№ 43 (882) 22 КАСТРЫЧНІКА 2008 г.
130 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пічэты
ПІЧЭТА Уладзімір Іванавіч [9(21).10. 1878, г. Палтава, Украіна - 23.6. 1947], гісторык-славіст. Акадэмік АН БССР (1928), АН СССР (1946, чл.-кар. 1939). Засл. праф. Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав. Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). Працаваў настаўнікам гімназіі на Украіне. 3 1905 у Маскве, у 1910-11 прыват-дацэнт, у 1918-22 праф. Мас-коўскага ун-та. У лют. 1918 абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Аграрная рэформа Сігізмунда-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве». Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел. навук.-культ. т-ва ў Маскве (1918-19). Адначасова чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел. нар. ун-це ў Маскве. У 1920-21 эксперт на сав.-польскай мірнай канферэнцыі ў Рызе. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 рэктар БДУ. Даследаваў гісторыю Украіны, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі, Літвы, праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16-20 ст. Алублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры, сустракаўся з М.Багдановічам (1915), падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Я. Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім, Зм.Бядуляй, Ц. Гартным і інш. дзеячамі бел. культуры. Аўтар прац «М. Багдановіч як гісторык беларускага адраджэння» (1922), «Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны» (1924), «Scoriniana» (1926). П. адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АН БССР. У працы «Літоўска-Руская дзяржава» (1910) разгледзеў пытанне пра ўключэнне бел. і ўкр. зямель у склад ВКЛ. У 1920-я г. адмовіўся ад тэрміна «Літоўска-Руская дзяржава» і замяніў яго на «Літоўска-Беларуская дзяржава». У апошнія гады карыстаўся назвай «Вялікае Княства Літоўскае». Складванне бел. народнасці датаваў 14-16 ст., падкрэсліваў вырашальную ролю сац.-эканам. факгараў у фармаванні і развіцці этнічнай супольнасці беларусаў, адзначаў этнічную роднасць бел., рус. і ўкр. народаў. 3 імем П. звязана арганізацыя архіўнай справы ў БССР. 13.9.1930 П. арыштаваны, яго абвінавацілі ў вяліка-дзяржаўным шавінізме, бел. бурж. нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятку, у чэрв. 1934 месца ссылкі было заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў праф. у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. 3 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АН СССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. 3 1939 працаваў над 3-томнай гісторыяй Польшчы (3-і т. застаўся незавершаным). У 1941 разам з ін-там эвакуяваны ў г. Ташкент, дзе апублікаваў шэраг патрыятычных артыкулаў, а таксама даследаванняў па гісторыі Узбекістана. У 1944 апублікаваў працы па гісторыі гарадоў Беларусі: «Мінск», «Магілёў», «Віцебск». У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў нам. дырэктара Ін-та славяназнаўства АН СССР. Аўтар больш як 500 прац па гісторыі слав. народаў СССР і замежных краін. Сярод яго вучняў шмат даследчыкаў з розных краін Еўропы, у т.л. бел. вучоныя: К.І.Кернажыцкі, М.М. Улашчык, А.В. Бурдзейка, Т.І.Забела, Д.А.Дудкоў, В.Д.Дружчыц і інш. Чл. ЦВК БССР у 1921-30.
20 гадоў БНФ
18 кастрычніка адбылося паседжанне Сойму Партыі БНФ. Фронтаўцы далі ацэнку мінулай выбарчай кампаніі і правялі ўрачыстае паседжанне з нагоды 20годдзя арганізацыі. Павіншавалі сяброў гістарычнага Арганізацыйнага камітэту БНФ, якіх у складзе цяперашняга Сойму пяцёра: Рыгор Барадулін, Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Аляксей Марачкін, Пётра Садоўскі. Экспалітвязень Аляксандар Казулін павіншаваў старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага з 20годдзем БНФ і ўручыў букет белых і чырвоных кветак. Закончылася падзея выступамі бардаў Змітра Бартосіка і Змітра Сідаровіча.
19 кастрычніка некалькі дзесяткаў грамадзян узялі ўдзел у экскурсіі па мясцінах у Менску, звязаных з утварэннем Беларускага народнага фронту.
Яе ладзілі мастак Аляксей Марачкін, які ўваходзіў у аргкамітэт БНФ, і сябра "Моладзі БНФ" Франак Вячорка.
Самыя адметныя - гэта будынак на былой вуліцы Варвашэні, дзе цяпер знаходзіцца сядзіба БНФ. Таксама Чырвоны касцёл, былы "Дом кіно". Майстэрня Яўгена Куліка у паддашку на вуліцы Танкавай, майстэрня спадара Марачкіна на Прывакзальнай плошчы і майстэрні мастакоў у доме на вуліцы Дзімітрава, дзе рыхтаваліся дакументы, плакаты да першага з'езду БНФ у Вільні.
Святкаванне 20годдзя БНФ зза немагчымасці своечасова вырашыць пытанне з вялікай залай у Менску распалася на шэраг драбнейшых мерапрыемстваў у сталіцы і рэгіёнах. Хаця чакалася, што ў незалежнай Беларусі 20годдзе заснавання БНФ будзе адзначана, калі не на дзяржаўным, то на блізкім да таго ўзроўні. Але вялікае бачыцца на адлегласці. Магчыма да 30годдзя БНФ беларускае грамадства даспее да таго, што 19 кастрычніка 2018 года сябры БНФ атрымаюць віншаванні не толькі ад апазіцыйных палітыкаў, але і ад кіраўніцтва краіны.
На здымку: 1. Урачыстае слова мае старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі; 2. Сойм Партыі БНФ, якому выпала ўзначальваць фронт на 20м годзе існавання.
ЖЫЦЦЁ - СЛУЖЭННЕ БЕЛАРУШЧЫНЕ
70 гадоў Іосіфу Навумчыку
21-га кастрычніка свой 70-гадовы юбілей святкаваў старшыня Віцебскай абласной рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Іосіф Адамавіч Навумчык. Чалавек, чыё імя добра вядомае не толькі прыхільнікам роднага слова на Віцебшчыне, але і ўвогуле шырокай грамадскасці.
Іосіф Адамавіч нарадзіўся ў 1938 годзе на Пастаўшчыне, і ўсё яго жыццё непарыўна звязана з Прыдзвіннем. Тут ён працаваў на розных адказных пасадах, у тым ліку і сакратаром абласнога камітэта партыі. Партыйныя чыноўнікі такога высокага ўзроўню не маглі мець па вялікім рахунку сваёй уласнай думкі, якая б не супадала з генеральнай лініяй партыі. Тым больш паказальна, што ў Віцебску і ў іншых гарадах вобласці па ініцыятыве сп. Навумчыка часта ладзіліся сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, увогуле з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі. Неаднаразова прыязджалі на сустрэчы з працоўнымі і студэнтамі Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч і Вольга Іпатава, Алесь Петрашкевіч і Сяргей Панізнік, Васіль Зуёнак і Пімен Панчанка, Сяргей Законнікаў і Іван Шамякін… Зрэшты, усіх зараз і не прыгадаеш. Тады Віцебск сапраўды з зайздроснай рэгулярнасцю прымаў пісьменнікаў.
Памятаю, як вясною 1989 года мне трапіўся на вочы адзін артыкул у тыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Называўся ён "Праца неабходная, складаная". Яго аўтарам быў сакратар Віцебскага абкама КПБ І.А. Навумчык. Тады я не быў знаёмы з гэтым чалавекам, але прозвішча трывала запомніў. Бо артыкул прысвячаўся праблемам нацыянальнага адраджэння, гаварылася пра неабходнасць ведання роднай мовы, пашырэння сеткі беларускамоўных школ, асвятлялася праца абкама ў гэтым кірунку. Прызнацца, моцна парадаваўся тады, бо з'явілася надзея, што і на маёй роднай Віцебшчыне часцей загучыць беларускае слова. І пазней, калі я непасрэдна пазнаёміўся з Іосіфам Адамавічам, зразумеў, што ўсё гэта было невыпадкова. Ужо ў той час ён бачыў неабходнасць вяртання беларускай мовы ў штодзённы ўжытак, быў не па абавязку, а па душэўным памкненні заклапочаны справай адраджэння мовы. Таму і стаў актыўным удзельнікам устаноўчай канферэнцыі па стварэнні Таварыства беларускай мовы, а потым ініцыяваў арганізацыю першасных суполак ТБМ у Віцебску і раёнах вобласці.
Пазней, калі І.А. Навумчык пайшоў на заслужаны адпачынак, то цалкам прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. Ён нязменны кіраўнік абласной арганізацыі, якая зараз налічвае больш за шэсцьсот сяброў. Суполкі таварыства дзейнічаюць у многіх раёнах вобласці, а сёння гэта патрабуе асаблівых клопатаў і намаганняў. Ужо стала добрай традыцыяй запрашэнне ў Віцебск майстроў слова, правядзенне розных культурніцкіх імпрэзаў, прысвечаных юбілеям нашых пісьменнікаў. Найбольш паказальным у гэтым сэнсе было арганізаванае ў 2006 годзе ў віцебскім парку Мазурына свята ў гонар Васіля Быкава. Мабыць, упершыню жыхары горада бачылі разам столькі літаратараў. Зразумела, правядзенне такіх маштабных мерапрыемстваў патрабуе вельмі вялікіх намаганняў. І тут хочацца сказаць пра Іосіфа Адамавіча як пра таленавітага арганізатара, чалавека няўрымслівага, здольнага захапіць ідэяй сваіх аднадумцаў, ажыццявіць запланаванае. Гэтаму спрыяе, безумоўна, і той вялікі аўтарытэт, якім ён нязменна карыстаецца сярод розных людзей. У тым ліку і сярод тых, хто, мякка кажучы, сёння не вельмі прыхільна ставіцца да беларускага слова.
Гаворачы пра І.А. Навумчыка, варта прыгадаць, што ён узнагароджаны трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. У свой час (у 1985-1986 г.г.) знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Афганістане. Мяркую, няма неабходнасці расказваць, чым была гэта краіна для нашага тагачаснага грамадства, якія пачуцці і асацыяцыі выклікала. За заслугі пры выкананні службовага задання ў Афганістане ўзнагароджаны ордэнам і Граматай Прэзідыюма Вярхоўнага Савета СССР. Зрэшты, не ордэны і граматы з'яўляюцца асноўным для сапраўднага чалавека. Напэўна, куды больш важнымі ёсць шчырая павага сяброў і аднадумцаў, непахісны аўтарытэт у грамадстве і проста здароўе родных і блізкіх. Менавіта здароўя, а таксама здзяйснення ўсіх мараў і задумаў хацелася б пажадаць шаноўнаму Іосіфу Адамавічу - нязменнаму і незаменнаму кіраўніку віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Юрась БАБІЧ, намеснік старшыні Віцебскай абласной рады ТБМ імя Ф. Скарыны.
Лідскія гарадская і раённая канферэнцыі ТБМ
Насустрач Х з'езду ТБМ
15 кастрычніка ў Лідзе адбыліся справаздачнавыбарныя канферэнцыі Лідскай гарадской арганізацы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", якая выконвае функцыі раённай арганізацыі.
Дэлегаты канферэнцыі прадстаўлялі 33 суполкі з 36, якія існуюць у горадзе і раёне. Акрамя суполак у горадзе маюцца яшчэ тры неарганізаваныя групы сяброў ТБМ. Агульная колькасць сяброў лідскіх арганізацый хістаецца каля 500 чалавек. Разам з тым рух ТБМ у Лідзе не ахапіў яшчэ вялікую колькасць магчымых навучальных установаў і вытворчых калектываў.
Вельмі слаба пастаўлены рух ТБМ у школах. Зарэгістраваныя суполкі маюцца толькі ў Бердаўскай і Ёдкаўскай школах. Моладзевая суполка, аснову якой складалі вучні 16й школы спыніла сваё існаванне зза масавага паступлення сяброў суполкі ў розныя навучальныя ўстановы. Пра ўсё гэта гаварылася на канферэнцыі.
Не вырашана праблема беларускамоўнага аздаблення горада, асабліва гэта тычыцца рэкламных шчытоў прамысловых прадпрыемстваў. Калі райвыканкам пры вывешванні сваіх расцяжак строга прытрымліваецца прынцыпу двухмоўя, то прамысловыя прадпрыемствы ігнаруюць яго за рэдкім выключэннем.
Але асноўнай, цяжка вырашальнай, а таму і асноўнай задачай з'яўляецца вяртанне ў Ліду беларускамоўнай адукацыі. У ТБМ не стае сілаў і магчымасцяў для працы з бацькамі па ўсім горадзе, таму прынята канцэпцыя на адкрыццё на базе адной са школаў беларускамоўнай гімназіі.
Акрэслены і іншыя кірункі дзейнасці. Дэвіз кожнага дня арганізацыі: "Сёння беларускай мовы хоць на адно слова павінна стаць больш".
Канферэнцыя Лідскай гарадской арганізацыі абрала старшыню арганізацыі. На новы тэрмін старшынём арганізацыі абраны Станіслаў Суднік. Канферэнцыя абрала раду з сямі чалавек і рэвізійную камісію з трох чалавек. Канферэнцыя зацвердзіла кандыдатуры дэлегатаў на Х з'езд ТБМ, вылучаных арганізацыя ТБМ Лідскага каледжа.
Канферэнцыя Лідскай арганізацыі ТБМ абрала раду з пяці чалавек, выбрала рэвізора і двух дэлегатаў на Х з'езд ТБМ. Старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ будзе абраны на бліжэйшым паседжанні рады.
Вынікі падведзены. Жыццё працягваецца і лідскія арганізацыі ТБМ будуць рабіць усё, каб яно ішло ў беларускіх формах.
Наш кар.
Зварот
культурна-асветнага клуба "Спадчына" да Савета Міністраў, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, творчых саюзаў, палітычных партый і грамадскасці краіны
Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы
15 ліпеня 2010 года спаўняецца 600 год самай вялікай бітве Сярэдневечча - Грунвальдскай, у якой войскі пад камандаваннем Вялікага князя ВКЛ Вітаўта і Караля Польшчы Ягайлы разграмілі шматтысячную армію Тэўтонскага ордэна. На баку усходніх славян, якія прынялі ўдзел у разгороме тэўтонцаў, біліся ваяры з больш чым 30 гарадоў і земляў, якія тэрытарыяльна належаць да этнічна беларускіх. Многія беларускія харугвы зрабілі неацэнны ўклад у разгром ордэна, пра што сведчаць шматлікія архіўныя дакументы таго часу і больш пазнейшыя даследванні Грунвальдскай бітвы. У іх падкрэсліваецца, што ў выніку разгрому Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам было знішчана 40 тысяч крыжакоў, а 15 тысяч захоплена ў палон. Але гэтая перамога была здабыта вялікімі ахвярамі: беларускае войска на полі бітвы страціла загінуўшымі каля 20 тысяч ваяроў.
Сёння ход бітвы пад Грунвальдам і вынікі разгорому Тэўтонскага ордэну вывучаюцца ў старэйшых класах беларускіх школаў па падручніках курсу "Гісторыя Беларусі". А выраз "…дзякуючы перамозе пад Грунвальдам, больш за 500 гадоў нага нямецкага салдата не ступала на зямлю Беларусі" стаў вызначальным для лёсу нашай краіны. Цяпер у выніку гістарычных перамен слаўная перамога ў Грунвальдскай бітве належыць палякам, літоўцам, расіянам, чэхам. У гэтых краінах урады і грамадскія арганізацыі плануюць адзначыць вялікую гістрычную дату разам з дзяржаўнымі ўстановамі.
Але, у першую чаргу, нашчадкамі гэтай перамогі з'яўляюцца беларусы. Таму вельмі важна, каб памяць пра чын мужных ваяроўбеларусаў была належным чынам адзначана і ў незалежнай Беларусі. Гэтага асабліва патрабуе гістрычная справядлівасць, бо некаторыя тагачасныя польскія храністы значна скажалі ролю нашых суайчыннікаў у перамозе пад Грувальдам, каб потым ператлумачыць ход бітвы на карысць палякаў. Беларусы не збіраюцца памяншаць ролю саюзнікаў у разгроме тэўтонцаў, але памяць перад нашымі прашчурамі патрабуе, каб мы аддалі належнае, перш за ўсё, беларускім героям Грунвальда!
Зыходзячы з гэтага, сябры культурна-асветнага клуба "Спадчына" лічаць, што 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам - нацыянальнае вайсковае свята, якое трэба адзначаць на дзяржаўным узроўні. Сябры клуба шмат робяць, каб узнавіць дзяржаўны статус гадавіны перамогі пад Грунвальдам. Напрыклад, у Музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах назапашана і выстаўляецца шмат мастацкіх твораў, прысвечаных Грунвальдскай бітве і яе героям. Да таго ж, на сядзібе Музея ўпершыню ў Беларусі ўсталяваны помнік "Героям Грунвальда", на якім змешчаны партрэты палкаводцаў, якія вялі ваяроў на поле бітвы - вялікага князя Вітаўта Вялікага і караля Ягайлы, пералічаны назвы харугваў з беларускіх земляў, якія бралі ўдзел у гэтай сечы. Там жа можна прачытаць словы гімнамалітвы "Багародзіца", з якімі ішлі ў бой нашыя прашчуры, пабачыць рэканструкцыю тагачаснай зброі, прачытаць дайшоўшыя да нас імёны герояў Грунвальда. У сталіцы праводзіцца музычны "Грунвальдскі фэст"…
Але ў 600-ю гадавіну перамогі ў вялікай бітве, гэтага не дастаткова. Таму сябры клуба "Спадчына" звяртаюцца да Савета Міністваў і яго старшыні сп. Сяргея Сідорскага з прапановай адзначыць гэтую вялікую дату ў гісторыі краіны на дзяржаўным ўзроўні. Для гэтага мы прапануем ажыццявіць стварэнне і ўстаноўку помніка "Героям Грунвальда" у сталіцы Беларусі - горадзе Менску, жыхары якога склалі на полі бітвы адну з самых мужных ваярскіх харугваў. Заклікаем у адрэстаўраваным Крэўскім замку стварыць музей Грунвальдскай бітвы, накшталт Барадзінскай ці Севастопальскай панарамы. Такую ж панараму мэтазгодна было б стварыць у адной з залаў аднаўляемага Гарадзенскага замка, ад муроў якога і пачынаўся паход войскаў ВКЛ на Грунвальдскае поле. У гарадах, ад якіх у бітве таксама бралі ўдзел харугвы (Гародня, Віцебск, Нясвіж, Слуцк, Ліда і інш.) назваць вуліцы ў гонар пераможцаў - "Грунвальдская". Міністэрству фінасаў да 600й гадавіны Грунвальдскай бітвы адбіць памятную манету, а Міністэрсту сувязі РБ - выдаць памятныя паштовыя маркі і канверты.
Заклікаем кіраўніцтва Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і яе інстытут гісторыі выдаць зборнікі гістарычных матэрыялаў, прысвечаных гэтай бітве, правесці навуковыя канферэнцыі, выдаць папулярныя кнігі, у якіх была б аб'ектыўна пададзена наша нацыянальная канцэпцыя гэтай велічнай бітвы Сярэдневечча і той ролі, якую ВКЛ адыграла ў ёй.
Сябры культурна-асветнага клуба "Спадчына" заклікаюць Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і міністра абароны сп. Леаніда Мальцава садзейнічаць таму, каб да 600-годдзя Грунвальдская перамогі ў вайсковых частках Узброенных Сіл РБ былі праведзены ўрокі патрыятычнага выхавання, на якіх бы маладым салдатам распавядалася пра Грунвальдскую бітву, пра яе стратэгічныя і тактычныя асаблівасці, пра вынікі перамогі над тэўтонцамі для беларускіх земляў. Да гэтай даты прапануем арганізаваць конкурс твораў батальнага жанру, а па іх выніках - выставы твораў беларускіх мастакоўбаталістаў, прысвечаных 600годдзю Грунвальдскай перамогі.
Клуб "Спадчына" заклікае зацікаўленыя грамадскія структуры, палітычныя партыі і творчыя саюзы зрабіць усё неабходнае, каб памяць пра герояў Грунвальда стала часткай свядомасці беларускага грамадства. Дзеля гэтага беларускім навукоўцам прапануем больш абгрунтавана і глыбока вывучаць гісторыю бітвы, дзеячам выяўленчага мастацтва і пісьменнікам стварыць мастацкія і літаратурныя творы на гэтую тэматыку, каб спрыяць ушанаванню памяці вялікай даты. Вялікая роля ў святкаванні перамогі ў Грунвальдскай бітве магла б належаць герархам Беларускай праваслаўнай і каталіцкай царкваў, калі б тыя дабраславілі правядзенне памінальных малітваў у памяць герояў Грунвальда 15 ліпеня 2010 года. Тое ж можна казаць і пра мусульман Беларусі…
Звяртаемся да ўдзельнікаў беларускіх рыцарскіх клубаў, асабліва тых, хто працуе над рэканструкцыяй эпохі Вялікага Княства Літоўскага, і заклікае зрабіць усё, каб пад час святкавання гэтай даты на Грунвальдскім полі ў 2010 годзе беларускія харугвы пад святымі нацыянальнымі сімваламі з гонарам прадставілі нашу гістарычную памяць і пашану героям Грунвальда.
Заклікаем нацыянальных беларускіх бардаў, выканаўцаў сярэднявечнай музыкі, рокмузыкантаў ствараць музычныя творы, прысвечаныя памяці герояў Грунвальда, а выдавецкую суполку БМА-group скласці і выдаць дыск-прысвячэнне гэтай выдатнай гістарычнай даце. Заклікаем удзельнікаў "Беларускага дударскага клуба" стварыць "Грунвальдскую дударскую капэлу" (для чыннага ўдзелу беларускіх дудароў ва ўрачастасцях на Грунвальдскім полі), падрыхтаваць праграму, прысвечаную 600годдзю перамогі пад Грунвальдам, а "Дударскі фэст2010" прысвяціць гэтай гістарычнай даце. Звяртаемся да актыву і кіраўніцтва грамадскага аб'яднання "Крэва" ў асобе паэта Уладзіміра Някляева прапанаваць дзяржаўным структурам і грамадскасці свой план рэстаўрацыі Крэўскага замка і яго выкарыстання ў мэтах прапаганды айчыннай гісторыі на прыкладзе Грувальдскай бітвы. Ажыццявіць іншыя культурна-асветныя мерапры-емтсвы, згодна з распрацаваным планам.
Сябры культурна-асветнага клуба "Спадчына" спадзяюцца, што дата 600-годдзя перамогі пад Грувальдам будзе спрыяць узмацненню гістарычнай памяці беларускага народа і кансалідацыі нацыі ў будаўніцтве незалежнай і вольнай Беларусі.
Закон аб мовах нарэшце трапіць у Парламент, толькі што з ім там будуць рабіць?
Старшыні
грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы"
Трусаву А.
Шаноўны спадар Алег!
У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот. Паведамляем наступнае.
Дыспазіцыйная норма арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" прадугледжвае магчымасць вядзення справаводства і афармлення дакументацыі, як на рускай, так і беларускай мове.
Ва ўстанове адукацыі "Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў" мовай справаводства і дакументацыі з'яўляецца руская мова. Адпаведна копіі і вытрымкі з дакументаў таксама афармляюцца на рускай мове.
У мэтах выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" да 1 верасня 2010 года будуць прыведзены ў адпаведнасць з законам нарматыўныя прававыя акты, сярод якіх Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", у які будуць унесены адпаведныя змяненні і дапаўненні.
Намеснік Міністра К.С. Фарыно.
Памяць аб М. Пецюкевічу жыве ў сэрцах нашчадкаў
У апошнюю суботу верасня ў Таварыстве Беларускай Культуры адбылася надзвычай цікавая імпрэза: прэзентацыя дзвюх кніг, адна запланаваная яшчэ летась Мар'яна Пецюкевіча "Маё падарожжа ў Рым", другая маладэчанскага краязнаўцы, бібліяфіла Міхася Казлоўскага "Нашчадак крывічоў" партрэт слыннага беларускага патрыёта Адольфа Клімовіча. Так атрымалася, што 2008 год у Літве аб'яўлены годам чытання, таму на імпрэзу ў ТБК завіталі і вучні віленскай беларускай школы імя Фр. Скарыны, а частка вучняў у гэты дзень наведала Пікелішкі, вёску, у якой бываў да арышту Мар'ян Пецюкевіч. Выдавецкая дзейнасць таварыства пачалася з выхаду ў свет першай кнігі ў пасляваеннай Літве М. Пецюкевіча "У пошуках зачараваных скарбаў", пазней выйшлі іншыя, у тым ліку і "Трагічныя ніткі лёсу беларускага патрыёта", да якой спрычыніліся і дзве мае вучаніцы, якія разам з мамай часта бывалі на розных імпрэзах у ТБК. "Маё падарожжа ў Рым" вельмі цікавае, змястоўнае, памастацку апісанае вандраванне па "вечным горадзе", гэта кнігаэсэ, у ёй шмат увагі надаецца святарам беларускага паходжання, лёс якіх закінуў у далёкую Італію, як у ХVI стагоддзі Францішка Скарыну, якія пакінулі пасля сябе багатую духоўную спадчыну для нашчадкаў. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі, якія выйшлі ў апошнія гады. На імпрэзу прыехалі ганаровыя госці з Італіі дачка М. Пецюкевіча Марыля, дзякуючы яе матэрыяльнай і маральнай дапамозе выйшлі кнігі бацькі, цяпер імі могуць карыстацца даследчыкі духоўнай спадчыны этнографа, дый жыццё яго трагічнае, а апошнія гады шчаслівае, калі меў магчымасць цешыцца сваімі дочкамі і ўнучачкамі, якіх вельмі любіў, заслугоўвае павагі. Сваю дачку Марылю ён называў Марылька ва ўсіх лістах і ў кнізе "Маё падарожжа ў Рым", і Марылька апошнія гады пільна займаецца спадчынай дарагога і вельмі любімага бацькі. На імпрэзе яе ўспаміны былі самымі цікавымі, да яе было найбольш пытанняў, яна паспела малечай перажыць высылку бацькі ў Варкуту, дзе ён адбываў пакаранне за беларускасць, яна запісала ўспаміны бацькі падчас яго вандроўкі ў Рым, жывы голас гучаў на імпрэзе, вельмі ўразліва, асабліва для моладзі. Мы яго праслухаем яшчэ не раз, бо ў 2009 годзе будзем у Вільні адзначаць юбілей Віленскай беларускай гімназіі, у якой меў гонар вучыцца і Мар'ян Пецюкевіч. Уладзімір Пецюкевіч, племяннік Мар'яна Пецюкевіча, з жонкай Аксанай прыехалі на прэзентацыю з Менска, паэтпесеннік Ул. Пецюкевіч гаварыў аб ролі дзядзькі у яго творчасці, прачытаў верш, прысвечаны першай сустрэчы з Марыляй у Вільні, на верш напісаў музыку кампазітар Дз. Даўгалёў, песня прагучала на нашай імпрэзе. Вядомая даследчыца з Польшчы Алена Глагоўская спрычынілася да выхаду кніжак М. Пецюкевіча ў Беластоку, яна таксама выступіла ў таварыстве, прачытала некалькі вершаў паэтаў з Беласточчыны, прысвечаных М. Пецюкевічу. Шчаслівы бацька, у якога такая дачка, як спадарыня Марыля, таму і памяць аб Вялікім патрыёце Бацькаўшчыны жыве ў сэрцах нашчадкаў. Ён прыклад,як трэба любіць Беларусь.
Наступны выступоўца, аўтар кнігі пра паплечніка, сучасніка М. Пецюкевіча Адольфа Клімовіча Міхась Казлоўскі, выступленне якога прысутныя чакалі, гэтым разам адбылася прэзентацыя ў ТБК ягонай другой кніжкі. Постаць А. Клімовіча вядомая беларусам Вільні, кніга цікавая глыбокім даследаваннем, вяртаннем да шырокага кола чытачоў постаці яшчэ аднаго беларускага патрыёта, жыццё і лёс якога звязаны з Вільняй. Беларусывіленчукі ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі, прэзентацыя якіх адбылася ў таварыстве. У планах дзейнасці ТБК не толькі выдавецкая дзейнасць, але і прэзентацыя з удзелам аўтараў і даследчыкаў. Жыве памяць продкаў! Жыве Беларусь!
Леакадзія Мілаш, г. Вільня, 30 верасня 2008 г.
Па слядах Мар'яна Пецюкевіча
29-30 верасня 2008 г. сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве разам з дачкой слыннага этнографа і беларускага дзеяча ў Заходняй Беларусі і Польшчы, малавядомага на сваёй бацькаўшчыне Мар'яна Пецюкевіча Марыляй наведалі яго родныя мясціны. Мэта вандроўкі - не толькі ўшанаванне памяці слыннага сына беларускай зямлі, але і спроба вяртання яго імя ў Беларусь.
Раніцай, у панядзелак 29 верасня 2008 г., мы з Вільні накіраваліся ў чарговае падарожжа. Марыля Пецюкевіч, якая першы раз у сваім жыцці была ў Беларусі, захаплялася хараством маляўнічых беларускіх пейзажаў і не хавала задавальнення ад таго, што ёй пашчасціла ўбачыць беларускую вёску практычна такой, якой памятаў яе бацька.
Першым месцам, якое мы наведалі, стаў Браслаў, дзе завіталі ў краязнаўчы музей, ад якога Марылька не менш уражана, і ў які перадала некалькі асабістых дакументаў Мар'яна Пецюкевіча. А ў яго экспазіцыях пабачыла матэрыялы прысвечаныя і свайму бацьку. Тут таксама даведалася і аб гісторыі Браслава і ваколіц з сівой даўніны каменнага веку і да нашых дзён. Экскурсію правёў супрацоўнік музея Александр Панцялейка.
Думаю, самым хвалюючым і запамінальным момантам для спадарыні Марыі было наведванне роднай вёскі бацькі Цяцерак. Там ёй давялося сустрэць людзей, якія не толькі яго памяталі, ці нешта чулі аб такім чалавеку, але змаглі падзяліцца і ўспамінамі. А на вясковых могілках у Барадзенічах, дзе між іншым спачываюць продкі сямейства Пецюкевічаў, убачылі некалькі надпісаў на надмагільных помніках і на беларускай мове. І тут уразіў такі момант, што большасць з іх зроблена апошнім часам, пасля 2000 г. Значыць, для Беларусі яшчэ не ўсё страчана, усведамленне таго, што і беларусы маюць права на сваю мову не толькі ў хатнім абіходзе, але значна шырэй, павялічваецца.
Праязджаючы праз Шаркаўшчыну, сваім святым абавязкам палічылі наведваньне магілы патрыёта Беларусі ксяндза Зянона Якуця, які шмат цярпеў ад польскіх уладаў за сваю беларускую дзейнасць у Шаркаўшчынскім парафіяльным касцёле. Памёр, маючы толькі 30 год. Зараз спачывае ў сваёй Беларускай зямлі і прабывае ў Нябеснай бацькаўшчыне, дзе яму ўжо больш ніхто не замінае быць беларусам.
Як заўжды, надзвычай цёпла і гасцінна прыняла нас у Германавічах у сваім музеі Ада Райчонак. Аб гэтай жанчыне і аб яе дзейнасці можна расказваць і расказваць. Гэта яна ў гэтай вёсцы (былым мястэчку) стварыла тры музеі. Гэта дзякуючы толькі ёй у Шаркаўшчынскім раёне праводзіцца вялізарная праца па захаванні беларускасці. Яна была адной з першых, хто стаяў ля вытокаў вяртання імя Язэпа Драздовіча ў беларускую культуру і стала адным са збіральнікаў і захавальнікаў яго спадчыны. Гэта яна арганізоўвае кожны год мастацкія плянэры. І вось яна стварыла ў звычайнай вёсцы мастацкую галярэю, на жаль, яшчэ не запатрабаваную вяскоўцамі. Тут жа мы сустрэліся і з другім вядомым краязнаўцам Кліменціем Кажаном, які вядомы сваімі краязнаўчымі працамі па гісторыі Шаркаўшчынскага рэгіёна.
На начлег мы спыніліся ў маіх бацькоў у в. Зорка, дзе яшчэ доўгі час дзяліліся ўражаннямі ад пройдзенага дня і складалі планы на будучы дзень, у які працягвалася нашае знаёмства з рэгіёнам, а Марылі з Беларуссю. Наведваючы розныя мясціны і іх насельнікаў, мы пакідалі там кнігі Мар'яна Пецюкевіча з тым, каб людзі змаглі пазнаёміцца з гэтай шматграннай асобай, непахісным патрыётам Бацькаўшчыны.
І напрыканцы важна адзначыць, што праязджаючы па Браслаўшчыне і Шаркаўшчыне, мы заўважылі, што вёска дадзеных рэгіёнаў яшчэ захавала немала элементаў з пачатку ХХ стагоддзя, а ў некаторых месцах і значна старэйшых. Таму, хацелася б, каб даследчыкі жыцця і светапогляду беларусаў звярнулі на гэта ўвагу і змаглі б зафіксаваць тое што засталося для будучых пакаленняў, бо ўжо хутка, год праз дваццаць, нічога гэтага не будзе. Стаяць і развальваюцца старыя дамкі з гаспадарчымі пабудовамі, паміраюць старажылы, сведкі прабеглага часу, які замяніў продкавыя дні з архаічнай патрыярхальнай вёскай, на сучасную, матэрыяльную, без мовы і традыцый мітусьню...
Алесь Адамковіч, Вільня, кастрычнік 2008.
"Краіна здароўя" Магілёўскага ТБМ
Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 21 верасня правяла культурнаспартыўнае мерапрыемства "Краіна здароўя", прымеркаванае да года здароўя, аб'яўленага сёлета ў Беларусі. Падчас вандроўкі па Краіне здароўя госці свята змаглі не толькі прыняць актыўны ўдзел у конкурсах і забавах, але і бліжэй пазнаёміцца з культурай паўночнаамерыканскіх індзейцаў і сярэднявечных рыцараў.
Бадай, найпершае, на што звярталі ўвагу прысутныя, было святочнае афармленне пляцоўкі, у якім вылучаліся некалькі банераў, на якіх, акрамя прывітання гасцям і прэзентацыі свята, былі паказаны маршруты шэрагу сёлетніх вандровак Магілёўскай суполкі ТБМ. Таксама кожны з удзельнікаў свята мог атрымаць налепку з сімволікай ТБМ і буклет, які даваў больш поўнае ўяўленне пра дзейнасць Магілёўскага ТБМ, а таксама знаёміў з бліжэйшымі планамі арганізацыі.
"Каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць", словы з вядомай песні гурта NRM сталі адпраўной кропкай, стартам падарожжа па далёкіх краінах… Дарэчы, на працягу гэтай імправізаванай вандроўкі яе ўдзельнікаў натхняла жывая этнамузыка.
Першы прыпынак быў зроблены ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, старэйшына племені якіх, Алег Мяцеліца, паказаў прысутным жытло тамтэйшых жыхароў - ціпі, а таксама правёў традыцыйныя індзейскія спаборніцтвы "Пяро" і "Каноэ".
Наступны прыпынак быў зроблены ў Сярэднявеччы, на землях Вялікага Княства Літоўскага. Безумоўна, галоўнымі героямі тут сталі рыцары - ліцьвіны і крыжакітампліеры, якія прывялі некалькі паказальных баёў. Акрамя гэтага, кожны з гасцей свята мог праверыць свой спрыт у спаборніцтве "Лівонская забава" альбо павадзіць сярэднявечны карагод.
Нарэшце, трэці і апошні прыпынак быў зроблены ў сучаснай Беларусі, дзе спорт надзвычай папулярны незалежна ад пары года. Менавіта таму прысутным было прапанавана прыняць удзел у "Прышпільнай эстафеце", якая складалася - адпаведна порам года - з чатырох этапаў. На іх працягу удзельнікі… збіралі грыбы, хадзілі на лыжах, пераапраналіся і нават спявалі - адным словам, бавілі час з карысцю не толькі для цела, але і для душы.
Такім чынам, кожны з прыпынкаў вандроўкі па краіне здароўя быў пасвойму цікавы і займальны, але ўсе яны разам узятыя выконвалі агульную мэту - паказаць Таварыства беларускай мовы як культурніцкую арганізацыю, якая імкнецца пашырыць сферу выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве, аднавіць стаўленне да роднай мовы як да нацыянальнай святыні. Гэта і падкрэсліў у заключным слове старшыня Магілёўскай гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, які таксама шчыра павіншаваў усіх удзельнікаў і гасцей свята.
Што ж, размаўляць пабеларуску, адрадзіць у сабе беларускасць гэта зусім не цяжка, не сорамна, а надзвычай узнёсла і патрыятычна. У гэтым пераконваюць наступныя словы, пачутыя ў тралейбусе ад незнаёмага магілёўца падчас вяртання са свята: "Выбачайце, але вельмі прыемна, калі чуеш, што ў Беларусі размаўляюць пабеларуску". Далучайцеся да дзейнасці ТБМ, выбірайце беларушчыну!
Юрась Каласоўскі, Магілёў.