. Мальдзіс і Л. Баршчэўскі парадавалі прысутных навінамі пра нядаўна выдадзеныя перакладныя слоўнікі: вугорска-беларускі і беларуска-еўрапейскі з 28 мовамі.
Імпрэзу аздобілі музычныя выступы. Па-сапраўднаму зачараваў публіку сваім талентам А. Галіч. І вельмі прыемна, што ў Міжнародны дзень роднай мовы гучалі аўтарскія творы маладых творцаў брата і сястры Іллі і Ксені, спрадвечную беларускую музыку гралі таксама маладыя хлопцы з гурта "Кашлаты вох". Бо ТБМ заўсёды вызначалася тым, што падчас сваіх імпрэзаў давала магчымасць выступіць перад вялікай аўдыторыяй маладым таленавітым выканаўцам.
Наш кар.
Ворша: 200 свечак Караткевічу да Дня роднай мовы
Як паведаміў аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак, да Міжнароднага дня роднай мовы у Воршы падрыхтавалі і правялі адмысловую акцыю.
Хлопцы і дзяўчаты з "Моладзі БНФ" запалілі каля помніка Ўладзіміру Караткевічу ў прыдняпроўскім парку 200 свечак. Усім мінакам, якія звярталі ўвагу на незвычайнае асвятленне помніка народжанага ў Воршы пісьменніка, удзельнікі акцыі тлумачылі сімвалічны сэнс запаленых свечак: гэтыя агеньчыкі - знак нязгаснае любові да роднай мовы і беларускай гісторыі, якую Ўладзімір Караткевіч заклікаў шанаваць у сваіх творах.
Магілёў: суполка ТБМ павіншавала транспартнікаў
Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы павіншавала транспартныя службы горада з Міжнародным днём роднай мовы.
Віншавальныя паштоўкі атрымалі кіраўнікі гарадскога аўтобуснага парку, тралейбуснага дэпо і Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Актывісты падзякавалі транспартным службам за выкарыстанне ў сваёй працы беларускай мовы і выказалі спадзяванне, што тыя будуць рабіць так і надалей.
Наш кар.
Справаздача рады Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны за 2007 г.
Сябры Таварыства традыцыйна бралі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні абласной алімпіяды па беларускай мове ў Гародні: адшукалі сродкі і набылі падарункі кнігі беларускіх аўтараў, слоўнікі ( Місцюкевіч А., Крой А.). Пры падвядзенні вынікаў алімпіяды нам. старшыні рады Крой А. павіншаваў пераможцаў і прызёраў з поспехам і ўручыў ім падарункі. Аб выніках алімпіяды для газеты "Наша слова" падрыхтаваны артыкул і зроблены фотаздымкі (24.01.2007г., Буднік І., Курбат Ю.)
У студзені ў гімназіі № 1 г. Гародні пад кіраўніцтвам Карнялюка В.Р. прайшла традыцыйная "Дэкада Карскага Я.Ф."з удзелам сяброў Таварыства. У дні Дэкады адбыліся: пастаноўка вучнёўскім тэатрам "Антэй" спектакля Л. Забоевай "Я Карскі", краязнаўчая гульня "Горад святога Губерта", конкурс беларускіх танцаў у выкананні малодшых гімназістаў, конкурс чытачоў вершаў Я. Купалы і Я. Коласа, экскурсіі вучняў 410 класаў у музей Я. Карскага, адкрыты ў гімназіі ў 1995 г. пры падтрымцы сяброў Таварыства А. Цыхуна, Р. Можджар, А. Кроя і інш., конкурс малюнкаў да вершаў А. Цыхуна. Лешпыя навучэнцы гімназіі атрымалі грашовую стыпендыю імя Я. Карскага.
4 траўня сябрамі ТБМ А.Кроем, А. Госцевым, В. Карнелюком арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя 97м угодкам Апанаса Цыхуна, паэта і даследчыка, стваральніка першага музея Я. Карскага на яго радзіме ў в. Лаша. Перад школьнікамі выступілі з успамінамі пра А. Цыхуна сябры Таварыства доктар філ. навук М. А. Даніловіч, І.Буднік, Я. Петрашэвіч. Школьнікі чыталі вершы А. Цыхуна, Я. Петрашэвіч выканаў свае песні на яго вершы. Навучэнцы і госці азнаёміліся з новымі матэрыяламі музея Я.Ф. Карскага, у прыватнасці - з стэндам, прысвечаным А. Цыхуну. Аб мерапрыемстве змешчаны артыкул Л. Раманенкі ў "Нашым слове" (13.06. 2007).
ТБМ імя Ф.Скарыны супрацоўнічала з ТБШ. На працягу года для жыхароў горада арганізаваны сустрэчы з пісьменнікамі В. Іпатавай (28.02 і 19.12, чытала свае творы, прэзентавала новыя кнігі), У. Арловым (1.03 і 17.10, расказаў аб сваім творчым шляху, прэзентаваў кнігу "Імёны Свабоды"), з прафесарам І.Я. Лепешавым, які расказаў аб становішчы беларускай мовы ў свеце і Беларусі.
Для дзейнасці ТБМ на працягу года сябры Таварыства Місцюкевіч А.І., Пяткевіч А.М., Буднік І.Ф., Крой А.І. сбралі ахвяраванні ў суме 550 тысяч бел. рублёў. , 50 сельскім бібліятэкам вобласці выпісана газета Таварыства "Наша слова""на першае і другое паўгоддзі 2007г.. Вялася прапагаівда нашай газегы, і ў вобласці выпісана ў першым паўгоддзі 181 экз. і ў другім 177 экз. газеты.
Сябры ТБМ і маладыя бацькі ў канцы снежня правялі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў навагоднюю калядную вечарыну "Беларуская ёлачка". Удзельнічала больш за 80 дзяцей і каля 100 чалавек дарослых. Арганізатары М. Таранда, І. Кузьмініч, Я. Лялевіч, А. Вашкевіч, К. Жынь,
Абласная рада праводзіла работу па пашырэнні беларускамоўнай інфармацыі на гарадскім транспарце. 3 гэтай мэтай у Гарадзенскім гарвыканкаме адбылася рабочая сустрэча з намеснікам старшыні выканкама А.С. Сіўцовым аб пераводзе інфармацыі на гарадскім траспарце на беларускую мову. На сённяшні дзень на аўтавакзале інфармацыя аб выхадзе аўтобусаў у рэйсы падаецца пабеларуску, з 12 тралейбусных маршрутаў на шасці і з 36 аўтобусных маршрутаў на васьмі аб'явы аб прыпынках робяцца таксама пабеларуску. Работа з транспартнымі арганізацыямі ў гэтым кірунку працягваецца Праведзены паседжанні рады:
А) Аб дзейнасці абласной і гарадской арганізацый ТБМ у сувязі з пераводам выкладання гісторыі і геаграфіі РБ на рускую мову
Накіраваны звароты ТБМ і ТБШ да міністра адукацыі А. Радзькова, у Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў НС (У. Здановічу), у Канстытуцыйны суд РБ (Р. Васілевічу) аб парушэнні правоў беларускіх вучняў, жадаючых вывучаць гісторыю і геаграфію Беларусі на беларускай мове.
Сябра Таварыства выкладчык гісторыі Гарадзенскага ДУ імя Я. Купалы Іна Соркіна сабрала каля 100 подпісаў студэнтаў і выкладчыкаў у падтрымку вывучэння гісторыі Беларусі на беларускай мове.
Б) Аб дзейнасці абласной і гарадской рады ТБМ па дапамозе групе бацькоў адкрыць беларускамоўныя групы ў дзіцячых дашкольных установах горада.
Створана ініцыятыўная група бацькоў. На пачатак 2008 г. маецца дваццаць заяваў бацькоў (Работу праводзілі I. Кузьмініч, У. Хільмановіч, А. Крой). Сабраныя звесткі аб дзіцячых садках, загадчыкі якіх згодны адкрыць беларускамоўныя групы (А. Крой, Т. Кузьмініч). Была змешчана рэклама аб стварэнкі беларускамоўных груп у мясцовых газетах "Вечерннй Гродно", "Из рук в руки", у гарадскіх тралейбусах, на тэлебачанні (А. Місцюкевіч, Т. Кузьмініч, А. Крой, У. Хільмановіч). У лістападзе і снежні праведзены 2 сустрэчы з загадчыкам гарадскога аддзела адукацыі С.В. Блажэем аб канкрэтных мерах бакоў па адкрыцці беларускамоўных груп, намечаны дзіцячыя ўстановы (А. Місцюкевіч, Т. Кузьмініч, I. Буднік, А. Пяткевіч). Плануецца адкрыццё беларускамоўных груп у верасні 2008 г.
В) Справаздача абласной рады ТБМ аб рабоце за 2007 год.
Г) Аб арганізацыі падпіскі на газету "Наша слова".
Старшыня рады Гарадзенскай абласной арганізацьгі ТБМ імя Францішка Скарыны А. Місцюкевіч.
Міжнародны дзень роднай мовы ў Лідзе
21 лютага 2008 года ў Лідзе адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета гэтая дата ў Лідзе адзначалася ўжо чацвёрты раз. У 2004-05 гадах імпрэзы арганізоўвала Лідская раённая арганізацыя ТБМ. У 2006 годзе адзначэнне даты было сарвана. З 2007 года справу адзна-чэння Міжнароднага дня роднай мовы ўзяла на сябе Лідская гарадская арганізацыя ТБМ.
У Ліду былі запрошаны інак Мікалай (літаратурны псеўданім Зьніч) з Жыровіцкага манастыра і бард Андрэй Мельнікаў з Гомеля.
Адбыліся дзве сустрэчы: у Лідскім каледжы і ў Лідскай цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
І Зьніч, і Мельнікаў даўно не былі ў Лідзе, прынамсі, сённяшнія студэнты не бачылі іх ніколі, і для многіх было сапраўдным адкрыццём і тое, што, аказваецца, беларускае слова жыве і за манастырскім мурам, па-беларуску можа гучаць Евангелле, і бард з гітарай можа выконваць песні, напісаныя ў манастыры манахам.
...над змрокам, над натоўпам тым пакутна-соннага народа -
ці ўзыйдзеш ты калі, свабода?...
ці блісьнеш промнем залатым?..
пытаўся манах Мікалай разам з вялікім рускім паэтам.
Зала яму не адказвала, не магла адказаць, бо адказ на гэтае пытанне павінен выспець у сэрцы кожнага, і на гэта патрэбен час. Час таксама кожнаму патрэбен свой.
Але беларускія словы і з вуснаў інака Мікалая і з вуснаў барда Андрэя Мельнікава падалі не на камень.
Пройдзе час, і яны прарас-туць. Праз колькі гадоў ужо тыя, хто слухаў сапраўды святыя беларускія словы сёння, самі выйдуць да вялікіх і малых аўдыторый і панясуць гэтыя словы далей, самі стануць сейбітамі Беларускасці, і так будзе вечна, бо вечная Беларусь
Яраслаў Грынкевіч.
КЛАСІЧНЫЯ МАТЫВЫ
(паводле Блока, Буніна, Лермантава, Пушкіна, Цютчава)
..маўчаць труніцы...
муміі... і косьці...
ТЫ, МОВА, не маўчыш...
з прадоньня дзён...
на сьветавым пагосьце
зьвініць пісьмёнаў крыж...
няма ў нас даражэйшага чагосьці...
умейце-ж, Крывічы,
у меру сіл...
у час пакут і злосьці... - хоць МОВУ берагчы!..
МОВА
(Музыка незнаёмкі)
...праз дні, бясконцыя і тлумныя,
з-за млосных слоўных завірух,
кіруе прывідамі сумнымі
пыхлівы, спарахнелы дух...
...пад пылам і сьвінцовым мроівам гудуць пухліны гарадоў...
і працаўнік - асілак змораны - гадуе процьмы лайдакоў...
...і кожны вечар, з пастановамі, - каб нашы душы усьцерагчы - грымяць праверанымі словамі правераныя трапачы...
...і мудрацы - ушчэнт застрашаны.. жывуць у «золаце» - маўчаць!..
і рыфмачы - з вачыма гангстэраў -«У працы ісьціна!» - вішчаць...
...паўсюдна пахі танных пернікаў
і прыхаваных бізуноў...
...па душы вершнікаў і вернікаў маркотны месяц узышоў...
...і ў кожным сэрцы патаемнае іскрынкай раптам прамільгне...
і - цемра йзноў...
жыцьцё - дарэмнае,
і, пэўна-ж, ісьціна - ў віне...
* * *
...начамі, чорнымі ад роспачы, лаўлю - у яве, ці-то ў сьне - пяшчотны рух дзявочай постаці, што гоіць мроямі мяне...
...духмянай хваляю агортвае
і працінае, быццам лёс...
і сны, што днём блукалі мёртвыя, бы' зоркі, падаюць зь нябёс...
...лунае стан, ільном атулены,
ў пялёстках бэзу галава...
зачараваны і расчулены
тану у бездань хараства...
...і, поўны блізкасьцю няўлоўнаю, плыву праз бэзавы вэлюм...
і ў вырай - лебедзі чароўныя
і мой зачараваны сум...
...глухія тайны мне даручаны... чужыя сонцы я нясу...
праз патаемныя заручыны
п'ю патаемную красу...
...і роспач хіліцца да ростані,
і адтуляецца адчай...
і вочы сінія, бяздонныя
плывуць са мной за небакрай...
... там скарб бясцэнны я захоўваю...
жывым мігценьнем зорных вейк нібыта Вечнасьць зачароўвае
і выратоўвае навек...
НА СКОН НАРОДА
...манкуртам* стаў нявольнік лёсу.. маўчыць, сыноў не пазнае...
ні болю ўжо, ні прагі помсты... чароўны круг на галаве...
...манкурт!.. навошта галашэньні
і мітусьня - пасьля пакут?..
ня будзе - т у т -
уваскрашэньня...
адбыўся цэсараў прысуд...
...згарэў вянок вякоў...
цяпер вянцом цярновым,
абвітым лаўрамі, заціснулі чало...
і змоўкла спадчыннае слова...
і згасла Боскае сьвятло...
...ўладар спатоліўся крывёю...
дае палёгку нездарма:
шляхотны дух над той зямлёю сканаў... ратунку ўжо няма...
і што за дзіва?.. адусюды,
на лоўлю шчасьця і чыноў
шыбуюць процьмы ўцекачоў --
і герастараты, і іуды...
гвалтуюць д'яблавы сыны
чужыя звычаі і мову...
затое ўласныя чыны
ўладкавалі адмыслова...
скрышылі храмы і муры -
што ім усім да нашай славы?..
на мерцьвяках, пасьля аблавы
свой пір, ганебны і крывавы, спраўляюць каты й гандляры...
...а вы, тутэйшыя Дантэсы,
падпанкі подласьці
нахрапістых братоў,
Сьвятыню-спадчыну
ў пракруставыя «крэсы»
за срэбнік кідаеце
колькі ўжо вякоў?..
натоўпам сквапным
раскашуеце ля тронаў,
на вочы матчыныя селі,
крумкачы...
схаваліся пад шыльдаю законаў,
і суд, і праўда перад вамі -
ўсё маўчы!..
...але ёсьць Божы Суд,
наперсьнікі распусты -
т а м ажыве закатаваны Край... нямы народ свае раскрые вусны
і здасца вам:
«О, Божа, пакарай!..»
----------------------------------------------
...усё ўзновіцца,
што той абруч чароўны
сьцёр з памяці... зь зямлі... з душы...
і кожны,
уваскрашальнае пакуты поўны,
мо' ўчуе: «...Йдзі...
і болей не грашы...»
ПРАРОК
...ад той пары, як я набыў - вышэйшай Воляй - дар прарочы, старонкі злосьці і жуды
адкрылі мне людзкія вочы...
...я нёс усім сваю любоў
і праўды чыстыя вучэньні... -
ў мяне й бліжэйшыя з братоў шалёна кідалі каменьні...
...пасыпаў попелам чало,
пайшоў ад іх зь кійком жабрачым...
і вось - пустэльнае жытло...
жыву, як птушка, - Божым харчам...
...мне ціха ў вочы зазірне,
з даверам, кожная істотка...
і зоркі слухаюць мяне,
мігцяць лагодна і дрыготка...
...калі-ж, праз тлумы й кірмашы, бывае, соваюся ў сьпешцы,
гавораць дзецям, ад душы,
старыя - ў ветлівай усьмешцы:
......глядзіце, прыклад для ўсіх вас:
ён ганарлівы, н а м варожы... дурны, хацеў упэўніць нас,
што у ім гаворыць голас Божы...
...не адступае ад свайго,
жыве пануры і балесны...
і кожны з нас - разумны й чэсны -
з пагардай плюне на яго!..»
Зьніч
Памерла Ірына Казуліна
23 лютага ўвечары на 49-м годзе жыцця памерла Ірына Казуліна, жонка зняволенага палітыка, былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. З канца 1990х гадоў Ірына Казуліна хварэла на рак малочнай залозы. Апрача мужа Аляксандра, у Ірыны Казулінай засталіся дочкі Вольга і Юлія, а таксама ўнук Улад.
Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 года. Скончыла механічна-матэматычны факультэт БДУ, дзе і пазнаёмілася з сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у НПА "Планар", затым - у Цэнтры праблем чалавека БДУ. Пасля заканчэння Міжнароднай школы бізнэсу і менеджменту тэхналогіяў БДУ працавала маркетолагам ў тым самым Цэнтры. Вызначалалася шчырай беларускасцю.
Актыўна дапамагала хворым на рак малочнай залозы. У 2007 годзе выступіла адной з арганізатарак праведзенай у Менску міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах падтрымкі жанчын, хворых на рак малочнай залозы.
Сакратарыят ТБМ выказвая шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыцы.
Сімвал змагарнай эпохі
"Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" разам з Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны зладзілі вечарыну памяці Кастуся Акулы, беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча на эміграцыі, які 29 студзеня пасля доўгай хваробы адышоў у вечнасць. З гэтай нагоды ў "Нашым слове" (№№ 6 і 7) былі змешчаныя: спачуванне ад ТБМ, артыкул Вольгі Іпатавай "Пісьменнік воляю боскай...", некралог ЗБС "Бацькаўшчына". А 19 лютага на сядзібе ТБМ у Менску сабраліся беларускія пісьменнікі, гісторыкі, літаратары, мастакі, студэнты і проста чытачы, каб ушанаваць памяць свайго таленавітага суайчынніка.
Спадар Акула пакінуў нашчадкам адметную літаратурную спадчыну. Як адзначыла вядоўца вечарыны, пісьменніца Вольга Іпатава, ён пісаў для Беларусі і дзеля беларусаў. Далёка не ўсё напісанае пісьменнікам пабачыла свет на Радзіме. Тут яго постаць выклікала дваістыя адносіны: ён спазнаў, як знявагі сваёй асобы, так і любоў чытачоў, якія паважалі яго за тое, што ў сваіх творах ён адлюстроўвае рэчаіснасць не толькі праз прызму савецкай ідэалогіі, але і праз прызму выгнанага з Радзімы чалавека. Самай спрэчнай кнігай Кастуся Акулы называюць "Змагарныя дарогі", дзе ён распавядае пра жыццё і дзейнасць маладога хлопца ў Беларускай Краёвай Абароне падчас Другой сусветнай вайны. Перавыданне гэтай кнігі пад назвай "Россыпы" адбылося ў недзяржаўным выдавецтве намаганнямі У. Арлова. Шлях вяртання імя і літаратурнай спадчыны пісьменніка на Радзіму складаны. Але, на шчасце, ён мае месца. МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" займаецца выданнем рамана "Заўтра гэта ўчора", які быў напісаны ў 1965 годзе паанглійску і карыстаўся вялікім попытам у Канадзе. Пераклад рамана на беларускую мову зрабіла ў 2007 годзе паплечніца Кастуся Акулы Ірына Верабей. Гэтая кніга выйдзе ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны". На жаль, аўтар не дачакаўся гэтай падзеі.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч выказаў спадзеў на тое, што трылогія Кастуся Акулы "Гараватка" будзе вывучацца ў нашых школах нароўні з трылогіяй Івана Мележа "Людзі на балоце" як дзве паралелі, два погляды на жыццё з Усходняй і Заходняй Беларусі.
Выступалі і ўзгадвалі Кастуся Акулу ў гэты вечар: Уладзімір Арлоў, Валянціна Трыгубовіч, навуковец Лідзія Савік, студэнт Сяржук Макарэвіч, які даследуе літаратурную спадчыну Кастуся Акулы.
Старшыня "ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская ахарактарызавала постаць эмігранта так: "Заўсёды захапляешся нязломнымі людзьмі, якія не губляючы сябе праходзяць выпрабаванні вайной, эміграцыяй. Але яны пранеслі ў сабе любоў да Беларусі, засталіся вернымі ёй. Гэта дзякуючы ім мы сёння маем беларускія культурныя цэнтры, цэрквы ды бібліятэкі ў замежжы".
На думку Алеся Пашкевіча, Кастусь Акула - першы масток паміж беларускай літаратурай метраполіяй і эміграцыяй. Як сімвал змагарнай эпохі, ён належыць да тых, хто вучыў і вучыць беларусаў не толькі берагчы сваё, але і ганарыцца сваім.
Наш кар.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
З Вільні я вярнуўся ў Менск на так званы акруговы сойм або "акруговы з'езд прадстаўнікоў насельніцтва Менскай зямлі", або "З'езд самакіравання павета", бо наменклатура павінна была вызначыцца потым, у залежнасці ад рашэння, вынесенага зборам, і ад высноў, якія будуць пераважаць на паседжаннях і будуць ухваленыя ўрадам. З'езд быў адкрыты 21 сакавіка 1920 г. Рачкевічам у зале акруговага суда ў прысутнасці чатырох прадстаўнікоў ад кожнага павета і чатырох прадстаўнікоў ад таварыстваў, дзеючых на тэрыторыі Меншчыны: ад Сельскагаспадарчага таварыства быў я, ад Саюза абшарнікаў Уняхоўскі, ад Таварыства лекараў др Офенберг, ад кааператываў ксёндз Харасімовіч.
Акрамя таго, упершыню прынялі ўдзел у менскім паседжанні прадстаўнікі нядаўна далучанага да Меншчыны ЛепельскаПолацкага павета. Праца з'езду насіла характар хутчэй тэарэтычны, чым практычны, бо гаварылі ў асноўным аб тым, чаго нам бракуе для нармалёвай плыні жыцця ў краіне, і што трэба зрабіць, не лічачыся наогул з тым, што наогул можна зрабіць, калі гаспадаркі разбураныя, а вытворчыя сілы краіны вычарпаныя. Былі і такія ўдзельнікі з'езду, якіх менш за ўсё цікавілі грамадскія справы, і якія ўяўлялі сабе, што здолеюць скарыстацца акалічнасцямі для рашэння сваіх асабістых інтарэсаў. Так, дробны арандатар зпад Лагойска пачаў плаксівым голасам жаліцца, што спачатку ён плаціў за 20 дзесяцін сорак рублёў арэнды, а зараз пан Незабытоўскі прызначыў 60 рублёў, зза чаго ён і яго дзеці пазбаўленыя самага неабходнага. Хоць такія справы не маглі быць прадметам абмеркавання на з'ездзе, старшыня Рачкевіч цярпліва выслухаў скаргі "прадстаўніка народа". Выдатна яму адказаў пан Рагульскі, які, нібы згаджаючыся з фактам эксплуатацыі "абшарнікаў", раіў гэтаму арандатару купіць курыцу, таму што ў сярэднім курыца нясе 50 яйкаў у год, якія прадаюцца ў Менску па 3 рублі за штуку, то такая курыца прынясе 150 рублёў, ад якіх, пасля выліку 60 рублёў арэнднай платы, застанецца яшчэ 90 рублёў на патрэбы сям'і селяніна. Прысутныя ўхвальна прынялі гэтую рэпліку, а няўдалы выступоўца сканфужана сеў на сваё месца. Падчас збору ў зале знаходзіўся былы міністр Урублеўскі, які павінен быў ехаць затым з Рачкевічам у Барысаў для вядзення перамоваў з бальшавікамі, але гэтыя перамовы па прычыне нязгоды бальшавікоў ні да чаго не прывялі.
Мяркуючы, што бальшавікі захочуць граць падчас перамоваў на "беларускай струне", хацелася папярэдне выпрацаваць c беларускімі правадырамі адпаведныя "modus vivendi" (спосабы паводзін), што і было зроблена пры ўдзеле таго ж Рачкевіча. Беларусы атрымалі запэўненні ў магчымасці вольнага нацыянальнага развіцця і атрыманні адпаведнай аўтаноміі ў польскай дзяржаве, пры гэтым на бягучыя патрэбы выдзялялася 9 000 000 марак, з якіх 200 000 марак "ex nunc" (тут жа) было выплачана. З іх боку перамовы праводзіў у асноўным Іваноўскі. Праца ішла ў паскораным тэмпе адносна барысаўскіх камбінацый і ў апошні дзень, 22 сакавіка 1920 г., скончылася толькі ў 3 гадзіны раніцы, а паколькі ўжо была традыцыя заканчваць такія зборы пасланнем Пілсудскаму або ў Сойм, таму і тут без гэтага не абыйшлося. Паколькі я меў гонар быць запрошаным у прэзідыюм, то лепельскія дэлегаты, думаючы, што з'яўляюся важнай постаццю, першымі звярнуліся да мяне з просьбай адрэдагаваць і выслаць такое пасланне. Я даў ім слова, што займуся гэтым.
Дэбаты над такімі дэкларацыямі ніколі не праходзяць гладка; на агульным зборы часам нечакана могуць паўстаць спрэчныя пытанні і рэзкія прапановы; пасланні такія павінны рэдагавацца ўпаўнаважанымі даверанымі асобамі розных партый і аднагалосна быць прынятымі на агульным зборы. Паколькі ў гэты дзень Рачкевіч запрасіў мяне на абед, то там я закрануў гэтае пытанне. Рачкевіч, засмяяўшыся, асвятліў, што гэтае пасланне ўжо знаходзіцца ў наборшчыка, каб выйсці ў ранішнім выпуску штодзённай менскай газеты як рашэнне збору. Калі пасля абеду мы апынуліся ў зале, дробны шляхціц выступіў з прапановай выслаць пасланне, быццам бы па ўласнай ініцыятыве, спасылаючыся на тэкст паслання, які нібы дзесьці ўжо быў абмеркаваны на прыватным зборы. Натуральна, усё было папярэдне падрыхтавана, бо гаворка ішла аб тым, каб ініцыятыва ішла з дэмакратычных сфер.
Рэдакцыя паслання, якое ўжо друкавалася, была прынятая аднагалосным прывітаннем у гонар Кіраўніка дзяржавы. Мне ўспомніліся царскія часы, калі мы таксама змушаныя былі дэманстраваць "вернападданніцкія" пачуцці. Мабыць спосабы кіравання, незалежна ад дзяржаўнага ладу, заўсёды адны і тыя ж. Добра, што цяперашні ўрад Рэчы Паспалітай пачынае ім вучыцца. Наогул гэты акруговы сойм прайшоў спакойна. Дэлегаты з Бабруйска, адзін былы валасны пісарчук, другі былы вясковы настаўнік, тлумачачы, што не ведаюць польскай мовы, гаварылі не пабеларуску нават, а паруску і выступалі з прапановай нацыяналізацыі лясоў. Але гэты дысананс быў тактоўна ўхілены старшынём. На гэтым зборы я з цяжкасцю дабыў да канца; змучаны дарогай у Вільню і сталай разумовай напругай пры бесперапыннай працы, спачатку ў Менску, затым у Вільні, і ізноў у Менску, а да таго ж, можа, дзесьці ў цеснаце вагоннай заражаны, я захварэў іспанкай. Памераўшы тэмпературу 39 гр., я спешна выехаў 25 сакавіка 1920 г., каб, уратуй Госпад, не хварэць і не памерці паза домам.
5 красавіка 1920 г., на другі дзень Вялікдня, паводле традыцыі, да нас прыехалі з віншаваннямі ўсе суседзі. За стол селі 24 чалавекі, і кожны толькі і думаў аб тым, ці назусім мы вярнуліся пад родныя стрэхі. Я быў ужо цалкам здаровы, толькі вельмі саслабелы гарачкай.
8 траўня 1920 г. Выбраўся ў Варшаву. Патрапіў на розныя маніфестацыі з нагоды поспехаў ва Ўкраіне і ўзяцця Кіева. Хутчэй гэта было падарожжа, а не ваенны паход, па сутнасці справы рызыкоўны, таму што з Кіевам, як і з Масквой, як гаворыць Жалігоўскі, узяць не праблема, але што потым з гэтым рабіць? Узяцце Кіева, без сумневу, спадабалася Еўропе і паказала, што Польшча ў міжнародных справах не з'яўляецца "quahtite negligeable" (апошняй).
У камісіі Сойма па замежных справах заслухалі ганебны выступ адпаведнага крыла на чале з З. Грабскім супраць польскіх распачынанняў ва ўсходніх крэсах і некаторых абавязальніцтваў у сувязі з гэтым "Мацежы": "der Mohr hat seine Plicht gethan der Mohr kann gehen" (Маўр зрабіў сваю справу, Маўр можа сыходзіць); адвечны лозунг Польшчы па стаўленні да нас. У 1863 г. нам гаварылі: нашай крывёй пазначаць межы ранейшай Рэчы Паспалітай; мы ішлі без усякай надзеі, выпрабоўваючы потым на сабе наступствы паўстання ва ўмовах прыгнёту, канфіскацый і "выключных правоў", а зараз радзіма Касцюшкі, Рэйтана, Міцкевіча і т. д. ім не патрэбна.
Па меркаванні Варшавы, канцэпцыя Грабскага пацярпела паразу, бо ваенныя поспехі адпавядалі нацыянальнаму шавінізму і арэолу Кіраўніка дзяржавы, таму з варшаўскага кафедральнага сабора раздаваўся ўрачысты спеў "Te Deum" у гонар узяцця Кіева. Усе чакалі, як Сойм адрэагуе на гэтую падзею, але Сойм перайшоў, абыходзячы гэтую падзею, да парадку дня.
(Працяг у наступным нумары.)
Першая агульнанацыянальная дыктоўка: быць ці не?
Кіраўніку ТБМ Алегу Трусаву ад Уладзіміра Падгола
Шаноўныя спадарыні і спадары!
Да вас звяртаецца Ўладзімір Падгол.
Прашу некалькі хвілінаў вашай увагі на роздум над маёй прапановай правесці 23 сакавіка ва ўсіх куточках Беларусі і свету дыктоўку пад умоўным назовам "За незалежную Беларусь!" . Пісаць можна ў офісах партыяў і грамадскіх аб'яднанняў, на кватэрах і мажліва ў бібліятэках. Поплеч сядуць палітычныя лідары і іх дзеці, мастакі і пісьменнікі, студэнты і школьнікі, бацькі разам з дзецьмі. Гэта можа быць дэманстрацыя павагі да мовы і незалежнасці, шанавання беларускага духу і душы. Дэманстрацыя ўсяму свету і тым, хто лічыць, што "белорусы это русскне только со знаком качества", што "белорусы и русские это единый народ".
Дыктоўка можа быць напісана ў сімвалічнай нядзельнай усебеларускай школе і стаць традыцыйнай.
Такія дыктанты шмат год пішуць палякі. Два тыдні таму ў трэці раз запар пісалі літоўцы.
Прычым разам са школьнікамі сядзелі і пісалі міністры. Пісалі ва ўсіх літоўскіх амбасадах па ўсёй зямлі.
У нас спадзявацца на дыктоўку праз дзяржаўнае радыё і тэлебачанне не выпадае. Але ёсць радыё Свабода ды відэмагнітафоны, сідзі і дывіды дыскі, з якіх можа прагучаць тэкст дыктоўкі.
Ідэя агульнанацыянальнай дыктоўкі ўжо шмат кім прынятая, і ідзе прапрацоўка мажлівасці яе правядзення. Ідуць абмяркаванні па наступных пытаннях: які тэкст зрабіць узорным: можа напіша хто з сучаснікаў, а можа ўзяць тэкст класіка;
На якой мове пісаць: тарашкевіца, ці наркамаўка. А можа даць мажлівасць напісаць на той мове, якая болып даспадобы
Ёсць прапановы правесці дыктоўку 24га, а ёсць раніцой 25га сакавіка.
3 аргумантаў тых, хто супроць дыктоўкі ўвогуле трэба выдзеліць наступныя: нашы людзі ня любяць, каб ім нехта нешта дыктаваў і таму не пойдуць на дыктант; шмат хто будзе саромецца атрымаць пры праверцы двойку, і таму сорам стрьмае яго ад удзелу;
Адразу патлумачу сваю пазіцыю. Ніхто нікога не будзе прымушаць здаваць на праверку свой тэкст. Удзельнікі могуць адразу забраць яго дамоў, потым у газетах прачытаць узорны тэкст і праверыць сваю дыктоўку. Сама ж дыктоўка ляжа ў ваш архіў і вы будзеце паказваць дзецям, унукам і ганарыцца ўдзелам у першай агульнанацыянальнай дыктоўцы.
Тут галоўнае не вынік, а ўдзел. Пішучы дыктоўку, тым самым мы дэманструем павагу мове, сведчым, што яна жыве, мае шмат прыхільнікаў і будучыню.
Камісію па праверцы дыктантаў трэба стварыць, і той, хто хоча атрымаць прыз, стаць пераможцам мусіць прапанаваць свой тэкст для праверкі ў камісію.
Я нават уявіў, што пад час пісання дыктоўкі супольнасцямі ў офісах, можна пасля індывідуальнага напісання зрабіць адзін супольны тэкст, напрыклад, ад ТБМ Гародні, і падаць яго на праверку. Можа атрымацца камандная дыктоўка. Ці маю я рацыю ў гэтым?
Падкажыце.
Прызамі пераможцам могуць стаць бясплатныя падпіскі на газеты "Наша слова", "Народная воля", "Наша Ніва", а таксама кнігі нашых пісьменнікаў з аўтографамі.
Пісьменнікі і любы творца таксама могуць напісаць узор дыктоўкі. 3 іх можна стварыць кнігу. Увесь 2008 год можа стаць годам падрыхтоўкі да другога агульнанацыянальнага дыктанта.
Папярэдне можна правесці запіс жадаючых пісаць дыктоўку ў Менску, скласці спіс і графік, згодна з якім з улікам месцаў ва ўправе БНФ і офісе ТБМ праводзіць дыктоўку.
Асобная тэма стасункі з уладамі. На мой погляд трэба прапанаваць уладатрымальнікам усіх рангаў узяць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы, а таксама арганізаваць яе ў сваіх установах. Болын таго, запрасіць памяшканні для жадаючых пісаць у бібліятэках. I трэба спаслацца на дзяржаўнасць мовы і азначэнні Лукашэнкі, дадзеныя ў навагоднім віншаванні:
«Мы нация! Нация, не раздираемая политической борьбой и переделом собственности, а сплоченная общей целью обустройства нашего отечества. Ведь народ, пустивший смуту в свой дом, обречен на исчезновеные...
Те, кто предвещал нам неминуемый крах, и те, кто его нам желал, не учли главного: мы стали единой сплоченной нацией, молодой энергичной и сильной духом. За годы становления суверенитета, преодолевая немыслимые трудносты, белорусский народ возмужал и готов всеми средствамы отстаивать собственный путь развития. Положив на чаши весов плюсы и минусы уходящего года, понимаешь, что его проблемы еще больше нас закалили и доказали исторический факт: Беларусь состоялась как независимое самодостаточное государство». (БТ 31.12.2007)
Запрашаю вас да абмяркавання ідэі.
Дацэнт, кандыдат філасофскіх навук У. Падгол.
Беларусы сядуць за дыктоўку 23 сакавiка
На 23 сакавіка ў Беларусі запланавана правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прысвечанай 90годдзю абвяшчэння незалежнасці БНР. Пра гэта 21 лютага на прэсканферэнцыі ў Менску паведаміў старшыня Менскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне" Віктар Івашкевіч.
Паводле яго слоў, дыктоўка павінна стаць "дэманстрацыяй любові і пашаны да роднай мовы". "Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЕНцэнтр абвясцілі конкурс на тэкст дыктоўкі. Удзел у ім грамадскіх дзеячаў, кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў будзе спрыяць падтрымцы і абароне мовы, яе сталенню і павышэнню статусу ў грамадстве", - адзначыў В. Івашкевіч.
Як лічыць ініцыятар правядзення дыктоўкі кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол, удзел у гэтай акцыі, якая праводзіцца ў многіх краінах свету, "дазваляе зрабіць беларускую мову сцягам, шэсцем і дэманстрацыяй". "Напісаны тэкст можна пакласці ў сямейны архіў, захаваць для нашчадкаў, перадаць ім як унікальнае сведчанне павагі да беларускай самабытнасці. А хто жадае ўзяць удзел у конкурсе на якасць валодання мовай, можа здаць тэкст у камісію па падвядзенні вынікаў. Пераможцы атрымаюць прызы", - сказаў У. Падгол. Паводле яго слоў, фотавыставу матэрыялаў дыктоўкі мяркуецца павезці па тых краінах, дзе жывуць беларусы, а таксама экспанаваць у будынку сакратарыяту ААН у НьюЁрку.
Віцэпрэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што "закон аб мовах не выконваецца, чыноўнікі выкарыстоўваюць яго для дыскрымінацыі беларускамоўнай часткі грамадства, у краіне адсутнічае ўпарадкаванае заканадаўства на роднай мове". Вось чаму, паводле яго слоў, такія акцыі, як дыктоўка, "дазваляюць беларусам адстойваць свае штодзённыя лінгвістычныя правы".
Старшыня "Таварыства белорускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў адзначыў, што дыктоўка будзе праводзіцца 23 сакавіка кожную гадзіну, з 10.00 да 18.00. Заяўкі на выдзяленне залаў накіраваны ў самыя буйныя бібліятэкі сталіцы. "Тое ж самае мы прапануем зрабіць прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах. Калі нам адмовяць, дыктоўка пройдзе ў офісах палітычных партый.
Наш кар.
Дылема гарадзенскага музея Васіля Быкава
Некалькі гадоў існуе ў Гародні грамадскі музей Ва-сіля Быкава. Чаму не атрымлі-ваецца адкрыць сапраўдны музей пісьменніка?
Народны пісьменнік Беларусі жыў і працаваў у горадзе амаль чвэрць стагоддзя. Экспанаты назапашваюцца, але ў вузкім пакойчыку немагчыма стварыць нармальную разгорнутую экспазіцыю.
Кіраўнік гарадскога ідэалагічнага аддзела Сяргей Дубавец паведаміў, што пы-танне пра музей Васіля Быкава разглядалася ў намесніка стар-шыні гарвыканкаму Ірыны Сенчанкавай.
- Была праведзена на-рада. Музейшчыкі прапанавалі чатыры варыянты стварэння гэтага музея, а Мельнікаў і яшчэ два чалавекі з ім, якія там былі, - яны сказалі: мы падумаем. І ўвогуле ніхто ніякай кропкі не ставіў.
Стваральнік грамадскага музея Быкава Мікалай Мельнікаў пацвердзіў:
- Яны прапанавалі чатыры варыянты, каб перадаць нашыя матэрыялы ў якоенебудзь месца, у школу. Дык мы сказалі, што музей гэты - наш, ён створаны ўдзельнікамі Айчыннай вайны, нашай арганізацыяй. Мы прасілі асноўнае - памяшканне без арэнднай платы.
Спадар Мельнікаў зазначыў, што пасля размовы яны чакаюць афіцыйнай паперы з прапановамі ўладаў, а тады збяруць сваю Раду і будуць на ёй абмяркоўваць, якое прыняць рашэнне. Таксама ён сказаў, што ў цэлым улады паставіліся да стваральнікаў быкаўскага музея станоўча, абяцалі дапамагчы, зрабіць усё магчымае, каб даць памяшканне і каб музей працаваў.
У чым жа загваздка, чаму музей народнага пісьменніка ніяк не набудзе належны статус і нармальнае памяшканне? Знаўцы сітуацыі кажуць: улады не выяўлялі рэальнага жадання стварыць музей Быкава, гэта ініцыятыва знізу. У той жа час гарвыканкам сёння не супраць развязаць праблему. Аднак ветэраны жадаюць захаваць аўтаномнасць музейнага збору і баяцца, каб ім не сказалі "да пабачэння", паколькі ўсе яны пенсійнага веку.
Якім жа можа быць выйсце? Меркаванне Ігара Жука - выкладчыка Ўнівэрсітэту імя Янкі Купалы, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
- Такі музей павінен быць у Гародні. Мне здаецца, што яго трэба рэальна ўзаконьваць. Да якой пары мы будзем хаваць Быкава ў кішэні? Гэтым павінна займацца дзяржава, гэта яе клопат. Я ўпэўнены, што без цэнтралізаванага дзяржаўнага падыходу як да дзяржаўнай справы, да асобы дзяржаўнай значнасці, аматарскі гурток застанецца аматарскім гуртком.
Спадар Жук мяркуе, што ўладам варта будзе знайсці магчымасць неяк адрэгуляваць адносіны з ініцыятарамі стварэння музея, бо для ветэранаў ён стаў справай жыцця, музей дапамагае ім жыць
Сяргей Астраўцоў.
Астраномія ў Віленскім універсітэце
Лявон Лаўрэш, рэдактар аднаго з найбольш грунтоўных краязнаўчых сайтаў "Pawet" (pawet.net). Нарадзіўся 01.03.63 г. у Лідзе. Аўтар больш за 20-ць краязнаўчых артыкулаў і 2-х кніжак. Сябар БАЖ. Толькі на сайце "Pawet" вы можаце знайсці "Гісторыю літоўскага народа" Тодара Нарбута ў поўным аб'ёме, а таксама велізарны аб'ём інфармацыі з гісторыі Ліды і Лідчыны.
Віленскі ўніверсітэт арганізаваны ў 1579 г. паводле ўказу Стэфана Баторыя. Працяглы час ён быў альмаматар для шмат якіх пакаленняў беларускіх дзяржаўных дзеячаў, інтэлектуалаў, святароў і г. д.
7 ліпеня 1578 г. у Львове Стэфанам Баторыем быў выдадзены першы прывілей, які ствараў езуіцкі калегіюм, але без вялікай або малой пячаткі ВКЛ прывілей не меў сілы, у той час вялікай пячаткай распараджаўся канцлер Мікалай Радзівіл Руды, кальвініст па веравызнанні.
1 красавіка 1579 г. Стэфанам Баторыем быў выдадзены другі прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіюм мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu). Канцлер зноў адмовіўся прыкладаць вялікую пячатку.
29 кастрычніка 1579 папа Рыгор XIII сваёй булай зацвердзіў гэты прывілей. Стэфан Баторый ўпэўніў падканцлера Астафія Валовіча, таксама кальвініста, прыкласці да прывілея малую пячатку і тым самым надаць яму юрыдычную моц. Біскуп Віленскі Валяр'ян Пратасевіч, дзеля ўтрымання ўніверсітэта, фундаваў езуітам шэраг уладанняў, у тым ліку камяніцу пры вуліцы Бернардзінскай для бедных студэнтаў, якая атрымала назоў Валер'янская бурса.
Мовай выкладання ў акадэміі была лаціна, як тады было прынята ў Еўропе, а выкладчыкі паходзілі з розных частак Рэчы Паспалітай.
XVIІ - XVIIІ стагоддзі
З моманту заснавання Віленскага ўніверсітэта ў ім было два факультэты: філасофскі і багаслоўскі. Вучоба на філасофскім факультэце працягвалася тры гады, і ён лічыўся як бы першай прыступкай перад багаслоўскім факультэтам. У 1641 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаванне медыцынскага і юрыдычнага факультэтаў.
На філасофскім факультэце было сем кафедраў: метафізікі, логікі, этыкі, матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, вольных навук (litterae humaniores), вывучалі латынь, грэцкую, рыторыку, паэтыку). Праштудзіраваўшы тры гады універсітэцкі курс філасофскага факультэта, студэнты атрымоўвалі ўсебаковую, на ўзроўні сваёй эпохі адукацыю, і маглі далей працягнуць вывучаць багаслоўе - другую прыступку. Пры гэтым вывучаліся маральная тэалогія, дагматычная тэалогія, Святое пісанне Новага і Старога Запавету, казуістыка, палеміка, кананічнае права, гісторыя царквы, габрэйская мова.
Курс філасофіі выкладаўся ўсе тры першыя гады як і ва ўсіх еўрапейскіх універсітэтах той пары. Ён складаўся з чатырох частак: логікі, натурфіласофіі (фізікі), метафізікі і этыкі. Самым паглыбленым быў курс натурфіласофіі (philosophia naturalis seu physica), у якім выкладалася і астраноміі. Яўна, што натурфіласофія выкладалася па Арыстоцелю, Томашу Аквінскаму, Вільяму Акаму. Тым не менш, ужо ў XVII ст. студэнтам распавядалася і аб геліяцэнтрычнай сістэме свету Каперніка і аб новай фізіцы Галілея.
Растлумачваючы Сусвет, большасць выкладчыкаў знаёміла студэнтаў з трыма асноўнымі на той час сістэмамі: Пталамея (ПТАЛАМЕЙ КЛАЎДЗІЙ (Claudius Ptolemaeus) знакаміты астраном і географ антычнасці, высілкамі якога геацэнтрычная сістэма светабудовы набыла канчатковую форму), Каперніка і Ціха Браге (БРАГЕ (Brahe) Ціха (1546-1601), дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. На пабудаванай ім у 1576 годзе абсерваторыі «Ураніборг» звыш 20 гадоў вёў вымярэнні размяшчэння свяцілаў з найвышэйшай для свайго часу дакладнасцю) . Пры гэтым паведамлялася, што 5 сакавіка 1616 г. кніга Каперніка ўключана ў індэкс забароненых кніг (выключаная з індэксу ў 1826 г.). Тут неабходна адзначыць, што кнігу Каперніка "De revolutionibus orbium coelestium", надрукаваную ў 1543 г., выбітны астраном, матэматык, лекар Георг Іаахім фон Лаўхен (Rhaeticus, 15141576), перадаў у бібліятэку Вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта Аўгуста, асабістым доктарам якога ён быў. Потым кніга патрапіла ў бібліятэку ўніверсітэта.
Да Кеплера ў разліках па сістэме Каперніка, прымалася, што планеты рухаюцца па ідэальных акружнасцях. І пры гэтым хібнасці паміж разліковым і рэальнымі становішчам планет былі досыць вялікія. Менавіта гэта вымусіла Ціха Браге сфармуляваць сістэму свету, ў якой былі аб'яднаныя ідэі Пталамея і Каперніка.
Аб узроўні выкладання астраноміі, сведчыць адзін з найболей ранніх з захаваўшыхся курсаў невядомага выкладчыка ад 1603 г. Курс чытаўся на высокім навуковым узроўні з ужываннем матэматычных метадаў, вялікай колькасцю схем і чарцяжоў. Разглядаючы рух нябесных сфер, аўтар курсу спасылаецца на другі раздзел кнігі Каперніка, дзе гаварыцца аб руху Землі. Але ў цэлым аўтар прытрымліваецца сістэмы свету Пталамея з Зямлёй у цэнтры.
Вядомы таксама рукапіс з лекцыямі па астраноміі 1629 г. "Elementale mathematicarum disciplinarum. Elementale astronomicum" прафесара матэматыкі Андрэя Мілеўскага, у якой астраномія выкладаецца з пазіцый геацэнтрызму. Але нараўне з сістэмай Пталамея, у кнізе апісваюцца і сістэмы свету Ціха Браге і Каперніка. Мілеўскі (1593-08.1656), у ордэн езуітаў уступіў 19.03.1611 г. у Вільні. Прафесар маральнай тэалогіі. Акрамя Вільні, у 1630-1631 гг. быў прафесарам граматыкі ў Нясвіжы і ў шматлікіх навучальных установах Польшчы.
Найбольш вядомым выкладчыкам астраноміі той эпохі, быў матэматык прафесар Освальд Крыгер (1598-1665). Крыгер (KRUGER, Kriger, Kryger Oswald) нарадзіўся ў 1598 г. у Прусіі, у ордэн езуітаў уступіў 18.08.1618 г. у Вільні. Памёр 6 траўня 1655 г. у Гародні. З 1622 па 1625 штудзіраваў філасофію ў Рыме, з 1626 г. па 1630 г. вывучаў тэалогію ў Вільні. У 1631-32 гг. прафесар матэматыкі ў Нясвіжы, з 1632 г. па 1633 г. прафесар матэматыкі і габрэйскай мовы ў Вільні, у 1633-34 гг. у Нясвіжы. З 1634 г. па 1648 г. ізноў прафесар матэматыкі і габрэйскай мовы ў Вільні. У 1648 г. займае пасаду прафесара матэматыкі і маральнай тэалогіі у Нясвіжы і з 1653 г. - рэктар у Нясвіжы. У 1655 г. атрымаў пасаду каралеўскага інжынера і займаўся вайсковай тэхнікай. Аўтар падручніка "Arithmetica practica in usum studiosae juventutis" (Wl 1635) і прац па матэматыцы, астрано-міі оптыцы і архітэктуры, напрыклад: "Іllustriora Theoremata et problemata mathematica ex Opticis"... (Wl 1633).
Дзве часткі працы Освальда Крыгера "Compendium mathematicarum disciplinarum" (1632 г.) былі прысвечаныя астраноміі. Захаваліся так сама запісы лекцый па астраноміі за 1645 г. прафесара О. Крыгера. У гэтым курсе нароўні з іншымі, ён прыводзіць і сістэму Сусвету па Каперніку. У навуковай дзейнасці Крыгер як і Галілей, зыходзіў з важнасці вынікаў эксперыменту (дарэчы Галілей падтрымліваў навуковыя кантакты з Віленскім універсітэтам).
Крыгер самастойна зрабіў тэлескоп і яшчэ пры жыцці Галілея, са сваімі студэнтамі, правёў першыя назіранні неба ў аптычную прыладу. Ёсць дакладная інфармацыя аб назіранні Крыгерам адкрытых Галілеем спадарожнікаў Юпітэра у 1632 г.
Былыя студэнты Крыгера Ян Рудаміна-Дусяцкі і Альберт Дыблінскі пад яго кіраўніцтвам напісалі першыя ў нас астранамічныя працы.
Матэматыка-астранамічная праца Яна Мікалая Рудаміны-Дусяцкага "Illustri-ora theoremata et problemata mathematica …" (1633 г.) напісана на матэрыяле ўніверсітэцкіх лекцый. Сярод іншага аўтар апісвае нядаўна вынайдзены тэлескоп (tubus astrono-micus) і распавядае аб правядзенні ў Вільні назіранняў за спадарожнікамі Юпітэра. Рудаміна-Дусяцкі апісвае ўсе наяўныя на той час сістэмы сусвету: Пталамея, Ціха Браге, Каперніка.
Ян Мікалай Рудаміна-Дусяцкі (1615-1652 (51?) вучыўся ў Віленскай і Кракаўскай акадэміі, Лэйдэнскім і Балонскім універсітэтах. Браслаўскі харужы з 1639 г. па 1645 г., с 1645 г. - браслаўскі маршалак, стараста ўсвятскі, пасол у сойм 1648-га года, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1640 і 1645 гг.
Цікава, што літоўская даследчыца З. Матулайцітэ падзяліла прозвішча Яна Ру-даміны-Дусяцкага і напісала аб двух розных вучнях Крыгера: Ёнасе Рудаміне і Я. Дусяцкім! (Историко-астрономические исследования. Выпуск XII. Москва 1975 г. // С. 73- 82. ) Рудаміны-Дусяцкіе - вядомы шляхецкі род на Беларусі. Так, напрыклад прадзед Яна Руда-міны-Дусяцкага, таксама Ян Рудаміна-Дусяцкі (1543-1621) фундатар знакамітага касцёла ў Камаях, дзед - аўтар твора "Праўдзівыя дыярушы экспедыцыі Кароны Польскай і ВКЛ супраць Асмана … " (1640) пра Хоцінскую бітву 1621 г. з туркамі. Амаль што ўсе пакаленні Рудамінаў-Дусяцкіх вучыліся ў розных універсітэтах Еўропы.
У 1639 г. аўдытар (не-шта блізкае нашаму дацэнту) Віленскай акадэміі Альберт Дыблінскі выпусціў кнігу "Centuria astronomica" напі-саную на аснове лекцый Крыгера. Цікава, што аж ў 1707 г. гэтая кніга была перакладзеная на рускую мову Ў. Кіпрыяна-вым для Матэматыка-навігацыйнай школы ў Маскве. Кніга была падрыхтаваная да друку, але пераклад так і не быў надрукаваны.
"Centuria astronomica" складаецца з 100 пунктаў, кожны прыблізна ўключае ў сябе паўгадзінную лекцыю.
У пунктах з 1-га па 7-ы даецца апісанне геацэнтрычнай сістэмы Сусвету па Сакрабоску (Сакробоска Ян,- ангельскі навуковец. Памёр у 1556 г. у Парыжы, дзе быў прафесарам астраноміі і матэматыкі ва ўніверсітэце. Вучыўся у Оксфардзе. Ягоная самая распаўсюджаная праца "De sphaera mundi" - скарочаны выклад сістэмы сферычнай астраноміі па Пталамею). У гэтых пунктах сцвярджаецца, што акрамя сферы зорак існуюць сем планетных сфер са сваімі эпіцыкламі. Прыведзеныя чарцяжы якія тлумачаць рух Сонцы і Месяца вакол Зямлі.
У пп. 8-11 тлумачыцца, чаму працягласць дня на роз-ных шыротах розная. Прыводзяцца досыць дакладныя памеры Зямлі па Ціха Браге.
Пп. 12-18 прысвечаныя апісанню руху Месяца.
Пп. 19-23 тлумачаць бачны рух планет на небе. Пры апісанні руху Венеры, прыводзіцца факт яе дзённай бачнасці.
П.23 адказ на пытанне: "Нябёсы цвёрдыя?" са спасылкай на Св. пісанне - цвёрдыя.
У п. 25 справядліва сцвярджаецца, што свеціць толькі Сонца, а ўсе астатнія нябесныя целы свецяць адлюстраваным святлом (за выключэннем зорак).
Далей тлумачацца фазы Месяца, чыннікі рознага колеру яго ў залежнасці ад вышыні над гарызонтам і стану атмасферы.
Пп. 40-42 са спасылкай на Арыстоцеля і іншыя аўтарытэты тлумачыцца чаму зоркі ззяюць а планеты не.
У п.43 апісваецца тэле-скапічнае назіранне Венеры ў Вільні ў 1639 г. і даецца разліковая табліца яе становішчаў на небе і бачных фаз на наступныя гады.
У п. 44 прыводзіцца інфармацыя Ціха Браге аб бачнай колькасці зорак на небе: бачных увесь час 780, заходзя-чых 317, усяго 1097. У наступным пункце паведамляецца, што акрамя бачных вокам, вядомых планет, павінны быць і яшчэ не вядомыя планеты.
У пп. 46-55 апісваецца сутачны і гадавы рух зорнага неба і з'ява прэцэсіі. Прэцэсія тлумачыцца са спасылкай на вялікага Каперніка (Magni Kopernici) і Ціха Браге.
У пп 56-62 разглядаецца гадавы рух усіх планет і Месяца. Паведамляюцца лічбавыя характарыстыкі гэтага руху.
У п. 63-71 на аснове разлікаў Ціха Браге аб памерах і адлегласцях да планет і зорак робіцца пераразлік іх вуглавых хуткасцей ў лінейныя. Пры-водзяцца разлікі Ціха Браге аб адлегласці да нябесных свяцілаў. Адлегласць да Месяца блізка да рэальнай.
У пп. 72-73 на аснове адлегласцяў і вуглавых памераў, прыводзіцца разлік фізіч-ных памераў Месяца і Сонцы. Адлегласць да Месяца ў Браге атрымалася адпаведнай рэальнасці, таму прыводзяцца ягоныя дакладныя фізічныя памеры. А дыяметр Сонцы атрымаўся моцна пераменшаным, бо разлічваючы адлегласць да Сонца Ціха моцна памыліўся.
Пп.78-90 прысвечаныя зацьменням Сонца і Месяца. Апісваюцца чыннікі гэтых з'яў і даюцца тлумачальныя разлікі.
Апошнія 10 пунктаў прысвечаныя астралогіі.
У XVII ст. універсітэц-кія навукоўцы выдалі шэраг іншых кніг дзе разглядаліся розныя пытанні астраноміі:
Stancykiewicz J., Exegesis festivitatis paschalis. 1646; Акрамя пытанняў звязаных з каляндаром, даюцца звесткі аб сонечным і месячным годзе, аб сонечным цыкле.
Bialkowski N. C., Theorecentrica sive mathematicae de punctis et centris conside-rationes, 1644;
Poszapowsky J., Universa meteorologija, 1643;
Karwosiecki W., Theorematia caloptrosaustica. Seu de speculis histories, 1636;
Mlodzianowski J., Theoremata de oculo, 1641. Тут акрамя іншага, аўтар распа-вядае аб даследаваннях Капер-ніка і Ціха Браге прысвечаных вызначэнню адлегласцяў да зорак і планет і піша што "вялікі Капернік" паказаў, што адлегласць ад Сонца да Зямлі нашмат менш чым ад Сонца да нерухомых зорак. У кнізе апісваецца тэлескоп.
Аднак аж да канца 18 ст. галоўнай лічылася геацэнтрычная мадэль Пталамея з Зямлёй у цэнтры Сусвету і менавіта гэтая сістэма выкладалася студэнтам як асноўная.
Тут неабходна распавесці факты, якія паказваюць, што выкладанне астраноміі ў Віленскім універсітэце адпавядала агульнаму Еўрапейскаму ўзроўню таго часу. Упершыню студэнты былі азнаёмленыя з геліяцэнтрычнай сістэмай Сусвету Каперніка ў лекцыях Саламанскага ўніверсітэта ў 1561 г. Да пачатку XVII стагоддзя гэтая сістэма аспрэчвалася нават у Сарбоне. А ў найстарэйшых універсітэтах ЗША - Ельскім і Гарвардскім, сістэмы сусвету Каперніка і Пталамея выкла-даліся паралельна, да канца XVIII стагоддзя.
XVIIІ - XIX стагоддзі
У 1752 г. дасведчаны архітэктар, матэматык і астраном езуіт Томаш Жаброўскі (1714-1758) вярнуўся ў Вільню з Вены. Ён распрацаваў план астранамічнай абсерваторыі і атрымаў сродкі ад дабрачынніцы Эльжбеты Агінскай -Пузынінай. (1700-1768) для яе будаўніцтва. У 1753 г. астранамічная абсерваторыя пры Віленскім універсітэце адчынілася і яе першым дырэктарам стаў Т. Жаброўскі.. Памяшканні абсерваторыі былі дабудаваны на будынку ўніверсітэта. Яны ўключалі ў сябе рэпрэзентаційную Белую залу, над якой надбудавалі павільён для прыбораў, дзве вежы і назіральную пляцоўку.
У праграме па астраноміі на 1781/82 гг. выкладчык А. Строцкі акрамя іншага прадугледзеў і выкладанне гісторыі астраноміі.
Князь Мікалай Радзівіл (1702-1762), ахвяраваў тэлескоп у 4 футы даўжынёй, які быў выраблены ў Нямеч-чыне. Тэлескоп абшыты скурай, з гравіраваным золатам надпісам: "Dono celsissimi principis Michaelis Radziwill palat: Viln. supr: ducis exerc: M.D.L. cessit Acad: Viln: S. J. ad usum astronomicos". Гэты тэлескоп - рэфлектар сістэмы Грэгары, які мае галоўнае люстэрка дыяметрам 13,5 см з люстраной бронзы і да нашага часу захоўваецца ў музеі ўніверсітэта. Іншы тэлескоп - рэфлектар з люстэркам 10 см быў ахвяраваны Юзафам Сапегам (1708-1754), біскупам Вільні. Журналаў назіранняў Жаброўскага не захавалася, але вядома, што ён назіраў Месяц і спадарожнікі Юпітэра. Аб узроўні патрабаванняў да студэнтаў, сведчыць іспытная праграма 1754 г. складзеная Жаброўскім. У гэтай праграме ёсць раздзел прысвечаны аст-ранамічным назіранням студэнтаў, такім чынам вядома, што студэнты маглі самастойна азнаёміцца з апошнімі дасяг-неннямі той эпохі.
Для закупу астрана-мічных прылад у Англію ездзіў будучы рэктар універсітэта Марцін Пачобут - Адляніцкі. У 1764 г. ён вярнуўся ў Вільню і стаў дырэктарам астранамічнай абсерваторыі. Прабыў на гэтай пасадзе на працягу 44 гадоў. У 1780-1799 гг. ён быў рэктарам Віленскага ўніверсітэта. Гады кіравання Пачобута-Адляніцкага - "залаты век" абсерваторыі і ўніверсітэта.
Пачобут дабудаваў абсерваторыю. Праект пашы-рэння распрацаваны вядомым архітэктарам Марцінам Кнакфусам у 1782-1788 гг.
Пачобут быў вельмі старанным і кваліфікаваным назіральнікам і пакінуў вя-лікую колькасць запісаў і дадзеных назіранняў. Ён выканаў вымярэнні размяшчэнняў астэроідаў, планет і камет. Ён таксама назіраў месячныя і сонечныя зацьменні. Найваж-нейшымі былі назіранні Меркурыя. Пазней, гэтыя назіранні выкарыстоўваліся французскім матэматыкам і астраномам Лаландам для вылічэння арбіты Меркурыя і складання табліц размяшчэння гэтай планеты.
Але пра Марціна Пачобута - Адляніцкага будзе асобны артыкул.
Пасля скасавання Ордэна езуітаў (1773) Віленская акадэмія ў 1781 г. ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага (Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у Галоўную віленскую школу.
У 1811 г. кафедру астраноміі атрымаў Цэзар Камінскі (1765-1827). У праграме па астраноміі, якую ён склаў, уваходзілі апісанне сістэмы Сусвету, тлумачэнне прычынаў сонечных і месячных зацьменняў, тлумачэнне з'яў, што выцякаюць з сутачнага вярчэння Зямлі вакол сваёй восі і гадавога вакол Сонца.
У 1814 г. Камінскага змяніў Вінцэнт Карчэўскі (1789-1832), які таксама склаў сваю праграму. Акрамя ўсяго іншага, ён уключыў у яе курс гісторыі астраноміі. Карчэўскі з'яўляўся аўтарам шэрагу кніг па астраноміі. Найбольш папулярнай з іх была "Астраномія …" (Karczewski W., Astronomia zawarte wo dwodziestu dwoch lekcijach … Cz. 1-2. Wilna, 1826).
Навуковая праца Пачобута была працягнуты яго пераемнікамі. Найболей вядомымі з іх былі Ян Снядэкі, які ўзначальваў абсерваторыю ў 1807-1825 гг., і Пётр Славінскі, дырэктар абсерваторыі ў 1825-1847 гг. Як і Пачобут, яны назіралі планеты і іх спадарожнікі, астэроіды і каметы, зацьменні Сонцы і Месяца. Яны таксама вызначалі геаграфічныя каардынаты розных месцаў краю. Вынікі іх назіранняў публікаваліся ў працах вядомых еўрапейскіх абсерваторый. Яны падтрымлівалі кантакты з абсерваторыямі Берліна, Грынвіча, Кенігсберга, Парыжа, Пулкава і іншых. Пра Яна Снядэцкага я планую напісаць артыкул. А пра Пятра Славінскага (1795 - 1881), вучня Снядэцкага, вядома не шмат. У 1815 г. ён закончыў Віленскі універсітэт, у 1817 г. стаў доктарам навук. У 1819 г. выехаў за мяжу для удасканальвання. Працаваў у абсерваторыях Англіі, Францыі, Германіі. У Англіі сустракаўся са знакамітымі астраномамі Віліямам Гершалем і ягоным сынам Джонам. У 1823 г. вярнуўся дахаты і быў прызначаны прафесарам універсітэта ў Вільні. Аўтар кнігі "Poczatki Astronomii" (1826 г.).
З-за непасрэднай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831-32 гг. рэскрыптам Мікалая I 1 траўня 1832 г. універсітэт скасоўваецца.
Медыцынскі факультэт ператвараецца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўскаму універсітэту Св. Уладзіміра а тэалагічны ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеную ў Санкт-Пецярбург.
Дзякуючы Славінскаму, абсерваторыя была перададзеная Імператарскай Акадэміі Навук у Санкт-Пецярбурзе і працягвала працаваць. У 1836 г. П. Славінскі арганізаваў друкаваны орган для публікавання вынікаў назіранняў (Extrait des Observations faites a l'Observatoire de l'Academie Imperial des sciences a Vilna), які рэгулярна выдаваўся да 1846 г. У 1840 г. абсерваторыя набывала 15-ці см. тэлескоп - рэфрактар Мерца, які быў усталяваны ў заходняй вежы будынка абсерваторыі.
У другой палове 19 ст. віленскія астраномы пакінулі астраметрычныя і перайшлі да астрафізічных назіранняў . Георгій Саблер (1810-1865) і Мацвей Гусеў (1826-1866) былі піянерамі ў гэтай вобласці даследаванняў. У 1861 г. Саблер, дырэктар абсерваторыі, набыў новыя прылады, сярод якіх быў сонечны фотагеліограф, фатометр Шверда і спектраскоп Мерца. У 1865 г. пачаў функцыянаваць сусветны фатаграфічны сонечны патруль. У перыяд 1868-1876 гг. была атрымана 900 фатаграфій Сонца, якія апрацоўваліся і захоўваліся ў Вільні і ў Пулкава. Пазней, пачалі праводзіцца спектраскапічныя назіранні Сонца і фотаметрычныя назіранні зорак. На жаль, у 1876 г. пажар прычыніў цяжкія пашкоджанні абсерваторыі. Абсерваторыя не атрымала ніякіх сродкаў для аднаўлення, і праз пяць гадоў была зачынена. Каштоўныя архівы, бібліятэка і прылады былі размеркаваныя сярод розных устаноў Расіі, галоўным чынам перавезеныя ў Пулкаўскую абсерваторыю.
У 1921-1941 гг. у зноў адчыненым універсітэце астранамічныя даследаванні ўзначаліў Уладзіславаў Дзявульскі (1878-1962), вядомы польскі астраном.
Астранамічная абсерваторыя Віленскага ўніверсітэта працягвае сваю працу і зараз. У Белай зале былой абсерваторыі зараз размяшчаецца прафесарская чытальня ўніверсітэцкай бібліятэкі. Адзінае, што нагадвае аб тым, што ў гэтых памяшканнях зараджалася астранамічная навука нашага краю, гэта тры тэлескопы ХVІІІ ст., музейныя экспанаты і адначасова элементы інтэр'еру былой рэпрэзентацыйнай залы.
Лявон Лаўрэш
Слова майстра - слова веры і надзеі
Народны паэт Беларусі, намінант на атрыманне Нобілеўскай прэміі ў галіне літаратуры, Рыгор Іванавіч Барадулін адзначыў 24 лютага Дзень народзінаў. Шаноўнага, ўсімі любімага мэтра паэзіі наведаў і павіншаваў з 73цяй гадавінай Аляксандр Мілінкевіч. Напярэдані гэтага дня Р.І. Барадулін вярнуўся дадому са шпіталя. Зараз ён працуе над падрыхтоўкай да выдання кнігі ў выдавецтве "Кнігазбор".
Чараўнік беларускай мовы, кароль метафары, стваральнік вершаў і паэмаў, аўтар любімых песень і баладаў, таленавіты перакладчык Р.І. Барадулін ва ўсе часы натхняе сваёй творчасцю музыкаў, мастакоў, выканаўцаў. Яго паэзія стварае вялізны пласт нацыянальнай культуры, жыццёвага досведу і мудрасці.
"Шаноўны Рыгор Іванавіч! Вы з'яўляецеся адным са стаўпоў беларускай нацыі, -сказаў лідар Руху "За Свабоду". Сардэчна віншуем Вас з Днём Нараджэння! Трымайцеся здаровым, мацуйцеся духам, Вы вельмі патрэбны Беларусі! Мы молімся за Вашае здароўе і за Вашую сям'ю! Ваша творчасць сцвярджае хрысціянскія маральныя каштоўнасці, дапамагае беларусам быць больш шчырымі, любіць сваіх блізкіх, шанаваць родную зямлю і матчыну мову. Мы адчуваем, што Вы заўсёды з намі. Вашыя словы даюць моц народу перажываць цяжкія часіны выпрабаванняў, сцвярджаюць веру ў лепшае. Ваша паэзія ўзрушвае моцную энергетыку, якая дапамагае нам перамагаць," - падкрэсліў А. Мілінкевіч.
Э. Дзвінская.
На здымку: Валянціна Міхайлаўна і Рыгор Іванавіч Барадуліны, А. Мілінкевіч і Іна Кулей.
Шчаслівыя, што маем Рыгора Барадуліна
Хто не зайздросціць вялікаму таленту! Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін менавіта адносіцца да такіх карыфеяў. Ён аўтар шматлікіх рознатэмных і перакладчыцкіх кні-жак. Яго чыталі амаль на сарака мовах народаў свету.
Нядаўна мне пашанцавала наталіцца паэтавымі бессмяроднымі вершамі ў аб'ёмістым зборніку "Ксты". Пачытаць кніжку пазычыў мне знаёмы лекар з наступным аўтарскім аўто-графам: "Паважанаму спадару Вацлаву Каз-лоўскаму - Бог насустарч! З пашанай Рыгор Барадулін. 24.ХІІ.07 г.!"
Кожны паэт вядомы як вершаствара-льнік. Ён хочучы таго ці не хочучы ўспамінае свае карані. Аказваецца, Р. Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, а не ў вёсцы Гарадок Ушацкага раёна.
Што мы не ведалі пра Р. Барадуліна? Не ведалі, што дзед яго па мацеры Рыжані Галь-віньш - механік па млынах. Што маці Рыгора Іванавіча дужа добра шыла.
Яна, як і шмат хто не дачакалася свайго Івана пасля вайны. Адны казалі, што нібыта ён - партызан - паранены сам сябе падарваў, другія - што загінуў у вёсцы Белае каля возера. Ні ліста ад жывога. Ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць. Сын - Рыгор Барадулін - таксама чакаў. Ён пасля ў вершы "Бацьку" так пісаў:
Ты мне не падасі рукі.
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта...
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я ... чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым летам,
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкай кветак.
Каб бацька жыў, ганарыўся б сынам. Ён жа акрамя таго, што народны паэт Беларусі, ён таксама лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі імя Алеся Адамовіча, ПЭН-цэнтра (ПЭН-цэнтр - гэта суполка паэтаў і празаікаў утвараная ў канцы 1921 года. ПЭН - цэнтр дзейнічае больш, як у ста краінах свету і аб'ядноўвае выдатных творцаў мастацкага слова) , ганаровы доктар Беларускага дзяр-жаўнага ўніверсітэта. Мае ўрадавыя ўзнагароды - ордэн "Дружбы народаў" і "Знак пашаны", медаль Францыска Скарыны. За пераклады з латышскай мовы атрымаў ордэн Трох Зорак - найвышэйшую ўзнагароду рэспублікі. А ў 2004 годзе за зборнік духоўнай паэзіі "Ксты" вылучаны на Нобелеўскую прэмію.
Пра сябе Рыгор Барадулін сказаў ёмка:
Арол застаецца арлом
І з адным крылом.
Узрост свае бярэ. Але паэт застаецца паэтам. Таму ён парадуе нас выдатнымі творамі розных жанраў.
Алесь Стаду б
Навошта чалавеку галава?
- Каб есці, - сцвярджае "барадаты" анекдот. Аднак Генадзь Шэршань, аўтар кнігі з такой займальнай назвай, думае зусім інакш.
У лёгкай для ўспрымання, даступнай, лаканічнай і цікавай форме аўтар, доктар па прафесіі, распавядае пра дзейнасць цела чалавека, магчымасці арганізма, працу яго розных органаў і сістэм. Матэрыял выкладзены ў выглядзе асобных невялікіх аповядаў, аб'яднаных у тэматычныя раздзелы. Жыццядзейнасць чалавека, складаныя фізіялагічныя працэсы, нават прычыны пэўных захворванняў раскрываюцца праз апісанне побытавых сітуацый, добра знаёмых дзецям. Так, нязмушана і паступова, падаюцца асновы ведаў па анатоміі і фізіялогіі чалавека. Прыведзеныя факты з гісторыі біялогіі і медыцыны абавязкова зацікавяць юнага чытача і паспрыяюць яго захапленню біялагічнымі навукамі. Аўтар мэтанакіравана падводзіць да думкі пра неабходнасць беражлівага стаўлення да свайго арганізма, што спрыяе фармаванню здаровага ладу жыцця ў маладога пакалення Беларусі.
Кніга прызначана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, а таксама педагогам - настаўнікам малодшых класаў, выкладчыкам біялогіі і класным кіраўнікам.
На вялікі жаль, кнізе бракуе ілюстрацый, але ў пэўнай ступені гэта кампенсуецца багатай фантазіяй аўтара ў апісанні жыццёвых сітуацый.
Наш кар.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў
Выдавецтвам "Логвінаў" апублікаваны другі том кнігі Я.У. Новікава "Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII ст.", прысвечаны двум апошнім перыядам раннесярэднявечнай беларускай гісторыі. Час магутнасці працягваецца ад 970х гг. да 1101 г. і адзначае росквіт магутнасці Полацкага княства і Кіеўскай дзяржавы, у склад якіх уваходзілі тады беларускія землі. Час міжусобных войнаў ахоплівае 1102 1200 гг. Зместам яго з'яўляецца палітычны крызіс старажытнарускіх княстваў і іх міжусобныя войны, якія садзейнічалі ўзвышэнню Літвы і заклалі падмуркі ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя Полацкага і Тураўскага княстваў і гарадоў Беларускага Панямоння, даследванне таксама закранае падзеі гісторыі Смаленшчыны, часткова Чарнігаўшчыны, Літвы, яцвягаў і Падляшша, разглядаючы іх як неад'емную частку беларускай палітычнай і этнічнай гісторыі і яе ўнутраны, а не знешні, фактар.
Неўзабаве гэтая кніга з'явіцца ў кнігарні "Акадэмкніга", што знаходзіцца ў Менску на пр. Незалежнасці.
Наш кар.