Папярэдняя старонка: 2009

№ 18 (909) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 18 (909) 6 ТРАЎНЯ 2009 г.


90 гадоў з дня народзінаў Станіслава Манюшкі

МАНЮШКА Станіслаў (5.5.1819, б. фальварак Убель, Чэрвеньскі р-н - 4.6.1872), беларускі кампазітар, дырыжор, педагог. Пачатковую музычную адукацыю атрымаў дома. 3 1827 вучыўся ў А.Фрэйера (фартэпіяна, арган) у Варшаве, з 1830 - у Д. Стафановіча (кампазіцыя) у Менску, з 1830 - у Ф. Рунгенхагена ў Берліне. У 1840-58 арганіст і дырыжор у Вільні, у 1858-72 дырыжор і дырэктар опернага тэатра, з 1864 адначасова прафесар Музычнага інстытута ў Варшаве. Творчасць М. цесна звязана з бел., польскім і ўкраінскім песенным і танцавальным фальклорам, адзначаецца яркім нац. каларытам, дэмакратычнасцю, патрыятычнай накіраванасцю, даступнасцю сродкаў выразнасці і інтанацыйнай самабытнасцю меладычнага строю. Для яго стылю характэрна свабоднае ператварэнне элементаў нар.-песеннага мастацтва, асіміляцыя разнародных нац. і інацыянальных фалькл., бытавых і прафесійных кампанентаў. Натхнёны нар. песнятворчасцю, М. стварыў арыгінальныя мелодыі, многія з якіх трывала ўвайшлі ў быт і лічацца народнымі. Плённым вынікам захаплення фальклорам і спасціжэння яго мастацка-эстэтычнай каштоўнасці стала камерна-вакальная спадчына, у т.л. 12 «Хатніх спеўнікаў». Яна спалучае ў сабе інтанацыйнасць польскай нар. песні, стылістыку польскай вакальнай мініяцюры пачатку 19 ст. і характэрныя мелодыка- і ладаінтанацыйныя звароты бел. фальклору, што надае стылю М. самабытнасць і непаўторнасць. Аб нар. вытоках сведчаць прынцыпы формаўтварэння (сіметрычная пабудова музычнай фразы) і рытмічныя асаблівасці песень, у т.л. парушэнне прасодыі, тыповае ў бел. музыцы. Нар.-нац. тэндэнцыі ў вакальнай творчасці М. выяўляюцца ў пакладзеных на музыку апрацоў-ках бел. фалькл. тэкстаў, зробленых Я. Чачотам («Сялянскія песенькі з-над Нёмана»), музычных увасабленнях «народных гутарак» У. Сыракомлі і ў рамантызаваных баладах А. Міцкевіча («Свіцязянка», «Рыбка», «Ваявода», «Вілія» і інш.). Песні на словы Я. Чачота (22) шырока прадстаўляюць жанравае кола бел. фальклору, у т.л. жніўныя «Мядзведзік», «Сонейка», вясельныя «Зязюлька», «Сірата», хрэсьбінная «Кум і Кума», пазаабрадавая лірыка позняй традыцыі «Ой, бярозка міла», «Салоўка» і інш. Незакончаны вакальны цыкл «Год у песні» на вершы У. Сыракомлі - арыгінальнае ўвасабленне тэмы жыццёвага сялянскага кругавароту. 5 частак цыкла, у тл. «Ранішняя песня», «Песня войта», «Перапёлка», аб'яднаныя тэматыкай і вобразнасцю бел. жніва, уяўляюць сабой не простую стылізацыю пад фалькл. першакрыніцы, а спецыфічнае адзінства нац. каларыту і аўтарскага стылю з характэрнай для яго меладычнасцю, лірызмам і тэатральнасцю вобразаў, лада-гарманічнай яснасцю і прастатой форм. У операх «Галька», «Страшны двор», «Сялянка» і інш. і кантатах, у тл. «Прывіды» паводле «Дзядоў» А. Міцкевіча, знайшлі своеасаблівае адлюстраванне мясцовы характар люду, яго абрады, забавы і звычаі. 3 нар. інструментальным выканальніцтвам у музыцы М. звязаны прыёмы ўзнаўлення гучання інструментаў, распаўсюджаных у сельскім побыце, і рытмічная арганізацыя твораў, заснаваных на рытмаформулах польскіх танцаў. Увасабляючы дух і стыль нар. музыкі, М. на гэтай аснове стварыў багатую спадчыну, якая стаяла ля вытокаў бел. музычнай класікі і ў значнай меры спрыяла далучэнню інтэлігенцыі да скарбаў фалькл. мастацтва.


Вуліца Зыбіцкая заміж Гандлёвай

Сп. Міхаілу Паўлаву,

старшыні Мінскага гарадскога

выканаўчага камітэта

220050 г. Мінск,

пр. Незалежнасці, 8

Паважаны Міхаіл Якаўлевіч!

Зараз у гістарычным цэнтры Мінска ідзе забудова вуліцы Гандлёвай, якая ў свой час страціла жылыя і адміністратыўныя будынкі.

У сувязі з тым, што новае будаўніцтва не скончана і новыя будынкі пакуль не маюць канкрэтных адрасоў, прапаную вярнуць вуліцы Гандлёвай яе спрадвечную назву - вуліца Зыбіцкая. Гандлёвых вуліц і плошчаў у беларускіх гарадах і мястэчках было шмат, а вось вуліца Зыбіцкая была адна, і варта аднавіць яе на карце нашай сталіцы, што паспрыяе айчыннаму і міжнароднаму турызму.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны

Трусаву А.А.

Аб перайменаванні вуліцы

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама разгледжаны Ваш зварот аб перайменаванні вуліцы Гандлёвай у Зыбіцкую.

Сапраўды, указаная вуліца захавала ў сваім абліччы элементы планіроўкі старажытнага Мінска і, па гістарычных звестках, да XIX стагоддзя насіла назву Зыбіцкая. У сувязі з гэтым, прапанова аб вяртанні былой назвы Зыбіцкая вуліцы Гандлёвай будзе разгледжана на чарговым пасяджэнні Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска.

Разам з тым, для такога перайменавання неабходна пацвярджэнне будаўнічага прад-прыемства аб тым, што новыя будынкі на дадзенай вуліцы не маюць канкрэтных адрасоў.

Начальнік упраўлення У.М. Карачэўскі.


Памяці А. Карпюка

У Гародні ў Таварыстве беларускай школы адбылася вечарына, прысвечаная гарадзенскаму празаіку Аляксею Карпюку (19201992). Яе вёў гісторык Андрэй Вашкевіч.

Быў паказаны фільм, у якім запісаны ўспаміны ўдавы Іны Карпюк. У ім прагучала "Жаласная песня", прысвечаная пісьменніку, яе напісаў Яўген Петрашэвіч, які прысутнічаў на сустрэчы. Пра бацьку сказала слова дачка Валянціна Карпюк. Затым гучалі ўспаміны паэткі Дануты Бічэль, прафесара Аляксея Пяткевіча і іншых гарадзенцаў, якія добра ведалі Аляксея Карпюка.

Прысутным быў прадстаўлены таксама том твораў пісьменніка "Развітанне з ілюзіямі", з серыі "Гарадзенская бібліятэка".

Сяргей Астраўцоў.


ВЫНІКІ КОНКУРСАЎ ТБШ

"Беларускі Настаўнік 2008 года"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай школы" (ТБШ) летась правяло конкурс "Беларускі Настаўнік 2007 года Менска і Менскай вобласці". Пераможцамі яго сталі: Юры Бандарэнка , выдатнік адукацыі БССР, СССР, фізік, дырэктар Менскай беларускай нацыянальнай гімназіі №4; Уладзімір Мартысюк , заслужаны настаўнік Беларусі і РФ, матэматык СШ №168 г. Менска; Міхась Тычына , доктар філалагічных навук, прафесар, выкладчык зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа; Наталля Ільініч , настаўніца гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Талькаўскай СШ Пухавіцкага раёна; Галіна Дрокіна , выкладчык геаграфіі і эканомікі гімназіі № 10 г. Маладзечна; Антаніна Абрамовіч , намеснік дырэктара па этнакласах Мётчанскай СШсада Барысаўскага раёна.

Журы конкурса "Беларускі Настаўнік 2008 года" пад старшынствам вядомага пісьменніка Уладзіміра Арлова вызначыла наступных педагогаў пераможцамілаўрэатамі:

Трэгубава Ніна Барысаўна , настаўніца беларускай мовы і літаратуры, аўтарскага спецкурса "Лунінеччыназнаўства" Лунінецкага ліцэя Брэсцкай вобласці, кіраўнік раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў беларускай і рускай моў і літаратуры (скончыла БДПУ, вышэйшая катэгорыя, стаж - 17 гадоў);

Мянькоў Юры Уладзіміравіч , настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравабудскага навучальнапедагагічнага комплекса дзіцячы сад - базавая школа Кармянскага раёна" Гомельскай вобласці, актыўны аўтар рэспубліканскага друку па пытаннях методыкі і выхавання, двойчы прызёр рэспубліканскага конкурса метадычных распрацовак "Адкрыты ўрок" (2006 і 2007 гг.) (скончыў Магілёўскі дзяржуніверсітэт, І катэгорыя, стаж - 6 гадоў);

Тухта Валеры Уладзіміравіч , настаўнік гісторыі і геаграфіі Слабадской СШсада Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, кіраўнік гісторыкакраязнаўчага гуртка "Нашчадкі" (скончыў Магілёўскі дзяржуніверсітэт, І катэгорыя, стаж - 12 гадоў).

Што з'яўляецца адметнасцю сёлетняга конкурса?

Усе ўдзельнікі - спецыялісты гуманітарнага профілю, актыўна займаюцца краязнаўствам, выступаюць у СМІ і выпускаюць школьныя выданні, большасць з іх атрымалі рэкамендацыі кіраўніцтва адукацыйнай установы. Усіх пераможцаў аб'ядноўвае моцная любоў да Бацькаўшчыны, роднай мовы, яны з'яўляюцца лідэрамі і аўтарытэтнымі Настаўнікамі ў сваім рэгіёне.

Конкурс адукацыйных выданняў

Пераможцамі сталі.

Газета "Волат" . Выданне краязнаўчай моладзі Вілейскага раёна Менскай вобласці. Рэдактар Аляксей Сюдак. Выходзіць з 2004 года, усяго 23 нумары. Мае электронны варыянт у інтэрнэце.

Краязнаўчая газета "Бялыніцкая даўніна" . Выданне краязнаўцаў Бялыніччыны Магілёўскай вобласці. Рэдактар Барыс Вырвіч (з кастрычніка 2007 г). Першы нумар пабачыў свет 15 красавіка 2000 г. (рэд. Міхась Карпечанка), як краязнаўчы альманах да газеты "Паходня". Выйшла 24 нумары.

Вучнёўская газета "Наш край" і іншыя выданні гісторыкапатрыятычнага клуба "Спадчына", вёска Дварэц Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Кіраўнік клуба - настаўніца і бібліятэкар Наталля Ляўкевіч.

"Школьнае Задняпроўе" , газета СШ № 8 г. Оршы Віцебскай вобласці. Аўтар праекта Мікалай Камароўскі, кіраўнік школьнага літаратурнага гуртка, старшыня ТБШ Оршы. Штомесячнае беларускамоўнае выданне вучняў школы, пры ёй працуе вучнёўскае літаб'яднанне "Прыдняпроўская рунь". Выйшла больш паўсотні нумароў, а таксама - паэтычныя зборнікі "Прыдняпроўская рунь" і "Красаванне".

Алесь Лозка , кіраўнік аргкамітэта конкурса, старшыня ТБШ.


ПЕРАМОЖЦЫ-ЛАЎРЭАТЫ КОНКУРСА ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЫ "БЕЛАРУСКІ НАСТАЎНІК 2008 ГОДА"

Ніна Трэгубава:

"Пераканана, што ў нас ёсць і заўсёды будуць дзеці, якія ўсур'ёз зацікавяцца роднай мовай, літаратурай, гісторыяй роднага краю"

- Мы былі крыху рамантыкамі, захопленымі мастацтвам, сустрэчамі з цудоўным. А зараз расце пакаленне прагматыкаў. Яны імкнуцца атрымаць добрую адукацыю, каб рабіць кар'еру, жыць лепш за бацькоў. Напэўна, гэта правільна…

У голасе Ніны Барысаўны гучыць сум, але ў праніклівых вачах няма няўпэўненасці і адчаю. Калі чалавек сумленна робіць сваю справу, тым больш высокародную і накіраваную ў будучыню, гэта само па сабе надае моцы і перакананасці.

Ніна Барысаўна Трэгубава (дзявочае прозвішча Сарока), настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лунінецкага ліцэя, родам з Лагойшчыны, з невялікай вёсачкі Мышкавічы. Тата быў будаўніком (дарэчы, удзельнічаў ва ўзвядзенні мемарыяльнага комплексу "Хатынь"), маці - касіркаю ў калгасе. Дзяцей і гаспадарку глядзелі дзве бабулі. Выхоўвалі ў асноўным вясковыя працоўныя традыцыі і прырода. Прырода - гэта сажалка, маляўнічыя навакольныя лясы з грыбамі, ягадамі, жывёльным і раслінным светам. Узнімешся на ўзгорак, і ўсё як на далоні - любата! На 26 красавіка - дзень нараджэння мамы - збіралі ў букет рэдкія кветкі сонтравы.

У сярэдняй школе суседняй вёскі Калачы быў цудоўнейшы педкалектыў. Настаўніца роднай мовы і літаратуры Ніна Аляксандраўна аказала найбольшы ўплыў на светапогляд нашай гераіні. Тая шчыра палюбіла беларускую мову, пачала сама пісаць вершы. Разам са старэйшай сястрой нават напісалі цэлую паэму пра Беларусь. У Калачы не аднойчы прыязджаў Ніл Гілевіч (Ніна Аляксандраўна - яго стрыечная сястра), сустракаўся з вучнямі школы. У памяці Ніны Барысаўны наш знакаміты паэт і грамадскі дзеяч выглядае нібы казачны волат - высокі, прыгожы, разумны, добразычлівы. Многія яго вершы вельмі рэальныя, жыццёвыя.

Ужо ў дзевятым класе Ніна цвёрда вырашыла стаць настаўніцай. У 1986 годзе яна паступіла ў педінстытут імя М. Горкага. Незабыўныя студэнцкія гады, цудоўныя педагогі - Міхась Станіслававіч Яўневіч, Аляксей Уладзіміравіч Рагуля, Тамара Мікалаеўна Трыпуціна… Яны не толькі цікава выкладалі, але і вучылі жыццю - шматлікімі аповядамі з гісторыі, са сваёй біяграфіі, пра розныя незвычайныя выпадкі. Яны любілі сваіх вучняў, але і былі вельмі патрабавальнымі да іх. Гэта давала добры плён. Рэгулярна абмяркоўвалі навінкі літаратуры, асабліва творчасць Васіля Быкава, а таксама Янкі Брыля, Андрэя Мрыя, Міхася Гарэцкага… У Доме літаратара ладзіліся сустрэчы з Я. Брылём, Ул. Някляевым, Н. Гілевічам, В. Быкавым. Гэтыя сустрэчы вельмі шмат давалі ў духоўным плане. Чалавечыя кантакты, размовы, дыялогі з пісьменнікамі далучалі да высокай культуры. Да таго ж шмат хадзілі ў музеі, тэатры. Усё хацелася ахапіць, нават ахвяруючы нейкімі матэрыяльнымі рэчамі. Зараз, па размовах са студэнтамі, прыярытэты змяніліся - такія сучасныя рэаліі…

На апошнім курсе адбылося студэнцкае вяселле Ніны з Іванам Трэгубавым, які вучыўся на фізіка і інфарматыка. А праз паўтары гады нарадзілася дачка Ульяна. Спачатку працаваць у ліцэі было няпроста. Ліцэісты - вучні добра падрыхтаваныя, зацікаўленыя ў трывалых ведах. Не ўсё атрымлівалася, не хапала педагічнага досведу. Трэба было шмат рыхтавацца да ўрокаў, увесь час падвышаць свой узровень. Паступова ўсё атрымалася. Зараз Ніна Барысаўна - педагог вышэйшай катэгорыі. Яе вучні пастаянна займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных алімпіядах. А Яніна Грыцкевіч і Юлія Грудзько ўдзельнічалі нават у рэспубліканскіх. Яніна атрымала дыплом трэцяй ступені, зараз вучыцца ў БДУ.

Чатыры гады таму ліцэісты пабывалі ў гасцях на кафедры этнаграфіі і фалькларыстыкі БДПУ імя М. Танка. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка выказаў некалькі ідэй, якія зараз паспяхова рэалізуюцца ў ліцэі. Створаны медыйны праект мінулага і сучаснага Лунінеччыны. На раённай навуковапрактычнай канферэнцыі "З навукай у будучыню" ўсе 6 работ ліцэістаў занялі прызавыя месцы, а адна работа ("Жамчужыны Лунінеччыны") рэкамендавана на абласную канферэнцыю. Кожнае лета студэнты студэнты ўніверсітэта прыязджаюць у Лунінец і разам з ліцэістамі праходзяць фальклорную практыку ў вёсках раёна. Пішуць навуковыя творчыя работы, рэфераты. Задумана кніга "Фальклор Лунінеччыны", сярод стваральнікаў якой - вучні ліцэя.

Факультатыўны курс "Лунінеччыназнаўства" (аўтары - Ніна Трэгубава і Вадзім Жылко) трэці год праходзіць апрабацыю ў некалькіх адукацыйных установах раёна. Мэта - абуджэнне цікавасці да духоўнай спадчыны народа, выхаванне самасвядомасці вучняў, развіццё творчых здольнасцяў. Шмат выпускнікоў ліцэя становяцца студэнтамі факультэтаў філалогіі, гісторыі, журналістыкі. У ліцэі адбыліся сустрэчы з вядомымі літаратарамі Анатолем Зэкавым і Аксанай Спрынчан, супрацоўнікамі педуніверсітэта імя М. Танка.

- Пераканана, што ў нас ёсць і заўсёды будуць дзеці, якія ўсур'ёз зацікавяцца роднай мовай, літаратурай, гісторыяй роднага краю. Лічу свай галоўнай задачай абуджаць у іх такую цікавасць, - кажа на заканчэнне Ніна Барысаўна. Для гэтага закладзены добры падмурак.

Віктар Філатаў, г. Лунінец

Нарадзілася на радзіме Ніла Гілевіча. Настаўніца роднай мовы і літаратуры Лунінецкага ліцэю Брэсцкай вобласці. Закончыла філфак БДПУ у 1991 годзе. Педагагічны стаж - 18 год. Педагог вышэйшай катэгорыі. Загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін установы, кіраўнік раённага метадычнага аб'яднання настаўнікаў беларускай і рускай моў і літаратуры.

Сааўтар праграмы спецкурса "Лунінеччыназнаўства", які рэкамендаваны РАА для правядзення ў адукацыйных установах раёна. Маюцца публікацыі ў рэспубліканскім друку. Займаецца з ліцэістамі краязнаўствам. Выхаванцы - дыпламанты абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.


Еўраграматыкі - адна за адной

У серыі "Беларускія ЕўраГраматыкі" папаўненне.

Выйшлі " Кароткая граматыка лацінскай мовы" А. А. Жлуткі і "Кароткая граматыка шведскай мовы" В. У. Цвіркі.

Лацінская мова, як з гістарычнага, так і з практычнага гледзішча, не чужая беларусу. На працягу стагоддзяў яна была адной з еўрапейскіх моў зносін, адной з літаратурных моў, што ў той ці іншай меры ўжываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

"Кароткая граматыка лацінскай мовы" ўяўляе сабою скарочаную версію грунтоўнай "Лацінскай граматыкі" А. Жлуткі.

Выданне адрасуецца найперш гісторыкам, медыкам, тэолагам, філолагам, юрыстам, а таксама школьнікам, студэнтам, настаўнікам, выкладчыкам, усім, хто цікавіцца лацінскай мовай і хоча авалодаць ёю.

Беларусь і Швецыя маюць даўнюю гісторыю ўзаемадачыненняў. У нашай краіне існуе нязменная цікавасць да шведскай культуры, а таксама да шведскай мовы, якая належыць да ўсходнескандынаўскай падгрупы сучасных германскіх моваў.

Выданне адрасуецца ўсім, хто цікавіцца шведскай мовай і хоча авалодаць ёю.

Нагадаем, што раней пабачылі свет граматыкі латышскай і польскай моваў.

Выйшлі чатыры граматыкі, але відно, што адбываецца неардынарная з'ява. Беларускае грамадства не зважаючы на палітыкаў і эканамістаў пракладвае свой шлях у Еўропу, шлях моўны, гуманітарны і вельмі надзейны.

Наш кар.


"А ПОТЫМ РАЙ"

Чытайце, беларускае!

Такую назву мае новая кніга "Выбранага" Эрнеста Ялугіна (Мн.,2008, выдавец Віктар Хурсік). У першым томе змешчаны гістарычны раман "Ідзі і кажы" (у свой час "НС" паведамляла пра яго), другі том склалі творы драматургіі, у тым ліку трагікамедыя "Свечкі на Дзяды", у перыёдыцы ўпершню апублікаваная беларусамі замежжа ў ЗША, а таксама кінааповесць, назва якой і перайшла на вокладку.

Ужо вядомыя водгукі першых чытачоў, Так, масціты пазт і драматург Анатоль Вярцінскі адзначыў: "З цікавасцю адкрыў для сябе Ялугінадраматурга (ёсць, аказваецца, такі!), аўтара пасвойму ўнікальных п'ес (увогуле ўсё сапраўднае ў мастацкай творчасці ёсць унікальнае, то бок непаўторнае). На пісьменніцкім э'ездзе я ўздымаў пытанне пра стварэнне новага тэатра беларускай драматургіі, драматургіі гістарычнай, Чытаючы п'есы Эрнеста Ялугтна, пераканаўся, што меў рацыю. П'есы Алеся Петрашкевіча, ялугінскія ды яшчэ тагосяго вось ужо і гатовы рэпертуар для пачатну дэейнасці такога тэатра. А мы ўсё гаворым, што няма сваёй, пасапраўднаму беларускай адметнай п'есы! Гэта ў святле падзей, звязаных з сітуацыяй у Купалаўскім тэатры... Дык я аддаў, з рук у рукі, кнігу драматургіі Ялугіна вядомаму Вадзіму Дапкюнасу загадчыку літаратурнай часткі тэатра імя Янкі Купалы... Будзьма!"

Варта адзначыць, што кніга "А потым рай" цікавая не толькі выразным сацыяльнамастацкім зместам, але і лінгвістычнымі асаблівасцямі тэкстаў, умелым выкарыстаннем аўтарам роэных стылёвых пластоў беларускай мовы, метафарамі, параўнаннямі і нарэшце пераходамі ад сродкаў гумару да высокай трагедыйнасці сітуацый.

Як гэта, на вялікі жаль, адбываепца з найлепшымі беларускамоўнымі выданнямі, кніга выйшла мізэрным накладам, можна сказаць, рарытэтным 400 асобнікаў. Яна пакуль ёспь у кнігарні "Акадэмкніга" ў Менску, і на выставе ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13), у Нацыянальнай бібліятэцы і некаторых яшчэ.

Ул. Асінавец.


ЧАРГОВАЯ ІМПРЭЗА Ў ТБК У ЛІТВЕ

У апошнюю суботу красавіка ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылася імпрэза, прысвечаная чарговым угодкам Чарнобыльскай трагедыі. Прайшло 23 гады з таго дня, а боль не сціхае, і наступствы яе яшчэ будуць адчуваць не адно пакаленне.

Я памятаю 26 красавіка 1986 года. У Вільні быў цёплы, сонечны дзень, і, чамусьці, лісце на дрэвах скручанае. Людзі адпачывалі, загаралі, працавалі на лецішчах і не ведалі, што здарылася бяда, такая, як у Херасіме і Нагасакі ў 1945 годзе.

Маладых людзей прымусова пачалі забіраць ваенкаматы на ліквідацыю аварыі. Пра чарнобыльскую трагедыю расказаў чалец ТБК Андрусь Старавойтаў, ён тады жыў у Хойніках , і як сьведка бачыў, як радыяцыя ўздзейнічала на здароўе людзей. Чарніцы выраслі як слівы, у той год было вельмі шмат баравікоў, і ніхто не ведаў, што дары лесу нельга ўжываць у ежу. Выступленне Андруся Старавойтава змястоўна дапоўнілі журналіст Ёнас Лаўрынавічус, Леакадзія Мілаш. Мы сёння больш дасведчаныя у кастрычніку ў Вільні прайшла канферэнцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыля, пад патранажам прафесара Юрыя Бандажэўскага, ён некалькі разоў выступаў і ў ТБК, даклады канферэнцыі выдадзены асобным зборнікам. Чарнобыльская тэма выклікала шмат дыскусій, бо напрыканцы мінулага году ўлада Беларусі агучыла рашэнне будаваць АЭС у беларускай Швейцарыі, так назваў Астравеччыну, яе ўраджэнец, прафесар Адам Мальдзіс. "Будаваць АЭС на тэрыторыі Беларусі гэта зусім не рэгіянальная праблема, гэта агульнанацыянальная бяда"(газета "Ніва" №2. арт. Ул. Хільмановіча). Сваё рашэнне да будаўніцтва АЭС у запаведніку "Блакітных азёр" выказала і ТБК.

У другой частцы мерапрыемства быў паказаны чарговы фільм Уладзіміра Коласа "Дзённік", прэзентацыя ў Вільні адбылася ў ЕГУ і ТБК, на якіх прысутнічалі студэнты і сябры ТБК.

Прысутным аб задуме і працы над фільмам распавёў аўтар і рэжысёр У. Колас.

З канцэртнай праграмай перад прысутнымі выступіла самая маленькая ўдзельніца Ксенія Мілаш.

За кубкам гарбаты яшчэ доўга працягвалася абмеркаванне Чарнобыльскай тэмы, бо чорная пляма Чарнобыля ляжыць не толькі на Беларусі, але і на сэрцах многіх беларусаў, куды б іх лёс не закінуў. За кубкам гарбаты гэтым разам адзначылі і чарговыя ўгодкі з дня нараджэння аднаго з актыўных чальцоў ТБК Фаіны Радзюкевіч.

Леакадзія Мілаш, Вільня, 28 красавіка


Пра беларусаў з беластоцкай зямлі

Па добраму, і пра гэта не раз казалі і пісалі ў прэсе, мы не перастаем здзіўляцца творчай актыўнасці і працаздольнасці Сяргея Чыгрына - літаратара, гісторыка і краязнаўца са Слоніма. Вось бы на кожны беларускі горад па аднаму Чыгрыну - мы зрабілі б разам вялікую справу па адраджэнні нашай культуры, гісторыі, літаратуры, мы вярнулі б тысячы забытых імёнаў нашай Бацькаўшчыны. Сяргей Чыгрын працуе ў гэтым кірунку актыўна і плённа.

У Беластоку выйшла новая чарговая кніга Сяргея Чыгрына "З беластоцкай зямлі". Ладны і прыгожа выдадзены том парадуе аматараў айчыннай гісторыі па абодва бакі існай на сёння беларускапольскай мяжы. Падобнае выданне беларусы Беласточчыны ніколі не мелі. Ды і ў Беларусі такіх кніг пра беларусаў Беласточчыны ніхто ніколі не выдаваў. Праўда, у мінулым годзе ўсё той жа самы Сяргей Чыгрын у Менску выдаў кнігу "Беларуская Беласточчына", дзе распавёў пра вядомых людзей і пра беларускія грамадскія арганізацыі, калектывы, справы беларускія на Беласточчыне ў ХХ стагоддзі. Новая кніга "З беластоцкай зямлі" значна адрозніваецца ад "Беларускай Беласточчыны". Адрозніваецца яна тым, што ў ёй распавядаецца толькі пра знакамітых і выдатных беларусаў, якія нарадзіліся альбо жыццёвым лёсам наўпрост былі знітаваныя з беластоцкай зямлёй. Гэта кнігаэнцыклапедыя, кнігадаведнік, кнігапамяць.

Рэдактар беларускага тыднёвіка "Ніва", які выдаецца ў Беластоку, Яўген Вапа ва ўступным слове да кнігі піша: "Мая зямля. Мая айчына. Мая Беларусь. Гэта першае, што ўражвае, калі чытаеш пра беларускія лёсы людзей родам з Беласточчыны або з ёю звязаных доўгімі гадамі жыцця ці захаплення ў XX стагоддзі. Сяргей Чыгрын у прапанаваным ім выданні ратуе ад забыцця падляшскабеларускі ланцуг невядомых шырэйшаму колу чытачоў дзеячаў. Аўтар - збіральнік і захавальнік памяці беларускіх прозвішчаў і імён Сямятыцкай, Гайнаўскай, Бельскай, Беластоцкай, Гарадоцкай, Крынкаўскай, Сакольскай, Дуброўскай зямель. Выдадзеная Праграмнай радай тыднёвіка "Ніва" кніга - гэта заінспіраванасць да хвіліны роздуму над складанымі беларускімі шляхамі і выбарамі ў мінулым стагоддзі. Выбарамі ў цяні чужых беларускай справе інтарэсаў. А дзеля іх у пастаяннай грамадзянскай беларускабеларускай вайне ставалі часта насупраць сябе аднавяскоўцы, аднасямейнікі, сябры. Цяпер ляжаць яны пад рознымі крыжамі, раскінутымі па ўсім свеце, у вядомых і забытых магілах. Кніжка - маленькая спроба сплаціць перад імі наш доўг і абавязак памятаць пра роднае. Проста хочацца верыць, што на працягу найбліжэйшага часу беларускімі навуковымі інстытутамі ў Польшчы і Беларусі будзе распрацавана праграма па падрыхтоўцы біябібліяграфічнага слоўніка беларусаў Падляшскай зямлі. Гэтая зямля, яе дзеці і нашчадкі вартыя такога выдання...".

Кніга Сяргея Чыгрына "З беластоцкай зямлі" - сапраўды ўнікальная. У ёй надрукаваны толькі 125 фотаздымкаў, многія з іх даволі рэдкія і друкуюцца ўпершыню. Прачытаўшы кнігу - дзіву даешся, якая ўсё ж беларуская Беласточчына была багатай на таленавітых людзей, найперш беларусаў. Пра 52 асобы цікава распавёў аўтар кнігі. Шмат новых звестак і фактаў чытачы знойдуць пра Дамініка Аніську, Адама Бычкоўскага, Язэпа Варонку, Янку Геніюша, Аляксандра Гершуна, Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча, Янука Дарашкевіча, Міколу Дзямідава, Сяргея Дубінскага, Уладзіслава Казлоўскага, Кастуся Кіслага, Івана Краскоўскага, Пятруся Макаля, Мар'яна Пецюкевіча, Антона Неманцэвіча, Любоў Разумоўскую, Уладзіміра Тамашчыка, Уладзіслава Чаржынскага, Янку ЧарапукаЗмагара і многіх іншых - тых, хто быў родам з Беласточчыны і ўнёс важкі ўклад у гісторыю Беларусі.

Вольга ШЫНКЕВІЧ.


ЛІТАРАТУРНЫЯ СУСТРЭЧЫ НА СЯДЗІБЕ ТБМ
У межах культурніцкай кампаніі "Будзьма" 12.05.2009 г. на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава,13 у Менску адбудзецца творчая сустрэча са знакамітым бардаўскім дуэтам Галінай і Барысам Вайханскімі. У сустрэчы прымае ўдзел вядомы паэт і фотамастак Георгі Ліхтаровіч. У выкананні бардаў прагучаць песні з беларускага альбома "ВЯРТАННЕ". Пачатак у 19-00. Уваход вольны.


МІНСКАЯ ЗЯМЛЯ

Алесь Клышка

Мая аповесць пра дзяцінства,

Якое з сталасцю ў адзінстве

Адно адному не даюць

Усё забыць, навек заснуць.

Бо не дарма гавораць гэтак:

Што ў старога, бы ў паэта -

Успаміны, вобраз летуцення,

Мінулага вяртаюць цені.


І

Быў ранак. Дзень яшчэ не стаўся,

У хаце я адзін застаўся

І раптам чую... плача маці.

Я нерухомы на палаці

У роздуме, што адбылося?..

Малітву чую, падалося,

Прад Богам кленчыла пра тое,

Чым накарміць дзіця малое.

Была малітва: "Божа, мілы,

Дзень распачаць не маю сілы,

Сям'ю чым сёння накарміць, -

З адчаю сэрцанька баліць".


Што час ліхі, мы разумелі,

А есці ўсё ж што дня хацелі.

І сябрукоў вадзілі ў хату,

Жылі хоць самі небагата.


А наш руплівец - гаспадар

Меў сумны, задумённы твар,

У поце грошы зарабляў,

Ні ў дзень, ні ў ноч ён сну не знаў.

Быў час цяжкі - з бяды салонны,

Мінск будаваў нямчур палонны,

Муку па картках прадавалі, -

Пра іншае - і не пыталі,

Бо ведалі - на ўсіх адна

Пасляваенная нуда.

* * *

Нас семера ў адной кватэры,

Пакояў два, суседзяў дзверы..

Тузін людзей, на кухні звалка…

Не ўсім знаёма камуналка.

У чарзе за месца ў туалеце

Стаяць дарослыя і дзеці,

І хто паспеў - той і памыўся.

Падоўгу наш сусед галіўся,

Што спрэчкі часта выклікала.

На кухні сварка набрыняла:

Чыя чарга камфорку браці...

Не чуў я голас толькі маці.

Заўсёды сціпла, малітоўна,

Трымалася па-хрысціянску, роўна,

У спрэчках ціхенька маўчыць -

Так нас вучыла ўсіх любіць.

Прайшлі гады, навуку тую

У дзень цяжкі я памятую,

Унукаў час прыйшоў вучыць,

Як свет любіць і годна жыць.


II

Зіма, мароз - малым адхланне,

Няма ж у школе навучання,

Бо мінус трыццаць на двары -

Ад школы вольныя сябры.

На санках, лыжах, хто "на лайбу",

У хакей кіём канялі шайбу

Не небудзь-дзе, а на праспекце,

Які не меў таго ў праекце,

Бо снег ляжыць, машыны сталі

(Яго тады не адграбалі).

І на дарозе снег парой

Ўздоўж вуліцы ляжаў гарой.

А хто старэйшы - на "Дынама",

Па Камсамольскай - гэта прама.

Ды зрэдку хто, канькоў уладар,

Катка і музыкі аматар

Змог акунуцца ў тое свята.

Бо ў той час сціплы, небагаты

Я толькі марыць мог у снах

Аб гэткіх новенькіх каньках.

* * *

Сястра сярэдняя, Ірына -

Таленавітая дзяўчына

Нам прыкладам заўжды была,

Бо самастойнаю расла.

Адзнакі мела ўсе "выдатна".

Спраўлялі форму ёй бясплатна -

Так адзначалася стараннасць.

Нястача - гэта, не заганнасць,

Вучобе ж бо не замінала.

Пазней студэнткай добрай стала,

На цаліне і ў інстытуце

Шмат сілаў аддала навуцы.

Хвілінай кожнай даражыла,

Як матэматык век пражыла

І шмат высокародных спраў

Ёй здзейсніць лёс і Бог паслаў.


III

Пра лета - іншая гаворка.

У канцы двара стаяла горка,

Цэнтр нашай шумнай гаманы

І шуму, гвалту, валтузні.

Ганяць мячы - усім ахвота,

Для хлопца - любая работа

Галы ў браму забіваць,

Ды каб абутак не парваць.

Бізун ад бацькі бываў дужы:

"Ты хіба вываляўся ў лужы?-

Вось зноў падэшва адвалілася..."

Маўчала маці ... ды малілася...

Ды што футбол? - рыбалка, браце,

Для сэрца цэлае багацце.

Калі з урокаў уцякалі,

Больш шчасця хлопцы не жадалі,

Бо Свіслач - блізкая рака

Заўжды чакала рыбака.

* * *

Старэйшы брат Маркам завецца.

На кліч сяброўскі адгукнецца,

Бо вуды з торбай нагатове.

І ведаў сховішча я тое,

Што на гарышчы пад страхой

Служыла схованкай святой.

У пэўны час з урокаў збегчы,

На беразе спакойна легчы

І паглядаць на паплавок,

Каб сом снасцей не павалок.

Бо рыба буйная была

І чыстаю цякла рака,

Трава і краскі ўздоўж буялі,

Спякотныя дзянькі стаялі...

І марыў кожны з нас, хлапцоў,

Быць лепшым з лепшых рыб лаўцоў.

* * *

Вакацыяў пара сплывала,

Заўжды нам лета не ставала,

Апошнія дзянькі лічылі -

Ніколі б у школу не хадзілі.

Але ўсяму ў жыцці пара

І час вяртацца са двара,

Бо лета мусіць завяршыцца...

За горад сонейка садзіцца,

Халодны вецер гоніць хмары

І дождж змывае нашы мары.

Дзяцінства з рэчкай уцякло -

У жыццё расчынена акно...


IV

Калі вяртаюць успаміны

З мінулага свае карціны,

То першай з іх была вайна,

Што ў кожным ранаю жыла.

* * *

Са слоў бацькоў.

Квітнела лета,

Гучала радыё Саветаў,

Непераможнасць абяцала

Ад Брэста з Мінскам - да Урала.

Нядзельны панаваў настрой.

У гімнасцёрцы, з кабурой

Мой бацька келіх падымаў, -

Дух пераможны панаваў.

Вайскоўцы ўсе адпачывалі,

Урочышчам Чырвоным звалі

Той кут, дзе аўтазавод

(Няблага ведае народ).

А блізка ўжо была бяда,

І хутка ўсё сатрэ вайна

Без літасці і без спагады.

Ну, а пакуль былі ўсе рады,

Бо мелі ў горад увальненне

І раптам - выклік, пастраенне.

Што здарылася, - толькі знаў

Над шыхтам звершны генерал.

* * *

А дзеці з жонкамі чакалі,

Абрус святочны накрывалі,

Хто ў хаце, хто і на палянцы,

Скварчэлі на патэльні дранцы...

Чакалі любых малайцоў.

...Памежнікаў лілася кроў,

А тут спакой і птушак спеў,

У кутку ў калысцы брат сапеў.

Дзяўчынкі, дзве мае сястры,

Гулялі мірна на двары,

Рыпеў на сонцы патэфон,

Мір абяцаў і ціхі сон.

* * *

Далі на зборы дзве гадзіны,

Вайскоўцаў сем'і на машыны

Грузілі, хто сабрацца змог...

Астатнім быў аховай Бог.

На дзень другі Мінск бамбавалі,

Спакойна "юнкерсы" ляталі

І неўзабаве запылаў

Гатэль "Еўропа" і вакзал.

Затым казармы і склады,

Драўляныя гараць дамы.

У храмах пачалі хавацца,

Хто не паспеў к сваім прабрацца.

Вайсковец па мамежных бітвах

Вясковым шляхам немца блытаў.

Сціскаў абдымкамі "кацёл",

З іх мала хто к сваім дайшоў.

Матуля думае застацца, -

Куды з малымі ёй падацца?

Ды неўзабаве разбамбілі

Тых, каго так хутка пагрузілі.

* * *

Наш бацька змог к сваім прабіцца.

Іх небагата са сталіцы,

Хто не патрапіў у палон,

Не склаўшы вязьняў эшалон,

Затым Маскву абараняў,

Медаль за мужнасць атрымаў,

Быў камандзірам. Танк гарэў..,

Ды выжыць у пекле тым сумеў.

Відаць, што Бог яго бярог -

Ён, камуніст, з абразкам змог

Жыць, біцца з ворагам зацятым,

Дамоў вярнуўся ў сорак пятым.

Ды тое - потым. Зараз маці,

Страх сунімаючы дзіцяці

У горад з дзецьмі паспяшала.

Там - акупацыя чакала,

Галодны сорак першы год

І ўсімі кінуты народ.


V

Касцёл Сымона і Алены,

Савецкай вуліцы "калена".

Стаяў дом нумар дзевятнаццаць,

Ён мусіў і цяпер застацца.

Фабрыка-кухня, са двара -

Жыла там нашая сям'я.

Вярнулася зноў маці ў гэты дом

З дочкамі і сынам-немаўлём,

Каб доўгіх-доўгіх тры гады

Хаваць ад гора і бяды.

Трываць нястачу, голад, здзекі…

Не дай, Гасподзь спазнаць навекі

Перажыла што той парой,

Праклятай нэндзаю-вайной.

Іх неаднойчы высялялі

І на гарышча заганялі,

Без хлеба, бульбы, без мукі…

Ім ногі грэлі пацукі

Зімы халоднымі начамі,

Бо нікуды і не ўцякалі,

Адчуўшы ўсіх бездапаможнасць,

Зусім згубілі асцярожнасць.

* * *

А за бядой ідзе бяда…

Як захварэла немаўля

І ціха стала паміраці…

Рашэнне тут прымае маці,

Каб доктара ёй дзе знайсці.

Час каменданцкі - не прайсці.

Патруль нямецкі справу знаў -

Без папярэджання страляў.

Ўначы выходзіць на дарогу,

Свой лёс аддаўшы ў рукі Богу,

Пакорна стала на калені,

Падняўшы рукі, што знямелі.

Патруль нямецкі падабраў

І доктара ўслед прыслаў.

А той, што мог, усё зрабіў,

І наш дзіцятачка ажыў.

Праз тры дні

доктар сам прыйшоў, -

Кватэру нашую знайшоў

І толькі мовіў: "Матка гуд",

Яшчэ каб дзень - "Кіндэр капут".

Перавязаўшы горла дзеткі,

Пакінуў цукар і таблеткі,

І моўчкі выйшаў з хаты ён…

Зямны матулін быў паклон.

* * *

Навошта варушыць былое,

Каму цікавае старое?

Магчыма толькі тым, хто піша,

Далёкім тым паветрам дыша…

А ўвогуле, навошта памяць?

Каб ва ўспамінах не запляміць

Мінулага прыгожы твар,

Як маляваць - ты гаспадар.

Але прыходзіш да высновы:

Пражыты дзень табою новы,

Яшчэ не без асэнсавання,

Не мае і свайго празвання.

Магчыма, ён не мае кошту…

Ў ім шмат было… Але навошта?

Пакуль пытанне без адказу,

Ў мінулым я шукаю фразу,

Адказу на сваё пытанне -

За што было выбрабаванне?

І вось прыходжу да высновы -

Каб чалавек радзіўся новы,

Прынёс за продкаў пакаянне,

Прасіў у Бога даравання

І спавядаў за іх грахі,

Што ўсім на плечы нам ляглі.


VI

Суседзіць смешнае з трагічным.

Я ўзгадаю факт камічны.

У дзень адкрыцця суседа - ГУМА

Астранамічна грошай сума

Знікае, быццам бы заколка.

Быў Новы год, стаяла ёлка.

На інкасатарскай машыне,

(І дзе яны яе здабылі?)

У строй міліцэйскі апрануты,

У галіфэ, боты абуты

Атрад прыехаў малайцоў.

Усё забраў - і быў такоў.

Праз паўгадзіны прыязджае

Машына ў цюцельку - такая ж,

А грошай тых -- і след прастыў..

Усё той злодзей разлічыў.

* * *

Гудзеў праспект пяцідзесятых,

Прыйшло шмат жулікаў зацятых,

Што ў турмы Сталін пасадзіў,

Праспект яго імя насіў.

Ды засталіся ва ўспамінах

Шмат воінаў - ахвяр нявінных

На дошках, мыліцах, калясках,

Хто танчыў, хто ў далоні пляскаў.

Усе прасілі грошай, хлеба.

Ва ўсім была ў той час патрэба,

Таму ў краме "Под часами"

Яны медалі прадавалі.


VII

Майстры былі ў лоўкай справе,

Як "калпакамі" гандлявалі.

За рогам ГУМА быў прыпынак,

"Побед" тузін стаяў адзіны,

Бо роскашшу была таксоўка.

Рабілі справу хлопцы лоўка:

Адзін - з кіроўцам размаўляў,

Другі - "каўпак" яго здымаў,

І ўміг разута было кола,

Глядзіць кіроўца - кола гола.

Кіроўцу хлопцы спачувалі,

Набыць "каўпак" прапанавалі.

І справа ўся - за тры рублі,

Яго ж "каўпак" і прадалі.

* * *

Ад хаты ды да пляца Волі

У свой час натупаўся даволі,

І ў фізкультурны дом "Спартак",

На рэчку бегаць быў мастак.

У шасцідзесятыя гады

Шмат сцежак выхадзіў туды,

Да вечаровай школы першай.

Ужо ў той час пісаў я вершы,

І марыў журналістам стаць,

Літаратурны свет спазнаць,

Бо блізкія маёй натуры

Былі азы літаратуры.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX