№ 35 (874) 27 ЖНІЎНЯ 2008 г.
Запрашаем на Дзень беларускага пісьменства!
7 верасня горад Барысаў прыме Дзень беларускага пісьменства і друку.
На плошчы перад Домам культуры разгорнецца Фестываль гарадоў сталіц свята. Кожны горад будзе прадстаўлены на асобнай пляцоўцы, дзе пройдуць сустрэчы, прэзентацыі, выступяць творчыя калектывы. Цікавым дзеяннем будзе шэсце дэлегацый гарадоўсталіц і гасцей свята да плошчы каля райвыканкаму, дзе будуць размешчаны выставачныя кніжныя павільёны, тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя палаткі, гарадок друкаваных СМІ.
Цырымонія адкрыцця будзе тэатралізаваным дзеяннем з удзелам мастацкіх калектываў, ганаровых гасцей і афіцыйных асоб. Героямі яго будуць Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі і іншыя гістарычныя асобы. Пасля адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", дзе будуць адзначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага, песеннага жанру з уручэннем ганаровых знакаўсімвалаў "Залаты Фаліянт" і "Залаты Купідон".
Таксама ў Дзень беларускага пісьменства адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі А.Калодзіеву мецэнату, стваральніку першай бібліятэкі ў Барысаве.
У раённай бібліятэцы адкрыецца выстава мастака Валерыя Шкарубы ураджэнца Барысава. На працягу дня пройдуць канцэрты, выступленні калектываў. На "Свяце дзяцінства" і форуме маладзёжнай прэсы будуць працаваць пляцоўкі дзіцячай і юнацкай кнігі, прэсы, фотавыстаўка, атракцыёны, пройдуць віктарыны, гульні.
Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі.
Будзе вуліца імя Льва Сапегі ў Пружанах
Дзякуючы высілкам грамадскасці першая новая вуліца ў Пружанах будзе названая імем канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі (04.04.1557, вёска Астроў-на Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці - 07.07.1633), паведаміла БелаПАН старшыня Пружанскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Тарэса Жыгалава.
Паводле яе словаў, яшчэ ў красавіку цяперашняга года кіраўніцтва арганізацыі вырашыла арганізаваць збор подпісаў грамадзян за прысваенне адной з вуліц горада імя Л. Сапегі. "У траўні мы сабралі каля 140 подпісаў гараджан рознага веку і прафесій, якія накіравалі мясцовым уладам. Па выніках публічнай дыскусіі камісія райвыканкаму прыняла рашэнне, паводле якога імя Льва Сапегі будзе прысвоена праектаванай вуліцы горада", - сказала Т. Жыгалава.
Грамадскасць горада дамагаецца пераназвання тых вуліц Пружан, "назвы якіх адпрэчаныя гісторыяй або не з'яўляюцца характэрнымі для дадзенага населенага пункта". "Так, грамадзяне настаялі на прысваенні вуліцы Камуністычнай імя Рыгора Шырмы, а вуліцы Фелікса Дзяржынскага імя Максіма Багдановіча. Новыя вуліцы горада названыя імёнамі Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Аднак дагэтуль шэраг гарадскіх тапонімаў носіць нічога не вартыя назвы, у тым ліку вуліцы Кляновая і Садовая, а таксама вуліцы імя 50годдзя Кастрычніка і 60годдзя СССР", - адзначыла Т. Жыгалава.
Кіраўніцтва раённай арганізацыі ТБМ запланавала сабраць подпісы за вяртанне вуліцы імя Сяргея Кірава яе ранейшай назвы Патапаўка або прысваенне гэтай вуліцы імя аднаго з дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння. "Зараз мы рыхтуем адмысловыя ўлёткі на гэтую тэму, якія будуць раздадзеныя ўсім жыхарам вуліцы. А пасля правядзення сходу грамадзян яго рашэнне будзе накіраванае мясцовым уладам", - паведаміла Т. Жыгалава.
Нагадаем, што канцлер Л. Сапега дабіўся прыняцці III Статута ВКЛ, які замацаваў шырокую аўтаномію Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, а таксама абвясціў беларускую мову дзяржаўнай.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.
У Пружанскім раёне пачалася рэстаўрацыя палацавага комплексу Сапегаў
З пачатку жніўня вядзецца рэстаўрацыя Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў у гарадскім пасёлку Ружаны Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці.
Як паведаміў БелаПАН дырэктар ААТ "Брэстрэстаўрацыя" Сцяпан Прыходзька, комплекс з'яўляецца помнікам архітэктуры першай паловы XVII XVIII стагоддзяў з рысамі позняга барока і класіцызму. Размешчаны на пагорку паўднёваўсходняй часткі Ружан, ён з'яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў і ўключаў двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з трымя вежамі. Комплекс з паркам, садамі і аранжарэяй неаднаразова разбураўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. Захаваліся галоўны і ўсходні карпусы палаца, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты ўпрыгожванняў інтэр'ераў і дэталі канструкцый перакрыццяў.
Паралельна палацу па восі двара была збудаваная ўязная брама з двухпавярховымі бакавымі флігелямі заходнім і ўсходнім. "Студэнты і выкладчыкі Берасцейскага дзяржуніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна завяршаюць двухтыднёвыя археалагічныя раскопкі ля усходняга флігеля. Тым часам вядзецца распрацоўка праектнакаштарыснай дакументацыі на рэстаўрацыю гэтага будынка, тэрміны якой канчаткова будуць залежаць ад аб'ёмаў бюджэтнага фінансавання", - распавёў дырэктар ААТ "Брэстрэстаўрацыя".
Паводле праектнакаштарыснай дакументацыі, вядуцца працы па рэстаўрацыі ўязной брамы ў выглядзе трохпралётнай трыўмфальнай аркі, упрыгожанай разьбянымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. "Нашым адмыслоўцам трэба будзе умацаваць падмуркі будынка, аднавіць яго сцены і ўсе архітэктурныя дэталі", адзначыў Прыходзька.
Па яго словах, аб'ёмы фінансавання прац па аднаўленні брамы і тэрміны завяршэння яе рэстаўрацыі будуць абмяркоўвацца ў бліжэйшыя дні падчас наведвання аб'екта старшынём кіравання Нацыянальнага банка Пятром Пракаповічам.
БелаПАН.
Уладзіміру Арлову - 55
Уладзімір Арлоў: "Незалежнасць - гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо йначай проста не варта жыць"
Уладзімір Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 года ў найстаражытнейшым беларускім горадзе Полацку ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна паводле календара савецкага.
Вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, якому ўдзячны не за атрыманыя веды з беларускай мінуўшчыны, а за разуменне таго, што якраз гэтых ведаў студэнтам там і не давалі.
Першыя творы надрукаваў у студэн-цкіх самвыдавецкіх альманахах "Блакітны ліхтар" і "Мілавіца", пасля чаго мусіў пазна-ёміцца з літаратуразнаўцамі ў цывільным.
Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літара-тура", адкуль у 1997 годзе быў звольнены "за выпуск исторической и другой сомнительной литературы".
Дэбютны празаічны зборнік "Добры дзень, мая Шыпшына" выдаў у 1986-м, пасля чаго выйшлі яшчэ трыццаць кнігаў прозы, эсэістыкі і паэзіі, у тым ліку "Таямніцы полацкай гісторыі", "Адкуль наш род", "Ордэн Белай Мышы", "Час чумы", "Каханак яе вялікасці", "Сланы Ганібала", "Адкусі галаву вароне", "Фаўна сноў", "Краіна Беларусь", "Паром праз Ла-Манш".
"Таямніцы полацкай гісторыі" і "Дзе-сяць вякоў беларускай гісторыі" (у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам) увайшлі ў спіс 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагоддзя, складзены на падставе чытацкіх лістоў газетай "Наша Ніва".
Лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў, у тым ліку выдавецкай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра, прэміі "Гліняны Вялес" Таварыства вольных літаратараў. У 1990-м узнагароджаны мэдалём імя Францішка Скарыны. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ.
Марыць, каб ягонае эсэ "Незалежнасць - гэта..." , напісанае ў 1990 годзе і перакладзенае больш чым на дваццаць моваў, нарэшце страціла актуальнасць..
Каб яшчэ больш любіць родную мову
е бойся, устань, распяты,
Прыніжаны і пракляты,
Устань, распраміся, браце,
Зрабіся ізноў крылатым -
Распяцце - тваё багацце.
Т. Трафімчык.
У наш час няпроста складваецца сітуацыя з нашай роднай беларускай моваю, аднак для тых. Хто палюбіў сваё роднае слова на ўсё жыццё, хто аддана служыць яму і нясе крыж пакуты за Яго, беларуская мова стала яшчэ мілейшай, яшчэ даражэйшай і больш трапяткай. Гэта як маці, якая больш любіць сваё пакрыўджанае лёсам дзіця. Ды варта сказаць, што ў сённяшнім жыцці ёсць шмат пазітыўнага, станоўчага для нашай мовы і яе прыхільнікаў.
Памятаю, як трымцела спалохана душа, калі ў сярэдзіне 90-х гадоў наша мова пачала здаваць свае пазіцыі. Настаўніца - пенсіянерка адной са слонімскіх школ Яўгенія Мікалаеўна Трафімовіч так выказала свае адчуванні на гэты конт: "Ехала з аперацыі на анкалагічнае захварванне, дзе мне выразалі частку лёгкага, але душа балела не за сябе - я пакутавала ад пытання: што будзе з нашай роднаю беларускай моваю?" вось ужо прайшло некалькі год, як спачыла Яўгенія Мікалаеўна, знайшла прытулак на Кракоцкіх могілках, але яе мужнасць і глыбокая ададнасць беларускасці з'яўляецца прыкладам для жывых. І тут прыгадваюцца словы з малітвы "Любоў вянчае ўсю моц духу". Любоў павенчаная для нас з нашай роднаю моваю, якая патрабуе ад любячых сэрцаў самаахвярнай святой пакуты. Вось чаму наш час - гэта час адданай любові, мужнасці і вернасці тых, хто прычыніўся да служэння роднай мове. Прыгадваецца патрыятычны верш Янкі Купалы "Спадчына", дзе на лоне роднай прыроды гучыць "нуднае ягнят бляянне - зоў". Вобраз "заколатага ягняці" - цэнтральны ў Бібліі. Гэта вобраз Хрыста. Наша "бляянне" на роднай мове сведчыць аб тым, што "мова наша нам Богам дадзена", бо не мы яе стварылі і не нам яе знішчаць і цурацца. Хай бедная і загнаная наша родная мова, але яна для нас "мілей найбагатшай чужой". Вось чаму пачуцці нашы перамешаны з крывёю:
Крывёю сваёй
абагрэй увесь свет,
У кожным іскрынкай зардзіся,
Чырвонай. Жывою,
як той "агняцвет",
Усім і ўсяму пакарыся.
Хай колер крыві
да жыцця павядзе
Таго, хто душой адчураўся
Ад мовы сваёй -
тым зняважыў яе.
Хрыстос -
Ён ягняткам назваўся
(Т. Трафімчык "Заколаае ягня").
Філасофскі погляд на стан нашай мовы дае нам магчымасць не падаць духам, наталяючыся міласцю да роднага слова. Біблія падкрэслівае, што камень, які адкінулі будаўнікі, становіцца кутным, бо ён ад Бога, вось чаму мы, адкінуты, маем зараз магчымасць будаваць з гэтага моцнага каменю падмурак для храма ўласнай душы. Відаць, самае важнае для чалавека ва ўсе часы было тое, каб ствараць у сваёй душы святасць, цнатлівую ахвярнасць і чысціню. Наша мова дапамагае нам у гэтым: яна робіць душу крылатай, бо праз пакуты ачышчае нас ад цяжару грахоў.
Біблія словамі святога Паўла падтрымлівае нас, бо сцвяржае, што не багаццем матэрыяльным павінен хваліцца чалавек, а нямогласцю... Парадокс!... Чаму так?!
Святая Кніга сцвярджае, што з нямогласці чала-века з'яўляецца ў яго душы такое пачуццё, як цярпенне, а з цярпення нараджаецца досвед, дасведчанасць, што дае надзею на выратаванне. Аб гэтым у мяне напісаўся верш "Хваліцеся нямогласцю".
Ускрыленай птушкай
Душа ўзляцела,
Званы звар'яцела
Трывожаць мяне.
Чаго маё сэрца
Цяпер захацела?
Пра што нават цяжка
Памарыць і ў сне?
Хачу мілавання,
Хачу суцяшэння,
Хачу палымяна
Абняць небасхіл,
Любіць ап'янёна,
Ўзлятаць акрылёна,
Паверыць ў нямогласць
Адроджаных сіл.
Нямогласць - цярпенне,
З цярпення - вядомасць,
З яе нам надзея
І лад у душы.
Дык хай жа прачула
Ўздыхаюць званы,
Стагоддзі даносяць
У сэрца яны!
Закончыць свае разважанні хочацца прытчай.
"У чалавека, які дажыў да глыбокай старасці, спыталі, які самы галоўны ўрок ён вынес са свайго жыцця. Той адказаў, што калі быў малады, дык хацеў змяніць увесь свет, але гэта ў яго не атрымалася. Калі пасталеў, пачаў змяняць свіх сяброў, але і гэта было марнай справай. І толькі напрыканцы свайго жыцця зразумеў, што змяняць трэба было з юначых гадоў самога сябе." Вось чаму ў нашай сітуацыі вельмі важна змяняць сябе, быць прыкладам самаахвярнага служэння роднай мове, для іншых праз адданасць і любоў да яе, якія сягаюць у вечнасць. Любоў патрэбна на зямлі і ў Сусвеце, каб адтуль знітаўвацца з сэрцамі і душамі людзей, што жывуць на самай цудоўнай у свеце зямлі, якой назва - Беларусь. Знітоўвацца, каб вучыць вечнай любові, якая не знікне, а будзе наталяць сэрцы людзей.
Не знікну я,
а дрэўцам прарасту,
Галінкаю зірну на белы свет,
Відаць вам буду за вярсту
Са мной прастаць лягчэй
свой след,
Не знікну я,
а буду прарастаць
З грудзей
зямліцы роднае мае,
Не буду бачыць,
чуць, спяваць,
Аднак да вас прыйду і ў сне.
Не знікну я,
хоць буду нежывой,
Хоць паспяваць,
паплакаць не змагу,
Аднак я буду побач,
краю мой,
У горы я табе дапамагу!
О мова родная!
Цябе я зберагу
Ад чэрствасці,
знявагі і пакут,
І ветрам лёгкім
побач прабягу -
Тут Бацькаўшчына,
родны кут!...
(Т. Трафімчык. "Не знікну я")
Таццяна Трафімчык, г. Слонім.
Колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы павялічыцца, але...
У Менску прайшла прэс-канферэнцыя "Аб Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб асноўных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі". У канферэнцыі бралі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Анатоль Рубанаў і міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў.
Сярод іншага было сказана, што ў 2-м класе школаў з рускай мовай навучання колькасць гадзін на вывучэнне беларускай мовы павялічыцца ў дваразы (была адна гадзіна стане дзве гадзіны ў тыдзень). У школах з беларускай мовай навучання наадварот павялічыцца колькасць гадзін на рускую мову ў той жа прапорцыі. Паколькі ў школах з рускай мовай навучання вучыцца дзяцей значна больш, чым у школах з беларускай мовай навучання, то можна пара-давацца: беларускай мовы становіцца больш. Але на самай справе трэба ці то плакаць ці то пратэставаць, бо што такое дзве гадзіны беларускай мовы ў тыдзень для дзяцей, якія жывуць у цалкам зрусіфікаваным грамадстве. Гэта абазначае адно - ізноў гадаваць недавучак, а потым гадаць, як выкруціцца з сітуацыі, калі ад трэці да паловы выпускнікоў школаў цэлай краіны па выніках тэставання фактычна не валодаюць ні адной мовай на мінімальным узроўні, вызначаным для паступлення ў ВНУ.
Наш кар.
На сайтах гарадоў Беларусі
Вельмі прыемна, што многія гарады Беларусі пачынаюць ствараць свае сайты, дзе ствараюць на сваіх парталах форумы, дзе кожны карыстальнік інтэрнета можа весьці жывы разгавор з іншымі, дзяліцца сваімі ўражаннямі, рабіць паведамленні аб жыцці горада, аб дасягненнях ці цікавых падзеях.
Такі форум ужо некалькі гадоў стварыла моладзь г. Старыя Дарогі. На яго сайт можна трапіць. www. Stdorogi. сom, у партале "Форум"
І вось якія цікавыя паведамленні мы там знайшлі: "У канцы ліпеня у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла кніга "Арэскія вытокі" з серыі "Літаратурныя мясціны Беларускага краю". Ужо выйшла каля дзесяці такіх кніг, сярод якіх і "Літаратурная Старадарожчына."
Але сярод твораў, змешчаных у гэтай кнізе, вы не знойдзеце матэрыялаў нашых землякоў правадзейных сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоля Белага і Святланы Белай. Хаця у гэтай кнізе яны былі запланаваны і запатрабаваны і свае матэрыялы для гэтай кнігі сваечасова падалі складальнікам гэтага альманаха пісьменніку Кастусю Цвірку і рэдактару газеты "Старадарожскія навіны", журналісту Міхасю Татуру. Але ў самы апошні момант, калі ўжо вычытваліся гранкі кнігі, па патрабаванні "цэнзараў", хутчэй за ўсё ад ідэалагічнага аддзела Старадарожскага райвыканкаму складальнікі кнігі "Арэскія вытокі" паддаліся націску і знялі артыкулы Анатоля Белага і яго дачкі Святланы Белай.
Так палітычныя патрабаванні бяруць верх і дыктуюць умовы літаратурнаму працэсу, дзеляць людзей на "чэсных" і "нячэсных" літаратараў, адданых уладзе і гнаных уладай, ізгояў і прылашчаных уладай. А між тым музей А. Белага ў Старых Дарогах ужо набыў не толькі агульнанацыянальнае, але сусветнае імя, дзякуючы чаму наш горад трапіў у кантэкст Сусветнай культуры і сусветнай інтэрнэтпрасторы. Менавіта музей А. Белага на сённяшні дзень рэпрэзентуе ўсё выяўленчае мастацтва Беларусі, бо дзяржава не паклапацілася стварыць сайты сваіх мастацкіх музеяў, якія б знаёмілі з выяўленчым мастацтвам нашай краіны.
Калі прыбраць з Старых Дарог музей А. Белага, то бадай адзінай славутасцю гэтага краю застанецца старадарожскі пяршак. А мо сённяшнім уладам гэта і трэба?
Наш кар.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні
Кузьміч Вольга Аляксандр. Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Лазко Любоў Іванаўна Барысенка Аляксандр Анат. Дземянцей Наталля Ермал. Ліхашэрст Макар Васільевіч Васільева Галіна Іванаўна Дэц Аксана Аляксандраўна Зяновіч Ганна Аляксандраўна Казак Мікалай Мікалаевіч Круглік Юлія Віктараўна Курдзя Антаніна Юр'еўна Яшкін Уладзімір Уладзімір. Сідарчук Яўгенія Штанюк Наталля Аляксандр. Дробыш Алёна Сяргееўна Бондар Юлія Сяргееўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Корбут Віктар Андрэевіч Яфрэмаў Алег Анатольевіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Ехілеўская Кацярына Леанід. Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Дубоўская Кацярына Гілевіч Ніл Сымонавіч Содаль Уладзімір Ілліч Лісай Уладзімер Аляксеевіч Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Марозаў Валерый Піткевіч Алесь Васілеўскі Валянцін Пяткевіч Тамара Сымонаўна Баран Павал Анісім Алена Мікалаеўна Кошчанка Уладзімір Алякс. Дзмітрыева Зося Станкевіч Вячка Марук Мікалай Анатольевіч Даўгашэй Франц Лызо Дмітрый Сяргеевіч Мельнікаў Мікалай Алякс. Збірэнка Алена Трапашка Аляксей Карценька Алена Краўчанка Ала Булаўская Марына Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Сухаверхая Кацярына Мін. Войніч Вікторыя Іосіфаўна Дуганаў Алег Міхайлавіч Чэчат Лілія Пятроўна Колас Уладзімір Георгіевіч Суднік Алена Вячаславаўна Петрыкевіч Валерый Міхайл. Маркелаў Валер Анатольевіч Жукоўскі Барыс Парфененка Вітаўт Васільев. Блажэй Дзмітрый Сяргеевіч Дрык Юлія Батура Людміла Віктараўна Савостава Наталля Юр'еўна Кузьміна Галіна Міхайлоўская Вікторыя Люд. Шэметава Вікторыя Сідар Павел Белакоз Алесь Ліцьвінчук Алена Мацулёў Мікалай Пракопав. Каладынская Вольга Эдвард. Сметаненка Александр Кіенка Генадзь Іванова Вольга Аляксандр. Сенчанка Наталля Прыстаўка Яніна Ігараўна Грынько Вольга Ігараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лапухова Часлава Чаславаўна Купчык Мікола Калбасіна Ірына Чаркасаў Л.І. Анішчанка М.І. Коўзель Ян Уладзіміравіч Анацка Лявон Яўгенавіч Масла Марыя Паўлініч Ліза Галубовіч Зміцер Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Саламевіч Кацярына Алякс. Булыга Анастасія Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Пацялежка Андрэй Пінчук Мікалай Фёдаравіч Дземідовіч Андрэй Ваніслаўчык Дзмітрый Якавец Т. Я. Краўцоў Андрэй Усеня Уладзімір Мікалаевіч Ткачоў Максім Вяргей Валянціна Баршчун Валянціна Дзмітр. Асіпенка Аляксандр Георг. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Флярко Сяргей Аляксандрав. Свяколкін Антон Віктаравіч Галянкова Альбіна Валер. Шульчанка Вольга Анатол. Лысюк Марыя Паўловіч Наталля Юр'еўна Краснагір Аляксей Рыгорав. Мельнікава Зоя Пятроўна Новік Марыя Іванаўна Карповіч Сямён Іванавіч Станілевіч Б.А.-павіншаваць Лунёва Настасся Гідлеўская Людміла Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Пятроў Дзяніс Валер'евіч Івашкевіч Іна Аксючыц Ганна Кашчэеў Алесь Суднік Арцём Станіслававіч Мацкевіч Васіль Васільевіч Багдановіч Алена Іванаўна Вочко Ірына Пятроўна Мусік Святлана Валянцін. Жук Мікалай Мікалаевіч Бубновіч Ніна Карэнька Зінаіда Іванаўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Квандзель Таццяна Уладзім. Палухіна Марыя Аляксандр. Ярмушчык Антаніна Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Жытко Канстанцін Іванавіч Марцінкевіч Ганна Барэйка Юрый Мікалаевіч Птушка Алена Міхайлаўна Пабірушка Таццяна Валер. Хляба Ігар Вітальевіч Дзягілеў Лявон Пянкрат Пётр Аляксеевіч Габрусевіч Сяргей Лапцік Валянціна Малочка Таццяна Зайка Антаніна Іванаўна Лагун Таццяна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Канановіч Алена Разжалавец Ніна Сарока Надзея Навумік Зінаіда Рабкоўскі Валянцін Булатава Зоя Міхайлаўна Міхалькова Алена Ісенава Марыя Пранікава Тамара Дранец Алена Барада Людміла Котчанка Уладзімір Кануннікаў Дзмітрый Сярг. Данілюк Алег Іванавіч Дзям'яненка Ванда Баляслав. Рамашэўскі Барыс Іванавіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Мурашка Надзея Жышкевіч Людміла Янкоў Дзмітрый Уладзіслав. Бізгень Людміла Марзалюк Ігар Сазонаў Анатоль Пятровіч Гадзюка Юрась Аляксандр. Пархамовіч Мікалай Сямён. Ганачарова Наталля Анатол. Шпірыч Раіса Сяргееўна Івуць Валянціна Іванаўна Смольнік Вольга Георгіеўна
Персанажы Шэкспіра ў Літве. Генры Пярсі Хатспур.
НАРТУМБЕРЛЕНДЫ (Northumberland), лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Пярсі, якая пакінула прыкмет-ны след у гісторыі Англіі.
Пярсі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка за заслугі ў Нармандскай заваёве. На поўдні Пярсі валодалі графствам Дарэм.
Землі Пярсі размяшчаліся таксама на прымежнай тэрыторыі Шатландыі, што давала Пярсі, падобна шэрагу іншых лордаў дадатковыя магчымасці для палітычнага манеўравання паміж Лонданам і Эдынбургам.
Традыцыйна Пярсі займалі пасаду намеснікаў памежных земляў, іх абавязкам было ахоўваць ангельскія тэрыторыі, якія межавалі з Паўднёвай Шатландыяй. Першы граф Нартумберленд (1342-1408), Генры лорд Пярсі, чацвёрты барон Пярсі, бацька Хатспура, быў першым прадстаўніком свайго клана, чые дамаганні распасціраліся далей уласных уладанняў і традыцыйных рэгіянальных канфліктаў з іншымі сем'ямі. Ён вёў сваё паходжанне ад сэра Вільгельма дэ Пярсі (каля 1030-1096), нармандскага барона, прыбыўшага ў Англію з Вільгельмам I Заваёўнікам у 1066 г. Ледзі Мэры - маці першага графа Пярсі была дачкой герцага Генры Ланкастара, чый бацька Эдмонд быў другім сынам караля Генрыха III.
У 1377 г. сэр Генры Пярсі стаў маршалам Англіі і першым графам Нартумберлендам.
Сэр Генры Пярсі (20 траўня 1364 (1366?) - 21 ліпеня 1403), таксама вядомы па мянушцы " Гары Хатспур" (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец ) быў старэйшым сынам Генры Пярсі, 1-га Графа Нортумберленда. Яго маці - Маргарэт Нэвіл, дачка Ральфа Нэвіла, 2-га Барона Навіла дэ Рэбі (c. 1291 - 1367) і Алісы дэ Адлей.
Гары Хатспур пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзоры, 23 красавіка 1377 г. У якасці збраяносца суправаджаў свайго бацьку пры ўзяцці замка Бервік 1378 г.
Ужо ў 1383 г. Гары Хатспур першы раз прымае ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву. Хатспур унесены ў спісы (The Calendar of the Patent Rolls) тых каму дазволена ў гэты час выехаць за мяжу ў крыжовы паход. У той год ў верасні вялікае войска крыжакоў, пад камандай Вялікага Магістра Конрада Цольнера выступіла на Літву. З імі ішла літоўска - жмудская харугва Вітаўта. На тэрыторыі Літвы да Вітаўта далучылася шмат прыхільнікаў.
Войска рухалася дзвюмя дарогамі і 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламаць сцяну замка. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан і Вітаўт пакінуў у ім сваю залогу да якой Вялікі Магістр дадаў 60 сваіх ваяроў. Кашталянам замка прызначылі крыжака Яна Рабэ. Па Літве пайшла гаворка аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі Вітаўта. Пасля ўзяцця Трокаў, падышлі крыжакі з Ельблонга, Балгі, Брандэнбурга і Хрыстбурга. Гэтае войска высунулася да Вільні. Пасля цяжкіх баёў на подступах, 18 верасня крыжакі увайшлі ў прадмесці горада і запалілі яго. Віганд так апісвае штурм горада: "На наступны дзень войска спяшаецца да Вільні, і магістр высылае наперад 4-х камандораў, ... , каб спалілі, горад русінаў, як здолеюць. І адбываецца там бітва на мосце. Шматлікія літвіны адбілі хрысціянаў, але і хрысціяне ў сваю чаргу адбілі ідалапаклоннікаў, сякучы іх і ўдараючы. У трэці раз ідалапаклоннікі, прыкметна ўзмацніўшы свае шэрагі, прагналі хрысціянаў, а аднаго брата [Ордэна] да смерці пранізала страла, іншага раніла. Горад згарэў. Спадар Хуберт з Зэндзендорфа нёс сцяг святога Георгія. Пасля 3-х гадзін магістр са шматлікімі крыжакамі зняліся і адышлі да Нярыса, і войска падзялілася. Хрысціяне спяшаюцца на ка-раблі, каля якіх не былі 11 дзён, і разам з магістрам цэлыя ўступаюць у Прусію."
Вялікі магістр абвясціў Жмудзь уласнасцю Ордэна, узяў закладнікаў і падзяліўшы войска на малыя аддзелы, адправіў іх да мяжы Прусіі. У гэты жа час Вітаўт ізноў атрымаўшы паўнамоцтвы Вялікага Князя, штодня далучаў да сваіх уладанняў новыя воласці і такім чынам істотна павялічыў свае сілы.
У гэты год Вітаўт разам з крыжакамі захапіў Коўню і Трокі, спаліў прадмесці Вільні, тым не менш Ягайла разам з братам Скірагайлам вярнуў заваяваныя гарады і прымусіў Вітаўта вярнуўся на тэрыторыю Ордэна.
Аб канкрэтных дзеяннях Хатспура ў гэты час нічога не вядома, але ж вядома што толькі напрыканцы 1383 г. Гары Хатспур вярнуўся на радзіму з-за абвастрэння сітуацыі ў Францыі.
* * *
Палітыку на англа - шатландскай мяжы ў канцы XIV ст. шмат у чым фармавалі два наймацнейшыя роды: з ангельскага боку - Пярсі а з шатландскага - Чорныя Дугласы.
Сталая англа - шатландская вайна была пабочнай галіной Стогадовай вайны. Адным з пікаў абвастрэння "памежнай вайны" паміж сем'ямі Дугласаў і Пярсі з'явілася бітва пры Атэрберне (Otter-burn). Шатландска - французскае ўварванне ў Паўночную Англію было ўзначаленае графамі Джэймсам Дугласам і Мюрэем. Пры Атэрберне (15 жніўня 1388 г.) яны нанеслі паразу ангельскаму войску якім камандаваў сэр Генры Пярсі (бацька Хатспура). На пачатку ангельцы рашуча атакавалі шатландскія палявыя ўмацаванні і перавага была на іх баку. Але потым, падчас пераследавання войска шатландцаў, Хатспур дапусціў памылку, прыняўшы дапамож-ны лагер за галоўны лагер шатландскага войска і разам са сваім братам Ральфам быў узяты ў палон. Ангельцы страцілі каля 2 тысяч чалавек. Страты шатландцаў былі невялікімі, аднак граф Джэймс Дуглас у гэтай бітве загінуў. Для вызвалення братоў Пярсі, каралём Англіі Рычардам II быў выплачаны вялізны выкуп у 3000 Ј.
У 1391 г. Хатспур атрымаў пост начальніка залогі горада Кале ў Францыі. А ў 1392 г. верагодна, прыняў удзел у наездзе на Ліду.
Т. Нарбут так апісаў наезд крыжакоў: "Пад Аліту перадавыя атрады крыжакоў падашлі ў студзені 1392 г. У выправе прымалі удзел Ян Румпенхайм (Jan Rumpenheim), Конрад Ліхтэйнштэйн (Konrad Lichtenstein) з замежнымі гасцямі. Князь Вітаўт, таксама ўдзельнічаў у гэтай выправе. Калі войска ўжо выходзіла з Аліты, ангельцы паспрачаліся з немцамі за права несці харугву Св. Георгія. Справа дайшла да крывавай сутычкі. З абодвух бакоў у бойцы удзельнічалі знатныя людзі, ангельцамі кіраваў Пярсі, сын графа Нартумберленда, іншымі Рупрэхт з Шакендорфа. Мэтай выправы было месца Ліда, у якой у гэты час для аховы краю знаходзіўся князь Карыбут з войскам. Праз замёрзлую дрыгву крыжакі рап-там падышлі да Ліды і запалілі падзамча. Карыбут не стаў бараніць адзін з лепшых замкаў Літвы і ўцёк са сваім дваром і войскам, пакінуўшы ўсё што было ў замку і горадзе на здабычу непрыяцелю. Здабыта было шмат зброі і вайсковага рыштунку".
Такім чынам Нарбут наўпрост піша што пад Лідай быў сын графа Нартумберленда Пярсі (Хатспур). Але пры тым ён спасылаецца на Фойгта які ў сваю чаргу рас-казвае аб падзеях, абапіраючыся на "Хроніку Віганда".
Але Віганд, даючы інфармацыю аб "reisen" на Ліду, піша толькі тое, што англічанамі кіраваў спадар Пярсі (Aglici eciam extederunt vexillu-lum per dominum nobilem de Perse). У спасылцы да гэтага тэксту даецца каментар: "Яўна той жа, які і на С. 154 (С.648 - заўвага аўтара) спадар Пярсі з Англіі паходзіць з роду герцага Нартумберленда (памылка, не герцага а графа - заўвага аўтара) і ёсць падставы меркаваць што гэта не вядомы Генры Пярсі (Хатспур, заўвага аўтара), а спадар Томас Пярсі ... Верагодна што гэта Томас, бо граф Генры Дэрбі (будучы кароль Генры IV) падчас свайго паходу ў Прусію ў 1390 г. атрымаў пашпарт (дазвол) на выезд за мяжу ад караля Рычарда II для рыцара Томаса Пярсі ... з тэрмінам дзеяння ў 1 год". А праз старонку Віганд зноў піша: "sc. Dominus Perse de Anglia".
Такім чынам хто з роду Пярсі быў пад Лідай у 1392 г. дакладна высветліць, верагодна, ужо не магчыма. Аўтар каментароў да "Хронікі Віган-да" лічыць што гэта быў Томас Пярсі (дзядька Хатсупра), але нават з ягонай інфармацыі бачна, што дазвол у сэра Томаса дзейнічаў толькі да 1391 г.
Сучасны ангельскі гіс-торык Крыстофер Туерман таксама лічыць, што Хатспур быў у балтыйскім паходзе ў 1983 г. а ягоны дзядзька праз 9 гадоў, г.зн. ў 1392 г.
Аднак іншы сучасны ангельскі гісторык, Маўрыс Кін, паведамляе нам, што "Хатспур, знакаміты сын першага графа Нортумберленда, быў у Прусіі у 1383 г. Ягоны дзядзька, сэр Томас Пярсі, здаецца, служыў там у 1391 г., а праз 5 гадоў ягоны малодшы брат сэр Ральф удзельнічаў у злапомным крыжовым паходзе, разбітым султанам Баязетам пры Нікапале". Дарэчы, гэты крыжовы паход, быў самай сур'ёзнай спробай каталіцкага хрысціянства прыйсці на дапамогу Візантыі.
Іншыя крыніцы наўпрост даводзяць аб удзеле Хатспура у паходзе 1392 г.
З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 г., вядома, што Генры Пярсі увесну быў на Кіпры і магчыма сустрэўся з графам Дэрбі, што ускосна можа сведчыць аб ягоным удзеле у выправе 1392 г.
Неабходна дадаць, што дзядзька Хатспура Томас Пярсі, граф Вусцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV".
З 1393 г. па 1395 г. Хатспур служыў губернатарам горада Бардо.
На далейшы лёс сям'і Пярсі паўплываў канфлікт графа Генры з Рычардам II, які пажадаў, каб граф прыняў удзел у карнай экспедыцыі ў Ірландыю (1398). Аднак за-мест гэтага граф выехаў з Лондана, у свае землі ў Паўночнай Англіі.
У 1399 г. кароль Рычард II абвінаваціў графа Нортумберленда і ягонага сына ў здрадзе. У адказ яны, змовіўшыся з іншымі баронамі, пад-нялі паўстанне і пасадзілі на ангельскі трон свайго фаварыта Генрыха Ланкастара (Генрых IV). Поспех спрыяў далейшаму ўзмацненню ўплыву сям'і Пярсі. Граф Нартумберленд быў прызначаны канетаблем Англіі і атрымаў права на спагнанне падаткаў з вострава Мэн.
Частыя згадванні ў хроніках імя Пярсі у той час звязаны з вайсковымі сутыкненнямі на мяжы з шатландцамі. Даволі тыповай з'яўляецца фраза храніста Уолсінгема (Walsingham), датычная падзей 1400 г.: "Шатландцы, варожыя да ангельцаў, уварваліся ў памежныя ўладанні, але Генры Пярсі і яго сын Генры (Хатспур)… з дапамогай сваіх аддзелаў і лучнікаў прымусілі шатландцаў уцякаць".
У пачатку 1400-га года сэр Генры, па мянушцы Хатспур стаў намеснікам Усходняй Маркі і адміралам Англіі, ат-рымаўшы права на збор падаткаў з Усходняй Маркі.
У 1402 г. шатландскія бароны, прынялі рашэнне распачаць буйнамаштабны паход на паўночная графствы Англіі. У ліку ўдзельнікаў гэтага паходу былі таксама каля 50 французскіх рыцараў. Агульная колькасць шатландскага войска дасягала 40 тысяч чалавек.
У вайне з шатландцамі і іх разгроме ў бітве каля мястэчка Хамілдон Хіл галоўную ролю адыграў наш герой, Гары Хатспур. Пасля перамогі Хатспур са сваімі людзьмі прайшоўся па шатландскай тэрыторыі і ўзяў штурмам некалькі шатландскіх цвердзяў. Вынікам перамогі пры Хаміл-доне стала агульнае аслабленне Шатландыі. На цэлы год (да ліпеня 1403 г.) было забяспечана досыць стабільнае становішча на паўночнай мяжы.
Палітыка бацькі Хатспура, графа Нартумберленда прывяла да таго, што ў першыя гады XV ст. ён стаў адным з найболей магутных лордаў Англіі. Яго поўны тытул гучаў наступным чынам: "Магутны Лорд Генры, граф Нартумберленд, лорд бароніі Кокермаўт і Петуорт, барон Пярсі, Поінгс, Фіцпэйн і Браян, Захавальнік Усходніх і Сярэдніх Марак Англіі на шатландскай мяжы і рыцар Ордэна Падвязкі".
У 1403 г., вырашыўшы, што кароль не дастаткова аддзячыў іх за дапамогу, Пярсі ўзбунтаваліся супраць ангельскага караля Генрыха IV. Была арганізаваны змова, у якой дзеля звяржэння Генрыха і ўзвядзенні на пасад Эдмунда Марцімера (пляменніка Рычарда II), аб'ядналіся пад кіраўніц-твам Нартумберленда шатландцы і валійцы. Аднак, калі ўсё было гатова для ўзброенага выступу, граф раптам захварэў і, замест таго каб узначаліць рокаш, застаўся ў сваім замку Бервіку.
Узначаліў паўстанне Генры Пярсі Хатспур. Ён павёў сваё войска да Шрусберы на злучэнне з валійцамі. Злучыўшыся, ракашане апублікавалі свой маніфест, у якім выказалі свае сапраўдныя і ўяўныя крыўды. Генрых IV нічога не ведаў аб змове і таму быў вельмі здзіўлены, атрымаўшы вестку аб паўстанні. Аднак у яго было войска, сабранае на выпадак вайны з шатландцамі. Добра разумеючы, што ў барацьбе з такім ворагам, як Пярсі, неабходна хуткасць, ён неадкладна павёў сваё войска да Шрусберы, каб даць ракашанам бой.
Бітва была вельмі крывавай; абодва палкаводцы добра ведалі сваю справу і былі адважныя. Генрыха можна было бачыць на самых небяспечных участках бітвы. З іншага боку адважны Хатспур падтрымаў сваю воінскую славу, заваяваную ў шматлікіх кровапралітных бітвах, шукаючы сустрэчы са сваім галоўным крыўднікам - каралём. Аднак ён быў забіты, і гэта вырашыла зыход бітвы на карысць Генрыха IV .
* * *
Хатспур - адзін з галоўных герояў драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хатспура, выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Адначасова Хатспур, пры ўсёй сваёй доблесці - бунтаўшчык, якому не можа быць месцы пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй усё. Можна сказаць, што Хатспур краса і гонар адыходзячага сярэднявечча. Хатспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словаз: "Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!" (частка I, V, 2).
П'еса Шэкспіра шматкроць пастаўлена ўсімі тэатрамі свету. Неаднаразова па п'есе зняты фільмы. Так напрыклад, у ангельскім тэлефільме "Генрых IV" 1995-га года у ролі Хатспура зняўся вядомы брытанскі акцёр Руфус С'юэл.
Генры Пярсі (Хатспур) - агульнавядомая асоба ў Англіі. Ягоным іменем з 19 ст. называюцца баявыя караблі:
- браняносны таран "Хатспур", закладзены ў 1868 г., спушчаны на ваду ў 1870 г., быў у баявым шыхце брытанскага флоту да 1904 г.
- знакаміты брытанскі эсмінец Другой Сусветнай вайны, спушчаны на ваду ў 1934 г. , быў у шыхце флоту да 1947 г.
На працягу Другой Сусветнай вайны на узбраенні брытанскай арміі быў дэсантны планёр "Хатспур".
У прыгарадзе Лондана Татэнхем знаходзіліся ўладанні сям'і Персі. Таму футбольны клуб прэм'ер - лігі штаб-кватэра і стадыён якога знаходзіцца ў паўночнай частцы Лондана мае назву Татэнхем Хатспур (анг. Tottenham Hotspur). За сваю больш за стогадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на імглістым Альбіёне. Дата на-раджэння клуба - 1882 г. Дэвіз клуба - Audere est Facere («Адважыцца - значыць зрабіць»).
З верасня 1933 г. па кастрычнік 1959 г. у Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс "Хатспур" (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 г. пачаў выдавацца часопіс - комікс для дзяцей "Новы Хатспур" (New Hotspur). Гэты часопіс выда-ваўся да студзеня 1981 г. і ка-рыстаўся нязменным поспехам у дзяцей. На гэтых часопісах вырасла некалькі пакаленняў ангельцаў.
У сучаснай ангельскай мове слэнгавае слова "хатспур" - абазначае чалавека - халеры-ка з саслабелым кантролем над асабістымі паводзінамі.
І вось гэты "нацыянальны герой" Англіі - Хатспур хутчэй за ўсе ваяваў пад нашай Лідай. Гэтая інфармацыя павінна мець важнае значэнне для развіцця турызму ў нашым рэгіёне.
Лаўрэш Леанід
Культавае дойлідства Заходняй Беларусі
У Вільні пабачыла свет кніга Сяргея Харэўскага "Культавае дойлідства Заходняй Беларусі". Кніга прысвечана аднаму з найменш вывучаных этапаў развіцця айчыннай архітэктуры дойлідству Заходняй Беларусі, развіццё якой адбывалася асобна з 1915 г., калі палова нашай краіны была акупаваная войскамі кайзераўскай Германіі, да 1939 г., калі гэты край быў далучаны да СССР. Важнай часткай заходнебеларускай архітэктуры было будаўніцтва храмаў розных веравызнанняў, што было абумоўлена і інтэнсіўным рэлігійным жыццём на тых тэрыторыях. Рэпрэсіі і атэістычная прапаганда спынілі канчаткова развіццё сакральнай архітэктуры ў 1940 г. А пачатак Другой Сусветнай вайны адкрыў іншую, трагічную старонку ў гісторыі Беларусі і яе народа.
Кніга ўводзіць у нацыянальны культурны ўжытак малавядомыя дакументы і факты з гісторыі культуры Заходняй Беларусі. Напісаная жывой, вобразнай мовай, яна можа быць рэкамендавана як дапаможная літаратура для студэнтаў універсітэтаў, а таксама для ўсіх цікаўных да гісторыі беларускай і сусветнай культуры.
Архітэктура Заходняй Беларусі прайшла няпростую і цікавую эвалюцыю з 1915 па 1940 г., ва ўмовах несавецкага дзяржаўнага ладу. Тым больш цікавым і каштоўным падаецца нам традыцыя культавай архітэктуры, што пратрывала на нашых землях да сярэдзіны XX ст.
Шматлікія храмы, што былі запраектаваныя яшчэ напярэдадні Першай Сусветнай вайны і дабудоўваліся ва ўмовах нямецкай акупацыі, мелі відавочна рэтраспектыўны характар, пераважна неагатычны. Перыяд першай нямецкай акупацыі характарызаваўся адменаю шматлікіх бюракратычных бар'ераў для неправаслаўных рэлігійных суполак і, адпаведна, усплёскам храмавага будаўніцтва. Аднак ва ўмовах вайны і гаспадарчага крызісу яны вызначаліся даволі сціплымі памерамі і таннасцю матэрыялаў.
У выніку кампаніі рэвіндыкацыі ў праваслаўнай царквы былі аднятыя шматлікія храмы, што некалі належалі каталіцкай царкве (усходняга і рымскага абрадаў) і вернутыя першаўласнікам. 3 аднаго боку, гэта прывяло да часовага крызісу ў рэлігійным жыцці, а з іншага стымулявала новае царкоўнае будаўніцтва праваслаўнай канфесіі.
Напрыканцы 1920-х гг. у сакральным дойлідстве імкліва пачаў стварацца нацыянальны стыль у рэчышчы нацыянальнага рамантызму. Вялікая заслуга ў стварэнні ўласна беларускага нацыянальнага стылю належыць Льву ВітануДубейкаўскаму.
Крыніцамі пошукаў нацыянальных рамантыстаў была цікавасць да неабарока, што стала вельмі папулярным і ў цывільным, дзяржаўным будаўніцтве, імпарт прыёмаў гэтак званых закапанскага, татранскага, старапольскага стыляў, што ўжо склаліся ў Паўднёва-Усходняй Польшчы і на Галіцыі перад Першай Сусветнай вайной. Прыблізна адначасова з пошукамі палякаў і ўкраінцаў была запачаткаваная і беларуская тэорыя нацыянальнага стылю ў драўляным будаўніцтве. Яе пачынальнікам стаў Леў Вітан-Дубейкаўскі, які з'яўляецца аўтарам спецыяльнай работы «Эвалюцыя і рэформа дзераўлянага будаўніцтва».
Пасля Другой Сусветнай вайны новая культавая архітэктура ў Беларусі як адзін з тыпаў сучаснага будаўніцтва перастала існаваць увогуле да 1991 г.
Кніга паказвае: старонка беларускага культавага дойлідста ХХ ст. не была пустой.