Папярэдняя старонка: 2008

№ 44 (883) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 44 (883) 29 КАСТРЫЧНІКА 2008 г.

Х з'езд ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

ў Менску у канфэрэнц-зале Палаца мастацтва адбыўся Х з'езд Таварыства беларус-кай мовы імя Францішка Ска-рыны. На з'езд было абрана 145 дэлегатаў, прысутнічала 105 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія прадстаўлялі 5 393 сяброў арганізацыі. Ад Берасцейскай вобласці было 5 чалавек, ад Гарадзенскай - 7, ад Гомельскай - 2, ад Віцебскай - 15, ад Магілёўскай - 7, ад Менскай - 7, ад горада Менска - 21, ад рэспубліканскай Рады і Рэвізійнай камісіі - 41 чалавек.

Прысутнічалі 23 госці ад палітычных партый, грамадскіх арганізацый Беларусі, ад дыпламатычнага корпуса.

Удзельнікаў з'езду прывіталі пробашч Чырвонага касцёл ксёндз-магістр Ўладзіслаў Завальнюк, старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, Старшыня ПБНФ Лявон Баршчэўскі, ад дыпламатычнага корпусу - амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Былі зачытаны прывітанні ад беларусаў Канады, ад Вольгі Іпатавай, Марыі Сафро і інш.

Са справаздачным дакладам выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Поўны тэкст даклада Алега Трусава друкуецца на 2-3 старонках.

Са справаздачамі выступілі ўсе тры намеснікі старшыні: Людміла Дзіцэвіч, Алена Анісім і Сяргей Кручкоў, а таксама старшыня Рэвізійнай камісіі Мікола Лавіцкі і рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік. Між дэлегатамі ўзнікла пэўная палеміка пра змест працы сяброў Таварыства. Так, некаторыя арганізацыі займаюцца зборам подпісаў за змены савецкіх назваў вуліцаў на старажытныя, наданне ім імёнаў выбітных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Старшыня рады г. Полацка Валянціна Крук прапанавала адкласці гэта і засяродзіцца на асветніцка-культурніцкай працы. Яна сказала, што паслухаць Ніла Гілевіча ў шмат разоў важней, чым сабраць 100 подпісаў за перай-менаванне вуліцы. Шмат наракалі на перашкоды з боку ўладаў. На што вельмі цікавую рэпліку сказаў Алег Дзячкоў, старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ: "Нашай арганізацыі перашкаджае не дзяржава, а перад усім - уласная лянота і неарганізаванасць. Калі захочам - у нас усё атрымаецца".

Абмежаваны час не дазволіў выступіць усім ахвочым, але ўсе выступы, агучаныя і неагучаныя, будуць надрукаваны ў газеце "Наша слова". Фактычна з'ездаўская дыскусія будзе працягвацца яшчэ на працягу месяца.

З'езд абраў старшыню ТБМ і чатырох намеснікаў.

Старшынём ТБМ ізноў абраны Алег Трусаў.

Першым намеснікам абрана Людміла Дзіцэвіч.

Намеснікамі старшыні абраныя Алена Анісім, Ірына Марачкіна і Дзяніс Тушынскі.

Абрана Рада ў складзе 54 чалавек.

З'езд абраў Рэвізійную камісію ў складзе 5 чалавек. Старшынёй камісіі абрана Леанарда Мухіна.

З'езд абраў рэдактарам газеты "Наша слова" Станіслава Судніка.

З'езд прыняў некалькі рэзалюцыяў. У прыватнасці, зварот да ўладаў аб неабходнасці ўдасканалення Закону аб мовах, зварот да грамадзян Беларусі ў сувязі з перапісам насельніцтва, які мае быць праз год - прамятаць, што яны беларусы, і называць пад час перапісу роднай мовай беларускую. А таксама Зварот з нагоды 600-годдзя Грунвальдскай бітвы ў 2010 годзе з заклікам да кіраўніцтва краіны і грамадскіх арганізацый пачынаць падрыхтоўку да святкавання.

Рада ТБМ, якая адбылася пасля з'езду прыняла Рашэнне аб святкаванні 20-годдзя ТБМ у 1989 годзе, зацвердзіла склад Сакратарыяту ТБМ і рэдакцыйную калегію "Нашага слова". Рада ТБМ даручыла Сакратарыяту зацвердзіць рабочую групу па заснаванні яшчэ адной выдавецкай структуры ТБМ.

Чарговае паседжанне Рады адбудзецца ў студзені 2009 года. Студзенская Рада зацвердзіць план работы Таварыства на 2009 год, таму сябры ТБМ маюць час, каб падаць у Сакратарыят свае прапановы ў план работы.

Х з'езд ТБМ прадэманстраваў волю і сілу арганізацыі да далейшага змагання за найвялікшую святыню беларускага народа - яго мову.

Х з'езд у параўнанні з папярэднім выглядаў больш маладым. Не гледзечы на тое, што многія дэлегаты пастарэлі, прыехала шмат новых, маладых сяброў ТБМ, у першую чаргу з Магілёва. А самымі маладымі дэлегатамі былі навучэнцы Лідскага каледжа Кірыл Сыцько і Наталля Шышкіна.

З'езд прайшоў, але відавочна, што вялікіх зменаў у стратэгіі і тактыцы ТБМ не адбудзецца. Будзе працягнута зацятае змаганне за кожнае слова, за кожну шыльду, за кожны клас. Іншага не дадзена.

Яраслаў Грынкевіч.


Тэкст прывітання ад Згуртавання беларусаў Канады з нагоды Х з'езду ТБМ

Згуртаванне беларусаў Канады шчыра вітае ўдзельнікаў Х з'езду ТБМ.

Мы жывём далёка ад Радзімы, але любім і шануем нашу спракаветную, багатую і гожую мову, якая не дала нашаму народу расцярушыцца сярод суседзяў і праз усю больш чым тысячагадовую гісторыю захавала яго культурныя скарбы.

Нашымі сэрцамі мы заўсёды з вамі, дарагія суайчыннікі, і тут, у Канадзе, мы, як і нашыя папярэднікі, сведчым аб тым, што жыве і будзе жыць наша родная Беларусь, якую мы разам з вамі зробім па-сапраўднаму свабоднай і дэмакратычнай!

Галоўная Управа Згуртавання беларусаў Канады. Старшыня ЗБК Зміцер Эльяшэвіч.


Вітальнае слова ксендза-магістра Ўладзіслава Завальнюка да Х з'езду ТБМ

Хвала Ісусу Хрысту!

Шаноўнае Спадарства! Сёстры і браты!

Радасцю поўняцца нашы сэрцы, бо з ласкі Божай мы зноў сустракаемся не проста так, а менавіта ў імя нашых бацькоў і продкаў іх духа. Бо што такое мова? Мова гэта душа народа, яго дух. А Таварыства беларускай мовы гэта бачнае ўвасабленне таго ж народа, гісторыі яго, спадзяванняў і глыбокай веры як у Госпада Бога, так і ў будучае мовы. Бо жыве мова жыве народ.

Сваёй плённай працай па пашырэнні роднага слова ў жыцці краіны мы радуем душы нашых продкаў, якія бераглі мову, данеслі да нас яе, і многія цярпелі страшныя пакуты. А цяпер з вечнасці абуджаюць у нас свядомасць, разуменне, клопат, моляцца. I мы сёння гэта добра адчуваем.

Тое, што робіць сёння Таварыства беларускай мовы, справа святая, бо гэта ўсё ў імя нашай Бацькаўшчыны, роднай Беларусі.

Дазвольце нагадаць, што набліжаецца вялікае свята Усіх Святых 1 лістапада, субота, і Дзень памяці памерлых Дзяды, 2 лістапада, нядзеля.

Ведайце, што ў гэтыя дні ва ўсіх хрысціянскіх храмах Беларусі адбудуцца набажэнствы памяці. Паколькі я святар і знаходжуся сёння з вамі, хачу паведаміць, што ў нашым касцёле св. Сымона і св. Алены 2 лістапада ў 17 00 адслужыцца жалобнае набажэнства па ўсіх памерлых, вашых родных і блізкіх. Памятайце гэта, запрашаю ў наш храм.

А з'езду Таварыства беларускай мовы жадаю плёну ў працы, у вырашэнні актуальных пытанняў.

Няхай вам дапамагае Гасподзь Бог.


Справаздача

Старшыні ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Алега Трусава "Аб дзейнасці ТБМ за 2006-2008 гады"

Шаноўнае спадарства!

Мінулыя гады для нас былі надзвычай няпростыя. 2006-ы быў годам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, у ходзе якой дзесяткі сяброў ТБМ пацярпелі як актыўныя ўдзельнікі гэтага палітычнага пра-цэсу. Шмат людзей адбылі суровае пакаранне, атрымалі штрафы, былі звольненыя з працы альбо мусілі пакінуць месца вучобы, паехаць за мяжу, каб там прадоўжыць сваё навучанне.

У жніўні 2006 года Міністэрства адукацыя перавяло выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах з рускай мовай навучання з беларускай мовы на рускую, а крыху пазней з Адукацыйных стан-дартаў ВНУ была выдалена беларуская мова як абавязковы прадмет навучання.

Аднак ТБМ не склала крылы і дабілася амаль не-магчымага. У ВНУ захаваны абавязковы курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка", а гісторыю і геаграфію у рускамоўных школах са згоды баць-коў, вучняў і настаўнікаў зноў можна выкладаць па-беларуску.

Напрыканцы жніўня 2006 года ўлады абвясцілі аб будучых зменах у беларускім правапісе, для абмеркавання ў грамадстве па гэтым пытанні не прапанавалі. Дзякуючы намаганням ТБМ адбылося ў нашай сядзібе абмеркаванне гэтага закона. Прапанаваныя дадаткі і заўвагі былі накіраваныя ў Адукацыйную камісію Палаты прадстаўнікоў.

Некаторыя з іх заўваг былі ўлічаны, і апошняя версія Закона стала больш прыдатная для карыстання.

Былі ўнесены пэўныя змены ў Статут ТБМ, у выніку якіх кожная арганізацыя ТБМ, што стаіць на ўліку ў мясцовых органах улады, можа зарэгістраваць сваю выдавецкую структуру. Гэта ўжо зрабілі Лідская і Менская гарадскія арганізацыі. Дзякуючы гэтаму існуе Выдавецкі дом у Лідзе і выходзіць газета "Новы час", якая мае змястоўны штомесяч-ны дадатак "Літаратурная Беларусь" Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вельмі важныя для нас і новыя версіі пунктаў 3.8. і 3.9. нашага Статута.

3.8. Суполкі могуць аб'ядноўвацца ў раённыя (гарадскія) арганізацыі.

3.9. Раённыя (гарадскія) арганізацыі ТБМ ствараюцца пры наяўнасці не менш дзвюх суполак або 10 сяброў ТБМ. У гарадах з раённым дзялен-нем гарадскія арганізацыі ТБМ ствараюцца пры наяўнасці не менш дзвюх раённых арганізацый або 50 сяброў ТБМ.

Паводле гэтага пункту дастаткова мець 10 сяброў на тэрыторыі раёна ці горада, а ў абласных цэнтрах і Бабруйску - 50 сяброў або дзве раённыя арганізацыі, каб стаць на ўлік у мясцовых органах улады.

Каб крочыць у нагу з часам мы стварылі новы сайт ТБМ, захаваўшы пры гэтым стары, на якім выстаўлены Статут у новай рэдакцыі і з ім можа пазнаёміцца кожны ахвочы.

Уся інфармаваная Беларусь чакала новага незалеж-нага тэлевізійнага спадарожнікавага беларускамоўнага ка-нала "Белсат", які, нарэшце, пачаў сваё вяшчанне 10 снежня 2007 года. Гэты канал адбыўся з ініцыятывы ТБМ і канкрэтнай працы намесніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова. А пачыналася ўсе, як вы памятаеце, яшчэ напрыканцы 90-х, калі гэтая ідэя была закладзеная ў Стратэгіі развіцця беларус-кай мовы ў XXI стагоддзі. І праз гады яна, дзякаваць Богу, была рэалізаваная.

Што да канкрэтных планаў нашай штодзённай працы, то не буду на іх спыняцца падрабязна. З газеты "Наша слова" вы ведаеце, як шмат увагі надаецца гістарычным датам, юбілеям нашых сяброў, у тым ліку і тым, якія не прнадугледжваліся ў штогадовых планах працы.

Дзякуючы нашым намаганням, у краіне даволі шырока, канкрэтнымі справамі адзначылі 450-гадовы юбілей Льва Сапегі. Мясцовыя ўлады Ліды афіцыйна дазволілі гарадской арганізацыі ТБМ адзначаць юбілей выдатнага беларускага дзеяча XVI-XVII стст. У мястэчку Астроўна, што ў Бешанковіцкім раёне на Віцебшчыне, устаноўлены памятны знак у гонар Сапегі. Другі памятны знак мясцовая ўлада ўсталявала ў Ружанах на Берасцейшчыне, дзе Сапегі мелі свой замак і палац. Вядуцца перамовы аб паскарэнні вырабу помніка Сапегу ў Слоніме. Вуліцы ў гонар Сапегі з'явіліся ў Мінску і Ружанах.

У жніўні 2007 года споўнілася 90 год аднаму з заснавальнікаў ТБМ, народнаму пісьменніку Янку Брылю. Мы выпусцілі з гэтай нагоды, кішэнны каляндарык. Дзякуючы нашай ініцыятыве ў Менску з'явілася вуліца ў яго гонар, а на доме, дзе жыў знакаміты пісьменнік - адноўлена шыль-да. Міністэрства сувязі па нашай просьбе выдала канверты з выявамі Янкі Брыля, Янкі Купалы, Якуба Коласа, а так-сама з выявамі купалаўскага і коласаўскага музеяў.

Да 120-годдзя Алеся Гаруна выдадзены кішэнны каляндарык, у Менску з'явілася вуліца імя пісьменніка. Таксама падтрыманая ўладамі ініцыятыва ТБМ аб наданні адной з вуліц сталіцы імя Напалеона Орды да ягонага 200-годдзя, быў выдадзены канверт і адпаведная марка.

З нашай ініцыятывы сабраныя тысячы подпісаў грамадзян, дзякуючы якім з'явіўся прэзідэнцкі дэкрэт аб святкаванні 125-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Да 200-х угодкаў В. Дуніна-Марцінкевіча, якія адбыліся 4 лютага 2008 года, мы падрыхтавалі і выдалі кішэнны каляндар на 2008 год. Па нашай прапанове ўлады выдалі паштовую марку і адмысловы канверт з выявай класіка беларускай літаратуры. Да пачатку гэтага навучальнага года з нагоды 220-угодкаў Івана Насовіча пабачыў свет кішэнны каляндарык ТБМ, прысвечаны аўтару першага слоўніка беларускай мовы.

Быў адноўлены выпуск адрыўнога беларускамоўнага календара "Родны край" на 2009 г. Ён паступіў у продаж у верасні месяцы.

Нам удалося разам з ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюзам беларускіх пісьменнікаў дабіц-ца таго, што новы храм, які зараз будуецца ў Кобрыне, не будзе прысвечаны Аляксандру Сувораву, чалавеку, які меў непасрэднае дачыненне да аку-пацыі Беларусі Расійскай імперыяй ў 18 ст.

Можна сказаць, што мы працуем у адным звязку з пісьменнікамі. Літаратары, сябры ТБМ, па запрашэнні рэгіянальных структур Таварыства часта выступаюць у чытацкіх аўдыторыях краіны. У цяжкія для Саюза пісьменнікаў часіны Таварыства заўсёды падтрымлівае СПБ. Мы білі трывогу, калі навісла пагроза над пісьменніцкай бібліятэкай. Была прынятая заява Сакратарыяту "Унікальнаму кнігазбору пагражае небяспека". А калі паўстала неабходнасць захаваць гэтую бібліятэку, намаганнямі Лід-скай гарадской арганізацыі ТБМ была дасягнутая дамоў-ленасць з мясцовай вертыкал-лю, якая прапанавала транспарт для перавозкі літаратуры і месца яе захавання ў адной з бібліятэк Ліды. Пакуль кніга-збор знаходзіцца ў Мінойтах. Напрыканцы 2007 года нашае супрацоўніцтва набыло новую форму. Як вы, напэўна, заўва-жылі, у "Нашым слове" з'яві-лася старонка "Беларусь лі-таратурная", якую рыхтуе Саюз пісьменнікаў. Было зроб-лена 2 выпускі гэтай рубрыкі. Зараз гэты дадатак рэгулярна друкуе "Новы час".

Дзякуючы нашым захадам, з'явіліся дзве цалкам беларускамоўныя радыёстанцыі "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і "Радыё Рацыя", загаварылі па-беларуску "Нямецкая хваля" і "Радыё Шве-цыі", пашырылася сфера выкарыстання беларускай мовы на транспарце, родная мова за-гучала ў трамваях, аўтобусах, тралейбусах і электрацягніках. Уся філатэлістычная прадукцыя суправаджаецца тэкстамі на беларускай мове.

Мы стараемся, наколькі гэта магчыма, заўважаць і падтрымліваць рупліўцаў беларускай мовы. Напрыклад, былі дасланыя падзячныя лісты прадпрыемствам, якія пачалі выкарыстоўваць роднае слова. Гэта розныя замежныя фірмы, беларускія прадпры-емствы: фабрыка "Камунарка", Чавускі масласырзавод, ААА "ПрадАктыў", ЗП "ІКАРТАЙМ" (за аздабленне кавы) і шмат каму яшчэ. Мы ўдзячныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое прыслу-хоўваецца і па магчымасці ўлічвае нашы прапановы па выпуску паштовай прадукцыі на беларускай мове. Шмат гадоў нам спрыяе Федэрацыя беларускіх прафсаюзаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якой мы маем магчымасць падпісаць шэраг школьных бібліятэк на "Наша слова", выпісаць іншыя беларускія выданні.

Жыццядзейнасць ТБМ, станоўчыя вынікі яго працы наўпрост звязаныя з пастаяннымі стасункамі ўнутры структуры - ад абласных арганізацый да кожнай суполкі і нават асобных сяброў - з іншымі грамадскімі арганізацыямі (ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, Ветэ-раны Адраджэння, партыя БНФ "Адраджэньне"), а так-сама з уладнымі структурамі рознага ўзроўню.

Зараз у базе дадзеных сядзібы ТБМ налічваецца 5393 сябра. З іх 2210 чалавек у Мінску. Тут найлепей працуюць сябры ТБМ Ленінскага, Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў. Сярод шматлікіх актывістаў варта адзначыць Чэчата, Лавіцкага, Вячорку, Казлоўскую, Галаўнёва, Ту-шынскага, Арлова, Содаля, Панізніка, Марачкіну і, вядома, кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі Алену Анісім.

Сярод абласных структур на першым месцы Гродзеншчына (854 сябры ТБМ), найперш нашы рэгіянальныя структуры ў Гродне і Лідзе. Вялікую справу робяць сп. Місцюкевіч, Пяткевіч, Крой, Суднік і Мельнік

Вельмі добра працуюць Віцебскія рэгіянальныя структуры на чале з Іосіфам Навумчыкам. Тут трэба адзначыць сп. Бабіча, Валянціну Крук, Рымшу, Рагойшу, Рудзенка, Сом, Валянціна Арлова, работу Віцебскай гарадской, Полацкай, Наваполацкай, Верхнядзвінскай, Глыбоцкай, Падсвільскай, Шаркаўшчынскай структураў ТБМ.

Зараз на Віцебшчыне 690 сяброў ТБМ.

У Мінскай вобласці налічваецца 593 сябра ТБМ. Тут, на жаль, назіраецца спад у дзейнасці. Вельмі слаба працуюць Маладзечанская гарадская і раённая структуры, распаліся Жодзінская і Стаўбцоўская арганізацыі. Але Са-лігорская, Слуцкая і Заслаўская арганізацыі і суполкі працуюць актыўна, таксама як і сябры ТБМ з Мядзельшчыны, Валожына, Мінскага раёна.

Брэсцкая вобласць мае 448 сяброў ТБМ. На жаль, тут не зарэгістравана абласная структура, амаль не працуюць Пінская і Брэсцкая гарадскія арганізацыі. Найлепей тут праяўляюць сябе сябры з Баранавіч (кіраўнік В. Сырыца), Пружанаў (сп. Жэгалава), Пінскага раёна (сп. Гук).

Гомельшчына мае 364 сябра ТБМ. Тут варта адзначыць працу асобных суполак Гомеля; Светлагорскую, Жыткавіцкую арганізацыі ТБМ; сп. Тэльмана Маслюкова, Анатоля Бароўскага, Людмілу Піскун і Анатоля Скрэчку.

Неабходна як мага хутчэй аднавіць працу Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ і паставіць яе на дзяржаўны ўлік.

На Магілёўшчыне дзе-йнічае толькі 150 сяброў ТБМ. Але іх праца надзвычай плённая, асабліва ў г. Магілёве (кіраўнік Алег Дзьячкоў). Гарадская арганізацыя ТБМ выдала прыгожы насценны каляндар пад загалоўкам "Яны ўславілі наш край" з партрэтамі братоў Гарэцкіх, Аркадзя Смоліча, Спірыдона Собаля, Валянціна Ермаловіча, Міхася Ткачова і іншых славутых магілёўцаў. У гістарычнай частцы г. Магілёва над савец-кімі назвамі вуліц, напісанымі па-руску, з'явіліся беларуска-моўныя з густам аформленыя былыя назвы вуліц, якія існавалі ў Магілёве ў ХІХ ст. У Магілёве, таксама як і ў Гародні, вядзецца актыўная праца з бацькамі і настаўнікамі па стварэнні беларускамоўных класаў у школах і групаў у дзіцячых садках.

Таксама трэба адзначыць працу сп. Клімуця, Шкір-манкова, Барэль, Маліноў-скага і Грудзіны. Добра пра-цуюць тут Шклоўскія, Асіпо-віцкія і Бабруйскія суполкі ТБМ. Зараз наша задача - актывізаваць працу Горацкай суполкі ТБМ і аднавіць дзей-насць арганізацыі ў Бялынічах, Крычаве і Мсціславе.

У красавіку 2008 г. улады Беларусі падвысілі арэндную плату за офісы ТБМ у 10 (!) разоў. Такім чынам, існаванне нашай арганізацыі стала праблематычным. Мы мусілі адмовіцца ад аплаты сядзібы ТБМ у Салігорску і звярнуліся праз СМІ да грамадзян Беларусі за фінансавай дапамогай. Мы вельмі ўдзяч-ныя рэдакцыям газет "Наша Ніва, "Новы Час", "Беларусы і рынак", "Белгазета", "Народная Воля" за друкаванне на-шых зваротаў з нумарам на-шага банкаўскага рахунка. І людзі адгукнуліся, неслі і дасылалі свае ахвяраванні і складкі. Дзякуючы ім мы існу-ем у сённяшніх умовах і змаглі правесці з'езд. Аднак нашу працу па зборы фінансавых сродкаў трэба змяніць і максімальна актывізаваць. Каб нармальна існаваць і выдаваць "Наша слова" нам неабходна штомесяц мець на рахунку 5 млн. рублёў. Гэта значыць, што кожны сябар ТБМ павінен ахвяраваць на нашу дзейнасць 1000 рублёў у месяц. Грошы невялікія, але іх трэба збіраць і пераводзіць на наш рахунак да 20 чысла кожнага месяца. Я спадзяюся, што першымі да гэтай справы далучацца дэлегаты з'езда, тым больш што неабходныя паперы для гэтага яны атрымалі.

Цешыць тое, што ў ТБМ за апошнія гады ўступіла шмат моладзі. Гэта тыя, хто ў свае студэнцкія гады, нягледзячы на сітуацыю, што існуе ў краіне, зрабілі свой выбар на карысць Беларусі. У нашых шэрагах - усе навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які працуе на выхаванне беларускай эліты ХХІ ст. Шмат сяброў ТБМ сярод студэнтаў ЕГУ ў Вільні, БДУ (гістфак і філфак), нямала сяброў у Лінгвістычным універсітэце, Педагагічным універсітэце, іншых ВНУ Беларусі.

Бадай самай складанай і найважнейшай задачай ТБМ з'яўляецца праца па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з выкладаннем усіх прадметаў па-беларуску. Пад ціскам ТБМ Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла закон "Аб вышэйшай адукацыі", у 21 артыкуле якога замацавана права ствараць у кожнай ВНУ беларускамоўныя студэнцкія групы або плыні. Дзякуючы сабраным намі тысячам под-пісаў ва ўсіх ВНУ Беларусі застаецца вывучэнне беларускай мовы, а таксама застаюцца і кафедры беларускай мовы і літаратуры.

З 2003 года мы дамагаемся зменаў у Закон аб мовах, якія б "развязалі нам рукі" у працы па дасягненні рэальнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моў. Але пакуль гэтыя два словы: "і (або)" - будуць прапісаныя ў Законе, імі будуць карыстацца ўсе незычліўцы і лянівыя беларусы, якім аб ціха, абы вайны не было. Радуе тое, што нягледзячы на вычварны пераслед носьбітаў беларускай мовы, ёсць людзі, якія не баяцца ўступіць у барацьбу за сваё законнае права. Так, у 2007 г. сп. Алег Лабовіч з Бярозы, карыстаючыся нашымі рэкамендацыямі, дамогся адкрыцця беларускамоўнага класа.

Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб у Закон аб мовах былі ўнесены адпаведныя змены.

Балючае пытанне жыцця Таварыства - падпіска на "Наша слова". На працягу апошніх гадоў яна то сягала за 1000, то змяншалася. Было б добра, каб кожны чытач ці падпісчык "Нашага слова" здолеў падпісаць сам ці знайсці спонсара на яшчэ адзін нумар нашай газеты, асабліва для свайго сябра, знаёмага, сваяка або бліжэйшай школы ці бібліятэкі. Шмат зрабіла ў плане падпіскі Людміла Піскун з Мазыра, Алесь Місцюкевіч з Гародні і Алег Дзьячкоў з Магілёва. Зараз Магілёў па колькасці падпісчыкаў выйшаў на адно з першых месцаў у краіне.

За бескарыслівую валанцёрскую працу па распаўсюджванні "Нашага слова" мы выказваем шчырую ўдзячнасць Вользе Іпатавай, Наталлі Качаноўскай, Уладзіміру Содалю, Валерыю Грузнову, Міколе Галаўнёву, Міколе Лавіцкаму, Валянціне Крук, Віктару Сырыцу, удзельнікам нашага гістарычнага семінару, якія з задавальненнем дапамагалі нам у раздачы старых нумароў газеты, тым самым прапагандуючы яе сярод насельніцтва.

З нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння БНР ТБМ пры-няла актыўны ўдзел у напісанні першай Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Мера-прыемства было праведзена ў сакавіку ў розных гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў замежжы. У дыктоўцы бралі ўдзел дыпламаты з розных краінаў, якім мы, карыстаючыся нагодай, выказваем шчырую падзяку. Мы запрасілі на наш з'езд усіх гэтых паважаных людзей і рады вітаць іх у гэтай залі.

Спадзяюся, што напісанне ў сакавіку беларускай дыктоўкі стане штогадовай традыцыяй і ў ёй будуць браць удзел усё болей людзей.

У 2009 годзе адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва, і мы павінны нагадаць грамадзянам Беларусі аб іх роднай мове і мове што-дзённага ўжытку. Таму мы і прымаем зараз удзел у кампаніі "Будзьма беларусамі"

Ужо зараз трэба нага-дваць нашым людзям пра 600-я ўгодкі перамогі нашых прод-каў у 1410 годзе на Грунвальдскім полі. Мы павінны годна ўшанаваць гэтую дату.

Зараз на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць 110 рэгіянальных структур ТБМ, з іх 56 зарэгістраваныя. Разам нашы структуры налічваюць каля 6000 чалавек. Наша задача гэтую колькасць захаваць і павялічыць.

Пра фінансавую дзейнасць ТБМ раскажа сп. Мікола Лавіцкі, а я жадаю Вам усім плёну ў Вашай нялёгкай пра-цы. Жыве беларуская мова і жыве наша незалежная Беларусь!


Даклад

Рэвізійнай камісіі Х з'езду ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" 26 кастрычніка 2008 г.

ІХ з'ездам ГА "Тава-рыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" была абрана Рэві-зійная камісія ў наступным складзе:

- Мікола Лавіцкі,

- Наталля Качаноўская,

- Эрнэст Ялугін,

- Уладзімір Бордак,

- Леанарда Мухіна.

Камісія працавала згодна з патрабаваннямі Статута ТБМ. За справаздачны перыяд праведзена 7 пасяджэнняў, па якіх складаліся пратаколы. На пасяджэнні запрашаліся прадстаўнікі кіраўніцтва Таварыства. Аб усіх пасяджэннях і выніках даводзілася да ведама Сакратарыята ТБМ.

Рэвізійная камісія адзначае, што "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ажыццяўляла сваю дзейнасць у адпаведнасці Статуту і законаў Рэспублікі Беларусь.

За справаздачны перыяд у Рэвізійную камісію не паступалі заявы, лісты з прапановамі або скаргамі. Былі вусныя заўвагі аб невытрымліванні вызначанага і абвешчанага графіка работы сядзібы ТБМ. Камісія правяла адпаведныя праверкі, вынікі былі абмеркаваны на пасяджэнні камісіі (пратакол № 4, ад 5 красавіка 2007 г.). Заўвагі былі прызнаны справядлівымі. Аб гэтым было паведамлена старшыні Рады ТБМ.

Камісія трымала пад кантролем справаводства Рады і Сакратарыята, якое трэба прызнаць задавальняючым. У наяўнасці пратаколы ўсіх пасяджэнняў. У адпаведнасці з патрабаваннямі вядзецца праца з паступаючай і сыходзячай карэспандэнцыяй. Усе лісты разглядаюцца ў неабходны тэрмін і рэгіструюцца. Станоўча наладжаны кампутарны і графічны ўлік сяброў ТБМ. Прафесійна вядзецца бухгалтарскае справаводства. Паступаючыя грашовыя сродкі апрыходваюцца праз банк. Ахвяраванні, грашовыя ўнёскі рэгіструюцца у ведамасцях і прыдаюцца галоснасці праз газету "Наша слова". Камісія трымала пад кантролем фінансавагаспадарчую дзейнасць Рады ТБМ. Грашовыя сродкі расходваліся мэтазгодна. Гэтыя пытанні камісія разглядала двойчы (пратакол № 3, ад 26 лістапада 2006 г.; пратакол № 5, ад 10 кастрычніка 2007 г.). У сядзібе Таварыства было надзейна арганізавана захоўванне грашовых сродкаў і маёмасці.

Рада і Сакратарыят праводзілі работу планава. Усе пасяджэнні былі правамоцнымі, а рашэнні паўнамоцнымі. На большасці пасяджэнняў прысутнічалі прадстаўнікі Рэвізійнай камісіі. 26 жніўня была праведзеная праверка падатковай інспекцыяй за перыяд з 26.06.89 па 30.06.08 года. Былі выяўлены нязначныя адхіленні па выкананню Закона РБ "О подоходном налоге с физических лиц" от 21.12.91 года № 1327 - ХII (с изменениями и дополнениями).

Дазвольце давесці да Вашага ведама фінансавую справаздачу бухгалтэрыі за перыяд ад ІХ з'езда да Х з'езда (справаздача прыкладаецца).

Даклад зацверджаны на пасяджэнні Рэвізійнай камісіі пр. № 7, ад 16 кастрычніка 2008 г.

Выступіць з дакладам прапанавана старшыні камісіі.


Мартыралог ТБМ за 2006-2008 гг.

Валянцін Блакіт

Мітрапаліт Ізяслаў

Аркадзь Блінкоўскі

Віктар Роўда

Васіль Ліцьвінка

Янка Брыль

Генадзь Банкевіч

Ілья Сучкоў

Аляксандр Сільвановіч

Васіль Супрун

Гай Пікарда

Валеры Задаля

Тамара Грузнова

Леанід Драздоў

Віктар Сташчанюк

Мікола Сенька

Валянцін Рабцовіч

Анатоль Кірваль

Кастусь Акула

Ірына Казуліна

Аляксандра Содаль

Іна Данільчанка


Светлай памяці Іны Данільчанка

Наша суполка падышла да з'езду ТБМ у складзе 9-ці чалавек. Выбыла Іна Данільчанка.

Каля 12-ці гадоў яна адпрацавала ў Падсвільскай дзіцячай бібліятэцы. Вырасла да выразнага разумення нацыянальнага моўнага пытання, стала сябрам ТБМ, рупілася і шчыра ўдзельнічала ў розных патрыятычных мерапрыемствах.

У жніўні яна пераехала на радзіму ў Шаркаўшчыну. I там трагічна загінула сама распарадзілася сваім жыццём. Ёй толькі было 37 гадоў, і засталіся сіротамі дзецішкольнікі.

Мы разумеем, што гэта страшэнная нелагічнасць. Але як дайшоў чалавек да такога, як згубіў інтарэс да сцверджанага некалі Мікалаем Астроўскім паняцця, што "самае дарагое гэта жыццё"?

Пытанне гэтае не разглядаецца сёння людзьмі, якія па збегу неразумных акалічнасцяў вельмі настойліва дачыніліся ў апошні год да ейнага ціхага і складанага жыцця.

Ужо і сорак дзён прайшло ў нашым чэрствым, абыякавым свеце. Па Божаму Закону адблукала нябачная ейная душа між намі. I наўрад ці страпянуліся канкрэтныя душы тых, хто распачаў судовую справу з намерам высудзіць з даходаў жабрацкага памеру мільёны, хто вёў працэс даследвання і г.д.. У тым ліку ці страпянулася мужава душа думкай пра тое, з якім пачуццём чакалі ў бядзе бацьку дзеці, а ён і да сёняшняга дня не прыехаў.

Скруха павінна адступіць ад.нас, хто найлепшым чынам помніць Іну і веяьмі спачувае родным, і заклікае іх жыць з боскім сэнсам. Але баліць і гняце пытанне: чаму такая дарагая плата: не адзін, не пяць мільёнаў, а ЖЫЦЦЁ?

Марыя Баравік і іншыя сябры Падсвільскай суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.


Канферэнцыя Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ

19 кастрычніка 2008 года адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Магілёўскага ТБМ імя Францішка Скарыны, на якой быў прааналізаваны перыяд дзейнасці таварыства за апошнія тры гады, вызначаны прыярытэтныя кірункі далейшай дзейнасці, а таксама абраны новы кіраўнічы склад і дэлегаты на Х з'езд ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Пасля арганізацыйных фармальнасцяў справаздачу перад прысутнымі трымаў старшыня гарадской арганізацыі Алег Дзьячкоў: "Дарагія сябры, паплечнікі, шаноўная грамада! У наступным годзе Таварыству беларускай мовы спаўняецца 20 год. Ужо тры гады прайшло з апошняй справаздачнавыбарчай канферэнцыі Магілёўскага ТБМ. Якімі былі гэтыя тры гады?.."

Далей сп. Дзьячкоў звярнуў увагу на тое, што сёння, як і раней, застаюцца нявырашанымі некаторыя справы, якія ставяць пад пагрозу само існаванне Таварыства. Сярод гэтых спраў найпершай быў названы пошук памяшкання пад сядзібу ТБМ у Магілёве. Таксама не вырашаныя пытанні з усталяваннем памятнага знака на месцы смерці выбітнага беларускага пісьменніка, першага старшыні беларускага ўраду Цішкі Гартнага, мемарыяльнай шыльды на доме, у якім жыў выдатны руплівец беларушчыны Валянцін Ермаловіч. "Дык як тады мы працуем, калі не можам дагэтуль вырашыць гэтыя праблемы?" - задаў пытанне старшыня Магілёўскага ТБМ.

І ўсё ж, па словах А. Дзьячкова, робіцца нямала: вялікай папулярнасцю карыстаюцца вандроўкі, амаль два гады працуе сайт таварыства, выдаецца "Газэта Магілёўскага ТБМ", праводзяцца творчыя сустрэчы і вечарыны, разнастайныя акцыі… Усё гэта, безумоўна, сведчыць пра выкананне асноўнай задачы таварыства - пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, далучэнне грамадзян да нацыянальных вытокаў, да беларушчыны.

Напрыканцы справаздачы старшыня Магілёўскага ТБМ выказаў шчырую падзяку тым людзям, якія, складаючы ядро суполкі, штодня выконваюць вялікі аб'ём самай рознай працы ў межах дзейнасці Таварыства: Асмакоўскай Алене, Бацюкову Аляксею, Гаўрыленка Вользе, Дымкову Сяргею, Кавалёвай Алене, Каласоўскаму Юрасю…

Наступнай часткай канферэнцыі сталі выступленні сяброў і прыхільнікаў ТБМ па пытаннях дзейнасці арганізацыі. Прысутныя заслухалі выступы старшыні абласнога ТБМ Яраслава Клімуця, рэдактара "Газэты Магілёўскага ТБМ" Аляксея Бацюкова, гісторыка Ігара Пушкіна, пісьменніка Віктара Арцем'ева, вядомых дзеячаў дэмакратычнага руху Магілёва Віталя Васількова і Рыгора Костусева. Усё выступоўцы адзначылі плённую дзейнасць ТБМ у Магілёве за справаздачны перыяд, падкрэсліўшы вялікую ролю ў гэтым яго старшыні сп. А. Дзьячкова.

Сярод недахопаў у дзейнасці ТБМ былі адзначаны недастатковая арганізаванасць уліку сябраў суполкі, а таксама ўліку ахвяраванняў на дзейнасць Таварыства. Ігар Пушкін прапанаваў зрабіць аглядконкурс сярод беларускамоўных выкладчыкаў у Магілёве; пісаць лісты падзякі арганізацыям і ўстановам, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці беларускую мову; звярнуць самую пільную ўвагу на выкарыстанне беларускай мовы ў гарадской рэкламе, афішах гарадскіх і абласных мерапрыемстваў.

У выніку прысутнымі была прынята прапанова Яраслава Клімуця ацаніць працу Магілёўскага ТБМ за справаздачны перыяд як станоўчую з адзнакай "добра", а таксама наступныя тэзісы паводле заслуханых высупленняў:

узмацніць арганізацыйную працу па пашырэнні шэрагаў ТБМ;

распрацаваць шэраг мерапрыемстваў па адзначэнні 20-годдзя ТБМ;

працягваць працу па ўкараненні беларускай мовы ў грамадскае жыццё;

удасканаліць работу рэвізійнай камісіі.

У заключнай частцы канферэнцыі адбыліся выбары кіруючага складу гарадской арганізацыі Магілёўскага ТБМ. У іх выніку Алег Дзьячкоў на безальтэрнатыўнай аснове быў пераабраны на новы тэрмін, а ў склад Рады суполкі ўвайшлі дзевяць чалавек: Алег Дзьячкоў, Алена Кавалёва, Алена Асмакоўская, Аляксей Бацюкоў, Яраслаў Клімуць, Вольга Гаўрыленка, Юрась Каласоўскі, Сяргей Дымкоў (яшчэ адно месца зарэзервавана за прадстаўніком клубу "Чароўны ўспамін"). Таксама была выбрана рэвізійная камісія (старшыня Руслана Уласенка).

Дэлегатамі на Х з'езд ТБМ у Менск 26 кастрычніка, былі абраны Алег Дзьячкоў, Алена Асмакоўская і Руслана Уласенка. Акрамя таго, была прынята прапанова Ігара Пушкіна вылучыць А. Дзьячкова кандыдатам у склад Рэспубліканскай Рады ТБМ.

Канферэнцыя, якая сабрала каля 40 сябраў і прыхільнікаў ТБМ ва ўтульнай і багата аздобленай банерамі ТБМ зале, скончылася песняй "Мой родны кут" у выкананні Р. Уласенкі.

Зычым усім плённай дзейнасці на ніве беларушчыны ў шэрагах ТБМ!

Юрась Каласоўскі.


Пакутны век працягваецца...

Няшмат часу прайшло пасля выхаду ў свет цікавай трылогіі вядомага беларускага пісдьменніка, публіцыста, грамадскага дзеяча і патрыёта нашай Бацькаўшчыны Васіля Якавенкі.

Шчыра кажучы, не часта даводзіцца сустракацца з такім праўдзівым, глыбока асэнсаваным творам, у якім паўстаў шырокі спектр персанажаў: ад шалёных дыктатараў, да выдатных дзеячоў навукі і літаратуры, такіх як Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Барыс Кіт і іншыя.

На прыкладзе адной сялянскай сям'і Пісарчукоў пісьменнік распавядае пра трагедыю станаўлення беларусаў як нацыі пад уладамі і Пілсудскай Польшчы, і вар'яцкага расейскага бальшавізму, і ў час акупацыі Беларусі родных ім па духу ў адносінах да беларусаў нямецкафашысцкіх захопнікаў. Нельга без хвалявання чытаць гэтую трылогію!

І вось я трымаю ў руках новую, выдадзеную выдавецтвам ГА "Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз" Чарнобыль" кнігу пісьменніка пад інтрыгуючай назвай "Нячывелле". Кніга багата ілюстравана, у цвёрдым пераплёце, наклад яе - 400 асобнікаў.

У гэтай кнізе, складзенай з літаратурна-публіцыс-тычных твораў, Васіль Якавенка ўдала пракідвае масток ад падзей "Пакутнага веку" у наш сённяшні час. У першым раздзеле кнігі - апавяданні, нарысы, інтэрвію, публіцыстычныя артыкулы з канца 80х гадоў да нашых дзён, у другім раздзеле - хроніка перабудовачнаадраджэнцкага часу: пратаколы, звароты БНФ, публіцыстычна - мастацкія творы.

Мне, як сучасніку падзей канца 80х і 90х гадоў мінулага стагоддзя, цікава было азнаёміцца, як гэтыя падзеі перадюцца ў светапоглядах аўтара.

Незвычайная сама назва кнігі Васіля Якавенкі слова "нячывелле" да выхаду кнігі было вядома толькі беларускім мовазнаўцам.

Напаўзабытае беларускае слова "нячывель" азначае нядолю, д'ябальскае насланне, нешчаслівы лёс - гэта пра нас, беларусаў, пра нашую горкую долю.

У кнізе чытач знойдзе шмат матэрыялаў аб гаротным стане нашай роднай беларускай мовы, аб незайдросным лёсе выдатных беларускіх пісьменнікаў, трапіўшых па загаду сённяшніх улад у спіс "нячэсных (быў бы жывы наш пясняр Янка Купла, і ён трапіў быў ў гэты спіс), аб падзеях у Нагорным Карабаху, у Кіеве ў час "аранжавай" рэвалюцыід і многае іншае.

Падраздзел "Літаратурныя партрэты" прысвечаны выдатным нашым суайчыннікам, сапраўдным сынам Бацькаўшчыны Васілю Быкаву, Аляксандру Казуліну, Ігнату Дуброўскаму, Міхалу Карпуну. Тут жа змешчаны і фантастычна-алега-рычны нарыс пра нашага вы-датнага зямляка Барыса Кіта.

Цікавы сюрпрыз на старонках кнігі Васіля Якавен-кі чакае і аматараў паэзіі. Паэт Георгій Ліхтаровіч прысвяціў пісьменніку свой верш "Васілёвы шлях". Вось радкі з яго:

"Пайшоў у свет

вясковым хлапчуком,

Блукаў

геалагічнымі разломамі...

І шапку не ламаў

перад гаркомамі,

Бо іх бязмозгласць

адчуваў нутром"

А вось радкі з верша барда Алеся Наркевіча:

"На сваёй зямлі чужы я

Роднай мовай грэбую -

Акружылі, аблажылі,

Але хто - не ведаю".

Ананімныя вершы Вядзьмака Лысагорскага, Паўлюка Задзірыстага ў кнізе пісьменніка - гэта злосная сатыра, гратэск на "вяршыцялей" нашага лёсу, на ўсе ганебнае, што адбываецца ў сённяшняй так званай незалежнай Беларусі.

Шмат старонак пісьменнік прысвяціў стварэнню, дзейнасці Беларускага народнага фронта "Адраджэнне" (БНФ), старшынём Аргкамітэта якога ў свой час быў аўтар кнігі.

З кнігі Васіля Якавенкі я ўпершыню даведаўся прозвішчы тых, хто ўваходзіў у Аргкамітэт. Гэта: Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Васіль Якавенка, Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў, Алесь Марачкін, Кастусь Тарасаў, Генадзь Тумаш, Алесь Трусаў і іншыя.

Божухна мілы, дык гэта ж цэлае сузор'е найлепшых людзей Беларусі!

Гэта тыя людзі, якіх у тэлебрахні БТ прыраўноўваюць да фашыстаў, здраднікаў Радзімы?! У якой жа краіне свету магчыма нешта падобнае?

Зараз БНФ узначальвае сп. Лявон Баршчэўскі, чалавек выдатных здольнасцяў, паліглот, аўтар бадай адзінога ў свеце 28моўнага слоўніка, працы, годнай занясення ў кнігу Гінеса. Такія ж высокаадукаваныя і яго паплечнікі. З надыходам 20годдзя з дня стварэння БНФ хочацца павіншаваць іх і ўсіх, хто стаяў ля вытокаў "Адраджэння" і пажадаць усім здароўя, працы на карысць нашай Беларусі!

У мяне, шараговага чытача, склалася ўражанне, што кожным словам, кожным радком кнігі паважаны пісьменнік Васіль Якавенка даводзіць да чытача праўду.

Асабліва карысная кніга "Нячывелле" для нашай моладзі, якую можна ашукаць брахнёй і д'ябальскім падступствам дзяржаўных СМІ.

Абедзве кнігі майго выдатнага зямляка - паляшука Васіля Якавенкі "Пакутны век" і "Нячывелле" занялі сваё пачэснае месца на маёй кніжнай паліцы побач з кнігамі іншых славутых беларускіх пісьменнікаў: Я. Купалы, Я. Коласа, В. Быкава, А. Рыбака, Я. Гучка, М. Маляўкі і інш.

Шчыра дзякуй Вам, паважаны Васіль Цімафеевіч, творчых поспехаў, здароўя, дабрабыту!

А пакуль што .... Пакуль што пакутны век на Беларусі працягваецца.

Лявон Сцяпанаў, пенсіянер, г. Дзяржынск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX