Папярэдняя старонка: 2008

№ 31 (870) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 31 (870) 30 ЛІПЕНЯ 2008 г.


100 гадоў з дня нараджэння Юркі Лявоннага

ЛЯВОННЫ Юрка [сапр. Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 16(29) .7.1908, г. Чавусы - 1937], беларускі паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працаваў у рэдакцыях газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Аўтар зборнікаў паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932), нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931). Творчасць паэта сцвярджае веліч новага жыцця, якое паўставала ў яго вершах рухомым, поўным кантрастаў. Шырока выкарыстоўваў сімволіку, публіцыст. сродкі маст. адлюстравання; у некаторых творах пераважала рыторыка. На, бел. мову пераклаў раман Ж. Верна «80000 кіламетраў пад вадой» (1937, з С. Грахоўскім). У 1936 г. безпадстаўна арыштаваны. Расстраляны ў Менску.

З успамінаў С. Грахоўскага

Каб Вы толькі ведалі, як баліць сэрца, калі даводзіцца пісаць пра незабыўных сяброў. Яны назаўсёды засталіся маладымі. Іх цяпер далікатна і сарамліва называюць "людзьмі трагічнага лёсу". І вось яшчэ адзін пастукаўся друг і нагадаў пра сябе круглаю датаю нараджэння. Юрка Лявонны. Так, вам нічога не гаворыць гэтае імя, а мяне апаноўваюць такія ўспаміны, што вось ужо колькі дзён жыву зусім ў іншым вымярэнні падзей і часу.

Імя Юркі Лявоннага ў 20-30я гады ўсё часцей і часцей мільгала ў друку. Яно часта стаяла пад вершаванымі рэпартажамі і ўзнёслымі нарысамі ў стылі гіпербалізаванай рыторыкі тае пары. Адна за адной выходзяць кніжкі Лявоннага "Камсамольскія вершы", "Штурм", "Жалезныя віхуры" і інш. Ужо назвы гавораць самі за сябе. Гэта - даніна часу, даніна модзе па неабходнасці і шчырым наіўным захапленні "музыкай турбін". Па сваёй сутнасці Лявонны быў лірык, тонкі і рамантычны. Але паэт мусіў станавіцца на "горла ўласнай песні" і прызнавацца:

Любоўную лірыку цяжка пісаць,- Яе не бярэ выдавецтва.

Хто ж ён і адкуль? Нарадзіўся ў Чавусах 29 ліпеня 1908 г. Бацькі мелі свой дамок і садок. Па метрыцы і пашпарту ён - Леанід Мікалаевіч Юркевіч. Мода на псеўданімы нібыта адразу сур'ёзна далучала да літаратуры. Спакусіўся і шаснаццацігадовы падлетак перакруціць сваё імя на прозвішча, а прозвішча на імя. Скончыў ён Магілёўскі педтэхнікум, а ў 1934 годзе Менскі педінстытут. Вось, бадай, і ўся анкетная біяграфія. А жыццёвая - куды складаней і трагічней.

Вершы Лявоннага я запомніў ці не з першых публікацый, а пазнаёміўся з ім, калі прыехаў у Менск у 1931 годзе і пачаў блукаць па рэдакцыях у пошуках удачы. Нас тады ніхто не знаёміў. Знаёміліся самі, а малады, статны і прыгожы юнак, трошкі артыстычнага складу, з густымі каштанавымі валасамі, у шчыгульным шэрым касцюме ў дробную клетачку, у белай кашулі з модным гальштукам кватараваў са мною амаль па суседству. Гэта і быў Юрка Лявонны. Неўзабаве мы сталі блізкімі сябрамі. Юрка працаваў у рэдакцыі "Звязды" і адначасова вучыўся на крытычнатворчым аддзяленні літфака педінстытута.

У 1935 годзе мы з Лявонным пачалі працаваць у вельмі дружнай рэдакцыі грамадскапалітычнага вяшчання радыёкамітэта. Усім тады жылося галаднавата, беднавата, няўтульна, але весела, і вершы пісаліся бадзёрыя, аптымістычныя, на высокай ноце моднай тады паэтыкі.

Так мы дружна і весела жылі, пакуль не насунуўся страшны "хапун". Беларускія пісьменнікі пачалі знікаць у 1930, 1933, а самая вялікая і бязлітасная "праполка" настала ўвосень 1936 года. У кожным доме да раніцы прыслухоўваліся да стуку, рыпу, гулу машыны, трымалі пакуначкі з бялізнаю ў чаканні "чорнага ворана". І ён не затрымліваўся, забіраў кожную ноч. Забраў мяне, знік і Лявонны. Больш мы не сустракаліся ніколі.

Год праседзелі пад "следствам", напэўна, у суседніх адзіночках і камерах, вадзілі нас на допыты па адных калідорах, круцілі, ламалі, выцягвалі душу "на канвеерах", а пабачыцца так і не давялося. У верасні 1937га мяне перавялі ў гарадскую, кацярынінскіх часоў турму і кінулі ў агульную камеру. Якраз пад ёю, акно над акном, у сутарэнні сядзеў Юрка Лявонны. Мы адразу пачалі з Юркам перагаворвацца. Яму прыпісалі некалькі страшных артыкулаў. Прыкладна ў канцы верасня Лявонны "не выйшаў у эфір". Праз чатыры дні паведамілі з сутарэння: «Не вярнуўся. Забралі рэчы».

У даведніку "Пісьменнікі Савецкай Беларусі" надрукавана, што Лявонны памёр 13 снежня 1943 года. Не верце! Яго растралялі ў верасні 1937га, а пасля пасмяротнай рэабілітацыі пісары з таго самага міністэрства ставілі ў даведках любыя даты, каб схаваць злачынствы і падтасаваць іх на час вайны.

Збіраючыся расказаць пра свайго даўняга таварыша, я спрабаваў адшукаць невядомыя дагэтуль матэрыялы, лісты, вершы, фотаздымкі. Але так нічога і не знайшоў. У 1960 годзе выйшаў зборнічак выбраных вершаў Лявоннага, а ў памяці тых, хто ведаў яго, ён застаўся маладым, прыгожым юнаком, які да многага імкнуўся і так мала паспеў.

Да друку падрыхтавала І.В. Макарэвіч.


27 ліпеня - дзень абвяшчэння суверэнітэту Беларусі

Да рэфэрэндуму 1996 года гэта было галоўнае дзяржаўнае свята краіны. У 1990 годзе Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Назва дакумента, які Вярхоўны Савет прыняў у гэты дзень 27 ліпеня 1990 года: "Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі".

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закону.

Дзень незалежнасці адзначаўся 27 ліпеня ад 1991 па 1996 гады. У часе рэферэндуму 1996 года святкаванне Дня незалежнасці было вырашана перанесці на 3 ліпеня. Раней 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менска, бо менавіта сталіца была вызваленая ў гэты дзень у 1944-м годзе.

Напярэдадні 18-х угодкаў прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ў Менску адбылася моладзевая акцыя.

26 ліпеня актывісты моладзевага крыла Партыі БНФ "Моладзь БНФ" правялі ў Менску акцыю з нагоды 18-х угодкаў прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Каля дзесяці чалавек прайшлі ад цырка да плошчы Якуба Коласа, раздаючы мінакам значкі з гістарычным гербам "Пагоня" і віншавальныя паштоўкі. У іх гаварылася, што галоўнай каштоўнасцю Дэкларацыі стала абвяшчэнне незалежнай дзяржавы Беларусі. "Сёння нашай незалежнасці спаўняецца 18 гадоў. Прыйшоў час прымаць важныя рашэнні і адказваць за свой лёс, час пачынаць самастойнае жыццё ў новай свабоднай і незалежнай краіне", - адзначалася ў віншаванні дэмакратычнай моладзі.

27 ліпеня зранку на праспекце Незалежнасці ў Менску залуналі 18 бел-чырвона-белых сцягоў.

Магілёўскія актывісты зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" адзначылі дзень абвяшчэння суверэнітэту Беларусі вывешваннем нацыянальных сцягоў і расцяжкі "Горад наш! Малады фронт".

У Віцебску вывешваннем бел-чырвона-белага сцяга павіншаваў гараджан легендарны Мірон.

Як відаць 18 гадоў аказалася мала, каб грамадскасць усвядоміла значнасць даты 27 ліпеня. Будзем спадзявацца, што да 20годдзя Дэкларацыі разуменне яе сутнасці дойдзе да большай колькасць беларусаў, як ва ўладных структурах, так і ў шэрагах грамадзянскай супольнасці.

Наш кар.


Ракуцёўскае свята паэзіі: пра эрас і каханне

27 ліпеня ў фальварку Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна адбылося традыцыйнае Багдановічаўскае свята беларускай паэзіі і песні. Ідэя правядзення свята належыць дырэктарцы менскага музея Максіма Багдановіча Таццяне Шэляговіч.

Па словах вядучай імпрэзы Аксаны Спрынчан сёлетняе свята было прысвечана тэме кахання і эротыкі ў беларускай літаратуры.

Сто гадоў таму быў напісаны Максімам Багдановічам цыкл "Эрас", і таму мы паспрабавалі стварыць сёння на Ракуцёўшчыне адмысловы "ракуцёўскі раман". Узгадвалі раман Максіма Багдановіча, узгадвалі раманы нашых творцаў. Гэта была тэма эротыкі, тэма кахання, кожны творца выяўляўся неяк не так, кожнаму было цікава не тое, якія легенды ходзяць пра ягоныя раманы, але і самому стварыць свой міфраман, з кімсьці сустрэцца, уявіць, што ён не толькі творца, а ў нейкай ступені і артыст, дзесьці падыграць, дзесьці прыдумаць. І таму сапраўды атрымалася непаўторная сустрэча творцаў з гледачамі.

У свяце прынялі ўдзел госці з Расіі, Украіны, Латвіі, беларускія пісьменнікі і барды.

Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя, Беласток.


Персанажы Шэкспіра ў Літве. Граф Дэрбі.

Вывучаючы войны ВКЛ з крыжакамі ў 14 ст., стала сустракаеш прозвішчы замежных і ў тым ліку ангельскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на боку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Пачаўшы даследаваць тэму еўрапейскіх рыцараў у Прусіі ў 14 ст., я з цікавасцю зразумеў, што сярод іх былі вельмі вядомыя асобы.

У Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна як магніт вабіла шараговых ваяроў, жадаўшых стаць рыцарамі. Аднак з канца 13 ст. лік рыцараў - крыжакоў, якія прыбываюць у Прусію і Лівонію, стаў памяншацца. У канцы 13 ст. Тэўтонскі ордэн усё радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у займальных наступальных дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу, небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-ых гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў у Прусію. Лютар сам быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, паводле якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Для гэтага была адроджана былая традыцыя святкавання Круглага стала Караля Артура. Простыя ваяры з Еўропы пераконваліся ісці ваяваць у Прусію, удзельнічаць у "Reisen" (такім сярэднявечным эўфемізмам называліся вайсковая паходы). Важнае значэн-не меў лік пасвечаных у рыцары па заканчэнні Reisen. Цырымонія пасвячэння ў рыцары стала неад'емнай часткай кожнага крыжовага паходу. Гонар яе правядзення аддавалі самаму высакароднаму з прыезджых крыжакоў. Пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годную дзею. Пасля гэтага Вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны на Круглы стол караля Артура, і ўзнагароджваў найбольш адважных воінаў. Французскі гісторык Э. Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: "У пышным шатры накрываўся круглы стол, за які садзіліся пры гуку труб і цымбал дзесяць прызнаных найадважных рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Гэтыя рыфмаваныя аповяды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час пропаведзь Пятра Пустэльніка або Св. Бернара, і, дзякуючы ўсёй гэтай камедыі, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным".

У адрозненні ад рыцараў якія ўдзельнічалі ў гэты ж час у Стогадовай вайне ў Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць не была галоўнай для крыжакоў. У значнай ступені гэта тлумачылася беднас-цю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з астатняй Еўропай. Адзіным багаццем тут былі коні, у 14 ст. Вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20.000 коней. Тэўтонскія рыцары захоплівалі землі, а не рухомую маёмасць. Ордэн прыцягваў замежных удзельнікаў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі рыцарскай гонару. Э. Лавіс пісаў, што воінаў вабіла цікаўнасць паглядзець зблізку на гэты Ор-дэн, гонар рыцарства, панаваўшага на зямлі аднятай у няверных, а больш за ўсё пагоня за моцнымі ўражаннямі і цікавымі прыгодамі, аповядамі аб якіх можна было бы потым займаць дам. Гэтыя далёкія паходы глыбока засталіся ў рыцарскіх норавах. Шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: "Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію", шматлікія французскія казкі захоўваюць нам успамін аб гаротным становішчы рыцара, які, прыняўшы ўдзел "у святым паходзе ў Прусію", аказваўся ў становішчы ашуканага мужа. Як прыклад адносінаў рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію, цікавы раман Антуана дэ ла Саль "Маленькі Жан дэ Сантрэ", які ўяўляе сабою амаль што навучальны дапаможнік для тых, хто прагнуў прысвячэння ў рыцары. Падобна таму, як гэта адбываецца ў сучасным спорце, у той час былі "прафесійныя" рыцары, якія выклікалі на бой сапернікаў у чужых краях і туляліся ад аднаго двара правіцеля да другога ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі бы іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сантрэ праехаў вялікую частку Еўропы, з Францыі ён адправіўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар засыпаў яго падарункамі. Пазней ён пабываў пры двары імператара, які асабіста прысутнічаў на двубоях, дзе ён выступаў супраць нямецкіх рыцараў. Нарэшце, пярайшоўшы ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны, ён адпраўляецца ў "крыжовы паход" у Прусію, дзе, нарэшце знаходзіць сабе славу.

Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Гэта ў значнай ступені здымала грань паміж крыжакамі і наймітамі. Практыка выплачвання грашовых сум для праезду стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават Баварскі герцаг, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай імперыі, прыняў грошы ад Ордэна за службу ў 1322 г.

Зацішша ў Стогадовай Вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і ангельскіх рыцараў. Маршал Фра-нцыі, Жан Бусіко асабіста (Jean Boucicaut), удзельнічаў у чатырох кампаніях на баку Ордэна і арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі. З 1329 г. ангельскія рыцары пачалі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах (Reisen) на Літву. Перыяды найбольшай актыўнасці былі, калі наступалі перамір'і ў Стогадовай вайне, асабліва ў 1347-52, 1362-68, і 1390-98 гг. Напрыклад у 1362-68 гг. ангельскія рыцары са сваімі аддзеламі, амаль штогод ваявалі ў Прусіі. Кульмінацыя актыўнасці - паміж лістападам 1367 г. і лютым 1368 г., калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаў-леныя чатырнаццаці рыцарам і іх аддзелам, у суме - дзевяноста сем ваяроў. Напрыклад, тры сыны графа Уворвіка (Warwick), адпраўляліся ў паход з дзевяццю эсквайрамі і дваццаццю ёменамі пры трыццаці конях, і з адной тысячай марак на выдаткі, а Ўільям Далезон, эсквайр (William Dalleson, esquire) у суправаджэнні аднаго ёмена - павінен быў выдаткаваць трыццаць марак. Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. Томас Уфард, сын Роберта, графа Суфолка (Thomas Ufford, son of Robert, earl of Suffolk), ваяваў на баку Тэўтонскіх рыцараў у 1348, 1362, 1365 гг. і маг-чыма ў 1352 г. Сэр Томас Бойнтан (Sir Thomas Boynton) упершыню ўдзельнічаў у ваеннай кампаніі ў Прусіі яшчэ падлеткам у 1362 г. і паўторна ўзімку 1367-68 гг. Тады жа Х'ю Дэспэнсер (Hugh Despenser) атрымаў першую ліцэнзію на ўдзел у Балтыйскім крыжовым паходзе, яшчэ раз ён ваяваў у Прусіі і Літве ў 1383 г. У 1360-х гг. у крыжовых паходах у Прусію ўдзельнічалі рыцары з усіх рэгіёнаў Англіі і з розных узроўняў дваранства. Ад графа Уворвіка ў 1365 г. і яго сыноў у 1367-68 гг. і ягонага ўнука на пачатку 15 ст. і графа Херафорда (earl of Hereford) у 1363 г. і да правінцыйных дваран, накшталт Джэфры Скроўпа Мэшама (Geoffrey Scrope of Masham) з Еркшыра, забітага ў Літве ў 1362 г. або Рычарда Волдагрэва (Richard Waldegrave) з Суфолка, які з графам Херафордам удзельнічаў у паходзе да Віслы ў 1363 г. У балтыйскіх крыжовых па-ходах ўдзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі (Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay).

Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нортумберлендскага (first earl of Northumberland) аб якім падрабязней я распавяду да-лей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 г. і, верагодна пад Лідай у 1392 г.

* * *

Самы вядомы ангельскі ваяр, які стаў прататыпам рыцара ў "Кентэрберыйскіх аповядах" найзначнейшага ангельскага паэта Сярэднявечча Джэфры Чосера (1344-1400) і героем трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV", быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэту для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Холіншэда , з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса аб валадаранні Генрыха IV складае як бы сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом - «Генрых V». Усе яны звязаныя паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі на пачатку XV ст., калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.

Генрых IV Балінброк (Henry IV Bolingbroke), вядо-мы таксама як Генрых Ланкасцер, ангельскі кароль, заснавальнік Ланкасцерскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых, старэйшы сын Джона Гонта (герцага Ланкасцера, 4-га сына Эдуарда III) і яго першай жонкі Бланш (прапраўнучкі ангельскага караля Генрыха III), нарадзіўся ў зам-ку Балінгброк за 20 км на поўначы ад Бостана у 1367 г., верагодна, у красавіку.

У дзесяць гадоў яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - Ордэн Падвязкі. У 1380 г. ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда, Марыі Багун, і ў 1384 г. пераняў і гэты графскі тытул (з 1397 г. Генрых стаў 1-м герцагам Хэрафордом).

У 1387 г. падчас адсутнасці свайго бацькі ў Англіі, Генрых Балінгброк увайшоў у змову з чатырма іншымі лордамі, абуранымі тыраніяй свайго стрыечнага брата - караля і злоўжываннямі каралеўскіх фаварытаў. Спачатку апелянтам удалося дабіцца поспеху: фаварыты караля былі асуджаныя парламентам за здраду, а сам кароль быў пастаўлены пад кантроль Рады. Аднак вярнуўшыся ў 1389 г. Джон Гонт ўстаў на абарону свайго пляменніка - караля, і змог на час пагадніць апанентаў .

Прысвяціўшы сябе рыцарскім вычынам, з 1390 г. па 1393 г. Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, да-браўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палестыне.

У 1390 г. Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі нанятыя караблі з Данцыга, каб перавезці трыста ангельскіх ваяроў. 20 ліпеня 1390 г. экспедыцыя выходзіць з Бостана, і праз тры тыдні высаджваецца Памераніі. Дэрбі прыйшоў у Данцыг 10 жніўня а 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу hraf Henrich von Derby і яго паплечнікаў.

Магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі рыхтаваўся да вайсковага паходу. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотні-каў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка да вайны ў Прусіі былі скончаныя.

Войска выступіла пад камандаваннем магістра Энгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо Вялікі магістр Конрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі.

Пад Коўняй злучыўся з галоўнымі сіламі магістр Інфляндскі са сваімі рыцарамі.

Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на велікакняскі пасад Вітаўта.

Пад замкам Вісельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старой Коўні, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашанае бараніць пера-правы.

Але магістр з аддзелам адборных рыцараў, абыйшоўшы Скіргайлу з поўначы, пераправіўся цераз раку ўброд і раптам напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася ля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох руска - літоўскіх князёў: Сымона сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага гэтыя князі былі забітыя) і адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем.

Скіргайла з часткай свайго войска замкнуўся ў замку Вісельвальдэ, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася другая бітва, у якой ліцвіны зноў атрымалі паразу і адступілі ў Вільню.

4 верасня 1390 г. аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта абклалі Вільню. Адначасова, па рэках Нёману і Віліі былі дастаўленыя харчовыя пры-пасы і ваенны рыштунак.

Крыжакі мелі перад сабою тры магутныя цвердзі: Верхні і Ніжні Замак і Крывы Горад. Крывы Горад складаўся з драўляных хат і быў акружаны магутнымі палісадамі і равамі . Верхні замак абараняла польская залога пад каман-дай Мікалая Маскажэўскага (Mikolaj Moskorzewski), падканцлера польскага. Абаронай Крывога Горада кіраваў князь Карыгайла (Казімір), родны брат Ягайлы. Міхал Балінскі цытуе данясенне, напісанае некім з палякаў на старанямецкай мове: "… абклалі Вільню, найболей моцна ўмацаваны горад у краях Літоўскіх, які складаецца з трох градаў з залогамі. Адзін з іх - Крывы Замак, у якім сабралася не-калькі тысяч ваяроў, старых і люду паспалітага, як для абароны замка, так і для захавання свайго жыцця. У гэтым замку меў даводства над залогай наш брат найбліжэйшы Пан Казімір". Вітаўт са сваімі жмудзінамі бок у бок з графам Дэрбі і ангельскай пяхотай абклаў Крывы горад, немцы і французы - Верхні Замак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэл Вільні з мэтай запаліць горад.

6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі вароты горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Длугаш лічыў што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Ягайла пісаў: "…у гэтым замку, такі быў лік узброеных людзей, што сілай узяць яго было немагчыма, - толькі здрадай і падманам…", пасля ўварвання крыжакоў у Крывы Горад, як піша далей Ягайла, "…там такая пачалася разня, падчас пажару ў гэтым замку, што шмат тысяч людзей шляхетнага роду, нават князёў а потым і шляхты і чэрні без літасці было забіта". Балінскі цытуе ангельскага аўтара хронікі Ўолсінгема (Walsingham) які славу частковага здабыцця Вільні аддае графу Дэрбі і піша пра 4000 забітых ліцвінаў. Паніка і вялікая колькасць шукаўшых паратунку людзей не далі магчымасці Карыгайлу выратавацца ў Верхнім замку. Ён быў забіты. Длугаш пісаў: "… полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Ўладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак ...". У лісце комтура Ордэна аб выніках штурму напісана: "пасля першага штурму войска крыжакоў апана-вала драўляны замак, у якім было забіта тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі а менавіта аднаго з братоў Польскага караля Карыгайлу, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку". Балінскі адзначае, што пазней, Вялікі князь ВКЛ Вітаўт чыніў вялікія фундушы Віленскаму капітулу за душу свайго стрыечнага брата.

Верхні замак не быў узяты і трымаўся 5 тыдняў. Маскажэўскі выгнаў з замка ўсіх, хто мог быць чалавекам Вітаўта.

Длугаш піша пра 14000 забітых, Фойгт, спасылаючыся на хроніку Віганда гаворыць пра 7000 забітых.

Крыжакі разышліся па цэлым краі. Дзе пабываў у гэты час граф Дэрбі, не вядома.

У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, да гэтага часу крыжакі адступілі, узімку 1391 г. Ягайла вярнуўся ў Польшчу.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Лявон Лаўрэш


"Памірай, а жыта сей…"

26 ліпеня ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна ўсталяваны помнік на магіле паэта Анатоля Сыса.

З раніцы на могілках па-над Дняпром, дзе густа растуць толькі бярозы, шчыравалі аўтар помніка, скульптар Генік Лойка і вясковыя сябры Анатоля - Іван Цыбульскі, Віктар Гірыловіч, Іван Рудэнка. Усталёўвалі надмагільную пліту, даводзілі да ладу зацэ-ментаваны напярэдадні пастамент-крушню. Гаворыць га-рошкаўскі сябра паэта Іван Цыбульскі:

- Анатоль - мой сябра. Мы з ім моцна сябравалі, і я не магу змірыцца. Я ўцёк з працы, каб дапамагчы.

Усе пагадзіліся, што ўласна помнік ставіць на крушню не выпадае - ён важыць каля семсот кілаграмаў і можа разбурыць свежую каменную кладку.

Помнік зроблены з чырвона-чорнага граніту. На фоне масіўнага, нібы абскубанага стагоддзямі, крыжа - барэльеф паэта і надпіс: "Анатоль СЫС, 1959-2005".

На тыльным баку - высечанае чатырохрадкоўе паэта:

Як па зорах, па расе

Твой апошні шлях праляжа.

Памірай, а жыта сей -

Рунь пра сейбіта раскажа.

Генік Лойка распавёў, што працаваць над помнікам было не складана, але рабіўся ён павольна - амаль год. Ідэю падказалі сёстры паэта:

- Гэта задума перш за ўсё сясцёр - яны сказалі, што павінен быць крыж і павінен быць партрэт. А ў мяне так склалася, і я ім паведаміў: крыж будзе не праваслаўны, не каталіцкі, а паганскі. Калі рабіць партрэт на фоне крыжа, то крыж патрэбна рабіць ве-льмі-вельмі шырокім. Ну і я так уявіў: валун, ледзь выча-саны крыж, нібыта са стара-жытных часоў. І ў Анатоля ж увесь зборнік "Пан Лес" прысвечаны паганству. Я думаю, што гэта яму будзе блізка.

Збор сродкаў на помнік Анатолю абвясціў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У гэтым моцна дапамаглі і беларускія рок-музыкі. У лістападзе мінулага году ў менскім касцёле святых Сымона і Алены ладзіўся дабрачынны канцэрт, усе сабраныя грошы на ім былі перададзеныя на помнік выбітнаму беларускаму паэту.

Афіцыйнае адкрыццё помніка Анатолю Сысу запла-навана на 26 кастрычніка - ягоны дзень народзінаў. Анатолю споўнілася б сорак дзевяць гадоў.

Наш кар.


На магіле М. Явара ўшанавалі памяць паэта

26 ліпеня ў Мастоўскім раёне ўшанавалі памяць заходнебеларускага паэта Міхася Явара (Карася).

Ён пражыў толькі 30 гадоў і скончыў жыццё самагубствам у 1933 годзе. У вёсцы Мінявічы захаваўся дом, дзе жыў паэт. Побач - бераг Нёмана, тут ляжыць вялікі камень, на якім выгравіраваныя словы, мары Міхася Явара. І тут жа груша, пад якой ён стрэліў сабе ў грудзі. Чаму паэт адабраў у сябе жыццё? Пра гэта - Алесь Зарамбюк з Мастоў.

Міхась Явар хварэў на сухоты, гэта была ў тыя часы невылечная хвароба. Таксама Міхась Явар кахаў дзяўчыну, Мікулаву Янісю Іванаўну, якая таксама жыла ў гэтай вёсцы. Яна, ведаючы, што ён безнадзейна хворы, адмовілася ўзяць з ім шлюб.

Магіла паэта знаходзіцца на могілках у вёсцы Падбараны, якая бліжэй да Лунна. Як яна была знойдзена? Распавядае краязнаўца з Лунна Лявон Карповіч.

Магіла была згублена, месца дакладнае не было вядома. Але за справу адшукання месца пахавання М. Явара ўзяўся Алесь Мікалаевіч Белакоз. Ён апытаў сваякоў, людзей з суседніх вёсак, і на аснове іхніх адказаў вызначыў месца. Арыенцір там быў, бо калісьці стаяла старая каплічка, ад якой засталіся падмуркі. Дзякуючы гэтаму на месцы пахавання М. Явара спачатку быў усталяваны помнік з дуба, які доўгі час вызначаў гэтае месца.

Калі старшынём райвыканкаму стаў Уладзімір Іванавіч Вашко, бацька пісьменніка Лявона Вашка, ён да гэтай справы адраджэння памяці аб нашых патрыётах ставіўся вельмі добра і дапамагаў. Пры ягонай дапамозе, а таксама пры спрыянні старшыні сельскага савета Карповіч Валянціны Мікалаеўны і мясцовых краязнаўцаў і патрыётаў на месцы дубовага помніка быў пастаўлены каменны помнік з вершамі Міхася Явара і яго партрэтам. З той пары на гэтае месца штогод прыходзяць тыя, хто хоча ўшанаваць памяць Міхася Явара, паэта, патрыёта, сябра нацыянальных арганізацыяў - Грамады і ТБШ.

Сяргей Астраўцоў.


Вянок памяці: Мікола Сенька

Жалобная вестка прыйшла з Лондана: 19 ліпеня там памёр адзін з ініцыятараў стварэння і актыўны сябар Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі Мікола Сенька. Яму ішоў 85-ы год.

Гасцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road ў Лондане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменнік Уладзімір Арлоў: "Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, з якім нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розніцу ў гадах і жыццёвым досведзе ў мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам з якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок французкіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апенінах.

Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.

Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыццё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай выспе ў лонданскім раёне Фінчлі, там, дзе месціцца бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква святых Пятра і Паўла".

Старшыня Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі Лёля Міхалюк гаворыць пра Міколу Сеньку як пра сябра, які за больш чым шэсцьдзесят гадоў сваёй эміграцыі ніколі не забыўся на тое, што ён - беларус: "Мы разам працавалі. Ён уваходзіў ва ўправу нашай арганізацыі і быў чынным яе сябрам. Чалавек быў сапраўды беларусам ад самага пачатку і ахвярным беларусам, дзе б ён ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, ён быў усюды і заўсёды на сваім месцы".

За гады незалежнасці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыязджаў на Бацькаўшчыну на родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім з'ездах беларусаў свету, якія праходзілі ў Менску ў 90х гадах. Уладзімір Арлоў прыгадвае: "Мікола быў чалавекам надзвычай чуллівым. Атрымліваючы навіны з Беларусі, ён нярэдка не мог стрымаць слёзаў. Напачатку 90х гадоў гэта былі слёзы радасці, пазней - слёзы горычы і трывогі. Але Мікола меў ня толькі эмацыйную, але і практычную сувязь з радзімай. Ён заўсёды лічыў сваім абавязкам падтрымку беларускіх арганізацыяў і асяродкаў, быў сталым падпісчыкам газетаў "Наша Ніва" і "Наша слова".

Міколу Сеньку вельмі пашанцавала ў тым, што побач з ім апошнюю частку ягонага жыцця была жонка Алена - надзейная сяброўка, аднадуміца, такая ж ахвярная патрыётка, перакананая ў еўрапейскай будучыні Бацькаўшчыны. На Аленіных руках ён і адышоў у нябесную Беларусь".

Валянціна Аксак.


"На прастор, на шырокі прастор!"

/Якуб Колас/

Дарагія сябры!

Магілёўская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны з 8 па 10 жніўня ладзіць чарговую - трэцюю сёлета! - вандроўку па Заходняй Беларусі. Калі ў траўні мы наведалі паўночна-заходнюю частку краіны, а ў ліпені пабачылі колішнюю Літву - Наваградчыну, то ў жніўні мы накіруемся на паўднёвы захад Беларусі - Берасцейскае Палессе.

Прапануем Вашай увазе маршрут падарожжа, якое пройдзе па тэрыторыі сучасных Баранавіцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Камянецкага, Берасцейскага, Кобрынскага, Драгічынскага, Іванаўскага, Пінскага і Лунінецкага раёнаў: Магілёў - Менск - Завоссе - Сталовічы - Івацэвічы - Косава - Ружаны - Пружаны (першы дзень) - Камянец - Высокае - Воўчын - Вістычы - Чарнаўчыцы - Брэст - Кобрын - Валовель - Закозель - Драгічын - Іванава (другі дзень) - Моталь - Моладава - Дастоева- Парэчча - Пінск - Парахонск - Лунінец - Мікашэвічы - Слуцк - Менск - Магілёў.

Далучайцеся!

Маршрут распрацавалі: Юрась Каласоўскі, Алег Дзьячкоў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX