Папярэдняя старонка: 2009

№ 22 (913) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 22 (913) 3 ЧЭРВЕНЯ 2009 г.


А ў нас Радзівілы...

На мінулым тыдні Беларусь наведалі прадстаўнікі знакамітага княжацкага роду Радзівілў. Прыехала 10 чалавек. Найстарэйшая з іх 92-гадовая Альжбета Радзівіл, якая жыла ў Нясвіжскім замку яшчэ да вайны. Альжбета Марыя дачка перадапошняга афіцыйнага нясвіжскага ардынанта Антонія Альбрэхта Вільгельма Радзівіла і плямянніца апошняга афіцыйнага ардынанта Леана Ўладзіслава Радзівіла.

Радзівілы ХХ стагоддзя годна неслі векавечнае званне адданых патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны. Усім вядома беларуская дзейнасць Марыі Магдалены з Завішаў Радзівіл. Бацьку Альжбеты - Альбрэхта Радзівіла - у беларускіх справах згадваюць рэдка, а менавіта Антоні Альбрэхт Вільгельм Радзівіл, які быў асабіста знаёмы з кайзерам Германіі і аўстрыйскім імператарам, у 1918 годзе разам з Раманам Скірмунтам па даручэнні Рады БНР узначаліў дэлегацыю ў Берлін і Вену дзеля прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 1926 годзе Альбрэхт Радзівіл прымаў у Нясвіжы Юзафа Пілсудскага і 45 крэсавых "зуброў". Польшча была вельмі занепакоена гэтай сустрэчай. Англійскія газеты пісалі пра магчымасць абрання Альбрэхта Радзівіла каралём Польшчы.

Пасля смерці Альбрэхта ў 1935 г. наступным ардынантам нясвіжскім стаў яго брат Леан, які быў захоплены 17 верасня 1939 г. у савецкі палон. Мусаліні вымяняў яго ў Сталіна на лідара італьянскіх камуністаў Пальміра Тальяці.

Падчас нямецкай акупацыі жока Леана Вольга прыехала ў Беларусь і прыпынілася ў Радзівілмонтах, дзе была захоплена савецкімі партызанамі. Але камандзір партызанскага атрада, даведаўшыся, хто яна такая, загадаў адпусціць княгіню і нават папрасіў прабачэння "за перажытае хваляванне". Вось як на самай справе выглядала славутая "народная нянавісць да князёў прыгнятальнікаў".

Падчас сёлетняга візіту Радзівілы наведалі тыя самыя Радзівілмонты, Мір, іншыя знакамітыя месцы Беларусі і, каешне ж, Нясвіж.

Усюды па Беларусі Радзівілаў сустракалі з вялікай прыязнасцю. Пеарад нясвіжскім касцёлам Радзівілаў сустракалі каля 500 чалавек, у касцёле для Альжбеты паставілі спецыяльнае крэсла, якое людзі тут жа назвалі тронам. Улады Нясвіжа наладзілі ў гонар Радзівілаў ганаровы абед.

І яшчэ адна крэска, якая характарызуе адносіны да Радзівілаў у Беларусі. Калі яны пад'язджалі да менскага аэрапорта, дарогі аказаліся перакрытыя, сядаўся самалёт з Пуціным.

- Паслухайце, у нас Радзівілы, - сказаў кіровец ДАІ-шніку, - у іх зараз самалёт.

- Праязджайце, - прамовіў ДАІ-шнік і прапусціў увесь картэдж.

Ну вось так, у іх Пуцін, а ў нас Радзівілы.

Наш кар.


У Полацку праспект Карла Маркса пераназвалі ў праспект Францішка Скарыны

Францішак Скарына прыйшоў на змену Карлу Марксу ў Полацку. Полацкі гарадская Савет дэпутатаў у пярэдадзень святкавання 1147-годдзя горада вырашыў пераназваць праспект, які носіць імя аўтара "Капіталу", у гонар свайго выхадца і беларускага кнігадрукара, распавяла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Полацкага гарсавета Вольга Ждановіч.

Рашэнне аб новай назве праспекта было прынята пасля шырокага абмеркавання і на падставе апытання грамадскай думкі. Гараджане аднадушна выказаліся за ўвекавечванне памяці свайго земляка. "Мы ніякім чынам не прымяншаем ролю Маркса ў сусветнай філасофіі і эканоміцы, але імя Скарыны дорага не толькі палачанам", - падкрэсліла Вольга Ждановіч. Дарэчы, вуліцы Леніна і Энгельса ў Полацку засталіся.

Сучасны Полацак уяўляе прыклад паважлівага стаў-лення да сваіх знакамітых выхадцаў. Ім усталёўваюць помнікі, у іх гонар называюць вуліцы. Усяслаў Брачыслававіч (Чарадзей), Еўфрасіння Полацкая,Францішак Скарына, Сімяён Полацкі, генерал і абаронца Порт-Артура Раман Кандраценка - вось далёка не поўны пералік гістарычных асоб, чые імёны не забыты ў горадзе.

У хуткім часе ў Полацку з'явіцца помнік дойліду Іяану - аўтару Спаса-Праабражэнскай царквы Ефрасіннеўскага кляштара, вуліца ў новым мікрараёне таксама будзе названая ў яго гонар. У пярэдадзень святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Полацку будзе ўшанавана па-мяць гераічных абаронцаў горада салдат і афіцэраў 22-й арміі, якія ў чэрвені-ліпені 1941 года 21 дзень стрымлівалі націск ворага. У верасні адкрыецца бюст заснавальніку беларускага кіно, савецкаму рэжысёру і сцэнарысту Юрыю Тарычу, які нарадзіўся ў Полацку.

Дыяна Курыла.


Мастоўскія камунальшчыкі гатовыя вывешваць беларускамоўныя шыльды

Дэпутат Мастоўскага райсавету Зміцер Кухлей атрымаў адказ ад кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мастоў на свой зварот у якім спытаў чаму шыльды з назвамі вуліцаў вырабляюцца выключна па-руску.

Па словах дырэктара жыллёва-камунальнай службы Сяргея Фралова «Закон аб мовах» не вызначае прыя-рытэтнасць моваў напісання шыльдаў.

Аднак мастоўскія камунальшчыкі паабяцалі пры-няць да ведама просьбу дэпутата райсавета і наступным разам замаўляць ужо беларускамоўныя шыльды.

Задаволіў адказ камунальнай службы і дэпутата Кухлея :

- Калі сёння ідзеш па Мастам, то можа з'явіцца ўражанне што знаходзішся ў нейкай далёкай расейскай глыбінцы, таму што няма практычна ніводнай беларускамоўнай шыльды. Таму можна сказаць, што ў цяперашняй сітуацыі адказ мяне задаволіў, так як жыллёва-камунальная гаспадарка паабяцала ўлічыць што мы усё ж такі жывем у Беларусі і набываць у будучым беларуска-моўныя шыльды.

Радыё Рацыя.


Аляксандр Рыбак спрабуе размаўляць па-беларуску

У Менску прайшоў адзін з фінальных этапаў конкурсу "Новыя галасы Беларусі". Пад адным дахам - маладыя таленты, удзельнікі конкурсу і зорныя артысты. Па запрашэнні тэлеканала АНТ у Менск прыехалі Людміла Гурчанка, Мікалай Гнацюк і пераможца "Еўрабачання-2009" Аляксандр Рыбак. Яны не толькі запалялі залу сваімі хітамі, але і, быць можа, запаляць новыя зоркі, бо нараўне з нашымі музычнымі экспертамі ацэньвалі выканаўцаў.

Канцэрт выліўся ў сапраўды грандыёзнае шоў. Мора музыкі і мора апладысментаў. Мора дадатных эмоцый і мора перажыванняў за кулісамі. Зала поўная. І вось выступы - 24 нумары. Многія з іх беларускамоўныя. Сапраўдныя артысты: і на сцэне добра трымаюцца, і радуюць вакалам. Ну, што гаварыць, праведзеная каласальная праца - ад кастынгаў да стварэння вобраза кожнаму выканаўцу. Лепшых можна будзе ізноў пачуць у Мірскім замку і на "Славянскім базары".

У самым канцы на сцэну выйшаў Аляксандр Рыбак. Ён выканаў "Купалінку", сказаўшы, што ў дзяцінстве гэтую песню яму спявала мама. Прагучаў і яго еўрапейскі шлягер.

Аляксандру ў апошнія дні на многае не ставала часу, але ён знайшоў хоць жменьку, каб вывучыць нешта па-беларуску. "Вялікі дзякуй за падтарымку", - прамовіў ён у самым канцы, звяртаючыся да Беларусі.

Вялікі дзякуй, Аляксандр, і за "Купалінку", і за гэтыя некалькі беларускіх словаў.


ДАДАТАК ДА СЛОЎНІКА

Гэты артыкул варта лічыць працягам папярэдняга «Пра тое, што не трапіла ў слоўнік», змешчанага ў «Нашым слове» (№ 14). Нагадаем, што ў ім ішла размова пра мой двухтомны «Слоўнік фразеалагізмаў» (Мінск: БелЭн, 2008), у які, па не залежных ад мяне прычынах, некаторыя фразеалагізмы зусім не ўключаны, а даволі многія пададзены без апраўдальных ілюстрацыйных прыкладаў. Паўтаруся, што хацелася б, каб хоць частка прыкладаў, апушчаных рэдакцыяй, але ў навуковых мэтах крайне неабходных на адпаведных старонках слоўніка, не прапала бясследна; таму і спадзяюся на іх захаванне праз публікацыю ў «Нашым слове».

Далей, апрача пададзеных у папярэднім артыкуле, змяшчаюцца выразы, якія ў слоўніку толькі характарызуюцца з семантычнага, гра-матычнага і стылістычнага боку, але не ілюструюцца. У якасці ілюстрацый падаём толькі па адным прыкладзе.

Абліванне граззю каго (= несправядлівае абвінавачванне, незаслужанае зневажэнне). Масей Сяднёў як мага стараўся быць нейтральным да бакоў, што змагаліся між сабой, не займаўся паклёпніцтвам і абліваннем граззю свайго непрыяцеля («ЛіМ»).

Адзін да аднаго (= зусім аднолькавыя; часцей пра якія-небудзь непрыемнасці). На беларускую справу на Беларусі заўсёды не ставала сродкаў. Не ставала на пачатку стагоддзя, гэтак не стае і зараз на самым канцы яго - сітуацыя з выданнем беларускай кнігі амаль тая ж, ці не адзін да аднаго (М. Гіль).

Ад яйца пачынаць (пачаць) (=з самага пачатку). Я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю... На-прыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ад яйца, паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве (У. Арлоў).

Біццё бібікаў (= гуль-тайства, бяздзейнасць). Алесь Лявонавіч, відаць, з ці-кавасці да магчымага сюжэта, а я проста ад працяглага біцця бібікаў выказалі пажаданне аз-наёміцца з статутам і мэтамі казацкае вольніцы (М. Скобла).

Бурыданаў асёл (= крайне нерашучы чалавек, які хістаецца, вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі). [Кардонскі:] Я зусім у органы не збіраўся, мяне накіраваў райком камсамола. Бо сам як бурыданаў асёл... Стаяў на раздарожжы, не ведаючы, што выбраць: ці дарагую мне гісторыю, ці такую ж літаратуру, ці журналістыку (С. Дубавец).

Валтасараў баль (= вясёлае, легкадумнае існаванне каго-небудзь у бядотную для іншых часіну). Робіцца гэта ўсё ў дагоду і па камандзе тых сіл, якія ладзяць валтасараў баль... (М. Скобла).

Выкідвацца за борт (= адхіляцца як непатрэбнае, непрыдатнае). Цяпер жа, калі адроджаная беларуская гісторыя выкідваецца за борт, калі ўсё вяртаецца на кругі свае, ход развіцця шмат якіх падзей зноў падаецца неаб'ектыўна і тэндэнцыйна, у духу бальшавіцкіх ідэй... («Наша слова»).

Выпростваць спіну (= пазбаўляючыся пасіўнасці, абыякавасці, пачынаць дзейнічаць на поўную сілу сваіх здольнасцей, магчымасцей). Пад сатрапаўскім ціскам мяк-кіх ічыгаў Сталіна, якія з замілаваннем апяваліся ў многіх мастацкіх творах, не толькі нашаму народу цяжка было выпрастаць спіну (С. Закон-нікаў).

Гайкі закручваюцца (= строгасці ўзмацняюцца, патрабаванні павышаюцца). Як адзначаюць сведкі, гайкі палітычнага ўціску ў Туркменістане закручваюцца ўсё тужэй. І пакутуюць ад рэпрэсій не толькі самі «арганізатары» замаху, але і іх сваякі («Народная воля»).

Забіць у званы не паглядзеўшы ў святцы (= распачаць што-небудзь недарэчы, не разабраўшыся ў чым-небудзь). [«Нашай ніве»] у віну выстаўлялася тое, што яна быццам бачыла свой народ адзіным, бяскласавым мужыцкім народам і гэтым самым затушоўвала класавыя супярэчнасці, што было ў інтарэсах эксплуататарскіх класаў, выразніцай якіх нібыта з'яўлялася газета. Аднак гэтыя «знаўцы», што называецца, «забілі ў званы не паглядзеўшы ў святцы» («Полымя»).

Завысока ляцець (= трымаць сябе высакамерна, фанабэрыста). [Клара:] Так што, дружа, падцягніся, а не... жалезны савецкі дзяркач зро-біць інакш. [Лось:] Дзевачка, завысока ляціш (У. Галубок).

Затыканне рота (ра-тоў) = забарона свабодна выказваць свае думкі). Пасля многіх гадоў маўчання, затыкання рота і цэнзуры плаціны прарываюцца і бурныя, ма-гутныя, паўсюдныя плыні слоў заліваюць усё (В. Быкаў); Для нас карціна злачынства ўвогуле ясная. Як ясная і мэтанакіраваная палітыка па «затыканні ратоў»... (П. Шарамет).

Звядзенне канцоў з канцамі (= пераадольванне якіх-небудзь перашкод, узгад-ненне розных бакоў чаго-небудзь). Уладамі было дадзена бязглуздае тлумачэнне: маўляў, плошча была перайменавана, а на перайменаванне станцыі рашэння няма... Ну, ці не смешна? Калі гэта і так, то звядзенне канцоў з канцамі - справа папяровая, яна не патрабуе ніякіх высілкаў і выняткаў («ЛіМ»).

З катніх рук прыйсці (прыходзіць) (=невядома ад-куль). Пра чалавека з невядомым мінулым і няпэўнымі па-водзінамі ў сучасным, якому, аднак, даверылі важлівую справу, [Дубавец] мог сказаць: - Прыйшоў сюды з катніх рук, а ты яму вер (У. Караткевіч). Выраз фіксуецца ў «Слоўніку беларускай мовы» І.І.Насовіча (с. 629) з этымалогіяй «уцёк ад катаў» і прыкладам «Пры-йшоў з катніх рук, а вы яго трымаеце».

Кіданне слоў на вецер (= безадказнае, неабдуманае гаварэнне). Беларусы - нацыя паэтаў выразна паветранай стыхіі. Кіданне слоў на вецер, ловы ветру ды і іншыя марнасці зрабіліся ў нас калі не нацыянальным спортам, дык сталым заняткам (А. Хадановіч).

Кісларод перакрыты каму, чаму (= створаны не-спрыяльныя ўмовы для чыёй-небудзь дзейнасці). Ад абразы, паклёпаў балюча ўздымацца, перакрыты надоўга калі кісларод («Народная воля»).

Крэсла хістаецца пад кім, чыё (= чыё-небудзь служ-бовае становішча аказваецца нетрывалым, хісткім). У рэ-дакцыі сталі шаптацца, што крэсла пад Агеевым хістаецца і да адстаўкі застаецца ўсяго некалькі тыдняў («Дзеяслоў»).

Курэнне фіміяму (= надзвычайнае ўзвялічванне, ліслівае праслаўленне каго-небудзь). Ад нечаканасці і такога адкрытага курэння фіміяму я ледзь не з'ехала пад трыбуну, што стаяла побач (В. Паўлава).

Ламанне хрыбта каму, чаму (= бязлітасная расправа з кім- ці чым-небудзь). І вось настаў верасень 1939 года - доўгачаканы дзень Вызва-лення. Амаль адразу і ў нас пачалося ламанне хрыбта ўсяму здароваму, назапашанаму чалавецтвам за мінулыя стагоддзі (А. Карпюк).

Ламацца цераз (праз) калена (= рашуча адхіляцца, адкідацца). Цераз калена ламаюцца традыцыйныя структуры кіравання, выбарнасць як найважнейшы элемент акадэмічнага жыцця ліквідуецца («ЛіМ»).

Мяшацца з граззю (= усяляк прыніжацца, беспадстаўна абвінавачвацца). Наша роднае ўхілялася ўбок, аддавалася на смех, выскалянне і кпі-ны, тапталася нагамі і мяшалася з гразёю, а за прыклад выстаўлялася чужое, велікарускае, дзецям не даступнае і малазразумелае (Я.Лёсік).

Не пераламаць хлеба з кім (= з-за непрыязнасці да каго-небудзь не сесці з ім за адзін стол частавацца). Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, - сказала я, - з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» - і выйшла (Л. Геніюш).

Павесіць замок на рот каму (= прымусіць каго-небудзь маўчаць, не даць гаварыць). Няхай жыве народ у думцы, у згодзе, у бунце, яму замок на рот павесіць не спра-буйце (Р. Барадулін).

Падзел скуры незабітага мядзведзя (= заўчаснае размеркаванне прыбытку ў яшчэ не зробленай справе). Складвалася ўражанне, што некаторых «апазіцыянераў» больш хвалюе падзел скуры незабітага мядзведзя («Народная газета»).

Падзенне акцый каго, чаго (= зніжэнне ўплыву, значэння каго-, чаго-небудзь). Наменклатуршчыкі не маглі не зафіксаваць падзенне акцый палітыкі кіраўніка («ЛіМ»).

Пайграць на нервах чыіх, каму (= параздражняць, панерваваць каго-небудзь некаторы час). - Чаму ваш электрык не ў гуморы? - Гэта ён апошнія дні як ашпараны нейкі. Напэўна жонка на нервах пайграла. А так ён гаваркі ў нас (І. Макаловіч).

Паціранне рук (= вялікае задавальненне ад поспеху ў якой-небудзь справе). Збіральніцтва музея, гандаль навакол нацыянальнай спадчыны, паціранне рук ад набытага, выцыганенага, выманенага, вельмі ж нагадвае Купалу малабяседскага крамніка Брошку з яго паціраннем рук ад хоць маленькага гешэфту (А. Лойка).

Перавод на рэйкі чаго, якія (= перабудова чаго-небудзь пэўным чынам). Устойлі-вага прагрэсу ў якасным раз-віцці эканомікі няма. Мы мала рушылі наперад па шляху яе пераводу на рэйкі інтэнсіфікацыі («Звязда»).

Праседжванне штаноў (= канцылярская ці іншая праца за пісьмовым сталом). Прыкра, калі літаратар «выязджае» на адным Богам дадзеным таленце і падмацоўвае яго ў маладосці не праседжваннем штаноў у бібліятэцы, а чаканнем «натхнення» пад чаркай гарэлкі (Б. Пятровіч).

Пусканне туману (= стварэнне падманлівага ўражання пра сябе з выхвальваннем і паказам чаго-небудзь з лепшага боку). У сферы, пра якую сёння гаворым, трэба рашуча спыніць самападман, паказуху і пусканне туману, адкінуць звычку агульнымі валавымі паказчыкамі замазваць канкрэтную і даволі нярадасную карціну (Н. Гілевіч).

Станавіцца гарой за каго, за што (= пачынаць усімі сіламі абараняць каго-, што-небудзь). З аднаго боку, старшыню «абстрэльваюць» вымовамі, іншымі спагнаннямі, але варта газеце выступіць з крытычнымі артыкуламі, як за яго райком становіцца гарой («Звязда»).

Таптацца ў гразь (= усяляк прыніжацца, знеслаўляцца, зневажацца). У краіне, дзе верхаводзяць «праваслаўныя атэісты», тысячагадовыя традыцыі мудрых продкаў топчуцца ў гразь (С. Кліменценка).

У цуглях трымаць (= вельмі строга, абмяжоўваючы свабоду дзеянняў). [Ваенная машына] прызначана для таго, каб трымаць у цуглях свой народ («Полымя»).

Што ў лоб што па ілбе (= аднолькава, тое самае). Нічога не папішаш. Такі ўжо лёс дзяржаваў у нераўнапраўным злучэнні, як яго ні назаві - уніяй, саюзам, федэрацыяй ці канфедэрацыяй. Як кажуць, што ў лоб што па ілбе (А. Петрашкевіч).

Як пальчаткі мяняць (= даволі часта). Кіраўнікоў гаспадарак мянялі тады як пальчаткі. І каго толькі не прысылалі ў вёску каманда-ваць! (С. Законнікаў).

Як сабака да году (= вельмі, надзвычай; ужываецца пры слове «дурны» ці «неразумны»). Я стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб засведчыла ягонае імя [забойцы] на паперы... Быў пачатак сямідзесятых - і жанчына сталінскіх часоў паглядзела на мяне, як пазіраюць на тых, пра каго кажуць: дурны як сабака да году (У. Някляеў).

У папярэднім артыкуле гаварылася, што ў сямі мнагазначных фразеалагізмах адно са значэнняў падалі ў маім слоўніку без ілюстрацыйных прыкладаў, і паяснялася гэта толькі адным выразам (без гальштукаў). Пададзім іншыя шэсць выразаў.

Без руля (стырна) і без ветразяў. Другое, прыметнікавае значэнне - «без яснай, дакладнай жыццёвай мэты»: А бэсэсэраўская рускамоўная «Звезда» таго часу пераконвала ў іншым: «віленскія беларускія нацыяналісты, гэтыя балбатуны і пустамолы, гэтыя людзі без стырна і без ветразяў... пабрыдуць за панам Алексюком» (А. Пашкевіч); Выходзіць, ужо колькі гадоў дзяржава існуе без ніякай канцэпцыі і без пэўных праграм? Плыве па волі стыхіі і, бог знае, куды - без стырна і ветразяў? (Н. Гілевіч).

Ніжэй (за) калена. Другое, прыметнікавае значэнне - «вельмі дрэнны, кепскага ўзроўню, пра стан чаго-небудзь»: У 41 працэнта айчынных прадпрыемстваў - паказчык ніжэй калена! Гэта той выпадак, калі паказчык не радуе («Звязда»); У выніку поспеху намечанай акцыі палітычныя партыі павялічаць сваю вагу, а вось рэйтынг кіраўніка можа аказацца «ніжэй калена» («ЛіМ»); Кучма не вылазіць са скандальных гісторый, яго рэйтынг - ніжэй калена («Народная газета»).

Па гамбургскім рахунку. Другое значэнне гэтага трохзначнага выразу - «па-сапраўднаму, належным чынам, як і павінна быць»: Ці ведаем па гамбургскім рахунку мы самі, дзе гэтая краіна - Беларусь? Менавіта краіна, а не месца жыхарства? Ці ўмеем мы ёю ганарыцца? (У. Арлоў).

Падняць на крыло каго . Першае значэнне - «змусіць узляцець, паляцець, адляцець; пра птушак»: Адшчыраваў пчаліным звонам ліпень, і жнівень вырай на крыло падняў (С. Законнікаў).

У загоне. Першае значэнне - «без належнай увагі і клопату (быць)». Чалавек працы - вось хто стварае ўсё каштоўнае ў жыцці. Праўда, чалавек працы яшчэ ў загоне, з ім не хоча лічыцца нават пісарчук (А. Адамовіч); Калісьці законныя гаспадары Вільні - літоўцы - былі тут яшчэ ў большым загоне, чым беларусы (А. Карпюк).

Цвёрды (моцны) арэшак. Першае значэнне - «што-небудзь недаступнае, цяжкае для авалодання ім (горад, насе-лены пункт і пад.)». З высокай вежы Ян Караль мог добра разгледзець падцягнутыя да яе войскі Радзівіла... - Вялікае, мабыць, замяшанне зараз у кардыналіі, бо не ведаюць, адкуль пачаць. Цвёрды ім дастаўся арэшак! («Маладосць»).

У «Прадмове» я пісаў, што значэнне (ці значэнні) «кожнага фразеалагізма і іншая інфармацыя аб ім звычайна ілюструюцца ў слоўніку дзвюма цытатамі». Разам з тым агаворваецца, у якіх выпадках і чаму колькасць ілюстрацыйных прыкладаў большая за дзве. Гэта найперш датычыць тых выразаў, якія ўзніклі нядаўна і ў іншых даведніках не фіксаваліся. Так, апошнім часам стаў актыўна ўжывацца фразеалагізм біблейскага паходжання (час) збіраць камяні , што значыць «(час, пара) сумеснымі намаганнямі прыводзіць у пэўны парадак што-небудзь раней разбуранае, раскіданае, занядбалае». У рукапісе гэты выраз меў 4 цытаты, рэдакцыя пакінула толькі адну.

Уставаць (падымацца) з каленяў меў 7 цытат, пакінулі толькі дзве.

Такіх раней не фіксаваных выразаў, з паменшанай колькасцю ілюстрацыйных прыкладаў, часцей - з адзіным прыкладам, больш за 30: абкласці чырвонымі сцяжкамі, адным махам семярых забіяхам, браты нашы меншыя, валяцца пад нагамі, жалезная заслона, заліць крывёю (што) , зацягваць паясы, і на дух (не пераносіць) , ісці наперадзе прагрэсу, крытычная маса, навешванне лапшы на вушы, нагой адчыняць дзверы, на задворкі, на плыву, <нібы> па шчупаковым загадзе, нядобрай памяці, паляванне на ведзьмаў, пасылаць на тры літа-ры, перакрываць кісларод, праціраць штаны, працэс пай-шоў, пусканне пылу ў вочы, радыё (агенцтва) АБС, разбор палётаў, рэч у сабе, свіное вуха, свяцейшы за папу рымскага, ставіць воз наперадзе каня, сякера (тапор) пад лавай, трашчаць па ўсіх швах, фіга (кукіш) у кішэні, чырвоны памешчык, як ойча наш, ясней яснага.

Як і было агаворана ў «Прадмове», да ліку фразеалагізмаў, праілюстраваных больш чым двума прыкладамі, адносяцца і былыя крылатыя выразы, што паходзяць з твораў беларускіх пісьменнікаў (асадзі назад, хварэць на пана, выдраць лысаму валоссе, свінтус грандыёзус і інш .). І тут не абышлося без «агалення». Так, створаны В. Быкавым выраз ружовы туман замест 7 цытат мае толькі дзве. Паменшана колькасць цытат пры былых крылатых выразах сена на асфальце, жаба ў каляіне.

Са шкадаваннем даводзіцца гаварыць, што ў цэлым апушчана каля 500 ілюстрацыйных прыкладаў. Але дзякуй богу і выдавецтву, што слоўнік пабачыў свет, хоць у некаторых мясцінах трохі і «аголены».

Іван Лепешаў.


ПАДВЕДЗЕНЫ ВЫНІКІ АГЛЯДУ - КОНКУРСУ ЎЖЫВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ МЯСЦОВЫМ ДРУКАМ ВІЦЕБШЧЫНЫ

Напрыканцы мінулага года Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скары-ны" абвясціла пра правядзенне ў першым квартале 2009-га года агляду-конкурсу ўжывання беларускай мовы ў рэгіянальным друку " З БЕЛАРУСКІМ СЛОВАМ" Нагадаем, што мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет; папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці. Агляд-конкурс праводзіўся па трох катэгорыях: абласныя, аб'яднаныя і гарад-скія газеты; раённыя газеты; недзяржаўныя выданні.

Пры падвядзенні выні-каў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы пры падрыхтоўцы матэрыялаў супрацоўнікамі рэдак-цый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на ста-ронках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы, аб'яў.

Журы, у склад якога ўваходзілі прафесійныя журналісты, філолагі, а таксама пісьменнікі, кіраўніцтва абласной арганізацыі ТБМ, самым уважлівым чынам прааналізавала мову перыядычных выданняў Віцебшчыны і падвяло вынікі.

Адразу хацелася б адзначыць у цэлым здавальную карціну ў плане выкарыстання беларускай мовы раённымі газетамі. Гэтыя выданні разліча-ныя, у першую чаргу, на вясковага чытача, для якога беларуская мова з'яўляецца мовай штодзённых зносін. Няхай сабе часта і ў выглядзе так званай "трасянкі". Таму здавалася б лагічным, каб раённыя газеты выходзілі толькі па-беларуску, як гэта практыкавалася ў са-вецкія часы. Але, на жаль, рэчаіснасць іншая.

Ва ўсіх, без выключэння, выданнях, напрыклад, пра-грама тэлеперадач друкуецца па-руску. Зразумела, у адва-ротным выпадку трэба ж перакладаць, а гэта немалая праца. Ды і, напэўна, не кожны калектыў яе адолее. Разам з тым варта адзначыць, што афіцыйная інфармацыя, віншаванні кіраўнікоў выканкамаў падаюцца звычайна па-беларуску ў Пастаўскай, Шумілінскай, Браслаўскай раённых газетах.

Цікавым, на наш погляд, уяўляецца аналіз працэнтных суадносін накладу выдання і агульнай колькасці жыхароў канкрэтнага раёна. У гэ-тым сэнсе найлепшыя паказчы-кі маюць "Голас Расоншчыны" (19,2%), "Пастаўскі край" (18,8%), ушацкі "Патрыёт" (18,2%), "Міёрскія навіны" (16,8%). Найгоршая сітуацыя выяўлена ў "Аршанскай газеце" (4,6%), "Гарадоцкім весніку" (6,2%), наваполацкай "Новай газеце" (7,9%), віцебскай раёнцы "Жыццё Прыдзвіння" (8,3%).

Не навіна, што пры падпісцы на дзяржаўныя выданні выкарыстоўваецца так званы "адміністрацыйны рэсурс". Але ж гэта характэрна для ўсіх раёнаў, таму наклад газеты ўсё ж такі дастаткова аб'ектыўны крытэрый яе запатрабаванасці, папулярнасці ў адпаведным рэгіёне. І зусім невыпадковым з'яўляецца той факт, што выданні з нізкімі тыражамі карыстаюцца адсоткаў на дзевяноста рускай мо-вай. Відавочна, гэта не спрыяе росту колькасці падпісчыкаў, як бы ні спрабавалі даказаць адваротнае розныя заангажаваныя ідэолагі. Усё ж чытаць на роднай мове больш звыкла паводле вызначэння. У адваротным выпадку можна дайсці да абсурду, як, напрыклад, з артыкулам Л. Маршаловіч пра музей класіка нашай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ў "Аршанскай газеце", напісаным па-руску. Можна меркаваць, што аўтар проста не валодае дзяржаўнай беларускай мовай, бо іншага лагічнага тлумачэння знайсці не ўдаецца. Або згадаем матэрыял да Году роднай зямлі ў "Лепельскім краі", названы "Живу в Беларуси и тем горжусь". Дзіва ды і толькі, бо каму ж не вядомы выраз "Жыву ў Беларусі - і тым ганаруся", дзе, акрамя ўсяго іншага, добра захаваныя рытм і рыфма. Магчыма, тут гаворку можна весці пра звычайнае аматарства, непрафесіяналізм журналіста.

Намі прааналізаваныя тыповыя памылкі, характэрныя ў той ці іншай ступені для абсалютнай большасці выдан-няў. Так, выяўляюцца грубыя сінтаксічныя парушэнні: па-дзякаваць яго (трэба: падзякаваць яму ), смяяцца над гэтым ( трэба : смяяцца з гэтага ), хварэць грыпам ( трэба : хварэць на грып ), у некалькіх кіламетрах ад вёскі ( трэба : за некалькі кіламетраў), паслаць за доктарам ( трэба : выправіць па доктара), жы-вём на Беларусі ( трэба : у Бела-русі ) і г.д. І, зразумела ж, амаль паўсюднае тыражаванне пры-назоўніка аб у словазлучэннях на ўзор расказаць аб падзеі, паведаміць аб здарэнні . Тут трэба аддаваць перавагу канструкцыям расказаць пра падзею, паведаміць пра здарэнне . Назіраюцца шматлікія выпадкі парушэння марфала-гічных нормаў, звязаныя, у першую чаргу, з ужываннем канчаткаў назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным і месным склонах. Павінна быць: без перапынк у , на працягу гэтага перыяд у , каля лес у , з універсітэт а ; аўтобус ходзіць па раскладз е , пры чытач ы , на двар э дажджліва і г.д. Без патрэбы выкарыстоўваюцца дзеясловы з суфіксамі -іра-, -ірава- кшталту дубліраваць, функцыяніраваць і нават планіраваць на месцы натуральных беларускіх формаў дубляваць, функцыянаваць і плана-ваць . На лексічным узроўні таксама фіксуюцца шматлікія недакладнасці. Ні ў якім разе не павінна быць канструкцый накшталт рабяты весела праводзяць час або сустракаем Ражджаство , бо па-беларуску варта казаць дзеці весела бавяць час або сустракаем Каляды ( Раство ). Зрэшты, больш грунтоўны аналіз парушэнняў літаратурных нормаў патрабуе асобнага артыкула.

Як правіла, мова выступаў святароў залежыць ад іх канфесійнай прыналежнасці: католікі карыстаюцца беларускай мовай, праваслаўныя - рускай. Праўда, прыемным выключэннем тут з'яўляюцца докшыцкая раённая газета "Родныя вытокі" і шумілінская "Герой працы", дзе віншавальныя тэксты праваслаўнага святара публікуюцца па-беларуску.

Журы канстатуе, што большасць матэрыялаў, якія паступаюць з аддзелаў адукацыі, а нярэдка і з аддзелаў культуры, аформлены па-руску, што стварае дадатковыя цяжкасці для рэдакцый.

Неабходна адзначыць, што практычна ў кожным выданні ёсць адмысловыя літаратурныя старонкі, дзе, праўда, часта пераважае руская мова. Рэдка сустракаюцца публікацыі пра родную мову, слаба прапагандуецца наша нацыянальная культура (менавіта нацыянальная!). З іншага боку, зашмат гараскопаў з аднолькавым прымітыўным тэкстам, які ў большасці газет падаецца па-руску.

З прыемнасцю канстатуем, што ў "Браслаўскай звяздзе" і шумілінскім "Героі працы" практычна ўсе журналісты карыстаюцца беларускай мовай. За апошнія тры месяцы істотна павялічыўся працэнт беларускамоўных публікацый у "Весніку Глыбоччыны", палепшылася і культура мовы.

Такім чынам, правёўшы скрупулёзны і шматаспектны аналіз ужывання беларускай мовы ў рэгіянальным перыядычным друку, журы прысудзіла першае месца сярод раённых выданняў шумілінскай газеце " Герой працы " (наклад - больш за 3000 экзэмпляраў, рэдактар - Аліна Пятрова ) і " Браслаўскай звяздзе " (наклад - 4662, рэдактар - Казімір Пятушка). Другое месца падзялілі " Міёрскія навіны " (наклад - 4322, рэдактар - Леанід Матэлёнак) і " Пастаўскі край " (наклад - 7800, рэдактар - Фаіна Касаткіна). Трэцяе месца атрымалі " Веснік Глыбоччыны " (наклад - 5820, рэдактар - Ганна Капшуль) і дубровенская раёнка " Дняпроўская праўда "(наклад - 2090, рэдактар - Лідзія Чапялова). Адначасова журы адзначае ў цэлым станоўчую сітуацыю з ужываннем беларускай мовы ў выданнях Верхнядзвінскага, Лепельскага, Ушацкага, Расонскага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага раёнаў.

Сярод гарадскіх, аб'яднаных і абласных газет першае месца прысуджаецца " Полацкаму весніку "(рэдактар - Вольга Часнавіцкая). Разам з тым заўважым, што выданне мае добрыя магчымасці да далейшага пашырэння выкарыстання беларускай мовы на сваіх старонках.

У намінацыі "Недзяржаўныя выданні" перамогу атрымала " Вольнае Глыбокае "(рэдактар - Уладзімір Скрабатун).

Больш за трыццаць журналістаў, якія звычайна карыстаюцца беларускай мовай пры падрыхтоўцы артыкулаў, валодаюць адпаведнай культурай маўлення і іншымі прафесійнымі якасцямі, будуць адзначаны падзякай абласной рады ТБМ і памятнымі падарункамі.

Мы шчыра віншуем пераможцаў і жадаем і надалей трымацца беларускага слова, прапагандаваць айчынную гісторыю і культуру. У сваю чаргу абяцаем усякае садзейнічанне кансультацыйнага характару па пытаннях культуры мовы.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні журы агляду-конкурсу рэгіянальнага друку Віцебшчыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.


Юрыдычная школа "Ведаем свае правы"

Арганізатар школы - Менская гарадская арганізацыя ГА ТБМ. Ідэя такіх адукацыйных заняткаў напрошвалася даўно. Шмат людзей ужо сутыкаліся з праблемай абароны сваіх моўных правоў, прыкладам, спрабуючы дабіцца для сваіх дзяцей выхавання і навучання па-беларуску ў дзіцячым садку і школе, намагаючыся атрымаць адказы ад чыноўнікаў на свае запыты на беларускай мове і інш.

Было вырашана абагуліць гэты досвед і правесці для сяброў ТБМ і зацікаўленых грамадзян серыю сустрэч з квалі-фікаванымі юрыстамі з мэтай падвышэння іх дасведчанасці ў галіне моўнага заканадаўства нашай краіны.

Навучанне ў школе пройдзе ў два этапы. Першы этап - тэарэтычны, падчас якога юрысты пазнаёмяць слухачоў з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, якое датычыць функцыянавання беларускай мовы ў сферы адукацыі, паслуг і г.д. Другі этап - практычны. На занятках-сустрэчах будуць прааналізаваны розныя сітуацыі з рэальнага жыцця. Удзельнікі навучацца вынікова рэагаваць на магчымыя парушэнні, на выпадкі дыскры-мінацыйных паводзін службовых асоб рознага ўзроўню. Будуць распрацаваны таксама ўзоры для напісання зваротаў, скаргаў, лістоў з прапановамі адносна функцыянавання беларускай мовы ў розных сферах і г.д.

У праграме школы таксама правядзенне шэрагу дыскусій, а таксама выніковага круглага стала "Нашы прапановы па паляпшэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносна функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы ". Распрацаваныя матэрыялы будуць апублікаваны ў друку.

Заняткі будуць праходзіць кожны аўторак а 19 гадзіне на сядзібе ТБМ з 2-га чэрвеня - да пачатку ліпеня, а практычныя заняткі - з канца жніўня па верасень.

Спадзяёмся, што навучанне ў нашай юрыдычнай школе будзе карысным для ўсіх зацікаўленых, тым больш што напрыканцы года ў нашай краіне павінен прайсці ўсеагульны перапіс, дзе моўнаму пытанню таксама ўдзяляецца пэўная ўвага.


ЯН СНЯДЭЦКІ

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У красавіку 1812 г. Снядэцкі меў сустрэчу з расейскім царом Аляксандрам І, які знаходзіўся ў Вільні, а ў канцы чэрвеня французкія войскі ўвайшлі у старажытную сталіцу ВКЛ.

Напалеон прыняў дэлегацыю горада Вільні і ў канцы прыёму спытаў пра Міхала Агінскага, пра генерала Ваўжэцкага і пра ўніверсітэт: "Вы маеце слаўны ўніверсітэт і знакамітых прафесараў, і тут знаходзіцца слаўны астраном ....", спрабаваў успомніць прозвішча. Яму падказалі, што гэта Снядэцкі, рэктар універсітэта, тады Напалеон з задавальненнем сказаў: "Так, Снядэцкі, Снядэцкі ... адукаваны і выкшталцоны чалавек..." (cустрэчам Снядэцкага і Напалеона прысвечаны наступныя працы: Baliсski M. Napoleon i Jan Sniadecki // Baliсski M. Studia historyczne. - Wilno, 1856. - Str. 89 - 97., і Федута А.И. Наполеон и Ян Снядецкий (к вопросу о семиотике поведения государя) // Meninis tekstas: Suvokimas. Analize. Interpretacija. - Vilnius: VPU leidykla, 2008. - Nr.6 (1). - P. 120 - 134.).

1 ліпеня 1812 г. Напалеон падпісвае дэкрэт аб стварэнні дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага i фармуе Камiсiю часовага ўраду. Камісія стваралася з 7 камітэтаў, на чале камітэта асветы i рэлiгiі быў прызначаны Ян Снядэцкi. Камiсiя з'яўлялася вышэйшай уладай адноўленага Вялікага Княства, якое складалася з 4х дэпартаментаў, утвораных замест былых Вiленскай, Гродзенскай і Менскай губерняў i Беластоцкай акругі. Снядэцкі асабіста меў некалькі сустрэч з Напалеонам, дапамог універсітэту перажыць цяжкі час вайны, збярог ад раскрадання ўніверсітэцкую маёмасць, выратаваў скарб універсітэта.

1813 г. быў вельмі цяжкім для ўніверсітэта. Лік студэнтаў паменшыўся да 160 чалавек, шмат прафесараў з'ехала з Вільні, адносіны з новым міністрам адукацыі Разумоўскім былі дрэнныя. Пасада рэктара патрабавала ўсё больш сілаў. Таму, для адпачынку, Снядэцкі часта выязджаў у Свіслач, дзе жыў яго добры сябар і фундатар Свіслацкай гімназіі граф Вінцэнт Тышкевіч, больш займаўся астранамічнымі назіраннямі і чытаннем кнігаў.

У перыяд сваёй працы ў Віленскім універсітэце Ян Снядэцкі напісаў і выдаў на польскай мове "Сферычную трыганаметрыю" (Вільня, 1817 і 1820 гг.). Вялікай вядомасцю карысталіся біяграфічныя працы Яна Снядэцкага, асабліва наступныя тры; "Літаратурная біяграфія Гуга Калантая" (1814), "Навуковая і грамадская біяграфія Марціна ПачобутаАдляніцкага" (1816) і "Біяграфія Пятра Завадоўскага" (рускага міністра асветы, які праводзіў палітыку, добразычлівую да развіцця адукацыі).

Вялікай заслугай рэктара было ўзняцце на высокі ўзровень выкладання фізікаматэматычных навук. Аднак Снядэцкі, акрамя астраноміі, геаграфіі і матэматыкі, займаўся таксама і філасофіяй. Сярод яго філасофскіх прац варта згадаць працы "Аб метафізіцы" і "Аб логіцы і рыторыцы.

У 1815 г. Снядэцкі захварэў і пакінуў рэктарства. Адпачываючы ад перажытых трывог, ён займаўся нямецкай літаратурай і філасофіяй, галоўным чынам - Кантам, да якога, зрэшты, ставіўся адмоўна. Ён вінаваціў Канта ў ідэалізме і нават параўноўваў яго з Платонам: "Пасля таго як Бэкан, Лок, Лейбніц, Даламбер і іншыя так добра растлумачылі здольнасці і дзеянні душы, Кант падымае з дамавіны нездавальняльнае вучэнне Платонава…" , "мяшае летуценні і дзівацтвы з простым, хоць, зрэшты, недастатковым вучэннем Платона, вось у чым складаецца яго сутнасць справы".

Застаючыся ў камісіі па народнай адукацыі, ён у 1820 г. удзельнічаў у выбарах новага рэктара і яшчэ некалькі гадоў чытаў лекцыі. У 1825 г., у веку 69 гадоў, Ян Снядэцкі выйшаў у адстаўку і пакінуў Вільню, перадаўшы кіраўніцтва Віленскай абсерваторыяй свайму вучню Пятру Славінскаму. Снядэцкі пасля гэтага жыў у маёнтку Яшуны ў сваёй пляменніцы Сафіі Балінскай (дачкі Андрэя Снядэцкага). У госці да яго часта прыязджалі сябры, у тым ліку - Міцкевіч.

Памёр у Яшунах 9 лістапада 1830 г. у веку 74 гады. Асабістая бібліятэка, паводле тастаманту, была перададзеная ўніверсітэту.

Акрамя назіранняў, Ян Снядэцкі не пакінуў буйных астранамічных прац. Гэтыя назіранні, аднак, былі добра вядомыя астраномам той пары, асабліва вызначэнні становішча малых планет.

Самай вялікай заслугай Яна Снядэцкага была яго нястомная праца па арганізацыі навукі і прыцягненне да яе ўвагі шырокай грамадскасці, асабліва ў перыяд працы ў Віленскім універсітэце. Дзякуючы працам Пачобута і братоў Снядэцкіх Віленскі ўніверсітэт выйшаў на еўрапейскі ўзровень навукі ў першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. Вучнямі Снядэцкага былі астраномы Антон Шахін, Пётр Славінскі, Міхал Глушневіч, Вінцэнт Карчэўскі, Юзаф Ходзька. Выхаванцамі ўніверсітэта ў гэты час былі знакамітыя паэты Адам Міцкевіч і Юліюш Славацкі, знакаміты геолаг Ігнат Дамейка і практычна ўсе вядомыя дзеячы навукі, культуры і палітыкі нашага краю.

Імем Я. Снядэцкага названы кратэр на адваротным баку Месяца і планетоід у Сонечнай сістэме (Sniadeckia).

Лявон Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX