Папярэдняя старонка: 2008

№ 32 (871) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 32 (871) 6 ЖНІЎНЯ 2008 г.


Віктару Манаеву - 50

Віктар Сяргеевіч Манаеў - акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы, Заслужаны артыст Беларусі.

Нарадзіўся 7 жніўня 1958 года ў Менску. У 1980 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Адразу ж быў прыняты ў трупу Купалаўскага тэатра. У 1984 годзе стаў Лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамолу БССР. У 1985-м - атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. Тады ж за лепшую мужчынскую ролю Манаеву быў уручаны Дыплом фэсту "Прыбалтыйская тэатральная вясна". За ўдзел у шматлікіх тэатральных пастаноўках тэатра ім. Я. Купалы ў 1992 годзе стаў Лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Дыпламант тэатральнага фэсту "Залаты Віцязь" (2005 г.) за ролю дзеда Жабрака ў спектаклі "Сымон-музыка", пастаноўка М. Пінігіна. Сярод тэатральных работ вылучаюцца ролі ў спектаклях "Плач перапёлкі", "Бераг", "Рэвізор", "Чычыкоў", "Служка двух паноў", "Сымон-музыка", "Пінская шляхта", "Тутэйшыя" і інш. Жыве ў Менску.


"Галоўнае для мяне - заставацца чалавекам"

Ён ужо даўно заслужыў званне народнага. Не ў сэнсе афіцыйнага прызнання з афармленнем адпаведных дакументаў і ўручэннем ганаровых гербавых папер. А ў сэнсе ўсенароднага ўдзячнага стаўлення да яго гледачоў, якія ідуць на "Манаева" у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, дзе артыст працуе ўжо 28 гадоў. Нязменна. З Віктарам Манаевым карэспандэнт сустрэўся пасля прэм'еры "Пінскай шляхты" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. У гэтым спектаклі ён інграе адну з галоўных роляў - станавога прыстава Кручкова.

- Мне здалося, што Кручкоў у выкананні Манаева абсалютна непераканаўчы. Такога чалавека немагчыма западозрыць у хабарніцтве. Вакол яго, гэта значыць Вас, аўра дадатнай, дзіцячай энергіі. Вы наўмысна так тлумачылі гэтую ролю?

- Я так рады гэта чуць, вы сабе не ўяўляеце. Самае выдатнае, калі гавораць, што ў персанажах ёсць нешта ад дзяцей. Дзіцячае светаўспрыманне, незласлівасць, непасрэднасць, шчырасць - тое, чаго ўсім нам бракуе ў жыцці. Я больш за ўсё баяўся быць злым або страшным. Кручкоў - самая адмоўная роля з майго акцёрскага жыцця. А, не. Гадоў 25 таму назад іграў у казцы "30 дзён Кашчэя Несмяротнага" служку, пісарчука Кашчэя. Там я стараўся быць горшым, чым сам галоўны персанаж. Але таксама не атрымалася - дзеці смяяліся. "Пінская шляхта", вядома, не казка, але ў гэтым вадэвілі шмат гратэскавага. Вобраз Кручкова напісаны не рэалістычнымі фарбамі. Ён не гэтулькі нягоднік, колькі напускае страху, пры-чым таленавіта. Мне здаецца, што ён, у першую чаргу, артыст, які любіць сваю працу.

- А вы хутка пагадзі-ліся на такую, увогуле-то, адмоўную ролю Кручкова?

- Так, тут і гаварыць няма чаго. Акцёру хочацца іграць. У нас з Пінігіным даў-няе творчае сяброўства. 14 сумесных пастановак - не жарт. Мы адзін аднаго добра адчу-ваем і разумеем. Як у шчаслівым шлюбе. Не трэба лішніх слоў. Усё зразумела па поглядах, інтанацыям, усмешцы. Наш альянс заснаваны на волі і даверы.

- Калі я паглядзела ваш паслужны спіс, здалося, што вы - абсалютны лідар па заня-тасці ў пастаноўках Купалаўскага...

- Дык гэта ж за 28 гадоў! Не-не, у нас ёсць іншыя лідары. Я мала зараз іграю. Некалі я быў заняты ў 25-30 спектаклях у месяц. А зараз толькі ў сямі - гэта разам з "Пінскай шляхтай". Можна сказаць, зусім не пра-цую. Моладзь больш занятая, таму што, акрамя ўсяго іншага, удзельнічае ў масоўках. З векам такія ролі "адвальваюцца", застаюцца буйнейшыя, значныя - усё менш і менш.

- Што важней для вас - ухвала калегаў, майстроў сцэны або прызнанне публікі, вашых гледачоў?

- Застацца чалавекам! Пры ўсіх умовах і ў любой сітуацыі захаваць сябе праўдзівага. Наша прафесія небяс-печная для душы. Вельмі лёгка можа з'ехаць дах ад поспеху, папулярнасці: "Ах, які я геній, талент і наогул! А вы - нікчэмныя няздары! Усё тут не па мне: калегі, тэатр, рэжысёр, краіна, свет!". Тое, што акцёр на метр узвышаецца над ўсімі, хто стаіць на сцэне, не яго заслуга. Удумайцеся ў слова "адоранасць" - падарунак ад Бога. Гэтым нельга пышыцца. Трэба распараджацца праві-льна, чалавеча. Бо можна геніяльна вынайсці бомбу і згу-біць масу чалавечых жыццяў. Таленавіта можна зняць мастацкі фільм, паказаць па тэле-візары і разбэсціць мільёны людзей. Усё гэта - ад нячысціка.

- Вы не рыхтуеце да свайго юбілею якой-небудзь падарунак вашым прыхільнікам, камедыю або паэтычны вечар?

- Ну, камедыяй "Пінская шляхта" мы ўжо гледача папесцілі. Тэатральны сезон сканчаецца, так што пакуль - не. Паэзію ж, асабліва рускую, я вельмі люблю. У мяне ёсць выдатныя праграмы "Музыка паэзіі і паэзія музыкі", якія я ўяўляў на сцэне нашай, менскай філармоніі: вершы ў суправаджэнні класікі. Гэтыя праекты я буду працягваць. Зараз адкрыю сакрэт, і, можа быць, гэта падбухторыць мяне сур'ёзней паставіцца да планаў. Музыкі Менскага струннага квартэту прапанавалі паставіць паэтычную праграму на музыку А. Вівальдзі "Поры года". Трэба падабраць вершы да гэтага вялікага твора. Думаю, павінна атрымацца выдатна!

- Чаму вы так рэдка здымаецеся ў кіно?

- Вы ж разумееце, што праца ў тэатры і ў кіно - абсалютна розныя кірункі. Я - тэатральны акцёр. У кіно неяк не прыжыўся. Праўда, нядаўна, мяне запрасілі на "Беларусьфільм". Было цэлых тры здымачныя дні! Я іграю эпізадычную, трагічную ролю ў дзяржаўным кіно. Самотны бацька, які выхоўвае дачку... Галоўных роляў, акрамя дыпломных прац студэнтаў У. Турава, у кіно я не выконваў ніколі - не прыйшлося. Ну, нічога. Нашы вялікія актрысы С. Станюта і Г. Макарава пачалі здымацца на "Масфільме", калі ім было ўжо па 70 гадоў. Так што ўсё яшчэ наперадзе. Наталля Калядная.


145-я ўгодкі паўстання 1863 года на Лідчыне

3 жніўня на Лідчыке прайшло набажэнства ў памяць паўстанцаў 1863 года.

Для Лідскага павету гэтае паўстанне было вельмі цяжкім. Лідзяне паўсталі на тры месяцы раней за ўсю астатнюю Беларусь і прынялі на сябе ўвесь выт імперыі. Лідскія хлопцы пайшлі ў паўстанне не маргнуўшы вокам, многія імёны, папраўдзе сказаць, большасць імёнаў, да гэтага часу застаюцца невядомымі. Таму ўсеагульная памяць пра паўстанне гэта не менш важна чым само паўстанне. І вось сёння ў 14ты раз падрад ні на на кога не звяртаючыа ўвагі ні ў кога не пытаючыся,ні на кога не зважаючы людзі прыйшлі на поле бітвы да прывычных ужо крыжоў.

Сёлета краявід урочышча "Крыжы" некалькі змяніўся. мясцовыя жыхары знеслі крыж, які быў пастаўлены ў 1925 годзе, па прычыне яго старасці. Канешне, больш правільна было б на яго месца паставіць новы, але вырашылі на яго месца перанесці каталіцкі крыж комплексу, а на месца каталіцкага паставіць ефрасіннеўскі. Можна доўга спрачацца, ці трэба было гэта рабіць. Але, што адбылося, тое адбылося. Адно ў гэтай сітуаці радуе: гэтае поле і гэтыя крыжы гэта не нечыя выдумка, народ 14 гадоў пад імі моліцца і 14 гадоў пад імі чуе пра паўстанне і свабоду.

Сёлета ізноў над урочышчам лунаў сцяг ТБМ. На набажэнстве прысутнічалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік, старшыня Бярозаўскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Дычок, старшыні лідскіх суполак ТБМ Кірыл Сыцько, Уладзімір Круцікаў, Уладзімір Хрышчановіч..

У набажэнстве прынялі ўдзел каля 70 чалавек з навакольных вёсак, з Ліды, з Бярозаўкі (10 чалавек).

І гэта ўсё не проста так. Вось мы тут на Лідчыне. Вось мы сталі адзіным шыхтам на ідэях 1863 года. Вось мы ёсць: старыя і малыя, католікі і праваслаўныя, мы штогод прыходзім і становімся пад гэтыя крыжы. І хто можа нас спыніць? А ніхто і ніколі, бо мы народ. Можа быць, на нечую думку, дурны і цёмны народ. Мы стаім пад гэтымі крыжамі разам і старшыня партыі, які думае, як сабраць подпісы на выбары, і сялянка, якая думае, што даць есці свінні.

Мы разам, рэдка такое бывае, але сёння тут перад Памяццю мы разам. І хай стогнуць душы маіх продкаў, і хай вішчаць некормленыя свінні сялян, якія сюды прыйшлі, мы стаім пад гэтымі крыжамі, як пасланцы аднаго народу.

Мы разыдземся, але заўсёды, як тое было ад веку і будзе да веку, я прыеду ў Малое Ольжава і спытаю: "Ці стаяць крыжы?" і імне адкажуць: "Ну мы ж жывыя, то стаяць."

Яраслаў Грынкевіч.


"З Быкавым у сэрцы"

Такі назоў атрымаў ужо стаўшы традыцыйным ў Гарадзенскім музеі Васіля Быкава, што стварылі ветэраны вайны ў сваім грамадскім аб'яднанні, конкурс сачыненняў па творчасці Васіля Быкава. Гэты конкурс амаль равеснік самога музея і ўжо з самай калыскі свайго нараджэння ён быў прысвечаны менавіта дню Перамогі, дзеля якой пралівалі кроў і не шкадавалі жыцця славуты аўтар і героі яго кніжак пра вайну... Таму і вынікі яго штогод ці праз год (як атрымоўваецца) подводзяцца прыкладна пад гэты гістарычны дзень - 9 траўня, але ў любым выпадку не пазней траўня. Так, сёлета вынікі чарговага тура конкурсу былі падведзены 17 траўня, літаральна праз тыдзень пасля свята. Але сутнасць яго не ў тэрмінах і іншых фармальнасцях, а ў тым, што ў Гародні гэта была, бадай ці не самая прадстаўнічая і значная падзея як для ветэранаў, так і іх маладых сучаснікаў па ўшанаванні і ўвекавечанні памяці незабыўнага гарадзенца і вялікага сына патрыёта зямлі беларускай Васіля Быкава. На падвядзенне вынікаў конкурсу прышлі не толькі юныя яго ўдзельнікі, вучні, але і іх настаўнікі, навукоўцы, журналісты. У імпрэзе з нагоды падвядення вынікаў конкурсу удзельнічалі жонка В. Быкава - Ірына Міхайлаўна Быкава, малодшы сын пісьменніка Васіль Васільевіч Быкаў, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, паэтка Данута Бічэль, таксама пісьменнікі Ігар Жук, Сяргей Астраўцоў і інш.

Гасцей і ўсіх удзельнікаў конкурсу шчыра вітаў старшыня ветэранскага аб'яднання і кіраўнік музея Васіля Быкава, навуковец і пісьменнік, ветэран вайны Мікола Мельнікаў. Сваімі ўспамінамі пра Васіля Быкава коратка падзяліўся намеснік старшыні аб'яднання ветэран вайны Леанід Закурдаеў.

І вось пачынаецца галоўная частка вечарыны: аб'яўленне найбольш удала пададзеных і раскрытых тэм сачыненняў, іх аўтараў і тут жа ўручэнне ім прызоў - кніжак В.Быкава. І тут ужо ніякія самыя шчырыя і праўдзівыя словы і ніякія самыя яркія кадры фотааб'ектыва не ў сілах перадаць усю ўрачыстасць і непасрэднасць моманту, гэта трэба было бачыць з якім хваляваннем юныя гарадзенцы атрымлівалі з рук старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча заслужаныя прызы - падарункі.

Нажаль, тут зза абмежаванасці газетнай плошчы нельга правесці ў адрыве ад кантэксту хоць бы асобныя вытрымкі з саміх сачыненняў. І тым не менш... Аўтарка аднаго з нешматслоўных, але глыбокадумнага сачынення вучаніца 32й гарадзенскай школы Тацяна Раманчук, раскрываючы ў сваім сачыненні вобраз народнага пісьменніка і яго багатую літаратурную спадчыну, піша:

"Пакінуць пасля сябе ў іншых сэрцах тое, пра што нельга забыць, схаваць ці ператварыць у нешта іншае. Тое, пра што не атрымоўваецца маўчаць, калі ты жывеш поўнай душою...

Я змагла адшукаць ягоны скарб, які не належыць мне асабіста. Ён пачынае дзейнічаць толькі тады, калі мы разам. Як дзеці, поўныя прастаты, адданасці, праўдзівай усмешкі і гарачых да шчыпання твару слёз.

Дваццаць другога чэрвеня... Ён адышоў... туды, дзе няма ночы...

Васіль Быкаў пакінуў сваё месца на Зямлі, каб заняць яго ў Небе. Пакінуў у дзень майго нараджэння, у дзень майго новага жыцця".

Як бы дапаўняючы пададзены Таняй партрэт вялікага Быкава і яго творчы скарб, але праз сваё бачанне другі канкурсант - старшакласнік Гародні Аляксей Занеўскі піша так:

"Усё менш застаецца сведкаў той далёкай вайны, але побач з намі на паліцах бібліятэк застаюцца творы тых, хто прайшоў праз горан вайны, вытрымаў увесь яе цяжар і пажадаў данесці да нас усю яе праўду. Мастацкая праўда Васіля Быкава патрэбна нам дзеля нас саміх, дзеля гістарычнага прасвятлення і маральнага ачышчэння. Для мяне кнігі пісьменніка - шлях у будучыню. А яго героі - ідэалы сумненнасці, свабоды, чалавечай годнасці і гуманізму."

Нельга прайсці міма і не падкрэсліць свежасць і надзённасць думкі, выказанай у сачыненні яшчэ адной старшакласніцы - гараднічанкі Тацяны Шульгі. Юная паклонніца таленту В. Быкава і шчырая прыхільніца яго. У пасляслоўі свайго сачынення пра постаць вялікага Васіля Быкава, сына зямлі беларускай, і людзей, што рупяцца аб увекавечанні яго памяці напісала наступнае:

"На небе зусім не было сонца, але, нібы сонечным промнямі, гэты дзень сагрэла наша сустрэча, вельмі значымая ў маім жыцці... Мне прыемна ад таго, што ёсць магчымасць пабачыцца з людзьмі, сэрца якіх баліць за беларушчыну. З людзьмі, духоўныя каштоўнасці якіх намнога важнейшыя за матэрыяльныя. Пра такіх людзей у Евангеллі сказана: "Не хлебам адзіным жыве чалавек, але ўсялякім словам..."

Я разумею, што чалавек можа страчваць фізічныя сілы, але душа яго ўвесь час імкнецца да свайго святла...

Таму, мне здаецца, так важна падтрымліваць сувязь паміж пакаленнем маладым і больш вопытным. У гэтай нашай сувязі я бачу ўпэўненасць у светлай будучыні беларускай Айчыны".

Яскрава лепшы прыклад таму, што выказала юная гараднінчанка, з'яўляецца ўжо сам конкурс сачыненняў школьнікаў "З Быкавым у сэрцы". І ўся тая атмасфера удзячнасці, што перапаўняла залу і сэрцы прысутных. Пры падвядзенні вынікаў добрыя словы і пажаданні яго ўдзельнікам конкурсу арганізатарам выказалі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, паэтка Данута Бічэль, Краязнаўца Андрэй Юшкевіч, а таксама некаторыя настаўнікі мовы і літаратуры Гародні.

Цяпер ужо канчаткова падсумоўваючы вынікі быкаўскага конкурсу, можна без сумнення сказаць, што на Гарадзеншыне зроблены яшчэ адзін прыкметны крок на шляху увекавечання памяці Вялікага Беларуса Васіля Быкава.

Аляксей Дземідовіч.


Лідскія скрыжалі

У ліпені 2008 года выйшла трэцяя паэтычная кніга Станіслава Судніка "Лідскія скрыжалі".

Біблейскія скрыжалі - гэта каменныя табліцы, на якіх запісаны дзесяць запаведзяў, што Бог прадыктаваў Майсею. У пераносным сэнсе скрыжалі - гэта тое, што трэба памятаць . "Лідскія скрыжалі" зборнік гістарычных эцюдаў напісаных за апошнія дзесяць гадоў у асноўным для часопіса "Лідскі летапісец". У адрозненне ад скрыжаляў біблейскіх ніхто не прэтэндуе на тое, каб гэтыя эцюды ведалі і памяталі ўсе людзі Зямлі, ніхто не прэтэндуе, каб іх ведалі і памяталі ўсе жыхары Беларусі, яны напісаны з надзеяй, што іх прачытаюць і хоць часткова запомняць жыхары невялікага куточка Зямлі пад назвай Лідскі край або Лідчына.

Эцюды пісаліся без усякага плану, без усякіх прыярытэтаў. У кнізе яны пастаўлены з большага ў адпаведнасці з часам, у які адбывалася падзея, адлюстраваная ў вершы.

У эцюдах паказаны асобныя фрагменты лідскай гісторыі, магчыма, не самыя важныя, не самыя лёсавызначальныя. Паказаны асобы і таксама далёка не ўсе і не самыя важныя. Гісторыя Ліды налічвае без малога 700 гадоў, і пра кожны год можна пісаць. Тут нарадзіліся, жылі або бывалі многія і многія выдатныя людзі, і пра кожнага з іх зноў жа можна пісаць...

... Як адносіцца да эцюдаў у плане гістарычнай праўды, чаму і наколькі можна верыць? Не ўсё ў гісторыі было, мабыць, дакладна так, як апісана ў вершах, але ўсё было, і ўсё магло быць менавіта так, як апісана. Таму эцюды можна назваць вершаванай весіфікацыяй гісторыі. А версіфікацыяй гісторыі ў нас з'яўляюцца не толькі ўсе мастацкія творы гістарычнай тэматыкі, але і школьныя падручнікі. І што да апошніх, то ў "Лідскіх скрыжалях" ёсць тое, чаго не дастае ў сённяшніх падручніках па гісторыі Беларусі. Прынамсі, ёсць спадзяванне, што ў эцюдах удалося захаваць нацыянальны дух, якім заўсёды была моцная Лідчына.

БАЛАДА ПРА БЕЛАРУСКУЮ ШКОЛУ

У 1915 г. Алаіза Пашкевіч (Цётка)

адчыніла ў Лідзе першую легальную

беларускую школу.

У пачатку 21-га стагоддзя

беларускамоўная адукацыя ў Лідзе

фактычна закончвае сваё існаванне.


Ліда. Жнівень. Ваенны пятнаццаты год. Згніўшы царскі хамут раптам долу апаў. Фронт пагрукаў за горад далёка на ўсход. Новы пан на пасады на ўсе заступаў.


Што мог ведаць той немец аб гэтай зямлі,

Дзе нямым быў стагоддзі цалюткі народ,

Дзе маліцца на мове сваёй не маглі,

Ні чытаць, ні пісаць многа год.

Што хто ведаў, не ведаў, хто знае цяпер,

Толькі вось раз аднойчы кабета прыйшла

I з сабою прынесла пакунак папер,

I пра школу гаворку пры ўсіх пачала,


Што патрэбна тут школа, каб людзі маглі

Жабрацтва пазбыцца, і цемры, і зла,

Каб да лепшае долі праз веды дайшлі,

I навука да добрага іх давяла.


Што патрэбна тут школа на мове, на той,

На якой тут гавораць і кожны, і ўсе,

Што ўдыхаецца ў цельца дзіцяці з душой,

Што вятрыска над гэтым абшарам нясе.


Што па-іншаму нельга вучыць тых людзей,

Бо знікае і скутак, і сутнасць навук,

I ўжо цэлы народ, быццам статак, брыдзе,

Толькі пашы шукае, а розум патух...


Waіs? Die Schuhle? Sehr gut.

На здароўе вучы,

Хоць на нейкай там мове сваёй...

(Час надыдзе да Прусіі іх далучыць,

А пакуль няхай вучыць, Бог з ёй.)


... Frau Else Paschkewitsch?

Ну што ж, bitte schon".

I свой подпіс чыркнуў на прашэнні маёр.

Значыць гэта цяпер, што нямецкі закон

Сам ахоўвае ў новую школу набор.


А на Віленскай вуліцы ў хаце пустой

Панаставілі лавак, услонаў, сталоў,

Каб урок той найпершы на мове сваёй

Тут прайшоў за тры сотні гадоў.


Дзетвары назбіраўся паўнюткі пакой,

I настаўніца звыкла да дошкі ідзе:

"Добры дзень!"

"Добры дзень!"- клас гукнуў талакой,

Сапраўды, быў бы добрым той дзень.


"Мы пачнём ад пачатку, ад тога, чаму

Не па-руску, ці польску вяду гэты ўрок,

Трэба ведаць, што мова - аснова ўсяму,

I што сказана: "Слова ёсць Бог."


Тая ж простая мова, што чуецца тут,

Простай стала з чужынскае ласкі для нас,

Беларускай завецца яна, а наш кут -

Беларусь. Гэта помніць патрэбна ўвесь час.


Будуць гэтай зямлёю чужынцы хадзіць,

Будуць несці і веры, і мовы свае.

Беларусь мы павінны і знаць, і любіць,

Беларусь, што з глухога забыцця ўстае.


Будзе наша краіна, і будзем мы ўсе

Самі ў нашай старонцы і радзіць, і жыць,

Мы збудуем яго, родны край, пакрысе,

Бо мы здолелі ўжо Беларусь палюбіць..."


Так пайшлі тыя ўрокі, адзін за адным

З любасцю, згодай, без нейкіх прымусаў,

Так настаўніца ў светлым памкненні святым

Лідскіх дзетак вывучвала на беларусаў.

* * *

Ліда. Жнівень. Канец дзевяностых гадоў.

"Хочу, чтоб ребёнка по-русски учили!"

"Помощь всегда оказать Вам готов,

Эти проблемы давно мы решили.


Четырнадцать школ у нас русских уже,

А три остальные додавим тотчас,

Мы станем к России,

как можно, ближей,

Похвалят за это, я думаю, нас..."

* * *

Больш, чым восем дзесяткаў

сышло з даўніх пор,

Як Цётка лідзян пачынала вучыць...


Дык што? Трэба зноў, каб нямецкі маёр

Нам загад падпісаў беларусамі быць?

Станіслаў Суднік.


Персанажы Шэкспіра ў Літве. Граф Дэрбі.

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 г., наладзіўшы вялікі банкет паміж Калядамі і Трымя Караля-мі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 г., пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра Конрада фон Валенрода і вёў перамовы з Польшчай аб абмене двух па-лонных ангельскіх рыцараў. Тым часам, пачаліся сваркі паміж ангельцамі і шатланд-цамі, што дайшлі да двубою, у якім быў забіты вядомы шат-ландскі рыцар Вільгельм Дуглас (Wilhelm Douglas). Двубоі былі гэтак жа паміж ангельцамі і французамі. Гэта вымусіла Вялікага магістра забараніць двубоі ў ваенны час. Выкупіўшы палонных, граф Дэрбі атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка прыплыў у Англію. 30 красавіка граф прыбыў у Лондан, 3 лістапада выступіў у парламенце.

Ангельская дапамога таксама спынілася з-за таго, што іх рыцары патрабавалі, каб менавіта яны неслі сцяг Св. Георгія, хоць, традыцыйна гэты сцяг заўсёды неслі немцы. Акрамя таго граф Дэрбі ўмяшаўся ва ўнутраныя справы Ордэна, патрабуючы палепшыць магчымасці ангельскіх купцоў гандляваць у Прусіі. Раздражнялі немцаў таксама і сталыя бойкі ангельцаў з шатландцамі. У цэлым ангельцы сталі прычыняць больш праблем, чым каштавала іх дапамога. У 1394 г. Вялікі магістр Ордэна адказаў адмовай на афіцыйны ангельскі запыт аб удзеле ў паходзе гэтага года, і пасля 1394 г. ангельскія рыцары рэдка згадваюцца ў хроніках аб Прусіі. Трэба адзначыць, што французскія рыцары карысталіся большай павагай з боку Ордэна, іх заўжды было болей за англічан, і яны не ўмешваліся ў камерцыйныя справы Ордэна з патрабаваннем прэферэнцый для французскага гандлю. Французкія рыцары, традыцыйна, былі больш аддадзеныя рыцарскаму кодэксу паводзінаў, і як гэта неаднаразова было падчас Стогадовай вайны, вялі сябе пад час рэальных баявых дзеянняў, як на рыцарскім турніры. У 1394 г. пры аблозе Вільні, насуперак волі Вялікага магістра Ордэна, французскія ры-цары выклікалі на двубой польскіх рыцараў, вінавацячы іх у дапамозе язычнікам. Длугаш пісаў аб гэтым:"Пакуль доўжылася аблога, паміж ры-царамі абедзвюх бакоў узнікалі частыя спрэчкі і лаянкі: фран-цузы вінавацілі палякаў у тым, што тыя аказваюць дапамогу варварам супраць вернікаў; палякі ж пярэчылі, што паступаюць свята і набожна, бо дзеля веры сталі на абарону новаахрышчаных супраць ілжэ-змагароў за веру. Абодва бакі ўмовіліся, што ў доказ справядлівасці сваёй праваты, як палякі, так і французы ўступяць у рыцарскі двубой пры двары Венцаслава (у той час караля Чэхіі) у Празе ў прызначаны дзень, у роўным ліку, па чатыры рыцары з кожнага боку. Калі прыйшоў гэты дзень, абодва бакі выканалі ўмову а, менавіта: калі чатыры рыцары з боку караля Ўла-дзіслава, Ян з Влошчава, кашталян добжынскі, Мікалай з Вашмунтова, Ян з Здакова і Яраслаў Чэх, з боку ж французаў чатыры рыцара з'явіліся ў Прагу, яны адправіліся ў сад пры звярынцы, каб засвед-чыць рыцарскую сілу і шчасце. Аднак па загаду Венцаслава, караля Чэхіі … праціўнікі былі ўтрыманыя ад сутычкі і прыведзеныя, француз у пары з палякам і паляк з французам, да каралеўскага стала, дзе іх спачатку пышна прынялі і пачаставалі, а затым кароль Венцаслав, выступіўшы як пасярэднік, памірыў іх і прывёў да згоды".

У ліпені 1392 г. граф Дэрбі, зноўку адплыў у Прусію. Высадзіўшыся ў Памераніі, ён прыбыў у Данцыг 10 жніўня. Тут ягоныя ваяры забілі немца, і былі настолькі агрэсіўныя, што Тэўтонскі ордэн быў рады пазбавіцца "памагатых". Паўдзельнічаць у новым наездзе на Літву не ўдалося, і Дэрбі паслаў большасць сваіх ваяроў дахаты, а сам, 23 верасня пачаў паломніцтва ў Святую Зямлю. Кніга ягоных грашовых выдаткаў паказвае нам маршрут. Граф пабыў у Празе з 13 да 25 кастрычніка 1392 г. правёўшы тры дні з каралём Венцаславам у ягоным замку; правёў першыя чатыры дні лістапада ў Вене, ведучы перамовы з эрцгерцагам Альбрэхтам III і Жыгімонтам Вугорскім. Прыбыў у Венецыю 29 лістапада. Адсвяткаваў Каляды ў Зарэ каля Канстанцінопаля, адплыў на востраў Радос, адкуль прыбыў у горад Яфа. З Яфы з адным аслом, загружаным правізіяй, наведаў Ерусалім. З Ерусаліма ў лютым граф Дэрбі адплыў на Кіпр, дзе, магчыма сустрэўся з Генры Персі (Хотспурам) які прыкладна ў гэты час таксама быў на Кіпры. Вярнуўся ў Венецыю у канцы сакавіка 1393 г., да 13 траўня жыў у Мілане. Далей праз Павію, 22 чэрвеня прыбыў у Парыж. У Лондан граф прыехаў 5 ліпеня, і там старанна маліўся ў цэрквах.

А ў верасні 1392 г. пачалася яшчэ адна велізарная выправа рыцарскай Еўропы на чале з магістрам Ордэна Кон-радам Валенродам (абраны на гэты пост у 1391 г.). Але гэта не з'яўляецца нашай тэмай.

* * *

Ангельскі кароль Рычард ІІ так і не дараваў апелянтам. У 1398 г., пасля таго як Генрых і яшчэ адзін былы апелянт, герцаг Норфолк, спрабавалі развязаць сваю асабістую спрэчку двубоем, абодва супернікі былі па загаду караля выгнаныя з Англіі. У наступным годзе памёр герцаг Ланкастарскі (Джон Гонт), бацька нашага героя. Рычард II канфіскаваў вялікія ўладанні герцага, якія павінны былі адысці графу Дэрбі.

Генрых нечакана апынуўся на чале ўсіх незадаволеных тыраніяй караля лордаў. Скарыстаўшыся адсутнасцю Рычарда (кароль узначаліў паход у Ірландыю), Генрых і яго паплечнікі ў ліпені 1399 г. высадзіліся ў Англіі і рушылі на Лондан. Паспешна вярнуўшыся кароль Рычард ІІ не змог аказаць годны супраціў. У жніўні кароль быў узяты ў палон і пасаджаны пад арышт ў замку Панцэфракт. Спадзяючыся захаваць жыццё, Рычард падпісаў адрачэнне ад пасаду. Аднак у 1400 г., пасля каранавання графа Дэрбі як Генрыха IV, Рычард быў забіты.

Неўзабаве Генрых усвядоміў, што атрымаць карону значна прасцей, чым захаваць яе. Першыя дзесяць гадоў прайшлі ў барацьбе. Спачатку ў студзені 1400 г. ён разграміў прыхільнікаў у той час яшчэ жывога Рычарда II. З 1403 г. па 1408 г. Генрых вёў барацьбу з адной з самых магутных сямей Англіі - Персі.

З 1408 г. здароўе Генрыха IV прыкметна пагоршылася, гісторыкі мяркуюць, што ў караля была праказа. Парой ён зусім не мог займацца дзяржаўнымі справамі. У перыяд з 1410 г. па 1411 г. ад імя бацькі краінай кіраваў ягоны сын - прынц Валійскі. Узніклі супярэчнасці паміж бацькам і сынам, яны выраслі ў сапраўдны канфлікт. Пры ангельскім двары пачалася барацьба за ўладу паміж хворым каралём і маладым прынцам. У 1412 г. кароль, ўзяўшы кіраванне краінай у свае рукі, вымусіў прынца пакінуць каралеўскую раду. Але 20 сакавіка наступнага года Генрых IV памёр, молячыся ў Вестмінстэрскім абацтве. Пахаваны ў Кентэрберы.

Лявон Лаўрэш


Нястрачанае свята

27 ліпеня праз 18 гадоў пасля абвяшчэння Дэкларацыі аб Дзяржаўным суверэнітэце галоўныя ініцыятары ды "рухавікі" прасоўвання адпаведнага заканадаўчага акту Зянон Пазьняк ды Сяргей Навумчык, якія стаялі тады на чале незалежніцкага руху Беларусі, сустрэліся са сваімі суайчыньнікамі.

Але сустрэча гэта адбывалася не ў Чырвоным касцёле на цэнтральнай плошчы Менска, якая магла б быць названа ў гонар Тадэвуша Касцюшкі, ды не на плошчы Кастуся Каліноўскага, і нават не ў Полацкай Сьвятой Сафіі, а ў царкве Святога Кірылы Тураўскага, што стаіць на ньюёркскім "рускім" востраве Бруклін...

Што маем, тое і маем.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX