№ 46 (885) 12 ЛІСТАПАДА 2008 г.
125 гадоў з дня нараджэння ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА
Імя і дзейнасць гэтага чалавека доўгія гады выкрэсліваліся з гісторыі Беларусі і свядомасці грамадства. Рэдкія ж згадкі суправаджаліся нязменным ярлыком "буржуазнага нацыяналіста".
Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 8 кастрычніка 1883 годзе ў фальварку Калеснікi Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён). Пасля сканчэння народнае школы здольны да гуманітарных навукаў юнак вучыўся ў Пецярбургскім унівэрсітэце. Аднак матэрыяльныя цяжкасці не дазволілі прайсці поўны курс адукацыі, і Ластоўскі мусіў самавукам набываць універсальныя энцыклапедычныя веды.
З 1906 года жыў і працаваў у Вільні. Тады, уступіўшы ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, абраў шлях служэння свайму народу. Працаваў у рэдакцыі газеты "Наша Ніва", быў сябрам і паплечнікам Я. Купалы, Я. Коласа, А. Уласава, М. Багдановіча, А. Пашкевічанкі, іншых дзеячоў нашага адраджэння. Менавіта ў публікацыях на старонках "Нашае Нівы" раскрыўся ягоны талент публіцыста, гісторыка, пісьменніка. Ён аўтар першай "Кароткай гісторыі Беларусі", выхад якой у 1910 годзе стаўся вялікай падзеяй у грамадскім жыцці. Янка Купала адгукнуўся на яе вершам-прысвячэннем:
Так даўно ў нас не йгралі
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, -
Знаць, бывалы ён Дудар.
У 1916-1917 гадах В. Ластоўскі выдаваў газету "Гоман". У 1919 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Быў гарачым прыхільнікам і адным з галоўных ідэолагаў незалежнасці Беларусі. Ад снежня 1919 года - Старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1920 года - прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўраду. Браў удзел у працы міжнародных канфэрэнцыяў, форумаў, на якіх ад імя ўраду БНР адстойваў ідэі нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, пратэставаў супраць дыскрымінацыі і прыгнёту з боку Польшчы і Савецкай Расеі.
Пасля адыходу ад палітыкі займаўся навуковай, грамадскай і выдавецкай працай. Выдаваў у Каўнасе часопіс "Крывіч" (1923-1927 гады). У 1926 годзе ўдзельнічаў у працы Акадэмічнай канферэнцыі ў Менску. Аўтар грунтоўнага выдання "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" (Каўнас, 1926), якое мае вялікую навуковую каштоўнасць.
У 1927 годзе, пакінуўшы спакойныя ўмовы працы на эміграцыі, В. Ластоўскі на запросіны ўраду БССР пераехаў у Менск, каб узяць удзел у нацыянальна-культурным і дзяржаўным адраджэнні Беларусі. Працаваў дырэктарам Дзяржаўнага музея БССР. Менавіта ягонымі намаганнямі быў выратаваны рэквізаваны бальшавікамі крыж Еўфрасінні Полацкай. Ад 1928 года В. Ластоўскі неадменны сакратар і акадэмік АН БССР. Праводзіў ня толькі ўласныя даследванні, але і шмат энергіі аддаваў на арганізацыю новых кірункаў беларускае навукі і ўзгадаванне маладых навуковых кадраў.
У 1930 годзе разам з іншымі выдатнымі дзеячамі навукі і культуры Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны і засуджаны па сфабрыка-ванай НКВД справе гэтак званага Саюза Вызвалення Беларусі на высылку за межы БССР. На пачатку 1938 года паўторна арыштаваны ў Саратаве і 23 студзеня расстраляны.
Леаніду Пранчаку - 50 гадоў
ПРАНЧАК Леанід Іванавіч (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Берасцейскай вобл.), беларускі паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Менскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрвію з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-оперы «Максім» (паводле М. Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я. Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).
Памятная дошка ў гонар 125-х угодкаў з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Гайнаўцы
"Да 125 годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сувязі з наданнем іх імёнаў вуліцам Гайнаўкі, ад беларускай дыпламатыі, 2007" Табліца з такім надпісам з'явілася на сцяне беларускага музея ў Гайнаўцы. А ўрачыстасць адкрыцця памятнай дошкі пачалася выступам беларускага гурта "Неруш".
Дошку беларускаму музею у Гайнаўцы падараваў Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы Павел Латушка, які такім чынам хацеў аддзячыць гарадскія ўлады за тое, што дзве вуліцы горада носяць імёны класікаў беларускай літаратуры.
Гэта, па словах Паўла Латушкі, сімвалы, бо беларусы Гайнаўшчыны ведаюць, хто яны і не цураюцца сваёй беларускасці.
- Беларусы Гайнаўшчыны разумеюць, што яны беларусы. Калі мы паглядзім, што тут вывучаецца беларуская мова ў ліцэі, у гімназіі, у школах, тое, што адбываюцца беларускія фестывалі, розныя выставы, тое, што тут у Гайнаўцы адзіны музей і асяродак беларускай культуры ў свеце паза межамі нашай краіны, гэта вельмі важна і важна, што жыхары гэтага рэгіёна памятаюць пра свае карані і падтрымоўваюць іх. Янка Купала і Якуб Колас - гэта сімвалы, сімвалы для беларускай культуры. І важна, што менавіта гарадскі савет Гайнаўкі па прапанове нашага пасольства, пасольства Беларусі, прыняў рашэнне ўшанаваць імёны класікаў беларускай літаратуры.
Спонсарам з'яўляецца Сяргей Дайнэка , які падтрымаў ініцыятыву амбасадара і згадзіўся на ўласныя сродкі выканаць памяткную шыльду.
- Да нас звярнуўся наш амбасадар, Павел Латушка. Мы ўжо шмат гадоў знаёмы і нам такая была гэтая ідэя вельмі цікавая. Цікава, што на самай справе, калі сёння ў Польшчы, нашай суседцы-краіне называюць вуліцы імёнамі нашых вядомых беларускіх класікаў літаратуры, то мы падтрымалі гэтую ідэю і прафінансавалі.
Па словах Мікалая Бушка , дырэктара Фонда "Царкоўная музыка", такая шыльда - гэта сімвал, але тое, што імёнамі класікаў названыя маленькія пад'язныя дарогі - гэта сорам.
- Для мяне, як раз, гэта шыльда - гэта сімвал з аднаго боку вялікіх людзей, а з другога боку - гэта такі кур'ёз, таму што калі разглядзецца, то няма тут ніякіх вуліц, проста нейкі кароценькі ўезд на тэрыторыю музея. Гэта проста кур'ёз. І мне сорамна, што якраз такім вялікім паэтам, літаратарам, прадстаўнікам Беларусі прысвячаецца нейкі ўезд на тэрыторыю музея. Усе тут робяць добрую міну да кепскай гульні, як кажуць палякі. Я думаю, што ганарыцца гэтым я якраз не магу.
Тым часам Павел Латушка сцвердзіў, што не памер вуліцы і не яе шырыня найважнейшыя, галоўнае сам факт надання імёнаў, а гэта сімвал.
- Давайце глядзець на гэта, як на сімвал. Не важна ці гэта будзе самы вялікі праспект, па якім будзе шэсць палосаў руху, важна, што ёсць такая вуліца. І калі чалавек будзе ісці, пабачыць, прачытае і зразумее, што гэта вуліца названа ў гонар беларусаў, вялікіх беларусаў, прадстаўнікоў беларускага народу.
Дарэчы сімвалічнасць падзеі - адкрыцця шыльды падкрэслівалі ўсе, хто сабраўся ў гэты халодны дзень ля беларускага музея ў Гайнаўцы.
Наталля Герасімюк
Даклад намесніка старшыні ТБМ, старшыні Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Алены Анісім
Дзейнасць кожнай грамадскай арганізацыі грунтуецца на ініцыятыве знізу. Менская гарадская арганізацыя сваю дзейнасць сканцэнтравала на вырашэнні тых задач, якія дыктуе грамадскасць. Менавіта з пажадання сяброў арганізацыі мець беларускамоўную папулярную газету быў заснаваны "Новы час". I я хацела б сёння на X з'ездзе нашай арганізацыі выказаць падзяку спадару Аляксею Сцяпанавічу Каралю за тое, што ў вырашальны пераломны час ён працягнуў руку дапамогі і не проста падтрымаў выданне Менскага ТБМ, але і вывеў яго на новы, яшчэ больш высокі ўзровень. Я лічу, што калі мы ў сваёй дзейнасці будзем кіравацца інтарэсамі справы і грамадства, шукаць і знаходзіць зацікаўленых партнёраў, то ў нас будзе больш спраўджаных ініцыятыў і цікавых здзейсненых праектаў.
Яшчэ колькі слоў хацелася б сказаць пра яшчэ адну справу, якая паўстала выключна з надзённай грамадскай патрэбы. Гаворка ідзе пра курсы беларускай мовы. Аднак, гэта не тыя курсы, на якіх мы вывучаем ці паўтараем правілы, некалі засвоеныя ў школе. На заняткахсустрэчах мы хутчэй спасцігаем навуку быць беларусамі: знаёмімся з каляндарнаабрадавымі святамі, даведваемся пра цікавыя, але слаба вядомыя мясціны ў Беларусі, практыкуемся ў карыстанні беларускай мовай у розных сітуацыях і інш. I з гэтага практычнага досведу выразна праступае наступная задача для ТБМ неабходнасць стварэння беларускамоўных асяродкаў, магчыма ў выглядзе розных клубаў ці нечага падобнага. А калі глядзець далей і шырэй арганізацыя моладзевага руху ўнутры ТБМ. Вядома, без залішняй фармалізацыі, але з рэальнымі цікавымі для моладзі справамі і акцыямі. Гэта, у сваю чаргу, дапаможа вырашаць справу з кадрамі.
Акрамя таго, на сваіх курсах мы вырашылі распачаць працу над стварэннем размоўнікаў "Як гэта сказаць пабеларуску" і рыхтуем беларускую частку. А для ажыццяўлення перакладных частак нямецкай, італьянскай, шведскай, англійскай будзем шукаць партнёраў.
Нядаўна ўбачыла на праспекце Незалежнасці расцяжку з абвесткай пра 1 з'езд ГА "Белая Русь" і падумала: "3 X з'ездам мы спазніліся, а вось да 20га юбілею нашай арганізацыі добра было б павесіць такую ж расцяжку". Акрамя таго, неўзабаве 10 гадоў, як быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы. Трэба памятаць і пра гэту дату.
Думаю, што хутка надыдзе такі час, калі прадстаўнікі ТБМ будуць афіцыйна ўзаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, прымаючы непасрэдны ўдзел у іх працы.
Напрыканцы свайго выступлення хачу пажадаць усім удзельнікам X з'езда здароўя, поспехаў у асабістым жыцці і непахіснай веры у праўдзівасць і пераможнасць нашай справы.
Заява
Сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Аб пераглядзе моўнага заканадаўства"
1. У сувязі з тым, што ў Рэспубліцы Беларусь не гарантуюцца правы на актыўнае і пасіўнае выкарыстанне беларускай мовы яе носьбітамі ва ўсіх сферах бытавання, лічым, што наспела неабходнасць рэвізіі існуючага "Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
2. З прычыны таго, што прыняты ў чэрвені 2008 г. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" абмяжоўвае некаторыя формы існавання беларускай мовы і тым самым дыскрымінуе частку яе носьбітаў, ён патрабуе перагляду.
3. Таварыства беларускай мовы ініцыюе стварэнне рабочай групы для падрыхтоўкі грамадскага праекту Закона "Аб абароне беларускай мовы".
Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" 4 лістапада 2008 г.
Зварот
удзельнікаў Х з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў
чацвёртага склікання.
Савету Рэспублікі.
Ураду Рэспублікі Беларусь
Удзельнікі Х з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца да Вас з прапановай, якая мае на мэце стварэнне аптымальных умоў для свабоднага развіцця і функцыянавання беларускай мовы нароўні з другой дзяр-жаўнай мовай - рускай, дзеля таго, каб беларус у сваёй краіне адчуваў сябе камфортна, каб кліч "Мы беларусы" адпавядаў свайму сэнсу і зместу.
Наш зварот грунтуецца на неабходнасці ўдасканалення Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Яшчэ ў 2003 г. ТБМ звярталася ў Палату прадстаўнікоў. На імя тагачаснага Старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і НТП былі дасланыя канкрэтныя прапановы да некаторых артыкулаў Закона. У прыватнасці, было прапанавана выключыць з тэксту Закона слова "або", якое супярэчыць існай Канстытуцыі, што было засведчана ў Рашэнні Канстытуцыйнага суду Беларусі № 05-07/1225 ад 02.09.2004 г., куды таксама быў накіраваны зварот.
Напачатку гэтая прапанова была сустрэтая прыхільна, з вялікім разуменнем нашага клопату. Але пазней мы адчулі бюракратычныя перашкоды на шляху да вырашэння гэтага важнага дзяржаўнага пытання. Наша шматгадовае ліставанне з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Камісіяй па адукацыі, культуры, навуцы і НТП, Цэнтрам законатворчай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь не дало станоўчага выніку.
На вялікі жаль, да гэтага часу Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" не ўключаны нават у план падрыхтоўкі законапраектаў. Між тым, прынцып роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, гарантаваны Канстытуцыяй нашай краіны, не выконваецца. Па-ранейшаму моўныя правы беларускамоўных грамадзян абмежаваныя ва ўсіх без выключэння сферах жыцця: адукацыі, радыё і тэлебачанні, банкаўскай сферы, сферы абслугоўвання і інш.
З улікам важнасці ўзнятай праблемы пераканаўча просім Вас ініцыяваць разгляд пытання аб унясенні зменаў у закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", паколькі яго цяперашняя рэдакцыя не ўтрымлівае ніякіх гарантый з боку дзяржавы па захаванні і развіцці мовы тытульнай нацыі нашай краіны.
Менск. 26 кастрычніка 2008 г.
Зварот удзельнікаў X з'езда ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» да грамадзян Беларусі
Люд Беларусі!
У кастрычніку 2009 года ў нашай краіне пачнецца чарговы перапіс насельніцтва. Апошні, які адбыўся 10 гадоў таму, у 1999 годзе, засведчыў стаўленне грамадзянаў да мовы тытульнай нацыі як да найвялікшага духоўнага скарбу народа, што з'яўляецца падмуркам дзяржаўнасці. Насуперак драма-тычнаму лёсу, які выпаў на долю беларускай мовы, 73,6 % жыхароў Беларусі назвалі яе роднай.
Напярэдадні перапісу, мы мусім памятаць пра моўную дыскрымінацыю беларусаў, гвалтоўнае знішчэнне мовы карэннай нацыі, якое адбывалася на працягу стагоддзяў і працягваецца сёння, нягледзячы на тое, што мы жывем у незалежнай суверэннай краіне. На вялікі жаль, дзяржаўная палітыка скіравана на абмежаванне роднай мовы беларусаў. Беларуская мова фактычна адсутнічае ў афіцыйным ужытку, выцясняецца з усіх сфер жыцця. Штучна ствараюцца ўмовы, пры якіх беларусы змушаныя "добраахвотна" адмаўляцца ад роднай мовы.
Ад нас, толькі ад нас, грамадзянаў Беларусі, залежыць лёс Айчыны, лёс беларускага народа, яго мовы, гісторыі, культуры.
Памятаем, што мова - галоўная прыкмета нацыі, без мовы няма народа, няма незалежнай краіны. Будзем адказнымі за нашу дзяржаву, за лёс аднаго з галоўных кампанентаў вольнай суверэннай Беларусі.
Для беларуса родная беларуская мова, нават калі ты гаворыш на іншай мове.
Будзем беларусамі!
Менск. 26 кастрычніка 2008 г.
Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа
"Абежнік Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня", грамадскапалітычны незалежны часопіс сатыры і гумару "Асьцюк", часопіс Беларускага жаночага аб'яднання ў Францыі "Беларуска", "Бюлетэнь Крывіцкага Навуковага Таварыства Пранціша Скарыны", часопіс беларускай моладзі "Вясна", орган беспартыйнага задзіночання для супраціву з гумарам сярод братоў у нядолі "Камар на Чужыне", гумарыстычнасатырычны месячнік "Крапіва", часопіс нацыянальнавызвольнай думкі "Нацыянальныя праблемы", літаратурнамастацкі часопіс "Прыйсьце"... Гэта толькі невялікая нізка з агульнага спісу эміграцыйных часопісаў, другі нумар якіх ніколі не выйшаў. Выглядае, што на першы нумар імпэту стае, а вось каб улягчыся, каб адужаць наступны дык не ва ўсіх хапала трываласці. Толькі адзін вырай вясны не робіць.
От жа таму гэтак радасна вітаць другі выпуск альманахаштогодніка "Беларус", прыдуманы і ўрэчаіснены высілкамі рэдактара аднайменнай газеты. Адзіная на ўсю беларускую эміграцыю ў вольным свеце, газета проста не ў стане змяшчаць на сваіх бачынах мастацкія творы, натуральным чынам аддаючы перавагу навінам, палітыцы, хроніцы жыцця грамады. Таму літаратурны альманах стаўся амаль адзінай магчымасцю для беларускіх аўтараў на эміграцыі засведчыць сваю цікавасць да творчасці ў роднай мове, зразумець, што ты не адзіны ў гэткім сваім памкненні рэалізаваць сябе ў літаратурнай беларушчыне.
Безумоўна, радуе, што на старонках новага нумара альманаха рэдакцыя змясціла творы, як пачаткоўцаў, так і пісьменнікаў, якія ўжо маюць уласныя кнігі. Для пачаткоўца публікацыя на старонках альманаха як спроба сілаў, як заява пра сябе, прыступка на шляху да самаўдасканалення. Для сталых аўтараў гэта магчымасць нагадаць пра сябе, данесці да аўдыторыі новыя творы. А для чытача альманах ёсць выдатным адлюстраваннем таго, што беларуская літаратура на эміграцыі жыве і дадаецца новымі аўтарамі.
Нельга не заўважыць жанравага пашырэння твораў, апублікаваных у новым альманаху. Да дэкляраваных у першым выпуску выключна мастацкіх твораў цяпер дадаліся ўспаміны і травалогі.
У альманаху прадстаўлены: Бабкевіч Станіслаў, Канада; Баравы Лявон, ЗША; Блюднік Уладзімір, Польшча; Варабей Ірына, Канада; Воранаў Віталь, Польшча; Гіль Юры, Вільня; Давыдзенка Зміцер, Масква; Зайка Віталь, ЗША; Кавалеўскі Віктар, Аўстралія; Карайчэнцава Людміла, Масква; Касцюкевіч Павел, Ізраіль; Куніцкі Ілья, ЗША; Маўчун Анатоль, Польшча; Мурзёнак Пётр, Канада; Мурзёнак Пётр (малодшы), Канада; Пелюшонак Юры, Канада; СокалаўВоюш Сяржук, ЗША; Тадароўскі Антось, ЗША; Шчур Макс,Чэхія.
Справа зроблена. На 206 бачынах размясціліся ледзь не ўсе кантыненты. Будзьма ж спадзявацца, што чытачам дададуць радасці і самыя творы, а ў будучыні пабачаць свет новыя нумары альманах. Тым больш, калі аўтары ўбачаць, што такі альманах выходзіць, яны пачнуць больш ахвотна слаць свае творы ў рэдакцыю "Беларуса". А гэта значыць - літаратурнай беларушчыны ў свеце стане больш.
Лявон ЮРЭВІЧ.
Весткі з Віленскага ТБМ
Выдавецтва "Час" (Вільня) выпус-ціла з друку чарговую кніжку Юрыя Гіля пад назвай "Святы засьценак родны мой каханы..." накладам 200 асобнікаў. 1 лістапада 2008 г. пад час свята "Усе Святыя - Задушны дзень" землякі аўтара атрымалі кніжкі ў падарунак. Рыхтуецца да выпуска і 3я кніжка "Крыжовы шлях" якая пабачыць свет у наступным 2009 годзе. Паколькі аўтар кніжак зяўляецца старшынём ТБМ Віленскага краю, то ўсе яны выходзяць над брэндам ТБМ.
На Параф'янаўскіх могілках (Докшыцкі р-н, РБ) 1.ХІІ. 2008 г. на роднай мове адбыўся малебен за душы памерлых, які праводзіў ксёндз а. Марат Казлоўскі. Тут на магілах бацькоў Юрыя Гіля зроблена своеасаблівая пад адкрытым небам Капліца дзе ўстанолены фігуры Ісуса Хрыста, Маці Божай, анёлкаў, ды два абразы (Мукі Ісуса Хрыста і адна выява Крыжовага шляху Яго).
Таксама ўстаноўлены пяць табліц дзеля ўшанавання памерлых на беларускай мове, што з'яўляецца прыкладам для іншых людзей, якія пачалі ўжо рабіць надпісы на роднай беларускай мове (Януковіч, Андрыеўскі і інш). падчас малебна гэтая капліца была асвенчана святаром Параф'янаўскага касцёла.
ТБМ Віленскага краю рыхтуецца годна сустрэць 170я ўгодкі з дня народзінаў Францішка Багушэвіча, робячы захады па далейшым ўшанаванні памяці паэта на Віленшчыне адкуль ён родам (ф. Свіраны).
У Дэпартамент нацменшасцяў на 2009 г. будзе прадстаўлены праект на тэму: "Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч - інсургент 1863 г. і барацьбіт за свабоду Літвы, Польша, і Беларусі" да 170х угодкаў паэта на прадмет фінансавання гэтага праекта.
Фінансаванне з боку Дэпартамента дасць магчымасць вырашыць шмат якіх пытанняў на далейшым ўшанаванні памяці Фр. Багушэвіча, што не было зроблена саматугам. Ёсць надзея, што ў наступным 2009 годзе Дэпартамент Літоўскай Рэспублікі выдзеліць сродкі на ўшанаванне памяці Ф. Багушэвіча, бо гэтая праблема сярод грамадскасці атрымала шырокі рэзананс.
Юры Гіль, старшыня ТБМ Віленскага краю.
Адбылася чарговая вандроўка Магілёўскага ТБМ
У нядзелю, 26 кастрычніка, зладзіла аднадзённую вандроўку па маршруце МагілёўБеразіноМенск. Традыцыйна кожны з удзельнікаў падарожжа атрымаў адмысловы буклет з указаннем маршруту паездкі, фотаздымкамі і апісаннем запланаваных да наведвання мясцін. Акрамя таго, цікавыя даклады падрыхтавалі Зміцер Савіч (Бялынічы), Юрась Каласоўскі (Беразіно) і Наталля Лебедзева (Музей Максіма Багдановіча).
Безумоўна, шмат хто з нас праязджаў Беразіно на шляху ў Менск ці Магілёў, але мала хто спыняўся ў старажытным горадзе на Бярэзіне. Для турыстаў у гэтам мястэчку будзе найбольш цікава паглядзець сядзібны дом графіні Ганны ПатоцкайВансовіч, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст., і старое памяшканне бярэзінскай вінакурні (кан. ХІХ ст.). Праўда, былая вінакурня цяпер знаходзіцца на тэрыторыі спіртзавода "Крышталь", і каб пабачыць яе, трэба атрымаць дазвол на прахадной. Затое сядзіба Патоцкіх даступная кожнаму - магчыма, таму яна і знаходзіцца ў такім занядбаным стане. А калісьці гэты дом над ракой быў шыкоўна абсталяваным палацам, адной з летніх рэзідэнцый графскага роду Патоцкіх, якія ладзілі тут балі, а ў ваколіцах - ловы, якія, бывала, доўжыліся з тыдзень… Таксама пры іх была пабудавана лякарня для хворых на сухоты, у мястэчку пасаджаны сады… Шкада, што сёння мясцовая ўлада не разумее ці не хоча разумець таго, што гэтая сядзіба магла б стаць папулярным аб'ектам турызму.
У Менску ж мы наведалі музей М. Багдановіча, зладзілі шпацыр па Траецкім прадмесці і ўрэшце завіталі ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр, дзе паглядзелі балет "Шэхеразада" і "Гішпанскія мініяцюры".
У лістападзе Магілёўская суполка ТБМ плануе вандроўку на крайні ўсход Беларусі - у Хоцімск, Касцюковічы і Саматэвічы. Далучайцеся!
Юрась Каласоўскі. На здымках: палац Ганны Патоцкай-Вансовіч у Беразіно.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе
Лойка Алег Паўлавіч Трафімец Ульяна Святаслав. Мацкоўская Наталля Васіл. Пашкевіч Валеры Васільев. Абрагімовіч Марына Яўген. Чарнаморцаў Валер Кажамякін Генадзь Вячаслав. Касцюк Таццяна Уладзімір. Мухіна Леанарда Станіслав. Падасетнікаў Васіль Скуратовіч Аркадзь Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Несцераў Аляксей Маліноўскі Віктар Леанідавіч Маліноўскі Віктар Літоўчык Святлана Міхайл. Кулей Іна Феліксаўна Ляўчук Аляксандр Сяргеевіч Віценя Алег Аляксандравіч Казачонак Сяргей Паграбіцкі Алег Борын Алег Мікалаевіч Тозік Эдуард Здановіч Уладзімір Васіл. Яніцкі Міхаіл Іванавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Драгун Данута Дрыга Святлана Мікалаеўна Пыльчанка Яўген Аляксанд. Уласевіч Дар'я Дзядзюля Вера Сцепулёнак Эма Антонаўна Пугаўка Алена Моніч Зьміцер Дуброў Алег Анатольевіч Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Баранаў Аляксандр Геогрг. Андрэйкавец Надзея Дмітр. Макарэвіч Наталля Міхайл. Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Гядрэвіч Іосіф Антонавіч Крук Валянціна Іосіфаўна Фралоў Аляксей Валер'евіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Міжурына Раіса Канстанцін. Іконнікава Людміла Беляўская Таццяна Мілаш Леакадзія Амінава Святлана Дзербянёва Анжаліка Асецкі Аркадзь Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Русецкі Марцін Ігаравіч Кузьма Аляксандр Стасюкевіч Дзіна Мельнік Міхась Іванавіч Лысова Таіса Турцэвіч Паліна Віктараўна Радзівон Ірына Бекіш Віктар Андрэевіч Радкоў Генадзь Андрэевіч Царкоў Мікалай Прохаравіч
Літаратурныя сустрэчы на сядзібеТБМ
(вул. Румянцава, 13)
Пачатак у 18.00. Уваход вольны. 17 лістапада, панядзелак. "Беларуская літаратура ў сваім часе". Сустрэча з Народным паэтам Беларусі Генадзем Бураўкіным.
Мастацкі ўзор і веліч праўды
Роздум над трылогіяй "Пакутны век" Васiля Якавенкi
"Гiсторыя належыць паэту", - гаварыў А.С. Пушкiн, i думка гэтая неаспрэчная. Гiсторыя ўвогуле належыць i пiсьменнiку, жывапiсцу, кампазiтару, гiсторыку, сацыёлагу, археолагу, псiхолагу - усiм людзям, усяму чалавецтву. Але Пушкiн, патрабуючы праўды ў яе адкрыццi альбо раскрыцці, вывеў, па сутнасцi, усю рускую лiтаратуру ХIХ стагоддзя на такi ўзорны, праўдзiвы паказ, якiм потым абрадавала свет эпапея Л.М. Талстога "Вайна i мiр". Пушкiнскай традыцыi мастацкага адкрыцця і адлюстравання праўды гiсторыi заабавязвалася i ХХ стагоддзе, абавязваецца i наша ХХI. I, пэўна, у адкрыццi і асэнсаванні праўды гiсторыi яшчэ больш абавязваюць урокi яе паказу ў цэлым у ХХ стагоддзi i, у прыватнасцi, за 70-годдзе развiцця лiтаратуры ў савецкi час. Канешне, быў розны вопыт у 20-я гады, у 30-я, у вайну, у пяць пасляваенных дзесяцiгоддзяў. Розны не толькi ў лiтаратуры, але i ў гiсторыi, канцэпцыю якой мяняла кан'юнктура.
Да вайны я, напрыклад, скончыў тры класы i памятаю, якой была трактоўка гiсторыi Сярэдняй Азii, Каўказа: пакарэнне, заваёва iх. А што пiсалася пра Каўказ, Туркменiстан, Узбекiстан у пасляваенны час, з 50-х гадоў? Нiякага пакарэння! Супрацiву пакарэнню царом не было нi ў Грузii, нi ў Арменii, нi ў Туркменii, нi ва Узбекiстане. Уз'яднанне - добраахвотнае ўз'яднанне з Расiяй! СССР пры сваiм узнiкненнi меў дабравольную цягу народаў...
О, як распiсвалася шчасце ўз'яднання! Сваю ролю, несумненна, iграла прапаганда 1939 года, якая не шкадавала фарбаў для паказу шчаслiвага ўз'яднання Заходняй Беларусi з Усходняй i Заходняй Украiны з Усходняй. Той вераснёўскi мiф, несумненна, спрыяў у пасляваенны час i ўзнiкненню мiфаў аб уз'яднаннi Каўказа, народаў Сярэдняй Азii.
На долю майго пакалення не выпала ведаць, як адлюстроўвалi рэвалюцыю, грамадзянскую вайну ў 20-я гады напрыклад, Арцём Вясёлы, Iсаак Бабель: нi "Гуляй-Поля", нi "Расii, кроўю ўмытай" першага, нi "Канармii" другога мы тады не чыталi: чыталi "Разгром" А.Фадзеева, "Жалезны паток" А. Серафiмовiча, "Як гартавалася сталь" М. Астроўскага i поўнай праўды аб грамадзянскай вайне не ведалi.
У 30-я гады, у блiзкiм пярэдаднi Вялiкай Айчыннай, - шырокiм патокам пайшоў гiстарычны раман. Так, 1941 годам датуецца трылогiя Вячаслава Шышкова "Пугачоў", раман "Дзмiтрый Данской" Сяргея Барадзiна, "Амур-бацюшка", "Цунамi" Мiкалая Задорнага. Гэтыя цiкавыя творы былi, па-сутнасцi, плёнам сацыяльнага заказу. Iшла паэтызацыя гераiзму, класавай нянавiсцi, ваяўнiчасцi, праўда, не без вульгарызацыi. Але калi назіраецца вульгарызацыя, то цi ж захоўваецца праўда гiсторыi? У часы росквiту культу Сталiна iшла манументалiзацыя вобразу тырана Iвана IV Жахлiвага - iдэалiзацыя яго як дзяржаўнага дзеяча, нягледзячы на жудасныя крывавыя сродкi, якiмi ён нiбыта мацаваў дзяржаву, нягледзячы на амаральнасць, дэмагогiю, iлжывасць, двухаблiчнасць. Цi ж гэтым зацвярджалася праўда? Тыранствам Iвана IV Сталiн апраўдваў сваё тыранства.
Але звернемся да ўзорнасцi "Вайны i мiру" Л.М. Талстога. Цi займела руская лiтаратура, i цi мае наша беларуская падобны ўзор мастацкай праўды аб Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў? Калi пад адной вокладкай - то не мае. Але шырокую панараму паказу той вайны ўсё ж мае, адно што пад многiмi вокладкамi, ад многiх аўтараў. У цэлым у другой палове ХХ стагоддзя адбывалася наблiжэнне да праўдзiвага паказу вайны. Але як дэфармаваў у нас тую праўду мiф аб кiруючай ролi ў перамозе над фашызмам камунiстаў, камiсараў, партыi, дружбы народаў увогуле! Сярод герояў-франтавiкоў не мог не быць першым - цi адным з першых - грузiн; калi ваеннапалонныя - то спрэс здраднiкi (бо гэта быў погляд Сталiна); немцы - як доўга - нiякiмi разумнiкамi не былi i не маглi быць; хто апынуўся пад акупацыяй - падазрэннi да таго не канчалiся... Вельмi цяжка было гаварыць праўду аб вайне, цi ж не засведчыў гэта вопыт Васiля Быкава?
Гаварыць усю праўду аб вайне цяжка i сёння. Мы памятаем, як крытыкаваўся Iван Чыгрынаў, калi першы напiсаў апавяданне пра палiцая. А як скрыгатала зубамi крытыка, калi Алесь Адамовiч выдаў аповесць "Карнiкi" - нiбы не вайною яна спароджана, нiбы праўду гэтага твора не дапаўняла Адамовiчава кнiга "Vixi" - старонкамi пра Сталiна i Гiтлера?
Увогуле ў нас дасюль заставалася і застаецца недастаткова раскрытай праўда аб партызаншчыне ў Беларусi, аб падполлi ў гарадах, аб акупацыi. Так, доўгi час адзiным творам аб атмасферы акупацыйнага часу заставаўся раман Iвана Навуменкi "Сорак трэцi". "Плач перапёлкi" Iвана Чыгрынава быў аб 41-м годзе. Ён, як i "Сорак трэцi", - пра ўсходнiя вобласцi Беларусi, паказваў, як фашысты аднаўлялі тут калгасы.
Толькi летась з'явiлася трылогiя Васiля Якавенкi "ПАКУТНЫ ВЕК", і сітуацыю ў літаратуры яна значна мяняе. Як Навуменка i Чыгрынаў, аўтар трылогii сам з Усходняй Беларусi, родам са Светлагорскага раёна. А ў цэнтры ягонай трылогii - Заходняе Палессе, Брэстчына, пiльным вокам убачанае i паказанае мястэчка Моталь. Галоўныя героi - ураджэнцы Моталя Пятро Рамановіч (Пiсарчук), Барыс Рамановiч, капiтан Сяргей Калiнiчэнка, айцец Георгiй, Данiк Плюнгер. Але тут жа і род Скірмунтаў, памешчык Раман Скірмунт, былы член Дзяржаўнай Думы, стаяў каля вытокаў фармавання нацыянальных сіл і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэта трылогiя - твор, можна сказаць, усебеларускi, эпапея нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, пасляваенных падзей і характараў. У полі зроку аўтара тэрыторыя ўсяе Беларусi, яе мiнулае і сучаснасць. У эпапею ўсеславянскую, усееўрапейскую гэты манументальны твор ператварае тое, што i Варшава, i Прага, Берлiн і Нью Ёрк, Масква i Вiльня, як i Мiнск, Пiнск, Баранавiчы, Навагрудак, Карэлiчы i мноства беларускiх вёсак становяцца месцам разгортвання падзей. Шырокi свет адчыняецца цераз скрыжаванне герояў трылогii з мясцiнамi, дзе адбываюцца падзеi, удзельнiкамi якiх яны становяцца. Сутычкi iх з рэальнымi персанажамi гiсторыi, можна сказаць, энцыклапедызуюць мастацкi твор, робяць яго сапраўдным гiстарычным раманам.
Аўтар не абмiнае ўвагай Сталiна, Гiтлера, Кубэ; паказ ваенных дзеянняў iдзе з прывязкай да канкрэтна названых мясцiн, нумароў дзеючых армiй, карпусоў, палкоў, прозвiшчаў камандзiраў, прычым не толькi савецкiх, а i нямецкiх. Упершыню ў літаратуры ўражліва падаюцца батальныя сцэны ваеннага тэатра 1941 года пад Віцебскам, дзе была зроблена спроба контрудару Краснай Арміі сіламі двух танкавых карпусоў у накірунку Сянно - Лепель з адчайна і адважна пастаўленай задачай затрымаць і адкінуць адсюль вераломныя варожыя войскі.
Пад пяром аўтара гарманiчна злiваюцца выпісаныя па-мастацку раздзелы i даведачна-бiяграфiчныя матэрыялы. У трылогii адчуваецца талент аўтара як пiсьменнiка, а яшчэ і вопытнага і яскравага нарысiста, публiцыста, якім мы ведалі яго раней. Прычым "публiцыстамi" найчасцей становяцца самi героi трылогii - тады, напрыклад, калi выяўляюць для чытача, што не толькi гераiчнай была ў Беларусi партызанка, але i марадзёрскай, неапраўдана разбуральнай, правакацыйнай, безуважлiвай да працоўнага люду, вёскi, якая ў асноўным савецкую партызанку падтрымлiвала, кармiла, хоць мусiла кармiць i акупантаў, палiцаяў, бо iначай бы не выжыць...
Неаднароднасць партызаншчыны ў Беларусi, яе адмоўныя бакi ўпершыню асудзiла ў нас, знаходзячыся ў эміграцыі, Ларыса Генiюш, у вершах супрацьстаўшы аднабаковаму захлёбнаму іх услаўленню. Менавiта праўдзiвым, шматпланавым паказам партызанскага руху традыцыю Л. Генiюш падтрымаў і з поспехам развiў Васiль Якавенка. Падчас вайны Беларусь стала тэрыторыяй, арэнай партызанкi не толькi прасавецкай, а i прапольскай, праўкраiнскай, беларуска-патрыятычнай. Прапольская Армiя Краёва тут ваявала на два франты - супраць бальшавiкоў i фашыстаў, брала зброю ў акупантаў на барацьбу з партызанкай, арганiзаванай Масквой. А пісьменнік В. Якавенка сваім творам сведчыць, што быў у АК яшчэ і трэці фронт - змаганне з карэнным беларускім насельніцтвам,масавае знішчэнне яго па некаторыў населеных пунктах і раёнах. Прыгадваю, друкавалiся ў нас успамiны аб жорсткай расправе АК у Налiбоках з нацыянальна-беларускiмi асобнымi атрадамi.
Армiя Краёва на Брэстчыне супрацьстаяла бэндэраўцам, а бэндэраўцы - атрадам беларуска-савецкiм. Цэлы клубок, да канца не разматаны... Але ж разматванне яго ўжо пачалося ў гэтым творы пісьменніка, дый адразу ўсяго не ахопіш.
А цi асвоены нашым мастацтвам тыя трагедыi i драмы, якiя мелi месца зiмой 1942-1943 гадоў пры замене Масквой партызанскiх камандзiраў, што раней былi членамі КПЗБ? У Слонiме, напрыклад, ужо ў жнiўнi 1941 года былы член Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi Феакцiст Мiско стаў арганiзатарам партызанскага атрада, але Масква на яго месца прыслала новага камандзiра. Сам жа Ф. Мiско стаў неўзабаве ахвярай шалёнай кулi.
I яшчэ: хто ведае, колькi ахвяр панеслi ў слонiмскiх лясах партызаны-яўрэi, калi, паводле спецыяльнага ўказу, падпалi пад каварную расправу - стрэлы ў спiну падчас сутычак партызан з палiцаямi цi пры блакадзе партызан акупацыйнымi войскамi?
Армiя Краёва была даволi шматлюднай i зацятай, i яшчэ праз дзесяць год пасля вайны ў Налiбоцкай пушчы, напрыклад, у ваколiцы вёскi Мель-Бярозы, дзейнiчаў адзiн з яе атрадаў.
Не здзiвiўся лiчбе банд у Заходняй Беларусi ў пасляваенны час, якую мне ўпотай назваў на пачатку 70-х гадоў Кiрыл Грак - выкладчык марксiзму-ленiнiзму. Аб дзевяцiстах бандах ён мне гаварыў…
Канешне, у пасляваенны час займалiся разбоем, рабункамi i проста марадзёры, якія прывыклi падчас акупацыi да таго, што яскрава паказвае В. Якавенка ў сваёй трылогіі.
Але, напэўна, былi сярод лясных зухвальнiкаў i свядомыя супраціўнікі бальшавiцкай iдэі. Складаныя сiтуацыi былi, няпростыя гiсторыi i гiсторыйкi чалавечых лёсаў, у цэлым жыцця народнага, аб'ёмна раскрытай пісьменнікам у яго творы.
Трылогiя В. Якавенкi яшчэ наватарская i тым, як паказвае мотальскае гета, пагромы i ратаванне iюдзеяў мотальцамi, праваслаўным святаром Георгiем. Беларуская пасляваенная лiтаратура мала, вельмi мала выказала пачуццяў жалю i скрухi з-за Халакосту ў Беларусi.
Паўтаруся, што трылогiя В. Якавенкi - твор наватарскi. Прычым, па многіх параметрах. I праўдай паказу Заходняй Беларусi пасля верасня 1939 года, i паказам народнага жыцця ў акупацыi, у пасляваенны час. Асаблiва - адлюстраваннем перыпетый нацыянальнага руху ў Беларусi падчас акупацыi i ў савецкi час. Такой поўнай нiкiм яшчэ не паказвалася Беларусь, у тым лiку ў адлюстраванні дзеячаў беларускага Адраджэння, - да таго ж, без iдэалiзацыi i без ахайвання, апаскуджвання, якое скрэс панавала ў савецкi час. Чытачу прапануецца рабiць свае высновы аб ксяндзу Вiнцэнту Гадлеўскiм i Радаславу Астроўскiм, баранавiцкiм бургамiстру Сабалеўскiм i паэтэсе Наталлi Арсенневай, Раману Скiрмунту i Янку Генiюшу, Барысу Кіту i Мiкалаю Шчорсу.
Большасць галоўных раманных герояў, а iх шмат - удача пiсьменнiка: гэта сям'я селянiна Пятра Пiсарчука, асаблiва вобразы самога Пятра, яго сына Барыса, унучкi Манi, святара Раздзялоўскага - айца Георгiя, капiтана Сяргея Калiнiчэнкi, а таксама Кубэ, сына Сталiна Якава Джугашвiлi... Дарэчы, у поле зроку пісьменніка трапляюць яшчэ і мотальскі рэфарматар калгаса, мільянер, расіянін Апанас Стрыгуноў дый Хрушчоў і Мазураў…
Заслуга В.Якавенкi - у пераканаўчым паказе атмасферы перадваеннага часу, калi падпiсваўся Молатавым i Ры-бентропам звыродны акт размеркавання ўплываў ва Усходняй Еўропе, Прыбалтыцы. Гэта надзвычай актуальна i важна сёння, калi дзiву даешся рэтраграднаму паўтору прапагандысцкай дэмагогii хлуслiвасцi гэтых трагiчных для чалавецтва падзей у сучасным кiнематографе. Але як жа цяпер, калi прыадчынiлася сутнасць многiх падзей, пакiдаць па-за ўвагай подласць тагачасных палiтыкаў, подласць прапаганды - як?! Гэтая подласць каштавала мiльёнаў i мiльёнаў людскiх жыццяў. Таму замоўчванню балючай праўды гiсторыi даравання не можа быць!
Калі хочаце, яшчэ пра наватарства і сакрэт поспеху аўтара. Ён гуманіст і разглядае падзеі і характары, зыходзячы з агульначалавечых пазіцый, а не прынцыпаў сацрэалізму.
І апошняе, пра што хочацца сказаць. Дзякуючы сінтэзу ўласна мастацкага, метафарычнага, філасофскага, публіцыстычнага і свайго, лірычнага, ў творы добра адчуваецца толькі яму ўласцівая атмасфера, якой надзелены далёка не ўсе нават добрыя кнігі мастацкай літаратуры.
Не памылюся, калі скажу: эпапея па сваім напаўненні і характары зусім вартая таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго аб'ёмнай візітнай карткай.
Алег ЛОЙКА, паэт, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі