Папярэдняя старонка: 2009

№ 12 (903) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 12 (903) 25 САКАВІКА 2009 г.

25 сакавіка - Дзень Волі

КАСТУСЮ ЦВІРКУ - 75

Цвірка Кастусь, нарадзіўся 28.03.1934 г. у вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). У 1958-1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літсупрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». З 1996 г. - кіраўнік і галоўны рэдактар выдавецтва "Беларускі кнігазбор" і галоўны рэдактар выдавецтва "Белліт-фонд". Кандыдат гістарычных навук (1972). Сябра СП СССР з 1961 г. Сябар ТБМ.

Першы артыкул у рэспубліканскім друку з'явіўся ў 1951 г., першы верш - у 1953 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988). "Край легенд" (2002), "Камяні тых сядзібаў" (2004).

Выйшлі мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, - «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).

Прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (з Г. Каханоўскім, Л. Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З. Бядулю (з Я. Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я. Чачота «Наваградскі замак» (1989), У. Сыракомлі "Добрыя весці" (1993, у сааўтарстве), А. Міцкевіча "Дзяды" (2001).

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" сардэчна віншуюць спадара Кастуся з шаноўным юбілеем ды зычаць плёну у нястомнай працы на карысць Бацькаўшчыны.


60 гадоў Зміцеру Санько

Зміцер Санько нарадзіўся 31 сакавіка 1949 года ў вёсцы Азярычана Рудзенскага раёна Менскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці малекулярная біялогія. Кандыдат біялагічных навук. Тэма дысертацыі "Даследаванне структуры ДНК пратэінавага комплексу".

Працуе галоўным рэдактарам выдавецтва "Тэхналогія". Адзін з заснавальнікаў і найактыўнейшых сяброў Таварыства беларускай мовы.

МАНАХРОМНЫ ПАРТРЭТ

Ён нібыта сышоў са старога фота.

І гэта не столькі праз стрыманасць і ветласць у паглядзе, рухах, мове, стасунках, але хутчэй таму, што старыя здымкі не рабілі дзеля забавы ці пад настрой - яны, як і пісаныя партрэты, меліся перадаць тое ў чалавеку, што ён быў гатовы ўзяць з сабой у вечнасць. Аблічча на старым здымку розніцца ад цяперашніх найперш сваёй нейкай няўлоўнаю, але імгненна адчуванаю значнасцю - а таксама значнасцю, якую мы, аддаленыя ў часе сузіральнікі, надаем яму - яшчэ і таму, што гэтых здымкаў так мала, і кожны з іх - непераацэнная культурная каштоўнасць.

І вось вы глядзіце на гэтую постаць, што нібы сышла са старога манахромнага здымка, і гадаеце - інбелкуль-тавец? нашанівец? шляхцюк-інсургент? Адно ясна - постаць унікальная і - так, менавіта значная.

Што гэта - змяшэнне эпох? Ці гэта тое трансцэн-дэнтнае, што яднае эпохі, - штосьці нязменнае, штосьці пазнавальна нашае - але якога ці то паменела навокал, ці то мы перасталі на гэта зважаць? Тое, што лучыць інбелкуль-таўца з нашаніўцам, з каліноўцам, з віленскім студэнтам-філаматам; тое, што мы зазвычай не называем, каб няўдалымі фармулёўкамі не зацерці дарагое нам сутнасці: веру ў Бацькаўшчыну, служэнню якой падпарадкаванае дарэшты жыццё, рамантычная, да болю безнадзейная ахвяра, дзякуючы якой мы ўсё яшчэ ёсць, мы разам, і мы народ.

І хай сабе рамка фотакарткі мяняецца ў адпаведнасці з густамі часу, мяняецца і антураж на здымку, але аблічча пазнаецца беспамылкова.

І чалавечы кшталт ягоны той самы: ўнутраная культура (гэткая глыбінная і таму натуральная дабразычлівасць, спакойная ветлівасць), памножаная на шырокую асвету - навуковец-біёлаг, які стаўся гісторыкам і лінгвістам, які мімаходзь адукуе вас у самых нечаканых сферах, што выкрасаюцца падчас гутаркі. І безумоўна - кніжнік. І пры гэтым - нязменна гжэчны ў адносінах і грунтоўны ў справах, бо, калі справу наогул варта рабіць, яе варта рабіць добра.

І не дзіва, што ён мае рэпутацыю найлепшага кнігавыдаўца ў сённяшняй Беларусі, і што з-пад ягоных рук выходзяць насамрэч ЯКАСНЫЯ кнігі. Не таму, што іншыя робяць горш - проста ён робіць лепш. Па-сапраўднаму, культурафармавальна. Не тымчасова. Для вечнасці, як тое старое фота.

Ірына Дубянецкая.


Лепшыя з лепшых - фінал конкурса беларускай мовы

Прадметныя конкурсы ладзяцца на ўсіх ўзроўнях навучання. На ўзроўні падставовай школы, на ўзроўні гімназіяў і на ўзроўні ліцэяў. І вось да апошніх змаганняў прыступілі вучні гімназіяў. Прадметны конкурс па беларускай мове адбыўся ў Бельску Падлескім.

44 асобы, тыя, хто добра ведае беларускую мову, літаратуру і гісторыю, удзельнічалі ў апошнім, фінальным этапе Агульнапольскага прадметнага конкурса па беларускай мове.

Вы ўжо перамаглі, вы фіналісты, мы ганарымся вамі! Такімі словамі прывітала ўдзельнікаў конкурса Валянціна Бабулевіч, старшыня конкурснай камісіі.

Адметна, што вялікую частку ўдзельнікаў фіналу складаюць вучні першых класаў гімназіі, бо конкурсныя заданні ахопліваюць праграму ўсіх трох класаў гімназіі ды звесткі з паза школьнай праграмы.

І хаця да фіналу дайшлі лепшыя з лепшых, тым не менш, па словах Валянціны Бабулевіч, вучні, мяркуючы па правераных працах, надалей найбольш клопатаў маюць з перакладам. Тым часам самі вучні самым цяжкім называлі пытанне пра верш "Адказ" Масея Сяднёва.

Лаўрэатамі конкурса маглі стаць здабыўцы пяці найвышэйшых узроўнеў пунктацыі. Гэта можа быць мінімум 5 асобаў, а максімальная колькасць неабмежаваная. Зразумела, лаўрэатаў не можа быць больш, чым 44.

І амаль 80 адсоткаў удзельнікаў фінальнага этапа прадметнага конкурса па беларускай мове сярод гімназістаў сталі лаўрэатамі.

Найвышэйшая сума пунктаў аказалася 84 (на 86 магчымых), найніжэйшая, якая давала званне лаўрэата - 80. Ажно 35 асобаў дасягнулі гэтых паказчыкаў. Паказалі свае ўменні і здольнасці, як лепшыя сярод лепшых

Наталля Герасімюк


РУПЛІВЕЦ НА НІВЕ БЕЛАРУШЧЫНЫ

Да 60-годдзя з дня народзінаў Зміцера Санько

САПРАЎДНЫ БЕЛАРУСКІ ІНТЭЛІГЕНТ

Хтосьці, пэўна, скажа: дык у нас інтэлігентаў шмат. Увогуле, шмат. Але ж я кажу пра сапраўднага беларускага інтэлігента, а такіх, на вялікі жаль, дужа шмат не набіраецца. Крыўдна і горка ўсведамляць гэту рэальнасць, але нічога не зробіш - заплюшчваць вочы на праўду няможна. Калі б у нас было сапраўдных беларускіх інтэлігентаў у колькі разоў больш, наша гістарычнае быццё было б іншым, і мы б ужо даўно жылі ў іншай па сваім грамадскім статусе краіне.

У Беларусі сапраўдны інтэлігент - гэта сапраўдны беларус, праўдзівы сын зямліматухны нашай, для якога доля свайго народу, лёс роднай мовы і культуры, нашай гістарычнай памяці і духоўных набыткаў - вышэй і даражэй за ўсё. Такім беларусам ёсць Зміцер Хведаравіч Санько.

У Беларусі сапраўдны інтэлігент - гэта нястомны, апантаны, самаахвярны працаўнік на алтар дабра паспалітага. Сапраўдны інтэлігент у нас не можа дазволіць сабе бесклапотнасыта, бяздумнасамазадаволена транжырыць адпушчаны яму Богам век, бо ён бачыць, якое недасканалае наўкол жыццё і колькі працы трэба штодзённа прыкладаць, каб яго палепшыць. Такім працаўніком ёсць Зміцер Хведаравіч Санько.

У Беларусі сапраўдны інтэлігент - гэта чалавек вялікай унутранай культуры, непаказной шляхетнасці і далікатнасці ва ўсім і ўсюды, чалавек глыбокай сумленнасці, адказнасці і абавязковасці, чалавек непахіснай веры ў тое, што зробленае дабро раней ці пазней дасць прыгожы плён - на радасць людзям, на славу Бацькаўшчыне. Такім чалавекам ёсць Зміцер Хведаравіч Санько.

Я ўдзячны лёсу, што не адзін дзесятак гадоў блізка ведаю гэтага з вялікай літары Беларуса і што наша сяброўства дорыць мне столькі радасці. Здароўя Вам, здароўя і здароўя, дарагі Зміцер Хведаравіч, Вам і Вашым родным-блізкім!

Ніл Гілевіч.

Зміцер Санько - прыроджаны інтэлігент, інтэлігент беларускі і, на шчасце, грамадзянска скіраваны. Менавіта яго руплівасцю як галоўнага рэдактара акадэмічнага выдавецтва "Навука і тэхніка" ужо на самым пачатку 90-х гадоў народу нашаму вернутая рэпрасаваная навуковая спадчына Аркадзя Смоліча, Міколы Шчакаціхіна, Аляксандра Цвікевіча, заснавана і паспяхова рэалізуецца серыя партрэтаў вучоных, палітыкаў, асветнікаў "Нашы славутыя землякі". Факсімільна ўзноўлена ў фармаце гадавікоў "Наша Ніва". У выдавецтве тэхналогія ім паспяхова працягваецца выданне навуковай беларусістыкі. Аднаго гэтага, здаецца, дастаткова, каб у сталы юбілей шаноўнага Зміцера Хведаравіча сказаць яму шчыры беларускі дзякуй!

Арсень Ліс.

ЗМІЦЕРАВА ПЕРАКАНАННЕ

Апошнім часам робіцца спроба, між іншым, рабілася гэта і раней, скампраметаваць Багушэвічава імя, ягоныя шчырыя нацыянальныя парыванні: маўляў, усё, што зроблена ім - гэта польскі заказ, польская інтрыга.

Што можна сказаць пра гэтую тэзу? Хіба ці не гэтак: "Слова як сажа, не заб'е, дык замажа!" Хто ніхто, нават не жадаючы, паддаўся гэтаму крывадушнаму пастулату. Не адзін раз пыталіся і ў мяне, што я думаю пра такую трактоўку некаторымі нашымі сучаснікамі Багушэвічавых перакананняў, яго светапогляду, закладзеным ім у "Дудцы Беларускай" і ў "Прадмове" да яе.

Аднаго разу сведкам гэтых пытанняў стаўся і знаны на Беларусі выдавец, біёлаг з адукацыі, Зміцер Санько. Ён выказаўся пра Багушэвічавых незычліўцаў гранічна выразна: "Няхай тыя, хто гаворыць, што Багушэвіч - польскі інтрыган, напішуць пра Беларусь так, як напісаў Францішак Багушэвіч, і я, хоць чалавек і не багаты, заплачу ім гэтулькі, колькі запатрабуюць."

Гэта было сказана падчас адной імпрэзы з нагоды сотай гадавіны нашай першай беларускай газеты "Наша Ніва". З тае пары мінула ўжо колькі гадоў, а на такі заказ, пад такі заказ пакуль ніхто не адгукнуўся. Пакуль такі чалавек не знаходзіцца!

Шчыра вітаю Зміцера з яго юбілеем і зычу ва ўсёй выдавецкай дзейнасці заўсёды трымацца ўсіх Багушэвічавых пастулатаў, якія ён заклаў у сваіх славутых прадмовах да "Дудкі", "Смыка Беларускага".

Уладзімір Содаль.


ВЫДАВЕЦ - ЗНАЎЦА НАШАЙ СЛАЎНАЙ ГІСТОРЫІ

Са Зміцерам Хведаравічам Санько я працаваў працяглы час у выдавецтве "Навука і тэхніка" Акадэміі навук БССР. (Цяпер - выдавецтва "Беларуская навука"). Дасведчаны ў многіх сумежных навуках, ён шмат зрабіў дзеля развіцця і ўдасканалення рэдакцыйнай і выдавецкай справы. У 1988 годзе Зміцер Хведаравіч заснаваў серыю акадэмічную "Нашы славутыя землякі", з якой чытач даведаўся пра знакамітых беларускіх вучоных, пісьменнікаў, падарожнікаў, тых, хто ў мінулым ўнёс значны ўклад у развіццё навукі і культуры не толькі ў Беларусі, але і ў сусветным маштабе. Гэта кнігі пра Якуба НаркевічаЁдку, Уладзіслава Сыракомлю, Уладзіслава Дыбоўскага, Ефрасінню Полацкую, Алеся Гаруна, Яна Караля Хадкевіча, Караля Чаховіча, Усяслава Чарадзея, Льва Сапегу, Казіміра Семяновіча, Кастуся Астрожскага, Ігната Грынявіцкага, Яўстаха Тышкевіча, Васіля Ермакова, Мікалая Ястрэбскага, Аляксандра Садоўскага, Язэпа Руцкага, Тадэвуша Касцюшку, Адама Міцкевіча, Мітрафана ДаўнарЗапольскага, Давыда Гарадзенскага, Вацлава Ластоўскага, Станіслава Нарбута, Мітрапаліта Мельхісэдэка і шмат іншых. Гэтую папулярную серыю ён паспяхова працягвае выдаваць ужо працуючы ў выдавецтве "Тэхналогія".

Дзякуючы намаганням Санько пабачылі свет пагадовыя факсімільныя выпускі газеты "Наша Ніва". Усе гэтыя кнігі выйшлі ў яго ўкладанні і пад яго рэдакцыяй.

Зміцер Хведаравіч унёс значны ўклад у папулярызацыю беларускай навукі, культуры і выдавецкай справы, што я яму жадаю рабіць і надалей, віншуючы нашага дарагога юбіляра з 60-годдзем з дня народзін.

Моцнага здароўя Вам Зміцер Хведаравіч, шчасця і поспехаў у высакароднай справе на карысць нашай Радзімы.

Анатоль Валахановіч

Я І ЗА ГАРОЮ ПАКЛАНЮСЯ

Я і за гарою спадару Зміцеру Саньку пакланюся. Падзякую за шчырыя парады і апеку творцаў, разам з якімі больш за 20 гадоў таму пачаў вяртаць з нябыту імёны нашых славутых землякоў. Хоць і невялікія тыя кніжкі, але залатыя!

Пакланюся за пашану да роднага слова, да гутарковай, вобразнай мовы нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў. То ж іх словамі вітаў на Вялікдзень прадвесне і Божае Ўваскрашэнне вялікі Кірыла Тураўскі. Іх слова лунала з падстрэшша рук Скарынавых. Нястомна чэрпаў з нетраў рукапісных граматаў полацкіх, кірыліцай пісаных вязкай, славуты Ізмаіл Сразнеўскі. Дзівіўся, захапляўся трапным народным словам Іван Насовіч. Успамінаю, як Герой Сацыялістычнай працы Люцыян Сакоўскі, араты і камбайнёр з Хойніцкага раёна, вечна заняты калгаснымі справамі, хваліўся сваёй руплівай, увішною жонкай: яе "і ў ступе таўкачом не трапіш". І зусім нядаўна, у Палацы трактарнага завода аматары народнай музыкі шчодра сыпалі перламі з народных песень і прыпевак. У той зімовы вечар у Палацы спявалі, гралі, ішлі ў скокі і малы, і стары: "І ў старой печы агонь добра гарыць". А маладзіца, запрашаючы на сцэну новых спевакоў ды музыкаў, на роднай мове звонка сакоча "гаворыць як макам сыпле". Няйначай яна, гарадская, ад маці сваёй пачулапераняла. Сяджу там, слухаю, - а мяне "дрыжыкі працінаюць": успамінаецца матчына слова.

"Незабыўнай матулі - маёй першай настаўніцы - прысвячаю" - так напісаў Зміцер на першай старонцы свайго збору перлаў народнай мовы. Мабыць, ад яе пачуў і занатаваў: "Араць - не ў дуду іграць", "Відаць пана па халявах", "Гора плача, гора скача, гора й песенькі пяе", "І мая душа не ў пні", "Не частуй ні піўцом, ні вінцом, а прывітай шчыранькім слаўцом".

Парупіўся Зміцер занатаваць і пачутыя ад іншых людзей, прачытаныя на старонках кніг, часопісаў трапныя слоўцы. Да нітаквязанак народных пярлінаў нашай мовы ён падабраў расійскія адпаведнікі і выдаў асобнай кніжкай. "Малы рускабеларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем", зрэшты, не такі ўжо і малы: у 1356і гнёздах змесцілася блізу 22600 прыказак, прымавак - цудоўных узораў народнай сакавітай мовы. І ўжо амаль дваццаць гадоў ягоны "Слоўнік" вучыць нас гаварыць так, як казалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды.

Хоць і спрабуюць скаваць нашу мову маразы знявагі, усё ж бруіцца тая крынічанька. Спаталяюць прагу паэты і настаўнікі, вучні ды навукоўцы. То хай жа табе, шаноўны Зміцер, пішацца, хай збіраецца, выдаецца ўсё (намі ўсё прачытаеццаўпадабаецца!) - яшчэ куфры няпоўныя ў нас!

І за гарою табе пакланюся я,

Здзіслаў Сіцька.

ААЗІС БЕЛАРУСКАСЦІ

Колішні сябра Глыбоцкай арганізацыі Саюза беларускіх патрыётаў, вязень камеры смяротнікаў на Валадарцы 1947 года апавядаў, што Бібліяй іхняга патрыятычнага руху была кніжка Язэпа Найдзюка "Беларусь учора і сяньня". На шэрай газетнай паперы, з дрэнным друкам, выдадзеная пад канец вайны ў 1944 г. Адна кніжка з праўдзівым паказам гісторыі Беларусі мела такое вялізнае значэнне для патрыятычнага выхавання нашай моладзі!

Заўсёды думаю пра гэта, гледзячы на сённяшнія бібліятэчныя паліцы, застаўленыя сотнямі выданняў па самых розных пытаннях беларускай мінуўшчыны. Думаю, сустракаючыся з моладдзю, якая ўжо ведае пра Полацкае княства і ВКЛ, пра Грунвальд і Оршу, Вітаўта Вялікага і Сапегу, і шмат пра што іншага з нашай гісторыі, чаго нават не чулі іхнія бацькі і дзяды. Не, з такім набыткам гістарычнай памяці нас ужо сапраўды "не разбіць, не спыніць, не стрымаць".

І ў тым, што мы ужо маем цэлы мацярык гістарычнай літаратуры, неацэнная заслуга належыць і нашаму Юбіляру - Зміцеру Санько, які ўжо больш за трыццаць гадоў самааддана працуе на ніве беларускага кнігадруку. Працуе пастаянна, грунтоўна і надзейна, асабліва не выпінаючыся ўперад і не грукаючы сабе ў грудзі на трыбунах. Ён гэтым падобны на тое прэснаводнае мора, што схавана пад пяскамі Сахары, але дае жыццё аазісам. І калі такіх працаўнікоў будзе больш, аазісы беларус-касці зліюцца ў квітнеючы сад.

Міхась Чарняўскі, гісторык.

СЕЙБІТ

Калі я думаю пра Змітра Санько, адразу прыходзіць на памяць слова "гераізм". Менавіта ім найлепей ацэньваецца тое, што робіць Зміцер для нашай культуры ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.

Бліскуча адрэдагаваныя, а вельмі часта ініцыяваныя ім выданні займаюць у маім кабінеце цэлую паліцу. Кніжкі з заснаванай Змітром у 1988м папулярнай серыі "Нашы славутыя землякі"(сапраўдная бібліятэчка з больш чым трох дзесяткаў назваў) суседзяць тут з самавітымі фаліянтамі навуковых даследаванняў і кнігамі ўспамінаў. Мастацкія альбомы і зборнікі гістарычных аповедаў для дзяцей і дарослых пераглядаюцца з даведнікамі і слоўнікамі, сярод якіх - спярэшчаны маімі пазначкамі расейскабеларускі слоўнік прыказак, прымавак і афарызмаў аўтарства самога Змітра. Акурат побач уладкаваліся ўкладзеныя З. Санько разам з І. Саверчанкам "150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі", якія заўсёды аздобленыя тузінам закладак.

Сотні аўтараў мелі шчасце працаваць з цяперашнім галоўным рэдактарам выдавецтва "Тэхналогія". Сотні тысяч чытачоў мелі радасць трымаць у руках народжаныя ў выніку гэтай супрацы кнігі.

У маім уяўленні Зміцер Санько - з ягонымі энцыклапедычнымі ведамі і мысленнем у агульнанацыянальных катэгорыях, з яго непахіснай далікатнасцю і неверагоднай працавітасцю - ёсць сёння найлепшым рэдактарам краіны. Рэдактарам, якога вельмі часта хочацца назваць сваім сааўтарам.

Ягоныя кнігі выбудоўваюць у свядомасці нашых суайчыннікаў вобраз Краіны Беларусі - дзяржавы з багатым і слаўным мінулым і еўрапейскай будучыняй.

Якраз так - "Краіна Беларусь" - завецца кніга, якая нарадзілася ў выніку творчага супрацоўніцтва Змітра Санько са мной і мастаком Змітром Герасімовічам. А да яе былі яшчэ некалькі выданняў маёй дзіцячай кніжкі "Адкуль наш род" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", над якой мы працавалі разам з Генадзем Сагановічам. Упэўнены, што прэса назвала згаданыя выданні бестселерамі, таму што іх рэдактарам быў Санько.

Канфуцы сказаў, што ў 50 гадоў ён спасціг волю неба, а ў 60 навучыўся адрозніваць праўду ад фальшу. Мне здаецца, што і ў адным , і ў другім Зміцер апярэдзіў усходняга мысляра. Іначай не было б зроблена так фантастычна багата.

Людзі кшталту Змітра Санько мусяць жыць доўга, каб убачыць, як закаласіцца пасеянае. Таму хочацца пажадаць яму ўзяць за прыклад нашага знакамітага Барыса Кіта, якому днямі споўніцца 99.

100 гадоў табе, дарагі Зміцер!

Уладзімір Арлоў.

* * *

Таварыства Беларускай мовы, рэдакцыя "Нашага слова" сардэчна віншуюць шаноўнага Зміцера Санько з паважным і прыгожым юбілеем ды выказваюць шчырую ўдзячнасць за шматгадовую плённую працу ў шэрагах нашага грамадскага аб'яднання.

* * *

Творчая суполка Беларускага саюза мастакоў "Пагоня" далучаецца да цёплых віншаванняў з нагоды юбілею Зміцера Санько. Мы ўдзячныя і шчаслівыя, што па сённяшні дзень нас лучыць даўняе сяброўства, падмуркам якога - энцыклапедычныя веды спадара Зміцера пра слаўную і ў нечым трагічную мінуўшчыну краіны Беларусь, яе гісторыю, навуку, асвету, культуру, літаратуру, без якіх немагчыма ўявіць сабе творцу, якому не абыякавая будучыня беларускага народа і яго дзяржавы. Ад усяго сэрца жадаем здзейсніць задуманае і пажыць у вольнай краіне, якая належным чынам будзе цаніць талент сваіх суайчыннікаў.

Аляксей Марачкін.


Зміцеру Санько

Калі яшчэ хваляваўся філфак
і, аднак,
ужо замыкаў мароз тое,
што ўмела імкнуцца,
у інтэрнаце на Паркавай
падышоў да мяне юнак,
каб пазнаёміцца
і адгукнуцца.

Будзе дарога
спрыяць хадзе,
а вечар,
Калядамі ўзычаны,
мяне з цягніка павядзе
і ўвядзе
у хату, з ім зродненую,-
у Азярычана.

Радзіна-радзіма,
а Зміцер-Дзіма.

Руплівы-
ён клікаў вякі ў сваякі,
рунлівы-
з няпамяці іх выратоўваў,
а сам быў як сшытак

вучнёўскі,
ў які
гісторыю краю перанатоўваў.

Яго вылічаюць гады,
ды заўжды
ён гэтакісамы-
ўсяроджаны, ўгушчаны
у справу,
якой не адолеюць халады,
у справу, найменне якой-
б е л а р у ш ч ы н а.

Алесь Разанаў.
Падрыхтоўка да друку Ірыны Марачкінай.


ІІ Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка працягваецца

15 сакавiка у Наваполацкiм офiсе ТБМ адбылася штогадовая беларуская дыктоўка,сярод прысутных былi знакамiтыя людзi Полаччыныпiсьменнiца Iрэна Францаўна Жэрнасек i выканавец сваix песеньcпявак Ален, якi даў невялiчкi канцэрт.

Адментнасцю гэтага года стала з'яўленне новых удзельнiкау дыктоукi, што гаворыць пра цiкаўнасць моладзi да беларускай мовы.

15 сакавіка ўдзел у 2м этапе Агульнанацыянальнай дыктоўкі ўзялі 10 сяброў клуба "Спадчына" вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёна. Дыктоўку па матывах публіцыстыкі Цёткі чытала Н.М. Ляўковіч.

Дзесяць замежных дыпламатаў прынялі ўдзел у другім этапе II Агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, які адбыўся 17 сакавіка ў офісе інфармацыйнай кампаніі БЕЛАПАН.

Сярод іх амбасадар Вялікабрытаніі НайджалГулд Дэвіс, Вугоршчыны Феранц Контра, Ізраіля Эдуард Шапіра, Літвы Эдмінас Багдонас, Польшчы Хенрык Літвін, Славакіі Марыян Серватка, Украіны Ігар Ліхавы, Швецыі Стэфан Эрыксан, а таксама часовыя павераныя ў справах ЗША Джанатан Мур і Чэхіі Іржы Карас.

Дыпламатам быў прапанаваны тэкст Уладзіміра Караткевіча "Родная мова". Дыктоўка праходзіў у форме эстафеты: кожнага яго ўдзельнік дыктаваў і пісаў па аднаму сказу.

У інтэрвію БЕЛАПАН Марыян Серватка назваў акцыю "сімвалічнай падтрымкай беларускіх патрыётаў", якія разумеюць усю небяспеку страты народам сваёй роднай мовы. Па словах славацкага дыпламату, для любога народа, незалежна ад яго колькасці, родная мова з'яўляецца самай вялікай каштоўнасцю, якая дасталася ад продкаў. "Нягледзячы на тое, што ў нашай гісторыі быў перыяд, калі славакі не маглі выкарыстоўваць сваю мова, мы захавалі яе", падкрэсліў ён. Серватка выказаў надзею на тое, што ў XXI стагоддзі наступіць "рэнесанс беларускай мовы".

21 сакавіка ў цэнтральнай сядзібе Таварыства беларускай мовы зноў пісалі агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Каб праэкзаменавацца ў веданьні роднай мовы прыйшло некалькі дзесяткаў менчукоў.

Тацяна Якубоўская, якая мае вялікіх унучак:

Я сама з Валожыншчыны. Заўсёды ўдзельнічаю ў акцыях ў падтрымку беларушчыны. Мы павінны шанаваць сваю мову. Хачу быць для іх прыкладам і ў любові да роднай мовы, - патлумачыла жанчына сваё жаданне зноў сесці за парту.

Самы малодшы ўдзельнік дыктоўкі, Глеб Хляба, якому 12 гадоў:

Пішу дыктоўку разам з бацькамі і сястрой, але яны сядзяць асобна, каб не сьпісвалі ў мяне, - сказаў хлопчык.

Дыктоўку сярод жыхароў мікрараёна Сухарава арганізаваў выкладчык, малады палітык Алесь Лагвінец. Ягонае стаўленне да акцыі шырокае: "Нацыя - гэта плебісцыт штодзённага жыцця. Вельмі важна каб беларусы адчувалі сябе беларусамі і шанавалі сваю родную мову кожны дзень. Адначасова вельмі важна ствараць такія святы, калі мы дзейнічаем супольна, адчуваем сябе грамадой. Вось гэтая сённяшняя наша сустрэча, дыктоўка, вельмі важная дзеля таго, каб мы адчулі еднасць", - сказаў "Свабодзе" Алесь Лагвінец.

Вяла дыктоўку паэтка Валярына Кустава.

Тэкстам дыктоўкі было абрана славутае эсэ Уладзіміра Караткевіча "Родная мова". Аўтар ідэі агульнанацыянальнай дыктоўкі палітолаг Уладзімір Падгол распавёў, што колькі дзён таму амбасадары еўрапейскіх краін, а таксама ЗША і Ізраіля пісалі беларускую дыктоўку па гэтым жа тэксце. "Амбасадары адзначалі, што беларуская мова нічым не саступае самым распаўсюджаным мовам у свеце", - казаў Уладзімір Падгол.

22 сакавіка агульнанацыянальная дыктоўка адбылася ў Горадні . Для ўдзелу ў ёй зарэгістраваліся дзвесце чалавек, усе атрымалі асадкі з надпісам "Будзьма з мовай! Гародня, 22.03.2009". Удзельнікі пісалі тэкст Рыгора Барадуліна "У куце жыў Бог", а дыктавала яго Зінаіда Бандарэнка, якая прыехала з Менску. Па заканчэнні ўдзельнікаў чакалі два вялікія торты, кава і гарбата.

Кастусь Жынь, інжынерэнергетык гаворыць:

Тэкст быў цяжкаваты, памылкі трошку былі, на хаду справілі іх і здаецца ўсё добра. А закончыў я некалі беларускую 11годку ў Глыбокім Віцебскай вобласці.

Дацэнт, кандыдат біялагічных навук Валянцін Лучко:

Для мяне тэкст быў адносна лёгкі, таму што я дастаткова добра валодаю менавіта пісьмовай беларускай мовай і думаю, што на адзнаку дадатную я яго напісаў, улічваючы тое, што гэты тэкст мне абсалютна зыходна невядомы, я яго ні разу не бачыў. З задавальненнем яго напісаў, патрэніраваўшыся лішні раз у граматыцы.

Прафесар філалагічнага факультэта Івана Лепешаў:

Ці цяжка было? Я далёка сядзеў ад таго, хто дыктаваў, і не ўсё дачуваў, таму ў адным месцы сказы напісаў няпоўнасцю. А так нармальна…

Зінаіда Бандарэнка пра цяжкасці чытання:

Цяжкасці былі аднаго кірунку. З левага боку маладзёны, яны хутка ўсё схоплівалі і хуценька пісалі, і сядзелі ўжо гатовенькія да наступнага сказу. А з гэтага боку сядзелі людзі больш пажылыя, больш сталага ўзросту, і ім цяжка было, яны не паспявалі. Але мне падаецца, што дыктоўка, яна нескладаная і што ўсе справіліся вельмі добра.

Другая агульнанацыянальная дыктоўка па беларускай мове пачалася 21га лютага і скончыцца 25га сакавіка, на Дзень Волі. Паводле інфармацыі з рэгіёнаў краіны ў дыктоўцы ўжо ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек.

Нашыя кар-нты.


Спектакль пра Еўфрасінню Полацкую

15 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску з вялікім поспехам прайшла прэм'ера спектакля "Крыж Еўфрасінні". Гледачы выклікалі артыстаў на біс, а выканаўца ролі Еўфрасінні Полацкай заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова ледзь трымала падораныя кветкі.

Нягледзячы на тое, што спектакль ўздымае складаныя духоўныя праблемы, глядзіцца ён на адным дыханні. Адметна, што раней пастаноўкі аб адной з самых шанаваных святых не было ў рэпертуары ніводнага беларускага тэатра.У спектаклі распавядаецца пра некаторыя фрагменты жыцця вялікай асветніцы і падзвіжніцы XII стагоддзя, нябеснай апякункі Беларусі Еўфрасінні Полацкай.

Яна Ільіна.


Запрашаем на курсы

ГА ТБМ абвяшчае набор вучняў 7-9 класаў г. Мінска і Мінскага раёна на курсы беларускай мовы, гісторыі і літаратуры, спалучаныя з экскурсіямі па Беларусі і іншых краінах.

Курсы бясплатныя.

Магчыма дапамога ў падрыхтоўцы да здачы тэстаў за курс базавай і сярэдняй школы.

Арганізацыйны збор

15 красавіка 2009 г. а 18 гадзіне ў сядзібе ТБМ. (г. Мінск, вул. Румянцэва,13. ст.м. "Плошча Перамогі", выхад на вул. Захарава).Тэл. 284 85 11 з 16.00 да 19.00 (акрамя суботы і нядзелі).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX