№ 16 (855) 16 КРАСАВІКА 2008 г.
18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў
Што робяць з Нясвіжскім замкам?
Падчас аднаўленчых працаў на тэрыторыі Нясвіжскага замка, які належаў знакамітаму роду Радзівілаў, зруйнаваная яго ўсходняя трохпавярховая галярэя, датаваная, паводле ЮНЭСКА, сярэдзінай ХVIII стагоддзя.
Навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі Нясвіжскага палацавапаркавага ансамбля Сергей Друшчыц расказвае, чаму ў працэсе аднаўлення спатрэбіліся такія радыкальныя захады:
Тры гады мы трымалі падпоркі, шукалі варыянты, каб яе захаваць. Але тэхнічны стан такі, што магчымасці такой мы не знайшлі. Хоць праект быў распрацаваны, але ж даследаванні грунтоў паказалі: пад гэтай галярэяй - два метры насыпнога грунту, які не мае ніякай магчымасьці несці будынак. Тое, што яна ў аварыйным стане, мы ведалі яшчэ да пачатку распрацоўкі дакументацыі, ёсць экспертнае заключэнне. Але намаганні яе захаваць плёну не мелі. Таму што былі канструктыўныя хібы ў самім будаўніцтве, гэтая галярэя (здаецца, пры Рыбаньку, захаваліся дакументы) ужо адзін раз падала. Таму, зафіксаваўшы ўсе асаблівасці галярэі, мы прынялі рашэнне: яе аднавіць, але не ў тым выглядзе, у якім яна нам дасталася ад санаторыя, а раскрыць замураваную першапачатковую галярэю XVII стагоддзя. Гэты праект быў разгледжаны на радзе і ўхвалены. Вось такая сумная рэч, але тэхнічных магчымасцяў сёння ў нас, на жаль, не было, каб яе захаваць.
Пасля руйнавання ўсходняй галярэі ўжо ніхто не можа сцвярджаць, што такі ж лёс не напаткае іншыя фрагменты палацавага комплексу.
І, як падаецца, толькі пільная ўвага грамадскасці да рэстаўрацыі Нясвіжскага замка дазволіць больш не дапусціць такіх крайніх мераў як знос яшчэ хоць якога фрагмента.
Наш кар.
175 гадоў з дня нараджэння Віктара Каліноўскага
КАЛІНОЎСКІ Віктар Отац Сямёнавіч (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкае ва-яв., Польшча - 6.11.1862), гісторык, археограф, біблія-філ, удзельнік нац.-вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат Кас-туся Каліноўскага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Свіслацкай і Гарадзенскай гімназіях. У 1852 паступіў на мед. ф-т Маскоўскага ун-та. 3 1856 у Пецярбургу. Па даручэнні Віленскай археал. камісіі працаваў у Імператарскай публічнай б-цы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі. У 1858-62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі, якую складалі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ў Пецярбургу. Распаўсюджваў сярод сяброў арг-цыі гіст. л-ру, займаўся вярбоўкай новых членаў, наладжваў сувязі з рэв. арг-цыямі Кіева і Масквы. 3 1857 падтрымліваў навук. сувязі з бібліятэкай Асалінскіх у Львове, з яе супрацоўнікам, а потым дырэктарам А.Бялеўскім, дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана Станіслава Жалкеўскага, навук. працы «Monumenta Poloniae Historica». У час працы ў Публічнай б-цы складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб, даследаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгонніцкіх сял. рухаў на Беларусі і Украіне. Падрыхтаваў да друку на рус. мове манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., па невядомых прычынах праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг, прысвечаных гал. ч. гісторыі ВКЛ. Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай "Slowo" («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І. Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ., дзе і памёр.
Дэмантаж помніка Максіму Багдановічу ў Менску
Неадназначнае гэта відовішча - скульптура падвешаная да стралы крана.
Калі ставіцца помнік нацыянальнаму дзеячу ці з нагоды нейкай падзеі нацыянальнай гісторыі - гэта радуе. Калі ж здымаецца з прывычнага за многія гады месца помнік асобе такой значнасці для Беларусі, як Максім Багдановіч, то гэта выклікае па меншай меры занепакоенасць і насцярогу. І прычына гэтаму - перш за ўсё недавер да ўлады ў цэлым і да асобных структураў яе ў прыватнасці. Куды паставяць? Як паставяць? Як будзе выглядаць на новым месцы? Ці не зглумяць? І практычна нікога не цікавіць, як будзе выглядаць апусцелая плошча перад оперным тэатрам. Нешта прыдумаюць, але нішто не верне ёй таго арэолу рамантычнасці і людской любові, які яна мела, калі тут стаяў помнік нашаму Страцім-лебедзю - Максіму Багдановічу.
Наш кар.
Каб не ўмёрлі
Газета "Астравецкая праўда" за 12 сакавіка 2008 г.
Як вядома, унашай краіне дзве дзяржаўныя мовы - руская і беларуская. Вось толькі, на вялікі жаль, апошняя ўгэтым спісе часта становіцца апошняй і па жыцці. На сусветнай канферэнцыі лінгвістаў, што праходзіла сёлета ў Германіі, беларуская мова была названа першай з еўрапейскіх, якая памрэ. Гэтая сумная выснова грунтавалася перш за ўсё на даследаваннях таго, якой мовай карыстаюцца людзі ў паўсядзённым ужытку.
Ці так усё сумна на самой справе? Як ацэньваюць стан беларускай мовы людзі, якія не проста карыстаюцца ёй штодня, а займаюцца прафесійна, якая стала для іх справай жыцця-настаўнікі беларускай мовы і літаратуры? З пытаннямі на гэтую тэму мы звярнуліся да двух з іх: Людмілы Мікітаўны Багачовай з Быстрыцкай базавай школы і Ядвігі Каятанаўны Шаблінскай з Астравецкай СШ №1.
1. Як вы ацэньваеце стан бепарускай мовы ў нашым грамадстве?
Людміла Мікітаўна: - Чэсна? Як ні сумна гэта канстатаваць, апе мова наша прыходзіць ва ўсё большы заняпад. Міжволі ўспамінаеш радкі Пімена Панчанкі "Кажуць, мова мая аджывае", і мусіш пагадзіцца з імі.
Чаму так адбываецца, таксама, думаю, не сакрэт. Хоць беларуская мова лічыцца адной з дзяржаўных, але гэты статус носіць хутчэй фарма-льна. Справаводства вядзецца на рускай мове, выкладанне ў ВНУ - таксама. Так, выдаюцца на роднай мове кнігі, выходзяць газеты... Але людзі сёння чытаюць мала. Вось дзякуй вам, што хоць "раёнка" не здрадзіла роднай мове - а яе чытаюць амаль у кожным доме. Ды яшчэ "Звязда", а астатнія газеты ўсё больш становяцца рускамоўнымі, хоць і лічыцца, што яны быццам бы выдаюцца на дзвюх мовах. У школе на выкпаданне беларускай мовы аддаецца вельмі мала гадзін, у прыватнасці ў пятым, асабліва цяжкім класе, калі дзеці толькі перабудоўваюцца пасля пачат-ковай школы.
I ўсё ж нават не гэта галоўнае. Калі людзі не карыстаюцца роднай мовай у паўсядзённым жыцці, яна непазбежна памірае. Кнігі і газеты яе не ўратуюць.
Ядвіга Каятанаўна: - Не сказаць, каб станоўча. Канешне, нельга сказаць, што для яе развіцця нічога не робіцца. Але хацелася б большага - і з боку дзяржавы, і, самае галоўнае, каб самі людзі па-іншаму адносіліся да сваёй роднай мовы.
2. Ці падзяляеце вы сумны прагноз сусветных лінгвістаў, што беларуская мова - паміраючая?
Людміла Мікітаўна: - Гавару гэта з болем у душы, але -так. Нават у нас, у вёсцы, дзе раней усе гаварылі выключна па-беларуску - хай сабе на мясцовым дыялекце, але ж на роднай мове! - цяпер усё часцей чуецца руская. Нядаўна мы абмяркоўвалі гэтую тэму з нашымі вучнямі. Дзяўчынка-сямікласніца шчыра сказала, што ёй падабаецца беларуская мова, але гаварыць яна будзе па-руску. Бо пасля школы хоча паехаць у горад, як яе сястра, а там усе гавораць па-руску. I што ты ёй скажаш?
Хоць усё ж вельмі хочацца спадзявацца, што мае песімістычныя прагнозы, як і тых невядомых мне сусветных лінгвістаў, не спраўдзяцца, і бела-русы змогуць захаваць і адрадзіць родную мову, якая і дала назву нашай нацыі.
Ядвіга Каятанаўна: - Не хочацца гэтаму верыць. Гэтага быць не павінна. Я лічу: пакуль жыве вёска - будзе жыць і беларуская мова. Хоць у якім выглядзе. А вёска будзе жыць заўсёды - бо куды ж мы без вёскі? Гэта як без хлеба...
3. Вы даўно працуеце ў школе. Як мяняюцца з часам адносіны дзяцей да роднай мовы? Ці чытаюць яны беларускую літаратуру?
Людміла Мікітаўна: - Сучасныя дзеці ўвогуле амаль не чытаюць - ні рускай, ні беларускай літаратуры. Кнігі ўсё больш замяняюць тэлевізар і камп'ютэр. Ну, тое што патрэбна па праграме, што задаецца ім па пазакласным чытанні, яшчэ прачытваюць, так бы мовіць, пад прымусам, а для добраахвотнага, для сябе - практычна нічога.
Ядвіга Каятанаўна :-Адносіны, канешне, мяняюцца не ў лепшы бок. Калі на пачатку 90-х гадоў, на хвалі адраджэння, адкрываліся бе-ларускія класы, то дзеці ў пяты клас прыходзілі пасля пачатковай школы ўжо падрыхта-ваныя. Цяпер жа яны замежную мову вывучаюць ужо з дзіцячага садка, а родную, беларускую - толькі з пятага класа. А калі яшчэ і дома яе не чуюць... Ці варта дзівіцца, што яна для іх сапраўды як замеж-ная?
4. І ўсё ж - няўжо ў беларускай мовы няма шанцаў на выжыванне? Што кожны чалавек, якому не-абыякаеы лёс роднай мовы, можа зрабіць для яе заха-вання?
Людміла Мікітаўна: - Перш за ўсё - карыстацца роднай мовай усюды, дзе то-лькі можна. Таму што ўсе размовы пра любоў да яе так і застануцца размовамі, калі будуць весціся па-руску.
У школе - дарэчы, яна ў нас была і застаецца беларускамоўнай - мы робім усё, што ў нашых сілах. Уся дакументацыя, справаводства вядзецца на беларускай мове.
На роднай мове праходзяць мерапрыемствы, праводзім вялікўю работу па заха-ванню гістарычнай спадчыны. Часта ладзім сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі.
Але ўсё гэта - кропля ў моры. Пераканана: беларуская мова толькі тады мае шанец выжыць, калі набудзе сапраўд-ны, а не фармальны статус дзяржаўнай.
Ядвіга Каятанаўна: - Гаварыць па-беларуску! Усюды - дома, на працы, на вуліцы. Каб людзі чулі і ведалі, што мова - жыве, што яна такая ж прыгожая, мілагучная, як любая іншая, што на ёй можна выказаць свае думкі, расказаць анекдот, зрабіць справаздачу. Як казаў Францішак Багушэвіч "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі".
5. Які ваш любімы твор, які, на вашу думку, трэба прачытаць кожнаму?
Людміла Мікітаўна: -Кожны год перачытваю "Сэрца на далоні" Івана Шамякіна - і кожны раз, як упершыню.
Ядвіга Каятанаўна: - Вельмі люблю Пімена Панчанку-усяго. Асабліва зборнік "I вера, і вернасць, і вечнасць". А там - верш "Ратуйце нашы душы". Яго заўсёды даю сваім вучням. У ім - усё: наша жыццё, наш лёс, праблемы. Ён ніколі не састарэе.
Лёсам роднай мовы цікавілася Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Гаварыць з сэнсам
Ёсць у Беларусі людзі што ўжываюць слова, але значэння гэтага слова не ўмеюць растлумачыць. Найчасцей гэта слова расейскае якое губляе сэнс у нашай мове гэта можа быць "тапіць печ". Тапіць можам рэч якую занясеш да возера ці ракі, і тады ты можаш яе тапіць. Тапіць печ можаш, калі ты будзеш мець малую печ, хлябову печ ты непадымеш і не ўтопіш. Яшчэ можна тапіць лёд, снег, волава, тлушч, лой.
Вось дзяцюк з Іванкавіч быў у расейскім войску прабыў доўгі час і як вярнуўся да дому з пераказу людзей быў стары дзед. Ён узяў сабе вельмі маладую жонку людзі параўноўваюць яго да біблійнага Св. Язэпа, які быў заручнік Св. Марыі, а ёй далі мянушку "Багародзіца" бо яна была вельмі маладою. У вёсцы кожная асоба мела мянушку па мянушцы хутчэй было ведаць аб кім ідзе гаворка. І яшчэ адзін малады хлапец, бацькі яго былі панкі, але сын, роджаны тут, шмат папольску не ведаў. У яго мужчыны запыталі:
Ты ёсць паляк, а скажы як папольску пятух (певень). Ён сказаў "пентух" ад гэтага часу ўсе яго называлі пентухам, бо папольску ёсць "когут" але ён не ведаў. Вёска была розных людзей, былі беларусы, былі яўрэі, былі палякі. Яўрэяў вынішчылі немцы, а палякаў саветы. Насельніцтва паменшала. Людзі, што жылібылі ў розныя часы ў Беларусі былі трактаваны вельмі паніжальна, гэта дзеля таго, што Беларусь была акупавана царскім войскам. Па расказу маіх бацькоў, у той час казакі прыязджалі ў вёску, лавілі маладых хлопцаў і вязлі ў войска, а хто ўцёк у лес, і яго не злавілі, быў вольны.
У вёсцы Іванкавічы былі гэткія здарэнні, калі дзяцюк пабыў у царскім войску прыходзіў дадому ўжо з іншым поглядам на сваё беларускае асабліва на мову. Прыходзілася доўга быць у войску, дваццаць пяць год, навучылі дзяцюка шмат слоў якіх ён і людзі ў вёсцы не ўжывалі. Там вучылі паруску, вось як вярнуўся з войска ён размаўляў пабеларуску, але каб паказаць важнасць свае асобы ён дадаваў у размове слова "апяць" . Вядома у нашай вёсцы слова "апяць" не мела ніякага значэння, але мужчыны, што хадзілі ў школу за царскі час, дадавалі да гэтага слова "дваццаць пяць". Вось калі гэты чалавек ішоў вуліцаю дык казалі ідзе "Апяць дваццаць пяць", гэта была ягоная мянушка. Другі мужчына быў у царскім войску ён ужываў слова "байт" калі ён ішоў да каго нібудзь, адведаць унь бачыце едзе "Байт" казалі людзі. Гэтае слова ён не мог вытлумачыць, але ўжываў, бо у войску навучыўся і гэта ён лічыў рускае слова.
Слова "тапіць" як сп. Павел Сцяцко зазначыў не адпавядае беларускаму мысленню у нас ёсць слова "тапіць" але не азначае "паліць" або "грэць". Слова "тапіць" значыць пусціць пад воду "захлынуць", або змяніць фізічны стан рэчыва.
Затапіць лодку ў рэчцы.
Утапіцца - затануць у вадзе.
Патапіць - утопліваць.
Тапелец - утопленік.
Адтапіць кіслае малако.
Адтапіць змарожанае мяса.
Вытапіць сала, здор.
Натапіць лою, лёду.
Растопліваць - снег, лёд.
Тапіць - лёд, снег, волава, тлушч.
Вось словы што маюць значэнне "тапіць" у бел. мове. Няма таго значэння якое гэтаму слову намагаюцца даць з расейскай мовы, і гэта дае блытаніну ў зразуменні і бязсэнсавае ўжыванне.
Слова "паліць" мае некалькі значэнняў:
Паліць у печы дровы, паліць агнём
Паліць вадою расліну.
Паліць цыгарэту - дыміць.
Апальваць - паліць навокал (гаршкі апальваць).
Выпаліць - кончыць паліць (кончыць амуніцыю)
Дапаліць - кончыць каб згарэла.
Запаліць - пачаць паліць, засвяціць лямпу
Напаліць - нагрэць агнём, ацяпліць.
Папаліць - усё спаліць.
Прапаліць - нахутка нагрэць, (дзіру выпаліць).
Распаліць - пачаць агонь.
Упаліць - цяжка (упа-ліць сырыя дровы) падпаліць.
Упаліць яму словам - сказаць супраціўнае слова.
Раскаласці агонь у полі
Раскладаць вогнішча.
Слова "тапіць" у значэнні "паліць", або "грэць", гэта, як застрымку загнаць пад пазногаць або пад шкуру, не дасць здаровага выніку. Спадар П. Сцяцко дае дасканалую заўвагу, што "тапіць" у нашай мове мае значэнне "патануць у вадзе - захлынуцца". Я заўсёды чытаю артыкулы на тэму беларускай лінгвістыкі.
Кастусь Верабей, Англія.
"ПЕРШАРОДНЫМ БЫЦЬ ЦЯПЕР НЯПРОСТА"
.. Няўпрост застацца чалавекам
Сярод здрады, пошласці і зла.
Не пылінкай у святле малекул-
Хоць адной малекулай святла.
Менавіта гэтыя словы сталі дэвізам сустрэчы паэта Віталя Гарановіча з сябрамі Таварыства роднай мовы, вучнямі, настаўнікамі музычнай і агульнаадукацыйнай школы.
Прэзентацыя кнігі "Саракі" адбылася ў Падсвільскай музычнай школе. Яна была зладжана радай Падсвільскай суполкі ТБМ і бібліятэкарамі дзвюх бібліятэк.
Атмасферу роднасці і шчырасці ства-рылі песні ў выкананні кампазітаркі і спявачкі Ганны Шаколы. Яна дапамагла маляўнічым вершам Гарановіча набыць яшчэ і музычную выразнасць.
А з вуснаў дзясятка школьнікаў зляцелі паэтычныя вобразы прыроды. Настаўнік, мовалюб, паэт Гарановіч - назіральны, трапны ў фарбах слова. Яго муза вядзе ў святло суця-шэння душы першаісным хараством. Кніга "Саракі" можа спрыяць нараджэнню назіраль-насці ў вучняў, яго вершы -покліч душы ў прыгажосць.
... Вісіць туману ручнічок.
Скідае воблакаў валёнкі
З нагі сваёй маладзічок.
... Пасеяў снежань белую рассаду.
Марозік ногі звесіў са страхі.
.. .У цёплай шапцы бэз на паваротцы
Скубе сянцо пахучае з вазоў.
... Маланка шпорамі над хатай
Коціць сонца ў пракосы хмар.
... Ноч пад раніцу ўехала возам.
... Дождж распачаў пісьмо,
Зялёны свой радок.
Гэта і ёсць прыклады паэзіі для школьнікаў, жывапіс словам, які запрашае угледзец-ца ў родны навакольны свет. I тады, можа, "сэрцу надзівіцца выпадзе на дзень". Бо ў прыродзе паўтараецца ранак, дзе "першародным быць цяпер не проста, чыстым ветрам, снегам ці дажджом".
Марыя Баравік, г.п. Падсвілле.
Абвестка
25 красавіка ў 18.30. На сядзібе ТБМ адбудзецца сустрэча з пісьменніцай Наталкай Бабінай. Яна прэзентуе свой раман "Рыбін горад". Удзел у імпрэзе бяруць рэдактары газеты "Наша Ніва" і часопіса "АРХЕ".
Незвычайна адсвяткавалі Міжнародны дзень роднай мовы
21 лютага ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў прайшла алімпіяда, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Таленавітыя і творчыя людзі вучацца ў БДУКіМ па спецыяльнасці "бібліятэкарбібліёграф. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры". Не першы раз у гэтым пераканаліся не толькі выкладчыкі, але і самі ўдзельнікі алімпіяды, якія нечакана для сябе адкрылі новыя творчыя здольнасці.
Ідэя правядзення гэтай алімпіяды належыць дацэнту кафедры беларускай філалогіі і сусветнай літаратуры Алене Міхайлаўне Пісарэнка, якая склала шмат цікавых заданняў і прапанавала ўдзельнікам.
Студэнты працавалі з вялікай ахвотай. І гэта не дзіўна, бо пры выкананні трэба было прадэманстраваць не толькі набытыя веды па мове, але і начытанасць; праявіць свае творчыя здольнасці. Напрыклад, трэба было скласці хуткавымаўлянкі. "Было так цікава, што не хацелася ісці на перапынак! Я ўпершыню паспрабавала складаць хуткавымаўлянкі і лічу, што атрымалася ў мяне зусім някепска. Цікава было ўсім. Я ўпэўнена, бо студэнты працавалі з захапленнем," - падзялілася сваімі ўражаннямі Вольга Матошка.
Вызначыць пераможцу алімпіяды было нялёгка. Ды гэта і зразумела: усе паспяхова справіліся з заданнямі. Усё ж пераможца вызначаны, ёю стала Вікторыя Міхайлава! Віншуем!
Вось так своеасабліва мы адсвяткавалі Міжнароны дзень роднай мовы! І Вы так жадаеце?! Запрашаем! Мы ўжо чакаем Вас у БДУКіМ на факультэце ІДК! Паступайце на спецыяльнасць "бібліятэкарбібліёграф. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры" - не пашкадуеце!
Надзея Зялёнка, студэнтка 539 групы.
"Тэатр у Слоніме" Сяргея Чыгрына
У слонімскай друкарні пабачыла свет новая кніга Сяргея Чыгрына "Тэатр у Слоніме". У ёй аўтар даследуе гісторыю тэатральнага мастацтва ў нашым горадзе, пачынаючы з часоў Міхала Казіміра Агінскага і да сённяшніх дзён.
У гэтае арыгінальнае выданне ўвайшлі гісторыкакраязнаўчыя, мастацтвазнаўчыя артыкулы, інтэрвію з работнікамі тэатра, спісы рэжысёраў і акцёраў, якія працавалі ў Слоніме ў розныя гады, рэпертуар драмтэатра і (асобнай часткай) гісторыя ў фотаздымках.
Для мясцовых тэатральных работнікаў кніга Сяргея Чыгрына "Тэатр у Слоніме" сталася дарагім падарункам, як і для аматараў тэатральнага мастацтва ды ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй і гісторыяй культуры. З іншага боку, гэтая кніжка можа быць дапаможнікам школьнікам і іх настаўнікам пры вывучэнні гісторыі роднага краю. А лёгкі апавядальны яе стыль заахвоціць да чытання юнага і сталага чытача.
Не шмат сёння ў Беларусі знойдзецца тэатраў, якія маглі б пахваліцца падобным выданнем. Тым больш прыемна, што кніжка пра слонімскі тэатр выйшла ў нашым горадзе, які налічвае некалькі стагоддзяў тэатральнай гісторыі, і напісаў яе наш зямляк, вядомы даследчык гісторыі беларускай літаратуры і культуры - Сяргей Чыгрын.
Мікола КАНАНОВІЧ.
ПРА ВЫРАЗ «АСЁЛ МАЛЯВАНЫ» І ІНШАЕ
У 1968 г. Ф.М. Янкоўскі апублікаваў кнігу «Беларуская фразеалогія». Гэта была першая спроба стварыць тлумачальны слоўнік фразеалагізмаў жывой народнай мовы, занатаваных аўтарам у розных мясцінах рэспублікі. Як сказана ў прадмове, аўтар пры адборы народных выразаў для гэтай кнігі не браў пад увагу, ці ўжываецца або не ўжываецца той ці іншы фразеалагізм у беларускай літаратурнай мове, сустракаецца ці не сустракаецца ён у суседніх славянскіх мовах - рускай, украінскай, польскай. Яму «хацелася паказаць не толькі багацце, але і разнамаснасць, разнастайнасць і самабытнасць народнай фразеалогіі беларусаў».
Кожны фразеалагізм, змешчаны ў кнізе, тлумачыцца, паказваецца яго граматычная спалучальнасць са словамі кантэксту ( даваць перуноў каму), даюцца стылістычныя паметы тыпу «з адценнем непашаны». У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваюцца аўтарскія запісы, зробленыя амаль ва ўсіх раёнах рэспублікі. У кнізе больш за 1000 слоўнікавых артыкулаў (без адсылачных). Пераважная большасць апісаных фразеалагізмаў з'яўляецца агульнай для літаратурнай і народнадыялектнай мовы. А амаль усе астатнія можна лічыць рэзервам нашай літаратурнай мовы, крыніцай яе ўзбагачэння. Некаторыя з іх, несумненна, пад уплывам гэтага слоўніка, сталі фактам літаратурнай мовы, уключаюцца ў сучасныя нарматыўныя даведнікі, напрыклад: араць дарогі, біць тылылы, выганяць матыліцу з каго, выкручваць сырыцу з каго, гізунты цягну ць з каго, з пекла родам, шарварку адрабляць .
У слоўніку Ф.М. Янкоўскага (с. 57) апісваецца і выраз асёл маляваны , тлумачыцца як «няздара, дурань». Але яго ўжыванне ілюструецца прыкладамі толькі з адной мясцовасці - з радзімы аўтара: вёска Клетнае Глускага раёна. Аўтару, відаць, не ўдалося выявіць існаванне гэтага выразу ў якіхнебудзь іншых мясцінах рэспублікі.
Аднак, нягледзячы на такую абмежаваную геаграфію яго бытавання, фразеалагізм апошнім часам, зноўтакі пад уздзеяннем гэтага ж слоўніка, з вузкадыялектнага стаў ці становіцца шырокаўжывальным у літаратурнай мове. Ён са значэннем «някемлівы, неразумны, тупы чалавек; дурань» і адценнем неадабрэння ці насмешкі выкарыстаны, напрыклад, у такіх літаратурнамастацкіх або публіцыстычных кантэкстах: 1) Дурні! Аслы маляваныя! Пасядзець бы паболей з дзядзькам Піліпам, навучыцца б плесці з лазы «фірмовыя» кошыкі… (Я. Рагін); 2) Васіль у сваім калгасе не аслом маляваным быў, а пры дзеле - вэтэрынарам працаваў (М.Гроднеў); 3) - Асёл маляваны ! - крычыць дуракаваты дзядзька, сустракаючы мяне на шырокай і адзінай купрэеўскай вуліцы («ЛіМ»); 4) Блінкі яму не даспадобы, асёл маляваны ! Пахнуць яму чымсьці, старэчая пуга!.. А каб цябе качкі затапталі! (Н. Старавойтава).
Як у гэтым слоўніку, так і ў другой сваёй працы Ф.М. Янкоўскі выказвае меркаванне, што выраз асёл маляваны «ідзе ад вандроўных цыркаў, калі такога «ўдзельніка» спектакля, як асёл, размалёўвалі, але гэта не змяняла характару, упартасці «цыркача»; асёл заставаўся аслом». Думаецца, аднак, што з такім меркаваннем наўрад ці можна пагадзіцца, бо гэты фразеалагізм пры супастаўленні яго з адпаведным свабодным словазлучэннем (калі толькі наогул яно існавала ў прыродзе) не ўспрымаецца як метафарычнае ўтварэнне і не дае семантычнага эфекту.
Хутчэй за ўсё, гэты выраз, як і шмат якія іншыя, узнік фразеалагічналексічным спосабам. Сутнасць яго ў тым, што фразеалагізм утвараецца на базе асобнага мнагазначнага слова, у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В.М. Макіенка). Выраз асёл маляваны абазначае амаль тое самае, што і слова асёл у сваім другім, пераносным сэнсе («дурны, тупы, упарты чалавек»), але адрозніваецца павышанай экспрэсіўнасцю, бо «нарошчаны» кампанентпрыметнік можа (ці мог бы) спалучацца са словам асёл толькі ў яго зыходным значэнні («свойская жывёліна»). Пры ўзнікненні фразеалагізма адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух значэнняў, накладанне на прамое значэнне «жывёліна» пераноснага з далучэннем экспрэсіўнага дадатку.
Стваральнікам таго ці іншага фразеалагізма заўсёды з'яўляецца якінебудзь асобны чалавек, і ўзнікае фразеалагізм адразу, у індывідуальным маўленчым акце, у працэсе маўлення. Спачатку гэта - аказіянальны, аўтарскі твор, а пасля ён падхопліваецца іншымі людзьмі з бліжэйшага асяроддзя і з цягам часу становіцца агульнаўжывальнай моўнай адзінкай. Як пісаў Я.Карскі адносна ўзнікнення прыказак, «паколькі асоба аўтараў на прыказках не адбілася, то народ лёгка забыў іх складальнікаў і захаваў гэтыя творы як свае ўласныя».
Фразеалагічналексічным спосабам склаліся такія, напрыклад, выразы: пень асінавы, гад печаны, гад паўзучы, гад паласаты, варона загуменная. Характэрна, што як у гэтых, так і ў выразе асёл маляваны назоўнікавы сэнсаўтваральны кампанент замацаваўся на першым месцы - перад прыметнікавым.
Можна прывесці нямала прыкладаў, якімі наглядна перадаецца працэс разгортвання слова ў фразеалагізм (спачатку ідзе слова ў яго пераносным значэнні, а затым фразеалагізм з аналагічным сэнсавым зместам): 1) - Гад ты, гад печаны ! - агаласіў залу звонкарэжучы жаночы голас, - прадажная шкура! (Я. Нёманскі); 2) - Вароны мы, вароны загуменныя ! - лаяў сябе і сваіх таварышаў адзін з трох (Р. Хацкевіч).
Такім жа спосабам утварыліся і некаторыя фразеалагізмы іншых семантычнаграматычных разрадаў. Так склаўся, напрыклад, дзеяслоўны выраз генетычна каламбурнага характару пракаціць на вараных са значэннем «праваліць на выбарах». Ён узнік на аснове мнагазначнага слова пракаціць у выніку накладання на значэнне «праваліць на выбарах» яшчэ аднаго значэння гэтага дзеяслова («правезці») і каламбурнага дапаўнення яго дадаткам на вараных . У фразеалагізме заводзіцца з паўабароту на рэалізаванае спачатку значэнне дзеяслова заводзіцца («узбуджаючыся, пачынаць спрэчку з кімнебудзь») накладзена яшчэ адно значэнне гэтага ж слова («пачынаць дзейнічаць у выніку пуску ў ход якоганебудзь механізма») з адначасовым яго дапаўненнем экспрэсіўным дадаткам. Параўнаем цікавы ў гэтых адносінах прыклад: «Ролік на хвіліну змоўк, але потым завёўся. З паўабароту » (У. Караткевіч).
Дарэчы, у сучаснай беларускай літаратурнай мове названым вышэй спосабам, толькі ў выніку неаднолькавых працэсаў, склалася больш за сотню фразеалагізмаў.
Іван Лепешаў.
Піпі Доўгая панчоха па-беларуску
У Нацыянальнай бібліятэцы 10 красавіка адбылася прэзентацыя кнігі Астрыд Ліндгрэн "Піпі Доўгая панчоха" ў перакладзе на беларускую мову. Паслухаць, як гучыць тэкст "Піпі" па-беларуску, прыехала дачка знакамітай шведскай пісьменніцы Карын Нюман.
"Мне вельмі прыемна, што маленькія жыхары Беларусі змогуць прачытаць гэтую кнігу на роднай мове", - зазначыла ў інтэрвію БелаПАН К.Нюман. Сама яна зачытала ўрывак тэксту на мове арыгіналу.
Для перакладчыка Зміцера Плакса пераклад менавіта дзіцячай літаратуры - першы жыццёвы досвед. Паводле яго слоў, першым слухачом, на якім выпрабоўваліся варыянты перакладу, быў яго сын.
Наклад кнігі складае 2.000 асобнікаў. Апроч кнігарняў, выданне паступіць у бібліятэкі. Кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі ў Менску Стэфан Эрыксан падарыў Нацыянальнай бібліятэцы 50 асобнікаў кнігі, каб яна размеркавала іх па публічных бібліятэках.
Наталля Ісаевіч, БелаПАН
Хведару Нюньку - 80!
Я к жыць,
дык жыць для Беларусі.
А без яе навошта жыць?
Ларыса Геніюш.
Так кораценька можна ахарактызаваць асобу старшыні Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, чальца Прэзідыюма Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Хведара Нюньку, якому 6 красавіка споўнілася 80.
Амаль два дзесяцігоддзі ён прадстаўляе беларускую грамадскасць Літвы. Дзякуючы яго энтузіязму, адданасці Беларусі, у сёняшняй Літве ведаюць і аб беларусах і аб іх праблемах.
Адзначыць юбілей гэтага шаноўнага чалавека і раздзяліць з ім яго радасць прыйшло блізу ста чалавек. Гэтым і было засведчана, наколькі ён паважаны ў грамадстве.
Хведара Нюньку ведаюць і паважаюць не толькі сярод беларусаў свету, але і сярод літоўцаў. Гэта пацвярджаецца тым, што віншаванні ён атрымаў ад кіраўніка кабінета ўрада Літоўскай Рэспублікі прэм'ерміністра Гедымінаса Кіркіласа, ад спікера Сойму ЛР Чэславаса Юршэнаса і ад іншых інстытуцый Рэспублікі.
Хвалюючым момантом для ўсіх быў той, калі павіншаваць прыйшоў прафесардэпутат Вітаўтас Ландсбергіс, дэпутат Еўрапарламенту Лайма Андрыкене, зазначыўшы тым самым павагу да юбіляра. Былі між іншым і чальцы Літоўскага сойма. Ад Дэпартамента нацыянальных меншасцяў юбілянт атрымаў залаты медаль, які ўручаецца толькі надзвычай заслужаным сябрам.
Далей яго віталі шматлікія госці, прыбыўшыя на юбілей з розных куткоў зямлі. Варта адзначыць, што сярод іх былі акадэмікі Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч, пісьменнікі Вольга Іпатава і Генадзь Бураўнік, старшыня ЭБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, Старшыня Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі, дырэктар зачыненага Беларускага ліцэя Уладзімір Колас, сябры менскага клуба "Спадчына" начале з Анатолем Белым, прафесар Юры Бандажэўскі і шмат іншых вядомых і паважаных людзей. З Прагі прывітаў Юрка Станкевіч, з Беластоку рэдактар беларускай газеты "Ніва" Яўген Вапа.
З юбілеем прывітала і Прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.
* * *
Ідзе гісторыя, але застаюцца людзі, якія яе тварылі. Так вось і тут, у Літве, не магчыма ўявіць беларускае жыццё без Хведара Нюнькі. І гэты 80гадовы юбілей гэтае пацвердзіў. І як адзначалі шаноўныя прамоўцы, што суседзеў не выбіраюць, рэаліі дыктуюць, што ім трэба жыць побач. Але пэўны народ, нацыя многімі ўспрымаюцца цераз нейкую асобу, і вось, ведаючы і гледзячы на Хведара Нюньку, літоўцам можна толькі пазайздросціць, што ім Богам дадзена магчымасць пад бокам мець такіх суседзяў, як шаноўны юбілянт.
Не гледзячы на свае 80 (а хіба гэта шмат, гэта толькі імгненне: урэшце рэшт чалавек і яго жыццё вымераецца не каляндарнымі гадамі, а гадамі ў яго душы, якія часта бягуць іначай) спадар Хведар і сёння выглядае маладым, жыццярадасным, поўным энтузіазму, а галоўнае надзеі і тае надзеі, што чарговы юбілей давядзецца адзначаць у вольнай і дэмакратычнай Беларусі. І гэта зазначалі як шаноўны юбілянт, так і госці, прыбыўшы раздзяліць з чалавекам яго гады.
Хацелася б далучыцца да ўсіх віншаванняў і сказаных словаў і толькі напрыканцы зазначыць, што я маю гонар быць асабіста знаёмым з Хведарам Нюнькам.
Алесь Адамковіч.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Эвакуяваным з паветаў Любліна ўцякачам дазволена вяртацца ізноў за Віслу, чым мы адразу ж і скарысталіся. Ужо 30 жніўня праз Лінаў, ізноў у Анапалі пераехалі Віслу, намерваючыся вярнуцца ў Бзовец праз Краснік, Стражы. Праязджаючы Студзянку, мы выпадкова сустрэліся з нашай любімай суседкай з Савічаў паняй Скалімоўскай, ад якой даведаліся, што генерал бальшавікоў Будзённы, які камандаваў кавалерыяй, акружыў Замосце і знаходзіцца ў яго наваколлях.
Мы вырашылі адпачыць і спыніліся 1 верасня 1920 г. у маёнтку Воля Студзеннічая з намерам перачакаць наступ пад Замосцем.
5 верасня 1920 г. Вельмі засмучаныя весткай аб нечаканым і нічым не абгрунтаваным літоўскім наступе на Сувальшчыне. Гэта праца і інтрыга немцаў і бальшавікоў. Дайшла да нас вестка аб забойстве бальшавікамі маладога С. Ржухоўскага, таго самога, які пару тыдняў назад перадаў нам у Бзоўцы распараджэнне старасты аб эвакуацыі Чырвонастаўскага павета.
19 верасня 1920 г. Мы выехалі з Волі Студзянскай, праехаўшы Туробін, спыніліся ўвечар у Бзоўцы пад дахам гасціннай нашай пляменніцы Элізы Магільніцкай.
6 кастрычніка 1920 г. Я вырашаў дробныя справы ў Замосці, дзе, купіўшы газету, прачытаў аб узяцці легіёнамі Клецка і Нясвіжа, а затым маіх родных месцаў. Бліснула надзея вярнуцца дадому, як толькі Менск і Слуцк будуць сапраўды ўзятыя, паколькі на самую лінію фронту ехаць не варта.
10 кастрычніка 1920 г. Вестка аб узяцці Койданава і Станькава, войскі набліжаюцца да Менска. Адбыўся вялікі Божы цуд раней, чым я мог чакаць, таму што з хаты выязджаў з пачуццём безнадзейнасці.
ХІ
13 кастрычніка 1920 г . Сёння мне споўнілася семдзесят тры гады, ніколі раней у гэты дзень мне не было так журботна. Я даведаўся аб падпісанні ў Рызе мірных ініцыятыў, паводле якіх усходнія памежныя губерні і Менск сталіца Беларусі застаюцца ў руках бальшавікоў!!! Жахлівая з'ява: Польшча перакрэсліла сваю культурную шматвяковую дзейнасць, якая ажыццяўлялася на ўсходніх землях; місія скончаная "маўр можа сыходзіць".
Больш за сто гадоў пасля падзелаў Польшчы мы захоўвалі ў Беларусі каталіцкую веру, польскую ідэю, нацыянальныя традыцыі, трывалі "адмысловыя правы", пераследаванні, крывёй пазначылі межы 1772 г. У апошні час мы пасылалі ў войска лепшых сваіх сыноў, на яе патрэбы перадавалі апошні плён зямлікарміцелькі, дзяржаўнай пазыцы усю наяўнасць. І пасля ўсяго гэтага ў мірных патрабаваннях Польшча адракаецца ад Менска, дзе знікае ўся наша тытанічная праца, узяць хоць бы наша "Аграрнае таварыства", "Узаемнае страхаванне", "Гарадское крэдытнае таварыства", "Мацеж", школы, школьныя пункты. Няўжо гэтая цяжкая, карпатлівая праца патрэбна была для таго, каб усё звесці да нуля не з прычыны ваенных няўдач, не ў сувязі з супрацівам ворага, а ў выніку неразумення ўсёй значнасці нашых усходніх земляў для ўмацавання дзяржавы? Дзеля таго, каб наша камісія на мірных перамовах у Рызе не тое, што "павінна была саступіць", а з самога пачатку ў прынцыпе "не жадала адстойваць Менск". Нам будзе сорамна дома "вочы паказаць". Мы сталі піянерамі ідэі, не прызнанай нават самой метраполіяй, якая нас зраклася і цяжка за гэта паплоціцца.
Польшча губляе свае землі, якія магла б асвоіць дзякуючы палітыцы перамяшчэння насельніцтва з густанаселенай часткі, а раздзяляючы Беларусь, яна стварае вечную ірэдэнту, як быццам прыклад Усходняй Галіцыі не з'яўляецца навочным. Вечная ганьба камісіі, якая складаецца не з дзяржаўных мужоў, а ўтворанай паводле партыйным прынцыпам размеркавання Сойма, які нясе ўсю адказнасць за існую анархію ў Польшчы, за знешнія і ўнутраныя праблемы дзяржавы; Сойма, які ледзь сабраў кворум пры ратыфікацыі Версальскага трактата, і згуртаванымі шэрагамі сядзеў пры разглядзе пытання аб пакосах атавы канюшыны ў Галіцыі. Гэта не што іншае, як новы, чацвёрты, падзел Польшчы, прапанаваны самой жа Польшчай. Аднак першы, названы злачынствам, падзел не адрэзаў ад арганізма Польшчы гэтулькі, колькі сённяшняя камісія ў Рызе добраахвотна перадала бальшавікам. Бо ніколі Сойм Польшчы, створаны пасля падзелаў, не заяўляў цвёрдым голасам аб правах Польшчы на межы 1772 г. У адрозненне ад Францыі, якая стала памятала аб Эльзасе і Латарынгіі і "без усякіх плебісцытаў" стала заяўляла аб сваіх правах на гэтыя землі.
14 кастрычніка 1920 г. Само жыццё апярэдзіла нашы мары і давяла поўную безгрунтоўнасць расійскіх махінацый. Газеты паведамілі аб уступленні ў Менск казацкага атрада генерала Балаховіча, і Літоўскабеларускага корпуса генерала Жалігоўскага ў Вільню. Першы жадае стварыць "Беларускую Рэч Паспалітую", а другі аналагічную "ЦэнтральнаЛітоўскую". Бездапаможны ўрад і Сойм не ведаюць, што з гэтымі фанатамі рабіць. Страцілі "залаты рог" і хай зараз задушацца на вяроўцы. Штрайк на чыгунцы перашкодзіў быць у курсе апошніх навін.
20 кастрычніка 1920 г. Паводле праверанай інфармацыі, мяжа, пазначаная на мірных перамовах, праходзіць на ўсход ад Нясвіжа, а, дакладней, паміж Нясвіжам і Цімкавічамі, паміж Клецкам і Цімкавічамі, далей выходзячы да ракі Лань. Тут маё родавае гняздо, якое застаецца ў бальшавікоў. Пану Богу было заўгодна, каб я склаў сваю галаву, бяздомным і са сціплымі сродкамі на захадзе свайго быцця…
22 кастрычніка 1920 г. Я павінен ехаць у Варшаву, выкліканы спозненай на два дні тэлеграмай Рамана Скірмунта. Не ведаю, што можна яшчэ зрабіць, але "назваўся груздом лезь у кош". Паслязаўтра вышлю ў Савічы свайго эканома Дзмітрака, каб атрымаць дакладную інфармацыю аб тым, што ў нас адбываецца.
23 кастрычніка 1920 г. Штурмуючы вагоны, пераплачваючы насільшчыкам і вазакам, мне ўдалося ўвечар праз станцыю "Рускія пяскі" патрапіць у Варшаву. Я прыехаў каля 7 вечара. Горад уразіў сваімі пустыннымі вуліцамі: людзей было мала нават у самых ажыўленых месцах. Пры слабым газавым асвятленні стваралася ўражанне мёртвага горада, нягледзячы на яго перанасычанасць насельніцтвам, аб чым сведчыла адсутнасць месцаў у гасцініцах і прыватных кватэрах. Верагодна, бальшавіцкая акупацыя і жудасная дарагоўля наклалі свой адбітак нават на клапатлівы горад. Вокны кавярняў і модных рэстаранаў не ззялі перапоўненымі гасцямі заламі.
24 кастрычніка 1920 г. Патрапіў на шматлюдны сход "Саюза палякаў беларускіх Крэсаў". Там я даведаўся, што "суверэнны Сойм" аднагалосна зацвердзіў ганебныя ўмовы Рыжскай дамовы; не знайшлося там ні аднаго Рэйтана, які выказаў бы пратэст супраць чацвёртага падзелу краіны. І з чаго зараз пачынаць палякам у Беларусі? Польская ідэя, піянерамі якой мы там сталі, не апраўдала сябе, паколькі сама ж Польшча адмовілася ад усходніх абласцей. Беларусы нас не зразумеюць, паколькі мы самі, жалячыся на працягу гэтулькіх гадоў на падзел дзяржавы паміж трыма суседзямі, зараз, не спытаўшы беларусаў, раздзялілі іх краіну.
Мовай сэрца і душы
70 гадоў Пятру Макарэвічу
Наш, цудоўны горад Ліда рыхтуецца да чарговага юбілею. Думаючы пра падрыхтоўку да знамянальнай даты, я звярнуўся да святочнага нумара аб'яднанай газеты "Уперад", прысвечанага 600 годдзю Ліды, каб прыгадаць мінулае, ацаніць работу калег і журналістаў у гэтыя дні. На першай старонцы змешчаны артыкул першага сакратара гаркама партыі Надзеі Паповай. Указ аб узнагароджанні горада Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, прымеркаваны да гарадскіх імянінаў верш Пятра Макарэвіча "Равеснік славы Кулікоўскай", іншыя матэрыялы. Цікавая інфармацыя прапанавалася чытачам і на іншых старонках таго выпуска, які дарэчы, быў надрукаваны каляровымі фарбамі, што у той час было рэдкасцю.
Разам з юбілейным нумарам газеты заховалася і надрукаваная адмыслова праграма святочнага канцэрта Прабягаю вачыма гэта і зноў бачу празвішча Пятра Макарэвіча. Тады ў ліку іншых мілагучна і велічава прагучала напісаная на яго словы песня аб Лідзе.
Імкліва бяжыць наша жыццё. І зноў наш старажытны і малады горад рыхтуецца да юбілею як і кожны год, і сёлета адзначаюць асабістыя юбілейныя даты лідзяне. Сярод іх наш ветэран друку і паэт Пятро Макарэвіч. Носьбітаў такога прозвішча нямала на лідскай зямлі і ў суседніх раёнах. Помню паездку разам з Пятром і пісьменнікамі Валянцінай Коўтун і Хрысцінай Лялько ў родны мне астрынска-васілішскім рэгіён. Там мы наведалі мясціны, звязаныя з жыццём Цёткі - зоркі беларускай паэзіі. Якое ж было наша здзіўленне, калі ў вёсцы Бакшты сустрэлі пенсіянеракалгасніка Макарэвіча, які падзяліўся ўспамінамі не толькі пра паэтку Алоізу Пашкевіч але і пра яе бацьку.
Ды вернемся да нашага Макарэвіча. Родам ён з Крупшчыны. А як аказаўся ў пры нёманскай старонцы? Віной усяму, кажуць, жанчыны. Будучы студэнтам Менскага педінстытута імя М. Горкага (зараз педуніверсітэт імя Максіма Танка), малады Пятро паказаў Яніну пранавітую дзяўчыну, якая вырасла ў сялянскай сям'і вёскі Дубчаны. каля Тарнова. Маладая пара прыехала ў Ліду і тут, як кажуць, прыкіпела. Абое пачалі працаваць у бібліятэках, згодна з набытай спецыяльнасцю. Галава маладой сям'і хутка вызначыўся грамадскай актыўнасцю. Як лектар таварыства "Веды" і член літаб'яднання П. Макарэвіч прапагандаваў навінкі літаратуры, выступаў з сваімі вершамі ў мясцовай газеце. Здольнасці чалавека заўважыла лідскае кіраўніцтва і прапанавала яму больш адказныя пасады. Так Пётр Рыгоравіч аказаўся ў партыйных, затым праваахоўных органах.
Увесь гэты час творцу вабіла да сябе журналістыка. Вось чаму П. Макарэвіч з радасцю прыняў прапанову працаваць у рэдакцыі газеты "Уперад", у калектыве якой ён і сустрэў свой пенсійны ўзрост. Тут паказаў сябе старанным працаўніком, уважлівым да няштатных аўтараў і лістоў чытачоў. А яшчэ варта сказаць, што Пятро з юнацкі гадоў не ўяўляе свайго жыцця без літаратурнай творчасці. Яго вершы публікуюцца не толькі ў мясцовым друку, а і ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Высокую ацэнку атрымалі і пераклады твораў М. Лермантава, А. Міцкевіча, С. Ясеніна і іншых класікаў, памайстэрску зроленыя юбілярам. Дарэчы, многія з іх разам з вершамі аўтара ўвайшлі ў яго "першы зборнік лірыкі пад назвай "Злітак".
Варта хоць коратка сказаць пра асобу і як грамадзяніна. Гэта дужа працавіты чалавек Паспявае ўправіцца з работай на дачным участку ля Навасёлкаў, і на сядзібе цесця у Дубчанах, памагчы старэйшым дачнікамсуседзям. Запросіць іх ва ўласную лазню, а пасля лёгкай пары частуе бярозавым сокам і новымі вершамі.
Прызнанюся, мне, былому рэдактару газеты, у якой да вайны працавалі Валянцін Таўлай, Ніна Тарас, Якуб Міско, прыемна пісаць пра чалавека, які прадоўжыў іх справу на лідскай зямлі. Творца, які піша мовай сэрца і душы, на бягучым тыдні (15 красавіка) адзначыў 70я ўгодкі з дня нараджэння. У гэтыя дні шматлікія сябрытаварышы віншуюць Пятра Макарэвіча з юбілеем і жадаюць ветэрану друку і паэту ўсяго найлепшага ў жыцці і творчасці.
Не пакідае Пятро і грамадскай дзейнасці. Не так даўно ён арганізаваў для лідзян дзве сустрэчы з пісьменніцай Хрысцінай Лялько. З'яўляецца кіраўніком нефармальнай суполкі ветэранаў друку - сяброў ТБМ. Ад іх рэгулярна збірае ахвяраванні і пераводзіць на банкаўскі рахунак Таварыства. Сябар Лідскай раённай рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. А днямі выйшаў з друку чарговы зборнік яго вершаў "Расінкі беларускіх слоў".
Алесь Жалкоўскі.
Спадчына патрабуе клопату
Міністэрства культуры заявіла пра гатоўнасць абмеркаваць з грамадскасцю механізм вырашэння праблем аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праг эта гаворыцца ў адказе намесніка міністра Уладзіміра Грыдзюшкі на зварот старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча.
Пералік пытанняў, якія неабходна ўзняць на сустрэчы, час і месца яе правядзення намеснік міністра прапанаваў абмеркаваць з упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкульта.
У інтэрвію БелаПАН А.Астаповіч зазначыў, што сярод пытанняў, якія будуць узнімацца на сустрэчы з чыноўнікамі, праблема ўвекавечання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці I катэгорыі "Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930 - 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты", унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
А.Астаповіч ад імя Таварыства запатрабаваў ад Міністэрства культуры "літаральнага і дакладнага" выканання закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў дачыненні да ўрочышча Курапаты і народнага мемарыяла на яго тэрыторыі, якія сталі "індыкатарам сумлення і маральнасці".
Марат Гаравы, БелаПАН.
Сабраны першы мільён!
Паважаныя сябры! За два апошнія тыдні на рахунак ТБМ паступіла больш за мільён ахвяраванняў і сяброўскіх складак. Найбольш актыўна на нашую просьбу адгукнуліся жыхары Менска, асабліва Фрунзенскага раёна, а таксама нашыя прыхільнікі з Полацка, Наваполацка, Пружанаў, Глыбокага, мястэчка Падсвілле (Глыбоччына), Менскага раёна, Гомеля і іншых гарадоў і вёсак Беларусі.
Такім чынам, калі да 15 траўня мы збярэм яшчэ 4 мільёны рублёў, мы зможам аплаціць арэнду нашай сядзібы за травень па новых коштах.
Адначасова ідзе збор подпісаў на адрас Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта сп. Г.М. Нявыгласа і кіраўніка адпаведнай Рэспубліканскай камісіі сп. М.Ф. Дамашкевіча з просьбаю пакінуць для ТБМ ранейшыя кошты арэнды.
У нашу падтрымку выступіла і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якое прапанавала захаваць ільготныя памеры арэнды для ўсіх грамадскіх аб'яднанняў. Сярод зборшчыкаў подпісаў, акрамя жыхароў Менска, трэба вылучыць нашых прыхільнікаў з Віцебска, Ліды, Гродна, Магілёва, Баранавічаў, Глыбоччыны і Пружаншчыны.
Я выказваю сваю падзяку гэтым ахвярным людзям. Толькі разам мы пераможам!
Алег Трусаў, старшыня ТБМ
«ПРИЛАСКАТЬ И УНИЧТОЖИТЬ!»
Гістарычная трагедыя
(Працяг. Пачатак у № 11.)
Лёсік. А чаму б і не?.. А пакуль чытай, што ў руках трымаеш!
Краўцоў (узнёсла, урачыста, з гонарам).
Устаўная Грамата да Народу Беларусі
Радзімая старонка наша апынілася ў новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама. Мы стаімо перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі.
Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі.
Беларускі Народ павінен зьдзейсьніць сваё право на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меньшасьці на нацыянальна-персанальную аўтаномію.
Право нацыяў павінно знайсьці сваё зьдзяйсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноўчага Сойму.
Але і да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якіе на ей жывуць.
Выканаўчы Камітэт Рады Першаго Усебеларускаго Зьезду, даданы прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы задання Зьезду, абвяшчае сябе тымчасоваю Уладаю на Беларусі, паходзячаю да кіраваньня краям і да найхутчэйшаго скліканьня Усебеларускаго Устаноўчаго Сойму, на аснові агульнаго, простаго, роўнаго і прапарцыянальнаго выбарчаго права, дзеля ўсяго дарослаго насялення, ні рахуючыся з нацыянальнасьцю, рэлігіяй і полам.
Тымчасовую народную ўладу краю якая паставіць сабе заданьня абароны і зацьверджаньня здабыткоў рэвалюцыі, будзе зьдзяйсьняць створаны намі Народны Сэкратарыят, які з гэтаго дня пачаў выпаўняць свае абавязкі. Асабісты склад Сэкрэтарыяту будзе апублікаваны потым.
Дана у Менску-Беларускім ... лютага 1918 року Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускаго Зьезду.
Народны Сэкрэтарыят Беларусі з гэткіх асобаў:
Народны Сэкрэтар ўнутраных спраў І. Макрэяў, міжнародных спраў - Я. Варонка, прасьветы - А. Смоліч, справядлівасьці - Е. Бялевіч, народнай гаспадаркі - І. Серада, шляхоў - В. Рэдзька, грашовых спраў - Г. Белкінд, апекі - П. Бадунова, Вялікарускіх спраў - П. Злобін, почты й тэлеграфаў - А. Карач, контролю - П. Крэчэўскі, земляробства - Т. Грыб, упаўнаважаны па вайсковых справах - К. Езавітаў, загадчык справаў сэкрэтарыяту - Л. Заяц.
Тымчасовы Старшыня Народнаго Сэкрэтарыяту Беларусі і Народны Сэкрэтар загранічных Справаў Язэп Варонка.
Усталёўваецца доўгая паўза. Яе парушае Краўцоў.
Краўцоў. Пра ўрад-сакратарыят меркаваць не бяруся. А Грамата не гадзіцца. Уладу нібыта і ўзялі і аўтаномію тую ў складзе Расіі не згадалі, а дзяржавай, сваёй, назваць не адважыліся. Нібы схітрылі, спалавінілі. Не тая Грамата, якую народ і я асабіста чакаю. Калі ўжо рушылі, то трэба ісці да канца - да Беларускай Рэспублікі вольнай і непадлеглай ні чорту з Усходу, ні д'яблу з Захаду. Да канца ці ніяк, калі ўжо вольна казаць ад люду простага паспалітага.
Пакой узрываецца апладысментамі. Тэлеграфны апарат адстуквае марзянку, Рак-Міхайлоўскі моўчкі счытвае тэкст з тэлеграфнай стужкі.
Сцэна зацямняецца.
ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
VIII
Гісторык. 21 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады, выконваючы волю Усебеларускага з'езда, аб'явіў сябе вышэйшай уладай у Беларусі, вылучыў са свайго складу першы беларускі ўрад на чале з Язэпам Варонкам і паабяцаў хуткае скліканне Усебеларускага ўстаноўчага сходу. Узнавілася дзейнасць гарадской думы. На супрацоўніцтва з новым урадам пагадзіліся вядомыя земскія дзеячы. Але самастойнай дзяржаўнай дзейнасцю беларусы займаліся нядоўга. Газета «Белорусская земля» ці то з іроніяй, ці то з жалем адзначыла: «Белорусский народ может смело вписать в свою многовековую историю прекраснейшую идиллию о белорусском правительстве, существовавшем пять дней. Этого нельзя не воспринять с жаром в сердце, ибо это была действительность из мечты, это был апогей белорусского национально-политического возрождения».
25 лютага ў Мінску запанавалі немцы. Камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Эрых фон Фалькенхайн беларускай улады не прызнаў, але дзейнасць яе не забараняў, хоць на перамовы з ёй не даваўся. Пры сустрэчы з урадавай дэлегацыяй працытаваў з Святога Дабравесця паводле Лукаша: «І я кажу вам: прасеце, і дасца вам, шукайце, і знойдзеце, стукайцеся, і адчыніцца вам: бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць».
Гэтую параду ўрадаўцы выкарысталі напоўніцу. Афіцыйна не прызнаны ўрад тым не менш атрымаў магчымасць распачаць не толькі шырокую культурную, але і нарматыўную дзейнасць ды ратаваў Беларусь, якую сумежныя дзяржавы расцягвалі на кавалкі.
Найперш, 9 сакавіка, Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з'езда ў адказ на Брэсцкую мірную дамову, якая дзяліла Беларусь паміж Расіяй і Германіяй, выдае Другую Устаўную Грамату да народаў Беларусі, якая з'яўляецца канстытуцыйнай і па сваім дэмакратызме становіцца вышэй за канстытуцыю савецкай Расіі. Гэтай граматай і было дэкларавана ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, да стварэння якой немцы ніякага дачынення не мелі, як і да яе дзяржаўных структур. І Выканаўчы камітэт Рады, кіруемы Беларускай сацыялістычнай грамадой, прымае рашэнне ісці ў дзяржаўным будаўніцтве далей і супольна з Віленскай Беларускай Радай...
Сцэна асвятляецца.
У пакоі Гарун, Лёсік, Смоліч, Захарка і Варонка. Нарада паплечнікаў-аднадумцаў крыху паспешлівая, адтаго і нервовая, напружаная.
Смоліч. Я даўно кажу: у нас адна доля з Украінай. Яна, канешне, апярэдзіла нас у стварэнні незалежнай Рэспублікі, але ж дарога ў нас адна! Сённяшні дзень Украіна - гэта наша заўтра. Украіна зараз у авангардзе нацыянальнага руху. А некалі, як і мы, імкнулася да федэрацыі з Расеяй. Але ж часы мяняюцца і момантаў упускаць нельга. На каго ставіць? А ні на каго. Немцы нас да пары церпяць... Ды сэрца маё да іх не ляжыць, як і да палякаў, што мяжу сваю бачаць за Смаленскам. Пра Расею і казаць нічога не хачу...
Варонка. Даліся табе гэтыя немцы! Немцы, як немцы... Мы прыглядаліся да акупантаў, акупанты прыглядаліся да нас.
Лёсік. І моўчкі...
Гарун. Калі ў першы дзень свайго гаспадарання выкінулі нас з памяшкання і сцяг з будынка сарвалі ды дзяржаўную казну сканфіскавалі, то пасля ж вярнулі і амаль павініліся...
Смоліч. У тым і справа, што амаль...
Варонка. А ты чаго хацеў?
Смоліч. Нічога я ад іх не хачу. Зразумець не магу, як і чаму яны сцярпелі абвяшчэнне БНР? Нібы нічога і не здарылася! А як аб'явім незалежнасць?!.
Лёсік. Пра незалежнасць першым Макар Краўцоў сказаў вунь калі... І яе трэба каваць, пакуль не астыла...
Смоліч. Як сябе трымаў Фалькенхайн пры перамовах?
Варонка. Звычайна. Гамонка на гэты раз доўжылася больш за дзве гадзіны пры поўнай лаяльнасці генерала. Былі закрануты самыя розныя бакі становішча на Беларусі. Мне падалося, што немцы ведаюць становішча ў Менску і краі на многа лепш, чым мы думаем. Гаворка вялася ў рэчышчы менавіта дзяржаўнага ўладкавання Беларусі. Што да непаразуменняў і наскокаў на нас, то Фалькенхайн патлумачыў іх непаразуменнямі, якія мелі месца па прычыне лжывых прадузятых даносаў і абвінавачанняў беларускіх дзеячаў у бальшавізме.
Смоліч. Гэта абнадзейвае і мы дапускаем прыняцце Трэцяй Устаўной граматы, якой і аб'яўляем Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай дзяржавай. Так?..
Гарун. Калі Фалькенхайн і гэта сцерпіць, будзем чакаць, што Берлін першым прызнае незалежную БНР.
Лёсік. У нямецкай акупацыйнай палітыцы ў адносінах да БНР праглядаюцца дзве лініі - як на ўзроўні дзяржаўным, так і канкрэтным, мясцовым. З аднаго боку - непрызнанне БНР афіцыйным Берлінам. З другога - падтрымка яе праз Х нямецкую армію і асабіста яе камандуючага, які ў адносінах з намі, як мне здаецца, заходзіць даволі далёка.
Гарун. Ведаць бы, што за гэтым стаіць...
Смоліч. Што б ні стаяла, ідзем на незалежную Беларускую Народную Рэспубліку!..
Лёсік. Больш прыдатнага моманту бадай што не будзе...
Смоліч. Значыць, згода?!
Варонка і Гарун (амаль разам). Згода!
Смоліч. Вільні, Віленшчыне, асабіста Луцкевічу, а ён з хвіліны на хвіліну будзе тут, ставім умову: адмовіцца ад ідэі стварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы і разам з намі ісці на незалежнасць БНР і на аб'яднанне Беларусі ў яе этнаграфічных межах.
Лёсік. Варта прыкінуць, хто на Радзе нас падтрымае, а хто будзе супраць.
Смоліч. Па палітычнай прыналежнасці бальшыня Рады належыць да Грамады.
Гарун. Меншавікі, жыдоўскія і польскія партыі правасацыялістычнай арыентацыі ідэю незалежнасці не падтрымаюць, гэта безумоўна.
Варонка. Пасля прыняцця Другой Устаўной грамады і пракламавання БНР эсэры ад меншавікоў адкалоліся і хістануліся ў наш бок. А ў сваёй газеце заявілі (зачытвае): «Всебелорусское Учредительное собрание и все подготовленные к нему шаги должны встретить на местах у наших товарищей социалистов-революционеров самую решительную и энергичную поддержку, и мы, социалисты-революционеры, должны принять в делах Белорусской Республики самое деятельное участие, внося в молодое и слабое еще белорусское движение свой опыт и все свои силы и знания».
Смоліч. Я не веру эсэрам...
Гарун. І дарэмна. Гэта ж нашы эсэры, а не расейскія.
Смоліч. Не бачу розніцы з расейскімі...
Уваходзіць Луцкевіч.
Луцкевіч. Маё шанаванне грамадзе і грамадоўцам. (З Смолічам абдымаецца, з іншымі здароўкаецца за руку.) Я ведаю, што Беларуская Рада ўжо ў зборы. І тым не менш, некалькі слоў у вузкім коле, каб былі зразумелыя і мой прыезд, і мая рашучасць. Зусім нядаўна мы правялі беларускую канферэнцыю ў Вільні, каб абмеркаваць становішча. У палітычнай рэзалюцыі паспрабавалі яшчэ раз вылучыць пытанне аб дуалістычнай ці нават тройсцвеннай дзяржаве: беларуска-літоўска-латышскай, як адзіна рэальнай з гаспадарчага пункту гледжання і дастаткова значную, каб уяўляць рэальную баявую сілу. Рэзалюцыя гэта была паслана нямецкаму канцлеру, але нямецкі ўрад на яе не адрэагаваў. Здарылася новая падзея, якая змяніла агульную палітычную сітуацыю: нямецкія войскі прасунуліся далей на Усход. Я не думаю, што бальшавікі здолеюць устаяць. І нашы надзеі на блізкае развязанне беларускага пытання сталі зноў на рэальную глебу. Брэст-Літоўскай мірнай дамовай германцы прымусілі Расею адмовіцца ад усялякіх прэтэнзій на Заходнюю Беларусь. Праз ліставанне з вамі і праз газету «Гоман» ды іншыя мы ў курсе ўсіх падзей у Менску. Ваш настрой поўнасцю супадае з нашым - Віленская Беларуская Рада з вамі. Яна таксама нацыяналістычна, яна таксама супрацьпастаўлена бальшавіцкай уладзе. Мы, як і вы, ускладаем надзеі на прызнанне БНР Германіяй. Нам прыемна ваша запрашэнне да сумеснага абмеркавання палітычнага становішча і неабходнасці сумесных дзеянняў. Мы, вядома ж, удзячны за кааптацыю віленчукоў у Беларускую Раду і прыехалі ў Менск з надзеяй, што, нарэшце, прыходзіць пара рэалізацыі іншых планаў - нацыяналістычных і выразна контррэвалюцыйных, калі бальшавіцкі пераварот у Піцеры можна лічыць рэвалюцыяй. І да ведама: Віленская Беларуская Рада больш не настойвае на ідэі стварэння Беларуска-Літоўска-Латвійскай дзяржавы, але не адкідае магчымасці ў перспектыве мець канфедэрацыю або Злучаныя штаты Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі. А сёння пераходзім на пазіцыі поўнага незалежніцтва Беларусі ад каго б там ні было.
Па Берасцейскай мірнай дамове Савецкая Расея, разглядаючы Беларусь не як асобны край, а як «ряд губерний Северо-Западной области России», падзялілася Беларускай зямлёй зь немцамі, аддаўшы ім Віленшчыну і Гарадзеншчыну. І будзем лічыць, што на грунце толькі гэтых двох фактараў канчаткова збанкрутавала старая палітычная канцэпцыя ўсерасейскага федэралізму. Цяпер мы фактычна ідзем на нацыянальную рэвалюцыю. І далейшая работа беларусаў будзе работай над рэалізацыяй незалежніцкага ідэалу. Хопіць ужо Беларусі лічыць сябе сябрам Расіі, калі тая яе за гэтага сябра не лічыць.
Спадар Аркадзь Смоліч пазнаёміў мяне з праектам Трэцяй Устаўной Граматы. Гэты дакумент і рашэнне Беларускай Рады па яго сцверджанні мусяць стаць гістарычнай з'явай ХХ стагоддзя. Не смею больш займаць вашай увагі.
Смоліч. Паважаны Антон Іванавіч, мы разлічваем на ваш выступ на Радзе.
Луцкевіч. Як дамовіліся...
Смоліч. Асноўныя тэзы майго дакладу: Першае. Падзел Беларусі па Берасцейскаму трактату не можа быць цярпімым беларусамі. Другое. Калі савецкі ўрад не можа ануляваць свой подпіс супраць падзелу Бацькаўшчыны, то павінны пратэставаць самі беларусы. Трэцяе. Неабходна для гэтага аб'явіць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, бо толькі тады яна зможа патрабаваць звароту сваіх зямель, калі выступіць у якасьці суверэннай дзяржавы.
Луцкевіч. Стаўлю да ведама прадстаўнікоў Народнага Сакратарыята БНР і кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады, што пакідаю за сабою права агалосіць на пасяджэнні Беларускай Рады чацвертую тэзу: парываючы дзяржаўную сувязь з бальшавіцкай Расеяй нічога іншага не выпадае, як абаперціся на Германію, замацаваўшы саюз з ёю у той ці іншай форме - гледзячы па абставінах... Дарэчы, толькі пасля разрыву Літувы з Расейскай федэрацыяй, Германія ўчора прызнала яе незалежнай рэспублікай. Настаў і час Беларусі!
Смоліч. Будзем лічыць, што Дыла на з'ездзе быў сам па сабе, а Грамада і грамадоўцы, як ніхто, вызначыліся і прынцыповасцю, і ед-насцю, і арганізаванасцю. Па колькаснаму складу перад Грамадой стаялі бальшавікі, але гэта не ўяўляла сур'ёзнай пагрозы, каб Шантыр не надаў ім імпэту. І якой бы мнагалікай ні аказалася група правых эсэраў, але Грамадзе ўдалося перацягнуць яе на свой бок і яны згадзіліся на дэкляраванне Беларускай дэма-кратычнай рэспублікі. І зараз бадай што ад гэтага не адступяцца. Не ўсё так блага перад другім надзвычайным з'ездам і Устаноўчым Соймам Рэспублікі.
Гарун. Нарэшце наша гаворка набывае аптымістычны характар. І зараз мы абмяркуем...
Уваходзіць Макар Краўцоў.
Краўцоў. Добры вечар, спадарове! Даруйце, што прыпазніўся. Нос у нос сутык-нуўся з Рамнёвым, што з'езд разганяў. Ледзьве адчапіўся.
Рак-Міхайлоўскі. Далёка адсюль адчапіўся?
Краўцоў. Не, амаль побач з Домам губернатара.
Езавітаў (з падвохам) . Ты б яшчэ Шантыра прыхапіў, Фальскага.
Краўцоў (прастадушна) . Не, усё! З бальшавікамі парваў. Пакуль пабуду беспар-тыйным... А там паглядзім...
Варонка. Між іншым, мы цябе чакалі. Спадарыня Палута кажа, што ты ўсе газеты чытаеш. Дык выкладвай, што там на волі...
Краўцоў (не ўлавіўшы іроніі) . У паста-нове СНК Заходняй вобласці і фронту з'езд наш названы (цытую) «в большинстве чисто нацио-налистическим». І мне гэта па душы. У неза-лежных беларускіх газетах друкуюцца шмат-лікія пратэсты супраць гнюснага разбою ўладаў. У «Советской правде» нейкі Г. Фанвіч напісаў, што дэлегаты «что-то ожесточенно пели на полуукраинском, полупольском, полурусском языках» і «съехались на Конгресс социал-шовинистическое сборище… местные рестора-торы, купцы да генералы». Словам, гад расейскі і паскуда. Затое эсэраўская «Социалист-рево-люционер» апісала ўсё, як было. У тым ліку і аплявуху. За гэта Крывашэін выклікаў рэдак-тара ў рэвалюцыйны трыбунал. Газету закрыў. Зінаіду Юр'еву і сведкаў аплявухі з Менска выдаліў. Учарашняя бальшавіцкая «Польская правда» надрукавала, што ноччу скончыўся беларускі з'езд, арганізаваны нацыяналістамі, якія хаваюцца за сацыялістычныя лёзунгі.
Серада. За іх хаваюцца і некаторыя нацыяналістыя беспартыйныя...
Краўцоў. Ды ладна вам ужо... А яшчэ тая ж «Польская праўда» пра тое, што з-за апа-зіцыйнага і рэвалюцыйнага становішча, занятага беларускімі сялянамі, маўляў, пасланцы кня-зёўны Радзівілавай і пана Скірмунта не маглі правесці рэзалюцыі супраціўнай ідэалам Расей-скай рэвалюцыі. І тады, не ставячы на галасы такога важнага пытання, як незалежнасць, гэтыя паны здаволіліся ўрачыстым абвяшчэннем Беларускай Рэспублікі. А яшчэ адзін знаёмы, блізкі да прыўладнага кола бальшавіцкіх функцыянераў пераказаў словы Мясніка, што з'езд (цытую) «для белорусского национально-политического и революционного движения будет иметь печальные последствия». А разу-мей, як хочаш...
Гарун. Дзякуй, Макар, што прасвяціў нас, падпольна-цёмных. А зараз мы абмяркуем кандыдатуры ў Выканаўчы Камітэт Рады з'езду, старшынёй якога быў абраны спадар Варонка. Калі ласка, Язэп...
У пакой увальваецца гурт салдатаў на чале з Рамнёвым. Усе шарагоўцы ўзброены вінтоўкамі з прымкнутымі штыкамі, а Рамнёў пры маўзеры на папрузе ў драўлянай кабуры.
Рамнёў. Приказываю панству очистить помещение и никогда здесь больше не появ-ляться!
Лёсік (абурана) . Что это значит?!
Рамнёў. Это значит выметаться отсю-дова и катиться колбаской… чем раньше и дальше, тем лучше…
Гарун . Па якому праву?!
Рамнёў . По праву революции и воен-ного положения.
Лёсік (да сваіх) . Спадарове, перад намі жандары з Бадайбо.
Рамнёў вымае маўзер з кабуры.
Бадунова (амаль крычыць) . Гэта нечу-вана пачварна!
Рамнёў тройчы страляе ў столь.
Рамнёў (да сваіх) . Кто переведет, что она сказала?!
Усе маўчаць.
(Вайскоўцам жорстка, пагрозліва.) Бабу убрать!... Очкарика и чахоточного вынести на штыках или выбросить через окно!
Як перад штыкавой атакай, вайскоўцы ўскідваюць зброю і штыкамі выціскаюць людезй за дзверы. У апусцелым пакоі па шуфлядах стала і ў шафах шнырае Рамнёў.
Заслона.
VII
У невялікім пакоі за сталамі Гарун, Смоліч і Лёсік заглыбленыя ў пісаніну. Нехта піша, нехта крэсліць, нехта камеча аркуш і выкідае ў сметніцу ды бярэ новы. Чацвёрты стол, што каля ўваходу, свабодны.
Гісторык. Лідэры дзяржаўнага адра-джэння і былыя дэлегаты Усебеларускага з'езда сышлі ў падполле і рыхтаваліся да ўзяцця ўлады ў свае рукі. Склад Рады з'езда быў папоўнены прадстаўнікамі рускай, украінскай і яўрэйскай нацыянальнай меншасці. Бесперапынна праца-вала Цэнтральная беларуская вайсковая рада. Чакалася прыбыццё нацыянальных беларускіх вайсковых аддзелаў. Назапашвалася зброя і вайсковы рыштунак. У Віцебску адбылася су-тычка Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронта з бальшавіцкай уладай. Беларускі Аршанскі конны полк пачаў прабівацца на Менск. У ноч з 26 на 27 студзеня бальшавікі зрабілі налёт на нелегальную штаб-кватэру Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, арыштавалі яе кіраўнікоў. А 18 лютага пасля таго, як савецкая дэлегацыя сарвала Брэсцкія перамовы, немцы распачалі наступленне на ўсім сваім Усходнім фронце.
У пакой літаральна ўрываецца Краўцоў. Ніхто на яго нават галавы не падымае ад пісьмовы х сталоў.
Краўцоў (здзіўлена, горача, з папро-кам). Пішуць?!. Яны сядзяць і пішуць?! Рэвалюцыянеры...
Лёсік (не адрываючыся ад работы) . І ты сеў бы моўчкі ды нешта напісаў.
Краўцоў. Не, такі «падпольшчыкі» нічога не чулі?!
Ніхто не рэагуе.
З вакзала я! У Койданаве быў... Вярнуў-ся, а яны ўцякаюць. А чыгуначнікі паравоз адчап ілі і з'ехалі.
Лёсік. Макарка, а хто цікае і куды?..
Краўцоў. Мяснік з хэўрай бальшавіц-кай па пероне мітусіцца. На свае вочы бачыў!
Лёсік. Ну, і няхай сабе, ці ты хочаш яго затрымаць, каб застаўся нам на радасць?
Смоліч і Гарун адрываюцца ад папер, назіраюць, пасміхаюцца.
Краўцоў (абурана) . Немцы ў наступ пайшлі! Можаце вы ўцяміць?!.
Лёсік. Ну дык, відаць, яны таму і ўцякаюць...
Смоліч і Гарун рагочуць, Краўцоў губляецца.
Краўцоў. Шантыра стрэў, пытаюся а дзе нашы. А ён мне: мае, як бачыш, пяткі падмазалі, а ты сваіх каля тэлеграфа шукай. Перш чым узяць уладу, спачатку і заўсёды тэлеграф бяруць.
Гарун. Праўду сказаў.
Краўцоў. Дык я і сюды... Сапраўды ж уладу трэба браць! Езавітава ды іншых вызваляць.
Смоліч. А мы яе і бярэм... уладу...
Гарун. І Езавітаў даўно вольны.
Лёсік. Ай Макар, Макар, трэба табе было тое Койданава?! Такую гістарычную навіну апошнім пачуў.
Смоліч і Гарун смяюцца з небаракі.
Краўцоў. Не тлуміце маёй галавы. Дзе зараз Кастусь Езавітаў. Можа яму падмога трэба.
Гарун. Пэўна ўжо сам управіўся Кастусь. З раніцы ў горадзе парадак наводзіў, а цяпер, відаць, польскіх вайскоўцаў уразоньвае, каб горад раней за немцаў не захапілі.
Лёсік. А то будзе на бедны Менск адразу аж тры ўлады...
Уваходзіць Рак-Міхайлоўскі з даволі важкім і груваздкім тэлеграфным апаратам.
Рак-Міхайлоўскі. Здароў, Макар! Падхапі ды на стол пастаў апарацік, калі хочаш дапамагчы ўладу захапіць знянацку і назаўсёды...
Краўцоў дапамагае.
А я пакуль да лініі яго падключу. (Цягне провад ад апарата і знікае з ім за дзвярыма.)
Прысутныя разглядаюць апарат. Уваходзіць Рак-Міхайлоўскі, садзіцца за апарат, кладзе руку на ключ.
(Узбуджана, радасна.) Усім! Усім! Усім!.. (Спыняецца.) Не, гэта пакуль рана. Дачакаемся Езавітава... А пакуль - самае неадкладнае і галоўнае. (Вымае з нагруднай кішэні паперку, перадае Краўцову.) Дыктуй, Макар! Толькі не спяшайся. Даўнавата не садзіўся за інструмэнт...
Краўцоў (дыктуе) . Смаленск ТЧК Пашычу через чиновника Поклазон к Врон-скому ТЧК Необходимо отдать распоряжение двум-трем военным начальникам, чтобы в срочном порядке направили людей в Бобруйск, обсервационный пункт ТЧК Там нужно 1000 белорусов ТЧК Спешить ТЧК Результат ждем ТЧК Рак-Михайловский. (Падае Краўцову наступную паперку. Той дыктуе.)
Гомель, военскому начальнику ТЧК Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск, обсервационный пункт ТЧК Рак-Михайловский ТЧК.
Рак-Міхайлоўскі (пад стук тэлеграфнага ключа) . Киев, Белвойскрада, Алексюку. В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите. В Видбор по желдор, в 641-ю Донскую дружину направьте тысячу пятьсот человек ТЧК Немедленно ТЧК Рак-Михай-ловский. (Зморана апускае руку.)
Лёсік, Гарун і Смоліч апладзіруюць. Краўцоў да іх далучаецца.
Лёсік. Як доўга мы чакалі музыкі на гэтым інструмэнце, ды яшчэ ў тваім выкананні, браце Сымоне. (Абдымае Рак-Міхайлоўскага.)
Краўцоў. А чаму усіх у Бабруйск, а не ў Менск?!.
Рак-Міхайлоўскі. А гэта ўжо вайсковая таямніца.
Гарун. Каб твой Шантыр не даведаўся, а то дагоніць Мясніка ды данясе.
Лёсік . Ці сам за імі ўляжаш, як дурное жарабя за вагонам.
Краўцоў (пакрыўджана) . Ну, за каго вы мяне лічыце?! Я ж да вас прыбег, а не за вагонам тым пусціўся, сваю хату пакінуўшы.
Смоліч. Смехам мы, Макар, смехам. А ты жартаў не разумееш.
Краўцоў. Бо дурныя жарты...
Смоліч (да ўсіх) . Мы тут са спадарамі Алесем і Язэпам прыкінулі прыкладны склад кандыдатаў у народныя сакратары.
Гарун. Бадай што так мы назавем першы беларускі ўрад - Народны сакратарыят.
Смоліч. Абвесцім сакратарыят разам з Першай Устаўной Граматай да Народу Беларусі.
Лёсік. А папярэдне хацелася б ведаць тваю думку, Сымон, як галоўнакамандуючага нацыянальнымі войскамі і тваю, Макар, як беспартыйнага прадстаўніка ад люду простага паспалітага, што трымаецца сваёй хаты.
Краўцоў. Ад люду простага - згодзен выказацца.
Смоліч (перадае аркуш Краўцову) . Спачатку прачытай, але так, каб за сэрца ўзяла!
З'яўляюцца радасна ўзбуджаныя Еза-вітаў, Бадунова, Серада, Грыб, Варонка і яшчэ тры-чатыры статысты.
Лёсік (нецярпліва) . Ну, што там, Кастусь?!
Езавітаў. А нічога такога асаблівага. Горад з палякамі падзяліў пакуль па Нямізе - ім паўночная частка, нам - уся астатняя. Заместа гарнізона Крывашэіна, цяпер мой гарнізон наводзіць парадак у горадзе.
Лёсік. А чаму б табе, спадар Варонка, як старшыні Выканкама Рады Усебеларускага з'езда не прызначыць Кастуся Езавітава камендантам Менска?..
Варонка. А я менавіта яго і прызначаю і віншую! (Паціскае руку Езавітаву.)
Езавітаў. Гэта я вас усіх віншую, бо ўлада наша! Ды і не так ужо складана было яе ўзяць, як бальшавіцкія ўладары збеглі, а нямецкія яшчэ не зьявіліся. Трэба думаць як яе ўтрымаць, калі зьявяцца. Таму прашу цябе, Сымон, адстукай мой загад нумар адзін усім, усім, усім аб тым, што падыходзячая нямецкая армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае жыццё насельніцтва, якое не жадае бязглуздай вайны!
Варонка. Згода! Але захаваем фармаль-насць і паслядоўнасць - спачатку перададзім усім, усім наступнае: выстуквай Сымон. (Дыктуе.) Выканаўчы камітэт Рады Усебела-рускага з'езду ўзяў уладу ў свае рукі. Дзеля наладжвання парадку ў горадзе Менску назначаны Камендантам грамадзянін Езавітаў. Прапануецца салдатам, якія знаходзяцца ў горадзе Менску, і ўсяму начальству трымаць самы строгі парадак. Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварачвацца да каменданта. Пляц волі каля былога Дома губернатара.
Выканаўчы Камітэт Рады Усебеларускага зьезду.
Жыве і жыцьме Беларусь!
Усе прысутныя. Жыве! Жыве! Жыве!
Рак-Міхайлоўскі заканчвае перадачу тэлеграмы. Апладысменты прысутных.
Краўцоў. Рана плёскаем. Дзяржаве, вольнай, трэба сцяг, герб і гімн!
Гарун. Сцяг і герб у нас ёсць, гіста-рычныя. А словы гімна напішы, калі ў гісторыю трапіць хочаш. У цябе можа атрымацца...
Краўцоў (разгублена) . У мяне?..
(Працяг у наступным нумары.)
Алесь Петрашкевіч
Археалагічнаму музею "Бярэсце"- 25 гадоў
8 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў
На тэрыторыі Беларусі на сённяшні дзень зарэгістра-вана прыкладна 7 тысяч буйных археалагічных помнікаў, якія ўключаюць да 60 тысяч асобных аб'ектаў.
Археалогія - адна з самых маладых гуманітарных навук. Нягледзячы на гэта, яна змяшчае ў сабе невычарпальныя патэнцыяльныя магчымасці для вывучэння гісторыі і культуры роднага краю.
Прага людзей да сапраўднай гісторыі, да ведання сваёй мінуўшчыны, сваіх каранёў усё больш узрастае, і музеі павінны адыгрываць тут не апошнюю ролю.
Важным этапам на шляху захавання гісторыкакультурнай спадчыны з'яўляецца комплекс мер па кансервацыі таго ці іншага помніка.
Кансервацыя захаванне прадметаў шляхам стварэння вызначанага рэжыму ўтрымання, які замаруджвае працэсы іх натуральнага старэння, а таксама шляхам актыўнага спынення разбуральных працэсаў з наступным умацаваннем прадметаў. Меры кансервацыі прымяняюцца для прадметаў, розных па прыродзе і матэрыялу. Найбольш складаным і важным з'яўляецца кансервацыя вырабаў з дрэва.
Кансервацыя драўніны комплекс мерапрыемстваў па кансервацыі археалагічных прадметаў з дрэва. У культурным пласце дрэва захоўваецца пры ўмове павышанай вільготнасці або сухасці. На Беларусі, як правіла, сустракаюцца вільготныя культурныя пласты. Мяккія пароды дрэва (ліпа, асіна і інш.) асабліва моцна насычаюцца вільгаццю. Драўляныя рэчы і аб'екты, вынятыя з вільготнага культурнага пласта, пачынаюць хутка ўсыхаць. Пры гэтым паверхневыя слаі памяншаюцца ў аб'ёме хутчэй, чым унутраныя, што прыводзіць да дэфармацыі драўніны і яе разбурэння.
У палявых умовах знаходкі з вільготнага культурнага пласта можна змясціць у ёмістасць з вадой, а для транспарціроўкі і далейшага захавання абгарнуць марляй, намочанай у слабым растворы антысэптыку. Прынцып кансервацыі драўніны, насычанай вадой, заснаваны на замяшчэнні вады кансервавальным саставам у структуры аслабленых клетачных сценак драўніны. Апрацоўка сухога матэрыялу, які страціў сваю трываласць, праводзіцца непасрэдна ў культурным пласце па меры расчысткі аб'екта шляхам прамочвання яго сінтэтычнай смалой у арганічным растваральніку, які не выклівае набухання. Драўніну, што захавала дастатковую трываласць, можна апрацаваць воднымі або спіртавымі растворомі мачавінафармальдэгідных, меламінафармальдэгідных і іншых смол, якія не мяняюць колеру аб'екта, а потым абязводзіць, карыстаючыся мяккімі рэжымамі сушэння. На Беларусі кансервацыя драўніны праводзілася ў Брэсце ( з 1971 года, упершыню ў СССР у палявых умовах), пры апрацоўцы шмат якіх археалагічных знаходак у Менску, Віцебску і інш.
У СССР упершыню раскапаныя пабудовы былі закансерваваны ў 1971 годзе ў палявых умовах на тэрыторыі Беларусі. Кансервацыя вялася пад кіраўніцтвам прафесара Віктара Яўграфавіча Віхрова. На аснове выяўленай забудовы на тэрыторыі старажытнага Бярэсця быў створаны археалагічны музей.
Віхроў Віктар Яўграфавіч беларускі вучоны ў галіне драўніназнаўства. Нарадзіўся 23 сакавіка 1912 года ў горадзе Сярдобск (Расія). Памёр 13 ліпеня 1972 года. У 1952 годзе доктар сельскагаспадарчых навук, у 1957 годзе прафесар. У 1972 годзе прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Скончыў Архангельскі лесатэхнічны інстытут. 3 1960 года быў рэктарам Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С. М. Кірава. З'яўляецца аўтарам прац па экалагічнай і тэхналагічнай анатоміі, сістэматыцы драўніны, дэндрахраналогіі, дэндракліматалогіі, мадыфікацыі драўніны сінтэтычнымі палімерамі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам супрацоўнікі Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава Віхроў Ю. В., Барысаў У. А., Казанская С. Ю. распрацавалі і ўпершыню ажыццявілі ў 19701973 гг. метад кансервацыі ў палявых умовах драўляных збудаванняў.
Гэты метад заключаецца ў выкарыстанні сінтэтычных рэчываў для кансервацыі пабудоў. 3 яго дапамогай удалося захаваць нават каляровую гаму знаходак, спыніць разбуральнае ўздзеянне паветра на старажытнае дрэва. Апрацоўка матэрыялу праводзілася непасрэдна ў культурным пласце па меры расчысткі аб'екта шляхам прамочвання сінтэтычнай смалой у арганічным растваральніку, у выніку гэтага навукоўцы здолелі стварыць археалагічны музей "Бярэсце"
Археалагічныя музеі група гістарычных музеяў, якія здзяйсняюць збор, захаванне, вывучэнне і экспанаванне старажытных рэчавых крыніц (археалагічных). Аснову збораў археалагічнага музея складаюць прадметы, выяўленыя ў працэсе даследвання помніка археалогіі. Аб'ектам музейнага паказу з'яўляюцца таксама рэшткі раскрытых падчас раскопак паселішчаў, пахаванняў і збудаванняў.
Унікальным, адзіным у Еўропе музеем сярэдневечнага усходнеславянскага горада з'яўляецца археалагічны музей "Бярэсце", які знаходзіцца на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай цвердзі. Яго экспазіцыя прысвечана ўзнікненню, палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму развіццю Бярэсця у 1113 стст. Асновай стварэння музея з'явіліся выяўленыя, добра захаваныя пабудовы 13 ст. Аўтар раскопак, доктар гістарычных навук П. Ф. Лысенка. Археалагічны раскопгалоўны экспанат музея займае плошчу 1800 кв.м. На глыбіні 4 м. знаходзіцца частка рамеснага квартала 13 стагоддзя 30 жылых і гаспадарчых пабудоў і дзве вуліцы. Дзве жылыя пабудовы, дзякуючы магутным кансервацыйным якасцям культурнага пласта, захаваліся на вышыні 12 вянцоў (бярвенняў), што з'яўляецца ўнікальным для славянскай археалогіі.
Музей быў заснаваны ў 1972 годзе, адкрыты 2 сакавіка 1982 года на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай цвердзі як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным для яго будынку. Будынак быў спраектаваны Н. К. Вінаградавым, галоўным інжынерам А. М. Кімам, а таксама інстытутам "Белдзяржпраект".
У музеі 14 экспазіцыйных залаў, у якіх прадстаўлена больш за 43000 прадметаў з дрэва, косці, тканіны, металу, каменю і шкла. Васемсот лепшых з іх захоўваюцца ў 12ці залах .
Аснову экспазіцыі складаюць, як ужо адзначалася, 30 драўляных і гаспадарчых пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і іншыя рэчы, выяўленыя падчас археалагічных раскопак Берасцейскага гарадзішча. Экспануюцца таксама прылады працы (сярпы, косы, сякеры, свярдзёлкі, рыдлёўкі, нажніцы і г.д.), рыбалоўныя прылады (блёсны, кручкі), прадметы ўзбраення і амуніцыі конніка (наканечнікі коп'яў, стрэл, шпоры, цуглі, фрагменты даспехаў, кальчугі), прадметы побыту (замкі, ключы, крэсівы, дзвярныя колцы і прабоі), упрыгожванні (металічныя і шкляныя бранзалеты, падвескі, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, спражкі, фібулы), а таксама посуд, скураныя кашалькі і абутак, шыферныя прасліцы, грабяні і іншае.
Сярод унікальных знаходак самшытавы грэбень з выразанымі на ім з абодвух бакоў (6 і 7) літарамі кірыліцы - самы старажытнейшы на Беларусі "падручнік". Таксама нельга абысці ўвагай знойдзенае адзінае ў Еўропе дубовае рала, масляны прэс жом з сасны, які нідзе больш не сустракаўся акрамя раскопак Бярэсця, ткацкі станок 13 стагоддзя, небяспечныя брытвы. Вельмі каштоўнымі з'яўляюцца кавалкі ваўнянай тканіны, вянкі хат з вокнамі і дзверамі. Хрысціянскую веру берасцян падцвярджаюць бронзавы крыж, абразкі, крыжыкі, лыжачка для прычасця, лампадкі, бронзавая кадзільніца, кавалак бронзавага звона, а таксама задняя створка свінцовага крыжамашчавіка з пласта 14 стагоддзя. Асаблівую каштоўнасць уяўляе бронзавы энкалпіён (крыжскладзень).
Калі казаць пра сучасны стан музея "Бярэсце", то праблемай нумар адзін была і застаецца захаванне і кансервацыя археалагічнага помніка. Дадатковыя работы па кансервацыі былі праведзены ў 19851992 гадах. Аднак гэтага ўжо недастаткова для старажытнага гарадзішча. Зараз неабходна правесці дадатковыя даследванні драўніны. Патрэбны новыя прэпараты для таго, каб надалей захаваць горад.
Па словах Галіны Дзюрыч, загадчыка музея, для музейных прадметаў неабходны аптымальны рэжым вільготнасці і тэмпературы, патрабуе аднаўлення сістэма вентыляцыі і ацяплення, бо зза яе недахопаў кожную зіму значная частка экспанатаў пераводзіцца ў сховішча абласнога краязнаўчага музея. Ужо болып пяці год доўжыцца рамонт павільёна, і паскорыць гэтыя работы зза недахопу сродкаў немагчыма. Да таго ж грунтовыя воды заўсёды нагадваюць аб сабе: іх неабходна адпампоўваць увесь час.
Нягледзяны на гэта, музей шырока вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. 3 моманту адкрыцця (2.03.1982 г.) яго наведала больш за 3 млн. чалавек з 30 краін свету, а гэта яскрава сведчыць пра шырокую цікавасць і папулярнасць музея з боку наведвальнікаў.
У 2006 годзе каля СвятаМікалаеўскай гарнізоннай царквы 75гадовы П. Лысенка з групай калег раскапаў яшчэ адно ўсходнеславянскае паселішча. Сярод знаходак цікавай з'яўляецца глінабітная печ, у якой ацалелі кавалкі глінянага посуду, ключ, жалезны нож з касцяной ручкаю і г.д.
Такім чынам, падсумоўваючы вышэйсказанае, можна зрабіць высновы, што археалагічны музей "Бярэсце" на самой справе вельмі ўнікальны і. арыгінальны.
Адкрыццё старажытнага горада ўсходніх славян навуковы свет успрыняў як сенсацыю, якая даказала, што заходняя мяжа рассялення плямён дрыгавічоў ішла па рацэ Заходні Буг.
Дзякуючы вучонымтэхнолагам, якія вынайшлі спосаб захавання выкапнёвай драўніны, стала магчымым закансерваваць пабудовы 12 стагоддзя і стварыць археалагічны музей. Тым не менш, стан музея патрабуе пастаяннай увагі з боку кансерватараў, рэстаўратараў і супрацоўнікаў музея.
28 ліпеня 2007 года музей адзначыў 25годдзе з дня свайго адкрыцця. Да знамянальнай даты была зроблена рэканструкцыя і падрыхтавана змястоўная выстава, прысвечаная гісторыі адзінага ў Еўропе музея сярэднявечнага горада ўсходніх славян.
Музей праводзіць шырокую выставачную дзейнасць, якая адлюстроўвае гісторыю старажытнага Бярэсця, этапы яго археалагічнага вывучэння і, наогул, гісторыю края. Найболып буйнымі і маштабнымі з іх былі выставы "Археалогія Брэсцкай вобласці", "Гартаючы вечныя старонкі", карта"Помнікі гісторыі і культуры Брэсцкай вобласці 920 стагоддзя"
Студэнтка 550 групы ФІДК БДУКІ Бугаева Г. У .