№ 27 (918) 8 ЛІПЕНЯ 2009 г.
Міхалу Саевічу споўнілася 60
Міхал Саевіч нарадзіўся 15 чэрвеня 1949 г. у вёсцы Ляўкова Новае, размешчанай на ўзмежжы Белавежскай пушчы на Беласточчыне. У пачат-ковую школу хадзіў у суседняе Ляўкова Старое. У 1963 г. быў прыняты ў агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы, дзе дадаткова выкладалі беларускую мову. Асабліва зацікавіла яго ў ліцэі літаратура. Належаў да міжшкольнага літаратурнага гуртка, пісаў вершы і апавяданні, якія друкаваліся ў беластоцкіх газетах і тыднёвіках. Акрамя таго, захапляўся біялогіяй і марыў пра меды-цыну. Аднак, у рэшце рэшт, выбраў рускую філалогію ва Універсітэце Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, куды паступіў у 1967 г. У час вучобы некалькі змяніліся яго зацікаўленні, бо ўсё больш яго пачало вабіць мовазнаўства. Вялікая тут заслуга праф. Міхала Лэсёва, дзякуючы якому М. Саевіч заняўся ў студэнцкім навуко-вым гуртку праблематыкай моўнага пагранічча. Потым пад кіраўніцтвам таго ж прафесара ўзяўся пісаць магістарскую працу, прысвечаную фанетыцы і флексіі беларускіх гаворак на тэрыторыі Гайнаўскага павету.
У 1972 г. М. Саевіч распачаў даследаванні ў Інстытуце рускай і славянскай філалогіі роднага універсітэта. Доктарская праца маладога вучонага была прысвечана працэсам словаўтварэння ў беларускіх гаворках ваколіц Нараўкі і Белавежы на Беласточчыне. Габілітацыйнае даследаванне прысвяціў ён словатворчасці найменняў суб'ектаў у наднарвянскіх беларускіх гаворках Беласточчыны.
М. Саевіч з'яўляецца аўтарам многіх прац, прысвечаных праблематыцы польска-беларуска-ўкраінскага моўнага пагранічча на Беласточчыне. Асабліва многа ўвагі ўдзяліў ён той жа словатворчасці наднарвянскіх беларускіх гаворак Беласточчыны, а таксама праблеме беларуска-ўкраінскай моўнай граніцы. У яго навуковым здабытку ёсць працы, якія датычацца дыялектнай лексікалогіі, ўтварэння слоў, этналінгвістыкі, анамастыкі. Падсумаваннем даследчыцкай працы стала манаграфія «Суфіксальная дэрывацыя асобасных найменняў суб'ектаў у наднарвянскіх беларускіх ды-ялектах Беласточчыны». Рыхтуюцца новыя публікацыі.
Вялікае задавальненне дае вучонаму выкладчыцкая работа. Ён вядзе заняткі па беларускаму і рускаму мовазнаўству ў абодвух люблінскіх універсітэтах. Кіраваў даследаваннямі амаль 50-ці магістрантаў, у тым ліку тымі, што выбралі беларускую філалогію. А не так даўно М. Саевічу даверылі кіраўніцтва лабараторыяй беларускай мовы і літаратуры Інстытута славянскай філалогіі Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай.
М. Саевіч актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці розных навуковых таварыстваў - найперш у Польскім таварыстве беларусістаў, дзе ўжо многа гадоў з'яўляецца намеснікам старшыні Галоўнага праўлення. На III Міжнародным кангрэсе беларусістаў быў выбраны сябрам камітэта гэтай грамадскай арганізацыі. Вучоны прыкладае ўсе намаганні дзеля збліжэння і ўзаемнага разумення паміж польскім, беларускім і ўкраінскім народамі. І тут ён рэалізуе запаветы рэдактара парыжскай «Культуры» Ежага Гедройца, якога вельмі цаніў і шанаваў.
Моніка Вяжхоўская , супрацоўніца Інстытута славянскай філалогіі Універсітэта Марыі Кюры - Складоўскай у Любліне ( Польшча ).
122 абсалютныя вынікі на ЦТ па беларускай мове
Летась, калі мы паведамлялі пра 8 стобальных вынікаў удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове, то называлі гэты вынік рэкордным. Але як у такім выпадку ахарактарызаваць 122 (!) стобальныя вынікі, якімі могуць пахваліцца сёлетнія ўдзельнікі ЦТ па беларускай мове. Да таго ж 12 чалавек спыніліся ўсяго за адзін крок ад максімальнага выніку, набраўшы 99 тэставых балаў. А 90 балаў і вышэй набралі 1665 чалавек! Няўжо тэсты так спрасціліся?
Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Фяськоў лічыць, што параўноўваць вынікі ўдзельнікаў тэставання гэтага і папярэдніх гадоў не зусім карэктна хоць бы таму, што на агульны вынік уплывае як кантынгент удзельнікаў ЦТ, так і самі заданні. А сёлетняя прыёмная кампанія мае адметнасць, якая заключаецца ў тым, што ўсе праграмы ўступных іспытаў складаліся з улікам існавання пераходных праграм, па якіх навучаліся вучні 11-х штрых-класаў. I ў іх трапілі толькі тыя тэмы і раздзелы, якія вывучаліся, як вучнямі звычайных, так і вучнямі штрых-класаў. Адпаведна былі ўнесены карэктывы і ў спецы-фікацыю тэстаў. Аднак некаторае спрашчэнне тэстаў не паўплывала на іх дыферэнцыйную здольнасць. Так, 122 максімальныя вынікі атрымалі толькі 0,2 працэнта ад агульнай колькасці ўдзельнікаў ЦТ, а 90 балаў і вышэй - 2,6 працэнта. I крыху больш за 30 працэнтаў усіх удзельнікаў ЦТ здолелі перасягнуць 50-бальны парог. На 10 балаў і менш напісалі тэст 1 176 абітурыентаў, і тры чапавекі ўмудрыліся набраць увогуле 0 балаў.
Для параўнання па рускай мове тэсты на 100 балаў напісалі 30 чалавек пры тым што рускую мову для тэставання абрала ў два разы больш абітурыентаў, чым беларускую. Такім чынам, калі глядзець па 100-бальных выніках, то выніковасць па беларускай мове ў 8 раз лепшая. І гэта пры тым, што большасць абітурыентаў - выпускнікі рускамоўных школаў. А каб яны ўсе 11 гадоў вучыліся па-беларуску.
Паводле Надзеі НІКАЛАЕВАЙ. "Звязда" № 118 ад 27.06.2009 г.
Беларускую культуру нельга ўявіць без беларускай мовы
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы імя
Францішка Скарыны"
спадару Алегу Трусаву
Паважаны спадар Трусаў!
Шчыра дзякую за віншаванне, накіраванае ў мой адрас.
Зразумела, што адным з асноўных накірункаў маёй дзейнасці на новай пасадзе будзе ўсебаковая падтрымка далейшага развіцця беларускай культуры, якую нельга ўявіць без існавання беларускай мовы.
Прымаючы да ўвагі тую значную падтрымку, якая аказваецца з боку дзяржавы ў сферы культуры, упэўнены, што сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых людзей добрай волі мы зможам зрабіць і наступныя крокі дзеля захавання і развіцця нашага супольнага багацця - беларускай культуры.
3 павагай,
Міністр П.П. Латушка.
Ад англійскай да мальтыйскай і японскай
Марыя Васючэнка. Кароткая граматыка англійскай мовы. - Менск, "Радыёла-плюс".
Выхаду "Кароткай граматыкі англійскай мовы" маладога спецыяліста, учарашняй выпускніцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Марыі Васючэнка, асабліва чакалі ў выдавецтве "Радыёлаплюс", дзе ўжо, як вядома, пабачылі свет аналагічныя граматыкі лацінскай, польскай, латышскай і шведскай моў. Яно і не дзіўна. Няма патрэбы тлумачыць, што значыць сёння англійская мова - мова міжнацыянальных зносін і мова камп'ютэра, мова геніяў сусветнай высокай літаратуры і мова касмапалітычнай маскультуры і г.д. і да т.п.
Марыя Васючэнка ў прадмове да граматыкі нагадвае, што англійская мова, "папершае, з'яўляецца роднай мовай для 322 мільёнаў чалавек і другой мовай для 180 мільёнаў, а агульная колькасць асоб, што ёю валодаюць, можа дасягаць 1,8 мільярда, дзякуючы чаму яна набыла рэпутацыю "лінгва франка". Падругое, яна носіць статус дзяржаўнай мовы прыблізна ў 53х краінах, сярод якіх такія дзяржавы і тэрыторыі, як Англія, Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны Садружнасці Нацый (Канада, Аўстралія, Індыя) і інш. Яна таксама ўжываецца ў якасці рабочай мовы шэрагу міжнародных арганізацый (Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскі Саюз). (…) Уражвае таксама эстэтычная каштоўнасць англійскай мовы: сярод аўтараў, што пісалі на ёй, кожны, пэўна, згадае Уільяма Шэкспіра, Джона Мілтана, Джорджа Гордана Байрана, Джэка Лондана, О'Генры, Джэймса Джойса, Уільяма Фолкнера і іншых. Аматары паэзіі атрымаюць эстэтычную асалоду ад тонкіх нюансаў творцаў "азёрнае школы", Эмілі Дыкінсан, Томаса Хардзі і Уолта Уітмана. Аматары "лёгкай" літаратуры не абмінуць увагай майстроў дэтэктыўнага жанру Эдгара По, Артура Конан Дойла, Агату Крысці, зубра фэнтэзі Джона Роналда Руэла Толкіна, фантаста і футуролага Рэя Брэдберы і аўтараў твораў, што спарадзілі папулярныя фільмы, Стывена Кінга і Джоан Кэтлінг Роўлінг... Багацце і разнастайнасць лексікі з'яўляецца яшчэ адным стымулам для вывучэння англійскай мовы: для кантактавання на побытавым узроўні можа хапіць дзвюх тысяч слоў, а агульны запас іх, што пастаянна папаўняецца, дасягае 425 000 слоў (слоўнік Уэбстэра). Вялікі Шэкспір ужываў у сваіх творах прыблізна 30 000 тысяч. Аднак авалоданне лексікай аблегчана вялікай колькасцю запазычанняў (у тым ліку французскалацінскага, германскага, старагрэчаскага паходжання), наяўнасцю інтэрнацыяналізмаў, што стварае агульны слоўнікавы пласт з беларускай мовай".
Што ж тычыцца структуры "Кароткай граматыкі англійскай мовы", то яна мала чым адрозніваецца ад структур папярэдніх выданняў з серыі "Беларускія Еўра-Граматыкі". У лаканічнай і даступнай форме чытач можа пазнаёміцца з сучаснымі англійскімі фанетыкай і правапісам ("Алфавіт", "Ад літары да гуку", "Націск"), марфалогіяй ("Назоўнік", "Артыкль", "Прыметнік", "Прыслоўе", "Лічэбнік", "Займеннік", "Дзеяслоў", "Прыназоўнік", "Злучнік", "Выклічнік"), сінтаксісам, некаторымі ўстолівымі выразамі і найбольш часта ўжывальнымі няправільнымі дзеясловамі. Таксама да ўвагі карыстальніка - пералік выкарыстаных аўтарам крыніц, у тым ліку і Інтэрнэтрэсурсаў. Застаюцца ранейшымі і мэты граматыкі: даць магчымасць беларускаму чытачу, у першую чаргу маладому, актыўнаму і незакамплексаванаму чалавеку, вывучаць у дадзеным выпадку англійскую мову без рускай мовыпасярэдніцы, спасцігаць замежную культуру, адштурхоўваючыся менавіта ад беларускіх рэалій і праз прызму беларускага менталітэту. Натуральна, у выпадку з англійскай мовай да гэтых першачарговых мэт дабаўляюцца яшчэ і вузкапрактычныя, прыкладныя мэты: дапамога ў арыентаванні ў пераважна англамоўнай Інтэрнэтпрасторы і Інтэрнэткультуры (са спецыфічнымі скарачэннямі і ўмоўнымі знакамі), перадоленні псіхалагічных бар'ераў перад дзелавымі і турыстычнымі паездкамі, кантактаванні з замежнікамі і інш.
Дарэчы, на "Кароткай граматыцы англійскай мовы" ў выдавецтве "Радыёлаплюс" зусім не збіраюцца спыняць выхад серыі "Беларускія ЕўраГраматыкі". Як паведаміў нашаму карэспандэнту куратар серыі, выдавец і пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў, у рэдакцыйным партфелі маюцца яшчэ чатыры напісаныя граматыкі, гатовыя да друку: украінскай, партугальскай, нямецкай і фінскай моў. Затым чарга граматык літоўскай, французскай і іспанскай моў. І, нарэшце, у крыху больш аддаленай перспектыве - славацкая, чэшская, балгарская, нідэрландская, нарвежская, венгерская, сербская і нават такія рэдкія еўрпейскія мовы, як валійская і мальтыйская. "Ёсць у нашым праекце не толькі практычны бок, - распавядае Уладзімір Сіўчыкаў, - але і культурніцкі, і нават геапалітычны. Кожная выдадзеная намі кароткая граматыка той ці іншай еўрапейскай мовы - гэта, калі хочаце, своеасаблівы напамінак беларусам, што яны еўрапейцы. А ў Еўропе, як вядома, ужо даўно лічыцца натуральнай з'явай, што чалавек ведае дзве, а то і тры замежныя мовы…"
У гэтым сэнсе адметна, што са сваімі прапановамі наконт стварэння той ці іншай граматыкі ў выдавецтва звяртаецца шмат моладзі, пераважна з ліку выпускнікоў, аспірантаў і нават студэнтаў МДЛУ (Марыля Васючэнка - яскравы прыклад). Ёсць ужо і рэальныя водгукі аўтарытэтных асоб з вышэйшых навучальных устаноў, напрыклад, загадчыка кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства Белдзяржуніверсітэта Барыса Нормана, які спадзяецца, што серыя "Беларускія ЕўраГраматыкі" дапаможа вырашыць праблему недахопу метадычнай і навуковай літаратуры, неабходнай для адкрыцця пэўных спецкурсаў па лінгвістыцы.
А тым часам у выдавецтве ўжо думаюць пра тое, каб выйсці на новыя абсягі і распачаць паралельна са стварэннем "еўраграматык" выданне серыі з умоўнай назвай "Граматыкі моў свету". Прынамсі, ужо вядуцца перамовы з патэнцыяльнымі аўтарамі граматык іўрыту, кітайскай і японскай моў.
Міхал КАСЦЮЧЫК.
Родная мова - гэта душа
Бараніць родную мову - гэта тое ж самае, што бараніць Радзіму. Хто не бароніць родную мову, той не патрыёт. Родная мова - гэта наша душа. Якая твая мова, такая твая душа. Без роднай мовы парываецца повязь з усёй нашай ранейшай спадчынай, з нашымі продкамі:
То як можна называць сябе патрыётам той, хто ігнаруе найбагацейшы скарб народу - мову.
Мова - гэта ключ да усёй нашай духоўнай спадчыны. Без гэтага ключыка чалавек стано-віцца і глухім, і нямым да нацы-янальных праяў, у яго застаеццца адна толькі абалонка: "Я тоже беларус!" Гэтыя словы - усяго толькі абалонка, трафарэт пусты, без зместу. Чалавек, які кажа: "Я тоже беларус!" - гэта духоўны бомж. Ён, выракшыся ўсяго свай-го роднага, інтуітыўнай геннай памяццю фармальна лічыць сябе беларусам, хоць ужо нічога не мае беларускага. Але ён яшчэ і не рускі, і ніколі ім не стане. Ён нібы ў космасе: плавае, бедалага, сярод людзей і не ведае, да каго ці да чаго прыбіцца. Такім толькі паспачуваць можна.
Ул. Содаль
Пра «лахі пад пахі»
Размоўны выраз лахі пад пахі ў слоўніках іншых моў не фіксуецца. Ён - уласна беларускі і досыць пашыраны ў літаратурнай мове, а таксама амаль ва ўсіх нашых гаворках. Вось толькі некалькі прыкладаў яго ўжывання: 1) Вазьму лахі пад пахі - маёмасць мая невялікая - ды пайду шукаць шчасця па свеце (Я. Колас) ; 2) Усё ж такі прыйдзецца ўзяць лахі пад пахі і дзенебудзь схавацца... (З. Бядуля) ; 3) Мне далі водпуск на тры месяцы. Узяў лахі пад пахі, сеў на цягнік, прыехаў да Воршы... (Ц. Гартны) ; 4) Трэба хутчэй браць лахі пад пахі ды ўцякаць (І. Навуменка) .
З гэтых і шмат якіх іншых прыкладаў выразна відаць, што фразеалагізм лахі пад пахі выступае ў ролі дапаўнення, мае прадметнае значэнне «свае пажыткі, манаткі, рэчы з сабой» і рэалізуе яго пры дзеясловах браць, узяць або сабраць, схапіць, прыхапіць. Аднак амаль ва ўсіх навуковых і даведачных працах беспадстаўна прыпісваюць гэтаму выразу то прыслоўнаакалічнаснае, то дзеяслоўнае значэнне. Так, у «Беларускай фразеалогіі» А.С. Аксамітава (с. 40, 197, 212) фразеалагізм тлумачыцца як «хутка, вельмі паспешліва» і ставіцца ў сінанімічны рад з выразамі без аглядкі, ва ўсе лапаткі, як на пажар . Такое ж прыслоўнаакалічнаснае тлумачэнне «вельмі паспешліва, нядоўга збіраючыся» даецца фразеалагізму ў кнізе Б.А. Плотнікава «Агульнае мовазнаўства" (с. 251), у даведніку В.А. Ляшчынскай «Слоўнік фразеалагізмаў у мове твораў Янкі Купалы» (с. 151) і некаторых іншых працах. У другіх жа даведніках фразеалагізм кваліфікуецца як дзеяслоўны і растлумачваецца дзеяслоўным словазлучэннем. Напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (т. 3, с. 26): «сабраць небагатыя пажыткі, узяць з сабой і пайсці». Амаль гэтак жа паясняецца сэнс фразеалагізма і ў такіх даведніках: «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я. Коласа» (с. 295), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 3, с.12), «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е.С. Мяцельскай і Я.М. Камароўскага (с.137).
Як вядома, каб праверыць, ці правільна вызначылі сэнс таго ці іншага фразеалагізма, неабходна карыстацца прыёмам накладання на фразеалагізм яго тлумачэння. Калі цяпер звярнуцца да прыведзеных напачатку чатырох прыкладаў або да тых ілюстрацый, што даюцца ў названых вышэй слоўніках, то ўжыты ў іх фразеалагізм лахі пад пахі можна без страты для сэнсу замяніць не прыслоўным і не дзеяслоўным, а толькі назоўнікавым спалучэннем «свае пажыткі з сабой». Менавіта з гэтым значэннем ужываецца фразеалагізм, калі гаворыцца пра любыя асабістыя рэчы, што можна прыхапіць з сабою, панесці ў руках ці на сабе перад адыходам, уцёкамі, ад'ездам кудынебудзь: «Прыхапіўшы лахі пад пахі, яны зноў уцякалі ў далёкія і блізкія Бярозавы...» (В. Гігевіч) .
Недакладнасць пры вызначэнні сэнсу гэтага фразеалагізма выклікаецца тым, што складальнікі слоўнікаў, відаць, не карыстаюцца памянёным прыёмам накладання, не ўлічваюць сінтаксічную функцыю гэтага выразу, яго спалучальныя ўласцівасці і слоўнае акружэнне, у якім парознаму праяўляецца фразеалагічнае значэнне. Справа ў тым, што выраз лахі пад пахі даволі часта ўжываецца не пры дзеясловахсуправаджальніках браць, узяць, схапіць і падобных, а без іх, займае месца пры дзейніку са значэннем асобы, выконвае ролю дзеяслоўнага выказніка, аказваецца пры перадачы хуткай змены падзей перад другім аднародным выказнікам, з якім звязваецца злучальнай сувяззю, і абазначае «схапіць з сабой свае рэчы». У такіх выпадках перад намі ўжо не другое значэнне гэтага выразу, а самастойны фразеалагізм, адрозны ад папярэдняга як сваёй семантыкай, так і сінтаксічнай роляй і слоўным акружэннем. Вось прыклад з «Паўлінкі» Я. Купалы: «[Якім:] Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, - я ўжо ў садзе пад акном буду цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад!» Яшчэ прыклады: 1) Ну, мы, доўга не думаючы, лахі пад пахі ды ходу (М. Лынькоў) ; 2) Зараз лахі пад пахі і дадому - канец маёй работы тут (К. Чорны) ; 3) Хлопцы... працуюць годдругі, а потым лахі пад пахі - і памінай як звалі (І. Сіняўскі) ; 4) Заставалася... лахі пад пахі ды хутчэй на станцыю (М. Гроднеў) ; 5) Я лахі пад пахі і сюды (А. Савіцкі) .
Фразеалагізм лахі пад пахі , ужываючыся ў названым вышэй значэнні і спецыфічным слоўным акружэнні, уступае ў сінанімічныя адносіны з трыма такімі ж рыфмаванымі выразамі: шапку ў ахапку, шаркі на баркі, шашкі ў мяшкі . Усе чатыры выразы ў любых кантэкстах узаемазамяняльныя: 1) Я не стаў чакаць, пакуль у іх высахнуць слёзы: шапку ў ахапку ды за дзверы (І. Аношкін) ; 2) Я тут шаркі на баркі і драла (Ф. Янкоўскі) ; 3) Доўга не грэў зубы, шашкі ў мяшкі ды дамоў (Г. Юрчанка).
Узнікненне выразу лахі пад пахі такое. У яго складзе ёсць сэнсаўтваральны кампанент. Лахі , як засведчана ў ТСБМ (т. 3, с. 26), - гэта «старое паношанае адзенне»; напрыклад, у «Пушчанскай адысеі» А. Карпюка: «Не ведаю, кажух браць ці не? Мо дарэмна буду толькі валачы лахі». Параўнаем аднакаранёвыя іншыя словы: лахманіна, лахманы, лахмоцце . Слова лахі ёсць і ў некаторых іншых суседніх мовах: украінскае лахи , славацкае lachy , чэшскае lach , польскае łach , рускае дыялектнае лахи . Першапачатковы сэнс спалучэння лахі пад пахі быў даволі зразумелы. У далейшым кампаненты выразу, звязаныя ўнутранай рыфмай, страцілі канкрэтнае і набылі больш шырокае, абагульненае значэнне: лахі - не абавязкова толькі «адзенне», пад пахі - не абавязкова «пад плечы». Дарэчы, тут, як і ў некаторых іншых рыфмаваных выразах, фармальнае пераважае над лагічным, семантычным, адзін з кампанентаў, відаць, падагнаны пад гукавую сіметрыю фразеалагізма.
Прыкладна тое самае можна сказаць пра памянёныя вышэй тры сінанімічныя выразы. Першапачатковая вобразнасць першага фразеалагізма (шапку ў ахапку) і сёння ўсведамляецца выразна. Апошні кампанент у фразеалагізме шаркі на баркі - хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай мовы ( barki - «плечы»). А першы, як і ў многіх рыфмаваных выразах, прыдуманы, нематываваны, склаўся ў працэсе рыфмоўкі. У фразеалагізме шашкі ў мяшкі першапачатковае значэнне апошняга кампанента зразумелае, хоць ён тут мае абагульнены сэнс (маецца на ўвазе зусім неабавязкова мех як прадмет хатняга ўжытку). Першы ж кампанент прыплюсаваўся для рыфмы.
Іван Лепешаў.
Збіранне грошай у Англіі на выданне Бібліі на беларускай мове
Уступ рэдакцыі
Міхась Швэдзюк змясціў у амерыканскай газеце "Беларус" (№ 518 за сакавік 2006 г.) артыкул "Аб беларускіх пратэстантах у Англіі", у якім згадвалася адозва англійскага караля Карла ІІ ад 12.07.1661 г. з нагоды неабходнасці збірання грошай для дапамогі пратэстантам ВКЛ. Копію гэтай адозвы спадар Швэдзюк атрымаў ад Шатландскай нацыянальнай бібліятэкі ў Эдынбургу, а арыгінал знаходзіцца ў Брытанскай бібліятэцы ў Лондане.
Спадар Швэдзюк ласкава прыслаў копію адозвы і яе пераклад на беларускую мову, а таксама свой уступ у ТБМ. Частковы пераклад дадзенага дакумента друкаваўся ў газеце "Беларус" (№ 556 за травень 2009 г.), поўны ж пераклад друкуецца ўпершыню. Ён можа быць цікавым для спецыялістаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй.
Уступ М. Швэдзюка
Пратэстанцкі пастар Jan de Kraino Krainski (Ян дэ Краіно Краінскі) з Вялікага Княства Літоўскага прыбыў да Англіі ў 1660 годзе, каб шукаць матэрыяльнай і духоўнай дапамогі ў ангельскага пратэстанцкага караля. У тым часе быў у Англіі і Багуслаў Хылінскі, які пераклаў прыблізна палову Бібліі на беларускую (літоўскую) мову. Але з недахопу фінансавых сродкаў пераклад не быў закончаны, і, натуральна, друкаванай Бібліі зроб-лена не было.
У Англіі Ян дэ Краіно Краінскі выстараўся ад пратэстанцкага караля Карла ІІ, каб ён напісаў ліст-адозву да вернікаў у Англіі і Уэльсе з просьбай аб фінансавай дапамозе на заканчэнне перакладу Бібліі і яе выданне. Кароль літасціва адгукнуўся і выдаў адпаведны адкрыты ліст да вернікаў 12.07.1661. Гэты ліст складаецца з адной бачыны 21,5 х 25 см.
Тэкст адозвы
"Карл ІІ, з Божай ласкі кароль Англіі, Шатландыі, Францыі, Ірландыі, абаронца веры і г. д. звяртаецца да ўсіх разам і кожнага архіепіскапаў, епіскапаў, архідыяканаў, дэканаў і іхніх урадоўцаў. І да ўсіх прыхадскіх святароў, пробашчаў, памочнікаў прыхадскіх святароў і ўсіх іншых духоўных асобаў. І таксама да ўсіх міравых суддзяў, галоўных шэры-фаў, судовых прыставаў (бейліфаў), паліцыянтаў, царкоўных старастаў, збіральнікаў для бедных і начальнікаў самакіроўных акругаў. І да ўсіх урадоўцаў вялікіх гарадоў, самакіроўных акругаў і карпаратыўных гарадоў. І таксама да ўсіх іншых нашых урадоўцаў, міністраў і грамадзян, кім бы яны не былі, незалежна ад таго, ці маюць яны прывілеі вольнасці, ці не, - праз пасярэдніцтва гэтага дакумента дасылаю ўсім віншаванні.
Ян дэ Краіно Краінскі, святар Божага Слова, пасланнік нацыянальнага сінода пратэстанцкіх цэркваў у Вялікім Княстве Літоўскім, ад імя якіх ён звярнуўся да нас са сціплай просьбай і мальбой. Ён давёў нам, што гэтыя пратэстанцкія цэрквы, у суме прыблізна сто, у апошнія гады былі моцна прыгнечаныя бязлітаснымі жаўнерамі, а таксама маскалямі, татарамі, казакамі, шведамі і іншымі. Шмат тысячаў з іх, разам з іхнімі вернымі пастарамі і святарамі, былі жорстка абрабаваныя і сталіся ахвярамі разні. Яны і цяпер жорстка пераследуюцца ворагамі пратэстанцкай рэлігіі ў тых краях. І таксама іх пратэстанцкая царква пастанавіла перакласці і надрукаваць Біблію на сваёй мове, і ўжо да гэтай пары паспелі перакласці прыблізна палову. Аднак з-за іх збяднення і іншых надзвычайных падзеяў яны былі змушаныя адступіць ад такога пабожнага чыну. Вернікі пацярпелай царквы ў ВКЛ вырашылі, што будзе добрай справай выслаць да нас Яна дэ Краіно Краінскага са сціплымі адозвамі і лістамі і маліць у нас аб дапамозе ў цяжкі для іх час, шукаць у нас аблягчэння і абароны ад спусташэння і выкаранення.
Дзеля гэтага ён сціпла просіць нас, каб мы выразілі спачуванне пратэстанцкай царкве ў ВКЛ і іх вельмі сумнаму і аплаканаму становішчу. І каб мы ласкава аказалі ім дапамогу з мэтай іх захавання і ўтрымання, і таксама, каб яны маглі працягнуць і закончыць гэтую найвялікшую Хрысціянскую працу, а менавіта пераклад і друкаванне іх Бібліі. Дзеля гэтага ён просіць у нас, каб мы прадставілі іх да ўвагі Хрысціянскай міласэрнасці нашых добрых грамадзян і далі ім наш літасцівы дазвол на збіранне грошай па ўсім нашым кара-леўстве Англіі.
Мы атрымалі пэўную інфармацыю аб запатрабаван-нях узгаданых пратэстанцкіх цэркваў, становішча якіх тым больш вартае спачування, што яны вымушаны трываць гэтую нядолю за сваю шчырасць і цвёрдасць у трыманні ісцінай рэлігіі, якую мы разам з імі вызнаем, і якую мы ўсе абавязаны сумленна падтрымліваць усімі сваімі сіламі. Мы, узяўшы гэтыя абставіны да нашай каралеўскай развагі, і да глыбіні душы ўзрушаныя спагадлівасцю да іх, і з Хрысціянскай адданасцю да заканчэння перакладу Бібліі, які ёсць працай, сапраўды скіраванай на Божую славу і пашырэнне Хрыстовага царства, а таксама ўпэўненыя ў тым, што ўсе любімыя грамадзяне нашага каралеўства, якія ўжо даўно цешацца цудоўным дабраславеннем Евангелля і пераважна атрымалі дапамогу ад Яго, будуць гатовыя шчодра дапамагчы сваім пабрацімам-хрысціянам у гэтым вартым пахвалы і пабожным прад-прыемстве.
Таму прыміце да веда-ма, што мы, з-за нашай хрысціянскай спагадлівасці і каралеўскай стараннасці, далі дазвол гэтым адкрытым лістом пад нашай вялікай пячаткай Англіі для вышэй узгаданага Яна дэ Краіно Краінскага, пасланніка нацыянальнага Сінода пратэстанцкай царквы ў ВКЛ, на тое, каб адбылося агульнае збіранне грошай па ўсяму нашаму Каралеўству Англіі і Дамініёну Уэльс для дапамогі і падтрымкі пратэстанцкіх цэркваў на Літве і для працягу і заканчэння ўзгаданай пабож-най справы па перакладзе і надрукаванні іхняй Бібліі.
Нашай воляй мы загадваем, каб гэтае збіранне гро-шай было выканана наступным спосабам і ў наступнай форме, а менавіта, мы жадаем і даем дазвол нашаму ўласнаму друкару на тое, каб ён за наш асабісты кошт зараз жа надрукаваў адпаведную колькасць Скарочаных Інструкцыяў, складзеных на падставе адкрытага ліста, і каб іх было дастаткова для рассылкі да кожнай царквы і капліцы, дзе звычайна адпраўляюць агульныя царкоўныя набажэнствы па ўсяму нашаму Каралеўству Англіі і Дамініёне Уэльс. Дзеля гэтага мы надзяляем свабодай дзеянняў нашага вернага і вельмі любімага Пана Рышарда Браўна, рыцара і баранэта, аднаго з чыноўнікаў нашай Асабістай Рады. А самі адкрытыя лісты з нашай вялікай пячаткай маюць застацца ў Пана Рышарда Браўна.
А Пан Рышард Браўн па атрыманні ўсіх Скарочаных Інструкцыяў ад нашага друкара павінен выслаць іх як найхутчэй і колькі будзе патрэбна да кожнага высокага шэрыфа ў нашым Каралеўстве і Дамініёне, каб забяспечыць імі кожную царкву або капліцу ў іхніх графствах. А для хутчэйшай расслылкі лістоў і каб аблегчыць выкананне нашага дабрачыннага захаду, нашай воляй і дазваленнем мае ўзгаданы Пан Рышард Браўн падрыхтаваць праўны ліст, які ўскладае клопат па збіранні грошай на высокіх шэрыфаў. Такі праўны ліст у звычайным парадку мае быць падпісаны лордамі нашай Асабістай Рады і высланы да высокага шэрыфа ў кожным графстве. І зроблена гэта мае быць за наш уласны кошт як бы гэты ліст быў выдадзены для нашай уласнай неадкладнай патрэбы.
Наша далейшая воля і жаданне гэткае, каб кожны высокі шэрыф распаўсюдзіў і даслаў праўныя лісты да кожнага начальніка паліцыі ў кожным графстве і таксама да мэраў і галоўных урадоўцаў вялікіх гарадоў, мястэчкаў і гарадоў з самакіраваннем. А затым начальнікі паліцыі маюць распаўсюдзіць гэтыя лісты для кожнага святара і царкоўнага старасты ў кожным прыходзе ці царкоўным участку, якія знаходзяцца ў іх паліцэйскіх акругах. А мэры і іншыя галоўныя чыноўнікі магістрату маюць перасылаць і параздаваць гэтыя лісты для святароў і царкоўных старастаў у кожным прыходзе ці царкоў-ным участку, якія знаходзяцца ў іх юрысдыкцыі.
Нашай воляй мы загад-ваем вам, прыхадскім святарам, пробашчам і памочнікам прыхадскіх святароў, дзеля лепшага ўзбуджэння дабрачыннай ахвярнасці, наўмысна агалосіць і адкрыта прачытаць гэтую Скарочаную Інструкцыю для людзей у бліжэйшую пасля яе атрымання нядзелю, заахвоч-ваючы, пераконваючы і ўзбуджаючы іх, каб яны з радасцю рабілі свае дабраахвотныя, шчодрыя, хрысціянскія ахвяраванні на такую пабожную і дабрачынную справу.
А Вы, царкоўныя старасты, у кожнай царкве ці капліцы і збіральнікі для бедных там, дзе збіранне грошай павінна адбыцца, як узгадана вышэй, збірайце і назапашвайце дары і дабрачынныя ахвяраванні ад усіх нашых любімых грамадзян. І далей, пад час Боскага набажэнства, перад пропа-веддзю, ідзіце ад чалавека да чалавека у Вашых цэрквах і капліцах у нашых графствах, каб збіраць іх ахвяраванні. Акрамя гэтага, калі палічыце вы гэта больш мэтазгодным для эфектыўнага выканання гэтай Пабожнай працы, то ідзіце ад дома да дома ў Вашых прыходах цягам тыдня, каб збіраць ахвяраванні ад нашых любімых грамадзян. А ўсё што будзе сабрана Вамі пры дапамозе гэтых дакументаў у прыходах і іншых месцах, святар і Вы самі маеце запісаць на адваротным баку адкрытых лістоў або праўдзівых копій скарочаных інструкцыяў словамі, а не лічбамі, адзначыўшы акрамя таго назвы гарадоў і графстваў, дзе збіранне адбылося альбо мае адбыцца. А вашы запісы маюць быць падпісаны ўласнаручна святарамі і царкоўнымі старастамі, а таксама зарэгістраваныя ў вашых прыходскіх кнігах.
А Вы, царкоўныя старасты, у кожнай парафіі і капліцы ўсіх графствў, на працягу трох дзён пасля збірання грошай, маеце перадаць сабраныя грошы разам са скарочаным інструкцыямі з падпісанымі запісамі на адваротным баку галоўнаму начальніку паліцыі ў паліцэйскім участку, да якога адносяцца Вашы прыходы ці капліцы.
А Вы, царкоўныя старасты, кожнага прыходу і капліцы ў вялікіх гарадах, мястэч-ках і гарадах з самакіраваннем, маеце выплаціць і перадаць сабраныя грошы разам са скарочаным інструкцыямі з падпісанымі запісамі на адварот-ным баку мэрам альбо галоўным начальнікам магістрату адпаведна. А ад яго ці ад іх трэба вам атрымаць уласнаручную запіску, колькі грошай яны атрымалі. А кожны мэр ці галоўны начальнік магістрату (за выняткам лорда-мэра нашага горада Лондана) і галоўны начальнік паліцыі адпаведна, на працягу шасці дзён пасля атры-мання грошай маюць перадаць іх да рук высокіх шэрыфаў ў іхніх графствах разам з узгаданымі вышэй падпісанымі запісамі на адваротным баку, а потым атрымаць ад іх зваль-ненне ад гэтага абавязку.
А святары і царкоўныя старасты кожнай царквы ў нашых гарадах Лондане і Вестмінстэры, іхніх прыгарадах і ў прывілеяваных паселішчах, на працягу трох дзён пасля атрымання грошай, сабраных у іхніх цэрквах ці капліцах альбо ў іншых месцах, маюць перадаць іх потым да скарбнікаў разам з узгаданымі дакументамі і скарочанымі інструкцыямі. Потым яны павінны атрымаць ад іх звальненне ад гэтага абавязку.
А высокія шэрыфы, атрымаўшы грошы, маюць пераслаць іх на працягу чатырнаццаці дзён да тых жа самых скарбнікаў, а менавіта да нашага вернага і вельмі любімага джэнтльмена Эдуарда Фэна і яго сына Джона Фэна пры скарбе ў Міністэрстве вайскова-марскога флоту на Лідэн-Хол стрыт у Лондане, якіх мы гэтым дакументам называем, прызначаем і зацвярджаем скарбнікамі ўсіх грошай, якія будуць сабраны з нагоды нашага адкрытага ліста. І да-лей, нашай воляй мы загадваем усім высокім шэрыфам, мэрам, галоўным начальнікам магістратаў, начальнікам паліцыі, святарам, царкоўным старастам і даглядчыкам за беднымі, каб яны з усім магчымым клопатам і стараннасцю збіралі грошы, а таксама выплачвалі, дастаўлялі і высылалі грошы ў той форме і ў тыя тэрміны, якія былі прадпісаныя для іх ў дакументах. Гэтым яны прынясуць нам задавальненне, а ў адваротным выпадку будуць несці адказнасць на сваю рызыку.
Нашай далейшай воляй і жаданнем, Эдуард Фэнн і Джон Фэнн, па атрыманні імі грошай у суме сто фунтаў стэрлінгаў ці болей, павінны адразу ж выслаць іх альбо перадаць праз абмен у заморскія краі для дапамогі і падтрымкі бедных і гаротных цэркваў. Акрамя гэтага, сума грошай, якая будзе для таго патрэбная, мае быць вызначана на заканчэнне пабожнай справы па перакладзе і друкаванні Бібліі тут, у нашым горадзе Лондане, а таксама для ўтрымання Яна дэ Краіно Краінскага, пасланца ўзгаданых цэркваў альбо якога інша-га пасланца ўзгаданых пратэстантаў і для пашырэння па-божнай справы. Зроблена гэта павінна быць такім чынам, каб яны былі адказныя перад намі сваім клопатам, адданасцю і абачлівасцю.
Дзеля гэтага яны павінны весці дакладныя пісьмовыя рахункі ўсіх распісак аб атрыманні, выплат і размеркаванні грошай, якія павінны прадэманстраваць нам, калі б мы іх не запатрабавалі.
Як сведчанне гэтага мы пастанавілі, каб нашы Лісты былі Адкрытымі. Мы завяраем дакумент у Вестмінстэры, дванаццатага ліпеня, у трына-ццатым годзе нашага царствавання.
Лондан, надрукавана Джонам Білам і Крыстаферам Баркерам, друкарамі яго вя-лікасці Караля, 1661."
Пераклаў Міхась Швэдзюк. Англія. 20.04.2009 г.
Літва гістарычная
(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)
У XVI стагоддзі і нават на некалькі стагоддзяў раней большая частка акрэсленага намі абшару была месцам пра-жывання ў асноўным славянамоўнага насельніцтва. Толькі на Віленшчыне пражывалі балты, але і там ішоў працэс славянізацыі, дакладней - беларусізацыі. Крыжацкі храніст XIV ст. Віганд з Марбурга характарызаваў Вільню як "civitas Rutenica" альбо горад, што быў заснаваны русінамі. Паводле іншага крыжацкага храніста, Борнбаха, русіны жылі ў наваколлях Трокаў (Тракая), і нават далей на поўнач і захад - каля Коўна (Каўнаса) і да ўпадзення ў Нёман ракі Нявежа (Нявежыс). Пра тое, што славяне пранікалі на Віленшчыну яшчэ ў часы існавання крывічоў, сведчаць і некаторыя тапонімы: у Малетайскім раёне (на паўночны ўсход ад Вільні) маецца вёска Крывічы (Kriviиiai), а каля Чуленай таго ж раёну - вёска Крывіцішкі. Паводле даведніка І.І. Гашкевіча "Виленская губерния. Полный список населённых мест" (1905), засценак Крывічы знаходзіўся за 14 вёрст ад Немянчыне. Паколькі крывічы як плямянное аб'яднанне апошні раз узгаданы ў летапісах пад 1162 годам, то ёсць падстава датаваць узнікненне паселішчаў з такой назвай часам не пазней за згаданую дату, у крайнім выпадку не пазней за XIII стагоддзе. У Зарасайскім раёне Літоўскай Рэспублікі ёсць вёска Славенішкі, недалёка ад Рудаміны (ваколіцы Вільні) - вёска Русінай (г.зн Русіны). Такая назва хоць і больш позняя за назву "Крывічы", але таксама датуецца сярэднявечнай эпохай.
Матэрыялы археалагічных раскопак сведчаць, што ўжо ў XII стагоддзі ва ўсіх трох частках пазнейшай Вільні - Верхнім замку (на гары Гедзіміна), Ніжнім замку (раён сучаснага катэдральнага пляцу) і ў Крывым горадзе (знішчаны крыжакамі ў канцы XIV ст. і больш не адрадзіўся) - існавалі паселішчы, на якіх знойдзены ўсходнеславянскія рэчы, уключаючы кераміку і шкляныя бранзалеты. Апошняя катэгорыя знаходак характэрная менавіта для гарадоў Кіеўскай Русі, куды гэтая традыцыя распаўсюдзілася з Візантыі. Шмат усходнеславянскіх рэчаў знойдзена і пры раскопках Кернава. Нездарма, відаць, у "Списке русских городов дальних и ближних", сярод "рускіх" (г. зн. усходне-славянскіх) гарадоў пералічваюцца і гарады на тэрыторыі цяперашняй Летувы: Вільня, Трокі (Тракай), Меднікі (Мя-дзінінкай), Майшагола, Коўна (Каўнас), Вількамір (Укмярге), Мерач, Кернава. Паколькі ва ўсходнеславянскіх землях XII-XIV стагоддзяў гарадское жыццё дасягнула значнага развіцця, то дзякуючы славянам, гарады сталі ўзнікаць і на тэрыторыі з акаляючым балцкім насельніцтвам. Як вынікае з "Жыція" трох віленскіх пакутнікаў - Антонія, Іаана і Яўстафія, ліцвінаў па паходжанні, пакараных смерцю ці каля сярэдзіны XIV стагоддзя, ці яшчэ пры Гедзіміне, - у іх да хрышчэння былі славянскія імёны - Кумец, Круглец і Няжыла. Існаванне такіх імёнаў сведчыць, што ў часы да Крэўскай уніі 1385 г. частка жыхароў Вільні і Віленшчыны беларусізавалася, але заставалася язычнікамі. Літоўскі мовазнаўца З. Зінкявічус, які даследваў летувіскія сярэднявечныя антрапонімы, прыйшоў да высновы, што частка з іх была запазычанай ад усходніх славянаў яшчэ да сярэдзіны XII ст. і што хрысціянская царква ўсходняга абраду пачала ўплываць на Летуву ў XI ст. З другой паловы XII ст. гэты ўплыў узмацніўся. Да XIV ст. ад усходніх славянаў была запазычана і большая частка хрысціянскіх тэрмінаў.
Хаця пачынаючы з XV стагоддзя (пасля Грунвальдскай бітвы), адміністрацыйная мяжа ўласна Літвы з Жамойцю праходзіла па р. Нявежы (Нявежыс), археалагічныя дадзеныя дазваляюць меркаваць, што ў дадзяржаўны перыяд (прынамсі, у пачатку XI ст.), калі Літва ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах, на паўночным захадзе яна займала крыху меншую тэрыторыю. Справа ў тым, што археалагічная культура (г.зн. гістарычная агульнасьць археалагічных помнікаў, якія існавалі на акрэсленай тэрыторыі прыблізна ў адзін час і аднастайныя па сваёй матэрыяль-най культуры) так званых усходнелітоўскіх курганоў на паўночным захадзе свайго арэалу была тэрытарыяльна распаўсюджана толькі да р. Святой (Швянтойі), а міжрэчча Святой і Нявежы ў другой палове I і пачатку II тысяча-годдзя н.э. займала насельніцтва іншай археалагічнай культуры, для якой характэрны грунтавыя могільнікі з цела-спаленнямі людзей і трупапалажэннямі коней. Вядомыя археолагі Валянцін Сядоў і Адольфас Таўтавічюс насельніцтва гэтай культуры атаясамлівалі з аўкштайтамі. Пако-лькі тэрыторыя, занятая аўкштайтамі, у параўнанні з тэрыторыямі Літвы і Жамойці была невялікай, што можа сведчыць і пра адпаведныя суадносіны колькасці насельніцтва, то з пачаткам дзяржаваўтварэння Аўкштайція досыць хутка патрапіла ў сферу уплыву больш моцнай Літвы. На поўначы сучаснай Летувы яшчэ ў XI-XIII стст. абшары рассялення Літвы і Жамойці не даходзілі да сучаснай летувіска-латышскай мяжы і досыць значныя тэрыторыі былі занятыя плямёнамі зямгалаў і куршаў, якія ў асноўным маюць дачыненне да фармавання латышскага народу.
У самым даўнім з вядомых усходнеславянскіх летапісаў, "Аповесці мінулых гадоў", складзенай у пачатку XII стагоддзя на падставе больш ранніх крыніцаў, Літва пералічваецца сярод тых неславянскіх народаў ("инии языци"), якія плацяць даніну Кіеўскай Русі ("иже дань дають Руси"). Акрамя культуры ўсходнесла-вянскіх курганоў, якая на паўднёвым усходзе ахоплівала тэрыторыю да возера Свір і сярэдняе цячэнне р.Віліі, пад Літвой напэўна мелася на ўвазе і прастора, дзе большая частка насельніцтва была ўжо славянамоўнай, але захоўваліся яшчэ асобныя астраўкі балтаў. Абшар, які ў XVI стагоддзі называўся Літвой, напачатку сярэднявечча (у V-VIII стст.) быў заселены плямёнамі двух этнічна балцкіх культураў: усходнелітоўскіх курганоў і банцараўскай (апошняя месцілася ў цэнтральнай і часткова паўночна-заходняй частках цяперашняй Беларусі). Асновай, на якой узніклі абедзве гэтыя культуры, была больш ранняя культура штрыхаванай керамікі, якая праіснавала да IV-пач.V стст. Характэрна, што арэал гэтай культуры на познім этапе яе існавання распаўсюджваўся, паводле сцвярджэння археолага А.А. Егарэйчанкі (які прысвяціў ёй адмысловую манаграфію),ад р. Святой (Швянтойі) і сярэдняга цячэння Нёмана да водападзелу Нёмана і Прыпяці, уключаючы вярхоўі Лані, Случы і Пцічы, а на ўсходзе - у асноўным да р. Бярэзіны. Няцяжка заўважыць, што гэты арэал супадае з той тэрыторыяй, якая ў дакументах XVI стагоддзя аднесена да Літвы ў вузкім сэнсе слова. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што згаданая тэрыторыя называлася Літвой ужо на заключным этапе існавання культуры штрыхаванай керамікі, г.зн.не пазней чым у IV-V стст. Хаця пад уплывам і ў выніку пранікнення суседніх плямёнаў на месцы культуры штрыхаванай керамікі ўтварылася дзве - усходнелітоўскіх курганоў і банцараўская, але абедзьве яны засталіся этнічна прыналежнымі да балцкага этнасу. Большая частка раней-шага насельніцтва таксама напэўна нікуды не мігравала, і верагодна назва ўсёй той тэрыторыі засталася ранейшай. Варта сказаць, што археалагічнай навуцы вядома шмат прыкладаў, калі адзін этнас прадстаўлены двумя альбо некалькімі археалагічнымі культурамі. Што датычыць паўднёвай часткі арэалу культуры штрыхаванай керамікі, насельніцтва якога ў канцы I-пачатку II тысячагоддзя н.э. было славянізавана, але на працягу ўсяго сярэднявечча тая тэрыторыя працягвала называцца Літвой, то можна прывесці з еўрапейскай гісторыі наступныя прыклады. Такія тэрыторыі як Прусія, Фракія, Далмацыя, Брытанія, Бургундыя, Багемія, Бельгія і нават Францыя атрымалі свае назвы ад засяляўшых іх першапачаткова этнасаў, але тым не менш гэтыя назвы тэрыторыяў захаваліся і пасля змены (у выніку міграцыяў альбо асіміляцыяў) этнічнага складу іх насельніцтва. Да таго ж не толькі паўднёвая частка гістарычнай Літвы (у межах цяперашняй Беларусі) абславянілася, але і насельніцтва паўночнай часткі (у цяперашняй Летуве) ўсё больш пераймала пануючыя славянскія (дакладней, старабеларускія) мову і культуру. Гэтаму спрыяла і наяўнасць сярод насельніцтва гарадоў паўднёва-ўсходняй Летувы значнай часткі беларусаў. Таму не дзіўна, што падарожнікі з замежных краінаў, а таксама ўраджэнцы Вялікага Княства нярэдка пад літоўскай мовай мелі на ўвазе старабеларускую, а саміх ліцвінаў адносілі да славянскіх народаў. Так, у першай палове XVI ст. аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн сцвярджаў у сваіх запісках, што на "літоўскай мове" бізона называюць зубрам (Suber), хоць па-летувіску гэтая жывёла завецца stumbras. Гэтак сама ён прыводзіў і "літоўскую" назву лася (Loss). У XVII ст. вядомы праваслаўны дзяяч Лаўрэнці Зізаній разумеў пад "літоўскай" мовай старабеларускую, а пад "рускай" - царкоўнасла-вянскую. Так, у прадмове да складзенага ім "Катэхізісу" ён пісаў, што гэтая кніга "глаголемая по-гречески катехизис, по-литовски оглашение, русским же языком нарицается беседословие." У тым жа XVII ст. Мялеці Сматрыцкі ў творы "Апраўданне нявіннасці" прыгадваў "Літву" сярод "хрысціянскіх рускіх народаў", на адным узроўні з валынцамі, украінцамі, Белай і Чорнай Руссю, і г.д. Расейскі дыпламат князь Б. Куракін у пачатку XVIII ст., праяжджаючы праз Беларусь, адзначаў падабенства "літоўскай" мовы да расейскай. Толькі паступова назва Літва стала выключна абазначэннем аднаго з балцкіх народаў і замацавалася за тэрыторыяй, большую частку якой складае гістарычная Жамойць (Жэмайція), а назва Беларусь з абазначэння гістарычнай вобласці ў Падзвінні і Падняпроўі набыла сучаснае значэнне.
Эдвард Зайкоўскі, кандыдат гістарычных навук
85-я ўгодкі Васіля Быкава ў ТБК Літвы
27 чэрвеня імпрэза ў Таварыстве Беларускай культуры была прысвечана 85м угодкам народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Кола чальцоў ТБК у чэрвені 2004 г. наведала Ўсходнія могілкі апошні прытулак пісьменьніка. Далей наша вандроўка працягвалася на Віцебшчыну, шукалі вёску Бычкі, але тады наведаць малую радзіму Быкава не атрымалася. З дакладам пра творчую спадчыну Васіля Быкава выступіла Л. Мілаш, было прачытана апавяданне "Да родных месц". Тыя, хто прысутнічаў дасведчаныя ў творчасці пісьменніка . У ТБК ён выступаў двойчы першы раз, калі адкрывалі табліцу Браніславу Тарашкевічу, другі калі ў Вільні адбылася прэзентацыя кнігі "Альпійская балада" на літоўскай мове (1994 г.), апошні прыезд Быкава ў Вільню. Затым увагу прысутных займеў госць з Менска вядомы рэжысёр Алег Дашкевіч , ён распавёў аб сустрэчы з Васілём Быкавым, браў інтэрвію і так хваляваўся, што націснуў не на тую кнопку дыктафона, атрымаўся партрэт без голаса, прышлося шукаць новае выйсце, каб выправіць памылку.
Старшыня ТБК Хведар Нюнька расказаў аб сваіх уражаннях ад сустрэчы з Быкавым. Назаўсёды запомніліся паховіны пісьменніка.
Наступны выступоўца госць з Варшавы, навуковец, які даследуе беларускую мову ў памежных рэгіёнах Латвіі і Літвы Міраслаў (Мірэк) Янкавяк. Ужо ёсць кніга, як вынік працы, якая зойме пачэснае месца ў бібліятэцы ТБК, цікавая для гісторыкаў, этнографаў, беларусаведаў і тых, хто цікавіцца беларускай культурай.
У ТБК стала традыцыяй знаёміцца з фільмамі незалежных рэжысёраў Беларусі. Была прэзентацыя фільмаў Ул. Коласа, Вольгі Мікалайчык. Гэтым разам прэзентацыя фільма "Журналісты". Рэжысёр Алег Дашкевіч. На пачатку прадзюсар Вольга Мікалайчык прадставіла рэжысёра. Фільм не пакінуў абыякавым нікога з прысутных, некаторыя глядзелі ўжо некалькі разоў і з захапленнем. Фільм дакументальны, эпатажны. Гэта частка новай гісторыі Беларусі: факты, падзеі. Пачатак фільма 1994 год будучы прэзыдэнт краіны абяцае: " У Беларусі павінны быць і дзяржаўная прэса, і незалежная". Прайшло 15 год. Незалежная прэса знаходзіцца ў падполлі. Многія таленавітыя журналісты пакінулі краіну, а тыя хто застаўся заслугоўваюць павагі і пашаны. Яны пакінуць пасля сябе след у новай гісторыі Беларусі, за імі будучыня. Фільм "Журналісты" быў паказаны амаль на ўсіх кантынентах. Таму паказ у ТБК стаў падзеяй для беларусаўвіленчукоў, фільм папоўніў фанатэку ТБК, многія з прысутных атрымалі кампактдыск у падарунак. Пройдзе час, ён не раз будзе паказаны ў ТБК. Таленавітая праца, таленавітага творчага калектыву.
Напрыканцы імпрэзы выступіў украінскі ансамбль "Світліця". Украінскія артысты адзначылі: "Такога фільма на Украіне няма". Ён будзе паказаны на кінафестывалі ў Львове.
Абмеркаванне працягвалася за кубкам гарбаты ў старшыні ТБК Хведара Нюнькі. Ёсць надзейны тыл у Вільні для незалежных журналістаў.
Жыве Беларусь!
Леакадзія Мілаш, Вільня,чэрвень 2009.
На здымках: 1. Выступае Міраслаў Янкавяк; 2. Вольга Мікалайчык і Алег Дашкевіч.