Папярэдняя старонка: 2008

№ 50 (889) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 50 (889) 10 СНЕЖНЯ 2008 г.


90 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кірэенкі

КІРЭЕНКА Кастусь (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. - 15.9.1988), бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945-62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972-86 - час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я. Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М. Аладаў, У. Алоўнікаў, У. Буднік, Ю. Семяняка, С. Палонскі і інш. Перакладаў творы рус, укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.


Падтрымаем Дакоту і ўсё беларускае

25 лістапада завяршылася падача заявак на "Еўрафэст". Да апошняга дня не было вядома, ці возьме ўдзел у конкурсе спявачка Дакота, адна з асноўных фаварытак. Аднак у апошні дзень спявачка падала заяўку на беларускі адбор да "Еўрабачання". А заспяваць нечакана вырашыла на роднай мове. Тэкст для новага хіта Дакоты напісаў паэт Глеб Лабадзенка.

Дакота: "Я пабачыла, што за маёй спіной такая падтрымка, і вырашыла паспрабаваць. Песня ўжо амаль гатовая. Я праспяваю ад імя ўсіх дзяўчат і нявест, якія не дачакаліся каханых з вайны. Музыку напісала я, а тэкст беларускі паэт Глеб Лабадзенка. У яго словы я дадала нешта ад сябе, атрымаўся творчы тандэм... Калі шчыра, я наогул не разумею, чаму такі шквал эмоцый выклікала тое, што я буду спяваць пабеларуску. Мяне гэта трошкі крыўдзіць. Мая песня на беларускай мове адзіная з усіх заявак, якія пададзеныя. Я аднаадзіная буду спяваць пабеларуску. Чаму для беларусаў дзіўна тое, што дзяўчынка будзе спяваць пабеларуску? Я гэтага не разумею. Ведаеце, па статыстыцы, было падлічана, што з усіх тых пераможцаў Еўрабачання ўсяго 22 пераможцы спявалі паангельску: усе астатнія спявалі на сваёй роднай мове."

Расійскія прадзюсеры падтрымалі ідэю Дакоты, а сама спявачка мяркуе: надышоў час паказаць Еўропе, што ў нас ёсць родная мова, і на ёй можна спяваць прыгожыя песні. Гэта не першая беларускамоўная песня Дакоты. Высветлілася, што спявачка напісала ўжо не адну кампазіцыю на роднай мове. Але яе фаны пакуль ніводную з іх не пачулі.

Як дазналася "Еўрарадыё", Дакота ледзь не адзіная выканаўца, якая хацела б заспяваць на "Еўрабачанні" пабеларуску. Прадзюсер "Еўрафэста" Анастасія Ціхановіч паведаміла, што сярод заявак пераважаюць песні паруску і паанглійску. "Але некалькі беларускамоўных песень усё ж будзе, - кажа прадзюсер. - Хоць вядомыя артысты ў асноўным выбіраюць англійскую мову".

Паводле СМІ.


Бел-чырвона-белыя ластаўкі

З'яўленне першых кніжак серыі "Беларускія ЕўраГраматыкі" сталічнага выдавецтва "Радыёла-плюс" без усялякага перабольшання можна вызначыць як адметную падзею ў лінгвістыцы, у культуры, у палітыцы.

Мабыць, нездарма першымі выйшлі ў серыі два томікі кароткіх граматык латышскай і польскай моў, моў нашых раўночных і заходніх суседзяў. І палякі, і латышы адзначылі ў лістападзе 90годдзі сваёй незалежнасці - менавіта восенню 1918 года на палітычнай мапе Еўропы выявіліся дзве новыя дзяржавы, і, трэба думаць, новыя выданні ёсць своеасаблівым падарункам выдаўцоў і аўтараў, а таксама ўсіх вольналюбівых беларусаў двум суседнім народам. Сведчаннем таму і дата падпісання да друку польскай граматыкі.

І калі ўжо гаворка зайшла пра аўтараў, дык на абедзвюх вокладках і тытулах можна знайсці прозвішча знанага мовазнаўцы, педагога, перакладчыкапрактыка і палітыка Лявона Баршчэўскага (аднак адзначым дзеля справядлівасці, што над латышскай граматыкай шчыраваў ён разам з Андрэем Гуцавым). Думаецца, што выданне гэтых граматык ёсць пэўным працягам і развіццём папярэдніх выданняў велешаноўнага аўтара - "Беларуска-лацінска-еўрапейскага слоўніка" і "ЕўраСлоўніка".

Аб'ядноўвае гэтых першых ластавак новай серыі не толькі аўтарства, але і адметнае, пазнавальнае мастакоўскае афармленне. Колеравае спалучэнне на абодвух вытрыманае ў бел-чырвона-белых фарбах, хіба што на польскім томіку яны яркія, сакаўныя, а на латышскім - больш стрыманыя, адцення засохлай крыві. І гэта нездарма, бо выклікае згадкі пра семантыку абодвух нацыянальных сцягоў, якая практычна супадае і з тлумачэннем колеравай гамы спрадвечнага беларускага, а не штучна вынайдзенага за сталінскім часам штандара.

Несумненна, што кнігі серыі зробяць адметны ўнёсак у развіццё айчыннага мовазнаўства. Прыемна ўсведамляць гэтаксама, што акрамя культурніцкага і палітычнага асьпектаў, маюць гэтыя кніжкі і непасрэдна ўжытковы - будуць запатрабаваныя яны і ў Латвіі, і ў Польшчы, дзе пражывае немалая беларуская дыяспара. Нездарма змешчаны ў кнігах і такія практычна запатрабаваныя раздзелы, як "Некаторыя ўстойлівыя выразы", у якіх можна знайсці прымаўкі, выслоўі, фразеалагізмы, а таксама шыльды і надпісы.

І што вельмі істотна, выхад гэтых кніжак (а таксама, спадзяемся, дзясяткаў наступных!) ліквідуе паранармальную з'яву - мовы суседніх краін, а ў тым ліку і такіх роднасных, як польская, альбо ўкраінская, альбо славацкая, беларусы найчасцей мусілі вывучаць праз рускую мову, праз мовупасярэдніцу, што нярэдка заблытвала дый ўскладняла працэс навучаньня. Акрамя таго, спатрэбяцца гэтыя кніжкі студэнтам і навукоўцам - філолагам, этнографам, культуролагам, а таксама ўсім тым, хто цікавіцца мовамі суседніх народаў.

Хрысціна Сіўчыкава.


Рада ТБМ

18 студзеня 2009 года ў Менску на сядзібе ТБМ па Румянцава, 13 адбудзецца чарговае паседжанне Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Пачатак рэгістрацыі з 9.30.

Пачатак паседжання ў 11.00.

Асноўнае пытанне, якое будзе разгледжана на паседжанні Рады, гэта План дзейнасці ТБМ на 2009 год .

Будуць разгледжаны іншыя пытанні, вырашэнне якіх адносіцца да кампетэнцыі Рады.

Сакратарыят ТБМ.


Каляндар "Родны край" - дэфіцыт

Каляндар "Родны край", з'явіўшыся ў продажы пасля гадавога перапынку, быў хутка раскуплены.

З набліжэннем Новага году каля паліц з каляндарнай прадукцыяй заўважна более пакупнікоў. Нехта выбірае календары дзіцячыя, нехта - месяцавыя, каб саджаць на лецішчы гуркі ды памідоры не як прыйдзецца, а паводле календара. Мая суразмоўца сыходзіць з кнігарні "Акадэмічная кніга" без набытку і без настрою. Разлічвала на каляндар "Родны край", які традыцыйна быў часткай навагодняга падарунка для сваякоў і сяброў: "Каляндар "Родны край" быў запатрабаваны нашай сям'ёй на працягу шэрагу гадоў - прынамсі, з 1998га году мы набывалі яго па некалькіх асобнікаў. У календары было шмат разнастайнай інфармацыі - ён спалучаў у сабе інфармацыю рознага кшталту - і пабытовую, і гістарычную... Але галоўнае, што гэта быў адзіны ў сваім кірунку каляндар беларускамоўны, больш такога сярод каляндарнай прадукцыі не было. Летась мы ўпершыню за шмат гадоў сутыкнуліся з тым, што календара няма нідзе - дзе ні шукалі. А потым даведаліся, што і не магло быць, што яго наагул не выдалі. Прычынай назвалі адсутнасць попыту. Паверыць у гэткія тлумачэнні проста немагчыма".

Пра "адсутнасць попыту" на ўмовах ананімнасці распавялі супрацоўнікі выдавецтва "Беларусь". Улетку кнігарня выдавецтва атрымала 500 асобнікаў календара і распрадала яго за тыдзень. Звярталіся ў выдавецтва па "дабаўку", але безвынікова.

Падобная сітуацыя - у краме "Акадэмкніга":

Супрацоўніца кнігарні: "Няма. Быў - прадалі. На 2009ы год".

Карэспандэнтка: "То бок, наклад быў маленькі"?

Супрацоўніца кнігарні: "Сем тысяч. Ну, не ведаю... Мы атрымалі 100 асобнікаў. Больш не давалі. А будзе яшчэ - не будзе, не ведаем".

Не будзе, упэўнена адказалі мне ў прыёмнай выдавецтва "Беларусь": "Выходзіць, вы маеце на ўвазе, на 2009год? Не, натуральна, не будзе. Мы ж ужо наклад выдалі!"

Ад друку календара на 2008 год выдавецтва "Беларусь" адмовілася з эканамічных прычынаў. Маўляў, "Родны край" кепска прадаваўся, тлумачыў тады галоўны рэдактар выдавецтва Якаў Аляксейчык. У 2006 г. з 7000 асобнікаў быццам не прадалі 1500.

На думку гандляроў кнігарань, варта шукаць асобнікі календара ў шапіках "Саюздруку". Там ёсць верагоднасць, што тавар ляжыць не на відавоку, а таму мог заляжацца незаўважным для пакупнікоў.

Юлія Рымашэўская.


Дзяды-2008. Магілёў

У першую нядзелю лістапада на Беларусі адзначаецца Дзень памінання продкаў - Дзяды.

Пад ціхмяны лістападаўскі дожджык сябры Магілёўскага ТБМ ушанавалі памяць слаўнай дачкі беларускай зямлі - Раманьковай Тамары Амяльянаўны, якая спрычынілася да стварэння Рэспубліканскага гісторыкаасветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму "Мартыралог Беларусі". Пахавана яна на старадаўніх Машэкаўскіх могілках у Магілёве.

І вось прыбрана яе магіла, гараць свечкі, пачынаецца ціхая, нязмушаная размова. Знакаміты магілёўскі гісторык Ігар Пушкін прапануе спачатку ўзгадаць, так бы мовіць, "агульнанацыянальных" Дзядоў, і прысутныя па чарзе называюць вялікага князя Альгерда, Вітаўта, святую патронку Беларусі Еўфрасінню Полацкую…

Актывіст ТБМ, кіраўнік Магілёўскай супорлкі Беларускага ПЭНцэнтра Міхась Булавацкі, які ўдзельнічаў у першым паседжанні Магілёўскай філіі "Мартыралога Беларусі", пранікнёна распавёў пра няўрымслівы жыццёвы шлях спадарыні Раманьковай, яе нялёгкі асабісты лёс, а напрыканцы прачытаў верш "Курапаты", знойдзены ў яе архівах.

І на магіле Тамары Амяльянаўны было адчуванне непарыўнасці векавых традыцый, бо жыве памяць пра дзядоў - жывуць і іх справы. Дык будзем удзячныя ім за тое. І, прыходзячы да гэтых магілаў не толькі ў святы, будзем адчуваць іх прысутнасць і ўдзячнасць. А самі будзем вартыя іх памяці.

Зміцер Савіч, Магілёў.


ПРА СЛОВА БОЖАЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

Рымска - Каталіцкая парафія Менскага касцёла св. Сымона і св. Алены парадавала беларускіх хрысціян вернікаў выданнем дзвюх кніг. На беларускай мове выйшлі кнігі Евангелле і "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі". Аўтарам апошняй з'яўляецца Уладыслаў Завальнюк ксёндздэкан, пробашч Менскага касцёла св. Сымона і св. Алены, кандыдат гістарычных навук, магістр тэалогіі.

Названая кніга Новага Запавету - Евангелле - гэта ўжо другое выданне, дапрацаванае калектывам дасведчаных перакладчыкаў пад кіраўніцтвам пробашча. Першае выйшла ў свет у 1997 г. У адрозненне ад першага, у другім выданні да кожнай з чатырох частак ёсць прадмова, у якой падаецца жыццеапісанне кожнага з аўтараў - евангелістаў: св. Матфея, св. Марка, св. Лукі і св. Іаана, іх узаемасувязь з Сынам Божым Ісусам Хрыстом. Паведамляецца пра мэту, месца, час напісання і інш. Можна сказаць, што прадмовы да частак Евангелля з'яўляюцца своеасаблівымі ўводзінамі ў эпоху зараджэння хрысціянства, рыхтуюць чытача да свядомага ўспрыняцця Святога Пісання.

Асобна трэба сказаць пра мову Кнігі чыстую, выразную, зразумелую. Кожнае слова на месцы, адпавядае сучаснай беларускай літаратурнай мове, яе правапісу. Тэксты новага Евангелля гэта ўзор канфесіянальнай літаратуры. Можна адзначыць традыцыйны падзел тэкстаў на часткі мікратэксты са своеасаблівай структурай сказаў, у якіх адсутнічае ўскосная мова, азначэнні, як правіла, часцей за ўсё стаяць пасля азначаных слоў, пры простай мове адсутнічае двукоссе і інш. Усё зроблена так, каб адпавядала кананічным патрабаванням.

Вызначаецца новае Евангелле яшчэ і тым, што ўпершыню ў гісторыі каталіцкай духоўнай літаратуры ўласныя імёны і геаграфічныя назвы ўжыты так, як прынята ў Беларусі, як сведчаць навуковыя працы нашых вядомых вучоных лінгвістаў. Ход даследавання іменаслова выдатна раскрыты ў другой кнізе "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі".

Такім чынам, новае выданне Евангелля будзе з'яўляцца настольнай кнігай не толькі для католікаў, але і для прадстаўнікоў любой хрысціянскай канфесіі. Адзначым, што прызначэнне новага выдання не выдзяляць адну канфесію сярод іншых, а яднаць, выхоўваць беларускую супольнасць у цэлым. Гэта канструктыўны, пахрысціянску прымірэнчы крок, у гэтым новае выданне Евангелля мае найвялікшае значэнне.

Вялікай ухвалы заслугоўвае кніга святара Уладыслава Завальнюка "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі". Яна даўно чаканая і патрэбная. Эпіграфам аўтар абраў словы: "Мы нічога не сцвярджаем, мы просім парады ў вучоных, гатовых дапамагчы нам".

У прадмове "Настаў час павярнуцца абліччам да мовы беларускай" аўтар акрэслівае асноўныя праблемы хрысціянскага набажэнства на Беларусі, якое адчувае вялікі ўплыў, як з боку Польшы, так і Расіі. А нам варта быць беларусамі, актыўна ўводзіць у пабажэнства нашу цудоўную родную літаратурную мову, фармаваць свой беларускі канфесіянальны стыль.

Кніга лёгка чытаецца, мова вмразная. Аналізуючы царкоўную лексіку Новага Запавету ранейшых выданняў, уласныя імёны, аўтар звяртаецца да фундаментальных навуковых даследаванняў у беларускім мовазнаўстве, разнастайных слоўпікаў, аўтарытэтнай энцыклапедычнай літаратуры, даведнікаў.

У раздзеле "Пра дакладнасць ужывання слова" адзначаецца, што ў нашай краіне на беларускай мове выдаецца значная колькасць канфесіянальнай літаратуры, але, на жаль, з мноствам розных памылак лексічных, граматычных, арфаграфічных. "Часам здаецца, зазначае аўтар, што людзі хочуць стварыць свае нормы правапісу. Часцей за ўсё гэта датычыцца напісання назваў прадстаўнікоў каталіцкіх ордэнаў, частак літургічнага набажэнства, прадметаў, якія ўжываюцца ў час набажэнства і інш." (с. 43).

Чытаеш кнігу, унікаеш у ход разважанняў У. Завальнюка, яго інтэлігентны, дабразычлівы тон размовы з чытачом і бачыш, уяўляеш асобу аўтара. Менавіта інтэлігентнасць, выхаванасць у доказнасці сваёй пазіцыі захапляе найперш. Бо гэтых якасцяў у вядзенні дыскусіі ой як не хапае многім апанентам у спрэчках на старонках перыядычных выданняў. У кнізе маецца некалькі цікавых дадаткаў:

1. Артыкул "Мова душа народа".

2. Уласныя імёны, якія ўжываюцца ў Новым Запавеце.

3. Спіс скарачэнняў.

4. Геаграфічныя назвы, населеныя пункты, якія ўпамінаюцца ў Новым Запавеце.

5. Кароткі тлумачальны слоўнік.

6. Арфаграфічны слоўнік.

7. Словы і звароты ветлівасці.

I, безумоўна, як і ў кожным грунтоўным даследаванні, спіс выкарыстанай літаратуры.

Кніга вызначаецца высокім узроўнем даследавання тэмы, выразнасцю мовы, вытрыманасцю стылю, усе ўласныя імёны, геаграфічныя назвы вывераны, суаднесены з навуковымі крыніцамі, канфесіянальнай спадчынай нашай краіны, яна з'яўляецца дапаўненнем да Новага Запавету, тлумачыць яго.

Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца аўтарытэтныя беларускія вучоныя, дактары філалагічных навук, прафесары В.П. Лемцюгова і А.І. Мальдзіс. Карэктар В.К. Раманцэвіч, педагог, вядомы метадыст, камп'ютэрная вёрстка Ксеніі Жартун.

У заключэнні хочацца дадаць, што мне, выкладчыку роднай мовы і літаратуры, выданні вышэй названых кніг каталіцкай царквы, вельмі патрэбны ў пазакласнай выхаваўчай рабоце з навучэнцамі, на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Кнігі стануць незаменнымі дапаможнікамі для настаўнікаў нядзельных школ пры касцёлах, таму павінны быць выдадзены вялікім накладам і даступны кожнаму свядомаму беларусу.

Алесь Чэчат, выкладчык беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛУ.


Лідскія беларускамоўныя сайты

ХХІ стагоддзе датупала такі да правінцыйнага горада Ліды. Лідзяне пайшлі ў Інтэрнэт.

Доўгі час дзейнічаў адзіны лідскі сайт pawet.net , распрацоўшчык і адміністратар Лявон Лаўрэш . Гэта па ацэнках шматлікіх экспертаў адзін з найлепшых гістарычна-краязнаўчых сайтаў Беларусі. Напаўняльнасць сайту высокая, абнаўляльнасць рэгулярная. Акрамя іншых матэрыялаў на сайце практычна цалкам выстаўлены ўсе нумары (41) часопіса "Лідскі летапісец", а таксама іншыя публікацыі, так ці інакш звязаныя з гісторыяй Ліды і Лідчыны.

Каля месяца таму з'явіўся сайт mflida.org . Распрацоўшчык Ілья Шыла . Адміністратар па пэўных прычынах не абазначаны. Сайт пакуль што ўтрымоўвае бягучую афіцыйную і неафіцыйную інфармацыю з жыцця горада Ліды і Лідскага раёна.

Тыдзень таму назад з'явіўся сайт tbmlida.byhost.org. Распрацоўшчык і адміністратар Кірыл Сыцько . Сайт пазіцыянуецца як сайт Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. На сайце размяшчаецца газета ТБМ "Наша слова", лісток моладзі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ "Прадмова", беларускамоўныя кнігі лідскіх аўтараў. На сёння на сайце выстаўлены кніга лідскіх паэтаў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова" і кніга Станіслава Судніка "Лідскія скрыжалі". Тэхнічна сайт яшчэ мае пытанні, але, дзякуючы яму, "Наша слова" ізноў можна будзе чытаць у Інтэрнэце.

Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што лідзяне трымаюць некалькі сайтаў на іншых мовах. На афіцыйным сайце Лідскага райвыканкаму lida.by у раздзеле "Культура" частка інфармацыі пададзена на беларускай мове. Магчыма, недзе ёсць яшчэ нешта беларускае.

Наш кар.


З кагорты тытанаў духу

"Горная парода магутнага роду, дынастычная глыба беларускасці паміж разломаў і землятрусаў ХХ стагоддзя - трое Гарэцкіх: Максім, Гаўрыіл і Радзім.

Гарэцкія - фундаментальныя даследчыкі ёмішчаў і нетраў нацыянальнае ідэі: зямлі, душы, слова." - Так ацэньвае ролю сям'і свайго навуковага і духоўнага настаўніка ў гісторыі Беларусі Павал Севярынец.

7 снежня акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі адзначыў сваё 80-годдзе.

Аўтарытэтны вучоны працягвае працу над даследваннямі ў Інстытуце прыродакарыстання НАН РБ, працуе над сямейнымі архівамі, удзельнічае ў чытаннях, прысвечаных сям'і Гарэцкіх.

З усёй захопленасцю мінералагічнымі крыніцамі, вялікай эрудыцыяй, дабразычлівасцю і аптымізмам ён развівае важныя кірункі беларускай навукі і грамадскай думкі, працягвае традыцыі нацыянальнага адраджэння, распачатыя яго сям'ёй.

Бацька Р.Г. Гарэцкага - Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі быў адным з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай Акадэміі Навук. Родны брат Гаўрылы Іванавіча Максім Гарэцкі быў таленавітым пісьменнікам, знаўцам літаратуры. Сям'я Гарэцкіх значна пяцярпела ад рэпрэсій. Гэта прадвызначала нялёгкае дзяцінства, складанае і качавое жыццё сына і пляменніка двух рупліўцаў Беларушчыны. Яму прышлося змяніць 13 школ, жыць і вучыцца ў Коле і Туломе, Мядзведжай Гары і Рыбінску, Запарожжы і Салікамску, Чусавым і Чкалаўску. З 1952-га па 1971 год Р.Г. Гарэцкі працаваў ў Геалагічным Інстытуце Акадэмі Навук СССР.

Амаль праз сорак гадоў, ў 1971 годзе Р.Г. Гарэцкі вярнуўся ў родную Беларусь доктарам навук, прафесарам, вядомым спецыялістам ў галіне геатэктонікі і рэгіянальнай геалогіі. Ён узначаліў створаную ім лабараторыю геатэктонікі, з 1977 па 1993 год быў дырэктарам інстытута.

З 1992 па 1997 год Р.Г. Гарэцкі быў віцэ прэзідэнтам Акадэміі Навук Беларусі. Ён аўтар больш за 500 навуковых прац, папулярызатар геалагічных ведаў. Дзякуючы Радзіму Гарэцкаму ў Беларускім універсітэце была ўзноўлена падрыхтоўка спецыялістаў ў галіне геалогіі. Р.Г. Гарэцкі удзельнічаў у стварэнні Міжнароднай карты Еўропы,Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій для іх.

Радзім Гаўрылавіч упэўнены, што нашая краіна мае свае вялізныя нетравыя запасы, выкарыстанне якіх магло б забяспечыць эканамічны росквіт і незалежнасць краіны.

"Адныя толькі калійныя солі даюць Беларусі кожны год 1,5 мільярды даляраў прыбытку"- лічыць акадэмік.

Радзім Гарэцкі - сябар Рады Таварыства беларускай мовы і Беларускага фонду культуры. Абіраўся старшынём Рады і прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету.

Мы сустрэліся з Радзімаў Гаўрылавічам, каб выказаць яму нашу павагу і задаць некалькі пытанняў.

- У Вашай асобе спалучаецца талент навукоўца, даследчыка, грамадскага дзеяча і літаратара? Які з родаў дзейнасці прынёс Вам найбольшае задавальненне?

- Мая спецыяльнасць, геалогія. Не шкадую, што яе абраў. Гэта не толькі рамантыка падарожжаў, суразмоўе з прыродай, вандроўкі, багатыя краявіды.

Геалогія - аснова ўсіх прыродазнаўчых працэсаў і ведаў пра іх (глебы, раслінны і жывёльны свет), каркас народнагаспадарчай дзейнасці. Практычнае значэнне геалагічных навук надзвычайнае не толькі ў пошуках разнастайных выкапняў, але і ў розных падземных і адказных наземных пабудовах (метро, шахты, АЭС, ГЭС, вадасховішча і інш.)

Таксама мяне цікавіць літаратура, музыка, выяўленчае мастацтва, хвалюе палітычнае жыццё. Я шчаслівы, што мае бацькі зацікавілі мяне разнастайнымі праявамі жыцця.

- Раскажыце, калі ласка, што падштурхнула Вас стаць геолагам?

- Так я вырашыў, калі быў старшакласнікам. Мы жылі на Урале і аднойчы здзейснілі з бацькам вандроўку па рацэ Чусавой. На плытах мы прайшлі 60 кіламетраў. Імклівая плынь, перакаты, высокія скалы моцна ўразілі. З таго часу я вырашыў звязаць з геалогіяй жыццё.

Сферай заняткаў бацькі была першапачаткова эканоміка. Г.І. Гарэцкі ў 1928 годзе працаваў ў БНДІ сельскай і лясной гаспадаркі, супрацоўнічаў у Інбелкульце, розных навуковых і грамадскіх установах. Ён быў адным з заснавальнікаў Акадэміі навук БССР, самым маладым акадэмікам ў 28 год.

У 1930 годдзе яго арыштавалі па справе Саюза вызвалення Беларусі і накіравалі на БеламораБалтыйскі канал. Цяплушкай адвезлі Гаўрылу Іванавіча да Кемі на беразе Белага мора. Хоць горка і цяжка было ад думак, але бацька па дарозе сачыў за рэльефам мясцовасці, на паперы запісваў, якія рэчкі, тэрасы, пагоркі праязджалі, можна сказаць, вёў геамарфалагічныю здымку. У Мядзведжай Гары непадалёку знаходзілася геабаза. Тату ўзялі на працу, і гэта было адным з радасных і шчаслівых дзён, стала пераломам у жыцці. Бацька прыйшоў ў геалогію самавукам. Ён рабіў інжынернагеалагічныя вышукванні пад розныя электрастанцыі. Але на вялізным назапашаным матэрыяле ён ў 1945 годзе абараніў кандыдацкую, а ў 1946 годзе доктарскую дысертацыю.

У 1945 годзе Г.І. Гарэцкі пісаў у дзённіку: "Я толькі на паўдарозе. Каб толькі захаваць троху сіл фізічных, спыніць фізічную хваробу сэрца, апуханне, нязможнасць. Каб не толькі дайсці да Зямлі абетаваннай праз пустэчу Хананскую, прыйсці дзеля працы вялікай, няўтомнай, несупыннай. Каб рабіць яе з умельствам, замілаваннем, насалодаю, паспяховасцю. Праца па вывучэнні геалогіі Беларусі як мэта апошніх гадоў майго жыцця."

Тата быў маім таварышам па жыцці, а навуковым кіраўніком стаў акадэмік Аляксандр Леанідавіч Яншын, які таксама меў беларускія карані. Пра настаўніка ў навуцы я напісаў кнігу. Мы з ім многа працавалі ў Казахстане, Сярэдняй Азіі.

У 1969 годзе пасля поўнай рэабілітацыі Гаўрыла Іванавіч вярнуўся на Беларусь. З 1971 года ён пачаў працаваць у інстытуце геахіміі і геафізікі, заснаваным акадэмікам Канстанцінам Ігнатавічам Лукашовым. Я быў спачатку загадчыкам лабараторыі, з 1977 года стаў дырэктарам. Новы корпус ва Уруччы ўзводзіўся пры маім ўдзеле, аднак здачу аб'екта прышлося затрымаць на год, было шмат недаробак, і я не падпісаў загад аб увядзенні аб'екта ў строй.

Ідэя стварыць музейпарк ледавіковых валуноў была бацькавай. Уся Беларусь ў мініяцюры была размешчана на 6 гектарах парка. Аднак колішні Старшыня Савета Міністраў Кавалёў паціскаў плячыма: "Навалілі камянёў." Што адлюстроўвала абсалютную недасведчанасць чыноўнікаў.

-У якім стане зараз геалагічныя даследванні на Беларусі?

- Калі Беларусь стала самастойнай дзяржавай, распрацоўка і асваенне радовішчаў мінеральнай сыравіны паўстала вельмі востра. Уклад беларускіх вучоных ў адкрыццё радовішчаў мінеральных рэсурсаў (калійныя солі, нафта, падземныя пітныя і мінеральныя воды), якія кожны год даюць краіне прыбытак ў некалькі міліярдаў даляраў, шырока вядомы. На жаль, у апошнія гады ў сувязі з інтэнсіўным "рэфармаваннем" НАН ідзе ліквідацыя фундаментальнай часткі навук аб Зямлі.

У 80-тыя гады ў нашым Інстытуце геахіміі і геафізікікі праводзілі даследванні 370 чалавек. Існавала некалькі школ па розных кірунках геалагічных распрацовак, якімі кіравалі К. Лукашоў, А. Махнач, Г.І. Гарэцкі. Школа антрапагену была вядома ва ўсім свеце. Мною было падрыхтавана каля 30-ці кандыдатаў і дактароў навук.

У канцы 2007-пачатку 2008 года пачалася рэарганізацыя інстытута, якая фактычна прывяла да яго ліквідацыі. Моцнае ядро навукоўцаў з 60 чалавек было пераведзена ў БелНІДРІ, 20 супрацоўнікаў перайшлі працаваць ў інстытут Прыродакарыстання.

Жыццё з часам пакажа, што гэта была вялікая памылка, і я ўпэўнены, што ў Акадэміі навук зноў адкрыюць Інстытут геалагічных навук і нават аддзяленне навук аб Зямлі.

Калегінавукоўцы працягваюць працаваць пры БДУ, Педагагічным універсітэце імя М. Танка. Есць сур'езныя праблемы з навуковымі кадрамі. Казусы з зарплатай не спрыяюць маладым навукоўцам. Таму ў часы перабудовы частка даследчыкаў сышла ў бізнес, частка заняла пасады ў міністэрствах.

- Сям'я Гарэцкіх- гэта сям'я духоўных волатаў, якія шмат зрабілі дзеля Беларусі.

Кожны год адбываюцца Гарэцкія чытанні. Пра якія невядовыя старонкі іх жыцця яшчэ хацелася б напісаць?

- Сёлета адбыліся 16-тыя Гарэцкія чытанні. Такія канферэнцыі пачалі адбывацца з 1992 года. Яны праходзілі ў спачатку ў Горках, Магілёве, цяпер часцей - у Менску, у музеі гісторыі літаратуры ў Траецкім прадмесці. Я падрыхтаваў да выдання новую кнігу пра братоў Гарэцкіх. Літаратуразнаўца, доктар навук Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі аддаў ў друк манаграфію пра Максіма Гарэцкага, якая стане сур'ёзныў унёскам у даследванне творчасці нашага суродзіча.

- Праз Вас працягваюць умацоўваюцца кантакты з беларусамі замежжа?

- Два тэрміны я быў Прэзідэнтам Згуртавання бе-ларусаў свету, цяпер працую ў малой Радзе. На наступны ліпень намечаны 5 з'езд беларусаў свету.

Для Беларусі многа робіць Вітаўт Кіпель.У нас чымсьці падобныя біяграфіі, ён былы геолаг. Мы ўключылі яго ў Аркамітэт. Янка Запруднік шмат спрыяе нашай працы. З айцом Аляксандрам Надсанам мы два разы сустракаліся ў Амерыцы, у Лондане я быў у яго бібліятэцы. Цудоўны чалавек пакінуў вялікае ўражанне.

- Любоў да мовы, яе прыгажосць прыйшла Вам яшчэ далёка ад Беларусі?

- Мяне выхоўвалі мама і яе бацькі. У вайну мы знаходзіліся ў эвакуацыі, з'ядналіся з татам толькі ў маіх 16 год. Дзед з бабуляй паходзілі з Беластока, але яны былі рускамоўнымі.

Па-беларуску размаўлялі паміж сабой мама з татам. Тата пісаў нам лісты толькі па беларуску і гэта былі крыніцы спасцігнення роднай мовы…

Сёння, як і раней, справа захавання і развіцця беларускай мовы цалкам перайшла да нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, колькасць якой расце за кошт моладзі. Нас ратуе тое, што беларуская зямля з яе цудоўнай прыродай, мяккімі прыгожымі краявідамі нараджае народ - лірыка, з якога бесперапынна вылучаюцца паэты, мастакі,творцы, з глыбокім пачуццём адданасці сваму роднаму куту, з нацыянальнай душой і сэрцам, цесна прывязанымі да родных каранёў. Нацыянальна свядомая частка насельніцтва павінна зберагчы беларускую мову, каб нашы нашчадкі былі ўдзячныя за тое, што мы не далі загінуць роднай мове, а з ёй усёй беларускай нацыі.

Бацька сябраваў у пазнейшыя гады з Якубам Коласам, Янкам Брылём, Уладзімірам Дубоўкам, Алесям Адамовічам. З ім мы часта наведвалі літаратурныя вечарыны, цікавіліся літаратурным жыццём. Гаўрыла Іванавіч вельмі радаваўся, што ўсё больш стала друкавацца твораў яго брата Максіма.

Гаўрыла Іванавіч вельмі любіў моладзь, заўсёды каля яго было шмат студэнтаўпрактыкантаў, маладых даследчыкаў. На Бацькаўшчыне апошнія дваццаць год былі сапраўдным падарункам лёсу, яго самым шчаслівым часам, калі мары яго здзейсніліся.

- Людзі, апантаныя навукай ці мастацтвам ва-лодаюць асаблівымі сакрэтамі доўгажыхароў. Магчыма, ён - у глыбіннай зацікаўленнасці, празе да працы?

- На шчасце, у мяне добрыя гены. Бацькаў шлях доўжыўся 88 гадоў. Бабуля пражыла 93 гады. Я шчыра радуюся поспехам калегаў і сяброў, і цалкам вытравіў у сваёй душы такую іржу як зайздрасць. Гэтая загана, на жаль, у многіх адымае сілы.

- Дазвольце шчыра павіншаваць Вас з юбілеем і пажадаць магутнага здароўя, творчага плёну і аптымізму!

Гутарыла Э. Оліна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX