Папярэдняя старонка: 2009

№ 19 (910) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 19 (910) 13 ТРАЎНЯ 2009 г.


105 гадоў з дня народзінаў Паўлюка Труса

ТРУС Паўлюк [Павел Адамавіч; 23.4 (6.5). 1904, в. Нізок Уздзенскага р-на - 30.8 .1929], беларускі сав. паэт. Скончыў Менскі белпедтэхнікум (1927), вучыўся ў БДУ (1928-29). Працаваў у рэдакцыі газ. «Палеская праўда» (Гомель, 1927-28). Друкаваўся з 1923. Пры жыцці паэта выйшлі зборнікі «Вершы» (1925), «Ветры буйныя» (1927). У яго вершах і паэмах («Юны змаганец» і «Астрожнік», 1925, «Чырвоныя ружы», 1927, «Дзесяты падмурак», 1928, «Сірата Алеся», нясконч., 1925-29, і інш.) яскрава адлюстраваліся сацыяліст. пераўтварэнні ў краіне, нябачаныя раней зрухі ў чалавечай свядомасці. Выступаў у друку з агітац. вершамі (узбагаціў змест і маст.-выяўл. сродкі плакатна-агітац. верша), сатырычнымі вершамі і прыпеўкамі, гумарыст. вершаванымі апавяданнямі. Паэзія Т., асабліва ранняя, прасякнута рэв. рамантыкай. Аднак адчуваецца ў ёй пэўная абмежаванасць рамкамі маладнякоўскай паэтыкі. Светлыя фарбы, урачыста-прыўзнятыя інтанацыі, узнёслая настраёвасць вызначалі тады не толькі яго творчасць. У пошуках уласнага стылю паэт настойліва асэнсоўваў творчы досвед А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, М. Горкага, С. Ясеніна, асабліва Я. Купалы, М. Багдановіча. Па сваім светаадчуванні Т.- лірык. Менавіта з лірыкай звязаны найб. значныя яго творчыя здабыткі. Лірычны лад, душэўная ўзрушанасць вызначаюць сутнасць і яго паэм. Многія вершы і старонкі паэм Т. сталі ўзорамі лірычнага жывапісу (уступ да паэмы «Дзесяты падмурак», верш «А ў палёх, палёх...» і інш.). Лірычная публіцыстыка ў «Дзесятым падмурку» арганічна з'яднана з эпічнасцю мыслення і драм. напружанасцю.

НЕ РУСАФОБ Я ...

Я зноў хачу пра нашу мову

З табой, спагадлівы чытач,

Прадоўжыць шчырую размову,

Ты мне настойлівасць прабач.


Бо адчуваю - неадкладна

Патрэбна сёння нам з табой,

Калі сябе мы паважаем,

Узняць свой голас грамадой.


Сказаць рашуча і адкрыта

Пра той страшэнны заняпад,

Што сваё роднае ў загане,

Бо існуе такі загад.


Так, існуе, яго адкрыта

Баяцца злыдні аб'явіць,

Маўчком паўсюдна перакрыта

Магчымасць роднай мове жыць.


Чаму і як такое выйшла,

Размова іншая, павер.

Хачу, каб Гонар твой прачнуўся

Не ў нейкім "заўтра", а цяпер.


Каб зразумеў ты - наша мова

З сівых вякоў да нас дайшла,

Яна - духоўнае багацце,

Яна адметнасць нам дала.


Няхай гучыць любая мова,

Не русафоб я - бачыць Бог!

Да толькі крыўдна - беларускі

Я каляндар купіць не змог.


Дык дзе яно тваё двухмоўе,

Дзе яго роўныя правы?

Усё гэта толькі пустаслоўе

Няшчырай уладнай галавы.


Такія вось у краіне справы.

І з сумам я сцвярджаць бяруся:

Не знойдзем гэтаму управы,

Не жыцьмем годна ў Беларусі.

Фелікс Шкірманкоў, ветэран вайны, г. Слаўгарад.


Сустрэча ў сядзібе ТБМ

15 траўня 2009 г.у сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам Эрнестам Ялугіным . Пачатак у 19.00. Уваход вольны.



Выказваю шчырую падзяку сябрам , добразычліўцам , паплечнікам і ўсім , хто павіншаваў мяне з юбілеем . Анатоль Валахановіч .


А хто не ведае роднае мовы...

Нехта ад мовы сваёй адракаецца...

Прыкладу ты б з яго толькі не браў!

Ён пашкадуе яшчэ і пакаецца,

Ён зразумее - сябе абакраў...

Васіль Жуковіч.

Мне пашанцавала. Бо з першых дзён жыцця я чула жывую беларускую гаворку. Але з узрастаннем гадоў усё болей узрастала і залежнасць душы маёй ад рускай мовы. Тэлебачанне, газеты, часопісы, сябры ды родзічы, што часам наведваліся з гарадоў - усё гэта сваёй рускамоўнай хваляй вымывала са свядомасці прыцягненне роднага слова. І гэта ўсё адбывалася неўпрыкмет, дабіраючыся да глыбіняў свядомасці, выцясняючы адтуль парасткі беларушчыны. Але выпадкова (...ці не?) на занятках літаратурнага гуртка мне трапіў на вочы артыкул Вацлава Ластоўскага "Родная мова". І маё адчуванне свету стала зусім інакшым. Яно стала беларускім!

Лічу ўзгаданы твор гімнам роднай мове. Як цудоўна гэта сказана: "Душа без роднай мовы гэта кветка без каранёў, гэта разбітая скрыпка, пусты дом, напоўнены трупамі..." А трупы тыя гэта чужацкія словы, што скарыстоўваем мы ў стасунках. І так бяднее душа наша, так губляе яна радасць жыцця. Бо словы тыя фальшывыя, яны не здольныя ні думак нашых перадаць дакладна, ні пачуццяў выразіць яскрава. Сёння я не разумею, як паэт, узгадаваны гэтай зямлёй, можа пісаць аб яе прыгажосці па-руску? Душой адчуеш, што не беларус ён, а проста праходжы, што праходзячы міма, неўзнарок нешта такое заўважыў ды і напісаў пра гэта. А калі прачытаеш "Пасланне Кастуся" Ніла Гілевіча, то, ого! адразу зразумееш, што тое пісаў не "праходжы"!

Хіба не самыя справядлівыя на свеце вось гэтыя словы Вацлава Ластоўскага: "Родная мова чаруе душу, і душа рвецца да яе, бо яна калыска душы, гордасць і імя народа. Сыны народа павінны любіць і шанаваць яе, бо адна яна жывая крыніца нашага розуму, пачуццяў і семя душы нашай, яна чароўны лек і акружжа проці смерці. Толькі яе чароўная музыка мае сілу будзіць душы памершых нашых дзядоў і адкрыць перад намі бесканечнасць перажыванняў тых, каторыя радзілі нас і адышлі ў вечнасць. Іх душы жывуць у мільёнах нашых мазгавых клетак, у фібрах душы і ажываюць толькі пад гудзьбу згукаў роднае мовы.

Родная мова наша для нас - гэта музыка ўсіх пачуццяў, якія перажываў народ наш: яго болесцяў і радасцяў, голас яго сэрца і святло яго розуму..."

Хто мовы сваёй выракся, той ніколі не пачуе пошчаку нашай Пагоні, што нясецца наўскач скрозь вякі за здраднікамі народу свайго. Быць здраднікам ці не самая страшная ганьба для чалавека. А той, хто галопу Пагоні не чуе, той жывы мярцвяк, бо не мае Памяці.

Мы ўсе павінны чэрпаць з той скарбніцы, якою ёсць родная мова, сілы для жыцця і змагання, мы павінны змагацца за яе чысціню. Як заклікаў Ластоўскі: "Вы павінны вучыцца роднай мовы, старацца разумець усе адценні чароўнай яе музыкі, павінны ачышчаць яе ад злога зелля, каторае пасеяў на ніве нашай благі чалавек, калі работнікі, патомленыя днеўнай працай, спалі ўночы.

Кожны беларус павінен болей чым іншыя народы, старацца ачышчаць родную мову ад чужых слоў і зваротаў, бо найміты цемры шукаюць душы нашай, каб забіць яе, і затручваюць атрутай крыніцы, скуль п'е душа наша..."

Аднаму не па сілах справа адраджэння. І двум, і тром... А вось калі ўсе разам! Менавіта такою выдатнаю справаю, што дапамагае нам адчуць далучанасць да агульнай справы, зразумець усе адценні чароўнай музыкі роднай мовы, і ёсць правядзенне Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Для нашага калектыву гэта своеасаблівы тэст на патрыятызм. Гэта справа гонару, адчуванне з'яднанасці з тымі, каму не абыякавы лёс роднай мовы. Гэта агульная справа, якой не ёсць перашкодаю адлегласць, узрост. Марым, каб гэта адбывалася і ў наступныя гады. І абавязкова тэкстам павінен быць абраны твор Вацлава Ластоўскага "Родная мова". Хай яго словы крануцца душы кожнага свядомага беларуса! Бо і асоба, і лёс гэтага выдатнага чалавека ёсць прыкладам служэння беларускай ідэі.

Хай кожнага прымусяць задумацца гэтыя словы Ластоўскага: "А хто ня знае роднае мовы, не годзен звацца Сынам Народа".

Крысціна Баравік, старшыня Рады гісторыка- патрыятычнага клуба "Спадчына", в. Дварэц Дзятлаўскага раёна.


Беларусі патрэбна беларускамоўнае тэлебачанне

Сп. У.У. Макею

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб стварэнні беларускамоўнага дзяржаўнага канала

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

У адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у нашай краіне існуюць дзве дзяржаўныя мовы. У адпаведнасці з ёй і рэферэндумам 1995 года як мінімум палова дзяржаўных тэлеканалаў павінна транслявацца па-беларуску. У якасці прыкладу можна прывесці дзяржаўнае тэлебачанне Казахстана.

Аднак у нашай краіне, дзе пераважную колькасць насельніцтва складаюць беларусы, а больш за паўмільёна небеларусаў на апошнім перапісе назвалі роднай мовай беларускую, беларускамоўныя тэлеканалы адсутнічаюць.

Сёння па тэрыторыі суверэннай Рэспублікі Беларусь ні ў поўным, ні ў пашыраным пакеце каналаў тэлевізійных інфармацыйных сетак няма ніводнага каналу на беларускай мове. Доля беларускамоўных перадач на дзяржаўных тэлеканалах мізэрная і працягвала змяншацца ўсе апошнія гады, напрыклад "Навіны" на розных каналах.

Гэта прыводзіць да таго, што грамадзяне не маюць магчымасці існаваць у цэласнай беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы. Асабліва ўплывае гэта на дзяцей. Амаль не транслююцца мультыплікацыйныя фільмы, адукацыйныя перадачы, мастацкія фільмы, шоў на беларускай мове. У выніку адбываецца дэ-факта прымусовая русіфікацыя нават тых школьнікаў, што навучаюцца ў беларускамоўных школах і паходзяць з беларускамоўных сем'яў. ІІрацяг такой палітыкі прывядзе да трагічных наступстваў для беларускай мовы і культуры.

Дадзеная сітуацыя пярэчыць Канстытуцыі Беларусі і парушае права беларусаў на захаванне ўласнае ідэнтычнасці.

Толькі цэласнасць і паўнавартаснаць інфармацыйнае прасторы на адпаведнай мове ёсць адзінай гарантыяй захаванмя гэтай мовы.

У сувязі з гэтым Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", просіць Вас стварыць на базе аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў цалкам беларускамоўны канал з прыцягненнем на яго беларускамоўных журналістаў і творчых супрацоўнікаў з усёй краіны, а таксама даць акрэдытацыю польскаму беларускамоўнаму тэлеканалу "Белсат".

3 павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве інфармацыі сумесна з зацікаўленымі структурамі разгледжаны Ваш зварот, накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

1. Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з'яўляюцца беларуская і руская.

Згодна з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" масавая інфармацыя можа распаўсюджвацца на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і іншых мовах.

Такім чынам, вядучыя рэспубліканскія тэлеканалы рыхтуюць свае праграмы на дзвюх мовах. У прыватнасці, на "Першым канале" Белтэлерадыёкампаніі на беларускай мове выходзяць: тэлепраграма "Існасць", цыклы дакументальных фільмаў "Эпоха", "Зямля беларуская", част- кова -- інфармацыйна-забаўляльная праграма "Добрай раніцы, Беларусь!". Многія сюжэты інфармацыйных выпускаў "Панарама", "Панарама тыдня", "Навіны", "Навіны рэгіёна" рыхтуюцца таксама на беларускай мове.

На тэлеканале "Лад" Белтэлерадыёкампаніі каля 40% перадач прадстаўлены на беларускай мове: выпускі навін, тэлепраграмы "Спявай, душа, bу", "Калыханка", "Тэлебарометр", "Слова пісьменніка", "Навіны культуры", спецпраекты "Лабірынты", "Прытулак душы" і іншыя. На тэлеканале "АНТ" стартаваў новы праект на беларускай мове "Песні маёй краіны".

На тэлеканале "Сталічнае тэлебачанне" беларускамоўныя праграмы складаюць каля 20% ад агульнага аб'ёму вяшчання ("Міншчына", "Відзьма-нявідзьма", "Новыя падарожжы дылетанта"), а таксама сюжэты ў блоках навін.

Адносна прапановы стварыць на базе аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў цалкам бела-рускамоўны канал паведамляем.

У дадзены час у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пяць агульнанацыянальных тэлекана-лаў -- "Першы канал", "Лад", "Агульнанацыянальнае тэлебачанне", "Сталічнае тэлебачанне", міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь-ТВ", а таксама тэлеканалы "НТВ-Беларусь" і "РТР-Беларусь". Кожны тэлеканал мае сваю адметную ад іншых канцэпцыю вяшчання і глядацкую аўдыторыю. Стварэнне новага канала на базе аднаго з іх непазбежна прывядзе да зменаў на інфармацыйным полі краіны, а таксама стане прычынай немалых фінансавых выдаткаў. Ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу ставіць пытанне аб стварэнні новага канала лічым заўчасным.

2. Што тычыцца акрэдытацыі тэлеканала "Белсат", то дадзенае пытанне неабходна вырашаць ва ўстаноўленым парадку з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

3 павагай, Міністр У.В. Русакевіч.


Старонкі нашай мінуўшчыны

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Расіі. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў.

Кніга «Старонкі нашай мінуўшчыны» - зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы і падзеі нашай гісторыі, пачынаючы ад Беларуска-Літоўскай дзяржавы (XIV ст.) да нашага часу.

Артыкулы напісаны грунтоўна і займальна і будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў - ад аматараў гісторыі да навукоўцаў. Некаторыя з артыкулаў друкаваліся раней у "Нашым слове". Кнігу можна знайсці ў сядзібе ТБМ.

ЗВЕСТКІ ПРА АЎТАРА

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч (нар. 31.01.1929, Менск), беларускі гісторык. Скончыў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950), Менскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (завочна, 1958). Некалькі гадоў працаваў лекарам на Беларускай чыгунцы. У 1959-1975 гг. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, з 1975 г. працуе ў Менскім інстытуце культуры (з 1992 г. - Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1975-2006 гг. загадваў кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства, з 2006 г. - прафесар кафедры. У 1996-2000 гг. узначальваў недзяржаўны Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (да яго закрыцця ўладамі).

Доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987), правадзейны сябар Міжна-роднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровы сябар МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябар Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства (з 1990), ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровы сябар культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».

Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (19 кастрычніка 1988 г.) і Таварыства беларускай мовы (1989). Прэзідэнт МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ў 2001-2005 гг.

Даследчык гісторыі Беларусі феадальнага перыяду, прыватнаўладальніцкіх гарадоў на Беларусі і Літве, гістарыяграфіі Беларусі. Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі беларускай шляхты (у т. л. Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі) і ўласнага радаводу. Даследаваў (яшчэ з савецкіх часоў) гісторыю праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай цэркваў, пратэстантызму - упершыню ў беларускай гістарыяграфіі.

Даследуе гісторыю нацыянальна-вы-звольнай барацьбы беларускага народа ў 1918-1920 гг. Упершыню ў гістарыяграфіі Беларусі навукова даследаваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну і паходу генерала С. Н. Булак-Балаховіча на Палессе. Аўтар гістарычных нарысаў па гісторыі Слуцка і Случчыны, адкуль паходзіць яго род.

Даследуе гісторыю расійска-польскай вайны 1919-1920 гг.

Аўтар 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях.

У 2008 г. узнагароджаны дыпломам «Пшэглёнду Всходнего» імя Аляксандра Гей-штара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступае на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.


Рыхтуецца новае выданне

УП "Народная асвета" рыхтуе да выдання "Слоўнік сучаснай беларускай мовы". Усе, хто хацеў бы набыць гэтую кнігу, могуць прыслаць свае заяўкі на адрас:

г. Мінск, 220004,

пр. Пераможцаў, 11.

Выдавецтва "Народная асвета".

Прапануем яго анатацыю.

Завальнюк У., Прыгодзіч М., Раманцэвіч В. Слоўнік сучаснай беларускай мовы. Правапіс. Націск. Вымаўленне. Словазмяненне. - 400 с. - На беларускай мове. - Вокладка мяккая. - Тыраж____экз.

Слоўнік падрыхтаваны з улікам новых правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія пачнуць дзейнічаць з 1 верасня 2010 г. у адпаведнасці з Законам "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".

Прапанаваная кніга ўяўляе сабой агульнадаступны слоўнікдаведнік, арыентаваны найперш на школьную практыку, што і прадвызначыла адбор лексічнага матэрыялу і характар яго падачы. У слоўнік уключана лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы, у тым ліку складаныя словы і злучэнні слоў, некаторыя геаграфічныя назвы зямнога шара, назвы пэўных гарадоў і мясцовасцяў, найбольш ужывальныя прыметнікі, утвораныя ад гэтых назваў. Прыводзяцца таксама спецыяльныя назвы і выразы, а таксама складанаскарочаныя словы, якія асабліва шырока сустракаюцца пры вывучэнні тых ці іншых школьных дысцыплін, выкарыстоўваюцца ў сродках масавай інфармацыі. У даведнік уключаны некаторыя словы размоўнага стылю, пэўная колькасць слоў устарэлых і рэгіянальных, якія пашыраны ў мове мастацкай літаратуры. Прадстаўлена таксама лексіка прафесіянальная, рэлігійнаканфесійная, спецыяльная тэрміналогія, звязаная з канкрэтнымі школьнымі дысцыплінамі. У якасці дадатку прапануюцца асабовыя імёны (мужчынскія і жаночыя), словы і звароты ветлівасці.

Прапануемы слоўнік адлюстроўвае нарматыўнае напісанне, якое адпавядае сучасным правілам граматыкі беларускай мовы. У асобных выпадках прыводзяцца варыянтныя формы, у тым ліку і размоўныя, што ўвайшлі ў шырокі літаратурны ўжытак.

Кожнае слова, за выключэннем аднаскладовых, суправаджаецца націскам, які ў іншых склонавых формах можа мяняць сваё месца.

Да кожнага слова і іх формазмяненняў (пры наяўнасці асімілятыўных з'яў) у квадратных дужках транскрыбіруюцца вымаўленчыя нормы.

Слоўнік прызначаны для школьнікаў, настаўнікаў, студэнтаў і ўсіх, хто дбае пра чысціню і выразнасць роднай мовы. Кніга будзе выдадзена ў адпаведнасці з колькасцю ўказаных паасобнікаў у заяўках. Пры наяўнасці тыражу ў тры тысячы кошт кнігі будзе складаць прыкладна 17 800 руб.

Валянціна Раманцэвіч.


МІНСКАЯ ЗЯМЛЯ

Алесь Клышка

(Заканчэнне. Пач. у пап. нумары.)

VIII

Было так вечарам, а ранкам,

Сну перадолеўшы прыманку

На працу цяжкую спяшаўся -

Мантажнай справаю займаўся.

Новабудоўлі той пары -

Зялёны Луг, раён "Шары".

Вучыўся грошы зарабляць,

Сваёй сям'і дапамагаць.


Мой родны горад - усё знаёма -

Да кожнага, здаецца, дома.

Усё мне сэрца сагравала -

Ад Камароўкі да вакзала.

Як мы хадзілі на Нямігу, -

Гісторыі чыталі кнігу,

Сябе ў тым часе ўяўлялі,

У вайнушку па дварах гулялі.

Хто мог уявіць, што праз гады…

Не перажыць мне той бяды,

Бо не знайсці куточак той,

Злачыннай знішчаны рукой.

І зараз, калі час прайшоў,

Адказу так і не знайшоў.

Каму спатрэбілася гэта?

Як вырваць сэрца ў паэта, -

Так замахнуцца на святое,

Хто здзейсніць змог бяздушша тое,

Гісторыю сваю ўзарваць

І Герастратам мінскім стаць.


IX

Адным з найпершых будаваўся

Дом, што "над Лакомкою" зваўся.

Шмат хто з славутых жыхароў,

Прытулак свой у ім знайшоў.

Станюта, Клімава, Бачыла -

Іх Беларусь не пазабыла.

Уладамірскага сям'я -

Ўсіх сустракаў і ведаў я.

Ужо тады стары Корж-Саблін,

Хваробамі, хоць і аслаблы,

Руплівец нашага кіно,

Каб і ў нас не горш было.

Мікола Варвулеў - спявак,

Заслужаны артыст-мастак,

Пазней Украіны сталіца

Магла ім важна ганарыцца.

Жыновіч - слынны цымбаліст,

Сапраўдны майстар і артыст,

Ансамбль вядомы заснаваў…

На тых канцэртах я бываў.


Цяпер, амаль праз паўстагоддзя, -

(Імклівы час не палагодзіш),

Нікога з іх няма ў жывых,

Ні маладых, ані старых.

* * *

Аднойчы летняю парою

Унучку ўзяў гуляць з сабою,

У двор знаёмы завітаў,

Пад'езд і дом свой паказаў.

Ёй распавёў аб нашых гульнях,

Куточках родных і ўтульных.

Вось там квітнеў вішнёвы сад,

У ім хаваўся наш атрад.

На клумбах кветкі палівалі,

Садзілі іх, а не зрывалі,

Сваім дваром мы ганарыліся,

Бо тут калісьці нарадзіліся.

І зноў я чую патэфон,

Спяваў ён пра вячэрні звон,

Суседзі часам падпявалі,

Старыя "на пасту" драмалі.

Павольна памяці рака

За далягляды адцякла.

Свой завяршыўшы распавед

З унучкай ціха плакаў дзед.


Х

Калі вяртаўся з вандраванняў

Чакаў, як з любаю спаткання,

Прыспешваючы свой цягнік.

Вось - за вакном і Мінск узнік,

Знаёмыя яго абрысы

І дарагія сэрцу рысы.

Што з Вільні,

што з Масквы вяртаўся,

Заўжды ён лепшым падаваўся.

А Вільня, ды пра што гаворкі -

Культурны цэнтр, а не задворкі.

І то старонка Беларусі,

Я гэтым толькі ганаруся,

Што Мінска лёс не падзяліла,

У віхурах скарб не спапяліла.

Са старадаўнімі мурамі,

Касцёламі, манастырамі

Стаіць, бо новы гаспадар

Гісторыі не знішчыў твар,

Не зруйнаваў, не пхнуў у яму

Віленскі брук і Востру браму.

* * *

Прабегла ўсё: дзяцінства, школа,

А Мінск тамтэйшы без футбола

Цяпер нам проста не ўявіць,

Ад тых часоў не аддзяліць.


XI

Там, дзе Рэспублікі палац,

Быў брукаваны вольны пляц.

За ім пасаджан сад цудоўны,

Разбіты парк - утульны, роўны.

З усіх куточачкаў Зямлі

Ў ім дрэвы розныя раслі.

І мінчукі з дзяцьмі гулялі,

А рэпрадуктары спявалі.

Бліжэй к праспекту - пастамент,

Што на вачах быў знішчан ўшчэнт.

Два дні ўзрывалі, пілавалі -

І помнік Сталіну зламалі.

Каб праз гады ўсё тут змяніць

І пантэон сабе зрабіць.

Камуністычнай славы гмах

На мінакоў наводзіў страх.

Палац з гадамі дарабілі,

Нібы, прыстойнае ўчынілі.

Цяпер узяліся за музей

Вайны мінулай калізей.

Рупліўцы доўгімі гадамі

Тых бітваў памяткі збіралі,

У гонар тых, каго забілі,

Каб іх нашчадкі не забылі.

Каму ж магла прыйсці ідэя -

Гатэль са шкла - замест музея,

Не ўлічыўшы й той аспект, -

Разрэзан будзе ім праспект.


Вось так павольна і няспешна

Мінск будзе знішчаны дарэшты.

Замест высокага ампіру

Свой горад аддамо вампіру.

Імя яму адно - даляр,

Ён сёння ў свеце гаспадар.

Нішто прад ім - архітэктура

І старадаўняя культура.

* * *

Усё ідзе ад каранёў,

Ад родных вёсак і палёў,

Бацькоўскай хаты, роднай мовы -

Тым толькі нацыя здарова.

Хто ганарыцца краем родным, -

Той па жыцці ідзе свабодна.

Падмуркі, камяні святыя

Ніколі вораг не адніме,

Бо гэта - спадчына бацькоў

І продкаў нашых - мінчукоў,

Тых, хто наш горад заснаваў

І за З Я М Л Ю

жыццё паклаў.


"Люстэрка" Тодара Копшы

10 красавіка ў сядзібе БНФ творчая суполка "Пагоня" БСМ прэзентавала юбілейную выставу мастака-нонканфарміста Тодара Копшы, прысвечаную яго 70-годдзю. Крыху раней больш шырокая выстава твораў Тодара Копшы дэманстравалася ў фальварку "Добрыя мыслі". Мастак нарадзіўся ў 1939 г. у Прапойску (цяпер Слаўгарад Магілёўскай вобласці).

Трэба адзначыць, што творчасць многіх нацыянальных мастакоў, у тым ліку і Тодара Копшы, знаходзілася і знаходзіцца ў цені прызнаных уладамі БССР і Рэспублікі Беларусь мастакоў, якія карысталіся стылістыкай сацрэалізму і тэматычна адлюстроўвалі дзяржаўную ідэалогію. А Тодар Копша у той час спасцігаў еўрапейскія плыні ў мастацтве, а перадусім яго вабіла творчасць тагачасных авангардыстаў.

З часоў вучобы у мастацкай вучэльні імя А. Глебава Тодар захапляўся стылістыкай мадэрну, сюррэалізму, кубізму. Пазней ён не цураўся і таго ж традыцыйнага ў БССР рэалізму. На выставе гэтая стылістыка праглядаецца у палотнах "Выгнанне з раю", "Лік", "Ля возера".

Аб праявах стылістыкі кубізму, характэрнай для Віцебскай школы жывапісу ў 20-30-я гады, сведчаць такія творы, як "Структура-II", "Прамень", "Піраміда" і інш.

Цытатай сюррэалізму ўяўляецца карціна "Люстэрка". Традыцыйны рэалізм спалучаецца са стылістыкай сюррэалізму ў маштабным па змесце і памерах палатне "Паэты 37-га года". У дынамічна пабудаванай кампазіцыі падзеі адбываюцца абапал рэзкай дыяганалі, размешчанай знізу правага вугала ўверх левага краю палатна. На пярэднім плане ў парыве змагання "за лепшую долю" і з косамі ў руках рэалістычна выпісаны светлыя вобразы ўяўных маладых беларускіх паэтаў, як вядома, выхадцаў з асяроддзя сялян. А на заднім плане, у нізіне, скрозь балотны туман праглядаюцца сюррэалістычна выгнутыя аголеныя целы мола-дзі, якая як звычайна займаецца ўласцівай ёй справай - каханнем... І ўсё гэта адбываецца пад цёмным небам на фоне рэальна выпіса-ных цёмнакарычневых земляных барознаў пярэдняга плану. Каларыстычна падкрэслены цяжкія часы для жыхароў БССР, у першую чаргу - творчай інтэлігенцыі.

Як ужо адзначалася ў духу сюррэалізму ўспрымаецца і неардынарна пабудаваная стрэлападобная кампазіцыя - працягнутая над зямлёй у глыб неба рука, што трымае люстэрка, а ў ім адлюстравана дэфармаванае пакутамі раздваенне твару светлага на фоне чырвонага. Пакутлівая энергетыка гэтай карціны асэнсавана ўспрымаецца гледачом і надоўга запамінаецца.

На першы погляд, падаецца, што творы Тодара Копшы абстрагаваны ад грамадскіх падзей, бо іх змест зашыфраваны пад просценькімі лаканічнымі назвамі : "Піраміда", "Пераход у зону "Х", "Пеўні", "Рукі", "Кампазіцыя". Расшыфроўку яго алегарычных па змесце карцін мастак даручае гледачу, і разлічвае на яго дасведчанасць і кемлівасць. Напрыклад, кубістычная па стылю карціна "Пераход у зону "Х", у якой шэрыя і рэзка выгнутыя востра асіметрычныя лініі прыкрываюць чырвоны фон уяўнай зоны "Х", мною былі ўспрыняты як пакуты вязняў савецкага ГУЛАГу.

Адлюстраванне тэмы змагання за лідэрства ў стане апазіцыянераў-аднадумцаў праглядаецца ў каларыстычна разнастайнай кампазіцыі "Пеўні".

Як намёк на паразу БНР у змаганні за незалежнасць Беларусі можна дэшыфраваць кубістычную па стылістыцы карціну "Піраміда", у якой выбудаваная бел-чырвона-белая піраміда сваім вастрыём рэзка схілена долу нябачнай сілай.

Гімн жанчыне, якая займаецца спрадвеку ткацтвам, прачытваецца ў карціне "Рукі". Тут уверсе на фоне змрочнага, як жыццё беларускай сялянкі, каларыту, які ўнізе ўсё ж святлее, дакладна і замілавана выпісаны жаночыя далоні з вытанчанымі пальцамі на фоне шматкоў тканіны і рознакаляровых нітоў.

Алегарычны, шматслоўны змест некаторых карцін, напрыклад, прывабна загадкавая "Кампазіцыя" уяўляе цэлае апавяданне, якое вельмі цяжка прачытаць, нягледзячы на рэалістычна трактаваныя партрэтныя вобразы адной і той жа жанчыны ў розныя гады яе жыцця. Не ўратоўваюць нават і надпісы на лаціне.

Неабходна яшчэ адзначыць, што значнае месца ў творчасці жывапісца займае тэхніка калажу, якую Тодар Копша шырока і паспяхова выкарыстоўвае.

На выставе гэты кірунак прадстаўлены маштабнай карцінай "Калаж". У ёй мастак вельмі вобразна адлюстраваў побыт сучасных людзей, выкарыстоўваючы звычайныя рэкламныя ілюстрацыі з газет і часопісаў.

Агледзеўшы цікавую невялічкую выставу прыходзіш да вываду, што Тодар Копша па-філасофску адлюстроўвае ўсе цікавыя і знакавыя падзеі і факты з жыцця беларускага грамадства праз канкрэтныя, а часцей праз алегарычныя, вобразы. Яго выстава не пакідае гледача абыякавым і змушае задумацца.

Хочацца пажадаць Тодару яшчэ шмат год радаваць гледачоў сваімі алегарычнымі творамі, напісанымі і створанымі ў рознай стылістычнай манеры і ў розных тэхніках. Выдатны талент мастака прасочваецца ва ўсіх гарманічна сінтэзаваных кампазіцыях.

Мая Яніцкая.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX