№ 45 (884) 5 ЛІСТАПАДА 2008 г.
ДЗЯДЫ - 2008
Дзяды народныя
2 лістапада былі Дзяды. Дзень памінання продкаў, адроджаны ў народнай традыцыі разам з адраджэннем самога народа. Дзяды сталі тым адным днём у годзе, калі разам збіраецца найбольшая колькасць людзей у кожнай мясцовасці. Многія з іх і бачацца толькі раз у год - у гэты дзень.
2 лістапада шляхта засценка Сейлавічы зноў сабралася каля сваіх могілак. Расцярушаная па свеце, яна адправіла ў гэты дзень у Сейлавічы, каго магла. На 28 машынах да могілак прыехала больш за сотню чалавек. Прыехалі з Нясвіжа, Менска, Лунінца, Баранавіч, Ліды, навакольных вёсак. Самая далёкая Іра Гладоўская прыехала за 400 кіламетраў з Краснаполля Магілёўскай вобласці. Ну і, канешне, самі сённяшнія сейлаўцы, а яшчэ прафесар, доктар мдыцыны са Шчэціна Тадэвуш Грыгель, сам нясвіжскі, але прыехаў у вядомыя яму з дзяцінства Сейлавічы. Прыехалі далёка не ўсе, прыехаў мо кожны пяты, але большасць шляхочых родаў была прадстаўлена.
Ксёндз Пётр нагадаў прысутным, што яны сабраліся на вельмі старажытных могілках (чвэрць могілак займаюць курганы 11-га стагоддзя, а вакол іх - хрысціянскія магілы).
Набажэнства за памёрлых і для жывых на роднай для ўсіх беларускай мове з некаторымі польскімі малітвамі было спакойным і ціхім, як і надвор'е ў гэты дзень. Завяр-шылася ўсё працэсіяй і асвячэннем магілаў.
У іншыя дні пройдуць набажэнствы і асвячэнні магілаў на іншых могілках Нясвіжскай парафіі.
І так ва ўсіх парафіях Беларусі на працягу трох тыдняў будуць адбывацца набажэнствы на могілках і асвячэнні магілаў прашчураў. І можна толькі здзіўляцца як лёгка вярнулася традыцыя, якая была цалкам забытая і занядбаная ў савецкі час. Бо яна прыродная і натуральная для гэтай зямлі. Бо яна не прыдуманая.
Дзяды палітычныя
Каля пяцісот чалавек сабраліся сёння на Ўсходніх могілках. Сярод іх былі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, яго намеснікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да магілаў Уладзімера Караткевіча, Пімена Панчанкі, Міхася Ткачова, Васіля Быкава, Анатоля Багатырова, Генадзя Карпенкі, Ігара Гермянчука і іншых вядомых беларускіх дзеячаў.
Удзельнікі ўшанавання памяці выбітных беларусаў праспявалі гімн "Магутны Божа" ля магілы Васіля Быкава. Пасля гэтага яны рушылі калонай ад Усходніх могілак у Курапацкі лес. Удзельнікі акцыі неслі мноства белчырвонабелых сцягоў, а наперадзе калоны звон.
Другая калона ў некалькі сот чалавек пад кіраўніцтвам КХП-БНФ рухалася ў Курапаты ад гадзіннікавага завода.
У Курапатах адбыліся жалобныя мітынгі. Аднак знак спакою паміж дзвюмя калонамі пераказаны не быў. Памяць продкаў занадта слабая субстанцыя, каб прымусіць пераадолець палітычныя амбіцыі і разыходжанні
На Дзяды грамадскія актывісты Гарадзеншчыны ўшаноўвалі памяць братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх ў Свіслачы.
Зранку 2 лістапада ў Свіслацкім касцёле адбылася імша па паўстанцах 1863 году. У 11 гадзінаў удзельнікі мерапрыемства накіраваліся да магілы Віктара Каліноўскага і помніка Кастусю Каліноўскаму, каб ускласці кветкі. Пасля ўдзельнікі свята наведалі вёску Якушоўку, дзе некалі была сядзіба роду Каліноўскіх. Там адбыўся канцэрт беларускіх бардаў.
Набажэнствы, ускладанне кветак і іншыя мерапрыемствы ў памяць прашчураў, у першую чаргу спаткаўшых гвалтоўную альбо заўчасную смерць прайшлі ў Берасці, Воршы, Баранавічах, Лідзе, Віцебску, Бельчыцах каля Полацка, у многіх іншых мясцінах.
Памяць выбітных беларусаў ушаноўвалі ў Вільні, Празе і Варшаве, у ЗША, Канадзе і Англіі.
Мабыць, не трэба параўноўваць вясковыя Дзяды на вясковых могілках і палітычныя акцыі са сцягамі і мітынгамі. І там, і там беларускі народ. І ў гэтага народа адна памяць і адна будучыня.
Яраслаў Грынкевіч.
Вялікі беларускі энцыклапедыст
У сераду, 29 кастрычніка, нашаму земляку пісьменніку, літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння.
Я шчыра віншую Вас з гэтым юбілеем, шаноўны наш Іван Уладзіміравіч. Віншую і спадзяюся, што Бог дасць Вам яшчэ доўга-доўга пажыць на беларускай зямлі, а Вы за гэты час паспееце выдаць не толькі ў двух тамах слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў, але і шмат іншых цікавых кніг. Бо Вы - вялікі беларускі энцыклапедыст, роўнага Вам якога ў Беларусі больш няма. Я шмат гадоў з Вамі сябрую, і не магу наталіцца Вашымі ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З Вамі гутарыць можна бясконца. З Вамі цікава бываць на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Вы можаце так развесяліць грамаду, што людзі проста "рвуць" жываты ад смеху, бо выдатна ведаеце беларускі гумар, фальклор, Вы ўмееце прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з Вялікай Кракоткі Вы можаце распавядаць бясконца. Ну, напрыклад, пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. Пракурор кажа: "Прошэ паньства, оскар-жоны обзывал сонсяда псэм", а абвінавачаны суседу ў адказ: "Сабака ты, сабака! Калі я на цябе казаў пес?!".
А як Вы файна згадваеце сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачы-нала драмаць перад тэлевізарам і клюе носам, казаў: "О, ужэ жыдоў возіць!". А пра су-часную моладзь Ваш бацька казаў: "Вянец пад плотам, а вяселё потым". А мама загадвала малым такую загадку: "Суну-пасуну, Трахім смяецца". Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: "Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!". Вы да сённяшніх дзён памятаеце розныя вяс-ковыя кракоцкія выразы і тыя, якія Вам казалі бацькі: зня-халіся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абы-што); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д.
Але ж, што гэта я пачаў у Ваш юбілей зусім не з таго. Трэба ж згадваць Вашы працы, жыццёвы шлях і Вашы заслугі перад нашай Айчынай і народам. А заслуг у Вас шмат. Вы ў свой час скончылі Белдзяржуніверсітэт, абаранілі кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працавалі ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя", спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым рэдактарам, потым вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі.
У 1972 годзе з друку выйшла Ваша манаграфія "Міхал Федароўскі", прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастац-кія здабыткі беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе Вы разгледзелі і прааналізавалі жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта рабілася дасюль польскімі вучонымі, але і на казкі, пры-казкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты.
Потым з друку выходзіць Ваш першы ў Беларусі "Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў. XVI-XX стагоддзяў". Цяпер Вы яго дапаўняеце, і хутка гэты слоўнік выйдзе з друку ў двух тамах. Потым былі іншыя кнігі, якія Вы напісалі, склалі, падрыхтавалі. Тысячы Вашых артыкулаў змешчаныя ў розных беларускіх энцыклапеды-ях, даведніках, календарах. Вы напачатку 1980-х гадоў вялі на беларускім тэлебачанні цудоўную перадачу "Роднае слова" і г.д. Вашу працу проста сёння немагчыма ацаніць. Дзякуй Вам за ўсё гэта! Віншуючы Вас са слаўным юбілеем, я прыгадаў Вашы шчырыя словы-пажаданні, якія з радасцю сёння адрасую Вам: каб Вы пілі і елі, харошыя мыслі мелі і вясёлыя песні пелі. Яшчэ многа-многа гадоў.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Вітанне Вольгі Іпатавай да Х з'езду ТБМ
Дарагія сябры!
Вы сёння сабраліся на X з'езд ТБМ. Гады, што прайшлі з часу заснавання гэтай самай арганізаванай і дзейснай беларускай арганізацыі, былі гадамі нястомнай працы і нястомнага змагання за сапаўдную незалежнасць Беларусі, за яе культуру, гісторыю і мову, за яе будучае.
Хачу шчыра падзякаваць усім тым, хто арганізоўваў сустрэчы з намі, дэмакратычнымі пісьменікамі, нягледзячы на забарону ўладаў; тым, хто распаўсюджваў беларускія кнігі, і чыя любоў жывіць нашую творчасць.
Хаця я зараз не на Беларусі, але спадзяюся неўзабаве прывезці на радзіму новыя дакументальныя сведчанні аб тых нашых суродзічах, хто быў адарваны ад радзімы, але служыў ёй чым мог - так, як героі кніг "Мы сведчылі аб Беларусі" і "Мы стваралі сваю Беларусь", якімі я ганаруся як укладальніца.
Зычу вам усім найперш аптымізму і веры ў будучыню.
3 любоўю да ўсіх вас - Вольга Іпатава.
Вітанне Марыі Сафро да Х з'езду ТБМ
Віншую дэлегатаў чарговага з'езду ТБМ.
Жадаю поспехаў у працы па развіцці беларускай мовы і культуры. Жадаю старшыні ТБМ Алегу Трусаву поспехаў ва ўсіх галінах яго дзейнасці.
Сябра ТБМ, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Сафро , г. Масква.
Дзейнасць суполкі «Рубон»
Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны за 2008 год (па 16 кастрычніка 2008 г.)
1. Распаўсюджванне больш за 100 асобнікаў «Новага часу» штотыдзень.
2. Арганізацыя моладдзю і для моладзі суполкі і іх сяброў штотыднёвых сустрэчаў з прэзентацыяй дакладаў па элементах беларускай культуры, творчасці беларускіх пісьменнікаў. Штотыдзень, сакавік-травень 2008 г.
3. Арганізацыя прэзентацыі краязнаўчай кнігі «Полацкая даўніна» (укладальнік і рэдактар М. Баўтовіч). Студзень 2008 г.
4. Арганізацыя творчай сустрэчы з пісьменнікам і бардам З. Бартосікам. Люты 2008 г.
5. Арганізацыя і правядзенне Першай агульнабеларускай дыктоўкі ў г. Наваполацку (сумесна са старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі). 23.03.2008 г.
6. Арганізацыя для моладзі юрыдычнага факультэта ПДУ і іх сяброў сумеснай экскурсіі ў краязнаўчы музей г. Полацка (31.03.2008 г.).
7. Дамовіліся з кіраўніцтвам бібліятэкі імя Я. Коласа ў г. Наваполацку і арганізавалі правядзенне ў ёй прэзентацыі краязнаўчай кнігі «Полацкая даўніна» (укладальнік і рэдактар М. Баўтовіч) 13 траўня 2008 г.
8. Правядзенне прэзентацыі беларускамоўнага перакладу кнігі Плініе Карэа дэ Алівейра «Рэвалюцыя і контррэвалюцыя», а таксама фільма пра аўтара. 28 траўня 2008 г.
9. У пачатку верасня 2008 г. сябра суполкі Ірына Бельская пераклала на беларускую мову назвы прыпынкаў горада для ААТ «АТП №6, г. Наваполацка».
10. 10 верасня была арганізавана сустрэча з Ф. Вячоркам, прадстаўніком кампаніі «Белсат», і прэзентацыя фільма «Дзень волі».
11. 16 кастрычніка 2008 г. сябры суполкі Бельская І.К. і Шчэрбік Д.В. у межах кампаніі «Будзьма» арганізавалі правядзенне творчай сустрэчы літаратара У. Арлова ў бібліятэцы імя Я. Коласа ў Наваполацку.
Старшыня суполкі Шчэрбік Д.В.
Прамова Міхася Булавацкага на з'ездзе ТБМ 26 кастрычніка 2008 года
Дзяржаўныя службы на чале з КДБ відавочна перагульваюць апазіцыйныя структуры. Грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі пастаўлены ў такія варункі, калі ўнутраныя спрэчкі (звычайныя і цалкам нармальныя ў любой арганізацыі, без якіх немагчыма развіццё арганізацыі) раздуваюцца, перасмейваюцца дзяржпрэсай - маўляў, вось яны свае партфелі падзяліць не могуць, - і ў выніку не самыя разумныя кіраўнікі апазіцыйных структур імкнуцца пазбягаць унутраных спрэчак і заціскаюць крытыку. Калі такі кіраўнік зробіць нейкі недарэчны крок і ўзбудзіць незадавальненне сяброў, ён пачынае заклікаць (ці нават заклінаць) да з'яднання, да салідарнасці (аналагічна заклінанням адзінага ў Беларусі палітыка да стабільнасці), і калі нехта не гіпнатызуецца такімі заклінаннямі і пачынае выказваць крытычныя заўвагі, яго абвінавачваюць у служэнні КДБ, у здрадніцтве ды іншых грахах. У выніку чалавек або замаўкае, або (па сваёй ці не сваёй волі) сыходзіць з арганізацыі, а ў арганізацыі зноў усё ціха, ніхто "смецце не выносіць". І "смецце" застаецца ў хаце, пачынае загнівацца і смярдзець. Так згнілі і распаліся шмат якія арганізацыі, некаторыя з астатніх паўзуць у тое ж балота.
У ТБМ такое пакуль не надта праглядваецца, але нават маленькія праявы гэткай хваробы павінны трывожыць. Я заўсёды з асцярогай назіраю за аб'яднаннямі, якімі дзесяць і болей год кіруе адзін чалавек. Чалавек з такім кіраўнічым стажам пачынае прывыкаць да сваёй незаменнасці і яго паводзіны пачынаюць набываць ноткі дыктату. Успамінаецца падзея на адным з пасяджэнняў Рады, калі наш кіраўнік нярвова пачаў перабіваць сп. Бураўкіна. Магу пагадзіцца з тым, што прапанова сп. Бураўкіна, будзь яна прынята, прадказальна выклікала б агрэсіўную рэакцыю дзяржслужбаў, што ў выніку абцяжарыла б дзейнасць ТБМ і ўвогуле пагражала існаванню таварыства. Але трэ было ўсё ж паважліва выслухаць прапанову, аргументавана запярэчыць, абмеркаваць і паставіць яе на галасаванне.
Не буду казаць пра іншыя падобныя рэчы, яны непрыемныя, але, на мой погляд, яшчэ не сведчаць аб наяўнасці ў ТБМ сур'ёзнай хваробы. І ўсё ж, мне думаецца, Алегу Трусаву трэба даць крыху адпачыць і даверыць стырно ТБМ камусьці іншаму. Не сёння, але, магчыма, праз два гады.
Скажу яшчэ пра нашу газету. "Наша слова" доўгі час выходзіць у такіх абставінах, што рабіць нейкія крытычныя заўвагі ў бок газеты не выпадае. Як кажуць, паспрабуй зрабіць лепш. І газета ўдасканальваецца, што радуе. Ужо амаль няма арфаграфічных памылак, якія раней, на жаль, сустракаліся. З'яўляюцца цікавыя і карысныя матэрыялы, рубрыкі. Нізкі паклон Станіславу Судніку і кіраўніцтву ТБМ за тое, што газета выдаецца. Але - бачыш добрае, а хочацца лепшага. Хочацца, каб наша газета ў асвятленні падзей была максімальна праўдзівай і дакладнай. І непраўдзівасці ці недакладнасці, якія разпораз пранікаюць на старонкі газеты павінны ўсё ж выпраўляцца.
Толькі два прыклады.
Год таму "НС" змясціла кароткую інфармацыю пра выпускнікоў школ, якія на цэнтралізаваным тэставанні па роднай мове набралі максімальныя балы. Сярод іх была названа Ганна Любакова, выпускніца нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, ліцэя, які ўлады не здолелі дадушыць. Але ж гэтая таленавітая дзяўчына не з'яўляецца выпускніцай ліцэя. І настаўніца, якая так добра навучыла дзяўчыну роднай мове, не працуе ў ліцэі. Гэтаму ліцэю чужая слава не патрэбная. Я патэлефанаваў рэдактару з просьбай змясціць у газеце папраўку. На маё здзіўленн, сп.Суднік пачаў разважаць пра нейкі твор, у якога знайшоўся нібыта іншы аўтар. "Дык што ж, мне на кожны тэлефонны званок папраўку даваць?" - "Але ж мая інфармацыя лёгка правяраецца, - запярэчыў я, - можна патэлефанаваць бацькам дзяўчыны ці кіраўнікам ліцэя". - "Я буду раіцца з Трусавым", - скончыў размову рэдактар. Не ведаю, раіўся ён ці не раіўся, але папраўка ў газеце не з'явілася. Цяпер вось думаю: чаму, каб напісаць у газеце праўду, рэдактар павінен раіцца з кіраўніком ТБМ?
Іншы прыклад. На пачатку года "НС" змясціла спіс выбітных постацяў Беларусі, юбілеі якіх прыпадаюць на гэты год. На сваё вялікае здзіўленне, сярод пералічаных прозвішчаў я знайшоў прозвішча аднаго сённяшняга прэзідэнцкага служкі. Гэты "нябожы ўгоднік" быў некалі рэктарам універсітэта, дзе я працаваў, і ў 2001 годзе выдаваў грозныя загады, каб студэнты ішлі галасаваць датэрмінова. Пра яго маральную сутнасць гаворыць, напрыклад, такі факт. На адной з навуковых канферэнцый ён (спецыяліст у рускай мове) пачаў тлумачыць, чаму пабеларуску трэба гаварыць "райком", "прафорг" ды інш., бо тут о пад націскам. Нехта з месца запярэчыў, што тады "стройбат" трэба перакладаць на беларускую як "будбот" . Усе засмяяліся. Прамоўца пачырванеў і сумеўся. Праз некаторы час выкладчык прыйшоў да рэктара, каб той падпісаў хадайніцтва на субсідыю для набыцця жытла. Але рэктар падпісаць хадайніцтва адмовіўся, пакінуўшы чалавека жыць у студэнцкім інтэрнаце, што называецца, адпомсціў. І вось цяпер ён, дзеяч адной з палатак, стаў нібыта выбітнай постаццю Беларусі. Я выказаў сваё абурэнне рэдактару, распавёўшы ўсё вышэйнапісанае. "Друкаваць гэта не буду, - сказаў рэдактар, - бо засудзіць". Згодзен, сапраўды гэты засудзіць. Але што ж, так усё і пакінуць? Трэ было даць хаця б папраўку - маўляў, выбачайце, газета дапусціла памылку, гэтае прозвішча надрукавана па недаглядзе...
Вельмі хочацца, каб наша газета была максімальна праўдзівай і дакладнай.
І давайце навучымся казаць адзін аднаму тое, што думаем, нават непрыемнае. Бо гэта - лекі, якія часцей горкія. І давайце не будзем кідацца пасля гэтага ў амбіцыю "Калі вы так, то я сыходжу, - кіруйце без мяне!"
З вялікімі спадзяваннямі на такое - Міхась Булавацкі
Беларускую справу трэба любіць
(выступленне на X з'ездзе ТБМ
Скажам "Дзякуй" дзейнаму кіраўніцтву ТБМ за дзейнасць у сучасных рэаліях. Але ці знайшло ТБМ эфектыўныя арганізацыйна-метадычныя метады ў сваёй пачэснай дзейнасці? Пытанне, па якім неабходна арганізаваць дыскусію на старонках "Нашага слова".
На мінулым з'ездзе я гаварыў аб стане з падпіскай на газету "Наша слова" і ўносіў аж шэсць матывацый, выкананне якіх, тады на маю думку, павінна было дазволіць дасягнуць самаакупнасці пяці тысячнага тыражу. Закончыў выступ зваротам да дэлегатаў з'езда, падпісчыкаў, творчых асобаў прапанаваць свой пункт гледжання для дасягнення пяці тысячнага тыражу. На жаль, той мой выступ застаўся пустым звонам, на яго ніхто не адгукнуўся.
А стан з падпіскай на газету "Наша слова" проста катастрафічны. Мяркуйце самі: на 4-ы квартал мы сабралі аж 952 падпісчыкаў, у тым ліку ў 2х міліённым горадзе, сталіцы знайшлі толькі 271-го падпісчыка, а ў Менску працуе 1500 настаўнікаў баларускай мовы і літаратуры. 3 2004-га года ўсталявалася стабільныя лічбы ў дыяпазоне 800 1000 экзэмпляраў.
Ва ўмовах мізэрнай колькасці беларускамоўных газет і часопісаў у Беларусі не выкарыстанне магчымасцяў афіцыйна зарэгістраванага органа друку ёсць прафесійная і грамадзянская абыякавасць.
Аб ашчадным выкарыстанні газетнай плошчы. Ці трэба змяшчаць цалкам ксеракопіі дастаткова шматлікіх дакументаў з дзяржаўных устаноў, якія з'яўляюцца ў працэсе перапіскі старшыні А. Трусава з чынавепствам? Мяркую, што фотаздымкаў у некаторых артыкулах магло б быць менш без зніжэння інфарматыўнасці матэрыялу.
Рэдакцыя газеты амаль не праводзіць дыскусій па актуальных пытаннях дзейнасці ТБМ. Просяцца на старонкі газеты новыя рубрыкі. З дзейсных можна адзначыць карысную рубрыку прафесара П. Сцяцко, рэгіянальныя матэрыялы Лідчыны, рубрыку для юбіляраў.
Лічу, што асноўная інтэлектуальная частка рэдкалегіі павінна быць ў Менску, а ў Ліду перасылаць гатовы макет нумара. Тады ў менчукоў не ўзнікне жаданне адкрыць другую ці трэцюю газету. Маўляў, "Нашым словам" займаецца Станіслаў Суднік, ну і хай сабе.
Аб тым, што ўсе ведаем, але па розных прычыпах не хочам гаварыць, не хочам прызнаць рэаліі. ТБМ жывы арганізм, які павінен працаваць штодня. Усе падзяляюць тэзу, што нельга ўявіць паспяховай дзейнасці грамадскай арганізацы без яе структураў, без добра пастаўленай кадравай работы, без вучобы кадраў. Некаторыя раённыя арганізацыі ТБМ існуюць віртуальна.
Асобна трэба гаварыць аб дзейнасці Менскай гарадской арганізацыі. Яе дзейнасць праводзіцца з пятай часткай (2 млн. жыхароў сталіцы) насельніцтва Беларусі. Хацеў бы памыляцца, але аб яе дзейнасці не чуваць. Нават дэлегатаў на гэты з'езд не змаглі годна вылучыць. Жыццё паказала, што аб'яднанне ў адной асобе, якой бы яна прыгожай не была, старшыні гарадской рады і намесніка старшыні ТБМ Беларусі не на карысць больш менш эфектыўнай рабоце гарадской рады.
Паслухаем, успрымем і будем помніць словы заснавальніка ТБМ Ніла Гілевіча:
Беларускую справу
Трэба, хлопцы, рабіць -
Не цяп-ляп, а на славу.
Справу трэба любіць!
Цяпам-ляпам, паспешна
Мы і цэлым гуртом
Не збудуем належна
Беларускі наш дом.
Сябра Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, прафесар Мікола Савіцкі.
БЕЛАРУСКАЯ СЛАВІСТЫКА -"НА ПЯЦЬ"!
Дасягненні нашых вучоных у гэтай галіне гуманітарных ведаў атрымліваюць сусветнае прызнанне
У Македоніі прайшоў чарговы XIV Міжнародны з'езд славістаў. Досведам сваіх даследавамняў абменьвалася больш як 700 вучоных з 40 краін свету. У гэтым найбуйнейшым навуковым форуме ўзялі ўдзел і айчынныя спецыялісты. Наша прадстаўніцтва там было вельмі плённым. У наступны раз - праз пяць гадоў - вучоных-славістаў з усяго свету прыме Беларусь, а Міжнародны камітэт славістаў цяпер узначальвае наш суайчыннік - дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа Аляксандр ЛУКА-ШАНЕЦ. Да яго мы і звярнуліся па ўсе падрабязнасці:
- Праграма Міжнародных з'ездаў славістаў ахоплівае шырокае кола праблем, звязаных з вывучэннем і даследаваннем славянскіх моў, літаратур, культур, фальклору. Такія навуковыя форумы рэгулярна праводзяцца з 1929 года - кожныя пяць гадоў па чарзе ў розных славянскіх краінах. Нашы суседкі - Расія, Украіна, Польшча - ужо прымалі гасцей у сябе. У нас жа такіх з'ездаў яшчэ не было...
Першы з'езд карыфеяў славістыкі прайшоў у Празе. I ўжо тады не без удзелу беларускіх вучоных. Нашу краіну прадстаўляў прафесар Пётр Бузук. Правядзенне з'ездаў фактычна мае бесперапынную традыцыю. Праўда, адзін са з'ездаў, які павінен быў адбыцца ў Бялградзе ў 1939 годзе, быў адменены ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Аднак пасля яе прайшла навуковая канферэнцыя, і быў выдадзены зборнік дакладаў трэцяга з'езда, таму лічыцца, што ён усё ж адбыўся...
- На такіх форумах заўжды разглядаюцца дасягненні славістычнай навукі ў свеце за папярэдні пяцігадовы перыяд, - расказвае Аляксандр Лукашанец. - I ў рабоце э'ездаў прымаюць актыўны ўдзел не толькі прадстаўнікі гуманітарнай навукі са славянскіх краін. Славістыка актыўна развіваецца ў розных навуковых цэнтрах краін Еўропы ды і ўсяго свету. Так, напрыклад, у з'ездах славістаў актыўна ўдзельнічаюць вучоныя з Германіі, ЗША, Канады, Францыі, Італіі і інш., у апошнія гады - з Індыі, Японіі. Таму важнасць гэтых мерапрыемстваў не толькі ў тым, што яны садзейнічаюць даследаванню славянскіх моў, літаратур, культур, але і спрыяюць пашырэнню ведаў пра іх у свеце, вывучэнню і ў неславянскіх краінах.
З дасягненнямі айчыннай славістычнай навукі знаёмілі сёлета міжнароднае супольніцтва 20 беларускіх вучоных. Вынікамі сваіх даследаванняў па шырокім коле славістычных праблем дзяліліся даследчыкі ў галіне славістыкі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры, а таксама Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору) і вядучых універсітэтаў краіны (выкладчыкі БДУ, БНТУ, універсітэта культуры, лінгвістычнага ўніверсітэта, а таксама Гомельскага і Гарадзенскага дзяржаўных універсітэтаў).
- На жаль, Беларусь не была прадстаўлена ў такім важным праблемным блоку, як славянская анамастыка, - выказвае сваё шкадаванне навуковец, - таму што кіраўніцтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта не палічыла патрэбным камандзіраваць на XIV з'езд загадчыка кафедры агульнага і рускага мовазнаўства - прафесара Ганну Мезенку. А яна, між іншым, - найбуйнейшы спецыяліст па гэтай праблематыцы Беларусі. Дарэчы, яе кандыдатура рэкамендавана для ўключэння ў склад камісіі па славянскай анамастыцы, якая працуе пры Міжнародным камітэце славістаў. А гэта сведчыць аб прызнанні ўзроўню. беларускай анамастычнай навукі ў славянскім свеце.
Даклады ж тых беларускіх навукоўцаў, якія змаглі паўдзельнічаць у з'ездзе, атрымалі шырокі станоўчы рэзананс. Вучоныя ўдзячныя кіраўніцтву Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства адукацыі, якія аказалі фінансавую падтрымку для ўдзелу беларускай дэлегацыі ў рабоце з'езда. Дарэчы, заўжды падчас работы такіх з'ездаў наладжваецца выстаўка навуковых выданняў па гэтай праблематыцы за апошнія пяць гадоў. Беларускую «кніжную калекцыю» сёлета высока ацанілі: яна была прызнана адной з лепшых - як па колькасці, так і па якасці.
- Удзел беларускіх вучоных у гэым з'ездзе быў вельмі змястоўным, насычаным і ў значнай ступені садзейнічаў пашырэнню ведаў пра беларускую мову, літаратуру, культуру і фалькларыстыку не толькі ў славянскіх краінах, але і ва ўсім свеце, - рэзюмуе А. Лукашанец. - Гэта, безумоўна, працуе на прэстыж і айчыннай гуманітарнай навукі, і самой Беларусі як незалежнай славянскай краіны, вызначае яе трывалыя пазіцыі ў сусветнай супольнасці.
У час работы з'езда адбыўся пленум Міжнароднага камітэта славістаў, на якім разглядаліся таксама і арганізацыйныя праблемы. У тым ліку пытанне аб месцы правядзення наступнага XXV у нейкай ступені юбілейнага Міжнароднага з'езда славістаў.
- Гэта абсалютна заканамерна, таму што Беларусь цяпер актыўна ўваходзіць у сусветную супольнасць як незалежная славянская дзяржава з выразным нацыянальна адметным абліччам, - каментуе Аляксандр Лукашанец. - Вельмі важна, што на пасяджэнні такое рашэнне было прынята аднагалосна. Гэта сведчыць і аб аўтарытэце беларускай славістычнай навукі, аўтарытэце самой краіны.
Разглядалася таксама пытанне і аб новым кіраўніку Міжнароднага камітэта славістаў - ім стаў наш суразмоўца. Гэта падзея - яшчэ адна ганаровая старонка ў летапісе ўдзелу беларускіх навукоўцаў у міжнародных славістычных форумах. Бо рэгулярны ўдзел у яго рабоце беларусы бяруць з 1958 года.
Што ж чакае прымаючы бок у гэтыя наступныя пяць гадоў?
- Увогуле Міжнародны камітэт славістаў каардынуе дзейнасць у галіне даследаванняў славянскіх моў і культур у свеце, садзейнічае пашырэнню ведаў пра іх і ў неславянскіх рэгіёнах, - адзначае старшыня Камітэта. - У гэты пяцігадовы перыяд асноўная наша задача - падрыхтаваць чарговы з'езд. Акрамя агульнанавуковай каардынацыі, ідзе распрацоўка навуковай праблематыкі з'езда, фармуецца яго праграма, вызначаюцца формы работы на ім і квоты ўдзельнікаў ад краін.
Квота ўдзельнікаў, натуральна, вызначаецца ў адпаведнасці з дыяпазонам славяністычных даследаванняў у кожнай, краіне. Акрамя славянскіх краін шырокае прадстаўніцтва на з'ездах звычайна маюць Германія, ЗЦІА, Канада і іншыя. I гэта зусім нядзіўна, улічваючы, што, скажам, у Германіі славістыка мае працяглую гістарычную традыцыю, і сёння такія даследаванні праводзяцца фактычна ў кожным універсггэце. Ды і ўвогуле ў свеце расце цікавасць да славянскага рэгіёна.
- Пры Міжнародным камітэце славістаў працуюць 33 пастаянныя навуковыя камісіі, якія займаюцца даследаваннем розных аспектаў славістыкі, інфармуе суразмоўца.
У большасці гэтых камісій працуюць і беларускія вучоныя. Напрыклад, Камісію па славянскім словаўтварэнні на наступныя пяць гадоў узначальвае наш суразмоўца. У яе рабоце таксама ўдзельнічаюць прафесар лінгвістычнага ўніверсітэта Зінаіда Харытончык і прафесар Гарадэенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Нікіцевіч. Ёсць беларускія навукоўцы і ў складзе камісій па этна і сацыялінгвістыцы, славянскіх літаратурных мовах, міжмоўных кантактах, у біблійнай камісіі і шэрагу іншых.
I далёка не апошняя задача Беларусі - як гаспадыні наступнага Міжнароднага з'езда славістаў - паказаць сваю гасціннасць, нацыянальную адметнасць, самабытнасць. Для таго і ладзіцца падчас навуковага форуму насычаная культурная праграма, дзе знойдзецца месца ўсяму; ад нацыянальных рамёстваў і помнікаў даўніны - да спеваў і танцаў. Нам сапраўды ёсць што паказаць, таму з задавальненнем чакаем гасцей.
Ала МАЧАЛАВА.
Літаратурныя сустрэчы
на сядзібеТБМ (вул. Румянцава, 13) Пачатак у 18.00. Уваход вольны.
10 лістапада, панядзелак. "Беларуская літаратура і свет". Сустрэча з пісьменнікам і літаратуразнаўцам Пятром Васючэнкам ды з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком
11 лістапада, аўторак. "У слове можна свет змясціць" Сустрэча з паэтамі Сяргеем Законнікавым і Эдуардам Акуліным
Роля Міхася Ткачова ў вывучэнні Полацкай Сафіі і іншых помнікаў архітэктуры Полацка
У вянок памяці Міхася Ткачова, які памёр 31 кастрычніка 1992 года перад Дзядамі
Вядомы даследчык беларускай абарончай архітэктуры Міхась Ткачоў упершыню ў гісторыі беларускай архітэктуры грунтоўна распрацаваў тэму беларускіх інкастэляваных храмаў XVI - XVII стст. на тэрыторыі ВКЛ. Гэта гарадскія абарончыя храмы, а таксама ўмацаваныя храмы ў вясковай мясцовасці.
Пры гэтым вялікая ўвага надавалася Міхасём Ткачовым Полацкай Сафіі. Упершыню тэма інкастэляцыі дадзенага помніка была падрабязна закранута Ткачовым у артыкуле "Новае пра Сафійскі сабор", надрукаваным у 1972 годзе у часопісе "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі". Тут ён друкуе, знойдзены ў Маскоўскім архіве план Полацка (які ён датуе 1707 г), дзе намалявана Полацкая Сафія ў выглядзе абарончага храма з чатырма вуглавымі вежамі і пятай пасярэдзіне будынка. Таксама даследчык увёў у шырокі навуковы ўжытак малюнак Сафійскага сабора. зроблены С. Пахалавіцкім у 1579 г. і надрукаваны ўпершыню польскім навукоўцам С. Александровічам у 1971 г.
Дзякуючы вышэйзгаданым іканаграфічным працам, М. Ткачоў аспрэчыў думку расійскіх даследчыкаў аб тым, што правобразам беларускіх абарончых храмаў быў чатырохвежавы Бернардынскі касцёл у Вільні. Папершае, раней за яго, не пазней 1511 г., была ўзведзена Супрасльская царква. Падругое, за першакрыніцу і ўзор для Супрасльскага храма Ткачоў узяў менавіта Полацкую Сафію, якую, на яго думку, ператварылі ў абарончы храм у 1500 - 1501 гг.
Далей Ткачоў дае апісанне Полацкай Сафіі ў XVI ст., падчас Лівонскай вайны да пажару 1607 г. Ткачоў лічыў, што ў 1618 г. храм зноў адбудаваў як абарончы ўніяцкі епіскап Іясафат Кунцэвіч. Аднак пры адбудове верхнія часткі кутных вежаў былі разабраныя, а цэнтральная вежа, наадварот, стала вышэйшай. У якасці абарончага храма, нягледзячы на пазнейшыя перабудовы, сабор існаваў да 1 траўня 1710 г., пакуль не быў узарваны.
Тэму абарончай Полацкай Сафіі XVI - XVIII стст. Ткачоў не раз уздымаў у наступных публікацыях. У кнізе "Замкі Беларусі" ён надрукаваў чатыры выявы знакамітага храма паводле іканаграфічнага матэрыялу з чатырма круглымі нарожнымі вежамі. МіхасьТкачоў лічыў, што перабудова храма адбылася у 1494-1501 гадах і нарожныя вежы былі круглыя ад самага нізу да верху.
Даследчык сцвярджаў, што пасля перабудовы Сафіі яе выкарысталі ў якасці ўзору пры ўзвядзенні другога полацкага храма, а затым у 1503-1510 гг. і Супраслеўскага. На яго думку фундатар апошняга А.Хадкевіч, які шмат разоў мог быць у Полацку і ўзяў яго за ўзор. Мог яму і параіць гэта зрабіць смаленскі епіскап (пазней кіеўскі мітрапаліт) І. Солтан, што мог добра ведаць аб перабудове Полацкай Сафіі.
Аднак гэтай версіі запярэчыла Тамара Габрусь. Яна лічыць, што вежы завяршалі вуглавыя квадратныя ў плане кампартыменты старажытнага сабора. Нарожныя вежы не былі круглыя да самага нізу, бо пад час апошніх раскопак Полацкай Сафіі, якія праводзіў Валянцін Булкін іх рэшткі не знойдзены. Даследчыца выказала меркаванне, што пры перабудове Сафіі ў пачатку XVII ст. па загаду уніяцкага архібіскупа І. Кунцэвіча былі зняты вярхі баявых вежаў "як непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя".
Яна піша, што абарончыя вежы Сафіі былі ўзведзены не ад падмуркаў, як меркаваў М. Ткачоў, а надбудаваны толькі зверху. Такім чынам адбыўся пераломны момант у фармаванні новага тыпу чатырохвежавых праваслаўных цэркваўфартэцаў, шляхам творчага знітавання рэгулярнай схемы замкавага будаўніцтва з візантыйска-рускім тыпам крыжова-купальнага храма.
Нядаўна ў рукі беларускіх даследчыкаў трапілі новыя матэрыялы. У шостым нумары часопіса "Спадчына" за 1997 год на вокладцы надрукавана новая каляровая выява Сафіі XVI ст. Гэта гравюра з нюрнбергскага "лятучага лістка" 1579 г. На пярэднім плане на Верхнім Полацкім замку мы бачым васьмігранную мураваную вежу - данжон, умацаваную ўнізе гатычнымі котрфорсамі, а далей стаіць Полацкая Сафія, перад парталам якой узвышаюцца дзве прамавугольныя ў плане абарончыя вежы, напалову разбураныя агнём гармат Стэфана Баторыя. Такім чынам мае рацыю Т. Габрусь, што абарончыя вежы Сафіі ніколі не былі круглыя, але І. Кунцэвіч тут не прычым, бо ён дабудоўваў ужо разбіты ў вайну 1579 года храм. На новай нямецкай гравюры Полацка, знойдзенай Алесем Белым, мы бачым Полацкую Сафію з чатырма вежамі, але побач стаяла больш высокая вежа.
Падрабязны аналіз існых момантаў Полацкай Сафіі зрабіў Алесь Кушнярэвіч. Ён суаднёс іх з дадзенымі пісьмовых крыніц і прыйшоў да высновы, што ў другой палове XVI ст. помнік пераважна захоўваў аўтэнтычны архітэктурны воблік XI ст., а па вуглах Сафіі вежаў увогуле не было.
Кушнярэвіч сцвярджае, што полацкі Сафійскі Сабор уяўляў сабой у ХУІ-ХУП стст. пяцікупальны трохапсідны візантыйска-рускі храм. Аднак Кушнярэвіч не ўлічыў, што ў гэты час храм ужо атрымаў да-датковыя за-ходнія апсіды і таму наўрад ці можна з ім пагадзіцца.
Аналізуючы план Полацка XVIII ст., Ткачоў звярнуў увагу на яшчэ адзін пяцівежавы храм, амаль дакладную копію Сафіі, які знаходзіўся на ўсход ад Горнага замка, на правым беразе Дзвіны, там, дзе іншыя планы Полацка паказваюць Мікольскую царкву. Цікавіўся Міхась Ткачоў і гарадскімі ўмацаваннямі Полацка, апісваў іх у сваіх публікацыях.
Прайшоў час. Некаторыя меркаванні Ткачова наконт выгляду Полацкай Сафіі ў XVI - XVIII стст., альбо да-тыроўцы знойдзенага ім архіўнага плана Полацка пачатку XVIII ст. былі ўдакладнены беларускімі гісторыкамі і ма-стацтвазнаўцамі. Аднак яго прыярытэт у плане першаадкрывальніка вытокаў інкастэляванага беларускага храмавага дойлідства застаўся неаспрэчаным.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.