Папярэдняя старонка: 2008

№ 18 (857) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 18 (857) 30 КРАСАВІКА 2008 г.


140 гадоў з дня нараджэння Рамана Скірмунта

СКІРМУНТ Раман Мар'ян Аляксандравіч [25.4(7.5).1868, в. Парэчча Пінскага пав., цяпер Пінскі р-н - 7.10.1939], бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Рыжскую класічную гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Выступаў як адзін з ідзолагаў краёўцаў. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб'яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу заходніх ускраін. У кастр. 1910 - студз. 1911 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. У студз. 1917 узначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, з сак. 1917 старшыня Беларускага нацыянапьнага камітэта (да ліп. 1917). У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. У час германскай акупацыі Беларусі (1918) узначаліў «Менскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У траўні 1918 яму даручана фармаванне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, у праграмнай дэкла-рацыі якога (9.7.1918) выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, за развіішё бел. культуры. 20.7.1918 пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўраду. Працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У савецка-польскую вайну 1920 імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі. У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз'яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.


ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ - 2008

26 красавіка ў Менску адбыліся мерапрыемствы з нагоды 22х угодкаў Чарнобыльскай атамнай катастрофы 1986 года. Да 14.00 на пляцоўцы каля прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук сабралася каля трохсот чалавек, але да пачатку мітынгу колькасць удзельнікаў акцыі ўзрасла прыкладна да паўтары тысячы. На мітынгу выступілі палітыкі і грамадскія дзеячы. Пасля мітынгу пачаўся ўласна сам марш па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да храмапомніка ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых" на скрыжаванні вуліц Карастаянавай і Арлоўскай.

У самім храме праходзіла служба. Каля 800 дэманстрантаў сабраліся на пляцоўцы каля каменя памятнага знака ахвярам Чарнобыля. Пасля кароткіх прамоў арганізатараў акцыі была аб'яўлена хвіліна маўчання. Жадаючыя паставілі свечкі і ўсклалі да каменя кветкі. Пасля гэтага было аб'яўлена аб завяршэнні акцыі. Людзей папрасілі разыходзіцца.

Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкама, максімальная колькасць удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" назіралася ў ходзе шэсця 750 чалавек. Паводле дадзеных назіральнікаў і журналістаў, у акцыі ўзялі ўдзел каля трох тысяч чалавек.

У мерапрыемствах бралі ўдзел і сябры ТБМ. Былі раздадзены некалькі соцень газет "Наша слова" і "Новы час", збіраліся ахвяраванні на дзейнасць ТБМ.

БелаПАН.


ЛІДА ЗАПРАШАЕ

Горад Ліда рыхтуецца адзначаць 685 гадоў з моманту заснавання. У шматлікіх гістарычных крыніцах 1323 год падаецца як год, у якім паводле загаду Вялікага князя Гедзіміна пачалося будаўніцтва Лідскага замка. Заснаванне Лідскага замка ў першай палове 14га стагоддзя пацверджана і археалагічнымі раскопкамі, хаця ёсць падставы гаварыць пра знаходжанне на тэрыторыі сённяшняй Ліды нейкага паселішча (стаянкі) і ў больш ранні час. Тым не менш, калі мы гаворым пра горад Ліду, то год 1323 з'яўляецца адзіным правамерным. Таму спрэчкі вакол яго можна лічыць закончанымі, і горад лічыць свае гады менавіта ад гэтага года.

Сённяшнія 685я ўгодкі не надта круглая дата, але ўсе разумеюць, што праз пяць гадоў будуць 690я, а там і 700я. Зрабіць у Лідзе за гэтыя 15 гадоў трэба так шмат, што толькі мабілізуючы ўсе сілы да кожнага дня нараджэння можна паспець выйсці да 700годдзя з горадам, якім будзе ганарыцца не толькі кожны лідзянін, але і кожны беларус.

Святкаванне 685-х угодкаў г. Ліды прызначана на 20 верасня. Зараз у горадзе поўным ходам ідуць падрыхтоўчыя работы. Устанаўліваюцца маляўнічыя пано на ўездах у горад і ў самім горадзе (на здымку). Рыхтуюцца да ўстаноўкі мунаментальныя ўязныя знакі з датай 1323.

Вядуцца работы ў самім горадзе, на пад'ездах да замка.

Завяршаецца рамонт Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На працягу некалькіх месяцаў плануецца адкрыццё выставачных залаў і першых экспазіцый.

Да свята распрацаваны і зацверджаны райвыканкамам мастацкі лагатыт у колерах герба і сцяга Ліды (на малюнку).

Да свята будзе выканана яшчэ шмат работ і арганізацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку прапрацоўваецца пытанне правядзення сумесна з Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы Лідскай краязнаўчай канферэнцыі і выданне яе матэрыялаў асобнай кнігай.

Безумоўна, усіх хвалюе, на якой стадыі знаходзіцца працэс рэстаўрацыі Лідскага замка. На сёння на стадыі завяршэння знаходзяцца работы па праектаванні другой чаргі рэстаўрацыі Лідскага замка. Будзем спадзявацца, што да свята праект будзе гатовы, і калі не да свята, то адразу пасля яго будаўнічыя работы на Лідскім замку адновяцца.

Наш кар.


Няўжо мы такія?

Мы і наша мова... Гэта адно цэлае ці розныя, не звязаныя паміж сабой паняцці? Мы без мовы сваёй - гэта мы ці не мы, а толькі месца пэўнае ў прасторы, занятае намі?... Ці часта мы задумваемся над гэтымі жыццевызначальнымі пытаннямі, задаём іх сабе і акаляючым нас людзям?

А што над гэтым трэба задумвацца і час ад часу пра гэта пытаць у сябе і сабе падобных, думаю, сумненняў няма...

Не выпадкова ж у календаы нашага часу, у самым кароткім месяцы - лютым, чалавецтва вызначыла месца Міжнароднаму дню роднай мовы. Я падкрэсліваю роднай. У жыцці кожнага з нас і ўсяго грамадства, усёй краіны гэты непрыкметны, але знакавы дзень штогод для нас як напамінак, а беларусам асабліва, што ў цябе ёсць родная мова, якая вакол хоць мала гучыць, але яна ёсць, гучыць у тваёй душы... канешне. Гэта мала супакойвае і цешыць...

А што рабіць, каб гучала з вуснаў усіх? Такія пытанні трэба задаваць не толькі сабе але і дзяржаве. Іх яна павінна задаваць у сваю чаргу сабе, сваім чыноўнікам, усім уладным структурам. Але ж нешта таго не назіраецца, каб гэта на дзяржаўным узроўні каго турбавала...

А самі неабыякавыя людзі, рупліўцы беларускага адраджэння, тое ж ТБМ у меру сваіх мажлівасцяў робяць пэўныя крокі і высілкі, каб родная мова не была ў заняпадзе, гучала, жыла, як і належыць ёй па закону і самім Богам наканавана. Вось і нядаўна, 23 сакавіка, у пярэдадзень 90х угодкаў БНР была праведзена Агульнанацыянальная дыктоўка. Яе пісалі не толькі ў ТБМ але і іншых грамадскіх арганізацыях. Мне давялося назіраць такую дыктоўку ў Гарадзенскім ТБШ. Усё добра. Але ж гэта толькі кропля ў моры. Іншая справа, калі б да гэтага падключыліся школы і ўсе іншыя навучальныя установы... Толькі да таго нашы адукацыйнікі-асветнікі яшчэ, мусіць не прасвятлелі.

Што ж, улічваючы нашу беднасць, і гэта лепш, чым нічога...

Канешне, бачыць родную мову хацелася б у росквіце і гаварыць, і пісаць пра яе толькі па вялікмм рахунку... Але ж пакуль мы маем тое, што маем, што тут ні кажы - адны словы тут бяссільныя... Тым не менш, маўчаць нам нельга. Гаварыць трэба начыстату і ўсё, як ёсць... І не будзь нікому ў крыўду тое сказана, але ж толькі дыктоўка і іншыя падобныя акцыі сёння становішча не выратоўваюць, пакуль дзяржава не пачне ставіцца да мовы як да дзяржаўнай справы. Хоць можа сяготаго трохі і цешыць тое, што ў апошні час як быццам з большай прыхільнасцю ў нас пачалі ставіцца да беларускага слова. Тую ж песню беларускую можна часцей пачуць у эфіры, і прачытаць беларускую назву на бохане хлеба ў краме. І пачуць, як гучыць пабеларуску твой знаёмы прыпынак ці вуліца у трабейбусе... А цяпер вось бачыце яе вялікасць, і з нагоды 90х угодкаў стварэння БНР адбылася і першая ў нашай краіне беларускай дыктоўка. Але ўсё гэта, як падкрэслівалася вышэй, дробязі, якія не могуць зрушыць з месца справу. Мая думка наконт мовы і падыход да гэтай ці не самай балючай у нас праблемы застаюцца нязменнымі, як і раней. І прабачце за некаторую, мажліва, рэзкасць і завостранасць моўнага пытання, але мова - гэта мова, а не пісаная торба, з якой можна толькі забаўляцца ды гуляць - мы ж не скамарохі. Сёння ў тралейбусе абвесцім прыпынкі, заўтра напішам пабеларуску на нейкай шыльдзе ці паштоўцы або над дзярыма ў піўной.... А моладзь як не ведала сваёй мовы, так і не ведае. Бо мову трэба спасцігаць і вывучаць не ў піўных, а там, у школе, дзе вывучаюць гісторыю, фізіку, матэматыку, біялогію і ўсё іншае... А сёння, ёй пакуль якое адводзіцца месца ў школе і любой навучальнай установе, вы ведаеце...

Дык вось. Успрымаючы ўсё гэта, мне падаецца, што мы не хочам зразумець тут галоўнае і прыняць той пастулат, што мова - гэта ёсць аснова любой нацыі, падкрэсліваю нацыі, а не нейкага там нацыяналізму, якім нас у Беларусі як раней, так і цяпер упікаюць... І гэтае папраканне не мае пад сабой ніякай рэальнай асновы. Толькі нам сапраўды не трэба гуляць у яе адраджэнне, вяртанне, а насамрэч адраджаць, калі мы хочам адрадзіцца ўвогуле...

Не забывайце, што ў гэтай вялікай справы мова - гэта першакрыніца любога народа і яго дзяржавы і ўсіх іх высілкаў да незалежнасці і самастойнасці, гэта той яе падмурак, на якім толькі і можна ўзводзіць добры, трывалы і даўгавечны наш беларускі дом. З гэтага трэба зыходзіць, гэтага трымацца, а не толькі гаварыць пра тое, эксплуатуючы такім чынам нашу вытрымку і доўгацярпенне, а каго з недалёкіх можа і заводзячы ды ставячы ў тупік...

Зразумейце. Паверце, ці як хочаце, але народ без сваёй мовы - гэта нямы народ. Калі хочаце, скажу больш катэгарычна: у такім выпадку мы беларусы як народ без сваёй мовы толькі па назову беларусы, а не па сутнасці. З такіх беларусаў як сказалі на захадзе нашы суседзі, і сапраўды можна вяроўкі віць ды яшчэ і ногі выціраць аб іх... Дык няўжо ж мы такія? Няўжо мы і насамрэч дакаціліся да таго, каб пра нас так гаварылі?

Аляксей Дземідовіч, Гародня.


Усё болей вакол тутэйшых "зноскаў"

"Калі гіне дзяржава - яе можна адбудаваць.

Калі гіне мова - народ гіне навекі"

Андрэй Чэмер - пісьменнік.

У прыгарадным аўтобусе саджуся на прыпынку поруч з жанчынай гадоў пад сорак, на выгляд - з інтэлігентаў. Незнаёмая. Маўчым. Дастаю з кішэні сваёй курткі свежы нумар "На-роднай волі". Жанчына кідае позірк на яе і пытаецца:

- Бэнээфовская газетка?

Спярша сумеўся ад такога пытання, не ведаючы адразу, што адказаць.

- Газета незалежная, рэспубліканская, штодзённая, падтрымлівае апазіцыю, але друкуе матэрыялы і камуністаў, і нават тых, хто ўхваляе ўладу.

- Заголовки, вижу, на белорусскам языке - вот это меня и насторожило, - нібы апраўд-ваючыся перада мною, тлумачыць суседка.

- А вы што - не ведаеце мовы Купалы. Коласа, Быкава, Караткевіча? Цяжка паверыць.

- Нет, знакома, я препадаю в ВУЗе точных наук. Кое-что понимаю, - адказвае жанчына.

- А вось са мною размаўляеце на расейскай мове, - раблю ёй рэпліку, згортваючы газету.

- Это деревенский язык. На нём сегодня разве что старики разговаривают, чую ў адказ.

- Нажаль, дванаццаць гадоў вытраў-лення уладамі ўсяго нацыянальнага, ў тым ліку і роднай мовы, не лепшым чынам адбіліся на самасвядомасці тых жа вяковых дзядуляў і бабуль. Яны размаўляюць на трасянцы, пера-мешанай расейскімі мацюкамі, раўняючыся на сваіх старшыняў калгасаў, брыгадзіраў, прыезджых з горада начальнікаў, што ўжо грэбуюць роднай мовай. Яе пакуль яшчэ ашчаджаюць ад вымірання у сельскіх школах. Хоць дзеці і настаўнікі па-за школай, дома, на дварэ ўжо размаўляць па-расейску. Вам, педагогу, варта ведаць, што беларусам сёння не хапае не хлеба, не таннай каўбасы ці гарэлкі - ім не хапае нацыянальнай годнасці, той, якая ёсць у народаў суседніх з Беларуссю дзяржаваў - Украіне, Літве, Польшчы.

- А я между прочим считаю себя гражданкой мира, - нечакана заяўляе гэтая стаўшая мне непрыемнай асоба з поглядамі купалаўскага Зноска ў драме "Тутэйшыя". Для меня всё равно, в какой стране жить - в России, Польше, Германии или Америке - лишь бы было там хорошо и в достатке всего.

Пасля гэтых "шчырасцяў" я ўстаў і перасеў на іншае, апусцелае месца ў аўтобусе. А яна неўзабаве сышла ў даволі вялікай вёсцы, дзе напэўна жывуць яе родзічы ці блізкія людзі і пашыбавала да аднаго з дамоў пад цынкавым дахам.

З такімі людзьмі , "пад Зноска", я не раз сустракаюся на гарадскім рынку Слуцка, дзе за выключэнем адной шыльды над дахам прамтаварнага шапіка, выпісанай вялікімі літарамі "Беларускі абутак", усе іншыя на чатырох ці пяці сотнях магазінаў, кавярняў, шапікаў, галярэяў, усе шыльды спрэс расей-скамоўныя. І песні з магазінчыка, дзе прадаюць дыскі і касеты, гучаць выключна расейскія, альбо савецкай эпохі, песні. Тысячы людзей, што наведваюць у выхадныя дні рынак, не звярта-юць на гэта аніякай увагі - вось што трывожыць: абыякавасць, нігілізм, бездухоўнасць.

Звяртаў ўвагу на шыкоўны, са шкла і пластыку, павільён працягласцю метраў трыццаць. У ім месцяцца тры магазіны па продажу фруктаў і кандытарскіх вырабаў. На дзвярах у кожным аршыннымі літарамі вы-пісаны запрашэнні, ад якіх разанула душу расейская глыбінка з-пад Волагды ці Кастрамы: "Добро пожаловать!" Заходжу ў адзін з іх, раблю заўвагу прадаўшчыцы, маладой жанчы-не, што не варта было выпісваць на дзвярах чу-жыя запрашэнні, калі ёсць свае, беларускія.

- А какие, назовите, - адказвае жанчына.

-"Сардэчна запрашаем", альбо "Калі ласка да нас".

Яна ў адказ усміхаецца і адказвае, што ёй усё роўна, на "каком языке разговаривать". І дадае: "Вы, вижу, националист". "Так,- адказваю, я патрыёт сваёй незалежнай краіны. Люблю родную мову - чаго і вам жадаю". І прашу пасадзейнічаць, каб яе гаспадар - прад-прымальнік сцёр расейскае запрашэнне і напісаў наша, беларускае. Яна кіўнула галавой, і мы развіталіся. Праз тыдзень я зноў зайшоў туды - усё засталося без зменаў! Падумаў: на Украіне, убачыўшы такія расейскамоўныя "выбрыкі" у рэкламе гэтыя шкляныя дзверы пабілі б. А тут - ціш і гладзь. Усім, хто праходзіць міма, у думках адно, як бы патаней адшукаць заморскія фрукты. Ды што там рынак з ягонай чужамоўнай рэкламай, калі амаль усе члены мясцовага літаратурнага аб'яднання "Случ" пішуць свае вершы для раёнкі часцей за ўсё па-расейску, хоць газета і беларускамоўная. Нядаўна члены суполкі, а гэта пераважна вучні старэйшых класаў, пенсіянеры, ладзілі сустрэчу з вайс-коўцамі асобай чыгуначнай брыгады, што базуецца у Слуцку. Са сцэны чыталі вершы аб каханні, любові да роднага горада і яго людзей. На расейскай мове. І гэта ў раёне, адкуль у мінулым стагоддзі ўвайшло ў беларускую літаратуру больш за 20 пісьменнікаў, і ўсе яны вядома пісалі і пішуць свае творы, прозу і вершы, па-беларуску: Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Крушына, Васіль Вітка. Алена Васілевіч, Антось Мурашка, Алесь Жук, Галіна Каржа-неўская, Уладзімір Паўлаў, Павел Місько, і іншыя. На іх, як бачна, суполка "Случ" не раўняецца.

... Нядаўна ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, куды паступаюць па падпісцы літа-ратурныя часопісы "Дзеяслоў", "Маладосць", "Полымя", пацікавіўся, хто чытае іх, які попыт у моладзі. Адказ ашаламіў: аказваецца, часопіс "Дзеяслоў", дзе друкуюцца знакамітыя нашы літаратары з Саюзу беларускіх пісьменнікаў, бяруць толькі ... два пенсіянеры. Ды яшчэ сёй-той з бібліятэкарак. А на астатнія два, што выдаюцца Саюзам пісьменнікаў Беларусі з дзяржаўнага бюджэту, попыту навогул няма. першым хто ўзяў "Маладосць" №1 за гэты год, каб пачытаць раман беларускіх пісьменнікаў Максіма Клімковіча і Уладзіміра Сцяпана, "Цень Анёла", які атрымаў высокую ацэнку ў беларусаў, што пражываюць у Маскве, быў аўтар гэтых радкоў. А дома, яго, на жаль, чытачы не заўважылі. Трывожны сігнал!

Мікола Кутнявецкі, Слуцк.


Па слядах Літвы

Літва!-родная зямелька, ты маўляў здароўе! Той цябе ашанцуе, каму безгалоўе,

Хто быў калісь на ніўцы тваёй, як у раі...

А.Міцкевіч.

Ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны гэта як ведаць сябе. Я не сумняваюсь у тым, што павярхоўнае, простае, скажоннае трактаванне гісторыі не толькі ў нас, але і ўсімі нашымі краінамісуседзямі замацоўвае ў рэгіёне нестабільнасць, агмень якой можа знаходэіцца ў асобна ўзятай краіне. Беларусі гэта датычыць асабліва, нельга не ўспомніць і Расію, з яе закамплексаваным ўспрыняццем гісторыі. Немавіта і гэтая акалічнасць штурхае гэтыя дзве краіны да так званага саюзу. Мае меркаванні, хоць трохі і са спазненнем, ёсць рэакцыя на артыкул «Па слядах літвы» Здзіслава Сіцькі ў шаноўнай газеце. Лічу твор навуковай, лагічна збалансаванай тэорыяй вельмі важнага кавалка гісторыі нашай краіны. Я сам не гісторык, але ніколі не прапускаў магчымасці пашырыць свае веды і свой унутранны свет праз больш дэталёвае і аб'ектыўнае пазнанне сваёй гісторыі. 3 самага пачатку вывучэння гіторыі Беларусі мяне вельмі цікавіла пытанне паходжання, як я мяркую, таямнічых ліцвінскіх плямёнаў. Раней, пад час панавання савецкай гісторыі, ды і ў сучаснай афіцыйнай гістарычнай навуцы, у даступнай даля массавага чытача форме, не было і няма дакладнага тлумачэння ні аб культуры ліцвінаў, якія ў іх былі мова, традыцыі, культавыя адносіны, спосабы пахавання, і ўвогуле, адкуль і калі яны з'явіліся, у дадатак, блытаніна з паходжаннем назвы «ліцвіны» і г.д.? Калі дапусціць, што ліцвіны, як і славянскія плямёны пасяліліся на тэрыторыі Беларусі з вельмі даўніх часоў, то паўстае пытанне адкуль ліцвіны ўзялі досвед дзяржаўнага будаўніцтва, ваярскіх спраў, чаму не датычыў гэты працэс славянскіх плямёнаў, якія стала пражывалі тут, культура якіх была вышэй за культуру балцкіх плямёнаў? Мяркуем, што досвед прыйшоў з доўгім часам самаразвіцця. Але такія рэчы ў гісторыі чалавецтва не праходзяць нябачна. Такі народ пакідае шмат сведчанняў сваёй дзейнасці, як прыклад гісторыя старажытнага Рыма. Такой гісторыі ў нашым рэгіёне мы не ведаем. Усё сведчыць пра тое, што досвед прыйшоў звонку. Таямнічымі здаваліся і стасункі паміж славянскім насельніцтвам і, умоўна назавём, ліцвінскімі плямёнамі. Славяне, якія па ўзроўні развіцця стаялі вышэй за астатняе насельніцтва рэгіёна, не маглі так проста даверыць будаваць сваю дзяржаву выхадцам з іншых народаў, асабліва тым якія мелі іншую культуру, мову, і г.д. Значыць актыўна ўдзельнічаць ў станаўленні дзяржавы маглі толькі блізкія па паходжанні, і ўсяму астатняму, прышлыя звонку плямёны і падобна, што гэта і сапраўды маглі быць нашчадкі палабскіх славян. У іх блізкая, што да асноўнага насельніцтва, мова, вялікі арганізацыйны і баявы досвед, здабытыя ў супрацьстаянні, з даволі арганізаваным, на той час, пад уплывам хрысціянскай веры, суседамгерманцамі, ці проста жывучы па суседству ў межах культурніцкагандлёвага абмену. Адсюль і моўнакультурніцкія асабістасці перасяленцаў з заходнееўрапейскім адценкам, якія праяўляліся, напрыклад, у прозвішчах. Хучэй за ўсё перасяленцы адрозніваліся большым тэмпераментам, прадпрымальнасцю, што характэрна для народаў, якія прайшлі працяглы шлях міграцыі, ставячы пры гэтым чола цяжкасцям адаптавання ў новых умовах. Гэта таксама стала падставай заангажаванасці іх у будаўніцтве дзяржавы ВКЛ. Тое, што беларуская нацыя атрымала ў спадчыну ад палабскіх славян гэта скарб. За час нашай трагічнай гісторый мы часткова страцілі яго, штосці скрадзена. На жаль сучасны беларус свой нацыянальны virtus прамяняў на хлуслівае жыццё чалавечка ў футляры, на спаборніцтва «шчураў» у пагоні за пажыткамі, на страх за жалосныя пажыткі, страта якіх больш каштуе для яго, чым свабода і адраджэнне самога сябе. Дарэчы, астатняе абагачае чалавека не толькі ўнутранна але і матэраяльна. Але зусім не страчана спадчына ліцвінаўбеларусаў, далёка ў душы, у генах яна жаве і чакае сваёй Славы. Мы павінны адрадзіць наш ліцвінскабеларускі баявы дух, дзеля мірнага ўжывання, каб паставіць заслон нашым нацыянальным слабасцям, на якіх жыруюць цёмныя сілы, а калі трэба і абараніць Бацькаўшчыну, слабых і неабароненых, як калісьці нашы продкі.

Virtus (лат.)- ахвярнасць, доблесць у імя Бацькаўшчыны.

Алег Рамашкевіч.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Кандратовіч Ян Янавіч Талкачыкава Кацярына Ал. Калеснікава Алена Уладзім. Жабінская Марыя Пятроўна Навасельская Таццяна Уладз. Майсеня Людміла Іосіфаўна Коўган Сяргей Яўгенавіч Праўдзін Віктар Аляксандр. Бушлякоў Юрась Сямёнавіч Кароль Аляксей Сцяпанавіч Александровіч Разалія Адам. Петрашкевіч Алесь Лявон. Рычык Васіль Анатольевіч Цітоў Леанід Сцяпанавіч Астахновіч Андрэй Казімір. Каляда Ніна Фёдараўна Міцкевіч Яўгеній Фаміч Натынчык Уладзімір Алякс. Грышкевіч Кірыла Уладзім. Міцкевіч Яўген Фаміч Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Грумо Зміцер Шык Кірыл Іванавіч Калацкая Вольга Харанека Святлана Станісл. Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Радзюк Алена Іванаўна Жукоўская Таццяна Яўген. Дзяконскі Аляксандр Алякс. Чухліб Наталля Нікіпорчык Віктар Паўлініч Валерый Валер. Лагун Вольга Эдвардаўна Шарыпкін Генадзь Салговіч Вольга Віктараўны Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Пуцікаў Ілля Сяліцкая Рыта Станевіч Юрый Кудрашоў Віктар Карцель Настасься Лапо Аляксандр Іванавіч Тырсін Васіль Анатольевіч Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Азарка Вольга Уадзіміраўна Шуткін Сяргей Сяргеевія Богуш Святлана Яўгенаўна Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кандрацьеў Андрэй Васіл. Бордак Уладзімір Адамавіч Счасная Нэлі Пятроўна Алесіна Таццяна Міхайлаўна Кравец Дзмітрый Юр'евіч Кляшторная Мая Тодараўна Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Міцкевіч Кастусь Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Васілеўская Кацярына Валіцкая Іна Яцыновіч Святлана Іванова Анфіса Міхайлаўна Жураўлёва Таццяна Сярг. Лук'янцаў Кірыла Шахаб Дар'ян


Беларускамоўная старонка з'явілася на афіцыйным сайце Лідскага райвыканкаму lida.tut.by

Асноўнай мовай афіцыйнага сайта Лідскага райвыканкаму, як і многіх, калі не ўсіх, іншых райвыканканкамаў з'яўляецца руская мова. Беларуская мова на лідскім сайце прысут-нічала ў раздзеле "Культура", дзе па-беларуску зроблены анонсы мастацкіх калектываў раёна.

На мінулым тыдні з ініцыятывы намес-ніка старшыні Лідскага райвыканкаму І.А. Клімовіча беларускамоўная старонка з'явілася ў раздзеле "Прамысловасць".

Асноўная інфармацыя ў раздзеле "Пра-мысловасць" таксама падаецца па-руску, але тут дадаткова былі створаны англійская, нямецкая, італьянская і кітайская старонкі. І вось з'явілася беларуская. Прыкра, што беларуская старонка з'явілася пасля кітайскай, але добра, што яна з'явілася наогул.

На старонцы пададзены вынікі Між-народнай прамысловай выставы і Міжнароднага эканамічнага форума "Ліда-рэгіён-2007", а таксама зроблены анонс выставы і форума "Ліда-рэгіён-2008". Аднак найбольш цікавай часткай з'яўляецца інфармацыя пра інвесты-цыйны патэнцыял Лідскага раёна. Лідчына цяпер кліча інвестараў і па-беларуску.

Наш кар.


Як пісалі дыктоўку ў Віцебску

Першая агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у Віцебску, як і ў шмат якіх іншых гарадах і вёсках не прайшла гладка і проста.

Дыктоўку планавалася правесці ў абласной бібліятэцы імя Леніна, але была атрымана адмова ад дырэктара бібліятэкі Аляксандра Сёмкіна. Не атрымаўшы магчымасці правесці дыктоўку масава і ў адным месцы віцябляне акцыю раздрабілі.

17 сакавіка дыктоўка праведзена на офісе партыі БНФ. Гэта адбывалася на пашыраным пасяджэнні гарадской Рады партыі БНФ - прынялі ўдзел 12 сяброў Рады і прысутныя сябры партыі.

20 сакавіка дыктоўку правяла моладзь БНФ.

23 сакавіка старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны адчыніў для ўсіх ахвочых дзверы сваёй кватэры.

Барыс Хамайда пісаў дыктоўку на плошчы Свабоды ў атачэнні міліцыі.

Вялікай масавасці ў гэтых варунках дасягнуць не ўдалося, але тым не менш дыктоўка адбылася, бо віцябляне хацелі яе правесці.

Наш кар.

На здымку: дыктоўка ў кватэры І. Навумчыка.


Дапаможам ТБМ!

Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы! Да Вас звяртаецца сакратарыят ТБМ з просьбаю аб дапамозе.

Паводле новага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 24 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павышаецца ў 10 разоў і дасягне 846,5 еўра ў месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі.

Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў Адміністрацыю і Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ранейшы кошт арэнды, 16 красавіка мы атрымалі адмоўны адказ.

Такое грамадскае аб'яднанне, як ТБМ, мэта дзейнасці якога садзейнічанне набыццю беларускай мовай рэальнага статуса дзяржаўнай, не надта патрэбнае сённяшняй уладзе, бо размаўляць і працаваць на роднай мове тытульнай нацыі краіны яна ўпарта не жадае, ігнаруючы тым самым асноўны закон краіны - Канстытуцыю.

Для таго каб утрымаць сядзібу арганізацыі ў Менску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 5 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і складак сяброў і прыхільнікаў ТБМ. Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго адну тысячу рублёў, наша арганізацыя не загіне і ў каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на выратаванне ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце "Наша слова", што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзян за права "людзьмі звацца".

Мы просім беларускіх журналістаў праявіць салідарнасць і давесці наш заклік да грамадзян Беларусі.

Рахунак ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" №3015212330014 ў Гардырэкцыі ААТ "Белінвестбанка", код 764.

Прыняты на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 22 красавіка 2008 г.


Да патрыётаў!

Паважаныя сябры!

На днях мне папанавалі падпісацца пад лістом-зваротам да высокіх начальнікаў з просьбай, каб яны зменшылі аплату за офіс Таварыства беларускай мовы (ТБМ) у Менску. Зразумела, 3000000 бел. рублёў у месяц, гэта немалыя грошы. Але да каго мы звяртаемся па дапамогу? Да тых, каму пастаўлена задача прыкончыць беларускую мову. Можа я памыляюся, але дарэмна ад іх чакаць дапамогі.

Як былы настаўнік матэматыкі, я падлічыў, што калі 3000000 раздзяліць на 150 (прыблізна столькі раёнаў у Беларусі), то атрымаецца 20000, гэта значыць, 20000 на раён у месяц. Людцы мае, у нашых продкаў быў добры звычай: талакой будаваць хату або выконваць якую іншую вялікую работу.

Давайце ж і мы талакой будзем утрымліваць сядзібу ТБМ у Менску. Няўжо ў раёне не знойдуцца патрыёты (не абавязкова сябры ТБМ) і не ахвяруюць гэтыя 20000 з раёна на рахунак ТБМ імя Ф. Скарыны (УНП 100129705, асабовы рахунак 764, р/р 3015212330014 у Менскай гарадской дырэкцыі ААТ "Белінвест банка").

Каб не быць галаслоўным, ахвярую 100000 рублёў на першыя 5 месяцаў для ўтрымання сядзібы. Заклікаю ўсіх людзей добрай волі дапамагчы ТБМ у гэты змрочны час, каб не знік цэнтр, вакол якога групуецца беларускамоўнае грамадства.

Ды паможа нам Бог! Жыве Беларусь!

Мар'ян Місевіч, сябра Падсвільскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны.


Іскры Алімпіяды

Апавяданне

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Двое мужчын на ёй махалі рукамі, пакіўваліся целам, дыхалі - страла не чула двое на ёй самі сталі стралою.

Стадыён не апладаваў, не крычаў - раптам замёр. Ад здзіву, захаплення, ад убачанага творанага на вачах цуда. Стадыён прылучаўся не да творчасці - Божай іскры.

Тут не было балельшчыкаў футболу і тэнісу, боксу і шахматаў, на трыбунах былі звязаныя з веславаннем людзі - весляры ці блізкія весляроў. Трыбуны ведалі, як цяжка, немаладу як цяжка пусціць доўгую пяцімятровую лодку стралою. Чалавек не машына, вось-вось сарвуцца гэтыя двое, скіўнецца ўбок лодка, паляціць вадзяны веер пырскаў з-пад якога вясла - і страла стане лодкаю, як восем астатніх за спіною.

Зрыву ў беларусаў не было. Лётнасць набірала імклівы.

Звіняць цішынёю тры-буны. Нечакана паравы кацёл трыбун пачынае закіпаць велічным гудам. Перад закіпам у катле ўсхліпвае, завывае шум-лівая пара.

Адрыў першай лодкі ад рэшты павялічваецца. Два метры адрыву яе ад супернікаў, чатыры. Корпус. Два корпусы лодкі.

У заграбнога Радзюка няма могі ўздыхнуць і выдыхнуць. Няма сілы касануць вокам, упэўніцца, дзе хто.

Сінхроннасць рухаў у дваіх беларусаў ўзрастае. Як і сіла захопу вады, сіла грабка. Лодка становіцца абперанаю стралою.

Штодзённая, нябачная, вымотвальная, да поту, гадамі, праца пералілася ў сёняшнюю палётнасць. Стралавіднасць. Калі б адзін з дваіх пажадаў збавіць тэмп, парушыць гарманічнае суладдзе лёту, без дадатковых намаганняў не змог бы. Астрал не дараваў бы, што разбурылі высокую прыгажосць. Як не даруе Зямля хамам, што плююць на яе.

- Сцёпа! Сця-а... А-а-н! - стогне заграбны.

Наперад, беларусы! Наперад!

Павялічыць тэмп нельга, болей павялічваць тэмп небяспечна. Сарвуцца. Хоць бы вытрымаць цяперашні на працягу хвіліны, адной толькі засталай хвіліны.

Мінае дзесяць секунд, яшчэ дзесяць. Двое матыку-юць вадзяную роўнядзь з грунтоўнай раўнамернасцю жняяркі, дыхтоўнасцю ўрубавага шахцёрскага камбайна ў Салігорску.

Радзюк не бачыць фінішу. Так матор самалёта не бачыць аэрадром, не чуе зніжэння вышыні. Магутныя, грукатныя ўзрывы трыбун не даходзяць да заграбнога.

Экстаз перамогі праяўляецца не пасля бітвы - у час яе. Радзюк павялічвае і павялічвае тэмп. Нібы баіцца, што адсталыя не на дзесяць санты-метраў, не на метр, -на добрыя дзве даўжыні лодкі нечакана прыблізяцца.

Не чуе фінішавага гонгу. Рык Сцяпана - "Перамо-га!" - супыняе мускульную машыну.

З воч абодвух сыплюцца каляровыя шарыкі, іскры, плыве ружовы туман. Яшчэ б крыху гонкі, і дужыя карыдныя бугаі маглі ўпасці, а то і страціць свядомасць, як бывае з многімі спартсменамі на фінішах.

Амаль тры секунды яны выйгралі ў італьянцаў, срэбных прызёраў, і венграў, бронзавых. Італьянскія весляры ў венгерскіх выйгралі 0,12 секунды.

Спорт вялікіх - гэта цярпенне, вынослівасць, лоў-касць, і мужнасць, мэтанакіраваная мужнасць, яднаная з удачаю і выпадкам. Няма ўда-чы, не памог выпадак - і можаш пралятаць і залятаць, ніколі не выйграваць. Сёння беларускім канаістам Радзюку і Корзуну пашанцавала. Яны сталі першымі беларускімі залатымі Алімпіёнікамі.

Перад Алімпіядай у Кліма Радзюка з раздзявальні зборнай СССР сцягнулі пінжак з значком "Майстар спорту СССР". Такі знак паўторна нікому не выдаюць. Збыліся прароцкія словы выдатнага трэнера зборнай Іпаліта Рагаў-цова. Клім Радзюк заваяваў лепшы знак -"Заслужаны майстар спорту СССР". Яго неўзабаве пасля залатога дваццаць дзевятага жніўня на сходзе зборнай уручыў старшыня Дзяржкамспорту краіны Мікалай Раманаў.

Усіх спартсменаў і трэ-нераў, дапамогавы персанал адразу пасля выступленняў вярталі ў СССР. Краіна-гігант бедная. Як заўжды было пасля вялікага кастрычніка. Сёлета для асобных залатых алімпіёнікаў зрабілі выключэнне. Два беларускія канаісты засталіся ў Старажытным Рыме. Але і іх, лепшых з лепшых, на ўрачыстае закрыццё семнаццатай Алімпіяды не пакінулі. Няма грошай на ўваходныя білеты.

У Шарамецьеве іх сустракалі, ціснулі рукі, дарылі кветкі. Праз колькі дзён быў парад на стадыёне імя Леніна.

На ўрадавым прыёме ў гонар алімпійцаў Кліму Радзю-ку і Сцяпану Корзуну запамяталася, як міністр абароны Маршал Радзіён Маліноўскі пад адабральныя воклічы пад-няў самага моцнага чалавека планеты Зямля - цяжкаатлета Юрыя Уласава.

V

Алімпіяды зорныя агні іскраць у сэрцах узрушаных слухачоў.

- Хто не заваяваў медаль, адразу адпраўлялі ў СССР? - Марыя Пінчук з нежаночай прамізною закратвае самае важнае для годнасці чалавека.

- Хто заваяваў срэбны ці бронзавы, адразу ад-праўлялі ў СССР. Нават залатых не ўсіх пакідалі. Грошай на жыццё спартсменаў ў Рыме дзяржава не мае, так нам казалі. Так заўсёды, на ўсіх спабор-ніцтвах, любых. Усё норма. Нашы ўсе памоўчваюць. Мо некалі бядняцтва закончыцца, - выбачаюцца Алімпіёнікі за дзяржаву, другую ў свеце па магутнасці і першую па патэнцыяльных багаццях нетраў і духоўнай сіле народа.

Расчуленыя занава перажытымі спаборніцтвамі, сціхотнай увагай слухачоў, нечаканымі пытаннямі спарт-смены выказваюцца болей шчыра, чым звычайна, чым вымагае жыццёвая разліковая асцярога.

Слухачы сардэчна выдзякваюцца.

На бліжэйшым вялікім супынку Іван Макарэня забя-гае да дзяжурнага на станцыі. Тэлеграфуе ў Мінск. "З намі едуць Алімпійскія чампіёны Радзюк і Корзун. Білетаў ім у Маскве не выдалі. Едуць у маім купэ, бясплатна. Хлопцы надламаныя абыякаўствам чынавенства спарткамітэтаў СССР, БССР. Добра было б Алімпіёнікаў сустрэць, як заслугоўваюць героі. Цягнік прыбывае ў Мінск паводле раскладу".

У Оршы начальніку цягніка перадалі тэлеграму: "Сустрэча арганізавана. Нічога не гаварыць алімпійцам".


Метраў за трыста да вакзала пасажырскі не едзе. Паўзе. У вокнах мільгацяць хлопцы, дзяўчаты, жанчыны. Усе з кветкамі. Многія з сця-гамі. Размахваюць.

Крыкі "УРА! Слава!"

- У цягніку нехта з урадавай замежнай дэлегацыі, - мікіціць Сцяпан Корзун.

- Няма такой дэлегацыі, - пярэчыць начальнік цягніка, - для такіх даюць асобныя вагоны.

- Нездарэмніцы ж народ тоўпіцца, - утульвае плечы Марыя Пінчук.

Сустраканцы бягуць паралельна вагонам. Музыка. Кветкі ляцяць у вакно Алімпіёнікаў.

- Здзяцінеў народ. Пры чым тутака мы... - і раптам навекі звязаныя, зродненыя гэтаю перамогаю сябры бачаць транспаранты "Слава беларускім Алімпійскім чампіёнам". Ніякавеюць. Абодва папраўляюць кароткія прычоскі, абцягваюць курткі, стражэюць тварамі.

- Медалі наверх. Даставайце з-пад майкаў, - у Івана Макарэні зноў вільгатнеюць добрыя вочы.

Чырвоны дыван ад вагона да вакзала. Усаромленых чампіёнаў з дружным смехам правадніцы падпіхваюць у спіну. Выходзьце першыя. Вас чакаюць. Хлопцы разгубленыя, як у часе ўпрошвання перад пасадкаю ў Маскве.

- Ідзіце, браткі. З Богам, - Іван Макарэня нашыркі адчыняе тамбур.

Родная беларуская зя-мля вітала герояў Алімпіяды аркестрам, сцягамі, кветкамі, крыкамі захаплення. Абдым-камі. Прамовамі.

Пасажыры ўсё ўспрымалі як належнае, даўно задуманае, умела выконванае. Адрэпетаванае.

Праз дзень у Мінску і Маскве напішуць пра выдатную сустрэчу двух алімпійцаў у Мінску грамадскасцю, спартыўнымі ўстановамі. Усё тут было зараней прадумана. Дзяржава не забывае сваіх герояў. Ніхто не згадае, не здагадаецца сказаць цяпер і пасля, што зняў прывычную савецкую кос-насць такі ж самаахвярнік, як і Алімпійскія чампіёны - нікому невядомы начальнік цягніка Іван Станіслававіч Макарэня.

Цяпер ён стаяў вусцішны, невясёлы. Асобныя правадніцы разумелі хто і як арганізаваў годнае вітанне годных людзей. Падыходзілі да ўгаротненага Макарэні, загаворвалі.

Першыя беларускія Алімпійскія чампіёны сёняшнюю сустрэчу запамятаюць навекі, як і нядаўняй Алімпіяды зорныя агні. Пра матор сустрэчы у Мінску, яе прычыну здагадаюцца пасля. А пакуль ішлі па чырвоным дыване да падрыхтаваных аўто, слухалі музыку. Усміхаліся. Грэліся ў заслужаных іскрах славы Алімпійскай.

VI

З Мінску Алімпіёнікі раз'ехаліся, кожны ў свой горад. Клім Радзюк паехаў цягніком разам з мясцовым, даўно знаёмым трэнерам.

На вакзале Алімпійскага героя сустракалі сваякі, кіраўнікі спартыўных тава-рыстваў, сябры, адміністратары. 3алатому медалісту горад зрабіў ласку: блізкія паехалі хто на чым долеў - на аўтобусах, тралейбусах, а знат-наму спартсмену выдзелілі машыну хуткай дапамогі.

Смяшней не прыдумаеш. Вітаюць, абдымаюць, укветваюць, кажуць высокія цёплыя словы, а падвезці першага беларускага залатога Алімпіёніка да старой маці абласному цэнтру няма на чым.

Некалі для ўрачыстага ўезду Алімпіёніка на любым уездзе разбіралі гарадскія цесныя сцены, дарогу ўсцілалі дыванамі, кветкамі. Сустракаць выходзілі ўсе гараджане. У сівой грэчаскай старажытнасці пераможцу вызвалялі на ўсё жыццё ад падаткаў, выбіралі на вышэйшыя пасады полісаў і магістратаў, бясплатна выдзялялі месца на ўсе відовішчы, маглі карміць за дзяржаўны кошт.

Тагачаснасці не ведалі савецкія абласныя кіраўнічкі, як не ведалі цяпершчыны. Пагадзіншчыкі жылі дадзенай хвілінай і ўказаннямі. А тут указанняў зверху не было, вось і не раздабыліся якім недабіткам-легкавіком.

У лепшых на свеце савецкіх гарадскіх і спартыўных адміністратараў не знайшлося свайго празорцы кшталту Івана Макарэні, які б падказаў што і як рабіць. Папіхічы самі рэдка могуць адважыцца на ініцыятыву.

Дрэнная прыкмета, вяртацца дадому на карэце хуткай дапамогі. Клім Радзюк не звярнуў на транспарт увагі. Як і многія, асабліва маладзёны, ён пачаў верыць у вялікую сілу і значнасць прыкметы з пасталеннем.

Задаволены махаў рукамі з вакна хуткай дапамогі, радасна ўсміхаўся. Не ведаў, што менавіта адсюль у яго пачнуцца этапы спартыўных няўдач і праблем.

Чакаў сустрэчы з маці. Шчаслівы дзякаваў спорту, радаваўся ўдачы, поспеху. Хлопец не ведаў, што слава не адно грэе і шчаслівіць.

У яго і дружбацкага напарніка наперадзе будзе шмат дарог, спартыўных і жыццёвых, сумесных і паасоб-ных. Сёння Клім Радзюк упершыню пераканаўся, іскры Алімпіяды могуць не толькі саграваць, усцешваць - пякуць таксама.

Чэрвень, 1976 - чэрвень - жнівень, 2004.

Валер Санько


Нямко

У нейкай далёкай - далёкай краіне, сярод рэк і балацін, векавых пушчаў і стромкіх берагоў жыў народ белагудаў, нашчадкаў Сіварога. Зямля была багатая. Рыбы ў рэках кішэла уторкні палку так і стаяць застанецца. Звяроў, птушак не злічыць. Зямля хоць на хлеб намазвай. Лясы моцныя, высокія, неабсяжныя. Шмат ахвотнікаў было на землях гэтых правіць, на пасадзе княжацкім сядзець. Шмат бітваў і войнаў па зямлі гэтай пракаціліся. Шмат гора бачылі блакітныя вочы азёраў. Не злічоная колькасць курганоў пакрыла зямлю.

У адной з такіх войнаў узялі ў палон Гаворку. Быў ён тады яшчэ малады, толькітолькі вус вылез. Пагналі яго разам з усім палонам далёка на ўсход. Шмат часу ўцякло, шмат вёснаў зышло, і вось, вярнуўся Гаворка на радзіму. Быў ён у далёкай краіне рабомхалопам пры сваім гаспадары, там і справе шавецкай навучыўся. За ціхмяны характар, за тое , што выконваў усе жаданні гаспадара адпусцілі яго на волю - а ён і сам не рады быў. У далёкай старане не было ў яго дзе галаву прыткнуць. Ды і забыўся ён, што такое воля. Працаваў на гаспадара, трымаў і пабоі, і абразу, але і галодны не быў. А калі на выхадах у горад нёс за гаспадаром яго меч, упрыгожаны каштоўным каменнем адчуваў гонар за моц і ўладу свайго пана. А тут непатрэбны стаў. І некуды падацца. І паплёўся ён на радзіму дзе хоць родзічы нейкія засталіся.

Прыйшоў Гаворка ў родную вёску, даў цівун яму шматок зямелькі, талакою і хату паставілі. Працавіты быў Гаворка, і справай шавецкай займаўся, і зямлю араў, паступова на ногі стаў. Ды не заладзілася ў яго з суседзямі. Пажыўшы ў другой краіне, ды ў горадзе вялікім, забыўся Гаворка на родную мову. У рабстве, спачатку білі яго каб не размаўляў чужою моваю, а потым і сам прызвычаіўся, прыцярпеўся, сам новыя словы вывучаў. А на радзіму вярнуўшыся пагарджаць моваю роднаю стаў, не прызнаў яе. Не ўсе ў вёсцы разумелі яго. А Гаворка і вяскоўцамі пагарджаць стаў - вышэй сябе лічыў. Так паступова і тыя ад яго адвярнуліся, нават і не размаўлялі пры сустрэчы. А Гаворка і сам не імкнуўся - чужое тут для яго ўсё было.

Час ішоў, а Гаворка так і не згадзіўся на мове роднай размаўляць. Так сам сабе і жыў. Гадамі не размаўляў ні з кім. Прыйдзе бывала на кірмаш - яму гавораць нешта, а ён не разумее. Ён нешта гаварыць спрабуе, а яго не разумеюць. Так паступова развучыўся ён і наогул гаварыць. І празвалі людзі яго - Нямко.

Алесь Рыбачонак.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX