Папярэдняя старонка: 2009

№ 16 (907) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 16 (907) 22 КРАСАВІКА 2009 г.


ЗЯНОНУ ПАЗЬНЯКУ - 65

ПАЗЬНЯК Зянон Станіслававіч (нарадзіўся 24 красавіка 1944) - беларускі палітык і грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі - БНФ, пісьменнік, паэт. Унук вядомага беларускага дзеяча ў міжваеннай Польшчы Янкі Пазьняка.

Зянон Пазьняк нарадзіўся ў мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую мастацкую акадэмію (тады - Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленне. У 1972 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысертацыю па гісторыі беларускага тэатра.

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасля чарговых палітычнаадміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 год) і пазбаўлення працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалогіяй (з 1976 года). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў перыяд позняга сярэднявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі Менска, Лоска і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак. Шмат зрабіў для захавання гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менска. Адстаяў ад разбурэння гістарычныя кварталы Менска: Траецкае прадмесце, Верхні горад і Ракаўскае прадмесце.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусветнай грамадскасці і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах, расстраляных органамі НКВД. Зянон Пазьняк - адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралогу Беларусі (1988) і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» (1988).

З траўня 1990 году па студзень 1996 году - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, кіраўнік дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Пад кіраўніцтвам Пазьняка здзяйсняліся такія важныя справы, як адкрыццё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990), вяртанне нацыянальнае сімволікі (белчырвонабелага сцяга і Пагоні), распрацоўка сацыяльнаэканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» СССР. БНФ актыўна паспрыяў вяртанню незалежнасці Беларусі.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага развіцця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікаваная ў «Народнай газеце» 16 красавіка 1992 года).

У сакавіку 1996 года, унікаючы магчымага арышту, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам. Праз месяц нечакана вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазбег арышту. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацверджанне пра распрацоўку ў палітычных колах а Беларусі плана фізічнага ўздзеянняння. У сувязі з пагрозай волі, а, магчыма, і жыццю ўрад ЗША прадставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміграцыі займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадскасцю і журналістамі розных краінаў. З 1996 года на грамадскіх пачатках ён рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасьці». Непасрэдна праводзіць паседжанні кіраўнічых структураў КХПБНФ, старшынём якога з'яўляецца.

Кнігі:

- «Сапраўднае аблічча» (1992).

- «Курапаты» (1994, сумесна з Я. Шмыгалёвым).

- «Глёрыя Патрыя» (2000), кніга фотавершаў.

- «Новае Стагодзьдзе» (2002), складнік палітычнаасьветніцкіх артыкулаў. ISBN 9955933747

- «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (2004), культурнаасветніцкае выданне, у форме інтарвію, што распавядае пра жыццё і дзейнасць Антона Шукелойця

- «Беларуска-расейская вайна» (2004)

- «Вялікае Княства» (2005), паэма ў трох частках

- «Прамаскоўскі рэжым» (2005)

Сёння Пазьняк і ягоная дзейнасць крытыкуецца не толькі афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але і некаторымі беларускімі прыхільнікамі дэмакратыі. Адной з прычынаў для крытыкі, напрыклад, з'яўляецца «празмерны палітычны радыкалізм Пазьняка, нежаданне ісці на кампрамісы і рабіць уступкі для дасягнення агульных мэтаў, а таксама непрыяцце пунктаў гледжання, якія адрозніваюцца ад ягонага». У той жа час, з іншага боку, гэта стварыла вобраз Пазьняка як чалавека, які ні пры якіх умовах не здраджвае свайму сумленню.


Лідскаму музею - 50

24 красавіка спаўняецца 50 гадоў з дня заснавання Лідскага гістарычнамастацкага музея. З 22 красавіка ў Лідзе пачынаецца шэраг мерапрыемстваў ў сувязі з 50годдзем музея.

Наогул то, першы музей у Лідзе быў адкрыты ў 1939 годзе пры паляках, другі у 1941 годзе пры першых Саветах, але існаванне абодвух было вельмі караткачасовым.

Трэці музей, і цяпер надоўга, быў адкрыты ў 1959 годзе.



Старшыні

ГА «Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

Аб разглядзе прапаноў

Паважаны Алег Анатолевіч!

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі разгледзела Вашу прапанову аб перавыданні энцыклапедыі «Беларуская мова». Мяркуем уключыць у перспектыўны план выдавецтва на 2012-13 гады дапрацаванае перавыданне гэтай энцыклапедыі. Зараз аналізуецца пытанне яе запатрабаванасці.

Выданне календароў на 2009 год у тэматычным плане выдавецтва не прадугледжана.

Галоўны рэдактар У.П. Саламаха.



Шаноўныя сябры ТБМ, мовазнаўцы, бібліятэкары, выкладчыкі, настаўнікі і ўсе, каму гэта цікава, ужо зараз можна замаўляць энцыклапедыю "Беларуская мова". Ёсць пэўныя спадзяванні, што гэта будзе сур'ёзнае двухтомавае выданне.


МТС загаварыў па-беларуску

Цяпер, калі абанент недаступны, аўтаадказнік кампаніі МТС паведамляе пра гэта на трох мовах. Да расейскай і ангельскай дадалася беларуская: "Тэлефон абанента выключаны ці знаходзіцца паза межамі дзеяння сеткі". Калі закончыліся грошы аўтаадказнік кажа "Сувязь не можа быць устаноўлена. Звярніцеся ў даведкавую службу Вашага аператара".

А яшчэ 6 красавіка, актывісты "Маладога фронту" і моладзі БНФ атрымалі адказ ад адміністрацыі кампаніі МТС пра тое, што пакуль не стае фінансавых сродкаў, каб перакласці аўтаадказнік даведкі на беларускую мову.
Раней маладыя людзі перадалі кампаніі прапанову ўжываць беларускую мову. Пад лістом падпісаліся больш за дзве з паловай тысячы чалавек.
Адмоўны адказ выклікаў розгалас у інтэрнэце. Маладыя людзі выказвалі меркаванне: маўляў, сапраўдная прычына адмовы - тая, што галаўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Расеі.

Цікава, што фінансавую праблему кампанія вырашыла літаральна цягам сутак.
Моладзевыя актывісты лічаць гэта адной са сваіх перамогаў у змаганні за родную мову.

Любоў Лунёва.


Нястомны працаўнік на ніве Беларушчыны

Да 70-годдзя Анатоля Валахановіча

Цяжка паверыць, што гэтаму прыгожаму, добраму, разумнаму і дасведчанаму чалавеку ўжо 70 год. З Анатолем Іосіфавічам Валахановічам я знаёмы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Упершыню мы сустрэліся, а потым часта сустракаліся, у Акадэміі навук, дзе ён быў загадчыкам рэдакцыі грамадскай літаратуры (гісторыі, філасофіі і іншых галін навукі), а я працаваў тады ў інстытуце гісторыі. Гэты сціплы і карэктны спецыяліст курыраваў усе кнігі, якія выдаваліся праз яго рэдакцыю, даваў парады аўтарам, рэдагаваў іх тэксты і дапамагаў ім. Памятаю, як асабліва хацелі, каб ён стаўся іх рэдактарам, жанчыны з нашага інстытута. У якіх гэты прыгожы, малады тады чалавек карыстаўся папулярнасцю, у тым ліку як і спецыяліст.

Наша знаёмства сяброўства і ўзаемная сімпатыя працягаюцца і далей, у асноўным у клубе "Спадчына", дзе мы супрацоўнічаем у розных выдавецкіх і культурніцкіх праектах.

Анатоль Іосіфавіч Валахановіч даўно вядомы сваімі творамі, і перш за ўсё гісторыяй блізкага яму Койданава (Дзяржынска), шэрагам шматлікіх публікацый, успамінамі пра сваю службу ў Берліне, дзе ён ахоўваў апошняга міжнароднага злачынца з гітлераўскага атачэння Рудольфа Геса ў міжнародным кантынгенце войскаў былых саюзнікаў у антыгітлераўскай кааліцыі.

У дзень юбілею хачу павіншаваць Анатоля Іосіфавіча Валахановіча, сябра Саюза беларускіх пісменнікаў і Саюза беларускіх журналістаў, і пажадаць яму добрага здароўя, плённай творчай працы і нязменнага бадзёрага настрою.

Анатоль Грыцкевіч.

ВАЛАХАНОВІЧ Анатоль Іосіфавіч нарадзіўся 17 красавіка 1939 года у Менску. 3 сям'і службоўца. Беларускі пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец.

Бацька Іосіф Іванавіч (1901 1987) працаваў машыністам Менскага паравознага дэпо. Радавод Валахановічаў, як мяркуе вядомы беларускі гісторык М.І.Ермаловіч, бярэ свае карані з Валахіі (Румыніі), а там сягае і ніжэй у стагодцзі сівой мінуўшчыны. "Мае дзед і прадзед валодалі землямі разам з Арцюшэўскімі, Бірулямі, Зуеўскімі, Каспяровічамі ў вёсцы Папкі Бараўскога сельскага савета Дзяржынскага раёна (гэтыя звесткі па стану на XIX стагоддзе) і вёсцы Каменка Негарэльскага пасялковага савета (зямля, якая была ва ўласнасці Валахановічаў, называлася "давыдаўшчына") Дзяржынскага раёна Менскай вобласці. Бабка мая была сталбавой (старажытнага роду) дваранкай. Радавод Валахановічаў, наша галіна, вядзецца з сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Маці Ванда Фларыянаўна (дзявочае Вераценская, 1913 - 1994) была хатняй гаспадыняй. Дзед мой быў заможным селянінам з вёскі Вясёлы Вугал Ляхавіцкага сельсавета Дзяржынскага раёна, паходзіў з польскай шляхты. У час калектывізацыі за сваю "заможнасць" і незалежнасць разам з братамі ў 1934 годзе быў рэпрэсаваны і высланы ў Карагандзінскую вобласць (РСФСР). Радавод Вераценскіх таксама вядомы з сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Сястра Ядвіга Іосіфаўна (у замустве Анісімава, 1937 - 1998), скончыла БДУ ў 1961 годзе, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, дырэктарам Станькаўскай вячэрняй СШ і Старынкаўскай СШ Дзяржынскага раёна.

Брат Аляксандр Іосіфавіч, 1953 года нараджэння, скончыў Менскі індустрыяльнапедагагічны каледж, працуе ў Менскім паравозным дэпо."

А.І. Валахановіч закончыў гісторыкафілалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1961). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), Саюза беларускіх журналістаў (1975). У 1961 -1962 гадах настаўнік гісторыі Бараўской СШ, з траўня 1962 года адначасова дырэктар Паланевіцкай НСШ, са снежня 1964 года дырэктар Ракашыцкай 8гадовай школы. У 1962 - 1964 гадах служыў у войсках сувязі Групы савецкіх войск у Германіі (ГСВГ). Са жніўня 1966 года дырэктар Зенькавіцкай СШ Уздзенскага раёна. 3 верасня 1968 года рэдактар у выдавецтве "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", з лютага 1975 года загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, з траўня 1996 года па 2002 год старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навуковадаследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 годзе. Даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўвае пытанні палітычных рэпрэсій (1920 пачатку 1950х гадоў), займаецца гісторыяй хрысціянства ў Беларусі. Аўтар навуковых і навуковапапулярных кніг: "Дзяржынск: Гісторыкаэканамічны нарыс" (1977, на рускай мове выйшла ў 1982), "Дзяржыншчына: Мінулае і сучаснае" (у сааўтарстве з А.М. Кулагіным, 1986), "Клічаўшчына: Гісторыкаэканамічны нарыс" (у сааўтарстве з І.І. Саўчанкам, 1989), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва І.Я. Траццяка)" (1995), "Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі: Кароткі нарыс жыцця і дзейнасці" (1997), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча" (у сааўтарстве з У.М. Міхнюком, 1999), "Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі" (2003), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кніг "Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь" (1999), "Памяць.Старадарожскі раён" (1998) і "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча" (2007). Стваральнік гісторыкадакументальнай хронікі "Памяць. Дзяржынскі раён" (2004). Адзін з аўтараў кнігі "Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі: Гісторыя ў біяграфіях рэктараў, вучоных, удастоеных ганаровых званняў, лаўрэатаў прэмій, прафесароў, дактароў навук: 40 гадоў (1964 - 2004)" (2004) і "Валмянскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс" серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна" (у сааўтарстве з А.В.Рудовічам, 2003). Аўтар кнігі "Путчынскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс" серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна" (2005) і іншыя. Аўтар звыш 450 навуковых і навуковапапулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах. Сярод іх артыкулы пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Станіслава Шушкевіча, Міколу Ермаловіча, Мікалая Улашчыка, Каруся Каганца, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Крыловіча, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Уладзіміра Сільвестравіча Міцкевіча, дзекабрыста і сябра Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна Міхаіла Іванавіча Пушчына, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Максімавіча Літвінава, Гая Гай, Данілу Набароўскага, Рудольфа Геса, графаў фон ГутэнЧапскіх, дваран братоў Дыбоўскіх, паноў Багдашэўскіх, Пашкевічаў; артыкулаў у кнігах "Памяць" Дзяржынскага, Старадарожскага, Чашніцкага, Клічаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага, Слаўгарадскага, Глускага раёнаў, горада Менска і іншых. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Піша навелы, аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі, апрацоўвае і друкуе легенды і паданні. Склаў радаводы Валахановічаў і Вераценскіх.

А.І. Валахановіч аўтар тэкстаў і распрацоўшчык экспазіцый музеяў: музея гісторыі Дзяржынскага доследнага механічнага завода, музея гісторыі Койданаўскай (Дзяржынскай) МТС у Дзяржынскай райсельгастэхніцы, музея гісторыі і працоўнай славы чыгуначнай станцыі Негарэлае, гісторыкакраязнаўчага музея Бараўской СШ, музея Ф.Э. Дзяржынскага ў Дзяржынскай СШ №1, гісторыкакраязнаўчага музея Станькаўскай СШ, гісторыкакраязнаўчага музея Дзямідавіцкай СПІ. Шэрагу музеям падарыў калекцыі папяровых грошай і манет розных эпох і краін Заходняй Еўропы, са сваёй уласнай калекцыі.

Напісаў кнігі (знаходзяцца ў карэктуры): "Наш дорогой отец Ннколай: Слово о протоиерее Николае Владимировиче Леднике. 1927 - 2005", «Бараўскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна". Адзін з аўтараў, рэдактар і укладальнік гісторыкадакументальнай хронікі "Памяць. Старадарожскі раён" (2е, дапоўненнае выданне), "Адукацыя на тэрыторыі Дзяржынскага раёна: 3 часоў старажытнасці да нашых дзён"; набраны ў камп'ютэры кнігі "Жены Максима Горького" і "Забойства Вільгельма Кубэ: Міфы, легенды, рэальнасць" і многія іншыя.

Узнагароджаны знакам "Отличник печати СССР", медалём "Ветеран труда" і іншымі медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрстваў і камітэтаў, розных узроўняў.


Анатоль Валахановіч - гэта унікальны чалавек, які паспеў зрабіць адзін болей за некаторыя навуковыя ўстановы ці рэдактарскія калектывы. Мы даём у "НС" яго падрабязную біяграфію ў якасці прыкладу як трэба дбаць пра нашую культуру, мову і гісторыю. Трэба азначыць што Анатоль Іосіфавіч, вельмі надзейны, дакладны і нават пунктуальны чалавек, які ніколі не падвядзе, заўжды зробіць не толькі тое што абяцяае, але і нават болей. Гэты вельмі актыўны сябар ТБМ, які заўжды робіць штодзённыя вельмі патрэбыя справы, распаўсюджвае "НС", збірае складкі і ахвяраванні, прымае актыўны ўдзел у літаратурных сустрэчах і семінарах. Я шчыра вітаю яго з юбілеем і жадаю плённай працы на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Ён Лідчыне, як і Валыні, блізкі

Да 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Струменя

Гэта быў багаты чалавек. На добрыя пачуцці і шматлікіх сяброў. Людзейаднадумцаў меў у Лідзе і Гародні, Дзятлаве і Бярозаўцы, у прынёманскіх вёсках Зачэпічы, Сялец, Беліца... З такімі ж сябрамітаварышамі Васіль Струмень быў заручаны і на Валыні, куды з бацькамі пераехаў з Зачэпіч у 1938 годзе.

В. Струменя (сапраўднае імя Аляксандр Мікалаевіч Лебедзеў) ведаюць як беларускага і ўкраінскага пісьменніка. Свае першае творы ён апублікаваў у пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў віленскіх беларускамоўных выданнях. У гэты ж час ён заяўляе аб сабе і як грамадскі дзеяч, стаўшы ў шэрагі барацьбітоў за волю і лепшае жыццё працоўных Заходняй Беларусі. Імкненне да праўды і справядлівасці прыводзіць юнага Аляксандра ў падпольныя ячэйкі камсамольцаў і камуністаў.

У 1935-1936 гг. А. Лебедзеў працаваў на шклозаводзе "Нёман". І тут , як раней у Зачэпічах і навакольных вёсках, малады чалавек застаецца ў віхуры нацыянальнавызвольнага руху. Вядзе сярод гутнікаў агітацыйную работу. Выступае ў акцыях пратэсту супраць бяспраўя рабочых і сялян, піша вершы. За антыўрадавыя публікацыі і ўдзел у забастаўках В. Струмень быў зняволены ў турмах Глыбокага, Вілейкі, Ліды. Пасля ўлады адалі яго ў салдаты. Але і там юнак заставаўся самім сабою: адкрываў праўду жыцця жаўнерам 77-га пяхотнага палка, за што зноў трапіў у астрог, а дакладней у Лідскую гарнізонную турму строгага рэжыму.

Звыш паўстагодзя жыццёвыя пуцявіны Аляксандра Мікалаевіча былі цесна звязаны з Украінай. Дапамагаў бацькам весці сялянскую гаспадарку. У гады акупацыі ўдзельнічаў у руху супраціўлення, а пасля вызвалення пайшоў на фронт, у баях з ворагам двойчы атрымаў раненні. Вярнуўшыся з арміі, прысвяціў сваё жыццё настаўніцкай працы. Валынская і Ровенская вобласці сталі для В. Струменя такімі ж роднымі і блізкімі, як і наша Прынёманне. Пісаў вершы на беларускай мове, з якімі выступаў рэгулярна ў друку і на сустрэчах з чытачамі. Часта публікаваўся і ў Беларусі.

Будучы ўжо ў сталым узросце, Васіль Струмень часта наведваў Лідчыну, Дзятлава, Менск. Адразу ж з чыгуначнага вакзала Ліды шпарка ішоў у рэдакцыю мясцовай газеты "Уперад". Кожнага супрацоўніка, творчага і тэхнічнага, лічыў тут сваім прыяцелем. Даведаецца аб нашым жыццібыцці, потым распытвае пра сваіх сябраў яшчэ даваеннага часу. У іх ліку часта называў Вікенція Салыгу з Феліксава, колішняга актывіста Беларускай сялянскаработніцкай грамады і Таварыства беларускай школы, Івана Івашэвіча (Пятруся Граніта), вернага паплечніка з Зачэпічаў, актывіста КПЗБ Ісака Карабельніка з Ліды, Васіля Камянеўскага (Міхася Ліста) з Краснай і многіх іншых. І тут жа мяркуе, як і дзе з імі сустрэцца.

З цеплынёй у сваёй старэчай душы ўспамінаю сустрэчы з прыстойным і добразычлівым чалавекам .у рэдакцыі газеты "Уперад", у маёй лідскай кватэры, на адкрыцці ў Дзятлаве помніка Ігнату Дварчаніну, пра якога так узнёсла расказваў Аляксандр Мікалаевіч у таварыскіх гутарках і апублікаваных успамінах. У час кожнага прыезду ў Ліду Васіль Струмень заўжды запрашаў мясцовых журналістаў наведацца да яго ў Сарны. Першы раз я адправіўся туды разам з таварышам па рабоце, паэтам Пятром Макарэвічам у сувязі з 70годдзем пісьменніка.

Мне выпаў гонар павіншаваць юбіляра ад калектыву газеты "Уперад" і ўручыць яму прывітальны адрас ад "Гродзенскай праўды", што было зроблена па просьбе яе рэдактара Аляксандра Богуша, майго папярэдніка па пасадзе рэдактара газеты "Уперад". А Пятрусь Макарэвіч прывітаў старэйшага сябра ад імя лідскіх літаратараў.

Пазней я наведаўся ў Сарны з жонкаю і ўнучкай Насцяй. І зноў была радасная незабыўная сустрэча. Аляксандр Мікалаевіч пазнаёміў нас з Сарнамі, а затым угаварыў з'ездзіць у Роўна і Астрог. З любасцю і пяшчотай расказваў наш гаспадар і гід пра гэтыя гарады і іх славутых людзей. Асабліва ўразіў Астрог, утульны і прыложы горадок, адзін з першых цэнтраў усходнеславянскай пісьменнасці са сваімі музеямі. Дарэчы, нечаканай для меня ў Астрозе была вестка аб тым, што з названым гарадком звязана біяграфія маладога А. Антонава, у будучым вядомага савецкага ваеначальніка. І яшчэ пару слоў пра Сарны і руплівую ды гасцінную гаспадыню Тамару Лебедзеву. Яна частавала нас адмысловымі прысмакамі, а, даведаўшыся пра праблемы маёй жонкі Валі з хворай нагою, схадзіла з госцяй да знаёмай народнай лекаркі. І, о дзіва, пасля таго візіту боль той знік зусім.

1 красавіка 2009 года Васілю Струменю споўнілася б 95 гадоў. А пакінуў ён наш свет 25 кастрычніка 1992 года. Памёр ад інсульту, пахаваны у Сарнах. Апошнюю дату напісаў таму, што ў бібліяграфічным слоўніку "Беларускія пісьменнікі" (том 5), іншых выданнях указаны недакладныя звесткі аб сконе нашага слыннага земляка. Ды радуе наступнае: памяць пра Аляксандра Мікалаевіча жыве і Гарадзеншчыне, і на Валыні. Яму нададзена, ў прыватнасці, годнасць Ганаровага грамадзяніка Дзятлаўскага раёна. У сувязі з юбілеем паэтазмагара ёсць такая думка. У Зачэпіках, вёсцы - гняздзе паэтаў, як яе называў Уладзімір Калеснік, пустуе дом, пабудаваны Петрусём Гранітам з дапамогай В. Струменя. Добра было б адкрыць там грамадскі музей мясцовых пісьменнікаў. Паспрыяў бы ён, мяркую, і раз-віццю агратурызму.

Алесь Жалкоўскі


"Белрад" працуе на будучыню

Да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы

26 красавіка - гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. На жаль, пра гэтую змрочную падзею мы ўзгадваем у асноўным толькі напярэдадні гэтай даты. А ўздзеянне вынікаў катастрофы на значную частку насельніцтва Беларусі штодзённае, штогадзіннае. Праца многіх людзей па змяншэнні адмоўнага ўплыву Чарнобыля на людзей і асяроддзе слаба асвятляецца СМІ. I ўсё ж гэта праца вядзецца, вядзецца, як дзяржаўнымі ўстановамі, так і не дзяржаўнымі. Многа гадоў самааддана і самаахвярна працуюць над чарнобыльскімі праблемамі супрацоўнікі інстытута радыяцыйнай бяспекі "Белрад". Ён размясціўся цяпер у спецыяльна пабудаваным будынку "Дом Белрада" на паўночным ускрайку Менска, у Навінках. Адказаць на некаторыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю інстытута і радыяцыйнай бяспекай насельніцтва, пагадзіўся намеснік дырэктара інстытута, прафесар, доктар тэхнічных навук, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій Аляксандр Мікалаевіч Дэвойна.

- Аляксандр Мікалае-віч, некалькі слоў пра гісторыю інстытута.

- Інстытут радыяцыйнай бяспекі "Белрад" створаны ў 1991 годзе па ініцыятыве вядомых грамадсійх дзеячоў А. Сахарава, А. Адамовіча, М. Ягорава (старшыні Беларускага Фонду Міру) і пры падтрымцы Дзяржкамчарнобыля Беларусі. Вельмі многа зрабіў для яго стварэння і станаўлення першы дырэктар Васіль Барысавіч Несцярэнка, на жаль, ужо нябожчык. Цяпер справу бацькі працягвае яго сын Аляксей Васільевіч.

Інстытут выдзеліўся ў самастойны са складу Інстытута ядзернай энергетыкі ў Соснах, які Васіль Барысавіч узначальваў многа год. На сённяшні дзень мы не карыстаемся дзяржаўнымі сродкамі, існуем у асноўным за кошт замежных чарнобыльскіх грамадскіх фондаў. 3 1991 года мы працавалі і працуем над рознымі праблемамі, якія ўзніклі на Беларусі пасля Чарнобыля.

- Колькі ў Вас супрацоўнікаў і якія асноўныя кі-рункі дзейнасці Вашага ін-стытута?

- У нас усяго каля 40 супрацоўнікаў. Першым кірункам нашай дзейнасці была распрацоўка і выпуск прыбораў, неабходных:

для радыяцыйнага кантролю прадуктаў харчавання аўтаматызаваны гамарадыёметр РУГ92М01;

для ацэнкі радыяцыйнага фону на мясцовасці - да-зіметр "Белрад-04-01"

Гэтыя вельмі патрэбныя прыборы прайшлі атэстацыю і задавальняюць усім патрабаванням Дзяржстандарту. Кантроль забруджанасці прадуктаў харчавання, асабліва ў прыватным сектары, вельмі важны з двух прычын. Па некаторых ацэнках прыватны сектар вырабляе да 50% ужываных прадуктаў харчавання. I калі на прадпрыемствах ёсць пастаянны кантроль радыяцыйнай забруджанасці, як гатовай прадукцыі, так і сыравіны, то прыватная вытворчасць кантралюецца слабей зза яе спецыфікі.

Таму другім кірункам нашай дзейнасці стала, пачынаючы з 1991 года, стварэнне на ўсёй тэрыторыі рэспублікі мясцовых цэнтраў радыяцыйнага кантролю (МЦРК) прадуктаў харчавання з прыватных падворкаў і лясных багаццяў. Супрацоўнікамі гэтых цэнтраў былі мясцовыя настаўнікі, лекары, фельчары, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Менску і атрымалі адпаведныя пасведчанні. Кожны цэнтр быў забяспечаны атэставанымі аўтаматызаванымі гамарадыёметрамі і дазіметрамі і праводзіў не менып за 30 вымярэнняў забруджанасці самых розных прадуктаў у месяц як прыроднага паходжання (грыбы, лясныя ягады, рачная і азёрная рыба, мяса дзікіх жывёлаў), так і вынікаў працы чалавека (садавіна, гародніна, лекавыя расліны, рыба са штучных вадаёмаў, мяса свойскіх жывёлаў, попел).

Трэба зазначыць, што кантроль забруджання лясной прадукцыі вельмі важны і на сённяшні дзень, таму што доля гэтых прадуктаў у агульным аб'ёме назапашвання радыёнуклідаў арганізмам чалавека складае да 40%. Для вымярэння ўзроўню забруджанасці любога прадукту патрэбны невялікі яго аб'ём ад чвэрці да аднаго літра (1 дмЗ).

Акрамя таго, спецыялісты МЦРК праводзілі работу з мясцовым насельніцтвам па мерах радыяцыйнай бяспекі, дапамагалі пазбягаць небяспечных месц для выпасу жывёлы і збору лясной прадукцыі.

Усяго ў 1991 - 93 гг. за кошт Дзяржкамчарнобыля было створана 370 МЦРК. У перыяд з 1991па 2004 год было праведзена больш за 400 000 вымярэнняў. Кожны МЦРК адпраўляў нам штомесячную справаздачу, на падставе якой намі рыхтаваліся квартальныя і гадавыя справаздачы для Дзяржкамчарнобыля і абласных органаў улады для прыняцця неабходных мер і правядзення ахоўных мерапрыемстваў.

На вялікі жаль, зза змяншэння фінансавання колькасць МЦРК з кожным годам скарачалася, і з 2004 года з гэтай і іншых прычын іх у нас практычна не засталося. Цяпер мы маем толькі некалькі цэнтраў, якія фінансуюцца замежнымі грамадскімі чарнобыльскімі арганізацыямі.

Трэцім кірункам нашай дзейнасці стала вымярэнне радыяцыі ў арганізме чалавека, асабліва ў дзяцей, якія ўжываюць забруджаныя радыёнуклідамі прадукты на чарнобыльскіх тэрыторыях. Справа ў тым, што чым даўжэй радыёнукліды знаходзяцца ў арганізме чалавека, тым большую шкоду яны прыносяць. Пры аднолькавым з дарослымі харчаванні, дзеці атрымоўваюць у 24 разы большую дозавую нагрузку зза меншай масы цела. Таму важна своечасова выяўляць дзяцей і дарослых з небяспечнымі для здароўя ўзроўнямі назапашвання радыяцыі.

Некаторыя могуць спытацца, пра якую своечасовасць можна гаварыць праз 23 гады пасля катастрофы? Але любы чалавек мог многія гады жыць, практычна не маючы радыёнуклідаў і назапасіць іх пад час аднаго ўжывання ежы.

Вымярэнне радыяцыі ў чалавека ажыццяўляецца спектрометрамі выпраменьвання чалавека (так званае "крэсла СВЧ"). Кожная ўстаноўка складаецца з дыягнастычнага крэсла і ГТВЭМ. Пры гэтым асобныя ўстаноўкі і лабараторыя ў цэлым сертыфікаваны Дзяржстандартам. Карыстанне крэслам абсалютна бясшкоднае для чалавека, таму што вымярае толькі выпраменьванне, якое зыходзіць ад чалавека ў адрозненні ад рэнтгенапарата ці флюарографа, якія чалавека апраменьваюць.

Установак у інстытуце 7, вымярэнні праводзяцца як на месцы так і рэгулярна ў палявых умовах у чарнобыльскай зоне. Пачынаючы з 1996 года, намі праведзены вымярэнні больш за 355 тысяч чалавек у розных чарнобыльскіх рэгіёнах Беларусі.

- А якія ж існуюць на гэты конт дапушчальныя нормы?

- Згодна заканадаўству Рэспублікі Беларусь дапушчальная доза складае 1 мЗв/год, што адпавядае удзельнай актыўнасці цэзію-137 ад 361 да 433 Бк/кг у залежнасці ад узросту чалавека.

Наш інстытут пры раз-ліках карыстаецца распрацаванай у Германіі методыкай раз-лікаў у залежнасці ад узросту чалавека і рэкамендуе наступ-ныя ўзроўні ўдзельнай актыўнасці цэзію-137:

- для дарослых: максі-мальны дапусцімы ўзровень - 200 Бк/кг, кантрольны (або ўзровень умяшальніцтва) - 70 Бк/кг;

- для дзяцей адпаведна 70 і 20 Бк/кг.

Інстытут "Белрад" рэкамендуе яшчэ адзін узровень, аднолькавы і для дзяцей і для дарослых нуль Бк/кг. Цэзію137 у арганізме чалавека, так як і іншых, шкодных для арганізма ізатопаў, не павінна быць. Таму пры любой колькасці цэзію ў арганізме неабходна прымаць меры па яго вывядзенні, бо нават пры невялікай яго наяўнасці назіраецца так званы "эфект малых доз". Як паказваюць навуковыя даследванні, шкоднае ўздзеянне цэзію-137 на арганізм павялічваецца пры наяўнасці іншых хімічных забруджванняў, напрыклад свінцу. Любая лічба, большая за нуль гэта ўжо не норма.

Як ужо адзначалася, цэзію-137 у арганізме павінна быць як мага менш, таму яшчэ адным кірункам нашай дзейнасці з'явіліся распрацоўка, выпуск і выкарыстанне на практыцы прэпарату "Вітапект-2" для паскарэння вываду радыёнуклідаў з арганізма чалавека. Гэтая харчовая дабаўка ў выглядзе вітамінізаванага сухога яблычнага напітку. Яна не ўтрымлівае кансервантаў і штучных араматызатараў і складаецца з яблычнага пекцінаўтрымліваючага парашку, узбагачанага вітамінамі В2, В6, В12, С, Е, бэта-карацінам, фоліевай кіслатой, мікраэлементамі (К, 2п, 8е), малочным цукрам, лімоннай кіслатой у дазіроўках, рэкамендаваных органамі аховы здароўя. Інстытут мае пасведчанне аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі гэтага напітку.

Як было сказана, з 1996 года інстытут праводзіць радыяцыйны маніторынг дзяцей у Чарнобыльскай зоне. Паралельна праводзілася пекцінавая прафілактыка для паскоранага вывядзення радыёнуклідаў з арганізма дзяцей, якія маюць высокія назапашванні радыёнуклідаў. У выніку дзецям было перададзена каля 100 000 упаковак "Ветапект2" за кошт грамадскіх чарнобыльскіх фондаў.

Шматгадовы досвед работы з "Вітапектам-2" паказаў яго высокую эфектыўнасць. За 34 тыдні з яго дапамогай можна зменшыць утрыманне цэзію137 у арганізме на 3040%. Паказана, што гэта больш эфектыўна ў спалучэнні з аздараўленнем дзецей у санаторыях. Праведзенымі даследваннямі паказана, што "Вітапект2" выводзіць цяжкія металы, у тым ліку небяспечны для здароўя свінец і адначасова паляпшае баланс карысных рэчываў у арганізме чалавека. Нядаўнія працы англійскіх вучоных паказалі, што пекцін здольны папярэджваць некаторыя ракавыя захворванні ("Аргументы н факты в Белоруссии» 43, 2008 г). У многіх краінах на шкодных вытворчасцях пачалі выдаваць пекцінавыя прадукты замест малака.

- Як Вы ацэньваеце ўзровень забруджанасці тэ-рыторыі нашай краіны?

- Забруджанасць тэры-торыі краіны па цэзію-137 з узроўнем большым за 1 Кюры на квадр. км. складае зараз каля 20 %. Перыяд паўраспаду цэзію-137 - 30 гадоў. Па прагнозах на 2016 год гэта забруджанасць зменшыцца да 17 %. А для поўнага распаду цэзію і стронцыю патрэбна больш за 100 гадоў.

Стронцыем-90, перыяд паўраспаду якога каля 30 гадоў, забруджана каля 10% тэрыторыі, рознымі ізатопамі плутонію - каля 2% (паблізу ад Чарнобыльскай АЭС). Перыяд паўраспаду ізатопаў плутонію - сотні і тысячы год, за выкючэннем плутонію-241, перыяд паўраспаду - 14,4 год. Але ён актыўна выпрацоўвае вельмі радыётаксічны амерыцый -241 з перыядам паўраспаду 433 гады.

А калі ўзяць узровень забруджанасці менш аднаго Кюры, то ён назіраецца на тэрыторыі ўсёй рэспублікі.

- Гэта значыць, што кожны жыхар краіны, асабліва які жыве на забруджанай тэрыторыі, павінен умець жыць з радыяцыяй і пасур'ёзнаму ставіцца да гэтага?

- Яшчэ ў 2003 годзе загадчык лабараторьш спектраметрыі выпраменьвання чалавека нашага інстытута У.I. Бабенка напісаў кнігу "Как защитить себя и своего ребенка от радиации. Пособие для родителей". Кніга выйшла ў менскім выдавецтве "Знамение» накладам у 5 500 асобнікаў.

Гэта практычны дапаможнік па бяспечным пражыванні на забруджаных радыёактыўнымі рэчывамі тэрыторыях для кожнага чалавека.

У папулярнай форме ў кнізе расказана аб тым, што такое радыяцыя, шляхі забруджвання арганізма чалавека; як радыяцыя ўплывае на здароўе, як правільна харчавацца, весці прысядзібную гаспадарку, выкарыстоўваць прадукты раслінаводства, жывёлагадоўлі, лясныя багацці. Ёсць звесткі аб пекцінавых прэпаратах. Асабліва важнымі з'яўляюцца выкладзеныя ў кнізе рэкамендацыі па даступных кожнаму спосабах апрацоўкі лясной прадукцыі, мяса, рыбы, сепарацыі малака з мэтай значнага зніжэння ўтрымання ў іх радыёнуклідаў. Маюцца таксама рэкамендацыі па вядзенні сельскай гаспадаркі на прысядзібных участках у забруджаных раёнах і правілах лесакарыстання.

Аляксандр Мікалаевіч ветліва праводзіў мяне для вымярэння радыяцыі на дыягнастычным крэсле. Вымярэнне адбывалася каля трох хвілін. Яно вельмі камфортнае проста сядаеш у крэсла, размаўляеш са спецыялістамі. Вынікі вымярэнняў на камп'ютарнай раздрукоўцы. Мяне яны парадавалі 9,5 Бк/кг. Але ўжо ведаючы, што лепш мець нуль, прымусілі і прызадумацца...

Акрамя ўзроўню ўдзельнага выпраменьвання комплекс паказвае і ўзровень звычайнага калію ў арганізме, што важна для сэрца, якое дрэнна мірыцца з яго дыфіцытам. Дзякаваць Богу, у мяне ён з запасам!

Пры папярэдняй дамоўленасці прайсці вымярэнне радыяцыі арганізма ў інстытуце "Белрад" можа кожны ахвочы. Можна праверыць і любыя прадукты харчавання. Дамовіцца можна па тэлефоне 8-017-289-03-86. Па іншых пытаннях можна звярнуцца ў прыёмную па тэлефоне 8-017-289-03-83.

Мікола Ліннік


Беларусь хоча вярнуць у краіну рэліквію 14 стагоддзя Лаўрышаўскае Евангелле

У Камісіі па вяртанні культурных каштоўнасцяў зза мяжы знаходзяцца дакументы, звязаныя з вяртаннем у Беларусь з Польшчы ўнікальнага Лаўрышаўскага Евангелля пачатку 14га стагоддзя.

"Дабрачынны Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага кляштара (Наваградскі раён, Гарадзенская вобласць) іераманах Еўсевій звярнуўся ў камісію па вяртанні культурных каштоўнасцяў з просьбай разгледзець пытанне аб вяртанні ў Беларусь Лаўрышаўскага рукапіснага Евангелля", паведаміла агенцтву "Інтэрфакс-Захад" загадчыца сектару па ахове гісторыка-культурнай спадчыны кіравання па ахове гісторыка культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства культуры Беларусі Наталля Хвір.

Н. Хвір адзначыла, што "кляштар быў цэнтрам летапісу ў Беларусі, меркавана ў 1329 годзе адмыслова для кляштара было напісана Лаўрышаўскае Евангелле".

Як раней паведамляла агенцтва, камісія па выяўленні, вяртанні і сумесным выкарыстанні нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за мяжой, створаная пры Савеце міністраў Беларусі ў пачатку 2009 года.

У адпаведнасці з пастановай, Камісія будзе забяспечваць узаемадзеянне дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, прыватных асобаў, якія дзейнічаюць у мэтах выяўлення, зберажэнні і прымнажэнні гісторыка культурнай спадчыны.

Наш кар.


Выстава ў сядзібе ТБМ

У межах культурніцкай кампаніі "Будзьма" 21 красавіка 2009 года на сядзібе Таварыства беларускай мовы, што па вул. Румянцава, 13 у Менску, адбылася прэзентацыя фотавыставы "Так бачу свет" сябра ТБМ Міколы Лінніка.

Інфармацыя пра гэту падзею ў дзейнасці Таварыства і ў жыцці фотааматара - у наступным нумары "Нашага слова".


Станаўленне дзяржаўнасці ўсходніх славян

(Тураўскае княства)

У дапамогу настаўнікам і вучням!

У гэтым годзе дзякуючы чарговай "рэформе" адукацыі адбудзецца адначасова выпуск, як вучняў, якія павінны былі вучыцца 11 гадоў, такк і тых, хто вучыўся па 12гадовай сістэме.

Колькасць гадзін па ўсіх прадметах, асабліва гуманітарных была зменшана ў тым ліку і па гісторыі Беларусі. У сувязі з гэтым мы пачынаем друкаваць некаторыя матэрыялы ў дапамогу, як настаўнікам гісторыі, так і вучням, якія ў гэтым годзе будуць здаваць іспыты і тэсты па роднай гісторыі.

1. Дрыгавічы

Найбольш старажытныя звесткі аб тэрыторыі і насельніцтве Тураўскай зямлі змяшчаюцца ў ранняй частцы старажытнага кіеўскага летапісу " Аповесці мінулых часоў", дзе пачынаецца датаванае натаванне з 852 г. Паводле летапісу, тэрыторыю тураўскай зямлі засяляла адно з усходнеславянскіх племянных аб'яднанняў, якія рассяляліся на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў канцы 1га тысячагоддзя н.э. - дрыгавічы. Прыкладную тэрыторыю рассялення дрыгавічоў можна вызначыць па жаночых упрыгожаннях, асабліва па медных колцахпадвескам, якія ўпляталіся ў валасы каля скроняў (асюль назва - скроневыя колцы). На тэрыторыі, дзе, паводле летапісу, жылі дрыгавічы (паміж Прыпяццю і Дзвіною), ужываліся колцы з меднымі пацеркамі. Пацеркі былі ўпрыгожаны дробнымі напаянымі шарыкамі срэбнай зерні. Па распаўсюджванні скроневых колцаў можна вызначыць, што паўночная мяжа рассялення дрыгавічоў праходзіла па лініі Заслаўе - Лагойск, Барысаў, усходняя - па Дняпры, паўднёвая - на поўдзень ад Прыпяці, заходняя - па заходнім беразе Заходняга Буга. (гл.Лысенко П.Ф. Дреговичи. - Мн.: Навука і тэхніка, 1991.) .

Дрыгавічы належалі да ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён. Яны, хутчэй за ўсё, жылі родавым ладам: племя складалася з некалькіх вялікіх патрыярхальных кроўных сем'яў на чале са старэйшынам.

Разам з тым, з зараджэннем феадальных адносін адбываецца больш трывалае аб'яднанне родаў у адзінае племя на чале з князем, які змог падпарадкаваць родавых старэйшын. Паведамленні аб племянных княжаннях і князях і з'яўляецца сведчаннем распаду першабытна-абшчыннага ладу і паступовага фармавання феадальнай дзяржаўнасці.

Час існавання племяннога княжання ў дрыгавічоў, як і ва ўсіх усходніх славян, дакладна невядомы. Відавочна толькі тое, што яно папярэднічала ўтварэнню феадальных княстваў.

Першае датаванае ўпамінанне пра дрыгавічоў адносіцца да 948 г. Гэта сведчанне візантыйскага гісторыка Канстанціна Багранароднага (гл. БСЭ - Т.4, с. 292) , які называе дрыгавічоў у ліку плямён, што выплачваюць даніну Кіеўскай Русі.

2. Тураў

Адзін са старажытных усходнеславянскіх гарадоў Тураў вядомы па летапісах з 980 г. Існуюць некалькі тлумачэнняў назвы Тураў, але найбольш вядомыя два.

Першае - імя Тураў паходзіць ад заснавальніка гэтага горада, яно, магчыма, падаецца ў "Аповесці мінулых часоў", тут 980 годам упамінаецца нейкі Тур (Туры), які разам з Рагвалодам прыйшоў "зза мора". Гэта адзінае летапіснае упамінанне пра "заморскага" Тура (Туры) як заснавальніка і першага валадара Турава.

Многія гарады, якія ўзніклі ў славян у раннім сярэднявеччы, атрымалі назвы ад імёнаў асоб: Мціслаў, Заслаўе, Барысаў, Браслаў і г.д.

Другое пашыранае тлумачэнне наймення Тураў - ад назвы дзікага быка тура. Так, беларускі этнограф П. Шпілеўскі лічыў, што летапіснае сцвярджэнне пра нейкага заморскага Тура (Туры) як заснавальніка і першага гаспадара Турава - даніна народнай легендзе. А найбольш праўдападобным будзе выводзіць назву Тураў ад назвы жывёлы тур, якая вадзілася ў землях дрыгавічоў. Тым больш што сустракаецца маса назваў сёл, вёсак, рэк і г.д. з коранем "тур" на ўсёй тэрыторыі славянскіх пасяленняў.

Лічыцца, што назва жывёлы тур мае славянскае паходжанне, паколькі ў паўднёвых і заходніх славян захаваліся ўтварэнні ад гэтае назвы сярод найменняў жывёл, раслін, у тапанаміцы, у старажытных усходнеславянскіх пісьмовых помнікаў (напрыклад, буй-тур Усевалад у "Слове аб паходзе Ігаравым"), у асобных песнях, былінах і інш.

Існуюць і іншыя тлумачэнні назвы. Напрыклад ад слова тура (вежа) - старажытнае збудаванне як сігнальная вежа мясцовага насельніцтва на тым месцы, дзе потым узнік горад Тураў (але гэтыя назвы даволі познія сярэднявечныя запазычанні).

Мяркуюць таксама, што на месцы, дзе ўзнік Тураў, у глыбокай старажытнасці было капішча - месца пакланення і ахвяравання тагачаснага насельніцтва ідалу- заступніку, якога звалі Тур, хаця у пантэоне язычніцкіх багоў нашых продкаў такое імя не сустракаецца.

Адзіная выснова, якую можна зрабіць з усіх меркаванняў, што горад сапраўды старажытны, па часе ўспамінаў - другі горад на Беларусі.

Пад 988 г. Рускі летапіс упершыню абвясціў, што князь Уладзімір перадаў у кіраванне сваім сынам розныя землі Русі. Згодна з гэтым паведамленнем, трэці па старшынству сын Уладзіміра - Святаполк - атрымаў Тураў. (гл. Загарульскі Э.Н. Заходняя Русь: IX - XIIIстст. с.47).

Менавіта гэтым крокам закончылася існаванне княжання дрыгавічоў і быў пакладзены пачатак існаванню Тураўскага княства.

Святаполк нарадзіўся не раней за 981г., і ў 988 г. яму было каля васьмі гадоў, і таму рэальна ўлада належала намесніку з ліку давераных сталых мужоў князя Уладзіміра.

Відавочна першапачаткова прызначаныя князі знаходзіліся ў становішчы пасаднікаў вялікага князя кіеўскага, якому яны абавязаны былі выплачваць даніну. У той жа час назіраюцца сепаратысцкія імкненні да выдзялення са складу Кіеўскай Русі. Старажытныя летапісы не паведамляюць аб канфлікце Святаполка з Уладзімірам Святаславічам.

Нямецкі храніст Дзітмар (Цітмар) Мерзербургскі (9751018 гг.) паведамляе, што Святаполк быў жанаты з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага, якая прыехала ў суправаджэнні свайго духоўнага епіскапа Рэйнберна. У канцы 1012 г. Святаполк са сваей жонкай і Рэйбернам былі схоплены Уладзімірам і пасаджаны у турму, дзе Рэйнберн памёр. Лёс жонкі Святаполка невядомы, а яго самога Уладзімір вызваліў і пасяліў у Вышгарад, на поўдзень ад Кіева.

Некаторыя гісторыкі дапускаюць магчымасць змовы паміж Баляславам і Святаполкам, паколькі выхадам Турава з падпарадкавання Кіеву Баляслаў Харобры імкнуўся аслабіць Кіеўскую Русь. Змову магла падтрымаць і тураўская феадальная вярхушка, якая імкнулася да самастойнасці і незалежнасці ад Кіева.

Імкненне Святаполка да выхаду з Кіеўскай Русі мела і матывы асабістага характару: пасля смерці старэйшых братоў Наўгародскага князя Вышаслава і Полацкага князя Ізяслава ён заставаўся старэйшым з сыноў Уладзіміра. У Ноўгарад быў накіраваны малодшы сын Уладзіміра - Яраслаў, і прайшла чутка, што Уладзімір мае намер перадаць вялікакняскі пасад другому малодшаму сыну - Барысу. Святаполк быў абыдзены ўвагай і таму затаіў крыўду.

Далейшы лёс Святаполка звязаны з гадамі працяглай і крывавай барацьбы за кіеўскі вялікакняскі пасад. 15 ліпеня 1015 г. у сяле Берастове пад Кіевам памёр Уладзімір Святаслававіч. З дапамогай вышагародскіх баяр вялікакняскі пасад заняў Святаполк, як адзнаку сваёй вялікакняскай годнасці ён выпускае манету "Святаполк на стале, а се яго срэбра". (гл. Старажытная Беларусь Т.1, с.172. )

Аднак Святаполк лічыць, што іншыя сыны Уладзіміра Святаславіча застаюцца прэтэндэнтамі на ўладу, і ён пасылае да іх забойцаў. Пад Пераяслаўлем на р.Альце ноччу быў забіты князь Барыс, а пад Смаленскам на Смядыні забіты мурамскі князь Глеб, які ехаў на пахаванне бацькі. А ў Карпатах, уцякаючы ў Венгрыю, быў забіты Святаслаў.

Пад выглядам помсты за забітых братоў у барацьбу за кіеўскі пасад уступіў Наўгародскі князь Яраслаў Уладзіміравіч, які пад Любечам на Дняпры разграміў войска Святаполка, апошні збег у Польшчу да свайго цесця Баляслава Харобрага.

У 1018 г. Святаполк з польскім войскам рушыў на ўсход і на р.Заходні Буг каля Валыні адбылася бітва, у якой Яраслаў пацярпеў паражэнне і збег у Ноўгарад і хацеў уцякаць за мяжу. Ноўгарадцы, баючыся помсты Святаполка, пасеклі сякерамі падрыхтаваныя да адплыцця княскія лодкі і сабралі грошы, каб наняць новыя варажскія дружыны.

Яраслаў распачаў наступ на Кіеў, Святаполк, не маючы сіл для абароны і не спадзяючыся на дапамогу палякаў, вымушаны быў уцякаць да печанегаў. Трэба адзначыць, што палякі рабавалі і прыцяснялі мясцовае насельніцтва. Жыхары пачалі знішчаць польскія залогі і прымусілі Баляслава Харобрага вярнуцца ў Польшчу, што ён і зрабіў, захапіўшы вялікакняскія скарбы і сям'ю Яраслава. У 1019 г. Святаполк прыйшоў з вялікім войскам печанегаў і адбылася бітва на р. Альце пад Пераяслаўлем, у якой перамогу атрымаў Яраслаў. Святаполк праз Берасце адышоў у Польшчу, дзе памёр у мястэчку Прага.

У летапісах паказаны толькі негатыўныя бакі дзейнасці Святаполка, летапісец называе яго акаянным забойцам. Тлумачыцца гэта перш за ўсё імкненнем летапісца ўхваліць заснавальніка летапісання Яраслава і ачарніць яго палітычнага супраціўніка Святаполка.

Са смерцю Святаполка скончыўся першы кароткачасовы (988-1019 гг.) перыяд у існаванні Тураўскага феадальнага княства, які характарызуецца імкненнем набыць самастойнасць і барацьбой Святаполка за кіеўскі пасад.

Пасля смерці Святаполка Тураўскае княства зноў аказваецца ў складзе Кіеўскай дзяржавы, пад уладай князя Яраслава Уладзіміравіча, які аб'яднаў у сваіх руках амаль усе землі і княствы Кіеўскай Русі.

Адносную самастойнасць Тураўскае княства набывае пры княжанні Ізяслава Яраслававіча, але дакладны час, калі Ізяслаў стаў тураўскім князем невядомы. Ізяслаў Яраслававіч пасля смерці бацькі застаўся старэйшым сярод братоў і заняў кіеўскі пасад, пакідаючы за сабой і Тураўскае княства. Летапісы адлюстроўваюць дзейнасць Ізяслава, як вялікага князя кіеўскага і не паведамляюць аб падзеях у Тураўскім княстве. Відавочна Тураўскае княства залежала ад Кіева і поўнасцю падзяляла лёс Ізяслава Яраславіча. Калі ў 1073 г. Ізяслаў быў выгнаны з Кіева братамі Святаславам Чарнігаўскім і Усеваладам Пераяслаўскім, Кіеў заняў Святаслаў, а Тураў аддаў Усеваладу. Ізяслаў уцёк у Польшчу (быў жанаты на польскай князёўне Алісаве-Гертрудзе), вярнуўся ў Кіеў у 1076 г. (пасля смерці Святаслава), але загінуў у кастрычніку 1078 г. у бітве за Валынскае княства (Нежаціная Ніва).

Вялікі князем кіеўскім стаў Усевалад Яраслававіч, ён пакінуў сынам Ізяслава надзелы, якімі валодаў бацька. Старэйшы сын Яраполк атрымаў Тураўскае княства, сярэдні Уладзімір - Валынскае, малодшы Святаполк - Ноўгарадскае. Яраполк вёў доўгую і ўпартую барацьбу за Валынскае княства з мясцовымі князямі і кіеўскім князем Усеваладам, але церпіць паразу і ўцякае ў Польшчу.

У 1087 г. Яраполк вярнуўся, замірыўся з Усеваладам Кіеўскім, аднак у хуткім часе загінуў ад падасланых забойцаў (пад Звеніградам 22 лістапада 1087 гг.). (гл. Старажытная Гісторыя Беларусі. Старажытная Беларусь. Т. 1, с.174).

Тураўскае княства заняў малодшы брат Святаполк, пакінуўшы за сабой і Ноўгарад. Святаполк вырашыў перамясціцца бліжэй да Кіева, а гэта, у сваю чаргу, пацвярджае важнае значэнне Тураўскага княства. Святаполк быў жанаты з візантыйскай царэўнай Варварай, якая прывезла з сабой адукаваных царкоўных служыцеляў і дзеячаў культуры і адкрыла ў Тураве жаночы Варварынскі манастыр. У 1093 г. памёр вялікі князь кіеўскі Усевалад Яраслававіч і князь Святаполк Тураўскі заняў кіеўскі пасад.

Святаполк разам з Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам шмат зрабілі для ўмацавання Русі, паспяхова абараняліся ад прычарнаморскіх стэпавых вандроўнікаў - полаўцаў, правялі вядомы з'езд ("сейм") рускіх князёў у Любечы (1097 г.), які выпрацаваў асноўны прынцып наследвання княстваў - кожны валодае сваёй вотчынай.

Згодна з пастановай з'езда Святаполк атрымаў вялізарную тэрыторыю "об оне стороне Припети с городами Туровом, Пинском, Берестьем и Пегорынью». (гл. Гісторыя Беларусі. У 6 т., Т. 1. Старажытная Беларусь. с. 174) , а таксама Кіеўскае і Ноўгародскае княствы. Дзейнасць Святаполка, як князя кіеўскага добра асветлена ў летапісе, а як князя Тураўскага засталася ў цяні, вядома толькі, што ў Кіеў ён прывёз з сабою сваю тураўскую дружыну. Вядомы рускі гісторык В. Тацішчаў прыводзіць наступную характарыстыку Святаполка: " Сей князь великий был ростом высок, сух, волосы черноваты и прями, борода долгая, зрение острое. Читатель книг был е вельми памятен, за многое бо лета бывшее мог сказать, яко написанное. Болезней же ради мало ел, и весьма редко, и то по нужде для других учился. К войне не был охотник, и хотя на кого скоро сердился, но скоро и запамятовал. При том был вельми сребролюбив и скуп…многие христиане торгу и ремесла лишились…" (гл. Татищев В.Н. История Российская, Т.2, с. 128.)

Святаполк Ізяслававіч памёр у 1113 г., вялікім князем кіеўскім стаў Уладзімір Манамах. Сын Святаполка Мціслаў актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за Валынскае княства, а ў 1097 г. быў пасаджаны на Уладзімірскае княства, але загінуў у 1099 г.

Другі сын Святаполка Яраслаў, пасля смерці бацькі, уздымаецца на барацьбу з Уладзімірам Манамахам, церпіць паразу і адступае ў Венгрыю, у 1123 г. вяртаецца з вялікім войскам, але гіне ад рук падасланых забойцаў. Тураўскае княства засталося за кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.

Такім чынам у гісторыі Тураўскай зямлі можна вылучыць два перыяды. Першы тычыцца часу існавання племяннога княжання дрыгавічоў, што ўтварылася на этнічнай аснове ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу. Другі ахоплівае час станаўлення і развіцця Тураўскага феадальнага княства, характэрнымі асаблівасцямі якога з'яўлялася захаванне самастойнасці, спадчыннай княжацкай дынастыі, значны аўтарытэт сярод іншых княстваў Старажытнай Русі.

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства С.У. Крыуліна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX