№ 29 (920) 22 ЛІПЕНЯ 2009 г.
БАРЫСУ ПЯТРОВІЧУ - 50
Барыс ПЯТРОВІЧ , сапр.: Барыс Пятровіч САЧАНКА (нар. 17 ліпеня 1959, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.), празаік.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Працаваў у абласным і рэспубліканскім друку. З 1990 - адказны сакратар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер (2009) працуе галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса «Дзеяслоў». Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1993). Жыве ў Менску.
Дэбютаваў апавяданнем у 1987 (часопіс «Крыніца»). Аўтар кніг прозы «Ловы» (1992), «Сон між пачвар», «Шчасце быць», «Жыць не страшна: фрэскі» (2008).
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
У.У. Макею
Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!
3 чэрвеня 2009 года мы адправілі на імя Кіраўніка краіны і іншых высокіх асоб Зварот грамадскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці" і дзеячаў нацыянальнай культуры, навукі пра неабходнасць аб'яднання намаганняў дзяржавы і грамадскасці ў захаванні і развіцці дзяржаўнай беларускай мовы.
На жаль, адказу на свой зварот з Адміністрацыі Прэзідэнта мы не атрымалі і не ведаем, ці дайшоў наш ліст да Прэзідэнта, як не ведаем і таго, ці чыталі Вы асабіста гэты Зварот па мове. Між тым намі там узняты пытанні лёсавызначальныя і важныя для бяспекі і паспяховага развіцця нашай краіны. Асноўнае, што трывожыць грамадскасць: разам з мовай дзяржава страчвае векавечны грунт, на якім базіруецца самавызначэнне народа і нацыі, суверэннасць і незалежнасць дзяржавы. Варта ўлічыць, ніякая армія не ў стане абараніць суверэнную дзяржаву так, як бароніць яе мова, але дадамо: родная мова, якая мае належнае распаўсюджванне ў сваім грамадстве. Не выпадкова ж яшчэ ў старажытным Рыме зазначана: чыя мова, таго і ўлада!
Мы ласкава просім Вас асабіста аб сустрэчы ў бліжэйшы час, каб разам з Вамі абмеркаваць прынцыповыя пытанні, пастаўленыя ў нашым Звароце і пазбегнуць непаразуменняў у адносінах да традыцыйных нацыянальных каштоўнасцяў і роднай для беларусаў мовы.
Лічым, што на сустрэчу, калі Вы запросіце, маглі б прыйсці 5 - 6 чалавек з ліку падпісантаў гэтага ліста да Вас (або Звароту па мове).
3 павагай:
Генадзь Лыч, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук;
Радзім Гарэцкі, акадэмік;
Вячаслаў Рагойша, доктар філалагічных навук, прафесар;
Раіса Баравікова, пісьменніца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі;
Алег Трусаў, канд. гістарычных навук, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны;
Алесь Лозка, канд. філалагічных навук, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай школы";
Васіль Якавенка, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці", пісьменнік.
12 ліпеня 2009 г.
Пастанова Сакратарыяту ТБМ
Аб святкаванні 20-х угодкаў Таварыства беларускай мовы
Сакратарыят ТБМ пастанаўляе:
І. Склікаць чарговую Раду ТБМ 27 верасня 2009 года ў г. Менску
а) пачатак рэгістрацыі сяброў Рады ў 10.30 (сядзіба ТБМ);
б) час работы Рады ТБМ 11.00 - 12.15;
в) асноўныя пытанні, якія прапануюцца разгледзець на Радзе ТБМ:
1. Зварот да Адміністрацыі Прэзідэнта з прапановай абвесціць наступны 2010 год Годам роднай мовы.
2. Зварот да грамадзян Беларусі з нагоды чарговага перапісу.
ІІ. Правесці святочную вечарыну з нагоды юбілею ТБМ з 12.30 да 14.30 27 верасня 2009 г.
10 ліпеня 2009 года.
Беларусы Свету заклапочаны станам беларускай мовы
18-19 ліпеня ў Менску прайшоў Пяты з ' езд Згуртавання беларусаў свету " Бацькаўшчына ". Удзел у форуме прымалі 215 дэлегатаў з 17 краін. У ліку запрошаных у з'ездзе ўдзельнічалі міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі МЗС, міністэрства адукацыі, міністэрстваў інфармацыі, эканомікі, замежныя дыпламаты.
З'езд праходзіў ў Міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB).
Праграма першага дня з'езду ўключала пленарнае і секцыйныя паседжанні, выступы прадстаўнікоў дзяржструктур і святочны канцэрт. У другі дзень прайшлі сустрэчы дэлегатаў з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, прэзентацыя кніг, сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіруючых органаў і прыём у ганаровыя сябры аб'яднання.
Як адзначала напярэдадні старшыня рады згуртавання "Бацькаўчшына" Алена Макоўская , з'езд "Бацькаўшчыны" - гэта не проста справаздачнавыбарчае мерапрыемства, а тэматычны сход, які мае вырашыць цэлы шэраг надзённых пытанняў.
"Мы лічым, што тэма нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў сёння вельмі востра стаіць у Беларусі ў сувязі з працэсамі русіфікацыі, у сувязі з тым, што беларуская мова выводзіцца з усіх сфераў ужытку, у сувязі з тым, што беларусы наагул вельмі слаба нацыянальна ідэнтыфікаваныя. Сустракаючыся з тым фактам, што мы пастаянна губляем свой інтэлектуальны патэнцыял, свой эканамічны патэнцыял, тых людзей, якія маглі б ствараць нашы іміджавыя цэнтры паза межамі краіны, мы не можам застацца ўбаку, назіраючы за гэтымі працэсамі. І таму мы ставім менавіта тэму нацыянальнай ідэнтыфікацыі важнай тэмай з'езду".
На пачатку з'езду ўдзельнікі праслухалі аўдыёвітанне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Яна пажадала, каб дэлегаты не толькі сустрэліся са сваякамі і наведалі радзіму, але маглі "з'яднаць усіх беларусаў вакол нашых супольных ідэялаў узаемаразумення і салідарнасці".
Пра мову і русіфікацыю казаў у выступе кіраўнік "Бацькаўшчыны" Аляксей Марачкін: "Русіфікацыя нашага краю сёння дасягнула найвышэйшага апагею. У паўсядзённым жыцці - абвесткі на мове ў грамадскім транспарце, назвы вуліц - мова існуе на ўзроўні сувеніру. Ва ўладных установах Беларусі яе ігнаруюць... За беларускую мову ў беларускім войску фронтаўцу Франаку Вячорку пагражаюць крымінальнай адказнасцю. Сённяшняя моўная палітыка ў Беларусі вядзе да этнацыду нацыі і страты суверэнітэту. Таму неабходна вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у нашай краіне, як гэта было прапісана ў канстытуцыі 1994 года".
Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька:
"Праблема беларусаў у Беларусі палягае ў тым, што тут па сутнасці адсутнічае беларуская мова. А гэта - галоўны элемент культуры і існавання нацыі. І гэта засмучае... Таму мы вітаем нейкія крошкі лібералізацыі, якія сёння адчуваюцца. Прыкладам, міністар культуры гаворыць пабеларуску. Але гэта настолькі нязначна... Бо нам за мяжой добра бачна, што такое сапраўды мова для краіны. Таму беларуская мова ёсць галоўны элемент. І нас будзе радаваць, калі мы будзем бачыць змяненне сітуацыі ў самой Беларусі".
Паводле гісторыка Наталлі Гардзіенкі , за мяжой пражывае да трох з паловай мільёнаў беларусаў. Як і для мітраполіі, для іх характэрная праблема страты нацыянальнай ідэнтычнасці.
"Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да скарачэння старых беларускіх арганізацый, якія былі створаныя яшчэ эмігрантамі часоў другой сусветнай вайны, так званых першых беларускіх дыяспараў на Захадзе. Старое пакаленне адыходзіць, а маладое не паўсюль можа замяніць і мае наогул цікавасць да беларускай дзейнасці. Нашчадкі беларусаў, на жаль, вельмі мала хто размаўляе па беларуску і, наогул, выказвае цікавасць да свайго беларускага паходжання."
Старшыня ТБМ Алег Трусаў таксама спыніўся на праблемах беларускай мовы. Ён прапанаваў абвясціць наступны 2010 год "Годам роднай мовы" .
Падчас выступу сп. Трусаў выказаў падзяку беларусам у дыяспарах за фінансавую падтрымку дзейнасці ТБМ. Гэта перш за ўсё: Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Ірэна КалядаСмірноў у ЗША; Івонка Сурвіла і суполка ТБМ у Канадзе; Лёля Міхалюк і айцец Аляксандр Надсан у Англіі; Надзея БартЮрэвіч у Германіі; Яўген Груша ў Аўстраліі; Антон Сабалеўскі ў Маскве; Валянцін Грыцкевіч і Мікола Нікалаеў у СанктПецярбургу; Валер Барташ у Севастопалі (Украіна), Хведар Нюнька ў Вільні.
Падчас з'езду было распаўсюджана мноства газет ТБМ "Наша слова" і "Новы час", а многія дэлегаты атрымалі каляндарыкі да 20годдзя ТБМ, выпушчаныя літаральна за дзень да з'езду.
Падчас з'езду старшыня ТБМ Алег Трусаў уручыў памятныя значкі да 20годдзя ТБМ Янку Запрудніку, Вітаўту Кіпелю (праз пасярэдніка), Аляксандру Надсану, Юрку Станкевічу, Лёлі Міхалюк, Віктару Шведу, некаторым іншым актыўным сябрам ТБМ у дыяспарах.
Падчас адказаў на пытанні дэлегатаў з'езду намеснік кіраўніка ўпраўлення вышэйшай адукацыі, начальнік аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплін упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі міністэрства Надзея Ганушчанка сказала, што Міністэрства адукацыі плануе пашырыць спіс навучальных устаноў з выкладаннем на беларускай мове. Паводле яе слоў, Міністэрства адукацыі ўзяло курс на пашырэнне колькасці гімназій і ліцэяў з беларускамоўным выкладаннем, будуць утвораны новыя школы і класы з беларускай мовай навучання. Што да ідэі стварэння беларускамоўнай ВНУ, якая ўжо даўно прапануецца прадстаўнікамі інтэлігенцыі, то пра гэта пакуль гаворка не ідзе.
Новы міністр культуры Беларусі Павел Латушка падчас адказу на пытанні заявіў, што "не ўяўляе Міністэрства культуры без беларускай мовы" . Паводле слоў міністра, асабіста для яго "беларуская мова з'яўляецца прыярытэтнай". "У асноўным у Міністэрстве культуры мы будзем весці справаводства на беларускай мове і, такім чынам, пастараемся падаваць прыклад астатнім міністэрствам і ведамствам", - сказаў Латушка.
Такім чынам пытанне стану беларускай мовы ў Беларусі фактычна было асноўным на з'ездзе. Дыяспара паказала, што яна ад гэтай праблемы не адступіцца. З'езд адзінагалосна прыняў рэзалюцыю "Аб падтрымцы беларускай мовы" . (Будзе надрукаваная ў наступным нумары.)
У канцы прайшлі выбары кіраўніцтва. Старшынёй МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абрана Алена Макоўская. Абраны Вялікая і Малая рады, старшынёй радаў абрана Ніна Шыдлоўская. Старшыня ТБМ Алег Трусаў абраны ў склад радаў.
Наш кар.
Тытанічны ўклад у лінгвістычную навуку
(да 90-годдзя з дня нараджэння прафесара М. Булахава)
Міхаіл Гапеевіч Булахаў адносіцца да плеяды найвыдатнейшых спецыялістаў-мовазнаўцаў славянскіх краін свету, якія ўнеслі агромністы ўклад у лінгвістычную навуку. Ён нарадзіўся 22 ліпеня 1919 года ў вёсцы Маслакі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. Пасля заканчэння школы Міхаіл Булахаў прайшоў навучанне на шасцімесячных падрыхтоўчых курсах і паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Па заканчэнні інстытута ў 1940 годзе быў прызваны на службу ў войска. З баямі прайшоў усю вайну, якую закончыў у Празе.
Пасля гэтага пачаўся творчы шлях Міхаіла Гапеевіча. У сакавіку 1946 года ён быў залічаны ў аспірантуру Менскага педагагічнага інсты-тута.
У 1950 годзе ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1951 года М.Г. Булахаў працуе ў інстытуце мовазнаўства АН БССР, спачатку на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка, а з верасня 1952 года ён - загадчык сектара сучаснай беларускай мовы і культуры мовы. З гэтага часу група спецыялістаў (усяго 5 чалавек) на чале з Булахавым прыступае да працы над падрыхтоўкай акадэмічнай поўнай нарматыўна-апісальнай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама над напісаннем цыкла навучальных дапаможнікаў для ВНУ Беларусі. Трэба адзначыць, што за кароткі час гэтыя працы былі не толькі падрыхтаваны, а і апублікаваны.
З траўня 1965 года М.Г. Булахаў працуе ў БДУ. Абараняе доктарскую дысертацыю, а ў 1967 годзе яму прысвоена званне прафесара. У красавіку 1975 года ён пераходзіць на выкладчыцкую працу ў Менскі педінстытут.
Сур'ёзным укладам у беларускае мовазнаўства з'явілася даследаванне М.Г. Булахава ў трох кнігах пра прыметнікі. Першая кніга - "Прыметнік у беларускай мове" (1964). У ёй на вельмі багатым фактычным матэрыяле, пачэрпнутым з пісьмовых помнікаў старабеларускай мовы, з твораў беларускай вуснай народнай творчасці, з дыялектных слоўнікаў і мастацкіх твораў дзесяткаў беларускіх пісьменнікаў прааналізавана гісторыя словазмя-нення і формаўжывання адносных, якасных і прыналежных прыметнікаў. Другая кніга М.Г. Булахава пра прыметнік, якая называецца "Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы ХІУ - ХУІІ стагоддзяў" (1971), прысвечана аналізу сінтаксічных функцый гэтай часціны мовы. У трэцяй кнізе прафесара Булахава пра прыметнік, якая выйшла ў свет у 1973 годзе, даецца лексікалагічны аналіз прыметнікаў беларускай мовы. З пісьмовых помнікаў старабеларускай мовы аўтарам было выпісана 10 тысяч адзінак гэтай часціны мовы, а ў кнізе прааналізавана 260 прыметнікаў, якія сваім паходжаннем з'яўляюцца праславянскімі.
Міхаіл Гапеевіч Булахаў з'яў-ляецца аўтарам капітальнай трохтомавай працы "Усходнеславянскія мовазнаўцы. Біябібліяграфічны слоўнік" (1976; т. 2, 1977; т. 3, 1978). Гэта праца прынесла яе аўтару агульнаеўрапейскую вядомасць. У ёй пада-дзены нарысы пра жыццё і навуковую дзейнасць 354 усходнеславянскіх мовазнаўцаў пачынаючы з ХУІ стагоддзя. Характарызуючы таго або іншага вучонага-лінгвіста. Прафесар М.Г. Булахаў імкнецца па магчымасці вельмі грунтоўна і аб'ектыўна паказаць, што ён даў для развіцця мовазнаўства ў свой час, як ягоныя ідэі ўспрымаліся і садзейнічалі далейшаму развіццю навукі, а таксама выдзяляе тую частку яго спадчыны, якая захавала навуковае значэнне і актуальнасць да нашага часу.
Тэматычна да трохтомніка "Усходнеславянскія мовазнаўцы" прымыкае манаграфія М.Г. Булахава "Яўхім Фёдаравіч Карскі. Жыццё, навуковая і грамадская дзейнасць" (1981). Гэта праца з'яўляецца пер-шым манаграфічным даследаваннем, у якім падрабязна, з улікам навейшых дадзеных прасочаны жыццёвы і творчы шлях акадэміка Ф.Ф. Карскага, на шырокім гістарычным фоне праана-лізавана пераважная большасць яго лінгвістычных прац, аб'ектыўна ацэнены ўнесены Карскім агромністы ўклад у навуку пра славянскія мовы.
Адначасова з падрыхтоўкай слоўніка "Усходнеславянскія мовазнаўцы" і манаграфіі пра акадэміка Я.Ф . Карскага М.Г. Булахаў напісаў вялікі нарыс "Асноўныя этапы развіцця славянскага мовазнаўства ў Расіі (да 1917 г.) /М., 1978).
Вывучэннем жыцця і дзейнасці ўсходнеславянскіх лінгвістаў М.Г. Булахаў займаўся і пасля выдання біябібліяграфічнага слоўніка і прац пра Я.Ф. Карскага. У 1996 годзе выйшла кніга Міхаіла Гапеевіча "Навука пра рускую мову ХУІІІ - ХХ стст" (264 с.).
У 1989 годзе выйшла ў свет новая арыгінальная праца М.Г. Булахава - "Слово о полку Ігореве" в літературе, искусстве, науке. Краткий энциклопедический словарь». Аднак пры аб'ёме ў 49 друкаваных аркушаў кароткім яго можна лічыць толькі ўмоўна, тым больш, што ў ім змешчана 474 артыкулы і многа цытатаў на бакавых палосах з твораў пісьменнікаў, даследаванняў вучоных і часопісна-газетных публікацый. Падрыхтоўка адным чалавекам такога вялікага выдання проста ўражвае.
З пяцідзесятых гадоў ХХ стагоддзя М.Г. Булахаў пачаў цікавіцца праблемай гістарычных сувязяў слваянскіх моў і ўзаемаадносінамі паміж імі ў новы час. Вынікам гэтых зацікаўленняў з'явілася кніга М.Г. Булахава "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ - ХХ стст. ва ўзаемадзеянні з іншымі славянскімі мовамі" (1958).
Пытанням сувязяў і ўзаемаадносін беларускай мовы з іншымі славянскімі і неславянскімі мовамі Міхаіл Гапеевіч прысвяціў шмат сваіх навуковых артыкулаў. Цікавай па ўзнятай тэме і разгледжаных фактах з'яўляецца кніга М.Г. Булахава "Асноўныя пытанні супастаўляльнай стылістыкі рускай і беларускай моў" (1979).
Міхаіл Гапеевіч многа працаваў таксама над падрыхтоўкай наву-чальных дапаможнікаў па сучаснай беларускай мове для сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Так, у сааўтарстве з М.І. Гурскім і М.Ц. Марчанкам ён падрыхтаваў дапаможнік "Беларуская мова". Ён выйшаў у дзвюх частках: першая частка (Лексікалогія. Фанетыка. Марфалогія) - у 1955 годзе, а другая частка (Сінтаксіс) - у 1958 годзе. Гэты падручнік потым яшчэ два разы перавыдаваўся (у 1961-62 і ў 1968 гадах) з дапрацоўкай.
Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле М.Г. Була-хава група навуковых супрацоўнікаў сектара сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР пад-рыхтавала "Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы" у трох частках - дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэтаў і педагагічных інстытутаў. Частка 1-я (1957) змяшчае раздзел "Марфалогія", частка 2-я - раздзел "Сінтаксіс" (1959), частка 3-я - раздзелы "Фанетыка", "Арфаграфія", "Лексікалогія".
У якасці дадатку да гэтага тэарэтычнага курсу некалькімі аўтарамі з удзелам М.Г. Булахава быў складзены і апублікаваны "Зборнік практыкаванняў па сучаснай беларускай латаратурнай мове" (1959).
Побач з распрацоўкай праблем сучаснай беларускай мовы Міхаіл Гапеевіч плённа займаўся падрыхтоўкай прац навучальнага характару ў галіне гісторыі беларускай мовы. Так, ён адзін напісаў і выдаў дапаможнік для студэнтаў-філолагаў "Практыкаванні і матэрыялы па гісторыі беларускай мовы" (1956). У 1969 годзе гэты каштоўны дапаможнік выйшаў другім выданнем, значна дапрацаваным і дапоўненым. Некалькі раней (у 1953 годзе) М.Г. Булахаў выпусціў у свет "Сборник задач и упражнений по синтаксису древне-русского языка".
Нямала зроблена Міхаілам Гапеевічам у якасці кіраўнімка творчага калектыву і ў сучасных умовах студэнт - будучы настаўнік - павінен атрымаць больш шырокую філалагічную адукацыю. вучоныя М.Г. Булахаў, М.А. Жаўтобрух (Кіеў) і В.І. Кодухаў (Ленінград) падрыхтавалі арыгінальную кнігу "Восточнославянские языки" (М.: Просвещение. 1987), якая Міністэрствам асветы СССР была зацверджана ў якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў педагагічных ВНУ. У гэтай працы Міхаілу Гапеевічу належыць вялікі раздзел "Марфалогія", дзе аўтарам дадзена разгорнутая характарыстыка граматычных катэгорый і форм часцін мовы ў трох роднасных мовах з прымяненнем методыкі супастаўляльнага аналізу. На вялікім фактычным матэрыяле паказана як генетычная блізкасць марфалагічных сістэм гэтых моў, так і і х нацыянальная спецыфіка ў цяперашні час.
У 2002 - 2005 гадах Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка выдаў агромністую навуковую пяцітомавую працу М.Г. Булахава - "Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии" - агульным аб'ёмам у 205 улікова выдавецкіх аркушаў. Гэта не проста тэрміналагічны слоўнік адной галіны навукі, а тым больш не "досвед" слоўніка тэрміналогіі тлумачальнага тыпу, а фундаментальнейшая навуковая праца, дзе кожны лінгвістычны тэрмін падрабязна апісваецца і даследуецца. Прасочваецца ўся гісторыя кожнага тэрміна. Прыводзіцца неабходная багатая навуковая бібліяграфія і крыніцы фіксацыі тэрміна. Абсалютная большасць слоўнікавых артыкулаў - гэта свайго роду значнае па аб'ёму аўтарскае даследаванне. Вельмі многія слоўнікавыя артыкулы займаюць у кнізе вялікага фармату шмат старо-нак. Напрыклад, слоўнікавы артыкул на слова "язык" у пятым томе гэтага слоўніка займае 80 кніжных старонак. У дадзенай пяцітомавай працы М.Г. Булахава апрацавана і гістарычна даследавана 6568 тэрмінаў, а таксама (у 5-ым томе) змешчаны вялікі раздзел "Нарыс гісторыі рускай лінгвістычнай тэрміналогіі". Падобнай працы па паўнаце падачы матэрыялу, па фундаментальнасці даследавання, па колькасці матэрыялу і па аб'ёму ў аркушным выражэнні няма ў лінгвістычнай навуцы ні ў адной са славянскіх краін і ў многіх іншых дзяржавах. Тым больш уражвае тое, што гэта праца выканана адным чалавекам і ўжо ў яго шаноўным узросце. Гэты слоўнік аднолькава прыдатны і спецыялістам беларускай лінгвістыкі, яе тэрміналогіі і ўсім, хто вывучае прафесійна і навучальна мае дачыненне да рускай і беларускай моў.
Акрамя ўсяго названага вышэй М.Г. Булахаў апублікаваў яшчэ каля 300 навуковых, метадычных і энцыклапедычных прац. У 2009 годзе выдадзена таксама вялікая кніга М.Г. Булахава "Выбраныя працы па мовазнаўству. Русістыка, беларусістыка, славістыка". Аб'ёмам каля 600 кніжных старонак. Увогуле ж уся надрукаваная навуковая прадукцыя Міхаіла Гапеевіча Булахава вылічаецца лічбай - каля 1000 друкаваных аркушаў.
І гэта яшчэ не ўсё. На рабочым стале прафесара М.Г. Булахава знаходзіцца яшчэ нявыдадзеная двухтомавая праца, прысвечаная пытанням прыметніка ў беларускай мове, тым пытанням, якія не былі асветлены вучоным у яго ранейшых тамах пра прыметнік беларускай мовы. На ягоным рабочым стале таксама чакаюць свайго выхаду ў свет працы, прысвечаныя мове і стылю старажытнарускіх пісьмовых помнікаў, працы, апрысвечаныя тыпалогіі некаторых іменных дэрыватаў ва ўсходне і заходнеславянскіх мовах, філалагічнай ацэнцы славянскіх перакладаў "Слова пра паход Ігаравы", этымалогіі многіх лексем беларускай і рускай моў і інш.
Выдадзеныя фундаментальныя навуковыя працы Міхаіла Гапеевіча прынеслі яму сусветную славу.
Пад кіраўніцтвам М. Г. Булахава падрыхтавана і абаронена каля 40 кандыдацкіх дысертацый. Пра-цягваюць рыхтавацца і новыя дысертацыі пад яго кіраўніцтвам.
Навуцы і адукацыі М.Г. Булахаў прысвяціў каля 60 сваіх творчых гадоў. Прафесару М.Г. Булахаву ў 1971 годзе прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, у 1979 і 1982 гадах ён быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, у 1990 годзе - медалём Ф. Скарыны, а ў 1997 годзе - ордэнам Ф. Скарыны.
У 90-гадовы юбілей хочацца пажадаць шаноўнаму юбіляру, дарагому Міхаілу Гапеевічу, моцнага здароўя, ажыццяўлення новых навуковых задум і ўсяго добрага ў асабістым жыцці.
Мікалай Крыўко , вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
Светлай памяці Ванды Ромер
Дазвольце запытаць, каму з адукаваных людзей, асабліва дасведчаных у гісторыі мастацтва, не вядома асоба Альфрэда Ісідора Ромера (1832-1897) - удзельніка паўстання 1863 г., выбітнага мастака і прагрэсіўнага грамадскага дзеяча апошняй чвэрці 19 ст.? Ён з гонарам і па праву ўключаны ва ўсе адпаведныя энцыклапедыі трох народаў, акрамя нас гэта яшчэ і Польшча і Летува. Але ніхто з даследчыкаў ягонай дзейнасці не заўважыў адзін цікавы факт, які мае істотнае, але не галоўнае, значэнне пры вызначэнні дачыненняў Альфрэда Ромера да Беларусі. Гэтым фактам ста-лася ягоная жонка Ванда з роду Сулістроўскіх (1850-1944). Толькі пабраўшыся з ёю шлю-бам, ягоныя дарогі ўсё часцей сталі зноў пралягаць у любай яму Літве, якой тады звалася сённяшняя Беларусь. Паступова ён усё больш паглыбляецца ў мясцовую тэматыку, усё часцей персанажамі ягоных твораў у графіцы, жывапісе і скульптуры становяцца "ліцьвінкі" ды "ліцьвіны". Гэтае паглыбленне з часам усё больш вабіла яго і надавала новай моцы натхненню на здзяйсненне вырашальнага кроку па стварэнні таго геніяльнага твору, які ўжо больш за сто гадоў упрыгожвае адзін з лепшых храмаў Беларусі, касцёл у в. Камаі. Вядома, гэтае месца не лепшае для захавання такога значнага не толькі ў нацыянальным, але і ў агульнаеўрапейскім сэнсе шэдэўра. Аднак калі б не гэты храм, сумніўна ці захавалася б гэтае палатно ў мінулыя ліхалецці ўвогуле? Гэта развітальны гімн, і рэквіем па той Літве, якую ён ведаў і якой застаўся верным рыцарам.
Пасля таго, як праз тры месяцы калі Альфрэд у 1896 г. перадае гэты твор парафіяльнаму касцёлу, і сам мусіў развітацца з гэтым светам, уся адказнасць, як па захаванні агромністай творчай спадчыны мужа, так і гаспадарскія абавязкі і грамадская дзейнасць перакладаюцца на плечы гэтай мужнай жанчыны. Цяжар ускладзенай на яе адказнасці яна годна пранесла амаль пяцьдзесят год. Усведамляючы значнасць прысут-насці сябе і свае місіі ў гэтым краі, ніколі не пакідала гэтых дарагіх мясцін і люду, нават у 1939 г. з надыходам спусташальных камуна-бальшавіцкіх орд з усходу. Яна ведала, што з ёю можа стацца, і ўсё адно засталася, не пакінула родную мясціну, ажно перамагла і спраўдзіла свой вычын. Пэўна не збылося б тое без Найвялікшага заступніцтва. Шмат мож-на распавядаць аб яе практычнай дзейнасці выхаваўчага кшталту, і фундатарска-мецэнацкую справу. Толькі тое, што да нас ацалелым дайшоў той сядзібны маёнтак - адзіны ад усяго комплексу таго ансамбля збудоў, што колісь уяўлялі "фальварак Караліноў" (зараз у в. Каралінова) - ёсць найвялікшая заслуга яе і ейнага доў-гажыхарства.
Усё тут абазначанае змушае прызнаць, што такія людзі, як пані Ванда, заслугоўваюць асаблівае ўвагі нашчадкаў. Родных прадстаўнікоў патомству Альфрэда і Ванды пасля іх дачкі Гелены, як вядома, не засталося, але мы, хто ўсведамляем той грамадзянскі вычын, які быў здзейснены імі, маем права і мусім уздзець на сябе вярыгі іхніх нашчадкаў каб зямля рунела, і край наш не пуставаў. Інакш сэнс тых святых ахвяраў з паўстаннямі, нязмернымі пакутамі і нэндзай - марнее і знікае ўшчэнт і бяс-следна. Тое, што застаецца наўсцяж, ужо ніяк не назавеш Літвой, як колісь, дык нават і Беларуссю становіцца называць несумяшчальна.
Калі мне дзесьці ў 2000 г. упершыню давялося пачуць аб былой гаспадыні маёнтачка ў в. Каралінове, мяне ўразіла, што на мясцовых могілках, дзе ў 1944 г. быццам яе пахавалі, ужо не існуе нават ніякага знаку. Праз год пошукі далі свой плён. Дзякуючы дзядзьку Віктару Дашкевічу (якога ўжо ча-тыры гады як нямашака сярод нас) удалося дакладна вызначыць тое месца. Яшчэ праз год, у 2002 г. на свята Грунвальдскай сечы, мы ўжо годна асвеч-валі намагільны помнік, усталяваны ў гонар гэтай сціплай і незвычайнай асобы.
Аднак у 2008 г. пры "санітарнай ачыстцы" гэтага могільніка праз чыюсьці нядбайнасць спілаванай сасной быў значна пашкоджаны ўвесь помнік, і мне больш нічога не заставалася, як, пашкадаваўшы, распачаць амаль усё спачатку. Мясцовыя ўлады рашуча адмовіліся хоць як дапамагчы ў гэтай справе.
Зараз на аснове былога помніка распрацаваны варыянт новага. Гэта будзе, спадзяемся, досыць выкшталцоны помнік, які будзе годна і ганарова прадстаўляць гэты род на нашай Бацькаўшчыне.
Эскізны праект пом-ніка прадстаўлены тут шаноў-ным чытачам на азнаямленне. Агульная вышыня яго будзе каля 3.5 м. Асноўным матэрыялам будзе бутовы камень, разам з ім будуць выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі арыгінальнай формы, даховая бляха, апрацаваныя гранітныя і мармуровыя пліты і шыльды з малюнкамі і тэкстам, выява ўкрыжаванага Збаўцы са штучнага каменю, дэкаратыўныя аздобы з металу і іншыя матэрыялы. Надпісы будуць на на-шай мове і мове арыгіналу.
Мяркуецца пры спрыяльных абставінах завяршыць усе працы ў канцы кастрыч-ніка гэтага года і 2 лістапада на дзень Задушны і ўсіх Святых, Дзень памяці гэты помнік асвяціць. Знаходзіцца ён будзе на могілках між вёскамі Каралінова і Канябічы, у Камайскім сельсавеце Пастаўскага раёна.
Калі хто жадае далучыцца і паспрыяць якой дапамогай - калі ласка, маем гонар з Вамі пазнаёміцца. Любая фундацыя будзе незалішняй. Пасля ўсталявання помніка аб усім будзе апублікавана, а больш значныя з фундатараў будуць выпісаны на шыльдзе на самім помніку. Сярод іншых тэкстаў мяркуецца змясціць урывак з санету Адама Міцкевіча "Бахчысарай" на нашай мове, у перакладзе Ірыны Багдановіч:
"…Дык дзе ж вы, слава,
і магутнасць, і каханне,
Што меліся свае тут
вечна ткаць пакровы?
Знябыліся! Вада ж
крынічыць не прыстане."
Мы звяртаемся, як да чытачоў, так і да іншых асобаў і ўстаноў, якім неабыякава спадчына Альфрэда Ромера далучыцца да нашага пачыну.
Старшыня Партызанскай раённай рады ТБМ г. Менска, сябар Саюза мастакоў Алесь Цыркуноў.
Зарэгістраваны часопіс "ВЕРАСЕНЬ"
26 чэрвеня 2009 года ў Беларусі зарэгістраваны новы літаратурны часопіс "Верасень". Рэдактар Кацярына Маркоўская.
Выконваючы даручэнне апошняга з'езду ТБМ, 18 студзеня 2009 года Рада ТБМ заснавала Рэдакцыйнавыдавецкую ўстанову "Вераснянка" і зацвердзіла яе статут; Рада заснавала літаратурны часопіс "Верасень". Рада прызначыла дырэктарам установы і рэдактарам часопіса сябра ТБМ Кацярыну Маркоўскую, на якую лёг увесь цяжар наступнай працы па выкананні пастановы Рады.
Праца пачалася з рэгістрацыі рэдакцыйнавыдавецкай установы і завяршылася ўласна рэгістрацыяй часопіса. Працэс заняў пяць месяцаў. Тым не менш задача выканана. Зараз справа за выпускам першага нумара.
Часопіс "Верасень" названы так з улікам таго, што будзе з'арыентаваны на моладзь, у тым ліку, а магчыма і ў першую чаргу, на студэнцкую і вучнёўскую моладзь, для якой верасень гэта пачатак новага навучальнага этапа.
Часопіс будзе імкнуцца далучаць гэтую моладзь да беларускай літаратуры праз эстэтычнае, эмацыянальнае і пазнавальнае ўздзеянне літаратурных твораў, якія будуць друкавацца на яго старонках, а таксама цераз наданне магчымасці маладым літаратарам самім надрукавацца ў часопісе.
Часопіс збіраецца таксама ўдзяляць значную ўвагу перакладной літаратуры, знаёміць маладых чытачоў з іншамоўнымі творамі, у тым ліку і з творамі, якія вывучаюцца ў школе або ВНУ, каб школьнік ці студэнт мог наталіцца творчасцю, скажам Гейнэ або Байрана на роднай мове, а не на наступнай замежнай.
Часопіс плануе друкаваць таксама побач з навінкамі беларускай літаратуры і навіны беларускага літаратурнага жыцця, крытычныя нарысы, рэцэнзіі, анонсы...
Зрэшты канцэпцыя і структура часопіса яшчэ не закасцянелі, могуць лёгка мяняцца і папраўляцца. Рэдакцыйны партфель таксама хутчэй пусты, чым поўны.
Часопіс зарэгістраваны па адрасу: 220034, г. Мінск, вул Румянцава, 13.
Наш кар.
Вітольд Карлавіч Цэраскі
Да 160-тых угодкаў з дня нараджэння
Ён з тых, у кім сапраўда малых ісцін
І авалоданне законамі натуры
У сэрцах не туманіць сузірання
Тварца сусветаў у яго праявах.
Праз лікаў тонкую вуаль і формул
Выносіў Бога твар да твару ён,
Як і першнастаўнікі навукі:
Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль
Максіміліян Валошын "Памяці В. К. Цэраскага".
Вядомы астрафізік канца 19-га - пачатку 20-га ст., піянер інструментальнай фотаметрыі і заснальнік маскоўскай школы фотаметрыстаў, Вітольд Карлавіч Цэраскі (Witold Michał Henryk Ceraski), нарадзіўся 9 траўня 1849 г. у горадзе Слуцку .
Цэраскія - выхадцы з роду рэфармацкіх пастараў, прозвішча паходзіць ад лацінскага слова "cera" - "воск" .
Інфармацыі пра род Цэраскіх не шмат. У спісе ўсіх 42 пратэстанцкіх пастараў ВКЛ за 1754 г. прысутнічае і Міхал Цэраскі. Валерыян Красінскі пісаў:"Радзівілішкі (Radziwiliszki) - даўняя уласнасць і пэўна фундацыя біржанскіх Радзівілаў, на мяжы з Курлядыяй, пратэстанцкі збор захаваўся да нашых дзён ( 1905 г. - заўвага Л.Л.). 1754 г. штодня тут бываў пастар Міхал Цэраскі". Мне ўдалося знайсці згадванне пра шлюб дзеда астранома - Юзафа Цэраскага з Багумілай Навалінскай у 1795 г. Юзафа Цэраскага хрысцілі ў парафіі евангелістаў - рэфарматараў у Новым Месце (Nowe Miasto) а Багумілу Навалінскую (нарадзілася 11.11. 1773 г.) ў парафіі евангелістаў - рэфарматараў у Швабішках (Szwabiszki), кнігі метрык захоўваюцца ў Архіве Сінода евангелістаў - рэфарматараў у Вільні. Вядома пра двух сыноў Юзафа Цэраскага - Карла і Міхала. Бацька будучага астранома Карл Цэраскі (1817-1864) быў высокаадукаваным чалавекам з шырокімі інтарэсамі і пасля заканчэння ўніверсітэта ў Дэрпце (Тарту) працаваў выкладчыкам геаграфіі Слуцкай гімназіі. Дзядзька астранома Міхал Цэраскі (1814-1870) таксама закончыў Дэрпцкі ўніверсітэт і па сямейнай традыцыі працаваў евангелісцкім пастарам у Дзевалтоўне (Dziewałtowie), Біржах і Койданаве, актыўна удзельнічаў у паўстанні 1863 г.
Карл Цэраскі перадаў сваім дзецям цікавасць да навук, мастацтва, літаратуры і гісторыі. Інтэлектуальная атмасфера сям'і спрыяла развіццю інтарэсаў малога Вітольда. Дзяцінства Цэраскага прайшло ў асяроддзі сяброў бацькі - педагогаў гімназіі. Дарэчы, Слуцкая гімназія - адна з найстаражытнейшых навучальных устаноў у Беларусі. Згодна з граматай князя Януша Радзівіла ад 7 траўня 1617 г. ў Слуцку быў заснаваны евангелічны храм і вучэльня пры ім, заняткі ў вучэльні пачаліся з восені 1617 г.
Цэраскі рана пачаў цікавіцца дакладнымі навукамі, а з'яўленне на небе ў 1858 г. яркай каметы Данаці абудзіла цікавасць да астраноміі. Гэта цікавасць падтрымлівалася яго выкладчыкам матэматыкі Германам і выкладчыкам прыродазнаўчых навук Вагнерам, пра якіх Вітольд Карлавіч успамінаў потым з вялікай удзячнасцю. Цэраскі меў магчымасць назіраць у маленькі тэлескоп фізічнага кабінета Сонца, Месяц, Юпітэр, што, прыносіла яму вялікае задавальненне. Вучань Цэраскага, прафесар Блажко С.Н. пісаў, што "нацыянальны рух у заходніх губернях Расіі выклікаў рэакцыю царскага ўраду, якая пракралася і ў навучальныя ўстановы; школьны рэжым рэзка змяніўся, вучням забаранілі выдачу навуковых кніг са школьнай бібліятэкі. Вітольд Карлавіч, які вельмі хацеў прачытаць кнігу Гершэля "Нарысы астраноміі" ў перакладзе ..., змог дастаць гэту кнігу толькі з вялікай цяжкасцю".
Цэраскі у 1867 г. закончыў гімназію і, нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, выкліканыя смерцю бацькі, паступіў на фізіка - матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Сродкі для існавання даводзілася здабываць прыватнымі ўрокамі, і таму ўжо з другога курсу ён пачаў працаваць у якасці звышштатнага вылічальніка ў Астранамічнай абсерваторыі, тут жа яму быў выдзелены пакой для жыцця. Так пачалася шматгадовая кар'ера Цэраскага ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта. Дырэктарам абсерваторыі ў той час быў швейцарац Каспар Готфрыд Швайцар (1816-1873) (Kaspar Gottfried Schweizer). Ён не ведаў рускай мовы і не мог выкладаць ва універсітэце. Дырэктар быў высакакласным астраномам - назіральнікам і вялікім педантам, скрупулёзна сачыўшым за тым, каб малады вылічальнік займаўся на працы толькі сваімі абавязкамі. Цэра-скаму - чалавеку, які меў шырокія інтарэсы ў жыцці, даводзілася хаваць неастранамічныя кнігі ў стол. Ва універсітэце ён слухаў лекцыі матэ-матыкаў Бугаева і В.Я. Цынгера, механіка Ф.А. Слудскага. Курс астраноміі чытаў прафесар Ф.А. Брадзіхін. Пад уплывам апошняга Цэраскі абраў астрафізічны кірунак для сваёй будучай навуковай дзейнасці. Калі Вітольд Карлавіч быў на чацвёртым курсе ўніверсітэта, ён напісаў працу на тэму, прапанаваную факультэтам: "Вылічэнне эліптычнай арбіты Марса па трох назіраннях", і атрымаў за яе залаты медаль.
У 1871 г. Цэраскі закончыў ўніверсітэт са ступенню кандыдата (кандыдат універсітэта - першая акадэмічная ступень, ранейшую ступень кандыдата не варта блытаць з сучаснаю навуковаю ступенню кандыдата навукаў) і быў пакінуты пры ўніверсітэце са стыпендыяй, а затым атрымаў месца звышштатнага асістэнта абсерваторыі. Астраномам - назіральнікам быў у той час А. І. Грамадскі. Прафесар М. А. Кавальскі запрашаў Вітольда Карлавіча ў Казань на пасаду астранома - назіральніка, але ён застаўся працаваць у Маскоўскай абсерваторыі. У 1873 г., пасля смерці Швайцара, дырэктарам абсерваторыі станавіцца Брадзіхін і Цэраскі пачынае займацца навуковаю дзейнасцю.
Першым даручэннем ад Брадзіхіна была экспедыцыя па назіранні праходу Венеры па дыску Сонца 9 снежня 1874 г. У той час ускладаліся вялікія надзеі (якія не апраўдаліся пасля), што гэтым метадам удасца дакладна вызначыць паралакс Сонца. Перад выездам у экспедыцыю, Цэраскі апублікаваў артыкул з інфармацыяй аб гісторыі назіранняў гэтай з'явы і з разлікамі момантаў яе для 41-го населенага пункта Расіі. На пачатку артыкула ён пісаў: "Велізарная ціка-васць, з якой чакаецца ў астранамічным свеце праход 1874 года, тлумачыцца не рэдкасцю з'явы, якая адбылася ў апошні раз больш за сто гадоў таму назад, а важнасцю высноў, якія як можна спадзявацца, будуць выведзены з назіранняў ...".
Для назірання экспедыцыя Цэраскага выехала ў сібірскі гарадок Кяхта, каля мяжы з Кітаем. Цэраскі ніколі не адрозніваўся моцным здароўем, а доўгі конны шлях праз ўсю Расію з астранамічным абсталяваннем быў цяжкі. Калі ж наступіў чаканы дзень, надвор'е не дазволіла правесці паўнавартасныя назіранні. Праз 15 гадоў навуковец з гумарам пісаў у асабістым дзённіку пра сваю няўдалую экспедыцыю: "Я ехаў амаль пяць тыдняў да слаўнага па прыгажосці Байкала, спусціўся на поўдзень, і да майго здзіўлення аказалася, што я ўсё яшчэ ў Расіі. Мне нават сказалі, што Расія тут не заканчваецца, што яна ідзе да Берынгава праліва і да Японскага мора, што ёсць нейкі "Усурыйскі край"..., што Расіі належыць Самарканд, пра які Шахеразада распавядала такія цудоўныя казкі, і палымяная Калхіда, і святая вяршыня Арарат... ". Няўдача гэтай экспедыцыі шмат чаму навучыла Цэраскага. І ў далейшым, замест арганізацыі выездаў з няпэўнымі вынікамі ён выдзяляў грошы на закуп абсталявання з наступнымі назіраннямі ў стацыянарнай абсерваторыі.
Па вяртанні з Кяхты Цэраскі атрымаў пасаду звышштатнага асістэнта, а ў 1878 г. астранома-назіральніка ў абсерваторыі. Адным з першых ён пачаў ужываць фатаграфію ў астраноміі, атрымаўшы ў 1875-76 гадах здымкі сонечных плямаў і факелаў на фотагеліёграфе Дальмейера. Неўзабаве іншая вобласць астрафізікі прыцягнула ўвагу Вітольда Карлавіча - астрафотаметрыя, якая стала потым галоўным кірункам ягоных навуковых заняткаў, і працы менавіта ў гэтай вобласці прынеслі яму вя-домасць у асяроддзі навукоўцаў. Працай па фатаграфаванні Сонца ў 1877 г. заняўся А. А. Белапольскі.
Сур'ёзных прац па астрафотаметрыі ў той час было не шмат, можна назваць працы Зейдэля і Цэльнера, які прапанаваў канст-рукцыю астрафатометра, толькі што пачыналіся астрафотаметрычные працы ў абсерваторыі Гарвардскага каледжа ў амерыканскім Кемб-рыджы. Таму магчыма прызнаць Вітольда Карлавіча адным з піянераў у параўнальна маладой галіне астраноміі - астрафотаметрыі. З першых жа гадоў працы ў гэтай вобласці ён вызначыў сабе праграму вызначэння зорных велічынь каляпалярных зорак і пачаў выкананне свайго плану пры дапамозе набытага абсерваторыяй астрафатометра сістэмы Цэльнера. Але гэтая прылада і метады працы з ёй былі тады яшчэ мала даследаваны, і вось Цэраскі падвяргае крытычнаму даследаванню астрафатометр Цэльнера, імкнучыся яго ўдасканаліць, паралельна ён распрацоўвае новыя прыёмы назірання. Гэтыя даследаванні друкаваліся ў 1876 г. у "Працах Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі" і з'явіліся асновай ягонай магістарскай дысертацыі. 29 студзеня 1883 г. Цэраскі абараняе дысертацыю на ступень магістра пад назвай "Пра вызначэнне бляску белых зорак". У гэтай працы вызначалася яркасць 500 белых зорак з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталогу ў сучаснай сістэме зорных велічыняў.
У 1879 і 1880 гг. Вітольд Карлавіч адкрыў дзве новыя пераменныя зоркі, адну тыпу Алголя (зменныя тыпу Алголя з'яўляюцца разнавіднасцю зацменных падвойных зорак, калі халаднейшая зорка праходзіць перад больш гарачаю, то частка свету больш гарачай зоркі засланяецца, і агульная яркасць пары часова змяншаецца.), другую тыпу у Кіта (Зоркі тыпу у Кіта - зоркі з вялікімі перыядамі і значнымі зменамі яркасці). У той час адкрыццё зменных зорак было рэдкасцю, бо фатаграфічныя назі-ранні яшчэ не мелі такога значэння ў астраноміі, як зараз.
У другой палове 70-х гадоў па рэкамендацыі Брадзіхіна пачалася лектарская дзейнасць Цэраскага, ён пачаў чытаць лекцыі па фізіцы на Лубянскіх жаночых курсах (пасля - Вышэйшыя жаночыя курсы). Ён меў вялікі поспех як тале-навіты лектар і прыцягнуў сімпатыі слухачак сваім дзейным удзелам у развіцці жаночай адукацыі.
Ва універсітэце Цэраскі пачаў выкладаць у 1882 г. яшчэ быдучы астраномам - назіральнікам, да абароны магістарскай дысер-тацыі. Яму было даручана кіраўніцтва ў абсерваторыі практычнымі заняткамі і назі-раннямі студэнтаў. Абсерваторыю з гэтай мэтай наведвалі толькі нешматлікія студэнты па адмысловым дазволе дырэктара. У справаздачах Брадзіхіна ёсць цікаўныя заўвагі адносна "побытавых умоў" таго часу ў наваколлях абсерваторыі. У 1882 г. ён пісаў: "На жаль, адсутнасць шашы і глыбокая гразь увосень і ўвесну ў завулках каля абсерваторыі складаюць вялікую перашкоду для наведвання абсерваторыі студэнтамі, заявы прафесара пакідаюц-ца муніцыпалітэтам без наступстваў". Да гэтых часоў адносіцца і аповед Цэраскага пра тое, што рамізнікі ў дажджлівую пару года з-за жудаснай гразі часам не давозілі з горада да самай абсерваторыі, а, спыніўшыся на некаторай адлегласці ад яе, прапаноўвалі людзям самім знаходзіць далейшы шлях. Аднак у канцы 80-х гг. завулак (ён зваўся тады Вялікім Мікольскім) быў забрукаваны.
(Працяг у наступным нумары.)
Лявон Лаўрэш