Папярэдняя старонка: 2008

№ 28 (867) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 28 (867) 9 ЛІПЕНЯ 2008 г.


МАГІЛЁЎСКАЯ РАТУША: УЧОРА І СЁННЯ

3 ліпеня ў Магілёве адкрыты будынак гарадской ратушы. На адкрыцці ратушы згадвалі караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які надаў Магілёву ў 1577 годзе прывілей на гарадское самакіраванне - магдэбургскае права. Акторы, якія прадстаўлялі на ўрачыстасці Баторыя і будаўнікоў ратушы, гаварылі пабеларуску.

У прамове з нагоды адкрыцця ратушы старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура назваў адбудову ратушы перамогай гістарычнай справядлівасці:

Мы з'яўляемся сведкамі перамогі гістарычнай справядлівасці. Пасля доўгіх дзесяцігоддзяў бясплённых размоваў пра неабходнасць аднаўлення ратушы было нарэшце прынятае цвёрдае рашэнне вярнуць людзям гэтую гісторыкакультурную каштоўнасць.

"Ратуша - гэта як бы гістарычная даведка на тое, што горад быў самавіты і слынны, што ён быў асяродкам грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця свае акругі і варты цяпер павагі нашчадкаў… Словам, ратуша надае гораду свой адмысловы, непаўторны сілуэт". (Ян Скрыган)

І вось Магілёў далучаецца да ліку тых гарадоў, дзе захаваліся ратушы. Цікава, што гэтыя гарады - Віцебск, Шклоў, Чачэрск, Менск, Нясвіж - размешчаны ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Згадаем старонкі гісторыі аднаго з сімвалаў горада на Дняпры.

Мураваная гарадская ратуша, што знаходзілася на Гандлёвай (цяпер Савецкая) плошчы Магілёва, была адным з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры Беларусі. Яе пабудавалі ў 1679-1698 гг. мясцовыя майстры Феська і Апанас з удзелам дойлідаў Ігнація, Недасека, Ваські, Андрэя і Грышкі.

У 1698 годзе ўзвялі новы будынак ратушы з васьміграннай вежай. Ратуша, якая мела простыя і строгія формы, стала вертыкальнай дамінантай горада. Яе вышыня разам са шпілем складала 46 м. Вежа завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік. Аконныя праёмы з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамыаканіцы. Галоўны і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі, а сам будынак, накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, быў аздоблены пазалочанымі флюгераміветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 г. ратушу капітальна перабудавалі, дах накрылі бляхай. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэгубернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Нягледзячы на тое, што ў час вайны ратуша была моцна пашкоджанай, у 1952 годзе было прынята рашэнне аднавіць яе. Рашэннем гарвыканкаму ад 11 верасня 1953 года яна была аб'яўлена помнікам архітэктуры, быў вызначаны канчатковы тэрмін рэканструкцыі будынка. Але нечакана для магілёўцаў у адзін ліпеньскі дзень ратушу ўзарвалі, а яе вежу разбурылі з дапамогай тросаў і двух трактароў.

23 траўня 1992 года адбылася сімвалічная закладка 1га каменя на месцы будучай ратушы і яго асвячэнне на ўрачыстым малебне. Летась група грамадскіх і партыйных актывістаў сабрала 1000 подпісаў за аднаўленне ратушы. Аднак рэальна ўзнаўленне ратушы пачалося толькі ў лістападзе 2007 года. Трэба спадзявацца, што адбудова ратушы стане першай у шэрагу крокаў па вяртанні Магілёву яго гістарычнай памяці, яго страчанай спадчыны.

Юрась Каласоўскі.


Лета - не толькі час адпачынку

Паважаныя сябры і прыхільнікі роднага слова. Чэрвень быў даволі цікавым і напружаным месяцам для сяброў ТБМ і рупліўцаў роднага слова. Папершае, гэта час, калі абітур'енты пісалі тэсты для паступлення ў ВНУ. У гэтым годзе ўпершыню колькасць вучняў якія выбралі тэст па беларускай мове стала меншай чым колькасць тых, што выбраў мову суседняй дзяржавы. Але тут і адбылася з'ява, якая выклікала паніку і сярод былых вучняў і сярод бацькоў, і нават сярод настаўнікаў і чыноўнікаў.

Калі параўнаць вынікі абітурыентаў, што здавалі беларускую альбо рускую мову, то беларускую мову нашы дзеці здалі лепей. Бо па беларускай мове 50 балаў і вышэй набралі 20% удзельнікаў тэставання, а па рускай мове ў гэтым дыяпазоне апынулася толькі 14,5%.

Больш таго, кожны трэці прыхільнік "великого и могучего" з трэскам праваліў тэст, бо набраў колькасць станоўчых балаў ніжэй планкі праходнага бала (20 балаў). Такія няўдачнікі ўжо не мелі права на паступленне ў ВНУ. У краіне падняўся верхал. Яшчэ б! Праводзілі, праводзілі русіфікацыю, нават выкладанне роднай гісторыі і геаграфіі перавялі на рускую мову і атрымалі ганебны вынік. Тыя, хто адрокся ад роднай мовы, не ведаюць і чужую.

Таму дзяржава была вымушана апусціць мінімальную прахадную планку па рускай (а таксама і па беларускай) мове да 13 балаў. І зноў выйгралі прыхільнікі роднага слова. З чым мы іх і віншуем.

У канцы чэрвеня Палата прадстаўнікоў відаць не проста так, а магчыма па нейкаму загаду, ліхаманкава прыняла ў другім чытанні закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". На думку кіраўніка Палаты сп. Папова В.А., які сам не карыстаецца беларускай мовай, гэты закон мае "вялікае значэнне для сацыякультурнай сферы" Было б добра каб спадар Папоў за лета дасканала вывучыў гэты закон і правёў восеньскую сесію на дзяржаўнай беларускай мове.

Цяпер крыху пра фінансы. Па стану на 26 чэрвеня на нашым рахунку было 4840182 рублі. Гэтых грошай хопіць каб заплаціць за ліпень за арэнду і іншыя паслугі, а вось на жнівень можа і не хапіць. Таму я звяртаюся да нашых прыхільнікаў, асабліва настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ з просьбаю ахвяраваць на наш рахунак некалькі тысяч рублёў, пакуль ёсць грошы і адпачынак толькі пачынаецца.

Спадзяюся, што Вы не забыліся падпісацца на "Наша слова". Сакратарыят ТБМ з дапамогай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выпісаў на паўгода "Наша слова" раённым бібліятэкам Клічава, Чэрыкава, Клімавічаў, Мсціслава. Крычава, Краснаполля, Дрыбіна, Чавусаў, Чачэрска, Нароўлі, г.п. Акцябрскі, Ельска, БудаКашылёва, Шуміліна, Пастаў, Глыбокага, Воршы, Івацэвічаў, Кабрына, Драгічына, Маларыты, Ляхавічаў, Белаазёрска і Любані. Хачу нагадаць, што падпіска працягваецца і добра калі вучні і студэнты падпі-шуцца з верасня. Таму доб-рага адпачынку Вам, дарагія сябры.

Старшыня ТБМ - Алег Трусаў


У Менску прадстаўлены кнігі чэшскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову

Прэзентацыя кніг чэшскіх аўтараў, перакладзеных на беларускую мову, прайшла 30 чэрвеня ў пасольстве Чэхіі ў Беларусі. Раманы Ганы Андронікавай "Гук сонечнага гадзінніка" і Антоніна Баяі "Зваўчэньне", аповесці і п'еса Яхіма Топала і яго сыноў Ёзэфа і Філіпа "Анёл", а таксама раман Яраслава Рудзіша "Неба пад Бэрлінам" выйшлі ў серыі "Чэшская калекцыя" ў менскім выдавецтве "Логвінаў" у 20052008 гадах накладам ад 700 да 1.000 асобнікаў. Усе літаратурнамастацкія выданні выпушчаны пры падтрымцы Міністэрства культуры Чэхіі. Пераклад кніг ажыццявілі Вераніка Бяльковіч, Сяргей Сматрычэнка і Марыя Мартысевіч. Каардынатар праекта Любоў Падпорынава назвала яго "унікальным", паколькі ён увабраў у сябе шэдэўры чэшскай класікі і сучаснай чэшскай літаратуры. "Акрамя таго, праект накіраваны на стварэнне своеасаблівай майстэрні маладых таленавітах беларускіх перакладчыкаў, якія паспяхова пераадольваюць стэрэатып аб немагчымасці перадаць на беларускай мове дасягненні іншых літаратур", сказала Л. Падпорынава. Паводле яе слоў, гэты "сур'ёзны еўрапейскі праект" заснаваны на прынцыпе легальнасці і абавязковага выканання аўтарскіх правоў. Сярод запланаваных да выпуску новых выданняў серыі "Чэшская калекцыя" Сяргей Сматрычэнка назваў зборнік эсэ Вацлава Гавела, выбраныя творы філосафа ілітаратара пачатку XX стагоддзя Ладзіслава Клімы і інш.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Новае слова ў фразеаграфіі

Увесну гэтага года ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" (Менск) выйшла ў свет манументальная праца прафесара І.Я. Лепешава "Слоўнік фразеалагізмаў".

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў аўтар прарабіў тытанічную працу, за якую звычайна бярэцца цэлы навукова-даследчы калектыў: перачытаў ці не ўсе творы беларускай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі і склаў на іх аснове картатэку фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы. Заключным акордам намаганняў вучонага на той час стаў выхад у 1993 годзе двухтомнага "Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы" (ФСБМ), папярэдніка прадмета нашай сённяшняй размовы. Ён уключаў у сябе семантычнае, граматычнае, стылістычнае апісанне амаль 6000 фразеалагізмаў. Але мова няспынна развіваецца і папаўняецца новымі адзінкамі, у тым ліку і фразеалагізмамі.

Новы "Слоўнік фразеалагізмаў" складаецца прыкладна з 7000 слоўнікавых артыкулаў, прычым гэта без уліку таго, што суадносныя трывальныя пары дзеяслоўных зваротаў падаюцца ў слоўніку разам, у межах аднаго артыкула (а іх каля 1000).

Гэта самы грунтоўны і самы поўны збор фразеалагічных адзінак у гісторыі беларускага мовазнаўства. Існаванне кожнага фразеалагізма пацвярджаецца прыкладамі ўжывання ў беларускай літаратуры і публіцыстыцы. Перад тым, як трапіць у слоўнік, кожны фразеалагізм быў усебакова і ўнікліва разгледжаны аўтарам.

І.Я. Лепешаў у асноўным захаваў структуру слоўнікавага артыкула ФСБМ. У новым "Слоўніку фразеалагізмаў" апісанне кожнай адзінкі ўключае ў сябе не толькі тлумачэнне значэння, але і шэраг граматычных і стылістычных памет, якія ўказваюць на марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці, прыналежнасць фразеалагізма да пэўнага стылістычнага разраду і наяўнасць у яго стылістычнай афарбоўкі. Адлюстроўваюцца і парадыгматычныя сувязі фразеалагізма: падаюцца сінанімічныя і антанімічныя рады, членам якіх з'яўляецца пэўная фразеалагічная адзінка. Змены ўнесены ў парадак апісання суадносных трывальных пар дзяслоўных фразеалагізмаў. Цяпер формы закончанага і незакончанага трывання фразеа-лагізма падаюцца асобна і ўваходзяць у агульны пералік адзінак, змешчаных у слоўніку, у адпаведнасці са шматвяковай лексікаграфічнай практыкай усіх тлумачальных слоўнікаў рускай, беларускай і украінскай моў. Калі ў ФСБМ, напрыклад, фразеалагізм выбіваць клін клінам і яго трывальная форма выбіць клін клінам падаваліся як Выбіваць (выбіць) клін клінам , то цяпер яны паасобку апісваюцца ў слоўнікавым артыкуле, на які даецца спасылка на адпаведным алфавітным месцы: Выбіць клін клінам . Зак. да Выбіваць клін клінам .

І, канешне, слоўнікавы артыкул утрымлівае цытаты з твораў аўтарытэтных беларускіх майстроў слова для пацвярджэння функцыянавання таго ці іншага звароту ў літаратурнай мове. Аднак некаторыя фразеалагізмы ўсё ж падаюцца ў слоўніку "аголенымі", г. зн. без сказаў ілюстрацый: баль у часе чумы, валтасараў баль, выпростваць спіну, забіць у званы не паглядзеўшы ў святцы, затыканне дзірак, затыканне рота, кісларод перакрыты, міна запаволенага дзеяння, наступаць на граблі і г.д. Між тым прафесар І.Я. Лепешаў вядомы як надзвычай уважлівы да дробязей даследчык. Гэты буйны вучоны, імя якога вядома і за межамі Беларусі, вельмі адказна ставіцца да сваёй навуковай працы і ніколі не дазваляе сабе публікаваць не правераныя ім самім, узятыя з галавы дадзеныя, уключаць у рэестр фразеалагізмаў літаратурнай мовы не зафіксаваныя ў друкаваных крыніцах адзінкі. Тое, што для ўсіх прыведзеных у слоўніку фразеалагізмаў у картатэцы складальніка ёсць адпаведныя прыкладыілюстрацыі, пацвярджаецца і тым фактам, што тая частка "аголеных" фразеалагізмаў, якая фіксавалася ў выдадзеных некалькі гадоў таму дадатках да ФСБМ, у гэтых выданнях падаецца з цытатамі беларускіх аўтараў. Некалькі прыкладаў: 1) Паслушэнства, падпрадкаванасць і пакорлівасць змушалі нашых людзей наступаць на граблі, якія яшчэ раз стукнулі іх па лобе (А. Кароткі); 2) Пытанне аб дзяржаўнасці рускай мовы было вынесена на рэферэндум... Гэта ўсё заклала міну запаволенага дзеяння для юнага пакалення... (А. Класкоўская); 3) Усё гэтае святкаванне юбілейнай перамогі.. нагадвае класічны баль у часе чумы (В. Быкаў); 4) Робіцца гэта ўсё ў дагоду і па камандзе тых сіл, якія сёння ладзяць валтасараў баль на Беларусі (М. Скобла).

Ці не з-за свайго зместу, які на прыдзірлівы цэнзарскі погляд не ўкладваецца ў пракрустава ложа абавязковай для ўсіх ідэалагічнай лініі, не трапілі гэтыя ілюстрацыі ў саліднае акадэмічнае выданне?

Грунтоўная ўсебаковая характарыстыка, дадзеная ў гэтым выданні кожнай адзінцы, дае ўсе падставы лічыць, што акрамя сваёй першачарговай задачы - выконваць ролю тлумачальнага даведніка фразеалагізмаў, слоўнік, як адзначана ў "Прадмове", бярэ на сябе функцыі іншых філалагічных слоўнікаў: ак-цэнталагічнага (над кампанентамі ў фразеалагізме абазначана месца націску), арфаграфічнага, сінанімічнага, антанімічнага і г. д.

"Слоўнік фразеалагізмаў" не мае аналагаў у беларускай фразеа-лагічнай навуцы па паўнаце, грунтоўнасці і дакладнасці апісання фразеалагічных адзінак, а па многіх параметрах (колькасць апісаных адзінак, паслядоўная дакладная граматычная і стылістычная харак-тарыстыка, адлюстраванне сінанімічных і антанімічных адносін паміж фразеалагізмамі) пераўзыходзіць і падобныя слоўнікі іншых моў (рускай, украінскай, польскай і інш.).

Неабходна звярнуць увагу і на шматлікія папраўкі, унесеныя ў слоўнік у параўнанні з ФСБМ. Аўтар прарабіў грандыёзную працу, фак-тычна праверыўшы апісанне кожнага зафіксаванага раней фразеалагізма на адпаведнасць яго сённяшняму дню. У выніку гэтага некаторыя звароты, раней адназначныя, цяпер фіксуюцца з двума і больш значэннямі ( душа ў душу, ні божа мой ). Пэўная колькасць мнагазначных фразеалагізмаў таксама павялічыла колькасць сваіх значэнняў ( дзевяты вал, на сямі вятрах, па праву, рукі доўгія (у каго)).

Унесены ўдакладненні і змяненні ў падачу фразеалагічнай варыянтнасці, сінанімічнасці, антані-мічнасці. Так, у ФСБМ фразеалагізм кораткі пяты падаецца без варыянтаў, а ў новым "Слоўніку фразеалагізмаў" фіксуюцца тры варыянты: кораткі пяты акораткі пяты, пяты кароткія ).

Новыя фразеалагізмы, упершыню апісаныя тут, не толькі занялі свае алфавітныя месцы ў слоўніку, а і былі клапатліва размеркаваны аўта-рам па адпаведных сінанімічных і антанімічных радах. У выніку самы вялікі сінанімічны рад з агульным значэннем 'вельмі многа' , які ў ФСБМ уключаў 55 адзінак, папоўніўся фразеалагізмам вышэй вушэй . А сінанімічны рад з агульным значэннем 'паміраць' , які раней складаўся з 30 зваротаў, вырас на 6 адзінак: ады-ходзіць з гэтага свету, адыходзіць у лепшы свет, ажаніцца з сырою зямлёй, замуж за <пана> пясоцкага збірацца, канькі адкідаць, на паповы сані збірацца .

Хочацца адзначыць і "Прадмову" да слоўніка, напісаную аўтарам. Па сутнасці, яна ўяўляе сабой змястоўны навуковы артыкул, у якім І.Я. Лепешаў абгрунтоўвае свой погляд на некаторыя спрэчныя пытанні фразеалогіі.

Гэта кніга неабходна выкладчыкам, студэнтам, школьнікам, даследчыкам беларускай мовы, журналістам, пісьменнікам. І ў хатняй бібліятэцы беларуса яна зойме адно з самых пачэсных месцаў.

Людміла Якшук.


"Песняры" здзівілі масквічоў, а беларусаў тым болей

Напрыканцы Дня Перамогі па тэлеканалу РТР-Планета вечарам паказавалі канцэрт з нагоды юбілею творчай дзейнасці вядомай расейскай эстраднай спявачкі Надзеі Кадышавай з удзелам многіх запрошаных артыстаў і вакальных суполак. Вядоўца праграмы канцэрту артыст Мікалай Баскаў аб'явіў, што на сцэну запрашаюцца беларускія "Песняры", выйшла чалавек чатыры ці пяць з гітарамі. Чакалася, што яны праспяваюць нешта сваё, нацыянальнае ў мове і мелодыі, чым у свой час заваяваў пры жыцці любоў і павагу мільёнаў тэлегледачоў СССР кіраўнік групы Мулявін, дарэчы, рускі па нараджэнні, але зачараваны з маладых гадоў беларускім народнымі песьнямі.

А што мы пачулі ад сённяшніх "Песняроў"? Малады саліст праспяваў на рускай мове не надта мілагучную і запамінальную песню! Воплескі ў зале былі скупымі, таму як усе, хто выступаў на сцэне да "Песняроў", радавалі эстраднымі і народнымі песнямі вышэйшай пробы.

Падумалася спярша: можа госці з Менска выканаюць другую песню, на беларускай мове? На жаль, для ўсіх выканаўцаў быў запланаваны адзін выхад на сцэну.

І "Песняры" пакінулі яе. Быў бы жывы Мулявін, то за гэтую дэманстрацыю непавагі да нацыянальнай культуры, мовы сённяшнім "Песнярам" не паздаровілася б.

Дарэчы апошнія гады стала ўжо гэткай "нормай", калі і самыя юныя, школьнага ўзросту таленавітыя салісты і салісткі на выездах за межы сваёй краіны, песні спяваюць рускамоўныя, здіўляючы не толькі публіку, а і членаў конкурсных журы. Хіба такое можна было б пачуць ад палякаў, літоўцаў, украінцаў, дзе нацыянальная годнасць захавалася нават у цяжкія гады бальшавіцкага рэжыму? Уяўляю, як бы сустрэлі ў Кіеве сваю вакальную групу спевакоў, калі б яна вярнулася з Масквы, праспяваўшы там на сталічнай сцэне адну рускамоўную песню - іх бы закідалі не толькі абразлівымі воклічамі.

Ды што казаць пра нашых сталічных салістаў, для многіх з якіх родная мова стала чужой, калі і моладзь, асабліва ў малых гарадах і райцэнтрах цураецца яе, у чым лішні раз пераканаўся, завітаўшы пад вечар у Дзень Перамогі на цэнтральную плошчу горада, дзе на імправізаванай сцэне перад Домам Саветаў выступалі маладыя спявакі з гарадскога Дома культуры. Пад аглушальнае грукаценне музычных, "шматпавярховых" калонак яны выконвалі рускамоўныя песні не лепшага гарту, бо тыя не меней тысячы юнакоў і дзяўчат, што сабраліся тут, іх не слухалі, палавіна была на падпітку.

Я абышоў гэты натоўп уздоўж і ўпоперак у сападзяванні пачуць хоць адно слова беларускае - і дарэмна! А вакол Дома культуры і на пляцоўцы паблізу бронзавага помніка Салдату - вызваліцелю на дзесятках лавак маладыя людзі распівалі спіртовыя напоі, курылі, пакідаючы пасля сябе бутэлькі, папяровы посуд.

Што тут дадаць да сказанага? Гэтае аднамоўе, якое абражае хутчэй не віна іх, маладых, а бяда: калі маці размаўляюць дома з дзецьмі паруску, ці змогуць яны перадаць ім той духоўны, культурны, моўны скарб, што стагоддзямі назапашваўся у народзе, а пазней быў забыты, абрынуты высілкамі чужых і сваіх ганіцеляў беларускай мовы? Дзе ім навучыцца ёй, калі ўсе да адной трынаццаць сярэдніх школаў і тры прафтэхвучэльні горада, дзіцячыя садкі, амаль усе дзяржаўныя газеты за выключэннем нейкіх трохчатырох незалежных, праграмы беларускага тэлебачання спрэс рускамоўныя! На радасць расейскім камуністам і шавіністам.

...Пакідаў плошчу расчараваным, з болем у душы. Толькі, калі сеў у маршрутны гарадскі аўтобус і пачуў абвестку кіроўцы аб чарговым прыпынку на роднай мове, на сэрцы крыху пацяплела. І ўсё ж падумалася: гэты родны голас кіроўцы, запісаны, дарэчы, на магнітафоне дзякуючы высілкам мясцовай суполкі ТБМ імя Фр. Скарыны і начальніка аддзела перавозак аўтобуснага парку № 2 Анатоля Віктаравіча Мяцельскага, пакуль што - "глас вопиющего в пустыне". Не болей.

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк


Пачаўся набор дзетак у беларускамоўную группу

Ленінскі аддзел адукацыі Магілёва абвесткамі ў пасажырскім транспарце пачаў інфармаваць жыхароў горада пра набор беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку № 81.

Для ахвотных аддаць сваіх дзяцей у гэтую групу на абвестках пазначаныя тэлефоны аддзелу адукацыі і садка. Група фармуецца з дзяцей ад трох да пяці год.

Распрацавалі абвестку бацькі, якія ад трэцяга снежня водзяць сваіх дзяцей у адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу. Паводле аднаго з іх, Змітра Салаўёва, пакуль сорак абвестак на правах сацыяльнай рэкламы размешчаныя толькі ў тралейбусах. Ён кажа, што шукае магчымасць размясціць абвесткі ў аўтобусах і маршрутках.

У аддзеле адукацыі паведамілі, што закрываць беларускамоўную групу не збіраюцца. Супрацоўнікі аддзелу спадзяюцца, што рэкламаванне ў транспарце дапаможа павялічыць колькасць дзетак у групе.

Цяпер у адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу ходзяць чацвёра дзетак: Ялінка Салаўёва, Міколка Бацюкоў, Паўлік Мохаў, Януш Сярэдзін.

Дзіцячы сад № 81 месціцца па адрасе б-р Дняпроўскі, 58а (м-н Юбілейны, за абутковай крамай "Baden").

Заявы на залічэнне ў групу прымаюцца ў аддзеле адукацыі Ленінскага раёна.


З клопатам пра памяць Адольфа Янушкевіча

Як хацелася б каторым затрымаць роды ўжо даспелага плада! Але Пекная і Мудрая Пані Прырода ідзе сваёй адвечнай хадою, ані не зважаючы на чалавечыя страх, злосць, рэўнасць, нянавісць ці то абыякавасць і нядбайнасць.

Ад 20 лютага 2008 году вандравала па розных выданнях напісаная намі нататка пра вечарыну ў Доме Ваньковіча, прысвечаная Адольфу Янушкевічу, і ніяк не можна было яе апуб-лікаваць. Вышукваліся розныя прычынкі: каторыя права-слаўныя, каторыя дзяржаўныя... Ах, каб вы здаровыя былі! А ўсё каб замаўчаць-затаптаць Высокае Дасягненне Духу Нашае Зямлі. Можа б і яшчэ маўчала, а тут сябры надаслалі мне "Аршанскую газэту" за 1994 і 1997 гг. з публікацыяй пра Тамаша Зана. Як жа я ўдзячная ім, аршанцам, за іхную карпатлівую, грунтоўную працу па адшуканню Нашай Агульнай Духовай Спадчыны! І апублікавалі, і знайшла я тое, чаго так прагнула знайсці... Дзякуй, дзякуй Вам, любыя! Трэба, думаю, апублікаваць і пра Нашага Адольфа Янушкевіча, каб удзячнасцю поўнілася Прастора.

10 лютага 2008 года ў Доме Валентага Ваньковіча адбылася вечарына, прысвечаная Адрольфу Янушкевічу. Тон усёй вечарыне задаў духовы спеў "Езус ішоў узбярэжжам" у выкананьні нашае спявачкі Жаны Ланкевіч.

Вечарына мела на мэце абвясьціць людзям вынікі нашай усіхнай працы па аднаўленні забытага імя Адольфа Янушкевіча.

Увесну 2006 пачаліся, а ўвосень 2007 завершыліся археалагічныя даследаванні на могліцах у Дзягільні на Койданаўшчыне, дзе пахаваны Адольф Янушкевіч. Археолаг Мікола Крывальцэвіч з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі ўзначаліў работы ў выходныя дні цалкам за свой кошт. Знойдзены камяні, пліты - усё рэшткі разбуранага пахавальнага склепа Янушкевічаў.

Апроч гэтага, Ганна Матусевіч пераклала Кнігу "Żywot Adolfa Januszkiewicza i jego Listy ze stepуw kirgizkich" Berlin 1875 (I том). Уласна пераклад арыгінальнага тэксту дапаўняюць прадмова Ганны Матусевіч пра самы пачатак - гісторыю пошукаў Адольфа Янушкевіча, пераклад "Песні Літоўскага Легіёна" Юліюша Славацкага, на напісанне якой паэта натхніў Адольф Янушкевіч, і якая магла б стаць праўдзівым Гімнам Нашае Літвы (хто б узяўся пакласці словы "Песні" на музыку і праспяваць?), фота з Рушання на Дзягілёнскіх могліцах, партрэт Адольфа Янушкевіча, створаны Януарым Краеўскім у 1835 у Ішыме (тры пакаленні партрэт захоўваўся ў фамільным архіве Краеўскіх, а каля 1969 праўнук Януарага, інжынер з Хабараўска Зыгмунт Краеўскі перадаў партрэт у Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве). Квартэт Ганны Матусевіч, Яна Зялінскага, Веранікі Матусевіч і Віталя Ашэйчыка выканаў чытанне вынятак з будучай Кнігі "Жыццё Адольфа Янушкевіча" пад гукі раяля XIX ст., на якім памайстэрску грала студэнтка Кансерваторыі Тамара Серыкава.

Пра ўсё гэта мы і гаварылі на вечарыне, што доўжылася ажно тры гадзіны.

Запрошаныя шанаваныя госці кожны па слоўцу кідалі да агульнага сказу пра Адольфа Янушкевіча. Уладзіслаў ВяроўкінШэлюта азнаёміў з радаводам Адольфа Янушкевіча, які двойчы перакрыжоўваецца з Касцюшкамі. Кастусь Цвірка гаварыў пра сяброўскія сувязі Адольфа Янушкевіча і Адама Міцкевіча (Адольф Янушкевіч з'яўляецца прататыпам Адольфа ў "Дзядах" Адама Міцкевіча). Гісторык з БДУ Вольга Гарбачова апавяла пра ўдзел Адольфа Янушкевіча ў паўстанні 1830-1831 гадоў і пра свае знаходкі ў Кракаўскім архіве (успаміны малодшага брата Адольфа, выдаўца ў Парыжы Эўстахага Янушкевіча); дарэчы, яна абяцала апублікаваць частку сваіх матэрыялаў. Настаўнік з Польскага Дома ў Менску Ян Зялінскі выканаў спеў "Zdejmcież kajdany!" - народны варыянт верша Тэафіля Ленартовіча "Więzień sybirski".

На Вечарыне не сказалі належных слоў пра Фаіну Сцяклову (бракавала часу), хоць варта, варта было ўзгадаць гэтую светлую жанчыну, казахскую даследчыцу, якая пераклала Адольфавы "Listy ze stepуw kirgizkich" на рускую мову, вывучаючы дакументы ў архівах Казахстана і Масквы, знайшла шмат дадатковых звестак да біяграфіі Адольфа Янушкевіча, а ўжо старэнькая, у 68-гадовым веку (год 1978) здзейсніла падарожжа да Дзягільні, да магілы Адольфа Янушкевіча.

Адам Мальдзіс клапаціўся пра тое, як агульнымі намаганнямі выпусціць у свет Кнігу "Жыццё Адольфа Янушкевіча". Кнігу гатовы выдаць, справа толькі за фундатарамі. На Вечарыне прысутнічаў прадстаўнік Польскай амбасады, журналісты.

Скульптар Валяр'ян Янушкевіч падзяліўся сваім планам, як паставіць каплічку на могліцах у Дзягільні, змясціць у ёй Эпітафію Адольфу Янушкевічу, напісаную Эдвардам Адынцом у 1857; ён сам ахвяруе для каплічкі выяву Маткі Боскай з Дзіцем.

Хацелася бы паставіць і помнік Адольфу з адным толькі словам - Светламу.

Кніга, каплічка і помнік будуць хоць частковай данінай нашай удзячнасці і пашаны "славе нашай, духовай знакамітасці нашай, нашай зямлі, нашага люду абранаму, каханаму сыну" (з Казання ксяндза Віктара Малевіча на пахавальнай імшы ў Койданаўскім Касцёле ў чэрвені 1857 года).

Ганна і Вераніка Матусевіч 25 чэрвеня 2008 г.


Беларуская гімназія № 23: гаротны білінгвізм і мова

Беларускамоўная гімназія № 23 г. Менска жыве ў бачным месцы на самым праспекце Незалежнасці. Беларускамоўная гімназія № 23 г. - адна з пяці такіх, роднамоўных, у сталіцы. А за прыгожымі сценамі што?

Першае, што спаткае - вазон з беларускімі кветкамі валошкамі. Светлыя калідоры, аздобленыя фотаздымкамі Георгія Ліхтаровіча. На фотаздымках - беларускія замкі і цэрквы, драўлянае беларускае дойлідства пачатку стагоддзя. Мяккія дываны на падлозе, паўсюдная ахайнасць шляхетная. А гімназісты, якіх чатыры сотні, у строгай форме. Чатыры гады назад тут зрабілі рамонт. Усё эстэтычна прыгожа, таму і вучні, відаць, нейк імкнуцца ўзвышаць свой узровень. Тут паглыблена вывучаюць англійскую мову (5-9 класы), а з 2006 спасцігаюць няпростую кітайскую.

Гістарычнае

Гімназія - а да 2002 года школа № 23 - адна з найстарэйшых навучальных установаў Менска. У 1936 - 1940 гадах у будынку размяшчалася вучэльня па падрыхтоўцы вайсковых лётчыкаў. З 1947 па 1955 год жаночая беларускамоўная 10гадовая школа № 23 Варашылаўскага раёна г. Менска. У 1955 у школу пачалі прымаць і юнакоў, а ў 1959 годзе перавялі на рускую мову навучання. Роднамоўныя класы адчыняюцца ў 1990.

У гімназіі ёсць кітайцы, што навучыліся размаўляць пабеларуску. Ёсць дзеткі, якіх завуць пабеларуску Вітаўтамі, Барбарамі альбо Адэлямі. Ёсць урокі працы незвычайныя . Гімназісты ашчадна і марудна выразаюць з паперы беларускія выцінанкі - папяровыя ўзоры і малюнкі. Ствараюць сланечнікі саламяныя. Народныя беларускія рамёствы складаюць 30 адсоткаў ад школьнай праграмы урока "праца". А вось у школьным гуртку "Блізкая прырода Беларусі" майструюць беларускамоўныя фільмы па прыродазнаўстве.

Але… беларуская мова жыве ў падручніках, жыве ў вучнёўскіх сшытках. А вось на перапынках, дзе віруе свабода думкі, гучыць шмат рускай мовы і мала - беларускай. Як шмат навучэнцаў выносіць мову на вуліцу і смела запытваецца ў мінакоў: "Колькі гадзінаў?"

Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта, фалькларыст:

У 1996 годзе ў Беларусі на роднай мове навучалася 33% ад усіх школьнікаў. А ў першыя беларускамоўныя класы ішло 80 і болей адсоткаў школьнікаў. Цяпер пабеларуску навучаецца 20,9 % школьнікаў. Але Менск займае першае месца па колькасці. Я ведаю, што некаторыя прадметы ў беларускіх школках выкладаюцца паруску… У той жа 23 гімназіі яшчэ нядаўна быў рускамоўны калектыў. Таму пагаварылі на ўроку, а на перапынку - паруску. І ў астатніх школах падобная сітуацыя".

Наступіць на нагу незнаёмцу ў перапоўненым аўтобусе і сказаць: " Прабачце ". " Як маецеся ?" - запытацца ў суседа. Ёсць кніжкі, ёсць прыгожыя вершы Рыгора Барадуліна, а ёсць жыццё - з СМС-камі і цыдулкай, хуткасна накрэмзанай за паўхвіліны і пакінутай на кухонным стале для мамы.

Кацярына Безмацерных


Нацыст № 3 - Рудольф Гес

(Гісторыка-дакументальнае эсэ)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

I тут цікава адзначыць, што Р. Геса, трэцяга чалавека ў гітлераўскай герархіі - у вядомасць аб паходзе на ўсход - на СССР - увогуле не пастамлі.

Вось такія былі дзікун-скія норавы вышэйшай нацысцкай эліты Трэцяга Рэйху! Вось чаму Р. Гес нічога не сказаў англійскім турэмшчыкам аб плане "Барбароса", сустрэў-шы паведамленне аб пачатку вайны з СССР з "изумлением и растерянностью", як зафіксавана ў дакументах. "Значит, они всё-таки атаковали", - разгублена мармытаў ён, не ведаючы, што кожнае яго слова запісваецца на магнітафонную плёнку.

Пасля місіі Геса, Альберта Хаўсхофера неадкладна выклікалі да А. Гітлера і прапанавалі падрабязна напісаць аб тым, што ён ведаў пра палёт Геса, і з гэтага часу ён апы-нуўся "под колпаком". Пазней А. Хаўсхофер удзельнічаў у змове супраць Гітлера. У снежні 1944 года бацька і сын былі арыштаваны. А. Хаўсхофера расстралялі 23 красавіка 1945 года па асабістым ўказанні А.Гітлера - хутчэй за ўсё для таго, каб не трапіў у рукі саюзнікаў і не расказаў што-небудзь важнае, а расказаць А.Хаўсхофер мог і вельмі многа, і вельмі цікава, і вельмі карысна.

К. Хаўсхофера, не гледзячы на паважны ўзрост, аўтарытэт і сувязі яго ў на-цысцкай вярхушцы, заключылі ў канцэнтрацыйны лагер, ад-куль яго вызвалілі саюзныя войскі - амерыканцы. 13 сакавіка 1946 года Карл і Марта Хаўсхоферы пакончылі жыццё самагубствам.

К. Хаўсхофер аўтар кнігі " О геополитике. Работы разных лет" (М.,2001).

Вязень "камеры № 7"

Пасля прыгавору Міжнароднага Ваеннага Трыбуналу галоўныя ваенныя злачынцы былі пераведзены з Нюрнбергскай турмы ў турму Шпандаў, якая знаходзілася ў Заходнім Берліне. Была ўстаноўлена чарга па ахове гэтай турмы.

Ахову ажыццяўлялі рускія, амерыканцы, англічане, французы. Немцы, нямецкія вайскоўцы да аховы і да абслугоўвання турмы Шпандаў не дапускаліся. Савецкая варта, несла службу па ахове турмы Шпандаў штогод у сакавіку, ліпені і лістападзе. Мы прымалі варту ад французаў, а здавалі амерыканцам. Савецкая варта налічвала 95 чалавек - гэта прыблізна рота вайскоўцаў Савецкай Арміі. 3 вартавых вышак, якія размяшчаліся на страсе па вуглах турмы, салдаты-вартавыя пільна сачылі за перамяшчэннямі Рудольфа Геса па турэмным дворыку. Пастаянным месцам яго адпа-чынку была альтанка у трэцім сектары дворыка. Ён звычайна сядзеў ці драмаў у ёй у крэсле-гушкалцы. Камера Рудольфа Геса, капі яе можна так назваць, складалася з трох пакояў: спальня, бібліятэка і сталовая.

На вокнах былі краты. У калідорчыку ці прыходжай стаяў стол, крэслы і тэлевізар. Р. Гес чытаў свежыя газеты; артыкулы палітычнага характару ў газетах проста выразалі нажніцамі з газетных палос. Пры нашай, савецкай варце, у 1962 - 1964 гадах, ні жонка, ні сын яго не наведвалі. Прагулкі яго штодня працягваліся 4 гадзіны: шпацыраваў ён па турэмным дворыку ў любы час і любое надвор'е па дарож-ках, якія былі выкладзены бутавым каменем, шчыльна падагнаным адзін да другога.

Каменданцкая рота ад СССР, якая ахоўвала турму Шпандаў, жыла ва Усходнім Берліне ў прыгарадзе горада Берліна Карлсхорсце.

Тут была рота сувязі, якая забяспечвала бесперабойную сувязь камандавання ГСВГ і Міністэрства абароны СССР і каменданцкая рота. Гэтыя невя лікія па асабоваму складу воінскія часткі мясціліся ў былой вайсковай казарме. Злева ад будынка стаяў драўляны двухпавярховы гасцявы дом - сюды з інспектарскай праверкай з Масквы з Міністэрства абароны СССР прыязджалі галоўныя ваенныя інспектары - Маршалы Савецкага Саюза, генералы арміі і іншыя высокія вайсковыя генеральскія чыны.

Яны раніцаю выязджалі на звычайнай чорнай нашай савецкай "Волзе" у Вюнсдорф (там быў штаб ГСВГ) і ездзілі цэлы дзень па вайсковых частках, якія былі раскіданы па ўсёй тэрыторыі ГДР, працавалі з паперамі ў штабе, былі на вучэнкях, сустракаліся з афіцэрамі Савецкай Арміі і іх сем'ямі ў ДОСАх (Дамах Савецкай Арміі), салдатамі, сяржантамі і старшынамі. Нам запомніўся прыезд з інспектарскай праверкай Маршала Савецкага Саюза Сямёна Міхайлавіча Будзённага. Пасля вяртання з інспекцыйнай праверкі ў гэты гасцявы дом, ён вячэраў, крыху адпачываў, а потым выходзіў з дома ў спартыўнай форме: белая майка, лёгкае цёмнае трыко, вайсковыя чаравікі ці туфлі. Высокі, моцнага целаскладу, не вельмі сівыя валасы, знакамітыя "будзённаўскія" вусы, ногі "колесом" (у кавалерыстаў такія ногі ў абсалютнай большасці). У нас вайсковая форма - звычайная салдацкая роба (штаны) і боты. На целе майкі ці белыя нацельныя кашулі. Вайсковых знакаў адрознення ні ў кога не было. Вось у такой "высокай кампаніі" мы гулялі з ім у валейбол -6x6 чалавек. Мы дамовіліся мяняцца на валейбольнай пляцоўцы, а ён увесь час стаяў на падачы. Падаваць мяч на поле "праціўніка" ён быў майстар высокага класу. Хто быў на яго баку - заўсёды выйгравалі. Дарэчы, ніхто ні яму, ні нам не падыгрываў. I суддзя быў надзвычай аб'ектыўны. Гулялі мы чэсна: хто няўдала адаб'е мяч, ён таго не журыў, а проста казаў: ''Сынкі. не зявайце." Мы яго проста і ласкава называлі: "Таварыш Маршал".

У той час нам было па 18 - 22 гады, а яму быў ужо 81 год! Мы яму гадзіліся ва ўнукі, а можа нават і праўнукі.

Я ганаруся тым, што быў знаёмы са славутым Маршалам Савецкага Саюза, героем грамадзянскай вайны ў СССР ужо ў далёкі ад нас час, тройчы Героем Савецкага Саюза.

У школе мы ўсе пра яго чыталі, а тут сам Сямён Міхайлавіч Будзённы, Маршал Савецкага Саюза, тройчы Герой Савецкага Саюза гуляе з намі (ды дзе!) ў Берліне ў валейбол. С.М. Будзённы ў мінулым - старшы унтэр-афіцэр драгунскага палка, герой імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, храбра і перамоганосна праводзіў атакі і ваенныя аперацыі. Поўны Кавалер усіх ступеняў Георгіеўскага крыжа і шматлікіх царскіх медаляў. Ён насіўся на чале стэпавай арміі па бязмежных абсягах Расіі. Вясёлы, адважны, разбітны казак-гарманіст і цудоўны танцор, які бліскуча танцаваў лезгінку.

Летам 1917 года С.М. Будзённы разам з каўказскай дывізіяй прыбыў у Менск, дзе яго выбралі старшынёй палкавога камітэта. У жніўні 1917 года С.М. Будзённы актыўна ўдзельнічаў у раззбраенні карнілаўскіх войск.

Афіцэры Савецкай Арміі, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, пакрыху распавядалі нам пра С.М. Будзённага.

Сямён Міхайлавіч дакладна ўмеў ў жыцці ў патрэбны час і ў патрэбным месцы зрабіць патрэбны крок для прасоўвання ў сваёй кар'еры. Будзённы расстрэльваў ва ўсіх на вачах, паказваючы і даказваючы сваю вернасць бальшавікам. Бальшавікі раздзялілі казакаў на "чырвоных" і "белых", сцкавалі іх, і яны пачалі секчы адзін аднаго. Будзённы быў у ліку "чырвоных".

У час аб'яўленых у Чырвонай Арміі збораў царскіх узнагарод, ён сам прынародна зняў усе чатыры Георгіеўскія крыжы і медалі з грудзей і з цяжкім сэрцам і го-рыччу вялікай крыўды кінуў іх у мех і перадаў камісару.

Ён быў добры рубака: мог адным махам "разрубить шашкой человека от головы до седла". Тут патрэбны былі сіла, спрыт і навык. Яму гэта ўдава-лася яшчэ з 1904 года. Шашкі і шаблі былі такія вострыя, што казакі імі галіліся.

Камандарм С.М. Будзённы спрабаваў агрызнуцца, калі прачытаў кнігу "Первая конная армия" Ісака Бабеля - летапіс ваенных перамог чырвоных; - выказваючы непавагу да "щелкоперов". У ёй было шмат праўдзівых звестак і апісанняў, якія былі пададзены не так, як С.М. Будзённы распа-вядаў сваім сябрам і знаёмым на афіцыйных сустрэчах. Як вядома, ідэя стварэння Першай коннай арміі належала не яму, С.М. Будзённаму, а Б.М. Думенку і В.І. Ягораву. С.М. Будзённы прыпісаў сабе не толькі саму ідэю, але і іх баявыя заслугі, а потым змог пазбавіцца ад іх увогуле. I Б.М. Думенка і В.І. Ягораў былі расстраляны.

Неяк С.М.Будзённага спыталі:

- Як Вы адносіцеся да Бабеля?

Легендарны кавалерыст, хітра падміргнуўшы, адказаў:

- А гэта гледзячы якая "бабель"!

Пасля такога "вострага" жарту Максім Горкі заўважыў, што ў ліхога данскога казака-крытыка "взгляд на литературу с высоты конского седла". Тут С.М. Будзённы яшчэ болып пакрыўдзіўся і ад мастацкай літаратуры канчаткова адышоў,

У гады вялікай чысткі у СССР вышэйшага каманднага складу з ордэрам на арышт прыйшлі і да Маршала Савецкага Саюза С.М. Будзённага. Калі ў кватэру ўвайшлі чэкісты, ён расстраляў у іх усю абойму, потым кінуўся да тэлефона прамой сувязі ("правительственной вертушки") і закрычаў у трубку:

- Іосіф, контррэ-валюцыя! Мяне прыйшлі арыштоўваць! Жывым не здамся! І.В. Сталін даў каманду - С.М. Будзённага не чапаць:

- Гэты стары дуралей не шкодны для нас!

У чэрвені 1941 года І.В. Сталін менавіта яму, С.М. Будзённаму, даручыў пабудаваць для яго асабісты бункер-кабінет у цэнтры Масквы. I Будзённы ўсе зрабіў у лепшым выглядзе - хутка, моцна, не забыўшыся потым расстраляць усіх рабочых гэтага важнага дзяржаўнага аб'екта.

Справа ад нашай казармы стаяў сусветнавядомы будынак у мінулым ваенна- інжынернага вучылішча. У ім у ноч на 9 траўня 1945 года прадстаўшкі германскага вярхоўнага камандавання падпісалі Акт аб безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. Нас ад гэтага будынка аддзя-ляў невялікі драўляны плот, зверху яго быў працягнуты калючы дрот - драцяная агароджа. Гэты будынак часта наведвалі з Савецкага Саюза ўсялякія вайсковыя, цывільныя дэлегацыі, арганізацыі, партыйныя і прафсаюзныя. Тады была такая абавязковая завядзёнка. З гэтымі дэлега-цыямі можна было свабодна трапіць у музей, што мы часта і рабілі.

На нашай вуліцы стаялі дамы немцаў-гараджан, а злева, як ісці ў бібліятэку пасла СССР у ГДР (у той час паслом быў Пётр Андрэевіч Абрасімаў), за 500 - 600 метраў ад нашай часці - два прыгожыя мураваныя дамы - гэта былі асабнякі, вельмі ўходжаныя (была восень) і ні на двары дамоў, ні на вуліцы каля іх платоў-сеткі не было ніводнаго апалага ліста. У гэтых дамах з сем'ямі жылі спецкарэспандэнты газет "Правда" і "Известия". Іх матэрыялы ў газетах мы часта чыталі. Яны пісалі пра нас, пра нашу службу, гэта значыць пра ГСВГ.

Калі падыходзіла наша чарга - наш месяц - ахоўваць у туфме Шпандаў Рудольфа Геса, Альбэрта Шпеера і Бальдура фон Шыраха каменданцкая рота выдзяляла для аховы 95 чалавек - цэлую роту. Усе, хто ад'язджаў у Заходні Берлін, наводзілі ў сваім адзенні - вайсковай форме - адпаведны "марафет": мылі рускім савецкім гаспадарчым мылам з дапамогаю цвёрдых варсістых нямецкіх шчотак суконную форму ("шерстянки"), дарэчы, "хэбэшная" ("хлопчато-бумажнаая") вайсковая форма ў ГСВГ выкарыстоўвалася толькі ў якасці рабочай - рамантаваць машыны, танкі, аўтаматы, хадзіць у нарады на "пищеблок" (на кухню), падшы-валі на красіроўцы беласнежныя каўнерыкі, прасавалі электрапрасамі халявы ялавых (скураных) ботаў (у Саюзе ялавых ботаў не насілі салдаты - старшыны) пры дапамозе цудоўнай нямецкай паркетнай масцікі да "зеркального блеска", падбівалі падкоўкі-касячкі на абцасы і насы ботаў (пры праходжанні шыхтам салдацкія боты гучна "цокалі"), стрыгліся, галіліся, прасавалі ўсё (аб стрэлку штаноў можа "парэзацца муха") і, галоўнае, нямецкай масцікай белажоўтага колеру, такой вязкасці як смятана, чысцілі металічныя гузікі на салдацкіх мундзірах і бляхі на скураных дзягах. Прыводзілі ў належны парадак усе свае вайсковыя адзнакі, значкі - члена ВЛКСМ, гвардзейскі, класнасць, кіроўца і іншыя.

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX