Папярэдняя старонка: 2008

№ 41 (880) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 41 (880) 8 КАСТРЫЧНІКА 2008 г.


220 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча

НАСОВІЧ Іван Іванавіч [26.9(7.10). 1788, в. Гразівец Чавускага р-на - 25.7 (6.8). 1877], беларускі мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф.

Скончыў гімназію і духоўную семінарыю ў Магілёве (1812). Працаваў выкладчыкам, інспектарам Аршанскага, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў (1813-22), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822-43). Пераезды па службе, падарожжы па Беларусі далі магчымасць сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял. У 1843 выйшаў у адстаўку, пераехаў у Мсціслаў і заняўся навуковай працаю. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбурскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыствава. Па ix прапанове склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі 3аходняй Расіі» (Увараўская прэмія 1865, рукапіс у б-цы АН СССР у Ленінградзе), дзе растлумачаны каля 13 тыс. слоў.

Асноўнае месца ў навуковай спадчыне Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губерніях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў; усе значэнні слоў і словазлучэнняў раскрываюцца аўтарскімі тлумачэннямі з дакладнымі рускімі эквівалентамі і цытатамі з дыялектнай, фальклорнай ці агульналітаратурнай мовы, часам даецца этымалогія слоў. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка» (каля 1 тыс. новых слоў). Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным здабыткам беларускай лексікаграфіі. Значнае месца ў навуковай спадчыне Начовіча займаюць фальклорна-этнаграфічныя працы, галоўная сярод якіх - «3борнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус. геагр. т-ва), у які ўваходзіць каля 3500 прыказак, прымавак, блізкіх да ix па форме прыгаворак, праклёнаў, скорагаворак і інш. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, выяўляецца ix паходжанне, даюцца зквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках і з інш. моў.

Здабыткамі беларускай фалькларыстыкі сталі зборнікі «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў); рукапіс зборніка легенд, паданняў, былін, баек нe выяўлены. Тэксты зборнікаў суправаджаў прадмовамі, у якіх выказаў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасць. Аўтар гістарычнага нарыса «Aб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» (рукапіс у б-цы АН СССР у Ленінградзе), «Успамінаў майго жыцця» (рукапіс у Ін-цe мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР).


70 гадоў з дня нараджэння Валянціна Блакіта

Валянцін БЛАКІТ (Валянцін Уладзіміравіч Болтач, 7.10.1938 - 7.12.2007) нарадзіўся ў вёсцы Вострава Шчучынскага раёна Гарадзен-скай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літ-супрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У. I. Леніна. Працаваў у шчучынскай, затым у жалу-дoкскай раённай газеце «За Радзіму» (1962), у міжраённай газеце «Савецкая вёска» (Шчучын), у 1963-1967 гг.- адказным сакратаром воранаўскай раённай газеты «Ленинское знамя», у 1967-1968 гг.- уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродненская правда». 3 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971 - 1972 і 1974-1978 гг.- намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкаму КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г.- галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Член СП СССР з 1981 г.
Узнагароджаны медалямі. Ве-ршы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік» (1974), аповесцей «Час прылёту журавоў» (1979), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка Фартуны» (1984), «Вырай» (1986), «Аповесці» (1988).


ЛІДЗЕ - 685

З 3 па 5 кастрычніка Ліда адзначала сваё 685 годдзе. Упершыню ў сваёй гісторыі горад адзначаў юбілей, хай не надта круглы, але ад вельмі важнай даты, ад даты заснавання ў 1323 годзе Вялікім князем Літоўскім Рускім і Жамойцкім Гедзімінам Лідскага замка. У 1323 годзе Вялікі князь Гедзімін перанёс сталіцу ВКЛ з Наваградка ў Вільню. На паўдарозе паміж старой і новай сталіцамі Гедзімін заснаваў замак Ліду, які акрамя іншага павінен быў служыць умацаваным лагерам для войскаў, якія часта перамяшчаліся паміж абедзвюмя сталіцамі. Паводле адной з версій на гербе Ліды два ключы менавіта таму, што яна была "ключом ад абедзвюх сталіц".

1323 год пацверджаны пісьмовымі крыніцамі і вынікамі раскопак, і можна спадзявацца, што больш дата засна-вання Ліды пераносіцца не будзе.

У першы дзень 3 каст-рычніка прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Ліда і Лідчына, да 685 годдзя з дня заснавання г. Ліда".

У канферэнцыі ўзялі ўдзел у асноўным прафесары і выкладчыкі Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка.

3 кастрычніка прайшла літаратурная імпрэза - прэзентацыя кнігі вершаў лідскіх паэтаў пра Ліду "Мой любы горад Ліда". Складальнік Тамара Зенюкевіч.

Адбылося ўручэнне прэмій пераможцам літаратурнага конкурсу на лепшы верш пра Ліду: 1-е месца - Уладзімір Васько, 2-е месца - Іосіф Масян, 3-е месца - Алеся Бурак, заахвочвальныя прэміі - Іван Гушчынскі і Смарагд Сліўко (пасмяротна).

4 кастрычніка на перакрыжаванне вул. Чаротавай і Энгельса быў адкрыты памятны знака воінам-чыгуначнікам, якія прымалі ўдзел у вызваленні горада Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай айчыннай вайны. Пад час адкрыцця быў зроблены экскурс у гісторыю лідскага чыгуначнага вузла, якому на наступны год - 125 гадоў. Нажаль не было сказана ні слова, што паравоз пастаўлены побач з каляёй, пабудаванай цераз балота ў 1914 годзе аднымі жанчынамі. Гэтая каляя злучае вакзал з лідскім аэрадромам.

4 кастрычніка пасля шматгадовага рамонту адкрыўся "Лідскі гістарычна-мастацкі музей". Адкрыліся выставы "Вядзём пачатак свой ад Гедзіміна", гістарычна-краязнаўчая выстава "Час і лёс", выстава твораў мастакоў горада і раёна "Натхненне", экспазіцыя "Прырода", камерцыйныя выставы "Халодная зброя" і "Свет кветак".

Цырымонія адкрыцця святкавання 685-годдзя горада Ліды "Роднаму гораду прысвячаецца!" прайшла на цэнтральнай плошчы. Прайшлі святочны парад з удзелам прадпрыемстваў і арганізацый раёна, святочны канцэрт, "Слаўлю цябе, Беларусь сінявокая!" з удзелам зорак беларускай эстрады. Прайшлі рэтра-дыскатэка, святочны канцэрт для ветэранаў вайны і перадавікоў працы, аглядныя і тэматычныя экскурсіі ў замкавым двары і вежы Вітаўта, прадстаўленні мініяцюр з жыцця сярэднявечнага горада: "Вяселле Ягайлы і Соф'і Гальшанскай"; прадстаўленне праекту ў замку "Паляванне ў княжанні Вітаўта".

У скверы поруч замка разгорнуты "Горад майстроў" (выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).

5 кастрычніка прайшлі фэст нацыянальных культур "Сузор'е сяброўства": гала-канцэрт калектываў нацыянальных дыяспар г. Ліды, выступленні калектываў з Літвы, Польшчы, Украіны.

Адкрылася персанальная выстава заслужанага мастака Рэспублікі Беларусь У.С. Мурахвера.

Прайшло шмат іншых цікавых і важных мерапрыемстваў. І дождж, які добра такі ўліў 4 кастрычніка, настрою не сапсаваў.

Наш кар.


Насустрач Х з'езду ТБМ

Грамадскае аб'яд-нанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ідзе да Х з'езду. Сакратарыят ТБМ даводзіць да ведама кіраўнікоў арганізацый і дэлегатаў з'езду наступную інфармацыю:

з'езд адбудзецца 26 кастрычніка ў Менску;

- рэгістрацыя з 9.00 да 10.30 ў сядзібе ТБМ па адрасу: г. Менск, вул. Румянцава, 13 (станцыя метро "Плошча Перамогі");

- пленарнае паседжанне з'езду пройдзе ў Палацы Мастацтваў па вул. Казлова з 11.00 да 14.00;

- паседжанне новаабранай Рады ТБМ пройдзе пасля пленарнага паседжання ў сядзібе ТБМ.

У сувязі з жорсткімі часавымі рамкамі з'езду, якія выкліканы ўмовамі арэнды памяшкання ў Палацы Мастацтваў, Сакратарыят ТБМ пачынае публікацыю дакументаў, якія мяркуецца прыняць на з'ездзе.

Сакратарыят прапануе дэлегатам з'езду разгледзець праекты, падрыхтаваць прапановы па зменах і дапаўненнях у пісьмовым выглядзе і па магчымасці перадаць у Сакратарыят да з'езду.

Сакратарыят прапануе дэлегатам з'езду, якія маюць намер выступіць на з'ездзе, падрыхтаваць свае выступы ў пісьмовым выглядзе. Усе выступы дэлегатаў будуць апублікаваныя ў газеце "Наша слова". Пажадана мець выступы ў электронным выглядзе.

Кіраўнікам арганізацый, дзе яшчэ не прайшлі канферэнцыі і сходы, неабходна ў самы бліжэйшы час правесці іх, абраць дэлегатаў у адпаведнасці з устаноўленымі квотамі і даслаць ва ўправу пратаколы і анкеты ў адпаведнасці з узорамі, апублікаванымі ў газеце "Наша слова".

Парадак дня з'езду будзе апублікаваны ў наступным нумары "Нашага слова".Усе змены ў парадак таксама пажадана прапанаваць загадзя.


Зварот удзельнікаў Х з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Праект

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Савету Рэспублікі.

Ураду Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі Х з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца да Вас з прапановай, якая мае на мэце стварэнне аптымальных умоў для свабоднага развіцця і функцыянавання беларускай мовы нароўні з другой дзяржаўнай мовай - рускай, дзеля таго, каб беларус у сваёй краіне адчуваў сябе камфортна, каб кліч "Мы беларусы" адпавядаў свайму сэнсу і зместу.

Наш зварот грунтуецца на неабходнасці ўдасканалення Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Яшчэ ў 2003 г. ТБМ звярталася ў Палату прадстаўнікоў. На імя тагачаснага Старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і НТП былі дасланыя канкрэтныя прапановы да некаторых артыкулаў Закона. У прыватнасці, было прапанавана выключыць з тэксту Закона слова "або", якое супярэчыць існай Канстытуцыі, што было засведчана ў Рашэнні Канстытуцыйнага суда Беларусі № 05-07/1225 ад 02.09.2004 г., куды таксама быў накіраваны зварот.

Напачатку гэтая прапанова была сустрэтая прыхільна, з вялікім разуменнем нашага клопату. Але пазней мы адчулі бюракратычныя перашкоды на шляху да вырашэння гэтага важнага дзяржаўнага пытання. Наша шматгадовае ліставанне з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Камісіяй па адукацыі, культуры, навуцы і НТП, Цэнтрам законатворчай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не дало станоўчага выніку.

На вялікі жаль, да гэтага часу Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не ўключаны нават у план падрыхтоўкі закона-праектаў. Між тым, прынцып роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, гарантаваны Канстытуцыяй нашай краіны, не выконваецца. Па-ранейшаму моўныя правы беларускамоўных грамадзян абмежаваныя ва ўсіх без выключэння сферах жыцця: адукацыі, радыё і тэлебачанні, банкаўскай сферы, сферы абслугоўвання і інш.

З улікам важнасці ўзнятай праблемы пераканаўча просім Вас ініцыяваць разгляд пытання аб унясенні зменаў у закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", паколькі яго цяперашняя рэдакцыя не ўтрымлівае ніякіх гарантый з боку дзяржавы па захаванні і развіцці мовы тытульнай нацыі нашай краіны.


З надзеяй на Бога!

Напярэдадні чарговай гадавіны вядомай падзеі 17 верасня 1939 года, якая парознаму называецца і ўсведамляецца нашым народам, у вёсцы Жары, што на Пастаўшчыне, а дакладней на мяжы Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў, быў усталяваны і асвечаны адмыслова выраблены каталіцкі канфесійны крыж. Дарэчы, вёска Жары належыць Нарачанскай каталіцкай парафіі Будслаўскага дэканата. Пастаўлены крыж, акрамя звычайнага прызначэння, як прыдарожнага знакаабярэга, мае яшчэ і іншую асаблівасць. Тутэйшы жыхар Уладак ЁдкаНаркевіч прапанаваў вядомаму беларускаму мастаку Алесю Цыркунову сумесна ўсталяваць такі хрысціянскі знактвор з дубу, металу ды бетону. Гэты крыж вырашылі прысвяціць памяці ахвяр сталінскабальшавіцкага разгулу тых часоў. Сатрапы і антыхрысціянскія вылюдкі, якія па блюзнерству прыкрываюцца прыгожымі словамі, як "вызваленне, уз'яднанне, братэрская дапамога…" і таму падобнымі, як нам зараз добра вядома, мелі зусім іншыя колеры і прызначэнне. У трылогіі Васіля Якавенкі "Пакутны век" усё тое дужа добра адлюстравана.

Тут на МядзельскаПастаўскай, умоўна кажучы, прасторы сталыя мясцовыя людзі яшчэ нямала здольны прыгадаць тых суайчыннікаў, якія парознаму сталіся носьбітамі трагічнага лёсу.

Акрамя вышэйадзначанага прымеркавання, гэты крыж быў асвечаны яшчэ і ў гонар мясцовага разбяра і культурніцкага дзеяча з вёскі Швакшты Мядзельскага раёна Міхала Грачаніка. Гэты няўрымслівы руплівец на ніве рэлігійнакультурніцкай асветы спрычыніўся шмат да якіх праяў тагачаснага жыцця. Натуральна, прыняць за належнае той сатанінскі разгул, які стаўся тут, ён ніяк не мог. У знак пратэсту ён у сваёй вёсцы ўсталяваў належны крыж з выявай Хрыста і словамі пад ім: "Ойча! Прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць!" Падтэкст гэтых словаў наўпрост быў скіраваны ў адрас новых уладных гаспадароў, якія хутка гэта дацямілі. Зразумела, крыж з распяццем быў імі хутка знішчаны. Ад лютай расправы, разбяра ўратавала новае "вызваленне", ужо з Захаду, але не надоўга. Пазней ён быў заўважаны руплівымі савецкімі органамі і адправіўся па этапах. Па вяртанні гэта быў ужо калека хворы, амаль бездапаможны чалавек. Такім яго забраў да сябе сын на Беласточчыну.Там след яго і знікае. І больш ніякіх згадак аб гэтым ахвярным чалавеку.

У памяць аб Міхалу Грачаніку, тыя самыя словы Збаўцы, узятыя з Дабравесця, змешчаны і на новым крыжы ў вёсцы Жары, як сімвалічны абярэг ад новых разбуральных і рабаўнічых дзеянняў шматлікіх чыніцеляў, як прыблудных, так і тутэйшых.

Ізноўку даводзіцца звяртацца да Бога, як да апошняй інстанцыі, каб здарыўся цуд. Як яшчэ тады, ў 1944 годзе, зазначыў слынны пісьменнік Кузьма Чорны ў сваім дзённіку, што нам беларусам застаецца адно ўжо надзея толькі на Бога бо як і ўчора, так і цяпер, такое ж шчыльнае атачэнне рознай невыноснай і неадольнай пошасці.

Алехна Сьвікрос


У Менску адбылася прэзентацыя ілюстраванага ідыш-беларускага слоўніка

Прэзентацыя ілюстраванага ідыш-беларускага слоўніка, складзенага адмыслоўцам у вобласці мовы ідыш і рэстаўратарам Аляксандрам Астравухам, прайшла 26 верасня ў менскай сядзібе "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

У 928-старонкавае вы-данне, якое выйшла ў менскім выдавецтве "Медысонт" і аддрукаванае накладам 1 тыс. асобнікаў, уключана каля 25 тыс. слоўнікавых артыкулаў і 50 тыс. слоў. У кнігу, над якой складальнік працаваў 11 гадоў, увайшла фразеалогія ідыш з прыказкамі і прымаўкамі, пажаданнямі і прывітаннямі, дражнілкамі і праклёнамі, загадкамі і скорагаворкамі, каламбурамі, цытатамі з габрэйскіх песень, анекдотаў і літаратурных твораў. Пры складанні кнігі А.Астравух выкарыстаў мноства слоўнікаў, якія выходзілі ў розных краінах свету ў XIX-XX стагоддзях.

Адкрываючы прэзентацыю, намеснік старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч адзначыла сімвалічнасць акцыі, якая адбываецца ў Дзень еўрапейскіх моў і сведчыць аб тым, што беларуская мова "уліваецца ў сусветныя мовы". Паводле яе словаў, за 20 гадоў існавання аб'яднанне выдала каля 10 слоўнікаў. Намеснік старшыні ТБМ выказала ўпэўненасць, што маладое пакаленне працягне гэтую традыцыю, бо ў народаў Беларусі "вельмі магутная грыбніца".

Складальнік слоўніка лічыць, што без мовы ідыш не будзе існаваць беларуская мова. Ён нагадаў, што Беларусь з'яўляецца адзінай краінай свету, дзе з 1920 па 1938 гады ідыш з'яўляўся дзяржаўнай мовай.

Кандыдат філалагічных навук Пётр Садоўскі назваў слоўнік "жывым святам душы", а доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс - "сапраўднай энцыклапедыяй габрэйскага жыцця".

Па словах кандыдата гістарычных навук, дырэктара Музея гісторыі і культуры габрэяў Беларусі Іны Герасімавай, выданне гэтага ўнікальнага слоўніка, які не мае аналагаў у гісторыі, з'яўляецца вычынам яго складальніка, які дапамагае адрадзіць ідыш. "Ён застаўся ў кнігах, але перастаў быць мовай зносін, бо ў выніку Халакосту зніклі носьбіты ідыш. Выхад слоўніка даказвае, што нават у такіх умовах мова можа жыць і развівацца", сказала І. Герасімава.

А. Астравух вывучае мову ідыш з 1984 года. У 2004 годзе скончыў Віленскі габрэйскі інстытут Віленскага ўніверсітэта (Летува). Зараз А. Астравух працуе над стварэннем ідыш-рускага слоўніка.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Справаздачна-выбарная канферэнцыя арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа

1 кастрычніка адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа, якая з'яўляецца структурнай складовай Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

На ўліку ў арганізацыі стаіць 400 сяброў ТБМ. Гэта найбуйнейшая першасная арганіза-цыя ТБМ нашай краіны. На канферэнцыі прысутнічала каля 50 чалавек, якія прадстаўлялі 25 суполак.

Апошнія два гады арганізацыя пера-жывала нялёгкія часы. Былы старшыня арга-нізацыі неўзабаве пасля абрання звольніўся з каледжа і пакінуў арганізацыю. Арганізацыяй ў гэты перыяд фактычна кіраваў намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхась Мельнік, які да ўтварэння Лідскага каледжа не адзін год узначальваў арганізацыю ТБМ Лідскага педкаледжа.

У справаздачным дакладзе былі азна-чаны асноўныя сферы дзейнасці і дасягненні арганізацыі. Сярод іх найбольш эфектыўнай акцыяй быў збор подпісаў за захаванне курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" у ВНУ Беларусі, які па ўсёй краіне арганізавала ТБМ. Былі сабраны многія сотні подпісаў, што выклікала рэзкую незадаволенасць чыноўнікаў ад адукацыі, але курс быў захаваны, былі захаваны цэлыя кафедры беларускай мовы ў негуманітарных ВНУ. Да набыткаў ТБМ каледжа можна аднесці рэгулярнае святкаванне Дня роднай мовы 21 лютага, арганізацыю літаратурных сустрэчаў з беларускімі пісьмен-нікамі і сустрэчы паэтаў каледжа са школьнікамі.

На канферэнцыі было абрана новае кіраўніцтва арганізацыі: старшыня, рада з пяці чалавек, рэвізор, дэлегаты на з'ед. Старшынём арганізацыі абраны выкладчык каледжа Міхась Мельнік. У раду ўвайшлі студэнты розных курсаў і спецыяльнасцяў, намеснікам старшыні абрана студэнтка спецыялізацыі "Замежныя мовы" Наталля Шышкіна.

На канферэнцыі была прэзентавана кніжка твораў лідскіх аўтараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова". У кнізе творы 47 аўтараў.

Наш кар.

На здымку: старшыня найбуйнейшай першаснай арганізацыі ТБМ Беларусі Міхась Мельнік.


Слова "нядзеля"

Чуў я слова "нядзеля" ў дзяцінстве, і я знаў, што ў нядзелю ніхто не працуе, гэта дзень выпачынку. Апынуўшыся на эміграцыі я слухаў, як дзве асобы размаўлялі беларускай мовай і ўжывалі слова "нядзеля" для мяне незра-зумела чаму і як. Адзін кажа: "Нядзеля", - але думае: "Тыдзень", а ў другога гэта дзень непрацоўны. Мне спатрэбіліся доўгія гады, каб даведацца, што калі асоба кажа: "Нядзеля", і гэта абазначае: "Тыдзень", - дык гэта па-расейску. Ён сказаў: "Я цэлую нядзелю працаваў", - усяроўна сэнс не палепшаў, бо нядзеля - гэта адзін дзень у тыдні і дзень не працоўны.

Нядзеля

Я адзяваўся ісці ў царкву, і, калі я зашпільваў кашулю, гузік вырваўся. Я думаў, што з расшпіленай кашуляй не пайду ў царкву, але маці зараз сказала: "Ты можаш прышыць гузік але, як прыдзеш з царквы дадому, мусіш гэты гузік адрэзаць ці адарваць". Я спрачаўся, што калі грэх шыць у нядзелю, а тут была нявыходная сітуацыя, дык навошта ізноў адрываць гузік і потым паўторна прышываць. Маці сказала: "Калі табе дазволіць рабіць у нядзелю і пакінуць гузік прышытым, у цябе будзе заўсёды вымаўка, каб нешта зрабіць у нядзелю. Трэба адрабіць назад, каб больш не хацелася рабіць у нядзелю.

Кастусь Верабей.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX