Папярэдняя старонка: 2009

№ 04 (895) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 4 (895) 28 СТУДЗЕНЯ 2009 г.


125 гадоў з дня нараджэння Антона Луцкевіча

Ягонага партрэта няма ў кабінетах чыноўнікаў. Але менавіта дзякуючы яму чыноўнікі сядзяць ва ўладных кабінетах Беларусі, а не Паўночна-Заходняга краю Расеі.

Гэта ён сказаў словы "Трэба абвясціць незалежнасць Беларусі".

У гэтым дзесяцігоддзі ягоная творчая спадчына выдадзена пакуль што ў дзвюх кнігах. На падыходзе трэцяя. Але ягоны галоўны твор вядомы і без кніг. Гэта - Трэцяя Устаўная Грамата Рады БНР, Акт 25 Сакавіка.

29 студзеня спаўняецца 125 год з дня нараджэння Антона Луцкевіча, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, яе ідэолага, выдатнага публіцыста, першага фактычнага рэдактара "Нашай Нівы", гісторыка, старшыні Беларускага Народнага Камітэта, а потым Беларускай Рады ў Вільні, прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў БНР, старшыні Беларускага навуковага таварыства, аўтара адной з першых граматык беларускай мовы, аўтара першага зборніка літаратурна-мастацкай крытыкі, а заадно і першага падручніка беларускай літаратуры, выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі, заснавальніка і дырэктара Беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні…

Анатоль Сідарэвіч.


80 гадоў Анатолю Грыцкевічу

ГРЫЦКЕВІЧ Анатоль Пятровіч (н. 31.1.1929, Менск), беларускі гісторык. Доктар гіст. н. (1986), праф. (1987). Скончыў Менскі дзярж. мед. ін-т (1950) і дзярж. пед. ін-т замежных моў (1955), БДУ (1958). Працаваў урачом. 3 1959 у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1975 заг. кафедры Менскага ін-та культуры (з 1993 Бел. ун-т культуры). Даследуе гісторыю Беларусі перыяду феадалізму, прыватнаўла-дальніцкія гарады (вызначыў іх колькасць і тыпы, узровень эканам. развіцця, сістэму кіравання і самакіравання, ролю іх як вайсковай апоры, сац.-эканам. становішча мяшчанства), гістарыяграфію. Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі шляхты і выбранцаў. Вывучае рэліг. праблемы ў ВКЛ, становішча правасл. царквы, уніяцтва. Даследуе гісторыю ваен. і дыпламатычных узаемаадносін Літвы і Сав. Расіі, літ.-бел. дачыненняў у 1919-20. Аўтар гіст. нарысаў пра Слуцк, даследаванняў пра Слуцкае паўстанне 1920 года.

Сябар рады ТБМ на працягу многіх гадоў.

Анатоль Пятровіч з'яўляецца правадзейным сябрам Міжнароднай Акадэміі Еўразіі, абіраўся на пасаду старшыні Згуртавання Беларусаў свету "Бацькаўшчына". А.П. Грыцкевіч у 2008 годзе быў адзначаны ўзнагародай часопіса "Przeglаd Wschodni" імя Аляксандра Гейштара, якая штогод уручаецца навукоўцам за пашырэнне ведаў пра гісторыю Ўсходняй Еўропы.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць найактыўнейшага змагара за Беларускасць Анатоля Пятровіча Грыцкевіча з 80-годдзем і зычаць яму моцнага здароўя і сілаў дзеля Беларусі.

(Інтэрвію з А.П. Грыцкевічам чыт. на ст.2.)


"Закон аб мовах..." абяцаюць перагледзець

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Разгледзеўшы зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па пйтанню аб прыняцці дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які рэгулюе выкарыстанне дзяржаўных моў, паведамляем наступнае.

Прапановы аб выданні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь павінны рыхтавацца і ўносіцца ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі, у прыватнасці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 чэрвеня 1998 г. № 327 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў".

У той жа час лічым магчымым пагадзіцца з меркаваннем Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў аб мэтазгоднасці разгляду пытання аб удасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе выкарыстанне дзяржаўных моў, пры фарміраванні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год.

Начальнік галоўнага дзяржаўна-

прававога ўпраўлення Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.А. Дарашкевіч.



Грамадскае аб'яднанне

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Аб унясенні змяненняў у Закон

Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у

Рэспубліцы Беларусь»

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь разгледзеў зварот грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» і паведамляе наступнае.

Як ужо адзначалася ў мінулым адказе (№ 02-11/1325 ад 4.12.2008) падрыхтоўка законапраекта аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» патрабуе правядзення фінансава-эканамічных разлікаў і ўсебаковага аналіза магчымых наступстваў яго прыняцця.

Унясенне прапанаваных змяненняў у артыкулы 7, 19 прывядзе да значных дадатковых фінансавых расходаў, у прыватнасці: для перакладу актаў усіх дзяржаўных органаў на беларускую мову неабходна наяўнасць дадатковых працоўных адзінак (перакладчыкаў, карэктараў і інш.), таксама спатрэбіцца пераклад усіх актаў, прынятых да ўступлення ў сілу прапанаваных змяненняў, што патрабуе дадатковай працы і рэсурсаў. Што тычыцца прапанаваных змяненняў у артыкулы 22, 23, 26, 27, то сёння ў гэтых сферах ужываецца, як беларуская, так і руская мовы. Увядзенне патрабавання абавязковага выкарыстання беларускай мовы ў такіх галінах як адукацыя прывядзе да значных фінансавых расходаў (пераклад падручнікаў, метадычных матэр'ялаў і інш). Дадатковы пераклад афіцыйных назваў арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў, тэкстаў афіцыйных аб'яў, паведамленняў, плакатаў, афіш і іншай інфармацыі на другую мову (беларускую або рускую) патрабуе дадатковых фінансавых расходаў.

Акрамя гатага, паведамляем, што план падрыхтоўкі законапраектаў на 2009 год ужо зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 658. -

У сувязі з гытым, пытанне аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» будзе разгледжана пры фарміраванні плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год.

Дырэктар В.В. Міцкевіч.


Рыцар Панны Гісторыі

31 студзеня 2009 года адзначае 80- годдзе слынны навукоўца , прафесар , доктар гістарычных навук , знаўца гісторыі беларускай культуры , рэлігіі і цэркваў , спецыяліст па генеалогіі беларускіх магнацкіх родаў , па гісторыі беларускіх татараў - Анатоль Пятровіч Грыцкевіч .

А.П. Грыцкевічу належаць распрацоўкі навуковай канцэпцыі гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Яго прынцыповая пазіцыя ў ацэнцы гістарычных падзей шмат у чым не супадае з афіцыйным пунктам погляду, але Анатоль Пятровіч імкнецца аргументавана і доказна да-несці беларускаму народу праўдзівую гісторыю.

Таленавіты і апантаны даследчык беларускай мінуўшчыны, аўтар больш за 1150 навуковых публікацый, 6 манаграфій, прапагандыст гістарычных ведаў, ён удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях, сімпозіумах, выкладае ў студэнцкіх аўдыторыях, выступае на семінарах у ТБМ. Унікальны творца навукі, чалавек экцыклапедычных ведаў, асоба высокай культуры, ён знаходзіцца ў авангардзе адраджэнцаў і патрыётаў сучаснасці.

Анатоль Пятровіч з'яўляецца правадзейным сябрам Міжнароднай Акадэміі Еўразіі, абіраўся на пасаду старшыні Згуртавання Беларусаў свету "Бацькаўшчына". А.П.Грыцкевіч у 2008 годзе быў адзначаны ўзнагародай часопіса "Przegląd Wschodni" імя Аляксандра Гейштара, якая штогод уручаецца навукоўцам за пашырэнне ведаў пра гісторыю Ўсходняй Еўропы.

Прафесар Анатоль Грыцкевіч ветліва згадзіўся адказаць на нашыя пытанні.

- Ваша дзяцінства было звязана з даваенным Менскам?

- Нарадзіўся я ў Менску. У першы клас пайшоў вучыцца ў 25-тую беларускую школу імя Чарвякова. Бацька быў па адукацыі гісторык, грамадскі і партыйны дзеяч, з антыпольскіх партызанаў. Газета "Рабочы" у трыццатыя гады пісала: "Пётр Грыцкевіч не вядзе барацьбу з ворагамі народа ў Наркамасвеце." За гэта ён быў пазбаўлены партбілета і цэлы год быў без працы. Выкладаць гісторыю яму ўжо не было дазволена. Каб працягваць працу на пасадзе дырэктара школы, ён вымушаны быў атрымаць у педынстытуце другую адукацыю па беларускай літаратуры і мове. Час быў складаны. З 1937 года частка інтэлігенцыі, апрача пісьменнікаў, старалася не размаўляць дома па-беларуску. У першы год вайны бацька загінуў на фронце. Маці была дацэнтам медыцынскага інстытута. У вайну яна працавала ў палявым шпіталі. Потым яе перавялі ў Яраслаўль, дзе гуртаваўся Беларускі медыцынскі інстытут, і там мы знаходзіліся з братам Валянцінам.

- Вы шмат цікавіліся гісторыяй Случчыны?

- Мае карані ідуць са Случчыны. Звесткі пра род паходзяць з 16-тага стагоддзя. Як толькі я перасякаю мяжу Слуцкага княства, са мной адбываюцца дзіўныя з'явы. Адчуваю ўздым настрою і лёгкі подых. Радуе сваеасаблівая гаворка. Кожнае наведванне надае мне новых сіл. Слуцк, Случчына, прыватна-ўладальніцкія гарады ВКЛ былі тэмай маіх даследванняў.

Глыбокую цікавасць выклікаюць падзеі на Случчыне ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Праўда пра Слуцкі збройны чын і праблемы яе пашырэння на старонках гістарычных выданняў сталі тэмай напісаных артыкулаў і кніг. Некалькі год таму я выдаў зборнік, куды ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў паўстання, дакумэнты з архіваў, рэдкія фотаздымкі. Невялікую кнігу выдаў адмыслова для жыхароў Случчыны . На жаль, яе назву "Слуцкі збройны чын" давялося змяніць. Кніжка аказалася запатрабаванай на Случчыне і Салігоршчыне, і таму я спадзяюся на яе перавыданне.

- Аб'ём Вашых навуковых даследванняў уражвае і натхняе!

- Мая гістарычная спецыялізацыя - "феадал", -жартуе Анатоль Пятровіч. - На абароне дыпломнай працы, якую я пісаў па гісторыі Слуцка, прысутнічаў супрацоўнік інстытута Гісторыі АН БССР Шабуня. Ён запрасіў мяне на працу ў інстытут.

З 1959 года 16 гадоў я працаваў ў Інстытуце Гісторыі АН Беларусі, а з 1975 года - 34 гады ў Дзяржаўным Універсітэце культуры і мастацтва. Вельмі важным лічу перыяд працы ў экцыклапедычных выданнях. Для шасцітомнай Энцыклапедыі Гісторыі Беларусі ў сааўтарстве з калектывам даследчыкаў, такіх як Г.В. Штыхаў, А.І. Мальдзіс, М.І. Ермаловіч было падрыхтавана мноства артыкулаў па розных перыядах. Такая праца была вельмі карыснай для чытача.

Цяпер выкладаю на кафедры музеязнаўства ў БДУКіМ. (Дрэчы, мой малодшы брат Валянцін Грыцкевіч, які таксама як і я, скончыў спачатку медыцынскі інстытут, а потым, гістарычны і факультэт замежных моваў БДУ, працуе на такой жа кафедры ў Сант-Пецярбуржскім універсітэце).

Чытаю студэнтам курс лекцый па гісторыі Праваслаўнай Царквы, Каталіцкага касцёла і Пратэстанцкай царквы на Беларусі. Рэлігійныя пытанні пачаў распрацоўваць яшчэ ў савецкія часы з ратапрынтнага выдання ў бібліятэцы Акадэміі навук.

У нас ніколі не было рэлігійнага супрацьстаяння, як у краінах Заходняй Еўропы. Аднойчы на канферэнцыі Адам Мальдзіс прывёў такі прыклад: "Ехаў вандроўнік праз Беларусь, зайшоў у адзін дом у госці. А там за адным сталом сядзелі ксёндз, праваслаўны святар і равін, і мірна гутарылі.

- Старажытні Менск меў цудоўныя назвы вуліц: Феліцыянаўская, Дамініканская, Францішканская, ці можна іх яшчэ часткова вярнуць?

- Вуліца, на якой мы зараз жывём, раней называлася Падгорная. У часы стварэння БНФ існаваў Камітэт па пера-йменаванню вуліц. Некаторыя назвы ўдалося вярнуць, напрыклад, Гарадскі Вал. Цікава прасачыць хроніку назваў галоўнага праспекта сталіцы. На працягу мінулага стагоддзя назва мянялася з прыходам новай ўлады. Спачатку гэта была вуліца Захар'еўская, у гонар губернатара Захарыя Карнеева. У сярэдзіне XIX ст. яна пралягала ад сучаснай вул. Валадарскага да маста праз Свіслач. Потым яна называ-лася - Савецкая, затым у 1941 годзе - Гальт штрасэ - Адольф Гітлер-штрасэ - зноў Савецкая - праспект Сталіна - праспект Леніна - пр. Скарыны - пр. Незалежнасці.

- Раскажыце, калі ласка, пра даследванні, якімі Вы займаліся некалькі мінулых год.

- Зусім нядаўна я падрыхтаваў да выдання дзве кнігі. Адна з іх "Заходні Фронт РСФСР у 1918-20 гады" друкуецца на рускай мове, з ёй змогуць азнаёміцца і расейскія чытачы. Вялікае выданне з мапамі і схемамі адлюстроўвае барацьбу Расіі і Польшчы за Беларусь. Упершыню гаворка ідзе пра беларуска-польскую вайну, якая лічылася грамадзянскай. Цэлы год я жыў у тых гадах, вяртаўся думкамі ў тую эпоху. Кнігі выходзяць у выдавецтве "Гарвест", філіале Маскоўскага выдавецтва АСТ.

Другая кніга падрыхтавана Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына". Гэта будзе зборнік артыкулаў, надрукаваных у газетах "Наша слова", "Народная воля" пад назвай "Старонкі нашай мінуўшчыны" . Гаворка пойдзе пра значная частку постацяў, князёў Вялікага Княства Літоўскага і іншых знаных асобаў. Ёсць артыкул таксама пра Слуцкі зброены чын, пра паход Булак-Балаховіча і іншыя.

- Спадар Анатоль Пятровіч, Вы - абазнаныя ў лёсах беларускай шляхты. Якім быў яе удзел у гісторыі нашай краіны?

- Шляхта Беларусі мае сваю доўгую і славутую гісторыю. Шляхецкае саслоўе адыгрывала вялікую ролю ў гісторыі Беларуска-Літоўскага гаспадарства і ў федэратыўнай Рэчы Паспалітай. Яна заўсёды займала выразна патрыятычную пазіцыю, якая асабліва праявілася падчас змагання за адраджэнне дзяржавы ў шляхецкіх паўстаннях 1794, 1831 і 1863 гг. на Беларусі побач з братамі-паўстанцамі з польскай і літоўскай шляхты. На працягу вялікага перыяду нашай гісторыі шляхта займала кіраўнічае становішча ва ўсіх галінах дзейнасці сваёй дзяржавы і асабліва ў абароне Бацькаўшчыны, бо беларуска-літоўскае войска складалася пераважна са шляхты. Стагоддзямі шляхта мела значны ўплыў на развіццё беларускае культуры і сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Вялікую ролю яна адыгрывала ў Адраджэнні ХVІ і канца ХІХ - пачатку ХХ ст., ва ўсталяванні хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў. У адрозненне ад іншых саслоўяў беларуская шляхта ніколі не мела комплексу непаўнацэннасці, а заўсёды выступала з годнасцю, гонарам і з незалежніцкіх патрыятычных пазыцыяў.

- Вы прыкладаеце значныя намаганні, каб вяртаць вялікія імёны нашых слынных шляхціцаў, палкаводцаў? Ці магчыма стварыць літаратурны твор пра найвышэйшага гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага?

- Пра яго ўзгадваецца ў маім артыкуле "Арганізацыя абароны земскай і бітва пад Оршай 1514 года." К пачатку Аршанскай бітвы князю К. Астрожскаму было 54 гады. Перад пачаткам бітвы гетман Астрожскі звярнуўся да ваяроў. Ён напомніў рыцарам пра славутыя бітвы, каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. "Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць сваю дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку Бог і дадае нам з неба абарону." Гэтая прадмова вялікага палкаводца, сказаная па-беларуску, адпаведна храністам, міфалагічна ўздзейнічала на беларускіх воінаў. Канстанцін Астрожскі размахваючы сваёй булавой вёў у атаку сваіх рыцараў. Пасля Аршанскай бітвы ён зрабіў уклад царкве Свята-Духавага манастыра ў Вільні ў падзяку за дараваную яму перамогу. Яго сын Канстанцін Канстанцінавіч, лідар праваслаўя, мецэнат, заснавальнік Акадэміі пры сваім двары ў 1581 годзе выдаў першую ва Усходняй Еўропе поўную царкоўна-славянскую Астрожскую Біблію.

- Вы ачольвалі працяглы час Згуртаванне Бела-русаў Свету "Бацькаўшчына".

- Беларуская дыяспара стварыла ў свеце шэраг навукова-культурных асяродкаў на нацыянальнай і духоўнай падставе, абапіраючыся на прынцыпы самавызначэння, самабытнасці і патрыятызму, захавання беларускай мовы, традыцый і рэлігійнасці. Арганізатарамі навукова-культурных асяродкаў з'яўляюцца прадстаўнікі інтэлігенцыі беларускага замежжа, у тым ліку навукоўцы, якія імкнуцца захаваць і развіваць беларускую культуру ў іншамоўным асяроддзі. Стварэнне такіх беларускіх асяродкаў належала групам актывістаў-энтузіястаў, ініцыятыву якіх падтрымліваюць свядомыя беларусы за мяжой. У апошнім з'ездзе "Бацькаўшчыны" у ліпені 2005 года прымалі удзел 119 дэлегатаў з Польшчы, Украіны, Літвы, Аўстрыі, іншых эўрапейскіх краінаў, а таксама даволі прадстаўнічая група са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Важным навукова-культурным асяродкам дыяспары ў Расіі з'яўляецца Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Санкт-Пецярбургу (БГКТ), створанае ў 1988 г. Узначальвае яго гісторык і сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Грыцкевіч. Калі ён дае каментары па бягучых падзеях, газеты называюць яго галоўным беларусам паўночнай сталіцы Расіі. Мой брат выкладае ва Універ-сітэце, выдае кнігі, па-беларуску ён размаўляе па-мастацку узнёсла.

-Вам не аднойчы даводзілася бываць у Італіі. Ваша кніга па гісторыі цэркваў была выдадзена ў Рыме . Што Вы адчувалі на аўдыенцыі з Папам Рымскім?

- З Янам Паўлам II я сустракаўся тройчы. Адна з сустрэчаў праходзіла ў мястэчку Кастэль Гандольфа за 30 кіламетраў ад Рыма па Апіевай дарозе. Горы, возера, непаўторны пейзаж мяне вельмі ўразілі.У палацавым касцёле мы больш гадзіны маліліся разам з Папам. Пры сустрэчы ён звяртаўся да нас па-беларуску.

- Пры выданні новай кнігі "Люблю Беларусь" Павал Севярынец нагадаў, што Вы моцна падтрымлівалі яго лістамі ў Малым Сітне.

- Мне хацелася, каб ён не сумаваў, і таму ў адным з лістоў я даслаў яму малюнак і план фартэцыі Івана Жахлівага, што знаходзіцца паблізу ад вёскі. Павал знайшоў гэта месца, сфатаграфаваў драўляныя рэшткі, насып. Гістарычную каштоўнасць цяпер вызначае валун з прымацаванай шыльдай. З Паўлам наша сяброўства працягваецца, і я жадаю яму поспеху.

- Анатоль Пятровіч, як захаваць дабрыню і гумар на доўгія гады?

- Гэта асаблівасць натуры, хутчэй за усё, дар прыроды. Дарэчы, мастак Мікола Купава, сябра суполкі мастакоў "Пагоня" нарадзіўся ў адзін дзень са мной. Зараз мы працуем з ім разам у Камітэце па падрыхтоўцы святкавання 1000-годдзя Літвы.

- Сардэчна віншуем Вас з юбілеем, зычым волатаўскага здароўя, радасці ў працы і шчасця ў сям'і!

Гутарыла Э. Оліна.

На здымках: 1. Анатоль Грыцкевіч і Мікола Купава , фота аўтара; 2. На з'ездзе "Бацькаўшчыны".


Наперадзе чарговы перапіс насельніцтва

Заява ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

У Беларусі распачалася кампанія па правядзенні чарговага агульнага перапісу насельніцтва, які пройдзе з 14 па 24 кастрычніка 2009 года.

У сувязі з гэтым ТБМ адзначае наступныя недакладнасці і парушэнні:

1) тэкст анкеты, размешчанай у інтэрнэт-прасторы на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, прыводзіцца толькі на рускай мове;

2) фармулёўка пытання наконт роднай мовы ў анкеце выклікае неадназначнае разуменне і тлумачэнне.

Мы лічым, што ўсе дакументы, датычныя перапісу, незалежна ад таго, дзе яны публікуюцца, павінны даводзіцца да насельніцтва адначасова на абедзвюх дзяржаўных мовах, а не толькі на мове суседняй дзяржавы.

Акрамя таго, усе асобы, якія будуць непасрэдна праводзіць апытанне, павінны абавязкова валодаць дзяржаўнай беларускай мовай. Інакш легітымнасць і аб'ектыўнасць важнага дзяржаўнага мерапрыемства могуць быць пастаўлены пад сумненне. Таксама па-беларуску павінны быць аформлены пасведчанні і значкі перапісчыкаў.

Мы звяртаем увагу ўсіх грамадзян Беларусі, што ад іх актыўнага ўдзелу ў перапісе залежыць лёс далейшага развіцця дзяржаўнай беларускай мовы, асабліва ў сістэме адукацыі і дзяржаўнага справаводства.

Заява прынятая на пасяджэнні Рады ТБМ

24 студзеня 2009 г.


ДА ЧЫТАЧОЎ

Трылогія беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", выдадзеная ў 2006 годзе у складзе раманаў "Кабала" "Надлом" і "Гульня на згубу", знайшла сабе ўдзячных чытачоў і гарачых прыхільнікаў, атрымала ўсхваляваныя чытацкія водгукі ў друку. Яна ахоплівае падзеі на Беларусі і ў свеце больш, чым за стагоддзе.

Мінуў час, і аўтарам падрыхтавана да выпуску ў 2009 годзе 2-е выданне "Пакутнага веку", паноўленага і паглыбленага, яшчэ больш дасканалага па мове і іншых выяўленчых сродках. Аб'ём трылогіі на гэты раз складзе каля 900 старонак.

Не застаецца сумненняў, што ў новым выданні твор прынясе чытачам яшчэ большае эстэтычнае задавальненне, суперажыванне і радасць ад сустрэч з цікавымі, яркімі, каларытнымі па духу героямі, радасць ад новага дакранання да малавядомых фактаў і таямніц нацыянальнай гісторыі.

Аўтар абвяшчае збор дабрачынных сродкаў для падтрымкі выдавецкага праекта.

Пры перасылцы грошай у памеры 35-40 тысяч рублёў на адрас 220116, Мінск - 116, п/с 268, кожны атрымае не толькі аўтарскую ўдзячнасць, але і новую кнігу з аўтографам.

Калі ласка, разам ажыццявім праект!

Аўтар кнігі Якавенка Васіль Цімафеевіч.


Новая кніга Фелікса Шкірманкова

У выдавецтва «Чатыры чвэрці», г. Менск, выйшла чарговая кніга сябра ТБМ Фелікса Шкірманкова "Пераэк-заменоўка на восень: Апавяданні пра вайну".

У зборнік увайшлі дзесяць апавяданняў. Усе яны прысвечаны апошняй вайне на беларускай зямлі. Аўтар спадзяецца, што галоўнымі чытачамі кнігі будуць прадстаўнікі маладога пакалення.

Пісьменнікам выдадзены кнігі прозы і паэзіі: «Кто обидел медведя», «Выпрабаванне», «Незвычайны каляндар», «Через годы, через расстояння», «Існасць», «Баліць, крычыць мая душа», «У костра своей осени», «Тропою мамонтов», «Беларусь - любы край», «С нами надежда и вера».



Літаратурныя сустрэчы ў сядзібе ТБМ
(вул. Румянцава, 13, Менск)
Антаніна Хатэнка "Міфалагічныя матывы і метафізічны светапогляд у літаратуры 20 стагоддзя".
30 студзеня 2009 г. (пятніца). Пачатак у 18.30. Уваход вольны.


ВЫСТАВА Ў СЯДЗІБЕ ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

15 студзеня на сядзібе ТБМ у межах культурніцкай кампаніі "Будзьма" адкрылася выстава дзвюх мастачак: жывапісца Наталлі Белавокай і графіка Ганны Раманоўскай. Гэта прадстаўнікі маладога пакалення Беларускага саюза мастакоў, сябры творчай суполкі "Пагоня" і ТБМ, якія спавядаюць па сваім жыцці Беларушчыну, апяваючы сваю любую Радзіму на графічных і жывапісных палотнах.

Наталля Белавокая першапачатковую прафесійную адукацыю атрымала ў Рэспубліканскай школеінтэрнаце імя І. Ахрэмчыка, а Ганна Раманоўская скончыла аддзяленне жывапісу Менскай мастацкай вучэльні. Наступнай прыступкай у іхнім поступе у свет мастацтва была Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Сярод настаўнікаў - вядомыя майстры пэндзля Май Данцыг, Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Уладзімір Савіч, Юрась Хілько. Мастачкі прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Напрыканцы мінулага года яны сталі сябрамі самага вялікага на Беларусі творчага саюза, Беларускага саюза мастакоў, і гэтая іх выстава - першая ластаўка як сяброў БСМ. На выставе экспануецца 6 твораў графікі, выкананых у тэхніцы літаграфіі, афорта, алоўка і 20 прац у даволі рэдкай у сучасным мастацтве старажытнай тэхніцы жывапісу па ляўкасе.

Абедзве мастачкі - гараджанкі, народжаныя ў Менску. Але гарадскія сюжэты далёка не галоўнае ў іхняй творчасці. Шырокі далягляд маладых творцаў, а перадусім, глыбокае веданне Беларусі, яе гісторыі і культуры ў творах: "Сынкавічы", "Касцёл у Заслаўі", "На Іслачы", "Сведкі мінуўшчыны", "Спрадвечнае", "Вёска Белыя ваўкі", "Калодзежы", з серыі "Прывіды Наваградка", "Шлях у Ерусалім" і іншыя.

Наталлю і Ганну яднае і тое, што ў іхніх творах, гарманічных і сучасных па форме, прысутнічае шчымлівая нота замілавання помнікамі гісторыі, веліччу прыроды.

У адкрыцці выставы бралі ўдзел намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім, старшыня творчай суполкі "Пагоня" Аляксей Марачкін, мастакі Алесь Цыркуноў, Тодар Ладуцька, маці Ганны мастачка Вольга Раманоўская, Таццяна Сухоцкая.

Для аматараў мастацтва маем паведаміць, што выставу можна сузіраць цягам месяца.

Ірына Марачкіна.


Прэзентацыяй мастацкіх твораў жывапісу па ляўкасу Наталлі Белавокай "Вандроўкі па Беларусі" ды нізкі графічных твораў Ганны Раманоўскай Таварыства беларускай мовы распачало выставачную дзейнасць ў гэтым годзе.

Хоць Наталля і Ганна толькі летась былі прынятыя ў шэрагі сяброў Саюза мастакоў і суполкі "Пагоня", але маюць ўжо даволі значны прафесійны досвед, якому папярэднічала выключна спрыяльная падрыхтоўка. Яшчэ да паступлення ў Акадэмію мастацтваў Наталля мела за плячыма мастацкую школуінтэрнат, а Ганна мастацкую вучэльню. Іх душэўная адкрытасць і творчая тэмпераментнасць, памножаныя на апантаную ўлюбёнасць у родны край з яго гісторыяй і культурай, так і ў загадкавую непрадказальнасць яго лёсу, надаюць творам асаблівую прыцягальнасць.

Своеасаблівая вязкая манера пісьма Наталлі адразу прываблівае тонкім суладдзем каларыстычных рашэнняў. Дзіўна ўражвае суворая манументальнасць яе твораў пры іх знешне нязначных памерах. Падобна такі дынамізм і раскрыццё тэмы дасягаюцца ўдала абраным спалучэннем рытмаў ліній і каляровых плямаў, якія разам ствараюць напружаную прасторавую перспектыву. Пры вонкавай улюбёнасці ў дэталі мастачка, стылізуючы формы, удала пазбягае багны натуралізму.

Пры больш уважлівым разглядзе яе твораў мусіш зазначыць, што іх умоўна можна падзяліць на дзве тэмы. Адна - сузіральнагістарычная з пэўнымі архітэктурнымі аб'ектамі, другая - кранальналірычная. Лейтматывам праз усю экспазіцыю, што дзве сястры, праходзяць дзве постаці: Трывога і Надзея. Трывога за тое, што знікае незваротна святое, чым жылі і ганарыліся нашыя продкі, а Надзея ў тое, што такі Богаславёны край пры самай дзікунскай чалавечай нядбайнасці не будзе адрынуты ягоным Творцам.

На супрацьлеглай сценцы змешчаны шэраг графічных твораў Ганны Раманоўскай. Кожны з іх у пэўнай меры выяўляе выразную схільнасць да сюррэалістычных і шматзнакавых вобразаў. Падобна, што засяроджанай паглыбленасці ў свет філасафічных разважанняў, якімі так багатыя нашы нацыянальныя і этнас, і фальклор, і літаратура, яшчэ больш дапамагаюць удала абраныя тэхнічныя прыёмы і сродкі. Каб паўней спасцігнуць іх паглыблены сэнс і спатоліць смагу прагавітым да любамудрасці, калі такія валодаюць неабходнымі здольнасцямі, пажадана больш пільна прыгледзецца менавіта да гэтай экспазіцыі.

Адчуваецца, што аўтарка валодае даволі значнымі ведамі, якія належаць нацыянальнаму космасу і выпрацаваны нашым народным геніем, да спасціжэння якога яна імкнецца сама і далучае нас.

Абедзве персаналіі досыць суладна дапаўняюць адна другую і ствараюць агульнае ўяўленне аб мастацкіх памкненнях нашай творчай моладзі. Прыемна адзначыць і тое, што абедзве аўтаркі выключна валодаюць мовай нашага народу, што зараз для многіх нават "масцітых" з'яўляецца праблемай ці выклікае сверб і розныя комплексы.

Улічваючы квітнеючы ўзрост, тэмперамент і мэтаскіраванасць Наталлі і Ганны, застаецца толькі пажадаць далейшага натхнення і новых сустрэч на вернісажах, а адкрыцці будуць. Аб гэтым пераканаўча сцвярджае цяперашняя выстава.

Алесь Лясанскі.

На здымках: Ганна Раманоўская "Вёска Белыя Ваўкі"; Наталля Белавокая "Сынкавічы"; на адкрыцці выставы слова маюць Аляксей Марачкін і Алесь Цыркуноў.


Памяці Земавіта Фядэцкага

Яго ведалі і шанавалі старэйшыя людзі з Ліды, Васілішак і Скрыбаўцаў, Малога і Вялікага Мажэйкава ды недалёкіх ад іх вёсак. А ў 90-х гадах мінулага стагоддзя імя Земавіта Фядэцкага стала вядома маладзейшаму пакаленню лідскашчучынскага рэгіёна. Здарылася гэта пасля таго, як у Варшаве выйшла кніга пісьменніка "Цёплыя вечары ды халодныя ранкі czyli co spiewano w Feliksowie".

Пра згаданы зборнік песень я даведаўся выпадкова ад зямлячкі шаноўнага пана Марыі Дулы ў Гасцілаўскім прытулку для састарэлых. А неўзабаве займеў той песеннік, напісаў аб ім у мясцовай газеце і паслаў выразку з публікацыяй у Варшаву. З. Фядэцкі неадкладна адгукнуўся на мой ліст, падзякаваў за ўвагу да яго асобы і паведаміў аб намеры прыехаць у Ліду. Спатканне пісьменніка з краем свайго юнацтва адбылося ў траўні 1996 года. Госця з Польшчы тут чакаў прыемны сюрпрыз: грамадскасць Лідчыны пры падтрымцы мясцовай улады падрыхтавада вечарпрэзентацыю спеўніка. Гэта было хвалюючае свята для аматараў фальклору і для аўтара кнігі. Самадзейныя артысты натхнёна выконвалі запісаныя Земавітам у 1942-1943 гадах у Феліксаве, Скрыбаўцах і іншых вёсках народныя песні, што разам з нотамі былі надрукаваны ў зборніку на беларускай мове кірыліцай і лацінкай. Усе выказвалі чалавеку з Варшавы шчырую ўдзячнасць за ўвагу да беларускага фальклору.

Не менш хвалюючыя спатканні з Фядэцкім адбыліся на другі дзень. У Скрыбаўцах і Муравалцы, Мажэйкаве, Феліксаве, Гасцілаўцах... Землякіаднагодкі прыветна сустракалі літаратара, пасвойску звярталіся да яго на "ты", то з усмешкай, то са шкадаваннем успаміналі мінулае, свае маладыя гады. У Мураванцы Земавіт пакланіўся знакамітаму храму і магіле пахаванага побач дзеда, уручыў бацюшку на аднаўленне царквыцвердзі стодоларавае ахвяраванне. У Малым Мажэйкаве нас чакалі зноў жа змястоўная вечарына з канцэртам, потым застолле з папулярнай гарэлкай "Панскі дом" мясцовага завода. Варта адзначыць, што, пахваліўшы напой за арыгінальную назву. Фядэцкі толькі прыгубіў чарку. Так ён паступаў і ў кампаніі іншых сяброў.

Пазней быў яшчэ адзін прыезд варшаўскага госця на Лідчыну. На блізкай і мілай зямлі з ім у той раз гасцявалі сястра Барбара з мужам. Яны наведаліся сюды з Парыжа. Потым пан Земавіт наведаў Менск, дзе сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі, пра што паведамляў штотыднёвік "Літаратура і мастацтва". Неўзабаве 3. Фядэцкі ў гутарцы са мною па тэлсфоне сказаў аб памеры зноў прыехаць па Лідчыну. На жаль, гэтаму перашкодзіла цяжкая хвароба. А ў пачатку новага года цудоўны чалавек пакінуў наш свет.

Колькі слоў пра яго жыццёвы шлях. Вядомы ў Польшчы пісьменнік, перакладчык і крытык нарадзіўся 24 верасня 1923 года. Дзіцячыя і юнацкія гады Земавіта прайшлі на Лідчыне. Жыў у маёнтку бацькоў Лебяда. У гады акупацыі знайшоў прытулак у сям'і Уладзіміра Мальца ў Феліксаве. Пасля вайны працаваў у пасольстве Польшчы ў Маскве, дзе пазнаёміўся з вядомымі літаратарамі. Дзесяткі гадоў аддаў літаратурнай творчасці. Першы у свеце апублікаваў фрагменты рамана "Доктар Жывага" Б. Пастарнака (у перакладзе на польскую мову). З беларускай мовы пераклаў нямала вершаў Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Максіма Багдановіча. А землякі лідзяне і шчучынцы ўдзячныя знакамітаму творцу за згаданую кнігу песень, якая ў Італіі была названа "Песнямі Атлантыды", за яго ўклад у зберажэнне і захаванне нашай спадчыны, за дабрыню і чалавечнасць.

Памёр З. Фядэцкі 7 студзеня 2009 года, якраз на праваслаўныя Каляды. Быццам па волі Божай тым самым яшчэ раз пацвердзіў сваю блізкасць і прыязнасць да праваслаўных братоўбеларусаў. Сумныя радкі жалю лічу патрэбным закончыць папольску: "Czesc jego pamieci!"

Алесь Жалкоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX