Папярэдняя старонка: 2008

№ 36 (875) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 36 (875) 3 ВЕРАСНЯ 2008 г.


80 гадоў з дня нараджэння Яраслава Звяругі

ЗВЯРУГА Яраслаў Генрыхавіч (н. 4.9.1928, г. п. Мядзел Мядзельскага р-на), беларускі археолаг. Канд. гіст. навук (1972). Скончыў БДУ (1953). 3 1966 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў (Бярозаўскі р-н), Ліду, Слонім, Турыйск (Шчучынскі р-н), гарадзішчы і паселішчы Гальшаны, Гарані, Гарадок, Засвір, Мікольцы, Свір, Хведзевічы, курганныя могільнікі Вайшкуны, Засвір, Калпакі, Камена, Кастыні, Косаўшчына. Пры раскопках Ваўкавыска (1965-71) даследаваў абарончыя збудаванні, наземныя і паўзямлян-кавыя жытлы 11-13 ст., рэшткі храма 12 ст., даказаў існаванне горада на 250 гадоў раней за яго першае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах. На раскопках у Слоніме і Гародні выявіў жылыя і гасп. пабудовы гараджан. Аўтар прац "Старажытны Ваўкавыск Х-ІV стст." (1975), "Верхняе Панямонне ў ІХ-ХІІІ стст." (1989), укладальнік і адзін з аўтараў кнігі "Памяць" Мядзельскага р-на (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), "Кіеў і заходнія землі Русі ў ІХ-ХІІІ стст." (1982), "Беларуская археалогія" (1987) і інш.


Кніга сачыненняў школьнікаў

Якой будзе Беларусь праз дзесяць-дваццаць гадоў? Якія праблемы могуць узнікнуць і што варта рабіць зараз, каб іх пазбегнуць? Якое месца заняць у грамадстве? Адказы на гэтыя пытанні хвалююць не толькі дарослых. Менавіта гэтыя аспекты будучыні выяўлялі ў сваіх творах беларускія школьнікі ў межах літаратурна-мастацкага конкурсу «Беларусь маёй будучыні», які ладзіла МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ўвесну 2007 г.

Конкурсы для школьнікаў Згуртаванне ладзіць ужо сем гадоў. Папярэднія з іх у асноўным былі на гістарычную тэматыку. Упершыню дзецям была прапанавана тэма будучыні Беларусі і іх саміх у нашым грамадстве. На конкурс прыйшло больш за 300 прац. Асноўная частка - з невялікіх гарадоў і вёсак.

Вершы, апавяданні, казкі, эсэ, малюнкі дзяцей прасякнутыя любоўю да тых мясцінаў, дзе яны нарадзіліся, да людзей, які дапамагаюць ім сталець. Зададзеная конкурсам тэма падштурхнула многіх задумацца, хто такія беларусы, чым слаўны беларускі народ. Важнае пытанне, якое ўздымаюць дзеці ў сваіх творах, - лёс нашай роднай беларускай мовы. Без яе, на думку канкурсантаў, немагчыма існаванне Беларусідзяржавы.

Гэтая кніга публікуецца не толькі дзеля таго, каб пераможцы конкурсу бачылі плён сваёй працы ды каб іншыя дзеці маглі пазнаёміцца з меркаваннямі сваіх аднагодкаў. Бачыцца важным, каб гэтая кніга знайшла водгук у сэрцах дарослых, ад каго ў першую чаргу залежыць дзіцячае сёння.

Як напісаў адзін з пераможцаў Ільяс Гуліеў, «Няхай у сэрцы кожнага беларуса жыве пачуццё гонару за сваю Бацькаўшчыну, за свой народ, жыве ўсведамленне таго, што і ад цябе залежыць лёс Айчыны, што ты не проста прыйшоў у гэты свет, а для таго, каб і тваё імя некалі з пашанай вымаўлялі нашчадкі».

Узнагародзіць пераможцаў літаратурнамастацкіх конкурсаў паездкай за мяжу, а таксама выданнем кнігі было б немагчыма, калі б кіраўніца дабрачыннага фонду «Ethnic Voice оf America» сп. Ірэна Каляда-Смірнова не выказвала адданы клопат пра духоўнае сталенне і фізічнае здароўе беларускіх дзетак. Управа МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» выказвае спні Ірэне сардэчную ўдзячнасць за шматгадовае супрацоўніцтва, а ўдзельнікам конкурсу, іх настаўнікам і бацькам - за неабыякавасць да лёсу нашай Радзімы.

Ніна Шыдлоўская , намесніца старшыні Рады МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».


Як і якую гісторыю будуць вучыць беларускія дзеці з 1 верасня

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб прапановах да праекта Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот ад 10 чэрвеня 2008 г. № 92. Прыведзеныя ў ім прапановы наконт выкладання некаторых дысцыплін у сярэдняй школе не з'яўляюцца прадметам рэгулявання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі" і таму не могуць быць улічаны ў працы над праектам дадзенага нарматыўнага прававога акта.

У сувязі с гэтым Ваш ліст накіраваны ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у кампетэнцыю якога ўваходзіць вырашэнне падобных пытанняў. .

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Н.У. Петкевіч.



Старшыні

грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы"

Трусаву А.

Шаноўны спадар Алег!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот наконт мовы вывучэння гісторыі ў агульнаадукацыйных установах. Паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з законамі "Аб адукацыі" і "Аб мовах" у нашай краіне гарантавана права выбару мовы навучання і выхавання. Вызначэнне статуса школ або класаў па мове навучання здзяйсняецца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з улікам пажаданняў вучняў ці іх законных прадстаўнікоў.

У адпаведнасці з Адзіным тыпавым вучэбным планам для агульнаадукацыйных школ, школ-інтэрнатаў, гімназій, ліцэяў ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў вывучаецца вучэбны прадмет "Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі". Сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі будуць вывучацца як самастойныя курсы, паслядоўнымі блокамі.

Гісторыя Беларусі ў школах з беларускай мовай навучання, як і іншыя прадметы, будзе вывучацца толькі на беларускай мове. У школах з рускай мовай навучання гэты вучэбны прадмет можа вывучацца на рускай або беларускай мове. Рашэнне прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі з улікам пажаданняў вучняў або іх законных прадстаўнікоў.

Забеспячэнне агульнаадукацыйных устаноў вучэбнай літаратурай здзяйсняецца ў адпаведнасці з заказамі ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, у якіх утрымліваецца інфармацыя аб кантынгенце вучняў і настаўнікаў, а таксама мовах навучання па ўсіх вучэбных прадметах, уключаючы вучэбны прадмет "Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі".

Намеснік Міністра К.С. Фарыно.


Такім чынам існуе ўся прававая база для таго, каб выкладаць не толькі гісторыю Беларусі, але і сусветную гісторыю на беларускай мове. У нас шмат выкладчыкаў гісторыі, якія выкладаюць або могуць выкладаць гістарычныя дысцыпліны па-беларуску. Неабходна толькі прыкласці мінімум намаганняў і давесці дзецям або іх бацькам, што вучыць гісторыю сваёй краіны на замежнай мове - гэта прыблізна тое самае, што спяваць беларускія народныя песні на кітайскай ці зулускай мове.

Настаўнікі павінны кіравацца тым,што ў Беларусі няма ніякай забароны на ўжыванне беларускай мовы. Дзяржаўнай падтрымкі практычна няма - гэта так. Але і забароны няма. І сёння воляй грамадства мы можам сітуацыю выправіць, было б грамадства, а не насельніцтва, і была б воля, а не абыякавасць.


У жыцці не ўсё так, як жадаў Янка Купала

Вось ізноў мінае год, калі мы ў чарговы раз адзначылі юбілей самых вялікіх людзей Бацькаўшчыны, сапраўдных апосталаў беларускай нацыі - Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прайшло святкаванне прыстойна, урачыста, як таго і патрабавала славутая дата. Якіх толькі не праведзена мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Многія з іх заканчваліся пад гучныя воклікі «Жыве Беларусь!» А ці і на самой справе жыве яна сёння? Пытанне гэта хвалюе многіх заклапочаных бязрадасным лёсам Бацькаўшчыны людзей. Не дае яно спакою і мне. Таму і па-жадалася супаставіць свае меркаванні пра сучасны стан нацыянальна-культурнага будаўніцтва, культурна-моўнага жыцця з тымі думкамі, якія ў свой час выказваў па дадзеных праблемах наш дарагі, незабыўны Купала.

Буйныя няўдачы, вялікія страты ў барацьбе з царызмам падчас нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гадоў надоўга спаралізавалі актыўнасць беларускага народа. Хоць рэвалюцыя 1905-1907 гадоў трохі і абудзіла яго, але не да такой ступені, каб змаганне за волю, прыстойнае нацыянальнае жыццё набыло ўсеагульны характар. У іншых нярускіх народаў такі рух быў намнога мацнейшы. Падобнае станові-шча не магло не хваляваць Я. Купалу, бо ён добра разумеў, што пры пагалоўнай пасіўнасці людзей не забяспечыш роднаму краю такой жаданай волі. Вось таму ў артыкуле «Больш самачыннасці» (1919) беларускі апостал так настойліва заклікаў у гэты складаны, адказны час не чакаць дапамогі ад прышэльцаў, а самім брацца за навядзенне належнага па-радку ва ўласным доме. «Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця - гэта мы самі. I калі не хочам загінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі, - павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі да сябе.

(...) Дык больш самачыннасці, больш смеласці к будаванню свайго новага незалежнага жыцця».

Востры дэфіцыт на такую самачыннасць людзей так і не ўдалося нам пераадолець. На яго мы моцна хварэем і сёння, у чым маем права абвінавачваць і саміх сябе. Характэрны для апошніх гадоў заняпад беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння нельга тлумачыць толькі супраціўнай яму дзяржаўнай палітыкай. Не думаецца, што яна болын антыбела-руская за палітыку чужых дзяржаўных рэжымаў на нашай зямлі ў 1905-1920 гады. Аднак менавіта гэтаму перыяду Я. Купала даў такую характарыстыку ў прамове да 15-годдзя сваёй літаратурнай дзейнасці: «Ні адно на свеце адраджэнне народу, ні адна вялікая ідэя не пашыралася так шпарка, як ідэя нацыянальнага адраджэння беларускага народу.

(...) Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе». Значыцца ўмелі пра-цаваць з людзьмі, нягледзячы на адсутнасць спрыяльных умоў для гэтага. Таму не варта спасылацца на іх, а лепш будзем настойліва шукаць шляхі ства-рэння сапраўднай суверэннай беларускай дзяржаўнасці, рупліва напаўняць, узбагачаць культурнае жыццё краіны яе прыродным матэрыялам.

Не будучы палітыкам-прафесіяналам, Я. Купала не ў прыклад абсалютнай бальшыні сённяшніх дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку і самага высокага рангу, вельмі добра ўсведамляў сабе ролю незалежнага, суверэннага развіцця нашай Бацькаўшчыны. Многім жа іншым такая праблема падавалася на пачатку XX стагоддзя не вартай увагі, бо яны забыліся на той час, калі нашыя далёкія продкі былі гаспадарамі на роднай зямлі. Каб у людзей выклікаць цягу да вольнага палітычнага жыцця, Купала выступае ў 1919 годзе з вельмі змястоўным па такой праблеме артыкулам «Незалежнасць». У ім даводзіцца чытачу пра тое, чаго ён ніколі не сустракаў у кнігах: у беларусаў багатыя традыцыі незалежнага дзяржаўнага развіцця, яны маюць усе правы ганарыцца Вялікім Літоўска-Беларускім княствам, у якім «беларуская культура высока трымала свой сцяг». Нічога падобнага, адзначалася ў ар-тыкуле, не назіралася, калі наш край апынуўся ў складзе Рэчы Паспалітай, а затым - Расійскай імперыі. Улады адной і другой «глядзелі скоса на Беларусь, глядзелі то як на «крэсы», то як на «окраину», і больш нічога. А беларус стагнаў і стагнаў. 3 гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылезе.

I вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».

Як верыцца і сёння кожнаму слову нашага празорліўца! Нават нягледзячы на тое, што так мала часу мінула ад моманту стварэння рэальна суверэннай уласнай дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі - і да апублікавання гэтага купалаўскага артыкула.

Янка Купала не сумняваўся, што ў выніку працяглай і ўпартай ідэалагічнай апрацоўкі беларусаў заўзятымі прыхільнікамі польскага агрэсіўнага нацыяналізму і рускага вялікадзяржаўнага шавінізму ў пэўнай часткі людзей маглі панаваць ілюзіі, што ўсё ж можна здабыць сабе сапраўднае шчасце ў палітычным саюзе ці з Польшчаю ці з Расіяй, таму пра пільную неабходнасць здабыцця Беларуссю поўнай дзяржаўнай незалежнасці яму яшчэ не раз даводзілася пісаць і гаварыць. Не абмінуў гэтага і ў напісаным у 1919 годзе артыкуле «Незалеж-ная дзяржава і яе народы», папярэджваючы чытача, што «кожная... дзяржава, якая на рахунак чужых зямель хоча пашырыць сваё панаванне (а ў Расіі і Польшчы было магутным такое імкненне. - Л.Л.), ніколі не будзе спрыяць для народа гэтых забраных зя-мель. I якімі прыгожымі ні прыкрываліся б словамі вяліка-дзяржаўныя нацыі, што ў іх ёсць ці там будзе заведзенае нейкае раўнапраўе для ўсіх нацыянальнасцей, - усё гэта будзе абманам».

Такога погляду на дадзеную праблему прытрымліваюцца і сучасныя дальна-бачныя нацыянальна-палітычныя дзеячы, затое ў нашых высокіх уладных структурах да яе зусім іншае стаўленне: не купалаўскае. Таму і застаецца шмат што няздзейсненым з таго, чаго так хацеў Купала. Ён моцна верыў, што «калі вольнага народнага духу не апануе цёмная сіла і ён будзе далей сягаць па-арлінаму, то спраеа вызвалення Беларусі сягне на такую вышыню, якую наша Бацькаўшчына заслужыла векавечным падняволеннем». 3 болем даводзіцца канстатаваць, што такога не адбылося. Бе-ларусам раней не давалі і сёння ўсяляк перашкаджаюць «сягаць па-арлінаму» ў справе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, самабытнага культурнага развіцця, таму іх Бацькаўшчына працягвае знаходзіцца ў падняволеным стане, яе ўлады нічога не робяць, каб забяспечыць уласнаму народу рэальную магчымасць жыць і развівацца палітычна незалежнаму, у адпаведнасці з прыроднымі культурна-моўнымі традыцыямі. Няцяжка ўявіць: калі так і надалей працягнецца, як актуальна будуць гучаць радкі з купа-лаўскага верша «Роднае слова» (1910):

Пад навалай крыўдаў

многія сталецці

Мы няслі пакорна

лямку беспрасвецця,

Мы няслі - усё ныла,

гінула памалу,

Аж не нашай наша

бацькаўшчына стала.

Недаравальна, што ў час, калі Беларусь няхай сабе і фармальна лічыцца незалежнай дзяржавай, у нас многія па-ранейшаму не прыслухоўваюцца да разумных парад уласнага Прарока і, як вынік, застаемся ў такім самым гаротным становішчы, як на пачатку мінулага стагоддзя. Тое ж становішча наступным чынам характарызаваў у 1914 годзе Я. Купала: «Нашай Бацькаўшчыне вечна ні ў чым не шанцавала; вечна павінна была несці на сваіх плячах ярмо той ці іншай няволі. Палітычна і эканамічна падпадала ў залежнасць ад чужынцаў...»

Ніколькі не лішнім будзе яшчэ раз падкрэсліць, што віна за нашу сённяшнюю няўпэўненасць у далейшым нацыянальна-дзяржаўным раз-віцці кладзецца перш за ўсё на плечы самага высокага рангу палітыкаў і адданых ім ідэолагаў. Гэта дае падставы парэкамендаваць ім уважліва ўчытацца ў артыкул Янкі Купалы «За цэласць Бацькаўшчыны», у якім ёсць такія праўдзівыя, павучальныя рад-кі: «... перад намі ёсць толькі адна дарога: цвёрда стаяць на грунце нашай дзяржаўнасці. 3 гэтай дарогі беларусы не павінны, не маюць права зыйсці ні на адзін момант...

Беларусь... можа шукаць апоры ў суседзяў хаця б цаной дзяржаўнага саюзу (саюзу, а не саюзнай дзяржавы! - Л.Л.) з тым ці іншым з паміж іх. Але і робячы саюз, падпісваючы тыя ці іншыя ўмовы, Беларусь павінна рабіць гэта паводле вольнай волі сваёй, паеінна выступаць як непадзельная суверэнная дзяржава...»

Больш як дзевяноста гадоў таму малады, яшчэ мала каму вядомы Іван Луцэвіч напісаў у Пецярбургу артыкул «Ці маем мы права вы-ракацца роднай мовы» (1910). Выракаліся ж яе многія, хто скончыў чужацкамоўныя навучальныя ўстановы і пайшоў на службу, бо і там перад беларускай мовай таксама трымалі шчыльна зачыненымі не толькі дзверы, але і вокны. Таму, сцвярджаецца ў артыкуле, «асталіся мы на самым апошнім месцы, ніжэй парога, паміж усіх чыста славянскіх народаў; асталіся мы, як блудныя авечкі, без пачуцця, без веры ў новую светлую будучыню». Да якой гэта вялікай нацыянальнай катастрофы прывядзе беларусаў далейшае вырачэнне роднай мовы, Ку-пала вельмі добра ведаў і таму хацеў іх як-небудзь засцерагчы, абразуміць. Ну хаця б і такімі словамі: «Самы важнейшы і непераломны закон жыцця - гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвы-шэйшай ад усякага стварэння пад сонцам.

(...) мова якога-небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй.

(...) Праз памяць на магільныя наспы і крыжы, пад якімі бясчасна змарнеўшыя ў няволі спяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сеаёй грудзёй ускармілі, - выракацца роднай мовы мы не маем права».

Многія прыслухаліся да гэтых прароцкіх слоў. Сцвя-рджаць падобнае можна таму, што ў беларускай мовы ўсё больш і больш знаходзілася адданых прыхільнікаў, асабліва сярод настаўнікаў, якія ніяк не хацелі мірыцца з тым, што яе не выкарыстоўваюць ва ўсіх тыпах навучальных устаноў краю. Але міналі гады, змяняліся да горшага абставіны. Колькасць прыхільнікаў беларускага слова асабліва рэзка стала змяншацца ад часу правядзення камуністычнай партыяй варожай для ўсіх народаў СССР палітыкі на збліжэнне і зліццё іх культур і моваў. Спыніць працэс бяздумнага, недарэчнага вырачэння людзей ад матчынага слова ўдалося толькі на хвалі чарговага беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Праўда, праціўнікам яго праз дасканала прадуманы і хітра праведзены ў траўні 1995 года рэферэндум удалося нанесці скрышальны ўдар па беларускай мове. Зараз яе пазіцыі ў грамадскім жыцці да такой ступені хісткія, што ўзнікла рэальная пагроза этнічнага вымірання беларусаў. I самае страшнае, што такое адбываецца пры маўклівай згодзе і нават ухваленні абсалютнай бальшынёю нашых палітыкаў, інтэлігенцыі. Грамадства апынулася ў такім хаосе і паняверцы, чаго не прадбачыў Купала. У яго вышэйзгаданым артыкуле былі такія поўныя веры ў сваіх людзей радкі: «Сам народ можа падпасці пад чужое сільнейшае ўладарства і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным ці забраным народзе няможна выдзерці яго душы і яго роднага слова. Гэта апошняе яму матка, кормлючы дзіцянё сваёй грудзёй, перадае як найсвяцейшы скарб разам са сваім пракляццем таму дзіцяці, каторае, вырасшы, захацела б вырачыся роднага слова, бо гэтым самым выраклася б і роднай маткі... Як бы... недарэчна выглядала, каб хто над дамавінай свайго роднага пачаў галасіць, пры-гаворваць не ў сваёй, а ў чужой мове; або каб на вяселлі шлюбоўнікам пачалі пяяць кабеты чужыя, незразумелыя песні».

На нашу бяду, жыццё не пацвердзіла гэтых слоў. Савецкая ўлада і сённяшняя бязладная рэчаіснасць практычна ўжо выдзерлі з беларусаў роднае слова. Зараз толькі зрэдку пачуеш яго ў грамадскім месцы, і мала якая «матка, кормлючы дзіцянё сваёй грудзёй, перадае» яму гэты «найсвяцейшы скарб», бо і сама не валодае ім. Яна вучыць дзіцянё па-руску, бо гэтая мова спатрэбіцца яму ў дзіцячым садзе, школе і ў больш высокага тыпу навучальных установах, а затым у практычным жыцці. Родную ж мову карэннага насельніцтва Беларусі дзяржава ўжо даўно вывела адусюль. Таму маці і не праклінаюць сваіх дзяцей, калі яны не валодаюць, не карыстаюцца беларускай мовай. Цяпер не ўспрымаецца як недарэчнасць, калі «над дамавінай свайго роднага» галосяць, а на вяселлі спяваюць песні «не ў сваёй, а ў чужой мове». Такая з'ява нярэдка назіраецца нават у сем'ях беларускіх пісьменнікаў, выкладчыкаў беларускай мовы, навукоўцаў у галіне беларускай філалогіі, журналістаў, што пішуць па-беларуску, артыстаў беларускамоўных тэатраў. Відаць, сямейнага беларускамоўнага асяроддзя яшчэ не дастаткова, каб дзеці добра ведалі родную мову. Для гэтага трэба, каб ёю карысталіся яны ў выхаваўчых і навучальных установах, у сваёй штодзённай практычнай дзейнасці. Але ж там спрэс пануе руская мова. Дзякуючы старанням уладных структур, яна істотна пацясніла беларускую мову ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, падчас выступленняў эстрадных артыстаў, правядзення рознага роду мерапрыемстваў культурна-асветніцкага характару. Рэдкай з'явай стала выкарыстанне беларускай мовы ў візуальным афармленні нашых населеных пунктаў. У такіх варунках валодаць ёю аказ-ваецца надзвычай цяжкай справай. Таму і не надта падуладна вялікай колькасці сённяшніх беларусаў прытрымлівацца разумнай парады любімага песняра: «...выракацца роднай мовы мы не маем права». Каб такога не назі-ралася, трэба карэнным чынам мяняць дзяржаўную моўную палітыку.

Янка Купала ўсё жыццё з зайздросным аптымізмам верыў у стваральную здольнасць народа, спадзяваўся, што ён ніколі не дазволіць сабе растварыцца ў чужой культурна-моўнай стыхіі. Гэты аптымізм пачаў зараджацца ў яго на самым заранку літаратурнай дзейнасці. У напісаным у 1913 годзе артыкуле «Чаму плача наша песня?» чытаем: «... не за гарамі ўжо той час, калі ўзбудзіцца наш беларускі народ, як адзін, к новаму, светламу жыццю...» I такое сям-там назіралася, а вось набыць вялікую моц шмат што замі-нала яму. Беларускамоўная песня і сёння наўзрыд плача горкімі слязамі, бо ледзь не спрэс пануе руская ў дзяржаўным сектары культуры. Як вядома, у час, калі да актыўнай нацыянальна-культурнай, пісьменніцкай дзейнасці далучыўся Купала, наша Бацькаўшчына зведвала страшэнны дэфіцыт у інтэлігентных сілах, асабліва ў галіне мастацкай творчасці.

Тлумачылася гэта не толькі адпаведнай дзяржаўнай палітыкай, але і імкненнем многіх таленавітых людзей працаваць на тую культуру, дзе можна здабыць найбольшую вядомасць. Яго ніколі не радавала, што беларускага паходжання Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і шмат іншых, «дзякуючы запанаваўшай ў нас чужой культуры, апяялі... хараство» радзімы «ў незразумелых для беларуса песнях...

(...) цяперашняя краёвая «польская» інтэлігенцыя нічога супольнага з народам тутэйшым мець не хоча. Частка ж невялікай інтэлігенцыі, каторая прыйшла да нас з Расіі, таксама глядзіць на нас як на матэрыял, добры для пераварочвання на свой капыл. Такім парадкам, людзей светлых, шчыра адданых нашай старонцы і нашаму народу, мы не мелі...»

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Місія Торвальда Вандроўніка

ці скандынаўскія пачаткі хросту Беларусі

У 1992 годзе менскі гісторык Сяргей Тарасаў заўважыў супярэчнасць паміж афіцыйнай канцэпцыяй хросту Беларусі з Кіева ля 988 году і фактамі моцных сувязяў тагачаснага Полацка і Турава з Скандынавіяй.

Сённяшні артыкул прысвечаны малавядомым і сенсацыйным падзеям хросту палачан каля 986 году, адноўленым на падставе скандынаўскіх крыніцаў. Наш герой вікінг Торвальд сын Кодрана па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodrasson) нарадзіўся каля 950 году на поўначы Ісландыі ля затокі "Скага" (Skagafjord) у найбольш вулканічнай зоне краіны. Ягоны жыццярыс "Апавяданне пра Торвальда Вандроўніка" захаваўся ў тэкстах трох ісландcкіх сагаў: "Сага пра Ўлава Трыгвасона", "Флатэйр кніга" і "Сага пра Хрост". Інфармацыю пра Торвальда змяшчаюць таксама розныя еўрапейскія кронікі, што дае ўсе падставы лічыць яго рэальнай гістарычнай асобай.

У маладосці Торвальд служыў памочнікам дацкага караля Свэна па мянушцы "Вілабароды". Заўважым, што кароль Даніі (960-1014) і Ангельшчыны (1013-1014) Свэн часта бываў на славянскіх землях ўсходняй Балтыкі. Ягонай жонкай была дачка польскага караля Мешка I. Разам з Торвальдам дацкі кароль арганізоўваў набегі на Ірландыю і Валію. Ужо пад час паходаў выявілася незвычайная для вікінгаў рыса Торвальда усю сваю здабычу ён мяняў на захопленых палонных, якіх адпускаў дахаты. Між іншым, дзякуючы гэтаму валійскія князі аддалі аднойчы Торвальду захопленага імі караля Свэна. У Ірландыі Торвальд упершыню сутыкнуўся з верай Хрыстовай. Багацце і глыбіня новага вучэння так ўразілі вікінга, што ён кінуў рыцарскія ўчынкі і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 годзе прыняў хрост ад тамтэйшага біскупа Фрэдрыка.

Разам з біскупам у 981 годзе Торвальд адправіўся на радзіму, "каб прывесці сваіх братоў у святло праўдзівай веры." Галоўны абавязак місіі выпаў на Торвальда, "бо біскуп Фрэдрык не ведаў мовы краіны." У той 981 год ісландцы на чале з Эрыкам "Рудабародым" адкрылі Грынландыю. Спачатку справа хросту пайшла выдатна. Хрысціянства прынялі родзічы і суседзі Торвальда. Упершыню праз 106 гадоў ад часу засялення ў Ісландыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Надзейнай зброяй стаў жарт. Юнакі стваралі абразлівыя частушкі пра прапаведнікаў, якія спявалі на кірмашах. Напрыклад:

"Біскуп 9 дзетак нарадзіў,

Торвальд быў бацькам ім."

Раз'юшаны Торвальд забіў двух насмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысціянаў. Прапаведнікі мусілі ўцякаць. Менавіта тады Торвальд даў абяцанне: "ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесці да святла веры Хрыстовай хаця б адзін народ." Гісторыя наканавала, каб гэтым народам сталі беларусы.

У 985 годзе праз Ерусалім Торвальд прыехаў у Царград (Канстанцінопаль). Тут знаны вікінг, да таго ж сябар караля Даніі, сустракаецца з самым імператарам Васілём II па мянушцы "Забойца балгараў" і патрыярхам Мікалаем II. На просьбу Торвальда імператар выдае грамату, згодна якой Торвальд прызначаўся "паўнамоцным прадстаўніком Візантыі да рускіх князёў ў краінах Усходняй Балтыкі." Князі (мелася на ўвазе Полацка, Ноўгарада і Пскова) мусілі выконваць усе парады Торвальда. Заўважым, што менавіта ў часы Васіля II Візантыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Пад яе кантроль трапілі Балгарыя, Арменія, Грузія, паўднёвая Італія і, нарэшце, Кіеўская Русь. У 988 годзе вялікі князь кіеўскі Ўладзімір прызнаў сябе васалам імператара, прыняў хрост, прызнаў духоўную ўладу грэцкага мітрапаліта і ажаніўся на сястры Васіля II. Такім чынам, выдача Торвальду граматы да полацкага князя выглядае цалкам лагічна. Гэтым полацкім князем быў Рогвалад (Ragnvald) скандынаўскі конунг, што згодна старабеларускім летапісам прыплыў "изь заморья имаше власть свою в Полотьске". Каля Стакгольма (Салентуна) захаваўся рунічны камень, пабудаваны ў памяць маціхрысціянкі "каралём Рангвальдам", магчыма з Полацка.

У сагах Полацак вядомы як Палтэск'я/Palteskia. Адразу падкрэслім, што назва гэтая з'яўляецца транслітарацыяй старабеларускай назвы. Пад гэтаю назваю горад ўзгадваецца ў шэрагу скандынаўскіх твораў. Найбольш стары сьпіс "Нарыс зямлі I" (апошняя чвэрць XII ст.). Полацак прысутнічае таксама ў сазе "Дзеі данаў" Саксона Граматыка, каралеўскай сазе "Пра дзеі аб Эймундзе", "Сазе пра хрост", "Сазе пра Одда Стралу" ды іншых сагах.

Шмат рунічных надпісаў выяўлена ў Беларусі. Асабліва вылучаюцца абшары Падзвіння. Касцяная біта для гульні з рунічным надпісам была выяўленая ў часе раскопак 1961-1962 гадоў у Полацку. Рунічны надпіс "Карl" азначае "карысць". Каля 100 рунічных надпісаў на косці былі знойдзеныя беларускімі археолагамі ў Маскавічах абарончым фарпосце Полацкага княства на паўночным захадзе. Гэта буйнейшая знаходка рунічных надпісаў на ўсходзе Балтыйскага рэгіёну. Усяго на 86 касцях накрэмзана каля 265 рунічных знакаў малодшага (старашведскага) альфабэту. Сярод надпісаў розныя паганскія магічныя замовы, варажскія імёны. Знаходкі рунічных надпісаў даюць падставы казаць пра міжэтнічнае культурнае ўзаемадзеянне паміж шведамі і крывічамі. Сярод 300 знакаў, якімі карысталася насельніцтва Маскавічаў ёсць 11 літараў кірылічнага альфабэту.

Ананімная сага (канец XII ст.) пералічвае рэкі Ўсходняй Еўропы, якія мелі выключную вагу ва ўсходнім гандлі вікінгаў. Дык вось, з шасці рэчак тры беларускія. Гэта Дзвіна (Duna), Дняпро (Nepr) і невялікая Друя (Drofn). Дзвіна ўзгадваецца ў надпісах рунічных камянёў. Напрыклад: "Сумір загінуў на Ўсходзе ля вусця ракі Дзвіна". Гэтыя факты сведчаць пра асаблівае эканамічнае і палітычнае становішча Полацкага княства ў скандынаўскай мінуўшчыне.

Полацак стаўся цэнтрам першага княства на абшарах сучаснай Беларусі. Менавіта з вікінгамі-русамі наўпрост звязана з'яўленне места Полацкага ў гісторыі. Першае паведамленне пра Полацак датуецца 862 годам, калі варажскі конунг Рурык/Rorik аддаў умацаванае паселішча Полацкае аднаму з сваіх ярлаў: "овому Полотеск, овому Ростов, другому Белоозеро". Найбольш раннія "гарадскія" рэчы Полацка паходзяць менавіта з другой паловы IX ст. Пра існаванне ранейшага славянскага селішча сведчыць толькі ляпны посуд VIII - першай паловы IX ст. Крывічы былі асноўным насельніцтвам полацкай дзяржавы, празваўшы свайго конунгакнязя славянізаваным прозвішчам "Рогвалад". Хутка Полацкае княства пашырыла свае межы за кошт земляў ліваў і латгалаў. Апошняе, відаць, і выклікала імкненне канкурэнта Ноўгарада на чале з вікінгам Уладзімірам (Valdemar) распачаць татальную вайну. Справа ў тым, што кіеўсканаўгародcкі класічны шлях з "варагаў у грэкі" быў менш эфектыўны за ягоны полацкі варыянт. Праз Рыжскую затоку і Дзвіну магчыма нашмат хутчэй выйсці ў Дняпро і Чорнае мора. Такім чынам, як заўважыў дацкі гісторык А. Стэндар-Петэрсан, кіеўска-наўгародская дзяржава "вельмі хутка сутыкнулася з спробаю гегемоніі з боку іншай скандынаўскаславянскай дзяржавы, узнікшай, верагодна, адначасова ў басейне Дзвіны з цэнтрам у Полацку, якая імкнулася пракласці новы шлях з Балтыйскага мора ў Дняпро". Наступная сумная гісторыя - захоп Уладзімірам Полацка і забойства Рагвалода вядомая. Іншая справа, што ключ да гэтых падзеяў знаходзіцца ў старажытнай Швецыі і барацьбе розных купецкіх карпарацыяў варагаў за вялікі ўсходні шлях. Барацьба Полацка з Ноўгарадам і Кіевам праходзіць скрозь ўсю гісторыю старажытнай Русі: "и оттоле мечь взимають Рогволожи внуци противу Ярославлим внуком".

У 986 годзе Торвальд прыбывае ў Полацак разам з памочнікам Стэўнірам Таргельсанам. Хтосьці з полацкіх варагаў дапамагаў місіянерам з перакладам казанняў на беларускаю мову. Місія была настолькі паспяховай, што Торвальд вырашыў не рухацца далей і застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар Св. Яна "недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн". У Полацку адбылася сустрэча Торвальда з іншым вікінгам-хрысціянінам Улавам Трыгвасанам (969-1000). Гэты скандынаў з шляхетнага нарвежскага роду гадаваўся ў Ноўгарадзе, потым служыў у Кіеве. Жонкаю Ўлава была дачка польскага караля Баляспава Харобрага. Пасля спаткання ў Полацку Ўлаў адправіўся на Бацькаўшчыну, дзе быў абраны каралём. Малады кароль хрысціў нарвежцаў, і быў прызнаны першым святым ў Нарвегіі. Нацыянальны рух нарвежцаў 19 ст. пачаўся са святкаванняў Дня Святога Ўлава.

Торвальд застаўся намеснікам створанага ім кляштара Св. Яна і памёр у Полацку ля 1000 году. Верагодна, скандынаўскі прапаведнік загінуў у час штурму горада войскамі вялікага князя Ўладзіміра - ворага полацкай дзяржавы. Свой паход на Полацак Уладзімір рыхтаваў у Швецыі, дзе тры гады на грошы купцоў Ноўгарада збіраў вікінгаў, каб знішчыць у пень ненавісны горад на Дзвіне - гандлёвы канкурэнт Ноўгарада і Пскова. Як вядома, на загад Уладзіміра абаронцы горада былі жорстка забітыя. Замак быў зруйнаваны і паўстаў на новым месцы. Уладзімір, на вачах Рогвалада, згвалціў Рагнеду (Ragnhild), а потым забіў полацкага князя ды ўсіх ягоных сыноў. Там, хутчэй за ўсё, знаходзіўся і наш Торвальд, які загінуў, калі, магчыма, абараняў дзетак князя ад гвалту.

У той самы 1000 год па іроніі лёсу хрысціянства было прызнана на далёкай Бацькаўшчыне Торвальда ў Ісландыі. Зноў жа ў той самы год лёс звёў ў бітве ля Свальдэра двух сяброў Торвальда: караля Даніі Свэна і Нарвегіі Ўлава. Малады нарвежскі кароль загінуў ад рукі старэйшага ворага. Праз 50 гадоў, каля 1050 году, Полацак адведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў полацкі кляштар, што насіў ягонае імя. Па сведчанні Бранда тагачасныя палачане ўважалі Торвальда "сваім вялікім святым". Полацкая дынастыя і надалей мела шчыльныя сувязі з Скандынавіяй. Напрыклад, кароль Даніі Вальдэмар I Вялікі ажаніўся з дачкою князя полацкага і менскага Валадара Глебавіча Соф'яй Менскай (1141-1198).

Такім чынам хрост Беларусі (прынамсі яе першай гістарычнай дзяржавы) адбыўся не ў 988, але ў 986 годзе. Полацкі летапіс, дзе, напэўна, былі звесткі пра гэта, нажаль, не захаваўся. Як вядома ў 18 ст. з ім працаваў расейскі гісторык Тацішчаў, але потым гэты летапіс знік. Верагодна па загаду Кацярыны II, бо звесткі гэтага летапісу супярычылі афіцыйнай канцэпцыі расейскай гісторыі. У гэтай канцэпцыі забойца і гвалтоўнік Уладзімір быў "святым", "Владимиром Красное солнышко".

Падкрэслім, што апісаныя мною полацкія падзеі адбываліся ў час царкоўнай еднасці, да падзелу на праваслаўных і каталікоў у 1054 годзе. Такім чынам, ад самых пачаткаў хрысціянская культура Беларусі была адкрытая Поўначы і Ўсходу. Сёння імя нашага першага прапаведніка невядома грамадству. Але час "збору каменняў" прыйшоў. У вольнай Беларусі ў гонар нашага першага святога трэба будзе паставіць храм ды стварыць абраз Св. Торвальда - сімвала духоўнай еднасці беларусаў.

Прыканцы нагадаем асноўныя факты першых беларускаскандынаўскіх хрысціянскіх стасункаў:

1. Менавіта ў скандынаўскіх, а не славянскіх пахаваннях сустракаюца першыя памяткі хрысціянскага культу (нацельныя крыжыкі і свечкі).

2. Заснаванне скандынаўкай Рагнедай другага манастыра ў Беларусі (ля 1005 г.)

3. Заснаванне вікінгамі (Сымон і Афрыкан) першага манастыра на ўкраінскіх землях: Кіева-Пячорскай Лаўры.

4. Заснаванне князем Святаполкам ў 1005 годзе ў Тураве царквы па лацінскаму абраду. Князь Святаполк быў родзічам сябра Торвальда караля Даніі Свэна "Вілабародага", абодва ўладары былі жанатыя на сёстрах - дочках караля Баляслава Харобрага. Паводле тураўскіх паданняў першыя прапаведнікі прыплылі ў места па Прыпяці на "святых" каменных крыжах (тры з якіх захаваліся). Цікава, што падобныя легенды ў Еўропе былі звязаныя з дзейнасцю ірландскіх місіянераў.

5. Біскупства ў XI ст. у шведскай Сігтуне ўладыкі Асмунда, які да гэтага быў арцыбіскупам Полацка.

6. Знаходкі ў Швецыі крыжоў старабеларускай вытворчасці і вялікодных гліняных яек з Палесся.

7. Шанаванне праваслаўнай царквою Беларусі двух скандынаўскіх святых Кнута і Магнуса, невядомых расейскай царкве.

8. Пабудова ў дацкім Калундборзе ў другай палове XII ст. каралевай беларускага паходжання Сафіяй касцёла - наследвання полацкага Сафійскага сабора.

9. Існаванне ў ХІ-ХІІІ ст.ст. "гоцкай царквы" ў Полацку і "варажскай бажніцы" ў Смаленску.

10. Існаванне ў XII -XIV ст.ст. полацкай царквы на Готландзе (Вісбі).

Андрэй КАТЛЯРЧУК, Стакгольм.


У сэрцы маім - Ракуцёўшчына

Шмат на нашай зямлі цудоўных мясцін. Для мяне самай прыцягальнай стала невялікая вёска Ракуцёўшчына,што асвечана імем майго любімага паэта Максіма Багдановіча.

27 ліпеня 2008г., ужо ў трэці раз у маім жыцці, мне пашчасціла пабываць тут разам з маімі сябрамі з патрыятычнага клуба "Спад-чына" на свяце паэзіі і песні.

З хваляваннем чакалі мы сустрэчы з мясцінамі,што помняць найлепшага з сыноў Беларусі. Для мяне існуе неабходнасць тут бываць, бо, як нідзе, тут адчуваеш прысутнасць Максіма. Гэтаму спрыяе і атмасфера свята "Ракуцёўскае лета": тут збіраюцца самыя шчырыя прыхільнікі паэта, гучаць самыя прачулыя словы аб ім, свабодныя і нязмушаныя стасункі з сябрамі робяць настрой узнёслым. Тут пануе музыка роднай мовы. Немагчыма пабываць тут аднойчы і не імкнуцца сюды заўжды.

Мінулым летам адбылася значная падзея - у фальварку Ракуцёўшчына адчынілася экспазіцыя "Дом гаспадара", праз якую можна азнаёміцца з ладам жыцця дробнага беларускага шляхціца пач.ХХ ст. Яшчэ ў фальварку існуе экспазіцыя "Дом арандатара", што ўзнаўляе для наведвальнікаў інтэр'ер дома таго часу,калі тут жыў Максім Багдановіч.

Шмат знаёмых мне твараў пабачыла я сярод удзельнікаў свята. Гэта ўсё людзі, якіх я вельмі паважаю:Таццяна Шэляговіч, Ірына Мышкавец, Віктар Шніп, Анатоль Кудласевіч, Уладзімір Содаль і іншыя.

Калісьці мяне вельмі ўзрушыў верш паэта Эдуарда Акуліна "Максім,не вяртайся", прымусіў задумацца над сур'ёзнымі рэчамі: ці патрэбна беларусам сёння слова Багдановіча і прыклад яго служэння Радзіме. Мой роздум аб гэтым выліўся ў верш "Максім,вяртайся…",які я падарыла на свяце сваім сябрам і любімаму паэту. Вельмі прыемна, што сур'ёзныя і па-важаныя людзі згодны выслухаць і нашы, хоць недасканалыя, але свае вершы, што нараджа-юцца з самых глыбінях сэрцаў.

На свяце гучалі вершы Максіма Багда-новіча, песні на яго словы, цёплыя словы ўдзячнасці лёсу,што падарыў нам гэтую мясціну- святую для нас Ракуцёўшчыну. А з партрэта на сцэне пазіраў на нас сам Максім, як гасцінны гаспадар на гэтым свяце. Хіба можна быць няшчырым, хіба можна схлусіць,адчуваючы ясны і чысты яго позірк, які пранікае ў самыя патаемныя куточкі душы і абуджае ў ёй усё самае лепшае.

Я думаю, што кожны, хто жадае адчуць патрыятычны ўздым, павінен пабываць у Ракуцёўшчыне, удыхнуць яе паветра, паспытаць вадзіцы з Максімавай крыніцы. І праясняцца вашыя вочы, і родная мова напоўніць душы цуднай музыкай.

Сіневіч Яна,

сябра патрыятычнага клуба "Спадчына".


Ад хросных пакутаў, ад здзеку і гвалту,

як Нёман спрадвечны, змялеў радавод...

- Максім, не вяртайся з далёкае Ялты -

цябе не пазнае тутэйшы народ...

Эдуард Акулін.


Максім, вяртайся...

Трыялет

Максім, вяртайся з далёкае Ялты,

Мы цябе любім, заўсёды чакаем.

Мы твае вершы штодня чытаем.

Максім, вяртайся з далёкае Ялты.


Слова роднага не забываем,

І на зямлі гэтай жыць мы варты.

Максім, вяртайся з далёкае Ялты,

Мы цябе любім, заўсёды чакаем...

Сіневіч Яна.


Святая ракуцёўская зямля наталяе нас аптымізмам і жаданнем працаваць дзеля Радзімы.


Я не знаю, дзе мне давядзецца жыць,

Ды куды б мяне лёс ні закінуў,

Будзе зорка Максіма свяціць,

І клікаць мяне на Радзіму.

Сіневіч Яна.


Я прыйшла да цябе, Максім,

Мне песень тваіх не стае.

Хачу я пабыць у мясцінах тых,

Што помняць вочы твае.


Дзе песні твае аб Радзіме

Да гэтага часу жывуць.

І шчасце мяне не пакіне,

Як сэрцам змагу іх пачуць.


Як мовы сваёй не забыцца,

На Радзіме чужынцам не стаць,

У Багдановіча буду вучыцца,

Заўсёды "Вянок" чытаць.

Лашкоўская Паліна.


Перад прыездам у Ракуцёўшчыну Максім Багдановіч наведаў Вільню. Мне пашчасціла таксама прайсці шляхам Максіма ад Вострай Брамы да касцёла Святой Ганны. У кожнага сапраўднага беларуса ў душы жыве покліч Пагоні. Гэты покліч натхняе нас на служэнне Радзіме. Я жадаю падараваць усім сябрам свой новы верш:


Пачуй, душа, цябе і сёння

З вякоў мінулых наўздагон

Злучыцца з ёй заве Пагоня,

Разбіўшы цяжар векавых акоў.

Наперадзе яе далёка

Самотны вершнік з вогненным мячом.

Сягае конь яго шырока,

А шлях адзначаны святлом.

Бы ў святога Юрая вясновым маем

Гарачы погляд васільковых воч.

Як праімчыцца ён над краем-

Пакута, здрада, хцівасць - збоч!

Ён слаўны вершнік той, ён знаны

На ўвесь шырокі, вольны свет.

Радзіме сэрцам ён адданы,

То Багдановіч, наш паэт!

Лашкоўская Паліна, 5 клас. В. Дварэц, Дзятлаўскага р-на.


Насустрач чарговаму з'езду ТБМ

26 кастрычніка 2008 года ў Менску пройдзе чарговы Х з'езд Грамадскага аб'яд-нання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

За менш чым два месяцы шматтысячнае ТБМ павінна правесці велізарную арганіза-цыйную працу. Павінны прайсці справаздачна- выбарчыя сходы ў суполках і першасных ар-ганізацыях, справаздачна-выбарчыя канфе-рэнцыі ў раённых, гарадскіх і абласных аргані-зацыях. Так першая з абласных канферэнцый - менская ўжо адбылася сёлетнім летам, гара-дзенская спланавана на 7-е верасня ў Гародні .

Канферэнцыі і сходы павінны вылу-чыць дэлегатаў на з'езд па вызначанай раней квоце і даслаць у сакратарыят пратаколы і анкеты дэлегатаў. Узоры надрукаваныя ў газеце "Наша слова" № 33 (872) за 13 жніўня 2008 г.

Сакратарыят нагадвае кіраўнікам ар-ганізацый, што ўсе дэлегаты з'езду павінны мець пасведчанні сяброў ТБМ. Тыя з абраных дэлегатаў, хто не атрымоўваў або страціў па-сведчанне, маюць час да з'езду атрымаць пасведчанне ў сядзібе ТБМ асабіста, або цераз кіраўніка сваёй арганізацыі.

Сакратарыят звяртае ўвагу кіраўнікоў арганізацый на неабходнасць заплаціць да з'езду ўсе запазычанасці па сяброўскіх сладках.

Сакратарыят ТБМ.


Фільмы пра Старыя Дарогі

8 жніўня ў 21.00 гадзіну і 13 жніўня ў 19 гадзін 30 хвілін па ТВ на канале "Белсат" быў паказаны тэлефільм рэжысёра Аляксандра Ступнікава (былога кіраўніка карпункта ў Менску расійскага тэлеканала НТБ) "Музей у Старых Дарогах"

Фільм разлічаны на 15 хвілін. З ім можна пазнаёміцца на сайце: www.spadchyna.org у папцы "Відэа", файл " Музей у Старых Дарогах". Для зручнасці прагляду файл разбіты на дзве часткі.

На гэтым жа сайце вы зможаце пазна-ёміцца і з другім тэлефільмам рэжысёра Валерыя Мазынскага (былога галоўнага рэжысёра драмтэатра "Вольная сцэна") "На-ведванне Старадарожскага мастацкага музея Анатоля Белага амбасадарам ЗША у РБ місіс Карэн Сцюарт" Фільм разлічаны на 35 хвілін прагляду і складаецца з пяці частак, носіць назву "Карэн Сцюарт у Старых Дарогах".

Віншуем усіх старадарожцаў! Пра наш горад самыя выбітныя і вядомыя рэжысёры робяць тэлефільмы, якія заваёўваюць тэлеэфір і сусветнае сеціва інтэрнэта. Наш горад пачаў рэпрэзентавацца не ў кантэксце агульна-нацыянальнага алкагольнага ачмурэння і "выбітнага" самагнання гарэлкі (чым вельмі га-нарыліся старадаражане, лічыўшы сваю сама-гонку лепшай у сусвеце, а тутэйшыя паэты пры-свячалі ёй нават свае вершы), а ў кантэксце сусветнай культуры і сусветнай інтэрнэт-прасторы, як кропка на нашай планеце дзе канцэнтруецца аўра нацыянальнага духу, культуры самасвядомасці і самасцвярджэння, дзе гэты дух аказвае прыцягальную магічную сілу на шчырых грамадзян нашай краіны і нават на тых, хто жыве па-за межамі нашай Бацькаў-шчыны, менавіта на усіх, хто хоча лічыцца беларусамі. Бо ў наш час быць і лічыцца бе-ларусам - гэта не нацыянальная прыналеж-насць, а хутчэй боскае наканаванне, гэта лёс, які кожны з нас дабраахвотна прызначыў сабе.

Мы шчыра жадаем толькі аднаго - няхай наш горад стане прыкладам агульнанацыя-нальнага беларускага самасцвярджэння.

Сябры і прыхільнікі клуба "Спадчына".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX