Папярэдняя старонка: 2008

№ 23 (862) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 23 (862) 4 ЧЭРВЕНЯ 2008 г.


Мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Брыля

27.05.2008 на доме № 78 па праспекце Машэрава ( былой вуліцы Дразда , 8) адкрылася мемарыяльная дошка ў гонар славутага беларускага пісьменніка Янкі Брыля . У гэтым доме Янка Брыль жыў апошнія дванаццаць гадоў. Адным з ініцыятараў устаноўкі мемарыяльнай дошкі было ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі некалькі сябраў прыўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі - Міхась Пазнякоў, Яўген Каршукоў, а таксама даследчык творчасці Янкі Брыля, прафесар Дзмітрый Бугаёў, чыноўнікі Менгарвыканкаму.

Літаратуразнаўца, прафесар Дзмітрый Бугаёў жыў з класікам у адным пад'ездзе:

У яго самымі блізкімі сябрамі былі Алесь Адамовіч, Уладзімір Калеснік, Фёдар Янкоўскі. Брыль зачароўваў сваёй інтэлігентнасцю, далікатнасцю, дасведчанасцю, дзе б ён ні быў - ён заўсёды быў душой кампаніі, як кажуць, выкшталцоны чалавек. Па майстэртву слова, па любові да беларускага слова, па ўменні гэтае слова аграніць так, каб яно зіхацела ўсімі сваімі гранямі мала хто можа параўнацца з Янкам Брылём.

Васіль Саковіч узгадаў, як Янка Брыль працаваў у часопісе "Вожык", а ў гады вайны пісаў у газетуплакат "Раздавім фашысцкую гадзіну". Саковіч прачытаў сваё прысвячэнне Янку Брылю да 85годдзя пісьменніка:

"Нібы маг, з брыля ізноў

дастае ён лоўка

Не зайцоў, не галубоў -

творчыя абноўкі.

Птушкі з гнёздаў чарадой

кружацца над хатай,

У Брыля любой парой

шмат задум крылатых.

Ён, відаць, і без брыля

найвысокі самы.

Жыць без творчасці Брыля -

як душы бяз храму".

На адкрыццё мемарыяльнай дошкі не запрасілі ніводнага сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, у якім да канца сваіх дзён заставаўся Янка Брыль.


Беларускамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны

23 траўня ў Менску прайшла асамблея "Беларускамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны" прадстаўнікоў двух грамадскіх аб'яднанняў "Таварыства беларускай школы" і "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". З аднайменным дакладам выступіў старшыня РГА "ТБШ" Алесь Лозка. У абмеркаванні яго прынялі ўдзел Алег Трусаў (ТБМ), Тамара Мацкевіч (ТБШ), Алесь Сядзяка (настаўнік, Менск), Язэп Стэфановіч (прафесар, НАН), Тацяна Канопкіна (ТБШ, Гародня), Уладзімір Колас (педагог, рэжысёр), Віцук Вячорка (БНФ), Алена Анісім (Інстытут мовазнаўства НАН) і інш.

Удзельнікі прынялі наступную заяву (падаецца далей).

Затым адбылася VII справаздачна-выбарная асамблея Таварыства беларускай школы. Кіраўніком яго зноў абраны педагог і фалькларыст А. Лозка, намеснікамі - А. Сядзяка (настаўнік), М. Чарняўскі (кандыдат гістарычных навук, археолаг НАН), Т. Мацкевіч (ТБШ).

ЗАЯВА

асамблеі "Беларускамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны", праведзенай 23 траўня 2008 года грамадскімі аб'яднаннямі "Таварыства беларускай школы" і "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (скарочана)

Абмеркаваўшы стан навучання і выхавання ў адукацыйных установах краіны, прадстаўнікі дзвюх арганізацый канстатуюць, што апошнія 12 гадоў установы адукацыі краіны вымушаны працаваць ва ўмовах крайняй нестабільнасці.

1. Неапраўдана часта змяняюцца вучэбныя планы, праграмы, падручнікі . У канцы 90-х гадоў падставай для замены дапаможнікаў была наяўнасць у іх гістарычнага сімвалу, як, напрыклад, у "Буквары". Цяпер выключаюцца з праграмаў творы таленавітых, у тым ліку народных, пісьменнікаў. Прапануюць скасаваць - таксама шляхам неапраўданага злучэння ў адну - навучальныя дысцыпліны. Перадузятаму рэфармаванню найперш паддаюцца дысцыпліны, якія фармуюць патрыятызм, грамадзянскія пачуцці, маральныя якасці, эстэтычны густ: літаратура, гісторыя, мастацкая культура.

2. Дзеля г.зв. аптымізацыі зачыняюцца школы, ліцэі, ВНУ, сярод якіх установы, якія складалі гонар беларускай адукацыі, - Беларускі гуманітарны ліцэй з яго рэгіянальнымі філіямі і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

3. Неабгрунтаваная, амаль штогадовая змена правілаў прыёму ў ВНУ і размеркавання выпускнікоў стварае сітуацыю нераўнапраўя для абітурыентаў і выпускнікоў вышэйшай школы розных гадоў, прыводзіць да зніжэння якасці адбору будучых спецыялістаў, стварае нервовую атмасферу ў грамадстве ў цэлым.

4. Беларуская мова як мова навучання і выхавання , а таксама як прадмет надалей маргіналізуецца, дыскрымінуецца. Ствараюцца ўмовы для паслядоўнага скарачэння колькасці вучняў, якія займаюцца па-беларуску.

5. Пазбаўленне навучэнцкай моладзі, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, ільготаў на праезд сур'ёзна ўплывае на дабрабыт іхніх сем'яў, стварае дадатковае сацыяльнае напружанне. Да гэтай праблемы істотна дадаецца недахоп студэнцкіх інтэрнатаў.

6. Школы і ўніверсітэты пачынаюць выкарыстоўвацца як інструмент палітычнага ўціску. З ВНУ па надуманых прычынах нават выключаюць найбольш таленавітых і творчых студэнтаў з патрыятычнымі і дэмакратычнымі перакананнямі... Не на дэмакратызацыю і асобу працуе навязаная кантрактная сістэма, псеўдаграмадскія арганізацыі ў адукацыйных установах.

Пра глыбокі крызіс у адукацыйнай сферы сведчыць неадпаведнасць цяперашняй беларускай адукацыі еўрапейскім стандартам, яе недастатковая фінансавая падтрымка і жорсткі ідэалагічны ўціск. Сотні прафесіяналаў з'язджаюць на працу за мяжу. Моладзевая эміграцыя набыла самыя маштабныя памеры...

Асамблея настойліва рэкамендуе:

· Каб унікнуць паспешлівасці і новых памылак, Міністэрству адукацыі на працягу года правесці работу для асэнсавання і аналізу сітуацыі, навуковага і эканамічнага абгрунтавання і стварэння новай канцэпцыі развіцця беларускай адукацыі, угрунтаванай на нацыянальным і сусветным досведзе.

· Разумеючы найважнейшае значэнне нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, беларускай мовы, гуманітарных прадметаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці, адказнай за лёс краіны, у выхаванні высокіх чалавечых якасцяў, беларускага патрыятызму, адпаведна прадставіць у школьных вучэбных планах "Беларускую мову", "Беларускую літаратуру", "Гісторыю Беларусі", "Айчынную і сусветную мастацкую культуру", а таксама аднавіць экзамен па беларускай літаратуры.

· Усведамляючы, што людзі нараджаюцца з неаднолькавымі магчымасцямі і задаткамі, пазбягаць непедагагічнага прынцыпу "адзін капыл" пры стварэнні канцэпцыі размеркавання сістэмы класаў і тыпаў устаноў (паглыбленыя, профільныя; гімназіі, ліцэі і г.д.), зберагчы створаную і апрабаваную сетку гімназіяў, ліцэяў, ліцэйскіх класаў.

· З мэтай набліжэння нашай адукацыі да сусветных нормаў, росту яе прэстыжнасці ў грамадстве распрацаваць захады дзеля дапасавання сістэмы айчыннай адукацыі да Балонскага працэсу.

· Забяспечыць належны кантроль за выкананнем канстытуцыйных нормаў выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах рэспублікі, Пастановы Міністэрства адукацыі ад 27 жніўня 2002 г. "Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі".

Асамблея выступае з ініцыятывай правядзення сёлета Бацькоўскага Форуму з удзелам прадстаўнікоў бацькоўскіх радаў і бацькоўскіх камітэтаў школ краіны з мэтай абмеркавання планаванай рэформы адукацыі.


Лявон Баршчэўскі ў Магілёве, ці Прэзентацыя "Еўраслоўніка"

У нядзелю, 25 траўня, магілёўская гарадская філія ТБМ зладзіла творчую сустрэчу з Лявонам Баршчэўскім. Да гэтага мерапрыемства былі падрыхтаваны спецыяльныя запрашэнні і буклеты, якія раздаваліся ўсім прысутным. Прыезд сп. Баршчэўскага выклікаў ў магілёўцаў вялікую цікавасць. Бо паслухаць, паглядзець ці спытаць было што.

Усім было вядома, што Лявон Баршчэўскі на 10 з'ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 г. быў абраны старшынём Партыі. Але ён яшчэ вельмі цікавы і адукаваны чалавек.

Лявон Баршчэўскі - заснавальнік і намеснік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя, які зараз працуе нібы ў падполлі (быў юрыдычна зачынены ў 2003 г.). У 1985 годзе ён разам з Сяргеем Шупам стварыў у Менску клуб маладых перакладчыкаў "Бабілён", перакладаў Эсхіла, Кафку, Пятрарку, Брэхта, Бёля, Ленаў. Паводле ўласнага прызнання, паэзію перакладаў больш як з трыццаці моваў, а прозу - больш як з дзесяці. Бегла размаўляе на сямі мовах. Лявон Баршчэўскі - рэдактар серыі "Biblioteka białoruska", якая пачала выходзіць у 2006 г. ва Ўроцлаве ў Калегіюме Усходняй Еўропы. Ужо пабачылі свет кнігі: "Калі рукаюцца душы" Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, дзвюхмоўная кніга Андрэя Хадановіча "Свята Новага году", "Каханак Яе Вялікасці" Уладзіміра Арлова.

У нядзелю спадар Баршчэўскі прэзентаваў свой "Еўраслоўнік", у якім 28 моў і 100 тыс. адзінак перакладу. Аўтар падрабязна распавёў слухачам пра сваю працу над гэтым слоўнікам, пра структуру і змест гэтага выдання. Галоўнае, па словах сп. Баршчэўскага, тое, што гэты слоўнік павінен стаць базай для стварэння новых, больш дасканалых і падрабязных перакладных слоўнікаў. Таксама прысутным былі прэзентаваны кніжкі з серыі перакладаў беларускай класікі на польскую мову.

Размаўлялі слухачы з Лявонам Баршчэўскім на розныя тэмы: пра палітыку, пра адукацыю, пра літаратуру. І спадар Баршчэўскі выказаў меркаванне, што, хоць зараз кнігі, мастацкая літаратура аказваюць не такі моцны ўплыў на грамадства, як раней, але ўсё роўна - трэба звяртацца да мастацкага слова, трэба чытаць. І добрая, цікавая кніга калінекалі пераможа кампутарныя гульні і іншыя цацкі электроннага выгляду.

Дарэчы, у гэты дзень магілёўцы, хоць крыху і са спазненнем, але ўсё ж такі павіншавалі Л. Баршчэўскага з 50гадовым юбілеем. Кастусь Канцавы, музыка з гурта "Osimira", выканаў спецыяльна для юбіляра і ўсіх прысутных цудоўную бадзёрую кампазіцыю на дудзе.

Пасля сустрэчы ўсе ахвочыя мелі магчымасць набыць "Еўраслоўнік" і сфатаграфавацца разам з аўтарам.

Яўген Балбераў, Магілёў.


Нацыянальны Пантэон на вашым кампутары

Беларусы ў кіберпрасторы

Апошнім часам клуб "Спадчына", побач з асноўнымі кірункамі культурнаасветнай дзейнасці, распачаў вельмі актыўную працу ў інтэрнэтпрасторы. Гэта тлумачыцца тым, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць больш даступнымі шматлікія звесткі, іканаграфічны матэрыял, выявы таго ці іншага гістарычнага матэрыялу для тых, хто гэтым сапраўды цікавацца. І не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі.

Гэта добра разумеюць ў "Спадчыне", таму клуб мае ўжо некалькі сайтаў, якія адлюстроўваюць яго дзейнасць у Сусветным Павуцінні. Гэта сайты клуба "Спадчына". Важкім дадаткам да галоўнага інтэрнэтдаведніка клуба "Спадчына" яго сябрамі быў створаны яшчэ аднін мемарыяльны сайт, які прысвечаны памяці тых беларусаў, якія спрычыніліся да змагання нашага народна ў вызваленні ад каляніяльнага ярма, адстойвалі яго памкненні да нежалежнасці ў розныя гады мінулых стагоддзяў, хто стаў ахвярамі карнага сталінскага рэжыму. Гэты сайт названы "спадчынаўцамі" "Пакутнікі Беларусі".

Наступным крокам па асваенні "спадчынаўцамі" інтэрнэтпрасторы стала стварэнне сайта "Адраджэнцы Беларусі", які быў імі прысвечаны 90м угодкам абвешчання незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты сайт - першы з адраджэнцкай тэматыкай, змест якога абапіраеца на шматлікі мастацкі матэрыял, які захоўваецца ў Музеі выяўленчага мастацтва (Фонд Анатоля Белага) у Старых Дарогах. Аўтар яго электроннага ўвасаблення - вэбдызайнер Валерый Белазёраў.

Вось што можна прачытаць ва ўводным артыкуле, у якім аўтарамі сайта даецца больш поўнае абгрунтаванне яго мэтаў і задачаў: "Ну сапраўды, ці шмат мы ведаем пра тых беларусаў, якія стаялі ля вытокаў беларускага нацыянальнага руху - стваральнікаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (1902), якая ў наступным годзе стала называцца Беларускай Сацыялістычнай Грамадой? Кім былі гэтыя людзі, якія ўпершыню сфармулявалі і паставілі задачу здабыць незалежнасць для роднай Беларусі - А. Луцкевіч, І. Луцкевіч, К. Кастравіцкі, В. Іваноўскі, Ф. Стацкевіч, А. Уласаў, А. Пашкевіч, А. Бурбіс і іншыя беларускія дзеячы? Як данесці да сучаснікаў імёны тых, хто прыбліжаў Незалежнасць БНР, без якой не было б і БССР, і сённяшняй Рэспублікі Беларусь? Вось задача тых, хто годна адзначае ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР.

Гэтыя высакародныя мэты блізкія і сябрам культурнаасветнага клуба "Спадчына", якія з дапамогай розных даступных ім сродкаў (музейнага збору фонда Анатоля Белага, усталявання помнікаў на сядзібе гэтага музея, стварэння спецыялізаваных літаратурнамастацкіх выданняў і інтэрнэтсайтаў) імкнуцца данесці да як мага большай колькасці беларусаў звесткі пра тых айчынных дзеячоў, якія прысвяцілі сваё жыццё Адраджэнню беларускай нацыі: унеслі вялізарны ўнёсак у культуру, літаратуру і навуку Беларусі, спрыялі яе духоўнаму станаўленню. Але болей за ўсё ў гэты час важна аддаць даніну тым нацыянальнадзяржаўным і ваенным дзеячам, вучоным, літаратарам - сапраўдным патрыётам Беларусі, якія сваім талентам спрыялі абвяшчэнню і стварэнню нашай Першай Незалежнай Дзяржавы - БНР, прымалі гераічны ўдзел у барацьбе за адстойванне ідэалаў, якія дэкларавалі ў гістарычных Устаўных Граматах яе "айцызаснавальныікі".

Таму на старонках сайта размешана больш за 240 біяграфій дзеячоў Нацыянальнага Адраджэння, больш 400 твораў выўяленчага мастацтва - алейных і графічных партрэтаў, скульптурных твораў, барэльефаў і твораў медальернага мастацтва, якія ілюструюць жыццё і гераічны чын слынных беларускіх партыётаў. Структурна ўсе матэрыялы сайта размешчаны ў раздзелах "Змагары за Адраджэнне", "Нашаніўскі перыяд", "Духоўнае Адраджэнне", "Заходняя Беларусь", "Сучаснае Адраджэнне", "Спадчына". У раздзеле "Дадатковы матэрыял" можна пазнаёміцца з матэрыяламі, які распавядаюць пра мастакоў, творы якіх размяшчаюцца на сайце. Ёсць тут і фотаздымкі інтэр'ераў музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах. Просты і зразумелы вэбінтэрфэйс дапаможа інтэрнэткарыстальнікам хутка знайсці патрэбныя звесткі, партрэты ці выявы патрэбных мастцкіх твораў, а таксама іх скапіяваць на свой кампутар.

Старшыня клуба "Спадчына" Аантоль Яўхімавіч Белы падкрэслівае, што сайт "Адраджэнцы Беларусі" - сапраўдны электронны Пантэон дзеячоў беларускай культуры, гісторыі, у якім сабраны ўнікальны даведачны і іканаграфічны матэрыял, якім можа скарыстаццца і школьнік, і студэнт, і той, хто проста зацікаўлены айчыннай гісторыяй і культурай.

Як адзначаюць ініцыятары стварэння сайта на чале з А. Белым, дапрацоўка, рэалізацыя яго поўнай канцэпыці яшчэ не заверашана. Таму працы па ўдасканаленні інфармацыйнайга і мастацкага зместа, інтэрфэйса сайта "Адраджэнцаў Беларусі" яшчэ прыдзецца зрабіць шмат. Галоўнае тут, бачыцца ў тым, каб наладзіць зваротную сувязь з наведвальнікмі: стварыць гасцёўню, куды можна бло б пасылаць паведамленні, форум, дзе б абмяркоўваліся мерапрыемтвы і планы культурнаасветнага клуба "Спадчана", дзе б былі размешчаны адрасы і іншыя кантактныя звесткі, каб можна было хутка звязацца са "спадчынаўцамі"…

Да таго ж, новы сайт клуба "Спадчына" не павінен зацяняць ранейшыя інтэрнэтпраекты - сайты "Спадчына" і "Пакутнікі Беларусі". Дзейнасць іх таксама патрабуе пільнай увагі, каб не прышлося зачыняць тое, што ўжо зроблена на карысць больш актуальных праектаў.

Далейшае пашырэнне "спадчынаўскай" прысутнасці ў інтэрнэце кіраўніцтвам клуба звязваецца са стварэннем яго сябрамі кнігі для чытання на кожны дзень, кштату вядомых "Чэцьі Мінеі", у якой будуць размешчаны біяграфіі знакамітых беларусаў, лепшых сыноў Беларусі. Плануецца, што гэтае выданне будзе мець не толькі традыцыйнае папяровае выкананне, але і інтэрнэт-версію.

Анатоль Мяльгуй


Мовазнаўчы досвед

Сыходзіць у - узыходзіць да. «Вытокі такога сімвалічнага выкарыстання эпітэта белы , паводле Вяч. Іванова, сваімі каранямі сыходзяць у дахрысціянскую эпоху» (Роднае слова. 2008. № 1. С.48. В.Лемцюгова. Чаму ты белая, Белая Русь?) .

У навуковых тэкстах нярэдка выкарыстоўваецца на месцы выдзеленага сыходзіць у спалучэнне узыходзіць да . Напрыклад: «Сучасны беларускі алфавіт агульнага паходжання з рускім і ўкраінскім. Усе яны ўзыходзяць да стараславянскай азбукі - «кірыліцы». («Тлумачальны слоўнік беларускай мовы». 1983. Т.5. С.652) . На нашую думку, больш прыдатным і адэкватным сэнсу ёсць тут дзеяслоў сыходзіць - 'быць накіраваным у глыбіню, да першаснасці аб'екта, з'явы, эпохі' . Менавіта такое значэнне, сэнс мае гэтае слова ў прыведзеным тэксце (цытаце) знанага навукоўца Валянціны Лемцюговай (артыкул «Чаму ты белая, Белая Русь?»).

Спалучэнне ўзыходзіць да выяўляе значэнне накіраванасці ўверх. Дзеяслоў узыходзіць , зафіксаваны тлумачальнымі слоўнікамі з значэннем 'весці свой пачатак, паходжанне ад чаго-небудзь' - штучная калька рас. восходить (гл. «Словарь русского языка». В четырёх томах. Том 1. М., 1981, с. 218). Перакладныя слоўнікі не пацвяр-джаюць такога значэння ў слове ўзыходзіць як адпаведніка рас. восходить . Яшчэ акадэмічны «Русско-белорусский словарь» пад рэдакцыяй акадэмікаў Я.Коласа і К.Крапівы і члена-карэспандэнта П. Глебкі (Масква, 1953, с.71) засведчыў: «Восхо-дить, несов. 1. (подниматься вверх) узыходзіць; 2. (иметь началом) браць пачатак (ад чаго); (происходить) паходзіць (ад чаго); 3. (о светилах) усходзіць». Пацверджана гэта і ўсімі перавыданнямі гэтага даведніка (1982, 1993, 2002 гг. і інш.). Толькі пры трэцім значэнні (о светилах) дадаецца да слова ўсходзіць і дзеяслоў узы-ходзіць .

Такім чынам, адэкватам да рас. восходить з семантыкай 'иметь началом' ёсць белар. браць пачатак , а з значэннем 'происходить' - пахо-дзіць . Замест штучнай калькі «ўзы-ходзіць да» (рас. восходить к ) беларускім адэкватам ёсць «сыходзіць у» .

Крывавіць і крывяніць. Абодва гэтыя словы маюць месца ў народнай беларускай мове. Праўда, слоўнікі зафіксавалі толькі першае з іх - супольнае з расейскаю мовай (рас. кровавить ).

Як першае, так і другое слова - аднамадэльныя паводле ўтварэння: дэрываты (вытворныя словы) ад прыметнікаў: крывавы -> крывавіць, крывяны -> крывяніць .

У «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы», праўда, знайшоўся закутак і для дзеяслова крывяніць , дзе яно мае памету «обл.» (абласное, дыялектнае). Але з такой ненарматыўнай кваліфікацыяй гэтага выразнага сваім зместам і формай слова нельга пагадзіцца. Яно бытуе ў вусным маўленні беларускіх дактароў. Да таго ж яго выкарыстоўваў у сваіх творах народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ, пра што сведчыць і слоўнікавая ілюстрацыя да гэтай лексічнай адзінкі.

Натуральным было б занатаваць яго і ў слоўніку літаратурнай мовы.

Павел Сцяцко


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Парчынскі Яўген Жарнасек Вітаўт Сіліч Аляксандр Анатольевіч Разумава Галіна Уладзімір. Палянскі Андрэй Валер'евіч Рак Вольга Рыгораўна Яшкіна Надзея Алегаўна Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітрый Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Косава Ганна Валер'еўна Дзюсекаў Павел Аляксандр. Карашчанка Ігар Віктаравіч Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дзюсекаў Павел Шахлевіч Юлія Віктараўна Конік Юлія Андрэеўна Ждановіч Таццяна Міхайл. Старавойтава Надзея Галіч Аляксей Эдуардавіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Барысава Сафія Міхайлаўна Дуброўскі Валер Леанідавіч Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Сярова Зося Золаў Юрый Георгіевіч Міхайлоўская Данута Канст. Спасюк Рыгор Віктаравіч Свізуноў Вячаслаў Кавалеўская Наталля Леанід. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Трацяк Дзмітры Вітальевіч Сільнова Ніна Акудовіч Валянцін Васільев. Магонаў Сяргей Аляксандр. Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч Ільіна Анастасія Аляксандр. Бяласін Яўген Аляксандравіч Салоха Надзея Капціловіч Іван Таўгень Людвіка Анапрыенка Юрый Іваноў Сяргей Сідляр Андрэй Свірко Наталля Самстыка Сяргей Алегавіч Дзічкоўская Настасся Біза Юльян Сцяпанавіч Марозава Людміла Уладзім. Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Манкевіч Таццяна Пятроўна Машкала Іосіф Чаркасава Галіна Ільінічна Харужая Вера Міхальчук Вераніка Пятр. Запалянская Вольга Васіл. Панкевіч Юлія Аляксандр. Раманава Ганна Аляксееўна Славута Ніна Маркевіч Мікалай Мікал. Хвацік Іван Міхайлавіч Кухарчык Людміла Шаўцоў Генадзь Уладзімір. Баеў Павел Віктаравіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Маневіч Аляксей Лабаты Алег Анатольевіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Пукель Алена Адамаўна Абужынская Ганна Аляксан. Давыдчук Сяржук Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Махлай Кастусь Шарман Аліна Патапава Дзіяна Сяргееўна Кавалеўская Стэфанія Сярг. Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Хевук Ігар Ціханаў Аляксандр Валер'ев. Палухін Уладзімір Мікалаев. Раеўскі Аляксандр Носаў Андрэй Каўко Зміцер Базык Вольга Грыгор'ева Ірына Людвіг. Кукуць Алена Аляксандр. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Кісель Сяргей Леанідавіч Петрашэвіч Яўген Раманішка Вікторыя Уладзіл. Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Малашчанка Аляксей Юр'ев. Вайтовіч Сяргей Уладзімірав. Ціхановіч Вольга Віктараўна Бурачонак Аляксандр Вяч. Кобрусеў Дзяніс Аляксанд. Чашчына Вольга Мікалаеўна Варонік Святлана Аркадз. Мароз Кацярына Мікалаеўна Шумская Ірына Антонаўна Сянкевіч Святлана Анатол. Аляхновіч Ніна Паўлаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Курдо Павел Аляксандравіч Жалдака Васіль Станіслававіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Ажар Таццяна Мікалаеўна Сакалова Ніна Асмыковіч Міхась Мікалаев. Мархотка Леанід Андрэевіч Краўчук Ірына Краўчук Зміцер Цімафеева Ядзвіга В. Сямашка Ала Уладзіміраўна Шыпіла Уладзімір Аляксанд. Чарановіч Ніна Мікалаеўна Станько Галіна Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Гашко Ірына Аляксееўна Гайдук Ірына Эдуардаўна Філічонак Ларыса Баеў Дзмітрый Уладзіміравіч Сакун Алена Васільеўна Міхноўская Наталля Вячасл. Праневіч Кацярына Генадз. Макарэвіч Іна Яскевіч Алесь Юр'евіч Радэнка Кацярына Уладзімір. Жамойда Алена Анацка Ганна Грышко Людміла Анацка Яўген Комар Юры Мікалаевіч Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Дземідовіч Ганна Паўловіч Анатоль Жук Ігар Васільевіч Раманчук Анатоль Анатол. Ларын Іван Юр'евіч Якубовіч Ю.А. Трухан Л Белавусава Валянціна Валян. Салаўёва Людміла Мікал. Максімава Наталля Крол Аляксандр Уладзімір. Рабчэня Таццяна Васільеўна Майсяёнак Андрэй Георгіев. Радзюк Валянціна Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Бязмацерных Дар'я Аляксан. Кузікевіч Алена Разжалавец Сяргей Завадская Алена Аляксандр. Разжалавец Іван Кудрашова Лілія Кочман Тарэса Сакава Ніна Леанідаўна Глушко Аляксей Віктаравіч Няганаў Яўген Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Кукуць Уладзімір Часлававіч Урбан Аляксандр Якаўлеў ЮрыГенадз'евіч Куляшоў Дзмітрый Віктар. Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Куніцкая Ганна Уладзімір. Кутас Святлана Канкоўская Святлана Чабатарэўскі Барыс Цімошак Зінаіда Вячаслав. Савіч Сяржук Красоціна Тамара Іванаўна Бязмен Васіль Канстанцінавіч Дубоўскі Валерый Леанідавіч Васільева Анастасія Вячасл. Юркевіч Сяргей Іванавіч Мельнічук Сяргей


"Гудскаму гармоніку" - 20 гадоў

29 траўня ў Лідскім раённым доме культуры адбыўся канцэрт Народнага ансамбля беларускай народнай музыкі "Гудскі гармонік".

Канцэрт прайшоў, як цэльны спектакль, які кожным сваім фрагментам сцвярджваў вернасць беларускай музыцы, беларускай песні, беларускаму слову. Усе 20 гадоў кіруе ансамблем Андрэй Колышка. Род Колышкаў праславіў калісьці Баляслаў Колышка - адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. А нашчадкам хапае працы і сёння, і ўсё для той жа Беларусі.

Наш кар.


Нас чакае надзённая праца

Пачну з галоўнага. Наша становішча пакуль добрае. Па стане на 24 траўня мы мелі на рахунку крыху болей за 7 мільёнаў рублёў і таму здолелі заплаціць драпежніцкую новую суму за арэнду. Гэта - 3.182.058 рублёў. Сюды не ўваходзіць аплата за тэлефон, камунальныя паслугі, арэнда Гомельскай абласной сядзібы ТБМ (таксама па новых коштах - 230.000 рублёў). Больш таго, на тыя грошы, што засталіся, мы можам працягнуць і чэрвень. У сувязі з гэтым хачу выказаць шчырую ўдзячнасць нашым ахвярадаўцам і дабрадзеям. У першую чаргу гэта Ірэна Каляда-Смірноў, першая беларуска Амерыкі, якая ахвяравала нам 400 даляраў ЗША. Таксама хочацца адзначыць шматлікіх прыхільнікаў ТБМ з Менска, Полацка, Магілёва, Жлобіна, Гародні, Маладзечна, Рагачова, Баранавіч, Гомеля, Мазыра, Шаркаўшчыны і іншых гарадоў і мястэчак.

Прашу прабачэння ў тых, каму мы не здолелі выслаць падзяку, у тых, чыё імя не надрукавалі ў "Нашым слове" альбо тых, чые імёны былі надрукаваныя з памылкамі. Наша банкаўская сістэма баіцца беларускай мовы, як агню, і таму перакручвае беларускія прозвішчы, імёны і адрасы, запісаныя ў арыгінале па-беларуску. Таму я прашу ахвярадаўцаў пісаць цалкам прозвішча, імя і імя па бацьку, а не ініцыялы, а таксама пры магчымасці пазначаць свой паштовы індэкс.

Наперадзе, аднак, лета, "глухі" сезон у ліпені і жніўні. З гэтай нагоды я прашу паскорыць збор складак і ахвяраванняў, каб да канца бягучага месяца мець на рахунку яшчэ 10 мільёнаў рублёў. Асабліва прашу разгарнуць гэтую дзейнасць у Гомелі, Брэсце, Маладзечне, Ваўкавыску, Мазыры, Лідзе, Жодзіне, Белазёрску, Оршы, Бабруйску, Слуцку і Баранавічах - там, дзе ёсць нашы актывісты і добрыя структуры, але праца пакуль не разгарнулася.

Мы вельмі ўдзячныя нашым журналістам. якія надрукавалі нашы просьбы аб дапамозе на старонках газет "Народная воля", "Новы час", "Наша ніва", "Беларуская газета", "Беларусы і рынак" і іншых выданняў. Дзякуючы ім, ахвяраванні прыходзяць да нас з такіх мясцін, дзе пакуль няма структур і актывістаў ТБМ.

Дарагія сябры! Пачалася падпіска на другі квартал 2008 г. Для таго каб захаваць нашу газету я вельмі прашу Вас падпісацца на яе адразу на паўгода, а таксама зрабіць хаця б адну дадатковую падпіску хаця б на тры месяцы для Вашага сябра, знаёмага, сваяка, сваёй былой школы, вясковай ці раённай бібліятэцы ці музею. Мы вельмі ўдзячныя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая чарговы раз выдаткавала нам на падпіску 600.000 рублёў. Таму вельмі прашу Вас не адкладваць падпіску "ў доўгую скрыню", а педагогаў - падпісаць вучняў і студэнтаў.

Не трэба забывацца і на чарговы з'езд ТБМ, які мы запланавалі на кастрычнік. Калі ёсць магчымасць. правядзіце ў чэрвені сход ці канферэнцыю па вылучэнні кандыдатаў на з'езд.

Жадаю Вам плённай працы і добрага летняга адпачынку.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Нацыст № 3 - Рудольф Гесс

(Гісторыка-дакументальнае эсэ)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Усе падсудныя мелі адвакатаў на свой выбар, усе правы падсудных былі строга захаваны. Увесь ход Нюрнбергскага працэсу падрабязна асвятлялі акрэдытаваныя пры трыбунале 249 карэспадэнтаў сродкаў масавай інфармацыі амаль з усіх краін свету. Усяго адбылося 403 судовыя насяджэнні, на якіх былі заслуханы паказанні 21 падсуднага (за выключэннем Рудольфа Геса і Вільгельма Фрыка), 116 сведак, разгледжана звыш 5 тысяч дакументальных доказаў, у тым ліку і пра злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі пра знішчэнне савецкіх людзей шляхам заражэння іх сыпным тыфам у трох канцлагерах на тэрыторыі Палескай вобласці. масавыя расстрэлы мірных жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Берасцейскай вобласці і іншыя цяжкія злачынствы.

Судовыя пасяджэнні праходзілі ў Палацы правасуддзя, недалёка ад Нюрнбергскай турмы, дзе сядзелі ваенныя злачынцы. Супрацоўнікі НКУС СССР, паводле дамоўленасці таксама ахоўвалі вязняў у Нюрнбергскай турме, якая знаходзілася ў амерыканскім сектары заходняй Германіі. Вязні сядзелі ў асобных камерах, за імі было ўстаноўлена кругласутачнае назіранне. У камерах былі адносна добрыя камфартабельныя ўмовы. Начальнікам турмы ў той час быў палкоўнік Эндрус.

У Палац правасуддзя, цзе праходзілі пасяджэнні Міжнароднага ваеннага трыбуналу, вязняў праводзілі па падземным тунэлі.

Акрамя абвінаваўцаў, суддзяў, пракурораў і іншых прадстаўнікоў Міжнароднага Ваеннага Трыбуналу на Нюрнбергскім працэсе ад СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, быў яшчэ вялікі штат перакладчыкаў, стэнаграфістаў, сакратароў, адказных за дакладнасць пратакольных запісаў, які ў асноўнай масе складалі маладыя прыгожыя жанчыны. Яны часта прысутнічалі ў Палацы правасуддзя і старанна рабілі тую справу, якую ім даручалі.

Як пазней успаміналі нашы савецкія жанчыны, з гітлераўскіх падсудных самым маладым і прыгожым быў кіраўнік моладзевай арганізацыі "Гнтлерюгенд" і імперскі намеснік у Вене (Аўстрыя) Бальдур фон Шырах. Яму на той час было 37 год, ён меў 6 дзяцей і жонку-прыгажуню. Калі яго пад вартаю ўводзілі ў Палац правасуддзя, савецкія жанчыны і жанчыны з краін - пераможцаў былі закаханыя ў яго: рослы, стройны, прыгожы. I адна з іх, наша, савецкая, цяжка ўздыхнуўшы, ціха паведаміла сваёй сяброўцы: "Хаця ён наш закляты вораг, фашыст, але я ў яго закахалася". Калі я служыў у ГСВГ, Б. фон Шырах яшчэ сядзеў у турме Шпандаў.

Каханню не было межаў, не было забароны! Вось так!

У час, калі падсудным дэманстравалі дакументальныя фільмы пра іх жудасныя злачынствы над мірным насе-льніцтвам акупаваных краін, ваеннапалоннымі, здзекі ў лагерах смерці, пра дакументы і рэчы, яны сядзелі, нізка апусціўшы галовы. Але не ўсе! Некаторыя ўпарта глядзелі на экран, на тое, што яны тварылі на акупаванай тэрыторыі краін Еўропы.

Усіх у Палацы правасуддзя "потрясла" статуэтка з прэпарыраванай чалавечай галавы вязня, якога спецыяльна для гэтага забілі фашысты, і якая была прад'яўлена ў якасці рэчавага доказу.

Абвінавачанне прад'явіла Міжнароднаму Ваеннаму Трыбуналу ў якасці рэчавага доказу пергамент, зроблены з чалавечай скуры, з канцлагера Бухенвальд, 3 кавалкі татуіраванай чалавечай скуры і высушаную чалавечую галаву, з якой былі выняты чарапныя косці. Са скуры рабілі аба-журы для ўпрыгожання дома, кашалькі, партманэ, вееры і іншыя прыгожыя рэчы.

У час допыту імперскага міністра па справах акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэда Розенберга, які добра ведаў рускую мову, бо ён у нас, у СССР, вучыўся ў ваеннай акадэміі, калі што было не па ім, то "'ругался" сакавітым рускім адборным матам. У яго гэта вельмі добра атрымоўвалася - без акцэнту. У час допыту падсуднага А. Розенберга Галоўным абвінаваўцам ад СССР Р.А. Рудэнкам, калі яму перакладалі пытанне ці зачытвалі дакумент з рускай на нямецкую мову, ён "лаяўся на поўную губу" і казаў: "Я опять слышал неправильный перевод", "Это тоже не совсем правильно переведено".

У час працы Нюрнбергскага працэсу 31 жніўня 1946 года Рудольф Гес хацеў выступіць і расказаць аб сваім палёце ў Англію, але яго перапынілі прадстаўнікі Міжнароднага Ваеннага Трыбуналу ад Вялікабрытаніі, а пазней да яго наведаліся ў турэмную камеру і ўгаварылі не выступаць. Так, на Нюрнбергскім працэсе Рудольф Гес - трэці чалавек у вышэйшай іерархіі Трэцяга Рэйху - не сказаў ні слова да канца судовага працэсу.

Усе, хто прысутнічаў на Нюрнбергскім працэсе і пісьмова, і вусна заяўлялі, што адно з самых ашаламляльных уражанняў гэгага шматмесячнага працэсу, была дыяметральна супрацьлеглая неадпаведнасць паміж нікчэмнасцю і мізэрнасцю абвінавачаных і грандыёзнасцю зла, якое яны прычынілі народам і краінам Еўропы, Азіі і Афрыкі.

Віна ўсіх падсудных у іх змове супраць свету і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваенных злачынстваў была даказана. У прыгаворы Міжнароднага Ваеннага Трыбуналу было адзна-чана, што абвінавачанне супраць падсудных грунтуецца ў абсалютнай большасці на дакументальных крыніцах, якія былі складзены імі самімі, аўтарытэтнасць якіх на судзе не аспрэчвалася.

Падсудныя былі прызнаны Міжнародным Ваенным Трыбуналам вінаватымі ў падрыхтоўцы і здзяйсненні змовы для падрыхтоўкі і вядзення агрэсіўных войнаў, у агрэсіі супраць СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, Даніі, Бельгіі, Нарвегіі і іншых краін, у злачынствах супраць свету.

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўц


Памёр Валянцін Рабцэвіч

29 траўня, у адным з менскіх шпіталяў памёр доктар гістарычных навук, прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных дысцыплін гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Валянцін Рабцэвіч.

Калегі Валянціна Рабцэвіча лічаць яго адным са стваральнікаў беларускай школы нумізматыкі. Археолаг Мікола Крывальцэвіч адзначае надзвычайную эрудыцыю, якая была ўласціва навукоўцу.

Яго высілкамі быў створаны нумізматычны кабінет у БДУ. Аснову гэтага кабінета склалі асабістыя калекцыі Рабцэвіча. Гэты кабінет - унікальны музей для Беларусі, таму што ў ім сабраны каштоўнасці велізарныя.

Прафесар Рабцэвіч не толькі даследаваў і прапагандаваў беларускую гістарычную спадчыну, але і бараніў яе. Гаворыць кандыдат гістарычных навук, былы студэнт Валянціна Рабцэвіча Алег Трусаў :

Гэта быў навуковец, вядомы ва ўсім свеце. І заўжды ён займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Дарэчы, яму ўдалося перашкодзіць прадаць жулікам у Расею славуты пас Вітаўта. Ён шмат змагаўся за тое, каб пакінуць гэтую каштоўнасць у Беларусі, і цяпер гэта - адзін з самых унікальных экспанатаў нашага Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.

Рабцэвіч быў такім чалавекам, які вельмі перажываў за нашу спадчыну і шмат зрабіў, каб нашы манеты не раскрадаліся, і каб скарбы былі дзяржаўным здабыткам. У апошнія дні свайго жыцця ён рыхтаваў да друку працу яшчэ аднаго нашага славутага навукоўца, рэпрэсаванага ў трыццатыя гады, Міколы Шчакаціхіна. Таму можна сказаць, што са смерцю Валянціна Рабцэвіча мы страцілі ўнікальнага спецыяліста і патрыёта Беларусі.

Валянцін Рабцэвіч нарадзіўся 26 лістапада 1934 года на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння гістфака БДУ і аспірантуры пры Дзяржаўным Эрмітажы ў СанктПецярбургу (Расея) працаваў спачатку ў Дзяржаўным музеі БССР, а з 1963 году і да канца сваіх дзён - на гістарычным факультэце альма матэр.

Ён пакінуў чатыры кнігі па нумізматыцы, якія чытаюцца як прыгодніцкія раманы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX