№ 11 (850) 12 САКАВІКА 2008 г.
25 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі
125 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча
9 сакавіка 1883 г. нарадзіўся Францішак Аляхновіч, беларускі драматург, адзін са стваральнікаў новага нацыянальнага тэатру. Ён прыйшоў на свет у Вільні, скончыў драматычную школу ў Варшаве, пасля вярнуўся дадому і наладзіў тут першую беларускую вечарыну, дзе паставіў п'есу "Па рэвізіі" М. Крапіўніцкага, арганізаваў сваю Беларускую драматычную дружыну, разам з якой ставіў сваю першую ўласную п'есу "На Антокалі". Дарэчы, гэтую п'есу Аляхновіч напісаў у турме, куды быў пасаджаны расейскімі ўладамі напярэдадні I Сусветнай вайны. Пасля вайны Аляхновіч выдае ў Вільні розныя перыёдыкі і піша п'есы "Чорт і баба", "Бутрым Няміра", "Пан міністар", друкуе першую працу з гістарычнага тэатразнаўства "Беларускі тэатр". У 1926м драматург апынаецца ў Менску, але тут яму працаваць не выпадае. Аляхновіча арыштоўваюць і высылаюць на Салавецкія выспы. Праз сем гадоў Саветы абмяняюць Аляхновіча на зняволенага ў Польшчы Браніслава Тарашкевіча і драматург зноў апынецца ў роднай Вільні. Ён адразу піша кнігу "У кіпцюрох ГПУ", якая па свежых слядах перакладаецца на сем еўрапейскіх моваў і першая распавядае свету праўду пра камуністычны рай. У часе апошняй вайны Аляхновіч працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Вільні. Тут ён і быў застрэлены на сваёй кватэры, як пішуць энцыклапедыі, ці то савецкімі, ці то польскімі партызанамі.
(Пра Ф Аляхновіча гл. ст. 2,3. )
Беларускаму гістарычнаму часопісу - 15 гадоў
ў Рэспубліцы Беларусь навуковы, навуковаметадычны ілюстраваны часопіс, дзе арганічна спалучаюцца арыгінальныя навуковыя і навуковаметадычныя матэрыялы па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі.
Заснаваны ў пвчатку 1993 г. як штоквартальны, з ліпеня 2003 г. выдаецца штомесячна. Часопіс публікуе матэрыялы па палітычнай, эканамічнай, аграрнай, ваеннай, канфесіянальнай гісторыі, гісторыі палітычных партый і рухаў, па праблемах палітычнага і грамадскага жыцця, пытаннях экалогіі, гістарычнай інфарматыкі і іншыя, якія дапамагаюць навукоўцам, выкладчыкам, настаўнікам і студэнтам больш дакладна арыентавацца ў розных поглядах на праблемы гістарычнай навукі, адукацыі і выхавання моладзі.
На старонках часопіса праходзяць апрабацыю вучэбныя праграмы, падручнікі і дапаможнікі, вялікую ўвагу часопіс надае публікацыі метадычных распрацовак і досведу настаўнікаў і метадыстаў, якія працуюць найбольш творча.
Матэрыялы, што паступаюць у рэдакцыю, рэцэнзуюцца, публікацыі залічваюцца пры абароне доктарскіх і кандыдацкіх дэсертацый.
Падпісныя індэксы: 74830 - для індывід. падпісчыкаў 74983 - для арганізацый.
(Пра "Беларускі гістарычны часопіс" чытайце на стст. 5 - 7.)
Шаноўныя настаўнікі і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры!
Запрашаем Вас узяць удзел ў Першай агульнанацыянальнай дыктоўцы, якая праводзіцца ў гонар нашага свята Дня Волі і Года мовы, абвешчанага ААН.
25 сакавіка - дзень стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, урад якой упершыню ў нашай гісторыі абвясціў незалежнасць Беларусі і надаў беларускай мове дзяржаўны статус. Падчас дэмакратычнага развіцця Рэспублікі напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя нацыянальная мова набывала моц, але сёння стан яе развіцця прыпыніўся.
Роднага слова цураецца ўлада, чынавенства, мова выціскаецца з навучальных устаноў. Яна амаль не гучыць у дзяржаўных СМІ. Зачыняюцца школы і класы з беларускамоўным навучаннем. І гэта робіцца ў краіне, большасць грамадзянаў якой (78 адсоткаў згодна з апошнім перапісам насельніцтва) сваёй роднай мовай называюць беларускую.
Нават кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка быў вымушаны засяродзіцца на недахопе ўвагі на развіццё ў нашай краіне дзяржаўнай беларускай мовы. На сустрэчы са студэнтамі-журналістамі БДУ 16 лютага 2008 года напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ён сказаў літаральна наступнае:
"Сапраўды мы ў школах пачалі менш увагі звяртаць на беларускую мову... Гэта наша мова. Яе няма ні ў расейцаў, ні ў украінцаў. Беларускай мове быць, жыць, і мы павінны яе ведаць, добра ведаць".
Мы спадзяемся, што вы падзяляеце гэтую занепакоенасць і адгукнецеся на нашую прапанову. 90-годдзе БНР, якое мы - беларусы - будзем адзначаць ва ўсім свеце, супала з абвяшчэннем ААН 2008 года - Годам мовы.
Першая агульнанацыянальная дыктоўка ўтворыць супольную, грамадскую, беларускую школу. Пішучы разам дыктоўку, мы прадэманструем усяму свету нашу любоў і пашану да роднай мовы, гатоўнасць яе бараніць.
Хай тэкст нашай дыктоўкі на роднай мове пра Незалежнасць адгукнецца у мільёнах сэрцаў нашых суайчыннікаў!
Гэта будзе мацнейшай падтрымкай Мовы і Культуры, Незалежнасці і Суверэнітэту Беларусі!
Першая агульнанацыянальная дыктоўка мае адбыцца 23 сакавіка.
З павагай і верай у тое, што мы ў свеце не адны
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Помнік заснавальнікам БНР
Адкрыццё помніка заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі адбудзецца 15 сакавіка 2008 года на сядзібе Музея Анатоля Белага (г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52)
у 14.00.
Памяць, схаваная ў фотаздымках
Ці не 27 гадоў таму назад я зайшоў у купалаўскі муэей, каб перадаць знойдзеныя ў львоўскіх архівах матэрыялы. Напаткаў мяне там Алесь Есакоў. Паўглядаўся на фотаздымак, дзе сядзяць абняўшыся Францішак Аляхновіч і Уладзіслаў Галубок. Вярнуўшы мне картку, сказаў, каб я нідзе нікому яе не паказваў. Памятаю, Алесь Есакоў нагадаў тады толькі адэін маленькі эпізод са свайго партызанскага мінулага. Нібыта адна спецгрупа па знішчэнні той беларускай інтэлігенцыі, якая вяла нацыянальную работу пад акупацыяй, трапіла ў Вільню. Ф. Аляхновіч там выдаваў газету. Сабраная на яго інфармацыя не паказвала на тое, што ён занадта шкодны варожы элемент. Але. прозвішча стаяла ў ліквідацыйным спіску і Аляхновіча прыйшлося застрэліць. Хто спаўняў функцыю карніка, я пабаяўся запытацца. Але на многія гады схаваў здымак з львоўскага архіву, у якім друкаваліся матэрыялы пра беларускую культуру. Той архіў мне здорава даўся ў знакі, бо са знойдзенага там здымка Міколы ЗабэйдыСуміцкага ў мяне, аказваецца, пачалася «связь с националистическим деятелем», за што на часы маладосці Сяргея Грахоўскага, паводле яго слоў, мне прыпадала б "вышка", а ў 1974м «абышлося» фельчарскай службай у траўмабрыгадзе на станцыі хуткай дапамогі.
Да апошняга часу асцерагаўся паказваць і другія здымкі, спалучаныя з імем «ворага народа» Ф. Аляхновіча. Я даўно вывучаю культурнаасветніцкую дзейнасць беларускай нацыянальнай меншасці ў даваеннай Латвіі. Дык вось тамашнім тэатральным калектывам даспадобы прыходзіліся драматычныя творы Ф. Аляхновіча. Пра гэта сведчаць фотаздымкі сцэн са спектакляў, якія захаваліся ў маім архіве.
Грымела некалі вясёлае і дасціпнае слова таленавітага драматурга і сярод падлатвійскіх беларусоў.
Сяргей ПАНІЗНІК.
Перадсвяточныя развагі
Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый сёлетні год абвешчаны годам моваў.
Таму горача вітаю ідэю дый ініцыятыву Уладзіміра Падгола пра агульнанацыянальную дыктоўкудэманстрацыю. Ухваляю яе і таму, што гэта вельмі добрая форма выказаць сваю любоў да Бацькаўшчыны, досыць нечаканая форма пачатку супольнага святкаваньня Дня Волі , арыгінальная мажлівасць адзначыць 90годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, урад якой надаў беларускай мове дзяржаўны статус.
Больш за тое, гатовы ўдзельнічаць у першай агульнанацыянальнай дыктоўцы на самых розных узроўнях і ў самых розных ролях.
Папершае, ужо падрыхтаваў і пераслаў у Аргкамітэт свой варыянт тэксту дыктоўкі. Мне падаецца, што калі гэткім незвычайным, разняволеным чынам святкуецца Дзень Волі, дык і сам тэкст мусіць быць святочным, узвышаным, сакральным, бо нават і сама форма дыктоўкі нагадвае ў нечым набажэнства, суадносіны пастыра і паствы. Таму прапанаваў спалучыць два тэксты - "Прадмову" аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча да зборніка "Дудка беларуская" і гімнічны распеў "Магутны Божа" Наталлі Арсенневай. Як празаічны, так і паэтычны тэкст нясуць неверагодна моцны духоўны зарад, а таму шматразовае прамаўленне і напісанне іх мусіць даць магутны пазітыўны вынік, запомніцца і запасці ў душы.
Падругое, гатовы выступіць ды ўжо і выступаю прапагандыстам дыктоўкі, агітатарам за яе.
Патрэцяе, буду ўдзельнічаць у дыктоўцы самым непасрэдным чынам. Маю цвёрды намер напісаць яе, а калі спатрэбіцца, дык выступіць і ў ролі дыктоўшчыка.
Гатовы таксама дапамагчы сфармаваць прызавы фонд - выдзеліць у яго найлепшыя кнігі са свайго выдавецтва "Радыёлаплюс".
Не сакрэт, што калі праводзім ўрачыстыя і святочныя імпрэзы нам не стае эўрыстыкі, нечаканых хадоў, а таму чым болей сцэнарных і рэжысёрскіх вынаходак праявяць арганізатары дыктоўкі ў розных гарадах і мястэчках, тым лепей. Упэўнены, што не павінна быць аніякай заарганізаванасці, залішняй сур'ёзнасці, метадычнага занудства. Зазначу тут хіба што яшчэ адно - ня бачу аніякай бяды, калі ў розных аўдыторыях і ў розных месцах будуць дыктавацца трычатыры розныя тэксты.
А непасрэдныя ўдзельнікі, "напісанты", мажліва, мусяць кіравацца і алімпійскім прынцыпам - галоўнае ўдзел, а не перамога.
Ня трэба баяцца нарабіць памылак у тэксце, бо зусім не абавязкова будзе здаваць сваю дыктоўку на праверку, а можна проста забраць напісанае дахаты на памяць пра ўдзел у акцыі. Не варта баяцца падацца смешным ці несур'ёзным, маўляў, даўно вырас са школьных штонікаў і нізавошта не сяду за парту ў класе або за стол, вынесены на свежае паветра. Тым болей, што кожны, на маю думку, будзе вольны пісаць, як яму да душы - ці тое тарашкевіцай, ці тое наркамаўкай, ці тое трэцім, прамежкавым варыянтам.
Галоўнае, 23 сакавіка не сумнявацца, не вагацца, а сесці дый напісаць дыктоўку пабеларуску. Напісаць разам з жонкай ці мужам, разам з бацькамі і з дзецьмі. Ды не забыцца сфатаграфавацца. Хай дыктоўка не скончыцца апошняй кропкай у тэксце, а паедзе фотавыставай па ўсіх кутках нашай краіны, па ўсёй Эўропе, па ўсім свеце. Нас, тых хто паводле апошняга перапісу лічыць беларускую мову роднай, ажно 78%! Дык няхай па ўсім свеце нас пабачаць!
Напярэдадні Дня Волі мы маем выдатны шанец не на словах, не ў анкеце, а насамрэч прызнацца ў любові да беларускай мовы, прадэманстраваць, як шануем яе, узняць сваю мову, як сцяг і тым самым пасапраўднаму ўмацаваць Незалежнасьць Айчыны.
Першы дзень вясны 2008 года.
Аляхновіч з пластыку
У нядзелю, 9 сакавіка быў юбілей аднаго з славутых беларускіх драматургаў і пісьменнікаў Францішка Аляхновіча - чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускага тэатру і перажыў сталінскія лагеры. Але ў дзень яго 125годдзя не адбылося аніякіх вялікіх урачыстасцяў. З чаго так сталася, дзе сапраўднае месца пахавання беларускага творцы і чаму ў родным горадзе яму паставілі помнік з пластыку?
Францішак Аляхновіч трывала ўпісаў сваё імя ў беларускую гісторыю. Менавіта ён стварыў амаль сто год таму першы беларускі тэатр, потым заснаваў "Таварыства беларускай школы". Ягоныя нататкі пра знаходжанне ў савецкіх лагерах "У кіпцюрох ГПУ" з'явіліся за 25 год да "Архіпелагу ГУЛАГУ" Салжаніцына і ў момантадразу былі перакладзеныя на рускую, польскую, украінскую і нават італьянскую і партугальскую мовы. Абставіны яго смерці дагэтуль застаюцца невядомымі - пісьменніка знайшлі ў ягонай віленскай кватэры з прастрэлянай галавой.
9 сакавіка ў Аляхновіча юбілей - 125 год. Але ніякіх урачыстасцяў з гэтай нагоды ў Беларусі не праводзяць ні афіцыйныя ўлады, ні незалежны Саюз беларускіх пісьменнікаў. У плане беларускага Міністэрства культуры на сакавік няма аніводнай імпрэзы, прысвечанай стваральніку першага беларускага тэатра.
Саюз беларускіх пісьменнікаў таксама аніякіх урачыстасцяў з нагоды юбілею Аляхновіча не праводзіць. Праўда, з аб'ектыўных прычынаў, тлумачыць намеснік старшыні саюзу Эдуард Акулін.
Не на Аляхновіча забыліся, забыліся на наш Саюз, а хочуць, каб нейкая справа рабілася. Вось нядаўна было 100 год дзіцячаму пісьменніку Шушкевічу, таксама пыталіся, ці будзем нешта ладзіць з гэтай нагоды. Калі бы ў нас быў хоць пакойчык у доме літаратара і доступ да актавай залі, мы намагаліся ладзіць вечарыны, а зараз такой магчымасці няма.
Жыццё Аляхновіча неад'емна было звязана з Вільняй - тут ён нарадзіўся, працаваў і тут памёр. Ён быў пахаваны з урачыстасцямі на пратэстанцкіх могілках. Цяпер гэта вуліца Каліноўскага, а на месцы тых могілак знаходзіцца палац шлюбаў і парк. У 50-х гадах камуністы тыя могілкі зруйнавалі і ахвотных перазахаваць цела беларускага драматурга папросту не знайшлося.
- Ніхто не мог узяцца за перазахаванне. Сям'я яго ўжо выехала ў Польшчу, беларуская інтэлігенцыя была вынішчаная пад корань, а сярод тых, хто застаўся панаваў страх. Таму Францішак Аляхновіч застаўся там і менавіта таму 9 сакавіка мы пачынаем урачыстасці з таго месца, апавядае дырэктарка віленскага музея імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс, адна з завадатараў акцыі па ўшанаванні памяці Аляхновіча.
З пачаткам беларускага адраджэння напрыканцы 80х, калі ізноў пачалі згадваць пра Аляхновіча і ставіць яго п'есы, з ініцыятывы "Таварыства беларускай культуры ў Літве" было зладжана перазахаванне і пастаўлены помнік на могілках Роса ў 1992 годзе. Праўда, помнік быў зроблены з пластыку, а перазахаванне мела сімвалічны характар. На іншае грошай проста не хапіла. Тлумачыць Людвіка Кардзіс.
- Старэйшыя віленчукі паказалі прыкладнае месца яго пахавання. Як звычайна бывае - пагрэшнасць магла складаць да некалькіх метраў. Калі рабіць сапраўднае перазахаванне, то неабходна правесці ўсялякія аналізы, каб устанавіць, што гэта была асоба Францішка Аляхновіча. Гэта каштуе немалых грошай. Таму проста ўзялі з таго месца зямлі і перанеслі яе на могілкі Роса.
Аўтар той самай пластыкавай мадэлі помніка Францішку Аляхновічу, якая дагэтуль стаіць на могілках Роса - вядомы віленскі мастак і скульптар Эдуард Падбярэзскі. Працу ён выканаў абсалютна бясплатна, прычым намаляваў адразу два праекты помніка. Тады меркавалі зрабіць надмагілле альбо з мармуру, або з бронзы, альбо з чорнага камення.
- На першым праекце фігура Аляхновіча - сядзячая, на другім - бюст напалову. Але архітэктар, які выдаваў рашэнні адносна помнікаў на могілках Роса, другі варыянт забракаваў. Вось мадэль першага варыянту мы і паставілі.
Аўтар помніка Аляхновічу кажа, што гэтая пластыкавая мадэль можа прастаяць яшчэ доўга. Але калі знойдуцца сродкі , то паставіць сапраўдны каменны помнік не складзе праблемы. Па падліках скульптара трэба ля 35 000 літаў, гэта недзе 15 500 долараў.
- Няма за што брацца. Гэта аніякай творчасці нават не вымагае. Проста трэба зняць гэтую мадэль, завезці да майстраў. Яны зробяць копію адзін да аднаго - і помнік гатовы.
Беларусы Вільні ўжо распачалі збор сродкаў на помнік Францішку Аляхновічу і спадзяюцца, што гэтая акцыя знойдзе водгук і ў іншых. А 9 сакавіка ў Вільні, у 125-ты дзень нараджэння беларускага драматурга, усе неабыякавыя сабраліся ў гадзіну дня - спачатку на былых пратэстанцкіх могілках на вуліцы Каліноўскага, а потым усклалі кветкі на могілках Роса да таго самага помніка з пластыку.
Сяргей БУДКІН.
Казюкі ў Гародні
У цэнтры Горадні 4 сакавіка адбыўся фальклёрны кірмаш "Казюкі", а ўвечары, без удзелу ўладаў, былі праведзены альтэрнатыўныя "Казюкі".
Святы Казімір, у гонар якога ладзяцца "Казюкі" лічыцца ў каталікоў патронам рамеснікаў, народных майстроў.
Гарадзенскія "Казюкі" праходзяць некалькі апошніх гадоў, ініцыятарам быў афіцыйны Саюз палякаў, далучыліся таксама ўлады. Асноўным удзельнікам з'яўляецца аб'яднанне народных майстроў, якія выстаўляюць свае вырабы.
У міжваенны час у Гародні існавала вуліца Святога Казіміра. Напачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, тапанімічная камісія прапаноўвала невялікую вуліцу Кастрычнікую ў самым цэнтры гораду назваць вуліцай Святога Казіміра. Але гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ў дэпутатаў гарсавету.
С. Астраўцоў.
Таварыству беларускай мовы
У наш час, калі, пасля адраджэнцкай хвалі 90-х гадоў, ізноў вярнулася русіфікацыя школьніцтва праз перавод школ на расійскую мову наву-чання, вялікую ролю ў выхаванні ў дзяцей пачуцця любові да сваёй зямлі, інтарэсу да спадчыны гісторыі, культуры свайго народа па-ранейшаму адыграе школа. Менавіта настаўнік можа стаць той паход-няй, якая запаліць жывую іскру любові да роднай мовы, разбудзіць жывы інтарэс да цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на долю свайго народа.
Выхаваць у душах навучэнцаў пачуццё патрыятызму адказнасці за будучыню народа дапаможа духоўнае ўзбагачэнне глыбокімі ведамі пра лёс лепшых сыноў у развіцці айчыннай гісторыі, культуры. Для гэтай мэты ў наву-чальна-выхаваўчым працэсе багатым матэрыялам можа паслужыць і газета "Наша слова".
Наведала школу № 63 г. Менска, каб безкарысліва перадаць асобнікі газеты пед-калектыву школы.
Якое ж было маё здзіўленне, калі сустрэла адмоўныя адносіны да газеты! Першая, каго я сустрэла ў настаўніцкай была выкладчыца расійскай мовы і літаратуры. На маю паслугу яна паспешна адказала: "Мне не нужна белорусская мова. У меня дома своя библиотека. Мне белорусская мова не нужна".
Дзяжурная па школе параіла мне звярнуцца да завуча па выхаваўчай працы.
Але і завуч адмовілася ад "Нашага слова", патлумачыўшы, што яны з вучнямі працуюць толькі па ўказанаму для навучання матэрыялу, навуковаму і інфармацыйнаму. Для азыаямлення ўзяла для сябе толькі адзін асобнік "Нашага слова".
Настаўнікам не трэба ні мова, ні "Наша слова", а ці трэба ім, каб дзеці раслі патрыётамі, а ці на месцы яны самі?.
Ніна Каляда - настаўніца, ветэран працы, сябра ТБМ.
Справаздача Гродзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце за 2007 год
У справаздачным годзе Гродзенская гарадская рада ТБМ працавала ў цесным кантакце з гарвыканкамам (аддзелым культуры і аддзелам адукацыі) і мнюгімі грамадскімі аб'яднаннямі горада.
Замацавана была аўдыёінфармацыя па-беларуску на гарадскім грамадскім транспарце, хаця далёка не на ўсіх тралебўсах і аўтобусах яна практычка выкарыстоўваецца.
Новая спроба адкрыцця беларускіх класаў у горадзе не прынесла выніку бацькі перша-класнікаў не выявілі алпаведнай волі, а гарана і кіраўніцтва школ ніякімі канкрэтнымі справамі нас не падтрымалі. Будзем у гэтым годзе працаваць толькі з адной школай. Вырысоўваецца перспектыва рэаяьнага адраджэння ў Гродне дзіцячага садка (магчыма і некалькіх). Пакуль вядзецца работа з бацькамі.
Праведзена некалькі вялікіх вечарын у музеі М. Багдановіча, звязаных з некаторымі кніжнымі і мастацкімі выставамі, датамі ў літаратурным жыцці.
Тройчы адзначана ў горадзе 125-годдзе з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа: сумесна з абласной бібліятэкай, ;з універсітэтам імя Я. Купалы з ТБШ у Гродне. Праведзены дзве вечарыны (у сакавіку і кастрычніку), прысвечаныя В. Іпатавай (з яе ўдзелам). Таксама - творчыя сустрэчы з У. Арловым, В. Мазынскім, гісторыкам А. Смаленчуком, мовазнаўцам Ів. Лепешавым, маладымі паэтамі.Адзначана вечарынай 100-годдзе беларускага нацыянальнага тэатра. Гарадскія імпрэзы былі прысвечаны Э. Ажэшцы ("Э. Ажэшка і Беларусь"), В. Быкаву ("В. Быкаў: Гродна, Беларусь, свет". Сумесна з абласной бібліятэкай праведзены "Другія Гарадзенскія чытанні"
Старшьшя Гродзенскай гарадской рады ТБМ імя Ф.Скарыны Пяткевіч.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Не вельмі лічачыся з фармальнасцямі, я адправіўся на Скобелеўскую вуліцу, дзе размяшчаўся галоўны штаб. Мяне прапусцілі: ад'ютант Шаптыцкага, князь К. Любамірскі даклаў пра мяне, і генерал, не прымусіўшы мяне доўга чакаць, запрасіў у кабінет. Высокага росту, з выглядам арыстакрата, ветлівы, з хуткай рэакцыяй, ён зрабіў на мяне станоўчае ўражанне.
Спаслаўшыся на знаёмства з братам Мітрапаліта, які адмыслова прыязджаў у Менск, як я ўжо ўспамінаў вышэй, і схіляў мяне перайсці ва ўніяцтва, я адразу сказаў генералу, з якой мэтай я прыйшоў на сустрэчу з ім. Генерал поўнасцю зразумеў мае матывы і запэўніў, што прарыў фронту на адрэзку Ігумень Барысаў ужо поўнасцю ліквідаваны, праўда, сямтам яшчэ бадзяюцца там рэшткі нязначных банд, але нават эвакуяваныя ўлады з Ігуменя атрымалі загад вярнуцца на свае месцы. Гаварыў таксама, што справы на кірунку Маладзечна Лепель ідуць дрэнна і вельмі сур'ёзныя, але ўжо надыходзіць пералом і няма сумневаў, што і на гэтым фронце ўсталюецца парадак. У дапаўненне дазволіў аб усіх гэтых падрабязнасцях ад яго імя паведаміць сабраўшымся абшарнікам і прасіць захоўваць спакой. Усё гэта я выканаў, таму можна было прыступіць да пытанняў, якія стаялі ў парадку дня. Але на наступны дзень разыйшлася страшная вестка аб самагубстве ў турме бліжэйшага ад'ютанта генерала, нейкага Маркава, русіна з Галіцыі, якому Шаптыцкі асабліва давяраў, і праз якога ішлі самыя таемныя загады для войска. З нейкага часу, па сутнасці справы, як бы ў сферах самога дзейнага войска хадзілі дзіўныя чуткі аб тым, што ўсе загады Шаптыцкага апярэджваліся бальшавікамі: там быў загад перайсці праз раку, там пабудаваць або разбурыць мост, але калі прыступалі да выканання гэтых загадаў, заўсёды знаходзіўся ў названым месцы атрад бальшавікоў, які ўсе дзеянні зводзіў на нішто.
З'яўляліся падазрэнні, у Маркава загадана было зрабіць пяратрус, падчас якога наткнуліся на вельмі падазроныя "corpus delicti" (выкрывальныя дакументы). Маркаў быў адпраўлены ў турму, дзе ў камеры адразу ж застрэліўся з мініяцюрнага браўнінга, які яму ўдалося схаваць падчас асабістага дагляду ў турме. Гэтае здарэнне зрабіла прыгнятальнае ўражанне, першым чынам на самога Шаптыцкага, які не мог зза смерці Маркава ўстанавіць, наколькі глыбока ўкаранілася здрада ў яго атачэнні. Падругое, бальшавіцкія агенты ў войску пачалі ўплываць на дэмаралізацыю, даказваючы, што ўсюды ў камандаванні ёсць здрада, навошта салдату быць у акопах, калі ў вярхах ён ужо здадзены і г. д. Да шчасця, з Варшавы стала паступаць новае падмацаванне, асабліва моцныя духам атрады з Вялікапольшчы. Прыехаў генерал Сасноўскі, бальшавіцкія атрады былі адкінутыя, большменш старое "status quo ante" усталявалася.
16 чэрвеня 1920 г. Каля 2 гадзін ночы ў Савічах мяне пабудзіў прысланы з Слуцка жандар з дэпешай, якая выклікае мяне ў Вільню на 18е ў Генеральны камісарыят на канферэнцыю па аграрным пытанні. Паколькі цягнік у Вільню праз Менск выязджаў з Гарадзеі ў 6 раніцы, я паспець ужо не мог, але паколькі справа была вельмі важным, то я вырашыў ехаць на наступны дзень, тым больш што сёння яшчэ ў мяне павінны быў адбыцца збор для абмеркавання гэтага ж пытання, узніклага ў выніку звароту Пілсудскага да Генеральнага камісара ўсходніх земляў Асмалоўскага, у якім давалася рэкамендацыя змяніць аграрны закон для ўсходніх Крэсаў па аналогіі з прынятым варшаўскім Соймам законам ад 10 ліпеня 1919 г.
Я прыбыў у Вільню 19га раніцай. Там я даведаўся, што Асмалоўскі знаходзіцца ў Варшаве, а аграрнае пытанне перайшло ў рукі яго намесніка Эдмунда Івашкевіча, які на другую палову гэтага ж дня прызначыў адмысловую канферэнцыю з прадстаўнікамі Менскай губерні, куды я адразу ж і адправіўся і знайшоў там дэлегатаў нашага Сельскагаспадарчага таварыства: Зыгмунта Равенскага і Альгерда Свіду, а таксама дэлегаванага Саюзам абшарнікаў Вітольда Ваньковіча. Праект закона, адрэдагаваны ў Варшаве "на калене" Домбскім, які не ведаў мясцовых умоў, ставіў красовых абшарнікаў у больш горшыя ўмовы, чым былі пастаўленыя польскія абшарнікі законам ад 10 ліпеня, і быў прадметам шматгадзіннай дыскусіі з Івашкевічам, прычым ні адзін бок не жадаў саступаць гэтак жа, як і падчас абмеркавання закона аб разняволенні дробных арандатараў.
Акрамя прынцыповай абароны правоў ўласнасці, мы не маглі абыйсці ўвагай бясспрэчны факт, што на Крэсах павінна ўлічвацца і нацыянальнае пытанне, што экспрапрыяцыя абшарнікаў наогул скарачае стан польскіх валадарстваў на Крэсах. Надзяленне адрэзанымі ад большай уласнасці землямі польскіх салдат прывяло б да стварэння моцнага нацыянальнага антаганізму ў беларусаў, якія лічаць сябе найболей правамоцнымі спадчыннікамі гэтых земляў. Івашкевіч, шануючы нашы заўвагі, але ўлічваючы, што распрацоўка новага закона зойме як мінімум два тыдні, вымусіў нас даць абяцанне, што калі праект будзе распрацаваны ў Цэнтральным камісарыяце, мы ізноў прыедзем па яго распараджэнні ў Вільню для правядзення канчатковага абмеркавання. Менскія дэлегаты паехалі дадому, я ж па жаданні Івашкевіча застаўся яшчэ на адзін дзень у Вільні, каб разам з Іпалітам КорвінМілеўскім распрацаваць урадавы праект рэгулявання сарвітутаў, такі ж няўдалы і несправядлівы, і які так няўдала прадстаўляў справу, як і ўрадавы праект аграрнай рэформы. Выканаўшы сваё заданне, раніцай наступнага дня я спакаваў рэчы, купіў зваротны квіток на цягнік і павінен быў выязджаць. Аднак мяне знайшоў Людвік Уняхоўскі, які прыехаў з Варшавы з патрабаваннем ад імя кіраўніцтваў нашых красовых арганізацый: красовых радаў, Саюза абшарнікаў, Камітэта абароны Крэсаў і г. д., каб я абавязкова выязджаў у Варшаву, бо яшчэ і ў Варшаве, а не толькі ў Вільні, вырашаецца лёс аграрнага закона.
Такім чынам, пара дзейнічаць яшчэ і ў Бельвядэры. Я змушаны быў падпарадкавацца, купіў новы квіток і, пераадолеўшы неверагодна цяжкія пашпартныя фармальнасці і такую ж цяжкую дарогу, 22 чэрвеня раніцай прыехаў у Варшаву, агорнутую атмасферай штрайкаў і міністэрскага крызісу. Не адкладаючы, я адправіўся ў Бельвядэр, каб пры пасрэдніцтве Цара, шэфа бюро, быць як мага хутчэй выслуханым Кіраўніком дзяржавы. Цар, чалавек ветлівы, выказаў сумневы ў тым, што гэта атрымаецца, бо Кіраўнік дзяржавы паглынуты пытаннямі крызісу ў міністэрствах (як раз разглядалася кандыдатура Ў. Грабскага на пасаду прэм'ера), але выслухаўшы маё прадстаўленне, абяцаў прадставіць Пілсудскаму. Я пакінуў свой адрас і тэлефон, але, перш чым вярнуўся дадому, па тэлефоне мене ўжо паведамілі, што Кіраўнік дзяржавы прыме мяне 24га ў 1.30 пасля абеду. На наступны дзень у 2 гадзіны на вуліцы Доўгай, 50, сабраліся ўсе тыя, па чыім патрабаванні я прыехаў у Варшаву. Я выказаў ім свае погляды, якія, зрэшты, супадалі з іх меркаваннем, ад іх атрымаў некаторыя рэкамендацыі па сустрэчы, якая мае быць у Бельвядэры і шкадаванні, што аўдыенцыя будзе вельмі кароткай, бо ў 2 гадзіны ў Бельвядэры ужо сняданак, на які ад'ютанты вельмі актыўна запрашаюць Кіраўніка дзяржавы, які сапраўды прытрымліваецца часу. Паны гэтыя прымусілі мяне з Бельвядэра ехаць проста да іх, каб распавесці аб выніках сустрэчы.
(Працяг у наступным нумары.)
Край свету і святла
У Гародні ў Старым замку адкрылася выставы фатаграфіі "Край свету і святла: палескія закоскі" амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра. Фатаграфіі зробленыя летась падчас падарожжаў па Беларусі. У 20002001 гадах Джон Кунстадтэр працаваў намеснікам амбасадара ЗША ў Беларусі.
На адкрыцці выставы аўтар сказаў гарадзенцам, што прысвячае сваю выставу "ўсім рупліўцам Беларусі", а таксама "вялікаму еўрапейскаму пісьменніку Ўладзіміру Караткевічу", які сваёй любоўю да беларускай мовы натхняў былога амерыканскага дыпламата на вандроўкі па Беларусі.
Амерыканскі фатограф і дыпламат адказаў на пытанні карэспандэнта "Радыё Свабода".
Карэспандэнт : Вельмі прыемна, што вы вывучылі беларускую мову і паранейшаму размаўляеце на ёй. Скажыце пра сябе: чым вы цяпер займаецеся і дзе жывяце?
Кунстадтэр : Я выйшаў на пенсію з дыпламатычнай службы два гады таму і працую фатографам, наколькі магчыма прафесійна, увогуле, гэта цяпер мая прафесія. Працую ў Беларусі, у Італіі, у Турцыі. А жыву ў Турцыі, у Анкары, таму што я служыў там тры разы. Мы з жонкай, калі я выйшаў на пенсію, прынялі рашэнне не вяртацца адразу ў Злучаныя Штаты, а застацца крыху ў Турцыі. Мы маем там шмат сяброў, знаёмых.
Карэспандэнт : А ў Турцыі вы паангельску размаўляеце?
Кунстадтэр : Не, патурэцку. Я цікавіўся замежнымі мовамі, мне падабаюцца яны: кожная мова мае сваю спецыфіку, свой каларыт, сваю глыбокую культуру.
Карэспандэнт : А як у Турцыі вы падтрымліваеце свой узровень ведання беларускай мовы?
Кунстадтэр : Трошкі ў інтэрнэце імкнуся чытаць, але прыязджаю, наколькі магчыма, і ў Беларусь, каб працягваць здымаць па сваіх тэмах.
Карэспандэнт : Я ўжо трошку паглядзеў вашыя здымкі, вас цікавіць аўтэнтычнае жыццё вясковых людзей.
Кунстадтэр : Не толькі вясковых. Ведаеце, я шукаю сапраўдную беларуску ў гарадах. Але калі фатограф вандруе па вуліцах горада, людзі не заўсёды так адкрытыя, як у вёсках. Я не супраць горада, але мая праца - гэта шукаць глыбіню беларускай культуры, сутнасць бацькаўшчыны. Мая тэма, напрыклад, "кола году" датычыцца абрадаў, святаў касцельных і царкоўных. Ведаеце, іх найбольш убачыш у маленькіх гарадках і ў вёсках, не ў вялікіх гарадах. Калі я змагу знайсці сапраўдную Беларусь і ў гарадах, я з задавальненнем здымаў бы там.
Карэспандэнт : Я на заканчэнне скажу, што вы, можа быць, былі першым заходнім дыпламатам, які вывучыў беларускую мову добра і карыстаўся ёю. І гэтая традыцыя падтрымана: амбасадар Ізраіля пабеларуску ўмее размаўляць і таксама шведскі...
Кунстадтэр : Я б не сказаў, што размаўляю добра, але размаўляю са Стэфанам Эрыксанам на беларускай мове, не на ангельскай.
Сяргей Астраўцоў.
На здымках: 1. Джон Кунстадтэр. 2. Фрагмент выставы.
ТБМ Магілёва павіншавала жанчын відэаролікам
У 10-секундным відэароліку сябры арганізацыі ТБМ павіншавалі жанчын з 8 сакавіка і пажадалі ім кахання ды пяшчоты. Відэаролік на беларускай мове сёння дэманструецца кожныя дванаццаць хвілін са стацыянарнага рэкламнага экрана ў цэнтры горада. За дзень яго паказваюць восемдзесят пяць разоў.
У сувязі з 90-годдзем БНР
Грамадскі Камітэт Ушанавання штогод пад 25 сакавіка праводзіць уганараванне грамадскіх дзеячоў Беларусі і замежжа, якія ўнеслі найбольшы ўклад у справу нацыянальнага адраджэння. Сёлета Камітэт Ушанавання прыняў Пастанову № 42, у якой у прыватнасці адзначаецца:
"Камітэт Ушанавання ў складзе Анатоля Яўхімавіча Белага (старшыня), Анатоля Пятровіча Грыцкевіча і Леаніда Міхайлавіча Лыча (заступнікаў), Рыгора Іванавіча Барадуліна, Алеся Іванавіча Цыркунова, Георгія Васільевіча Штыхава (сябраў), Надзеі Сцяпанаўны Сармант (сакратар)
Пастанавіў:
У сувязі з 90-годдзем з дня ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ганара-ваць:
I. Срэбным пярсцёнкам з выявай гербу "Пагоня" з дэвізам "Жыве Беларусь" і асабістымі ініцыяламі:
Хвёдара Нюньку (Вільня) - за вялікі ўклад у нацыянальнае адраджэнне Беларусі, мацаванне сувязяў паміж Бацькаўшчынай і беларускай дыяспарай Літвы, у сувязі з 80-годдзем з дня народзінаў.
Леаніда Шчамялёва народнага мастака Беларусі - за вялікі ўклад у развіццё беларускага нацыянальнага выяўленчага мастацтва, дабрачынныя ахвяраванні твораў Старадарожскаму музею выяўленчага мастацтва Анатоля Белага і ўсувязі з 85-годдзем з дня народзінаў.
II. Медалём К. Каліноўскага "За самаахвярнасць":
Аляксандра Казуліна - за мужнасць у барацьбе за незалежнасць і дэмакратычную Беларусь, прыклады гераізму ўсяму нашаму народу, узоры самаахвярнасці праяўленыя ў зняволенні.
Зміцера Дашкевіча - за мужнасць у барацьбе за вольную Беларусь, узоры самаахвярнасці і высокія ма-ральныя якасці, праяўленыя на судзе і ў зняволенні.
III. Медалём Цёткі (Алаізы Пашкевіч) "Кветка Беларусі":
Вольгу Казуліну - за актыўны і самаахвярны ўдзел у праваабарончым руху і справе вызвалення палітвяз-няў.
Надзею Сармант - за вялікі ўклад у стварэнні сайтаў "Пакутнікі Беларусі" і "Адраджэнцы", кнігі "Пакліканыя Беларуссю", дабрачынную дзейнасць на карысць Бацькаўшчыны.
IV. Медалём Льва Сапегі "За адраджэнне беларускай дзяржаўнасці":
Андрэя Саннікава - за паслядоўнае адстойванне ідэалаў нацыянальнай незалеж-насці Беларусі, стварэнне арганізацыі "Хартыя-97".
V. Медалём Васіля Быкава "За праўду ў творчасці":
Алеся Рыбака - за вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай мастацкай літаратуры Беларусі, праўдзівае адлюстраванне жыцця народу, стварэнне выдатнага рамана "Галаброды".
VI. Медалём "Крыж Ефрасінні Полацкай "За дабрачыннасць":
Ігара Русака - за шматгадовую дабрачынную дзейнасць на карысць Беларусі. За падтрымку шматлікіх дабрачынных праграм.
VIІ. Медалём "Абаронцу пакутнікаў Беларусі", за шчырую адданасць па ўвекавечванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, абароне іх правоў на Беларусі і самаахвярнай працы ў створаным "Камітэце-37" ганаруюцца:
1. Андросік Ларыса Адольфаўна;
2. Астаповіч Антон Уладзіміравіч;
3. Валахановіч Анатоль Іосіфавіч;
4. Кузняцоў Ігар Мікалаевіч;
5. Кобец-Філімонава Алена Рыгораўна;
6. Макаеў Аляксандр Віктаравіч;
7. Нямковіч Вацлаў Адольфавіч;
8. граф Прушынскі Аляксандр Ксаверавіч;
9. Раманоўскі Уладзімір Іванавіч;
10. Сіўчык Вячаслаў Вадзімавіч;
11. Тарасевіч Зінаіда Антонаўна;
12. Халіп Уладзімір Трафімавіч;
13. Якавенка Васіль Цімафеявіч
14. Ліпскі Уладзімір Пятровіч;
15. Бягун Алена Пятроўна (Бабруйск) ;
16. Якаўлева Валянціна Аляксеяўна (Бабруйск);
17. протаіерэй Акаловіч Леанід Аляксандравіч;
18. Гаравы Марат Гдальевіч;
19. Ханжанкоў Сяргей Мікалаевіч;
20. Чарнаморцава Валерыя Віктараўна;
21. Лісоўскі Станіслаў Аляксандравіч;
22. Маракоў Леанід Уладзіміравіч;
23. Жукоўскі Кастусь (Гомель);
24. Станішэўскі Вячаслаў Мікалаевіч.
Старшыня Камітэту Ўшанавання: Анатоль Белы. Сакратар: Надзея Сармант
Менск, 1 сакавіка 2008 года
Віншаванне Сакратарыяту ТБМ з нагоды 8 сакавіка
Мілыя жанчыны! Красуні-дзяўчаты!
Вашае свята - 8 сакавіка - штогод прыходзіць на Беларусь разам з першымі промнямі вясновага сонца. І як вясна дорыць кожнаму цяпло, мары і новыя спадзяванні, так усмешка матулі, сястры ці каханай у любую пару года растапляе лёд душы і натхняе на добрыя ўчынкі. Няхай Вашая таемная сіла - сіла любові, дабрыні і прыгажосці - мацнее дзень у дзень, а агеньчык шчасця заўжды ззяе ў Вашых вачах.
Памятайце, што Вы - скарб і надзея Беларусі. Рабіце свет вакол сябе лепшым! Нясіце сонца ў наш Беларускі Дом!
Сакратарыят ТБМ.
16 сакавіка ў 10.00 ў Менску адбудзецца паседжанне рэспубліканскай Рады ТБМ.
Парадак дня пасяджэння Рады ТБМ 16 сакавіка 2008 г.
9.00 - 10.00 - Рэгістрацыя сяброў Рады і запрошаных (сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13. Менск)
10.00 - 13.00 - Праца Рады ТБМ
1. Падрыхтоўка да чарговага X з'езда ТБМ.
1.1. Вызначэнне даты правядзення з'езда.
1.2. Вызначэнне квотаў на з'езд для дэлегатаў ад рэгіянальных структур ТБМ, якія стаяць на афіцыйным уліку.
1.3. Вызначэнне неабходных дакументаў для рэгістрацыі дэлегатаў і тэрмінаў іх падачы ў сядзібу ТБМ.
2. Абмеркаванне сітуацыі ў сувязі з уступленнем у сілу з 24.04.2008 г. Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які пазбаўляе грамадскія арганізацыі льгот на арэндную плату. Прыняцце адпаведнай заявы і пастановы.
3. Аб удзеле ў напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі 23 сакавіка 2008 г.
4. Прыняцце заявы-віншавання Рады ТБМ з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
«ПРИЛАСКАТЬ И УНИЧТОЖИТЬ!»
Гістарычная трагедыя
Дзякую Віталю Скалабану за дапамогу архіўнымі матэрыяламі і літаратурнымі крыніцамі.
Збалелыя беларускія грудзі выбухнулі на ўвесь свет нясцерпна грымотнае «НЕ» - нявольніцтву, гвалту, халопству.
Аляксей Каўка.
Змагарам-адраджэнцам пачатку ХХ стагоддзя і іх спадкаемцам ХХІ стагоддзя прысвячаю з надзеяй на волю і незалежнасць Бацькаўшчыны.
Аўтар.
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Беларускія адраджэнцы:
Гісторык.
Луцкевіч Антон Іванавіч, 33 гады.
Лёсік Язэп Юр'евіч, 34 гады.
Скірмунт Раман Аляксандравіч, 39 гадоў.
Алесь Гарун (Прушынскі Аляксандр
Уладзіміравіч), 30 гадоў.
Смоліч Аркадзь Антонавіч, 26 гадоў.
Езавітаў Канстанцін Барысавіч, 24 гады.
Макар Краўцоў (Касцевіч
Макар Мацьвеевіч), 26 гадоў.
Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч,
33 гады.
Варонка Язэп Якаўлевіч, 26 гадоў.
Бадунова Палута Аляксандраўна, 32 гады.
Грыб Тамаш Тамашавіч, 22 гады.
Серада Іван Мікітавіч, 38 гадоў.
Шантыр Фабіян Гіляравіч, 30 гадоў.
Фальскі Усевалад Сцяпанавіч, 31 год.
Сівіцкая Людвіка Антонаўна
(Зоська Верас), 25 гадоў.
Дэлегат Кузьма, гадоў 50.
Расійскія бальшавікі:
Мяснікоў (Мяснікян) Аляксандр
Фёдаравіч, 31 год.
Ландар Карл Іванавіч, 34 гады.
Рэзаўскі Людвіг Пятровіч, 30 гадоў.
Гольман Міхаіл Барысавіч, 23 гады.
Рамнёў, 25 і 50 гадоў.
Паноў, гадоў 40.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
I
Вялікі з густам абстаўлены пакой у былым так званым Доме генерал-губернатара. Відаць, усё тут так і было пры генерал-губернатары. Па за службовым пакоем, каля самай кулісы, рабочы стол гісторыка. Гісторык скончыў вялікую працу, паставіў апошнюю кропку, паклаў насадку, узважыў на руку аб'ёмісты рукапіс, устаў з-за стала, прайшоўся па прасцэніўме, наблізіўся да рампы.
Гісторык. І я мог бы ўсклікнуць сёння: «Окончен труд, завещанный от Бога...» А радасці няма... Дзвесце гадоў з гакам фактычна акупа-цыйнага рэжыму на Бацькаўшчыне ўціснуты ў паўтысячы старонак хоць і праўдзівага, але сухога тэксту. А найгалоўнейшай падзеі пачатку мінулага стагоддзя - Першаму Усебеларускаму з'езду (Кангрэсу) 1917 года, які меўся стаць пачаткам зусім іншага шляху Айчыны, адведзены 3 старонкі гістарычнай факталогі, а светлыя, мужныя, маладыя, рамантычна адухоўленыя постаці рыцараў волі і незалежнасці самастойнай дзяржавы, між іншым, як і рылы ганіцеляў і катаў нашага люду паспалітага, засталіся за межамі эмацыйнага ўспрыняцця таго, што да гэтага часу хаваецца пад пластамі маны і фальсіфікацыяў...
Палякі зразумелі такую небяспеку адразу ж пасля раскрыжавання Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай ІІ. Тады ж таемны сход іх інтэлектуалаў-інтэлігентаў і прыйшоў да высновы: каб у варунках, што склаліся, уратаваць і захаваць польскую нацыянальную ідэю, трэба дзве рэчы - напісаць рамантычную гісторыю Польшчы і стварыць яе рамантычную гістарычную літаратуру. З пастаўленай задачай палякі справіліся. Не разгубіліся і не скурвіліся, як мы, беларусы, пасля жорсткай паразы ад ўсходняй дэспатыі. Не згубілі рамантычна-паэтычнага пачуцця і, здавалася б, бесперспектыўнай, нязбытнай мары вызвалення ад чужынцаў...
Арыстоцель меў рацыю, калі казаў: «Гісторык і паэт адрозніваюцца не тым, што адзін гаворыць вершамі, а другі прозай... Розніца ў тым, што адзін распавядае аб тым, што адбылося, другі ж пра тое, што магло адбыцца...». Амаль праз стагоддзе мы пачынаем усведамляць, што ж магло адбыцца з нашай Бацькаўшчынай і намі пасля Першага Усебеларускага з'езда 1917 года, калі б ідэя яго здзейснілася.
Мяркую, што толькі тэатр, толькі вобразнае мысленне можа спалучыць гісторыю з паэзіяй барацьбы рыцараў волі за ажыццяўленне нацыянальнай ідэі, як асновы дзяржаўнасці і непадлегласці. А ў тым, што мне ўдасца ўтрымацца ў строга фармальнай ролі вядучага ў відовішчы, не ўпэўнены, бо гістарычная логіка не заўсёды супадае з логікай драматургічнай. А гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. (Адыходзіць да свайго стала.)
Уваходзіць прыгожая чарнявая дзяўчына, за ёю - малады мужчына і вельмі худы чалавек невыразнага ўзросту. Здымаюць і вешаюць на калкі толькі галаўныя ўборы. Размяшчаюцца за шырокім сталом. Дзяўчына вынімае з сумачкі сшытак, насадку і чарнілку. Хударлявы расцірае азызлыя ад холаду рукі, а потым і твар. Пакашлівае.
Гісторык. Позняя, золкая восень 1917-га. Гэта памяшканне ў былым Доме генерал-губернатара ў Менску. Яго займае Вялікая Беларуская Рада. Дзяўчына - Людвіка Сівіц-кая, што стане вядомай пісьменніцай і грамадска-культурнай дзеячкай Зоськай Верас. Малады мужчына - вучоны эканаміст, картограф і фактычны старшыня партыі Беларуская сацыялістычная грамада, сябра Вялікай Беларускай Рады Аркадзь Смоліч. Хударлявы і хворы - былы катаржнік Аляксандр Пру-шынскі, ён жа вядомы паэт Алесь Гарун і намеснік старшыні партыі Беларуская сацыя-лістычная грамада.
Смоліч (перадае паперы Гаруну, да Людвікі). А дзе яшчэ панна Людвіка выконвала абавязкі сакратара і пратакалісткі?
Людвіка. Шмат дзе: у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у Беларускім нацыянальным камітэце, Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, у вашай Грамадзе. А яшчэ пратакаліравала на з'ездах беларускіх нацыянальных арганізацый, на з'ездзе беларусаў-вайскоўцкаў Заходняга фронту.
Гарун. Спадар Аркадзь, пэўна, хоча ведаць па чыіх пратаколах нашчадкі будуць вывучаць гісторыю беларускага нацыянальнага руху пачатку 20-га стагоддзя.
Людвіка. Па пратаколах - сумна. Нашу эпоху будуць вывучаць па вашых вершах, шаноўны Алесь Гарун.
Гарун. Гэта наогул будзе адна скруха.
Смоліч. Адно слова - Гарун...
Людвіка. Няхай сабе! (Узнёсла, пранікнёна чытае па памяці верш.)
Як надарыцца мінута,
Што ад працы адарвуся,
І жыццёвая атрута
Ні пячэць, і прахаплюся.
Дык цябе, мой Родны Краю
Шчырай думкай аблятаю...
Уваходзіць мужчына ў акулярах. Зняўшы капялюш, ціха спыняецца каля парога. Ува-жліва слухае.
Ты няшчасны і ўбогі,
Ты бяздольны і забіты,
Ты без шляху, без дарогі,
Ты абдзёрты і прапіты,
Подлай здрадаю праданы
Ты не свой,- даўно забраны.
Меў вялікія клейноты,
Быў і моцны і багаты,
- Задзіўляліся народы -
А дазнаўся горкай страты,
Сохнеш, вянеш,- вокам кіну,
Аж здаецца, што загінуў...
А як сонейко ўстане
І прыемно усьміхнецца,
Па палетках, на кургане
І па вёсцы разліецца,
Як паводка, Родны Краю,
Над цябе тады ні маю...
Ты квяцісты, залацісты,
І прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты,
- Можа рай табе падобны -
Колькі ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы ніспажытай!
Ты паўстанеш, працавіты,
Гаратнічы, нівымоўны,
Шчасьця, долі прагавіты.
Мой сланэчны, мой чароўны!
Будзе час, пабачуць сьведкі
Хоць ні мы, дык нашы дзеткі.
Чалавек у акулярах плёскае ў далоні і накіроўваецца да стала. Апладысментамі яго падтрымлівае Смоліч. Гарун цалуе руку Людвікі.
Гісторык. Чалавек у акулярах - Язэп Лёсік. Рэдактар газеты «Вольная Беларусь». Адзін з першых лідэраў Грамады.
Лёсік (Гаруну). Здароў быў, дружа. (Абдымаюцца.)
Гісторык. Разам з Гаруном адбывалі царскую катаргу ў залатых капальнях пад Краснаярскам.
Лёсік. Кожны паэт, якому яго ж вершы гэтак таленавіта прачытае такая пекная паненка (схіляе галаву), можа лічыць сябе шчаслівым. (Смолічу.) Маё шанаванне! (Паціскае руку, сядае ў крэсла паблізу стала.)
Гарун. Людвіка і сама друкуе такія цудоўныя абразкі і вершы, што я абавязкова нешта вывучу і прадэкламую дзе-небудзь публічна ў знак павагі да калежанкі па паэ-тычнаму цэху.
Уваходзіць зусім малады інтэлігент-нага выгляду чалавек.
Гісторык. Тамаш Грыб - культурны дзеяч, адраджэнец, эсэр.
Грыб. Дазвольце?! Вітаю вас.
Смоліч. Просім. Сядай, Тамаш.
Уваходзіць малажавая, строгая жанчына.
Гісторык. Палута Бадунова...
Бадунова. Добры дзень!
Смоліч. Ласкава просім, Палута Аляксандраўна, да нашага гурту.
Бадунова знаходзіць сабе мейсца.
Гісторык. Настаўніца Бадунова - дэпутат Петраградскага Савета, член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.
Уваходзяць двое.
Першы. Вітаю шаноўнае спадарства! (Ідзе да стала, ціха перамаўляецца з Гаруном і Смолічам.)
Другі моўчкі сядае бліжэй да парогу.
Гісторык. Той, што падышоў да стала, Язэп Варонка - камісар юстыцыі Вялікай Рады і член ЦК Грамады. Той, што прысеў каля дзвярэй, Фабіян Шантыр. Паэт і публіцыст, закаханы ў Людвіку Сівіцкую.
Смоліч. Спадар Шантыр, каго будзеце прадстаўляць на нарадзе?
Шантыр. Сябе самога і левую плынь Сацыялістычнай Грамады.
Смоліч. Наколькі мне вядома, такая плынь афіцыйна яшчэ не аформлена...
Шантыр. Тым не менш яна ёсць і я яе прадстаўляю.
Людвіка. Па маіх назіраннях таварыш Шантыр даўно мітусіцца паміж Грамадою і бальшавікамі, як той Бурыданаў асёл, што здох з голаду, бегаючы паміж двума стажкамі сена.
Бадунова. Заўвага ў адрас майго калегі па левай плыні больш, чым бестактоўная...
Шантыр. Не зважайце, Палута Аляк-сандраўна. Дзякуючы паўсядзённым турботам Людвікі галодная смерць мне не пагражае. Даруем ёй гэты выпад.
Гарун. Шаноўная Палута Аляксанд-раўна пэўна не ведае, што Фабіян і Людвіка...
Шантыр (перахоплівае). Сямейная пара палітычных антаганістаў.
Гісторык. Фабіян Шантыр не толькі левы грамадавец, але і вядомы паэт, публіцыст і яркі трыбун.
Уваходзяць адразу шасцёра апранутых у вайсковае і паўвайсковае.
Каманда Янкі Серады.
Серада (крыху карцінна). Каманда, зва-жай!
Каманда шыхтуецца, падраўноўваецца, падцягваецца.
Здравія жадаю панове таварышы намес-нікі старшыні Вялікай Беларускай рады і Сацыялістычнай Грамады! Дазвольце далажыць аб прыбыцці вайсковай каманды па стварэнні беларускай нацыянальнай арміі?!
Гарун (разумеючы жартоўную выхадку Серады). А панове таварышы і не пярэчаць...
Серада (робіць крок у бок). Злева направа: Сымон Рак-Міхайлоўскі - арганізатар з'езда вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту, ён жа ёсць кіраўнік Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Кастусь Езавітаў - арганізатар такога ж з'езда Паўночнага фронту. Васіль Захарка - адзін з арганізатараў з'езда вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту. Макар Касцевіч, ён жа паэт Макар Краўцоў - кіраўнік беларускага камітэта 44-га армейскага корпуса Паўночна-Заходняга фронту.
Даклаў Янка Серада, сябра Беларускай сацыялістычнай грамады і армейскі ветэрынар.
Смоліч. А грамадовец і армейскі ветэрынар можа сказаць дакладна, якая колькасць беларускага войска стаіць за ка-мандай?
Серада. Па ўсіх франтах яшчэ не падлічылі, а тое, што толькі Кіеў і Адэса даюць каля 100 тысяч штыкоў, факт!
Смоліч (радасна здзіўлены). Нішто сабе навіна! Вольна! Сядайце...
Запыхаўшыся, з'яўляецца малады чар-нявы чалавек у паўвайсковым адзенні.
Гісторык. Гольман. А хутчэй за ўсё - Гольдман, залаты чалавек.
Гольман (таропка). Мы с Канчером прибыли, но он опоздает. Совещание можно продолжать при мне.
Гарун. Мы яшчэ не пачыналі...
Гольман. Это хорошо! И приятно. (Садзіцца.)
Смоліч. А вы, вообще-то, кто?
Гольман (падняўшыся з крэсла). Кто, я?.. Михаил Борисович Гольман - бывший прапорщик, бывший эсэр-максималист, потом левый эсэр, бывший председатель Могилев-ского Совета крестьянских депутатов. Сейчас тяготею к большевикам. Арестовывался временным правительством за эсэровскую пропаганду по крестьянскому вопросу. В настоящее время заместитель Канчера по Белорусскому областному комитету при Всероссийском совете крестьянских депутатов в Петербурге, простите, в Петрограде.
Смоліч. Располагайтесь, Михаил Бори-сович...
Уваходзіць багата апрануты мужчына, а за ім чалавек у сціплай вопратцы.
Гісторык. Раман Скірмунт - вялікі пан і грамадзянін-патрыёт Беларусі.
Скірмунт (зняўшы капялюш). Мір вашаму дому панове і таварышы рэвалюцыянеры.
Смоліч. З мірам прымаем, пан Скір-мунт.
Скірмунт. Калі б вы і не прынялі мяне з мірам, я ўсё роўна мусіў бы прыйсці на правах стваральніка і старшыні Беларускага нацыя-нальнага камітэта, паўнамоцтвы якога, як вядома, былі перададзены вашай Вялікай Радзе.
Смоліч. Мы рады бачыць пана Скір-мунта.
Шантыр. Рады не ўсе.
Гарун. Наколькі я разумею, гэта той самы пан Скірмунт, што быў дэпутатам думы і членам Дзяржаўнага Савета Расейскай імперыі, калі мы з табой (да Лёсіка), Язэп, гнілі ў залатых капальнях Бадайбо пад Краснаярскам?!
Скірмунт (вельмі спакойна). Я яшчэ той пан, што ўзначальваў Менскае таварыства сельскай гаспадаркі і аніяк не нашкодзіў селяніну. Я той пан, што сабраў і правёў з'езд беларускіх партый і нацыянальных арганізацый, які і стварыў Беларускі нацыянальны камітэт. А яшчэ пан Скірмунт стварыў і ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, які ўратаваў ад галоднай смерці не адну тысячу суайчыннікаў. І можа, з Божай дапамогай яшчэ ажыве вялікі паэт і грамадзянін Максім Багдановіч, які не без майго апекавання ўладкаваўся у краіне светлай ля сіняй бухты.
Людвіка. Перад ад'ездам Максіма мы развіталіся ля касцёла Сымона і Алены. І мне добра вядома, як пан Скірмунт хацеў і спадзя-ваўся ўратаваць паэта. І не дзе-небудзь, а ў мясцох крымскіх, знаных Пушкіным і Міцке-вічам. Яго любая не прыйшла на праводзіны і ён праз мяне перадаў ёй трыялет (чытае па памяці):
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашіх чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
І трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
(Змахвае набегшую слязу.)
Скірмунт. Дзякуй, добрая душа, на добрым слове... І апошняе ў сваё апраўданне перад вашай рэвалюцыяй... Не хто іншы, як пан Скірмунт першым узначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.
Бадунова (падкрэслена). Краёвай аўтаноміі...
Скірмунт. Вядома, а то якім бы краёўцам быў пан Скірмунт, што ніколі і нікога з суайчыннікаў не высылаў у сібірскія капальні.
Гольман. А я лично с Канчером и, естественно, с областным комитетом считаем, что для Белоруссии нужна не просто краёвая автономия, а автономия в составе российской федерации. Но для этого надо поладить с большевиками.
Шантыр. Именно так, товарищ Гольман. Именно так!..
Людвіка. Менавіта так можа разважаць толькі здраднік.
Гарун. Беларусь будзе толькі вольнай Рэспублікай, каб нікуды не ўваходзіць і ні ад кога не залежыць.
Скірмунт. У варунках, што склаліся, Беларусь можа быць толькі краёвай у звязе з Літвой і ў саюзе з Польшчай ці будзе зноў праглынута Расеяй, цяпер ужо пралетарска-бальшавіцкай.
Бадунова. Або падзелена з Польшчай, калі мы не навучымся лавіраваць у перамовах з бальшавікамі.
(Працяг у наступных нумарах.)
Алесь Петрашкевіч
Памяці Кастуся Акулы
Бог узнагародзіў мяне. Бог даў мне цэлых шэсць гадоў жыцця побач з гэтым чалавекам. З чалавекам дабразычлівым, далікатным, што прапанаваў мне сваё сяброўства. З чалавекам мудрым і праніклівым, што любіў мяне пасапраўднаму.
Ён умеў гэта рабіць. Як умеў распляжваць ворагаў, лупцаваць "тараканаў у саладусе", рагатаць над дурніцай, - ён умеў быць пяшчотным і чуйным, хоць пасялянску сарамліва і пажаўнерску грубавата.
Так, вось гэткі супярэчлівы. Часам мне здаецца, што ён, як і я, сыходзіў у гэты свет пад Шалямі, што ў ім так арганічна спалучаліся самыя процілеглыя якасці. Часам падавалася, што мы з ім падобныя, што тыя астральныя блізняты. Мне з ім было лёгка. Ён ніколі не крыўдзіўся на мае глупствы і заўсёды ўмеў перапрасіцца за свае.
Мы былі падобныя колькасцю горычы, назапашанай па жыцці. Той колькасцю, якой дастаткова, каб перайсці ў якасць. "Творчасць нараджаецца ад болю", - казаў ён.
Я ведала, што ён - Постаць. Я ведала, што ён - Вялікі. Ён быў мне прарокам у маёй айчыне. Так.
Зрэшты, гэта не замінала мне бачыць (і прымаць) усе ягоныя заганы. Гэтак было нават лепей. Гэтым ён быў мне жывейшым за ўсіх жывых. Той скажа, што гэта і ёсць стан закаханасці. Напэўна што. Я была - ёсць! закаханая ў ягоную творчасць, у ягоную неспакойную душу, у якасць ягонага Духу. І перад веліччу апошняга згасалі ўсе недарэчнасці паўсядзённага быцця.
Ён быў чалавекам. Але чалавекам ад Бога. Гэтак бывае. Ён быў абраны, каб зрабіць тое, што зрабіў, і ніхто іншы гэтага не зрабіў. Цяпер ужо няведама, ці ён заслужыў абранасць, ці быў ад роду наканаваны служыць. Шляхі Найвышэйшага нам няведамыя.
Але здаецца, мне адной з нямногіх ведамая частка інтымных падрабязнасцяў зямных шляхоў гэтага чалавека. Пад заслону свайго зямнога жыцця ён знайшоў ува мне скарбонку для захавання сваёй памяці. Бо мы ж падобныя па ўспрыманні болю гэтага свету. І на дыбачках па аскабалках таго болю я прайшла праз Птушыны Шлях ягонага Лёсу.
...Канец 20х. Далёкія беларускія Богам забытыя загоны. Пякучае жнівеньскае сонца. На ўскарайку поля коўзаецца маленькі хлопчык, гуляючыся ў свае дзіцячыя забаўкі. Ён яшчэ не ведае, што "кожнае дыханне Госпада славіць", але памяць ягоная старанна ўсмоктвае ды назапашвае ў сабе россыпы колераў і гукаў роднае зямлі: гоман лесу, цвырканне птушак, далёкія спевы жнеяў на полі... - гэта трэба, гэта будзе спрадарожнічаць яму і напаўняць сілай на шляху ў далёкія - ох, далёкія! - краі. Тыя, дзе - як ён тады даведаецца - зараз ліхаманіць "вялікая дэпрэсія", і надта ж, надта тады здзівіцца, чаму ж нікому там не абыходзіць, якая страшэнная дэпрэсія пануе ўжо больш за стагоддзе ў гэтым злашчасным краі, дзе ён зараз адно набіраецца сілаў. Але зараз мальцу нудотна і спякотна, хочацца піць, хочацца есці, хочацца дадому, і ён не разумее, чаму трэба гэтак доўга і пакутна маркоціцца на гэтым полі. Побач з ім выпростваецца жняя. Павольна са стогнам выгінае змучаную спіну. Узнімае вочы да неба дый цяжка ўздыхае: "Госпадзе!.. Вось гэтак гнеш, гнеш спіну ўсё жыццё, галавы не ўздымаючы, свету белага не бачачы... Гэтак і памрэш. А потым ніхто на цэлым тым свеце цябе і не ўспомніць..."
Гэта нічога, што да яе не даляцела, як амаль нячутна прашапталі дзіцячыя вусенькі: "Матулечка, гэта ж я... Я буду цябе памятаць! Я не забудуся на цябе ніколі". Гэта нічога... Бо ўсё адно не паверыла б словам гэткае малечы. Яна даведаецца аб гэтым потым, крыху пазней, пасля свае пакутнае смерці, свету белага так і не зведаўшы. Як і пра тое, што абяцанне сваё ён стрымае. І слову будзе верным. І да канца жыцця ён будзе ўсьедамляць, як узнагароджвае яна яго за памяць, адтуль апякаючыся ім і надзялючы яго жыццёвай моцай.
Пра гэта ў апошнія гады свайго жыцця ён гаварыў мне штораз: "Я ведаю, адкуль мая сіла. Гэта ад маткі маёй, пакутніцы. Я даў слова, што буду памятаць яе; і пакуль яна са мной у думках, датуль і сіла ейная ўва мне. ...Бо гэта яна мяне на свет пусціла, з кроўю беларускаю перадаўшы мне і ўвесь беларускі боль".
Тое, што ён не абы хто, а - беларус, ён даведаўся хутка, хоць і выпадкова. Перапісвалі насельніцтва, у хату прыйшлі людзі і спыталіся: "Нацыянальнасць?" Тады шасцігадовы хлопчык упершыню пачуў з вуснаў бацькі слова "беларус" і вельмі здзівіўся, бо да гэтага свет падзяляўся адно на "людзей" ды "хамаў". І гэтае ён таксама запомніў. І пастанавіў на бліжэйшы час грунтоўна разабрацца ў рэбусе чалавечых найменняў.
Першае невядомае гэтага раўнання выявілася праз некалькі гадоў у расейскай школе. Захварэў настаўнік, і сам дырэктар школы прыйшоў у клас, каб падмяніць яго. Адчыніў кнігу, на вокладцы якой значылася "Спартак", і без усякае прадмовы пачаў чытаць на мове, якая не выкладалася ў школе ні пры паляках, ні пры саветах. Ах, што гэта была за мова! Так чыста зразумела ўсё, і гэтак прыгожа! Якая вялікая радасць раптам улівалася ў душу разам з гэтай мовай! "Мне гэты чалавек адкрыў, сам не ведаючы, зусім новыя дзверы. Я пасля гэтага ўжо ведаў, што маю рабіць, што мая мова будзе такая ж прыгожая, як і ягоная, а можа яшчэ прыгажэйшая".
Як гэта не дзіўна, з надыходам новае, трэцяе, акупацыі пры ягоным кароткім ячшэ жыцці адкрылася апошняе, заключнае, невядомае. Немцаў не турбавала ні мова, ні склад навучання тубыльцаў. "І паверыш? Перад намі адкрыліся дагэтуль невядомыя гарызонты. У праграме адукацыі з'явіліся два загадкавыя словы: "Гісторыя Беларусі". Беларуская гісторыя?! Ці ёсць такая гісторыя? Адкуль яна пачынаецца? Ці гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкаю гісторыю? Тое, што мы "тутэйшыя" бальшыня з нас ведала. Некаторыя выняткова ведалі нават, што мы - беларусы. Але што Беларусь мае сваю гісторыю? Збянтэжанасць. Трэба было заглянуць у глыбокую мінуўшчыну. Пачалі ад далёкага Полацкага Княства..."
"Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзіла хрысціянскае і нацыянальнае ўсведамленне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогі адкрыцця, шляхі радасных і бясцэнных знаходак. Ад свае гразкае вуліцы на бальшак, а там і на вялікія дарогі. Насамперш прышчэплівалася любоў да пакрыўджанага, шматпакутнага колішняга гаспадара роднае зямлі, створанай ім культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных і рэлігійных святыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песняў, мастацтва. А побач тая ж дагэтуль няведамая гісторыя Беларусі раскрывала і выстаўляла бясспрэчнымі фактычнымі доказамі жахлівае махлярства, суцэльную хлусню і варварства суседзяў".
Калі прыйшоў час выбіраць шляхі, ён ведаў, што рабіць. Віленская гімназія. Ён будзе настаўнікам. Ён панясе гэтыя каштоўныя веды наступным пакаленням...
Ах, што гэта быў за час! Вецер кудлаціў юнацкія чубы, за плячыма выпрасталіся крылы... "І быў пачатак, недзе падчас лекцыі, хаця не прыгадаю, пры якім настаўніку. Натхненне, штурханае імпэтнай маладосцю, узнялося сокалам... Эх, быў бы я сокал з магутным крылом, над роднай старонкай кружыў бы кругом..."
Прывітанне табе, Вільня!
Слаўны горад Крывічоў, -
Места памятак магільных
Нашых прадзядаў, дзядоў.
Трох гадоў адкрыцця такіх простых ісцін - што, ад нараджэння чалавек мае як бацькоў, радзіму, сонца, гэтак жа і мову, зямлю ды гісторыю, і ніхто не мае права гэтае адняць - хапіла тым хлопцам, каб пранесці іх праз усё жыццё, застацца вернымі ім, нягледзячы на ўсе наступныя выпрабаванні.
Школьная справа зрабілася ў той час вайсковай: настаўнікаў фізічна знішалі чырвоныя партызаны. Трэ было пачынаць адстрэльвацца.
Ён хацеў быць настаўнікам, але давялося ўзяць у рукі зброю.
З усходу зноў напаўзала чырвоная навала. І ён надзеў вопратку кадэта афіцэрскай школы Беларускае Краёвае Абароны. "...Вось гэткая, чорная; на шапцы - "Пагоня". Як, пытаешся, ставіліся да нас менчукі? Добра ставіліся. Заўважаць "Пагоню" - і ўсміхаюцца. Віталіся з намі, ухвалялі".
Ён хацеў ваяваць і быў гатовы аддаць жыццё за свой край і ягоную гісторыю, але апынуўся далёка ад яго. Ён быў жаўнерам, і хвалі вайны матлялі яго па свеце, яго самога не пытаючыся.
І прышоў той дзень. І надышла тая ноч ў далёкай Італіі, калі ў адзіноце, у казарме польскага корпуса брытанскай арміі, куды расфармавалі кадэтаў афіцэрскай школы БКА, - залічылі туды як палякаў, бо "няма" такой краіны Беларусь і "няма" такога народу беларусы - пасталелы не пагадах юнак прысягаў шэптам СВАЁЙ радзіме - Беларусі. "Імем зямлі сваёй, маткі і ўсімі святымі прысягаю выкарыстаць рэшту жыцця свайго, не пашкадаваць сілаў, каб у будучыні служыць адно народу свайму, пакрыўджанаму і паняволенаму..."
Ён зразумеў, што змагацца за свой край можна і за краем яго.
Будучыня. Няведамая далячынь...
"Час такі - ліха на яго!" Ніці якога лёсу спрадаюць табе Судзяніцы?..
"Ці паверыш. Бабка адна была наваражыла мне, што пражыву жыццё вельмі доўгае, але турбулентнае..." Бабка ні ў чым не памылілася. Судзяніцы аберагалі ягонае жыццё ў самых неверагодных абставінах. Ён дакладна ведаў, для чаго. Для таго, каб ён выканаў сваё жыццёвае прызначэнне: пакінуць гісторыі і літаратуры адзіны, маштабу эпапэі, твор, што занатуе пакутны шлях на захад Беларускае Краёвае Абароны і ўсяго вызвольніцкага руху трагічных 40х. І яшчэ - гісторыю Беларусі першае паловы 20 ст., што перажыла тры акупацыі, зрабіўшыся полем бітвыі паміж двума гіганцкімі драпежнікамі.
Ён гатовы быў вяваць, але ўзяў у рукі іншую зброю. І гэтая зброя сталася мінай зяцяглага дзеяння.
Я зганьбаваную Святыню
Як мог, што сілаў аднаўляў.
На помач клікаў на чужыне,
Шляхі і вехі ўсталяваў.
Прысязе, дадзенай у адзіноце ў тую гарачую італьянскую ноч у польскай казарме, застаўся верным да канца свайго доўгага і турбулентнага жыцця., апошняй думкай якога было - Беларусь.
Кастусь Акула - Беларус, Жаўнер, Пісьменнік, Змагар.
40 дзён, як яго няма тут, побач з намі. Ну, вось і ўсё. Адляцела ў Вечнасць зорка. Спіральная вось Птушынага Шляха замкнулася.
Не трэба сумаваць: бо ж ён пакінуў нам ключы ад яго - сваю творчасць.
"Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляванні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць святыню маёй адзіноты. ... Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. З якога, дазвольце спытаць, вы году і каторага стагоддзя? Прызнаюся вам, люблю звяртацца да тых, што пасля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне ж, з адлегласці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: праз мяне вы можаце зазірнуць у мой свет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы ідзеце пасля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце і прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў."
Снуюць Судзяніцы мастацкую пражу беларускае Вечнасці...
І пакуль будзем помніць - будзе нам нашая сіла.
І дабраслаўлены Ўсяывышні
Нас сілай, верай надзяліў:
Народ наш на зямлі не лішні!
Ён будзе жыць,
як хваль прыліў...
Таронта
Ірына Верабей
Часопіс, якім можа ганарыцца Беларусь
Беларускаму гістарычнаму часопісу - 15 гадоў
На першы погляд можа паказацца любому чытачу, што загаловак занадта гучны. Ці так гэта на самай справе? Калі узяць у рукі амаль кожны нумар "Беларускага гістарычнага часопіса" 20002008 гадоў і пагартаць яго, дык складваецца менавіта такое ўражанне. Часопіс мае параўнальна кароткую, але ўжо прыкметную гісторыю.
Заснованы часопіс на хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння канца ХХ ст. па ініцыятыве беларускіх гісторыкаў ВНУ . Ідэю падтрымалі камісія па навуцы, адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савета (старшыня камісіі Ніл Гілевіч і яго намеснік Алег Трусаў) і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго заснавальнікамі сталі Міністэрства адукацыі, Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі, БДУ, таварыства "Веды. У кастрычніку 1992 г. была створана рэдакцыя.
Першы нумар гэтага выдання выйшаў у свет у сакавіку 1993 г. тады адзначалася ў нашай краіне 75я гадавіна Беларускай Народнай Рэспублікі, а таму ў часопісе былі змешчаны матэрыялы, прысвечаныя гэтай слаўнай даце: "Усебеларскі з'езд 1917 года: сведчанне сучасніка", "Устаўныя граматы да народаў Беларусі", "Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі".
"Беларускі Гістарычны часопіс" (у школе настаўнікі яго называюць коратка "БГЧ") адразу набыў афіцыйны статус навуковага, навуковаметадычнага ілюстраванага выдання. Спачатку выходзіў адзін раз у квартал, з 2000 г. - 6 разоў на год, з чэрвеня 2003 г. выходзіць штомесяц. Друкуе матэрыялы па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі, разлічаныя ў першую чаргу на настаўнікаў і студэнтаў.
"БГЧ", як і наша краіна, перажываў значныя цяжкасці ў 19951996 гадах, калі выдаваўся малым фарматам. Яго выдавалі выдавецтвы "Полымя", потым "Дом прэсы" і з 2002 г. выдае "Адукацыя і выхаванне". Кошт часопіса дарагі - каля 7 тысяч рублёў у шапіку і па падпісцы. Аднак і гэта высокая цана не пакрывае выдаткі на яго выданне. Дапамагае Міністрэства інфармацыі, якае дае дзяржаўную датацыю. Можа па гэтай прычыне сёлета галоўны рэдактар Васіль Кушнер адмовіўся друкаваць даведку "Кіраўнікі БНР". Складальніку даведкі ён вярнуў яе без усялякіх тлумачэнняў. Можа ён меў сваю рацыю.
"Беларускі гістарычны часопіс" выйшаў на такі высокі навуковы і мастацкі узровень, што яго нясорамна паказаць на любой кніжнай выставе, у любой краіне, у любой сталіцы свету. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што ў іншых краінах СНД аналагічнага выдання такой высокай якасці няма.
Рэдакцыя выдала ўжо 103 нумары часопіса. У кожным нумары пад рубрыкай "Методыка. Вопыт." друкуюцца метадычныя распрацоўкі ўрокаў па гісторыі і выхаваўчых гадзін у школе. Назаву некаторыя метадычныя матэрыялы: "Фарміраванне беларускай нацыі" Н. Ілюкевіч (2007, № 5), "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь" В. Грузд 2006, №6) "Народны лад беларусаў (факультатыўны курс)" С. Барыса (2004, №8), "Беларускі нацыянальны рух (19171920 гг.)". М. Кобрына (2003,№9), "Алімпійскі гульні і Беларусь" Д. Кургановіч (2006, №4), "Беларусь маладая" Д. Курановіч (2003, №9), "Турнір кемлівых "Мая Беларусь" В. Судніка (2003, №5), "Мы Беларусы" С. Барыса, Б. Мухі (2007, №8), "Каханне ў гісторыі" Д. Кургановіч (2008, №2), "Беларусы вывучаюць Зямлю" (выхаваўчая гадзіна) С. Барыса (2007, №12).
У сувязі з 15мі ўгодкамі "Беларускага гістарычнага часопіса" прапануем увазе чытачоў штодыднёвіка "Наша слова" ўрывак з выхаваўчай гадзіны "Беларусы вывучаюць Зямлю". Тым больш, што падрыхтаваў яго наш сталы аўтар Сымон Барыс.
Беларусы даследуюць Зямлю
Беларускія даследчыкі і падарожнікі
Географы і падарожнікі з Беларусі прыклалі шмат намаганняў для вывучэння Зямлі, зрабілі нямала геаграфічных адкрыццяў. Іван Казырэўскі і Іван Еўраінаў - першыя даследчыкі Курыльскіх астравоў, Зміцер Паўлуцкі - адкрывальнік Аляскі і даследчык Чукоткі, Васіль Пранчышчаў даследаваў паўвостраў Таймыр, а Тамаш Аўгусціновіч - востраў Сахалін, Іван Чэрскі і Бенядзікт Дыбоўскі вывучалі возера Байкал, Ігнат Дамейка і Канстанцін Ельскі - славутыя даследчыкі Паўднёвай Амерыкі, Мікалай Пржавальскі і Пётр Казлоў - вядомыя падарожнікі і даследчыкі Цэнтральнай Азіі, Андрэй і Барыс Вількіцкія шмат зрабілі для вывучэння Паўноч-нага Ледавітага акіяна. Наш зямляк Міхась Урончанка быў адным з заснавальнікаў Імператарокага Рускага геаграфічнага таварыства.
Нямногім нашым землякам, якія сталі вядомымі прыродазнаўцамі, удавалася падарож-нічаць па сваёй волі. Лёс многіх з іх быў незайздросны: палон, ссылка, эміграцыя. Што ж падтрымлівала іх фізічныя сілы ў далечыні ад родных краёў? Прага да ведаў, цвёрдасць духу, мужнасць, працавітасць і аптымізм давалі ім сілы і паратунак выжыць у чужых краях.
Кожнае іх вандраванне ў далёкія краіны было ўвасоблена ў артыкулах, дзённіках і кнігах, якія сталі здабыткам для сусветнай навукі.
Прозвішчы некаторых славутых беларускіх землепраходцаў увекавечаны на сусветнай геаграфічнай карце, пра іх ведаюць у многіх краінах свету. На жаль, некаторыя з іх забыты на сваёй Радзіме. Для асэнсавання ўласнай годнасці і нацыянальнай свядомасці нам важна памятаць, што наша Айчына дала свету не толькі Францішка Скарыну, славутых пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Грына ды Адама Міцкевіча, вядомых мастакоў Івана Левітана і Марка Шагала, але і вядомых землепраходцаў-Мікалая Пржавальскага, Барыса Вількіцкага, Ота Шміта ды іншых.
У пачатку XXI стагоддзя беларусьг, прадаўжаюць даследаваць Зямлю. Работа вядзецца ў двух кірунках: навуковым і спар-тыўным. Навуковымі даследаваннямі займаюцца сябры Беларускага геаграфічнага таварыства, якое было створана 19 сакавіка 1954 г. (у той час як філіял Геаграфічнага таварыства СССР). Важны ўклад у даследаванні ўносяць спартсмены-алыііністы, якія аб'яднаны ў арганізацыю "Беларуская федэрацыя альпінізму і скалалажання". У апошнія 15 гадоў беларускія альпіністы ўзыходзілі на многія горныя вяршыні. Яны ўжо пакарылі 5 з 14 "васьмітысячнікаў" Зямлі.
Далёка ад Беларусі зямныя полюсы, але ёсць у нас свае палярнікі. Для іх у 1999 г. на Менскім падшыпнікавым заводзе наладжана доследная вытворчасць уседарожнікаў на пнеўматычных шынах нізкага ціску.
Першая група беларускіх палярнікаў - Аляксандр Барысевіч, Віталь Мазуркевіч, Андрэй Рэмін, Юры Судак на чале з Уладзімірам Драбо - на ўседарожніку дабралася 7 студзеня 2000 г. да Паўднёвага полюса і ўстанавіла там Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Тады ж беларускія і расійскія даследчыкі на Паўднёвым полюсе ўстанавілі праваслаўны крыж, абраз Мікалая Угодніка і запалілі сімвалічны агонь Міру.
Друтая група беларускіх палярнікаў на чале з Уладзімірам Драбо ў сакавіку 2001 г. за месяц прайшла на ўседарожніках па маршруце Берынга, ад вусця ракі Об да пасёлка Уэллен (на 180° усходняй даўгаты).
Геолагаў вабіць пошук новых радовіш-чаў карысных выкапняў, а алыііністаў, турыстаў і падарожнікаў клічуць няходжаныя сцежкі і новыя адкрыцці.
Аўгусціновіч Тамаш Мацвеевіч (1809, маёнтак Крывічы на Мядзелыпчыне - 1891), геабатанік. Даследаваў расліны Украіны, Сібіры і Сахаліна, вывучаў побыт жыхароў Сахаліна. Пахаваны ў Свянцянах (цяпер у Рэспубліцы Летува).
Багдановіч Карл (29.11.1864, маёнтак Люцын Віцебскайгуб. - 05.06.1947 Варшава), падарожнік, геолаг і географ. Даследваў Закаспійскі край, хрыбет Капетдаг, Персію (1886 - 1887 гг.). У 1895-1901 гг. узначальваў вельмі складаную экспедыцыю па ўзбярэжжы Ахоцкага мора і Камчаткі з мэтамі геалагічнага даследавання і пошукаў радовішчаў золата.
Булатовіч Аляксандр Ксавер'евіч (08.10.18 70, г. Арол - 06.12.1919, г. Харкаў), падарожнік, даследчык Усходняй Афрыкі, дыпламат, тапограф.
Бялыніцкі-Біруля Аляксей Андрэевіч (24.10. 1864, в. Бабкоў Аршанскага пав. - 18.06.1937, Ленінград), заолаг і географ. Удзельнічаў у Палярнай экспедыцыі на караблі "Зара" ў 1900-1901 гг. Вывучаў жывёльны свет Сярэдняй Азіі ў 1928 г.
Валасовіч Канстанцін Адамавіч (21.05. 1869, в. Старчыцы Слуцкага пав. - 25.09.1919, ст. Бяспалаўка каля Харкава), рэвалюцыянер, вядомы падарожнік, географ і геолаг. У 1908-1909 гг. удзельнічаў у дзвюх геолага-геаграфічных экспедыцыях на поўнач Якуціі, збярог для навукі шкілет вядомага Ляхаўскага маманта, склаў геалагічна-геаграфічную карту Новасібірскіх астравоў.
Вількіцкі Андрэй Іпалітавіч (01.07. 1858, Менская губ. - 26.02.1913, Санкт-Пецярбург), гідрограф-геадэзіст, генерал-лейтэнант, скончыў Марскую акадэмію. Узначальваў экспедыцыю на Новую Зямлю (1887 г.), кіраваў навуковымі даследаваннямі ў Енісейскім заліве і Обскай губе.
Вількіцкі Барыс Андрэевіч (03.04. 1885, Пулкава, Санкт-Пецярбург - 06.03.1961, Бельгія), гідрограф-геадэзіст, сын Андрэя Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію. Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю ў Паўночны Ледавіты акіян. У 1914-1915 гг. ажыццявіў першае скразное плаванне Паўноч-ным марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск.
Віткевіч Ян Праспер (Іван Віктаравіч, 06.07. 1808, м. Пашаўша, цяпер у Літве -20.05.1839, Пецярбург). Атрымаў афіцэрскі чын. У1823 г. стварыў таварыства "Чорныя браты", падтрымліваў філаматаў. Сасланы салдатам на Арэнбургскую лінію. У 1835-1836 гг. падарожнічаў у Бухару і Персію. У 1837-1838 гг. узначальваў расійскую дыпламатычную місію ў Афганістан.
Галынскі Аляксандр Вікенцьевіч (1816, м. Крычаў Магілёўскай губ. - 1893, Львоў), памешчык, урач, удзельнік паўстання 1830-1831 гг., супрацоўнічаўу Лондане з А.І. Герцанам. У 1836-1837 гг. падарожнічаў па Блізкім Усходзе, напісаў кнігу ўспамінаў пра Егіпет. У ёй выказаўся аб мэтазгоднасці будаўніцтва Суэцкага канала. Ажыццявіў падарожжа па Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. У Бруселі выдаў кнігу пра Каліфорнію, у якой прапанаваў ідэю будаўніцтва канала праз Панамскі перашыек. Выказаныя ім ідэі былі рэалізаваны праз некалькі дзесяткаў гадоў. Суэцкі канал быў пабудаваныў 1869 г., а Панамскі канал - у 1914 г.
Гашкевіч Іосіф (Язэп) Антонавіч (1814, Менскі пав. - 05.10.1872, маёнтак Мэлі, цяпер Астравецкі р-н), дыпламат, натураліст, арыенталіст, мовазнавец. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках уВільні.
Грамбчэўскі Браніслаў (15.01.1855, в. Каўнатова Віленскай губ. - 27.11.1926, Варшава), генерал рускай арміі, выдатны падарожнік і даследчык прыроды. Ажыццявіў падарожжы ў Заходні Кітай (1885 г.) на Цянь-Шань (да вытокаў Сыр-Дар'і, 1886 г.), падарож-нічаў па Гіндукушу, па Паміру, прайшоў паміж Каракумамі і Гімалаямі (1888 г.), а ў 1890 г. - па Тыбету.
Дабрынін Барыс Фёдаравіч (26.05. 1885, Менск - 04.09.1951, Кіеў), географ, геамарфолаг, картограф, падарожнік. Даследа-ваў Крым, Каўказ, Урал.
Дамейка Ігнат Іпалітавіч (31.07.1802, маёнтак Мядзведка Наваградскага пав., цяпер Карэліцкі р-н - 23.01.1889, Сант'яга), удзель-нік паўстання 1830-1831 гг., падарожнік, геолаг. Даследаваў Анды, пустыню Атакама, правінцыю Араўканію ў Чылі, заснаваў горную прамысловасць у Чылі. Чылійскі ўрад абвясціў яго нацыянальным героем.
Дыбоўскі Бенядзікт Іванавіч (11.05. 1833, маёнтак Адамарын Вілейскага пав. - 31.01.1930, Львоў), лекар, прыродазнавец і падарожнік. Даследаваў азёры Свіцязь, Чорнае і інш. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. сасланы ва Усходнюю Сібір. У1878-1882 гг. вывучаў рэкі Амур і Ангара, прыроду Хабараўскага краю, Камчаткі і Камандорскіх астравоў, даследаваў фаўну Байкала. Адным з першых стаў прыхільнікам эвалюцыйнай тэорыі Ч. Дарвіна.
Ельскі Канстанцін Міхайлавіч (17.02.-1837, в. Ляды Ігуменскага пав. - 20.11.1896, Кракаў), падарожнік і першы беларускі заолаг. Падтрымаў эвалюцыйную тэорыю Ч. Дарвіна, вывучаў фаўну і флору Гвіяны і Перу, адкрыў новы від жывёлы Dinonus. Уражанні аб сваіх падарожжах пакінуў у кнігах, выдадзеных на польскай і іспанскай мовах.
Еўраінаў Іван (?-1724, Вятка, Расія), выдатны геадэзіст і падарожнік. Упершыню ў Расіі склаў карту Курыльскіх астравоў, а таксама карту Сібіры.
Зан Тамаш Карлавіч (21.12.1796, в. Мясата Вілейскага пав., цяпер Маладзечанскі р-н - 07.07. 1855, маёнтак Кахачын пад Оршай), арганізатар і кіраўнік віленскіх тайных студэнцкіх таварыстваў. Сасланы ў Арэнбург. Вывучаўу 1825-1837 гг. рэльеф, глебы, фальклор і побыт прыуральскіх народаў. Пахаваны ў м. Смаляны Аршанскагапавета.
Кавалеўскі Уладзімір Ануфрыевіч (1842, в. Шусцянцы Дынабургскага пав. Віцебскай губ. - 28.04.1883, Пецярбург), прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі, муж знакамітага матэматыка Соф'і Кавалеўскай. Ажыццявіў падарожжа па Еўропе і Паўночнай Амерыцы.
Кавалеўскі Язэп (Юзаф, Восіп Міхайлавіч, 09.01.1801, в. Вялікая Бераставіца, - 07.11.1878, Варшава), гісторык, падарожнік, заснаваў навуковае манголазнаўства. У 1829-1830 гг. пабываў у Манголіі і Кітаі.
Казарскі Аляксандр Іванавіч (1789, м. Дуброўна Віцебскай губ. - 28.06.1833), вайсковы марак, капітан першага рангу, герой руска-турэцкай вайны 1828-1829 гг. У 1831 г. адшукаў найкарацейшы шлях з Колы (Мур-манск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага мора ў Ладажскае возера. Праз 100 гадоў на гэтым шляху пабудаваны Беламора-Балтыйскі канал.
Казлоў Пётр Кузьміч (03.10.1863, г. Духоўшчына Смаленскай губ. - 26.09.1935, Ленінград), даследчык Цэнтральнай Азіі.
Казлоўскі Яўген Аляксандравіч (1929, в. Доўск Рагачоўскагарна Гомельскай вобл), вучоны, геолаг, акадэмік, міністр геалогіі СССР (1975-1989 гг.), галоўны рэдактар "Горнай энцыклапедыі"(Т. 1-5. Масква. 1984-1991), першаадкрывальнік шэрагу радовішчаў карыс-ных выкапняў.
Казырэўскі Іван Пятровіч (1680-02.12.1734), з ліцвінскай шляхты трапіў у рускі палон. Землепраходзец, першы даследчык Курыльскіх астравоў іпаўднёвай часткі Камчат-кі,першы даследаваў вусце ракі Лены, склаў чарцёж Камчаткі і Курыльскіх астравоў.
Каменскі (Каменскі-Длужык) Адам (?, з Оршы - пасля 1672, Орша), аўтар "Дыяруша", у якім апісаў сваё зняволенне ў Сібіры. Расказаў у ім аб прыродзе і жыхарах Сібіры ў XVII ст.
Каржанеўскі Мікалай Леапольдавіч (1879, в. Завярэжжа Віцебскай губ. - 1958), географ, гляцыёлаг, аўтар кнігі "Муксу и ее ледники" (1927).
Карніцкі Ксаверы (13.08.1750, Наваградскае ваяв. - 1801), падарожнік. У1774-1789 гг. жыў у Чылі. Першы ліцвін, які ў 1790 г. наведаў Аўстралію. Памёр у Шэрбуры (Францыя).
Копаць Юзаф (15.05.1762, пад Пінскам - 1827, в. Дрысвяты Браслаўскага р-на), паручнік. Удзельнік паўстання 1794 г., падарожнік, мемуарыст, аўтар "Дзённіка падарож-ніка Юзафа Копаця праз усю Азію", надрукаванага ў 1863 г. у Берліне на польскай мове. Пахаваны ў в. Дрысвяты пад Браславам.
Кульбачанка Віктар (нар. 1962 г.), беларускі альпініст. У 1994 г. узняўся на трэцюю вяршыню свету - гару Канчэнджанга (8586 м), у 1998 г. - на вышэйшы пункт свету - гару Эверэст (8848 м), у жніўні 2006 г. - на небяспечную пакістанскую гару Чачоры (8611 м).
Мухлінскі Антон Восіпавіч (1808, маёнтак Саснова, кяля Наваградка - 25.10. 1877, Варшава). З беларускіх татар, прафесар арабскай філалогіі Пецярбургскага універ-сітэта. У 1832-1835 гг. падарожнічаў па Егіпту і вёў дзённік. Напісаў кнігу "О Танесской земле в Нижнем Египте"(СПб., 1858). Мухлінскі як ганаровы госць прысутнічаў на ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця Суэцкага канала.
Несін Уладзімір Пятровіч (нар. 13.01. 1950, в. Попіна Драгічынскага р-на), электрык, шафёр, выкладчык фізкультуры, грамадзянін Расійскай Федэрацыі, з відэакамерай пабываў у 80 краінах на 5 кантынентах і прайшоў басанож каля 80 тыс. км. Атрымаў ад ААН ганаровы "Пашпарт грамадзяніна свету".
Нямцэвіч Юльян Урсын (16.02.1758, в. Скокі Брэсцкага р-на - 21.05.1841), пісьменнік, палітычны дзеяч, падарожнік. Аўтар кнігі "Падарожжа па Амерыцы 1797-1807", выдадзенай у 1959 г.
Паўловіч Эдвард Баніфацый Францавіч (07.06.1825, м. Тургелі, Літва - 10.02.1909), мемуарыст, мастак, падарожнічаў па Заходняй Еўропе, аўтар брашуры "Колькі слоў літвіна" (Парыж, 1857), кнігі "Успаміны з-над Віліі і Нёмана" (1882).
Паўлуцкі (Паўлоцкі) Зміцер (?-21.03. 1747), маёр, выдатны падарожнік, першаадкры-вальнік Аляскі і першы даследчык Чукоткі. 3 ліцвінаў прысягнуў на вернасць маскоўскаму пасаду. Загінуў у баі з чукчамі.
Пранчышчаў Васіль Васільевіч (1702-29.08. 1736, Усць-Алянёк). Продкі лейтэнанта В.Пранчышчава паходзілі з Беларусі. Яго прамы продак Іван Васільевіч Прончышчаў служыў стольнікам у маскоўскага вялікага князя Івана III. Яго прозвішча, на думку В.П. Грыцкевіча, паходзіць ад назвы ракі Проні.
Пржа-вальскі Мікалай Міхайлавіч (12.04. 1839, в. Кімбарава, цяпер у Па-чынкаўскім р-не Смаленскай вобл. Расійскай Федэрацыі - 01.11. 1888, Каракол, цяпер Пржавальск), зна-каміты падарож-нік і даследчык Цэнтральнай Азіі, генерал-маёр рус-кай арміі. Яго продкі жылі ў Віцебскім ваяводстве.
Пякарскі Эдуард Карлавіч (25.10.1858, хутар Пятровічы ігуменскага пав., цяпер Смалявіцкі р-н - 29.06.1934, Ленінград), народнік.у 1881 г. высланы ў Якуцію. Прыро-дазнавец, географ, лінгвіст, этнограф. Удзель-нічаў у Аяна-Нэльканскай эк-спедыцыі. Склаў слоўнік якуцкай мовы. Ганаровы акадэмік АН СССР.
Радзівіл Мікалай Сіротка (1549, Няс-віж - 1616, Нясвіж), выдатны падарожнік, заснавальнік геаграфічнай літаратуры ў Беларусі.
Рафаловіч Арцём Аляксеевіч (1816, Гарадзенская губ. - 1851), доктар медыцыны, вывучаў побыт насельніцтва падчас падарожжа ў Егіпет у 1846-1849 гг. Па выніках падарожжа падрыхтаваў "Этнографические заметки о египтянах" і выдаў кнігу "Путешествие по Нижнему Египту и внутренним областям дельты Нила" (СПб., 1850). Абраны сапраўдным членам Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства.
Рыла Максімілян Станіслаў (31.12.1802, в. Падорск Ваўкавыскага пав. - 17.06.1848, Хартум), прафесар філасофіі, апостальскі вікарый Цэнтральнай Афрыкі (Хартум, Судан). У 1836 г. стаў адкрывальнікам і першым даследчыкам руін старажытнага Вавілона. У 1841 г. у Бейруце заснаваў навучальную ўстанову з выдавецтвам, бібліятэкай і музеем. Памёр у Хартуме, аў 1900 г. быў перазахаваны ў сталіцы Егіпта - Каіры.
Сапега Аляксандр Антоні (03.09.1773, г. Страсбург, Францыя - 08.09.1812, Кодзень-ка-ля Брэста), з магнацкага роду, вучоны, падарожнік. Аўтар працы "Мінералогія" і падручніка па неарганічнай хіміі. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчу і Літву, а таксама ў Альпы і на Балканы. Падарожнічаў па ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, вынікі даследаванняў апублікаваў пад назвай "Пада-рожжа па славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг." (1811).
Судзілоўскі Мікалай Канстанцінавіч (псеўд. Русель, 15.12.1850, г. Магілёў- 30.04.1930, г. Цянь-дзінь, Кітай), народнік, дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, лекар, вучоны прыродазнавец, прэзідэнт Гавайскай рэспублікі ў 1901-1902 гг. Першы падарожнік, які грунтоўна пазнаёміў расійскіх чытачоў з флорай і фаўнай астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна.
Сянкоўскі Восіп Юльян Івававіч (л іт. псеўд. Барон Брамбеўс; 31.03.1800, маёнтак Антокаль, каля Вільні - 16.03.1858, Пецяр-бург), заснавальнік расійскага ўсходазнаўства. У 1819-1821 гг. падарожнічаў па Блізкаму Усходу і паўночна-ўсходняй Афрыцы. Першы прафесар-арабіст у Расіі. Каля 25 гадоў займаў кафедру ўсходніх моў Пецярбургскага універсітэта. У 1834 г. заснаваў літаратурны часопіс "Библиотека для чтения".
Сяніцкі Людвік (02.02.1677-24.01. 1757). У час Паўночнай вайны кіраваў абаронай Быхава. У 1707 г. узяты ў расійскі палон. Сасланы ў Табольск, потым у Якуцк, адкуль вярнуўся на радзіму ў Беларусь толькі ў 1722 г. У сваіх успамінах "Дакумент асаблівай міласэрнасці Божай..." (Вільня, 1754) расказаў пра асаблівасці жыцця і побыту якутаў, эвенкаў і іншых сібірскіх народаў.
Сянкевіч Юры Аляксандравіч (04.03. 1937, г. Чайбалсан (цяпер Баін-Тумен), Манголія - 25. 09.2003, Масква), нашчадак беларусаў з Віленскай губерні, урач і тэлежурналіст, удзельнік многіх экспедыцый у Антарктыду і Арктыку, плаваў на папірусных лодках "Ра-1" (1969 г.) і "Ра-2" (1970 г.) праз Атлантычны акіян ад Афрыкі да астравоў Цэнтральнай Амерыкі. 3 1973 г. каля 30 гадоў вёў праграму "Клуб кінапа-дарожнікаў" на тэлебачанні.
Урончанка Міхаіл Паўлавіч(1801 ці 1802, в. Капысь Магілёўскай губ. - 14(26).10. 1855, Харкаў), генерал-маёр, ваенны геадэзіст, географ, перакладчык. У 1828-1829 гг. праводзіў тапаграфічныя здымкі ў Малдове, Валахіі і Балгарыі. У 1837- 1840 гг. падарож-нічаў па Малой Азіі і напісаў даследаванне "Обзор Малой Азии в современном ее состоянии" (Ч. 1-2. 1838-1840).
Фялінская Ева Зыгмунтаўна (26.12. 1793, в. Узнога каля Клецка - 20.12.1859, Ваюцін), рэва-люцыянерка, пісьменніца, высланая ў горад Бяроз аўТабольскай губ. (цяпер Цюменская вобл.), вяла дзённік, у якім апісала прыроду і побыт тамашняга краю.
Ходзька Юзаф (Іосіф Іванавіч, 06.12. 1800, м. Крывічы Вілейскага павета - 21.02. 1881, Тыфліс), геадэзіст, тапограф, генерал-лейтэнант рускай арміі. У 1830-х гадах праводзіў тапаграфічныя работы на Дунаі і Басфоры, у 1845- 1853-х гг. - у Закаўказзі. Склаў першую карту Каўказскіх гор.
Цанкоўскі Леў Сямёнавіч (1822, г. Варшава - 1887, г. Лейпцыг), з сям'і беларусаў, батанік, заснавальнік расійскай школы мікрабіё-лагаў. Удзельнічаў у 1847-1849 гг. у навуковай экспедыцыі па паўночна-ўсходняй Афрыцы. Вывучаў афрыканскую флору і фаўну.
Цяцерскі Фаўстын Іванавіч (1760, в. Валынцы, цяпер у Верхнядзвінскім р-не - 1832 або 1833), доктар філасофіі і тэалогіі, першы даследчык флоры і фаўны Забайкалля. Удзельнік паўстання 1794 г., пасля паражэння паўстання стварыў "Віленскую асацыяцыю". Быў сасланы на пажыццёвую катаргу ў Забайкалле. У 1806 г. напісаў "Успаміны" ("Дзённік") - адно з першых этнаграфічных даследаванняў Даурыі, якое было надрукавана на польскай мове ў 1865 г. у Львове.
Чэрскі Іван Дзяменцьевіч (Ян Дамінікавіч, 15.05.1845, маёнтак Свольна Дрысенскага пав. - 07.07.1892, Ніжне-Калымск, цяпер Чэрск, Расійская Федэрацыя), геолаг, географ. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гг. аддадзены ў салдаты і высланы ў Сібір. Склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал.
Шміт Ота Юльевіч (30.09.1891, Магілёў - 07.09.1956, Масква), матэматык, астраном, геафізік, даследчык Арктыкі, адзін з арганізатараў асваення Паўночнага марскога шляху, Герой Савецкага Саюза, акадэмік АН СССР. У сакавіку 1937 г. кіраваў паветранай экспедыцыяй (5 самалётаў) да Паўночнага полюса. Расійская Акадэмія навук заснавала прэмію імя О.Ю. Шміта за лепшыя навуковыя працы ў галіне даследавання і асваення Арктыкі.
Янушкевіч Адольф Міхал (09.06. 1803, Нясвіж - 06.06.1857, в. Дзягільна, цяпер Дзяржынскі р-н), пісьменнік, падарожнічаў па Італіі, Германіі, Францыі, казахскіх і кіргізскіх стэпах. Яго брат Яўстах выдаў на польскай мове кнігу пад назвай "Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў. Кн. 1-2" (Парыж, 1861,Берлін, 1861, 1875).
Сцежкамі роднай зямлі
Народная творчасць.. фальклор.. Мудрасць народа, прыгажосць спадчыны роднага краю,багацце Бацькаўшчыны.
Нездарма ў народзе кажуць: "фальклор - душа народа". Вусную народную творчасць справядліва называюць невычэрпнай крыніцай роднага краю, скарбам народа. Мудра паступае той хто спяшаецца наталіць сваю душу з гэтай крыніцы, хто і ў радасці, і ў светлы час, і ў горкія хвіліны напаўняе сваё сэрца прыгажосцю народнай мудрасці, неацэнным скарбам народнай спадчыны.
Далучацца да культурнай спадчыны, духоўнага скарбу дзядоў і прадзедаў можна рознымі спосабамі. Адной з формаў далучэння вучняў да гістарычных і культурных традыцый свайго народа з'яўляюцца этнаграфічныя музеі. Музей "Спадчына", які створаны агульнымі намаганнямі настаўнікаў і вучняў, дзейнічае ў Канчыцкай СШ з 2006 года. Вучні - экскурсаводы рэгулярна праводзяць цікавыя экскурсіі, далучаюць наведвальнікаў да этнаграфічнай гістарычнай спадчыны роднага краю. Папулярнай формай дзейнасці музея з'яўляюцца музейнапедагагічныя заняткі "Як хлеб да нас прыйшоў", "Апрацоўка льну", "Рук залатых зямныя цуды", "Наш нацыянальны касцюм " і інш.
Чужое трэба ведаць, але найперш трэба ведаць сваё, блізкае, роднае. Так ясна ўсвядамляе сабе настаўніца роднай мовы і літаратуры Надзея Васільеўна На занятках яна імкнецца закласці ў свядомасці школьнікаў, часта для кожнага чалавека Айчына пачынаецца з таго куточка, дзе ён нарадзіўся, з бацькаўскай хаты, са школы, дзе ён пазнаў грамату. Асабліва цікаўнасць вучняў да пазнання раднога краю ўзрасла пасля ліста, атрыманага з далёкай Англіі. Аўтар пісьма прасіў адшукаць карані яго. Выконваючы просьбу земляка з Англіі, вучні праявілі неабыякавасць і да свайго мінулага. Па крупіцах вучні збіралі летапіс сваёй вёскі. Школа актыўна прымала ўдзел ва "Усебеларускай турысцкакраязнаўчай экспедыцыі "Наш край". Па слядах экскурсій былі створаны вусныя праектычасопісы "Зямля талькоўскаясвятая", "Адкуль наша вёска", "Што ў назве вуліцы маёй", "Сцежкамі роднай зямлі", "Аб зямлі, што нарадзіла і натхніла " і інш.
Без легендаў і паданняў, песень гісторыя губляе сваю прывабнасць. У гэтым пераканана Надзея Васільеўна Гулевіч. Песні легенды і паданні на мясцовым дыялекце пра свой кут прымушаюць здзіўляцца мудрасці аднавяскоўцаў, іх таленту, назіральнасці. Гэтая цікавасць да мудрасці народнай, мастацкага таленту спрыялі стварэнню народнага альбома: "Нам засталася спадчына", "Фальклордуша народа", зроблена шмат аўдыёкасет.
Народныя святы і традыцыі - гэта асаблівыя, цікавыя старонкі з народнага жыцця. У сваёй рабоце Надзея Гулевіч і яе калегі многа ўвагі ўдзяляюць правядзенню народных свят. Спрадвеку былі ў пашане народа такія святы - традыцыі, як "Гуканне вясны", "Развітанне з зімой" (Масленіца, Вялікодныя і Калядныя святы, Тройца" і іншыя.
Гурт "Спадчына" якім кіруе Надзея Гулевіч, назапасіў шмат матэрыялу і набыў вялікі досвед у правядзенні свята Масленіцы. Свята дайшло да нас з далёкай старажытнасці. Яно і сёння ў пашане народа. Людзі развітваюцца з надакучыўшай зімой і весела сустракаюць вясну. Нездарма ў народзе бытуе выслоўе: "Хто на Масленіцу сумуе, таму ўвесь год не шанцуе". Вось людзі і весяляцца спяваюць песні, танцуюць, водзяць карагоды. Умелі весяліцца нашы продкі. Стараліся задобрыць Усявышняга, каб заўсёды і ўсюды панавалі толькі дабро і багацце. Гурткоўцы да свята пякуць бліны. Смачныя бліны і са смятанай, і з варэннем, і са скваркаю. "За вялікі блін, як сонца, трэба працаваць бясконца" - так вучыць народная мудрасць. Скамарохі ў квяцістых сукенках частуюць усіх гасцей сытнымі блінамі, араматнай гарбатай і расказваюць аб тым, што кожны дзень у апошні тыдзень зімы меў сваю назву: "Зайгрышы", "Блінніца", "Да нявесткі". Што у кожны дзень праводзіліся свае гульні, забавы, спяваліся свае песні. А заканчвалася Масленіца "Радавальнай нядзеляй", у якую усе павінны ў знак прымірэння цалавацца адзін з другім. На заканчэнне спальваецца пудзіла масленіцы. Бо ў саломенным пудзіле па павер'і знаходзіцца сіла росту, якую людзі хацелі перадаць палям, каб яны аддзячылі добрым ураджаем. Гурток "Спадчына" сабраў матэрыялы і стварыў сцэнарыі розных народных свят.
Вось яшчэ адзін прыклад далучэння да культурнай спадчыны рэгіёна. Гэта сустрэчы з народнымі ўмельцамі в. Кончыцы: ткачамі, вышывальніцамі, разбяралі, кавалямі. А яны ў вёсцы яшчэ ёсць. І гатовы перадаваць сваё майстэртва і ўмельства маладому пакаленню канчынцаў.
Надзея Гулевіч і яе калегі - настаўнікі многае робяць, каб іх вучні шанавалі народную спадчыну, вывучалі яе, захоўвалі і збіралі.
Канешне, не ўсе намаганні гуртоўцаў прыводзяць да жаданага выніку. "Але мы цвёрда верым, што чалавечая годнасць і вартасць нараджаюцца з глыбокай любові і адданасці Радзіме з ведання гісторыі роднага краю, з шанавання спадчыны з замілавання да роднай мовы. І мы адчуваем асалоду, што наша работа запатрабавана таму што мы працуем для будучага нашай Бацькаўшчыны" - шчыра прызнаецца Надзея Васільеўна.
Мне застаецца пажадаць: "Хай усім вам Бог дапаможа ў вялікай справе Адраджэння Беларускасці"
Уладзімір Гук, старшыня Пінскай раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны