№ 26 (865) 25 ЧЭРВЕНЯ 2008 г.
ЮРЫЮ ХАДЫКУ - 70
23 чэрвеня аднаму з вэтэранаў адраджэнцкага руху Юрыю Хадыку споўнілася 70 гадоў. Узрост, які вымагае пэўных падсумаванняў. Аднак Юры Хадыка паранейшаму ў вялікай палітыцы. І час для напісання мемуараў - яшчэ наперадзе.
Юры Хадыка нарадзіўся ў Менску 23 чэрвеня 1938 года. Першыя гады жыцця правёў у Беластоку, дзе працаваў бацька. З залатым медалём скончыў Чыгуначную школу № 60 ў Менску. Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у інстытуце фізікі АН Беларусі. У 1975 узначаліў секцыю ў камісіі АН СССР ў распрацоўцы прагнозу развіцця оптыкаэлектронных сродкаў выведкі на 15 гадоў. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
З 1965 года фізік-навуковец Юры Хадыка пачаў працаваць па закрытай тэматыцы, выконваючы ў Інстытуце фізікі Акадэміі навук замову вайскоўцаў. Браў удзел у кааперацыі па стварэнні сістэмы ранняга папярэджання аб ракетным нападзе, якія пазней сталі называць "касмічнымі войнамі". Калектыў стаў галаўной арганізацыяй у тэорыі разлікаў аптычных характарыстык ракетаў, караблёў, самалётаў. Двойчы адмаўляўся ад пераходу на сталую працу ў Маскву. Як кажа спадар Хадыка, вузкая група спецыялістаў стала "курыцай, якая несла залатыя яйкі". У такім статусе шмат што дазвалялася, і Юры Віктаравіч сітуацыяй скарыстаўся напоўніцу.
Ад 1969 года ўдзельнічае ў грамадскай кампаніі ў вывучэнні і захаванні помнікаў старажытнага мастацтва, культуры. Духоўным натхняльнікам у гэтай справе стала гісторык мастацтва Элеанора Вецер. Годам раней выйшла пастанова Савета міністраў СССР аб выданні "Зводу помнікаў гісторыі і культуры народаў СССР", уключна з 7 тамамі па Беларусі. І высветлілася, што ў Беларусі няма ніводнага спецыяліста па старажытным і сакральным мастацтве, хоць праз 6 гадоў трэба ўжо было выдаваць энцыклапедыю. А тут добраахвотнікі на чале з Хадыкам знайшліся самі. Улетку 1970га паехалі ў першую экспедыцыю. Сабралі вялікую колькасць мастацкіх твораў - больш за 60 абразоў, скульптураў, фрагментаў дэкаратыўнай разьбы. Галоўным рарытэтам стаў звон 1584 года аднаго з магнацкіх радоў Войнаў на Беларусі. У гэтых экспедыцыях прыйшло сапраўднае разуменне беларускай гісторыі, якую за савецкім часам намагаліся папросту выкрасліць.
У 1979 годзе, пасля шматлікіх арганізацыйных перашкодаў у Акадэміі навук, быў адкрыты музей Старажытнабеларускай культуры. Сам Хадыка лічыць гэта найвялікшым сваім дасягненнем, якое пераўзыходзіць нават працу ў галіне фізікі. Прапаноўвалі абараніць дысертацыю па мастацтвазнаўству, аднак ён ужо быў прафесарам і доктарам у фізіцы і адмовіўся, пра што зараз шкадуе.
Аўтар каля 150 навуковых працаў па фізіцы і каля 200 навукова-тэхнічных справаздачаў, а таксама каля 30 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва. Адзін з актывістаў грэка-каталіцкай (уніяцкай) грамады. Жанаты, мае двух сыноў і трох унукаў.
Доўгі час быў намеснікам старшыні Беларускага народнага фронту, Партыі БНФ, сябрам назіральнай рады Беларускага Хельсінскага камітэту. На сёння старшыня Камісі партыйнага кантролю Партыі БНФ.
Паплечнікі Юрыя Хадыкі кажуць, што ён прынёс у палітыку своеасаблівы гуманістычны і філасофскі складнік, чым не дазволіў дэмакратычнаму руху скаціцца ў палітыканства. Такога гледзішча ў прыватнасьці трымаецца намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:
"Ён у першую чаргу далучыўся да адраджэнцкага руху. Калі ствараўся аргкамітэт Народнага фронту, галоўную ролю пры фармаванні гэтага камітэту адыгрывала група Пазьняка, то, натуральна, Хадыка там быў. Таму што яшчэ да ўтварэння Народнага фронту ён у гэтай нефармальнай групе гадоў 10 з імі працаваў. Ён хутчэй не палітык, а змагар за свабоду. Ёсць розніца. Хоць у нашай сітуацыі гэта звязана".
125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Цвікевіча
ЦВІКЕВІЧ Аляксандр Іванавіч [псеўд.: А.Галынец, А.Гвозд; 23.06.1888, Берасце - 30.12.1937, Менск, НКВД], гісторык, філосаф, публіцыст, юрыст, грамадскі і паліт. дзеяч. Брат Івана Цвікевіча. У 1912 скончыў юрыдычны ф-т Пецярбургскага ун-та. Працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасці. У час 1-й сусветнай вайны быў у бежанстве ў Туле, дзе ў 1916 увайшоў у склад Камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў Беларускай народнай грамады. На 1-м Усебеларускім з'ездзе у 1917 рабіў даклад па бежанскім пытанні. Вясною 1918 арганізаваў у Кіеве Беларускую гандлёвую палату і наладзіў выпуск газ. «Белорусское эхо». Там жа выдаў «Кароткі нарыс узнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі». Па некаторых звестках, быў арыштаваны. Ва ўрадзе БНР Ковенскага перыяду (1920 - лета 1923) быў міністрам замежных спраў. Апублікаваў шэраг артыкулаў і эсэ ў час. «Беларускі сцяг» (Коўна). У эмігра-цыі ў Празе (лета 1923-25) прэм'ер-міністр БНР. Пераехаў у Менск у пачатку снеж. 1925 пасля Берлінскай канферэнцыі беларускіх прадстаўнікоў, якая прыняла рашэнне спыніць дзейнасць ураду БНР. Працаваў у Наркамаце фінансаў; сакратаром Інбелкульта; вучоным старшынёй Камісіі Інбелкульта па вывучэнні адукацыі ў Беларусі; з 1929 у Інстытуце гісторыі БелАН. Вывучаў праблемы фармавання грамадска-паліт. думкі ў Беларусі, станаўленне бел. ідэі. Аўтар прац «Беларусь: Палітычны нарыс» (1919; 2-е выд. 1990), «Адраджэнне Беларусі і Польшча» (1921), «Погляд П. Бяссонава на беларускую справу» (1922). Найбольш вядомая яго праца - «Западно-руссизм» (1929). Арыштаваны 14.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Пермь тэрмінам на 5 гадоў. Зноў арыштаваны 17.12.1937 у Сарапуле, дастаўлены ў Менск; прыгавораны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10.6.1988, па другім - 31.5.1989.
Рымскі Папа Бенедыкта ХVI запрошаны ў Беларусь
У нядзелю 22 чэрвеня Дзяржаўны сакратар Святога пасаду Тарчызіё Бертонэ завяршыў пяцідзённы візіт у Беларусь, у ходзе якога ён наведаў тры дыяцэзіі Беларускага каталіцкага касцёлу, правёў перамовы з праваслаўным мітрапалітам Філарэтам і беларускімі ўладамі. Апрача іншага ён дамовіўся з беларускімі ўладамі аб падрыхтоўцы Канкардату паміж афіцыйным Менскам і Ватыканам і атрымаў запрашэнне ад Аляксандра Лукашэнкі для папы рымскага Бенедыкта XVI наведаць Беларусь з візітам. Кардынал Бертонэ правёў імшу ў Менскім кафедральным касцёле, на якую прыйшло ў храм і на вуліцу да вялікіх экранаў каля 6 тысяч чалавек, ды падвёў вынікі сваёй паездкі на прэсавай канферэнцыі.
Тарчызіё Бертонэ выказаў свой спадзеў, што візіт Папы Рымскага Бенедыкта XVI ў Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца, аднак ніякіх тэрмінаў назваць не змог.
Падчас візіту паўсюдна, публічна і грунтоўна гучала беларуская мова. Набажэнствы і казанні перакладаліся з італьянскай на беларускую.
На здымках: кардынал Т. Бертонэ з біскупам А. Кашкевічам; набажэнства ў Менску.
На Пружанскіх могілках памяць ляжыць
Да 575-годдзя Пружан
З гісторыі горада
Пружаны - раённы цэнтр Берасцейскай вобласці. Першыя ўспаміны аб Прушанскай воласці датычацца да 1433 г. На думку пісьменніка і гіс-торыка Ю. І. Крашэўскага і іншых, назва ўзнікла ў сувязі з пасяленнем тут прусаў, якія ратаваліся ад крыжакоў (Прусы, Прусяны, Прушаны). Пружаны вядомы з 1473 г. пад назвай Дабучын. Назва Пружаны адначасова са статусам горада атрымана ў 1589 г. Першы вядомы план горада, датуецца 1803 г.,- самы ранні графічны дакумент, які адлюстроўвае планіровачную структуру с указаннем асноўных пабудоў і зямельных надзелаў. Шэсць вуліц і прылеглыя завулкі стваралі аснову рэгулярнага плана, які атрымаў дальнейшае развіццё ў наступныя десяцігоддзі.
Падчас войн сярэдзіны XVII - 1-й паловы XVIII ст., горад быў моцна разбураны, колькасць пабудоў паменшылася ў 5 разоў. У 1776 г. пазбаўлен магдэбургскаго права. У канцы XVIII ст. адрадзіўся, у 1791 г. - налічвалася 2094 жыхары. З 1795 г. Пружаны ўваходзяць у склад Расіі: горад, цэнтр Слонімскага павету, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай губерні. Хуткі рост горада адзначаецца ў другой палове XIX ст.
Адмена прыгоннага права садзейнічала эканаміч-наму развіццю горада. Паводле перапісу 1897 г. у Пружанах налічвалася 7633 жыхары (43,4% пісьменных), 14 дробных прадпрыемстваў, павято-вае і двухкласная прыходская вучэльня, 6 бальніц. У XIX - 1-й палове XX ст. Пружаны вядомы як цэнтр ганчарства. Са жніўня 1915 г. горад акупа-ваны нямецкімі, а пазней і польскімі войскамі. Па Рыж-скаму мірнаму дагавору ў 1921-39 гг. Пружаны ўваходзілі ў склад Польшчы: па-вятовы горад Палескага ваяводства.
Да нашага часу ў Пружанах захаваліся адзінкавыя пабудовы, якія маюць архітэктурна - мастацкую, або гістарычную каштоўнасць. Гэта мураваныя гандлёвыя рады, сабор, сядзібны дом і асобныя жылыя пабудовы. Таксама вялікую гістарычную каштоўнасць выяўляюць сабой пружанскія могілкі, якія знаходзяцца ў паўднёва-заходняй частцы горада, па вуліцы Горка, і аб якіх пойдзе размова далей.
Каталіцкія могілкі
Агароджаны могілкі драўляным плотам. У заходняй частцы ёсць часткова вольныя месцы. Цэнтральныя вароты выкладзеныя каменем, з ужываннем металу. Насупраць уваходу, на адлегласці шасці метраў у кірунку на захад знаходзіцца капліца (фота.1). Яна пабудавана з каменю і атынкаваная. Страха двухсхільная. Шмат гадоў гэтая капліца выконвала функцыі касцёла. Вакол капліцы растуць клёны, ліпы і бярозы.
Самым старым пахаваннем на могілках з'яўляецца змешчанная ў паўночна-усходнім кірунку магіла Fabjana Bialoblockogo ( фота 2), 1839 г. Гэта цыліндрычны слуп, складзены з неапрацаванай цэглы, на якім вісіць каменная пліта, абведзеная металічнай рамай. У гэтай жа самай частцы могілак, зблізку капліцы, знаходзіцца таксама магіла Paszkowskich і Trembickich (фота 3), уяўляе яна сабою калону на пастаменце, на якой знаходзяцца адбіткі родавых гербаў. Калона аплецена вянком з кветак, усе надпісы на лацінскай мове і датуецца яна 1841 г. Побач з ёй - магіла 1843 г. Pauliny z Kiernozyckich Zarczynskiej , зроблена яна з цэменту, з кожнага боку ёсць інкрустацыя з арнаментам, яўна выяўленым профілем і кансолямі.
З правага боку дарож-кі за капліцай знаходзіцца магіла Wincentego Jurkowskiego (фота 4), 1852 г., яна выканана з цэменту, цікавасть выяуляе рэльефны чэрап з косткамі ў ніжняй частцы над-магілля. Побач з ім знаходзіцца магіла Ferdynanda Lezenskiego , таксама 1852 г. Недалёка ад капліцы, па правым боку знаходзіцца магіла Jozefiny z Deramerow Lezenskiej - суцэльная надмагільная пліта 1852 г., пакладзеная гарызантальна, абведзеная рамай, якая выступае над паверхняй, у задняй частцы - галава анёла.
Па левым баку ўваходу на могілкі знаходзіцца жалезны помнік Gustawa Kotarskiego , паручніка III брыгады, 6-й батарэі палявой артылерыі, памерлага ў 1859 г. Недалёка бачна гарызантальна пакла-дзеная заліўная пліта магілы Kazimierza Lezenskiego , 1860 г. Зроблена яна з цэменту, з ужываннем скальных парод і увенчана крыжам. Гэтак жа побач знаходзіцца магіла Adolfa і Antoniny Hlebowicz , датуецца 1870 г. Выканана яна ў выглядзе крушын з крыжом.
У заходняй частцы могілак, па левым боку дарожкі знаходзіцца магіла Cupriana Krzywoblockiego , 1872 г., багата аздобленная арнаментамі ў форме сплеценых вінаградных лозаў. На тым жа баку, побач з капліцай знаходзіцца магіла Faustyny z Wylodow-skich Bukowskej , 1873 г. З левага боку - суцэдьны заліты пастамент, увенчаны ажурным крыжом з расліным арнамен-там - гэта магіла Emilji Korsak , 1874 г. У паўднёва-ўсходнім кірунку знаходзіцца магіла 1878 г. Jozefa Przesmyckiego , падпісаная: «Szmidt Briest - Lit. Czug. Lit. Zaw.» , уяўляе сабою інкруставаны крыж на нізкай падстаўцы.
Па правым боку капліцы знаходзіцца залітая суцэ-льная пліта - магіла Rozy z Karczewskich Babireckiej , якая памерла ў 1884 г. С левага боку - магіла дваранства Пружанскага павету, гаспадароў Палацыка - Herminii і Walentyja Szwykowskih , 1900 г. - гэта пліта з чорнага граніту, за плітой - гранітны пастамент з крыжом. Па правым боку дарожкі, у паўночна-усходнім кірунку, знаходзіцца магіла Wincentego і Boguslawa Trebickich . Wincent Trebicki быў прэзідэнтам усіх судоў Пружанскага павету, памёр у 1896 г., а Boguslaw Trebicki - паручнік войска польскага, памёр у 1896 г. Магіла мае форму пра-мой пліты з цэменту і звычайным крыжом у падгалоўя.
На могілках знаходзіцца вельмі цікавая магіла Za-wadzkich . Надмагілле выканана з цэменту, уваход накрыты плітамі. Надмагільная пліта з чатырма металічнымі вілкамі, за плітой - крыж, з галавой Хрыста, які падпіраюць цэментавыя пліты. Магіла выканана ў стылі «мадэрн» у 1910 г. і падпісана аўтарам: «Rudnicki, Warszawa» .
Вельмі цікавай з'яўляецца магіла Boleslawa і Michala Czarnockich . Знаходзіцца яна па левым боку ўваходу на могілкі, зроблена ў 1935 г. і таксама падпісана аўтарам «A. Marcinkiewicz, Warszawa, Dzika 62» . Магіла выканана з чырвонага каменю, надмагільная пліта з чатырмя вілкамі, за плітой - абеліск. У нізе абеліска - галава жанчыны ў егіпецкім стылі, па баках - каменныя ўслоны з невялікімі спінкамі.
У паўночна-заходняй частцы могілак знаходзіцца мноства вайсковых пахаванняў салдат, загінуўшых у Першай Сусветнай вайне. Магілы ідуць у чатыры рады, у выглядзе літары «U». У цэнтры, паміж імі, знаходзіцца абеліск, складзены з чырвонай цэглы і абкладзены каменем, у яго цэнтральнай частцы раней знаходзілася табліца, а вышэй яе - ацалеўшы да нашых дзён, медальён з кветкай, у сярэдзіне яго - жалезны нямецкі крыж. Магілы пазначаны бетонымі плітамі, з выбітымі на іх імёнамі салдат. Магілы выкананы немцамі і спарадкаваны праз Міністэрства Публічных Прац у 1926 г. А таксама тут пахаваны салдаты расійскіх і аўстрыйскіх войскаў.
У паўднёва-заходняй частцы могілак знаходзяцца пахаванні палякаў, загінуўшых ў 1920 г., у польска - бальшавіцкай вайне. Магілы падзеле-ны на дзве часткі каменным пастаментам з надпісам «Zolnierzom pulkow poznanskich wojska polskiego poleglym i zmarlym w latach 1920 - 1921. Rodacy./ Жаўнерам познаньскіх палкоў войска польскага загінуўшым у 1920 - 1921 гадах. Суайчынікі.». У магілах - 126 польскіх салдат.
Каталіцкія могілкі ў Пружанах адносяць да найцікавейшых пахаванняў на тэрыторыі былога Палескага ваяводства. Яны захаваліся ў вельмі добрым стане.
Праваслаўныя могілкі
Праваслаўныя могілкі размешчаны насупраць каталіцкіх, праз дарогу. Перад уваходам на іх раней знаходзілася драўляная царква, якая ў 90-х гадах XX ст. згарэла. У 2003 г. на гэтым жа месцы пабудавалі новую, ужо цагляную царкву (фота 5). Побач з ёй, злева знаходзіцца невялікая званіца (таксама сучасная пабудова).
Большасць пахаванняў на праваслаўных могілках ад-носяцца да савецкага часу, але сустракаюцца таксама і больш раннія магілы, напрыклад: магіла Анисии Ивановны Ефстратовой , 1864 г. Надмагілле ўяўляе сабой невялікі цэментны пастамент з жалезным крыжом.
Адразу за царквой знаходзіцца магіла стацкага дарадцы Ивана Гавриловича Кожевникова , памерлага ў 1903 г. Зроблена яна з чорнага граніту.
На могілках сустракаецца некалькі магіл зробленых з граніту, у выглядзе дрэва, з адпіленымі галінкамі і выпілаваным крыжом, прыкладам з'яўляецца магіла Ивана Оси-повича Лехачевского (фота 6).
З правага баку ад царквы знаходзіцца магіла палкоў-ніка Ивана Афанасьевича Болтунова , памерлага ў 1900 г. Магіла ўяўляе сабой вельмі прыгожую скульптуру анёла, які трымае крыж, на цэмент-ным пастаменце. Таксама на гэтым пастаменце знаходзіцца нямецкі крыж з вянком.
Недалёк ад цэнтра могілак, з правага боку, знаходзіцца капліца, пабудаваная з цэглы, з жалезнымі кратамі на акенцах і жалезным плотам. Зараз вядзецца яе капітальная рэканструкцыя.
У цэнтры могілак знаходзіцца мемарыяльны комплекс загінуўшым савецкім салдатам падчас Другой Сусветнай вайны. На мармуровых плітах напісаны прозвішчы загінуўшых. Брацкія магілы ідуць у некалькі шэрагаў.
Што датычыцца пахаванняў савецкага перыяду, магілы размешчаны на ўсёй тэрыторыі могілак. Асноўным матэрыялам надмагілляў з'яўляецца мармуровая крошка з цэментам, граніт і крыху менш - мармур. Усе надмагіллі, гэтага часу вельмі падобныя адны на адно і ўяўляюць сабой ярусны пастамент с крыжом, або без яго, прыкладам такіх надмагілляў з'яўляецца магіла Капоровича Николая Фроловича , памерлага ў 1973 г.; Ильяшевич Анны Ивановны 1965 г. Але таксама сустра-каюцца надмагіллі больш арыгінальныя для таго часу, напрыклад, магіла Куц Василия Васильевича , памерлага ў 1983 г., уяўляе сабой гранітную пліту з рэльефным профілем журботнай жанчыны і вялікім кубкам уверсе пліты. Цікавае таксама надмагілле 1981 г. - Соколовского Александра Ивановича , зробле-ная з белага мармуру ў вы-глядзе няроўнага кавалка пліты. Недалёка ад гэтых пахаванняў знаходзіцца маліла героя Вялікай Айчыннай вайны Потерухи Степана Филипповича , памерлага ў 1982 г., зробленая з чорнага мармуру.
Сучасныя пахаванні зараз адбываюцца за горадам, але дзе-нідзе яшчэ магчыма убачыць побач з старымі пахаваннямі надпісы апошніх гадоў. У асноўным надмагіллі зараз робяцца з мармуру, напрыклад магіла Марцинкевича Николая Константиновича , памерлага ў 2003 г.
Гэтак жа, як і каталіцкія, праваслаўныя могілкі ад-носяцца да націкавейшых па-хаванняў і захаваліся ў выдатным стане, праўда ёсць месцы, дзе не засталося фак-тычна нічога, акрамя ўражан-ня, што пад гэтай зроўненай зямлёй хтосці быў пахаваны…
ПАДАРОЖЖА ПА ГІСТАРЫЧНАЙ ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ
Каб было ўсё гучней
і ўрачысцей,
Не тлуміся, рабі ўсё прасцей:
Пляц расквець,
ды трыбуну начысці,
Ды пакліч ганаровых гасцей"...
(Генадзь Бураўкін)
Канец траўня пачатак чэрвеня стаў асабліва багаты ў Таварыстве Беларускай Культуры на сустрэчы і розныя мерапрыемствы.
Апошняе было прысвечана Леваніду Каралю, у гэтым годзе яму споўнілася б 85. Л. Кароль вучань Віленскай беларускай гімназіі, нашчадак настаўніка гэтай гімназіі, актыўны беларускі дзеяч канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. "У інстытуце электраграфіі працуе беларускі патрыёт", так сказаў Хведару Нюньку ягоны стрыечны брат, які ў той час працаваў разам з Л. Каралём. У Вільні пачалі ўзнікаць першыя суполкі, адной зь іх было ТБК, якім кіраваў Хв. Нюнька. Першае знаёмства перарасло ў цеснае сяброўства. Л. Кароль быў добрым дарадчыкам старшыні, пазней галоўным карэктарам і аўтарам старонкі "Беларус Віленшчыны", у Таварыстве пачалі выходзіць першыя кніжкі, газета "Рунь". Л. Кароль уваходзіў у рэдкалегію, доўгі час быў салістам хору "Сябрына", дапамагаў у выбары рэпертуару, разам зь ім заўсёды прыходзіла і ягоная жонка. Таварыства атрымала сваё памяшканне, дзякуючы мэтанакіраваным дзеянням старшыні, было цяжка. але тады было і цікава. Адраджалася беларускае жыццё пасля амаль 50 гадовага маўчання.
Пра Л. Караля расказаў Хведар Нюнька. "Прайшло амаль 10 гадоў, як не стала Леваніда Сымонавіча, а яму замены няма". На імпрэзе прысутнічала жонка Зінаіда Кароль. Напрыканцы паказалі стужку. на якой Л.Кароль паказваў могілкі на Ліпоўцы вучняў і настаўнікаў ВБГ, на Радуніцу я з вучнямі хадзіла і на магілу Л. Караля, яго помняць удзячныя нашчадкі. У траўні споўнілася 40 гадоў з дня заснаваньня гісторыкакраязнаўчага музея ў Дзятлаве, яго заснаваў Міхась Петрыкевіч, доўгі час працаваў дырэктарам, праводзіў экскурсіі, апонія гады жыцця жыў у Вільні ў дачкі Святланы ПетрыкевічКрасоцкай, хутка і ў Вільні далучыўся да актыўнай дзейнасці па адраджэнні беларускай культуры, на колькі дазваляла здароўе прыходзіў у Таварыства, у Вільні ён знайшоў апошні прытулак. Пра бацьку расказала Святлана Красоцкая, выступленне было цікавым, эмацыянальным, зачытала ўрыўкі з артыкула Вольгі Іпатавай. успомніла дзяцінства ў Дзятлаве, сяброўства бацькі з Янкам Брылём і Ул. Калеснікам, з якім разам вучыўся ў настаўніцкім інстытуце.
Імпрэза закончылася за кубкам гарбаты, прысутныя доўга не разыходзіліся.
У пачатку чэрвеня група актывістаў ТБК ладзіла вандроўку на Гарадзеншчыну. Галоўная мэта падарожжа сустрэча з Алесям Белакозам, у гэтым годзе яму споўніцца80.
Перш чым ладзіць экскурсію адбылося некалькі сустрэч з гісторыкам і краязнаўцам Гарадзеншчыны Ул. Хільмановічам, сябрам нашага Таварыства. Ён чакаў нас на вакзале ў Гародні, адкуль і пачалася наша экскурсія па гістарычных мясцінах горада. Пабывалі ў Каложскай царкве, спаткаліся з паэткай Данутай Бічэль, у 90я гады яна прыязджала ў Вільню. першая сустрэча адбылася з беларускай грамадскасцю ў палацы прафсаюзаў, таму і на сустрэчы ў Гародні шмат было пытанняў, успамінаў, прыехалі прыхільнікі яе творчасці, таму наша сустрэча працягвалася яшчэ доўга на кватэры Уладзіміра Хільмановіча, паэтка падаравала нам свой апошні зборнік вершаў "Ойча наш", у цесным коле цытавалі яе вершы, пазнаёміліся з апошняй кнігай прозы і ўспамінаў Дануты Бічэль. Гэтым разам мы не заходзілі ў музей Максіма Багдановіча, бо для беларусаў Вільні музей М. Багдановіча ў Гародні асацыюецца з яго заснавальніцай і дырэктарам Данутай Бічэль. Наша сустрэча была не апошняй, абавязкова адбудзецца прэзентацыя яе кнігі, якая пакуль у адзіным экзэмпляры, магчыма ў Вільні, куды яе запрасіў старшыня таварыства. Ён з сябрамі нас гасцінна прыняў на начоўку. На наступны дзень наша вандроўка працягвалася па Гарадзеншчыне, Ул. Хільмановіч распрацаваў план маршруту і разам з намі паехаў.
Першы прыпынак вёска Лунна. дзе нас чакаў мясцовы краязнавец Леанід Карповіч і ён правёў нас па літаратурнай Мастоўшчыне і ўсе разам наведалі музей у Гудзевічах, дзе для нас правёў экскурсію сам заснавальнік музея Алесь Мікалаевіч, гэта для нас было галоўнае, асабіста я Гудзевічы наведала ўжо пяты раз, сюды прыязджаю, як на святыя мясціны у Полацак, ці Будслаў. Алесь Белакоз увекавечыў сваіх землякоў. Мы наведалі радзіму Міхася Явара, пахадзілі яго сцежкамі жыцця.
Далей мы паехалі ў Жыровічы, па дарозе заехалі ў Сынкавічы. У Жыровічах сустрэліся з інакам Мікалаем (Алегам Бембепем, псеўданім "Зьніч"), пазнаёміліся з літаратурай, якая выдаецца ў СвятаУспенскім Жыровіцкім манастыры. Праехалі праз Ваўкавыск, Слонім, Дзятлава, Ліду гістарычныя гарады Гарадзеншчыны. Падарожжа адбылося дзякуючы старшыні ТБК Хведару Нюньку, яго намесніку Валерыю Місюку, які ў гэтым падарожжы быў галоўным кіроўцам. Наша бязмежная любоў да Радзімы, яе патрыётаў натхняе на вандроўкі па Беларусі, на сустрэчы, знаёмствы. Вярталіся ў Вільню позна вечарам поўныя ўражанняў, новымі ідэямі, планамі на будучыню.
11 чэрвеня ў Вільні адбылася сустрэча з скульптарам Алесем Шатэрнікам, а 12 чэрвеня сябры ТБК , па ініцыятыве Юрася Гіля, наведалі Свіраны месца нараджэння Фр. Багушэвіча, адвезлі 200 кніг беларускіх пісьменнікаў у савічунскую бібліятэку, якая носіць імя паэта, упарадкавалі тэрыторыю каля дома, дзе вісіць мемарыяльная табліца Фр. Багушэвічу.
Дзейнасць Таварыства ў Літве накіравана на карысць Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь!
Леакадзія Мілаш , Вільня, 13 чэрвеня 2008 г.
У памяць Васіля Быкава
На мінулым тыдні ў Беларусі прайшоў шэраг мерапрыемстваў да 84-х угодкаў з дня нараджэння Васіля Быкава а таксама да 5-х ужо ўгодкаў з дня яго смерці
19 чэрвеня ўгодкі нара-джэння пісьменніка адзначылі і на яго радзіме. Прыхільнікі таленту пісьменніка а 16-й гадзіне сабраліся ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна.
Такія вечарыны памяці ў мемарыяльным музеі Васіля Быкава праходзяць ужо чацвёрты год запар. Сваякі, пісьменнікі і проста ўдзячныя чытачы быкаўскіх твораў збіраюцца тут без афіцыйных запрашэнняў: яны ведаюць, што ў дзень народзінаў Быкава на ягонай малой радзіме заўжды збіраюцца аднадумцы.
Аднак сёлета прыехала і раённае начальства - кіраўніца ідэялагічнага аддзелу Вушацкага райвыканкаму Вольга Крачэўская.
Сярод тых, хто прыехаў у Бычкі не па службовай неабходнасці, а паводле ўласнага жадання наведаць быкаўскія мясціны, былі Алесь Марачкін, іншыя мастакі, адказны сакратар ТБМ Ірына Марачкіна, а таксама літаратары з Менска. Прыехалі грамадскія актывісты з Віцебска, Воршы, Бешанковічаў, Гарадка, Шаркоўшчыны, Шуміліна. Але самай пачэснай госцяй была сястра пісьменніка, Валянціна Ўладзіміраўна Быкава, якая таксама жыве на Вушаччыне - у вёсцы Ваўчо.
Наглядчыцай музея працуе мясцовая жыхарка, удава малодшага брата Васіля Быкава, спадарыня Антаніна. Для ўсіх ахвотных Антаніна Быкава сёння правяла правяла экскурсію.
Тут жа, каля музея, прайшла імправізаваная вечарына, на якой меў магчымасць выступіць кожны, хто хацеў сказаць колькі слоў пра Васіля Быкава, якога называюць сумленнем беларускай нацыі і творы якога застаюцца ўзорам праўды ў сусветнай літаратуры.
Наш кар.
На здымку: імпрэза на музейным падворку. Выступае кіраўніца гр. цэнтра імя Язэпа Драздовіча з Шаркоўшчыны сябар ТБМ Ада Райчонак.
Нацыст № 3 - Рудольф Гес
(Гісторыка-дакументальнае эсэ)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У канцы XIX стагоддзя ў Шпандаў працавалі гарматны і ружэйны заводы, артылерыйскія майстэрні, парахавы завод, лабараторыя, вы-прабавальная лабараторыя для ваенных матэрыялаў, арсенал, вайсковыя склады і магазіны, іншыя вайсковыя прадпрыемствы.
Паступова на працягу XX стагоддзя, дакладней у яго першай палове, горад Берлін разрастаўся і пашыраўся (бурны рост горада - прамысловасць, культура, адукацыя, сацыяльная сфера - што там адлегласць 12 кіламетраў паміж гарадамі Берлін і Шпандаў - і горад Шпандаў ўвайшоў у горад Берлін у яго заходнюю частку як новы мікрараён. Пачынаючы з канца 1946 года тут, у турме Шпандаў, адбывалі пакаранне: Р. Гес, В. Функ, Э. Рэдэр - пажыццёва, Б. фон Шырах і А. Шпеер - па 20 гадоў турмы, К.фон Нейрат - 15 гадоў і К. Дзёніц - 10 гадоў турмы. Прынцыпы міжнароднага права, якія ўтрымліваліся ва Уставе Міжнароднага Ваен-нага Трыбунала і выкладзеныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыямі Генеральнай Асамблеі ААН ад 11 снежня 1946 года. Урады СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі дамовіліся па чарзе па аднаму месяцу ахоўваць нямецкіх ваенных злачынцаў. Напачатку на працягу месяца з чатырох сектараў Германіі - СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі па чарзе ахоўвалі ваенных злачынцаў. Потым з 1949 года, калі аб'ядналіся тры сектары і ўтварылі ФРГ, а ў сектары СССР была створана ГДР, турма Шпандаў апынулася ў Заходнім Берліне.
Пасля Другой Сусветнай вайны на тэрыторыі ГДР была ўтаорана асобая палітыка-адміністратыўная адзінка (анклаў) - Заходні Берлін. Плошчу ў 480 квадратных кіламетраў склалі тры акупацыйныя сек-тары Берліна - амерыканскі, англійскі і французскі. Заходні Берлін быў падзелены на 12 гарадскіх раёнаў. Заходні Берлін існаваў у 1949 - 1990 гадах.
23 чэрвеня 1948 года на Заходні Берлін пашырылася грашовая рэформа. якая была праведзена ў Заходняй Германіі. У адказ на гэта 24 чэрвеня 1948 года СССР перакрыў усе дарогі з Берліна на захад і ўстанавіў блакаду Заходняга Берліна, якая працягвалася 324 дні. I ўвесь гэты час жыццядзейнасць Заходняга Берліна праз "паветраны мост" забяспечвала авіяцыя заходніх саюзнікаў - амерыканцаў, англічан і французаў.
5 снежня 1948 года ў Заходнім Берліне былі праведзены выбары ў гарадскі парламент. 1 кастрычніка 1950 года прынята асобая канстытуцыя Заходняга Берліна.
Між іншым, напружанасць паміж жыхарамі аб'яднанай Германіі - ФРГ - захоўваецца і цяпер, і некаторыя палітыкі справядліва пытаюц-ца: сапраўды аб'яднанне дык-тавалася гістарычнай неабходнасцю, а Берлінская сцяна была, так сказаць, ступенню падтрымкі патрыятычнага ня-мецкага духу ці гэта толькі "дурасць" тагачасных палітыкаў прымусіла іх рашыцца на гэты пкрок.
У час "адсідкі" Рудольфа Геса і яго саўдзельнікаў у турме Шпандаў, як мы ўжо згадвалі, 13 жніўня 1961 года за адну кароткую летнюю ноч была ўзведзена Берлінская сцяна, якая спыніла свабоднае перамяшчэнне жыхароў паміж Заходнім і Ўсходнім Берлінам. Да гэтага дня з 1949 года з ГДР у ФРГ "перабегла" (перасяліліся на стапае месца жыхарства) каля 2 мільёнаў чалавек. Рудольф Гес не дажыў да таго часу, калі 3 кастрычніка 1990 года пад націскам народных мас Берлінская сцяна рухнула. 3 кастрычніка - штогод - у ФРГ адзначаецца як дзень германскага адзінства - аб'яднанне ФРГ і ГДР.
ГДР, як самастойная незалежная дэмакратычная дзяржава, перастала існаваць і неўзабаве знікла з усіх геаграфічных картаў свету, і горад Берлін з чэрвеня 1991 года стаў сталіцаю аб'яднанай дэма-кратычнай дзяржавы - ФРГ.
Апошні вязень Шпандаў
Рудольф Гес нарадзіўся 26 красавіка 1894 года ў горадзе Александрыя (Егіпет, Паўночная Афрыка) у сям'і нямецкага гандляра. 3 дзяцінстза размаўляў па-англійску і сімпатызаваў Брытанскай імперыі. Дзяцінства правёў у Егіпце, потым вучыўся ў камерцыйных вучэльнях Швейцарыі і Германіі. У гады Першай Сусветнай вайны Р. Гес добраахвотнікам пайшоў на Заходні фронт і служыў у адным палку з А. Гітлерам, быў некалькі разоў паранены (на целе былі шрамы) і даслужыўся да звання лейтэнанта пяхоты. У канцы вайны ён перайшоў служыць у германскую авіяцыю - люфтвафэ. Меў вышэйшую адукацыю. Вучыўся ў Мюнхенскім універсітэце, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы Карл Хаўсхофера сфармаваўся як нацыст. 3 1923 года асабісты сакратар А. Гітлера. Пасля Першай Сусветнай вайны Р. Гес працягнуў камерцыйную адукацыю і для гэтага пасяліўся ў горадзе Мюнхене. Тут ён трапіў пад уплыў праварадыкальных колаў і зноў сустрэўся з А. Гітлерам. У 1920 годзе Р. Гес уступае ў НСДАП. Ён захапляўся ідэямі А.Гітлера і ўжо ў пачатку 20-х гадоў пачаў ствараць вакол яго культ "великого вождя германской нации".
Р. Гес іграў актыўную ролю ў Мюнхенскім путчы 1923 года. Яму быў даручаны захоп у якасці закладнікаў некалькіх кіраўнікоў Баварскай рэспублікі. У турме Р. Гес, які меў навыкі стэнаграфіі, пісаў пад дыктоўку А.Гітлера рукапіс яго будучай кнігі "Майн кампф" ("Мая барацьба"). У турме А. Гітлер напісаў першую частку сваёй кнігі "Майн кампф" - 400 старонак. У яе ўвайшлі і многія думкі самога Р. Геса. 3 гэтага часу ён пачаў выконваць пры А. Гітлеры абавязкі сакратара.
Пасля Мюнхенскага путча 1923 года, Р. Гес, бачачы, што суд быў паблажлівы да нацыстаў, вярнуўся ў Баварыю з Аўстрыі, куды ён уцёк пасля путча, і ў ландсбергскай турме пачаў выконваць свае сакратарскія абавязкі. Нават знешне ландсбергская турма, як піша не без жарту адзін з біёграфаў А.Гітлера, стала першым "корнчневым домом" фашыстаў. На сценах камер віселі нацысцкія плакаты і газеты, малюнкі і заклікі. У агульнай зале выстаўлены вялікі сцяг з фашысцкай свастыкай.
Некаторыя даследчыкі лічаць Геса ці то сааўтарам, ці то нават аўтарам кнігі "Майн кампф". Гэта меркаванне заснавана на тым, што Р. Гес быў больш адукаваным, чым А. Гітлер. Ён вучыўся ва універсітэце, быў асабіста знаёмы з некаторымі рэакцыйнымі тэарэтыкамі 20-х гадоў, у т.л. з геапалітыкам К. Хаўсхоферам, які перадаў Гесу ў турму "Палітычную геаграфію" Ратцаля, аднаго з зачынальнікаў геапалітыкі. Але "інтэлігентнасць" Геса, відаць, не варта перабольшваць. Разам з тым Р. Гес верыў у астролагаў, чорную магію, некаторыя яго ўчынкі былі пазбаўлены здаровага сэнсу, у палітыцы ён аказаўся поўным прафанам. Усё гэта, вядома, не выключае таго, што Гес унёс сваю пэўную лепту ў кнігу "Майн кампф".
Сааўтарам А. Гітлера адзін час лічыўся і прэлат Штэмпфле - музычны крытык у газеце "Місбахскі веснік" (пазней Штэмпфле быў забіты па загаду Гітлера ў 1934 годзе). Ён быццам бы перапісаў "Майн кампф", прыдаўшы кнізе больш прымальны для выдання выгляд. 3 1925 года Р. Гес - асабісты сакратар і першы ад'ютант А. Гітлера, з красавіка 1933 года - яго намеснік па партыі, з чэрвеня 1933 года - рэйхсміністр без партфеля.
Рудольф Гес адыграў галоўную ролю ва ўстанаўленні культу Адольфа Гітлера, быў адным з арганізатараў задушэння германскіх дэмакратычных сілаў і ўкаранення на тэрыторыі Германіі сістэмы "татальнага шпіянажу". Ён быў адным з актыўных удзельнікаў звяржэння савецкай улады ў Баварыі і Мюнхенскага путча 8-9 лістапада 1923 года. Разам з А. Гітлерам быў прыгавораны да заключэння ў цвердзь - ландсбергскую турму. "Выйшаў у людзі" у якасці фактотума (даверанай асобы) А. Гітлера. У 1932 годзе - старшыня палітычнага цэнтральнага камітэта. 3 красавіка 1933 года - намеснік А. Гітлера ў НСДАП. У 1932 годзе А. Гітлер даручыў свайму вернаму памочніку і паслядоўніку кіраўніцтва толькі што створанай Цэнтральнай партыйнай камісіяй НСДАП, а ў 1933 годзе прызначыў яго сваім намеснікам па партыі. Як кіраўнік партыйнай канцылярыі Р. Гес у гэтым жа годзе атрымаў партфель міністра і ад імя Гітлера прымае ўсе важнейшыя рашэнні ў Германіі. Р. Гес захапляўся магіяй, прароцтвамі вядомага французскага ўрача Мішэля Настрадамуса, пісаў навуковыя працы, але іх ніхто не друкаваў.
У Германіі ўлада Р. Геса, нацыста "нумар тры", афіцыйнага пераемніка А. Гітлера (пасля Г. Герынга), была велізарнай. Ад імя А. Гітлера Р. Гес запраўляў усімі справамі нацысцкай партыі. Спецыяльным указам А. Гітлера на Р. Геса быў ускладзены кантроль над усёй дзейнасцю фашысцкага ўраду і іншых дзяржаўных органаў,
Ні аднаго распараджэння ўраду, ні адзін закон Трэцяга рэйху не мелі сілы, пакуль іх не падпісаў А. Гітлер ці Р. Гес. Р. Гесу бьшо даверана прымаць рашэнні ад імя А. Гітлера, ён быў аб'яўлены "полновластным представителем фюрера", а яго канцылярыя -"канцелярией самого фюрера".
3 Рудолфам Гесам Адольф Гітлер абмяркоўваў усе пытанні. якія тычыліся як унутранай, так і знешняй палітыкі, і за ўсе злачынствы нацызму Рудольф Гес нёс персанальную адказнасць у той жа меры, як Адольф Гітлер і Герман Герынг. А. Гітлер поўнасцю давяраў Р. Гесу. Па-гэтаму, рыхтуючыся да нападу на СССР, менавіта ён даручыў яму сакрэтную місію асобай важнасці - дабіцца перамір'я з англічанамі. 5 траўня 1941 года адбылася сустрэча А. Гітлера і Р. Геса, дзе "нацыстам № 1" было дадзена "дабро" на місію ў Вялікабрытанію. Але місія Р. Геса правалілася. Англічане адверглі германскія прапановы і пра прылёт Р. Геса ў Вялікабрытанію стала вядома сусветнай грамадскасці. А. Гітлеру нічога не заставалася рабіць, як аб'явіць на ўвесь свет свайго намесніка па партыі вар'ятам. У Вялікабрытаніі Р. Геса арыштавалі, а пасля заканчэння Другой Сусветнай вайны, воеенню 1945 года, яго даставілі ў Нюрнберг, дзе ён прадстаў перад Міжнародным трыбунапам, які судзіў галоўных ваенных злачынцаў.
Да 1941 года пра Р. Геса ніхто не ведаў. За палётам Геса ў Англію Крэмль моўчкі назіраў і сачыў за ходам перамоў Германіі і Англіі. Так падаюць дакумен гальныя крыніцы таго часу инфармацыю пра місію Рудольфа Геса ў Вялікабрытанію. Усе дакументы пра Р. Геса і яго загадкавую смерць будуць рассакрэчаны ў 2017 годзе.
Р. Гес быў перакананым расістам, актыўным змагаром за "чнстоту кровн", а таму надзвычай адмоўна адносіўся не толькі да яўрэяў, але і да ўсіх славян, уключаючы і рускіх.
Сустракаючыся з наркамам замежных спраў СССР В.М. Молатавым у Берліне ў лістападзе 1940 года, ён быў падкрэслена халодным і афіцыйным, што надзвычай кантраставала з дэманстратыўна прыязнымі адносінамі Ё. Рыбентропа, А. Гітлера і Г. Герынга. Савецкія "компетентные органы", на інфармацыі якіх засноўваліся палітычныя высновы ў Маскве, невысока ацэньвалі дзелавыя якасці Р. Геса, але ўсе аднагалосна ад-значалі яго антырускі і антысавецкі настрой.
Дарэчы, рэйхсміністра замежных спраў Трэцяга рэйху Ёахіма фон Рыбентропа не любілі і ў яго міністэрстве, бо лічылі плебеем і выскачкай. У мінулым ён быў "торговцем шампанским" і меў не вельмі шмат правоў на арыстакратычны прыдомак (прыстаўку) да прозвішча - "фон" (у 33 гады ён быў усыноўлены яго бяздзетнай цёткай. -А.В.). I. фон Рыбентропа лічылі "примазавшимся" да членства ў нацысцкай партыі і да А. Гітлера.
(Працяг у наступным нумары.)
Анатоль Валахановіч, пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца