№ 51 (890) 17 СНЕЖНЯ 2008 г.
Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску - усталяваны!
29 лістапада 2008 г. аб 11-ай раніцы ў бабруйскім гарадскім парку культуры і адпачынку адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка асветніку, паэту, драматургу, аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, ураджэнцу Бабруйшчыны - Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу.
Гэта падзея сабрала шматлікіх бабруйчан: настаўнікаў, працаўнікоў культуры, прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, школьнікаў і студэнтаў, а таксама проста тых, хто неабыякавы да асобы і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча.
Пачэснае права адкрыцця помніка В. Дуніну-Марцінкевічу было прадастаўлена старшыні Бабруйскага гарвыканкама сп. Дзмітрыю Бонахаву і вядучаму актору Бабруйскага тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча сп. Аляксандру Парфяновічу. Пра жыццёвы чын і заслугі нашага земляка як патрыёта і драматурга ў сваіх выступах пасля адкрыцця помніка казалі Дз. Бонахаў, намеснік начальніка аддзела культуры Магілёўскага аблвыканкама сп. С. Казлова, рэктар Беларускай акадэміі мастацтваў прафесар сп. Р. Смольскі, загадчыца літаратурна-драматычнай часткай бабруйскага тэатра актрыса сп. А. Грахава.
Згодна з умовамі конкурсу на праект помніка В. Дуніну-Марцінкевічу, які быў аб'яўлены бабруйскім гарвыканкамам, конкурс праводзіўся на помнік-бюст. Умова гэта сыходзіла з фінансавых выдаткаў, бо поўнафігурны помнік каштаваў бы разоў у пяць даражэй. У конкурсе перамог праект скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх, бацькі і сына. Леў Мікалаевіч Гумілеўскі народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (разам з А. Анікейчыкам і А. Заспіцкім) за помнік Я. Купалу ў Менску.
Усталяваны на цэнтральнай алеі бабруйскага гарадскога парку культуры і адпачынку - помнік даволі ўдала ўлучыўся ў навакольны краявід. Пастамент помніка-бюста выкананы з шэрага граніту. Фасадны бок стэлы выкананы ў выглядзе стылізаванай заслоны на фоне якой прымацаваны рэльефны бронзавы медальён з выявай радавога герба і наўкольным надпісам «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч». Сам бюст выкананы вельмі пластычна. Абрысы твару творцы вельмі ўспрымальныя, ёсць у іх тэмперамент і задуменнасць, таямніца і глыбіннасць .
Паводле звароту сяброў бабруйскай суполкі ТБМ "Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу - належнае ўшанаванне ў Бабруйску", дасланага у бабруйскі гарвыканкам у жніўні 2007 г., між іншага прапаноўвалася: "… Сам помнік было б няблага падтрымаць адпаведнымі малымі архітэктурнымі формамі са скульптурнымі ці рэльефнымі выявамі герояў твораў В. Дуніна - Марцінкевіча, каб гэтае месца стала ўпадабаным ўтульным куточкам беларускасці, якіх пакуль, на жаль, няма на ландшафтнай карце горада Бабруйска". Дык вось, магчыма і гэтая ідэя мецьме сваё ўвасабленне, бо ў "кампанію" да помніка аўтары плануюць дадаць герояў з "Пінскай шляхты" Грышку і Марысю, як алегорыю кахання.
Ну, а сам помнік пакрыху набывае "бабруйскую прапіску" - яго ўважліва разглядаюць, побач з ім фатаграфуюцца, бацькі тлумачаць дзецям хто гэта ёсць і што за дзіўная выява з лебедзем на самім помніку… А пачыналася ўсё са звароту, у выніковасць якога мала каму і верылася , але пэўны вынік стаўся па ўсіх прапановах бабруйскіх ТБМаўцаў.
Віктар Маліноўскі, г. Бабруйск.
Творца ад Бога
Гэтымі днямі мастак Эдуард Агуновіч святкуе сваё 70-годдзе. Ён належыць да творцаў шырокага дыяпазону. Плённа працуе ў розных галінах беларускага мастацтва: станковай і кніжнай графіцы, акварэлі, скульптуры, мастацкім афармленні музеяў.
Эдуард Канстанцінавіч нарадзіўся 16 снежня ў Рэчыцы. Ён ганарыцца сваім паляшуцкім паходжаннем, жыве з пачуццём удзячнасці бацькоўскаму краю, дзе гадаваўся і адкуль пайшоў у цікавае мастацкае жыццё.
Малады мастак заявіў пра сябе, як пра таленавітага творцу, адразу ж па заканчэнні Беларускага тэатральнамастацкага інстытута. Ён бярэ актыўны удзел у выставах на Беларусі і за яе межамі. Літаральна праз год пасля інстытута ілюстрацыі Эдуарда да паэмы "Тарас на Парнасе" былі адзначаны дыпломам на Ўсесаюзным конкурсе, прысвечаным 50-ым угодкам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сярод станковых твораў вядомы яго графічныя серыі, як у тэхніцы літаграфіі ("Дзяцінства", "Адвечнае"), так і афорта ("Маці", "Спрадвечнае", "Крык кнігаўкі"). Яму належаць ілюстрацыі да кніг Якуба Коласа, "Новая зямля" і "Сымонмузыка", раманаў Івана Шамякіна "Глыбокая плынь" і "Трывожнае шчасце", паэмы А. Астрэйкі "Прыгоды дзеда Міхеда", падручніка па беларускай мове для другога класа.
Шматгранны талент мастака праяўляецца і ў галіне тэатральнадэкарацыйнага мастацтва. Ён афармляе спектакль па п'есе Алеся Петрашкевіча "Напісанае застанецца".
Эдуард Агуновіч зрабіў важкі ўклад у дызайнерскае афармленне музейных экспазіцый. Першай ягонай творчай працай быў Доммузей 1га з'езда РСДРП у Менску, экспазіцыю якога ён абнаўляў двойчы. Праз год мастак распрацаваў яшчэ два праекты: музея Фелікса Дзяржынскага ў г. п. Івянец і музея савецкапольскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна. Ён аўтар экспазіцый філіяла Дзяржаўнага музея БССР у Заслаўі, літаратурнага музея Янкі Купалы ў Менску і Вязынцы, а таксама літаратурнамемарыяльных музеяў Якуба Коласа, музея Максіма Багдановіча і інш. Акрамя таго, мастак спраектаваў афармленне беларускіх павільёнаў на сусветных выставах у Індыі і ГДР, за што двойчы быў узнагароджаны залатым медалём.
Эдуард Агуновіч - аўтар помніка-капліцы Еўфрасінні Полацкай, помнікаў М. Доўнар-Запольскаму і 100-мільённай тоне беларускай нафты ў сваім родным горадзе Рэчыцы.
Эдуард Агуновіч - сябра Беларускага саюза мастакоў і Таварыства беларускай мовы, заслужаны работнік культуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Мая Яніцкая.
"Закон аб мовах ..." з павесткі дня не здымаецца
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу разгледжаны Ваш ліст, у якім выказаны віншаванні ў мой адрас з нагоды выбрання на пасаду старшыні камісіі, а таксама зварот удзельнікаў X з'езда ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання.
Выказваем Вам падзяку за віншаванні і добрыя пажаданні.
Разам з гэтым, накіроўваем Вам праект Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", які некалькі год таму назад быў распрацаваны мной і неаднаразова прапаноўваўся для ўключэння ў план падрыхтоўкі законапраектаў.
Дадатак: на 3 с.
Старшыня камісіі У.М. Здановіч.
З А К О Н РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Праект
Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў
у Закон Рэспублікі Беларусь
"Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь"
Прыняты Палатай прадстаўнікоў
Адобраны Саветам Рэспублікі
Артыкул 1. Унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1998 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (СЗ БССР, 1990 г., № 4, ст. 46, Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1998 г., № 28, ст. 461) наступныя дапаўненні і змяненні:
1. Артыкул 1 дапоўніць часткай наступнага зместу:
"У Рэспубліцы Беларусь не дазваляецца дыскрымінацыя па моўных прыкметах, публічнае знеслаўленне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва Рэспублікі Беларусь, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі."
2. Частку другую артыкула 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
"Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца ў адпаведнасці з мовай запыту на беларускай ці рускай мове або іншай прымальнай для бакоў мове.".
3. Артыкул 4 дапоўніць словамі "а таксама весці прыём грамадзян, даваць адказы, разглядаць скаргі на мове пісьмовага або вуснага звароту".
4. У артыкуле 7, частцы першай артыкула 8, артыкулах 10, 11, 19, 20, 22, 23, 24, 26, 27 словы "і (або)" замяніць словам "і".
5. У частцы другой артыкула 8 словы "і (або)" замяніць словамі, "а пры неабходнасці і на".
6. Артыкул 10 пасля слоў "працоўная кніжка" дапоўніць словамі "картка персаніфікаванага ўліку", словы "і (або)" замяніць словам "і", словы - "на беларускай (рускай) і іншай мовах" замяніць словамі "і на іншай мове".
7. Артыкул 13 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
"На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываюцца беларуская і руская мовы, а пры неабходнасці - іншыя мовы.
Назвы маршрутаў і абвесткі на транспарце, а таксама візуальнае афармленне аб'ектаў гандлю, медыцынскага і бытавога абслугоўвання ажыццяўляюцца на беларускай, а пры неабходнасці на рускай ці іншых мовах.".
8. У артыкуле 18, частцы другой артыкула 30 словы "ці рускай мове" замяніць словамі "і рускай мовах".
9. Частку другую артыкула 23 пасля слова "бацькоў" дапоўніць словамі "у месцах кампактнага пражывання прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей".
10. Частку першую артыкула 28 пасля слова "прымаецца" дапоўніць словамі "па іх жаданню".
11. У частцы другой артыкула 28, артыкуле 29, частках першай і трэцяй артыкула 30 словы "або рускай мове" замяніць словамі "і рускай мовах".
12. Артыкул 31 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
"Афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання даюцца на беларускай і рускай мовах. Назвы прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў даюцца на беларускай, а пры неабходнасці і на рускай мовах. Пры неабходнасці гэтыя назвы могуць давацца ў перакладзе на іншую мову."
13. У артыкул 32:
у частцы першай артыкула 32 словы "на беларускай абр рускай мове" замяніць словамі "на беларускай мове, а пры неабходнасці і на рускай мове";
у частцы трэцяй артыкула 32 словы "або рускай мове" замяніць словамі "і рускай мовах".
Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.
Артыкул 3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь:
падрыхтаваць і ўнесці ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;
прывесці рашэнні Урада Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам; .
забяспечыць перагляд і адмену рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, падначаленымі Савету Міністраў, іх нарматыўных актаў, што супярэчаць гэтаму Закону;
прынять нарматыўныя прававыя акты, якія забяспечваюць рэалізацыіо гэтага Закона.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
"Разбудзілі Купала і Колас мяне"
Чалавек адказны, адукаваны, інтэлігентны. З тэхнічнай адукацыяй. Гуманітарная - толькі вячэрнія курсы польскай мовы. Самастойна авалодаў беларускай мовай. Дасягнуў поспехаў у перакладчыцкай справе. Напэўна, адзіны перакладчык з беларускай на рускую, украінскую мовы і наадварот. Прызнны літаратурнымі аўтарытэтамі, сябра Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франко, лаўрэат літаратурнай прэміі імя К. Крапівы. Гэта - Валеры Васільевіч Стралко. Яму - 70!
- Спадар Валеры, Вы нарадзіліся на Украіне і Ваш шлях да Беларусі, як я ведаю, ляжаў праз Сібір.
- Я нарадзіўся ў мястэчку Любеч на Чарнігаўшчыне, школу закончваў у в. Тупічаў. Спрабаваў паступіць у Херсонскую мараходку, але выявіўся дальтонікам. З цяжкасцямі ўладкаваўся на працу вучнем зваршчыка на караблебудаўнічы завод імя "Камінтэрна" і напярэдадні свайго 17-годдзя атрымаў 4 разрад. Амаль праз два гады, як ні дзіўна, удалося трапіць служыць у ваеннамарскі флот. Ды ненадоўга. Пасля камісавання вярнуўся на завод. Аднойчы ў начную змену сарваўся у трум, разбіўся. Давялося асвоіць прафесію кранаўшчыка. У весну 1960 г., скончыўшы вячэрні караблемеханічны тэхнікум, паехаў дамоў дапамагчы бацькам. Восенню вярнуўся ў Херсон і на працягу 2х месяцаў не мог уладкавацца на працу. Давялося пайсці выкладаць чарчэнне, нямецкую мову і геаграфію ў глухой вёсцы на Херсоншчыне. А вёска мела назву… Навасібірск. Сябры ў лістах жартавалі, маўляў, думалі, што стаў сібіраком. Аджартаваўся сваеасабліва: праз пэўны час падаўся у "сапраўдны" Навасібірск, дзе пражыў каля 10 год. Працаваў у інстытуце ядзернай фізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР. Пасля заканчэння (завочна) электратэхнічнага інстытута перайшов старшым інжынерам у лабараторыю прыкладной кібернетыкі інстытута гідрадынамікі, адкуль праз пару год быў запрошаны на працу ў Менск, дзе да пенсіі адпрацаваў у навуковадаследчых і праектнаканструктарскіх інстытутах.
- Вы нарадзіліся на Міколу зімовага, а назвалі Вас бацькі чамусьці Валерыям.
Быў 1938 год. За чатыры дні да майго нараджэння загінуў Валеры Чкалаў, вось мяне так і назвалі бацькі-настаўнікі, бо час быў няпросты, дый ці ведалі яны тады пра гэта свята.
- Як тэхнічны чалавек прыйшоў да мовы?
- Мова цікавіла мяне з дзяцінства. Наш раён мяжуе з Гомельшчынай і Браншчынай, таму мова там своеасаблівая. А мне вельмі хацелася навучыцца "нармальнай" размоўнай мове. На заводзе намагаўся размаўляць на літаратурнай украінскай, але стаўшы на палубу парахода, што павёз мяне ў першы адпачынак, перайшоў на "больш культурную" рускую. У 90-я гады мінулага стагоддзя, ўжо ў Менску, у складзе гуртка аматараў старажытнасці ездзіў па Беларусі: Мілавіды, Сынкавічы, Гародня, Гальшаны. Намагаўся размаўляць па-беларуску. Уразілі Курапаты. Прымаў удзел у раскопках курганаў і ў горадзе. Вельмі многа чытаў, слухаў.
- Як нарадзіўся перакладчык?
Мне было каля 50 гадоў, калі цікавасць да перакладаў паэзіі выклікаў і скаталізаваў адзін з калегаў, які, хоць быў праграмістам, захапляўся і перакладчыцкім заняткам. Недзе праз паўгода пакутаў адбылася мая першая публікацыя два вершы былі надрукаваны у газеце "Знамя юности» (12 лютага 1987 г., ў дзень 50-годдзя М. Стральцова). Потым быў зроблены пераклад на рускую мову "Сказа пра Лысую гару". Воляю абставін вымушаны быў пакінуць вельмі сімпатычны душы маёй занятак на цэлых дзесяць гадоў. І "Сказ…" быў надрукаваны у альманаху "Палессе" толькі ў1998 г. Тады ж быў перакладзены "Сказ…" на украінскую мову і прыняты да друку ва ўкраінскі часопіс "Славянскае веча", ды неўзабаве часопіс зачыніўся. Больш спроб выдрукаваць яго не рабіў.
- Так нарадзіўся перакладчык з беларускай на украінскую. А далей?
- Далей мяне папрасіў А. Пісарык перакласці яго вершы на украінскую мову. Атрымалася кніжка "На кляновых лістах», выдадзеная ў 2000 годзе. Удзельнічаў у Міжнародних Шаўчэнкаўскіх святах 2000 г. (Україна). У гэты час у "Літаратурнай Украіне" была надрукавана падборка перакладаў 12 вершаў сучасных беларускіх паэтаў.
- Вы не толькі перакладчык, але і пішаце самі.
- Вельмі рэдка, не адпускаюць пераклады. Першая кніжка нарадзілася з вершаў для унука і называлася яна "Тук-тук-тук". Іншым часам друкаваўся і ў перыёдыцы.
- Вы лаурэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франко і літаратурнай прэміі імя К. Крапівы. За што Вы іх атрымалі?
- 2002-і быў аб'яўлены Годам Шаўчэнкі на Беларусі, быў ён таксама і юбілейны для Янкі Купалы і Якуба Коласа. Напісалася дзвюхмоўная кніга "Непагасны агонь", у якой творы украінскіх класікаў змешчаны ў маіх перакладах на беларускую мову, а творы беларускіх - на украінскую. Яна і паслужыла асновай прэміі, паколькі ў дыпломе лаўрэата сфармулявана наступным чынам: "За пераклады на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, Л. Украінкі, І. Франка, многіх сучасных паэтаў". Прэмія імя К. Крапівы - за пераклад на украінскую мову "Тараса на Парнасе".
- Адметнай з'явай стаў Ваш пераклад "Новай зямлі" Я. Коласа на ўкраінскую мову. Пераклад класікаў гэта рызыка, а гэтага знакамітага твору - пагатоў...
- Гэта так, але літаральна за месяц як адысці мяне аб гэтым папрасіў М. Лужанін. Як ні боязна было, але ўзяўся, і першыя два раздзелы былі надрукаваны ў "Непагасным агні", пазней "Новая зямля" выйшла ў Кіеве асобным выданнем.
- Вашы пераклады лічацца вельмі блізкімі да аўтарскага тэксту. Гэта вельмі каштоўна?..
- На гэта існуюць розныя погляды, але я лічу, што так. Імкнуся, каб аўтарская паэзія захавалася максімальна, каб у перакладзе пазнаваўся больш аўтар, а не перакладчык, хоць апошні таксама павінен мець свой перакладчыцкі почырк.
- Вы многа робіце для папулярызацыі на Украіне не толькі класікаў беларускай літаратуры, такіх як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, але і сучасных пісьменнікаў…
- Так, ва ўкраінскай перыёдыцы друкаваліся мае пераклады вершаў Рыгора Барадуліна, Міхася Башлакова, Васіля Зуёнка, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Някляева, Алеся Пашкевіча, Алеся Пісьмянкова, Уладзіміра Скарынкіна, іншых; вось нядаўна ў Кіеве выйшаў раман Алеся Пашкевіча "Майдан Волі", у Чарнігаве - п'еса Алеся Петрашкевіча "Арліны палёт".
- Вы перакладаеце не толькі з беларускай на ўкраінскую і наадварот, а дадалі і рускую мову.
- Ад украінскага выдавецтва "Кніга" паступіла прапанова падрыхтаваць па аналогіі з "Непагасным агнём" трохмоўнай кнігі. Нядаўна ў Кіеве яна выйшла пад назвай (выдавецкай) "Трыяда славянскай паэзіі". У дадатак да беларускіх і украінскіх класікаў я дадаў рускіх: А. Пушкіна, М Лермантава, і А.Блока.
Размову вёў Мікола Ліннік.
На здымку: Валеры Стралко на прыёме ва Ўкраінскай амбасадзе.
Будзьма беларусамі!
Першага кастрычніка стартавала грамадская беларускамоўная культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!". Сугучная па назве, яна, на мой погляд, больш разнастайная. Дзякуючы ёй ладзяцца імпрэзы з удзелам пісьменнікаў, спевакоў, мастакоў, музычных калектываў.
Адна з такіх сустрэч адбылася ў Шаркаўшчынскай мастацкай школе. Сюды былі запрошаны мастакі Аляксей і Ігар Марачкіны, а таксама намеснік старшыні ТБМ Ірына Марачкіна. Нагода наведаць гэтую навучальную ўстанову даўняя. Вучні школы прымалі ўдзел у мастацкім конкурсе, які праводзіла ЗБС "Бацькаўшчына". Некаторыя з іх сталі пераможцамі, і іхнія творы ўвайшлі ў альбомкаталог "Гэта мы - гэта наша гісторыя", выдадзены па выніках конкурсу. Пад час сустрэчы адбылася прэзентацыя выдання. Удзельнікі конкурсу атрымалі гэты дыхтоўны альбом у падарунак.
Цікавай старонкай сустрэчы быў майстарклас, які віртуозна правёў Аляксей Марачкін. Ён меў за мэту наглядна паказаць, што нават у выпадковых хаатычных лініях, каляровых плямах мастак мусіць знайсці гармонію, кампазіцыйнае рашэнне. Пры гэтым ён павінен працаваць смела, не баяцца сапсаваць чыстага аркуша паперы ці загрунтаванага бялюткага палатна. Дзеці з ахвотай ўдзельнічалі ў гэтым захапляльным працэсе. Ім было прапанавана з закрытымі вачыма накрэсліць на паперы нешта адвольнае, не задумваючыся над тым, што з гэтага атрымаецца. Вучні ахвотна прынялі правілы гульні і адзін за адным падыходзілі да мальберта, дзе каляровай крэйдай размалёўвалі белы аркуш паперы. Калі на ім не засталося пустога месца, яны павінны былі адшукаць вобразы ў гэтым хаатычным крэсленні. Адны ўбачылі птушку, другія іншыя выявы. Нехта ўгледзеў нос, вочы. І тады закончыць працу ўзяўся сам мастак. Некалькі трапных штрыхоў, падмалёвак і атрымаўся выразны профіль.
Другі твор быў жывапісны. Ён ствараўся па той жа методыцы, што і графічны. Дзеці самі падрыхтавалі каляровую палітру і размалявалі палатно разнаколернымі фарбамі. Як і ў першым выпадку, працу над гэтай фармальнай кампазіцыяй закончыў сам мастак. Што з гэтага атрымалася можна пабачыць на фота.
Шмат хто з вучняў мастацкай школы марыць пра далейшае навучанне: куды паступіць, на якіх умовах, з якога ўзросту, якія іспыты трэба здаваць? На гэтыя пытанні адказаў Ігар Марачкін.
Прыемна было пераканацца, што ў беларускай глыбінцы школьнікі ведаюць Таварыства беларускай мовы, пра якое распавядала намеснік старшыні ТБМ Ірына Марачкіна.
Сустрэча праходзіла ў выставачнай залі, дзе экспанаваліся працы вучняў. Нягледзячы на халоднае памяшканне (школа не мае гарадскіх выгод), сустрэча атрымалася цёплай, душэўнай і карыснай для ўсіх удзельнікаў: вучняў, іхніх бацькоў і выкладчыкаў. Пра яе ім яшчэ доўга будуць нагадваць падарункі: працы, створаныя падчас майстаркласа, пэндзлі, якімі малявалі, альбомыкаталогі, кішэнныя каляндарыкі на 20082009 навучальны год з выявай аўтара першага слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча, палатняныя торбачкі з брэндам кампаніі "Будзьма".
Старэйшы педагог мастацкай школы Віктар Крук, які вёў імпрэзу, адзначыў, што да створаных творчых прац яны будуць не раз звяртацца як да дапаможніка ў навучальным працэсе. Ён падзякаваў гасцям, падараваў саламянае пано "Шаркаўшчына. 1503".
Наш кар. На здымках: Ірына Марачкіна з дзецьмі; Аляксей Марачкін;карціна, якая атрымалася.
1 год "Белсату"
Што такое «Белсат»?
«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскаю тэлевізіяй пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. А ініцыятыва стварэння канала належыць ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"
Польская тэлевізія супрацоўнічала, між іншага, з сябрамі Беларускае асацыяцыі журналістаў, якую за дзейнасць у галіне правоў чалавека Еўрапейскі Парламент адзначыў Міжнароднаю прэміяй імя Андрэя Сахарава. З самага пачатку праект падтрымлівае таксама фундацыя «Свабода і дэмакратыя» (арганізацыя nonprofіt, якая рэалізуе праекты на карысць дэмакратыі ў Беларусі). «Белсат» - гэта тэлебачанне, створанае беларусамі для беларусаў, на іх роднай мове.
Місія «Белсат»
Телебачанне з'яўляецца водгукам на патрэбу беларускіх дэмакратычных колаў у незалежнай інфармацыі ды культуры. Жыхарам Беларусі чыняць перашкоды на шляху да роднае мовы і нацыянальнае спадчыны. Арыентуючыся на падобны гістарычны досвед Польшчы, праект падтрымалі МЗС і ўрад Польшчы, у рамках польскае палітыкі спрыяння міжнароднаму супрацоўніцтву на карысць дэмакратыі ды грамадзянскай супольнасці. Гэта найбуйнейшы з такіх праектаў у Еўропе.
Партнёры
Праект «Белсат» атрымаў фінансавае падтрымку МЗС Літвы, а таксама арганізацыйную дапамогу літоўскага тэлебачання. На сённяшні дзень у Літве рыхтуецца публіцыстычная перадача «Форум», неўзабаве такое супрацоўніцтва распачнецца з радыё «...». Журналісты гэтай радыёстанцыі будуць рыхтаваць для «Белсату» публіцыстычную праграму «Тыдзень з радыё «...». Канал падпісаў таксама дамову з нямецкім тэлебачаннем «Deutsche Welle», якое прапануе свае перадачы, прысвечаныя грамадскакультурным падзеям у краінах ЕЗ.
«Белсат» арганізуе курсы для журналістаў, фінансаваныя ўрадам Вялікабрытаніі ды Ірландыі. Вядуцца перамовы пра падтрымку адукацыйнай і праграмнай часткі праекту Канадаю, ЗША, Швецыяй і Галандыяй. Тэлеканал імкнецца атрымаць фінансаванне Еўрапейскага Звязу.
Праграма
Над праграмаю працуе некалькі дзесяткаў журналістаў у Беларусі, Польшчы і Літве. «Белсат-ТV» - гэта тэлебачанне шырокай тэматыкі.
Наш кар.
Віталь Еўмянькоў: пра мастацтва і вар'яцтва
Віталь Еўмянькоў літаратуразнаўца, выкладчык Магілёўскага Дяржаўнага Універсітэта імя Куляшова, кандыдат філалагічных навук. Цяпер ён яшчэ і малады пісьменнік. 24 кастрычкіка адбылася прэзентацыя кнігі "Успаміны ваяводы, або Пялёсткі белай ружы". Пераасэнсоўваючы на яе старонках паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", аўтар адначасова настальгуе па мінулым, сцвярджае сваё бачанне сённяшняга, а таксама марыць пра будучае.
- Віталь Іванавіч, што падштурхоўвае выкладчыка ВНУ, навукоўца пісаць, займацца мастацтвам?
- Навука - гэта цяжкая праца. Яе немагчыма сабе ўявіць без творчасці і натхнення. Да таго ж, я не проста навуковец, я літаратуразнаўца. А даследваць мастацтва і быць яму зусім чужым не магу ды і не жадаю. Яшчэ перакананы ў тым, што ў выпадку калі літаратуразнаўца сам нічога не піша - ён мала чаго варты. У Кембрыджы літаратуру выкладаюць толькі пісьменнікі або паэты! Іншае справа, што ў нас так не прынята. А, напісаўшы за 10 год дысертацыю па якойнебудзь бязглуздзіцы, потым з вялікай самазадаволенасцю вучаць дзетак, як ім правільна чытаць мастацкія творы. На мой погляд - гэта вар'яцтва.
- Хто ён, Ваш чытач?
- Мой чытач - гэта беларускамоўны адукаваны патрыёт, які цікавіцца гісторыяй Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Або проста чалавек, для якога імёны Міцкевіч, Славацкі, Крашэўскі ці Сыракомля - не пусты гук.
- Што натхняе, а што, наадварот, раздражняе Вас як творцу і проста як асобу?
- Мяне натхняюць мая Айчына і жанчыны маёй Айчыны! Усё проста… А раздражняюць хамства і здрадніцтва. Асабліва моцна раздражняюць рускамоўныя пісьменнікі Беларусі. Якія яны пісьменнікі Беларусі, калі пішуць парасійску?! У сітуацыі, калі ўся масавая культура, адукацыя, СМІ расійскамоўныя, то і духоўная прастора расійская. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі… А ў гэты ж самы час мы, беларусы, саромеемся самага галоўнага: сваёй мовы! Прыкра!
- Ці лёгка сёння быць маладым, да таго ж беларускамоўным пісьменнікам?
- Калі ты пачынаючы беларускамоўны пісьменнік, то ты павінен быць папершае, аптымістам, падругое, вар'ятам. Рэаліі такія, што жах. Ты спачатку пішаш твор, потым выдаеш яго на ўласныя сродкі, а пасля табе забараняюць яго рэалізоўваць праз кнігарні. Ты бясконца цягаешся па прэзентацыях і літаратурных вечарынах. Такога не было ніколі. На жаль пакуль што мы не патрэбныя ні дзяржаве, ні грамадству.
- Чаму менавіта творчасць Адама Міцкевіча так моцна на Вас паўплывала?
- Адам Міцкевіч для мяне абраз беларускай літаратуры. Той літаратуры, якой бы яна магла быць, калі б наша краіна не выпала ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай з вялікай еўрапейскай сям'і. Міцкевіч для беларусаў - гэта скарбонка незрэалізаваных магчымасцяў нацыянальнай самасвядомасці. І яшчэ адно: Міцкевіч - узорны шляхціц, выдатны прыклад не толькі паэта, але і асобы. А "Пан Тадэвуш" - рэквіюм па нашай шляхце, гімн ёй! Дарэчы, ўпершыню я прачытаў "Тадэвуша" яшчэ ў ліцэі. Потым была дыпломная, пазней дысертацыя. І ўвесь гэты час для мяне зразумела, што, пішучы пра Міцкевіча, я пішу пра сваю зямлю і пра сваю гісторыю.
- Творчасць якіх пісьменнікаў, акрамя Міцкевіча, таксама кранае Вас?
- Я вельмі люблю Чэслава Мілаша. Ён мне гэтак жа роднасны як і Міцкевіч. Кажуць, што негры з Новага Арлеана адчуваюць блюз скурай, штосьці падобнае я магу сказаць і пра сваё ўспрыняцце творчасці гэтых двух пісьменнікаў. З беларусаў бясконца адданы Купалу. З ранейшых - Сыракомлі і Ажэшцы. Яшчэ Караткевіч і Быкаў! Гэта зразумела… Непрыемна ўражаны антыпаўстанцкім "Літоўскім воўкам" Наварыча. Зняў бы капялюш перад Арловым, Ірэнай Багдановіч і Рыгорам Барадуліным. Надзвычай моцна ўражаны творчасцю Іва Андрыча. Ледзь апрытомнеў ад творчасці Евы Вежнавец ("Шлях дробнай сволачы"). Зусім не прымаю ні беларускі, ні які б там ні было -"еўрапейскі" - постмадэрн. А так, наогул, кола маёй чытанкі - 18 - 19 стст.
- Што акрамя літаратуры ды працы, напаўняе Ваша жыцце?
- Касцёл. Сям'я. Дача. Я чалавек традыцыйных каштоўнасцяў. А яшчэ ў мяне ёсць кот. Завуць яго Касперскі. Файны: руды, вялікі, нязграбны, добры…
- "Няхай жыве Літва, няхай жыве Карона!" Гэтыя словы досыць шчыра перадаюць агульны настрой эпохі, апісанай у вашым творы. А што для Вас "патрыятызм"?
- Я ўпэўнены, што патрыятызм праяўляецца ў нечым канкрэтным. Я, напрыклад, люблю вёску пад Магілёвам - Косцінку. Ведаеце:
ліпы пад акном, луг, яблыня белага ніліву. Такі «пурытанскі, добраўпарадкаваны рай». Патрыятызм - гэта таксама любасць да жонкі і
да дзяцей. Падумайце - лёгка з трыбуны сказаць: «Я люблю Беларусь!» Значна цяжэй штодня любіць беларусаў, якія побач з табой.
- Вы з'яўляецеся сябрам ТБМ імя Ф.Скарыны. Ваша праца - гэта штодзённыястасункі з моладдзю. Што, на Ваш погляд, трэба рабіць, каб неяк змяніць адносіны сенняшняга грамадства да "беларускасці"?
- Што трэба рабіць, дык гэта адводзіць моладзь ад палітыкі. Рассяваць веды - вучыць мове, гісторыі і літаратуры, вучыць беларускасці! Тым, хто яшчэ не ўцёк з беларускага карабля - трымацца разам і выпрацоўваць план дзеянняў! Трэба займацца культурніцкімі акцыямі, выдаваць кнігі, часопісы, працягваць тое, што рабілі нашы папярэднікі. І, самае галоўнае рабіць усё гэта дзеля моладзі. Я не пайду на дэманстрацыю, не вазьму ў рукі зброю. Лепей прачытаю студэнтам Быкава або Караткевіча, дам паслухаць паланез Агінскага. Бо гэта больш важна! Яно пераўтварае не вонкавы свет, а духоўны. Самі разважце… зрабілі мы беларускай Беларусь у 90я. І што? Савецкія людзі не здолелі жыць у свабоднай краіне! Гэта трэба ўсвядоміць, раз, і лячыць - два. А лячыць працаю штодня. Рассяваннем беларускасці дзеля будучыні.
Маша Лук'янава, г. Магілёў.
Знамянальная падзея шклоўскай гістарыяграфіі
З'яўленне новага выдання па гісторыі Магілёўшчыны - падзея для любога аматара тутэйшай даўніны. А калі ўлічыць, што прапанаваная кніжка па гісторыі Шклова - фактычна першая ластаўка, то значэнне яе вельмі цяжка пераацаніць. Пачала здзяйсняцца даўняя і, шчыра кажучы, ужо слабая надзея, што горад, які мог у сярэднявеччы спаборнічаць у славе сваёй і ў эканамічнай моцы з буйнейшымі гарадамі не толькі беларускіх зямель, а і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, атрымае нарэшце вартую яго гісторыю.
Аўтар выдання - вядомы шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна ва ўступе з гонарам піша, што Шклову «пашанцавала» з публікацыямі па ягонай гісторыі. З ім можна пагадзіцца, а можна і паспрачацца. Сапраўды, публікацый аб Шклове за ўсю яго шматвяковую гісторыю было багата. Але ў большасці з іх горад толькі згадваецца. Сёння ў бібліятэках немагчыма знайсці цэльны і грунтоўны выклад яго гісторыі. Трэба патраціць шмат часу і перачытаць багата крыніц, каб скласці ўяўленне аб мінулым места. Неабходнасць абагульнення разнастайнай гістарычнай інфармацыі наспела даўно.
«I родныя сэрцу мясціны...» - бадай што, першая кніга, якая прысвечана ўласна гораду. Задачу, якую так і не змаглі вырашыць прафесійныя гісторыкі, узяўся выканаць інжынер па адукацыі, выкладчык Шклоўскага прафесійнага ліцэя № 12, кіраўнік ягонага гістарычнакраязнаўчага музея. Ён, відаць, папросту стаміўся чакаць «літасці» ад спецыялістаў і амаль два дзесяцігоддзі крок за крокам збіраў інфармацыю аб мінулым свайго любага Шклова. I вось нарэшце мы трымаем у руках вынік гэтай шматгадовай працы.
Не магу быць аб'ектыўным і крытычна разбіраць дасягненні і недахопы выдання. I не толькі таму, што мне пашчасціла нарадзіцца ў гэтым слаўным месцы, але і таму, што асобныя заўвагі і пажаданні, якія, як звычайна, ёсць да паўнаты гістарычнай інфармацыі, да афармлення кнігі і стылістыкі тэксту, не могуць адмовіць агульную станоўчую адзнаку працы, неабходнасць яе публікацыі.
Кнігу склалі лепшыя артыкулы Аляксандра Грудзіны аб мінулым Шклова, якія раней прайшлі апрабацыю на навуковых канферэнцыях, публікаваліся ў салідных навуковых зборніках, у перыядычным друку. Пры іх падрыхтоўцы аўтар пераважна карыстаўся шматлікімі публікацыямі па гісторыі горада, пачынаючы ад запісак дыпламата С. Герберштэйна, мясцовых летапісаў і заканчваючы матэрыяламі сучасных беларускіх, расійскіх, польскіх даследчыкаў. Але ён выкарыстаў таксама публікацыі мясцовага перыядычнага друку, матэрыялы беларускіх архіваў і бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве, вынікі ўласных палявых даследаванняў.
Прыемна адзначыць імкненне шклоўскага краязнаўцы выкладаць рэгіянальны матэрыял у кантэксце беларускай гісторыі, з улікам дасягненняў гістарычнай навукі у час «перабудовы» і беларускага адраджэння першай паловы 1990х гадоў.
Паводле зместу кніга не з'яўляецца сістэматычным выкладам шклоўскай гісторыі. У ёй адзінаццаць раздзелаў, у якіх паказваецца жыццё горада і яго мяшчан пераважна ў дасавецкія часы. Нягледзячы на пэўную фрагментарнасць зборніка, асноўныя знакавыя падзеі гарадской даўніны апісаны дастаткова поўна і яскрава. У кнізе паказаны працэсы ўзнікнення пасялення, пераносу горада, развіцця ягоных умацаванняў, барацьба са сквапнымі чужынцамі. У час панавання Расійскай імперыі аўтар справядліва больш увагі надае эпосе Зорыча, якая пакінула моцны след у гісторыі горада. Сведчанне важнасці таго перыяду - планы ўсталявання да сёлетняга дня беларускай пісьменнасці помніка фаварыту Кацярыны II у парку горада. Увогуле, уладарам Шклова - Гаштольдам, Хадкевічам, Сяняўскім, Чартарыйскім - аўтар прысвяціў цэлы раздзел. Вялікая ўвага ў кнізе нададзена і гісторыі хрысціянства ў горадзе, як у сярэднявеччы, так і ў трагічныя для царквы савецкія часы. Таксама апісваюцца эвалюцыя гарадской архітэктуры і будаўніцтва, развіццё прамысловасці, стан дзіцячых прытулкаў у пасляваенны час і падаецца шмат іншай цікавай інфармацыі пра мінулае Шклова.
У кнізе аўтар, безумоўна, не мог адлюстраваць усе падзеі багатай гарадской гісторыі, ды і задачы такой не ставіў, але верыцца, што першая ластаўка будзе не апошняй, што яна пакладзе пачатак серыі выданняў па гісторыі маёй малой Бацькаўшчыны.
Аляксандр Агееў, кандыдат гістарычных навук