Папярэдняя старонка: 2008

№ 47 (886) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 47 (886) 19 ЛІСТАПАДА 2008 г.


125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Лёсіка

ЛЁСІК Язэп (Іосіф) Юр'евіч (18.11.1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Менскай вобл. - 1.4. 1940), бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад. АН Беларусі (1928). Дзядзька Я. Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898-99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мястэчку Грамяч Ноўгарад-Северскага павету Чарнігаўскай губерні. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з К. Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ. «Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ. «Вольная Беларусь» (1917-18). На з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый і партый выбраны ў Выканаўчы к-т Цэнтр. рады бел. арганізацый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з'езда 1917. У час акупацыі Беларусі германскімі і польскімі войскамі працаваў у Менску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12. 1919) стаў старшынём Найвышэйшай рады БНР. Пасля грамадзянскай вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні савецкай улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культурна-асветніцкай, літаратурнай працай. 3 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадзейным членам Інстытута бел. культуры, у 1928 - акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Інстытута навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асноўнымі дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў лістападзе 1922 Лёсік арыштаваны. Абараніў яго тагачасны наркам асветы БССР У.М. Ігнатоўскі, і Лёсік быў вызвалены. У 1930 Лёсік арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНК БССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Менск. 3 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрвені 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988 гг.

Лёсіку належыць шэраг літаратурных твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М. Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Лёсік падрыхтаваў да друку зборнік маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Лёсіка 1917-20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нацыянальнага адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі беларускай нацыянальнай культуры даследаваў у артыкуле «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Лёсік быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з'езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Лёсік перайшоў на пазіцыі незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі: «1517-1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы: Марфалогія» (1927).


Зварот да сяброў і прыхільнікаў ТБМ

Шаноўнае спадарства! Пасля Х з'езда ТБМ нас чакае стваральная праца, і менавіта на ёй я і хачу спыніцца.

Першае. Да канца года трэба закончыць перарэгістрацыю ўсіх сяброў ТБМ і даслаць у сядзібу спісы суполак з узноўленай інфармацыяй аб кожным.

Тут трэба адзначыць выдатную працу Берасцейскай гарадской арганізацыі ТБМ, якая ўжо даслала нам усю неабходную дакументацыю. Зараз гэтую работу завяршае кіраўніцтва Магілёўскай і Гародзенскай гарадскіх арганізацый.

Другое. Неабходна завяршыць збор складак за 2008 і мінулы 2007 год. Варта азначыць, што складкі пачалі паступаць ад нашых арганізацый, якія запазычыліся ў гэтым плане. Гэта Лідская, Берасцейская і Магілёўская структуры ТБМ.

Трэцяе. Пачалася падпіска на "Наша слова" на першае паўгоддзе 2009 г. Вельмі прашу Вас з мэтай захавання нашай газеты падпісацца на яе як мага хутчэй. Адпаведныя бланкі мы неўзабаве разашлем кіраўнікам буйных структур ТБМ.

Чацвёртае. Неабходна працягнуць збор ахвяраванняў для аплаты офісных памяшканняў ТБМ. Я спадзяюся ў першую чаргу на дэлегатаў Х з'езда, якія ўжо атрымалі ўсё неабходнае для гэтай працы.

Таксама чакаем Вашых прапаноў па праекце плана дзейнасці ТБМ у будучым юбілейным для нас годзе.

Ёсць ідэя выдаць перакідны каляндар на 2010 год, прысвечаны 20гадовай дзейнасці ТБМ. На кожнай старонцы календара можна змясціць выявы найбольш выдатных рупліўцаў роднага слова з іх кароткімі біяграфіямі, а таксама даты заснавання актыўных рэгіянальных структур ТБМ і іх гісторыю. Калі сабраць неабходныя грошы з разліку 5000 рублёў за асобнік можна надрукаваць сваімі сіламі пару тысяч асобнікаў такога календара. Хацелася б ведаць Вашу думку на гэты конт. Таму за працу, стваральную працу, дарагія сябры і аднадумцы.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


600 год Грунвальдскай бітвы

Зварот удзельнікаў Х з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" да ўладаў і грамадзян Беларусі

У 2010 годзе Цэнтральная Еўропа будзе адзначаць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якая стала лёсавызначальнай для ўсіх краінаў рэгіёну. ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", усведамляючы выключную і пераможную ролю харугваў з тэрыторыі этнічнай Беларусі ў найвялікшай бітве Сярэднявечча, лічыць неабходным, каб святкаванне гэтай даты ў Беларусі было арганізавана на высокім дзяржаўным узроўні.

Мы заклікаем усе заканадаўчыя і выканаўчыя структуры з поўнай адказнасцю падысці да гэтай даты. Увесь спектр мерапрыемстваў павінен быць адлюстраваны ў адпаведнай дзяржаўнай праграме, уведзенай у дзеянне ў самы бліжэйшы час указам Прэзідэнта.

Мы звяртаемся да ўсіх грамадскіх арганізацый Беларусі з прапановай распрацаваць уласныя праграмы па адзначэнні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, выходзіць з прапановамі па рэалізацыі гэтых праграм ва ўрадавыя, грамадскія беларускія і міжнародныя структуры. Беларусь павінна мець дзяржаўна-грамадскі комплекс мерапрыемстваў па годным святкаванні вялікай даты сумесна з іншымі еўрапейскімі народамі, найперш, з Літвой і Польшчай.

З'езд ТБМ выходзіць з гэтай прапановай напярэдадні святых Дзядоў з надзеяй, што кроў нашых продкаў, якой было заліта Грунвальдскае поле, прарасце нарэшце ўдзячнай памяццю нашчадкаў.


60 год з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц

Янішчыц Яўгенія , нарадзілася 20.11.1948 г. у вёсцы Рудка Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працавала загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ (1971). З 1976 г. - літкансультант «Сельской газеты», у 1983-1988 гг. загадвала аддзелам паэзіі часопіса «Маладосць». У 1981 г. як сябра дэлегацыі БССР удзельнічала ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Сябра СП СССР з 1971 г.

Памерла 25.11.1988.

Выступіла з вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1964 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар зборнікаў вершаў «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987), кнігі вершаў і паэм «У шуме жытняга святла» (1988).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Сёлетні год на Піншчыне названы літаратурным годам "Палескай ластаўкі" Яўгеніі Янішчыц. За гэты час адбыліся дзесяткі вечароў на базе бібліятэк Пінска і яго раёна прысвечаных вядомай зямлячцы.

Базавай школе ў вёсцы Парэчча прысвоена імя Яўгеніі Янішчыц. Так вырашылі ў Пінскім райвыканкаме.

Але для годнага ўшанавання памяці Яўгеніі Янішчыц трэба зрабіць яшчэ шмат.


НЕПРЫРУЧАНАЯ ПТУШКА ПАЛЕССЯ

20 лістапада - 60 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц (1948-1988)

Паэты з'яўляюцца нечакана. Невядомае імя - Жэня Янішчыц - пракінулася на старонках рэспубліканскага друку (а потым і выйшла за яго межы) недзе ў сярэдзіне 60х гадоў, разам з імёнамі Алеся, Разанава, Казіміра Камейшы, Леаніда Дайнекі, Юркі Голуба, поўнагалосна загучала, назаўсёды ўпісаўшы маладую паэтэсу ў рады майстроў слова.

Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна ў сялянскай сям'і. Бацька рана памёр. Маці, Марыя Андрэеўна і айчым, Патапчук Іосіф Сцяпанавіч, працавалі ў калгасе. Скончыўшы ў 1965 годзе сярэднюю школу ў вёсцы Парэчча, Жэня ў 1966 паступіла на адзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Дыпламант беларускага фестывалю творчасці маладых (1970). З 1971 года працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ. Выйшаўшы замуж за паэта С. Панізніка, тады вайскоўца, некалькі месяцаў загадвала бібліятэкай адной з воінскіх частак, жыла ў Чэхаславакіі. З 1976 года з'яўлялася літкансультантам "Сельскай газеты". З 1983 працавала загадчыкам аддзела паэзіі часопіса "Маладосць". У апошнія гады паэтэса жыла адна, выхоўвала сына. Абіралася дэпутатам раённага Савета Савецкага раёна Менска, членам праўлення і прэзідыюма Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1981 годзе прымала ўдзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН. Выдала наступныя зборнікі лірыкі: "Снежныя грамніцы" (1970), "Дзень вечаровы" (1974, прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі 1978), "Ясельда" (1978), "На беразе пляча" (1980), "Пара любові і жалю" (1983, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы 1986), "Каліна зімы" (1987), "У шуме жытняга святла" (1988). Трагічна загінула ў 1988 годзе. Пахавана на Ўсходніх могілках у Менску. На магіле паэтэсы па рашэнні ўрада ўстаноўлены помнік (1993).

Друкавацца Яўгенія Янішчыц пачала з 1964-65 гадоў у пінскай раённай газеце, яшчэ будучы вучаніцай Парэцкай СШ. Свае карэспандэцыі падпісвала псеўданімамі Ж. Заметкіна, Е. Іосіфава. Вершы яе змяшчаліся ў часопісах "Маладосць", "Беларусь", "Неман", "Молодая гвардия", "Дружба народов", "Огонёк", газетах "Литературная Россия", "Литературная газета", альманаху "Поэзия", штогодніку "Дзень паэзіі", калектыўных зборніках БДУ і Гамбургскага педінстітута, у анталогіі маладой беларускай паэзіі на Украіне.

Над першай сваёй кніжкай - "Снежныя грамніцы" - Яўгенія Янішчыц працавала шмат і доўга. Першая кніга лірыкі выйшла ў 1970 годзе, выклікаўшы станоўчыя водгукі літаратурных крытыкаў. Зборнік запомніўся натуральнасцю, маладосцю, непрыдуманасцю пачуццяў. У вершах неяк лёгка, прыгожа і тонка адбіўся юнацкі свет паэтэсы - уражанні, хваляванні, мроі:

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Там заблудзімся

ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсе з любві,

Нават самая прастая з'ява.

Здаецца, сама маладосць гаварыць так натуральна і свабодна, што часамі нават ствараецца ўражанне, нібы вершы Я. Янішчыц нараджаюцца як бы самі сабой: "Будзь мне мамай, Радзіма мая"; "дзень добры, булькатлівая крыніца, давай уперагонкі пабяжым"; " і на слёзы першыя і смех - белаю бяссоніцаю снег".

У чым жа "тайна" паэзіі Янішчыц? Магчыма, у своеасаблівасці лірызму паэтэсы - празрыстага, ціхага, някідкага, песеннаплаўнага. Яўгенія Янішчыц - лірык перш за ўсё, цалкам і поўнасцю. У яе радку вабіць магія тону, гуку, музыкі, якія прыцягваюць да сабе, нібы закалыхваюць і зачароўваюць.

Каларыт Палесся перайшоў у вершы, дзе можна напаткаць і раку Лану, і сімпатычныя постаці землякоў паэтэсы. Ад гэтага паэзія яе не зрабілася рэгіянальнай, наадварот, заснаваная на зямных, жыццёвых пачуццях, яна стала яшчэ больш сімпатычнай, праўдзівай. Паэтэса цэніць у сваіх земляках, сучасных палешуках, працавітасць, душэўную трываласць, чалавечнасць. Адчуваецца, што яна як мастак вельмі шануе народны характар - і ў гэтым маральнаэстэтычная аснова яе творчай пазіцыі, якая многае вызначае ў яе паэзіі. Палескі каларыт глыбока пранік у паэзію Янішчыц, абумовіўшы яе самыя няўлоўныя эстэтычныя адценні - музыку, колер, настрой, увесь духоўны кантэкст, звязаны з народным складам паэтычнага мыслення. Палеская тэма - як тама вёскі, маральных каштоўнасцяў народнага жыцця - у разнастайнасці адценняў праходзіць праз усе яе кнігі:

Доўгія шляхі і павароты,

Звабны бляск, і мітусня, і шум

Аціхаюць, калі мне вароты

Вёска адчыняе, як душу.

Справы вясковых працаўнікоў шырока паказаны ў паэме "Ягадны хутар", якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы ў выглядзе лістоў да маці, дзядькі, стрыечнага брата. Сучаснай вёсцы прысвечана і "Зорная паэма".

Ніл Гілевіч адзначыў: "Адна з асаблівасцей лірычнага самавыяўлення у Янішчыц заключаецца ў тым, што не заўсёды можна з поўнай вычарпальнасцю сказаць, пра што напісаны верш… Гэта - паэзія, якая нячутна, накшталт сонечнага святла, уваходзіць у цябе, каб выклікаць у душы і сэрцы такі ж вясенні сонечны настрой, каб і ты, падуладны яе магічным чарам, прычасціўся да радасці і ўрачыстасці жыцця". У кнігах Янішчыц няма кніжнасці, літаратуршчыны - яна шукае натхнення ў жыцці, звяртаецца да жывога народнага слова.

У "Дні вечаровым" Янішчыц больш задумваецца над сваім прызваннем, месцам у жыцці. З'яўляецца вобраз "чайкі над залівам", з якой яна параўноўвае сябе:

Я і сама паміж вятроў

Уся - палёт суровы,

Калі шукаю, як сяброў,

Загубленыя словы.

Зборнік "Ясельда" - гэта адчуванне прастору, якое ўвесь час расло ў лірыцы Янішчыц, вяртанне - на новым вітку жіццевага досведу - на "кругі свае". Павялічылася духоўная запоўненасць верша, лірыка - драматычны кантэкст. Паэтэса глыбей заглядае ў чалавечую душу, горнецца да людзей. У " Ясельдзе" сэрца гераіні ахоплена каханнем:

Дай бог з табою

мне не сустракацца,

Застанься там, на беразе,

дзе мы

Яшчэ не ўмеем

нават цалавацца,

Не адчуваем холаду зімы.

У зборніку лірыкі "На беразе пляча" (1980) паглыбляецца цікавасць да чалавечых лёсаў, выразна праяўляецца ўменне заўважыць і ацаніць унутраную прыгажосць чалавека.

З вершаў Я. Янішчыц паўстае ўнутраны свет сучаснай жанчыны, яе любоў да жыцця, працавітасць, шчасце мацярынства, хараство і дабрыня. Яе паэзія шматструнная, у ёй знаходзім плённае зліццё самых шматстайных імгненняў, з якіх складаецца наша жыццё.

У адным з інтэрвію паэтэса казала: "І дзякуй лёсу, што,прыглядаючыся да краю свайго, да людзей, непазбежна ловіш сябе на думцы аб супярэчлівых тайнах быцця".

Мысленне, асабліва ў сталай лірыцы паэтэсы, вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан душы лірычнай гераіні выяўляецца праз дыялектычную ўзаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і турба, святло і цемра.

Адной з лепшых старонак беларускай паэзіі стала інтымная лірыка Я. Янішчыц. У ёй найбольш выразна раскрылася незвычайная духоўнае свячэнне чалавечай і творчай асобы, паэма "Акно ў дождж" - выяўленне душэўнага стану гераіні, яе сямейнай неўладкаванасці. Шчымлівая жаночасць паэзіі Янішчыц звязана з музычнасцю яе верша, некаторай ідэалізацыяй рэчаіснасці, інтымнымі інтанацыямі, унутранай даверлівасцю, схільнасцю да эмацыянальнага абывання свету. Хіба можна спакойна чытаць пранікнёныя, поўныя ціхага адчаю радкі:

Ты цяпер немагчыма далёка.

Вырву з градаў палын і асот.

Але воран - калючае вока -

Прабівае душу навылёт.

Захінуся шалёнаю сцюжай,

Завяжу вузялочкам кутас.

Чорны воран

над белаю ружай:

О, які

фантастычны кантраст!

Я сачу, як пялёсткі злятаюць,

Як заходзіцца вецер сляпы,

Рызыкоўна

праз боль праступаюць

Кіпці ворана, ружы шыпы.

Адкажы,

да чаго б гэта, дружа,

Кружыць,

сну разарваўшы кілім,

Чорны воран над белаю ружай,

Як над выстылым

сэрцам маім.

Акрамя вершаў, Яўгенія Іосіфаўна пісала апавяданні, выступала ў друку з артыкуламі, рэцэнзіямі. Некаторыя творы паэтэсы (у тым ліку незакончаная паэма "Галалёд") былі надрукаваны пасмяротна (Полымя. 1993 г. № 5). Вершы Я. Янішчыц перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую мовы. На словы паэтэсы кампазітарамі Р. Давыдавым, Ю.Семенякам, М. Юрко і іншымі напісаны песні.

Ёсць у літаратуры паняцце "жаночая лірыка". Яна мае свае вяршыні ў сусветнай паэзіі. Леся Украінка, Ганна Ахматава, Марына Цвятаева, Саламея Нерыс… ЯЎГЕНІЯ ЯНІШЧЫЦ. Наша нязгасная зорка, якая так рана пакінула гэты свет... І нам застаецца толькі разам з Аленай Васілевіч светла сумаваць па Паэтэсе, Маці, Жанчыне:

Вокны Жэні Янішчыц

глядзяцца ў Свіслач...

Кожны вечар маўкліва

гляджу я на іх.

Дзе твой позірк шчымлівы?

Твой голас крынічны?

Я і сёння не веру,

Што патух ён.

Што сціх...

Што спаткнуўся, зламаўся

Пад цяжарам лёсу

Малады, як павеў, лёгкі крок...

І ад плачу знямелі,

счарнелі нябёсы.

Нават сонца

свой страціла зрок.

...А вясна зноў гукае

ў зялёных абновах.

Свіслач гушкае хвалю

усплёскам вясла.

І плыве твой Радок.

І звініць тваё Слова!..

Жэня, Жэнечка, дзе ты?

Куды ты пайшла?..

("Памяці Жэні Янішчыц")

"Выняньчаны мой радок не можа з іншымі змяшацца" , - з гонарам пісала паэтэса ў кнізе "На беразе пляча". Яе знешне найчасцей някідкая, але глыбокая і сапраўды таленавітая паэзія, моцна ўгрунтаваная на ўстойлівыя народныя традыцыі, займае сваё адметнае і трывалае месца ў беларускай і сусветнай літаратуры.

Алена Лазуціна, студэнтка 5-га курса ФІДК БДУ культуры і мастацтваў.


Паэтычны жаўранак

Аж не верыцца! Жэні Янішчыц сёлета дваццатага лістапада было б усяго шэсцьдзесят - 1948. А яе ўжо, нашага паэтычнага жаўранка, даўно няма. Змоўкла ў 1988. Я скарыстаў ў стасунку да Жэні эпітэт "паэтычны жаўранак". А яна бадай што такой была! Той парою, калі Жэня адчула сябе паэткай, прарэзаўся яе паэтычны голас, пачала друкавацца, я працаваў на тэлевізіі: ва ўтульным і прывабным, з калонамі, дамку. Куточак той прывабны не толькі сваёй архітэктурай. Паблізу, праз вуліцу Свіслач. Што і казаць: рамантычны куточак! Пэўна і таму маладыя таленты не цураліся тэлевізійнай музы. Заўсягдатаем нашай, навуковапапулярнай рэдакцыі была і Жэня Янішчыц. Балазе, у тую пару не было такога суровага, як зараз, доступу ў тэлевізійныя рэдакцыі. Бывала, пры ўваходзе на тэлевізію, сядзеў якісь дабрадзейны дзядок. І яму дастаткова было сказаць дабрадушна: "Добры дзень", і ідзі сабе ў любую рэдакцыю, у якую ты жадаеш.

І яна ніколі не прапускала нагоды завітаць на нас. Наша рэдакцыя яе прываблівала тым. што мы ўсе свае праграмы рыхтавалі на беларускай мове. І наогул, у нашай рэдакцыі панаваў культ роднай мовы, і Жэня шчыравала з намі: чытала свае новыя вершы, дзялілася сваімі жыццёвымі трывогамі, і, прынамсі, ухваляючы нашу вернасць роднаму слову, скардзілася, што ў ЦК камсамолу - Жэня мела нейкае дачынення да таго ЦК, была так якімсьці творчым кансультантам ці што - схілялі яе дый іншых, каб яна пераходзіла на рускую мову. І яе гэта абурала. З крыўдай на камсамольскіх цэкоўцаў яна прыходзіла да нас...

Неўзабаве пачалі гаварыць, што Жэня выходзіць замуж за якогась вайскоўца. А той вайсковец - паэт, і нас гэта вельмі цешыла: будзе беларуская сям'я! Беларускамоўныя будуць і дзеці! І не проста беларускамоўныя, а свядома беларускамоўныя!

Падчас Жэніных візітаў у нашу рэдакцыю рэжысёрам у нас працаваў Эдуард Перагуд. Ён наскрозь быў беларускамоўны. Нядаўні актор віцебскага тэатра, ён скрозь і ўсюды карыстаўся роднаю моваю. Умеў прапускаць лёстачкі, і ўсё гэта так сакавіта, з прымаўкамі, што хочаш не хочаш, а западзе ў душу. Гэтак Жэня жывілася ля нас, а мы ля яе. Між іншым, згаданы рэжысёр тут меў і літаратурны задаткі. Так што між Жэняй і намі было поўнае сугучча і разуменне.

Ул. Содаль.



22 лістапада (субота) у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, тэатарстудыя Міровіча (пр. Незалежнасці, 81, другі паверх) адбудзецца вечарына польскай і беларускай паэзіі "РЭКАНСТРУКЦЫЯ ПАЭТА".

У межах імпрэзы:

творы класіка ХХ стагоддзя Збігнева Герберта папольску і пабеларуску;

вершы Ўладзіміра Арлова, Веры Бурлак, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча ў арыгінале і ў польскіх перакладах;

прэзентацыя спецыяльнага нумара часопіса "ARCHE", прысвечанага Збігневу Герберту;

прэзентацыя дзвюх кніг З. Герберта "Рэканструкцыя паэта" і "Спроба апісання";

прэзентацыя дзвюхмоўнай анталогіі беларускай паэзіі "Nie chyliіem czola przed moca".

Удзел бяруць:

укладальнікі анталогіі Лявон Баршчэўскі і Адам Паморскі;

беларускія паэтыўдзельнікі анталогіі;

­ перакладчыкі З. Герберта (Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч, Серж Мінскевіч);

музычны гурт "Рацыянальная дыета";

студэнты Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Вядзе імпрэзу Андрэй Хадановіч.

Пачатак а 18.00. Уваход вольны.


Літаратурныя сустрэчы на сядзібе ТБМ

(вул. Румянцава, 13)

Пачатак у 18.00. Уваход вольны.

24 лістапада, панядзелак. "Беларуская літаратура ў сваім часе". Сустрэча з пісьменнікам Алесем Пашкевічам. "Выдатныя дасягненні ў беларускай літаратуры". Сустрэча з пісьменнікам Кастусём Цвіркам.


Выдадзены "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі"

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь накладам у 20 000 асобнікаў выдаў "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". У прадмове да "Правілаў..." гаворыцца:

"Беларуская мова дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі - адыгрывае выключна важную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Таму ўнармаванасць дзяржаўнай мовы, захаванне адзінства арфаграфічных нормаў пісьмовай мовы ў значнай ступені забяспечваюць стабільнасць у сферы моўнай камунікацыі і маюць важнае дзяржаўнае і палітычнае значэнне.

Правапіс, адлюстроўваючы асаблівасці і заканамернасці беларускай мовы, з'яўляючыся рэгламентуючым сродкам жывой мовы, не можа працяглы час заставацца нязменным. Бесперапыннае развіццё і ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характару, абнаўленні лексічнага складу мовы, выклікае неабходнасць удакладняць правапіс, прыводзіць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове, і таму ён таксама павінен перыядычна ўдасканальвацца. Асабліва актуальным гэта стала ў канцы XX стагоддзя, калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся пэўныя змены. Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. У сувязі з гэтым надзённым стала неадкладнае ўпарадкаванне правапісу, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных нормаў і аблегчыць навучанне беларускай мове ў школе. Узнікла неабходнасць удакладнення існуючых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (Выдавецтва Акадэміі навук БССР, Мінск, 1959), якія былі распрацаваны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 года «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» і дзейнічалі да 1 верасня 2001 года.

Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 годзе, не з'яўляліся чарговай рэформай, а ўдакладнялі і развівалі «Правапіс беларускай мовы», выдадзены ў 1934 годзе. «Правілы» 1959 года з'явіліся першай спробай стварэння поўнага зводу беларускага правапісу. Ён быў падрыхтаваны калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН БССР К.К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П.Ф. Глебкі. У складанні «Правіл» прымалі ўдзел вядомыя вучоныя М.Г. Булахаў, П.М. Гапановіч, М.П. Лобан, М.Р. Суднік, П.П. Шуба.

Арганізацыя і першыя крокі працы па ўдакладненні і ўдасканаленні правапісных нормаў беларускай мовы звязаны з імем народнага паэта Беларусі акадэміка Якуба Коласа, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў арфаграфічную камісію і ўнёс вялікі ўклад у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускага правапісу.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 года № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Яна разгледзела агульныя праблемы сучаснага беларускага правапісу, тэарэтычна абгрунтавала характар і мэтазгоднасць унясення прапануемых удакладненняў. Дзяржаўная камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», дзе былі б улічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў у складзе дактароў філалагічных навук акадэміка А.І. Падлужнага, прафесараў А.Я. Міхневіча, М.С. Яўневіча, П.П. Шубы, кандыдата філалагічных навук А.А. Крывіцкага, кіруючыся рэкамендацыямі Дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997-1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакцыі «Правіл».

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі «Правіл» і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 18 студзеня 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара В.І. Іўчанкава і доктара філалагічных навук прафесара А.А. Лукашанца канчаткова дапрацавала «Правілы» з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.

Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прынятага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 года і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года, садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў школьным навучанні і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь."

Такім чынам этап спрэчак, прыняцця ці непрыняцця можна лічыць закончаным. Пры ўсіх вартасцях і недахопах "Правілаў..." пісаць з 1 верасня 2010 года мы будзем у адпаведнасці з нормамі, выкладзенымі на гэтых 140 старонках.

Наш кар.


Не стала Генадзя Кісялёва

14 лістапада 2008 года ў Менску памёр выдатны беларускі гісторык літаратуразнавец, пісьменнік і археографа, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, доктара філалагічных навук Генадзь Кісялёў.

Вучоны нарадзіўся 19 сакавіка 1931 у Каломне (Маскоўская вобласць) Пасля заканчэння ў 1953 годзе Маскоўскага гісторыкаархіўнага інстытута Г. Кісялёў працаваў у архівах Вільні, з 1971 года - у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Даследаваў гісторыю грамадскай думкі і нацыянальнавызвольнага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць Кастуся Каліноўскага. Аўтар работ па гісторыі беларускай культуры XIX-XX стагоддзяў, напісаных у жанры займальнага літаратуразнаўства, у тым ліку - аб аўтарстве паэм "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе".

Г. Кісялёў даследаваў жыццё і творчасць Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Арцёма ВярыгіДарэўскага і Паўла Шпілеўскага. Распрацаваў тэарэтычныя асновы археаграфіі і літаратурнага крыніцазнаўства як асобнай навуковай дысцыпліны. Укладальнік і рэдактар зборнікаў гісторыкаархіўных дакументаў па перыядзе рэвалюцыйнага ўздыму ў Літве і Беларусі 1861-1862 гадоў, па нацыянальнавызвольным паўстанні ў Літве і Беларусі супраць рускага царызму ў 1863-1864 гадах, шэрагу зборнікаў па гісторыі беларускай літаратуры XIX-XX стагоддзяў. Распрацаваў канцэпцыю і склаў гісторыкалітаратурны зборнік "Шляхам гадоў"

Пахавалі Генадзя Кісялёва 17 лістапада 2008 г. на Кальварыйскіх могілках Менска.


Першая ластаўка

Агульнавядома, што музей (лацінскае museum ад старажытнагрэчаскага museion, храм муз) - навукова-даследчая ці навукова-асветніцкая ўстанова, якая камплектуе, захоўвае і выстаўляе на пастаяннай ці часовай аснове для агляду творы мастацтва, літаратуры, побыту, прадметы гісторыі і культуры, навукі, матэрыялы з жыцця і дзейнасці знакамітых людзей і г.д., размешчаныя ў пэўнай сістэме. Сказанае тычыцца і любых мастацкіх музеяў, гісторыя ўзнікнення якіх узыходзіць да глыбокай старажытнасці (Егіпет, Вавілон, Грэцы, Рым і інш.). сістэматычны збор твораў мастацтва пачаўся ў эпоху Адраджэння. Прыярытэт у гэтай справе належаў манастырам, цэрквам і буйным феадалам. Пазней творы мастацтва збіралі пераважна адукаваныя і заможныя людзі, што і паклала пачатак прыватнаўласніцкім музеям. Неўзабаве да гэтай справы спрычынілася і дзяржава. Вядома, што пра музеі ў мэтах прапаганды іх каштоўнасцяў пісалі аматары і спецыялістымастацтвазнаўцы.

Калі гаварыць пра прыватныя музеі ў Беларусі, то лёс іх - трагічны, як пераважна трагічная і гісторыя нашай краіны. Экспанатамі са збораў Радзівілаў, Сапегаў, Храптовічаў і многіх іншых, а ў пазнейшыя часы і экспанатамі з нашых дзяржаўных музеяў папоўніліся фонды музеяў і прыватных калекцый Масквы, Варшавы, СанктПецярбурга, Вільні, Кіева, Харкава і многіх іншых гарадоў свету.

Сярод сённяшніх музеяў такога кшталту не толькі немагчыма абыйсці ўвагай, але немагчыма не паставіць за яго тэматычную накіраванасць, сістэматызацыю і багатыя выставачны і запаснікавы фонды на пачэснае месца нават і сярод многіх дзяржаўных устаноўзбораў "Старадарожскі нацыянальнамастацкі музей Анатоля Белага". На вялікі жаль, у нашай краіне і адпаведна за яе межамі не так ужо і многа інфармацыі пра гісторыю стварэння гэтага музея і пра яго калекцыі. А напісаць, расказаць ёсць што і пра што. Гісторыкам мастацтва, мастацтвазнаўцам тут шырокая прастора для творчай дзейнасці ад стварэння каталогаў да напісання манаграфій, навуковапапулярных нарысаў і кніг, а то і падрыхтоўкі і альбомаў.

Старадарожскі музей А. Белага унікальны сваёй багатай ва ўсіх сэнсах экспазіцыяй (жывапіс, графіка, скульптура, медальернае мастацтва і інш). і ва ўсім гэтым адлюстраваны шматаблічны вобраз Беларусі. Адна зала музея - мемарыяльдная - Быкаўская. Адна зала прысвечана культурнаасветніцкаму клубу "Спадчына", старшынёй якога з'яўляецца сам спадар А. Белы. А ўвогуле ў музеі восем тэматычных залаў агульнай экспазіцыйнай плошчай 5000 кв.м., на якіх размешчана каля двух тысяч твораў выяўленчага мастацтва усіх відаў і жанраў. Пра ўсё стваральнік і гаспадар музея, апошнім часам вельмі заняты рознымі іншымі грамадскімі клопатамі, выдаў "Даведнік па музею".

У кірунку асобных выданняў пра музей А. Белага гэта першая ластаўка. Трэба адразу сказаць, што "вяшчуння" атрымалася годнай і ладнай. Невялікі па памеры, "Даведнік" праз тэкстоўку і ўдала скампанаваны іканаграфічны матэрял дае добрую інфармацыю пра стварэнне, станаўленне, існаванне непаўторнага прыватнага нацыянальнамастацкага музея. Мастацкае афармленне, тэхнічнае рэдагаванне і паліграфічнае выкананне "Даведніка" ажыццёўлена на высокім прафесійным узроўні.

Праўда, ёсць і некалькі ўпушчэнняў пры падрыхтоўцы выдання. Гэта тычыцца інфармацыйнатэкставай часткі. Так, на другой старонцы "Даведніка" даецца пералік імёнаў некаторых мастакоў, чые творы знаходзяцца ў музеі. Дык вось тут не вытрыманы алфавітны прынцып падачы прозвішчаў. А імёны мастака А. Крывенкі (яго пэндзлю належаць больш сотні музейных экспанатаў) і скульптара М. Несцярэўскага, немалая колькасць твораў якога прадстаўлена на стэндах музея, тут трэба разумець пад цітрам і іншыя , а дарэмна. Тым больш, што яны яшчэ і актыўныя сябры клуба "Спадчына".

На старонках другой і трэцяй "Даведніка" змяшаны ў адну кучу імёны асветнікаў Старажытнай Беларусі, Вялікіх князёў Літоўскіх і адраджэнцаў новага часу. Тут павінна быць вызначана мяжа ў часе іх жыцця і дзейнасці. У інфармацыі на старонказ 3 і 4 імя Тадэвуша Касцюшкі чамусьці падаецца ў шэрагу імёнаў гісторыкў найноўшага часу. Такое быць у прынцыпе не павінна. І яшчэ адна з заўваг. Праўда, гэта ужо менш па "Даведніку", а па назве музея. Зыходзячы з таго, што жонка А. Белага Ала Мікалаеўна Белая і іх дачка Святлана Анатольеўна Белая ва ўсіх сэнсах яго - памочнікі, дарадцы і рупліўцы, было б слушна Страдарожскі нацыянальнамастацкі музей назваць музеем Белых. Так, Ала Мікалаеўна вызваліла Анатоля Яўхімавіча ад усіх хатніх і гаспадарчых абавязкаў і клопатаў і ўзяла ўсё гэта на сябе. Больш таго, яна заўсёды сустракае наведвальнікаў музея, часта частуе іх і нават праводзіць часам для іх экскурсіі па музеі. А наведвальнікі тут бываюць індывідуальна і групамі не толькі з Беларусі, а і з бліжняга і дальняга замежжа (Германія, Францыя, Італія і інш.). Дачка Святлана, якая жыве ў Кліўледзе (ЗША), вельмі падтрымлівае бацькоў матэрыяльна. Ды яна і сама, як і яе бацькі, уносіць свой уклад у развіццё беларускай культуры за мяжой і на Радзіме. Яна сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, стварыла цудоўную кнігу пра Максіма Багдановіча. Яна ж нязменны рэдактар былога часопіса "Полацак".

Шкада, што адсутнічаюць выходныя дадзеныя "Даведніка", адкуль можна было б даведацца пра аўтара - складальніка, афармляльніка, рэдактара, пра наклад і інш.

Пералічаныя недахопы выдання ні ў якім разе не зніжаюць яго каштоўнасці як і ўвогуле значэння самога музея. Музей быў, ёсць і будзе адным з вядучых цэнтраў папулярызацыі беларускай гісторыі і мастацства. І будзем спадзявацца, што "Даведнік" - гэтая першая ластаўка - распачне рабіць шырокае добрае надвор'е вакол "Старадарожскага нацыянальна-мастацкага музея Белых".

Яўген Гучок


Ліда з мовай назаўжды

У канцы верасня 2008 года ў Лідзе выйшла кніга твораў лідскіх паэтаў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова". На пачатак лістапада ўсе 300 асобнікаў кнігі разышліся. Пры гэтым за межы Лідскага раёна кніга фактычна не паступала. Зараз даводзіцца толькі шкадаваць, што не быў замоўлены наклад хаця б у 500 асобнікаў.

Разам з тым, як і прадбачылася, не ўсе аўтары трапілі са сваімі творамі ў зборнік. Шмат хто не ведаў, або не паспяшаўся своечасова да ўкладальнікаў. І на чарговае паседжанне літаб'яднання "Суквецце" прыйшлі новыя аўтары з новымі вершамі. Два з іх мы прапануем чытачам "Нашага слова". Два вершы два невядомыя імені. Абодва маладыя хлопцы. Адзін слесар, другі навучэнец тэхнічнага ліцэя. Абодва пачынаюць шлях у літаратуру. Хай будзе ён шчаслівым, тым больш што пачынаецца з вершаў пра мову.

Наш кар.

Не звядзём...

Ад чаго ж ты на сэрцы,

журба?

Цьма ў душы,

і святла не відно...

Мова родная, мова мая!

Дзе ты ёсць?

Ну чаму не чутно?


Брат, прыслухайся,

стань і замры!

Беларускі наш край

сінявокі,

Тыя рэкі, азёры, бары,

Птушкі ў полі і нават аблокі,


Што ляцяць дзесьці там

ў вышыні

Па бясконцай

халоднай прасторы...

І далёкія знічкі-агні

Чуеш? нашаю

мовай гавораць!


Не цураймася ж мовы сваёй,

Размаўляйма, шануйма яе:

Пройдзе сто,

нават тысячу год -

Толькі мова, яна існуе!


Між цябе і мяне, братка мой,

Між людзей,

каму кут родны любы,

Зберажэм нашу мову з сабой,

Не здамо,

не звядзём да загубы.

Алесь Ціхаход.

Святая мова ліцьвіноў

Спрадвечны скарб,

былое шчасце.

Калісьці ўсё было і ў нас.

I чалавечае багацце,

I лёс, нібыта слуцкі пас.


Была і мова самай лепшай,

Жыла між яваў і між сноў,

У ВКЛ была найпершай,

Святая мова ліцьвіноў.


А наваколле, наваколле,

Як быцам казка ажыла.

Бары палі азёры рэкі -

Багаця поўная зямля!


Купале, пошукі цуд-кветкі.

Вянкі пускалі па рацэ.

І хлопцаў варажылі дзеўкі,

Букет зціскаўшы ў руцэ.


Маліліся да Бога ў гоман,

Каб збажаніну град не біў.

Каб па вясне магутны Нёман, Палі ды вёскі не тапіў.


Ну што казаць,

было так добра,

На радасць людзі ўсе жылі.

Ну а каму цяпер ахвотна, Жыць на сяле,

жыць ад зямлі?


Усе мы раптам

гарадскімі сталі,

Канешне, можа

жыць яно лягчэй.

Мы памяць з мовай

здратавалі,

Ды з вёскі паўцяклі хутчэй.

Амаль ніхто нідзе не чуе,

Славутай мовы ліцьвіноў.

Расейскі мат

штодзень гвалтуе,

Ліцьвінак колішніх сыноў.


І сэрца ўзятае ў аковы,

І задыхаецца ад пут!

За мат здалі мы нашу мову!

За мат здалі мы родны кут!

Уладзімір Паўлюкевіч.


Я не шукаю вінаватых

Я не шукаю вінаватых,

Каб пальцам тыркнуць і сказаць:

- Паганцы, гэта вы зрабілі,

Што роднай мовы не чуваць


Ў садках дзіцячых, ані ў школах

На тэлебачанні - нідзе.

Знішчэнне нашай роднай мовы

На Беларусі спрэс ідзе!


Ды іх шукаць прасцей прастога,

Яны навокал - гэта мы:

Вясковы п'яніца-нябога,

І кабінетныя чыны.


Яны ж усе даўно манкурты,

І лізаблюды, карані

Сваёй адметнасці прадалі,

І душам іх гарэць ў агні.


І толькі тым цяпер складана,

Хто роднай мовай даражыць,

Хто беражэ самааддана

Яе, ў каго душа баліць.


Не паддаецца ён дурноце

Тых, хто пад рускага грабе,

Хто робіць гэты цырк на дроце

З пячаткай Юды на ілбе.


Ён беларусам застаецца.

Такім да скону будзе жыць.

Вышэй другіх залезць не пнецца,

І не дае сябе дурыць.

Фелікс Шкірманкоў г. Слаўгарад.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX