№ 9 (900) 4 САКАВІКА 2009 г.
НАША СЛОВА № 900
Са святам, беларусачкі!
Шаноўныя спадарыні зямлі нашай роднай!
Таварыства беларускай мовы з вялікай радасцю віншуе вас з надыходам вясны, з традыцыйным Днём шанавання жанчыны - 8 сакавіка. Беларусачкі - найпрыгажэйшыя ў свеце. У гэты святочны дзень нам асабліва прыемна адзначыць: вы пяшчотныя, клапатлівыя, адданыя сваёй Бацькаўшчыне.
Жадаем вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, цёплых сямейных адносін.
Няхай увага і любоў да вас мужчын, вашых дзетак, сваякоў, сяброў, аднадумцаў праявіцца ў шчырых віншаваннях, беларускіх вершах, каб ніхто не ўсумніўся, што падчас любых перапісаў матчына мова ў нашай краіне - беларуская!
Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ
26.02.2009 г.
275 гадоў з дня нараджэння Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку)
РАДЗІВІЛ Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку ; 27.2.1734, г. Нясвіж - 21.11.1790), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіюме. У 1742 атрымаў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску ВКЛ. Пасол на соймы 1748,1752,1754,1760, 1761, 1762, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. Падчашы ВКЛ у 1752, мечнік ВКЛ у 1752-62, ваявода віленскі ў 1762-64 і 1768- 90; генерал-маёр (1754), гененерал-лейтэнант войска ВКЛ (1759). Паліт. ўплыў Р. грунтаваўся на вялізнай латыфундыі. 3 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі, валодаў таксама Слуцкам, Капылём, Белай, мноствам маёнткаў на Украіне, у Польшчы, Літве. Падтрымліваў у ВКЛ палітыку караля Аўгуста III. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў вайсковую сілу. Быў ворагам Чартарыйскіх, якіх падтрымала Расія пасля смерці караля (1763). Абвешчаная ў Гародні 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім войскам рушыў туды з Белай, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Капітулявалі яго войскі і на Украіне. Р. схаваўся ў Малдове, пасля выехаў у Венгрыю і Саксонію. Рас. войскі занялі Нясвіж і Слуцк. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за вайну Р. супраць расейцаў і іх хаўруснікаў абвясціла яго ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы, яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Ажыццяўляючы складаны палітычны манёўр Р. 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сойме 1767 усе абвінавачванні з Р. былі зняты. Яму вернуты маёнткі і пасада ваяводы віленскага. Але ўжо ўлетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Там сабраліся і кіраўнікі аддзелаў Барскай канфедэрацыі ў Беларусі. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк, Р. выехаўу Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Зноў палітычнымі манёўрамі вярнуў маёнткі акрамя ўсходнебеларускіх. У час дзейнасці Чатырохгадовага сойму 1788-92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфармаваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Гісторыкі, асабліва расейскія і польскія, падаюць Р. як легкадумнага палітыка і абмежаванага чалавека, а ён быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны.
80 гадоў з дня нараджэння Еўдакіі Лось
ЛОСЬ Еўдакія Якаўлеўна (1.3.1929, в. Старына Ушацкага р-на - 3.7.1977), беларуская паэтэса. Скончыла Менскі пед. ін-т (1955). Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Працавала ў Вуч.-пед. выд-ве БССР, у рэдакцыях газет і часопісаў. Друкавалася з 1948. Першы зб. «Сакавік» (1958). Выдала кнігі паэзіі «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Перавал» (1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка ліпеня» (1977).
Тонкі лірызм, шчырасць і непасрэднасць, арыен-тацыя на непрыдуманае, перажытае - характэрныя рысы яе творчасці. Аўтар паэм «Гавораць несмяротныя» (1961), «Мой свет» (1962), «Мая Ха-тынь» (1971), «Высакосны год» (1972), «Слова пра вечныя зоркі» (1974), «Мінчанка» (1974), «Матчына трывога» (1975). У зборніках прозы «Пацеркі» (1966), «Травіца брат-сястрыца» (1970) закранала актуальныя маральна-этычныя праблемы жыцця сваіх сучаснікаў. Пісала для дзяцей (кн. «Абутая ёлачка», 1961, «Казка пра Ласку», 1963, «Вяселікі», 1964, «Зайчык-выхваляйчык», 1970, «Дванаццаць загадак», 1974). Творы для дзяцей вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу, дасканаласцю маст. формы. На бел. мову пераклала кнігу вершаў С. Баруздзіна «Краіна, дзе мы жывём» (1977). Вершы і паэмы Л. перакладаліся на рус, укр., літ., польскую і інш. мовы. Яе імем названа Ушацкая раённая б-ка.
Старшыні
Грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны»
Трусаву А.
Аб падрыхтоўцы перапісу насельніцтва
Рэспублікі Беларусь 2009 года
Паважаны спадар Трусаў.
У адпаведнасці з Вашым пісьмом па пытанню падрыхтоўкі чарговага перапісу насельніцтва Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведамляе наступнае.
На момант падрыхтоўкі Вашага пісьма на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь апублікавана не «анкета», а Праграма перапісу насельніцтва, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 мая 2008 г. № 765. Праграма перапісу насельніцтва - ёсць пералік пытанняў, па якіх ажыццяўляецца збор асабістых дадзеных.
Пытанні, што задаюцца асобам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, размешчаны ў формах ліста перапісу:
1-памяшканне «Характарыстыка жылога памяшкання, спіс членаў хатняга гаспадарства, што пастаянна пражываюць у памяшканні» і 2Н «Ліст перапісу». Названыя формы ліста перапісу падрыхтанаваны на дзвюх мовах: беларускай і рускай і ў сучасны момант пададзены на афіцыйным сайце Белстата. У сувязі з гэтым збор асабістых дадзеных будзе ажыццяўляцца па жаданню рэспандэнта на адной з названых моваў.
Для асоб, якія праводзяць апытанне насельніцтва, падрыхтавана спецыяльная навучальная праграма, што дазволіць кваліфікавана правесці апытанне на беларускай мове.
Што тычыцца пытання 10 «Ваша родная мова» формы ліста перапісу 2Н, то фармулёўка і тлумачэнне па яго запаўненню цалкам адпавядае міжнародным падыходам па вывучэнню лінгвістычных прыкмет, што змяшчаюцца ў Рэкамендацыях па правядзенню перапісаў насельніцтва і жыллёвага фонду 2010 года, падрыхтаваных сумесна Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН і Статыстычным упраўленнем еўрапейскіх таварыстваў.
Хацелася б звярнуць Вашу ўвагу, што праект Праграмы перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года быў апрабаваны ў ходзе пробнага перапісу насельніцтва на тэрыторыі Маладзечанскага раёна, і, як паказалі яго вынікі, насельніцтва не адчувала цяжкасцяў, адказваючы на пытанне аб роднай мове. Акрамя таго, для вывучэння грамадскай думкі праект Праграмы быў размешчаны на афіцыйным сайце Белстата. Заўваг адносна фармулёўкі пытання 10 і тлумачэння па яго запаўненню ў наш адрас не паступіла.
Адносна іншых формаў дакументацыі перапісу, якія не ўтрымліваюць пытанняў Праграмы перапісу насельніцтва і не маюць на мэце збор асабістых дадзеных адносна рэспандэнтаў, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то яны распрацоўваюцца на рускай мове, што не супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».
3 павагай, Старшыня У.І. Зіноўскі.
Дырэктар школы, які размаўляе на роднай мове
Амаль 34 гады працуе на ніве беларускай педагогікі Леанід Мацвеевіч Журовіч, які сёння ўзначальвае Рахавіцкую дзяржаўную агульнаадукацыйную сярэднюю школусад Слонімскага раёна. Усё жыццё Леанід Мацвеевіч размаўляе на роднай мове. Ён не саромеецца матчынай мовы, бо яна - яго паратунак і суцяшэнне. З гэтым шчырым беларусам сёння гутарыць наш карэспандэнт.
- Леанід Мацвеевіч, раскажыце трохі пра сябе. Найперш скажыце, чаму Вы сваё жыццё звязалі з педагогікай?
- Нарадзіўся я ў вёсцы Збочна Слонімскага раёна...
- О, Вы зямляк нашага слыннага драматурга, педагога, паэта і празаіка Кандрата Лейкі...
- Так, я сапраўды яго зямляк, шмат чытаў пра яго. Кандрат Лейка некалі свой лёс звязаў з педагогікай. Выходзіць, што і я пайшоў па яго слядах. Як і Лейка некалі, так і я вучыўся ў Азярніцкай школе. Потым я ў 1975 годзе скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы.
- Падчас вучобы, ведаю, Вы захапіліся спортам?
- Так. І маю нават пасведчанне трэнера па баскетболу. Лёс у той час звёў мяне з усімі вядомымі баскетбалістамі Беларусі, з якімі я сябраваў і з некаторымі і сёння працягваю сябраваць. Вучыў нас у педінстытуце вядомы трэнер Анатоль Іванавіч Марцінкевіч. Гэта быў добры і таленавіты трэнер. Яго веды перадаліся і мне. Я паранейшаму захапляюся баскетболам, сам трэнірую хлопцаў і дзяўчат. І 14 гадоў узначальваю Рахавіцкую школу. Калі ў мяне пытаюцца: колькі гадоў я працую дырэктарам, адказваю: столькі, колькі Беларусь з'яўляецца прэзідэнцкай рэспублікай.
- Леанід Мацвеевіч, чым сёння адрозніваецца сельскі настаўнік ад гарадскога? Ці такога адрознення не існуе?
- Мне здаецца, асаблівай розніцы няма. Іншая справа, што ў вёсцы настаўнік трымае нейкую гаспадарку. Хаця гэта зусім не ўплывае на якасць педагагічнай працы, а проста ў вольны час настаўнік хоць крыху змяняе сваю працу, дзеля нейкага свайго ўласнага адпачынку. Дарэчы, сёння многія настаўнікі жывуць у горадзе, а на працу ездзяць у вёску, і наадварот.
- Леанід Мацвеевіч, Вы, мусіць, адзіны дырэктар школы на Слонімшчыне, які размаўляе на роднай мове? Як да гэтага ставяцца Вашы калегі, сябры, дзяржаўныя людзі?
- Некалі было такое меркаванне: калі ты размаўляеш на рускай мове - то, значыць, адукаваны. І ўсе вясковыя дзеці, пасля горада, імкнуліся, прыехаўшы ў вёску, размаўляць паруску, хаця ў многіх з іх гэта не атрымлівалася, а калі атрымлівалася, то вельмі смешна. На мяне вялікі ўплыў аказалі тыя падзеі, якія адбываліся ў канцы 1980х - пачатку 1990х гадоў на прасторы былога СССР. Галоснасць у той час дала мажлівасць пачуць і ўбачыць знакамітых людзей Беларусі, якія заўсёды размаўлялі і працягваюць размаўляць на сваёй роднай мове. Гэта мяне ўзрушыла. А таксама вялікае ўздзеянне на маю свядомасць аказалі творы беларускіх пісьменнікаў, беларускія песні, выканаўцы. Наш зямляк кампазітар Антон Валынчык, калі я вучыўся ў Гародні, вёў у педінстытуце хор. Гэты хор наведваў і я. Мы спявалі беларускія песні. Асабліва помніцца песня на словы Якуба Коласа "Касцы ідуць...". Усё гэта выхаванне абудзіла ў ва мне беларуса. Я сёння не маю ніякіх праблемаў зза таго, што я размаўляю на сваёй роднай мове. Я ніколі не меў негатыўнага выпадку, каб мяне зза гэтага абразілі ці мяне ў гэтым нехта ўпікнуў. Але я магу прывесці шмат станоўчых прыкладаў, калі людзі, пачуўшы родную мову з маіх вуснаў, радаваліся, дзякавалі мне, з захапленнем слухалі мяне. Неяк тэлефануе начальнік Слонімскага раённага аддзялення сувязі Сяргей Сяргеевіч Карачараў, рускі чалавек, а яму адказваю: "Слухаю вас". Дык ён кажа таксама пабеларуску: "Я быў прыемнейшым чынам здзіўлены..." І яшчэ. Чалавека, які размаўляе на беларускай мове, я пераканаўся ў гэтым на ўсе 100%, мова абавязвае быць сумленным. І я сёння шчаслівы, што Гасподзь даў мне нарадзіцца ў Беларусі і размаўляць на роднай мове.
- А на якой мове Вы размаўляеце на афіцыйных педагагічных сходах, канферэнцыях і г.д.?
- Пабеларуску. Вось нядаўна на нарадзе педагогаў, калі мне перадаваў сімвалічны ключ дырэктар Парэцкай школы Васіль Міхайлавіч Барысік, бо ў іх аграгарадку школу ўжо рамантаваць завяршылі, дык цяпер чарга дайшла да нашай школы, ён казаў пабеларуску, а я працягнуў яго думку зноў жа на роднай мове і нават закончыў я сваё выступленне словамі: "Няхай жыве беларуская школа! Няхай жыве народ беларускі! Няхай жыве Беларусь!"
- У Вас цікавае прозвішча - Журовіч, чуць не Жыровіч...
- У маёй вёсцы Збочна вельмі шмат вяскоўцаў з прозвішчам Журовіч. Я думаю, што нашы далёкія продкі ў Збочна перасяліліся з Жыровічаў. І ўсе сталі Жыровічамі. А пасля са стагоддзямі гэтыя Жыровічы сталі Журовічамі. Вось адсюль, мусіць, і паходзіць маё прозвішча. Магчыма, гэтыя гены продкаў таксама абудзіліся, і я адчуў унутраную патрэбу заўсёды размаўляць пабеларуску. І хачу сказаць, што родная мова мяне лечыць і ратуе ад цяжкасцей, яна з'яўляецца маім паратункам.
- Ведаю, што Вас так і называюць: дырэктар, які размаўляе на беларускай мове.
- Магчыма. Я не супраць.
- Скажыце, а ваша Рахавіцкая школа беларускамоўная?
-Так. Беларускамоўная.
- А ці ёсць у Вас хобі, акрамя баскетболу?
- Мне падабаецца ўсё, што кранае душу. Гэта песні беларускія, літаратура, шашкі. Я люблю слухаць песні ў выкананні Віктара Вуячыча, Леаніда Барткевіча, "Песняроў", "Сяброў", беларускія народныя песні.
- А чым цяпер пасля заняткаў займаюцца вясковыя дзеці?
- Тым, чым некалі займаліся мы, калі жылі ў вёсцы і хадзілі ў сельскую школу. Нічога з гадамі не памянялася, бо бацькам у вёсцы трэба дапамагаць па гаспадарцы. Але яны, як і гарадскія дзеці, любяць камп'ютэры, лічбавыя фотаапараты, цікавяцца мабільнай сувяззю - адным словам, ідуць у нагу з часам.
- Колькі сёння ў Вашай школе вучацца дзяцей?
- 82 вучні і 16 выхаванцаў дзіцячага садка.
- Ці ёсць сярод вучняў Вашай школы таленавітыя дзеці?
- Напрыклад, сёлета Аня Ганчарук паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тры гады запар яна выйгравала алімпіяду па нямецкай мове, а па беларускай мове атрымала 96 балаў і г.д.
Сяргей ЧЫГРЫН.
На здымку: Леанід Мацвеевіч Журовіч - дырэктар Рахавіцкай дзяржаўнай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы-сада Слонімскага раёна.
ПАДТРЫМАЕМ БЕЛАРУСКАГА НАСТАЎНІКА
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы падзяку ТБМ атрымаў старшыня ТБШ Алесь Лозка. Пра адну з акцый ТБШ сённяшні матэрыял.
У перыяд калядных святкаванняў прадстаўнікі Таварыства беларускай школы ладзілі гасцявыя рэйды ў менскія школы і садкі, у якіх вядзецца навучанне і выхаванне на беларускай мове. Напярэдадні Новага года такія візіты былі здзейснены ў СШ № 60, гімназіі № 14. Асноўная мэта іх - маральная падтрымка педагогаў у іх нялёгкай справе, калядныя віншаванні, ганараванне дыпломамі ТБШ за прафесійнае майстэрства і выхаванне нацыянальнай свядомасці будучых актыўных грамадзян незалежнай Беларусі, уручэнне невялікіх падарункаў. Да фармавання падарункаў далучыліся розныя грамадскія арганізацыі. "Цэнтр Супольнасць" падараваў школам шматлікія метадычныя дапаможнікі, літаратуру па грамадзянскай адукацыі, а таксама запісаў адмысловы DVD дыск "Гадуем беларусаў", у які ўвайшлі сцэнары дзіцячых святаў, гульні, метадычныя матэрыялы па краязнаўству і этнашколе, песенькі для маленькіх, аўдыёкнігі, казкі, чытанкі, мультфільмы, мастацкія фільмы і шмат чаго карыснага для настаўніцкай працы. Грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" прэзентавала настаўнікам гістарычныя кнігі, Аб'яднанне бацькоў з Беласточчыны "АББА" падаравала кожнай школе беларускую азбуку - каляровы набор літар алфавіта, які стварыла выдатная беларуская настаўніца з Беластоку Аліна Ваўранюк. Беларуская школка ў НьюЁрку і культурнаадукацыйная фундацыя ОрсаРамана дапамаглі сфармаваць для кожнага беларускага садочка наборы дыскаў і касетаў з мультфільмамі, казкамі, песенькамі, а настаўнікам яны перадалі кнігі беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча і іншых. А кампанія "Будзьма!" дапамагла аздобіць падарункі адмысловымі торбачкамі, віншавальнымі паштоўкамі. Ад імя ТБШ педагогаў віншавалі Алесь Лозка, старшыня, і Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання.
На фоне шматлікіх перадкалядных турботаў, а таксама бясконцых рэформаў, праверак, бюракратычных патрабаванняў, школьныя і дашкольныя ўстановы з задавальненем віталі гасцей з падарункамі і віншаваннямі. У адзінай сярэдняй школе г. Менска, № 60 (К. Лібхнета, 82), дзе арганізавана навучанне пабеларуску ва ўсіх класах, гасцей весяліў традыцыйнымі песнямі калядны гурт школьнікаў з "зоркай" і "казой". Падарункі і дыпломы ТБШ атрымалі настаўнікі гісторыі Людміла Крыловіч і Аксана Хахлова, якія шмат намаганняў удзяляюць краязнаўчай працы.
Плённая размова адбылася ў сталічнай гімназіі №14 (Васняцова, 10), дзе сёлета ў чатырох першых беларускіх класах навучаецца 84 вучні (дарэчы, падобны вялікі набор адбыўся яшчэ толькі ў 4 гімназіі). Дарэчы, у гімназіі №14 працуе знакамітая настаўніца хіміі Тэрэса Іванаўна Мятліцкая, якая сёлета па выніках усіх выпрабаванняў стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства "Сталічны настаўнік - сталічнай адукацыі" ў намінацыі "Настаўнік". Ганараванні ад ТБШ атрымалі Марыя Гарохава, намеснік дырэктара, Дзмітры Ровенскі, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля "Дударыкі", Святлана Собаль, загадчык бібліятэкі, Наталля Шурдзякова, кіраўнік метадычнага аб'яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.
У гімназіі №23, што размясцілася на праспекце Незалежнасці, былі ганараваны разам з дырэктарам Нінай Нікіцінай у асноўным выкладчыкі, якія развіваюць у дзяцей мастацкія здольнасці (спяванне, танцы, выцінанка і г.д.). Гэта - Алена Туміловіч, Вікторыя Бельчанка, Наталля Гамаюнава, Ірына Моніна. Але настаўніцкі калектыў гімназіі унікальны. Тут працуюць выдатныя філолагі, лінгвісты, якія выкладаюць шведскую, кітайскую, польскую ды англійскую мовы пабеларуску.
У гімназіі №9 г. Менска ганараванне адбылося падчас педагагічнай нарады, на якой прысутнічалі ўсе настаўнікі. Дыпломы атрымалі філолагі Марына Янчэўска, Інэса Андрыянава, а таксама дырэктар Ларыса Апалінская, якая пры атрыманні дыплома ТБШ пажартавала, што зза такой ўзнагароды яна можа пазбавіцца працы. Дарэчы, калі б такі ўплыў мелі ўзнагароды грамадскіх арганізацыяў на кадравыя рашэнні адукацыйнага начальства, то ТБШ дакладна не пераводзіла б свае дыпломы на настаўнікаў, а пачало з тога самага начальства, якое прыдумляе непадрыхтаваныя рэформы, ды стварае перашкоды для развіцця беларускамоўнага навучання.
Сёлета менскай СШ №2 нададзены статус гімназіі (№ 28). Усе класы тут маюць беларускую мову навучання, гімназія спецыялізуецца на вывучэнні замежных моваў. Вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, былога дырэктара Аляксандра Сядзякі - намесніка старшыні ТБШ, выдатнага выкладчыка фізікі, які за свае педагагічныя, лінгвістычныя таленты і грамадзянскую працу атрымаў ад ураду Францыі ордэн Акадэмічных пальмаў. ТБШ узнагародзіла выкладчыкаў гімназіі № 28 Таццяну Куракевіч (пачатковыя класы), Вольгу Грышкевіч, Наталлю Штанюк і Наталлю Дабравольскую (беларуская мова).
У гімназіі №4, якой кіруе пераможца конкурса ТБШ, лаўрэат звання "Беларускі настаўнік 2007 года" Юры Бандарэнка, сёлета адзначана праца выкладчыкаў Алены Калтовіч (беларуская мова), Уладзіміра Дземідовіча (гісторыя), Кацярыны Богдан (пачатковыя класы), Ірыны Дземідовіч (англійская мова), а таксама намеснікаў дырэктара Наталлі Юшкевіч і Галіны Філіпёнак.
Дзіцячым садкам № 187, дзе гадуюцца 4 групы беларускамоўных дзетак, і № 534, што мае аж 12 беларускіх груп, вельмі пашанцавала з загадчыкамі. Гэта адчуваецца адразу, калі ўваходзіш у дашкольныя ўстановы. Кіраўнікі іх - Таццяна Юрчык і Ларыса Урулёва - атрымалі дыпломы ТБШ не здарма. Пра такіх кажуць, што яны аддюць працы ўсю душу. Загадчыкі здолелі не толькі знайсці лепшых выхавацеляў для дзетак, зрабіць музеі, знайсці сучаснае абсталяванне, гульнёвыя сродкі, нават зрабіць жывы куточак з хамячком і чарапашкамі, але і пасяліць беларускі дух ў свае садочкі. Дарэчы, самая вялікая ў краінебеларуская ДДУ № 534 размешчана ў адным мікрараёне з самай вялікай роднамоўнай гімназіяй, №4. А вось з падобным суседствам садку № 187 не пашанцавала, няма побач беларускай школкі. Шкада, што кіраўніцтва Савецкага РАА не валодае станоўчым педагагічным досведам у гэтай справе. Каб вырашыць праблему, не патрэбна шукаць дзяцей у адзін беларускамоўны першы клас рускай установы ў неспрыяльны перыяд нацыянальнага забвення, а зрабіць рашэнне - прымаць толькі ў першыя класы з беларускай мовай навучання хоць адной у СШ раёна.
Дыпломамі ТБШ таксама былі ўзнагароджаны Наталля Анішчук, Ларыса Баброва, Марына Салавей (выхавацелі ДДУ № 187), Святлана Купрэйчык, Галіна Грыгор'ева, Аксана Шкрэдава, Галіна Кішкурна, Святлана Занімон (выхавацелі ДДУ №534), Ірына Юркевіч, (загадчык ДДУ № 202) і выхавацелі Наталля Рак і Тацяна Тарлоўская. Яшчэ два гады таму назад і сад №202 лічыўся поўнасцю беларускім, а цяпер ужо тут толькі дзве групы, а наогул у сталіцы тады было 170 беларускамоўных груп. Са звальненнем з пасады сапраўднага лідэра ўстановы паступова забываецца слава раней прызнаных цэнтраў беларускасці - ДДУ № 367 (экс-загадчык Галіна Прыма), № 314 (экс-загадчык Раіса Сля-сарчык) і інш.
Поспехаў і надалей вам, сапраўдныя Настаўнікі, непахіснай веры ў светлую буду-чыню Беларусі.
Тамара Мацкевіч, Алесь Лозка.
Хто как хаціт, так і гаварыт
Аднойчы мой знаёмы завітаў у жыллёвы аддзел каб атрымаць даведку з месца жыхарства. Здаецца простая справа: прыйшоў, сказаў, атрымаў. Аднак гэтая простая справа ператварылася ледзь не ў палітычную дэманстрацыю, бо ён папрасіў даведку на беларускай мове. Такая просьба не гэтулькі здівіла, колькі ўразіла і нават абурыла пашпартыстку. "Мушчына, што вы хаціця? Бярыця, што вам дают. У нас все языкі равныя." I ў якасьці апошняга непрабіваемага аргументу дадала: "Эта пракціка ва всем міры."
Мой знаёмы скептычна паставіўся да сусветнай практыкі, а заадно і да юрыдычнай дасведчанасці абуранай службовай асобы і дабіўся сустрэчы з начальнікам, хаця ў таго ~ па словах той жа пашпартысткі - быў "непраёмный дзень".
Начальнік, мужчына ўжо сталага веку, лагодна павыхоўваў "зарваўшагася акстрамістанаціаналіста" і, нібыта робячы вялікую паслугу, уласнаручна засведчыў (на беларускай мове!), што дадзены экстрэміст пражывае там і там.
На развітанне ён гэтак жа лагодна сказаў: "Вот вы, маладой чалавек, всё вазмушчаецесь, а вець мая работніца права, такая пракціка прынята ва всём міры. Беларусь вець не ядзінсьцьвенная страна, гдзе імеецца па два языка."
Што і казаць, начальнікліберал меў рацыю: Беларусь не адзіная краіна з дзвюмя дзяржаўнымі мовамі. А вось што тычыцца сусветнай практыкі, то давайце паглядзім і параўнаем.
Адной з такіх краінаў з з'яўляецца Фінляндыя. Насельніцтва яе складае пяць з паловай мільёнаў чалавек. З іх недзе дзевяноста чатыры працэнты, або звыш пяці мільёнаў чалавек, этнічныя фіны і роднай мовай яны лічаць фінскую мову. Крыху больш за шэсць працэнтаў, або недзе каля трохсот сарака тысячаў чалавек, складаюць этнічныя шведы, роднай мовай якіх з'яўляецца шведская. Аднак, нягледзячы на такі вялікі дысбаланс па колькасці, у краіне прынятыя дзве раўнапраўныя дзяржаўныя мовы: фінская і шведская. Такім чынам, пакуль што тэзы ліберальнага начальніка наконт сусветнай практыкі пацвярджаюцца. І 77% беларусаў, і 6,5% шведаў маюць роўныя правы перад Законам. Аднак беларуская практыка і сусветная практыка кардынальна адрозніваюцца, таму што фінскія шведы і фінскія чыноўнікі раўнапраўныя перад Законам. А беларускія грамадзяне аказваюцца тварам да твару з чыноўнікам, які лічыць сябе ўвасабленнем Закону і роўнасць моваў перад Законам тлумачыць па свайму разуменню. I тут пачынаецца тое, што ніяк не стасуе беларускую практыку з практыкай іншых краінаў.
Па фінскаму Закону аб мовах усе бланкі ў дзяржаўных установах, установах сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя і гэдак далей, складаюцца абавязкова на фінскай і шведскай мовах. Шыльды на ўстановах таксама пішуцца на дзвюх мовах. На дзвюх мовах робяцца надпісы ў метро, на чыгуначных станцыях, трамвайных і аўтобусных прыпынках.
Мову надпісаў і запаўнення гэтых бланкаў вызначае не чыноўнік. Кліент сам, не пытаючыся дазволу ні ў кога запаўняе патрэбны бланк на сваёй мове - фінскай або шведскай. Больш за тое, чыноўнік абавязаны запытацца ў кліента, на якой мове той хоча атрымаць дакумант.
Такая ж практыка прынятая і ў банках, хаця яны з'яўляюцца і недзяржаўнымі прадпрыемствамі.
Такім чынам, права меншасці карыстацца сваёй роднай мовай абаронена Законам.
Гэтым жа Законам вызначаны і парадак надпісаў. Там, дзе жыве большасць фінскамоўнага насельніцтва, надпісы на шыльдах і дарожных указальніках робяццаа спачатку на фінскай мове, а пад імі ідзе надпіс па шведску. Там жа дзе жыве болей шведаў робіцца наадварот. У месцах кампактнага пражывання аднамоўнага насельніцтва надпісы робяцца на адной мове.
Адносна надпісаў на дарогах часта кажуць, што шматмоўныя надпісы на ўказальніках, маўляў, адцягваюць увагу кіроўцаў і небаракі зза гэтага часта трапляюць у аварыі. На маю ж думку на колькасць аварыяў уплывае якасць дарог і дысцыплінаванасць аўтамабілістаў. Колькасць моваў і надпісаў аказваецца ні пры чым. У дыскусіях пра мову гэтая акалічнасць не бярэцца пад увагу.
Нельга не звярнуць увагу і на ўнікальнасць выкарыстанння двухмоўя ў беларускай прэсе. Тут таксама яскрава праяўляецца своеасаблівае разуменне роўнасці моваў: у газеце можа быць беларускі загаловак, але пераважная болыпасць матэрыялаў падаецца паруску. Здаецца, журналісты павінны быць болей дасведчаныя адносна сусветнай практыкі, чым чыноўнікі. Такой практыкі няма нідзе ў свеце. Газеты выдаюцца на адной мове, няхай сабе на фінскай або шведскай. Некалькі гадзін у дзень тэлебачанне працуе па шведску. Калі ж выступы ў фінска моўнай праграме робяцца па шведску, то знізу падаюцца субтытры перакладу. Апраўданні няведаннем адной з дзяржаўных моваў гучаць проста недарэчна. Кожны фінскі журналіст аднолькава добра валодае абедзвюмя дзяржаўнымі мовамі.
I тут час распачаць радасны крык: "Вось бачыце, гэта і ёсць двухмоўе! Хто как хаціт так і гаварыт!" Правільна, шаноўныя таварышы, правільна! Хто как хаціт так і гаварыт, але толькі дома або на вуліцы. Дзяржаўныя ж чыноўнікі ў абавязковым парадку здаюць экзамен на валоданне дзвюмя дзяржаўнымі мовамі. Прычым выключэнне не робіцца ні для дэпутатаў парламента, ні для прэзідэнта.
А каб чалавек меў магчымасць падацца на дзяржаўную службу, у школах і ліцэях фінскіх дзяцей не вызваляюць ад вывучэння шведскай мовы па надуманых нагодах накшталт перагружансці школьных праграмаў або заняткаў хакеем, ці музыкай.
Нават невялічкі народ фінскіх саамаў, колькасцю ў 6 тысячаў чалавек мае сваю афіцыйную мову ў трох камунах (раёнах па нашых мерках). Існуе літаратура, газеты, школы.
А галоўнае - гэта тое, што Закон абараняе права грамадзяніна карыстацца сваёй мовай і не падлягае тлумачэнню на свой лад і разуменне чыноўнікамі, незалежна ад іхняга рангу і пасады. Нават прэзідэнт, звяртаючыся да народа Фінляндыі прамаўляе па фінску і па шведску, не спасылаючыся на веліч той, ці іншай мовы. А потым ужо, хто как хаціт, так і гаварыт...
Якуб Лапатка, Хельсінкі
Мовазнаўчы досвед
Кніжная крама, кніжны магазін, кнігоўня, кнігарня. Цікава зазірнуць у кніжную краму (Полымя. 2008. № 12, с.163). У маёй кнігоўні ёсць том А.Олэся (Сяргей Панізнік // Полымя. 2007. № 8, с.132).
Перакладныя слоўнікі падаюць да рас. книжный магазин беларускія адпаведнікі кніжны магазін, кнігарня (Русско-белорусский словарь, т. 1. 1993, с. 638). Слова кнігарня як адзіны адпаведнік да аналагічнай расійскай назвы падае "Беларуска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некра-шэвіча (1926 года, С.148).
Кнігарня - утварэнне з суфіксам -арн-я ад назоўніка кніга, абазначае збудаванне, ёмістасць для змяшчэння таго, што названа ўтваральным словам. Такое ж значэнне маюць і ўтварэнні з суфіксам -оўн-я: вазоўня, лядоўня, саладоўня... Таму натуральным ныглядае і слова кнігоўня як сінонім да кнігарня. Аналітычныя назвы - кніжны магазін, кніжная крама - дублеты расійскіх на-зоваў.
Аднагадовы - а не гадавалы. Як ні вылузваўся Рыгор, як ні даводзіў, што ў яго сям'я, гадавалая дачка, што ў яго ў дадатак гастрыт, як ні прасіў, каб далі адтэрміноўку да заканчэння вучобы, - у ваенкамацкіх чы-ноўнікаў ... быў адзін адказ... (Дзеяслоў. 2008. № 5 (36), с. 103).
Гадавалая (дачка)... Яно стасуецца з дзеясловам гадаваць. Адсюль і гадаванне, гадоўля, гадаванец, гадаван-ка... Расійскаму годовалый адпавядае беларускае аднагадовы (Русско-белорусскнй словарь, т.1, 1993, с. 317). Ад-наслоўныя назвы бытуюць у нашай мове і як адпаведнікі аналітычных расійскіх найменняў: стрыгун - годовалый жеребёнок; выпустак, пярэзімак - годовалый телёнок (Тамсама.).
Начаваць - начаванне, начлег - а не начоўка. ...Ад'язджаюць на начоўку ў парыжскае прадмесце (Полы-мя. 2008. № 12, с.165).
Беларускай мове ўлас-цівыя ўтрарэнні - з значэннем апрадмечанага дзеяння (працэсу) - з. суфіксам -нн-е , а вытворныя з к-а выкарыстоў-ваюцца з прадметным значэн-нем, параўн. выдумаць, выду-мваць - выдумванне; выдумка - 'тое, што выдумана, хлусня ' ; перагдроджваць і перагарадзіць - перагароджванне; пе-рагародка - 'тое, што аддзяляе адно ад другога' і інш..
Слова начоўка як адпаведчік рас. ночёвка не па-даюць перакладныя слоўнікі, тут выкарыстоўваецца свой адпаведнік: ночёвка - начлег (РБС, 1993, т.2, с.256). Не падае яго і "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мо-вы", і гэта не выпадкова: начоў-ка асацыюецца як форма (адзіночны лік) ад начоўкі 'пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэбаў'.
Сталая, вечная (каш-тоўнасць) - а не неперахо-дзячая. Кожны куточак са-праўднага беларускага пейзажу мае непераходзячую духоўную, эстэтычную каштоўнасць. (Полымя. 2008. № 12, с.170).
Тут аўтар тэксту паленаваўся падумаць, пашукаць у перакладных слоўніках адэкватнае слова да рас. непре-ходящий і падаў чужое ў бела-рускім афармленні. Але ж гэтае трасянкавае стварэнне нічога не выяўляе, не перадае. Да таго ж -уючыя/-аючыя формы не маюць пашырэння ў беларускай мове. "Русско-белорус-ский словарь" (т. 2, 1993, с. 221) засведчыў: "Непреходящий (постоянный) сталы; (вечный) вечны".
Кіроўца (машыны) - вадзіцель. Кіроўцы машынаў рухаюцца так, як хочуць (По-лымя. 2008. № 12, с. 181). Нашая мова мае сваё адмысловае слова, добра матываванае і структурна выразнае ўтварэнне з старажытным суфіксам -ц-а - кіроўца. А вось слоўнікі падаюць тут пазычанне з не-ўласцівым беларускай мове суфіксам -цель: вадзіцель (< рас. водитель).
Радзільня - радзільны дом - радзілка. Дзіця кахання - навароджаную Алі-нку - маладзенькія бацькі прынеслі ў агульны інтэрнацкі пакой, дзе жыла Зоська з сяб-роўкамі. Забіралі з радзільні цэлым студэнцкім хаўрусам, папярэдне аблаташыўшы некалькі гарадскіх кеетнікаў... Як-ніяк - першае дзіця на курсе. (Г. Дзмітрыеў. Хроніка непрыкаенай душы // Дзеяслоў. 2008. №5(36), с.101).
Нашыя тлумачальныя слоўнікі не падаюць гэтага натуральнага беларускага сло-ваўтварэння з суфіксам -льн-я ад дзеяслова радзіць (радзі-льня), хоць у беларускай мо-ве шмат аднамадэльных слоў: бялільня, днявальня, плавільня, прадзільня, пральня, спальня, чытальня, шатравальня, шліфавальня... Яны абазначаюць памяшканне для выканання адпаведнага дзеяння, названага ўтваральным словам.
Затое "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Т.4, с. 554) падае наступнае: "Радзілка, ж., разм. Радзільны дом ; радзільнае аддзяленне". Але ж утварэнні з суфіксам лк-а маюць зусім іншае значэнне - 'прылада, посуд для выканання адпаведнага дзеяння' ці 'прадметсуб'ект дзеяння': абганялка, веялка, капалка, качалка, сеялка, паілка, цадзілка, мігалка, снавалка, круцёл-ка.
Так што радзілкай хутчэй можна назваць парадзіху, а не радзільны дом.
Перакладныя слоўнікі фіксуюць слова радзільня толькі як адпаведнік рас. родильная (о комцате) (Гл. РБС, 1996, т.З, с.258). Затое скрозь - у абедзвюх частках слоўніка -- тое самае: родиль-ный дом -радзільны дом.
Анёл і арханёл - а не архангел. У Ашмянах аўтобус стаяў 20 хвілінаў. Быў час зайсці ў касцёл Святога Арханёла Міхаіла (Дзеяслоў. 2008. № 5 (36), с. 157).
Слоўнікі не падаюць адмысловай беларускай формы, а толькі супольнае (аднолькавае) з расійскім: "Арх-ангел, м. ... У хрысціянскай міфалогіі: вышэйшага рангу анёл" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996, с.66). Але ж значэнне 'вышэйшага рангу' перадаецца тут прыстаўкаю арх-, якая і далучаецца да слова анёл: арханёл. Слова арханёл вартае быць у літаратурным слоўніку як нарматыўная лексічная адзінка.
Павел Сцяцко
Дзевяцёра з дваццаці аднаго - вынікі конкурсу па беларускай мове
У Бельску Падляшскім завершыўся прадметны конкурс па беларускай мове для пачатковых школ. У ім прымалі ўдзел вучні з Бельска Падляшскага, Гайнаўкі, Беластока, Нарвы, Нараўкі, Ягуштова і Храбалоў.
- Шаноўны Вучань! Мы рады сустрэць Цябе на раённых элімінацыях Прадметнага конкурсу па беларускай мове. Перад Табой заданні, якія патрабуюць ад Цябе ўважлівага чытання і лагічнага думання. А самае важнае - не спяшайся. Спакойна прачытай усе заданні, а потым дакладна і выразна запішы адказы. Мы верым у Твае магчымасці і жадаем посьпехаў.
Такім зваротам пачынаўся конкурсны тэст па беларускай мове для вучняў пачатковых школ. У здольнасці вучняў верылі не толькі члены камісіі, але таксама настаўнікі і самі вучні. Кожны з іх быў перакананы, што дасць рады здабыць неабходную колькасць пунктаў, каб трапіць у фінал. Той неабходнай колькасцю пунктаў было мінімум 90 на 100 магчымых.
І хаця, пасля напісання тэста многія ўдзельнікі запэўнівалі, што пытанні былі простымі, то аказалася, што былі і пэўныя цяжкасці.
Тое, што тэст аднак быў складаны пацвярджаюць і настаўнікі, якія ўваходзілі ў склад камісіі. Гаворыць старшыня камісіі Міраслава Маркевіч.
- Казалі, што тэст быў нецяжкі, але калі мы правяралі, то некаторыя працы былі сапраўды вельмі добрыя. Дзеці вельмі цікава пісалі. Быў дыялог, які развівалі некаторыя вельмі абшырна. Паводле дзяцей, можа, і не цяжкі, аднак не ўсе справіліся з заданнем.
Хто ж трапіў у фінал конкурсу? 9 асобаў з 21. Неабходныя 90 пунктаў набралі Дар'я Вапа (падставовая школа № 4 у Беластоку) і Аляксандра Кірылюк (школа № 6 у Гайнаўцы); Крыстыян Вэнцко з Нарвы здабыў 91 пункт; Адрыян Іванюк (Бельская тройка) і Ярэмі Кос (Нарва) атрымалі па 92 пункты; Паўліна Ваўранюк (Нарва) - 93; Наталля Грыгарук (Бельск) і Аляксандра Конюх (Беласток) - па 97 пунктаў. Найбольшую колькасць - 100 са 100 магчымых - здабыў Каміль Сцепанюк з Бельскай "тройкі".
Фіналісты сённяшняга конкурсу маюць час да 9 сакавіка каб яшчэ падвучыцца, пачы-таць, пераглянуць некаторыя кнігі, папрактыкавацца ў граматыцы, бо менавіта 9 сакавіка ў Бельску Падляшскім пройдзе фанальны кон-курс, які вылучыць самых-самых лепшых.
Наталля Герасімюк, Радыё Рацыя.
Грунвальдская бітва 1410 года - ліквідацыя пагрозы незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага
(Да 600 - годдзя пачатку Вялікай Вайны з Тэўтонскім ордэнам)
Ад другой паловы ХІІ ст. і да пачатку ХУ ст. пастаяннай пагрозай існаванню Вялікага Княства Літоўскага быў Тэўтонскі Нямецкі Ордэн - вайсковаманашскі рыцарскі ордэн, які ў другой палове ХІІ ст. заснаваў сваю рыцарскадухоўную дзяржаву на тэрыторыі ад нізоўяў Віслы да мяжы Літвы на ўсходзе і да Мазовіі на поўдні. Частка балцкага племені прусаў была тут знішчана, частка анямечана, частка ратавалася ўцёкамі ў лясістыя раёны цяперашняй Заходняй Беларусі разам з балтамі, яцвягамі, уцекачы паступова увайшлі ў склад беларускай (ліцвінскай) народнасці.
Першымі сустрэліся ў баях з нямецкімі крыжакамі рыцарскага ордэну мечаносцаў жыхары Полацкай зямлі. Полацкаму княству ўдалося адбіць наступ нямецкіх рыцараў з поўначы. Ордэн мечаносцаў пацярпеў сур'ёзнае паражэнне каля Шаўляя у бітве з жамойтамі у 1236 г. пасля гэтай бітвы ордэн мечаносцаў аб'яднаўся з Тэўтонскімордэнам і стаў яго паўночным аддзелам. З цягам часу гэты аддзел стаў звацца Лівонскім (нямецкі аддзел у Ліфляндыі). У ХІУ-ХУ ст.ст ён дзейнічаў разам з Тэўтонскім ордэнам, хаця меў пэўную аўтаномію.
Другая палова ХІІІ-ХІУ ст.ст. - гэта перыяд пастаянных войнаў Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі, калі шмат цярпелі ад сістэматычных набегаў (рэйдаў) крыжакоў жамойцкія, літоўскія і беларускія землі. Жамойціі і Літве пагражаў лёс, які ўжо спаткаў прусаў вынішчэнне і анямечанне. Такая ж небеспяка стварылася і для жыхароў беларускіх тэрыторый. Рэйды крыжакоў паглыбляліся ўсё далей на ўсход. У 1382 г. крыжакі Тэўтонскага ордэна захапілі Жамойцію і значную частку літоўскіх зямель. Такім чынам, тэрыторыя Тэўтонскага ордэна і Лівоніі была злучана, а гэта толькі павялічыла небяспеку для Вялікага Княства Літоўскага. Адначасова Тэўтонскі ордэн вёў агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Польшчы, захопліваючы польскія землі. Гэта аб'ектыўна стварала ўмовы для заключэння пастаяннага дзяржаўнага саюзу паміж Вялікім Княствам Літоўскі і Польшчай.
Такія абставіны і прывялі да дзяржаўнага саюзу. 14 жніўня 1385 г. у беларускім мястэчку Крэва, у замку вялікі князь літоўскі Ягайла (Якаў) у прысутнасці польскіх паслоў выдаў акт аб уніі (саюзе) паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай. Ягайла дамовіўся аб уступленні ў шлюб з польскай каралевай Ядвігай, таму ён станавіўся каралём Польшчы, пераходзіў у каталіцтва і абавязваўся хрысціць па каталіцкаму абраду літоўцаўязычнікаў і далучыць землі ВКЛ да Польшчы. Акт Крэўскай уніі быў папярэднім актам пра наступныя адносіны Вялікага Княства Літоўскага, а не актам злучэння абедзвюх дзяржаў, як лічыў польскі вучоны Г. Лаўмяньскі.
Акт Крэўскай уніі быў зацверджаны 2 лютага 1386 г. на з'ездзе прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў у Любліне і фармальна ўвайшоў у моц.
Далейшыя падзеі ў БеларускаЛітоўскай дзяржаве, апазіцыя ўдзельных князёў з самой дынастыі Гедзімінавічаў, а таксама літоўскабеларускай знаці ўнітарнай палітыцы Ягайлы, узмацненне ўлады Вітаўта, інтрыгі крыжакоў прывялі да фактычнага сарвання Крэўскай уніі, хаця ніхто яе не скасаваў. Безупынныя паходы крыжакоў на зелі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы прымусілі польскіх паноў ды баяраў БеларускаЛітоўскай дзяржавы, караля Уладзіслава ІІ (Ягайлы) і вялікага князя Вітаўта ўрэшце аб'яднаць свае сілы. На ўсходзе Вітаўт у 1408 г. падпісаў мір з маскоўскім вялікім князем Васілём І, сваім зяцем. Цяпер можна было вырашаць справы на паўночназаходняй мяжы. У канцы снежня 1408 г. пад час сустрэчы ў Наваградку на патаемнай нарадзе Ягайлы з Вітаўтам было вырашана вярнуць назаўсёды Жамойцію, захопленую крыжакамі, у склад Вялікага Княства Літоўскага.
У канцы траўня 1409 г. у Жамойціі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам нямецкага войта, узнялося паўстанне. Вітаўт падтрымаў паўстанне, а Ягайла і польскія феадалы так-сама сталі на бок паўстанцаў, неафіцыйна ім дапамагаючы.
Ягайла прапанаваў Тэўтонскаму ордэну вырашыць стрэчныя пытанні трэцейскім судом і запатрабаваў, каб рыцары не нападалі на Жамойцію. Тым самым было пастаўлена пад сумненне юрыдычные права Тэўтонскага ордэну на Жамойцію. Пасольства Ягайлы да вялікага магістра ордэна, перадаўшы яму ў канцы ліпеня 1409 г. гэтыя ўмовы, заявіла, што ў выпадку іх непрыняцця Польшча падтрымае Вялікае Княства Літоўскае і Рускае (БеларускаЛітоўскую дзяржаву). У адказ на гэта вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген заявіў, што ён пачне ў такім выпадку вайну з Польшчай. Фармальна вайна была абвешчана вялікім магістрам у сталіцы ордэнскіх зямель Мальбарку (Марыенбургу) 6 жніўня 1409 г. і ўручана грамата аб абвяшчэнні вайны польскаму каралю ў Корчыне 15 жніўня. Так пачалася "вялікая вайна" паміж Тэўтонскім ордэнам, з аднаго боку і Польшчай ды Літвой, з другога. Ваенныя дзеянні ў Вялікай вайне 1409 - 1411 гг. пачаліся 16 жніўня 1409 г. Войска Тэўтонскага ордэна напала на Добжынскую зямлю і атакавала там польскія залогі. Крыжацкае войска разбіла на тэрыторыі Новай Маркі (ля ракі Одры) паспалітае апалчэнне. Са свайго боку, войскі Вітаўта ўступілі ў Жамойцію, каб дапамагчы паўстанцам.
У 1409 г. Ягайла і Вітаўт сустрэліся ў Берасці. Там быў распрацаваны план летняй кампаніі 1410 года, заснаваны на аб'яднанні польскага вайсковага досведу з беларуска-літоўскай і татарскай стратэгіяй і тактыкай. Быў выбраны тэатр ваенных дзеянняў з тэрыторыяй Мазовіі як асновай вайсковых аперацый. План прадугледжваў паход на сталіцу Ордэна - Марыенбург і правядзенне рашаючай бітвы на ордэнскай тэрыторыі з мэтай знішчэння ўсіх узброеных сіл ордэна, а потым заключэнне выгаднага міру з аслабленай дзяржавай крыжакоў. Жамойція лічылася другарадным тэатрам вайсковых дзеянняў, і туды былі накінаваныя нязначныя вайсковыя сілы.
На пачатку ваенных дзеянняў войскі Вітаўта за некалькі тыдняў ачысцілі Жамойцію ад рыцарскіх залогаў. Адбываліся ваенныя дзеянні і ў Польшчы на мяжы з Ордэнам. У верасні 1409 г. вайсковыя аперацыі былі спынены і было падпісана паміж Польшчай і Ордэнам перамір'е. якое мела моц да дня святога Яна Хрысціцела (24 чэрвеня 1410 г.). Перамір'е не тычылася Беларуска-Літоўскай дзяржавы.
Рашаючай кампаніяй "вялікай вайны" была летняя кампанія 1410 г. Абодва бакі рыхтаваліся да яе сур'ёзна. Тэўтонскі ордэн выкарыстаў перамі'е, каб у краінах Еўропы набыць зброю, гарматы, харчаванне. Наймалі вайсковыя атрады у розных краінах. Склікалася мясцовая апалчэнне.
Рыхтаваўся і польска-літоўскі бок. Збіраліся рыцары абедзвюх дзяржаў. У Польшчы і Літве таксама збіралі атрады баяраў (сярэдніх і дробных феадалаў) і вайсковых людзей, рыхтавалі зброю. У Белавежскай пушчы было праведзена паляванне, каб нарыхтаваць для паходу засоленае мяса.
У кампаніі 1410 г. удзельнічала галоўная армія Тэўтонскага ордэна пад каманда-ваннем самога кіраўніка Ордэ-на вялікага магістра У. фон Юнгінгена. Яна складалася з 51 харугвы агульным лікам 21 тысяча конных рыцараў, 6 тысяч пехацінцаў і артылерыстаў, а таксама каля 5 тысяч чэлядзі ў абозе. Армія крыжакоў была лепш узбоена і мсела баявы досвед. У ордэнскую армію прыбылі рыцары і наём-нікі з Германіі, Англіі. Францыі, Швейцарыі і іншых краін Еўропы.
Армія саюзнікаў - Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага налічвала 31500 чалавек, не лічачы ўзбоенай чэлядзі ў абозе, артылерыстаў і татарскіх атрадаў з Літвы - з ваколіцаў Вільні, Городні, Ліды і іншых мясцовасцяў (да 2 тысяч чалавек). Польская ры-царская конніца складала 18 тысяч, а пяхота 2 тысячы. Літоўска-беларуская лёгкая конніца - 11 тысяч, пяхота - 500 чалавек. У складзе польскага войска былі чэшска-мараўскія атрады.
Саюзнае войска складалася з 90 харугваў. З іх 50 харугваў у польскім войску, з якіх 7 было украінскіх (з Га-ліцыі, што ўваходзіла ў склад Польскага каралеўства). 40 харугваў налічвала літоўскае войска, у тым ліку 28 беларускіх, 8 украінскіх і 4 з беларуска-літоўскага памежжа, дзе таксама беларусы складалі значную частку насельніцтва.
У расійскай і савецкай гістарычнай літаратуры памылкова згадваюцца тры "рускія" смаленскія харугвы. Сло-вы "рускія" для пачатку ХУ ст. не азначаюць тое, што цяпер, г.зн. не расійскія. Калі цяпер Смаленск знаходзіцца ў складзе Расійскай Федэрацыі, то тады ён у яе склад не ўваходзіў. Ён знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы). І жылі там нашчадкі крывічоў, такіхх жа, як у цяперашняй Беларусі, і гаварылі на такой жа крывіцкай (беларус-кай) мове.
Да таго ж ў хроніцы яна Длугаша названа спачатку толькі адна Смаленская харугва (пры пераліку войска, у 10-й і 11-й кнігах хронікі). Потым, пад час апісання ходу бітвы, Длугаш гаворыць ужо пра тры харугвы "рыцараў рускіх з Смаленска".
Мсціслаўскі князь Сы-мон Лугвен Альгердавіч камандаваў у Грунвальдскай бітве беларускімі палкамі паўночнай часткі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку з Мсціслава, Оршы, трыма смаленскімі палкамі, згаданымі Длугашам. Паколькі ў гэты час ён быў таксама і князем Вялікага Ноўгарада, то прывёў з сабой і атрад воінаў з Ноўгарада. Аднак у іншых крыніцах (бела-руска-літоўскія хронікі) гаворыцца то пра мсціслаўска-смаленскія харугвы, якімі ка-мандаваў князь Сымон Лугвен Альгердавіч, то пра тры полацка - смаленскія палкі. Таму іх беларускі характар не вы-клікае сумненняў.
Тлумачыцца захапленне з боку расійскіх гісторыкаў згадкай пра смаленскія палкі Яна Длугаша, каб залічыць іх у склад рускіх воінаў.
Ян Длугаш гаворыць пра склад харугваў войска Вялікага Княства Літоўскага і пра іх сцягі: "Амаль кожная з іх мела ў гербе на чырвоным полі ўзброенага мужа, які сядзіць на белым, некалькі на чорным альбо рудым ці стракатым, кані і патрасае руку з мечам". Гэта апісанне гербу "Пагоня", што быў на сцягах Вялікага Княства на Грунвальдскім полі. Толькі дзесяць харугваў мелі іншы герб і адрозніваліся ад астатніх трыццаці. Былі на іх на чырвоным полі намаляваны знакі, якімі Вітаўт звычайна адзначаў сваіх коней. Гэта былі "калюмны" (калоны), герб літоўска-жамойцкай галіны дынастыі Гедзіміна. Ян Длугаш пералічвае харугвы (але не ўсе) войска Вялікага Княства Літоўскага: "Называліся жа тыя харугвы, адны ад назваў зямель літоўскіх: троцкая, віленская. гародзенская, ковенска, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая, старадубская, іншыя ж насілі назвы ад асобаў князёў літоўскіх, якіх Вітаўт вызначыў на іх як камандуючых, а менавіта Жыгімонта Карыбута, Сымона Лігвена, Юрыя". Дарэчы, Ян Длугаш двойчын называе харугву Жыгімонта Карыбута - у польскім войску (як 51-ю) з гербам Пагоні ("на чырво-ным полі мужа ў зброі, які сядзіць на кані"), і ў ліцвінскім. А гэта адна і тая ж харугва пад камандаваннем пляменніка Ягайлы - Жыгімонта Карыбута Дзмітрыевіча.
На полі бою пад Грунвальдам конніца Вялікага Княства Літоўскага і Рускага скла-далася, як і польская, з феада-лаў - баяраў (як тады яны называліся на Беларусі, Украіне і Літве) і з ваенна-служылых людзей - баяраў путных, а не з усіх жыхароў дзяржавы (гэта было не ўсеагульнае апалчэнне). Таму і войска было не такім і вялікім, у параўнанні з усім насельніцтвам вялікай дзяржавы. У складзе войска былі і стральцы - лучнікі і простыя воіны - пехацінцы. Вітаўт быў намінальным камандуючым, яго намеснікам быў вядомы палкаводец князь Сымон Лугвен Альгердавіч. Камандавалі групамі харугваў Манівід, Пётр Гаштольд, князь Іван Жэдзівгд, а татарамі - Джэлал-ад-Дзін.
Саюзнікі зшыхтаваліся ў тры лініі на фронце ў 2 кіламетры на поўдзень ад Таненберга да Людвіксдорфа. На левым крыле саюзнага войска стаялі польскія харугвы. Правае крыло складалі ліцвінскія харугвы і татарская конніца. Пры гэтым у цэнтры, ля правага флангу польскіх харугваў стаялі віленская, троцкая і тры смаленска-мсціслаўскія харугвы.
Крыжакі таксама зшыхтаваліся ў тры лініі, але потым, каб пашырыць фронт на 2,5 кіламетры, перашыхтава-ліся ў дзве лініі паміж Грунвальдам і Таненбергам. Перад крыжацкай конніцай была пастаўлена пяхота і бамбарды (артылерыя). А на самым перадзе былі выкапаныя ямы, зверху прыкрытыя фашынамі і прысыпаныя зямлёй, каб перашкодзіць атацы конніцы супраціўніка.
У 9 гадзін раніцы 15 ліпеня 1410 г. першай у бой пайшла першая лінія беларуска-літоўскага войска - лёгкая конніца, якая выцяла на левы фланг крыжакоў, дзе стаяла 15 харугваў на чале з вялікім маршалам Фрыдрыхам фон Валенродам. Частка ж войска Вітаўта засталася ў рэзерве. У бой уцягнулася значная частка нямецкіх сіл. Частка ліцвінскай конніцы трапіла ў пасткі - ямы, дзе многія былі параненыя ці забітыя, бо ў ямах былі ўбіты ў зямлю завостраныя калы. Але агульны націск гэтай конніцы быў такі моцны, што былі захоплены бамбарды крыхакоў. У хроніцы Быхаўца пра гэты этап бітвы гаворыцца: "І пачалася бітва спачатку паміж немцамі і літоўскім войскам, і шматлікая колькасць воінаў з абодвух бакоў літоўскіх і нямецкіх загінула".
У бой уступілі другая і трэцяя лініі войска Вялікага Княства Літоўскага. На працягу цэлай гадзіны адбываўся бой паміж лёгкай конніцай Вітаўта і цяжкай конніцай крыжа-коў. Пад націскам свежых сіл крыжакоў лёгкай конныя аддзеы Вітаўта адступілі да Любенскага возера, прыцягваючы да сябе крыжакоў. Гэта была звычайная тактыка беларуска-літоўскіх і татарскіх атрадаў - злучыць цяжкаўзброеную конніцу ворага нібыта пагоняй. Парушыць яго баявыя парадкі, а потым вярнуцца на поле бою. Астатнія аддзелы войска Вялікага Княства Літоўскага працягвалі бітву побач з польскім войскам, якое спачатку стрымлівала, а потым атакавала галоўныя сілы крыжакоў.
Асабліва напружана разгортвалася бітва на левым крыле арміі Вітаўта ля стыку з польскім войскам. Тут пад камандаваннем мсціслаўскага князя Сымона Лугвена Альгердавіча мужна змагаліся тры смаленска-мсціслаўскія харугвы (або інакш "гугры"). Ян Длугаш пра гэта запісаў: "Хоць пад адною харугваю іх высяклі жахлівым чынам, а сцяг іх быў утаптаны ў зямлю, аднак у двзвюх астатніх, змагаючыся з вялікай мужнасцю, як належыць мужам і рыцарам, выйшлі пераможцамі і далучыліся да аддзлаў польскіх" дарэчы, у іншых хроніках не згадваюцца гэтыя палкі як толькі смаленскія, як у Длугаша. М. Стрыйкоўскі піша пра гэты эпізод бітвы інакш: "Смаленская, троцкая шляхта, віленская з граднянамі, бачачы ўжо літоўскі шыхт слабы і змешаны, цешачы адзін другога, адразу прыйшлі да справы, і з крыжакамі зноў пачалі бой крывавы".
Анатоль Грыцкевіч
Міжнародны дзень роднай мовы ў Дварцы ...
... Прабачце, што назаляем вам сваім пісаннем. Але ўсё ж вучням патрэбна адчуванне сваёй запатрабаванасці. А яшчэ яны заўжды імкнуцца прыняць удзел у значнай, вялікай справе разам з дарослымі. Гэта ім патрэбна для самасцвярджэння, для станаўлення актыўнай жыццёвай пазіцыі. Гісторыка патрыятычны клуб "Спадчына" створаны 5 гадоў таму і ўвесь час плённа працуе на аднаўленне роднай спадчыны. Але ўціск на калектыў моцны. І ў апошні год асабліва ўзмацніўся. Калектыў поўнасцю пазбаўлены матэрыяльнай падтрымкі, а выдаткі на дзейнасць высокія. Нягледзячы на гэта, калектыў працягваў працаваць. Кожны з сяброў рабіў свае ўласныя ўнёскі ў агульную скарбонку. Нязмогшы нас зламаць, стварылі альтэрнатыўны калектыў, які будзе працаваць з вялізнай дзяржаўнай падтрымкай. І нават кіраўніка асобнага выдзелілі. Такім чынам, наш калектыў існуе апошнія тры месяцы. Нам патрэбна падтрымка зацікаўленых у дзейнасці нефармальных моладзевых суполак аўтарытэтных людзей. Але малаверагодна, што такія знойдуцца кожны заняты сваім асабістым.
Вельмі хацелася б атрымаць параду, куды можна звярнуцца па дапамогу. Яна патрэбна тэрмінова...
У дзень роднай мовы сябры клуба сабраліся разам, каб выказаць свае словы захаплення ёй, найкаштоўнейшай спадчыне. Чыталі вершы, прысвечаныя роднай мове. Прагучалі творы Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц, Станіслава Судніка, Васіля Жуковіча, іншых аўтараў. Гучалі песні ў выкананні Данчыка, Эдуарда Акуліна, Андрэя Мельнікава. Затым ахвочыя пісалі агульнанацыянальную дыктоўку. Яе дасылаем вам з надзеяй на вашу прыхільнасць.
З пашанай да вас Ляўкевіч Н.М ., кіраўнік гісторыка - патрыятычнага клуба "Спадчына" в. Дварэц Дзятлаўскага р-на.
... і ў Магілёве
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЕСКА ў 2000 г. У Магілёве гэтае свята адзначылі напісаннем ІІ Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Арганізавалі мерапрыемства клуб "Натхненне" пры Палацы культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
Нагадаем, што з нагоды 90х угодкаў абвяшчэння БНР Таварыства беларускай мовы прыняло актыўны ўдзел у напісанні І Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Мерапрыемства адбылося ў сакавіку 2008 г. не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы.
Сёлета Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка праводзіцца ў тры этапы, прымеркаваныя адпаведна да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага); 15годдзя першай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, дзе беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай (15 сакавіка); 91й гадавіны абвяшчэння БНР (25 сакавіка).
Адзначыць Дзень роднай мовы ў Палац культуры вобласці прыйшло каля 50 магілёўцаў. Першае, што кінулася ў вочы, - упрыгожаныя велізарнымі банераміплакатамі з мінулых вандровак і іншых мерапрыемстваў сцены памяшкання. Усё гэта выдатна ілюстравала дзейнасць таварыства па пашырэнні беларушчыны: арганізацыя шматлікіх падарожжаў, вечарын з удзелам літаратараў, музыкаў, грамадскіх дзеячаў і многае іншае. Адну з сцен залы ўпрыгожвалі партрэты беларускіх пісьменнікаў - людзей, якія даказалі, што пабеларуску можна ствараць шэдэўры сусветнай літаратуры.
У гэты дзень людзей самых розных прафесій і ўзростаў аб'яднала менавіта любоў да беларушчыны, шчырае жаданне берагчы і шанаваць родную мову. Пасля ўступнага слова старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова настаўніца вышэйшай катэгорыі гарадской гімназіі №1 Ганна Бандарэнка прадыктавала прысутным тэкст Уладзіміра Караткевіча "Родная мова".
У другой частцы свята яго ўдзельнікі пачулі вершы з сучаснай беларускай, украінскай і амерыканскай паэзіі, якія вельмі эмацыйна прачытаў малады магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў, а таксама створаную менавіта да свята песню пра надыход вясны ў выкананні сяброў ТБМ Арцёма і Русланы. Напрыканцы свята Магілёўскае ТБМ павіншавала Г. Бандарэнку з нядаўнім юбілеем.
Скончылася ж мерапрыемства, дэвізам якога сталі словы Францішка Багушэвіча "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!", падзякай прысутным за неабыякавасць да беларушчыны і запрашэннем актыўна далучацца да дзейнасці ТБМ па адраджэнні стаўлення да беларускай мовы як да нацыянальнай святыні.
Юрась Каласоўскі.
ЛЮБІЦЬ СВОЙ КРАЙ…
У вершы А. Ставера «Жураўлі ляцяць», пакладзеным на музыку, ёсць цяпер знаёмыя амаль усім радкі: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць". Наконт гэтых радкоў А. Разанаў пісаў: «Нават з першага позірку бачна, што думка, выказаная тут, не бясспрэчная. Чаму, каб любіць радзіму, трэба абавязкова ехаць у іншыя краі? Можна згадзіцца, што на чужыне вельмі востра абуджаецца туга па роднай зямлі, але гэта зусім не азначае, што людзі, якія не выязджалі за межы сваіх аселіц, не любяць іх. Хутчэй за ўсё, яны жывуць у той ці іншай мясціне таму, што любяць яе».
Любоў да «Беларусі нашай мілай» і асабліва да сваёй малой радзімы тым мацнейшая, чым больш чалавек ведае пра свой край, яго гісторыю, культуру, песні, казкі, легенды, пра сваіх славутых землякоў. А таксама пра асаблівасці мясцовай гаворкі і пра тое, чым яна адрозніваецца ад беларускай літаратурнай мовы.
Разгорнутаму і ўсебаковаму апісанню менавіта таго, як збіраць, афармляць і сістэматызаваць дыялектны матэрыял, прысвечана кніга прафесара М.А. Даніловіча «Лінгвістычнае краязнаўства Гродзеншчыны», нядаўна выдадзеная Гродзенскім універсітэтам імя Янкі Купалы. Гэта першая такая праца ў нашай рэспубліцы. Можна спадзявацца, што па аналогіі з ёй і пад яе ўплывам з'явяцца падобныя кнігі і ў іншых абласцях краіны.
Хоць кніга выдадзена як навучальны дапаможнік для студэнтаўфілолагаў, але да яе, несумненна, будуць звяртацца і навукоўцы, і аспіранты, і выкладчыкі. І, канешне ж, настаўнікімовазнаўцы сярэдніх школ, бо ў кнізе грунтоўна выкладзена методыка арганізацыі лінгвакраязнаўчай працы ў школе, даюцца прадуманыя і апрабаваныя на ўласным досведзе аўтара рэкамендацыі, як выкладаць беларускую мову ва ўмовах мясцовага дыялекту. Адзін з раздзелаў кнігі (25 старонак) называецца «Школьнае лінгвістычнае краязнаўства». Тут размова ідзе пра перспектывы дыялекталагічнай працы ў школе, пра методыку збірання дыялектнага матэрыялу ў пазакласнай працы па мове. Асобна гаворыцца пра збіранне лексікі, фразеалогіі, тапанімікі, пры гэтым падкрэсліваецца, што «настаўніку і вучням трэба добра ўсвядоміць, што збіраць, як збіраць, як аформіць сабранае, дзе будзе выкарыстана і якую карысць прынясе дыялекталагічная калекцыя» [c. 208]. Дарэчы, настаўнікі могуць набыць гэтую кнігу ў гродзенскіх кнігарнях або непасрэдна ў выдавецтве (230023, Гродна, завулак Тэлеграфны, 15а).
Аўтар слушна зазначае, што вывучэнне дыялектнай мовы не перашкаджае, а, наадварот, дапамагае лепш засвоіць літаратурную мову. Звяртаючы ўвагу на фанетычныя, граматычныя і слоўнікавыя адметнасці мясцовай гаворкі, «вучні ўсвядомлена супрацьпастаўляюць іх літаратурным адпаведнікам, што садзейнічае паглыбленаму разуменню літаратурнай нормы, павышэнню культуры маўлення, выпрацоўцы трывалых арфаграфічных навыкаў» [с. 197]. Вучні пераконваюцца, што мясцовая гаворка - гэта не скажоная, сапсаваная, другога гатунку мова, а нармальнае, людскае, маўленне, створанае народам на працягу многіх стагоддзяў.
У кнізе паказана, што лінгвістычнае краязнаўства падзяляецца на дзяржаўнае (навуковае), грамадскае (аматарскае) і школьнае. Большая частка дапаможніка адведзена навуковаму лінгвакраязнаўству. Тут паслядоўна і поўна прааналізаваны яго набыткі ў галіне вывучэння мовы Гродзеншчыны (дыялектныя слоўнікі, падборкі мясцовых слоў і фразеалагізмаў, артыкулы і г.д.), акрэслены яго асноўныя кірункі. Разгледжаны такія аспекты, як вывучэнне лексікі, фразеалогіі, анамастыкі, структурных тыпаў гаворак, біяграфій і навуковай спадчыны лінгвістаў Гродзеншчыны (С. Рысінскага, Я. Карскага, М. Федароўскага, Т. Сцяшковіч, П. Сцяцко і інш.).
Аўтар пераканаўча ўдакладняе раней выпрацаваную ў дыялекталогіі класіфікацыю беларускіх гаворак, вылучае асобны тып рэгіянальных асаблівасцей ў сістэме дыялектнай мовы, паказвае функцыянаванне рыс паўднёвазаходняга дыялекту, гродзенскабаранавіцкіх і сярэднебеларускіх гаворак, заходняй і паўночназаходняй дыялектных зон на тэрыторыі Гродзеншчыны. Гэта стала мажлівым таму, што М.А. Даніловіч на працягу 25 гадоў займаўся непасрэдна палявымі даследаваннямі гаворак нашай вобласці. У кнізе змешчаны цудоўныя дыялектныя факты, сабраныя з усіх раёнаў вобласці. Выяўлены вельмі многія моўныя з'явы мясцовых гаворак, пра што ніхто з ранейшых даследчыкаў не пісаў ні слова.
З вялікай цікавасцю і карысцю прачытаў я гэтую працу. І раю гэта іншым. Перад намі выдатная кніга, якая вучыць любіць свой край і мае не толькі навучальную, але і відавочную навуковую каштоўнасць.
Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук.
Сустрэча аматараў краязнаўства
26 лютага ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы і Года роднай зямлі ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылася сустрэча лідскіх краязнаўцаў. Нагодай паслужыў прыезд у Ліду супрацоўніка рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса" Сымона Барыса. Адбылася зацікаўленая размова па праблемах беларускага краязнаўства. У прыватнасці Сымон Барыс некалі запісваў вясельныя песні ў Зблянах Лідскага раёна. Яны да гэтага часу не апублікаваныя. Падчас сустрэчы вершы на краязнаўчую тэматыку чыталі С. Суднік і П. Макарэвіч.
Наш кар.
"Вяртаюся я да кнігі з густымі, як іней, радкамі..."
Радкі з верша Сяргея Панізьніка вельмі трапна падкрэсліваюць важнасць гістарычнай падзеі, якая адбылася ў г. Мёры Віцебскай вобласці. 16 студзеня ў СШ №3 урачыста адчыніў дзверы музей "Старой кнігі і друку". Ідэя яго стварэння ўзнікла ў настаўніка гісторыі Вітольда Антонавіча Ермалёнка яшчэ ў далёкім 1986 годзе, адразу ж пасля адкрыцця "Гістарычнага музея". Рэалізаваць задуманае не атрымлівалася, бо не было вольнага памяшкання. Толькі летась пры актыўнай падтрымцы начальніка раённага аддзела адукацыі райвыканкама В.А. Драба і дырэктара школы В.Г. Атрошка ажыццявілі мару.
Зазвінелі званы. Разлілася па зале мелодыя з "Полацкага сшытка", у прыцемках на сцэне з'явіліся Еўфрасіння Полацкая і Францішак Скарына, ролі якіх выконвалі вучні Алёна Баравік і Віктар Петрукевіч, яны павольна запалілі свечкі - сімвал святла ведаў, што даюць кнігі. Нават мімалётнае з'яўленне на сцэне вялікіх асветнікаў стварала атмасферу заглыбленасці ў мінулае. Узрушальна прагучаў на гэты фоне верш "Кніга" беларускага класіка М. Багдановіча. Вераніка Александровіч выканана песню "Спадчына" на словы Я. Купалы. Радкі з яе сталі своеасаблівым напамінкам таго дару, якім для чалавека з'яўляецца кніга.
Вялі праграму вучні Эдуард Сарока і Паліна Гернат. Сярод найбольш старых экспанатаў музея яны назвалі рэдкія выданні беларускай класічнай літаратуры; творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, З. Бядулі, А. Гаруна і іншых, а таксама "Часоўнік" 1630 года на старславянскай мове, "Каляндар" 1768 года, сачыненні ЖанЖака Русо 1795 г.; унікальныя выданні публіцыстыкі - газету "Беларуская крыніца" (1926), часопіс Дзісненскай гімназіі "Наш глос" (30-ыя гг.).
Усяго ў музеі 15 раздзелаў. Адзін з іх прысвечаны літаратурнай Мёршчыне, дзе годнае месца займаюць кнігі Вацлава Ластоўскага, Яна Гушчы, Пётры Простага, Пётры Беларуса, Язэпа Малецкага, а таксама творы сучасных аўтараў -Сяргея Панізніка, Пятра Сушко, Аляксея Кавалевіча, Паўла Сушко, Франца Сіўко... Знайшлі асобнае месца ў экспазіцыі капендары, маркі, паштоўкі, рукапісныя і друкаваныя кнігі на розных мовах (старагрэчаскай, французскай, польскай, нямецкай, лацінскай...) і іншая друкаваная прадукцыя.
Шчыра падзякаваў і ўручыў граматы Вітольд Антонавіч тым, хто аказаў дапамогу і падтрымку ў стварэнні і адкрыцці музея. Памастацку аформіла яго настаўніца абслугоўвальнай працы Т.М. Пацеенак. Дзякуючы яе энтузіязму гэта ўдалося зрабіць за тры месяцы. Сталярныя работы выканалі М.М. Гайдар і М.М. Лонскі. Матэрыял для музея збіраўся на працягу многіх гадоў самім кіраўніком, некаторыя экзэмпляры прыносілі сябры. Значны ўнёсак зрабілі вучні школы і ўдзельнікі гуртка "Арганаўты мінулага", якім таксама кіруе Вітольд Антонавіч. У час летніх вандровак яны часам на гарышчах старых хат знаходзіпі пажоўклыя кнігі, газеты, календары...
Госці, якія прыехалі з Менска, Браслава і іншых гарадоў краіны, прадстаўнікі ўлады, паэты і пісьменнікі на ўрачыстасць прыйшлі не з пустымі рукамі: галоўным і самым каштоўным падарункам для музея і яго кіраўніка сталі таксама кнігі. Напрыканцы сустрэчы вучні школы пад кіраўніцтвам А.Ю.Мішута падаравалі гледачам цудоўны народны танец.
Стужка перарэзана. Асвечаны айцом Мікалаем Рандам і ксяндзом Генадзем Рэйшалем, музей ветліва адчыніў дзверы перад тымі, хто любіць і ведае кошт такому багаццю, як кніга. Нездарма гэта важная падзея адбылася менавіта ў час імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій, калі моладзь паступова пачынае забывацца пра друкаванае слова, якое мудрай спадчынай захавалася і дайшло да нас ад продкаў. Толькі варта памятаць, што "напачатку было слова..."
Вольга КРУК, Вольга ВІШНЕЎСКАЯ, (фотаздымкі аўтараў).
На здымку: 1. В.А. Ермалёнак у музеі. 2. Песню "Спадчына" выконвае В. Александровіч.
Леаніду Гаравому - 50
22 лютага споўнілася 50 гадоў старшыні Гарадоцкай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Леаніду Гаравому .
Леанід Гаравы беларус па перакананні і нараджэнні вучыў беларускасці дзяцей, будучы шмат гадоў дырэктарам школы, а, калі яго звольнілі, працягнуў вучыць усіх сваім прыкладам непахіснасці і адданасці беларускай справе. Ён ініцыяваў устаноўку ў Гарадку помніка паэме "Тарас на Парнасе", бо добра ведае сілу ўздзеяння герояў нашай мінуўшчыны на сучаснікаў і нашчадкаў.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Леаніда з юбілем і зычаць цвёрдасці на ніве служэння Беларусі.
На здымку: помнік паэме "Тарас на Парнасе ў Гарадку.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку
Пухоўскі Аляксандр Цітавіч Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Райчонак Алег Георгіевіч Жалкоўскі Аляксандр Кірылаў Герман Іларыёнавіч Шагулін Алег Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Лапенка Аляксей Купрыян. Лісоўскі Станіслаў Аляксанд. Кулішча Эдуард Францавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Гук Ганна Іванаўна Марачкін Аляксей Антонавіч Табушава Ірма Алегаўна Дапкюнас Жанна Казіміраўна Мерцалава Надзея Фёдар. Цвяткова (Русак) Надзея Ів. Іванова Бярнарда Пятроўна Бермант Раіса Барысаўна Рамашэўская Людміла Алякс. Пералайка Мікалай Уладзім. Каралёва Таццяна Іванаўна Паўлюковіч Ніна Шадыра Вадзім Місевіч Мар'ян Бародзіч Ганна Сцяпанаўна Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дыдышка Ніна Лысюк Станіслаў Сцяпанавіч Васільчанка Мікола Рыгор. Падгайскі Мікалай Вячаслав. Цыркуноў Аляксандр Іван. Герасімовіч Валянцін Іванавіч Майсяёнак Алена Крук Ларыса Васільеўна Другакова Марына Уладзім. Санько Зміцер Хведаравіч Баўсюк Мікола Паўлавец Зміцер Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Стаўбун Ірына Іванаўна Кухаронак Валянціна Іван. Гуркоў Канстанцін Уладзім. Аскерка Анатоль Андрэас Анатоль Севастьянава Ганна Сярг. Саўчанка Марыя Уладзімір. Сырыца Віктар Антонавіч Задаля Валерый Сцяпанавіч Мазанік Аляксадр Віктаравіч Клімавец Яўгенія Антонаўна Курбацкі Аляксандр Міхайл. Козел Ларыса Міхайлаўна Ліннік Мікалай Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Носава Галіна Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Астаповіч Галіна Канстанцін. Кадушка Вера Уладзіміраўна Шарэйка Вольга. Тамулёнак Мікалай Іванавіч Цурпанава Ірына Барэль Таццяна Уладзімір. Сухарава Любоў Васільеўна Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Трацяк І.І. Саракавік Анатоль Вячаслав. Дрык Людміла Латушка Ірына Рабчынская Лідзія Алякс. Зінавенка Сяргей Леанідавіч Баршчэўскі Лявон Пятровіч Панкевіч Аляксандр Сянкевіч Васіль Іванавіч Гаркавая Людміла Луханіна Алена Альбінаўна Рымша Ангеліна Мінава Вера Баброўская Людміла Петрашэвіч Надзея Анатол. Сідарэвіч Святлана Рыгор. Трайнель Віктар Дайлідка Юры Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Стэпусь Васіль Вашкевіч Ігар Пятровіч Дэц Алена Георгіеўна Узлоўскі Валянцін Ішчанка Галіна Мікалаеўна Лапіцкі Аляксей Іванавіч Кавальчук Дзмітры Леанід. Харашылава Тамара Пятр. Пацюпа Юры Кечанкоў Мікалай Мікал. Кунцэвіч Уладзімір Красніцкі Віктар Яўгенавіч Толсцік Вольга Вянгура Ніна Фёдараўна Чарняўская Святлана Рамашкевіч Ірына Георгіеўна Карабач Марыя Макар Юры Уладзіміравіч Пазняк Марыя Каваль Ірына Віктараўна Якубук Наталля Раманаўна Несмяянава Людміла Даніл. Мельнікава Анжэла Арочка Ларыса Іванаўна Яўдошына Ларыса Іванаўна Федаровіч Валерый Васільев. Аўсяннікава Тамара Аляксан. Сушко Вера Іванаўна Гарэлікава Ларыса Эдуард. Макакеў Аляксандр Віктар. Бубула Вольга Сцямпкоўскі Сяргей Філіпаў Мікалай Альбертавіч Марус Алена Хабян Вольга Здзітавец Алена Уладзімір. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Бойка Сяргей Васільевіч Крол Цімур Аляксандравіч Шаргаева Святлана Міхайл. Салдаценка Ігар Пятровіч Бараноўскі Сяргей Янчанка Алена Рыгоаўна Якубоўская Таццяна Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Ліцьвінчук Наталля Міхалькевіч Віталь Генрых. Ніякі Ніяк Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Стаціўка Мікалай Чэчат Сяргей Аляксандравіч Дабратвор Ілля Мікалаевіч Мухіна Надзея Аляксандр. Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Богдан Вадзім Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Малашанка Зміцер Васільевіч Азарчык Раман Уладзіміравіч Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Бяляева Наталля Уладзімір. Раманоўская Яніна Конічава Галіна Клімус Андр. Уазіз Амін Адаміна Алена Камінскі Сяргей Сяргеевіч Каліновік Вольга Фёдараўна Леўшукоў Андрэй Мамонька Алена Турок Марыя Аляксандр. Шэметава Алеся Аляксандр. Савіцкі Максім Антонава Алена Аляксеўна Бажыцка Алег Аляксандравіч Рулевіч Алена Валер'янаўна Дарашкоў Сяргей Шахоўская Святлана Уладз. Капковіч Вольга Страха Соф'я Валянцінаўна Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Белякоў Аляксандр Карась Ганна Аляксандраўна Корань Вольга Суравіцкі Віталь Анатольев. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Шышук Андрэй Іванавіч Бандарэнка Юлія Дзмітр. Булак Аляксандр Мельнікава Святлана Праконіна Вера Уладзімір. Бахцізіна Кацярына Георг. Стахоўскі Станіслаў Алякс. Вячорка Францішак Валян. Шарах Генадзь Мікалаевіч Чашчына Наталля Мікал. Анацка Ганна . Карпіцкі Максім Юр'евіч Бутылін Міхась Уладзімірав. Казлова Аляксандра Віктар. Малахава Людміла Віктар. Чаляпін Аляксей Лукашук Марыя Пракопаўна Яноўская Марыя
Марцін Пачобут-Адляніцкі
Быў рэктарам
у нашай альма-матар
Пачобут, ксёндз,
вучоны і куратар
Абсерваторыі
універсітэцкай -
Свяціла! …
На жаль, пазней
у навуковых колах
Пачобута не стала:
ён вярнуўся
У кляштар свой
і там да смерці гнуўся
Перад распяццем,
быццам грахаводнік,
А летась і памёр ён,
боскі ўгоднік.
Адам Міцкевіч, "Пан Тадэвуш або апошні наезд у Літве"
Пераклад Я. Семяжона.
Марцін Пачобут - Адляніцкі, доктар філасофіі і доктар тэалогіі, каралеўскі астраном Станіслава Аўгуста, прэлат, смаленскі дэкан, рэктар і прафесар Віленскага ўніверсітэта, чалец - карэспандэнт Парыжскай Акадэміі Навук і Французскага Народнага Інстытута, чалец Лонданскага Каралеўскага, Варшаўскага і іншых навуковых таварыстваў, нарадзіўся ў маёнтку каля вёскі Сламянцы пад Гародняй 30 кастрычніка 1728 года.
Пачаткі роду Пачобутаў не зусім ясныя. Ёсць меркаванне, што Пачобуты - род русінкага паходжання. У памінальніку праваслаўнага Супрасльскага манастыра пад Беластокам, сярод іншых дабрачынцаў ёсць "род Яўстахія Адзінца Пачобута". Гэты Яўстахій Пачобут жыў напры-канцы 16 ст. і рэпрэзэнтаваў толькі адну з галінаў роду, бо гучанне прозвішча гаворыць аб тым, што заснавальнік роду мог меў балцкія карані. К. Няцецкі ў сваім гербоўніку піша аб тым, што род пайшоў з населенага пункта Пачобуты на Гарадзеншчыне 1 . Першы вядомы Пачобут з прыдомкам - Адляніцкі (ля Пачобутаў цячэ рака Одла, адсюль Адляніцкі) гэта Мікалай Пачобут - Адля-ніцкі (ёсць яшчэ Пачобуты з прыдомкам - Кундзіч). Жыгімонт I прывілеем ад 20 лютага 1536 г., за вайсковыя заслугі, надаў герб Малая Пагоня (Божадар) свайму піўнічаму Мікалаю Адляніцкаму і ягонаму сыну Севасцьяну - чашніку ВКЛ, заснавальнікам роду. 26 жніўня 1523 г. дваранства атрымаў стрый Мікалая Адляніцкага - Васька Зянонавіч.
У актах аб набілітацыі Мікалая і Ваські Зяноновіча можна знайсці нешматлікую інфармацыю аб родзе. Дзедам Ваські быў Сямён, па версіі даследчыкаў - той самы, які фігуруе пры двары Казіміра Ягайлавіча ў 1478 г. Прадзедам Мікалая Адляніцкага быў Грэцка, які меў сына Рыну (Грынь). Пры двары князя ВКЛ у 1478 г. фігуруе пакаёвы Рынец або Рынь. Магчыма гэта сын Грэцкі. Верагодна менавіта бліз-касць рода да двара, спрыяла набілітацыі Мікалая Адля-ніцкага.
З продкаў якія пакінулі след у гісторыі, можна адзначыць Яна Пачобута, які доўгі час быў судовым падстарастам у Слуцку ў сярэдзіне 17 ст. Вядомы таксама Андрэй Пачобут - Адляніцкі, ў 1633 годзе каморнік Ашмянскага павету. У 1646 г. Багуслаў Радзівіл паслаў яго ў якасці свайго прадстаўніка для рашэння спрэчкі паміж плебанам жупранскім Паўлам Клячкоўскім і пратэстантамі ў Жупранах. У 1650 г. Андрэй стаў земскім пісарам Ашмянскага павету, неаднаразова выбіраўся дэпутатам трыбуналу ВКЛ (1645, 1652, 1663), а ў 1671 г. абраны ашмянскай шляхтай падсудкам і на гэтай пасадзе быў да 1676 г. У 1674-1676 гг. фундаваў касцёл дамініканаў у Ашмяне .
* * *
Бацька Марціна Пачобута - Адляніцкага - Казімір - краўчы, а потым абозны Гарадзенскі. Маці - Хелена з Глебавічаў.
Марцін Пачобут - Адляніцкі на 10-м годзе жыцця быў аддадзены ў Гарадзенскую езуіцкую школу, дзе вучыўся 7 гадоў. 13 жніўня 1745 года ва ўзросце 17 гадоў быў прыняты ў Ордэн Езуітаў у Вільні. Пасля заканчэння курсу навучання ў 1749 г. ён стаў выкладчыкам філасофіі і красамоўства ў Полацкай езуіцкай вучэльні, а праз два гады выкладаў тыя ж навукі ў Віленскай езуіцкай вучэльні, дзе заставаўся да 1754 года.
У 1754 г. пасланы ў Прагу для ўдасканалення ў матэматыцы, грэцкай і лацінскай мовах. Сямігадовая вайна ў Еўропе перашкодзіла вучобе, і ўжо праз год Пачобут - выкладчык латыні ў Вільні і пры гэтым адначасова праходзіць курс вышэйшай тэалогіі .
Князь Міхал Чартарыскі - канцлер ВКЛ, вылучыў з сваіх сродкаў фундуш для ма-ладых людзей, жадаючых уда-сканалення ведаў за мяжой. У 1761 г. на гэтыя грошы Марцін Пачобут - Адляніцкі выехаў вучыцца. За тры гады паспеў пабываць у Нямеччыне, Італіі і Францыі. Спачатку ён захапіўся паэзіяй, але, наведаўшы некаторыя лепшыя італьянскія навукова - матэматычныя ўстановы, зацікавіўся астраноміяй і вырашыў прысвяціць сябе вывучэнню гэтай навукі. Пазнаёміўшыся з дырэктарам марсельскай астранамічнай абсерваторыі Пэзэнам (Peze-nas), Марцін прыняўся за працу пад яго кіраўніцтвам. Аднак, з-за абвастрэння ў Францыі руху супраць езуітаў, Пэзэн прымушаны быў у 1763 г. пакінуць Марсэль і пасяліцца ў Авіньёне. Туды ж пера-браўся за ім і Адляніцкі, дзе і займаўся яшчэ восем месяцаў. Вынікам гэтых заняткаў з'явілася надрукаваная ў тым жа 1763 г. праца "Traite de Paix entre Descartes et Newton, precede de vies litteraires de ces deux chefs etc. par Aime Henri Paulian. Avignon. 1763". Правёўшы зіму 1763-1764 гг. у Рыме, ён увесну 1764 года вярнуўся ў Неапаль. Тут пры дапамозе ангельскіх астрана-мічных прылад назіраў пачатак вялікага сонечнага зацмення. Вынікам гэтага назірання стаў артыкул, надрукаваны венскім астраномам - езуітам М. Хэл-лем (M. Hell) у кнізе " Эфемерыды на 1765 г." ("Ephemerides anni 1765") .
Напрыканцы 1764 года праз Фларэнцыю, Венецыю і Вену Пачобут вярнуўся ў Вільню і пачаў выкладаць матэматыку і астраномію ў Віленскім універсітэце, а таксама займацца астранамічнымі назіраннямі .
У гэтым жа годзе каралём Рэчы Паспалітай стаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Віленскі універсітэт у 1764 г. меў два тэлескопы з якімі была магчымасць працаваць прафесійна (першы - мерыдыянны, другі на экватарыяльнай мантыроўцы) і астранамічны гадзіннік майстра Элікота. З Францыі Пачобут прывёз 16-ці футавую неахраматычную трубу, а яшчэ у 1764 г. быў атрыманы 6-ці футавы секстант майстра Канівэ, з дапамогай якога Марцін Пачобут-Адляніцкі вызначыў каардынаты Вільні . Аб атрыманні новых астранамічных прылад пісала "Газета Віленска" № 6 за 1766.
У Вільні Марцін Пачобут - Адляніцкі - чалавек бліскучага інтэлекту і выдат-най адукацыі, поўнасцю аддае сябе астраноміі. Кожную ясную ноч ён праводзіць астранамічныя назіранні, а днямі апрацоўвае атрыманыя дадзе-ныя. Паступова прыходзіць слава аднаго з лепшых астраномаў Еўропы.
Па выніках назірання зацмення Месяца 24 лютага 1766 г. ён выдае працу " Martitni Poczobut. Calculus eclipsos lunaris quae accidit 24 febr. 1766, pro obcervatorio Acad. Vilnensis" (Вільня. 1772) .
25 студзеня 1767 г. Пачобут тытулаваны Каралеўскім астраномам .
У гэтыя ж гады Пачобут блізка знаёміцца з Яўхімам Храптовічам, падканцлерам ВКЛ, чалавекам багатым, аду-каваным, і ўплывовым. Паміж імі завязваюцца сяброўскія адносіны і сталая перапіска. Напрыклад, у лісце ад сакавіка 1768 г. астраном тлумачыць Храптовічу, чаму скончыўшы назіранні ў Наваградку, не змог заехаць да свайго мецэната ў маёнтак Шчорсы, пры гэтым паведамляе, што праз 2 - 3 тыдні абавязкова адмыслова прыедзе ў Шчорсы, захапіўшы з сабою астранамічныя прылады для вызначэння геаграфічных каардынатаў маёнтка . Вучоны пачынае выконваць розныя даручэнні падканцлера ў Вільні.
Пры ўдзеле Марціна Пачобута - Адляніцкага быў распрацаваны праект абсерваторыі, на будаўніцтва і далейшае фінансаванне якой, зноў фундавала грошы Альжбета Пузыніна - Агінская, кашталянова Мсціслаўская. У ліпені 1768 г. Пачобут выехаў у Еўропу на закупы астранамічнага абсталявання. У Даніі, а затым у Галандыі ён наведаў шэраг гарадоў якія мелі вытворчасць дакладных прыбораў. Напрыканцы жніўня Пачобут прыехаў у Лондан - сталіцу дакладнай механікі і найбуйнейшы тагачасны астранамічны цэнтар. Ён робіць замовы ў майстэрнях знакамітых Доланда і Рамсдэна, практыкуецца ў знакамітай абсерваторыі ў Грынвічы. Скончыўшы справы ў Лондане, 5 сакавіка 1769 г. каралеўскі астраном выязджае ў Парыж.
Там знаёміцца з астраномамі Мес'е, Касіні і Лаландам, праводзіць сумесныя назіранні, вучыцца. На пачатку траўня, праз Берлін вяртаецца ў Вільню . У гэтым жа годзе, у якасці асістэнта, у абсерваторыю прыходзіць Стржэцкі, які стаў паплечнікам і сябрам Пачобута. Другім памагатым астранома ў 1770 г. прызначаецца Францішак Нарвайш.
3 чэрвеня 1769 г. адбылася вельмі рэдкая з'ява - праход Венеры па дыску Сонца. Для назірання гэтай з'явы Марцін Пачобут - Адляніцкі сумесна з астраномам Стржэцкім, выязджае ў Рэвель, але дрэннае надвор'е не дазваляе правесці назіранні. Вярнуў-шыся з Рэвелю, Пачобут даведваецца, што ён абраны чальцом Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане. Аб праходзе Венеры па дыску Сонца Пачобут напісаў у " Каляндар Ві-ленскі" за 1769 г.
1770 год. Прыйшлі замоўленыя ў Лондане астранамічныя прылады.
1771 год. "Мемуары Парыжскай Акадэміі" апублікавалі артыкул Пачобута "Observations sur la hauteur du pole de Vilna".
Да 1772 г. ішлі будаўнічыя работы ў новай Віленскай абсерваторыі. З-за немагчымасці ў гэты час займацца назіраннем зорнага неба, Пачобут перакладае "Асновы геаметрыі" Кляро, якая неўзабаве і друкуецца, з дадаткамі перакладчыка.
Між тым, падзенне езуіцкага ордэна станавілася ўсё больш яўным. Адляніцкі ўгаворвае віленскіх езуітаў, з прычыны будучага знішчэння ордэна, саступіць сваю дру-карню каралю Станіславу - Аўгусту, ад якога, праз нейкі час, Пачобут атрымлівае гэ-тую друкарню ў падарунак. Прыбыткі ад дзейнасці друкарні ідуць на ўтрыманне абсерваторыі. У сваёй друкарні астраном выдаў вынікі зробленых ім самім і ягонымі супрацоўнікамі шматлікіх назіранняў. У ёй жа Пачобут пачынае выдаваць штогоднік "Каляндар Віленскі", дзе публікуе матэрыялы па гісторыі краю, сучаснай палітыцы, тэалогіі, і піша на астранамічныя тэмы .
З пачатку 1773 г. каралеўскі астраном пачынае рэ-гулярныя назіранні ў новай абсерваторыі. У гэтым жа гадзе ліквідуецца Ордэн Езуітаў. Пачобут шукае фінансавыя сродкі для ўтрымання ўніверсітэта і абсерваторыі. Ён піша Храптовічу, і падканцлер абяцае не пакінуць навучальную ўстанову ў бядзе. Адукацыйная Камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі), ператварае езуіцкую акадэмію ў Галоўную Школу Вялікага Княства і пачынае яе фінансаванне .
1775 год. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначае заслугі Марціна Па-чобута - Адляніцкага залатым медалём, адбітым у яго гонар (медаль з партрэтам Пачобута і надпісам "Mart. Poczobut. Astron. Reg. Pol. Soc. R. Lond. N. MDCCXXVIII"; на абароце ўверсе: "Sic itur ad astra", у цэнтры выява нябеснага глобуса, з правага боку выява кнігі з надпісам "MP" у лаўровым вянку, па леваму боку - план Сонечнай сістэмы, унізе надпіс: "Bene merentis laudi dedit Stani. Aug. Rex. MDCCLXXV").
1777 год. Пры падтры-мцы караля Адукацыйная камісія выдзяляе 2 тысячы злотых на закуп новага астранамічнага абсталявання ў Англіі. Для замовы прылад выехаў віленскі астраном Стржэцкі. У майстэрні Рамсдэна закуплены 8-мі футавы квадрант з мерыдыянным тэлескопам, які меў 4-х цалевы аб'ектыў - трыплет.
1778 год. Пачобут абіраецца чальцом - карэспан-дэнтам Парыжскай Акадэміі навук, сваёй навуковай і педа-гагічнай дзейнасцю заваяваўшы сабе агульнаеўрапейскае прызнанне . Напрыклад, у той час быў высока ацэнены астраномамі ягоны спосаб ве-рыфікацыі акулярнага мікра-метра. У лісце Храптовічу ад 9 сакавіка 1778 г. Пачобут паведамляе аб добрых адозвах астраномаў Парыжа і Лондана на гэтую навінку .
1779 год. Адукацыйная камісія вырашае пачаць рабо-ты па стварэнні поўнай карты Рэчы Паспалітай. Для гэтага патрабавалася зрабіць вялізную колькасць вымярэнняў каардынатаў мясцовасцяў і замераў адлегласцяў. У лісце да падканцлера ВКЛ Храптовіча, Пачобут прапаноўвае ства-рыць астранамічную калегію (colegium astronomicum) з шасці астраномаў з гадавым акладам 2000 злотых кожнаму. Пры гэтым, ён спасылаецца на досвед Францыі, дзе, для такой працы, запатрабавалася значна больш адмыслоўцаў за яшчэ большыя грошы. Аднак з-за вялікіх выдаткаў работы па стварэнні карты былі часова адкладзеныя .
* * *
1780 год. Пачобут становіцца рэктарам Акадэміі і пробашчам касцёла Св. Сёмухі ў Вільні. Новы рэктар запра-шае ў акадэмію з Гародні Жылібера і набірае новых прафесараў для ўніверсітэта . Асобы Жылібера і іншых кандыдатаў для працы ў Вільні Пачобут абмяркоўвае ў лістах да Храбтовіча. У 1780 годзе неабходнасць існавання Галоўнай школы Літоўскай была аспрэчана. Рэктар прыклаў шмат высілкаў дзеля захавання школы. Пры яго ўдзеле Адукацыйная Камісія пад старшынствам Гуга Калантая, зацвердзіла Кодэкс, які захаваў навучальныя ўстановы на Літве. У траўні 1783 г. Пачобут прывёз гэты дакумент у Вільню .
1785 год. Кароль узнагароджвае Пачобута ордэнам Св. Станіслава .
У тыя часы, канчатковае размежаванне сузор'яў на небе яшчэ не было скончана. Яшчэ ў 1777 г. каралеўскі астраном апублікаваў вынікі назіранняў за 1773 г. год у кнізе пад загалоўкам "Cahiers des observations astronomiques faites a l'observatoire royal de Vilna en 1773, presentes au roi (de Pologne), par M. l'abbe Poczobut astronome de S. M. et membre de la Societe royale. Мэта ягонай публікацыі - вылучэнне з некалькіх зорак, каардынаты якіх былі вызначаны Віленскай абсерваторыяй, новага сузор'я: Цялец Панятоўскага (Taurus Ponia-tovii або Taureau royal de Poniatowski) па суседстве са Шчытом (Тарчай) Сабескага (сузор'е Шчыт Сабескага (Scutum Sobieski), зараз проста Шчыт, вылучыў на карце неба астраном Ян Гевелій з Гданьска) . Берлінскі астраном П. Бадэ ў "Astronomisches Jahrbuch" за 1781 г. змяшчае інфармацыю Пачобута з апісаннем новага сузор'я. У 1785 г. Бадэ ў "Astronomisches Jahrbuch" змясціў назіранні Віленскай абсерваторыі пад загалоўкам: "Веоbachtungen der Sterne des Poniatowskischen Stieres, auf der Konigl. Sternwarte zu Wilna". У зорным атласе і каталогу Бадэ (17 240 зорак) і ў каталогу з 50 000 зорак француза Лаланда, выдадзеных на пачатку 19 ст., прысутнічае вылучанае Пачобутам сузор'е Цялец Па-нятоўскага. Яно размяшчалася паміж сузор'ямі Змеяносца і Арла, уключаючы V-падобную групу зорак. Пачобут знаходзіў іх падобнымі на зорны збор Гіяды ў сузор'і Цялец, што і дало падставу да з'яўлення на небе сузор'я з падобным назовам. Сузор'е Цялец Панятоўскага нейкі час карысталася папулярнасцю ў астраномаў, але пасля было скасавана і не ўваходзіць у сучасны спіс сузор'яў. Аднак, чатыры зоркі гэтага скасава-нага сузор'я (66, 67, 68, 70 Oph (Змеяносец)) у сучасных зорных атласах адзначаны як адкрыты зорны збор (open clusters) Mel 186 (Cr 359) па каталогу Мялота (Philibert Jacques Melotte).
Аўтар знайшоў сузор'е Цялец Панятоўскага у чатырох атласах зорнага неба XVIII-XIX стагоддзяў:
- У атласе "Atlas Coe-lestis" ангельскага каралеўскага астранома Джона Флемстыда (1646 - 1719), выдадзеным ў 1776 г.
- У манументальным атласе "Uranographia" выдадзе-ным ў 1801 г. нямецкім астра-номам Іаганам Бадэ (1747 - 1826), які стаў тагачасным картаграфічным узорам.
- У "Celestial Atlas" Аляксандра Джэймсана выда-дзеным у 1822 г. ў Англіі. Гэта была адна з першых спроб стварэння атласа і даведніка па астраноміі.
-У атласе "Urania's Mirror" апублікаваным Самуэлем Лейтам у Лондане, 1825.
На працягу 1786 г. Пачобут праводзіць 60 назіранняў размяшчэння планеты Меркурыя, якую вельмі цяжка назіраць з-за блізкасці да Сонца. А ў 1787 годзе праводзіць яшчэ 124 назіранні гэтай планеты, з вызначэннем яе дакладных каардынатаў на небе. Атрыманыя дадзеныя, былі зведзеныя ў табліцы размяшчэнняў планеты, і дасланыя ў Парыж астраному і матэматыку Лаланду, які зрабіў вылічэнне арбіты планеты. Назіранні Меркурыя Пачобута, надрукаваныя Лаландам у "Memoires de l'Academie" за 1786 г. Згадваныя ў гэтым артыкуле назіранні зрабленыя 4-х футавай прыдадзенай прыладай і 6-ці футавым секстантам Канівэ. А ў 1808 г. пра навуковую каштоўнасць даследаванняў Астранамічнай школы Пачобута-Адляніцкага Лаланд напісаў у сваёй кнізе "Астранамічная бібліяграфія разам з гісторыяй астраноміі ад 1781 да 1802" ("Bibliographie astronomique, avec l'histoire de l'Astronomie depuis 1781 jusqu'a 1802", Paris. 1808).
Для новых астранамічных прылад перабудоўваецца і пашыраецца абсерваторыя. Гэтыя працы, з-за праблем з фінансаваннем, запатрабавалі шмат высілкаў і былі скончаныя толькі ў 1788 г.
Прыкладна з 1788 г. пачынаецца сяброўскае ліставанне Пачобута з Янам Снядэцкім. У сваіх лістах два астраномы дзеляцца вынікамі назіранняў, навуковымі навінамі і. т.д. Напрыклад, Снядэцкі апісвае распрацаваныя ў Англіі спосабы парабалізацыі галоўнага люстэрка тэлескопа.
У тым жа 1788 г. рэктар Пачобут накіроўваецца ў Варшаву для далейшай пра-працоўкі законаў, звязаных з адукацыяй. Праца над законамі доўжылася да пачатку 1790 г.
У 1793 г. пагаршаецца здароўе каралеўскага астранома. Пачынаюцца моцныя і пра-цяглыя галаўныя болі. Але Пачобут удзельнічае ў працы памятнага Гарадзенскага сойму, рашаючы пытанне з фінан-саваннем Галоўнай Літоўскай Школы пад час чарговага разбору Рэчы Паспалітай.
У лісце да Яна Снядэцкага ад 4 красавіка 1793 г., Пачобут скардзіцца на здароўе і паведамляе якую навуковую літаратуру ён мае і якую б жадаў атрымаць. Далей ён падрабязна распавядае аб сваёй навуковай працы:"… увесь сакавік штодня назіраў Меркурый. Сёння таксама яго назіраў, заўтра абавязкова, бо заўтра найбольшая ягоная элангацыя …
Лепшы спосаб вымярэння геаграфічнай шырыні - гэта назіранне зорак у зеніце, бо пры гэтым атмасфера ўносіць найменшую хібнасць. Я штогод назіраю зоркі β, γ, ε, ξ Ursae Majoris. γ у нас найлепшая, бо толькі за 20' ад зеніту знаходзіцца …
Ці чуў Пан, аб праекце, прапанаваным ад імя Фран-цузкай акадэміі Лаландам аб … вымярэнні дугі мерыдыяна ад Дюнкерка да Маёркі, аб уводзінах універсальнай меры даўжыні і вагі, і аб пераходзе ў вымярэнні часу ад шасцірычнай сістэмы да дзесятковай?
Не ці будзем хутка ў суседстве з Прусіяй? Гавораць што сама Варшава апынецца за мяжой Прускай … Мяжа з Расіяй павінна быць праведзеная ад Друі, далей праз павет Ашмянскі альбо праз Паставы і да Камянца павінна прайсці …" .
(Працяг у наст нумары)
Лаўрэш Леанід
Выбраныя творы Сяргея Хмары
У Менску ў "Кнігазборы" выйшла з друку кніга выбраных твораў Сяргея Хмары "Рабінавы хмель". Гэта ўпершыню ў Беларусі асобнай кнігай свет пабачылі вершы, абразкі, міфалагічныя сказы і згадкі пра людзей бела-рускага літаратара і журналіста з Канады Сяргея Хмары (Сяргея Сіняка). Пад адну вокладку творы нашага суайчынніка сабраў, напісаў прадмову і каментар да кнігі руплівец са Слоніма Сяргей Чыгрын.
Дзякуючы Сяргею Чыгрыну на Беларусь вярнуўся Сяргей Хмара, які ажно ў 1939 годзе ў Вільні выдаў свой першы паэтычны зборнік "Жураўліным шляхам". Нарадзіўся Сяргей Хмара ў вёсцы Казлоўшчына на Дзятлаўшчыне ў 1905 годзе. У 1930-х гадах ён быў сакратаром пасольскага клуба "Змаганне", інструктарам Галоўнай управы ТБШ у Вільні. У 1937 годзе ў Дзятлаве арганізаваў літаратурную сустань "Маладая Ўскалось". За беларускасць пры паляках, саветах і немцах адседзеў у турме 11 гадоў. З 1944 года Сяргей Хмара жыў на эміграцыі, у Канадзе выдаваў газету "Беларускі голас" і часопіс "Баявая Ўскалось".
У кнігу "Рабінавы хмель" Сяргея Хмары Сяргей Чыгрын уключыў вершы паэта з яго першага зборніка, а таксама з заходнебеларускіх і эміграцыйных выданняў. У выданне ўвайшлі і абразкі Сяргея Хмары, найперш тыя, якія ў 1930-х гадах друкаваліся ў часопісе "Калоссе". У кнізе надрукаваныя таксама міфалагічныя творы аўтара "Аб Багох крывіцкіх сказы".
Цікавым з'яўляецца раздзел кнігі, дзе Сяргей Хмара згадвае сваіх сяброў і знаёмых у Заходняй Беларусі. Гэта згадкі пра Гальяша Леўчыка, Піліпа Пестрака, Янку Станкевіча, Антона Луцкевіча, Аню Каліноўскую, Сымона Рак-Міхайлоўскага і іншых беларусаў.
У кнізе "Рабінавы хмель" чытачы знойдуць і аўтабіяграфію Сяргея Хмары, а таксама лісты Сяргея Хмары да складальніка кнігі.
Змешчаны ў кнізе і фотаздымкі з жыцця і дзейнасці Сяргея Хмары і яго сям'і. Асабліва каштоўнымі з'яўляюцца фотаздымкі 1930-1940-х гадоў.
Дзякуючы Сяргею Чыгрыну на Беларусь вярнулася яшчэ адна спадчына беларускага творцы і змагара, лёс якога быў нялёгкім і супярэчлівым, трагічным і шчаслівым.
Лізавета АХРАМЕЙКА.
Беларускі хлеб
Пад час сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара па якасці РУПП "Гроднахлебпрам" спадарыняй Алісавай Інай Іванаўнай даведаўся шмат цікавага наконт новых назваў хлеба, таму коратка хачу па-дзяліцца ін-фармацыяй і з чытачамі "НС". Пасля падзякі з майго боку за смачныя гатункі і мілагучныя назвы гарадзенскага хлеба спадарыня Алісава паведаміла, што назвы хлеба і яго склад распрацоўваюць ў Менску. Адтуль новыя рэцэптуры і назвы хлеба выкарыстоўваюць у абласцях і раёнах. Некаторыя назвы і рэцэпты прыдумваюць у Гародні, як напрыклад "Спадар". Па гарадзенскай рэцэптуры гэты хлеб пачалі выпускаць і ў Лідзе. Гарадзенскі "Спадар" настолькі адпавядае разумнаму балансу якасці і кошту, што яго нават Менск замаўляе і прадае. Зараз гарадзенскі хлебазавод распачаў выпуск новых смачных гатункаў хлеба пад назвай "Адвячорак", "Зорка гандлю" і інш. Іна Іванаўна пакінула № тэлефона для кантакту з сяб-рамі ТБМ, якія могуць прапанаваць новыя мілагучныя беларускія назвы, якія адпавядалі б ягонай рэцэптуры. Паважаныя гісторыкі, філолагі, тэхнолагі, надрукуйце, калі ласка, у "НС"вашыя цікавыя прапановы па гэтай тэме.
Далучаю да тэкста этыкеткі, што перадалі на хлеба-заводзе.
З павагай,
Алесь Крой , старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Усім закаханым прысвячаецца…
У Магілёве ў Палацы культуры вобласці адбыўся акустычны канцэрт аўтарскай песні "Дазнанне", прысвечаны дню св. Валянціна. Ініцыятарам мерапрыемства быў мала-ды музыкант Арцём, які захацеў падзяліцца сваімі творчымі дасягненнямі з усімі ахвочымі, і дасягненні, трэба адзначыць, ёсць.
Па словах самаго аўтара песень, ён вынайшаў свой музычны стыль, які дазваляе яму найбольш поўна выявіць сябе ў музыцы. Гэты стыль - эклектыка, якая спалучае ў сабе рысы і року, і панку, і бардаўскай песні. І мне падаецца, што аўдыторыя была цалкам за-даволена такім "кактэйлем".
Мяне асабіста здзівілі і самі тэксты песень, іх рознапланавая накіраванасць. У адных гучала тэма кахання і адзіноты, у іншых - расчаравання і веры ў жыццё.
Арцёма прыйшлі падтрымаць яго лепшы сябар Дзмітры Мінін (гурт "НЕФ. АКТ"), які таксама выканаў некалькі кампазіцый, і яго дзяўчына Руслана, якой ужо сам Цёмкін прысвяціў песню "Знаешь…"
На гэтым першы сольны канцэрт "магілёўскага маладога эклектыка" скончыўся.
Хочацца толькі сказаць вялікі "дзякуй" Арцёму за тое, што ў шэры халодны лютаўскі дзень ён "перанёс" нас усіх у чароўную краіну, дзе так шчыра гучаць акорды гітары…
Вольга Гаўрыленка. Здымак на памяць.
Зьнічы да магілаў паўстанцаў
27 лютага лідская моладзь ушанавала памяць паўстанцаў 1863-1864 года. Дата была абраная не выпадкова - менавіта 145 гадоў таму, 27 лютага, было скончана следства над Канстан-цінам Вінцэнтам Каліноўскім. Але вынік гэтага следства быў вядомы загадзя - ВІНАВАТЫ! Моладзь запаліла зьнічы на месцах пахавання паўстанцаў на Лідчыне: ва Урочышчы Крыжы, што знаходзіцца каля вёскі Малое Ольжава, на магіле паўстанкі Валерыі Цехановіч на парафіяльных могілках па вуліцы Энгельса і на месцы пахавання ксяндза Адама Фалькоўскага ў гарадскім парку. Ва Урочышчы Крыжы быў узняты сцяг паўстання. На бел-чырвона-белым полі сцяга - герб паўстання: арол, Пагоня і арханёл Міхаіл пад каралеўскай каронай Рэчы Паспалітай.
Планавалася яшчэ наведаць магілу паўстанцаў у Начы Воранаўскага раёна, але без добрага транспарту нават маладым за дзень было не ўправіцца.
Ёсць спадзяванне, што калі для лідзян будзе бязвізавы праезд у Літву, лідская моладзь зможа наведваць і Дубічы, бываць на магіле кіраўніка паўстання на Лідчыне Людвіка Нарбута. Лідчына паўстала ў 1863 годзе на тры месяцы раней за ўсю Беларусь, і Людвік Нарбут быў прызначаны Галоўнакамандуючым паўстання, але пакуль ліст з прызначэннем везлі ў аддзел Нарбута, Людвік быў смяртэльна паранены ў чарговай бітве з царскімі карнікамі.
Праведзеная акцыя паказала, што памяць пра паўстанне на Лідчыне жывая і будзе жыць.
Наш кар.