Папярэдняя старонка: 2008

№ 24 (863) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 24 (863) 11 ЧЭРВЕНЯ 2008 г.

У НАВАГРАДКУ АДКРЫТЫ МУЗЕЙ БАРЫСА КІТА

4 чэрвеня ў Наваградку у будынку сярэдняй школы № 1 адкрыўся музей Барыса Кіта. Музей уключае раздзелы, прысвечаныя гісторыі школы, у будынку якой у 1920 1940-я гады размяшчалася Наваградская беларуская гімназія, а таксама мемарыяльны пакой Б. Кіта.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 100 рэчавых, пісьмовых і выяўленчых матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці вядомага педагога і вучонага, ганаровага грамадзяніна Наваградка Б. Кіта. "Найбольшую цікавасць для наведвальнікаў уяўляюць фатаграфіі, што адносяцца да 1910-1939 гадоў наваградскага і віленскага перыядаў жыцця Барыса Кіта, а таксама даследаванні і дакументы, якія адлюстроўваюць яго навуковыя дасягненні

У адкрыцці музея бралі ўдзел настаўнікі і вучні, прадстаўнікі мясцовых уладаў, жыхары Наваградка, госці з Менска, Ліды, у тым ліку вучоныя, прадстаўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", клуба "Спадчына", ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", ГА "БНФ "Адраджэньне" і інш.

Паводле слоў дырэктара Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамары Вяршыцкай, экспазіцыя створана сіламі школы, навуковымі супрацоўнікамі Наваградскага гісторыка-краязнаўчага музея і будзе ўключана ў план яго экскурсійнай дзейнасці. Грашовую падтрымку зрабіў прадстаўнік беларускай дыяспары ў Расеі Валеры Казакоў.

Дарэчы, музей адразу пачаў папаўняцца новымі экспанатамі. Старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы падарыў музею дзве карціны: "Віленскія студэнты", дзе цэнтральнае месца займае Барыс Кіт, а таксама карціну "Барыс Кіт і Васіль Быкаў".

Экспанаты музея адразу і канчаткова здымаюць пытанне пра сапраўднае прозвішча Барыса Кіта. У школьных дакументах напісана: "Барыс Кіта". Пазней падчас шматлікіх блуканняў па чужбіне канцавое "а" недзе згубілася, і пачало пісацца "Барыс Кіт".

Сам Барыс Кіт, якому ідзе 99-ты год, на ўрачыстасць не прыехаў, хоць вельмі хацеў. Пісьменніца Лідзія Савік зачытала ягоны зварот да прысутных: "Я веру, што гэты музей шмат паслужыць у культурным развіцці горада Наваградка і будзе напэўна важнай цаглінай у будаўніцтве лепшай светлай долі беларускага народу".

Імя Кіта аб'яднала і прадстаўнікоў нелюбімых цяперашнім урадам грамадскіх арганізацыяў, і супрацоўнікаў райвыканкаму. Кіраўнік ідэалагічнай управы Наваградскага выканкаму Іван Грынь назваў адкрыццё музея падзеяй вялікага патрыятычнага гучання: "І мясцовымі органамі ўлады, і калектывамі, грамадскасцю раёна надаецца вельмі вялікая ўвага супрацоўніцтву з нашымі землякамі". І спадар Грынь, і іншыя асабіста знаёмыя з Барысам Кітом выступоўцы шмат станоўчага казалі пра яго, як беларускага асветніка, змагара за беларускую мову і адначасова грамадзяніна Сусвету, удзельніка касмічных праграм.

Аляксей Марачкін, старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" прапанаваў, каб першы спадарожнік, які накіруе незалежная Беларусь у космас, насіў імя Барыса Кіта.

Яраслаў Грынкевіч.


Вынішчальнае слоўца

Калі заходзіць гаворка аб мовах на Беларусі, дык кожны - ці то чыноўнік, ці то зацяты апазіцыянер - спасылаецца на Закон аб мовах. Але найперш трэба заўважыць, што Закону па сутнасьці няма. Дакладней ён ёсць, але адыгрывае не стваральную, а разбуральную і антыправавую ролю. Перш за ўсё таму, што ніхто з дзяржаўных службоўцаў любога рангу і любой пасады яго толкам не чытаў, а калі і чытаў, дык не лічыць Законам, абавязковым для выканання, што яшчэ страшней. Звычайны адказ на просьбу напісаць даведку па-беларуску - гэта: "Бірыце што дают. У нас все языкі роўные." Прычым Закон як на баку чыноўніка, так і на баку кліента. Хто каго перацягне - зразумела: "Ідзіце, ідзіце, не мішайце работаць!"

Уся рэч у тым, што сам Закон напісаны ТОЛЬКІ рускай мовай і мае назву «ЗАКОН Республики Беларусь от 26.01.1990-XI (ред. от 22.12.2005) «О ЯЗЫКАХ В РЕСПУБЛИКЕ БЕЛАРУСЬ»

Як гэта заведзена, у раздзеле «ОБЩИЕ ПОЛОЖЕНИЯ» гучаць радасныя абяцанкі і дэкларацыі, гарантуюцца правы і вольнасці, шчаслівае развіццё і росквіт.

З таго ж раздзела: "Статья 1. Цели законодательства о языках в Республике Беларусь.

Законодательство Республики Беларусь о языках преследует цель ……… воспитания уважительного отношения к национальному достоинству человека, его культуре и языку……"

Гучыць аптымістычна і ўсяляе спадзяванні. На самой жа справе той, хто просіць даведку на беларускай мове або проста гаворыць на ёй ёсць баламут, нацыяналіст, сейбіт нацыянальнай розні на Беларусі і вораг народу. Чаму ж, калі рускія змагаюцца ў Латвіі, за права размаўляць і вучыцца па-руску - гэта барацьба за свае правы, а беларус, які размаўляе па-беларуску - гэта ўжо палітычна небяспечная фігура? Пытанне рытарычнае і адказ на яго агульнавядомы. А як жа Закон? А ніяк. Няма Закону. Тут усё ў парадку. Другі артыкул усё яшчэ гарантуе ды абяцае, але затое трэці вынішчае ўвесь Закон пад корань. Дакладней, не ўвесь трэці раздзел, а ўсяго толькі адно слоўца з трох літараў: «или» . Ніжэй я даю артыкулы Закону на мове арыгінала, каб паьбегнуць папрокаў у скажэнні тэкста пры перакладзе.

"Статья 3. Право граждан пользоваться их национальным языком.

Гражданам Республики Беларусь гарантируется право пользоваться их национальным языком. Им гарантируется также право обращаться в государственные органы, органы местного управления и самоуправления, на предприятия, в учреждения, организации и общественные объединения на белорусском, русском или другом приемлемом для сторон языке.

Решение по существу обращения оформляется на белорусском или русском языке."

Цалкам зразумела, што гэтае маленькае слоўца перакрэслівае ўсе цацанкі-абяцанкі першых - ды і ўсіх наступных-раздзелаў. Ты напісаў па-беларуску, а табе адказваюць на «или». Як бачыце, гэтае маленькае слоўца валодае магутнай разбуральнай сілай.

- Чытайце раздзелы 4,5,6. Там прапісана і адказнасць, і пакаранні ў адпаведнасці з існым заканадаўствам, дый наогул не драматызуйце, не дэманізуйце і нос не суйце!

- Што ж, давайце пачытаем раздзелы 4,5,6.

"Статья 4. Обязанность руководителей, других работников государственных органов, органов местного управления и самоуправления, предприятий, учреждений, организаций и общественных объединений владеть белорусским и русским языками.

Руководители, другие работники государственных органов, органов местного управления и самоуправления, предприятий, учреждений, организаций и общественных объединений должны владеть белорусским и русским языками в объеме, необходимом для исполнения ими своих служебных обязанностей.

Статья 5. Гарантии прав граждан при рассмотрении подаваемых ими документов в государственные органы, органы местного уп-равления и самоуправления, на предприятия, в учреждения, организации и общественные объединения.

Государственные органы,органы местного управления и самоуправления, предприятия, учреждения, организации и общественные объединения должны принимать и рассматривать документы, которые подаются гражданами на белорусском, русском языках.

Отказ должностного лица принять и рассмотреть обращение гражданина на белорусском, русском языках со ссылкой на незна-ние языка обращения влечет за собой ответственность в соответствии с действующим законодательством.

Статья 6. Защита языков.

Всякие привилегии либо ограничения прав личности по языковым признакам недопустимы.

Публичное оскорбление, порочение государственных и других национальных языков, создание препят-ствий и ограничений в поль-зовании ими, проповедь вражды на языковой почве влекут установленную законом ответственность."

Гучыць раўнапраўна і грозна. Але ніхто не баіцца і не звяртае ўвагі на гэтыя грозныя артыкулы, бо далей літа-ральна ў кожным раздзеле прысутнічае мегатоннае слоўца «или».

"Статья 7. Язык актов государственных органов и органов местного управления и самоуправления.

Акты государственных органов Республики Беларусь принимаются и публикуются на белорусском и (или) русском языках.

Акты органов местного управления и самоуправ-ления принимаются и публикуются на белорусском и (или) русском языках………"

Я не хачу займаць месца і цытаваць іншыя артыкулы. І далей там пануе гэтае паўсюдыіснае «или». Гэта слова-індульгенцыя. Яно адпускае ўсе правапарушэнчыя грахі. Любы чыноўнік можа сказаць, што беларускую мову ён ведае, але закон дазваляе даваць адказы «или» на рускай мове. «У нас все языкі роўныя!»

Па сутнасці гэта хамскі Закон, бо дазваляе ў адказ на твой зварот па-беларуску, выслухоўваць натацыі на іншай мове. Простая чалавечая этыка патрабуе ў кампаніі размаўляць на адной мове. Тая ж самая этыка патрабуе адказваць чалавеку на той мове, на якой ён звярнуўся да цябе. Такая этыка невядома ні нашаму чынавенству, ні нашаму Закону аб мовах. Там няма артыкулу, які б рэгуляваў моўныя адносіны асобы і прадпрыемства, установы, чыноўніка. (Не лічыць жа нармальным становішча з гэтым самым «или».)

Каб надаць Закону сапраўдную дзейсную сілу трэба выкрасліць з яго слоўца «или». Калі зварот напісаны па-беларуску, дык і адказ павінен быць на той жа мове, без аніякіх «или». Дзяржаўны бланк павінен быць на дзвюх мовах, прыкладна так:

"Прозвішча, імя, імя па бацьку /Фамилия, имя, отчество" і г.д.

Балбатня аб залішнім расходзе фарбы і паперы - проста чарговы здзек.

Фінляндыя - маленькая краіна, якая не мае нават нашых калійных радовішчаў. Але там кожны бланк напісаны на фінскай і шведскай мовах - дзяржаўных мовах гэтай краіны. І калі фінскі швед звяртаецца да чыноўніка па-шведску, дык той не мае права адказваць яму па-фінску, таму што паводле закону аб мовах адказы павінны давацца на мове звароту. Хаця абедзве мовы - фінская ды шведская - раўнапраўны і роўныя, фінская нават раўней, таму што шведаў усяго толькі каля сямі пра-цэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Але ведаць і адказваць чыноўнік павінен толькі на мове звароту, іначай - гэта службовае парушэнне. Гэта парушэнне Закону, у якім няма ніякіх «или».

А што толку з нашага Закону, калі ён дазваляе і абражаць, і прыніжаць беларусаў з іхняй мовай, дзякуючы магутнаму слоўцу «или».

Вядома, мала толькі прыбраць гэтае слова з Закону і дадаць артыкул аб адносінах асобы з чыноўнікам. Трэба яшчэ і выконваць Закон. Пакуль што хаця б такі беззаконны, як наш.

Якуб Лапатка, Хельсінкі.


ПРА ВЫМАЎЛЕННЕ ГУКА «Г»

Амаль ва ўсіх падручніках, навучальных дапаможніках па беларускай мове, а таксама ў акадэмічнай граматыцы і іншых навуковых працах, калі размова заходзіць пра вымаўленне зычных гукаў, гаворыцца, што ў нашай мове звычайна ўжываецца фрыкатыўны (шчылінны) гук «г», парны па глухасці-звонкасці з «х», і што толькі ў даволі рэдкіх выпадках выкарыстоўваецца выбухны «г», парны звонкі з «к». Часта дадаецца параўнанне з рускай мовай, дзе гук «г» выбухны. Але калі рабіць супастаўленне з рускай мовай, то, каб быць дакладным, варта дадаваць, што і ў ёй ёсць выключэнні з агульнага правіла. Як сведчаць арфаэпічныя даведнікі рускай мовы, у некалькіх яе словах вымаўляецца не выбухны, а фрыкатыўны «г» (гама) : ага, ого, бухгалтер, господи, ей-богу, Бог, а так-сама ў выразах з кампанентам бог: слава богу, дай бог і інш.

У беларускай мове, як сказана ў падручніках і навуковай граматыцы, выбухны «г» вымаўляецца толькі ў асобных словах небеларускага паходжання: гузік, гонта, гарнец, ганак, нягеглы, газа, гвалт, гільза і нешматлікія іншыя. Часам у дадатак да гэтых далучаюцца яшчэ словы з гукаспалучэннем «зг»: абрызгаць, брызгаць, бразготка, мазгі, розгі, рэзгіны і некаторыя іншыя. Якія яшчэ словы ўваходзяць у гэтыя «некаторыя іншыя» ці «нешматлікія іншыя», у навуковай і навучальнай літаратуры нічога не гаворыцца. А іх, аказваецца, па маіх падліках, ні многа ні мала - аж 240. Усе яны пададзены з выбухным «г» у «Слоўніку беларускай мовы» (1987) - нарматыўным даведніку пра напісанне і вымаўленне, месца націску, формы скланення і спражэння больш як 118 тысяч слоў сучаснай літаратурнай мовы.

У лік 240 уваходзяць не толькі названыя вышэй, а і шмат якія іншыя словы, у тым ліку досыць многія ўтварэнні ад згаданых і незгаданых тут лексічных адзінак. Ёсць, напрыклад, назоўнік мазгі (з выбухным «г») і вытворныя на яго аснове мазгаўня, мазгавы, мазгавіты, мазгаваць, аб-мазгаваць, абмазгоўваць, абмазгоўванне, абмазгаваны. Гэтак жа падаецца, скажам, лексічнае гняздо аднакаранёвых слоў: цэгла, цэгліна, цагліна, цаглінка, цагляны, цагельня, цагельнік, цагельніца. Сустракаюцца выпадкі, калі «Слоўнік беларускай мовы» дапускае варыянтнае вымаўленне. Да прыкладу, абслізганы, абслізгаць, абслізгваць можна вымаўляць з фрыкатыўным або выбухным «г».

Назіраючы за сучасным вымаўленнем гука «г» моўнікамі-беларусамі, можна сцвярджаць, што абсалютная большасць слоў з ліку 240 цяпер вымаўляецца не з выбухным, а з фрыкатыўным «г». У кнізе «Сучасная беларуская мова: Пытанні культуры мовы» (Мінск, 1973, с. 17) слушна гаворыцца, што выбухны «г» у слове газа , як і ў многіх іншых, ужываецца непаслядоўна, што ў размоўным стылі такія словы часцей вымаў-ляюць з «г» шчылінным (фры-катыўным) і што гук «г» выбухны «варта разглядаць як рэлікт, які паступова знікае». Адпаведна з цягам часу могуць змяніцца і вымаўленчыя нор-мы, бо яны складаюцца ў працэсе маўленчай практыкі людзей, «куюцца і назапашваюцца ў кузні гутарковага маўлення» (Л.У.Шчэрба).

Аднак у вельмі многіх выпадках, калі вымаўленне выбухнога «г» абумоўліваецца дзейнасцю асіміляцыі - прыпадабнення папярэдняга глу-хога «к» да наступнага звонкага гука, такое вымаўленне за-хаваецца назаўсёды. У свой час Язэп Лёсік у «Граматыцы беларускае мовы: Фонэтыка» (1926, с. 111) ілюстраваў вымаўленне выбухнога «г» не толькі словамі мазгі, розгі, ганак , але і шматлікімі іншымі, у якіх «к» пераходзіць у «г», «калі яму, будучы прыназоўнікам, прыходзіцца стаяць перад словамі, што пачынаюцца звонкімі г, д, ж: г гары, г дому, г дзераву, г жалезу». Выбухны «г» вымаўляецца, аднак, не толькі ў гэтых выпадках. Азванчэнне глухога «к» адбываецца ў сярэдзіне даволі многіх слоў, найчасцей запазычаных з неславянскіх моў, а таксама на стыку двух слоў. Вось толькі некалькі прыкладаў, дзе замест «к» вымаўляецца выбухны «г»: анекдот, вакзал, Вялікдзень, гекзаметр, лікбез, пакгауз, сінекдаха, Стакгольм, штрэйкбрэхер, экза-мен, экзатычны, экзекуцыя, экзэмпляр, экзотыка, экзэма, як бачыш, як бы, як жа.

Іван Лепешаў


Прэм'ера ў Лідскім замку

1 чэрвеня ў вежы Лідскага замка прайшла прэм'ера анімацыйнага спектакля "Суд Кейстута". Спектакль падрыхтаваны і пастаўлены лідскай турыстычнай фірмай "Святавіт" і лідскім рыцарскім клубам "Дайнава". Гэта другі спектакль з анімацыйнага вянка "Вялікае Княства", які ствараецца ў Лідзе на базе фрагментаў найбольш яркіх эпізодаў лідскай гісторыі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Першы спектакль "Вяселле Ягайлы" прадстаўляецца ў Лідзе некалькі гадоў, але сёлета сітуацыя запатрабавала менавіта вянка спектакляў. Справа ў тым, што анімацыйныя спектаклі на тэмы гісторыі Ліды афіцыйна ўключаны ў праграмы знаходжання ў Лідзе турыстычных групаў. А ў турыстаў павінен быць выбар, што глядзець.

Спектакль "Суд Кейстута" прадстаўляе гістарычны эпізод часоў, калі да ўлады ў ВКЛ прыйшоў Вялікі князь Кейстут, які павесіў улюбёнца Ягайлы і яго швагра Вайдылу, што з халопаў падняўся да мужа Марыі дачкі Вялікага князя Альгерда.

На здымку: фрагмент спектакля, калі рыцар Бутрым з Жырмунаў паланіў у Дубровенскім замку пад Лідай Вайдылу і даставіў у Лідскі замак на суд да Вялікага князя Кейстута.


Слова на развітанне з Беларуссю

Славакія вырашыла падвысіць узровень свайго дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі . Ужо ў канцы лета ў Менску прыедзе амбасадар Славакіі . Часовы ж павераны ў справах Славакіі Любамір Рэгак , які прадстаўляў інтэрасы гэтай краіны , пакідае Беларусь у канцы чэрвеня . Любамір Рэгак за час свайго знаходжання ў Беларусі здабыў рэпутацыю шчырага сімпатыка беларускай мовы. Падчас гутаркі з карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Любамір Рэгак выказаў наступнае.

Я пакідаю Беларусь з пачуццём вялікага шкадавання, таму што за два гады ўбачыў шмат працэсаў і тэндэнцый у розных сферах чалавечага жыцця. Яны сведчаць аб тым, што беларусы імкнуцца стаць паўнапраўным еўрапейскім народам і жыць у цывілізаваным грамадстве па законах, мець такія ж, як у Еўрасаюзе, маральныя каштоўнасці. Яшчэ беларусы імкнуцца навучыць сваіх дзяцей еўрапейскім мовам, жадаюць мець такі ж дастатак, які маем мы.

У нейкім сэнсе стан маёй душы нагадвае пачуцці садоўніка, які ўвесну ўбачыў парастакі раслін, але змушаны з'язджаць. А так жадае ўбачыць выраслае з гэтага парастака дрэва, якое пладаносіць.

У мяне вельмі шмат яркіх уражанняў аб Беларусі. Адно з апошніх удзел у |беларускай нацыянальнай дыктоўцы. Некалі ў канцы ХІХ стагоддзя ў нас была падобная сітуацыя славацкая мова амаль перастала існаваць, але мы змаглі гэта пераадолець. Я з задавальненнем прыняў удзел у беларускай дыктоўцы. Вельмі сімвалічна, што мы пісалі яе 15 сакавіка, у Дзень беларускай Канстытуцыі.

Перад дыктоўкай я зрабіў пераклад на беларускую мову верша аднаго з найвялікшых славацкіх паэтаў і выступіў з ім. Характэрна, што і іншыя дыпламаты з амбасад Украіны, Літвы, Польшчы, Вялікабрытаніі выступілі ў гэтым своеасаблівым літаратурным мініфэсце з вершамі сваіх паэтаў аб любові да роднай мовы. Гэта было выдатна.

Мне здаецца, гэтая дыктоўка быў не толькі беларускай яна набыла еўрапейскі размах. Было вельмі прыемна пазнаць, што ў Маскве, напрыклад, для яе правядзення вылучылі залу ў Ленінскай бібліятэцы. Мне здаецца, што ў Расіі таксама разумеюць, што беларусы з'яўляюцца асобнай еўрапейскай нацыяй са сваёй мовай, культурай, што яны самастойная нацыя

Думаю, што беларусы павінны размаўляць на сваёй мове. Мова гэта адзін з атрыбутаў дзяржаўнасці. Беларуская мова выдатная. Магчыма, ёсць мовы і больш квяцістыя, але і на беларускай мове можна выдатна выказаць усе свае думкі, не запазычваючы замежныя словы. Не трэба бянтэжыцца гаварыць на сваёй мове гэта прыгожая мова. Яна вартая таго, каб быць галоўнай мовай сваёй краіны. Пры адпаведнай дзяржаўнай палітыцы людзі не будуць адчуваць ніякага дыскамфорту, пераходзячы на беларускую мову.

Жадаў бы таксама адзначыць, якое вялікае ўражанне робяць беларускія людзі. У Беларусі я сустрэў выдатных людзей. Вельмі даражу знаёмствам з паэтам Нілам Гілевічам, Васілём Шаранговічам, нядаўна пабываў у гасцях у Алеся Пушкіна. Тут шмат людзей сусветнага значэння, якімі Беларусь можа ганарыцца.

Спазнаючы гісторыю і культуру беларусаў, я шмат падарожнічаў па краіне. Яе ландшафты, прырода мяне зачаравалі гэтак жа, як і ацалелыя помнікі архітэктуры.

На здымку: Любамір Рэгак і пасол Украіны пішуць беларускую агульнанацыянальную дыктоўку.

Любамір Рэгак


Нацыст № 3 - Рудольф Гес

(Гісторыка-дакументальнае эсэ)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Падсудныя былі прызнаны вінаватымі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў супраць чалавечнасці, гэта значыць, у парушэнні законаў і звычаяў вайны, знішчэнні соцень тысяч мірных грамадзян, у забойствах і катаваннях ваеннапалонных, прымусовым угоне ў нямецкае рабства некалькіх мільёнаў чалавек з акупаваных тэрыторый, рабаванні дзяржаўнай і прыватнай маёмасці, разбурэнні гарадоў і сёлаў, забойствах, катаваннях і пераследваннях мільёнаў яўрэяў, французаў, палякаў, рускіх, украінцаў, беларусаў і асоб іншых нацыянальнасцяў па расавых, палітычных і рэлігійных матывах, забойстве састарэлых і хворых людзей, наўмысным заражэнні вязняў сыпным тыфам, іншымі інфекцыйнымі хваробамі, у правядзенні бесчалавечных даследванняў над жывымі людзьмі і г.д.

Да пакарання смерцю праз павешанне было прыгаворана 12 злачынцаў Трэцяга рэйху:

Марцін Борман (завочна) - сакратар і бліжэйшы дарадца фюрэра, пасля таго як Р. Гес паляцеў у Вялікабрытанію, ён узначаліў партыйную канцылярыю НСДАП. М. Борману прыгавор вынеслі завочна. Доўгія гады лічылася, што яму ўдалося ўцячы з Берліна за мяжу. У ноч на 2 траўня 1945 года М. Борман разам з групай эсэсаўцаў вырываеццаз імперскай канцылярыі і ў час бою на мосце Вейдэндамер каля танка, пад прыкрыццём якога прарывалася група, раздаецца выбух. Многія эсэсаўцы былі забітыя ці параненыя. М. Борман застаўся ў жывых, пераапрануўся ў цывільнае адзенне і працягваў уцёкі адзін. Былы кіраўнік "гітлераўскай моладзі" Аксман заявіў, што ўцякаючы з імперскай канцылярыі ён наткнуўся на ляжачае на спіне цела М. Бормана і пры месячным святле ясна бачыў яго. Аднак ніякіх іншых заяў, якія б падцвердзілі смерць М. Бормана, не было. I на Нюрнбергскім працэсе было адзначана, што "доказательства о смертн Бормана не являются убеднтельнымн".

Пасля Другой Сусветнай вайны ў сусветным друку неаднаргзова з'яўляліся паведамленні аб тым, што ўдалося натрапіць на след Марціна Бормана. Нанрыклад, у траўні 1961 года былы аргенцінскі пасол у Ізраілі Грыгорыё Топалеўскі заявіў, што ў 1960 годзе з ведама мясцовай паліцыі М. Борман схаваўся ў Аргенціне, а потым, спалоханы арыштам другога фашысцкага злачынцы Эйхмана, уцёк у Бразілію ("Известия'", 10 мая 1961 года). I толькі ў пачатку 70-х гадоў былі атрыманы неабвержныя доказы, што ён не змог вырвацца з акружанага Берліна і 2 траўня 1945 года скончыў жыццё самагубствам, атруціўшыся цыяністым каліем пад Мастом інвалідаў у Берліне;

Ганс Франк - рэйхсляйтэр НСДАП па прававых пытаннях, імперскі міністр юстыцыі, генерал-губернатар Польшчы. Дарэчы, у свой час ён быў адвакатам А. Гітлера на судовым працэсе пасля правалу Мюнхенскага путча 1923 года;

Вільгельм Фрык - імперскі пратэктар Чэхіі і Маравіі, адзін са старэйшых дзеячоў нацысцкай партыі, кіраўнік яе фракцыі ў рэйстагу яшчэ да захопу А. Гітлерам улады, пазней міністр унутраных спраў. Кіраваў распрацоўкай расавых законаў, якія паслужылі "юрыдычнай базай" для пераследванвя і знішчэння цэлых народаў;

Герман Герынг - нацыст № 2 (пасля А.Гітлера), рэйхсмаршал Германіі;

Адольф Ёдаль - генерал-палкоўнік. начальнік штаба аператыўнага кіраўніцтва вярхоўнага камандавання ўзброенных сіл Германіі;

Эрнст Кальтэнбрунэр - обергрупэнфюрэр СС, начальнік галоўнага імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА) і паліцыі бяспекі, бліжэйшы памочнік Генрыха Гімлера. 3 яго кабінета ішлі дырэктывы пра знішчэнне мільёнаў людзей у лагерах смерці, аб пераследванні ўсіх ворагаў нацызму;

Вільгельм Кейталь - генерал-фельдмаршал, начальнік штаба вярхоўнага ка-мандавання Германіі, тыповы прадстаўнік прускай элітнай ваеншчыны. Аддаваў загады не шкадаваць мірнае насельніцтва, расстрэльваць на месцы тых, хто аказвае супраціўленне, а таксама камісараў і яўрэяў;

Яахім фон Рыбентроп - з 1938 года міністр замежных спраў Германіі, обер-групэнфюрэр (генерал) СС, іграў вялікую ролю ў правядзенні ў жыццё агрэсіўных планаў "Трэцяга рэйху". Мера асабістай адказнасці I. фон Рыбентропа за ўсе яго зла-чынствы вялікая;

Альфрэд Розенберг - намеснік А. Гітлера па пытаннях "духовной и идеологической подготовки» членаў нацысцкай партыі, імперскі міністр па справах акупаванных усходніх тэрыторый, адзін з "идейных столпов" нацыянал-сацыялізму;

Фрыц Заўкель - опер-групэнфюрэр СС, генеральны ўпаўнаважаны па выкарыстанні рабочай сілы, які сагнаў мільёны людзей з акупаванных краін на катаржныя работы ў Германію і рабіў усё, каб амаль кожны з сагнаных у фашысцкае рабства чалавек выпрацаваўся да смерці;

Артур Зэйс-Інкварт - рэйхскамісар Галандыі, імперскі намеснік у Аўстрыі, намеснік генерал-губернатара Польшчы, чалавек, які ўтапіў у крыві галандскае і польскае насельніцтва;

Юліюс Штрэйхер - гауляйтэр, адзін са стваральнікаў НСДАП, ідэолаг антысемітызму, выдавец "Штурмера" .

Тры чалавекі былі прыгавораны да пажыццёвага зняволення:

Рудольф Гес;

Вальтэр Функ - імперскі міністр эканомікі, прэзідэнт рэйхсбанка і генеральны ўпаўнаважаны ваеннай эканомікі. Пад яго кіраўніцтвам стваралася зброя для вермахта, яго рэйхсбанк прымаў на захаванне залатыя пярсцёнкі, зубныя каронкі, якія былі зняты з мёртвых ахвяр кан-цэнтрацыйных лагераў;

Эрых Рэдар - грос-адмірал, галоўнакамандуючы ваенна-марскога флота Германіі, дзяржаўны марскі пірат, парушыўшы ўсе марскія за-коны і звычаі, аддаваў загады тапіць усе цывільныя караблі.

Да 20 гадоў турэмнага зняволення былі прыгавораны:

Бальдур фон Шырах - арганізатар і кіраўнік нацы-сцкай маладзёжнай арганізацыі "Гітлерюгенд'", гаўляйтэр НСДАП і імперскі намеснік у Вене (Аўстрыя);

Альберт Шпеер - імперскі міністр узбраення і боепрыпасаў, стваральнік новых відаў зброі для германскай арміі, кіраўнік навуковых праектаў па стварэнні ракетнай і ядзернай зброі.

Да 15 гадоў турэмнага зняволення прыгавораны:

Канстанцін фон Нейрат - да 1938 года міністр замежных сіраў Германіі, дапамагаў А. Гітлеру рабіць самыя першыя крокі ў яго знешняй палітыцы, пазней быў нацысцкім пратэктарам Багеміі і Маравіі.

Да 10 гадоў турэмнага зняволення прыгавораны:

Карл Дзёніц - грос-адмірап, дзяржаўны пірат, адкінуўшы ўсе марскія законы і звычаі, даваў загады тапіць цывільныя караблі.

Тры чалавекі былі апраўданы:

Яльмар Горас Грынен Шахт - прэзідэнт Імпер-скага банка, палітычны прадстаўнік германскіх манаполій і банкаў пры А. Гітлеры, без грошай, якія германскія прамыслоўцы і банкіры перадавалі праз гэтага пасярэдніка ў касу НСДАП, не было б, верагодна, ні нацысцкай дыктатуры, ні ўзброеннага да зубоў вермахта, ні Другой Сусветнай вайны;

Франц фон Папен - рэйхсканцлер, які адкрыў А. Гітлеру шлях да ўлады, пазней пасол Германіі ў Аўстрыі і Турцыі;

Ганс Фрычэ - намеснік рэйхсміністра прапаганды Ё. фон Гебельса, кіраўнік радыё-прапаганды Трэцяга рэйху, дырэктар Імперскага радые.

Хадайніцтвы аб памілаванні асуджаных былі адхілены.

Пазбеглі Нюрнбергскага працэсу:

Адольф Гітлер - скончыў жыццё самагубствам у бункеры пад будынкам імперскай канцылярыі 30 красавіка 1945 года (атруціў жонку Еву Браўн, свайго сабаку, а сам выстраліў сабе ў рот);

Ёзаф Гебельс - скончыў жыццё самагубствам у бункеры пад будынкам імперскай канцылярыі 1 траўня 1945 года, атруціўшыся цыяністым каліем. Перад смерцю атруціў сваю жонку і шасцёра сваіх ма-лагадовых дзяцей;

Генрых Гімлер - рэйхсфюрэр СС, адна з самых "зловещих фигур" нацысцкага рэжыму (атруціўся 23 траўня 1945 года цыяністым каліем);

Роберт Лей - адзін з лідараў НСДАП, кіраўнік нацысцкага Нацыянальнага пра-цоўнага фронту. Павесіўся ў час следства ў Нюрнбергскай турме;

Генрых Круп - вядомы прамысловец Германіі, быў прызнаны невылечна хво-рым, у сувязі з чым яго справа была прыпынена, а пазней спынена ў сувязі са смерцю.

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX