№ 31 (922) 5 ЖНІЎНЯ 2009 г.
130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага
КРАЧЭЎСКІ Пётр ( Пятро ) Антонавіч (7 жніўня 1879, Кобрынскі павет- 8 сакавіка 1928, Прага) - беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч. Выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі. Перад 1-ай сусветнай вайной працаваў настаўнікам на Беласточчыне, у Ялоўцы.
Дэлегат Першага Усебеларускага з'езду, быў абраны сябрам яго выканкаму. Сябар Рады БНР. У снежні 1919 абраны Прэзідэнтам Рады БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазбежнай эміграцыі - спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну. Выконваў абавязак Прэзідэнта да канца жыцця.
На эміграцыі ў Празе стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфарма-ванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. З 26 верасня па 30 верасня 1921 склікаў Першую Нацыянальна-палітычную нараду беларускіх арганізацый з акупаванай Бацькаўшчыны і з-за мяжы, якая асудзіла польска-бальшавіцкую змову ў Рызе і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Крачэўскі дамогся ад ураду Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе. У 1926 выдаў палітычна-навуковы альманах "Замежная Беларусь".
Крачэўскі супрацьстаяў бальшавіцкаму ціску, скіраванаму на ліквідацыю Ураду БНР. Прынцыпова не прызнаў легітымнасці БССР.
Пяру Крачэўскага належаць паэтычныя і драматургічныя творы, але найперш ягоны талент гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ і артыкулах, прысвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны. У адным з іх - эсэ «Скарына і незалежнасць» - прэзідэнт БНР напісаў словы, актуальнасьць якіх непадуладная часу: «Без мовы няма нацыі, без культуры няма народу і не можа быць незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы».
Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.
АЛЕГУ ТРУСАВУ - 55
ТРУСАЎ Алег Анатолевіч нарадзіўся 7 жніўня 1954 годe ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. У перыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
З 1996 да сакавіка 1998 году - дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэмаў Беларускага універсітэта культуры. Цяпер дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства.
У чэрвені 1989 году на Ўстаноўчым з'езде БНФ быў абраны ў склад першага Сойму БНФ. Прымаў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
У 1990-1996 - дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання. З 1990 па 1995 гады - намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны.
У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 году абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з'ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 году абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіруе дасюль.
Сябры і паплечнікі шчыра віншуюць Алега Анатолевіча з днём народзінаў і зычаць яму імпэту і плёну ў далейшым змаганні за Беларусь.
(Пра Алега Трусава чытайце на ст. 2.)
Ці вернем народу яго песню?
Старшыні ГА «ТБМ імя Ф.Скарыны»
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства культуры разгледзела Ваш зварот па пытанні выкарыстання беларускай мовы ў выступленнях беларускіх артыстаў і паведамляе наступнае.
У Міністэрстве культуры абмеркаваны праблемы, якія закранаюцца ў артыкуле газеты "Звязда" ад 20 чэрвеня 2009 г. № 113 "Чаму беларускія артысты не спяваюць па беларуску?"
Міністэрствам культуры прымаюцца меры па падтрымцы беларускай мовы. Асаблівая ўвага надаецца развіццю і прапагандзе музыкі беларускіх кампазітараў. Кожны год па дзяржаўнаму заказу набываецца каля 200-250 сачыненняў беларускіх кампазітараў розных жанраў, сярод якіх вакальныя і песенныя творы на вершы беларускіх аўтараў на роднай мове. Гэта творы вядомых камазітараў І. Лучанка, В. Раінчыка, Э. Зарыцкага, Л. Захлеўнага, М. Сацуры, А. Атрашкевіч, А. Елісеенкава, Д. Даўгалёва, Э. Наско, Я. Паплаўскага, А. Безенсон і многіх іншых, якія толькі за 2 апошніх гады прадставілі новыя сачыненні для салістаў і хору, напісаныя на словы беларускіх паэтаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Някляева, У. Карызны, В. Жуковіча, Л. Дранько-Майсюка, І. Цітаўца, А. Бадака, С. Панізніка, У. Пецюкевіча, Н. Гальпяровіча і іншых.
Міністэрства культуры ажыццяўляе таксама дзяржаўны заказ на стварэнне новых канцэртных праграм. За апошнія два гады новыя канцэртныя праграмы на беларускай мове былі падрыхтаваны і выкананы Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь Нацыянальным канцэртным аркестрам сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь (такія, як "Слова, натоленае музыкай", "Славутыя імёны Беларусі", "Беларусь у цэнтры Еўропы", "Музыка ў духоўнай прасторы Беларусі. Шлях праз стагоддзі", "Квітней мой край, радзіма талентаў", у тым ліку праграмы на вершы паэтаў У. Караткевіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Куляшова, А. Міцкевіча, Г. Бураўкіна і іншых). Калектыў аркестра з'яўляецца заснавальнікам і пастаянным удзельнікам Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў г. Маладзечна, фестываляў камернай музыкі ў гг. Нясвіжы, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Навагрудку, Тураве, Чачэрску. Усе мерапрыемствы аркестра вядуцца выключна на беларускай мове.
На беларускай мове гучаць праграмы Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" (у 2009 годзе ансамбль падрыхтаваў новую канцэртную програму "Шчаслівасць" на вершы Янкі Купалы), ансамбляў "Свята", "Купалінка" Белдзяржфілармоніі, "Бяседа" Белтэлерадыёкампаніі.
Сапраўднымі прапагандыстамі беларускай мовы і фальклору з'яўляюцца аматарскія і фальклорыя калектывы мастацкай творчасці краіны. Беларуская мова гучыць на традыцыйных міжнародных і рэспубліканскіх фестывалях "Звіняць цымбалы і гармонік", "Берагіня", "Палескі карагод", "Белая вежа", "Званы Сафіі", "Дняпроўскія галасы ў Дуброўна", "Аўцюкі" і іншых.
Прыярытэтным накірункам пры падрыхтоўцы спецыялістаў-вакалістаў на кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў з'яўляецца вывучэнне музыкі беларускіх аўтараў (кампазітараў і паэтаў). У адпаведнасці з праграмай дысцыплін "Вакал" і "Вакальны ансамбль" на кожным курсе двойчы ў год, а таксама на залікі і экзамены студэнты кафедры рыхтуюць праграмы, якія ўключаюць творы выключна беларускіх аўтараў.
Разам з тым, Міністэрства культуры падзяляе заклапочанасць аўтара артыкулу тым, што большасць беларускіх папулярных эстрадных выканаўцаў, на жаль, не выкарыстоўвае, ці недастаткова выкарыстоўвае беларускую мову. Шмат у чым, на наш погляд, гэта звязана з запатрабаваннямі самой аўдыторыі слухачоў, на якіх арыентавана творчасць эстрадных артыстаў. Да таго ж медыйная сродкі не спрыяюць у дастатковай ступені належнаму распаўсюджанню роднай мовы, паколькі таксама арыентуюцца перш за ўсё на густы сваёй аўдыторыі, але дзейнасць медыйных сродкаў знаходзіцца ўжо па-за межамі кампетэнцыі Міністэрства культуры.
Тым не менш, Міністэрства культуры дало даручэнне Маладзёжнаму тэатру эстрады аб узмацненні работы па фар-міраванні беларускамоўнага рэпертуару артыстаў тэатра, а таскама запланавала выдзяленне сродкаў на падтрымку стварэння новых песень (аранжыровак песень) на беларускай мове.
3 павагай,
Намеснік Міністра В.І. Кураш.
Навуковец і грамадска-палітычны дзеяч
(Да 55-годдзя з дня нараджэння Алега Трусава)
З Алегам Анатолевічам Трусавым я знаёмы даўно. Пазнаёміліся мы, калі ён ужо абараніў сваю кандыдацкую дысертацыю. Знаёмства і сяброўства працягвалася і працягваецца ўсе гады Беларускага Адраджэння і далейшага нашага супрацоўніцтва. Мы працуем разам на кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў ужо гадоў дванаццаць. Разам удзельнічалі ў пашырэнні беларусізацыі ў нашым універсітэце, распрацоўвалі агульныя планы павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў і пашырэння ўжывання беларускай мовы не толькі выкладчыкамі, але і студэнтамі, калі Алег Анатолевіч быў дэканам бібліятэчнага факультэта, а я загадчыкам кафедры. У выніку кафедра стала ад пачатку 90-х гадоў ХХ ст. цалкам беларускамоўнай. Такой застаецца і цяпер. Я добра ведаю і палітычную дзейнасць Алега Трусава. Бо супрацоўнічаў з ім, калі А.А. Трусаў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12га склікання і займаў там пасаду намесніка старшыні камісіі па адукацыі культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, супрацоўнічаю з ім і ў працы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Урэшце ведаю і яго навуковыя працы, бо быў рэцэнзентам некаторых яго выданняў.
Алег Анатолевіч Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у горадзе Мсціславе, былой сталіцы Мсціслаўскага княства, а потым Мсціслаўскага ваяводства, што, мне здаецца, паўплывала потым на яго захапленне гісторыяй і перш за ўсё гісторыяй Беларусі. Прабабуля і бабуля маленькага Алега вучылі яго беларускай мове (у тагачасным рускім асяроддзі), перадавалі яму сямейныя нацыянальныя традыцыі. Здольны юнак пасля школы паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які скончыў у 1976 годзе.
Працаваў Алег Трусаў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце навуковым супрацоўнікам, а з 1978 г. загадчыкам археалагічнага аддзела.
Адначасова ён навучаўся ў аспірантуры інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР (1976-1980 гады). У 1981 г. у Ленінградзе А.А. Трусаў паспяхова абараніў дысертацыю на тэму "Археалагічнае вывучэнне помнікаў манументальнага дойлідства ХІ - ХУІІ ст.ст. на тэрыторыі Беларусі (метадычныя даследаванні)" і астрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. Трэба адзначыць, што практычныя работнікі ў галіне рэстаўрацыі рэдка пісалі і абаранялі дысертацыі.
Алег Трусаў удасканальваў свае веды.
За час працы ў Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце ён вывучаў помнікі манументальнага дойлідства, гісторыю матэрыяльнай культуры Беларусі ХІ - ХУІІІ стагоддзяў. Гісторыю будаўнічай тэхнікі, эвалюцыю муровак і будаўнічых матэрыялаў гэтага перыяду. Ён стаў прызнаным навукоўцамі спецыялістам у галіне гісторыі матэрыяльнай кулдьтуры Беларусі.
У Алега Трусава, як і ў кожнага навукоўца, ёсць свой любімы прадмет вывучэння. Такім любімым аб'ектам Алега Трусава з'яўляецца кафля. Алег Трусаў праводзіў раскопкі старажытных замкаў у Гародні, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Мазыры, Міры, а таксама Барысаглебскай царквы ў Наваградку, Дабравешчанскай царквы ў Віцебску, Каложскай царквы ў Гародні, Магілёўскай ратушы, памнікаў архітэктуры Мсціслава ХУІІ-ХУІІІ ст.ст. і іншых.
Алег Анатолевіч Трусаў распрацаваў методыку архітэктурнаархеалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі ХІХУІІІ стагоддзяў. Па гэтай тэматыцы ім было зробоена шмат публікацый, часткова ў сааўтарстве. Вось найбольш значныя з гэтых публікацый 80-х-90-х гадоў мінулага стагоддзя: "Помнікі старажытнага Мсціслава", Мінск, 1985 (разам з Р.В. Баравым), "Памятники монументального зодчества Белорусии Х1-ХУ11 в.в.: Архитектурно-археологический анализ" Мн, 1988, "Беларуская кафля". Мн., 1989 (аўтары - В.Е. Собаль, М.А. Ткачоў, А.А. Трусаў і У.В. Угрыновіч), "Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму". Мн., 1990;, "Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць Лідскага замка". Мн., 1990, "Старажытны Мсціслаў". Мн., 1992 (у сааўтарстве з М.А. Ткачовым);, "Стары замак у Гродне ХІ-ХУІІІ ст.ст." Мн, 1993 (разам з В.Е. Сабалеўскім і Н.І. Здановіч); "Беларускае кафлярства".Мн., 1993 " Беларуская паліваная кераміка ХІ-ХУІІІ ст.ст. Мн, 1993 г. сумесна з Н.І. Здановіч); "Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка". Мн., 1999 (у сааўтарстве з Н.І. Здановіч і А.А. Краўцэвічам). У 2001 г.
Алег Анатолевіч Трусаў апублікаваў манаграфію "Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-ХУІІІ ст. ст. Гісторыя будаўнічай тэхнікі". Мн., 2001, а ў 2004 г. - "Падсумаванне", Мн., 2004 г. Алег Анатолевіч Трусаў - аўтар больш за 600 прац.
Алег Трусаў быў адным з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага грамадскапалітычнага адраджэнцкага руху другой паловы 80х гадоў ХХ староддзя. 19 кастрычніка 1988 г. на сходзе беларускіх патрыётаўадраджэнцаў ён быў абраны ў склад аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", а ў чэрвені 1989 г. на ўстаноўчым з'езде БНФ у Вільні ў склад Сойму БНФ.
З гэтага часу пачынаецца і актыўная палітычная дзейнасць Алега Трусава. На пачатку 1990 года А. Трусаў у адной з менскіх выбарчых акруг быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12га склікання. У сакавіку 1990 г. ён быў адным з каардынатараў дэпутацкай групы "Дэмакратычная плынь" у Вярхоўным Савеце, а потым увайшоў у склад апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі на чале з Зянонам Пазняком, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы законапраектаў, накіраваных на ўстанаўленне незалежнасці Беларусі, падтрымкі беларускай культуры і інш. Сваю дэпутацкую дзейнасць Алег Анатолевіч Трусаў працягваў да 1996 г. У гэты час ён быў адным з удзельнікаў падрыхтоўкі і паправак да тэксау Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР 1990 г., настойваючы размам з дэпутатамі апазіцыі БНФ на выкрэсліванне ўпамінання ў Дэкларацыі пра "Саюз суверэнных сацыялістычных дзяржаў", у якім знаходзілася б Беларусь. Быў вельмі чынным пры абвяшчэнні незалежнасці Беларусі ў 1991 г.
У гэты ж перыяд (1991-1996 гг.) Алег Трусаў быў абраны намеснікам старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (старшынём камісіі быў абраны дэпутат Ніл Гілевіч). На гэтай сваёй пасадзе А. Трусаў шмат зрабіў для развіцця названых кірункаў адраджэння беларускасці.
Менавіта Алег Анатолевіч займаўся справай прыняцця новага дзяржаўнага герба Рэспублік Беларусь - старажытнай беларускалітоўскай Пагоні, вёў перамовы з дэлегацыяй літоўскага сойму аб адразненнях выявы Беларускай Пагоні і Літоўскага Віцісу, нават збіраў нарады па прыняцці новай вайсковай і міліцэйскай формы замест савецкай, сцягоў і г.д. Асноўным жа заняткам А.А. Трусава была падрыхтоўка законаў у галіне адукацыі, культуры, музейнай справы і інш. Не заседжваўся ў кабінеце. Часта сустракаўся з выбаршчыкамі, распавядаў пра заканадаўчую дзейнасць.
Разам з заканатворчай дзейнасцю А. Трусаў працягваў і палітычную. Ён быў адным са стваральнікаў новай палітычнай партыі - Беларускай сацыялдэмакратычнай грамады. На ўстаноўчым з'ездзе БСДГ А. Трусаў быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай рады Грамады (старшынём быў абраны М.А. Ткачоў). Алег Анатолевіч узначаліў фракцыю Грамады ў Вярхоўным Савеце.
Ён таксама застаўся ў грамадска-палітычным аб'яднанні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэнне". Пасля смерці М.А. Ткачова на 2-м з'ездзе БСДГ Алег Трусаў быў абраны старшынём БСДГ. Гэтую пасаду ён займаў да 1995 г.
У красавіку 1999 года Алег Анатолевіч Трусаў быў абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і працуе плённа на гэтай грамадскай пасадзе і цяпер.
Алег Анатолевіч Трусаў займаецца і педагагічнай дзейнасцю. Ад 1995 года ён працуе дацэнтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, у 1996-1998 гг. займаў пасаду дэкана факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм, з 1998 г. - дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства.
Першым сярод дацэнтаў кафедры атрымаў ад ВАК навукова-педагагічнае званне дацэнта.
Перадае свае веды студэнтам музеязнаўчай спецыялізацыі і іншых спецыяльнасцяў. Лекцыі А. А. Трусава змястоўныя, даходчывыя і цікавыя. У якасці падручнікаў і дапаможнікаў студэнты карыстаюцца яго кнігамі.
Апошняя кніга Алега Трусава (у сааўтарстве з А.Р. Агеевым "Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне" (Магілёў, 2008), добра ілюстраваная са спасылкамі на гістарычныя дакументы, стала не толькі "візітоўкай" Магілёва, але і своеасаблівым падручнікам па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі.
А. А. Трусаў кіруе і навуковай працай студэнтаў. Кожны год ён з'яўляецца навуковым кіраўніком студэнтаўдыпломнікаў. Да поспеху А.А. Трусава можна далучыць і паспяховую абарону ў траўні 2009 г. кандыдацкай дысертацыі яго аспіранткі Тамары Джумантаевай аб культуралагічным значэнні музеяў Полацка.
І ўсё ж значную частку свайго часу Алег Трусаў удзяляе грамадскай і палітычнай працы. Ён па-ранейшаму застаецца ў гушчыні палітычных паддзей. Па-ранейшаму знаходзіцца ў першых шэрагах аба-ронцаў незалежнасці Беларусі, але найбольш сілы прыкладае ў дзейнасці Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Яно дзейнічае вельмі актыўна ў апошнія гады у розных кірунках: праваабарончым, прапагандысцкім, асветніцкім, грамадска-палітычным. Рэгулярна выходзяць газеты "Наша слова" і "Новы Час", праводзяцца семінары на гістарычныя і мовазнаўчыя тэмы, вядзецца работа па кантакту з дзяржаўнымі арганізацыямі.
Юбілей, хоць і не кру-глы, з'яўляецца пэўным падсумаваннем дзейнасці чалавека. Аднак у Алега Анатолевіча Трусава яшчэ шмат здзяйсненняў наперадзе. Яго палітычны і жыццёвы досвед, актыўнасць і мэтанакіраванасць даюць яму магчымасць у бліжэйшай будучыні займаць высокія і нават самыя высокія пасады ў нашай краіне.
Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук,прафесар, сябар Рады ТБМ імя Ф. Скарыны
Наваселле ў класікаў беларускай літаратуры
Галерэя вялізных партрэтаў, створаных майстрамі жывапісу, у колькасці звыш 80 адзінак з'явілася ў Лідскім дзяржаўным гістарычнамастацкім музеі.
Як жывыя паўстаюць з палотнаў розных мастакоў Янка Купала, Якуб Колас, Дунін Марцінкевіч, Максім Багдановіч, Максім Танк, Кузьма Чорны, Эдуард Самуйлёнак, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Іван Шамякін, Ларыса Геніюш… Пракідаюцца партрэты Пушкіна, Шолахава, Тараса Шаўчэнкі…
Лёс гэтай калекцыі твораў у апошнія гады складваўся пакручаста, бо, як вядома, з абжытых кабінетаў і сцен Дома літаратара ў Менску адмысловае пісьменніцкае "палітбюро" трапіла ў непрыстасаваны для яго падвал Дома літаратара і адтуль праз нейкі час было змушана эвакуявацца ў сырое аварыйнае памяшканне былога Дома творчасці пісьменнікаў на Іслачы, комплекс будынкаў якога прадаваўся з малатка. Туды ж былі перавезены з падвала Дома літаратара і рэшткі кніг вялікай пісьменніцкай бібліятэкі (нагадаем, што яшчэ раней памяшканне гэтай бібліятэкі на загаду ўладаў вызвалена пад рэстаран і святочныя забавы).
Захаванне кніг у новых умовах на Іслачы прывяло да пакрыцця іх плесенню і зліпання. На выгляд мастацкія палотны былі нават менш папсаванымі, чым кнігі. Тым не менш усе карціны патрабуюць ачысткі і рэстаўрацыі спецыялістамі.
Вызваленне мастацкіх палотнаў і кніг з палону сырасці і занядбання, як і перавозку іх у Ліду і перадачу ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідскаму гістарычнамастацкаму музею арганізаваў пісьменнік Васіль Якавенка, сябар створанай уладамі камісіі па ліквідацыі Дома творчасці "Іслач", сябар праўлення Беллітфонду, якому падпарадкоўвалася зазвычай "Іслач" і які Міністэрствам юстыцыі за нешта ліквідаваны праз Вярхоўны Суд.
У выкананні гэтай простай і няпростай акцыі па перавозцы партрэтаў і кніг пісьменнікаў з Менску ў Ліду В. Якавенку паспрыялі і дапамаглі неабыякавыя да беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальных каштоўнасцяў людзі - Пятро Герасімовіч, менскі прадпрымальнік, а таксама спадарыня Святлана Юркевіч, апошняя з дырэктараў пісьменніцкага кутка на Іслачы, сябар той жа ліквідацыйнай камісіі, і кампанія Будзьма, пра што паведаміў Васіль Цімафеевіч, даставіўшы груз у Ліду.
Бліжэйшая перспектыва ў гэтай перавезенай сюды галерэі класікаў беларускай літаратуры - патрапіць у Лідскі літаратурны музей, адкрыццё якога ўжо не за гарамі.
А вось перавезеныя на грузавіку кнігі (ранейшых выданняў), якія па розных прычынах больш не ўяўляюць вялікай каштоўнасці, перададзены ў Лідзе рэдакцыі газеты "Наша слова" для адбору з іх лепшага і выкарыстання, згодна са сваімі патрэбамі і меркаваннямі.
Лідзяне выказваюць Саюзу Беларускіх пісьменнікаў і асабіста Васілю Якавенку сваю шчырую ўдзячнасць за зроблены падарунак.
Наш кар.
Горка
Горка-невялікая вёска ў Дзятлаўскім раёне, якая знаходзіцца на адлегласці 25 км ад райцэнтра і належыць да Рагатнаўскага сельсавету. Сама вёска знаходзіцца паміж высокімі пагоркамі ў вельмі прыгожым месцы. На ўездзе ў вёску стаіць Свята-Пакроўская праваслаўная царква пабудаваная ў псеўдарускім стылі напрыканцы 1898 года, асвечаная ў 1900 годзе.У 60-ыя гады 20-га стагоддзя, яна была ператворана ў зернесклад. У той жа час была разбурана другая Георгіеўская царква, што існавала на могілках. У 90-ых гадах Свята-Пакроўская царква была вернута вернікам, а Георгіеўская так і не аднавілася.
Самі могілкі знаходзяцца на вельмі крутым пагорку, на вяршыні якога ляжыць вялікае нагрувашчанне складзеных з камянёў пліт, хутчэй за ўсё рэшткі язычніцкага капішча. Гэтыя камяні вельмі шануе мясцовае несельніцтва. Лічыцца, што калі чалавек тры разы прапаўзе паміж гэтымі камянямі, то ён можа пазбавіцца шмат якіх хвароб. Існуе легенда, што ў час калі людзі шанавалі камяні, побач на працу праходзіў адзін з калгаснікаў. Ён падышоў да людзей, абазваў іх дурнямі, што лазяць пад каменнямі і плюнуў у іх бок. Прыйшоўшы на працу той малавек страціў розум, пачаўшы на ўсіх брыдкасловіць і плявацца. Так працягвалася восем гадоў і ні адзін лекар не мог яго вылечыць, пакуль яго жонка не пайшла і не папрасіла прабачэння ў камянёў. Яна сабрала з камянёў ваду і дала мужу напіцца. Толькі пасля гэтага розум вярнуўся да хворага.
Другая легенда гаворыць што спрадвеку на месцы камянёў стаяла арка і людзі праходзілі пад ёй. Прыкладна 200 гадоў таму на-зад нейкі прышлы пан праехаў пад аркай на кані з сабакам. Пасля такога ганебнага ўчынку, арка за ноч правалілася скрозь зямлю так, што засгзўся адзін тольні лаз, праз які на каленях можа прапаўзці чалавек.
3 даўніх часоў, па сённяшні дзень камяням прыносяць ахвяры: ручнікі, ежу, грошы і іншае.У 90-ых гадах побач з камянямі пабудавалі невялікую праваслаўную капліцу. Такое цікавае спалучэнне праваслаўных і язычніцкіх традыцый атрымалася ў вёсцы.
Ёсць яшчэ адно вельмі шаноўнае месца - недалёка ад вескі знаходзіцца крыніца з вельмі смачнай вадой. Аўтары самі каштавалі. Лічыцца, што крынічная вада вельмі дапамагае ад хвароб вачэй. Даглядае крыніцу і камяні 75-гадовая Марыя вельмі жыццерадасны чалавек. Дык вось яна чытае, негледзечы на ўзрост без акуляраў. Відаць сапраўды крынічная вада мае сілу. У савецкія часы крыніца была забруджана і закідана смеццем. Зараз усё расчышчана, над крыніцай пабудавана альтанка з праваслаўным крыжам.
Вось такія цікавая вёска ёсць на Дзятлаўшчыне, і, калі ў каго будзе час, раім наведаць гэтую вёску і паглядзець яе цудадзейныя мясціны.
Уладзімір Круцікаў, Міхась Бурачэўскі.
Нясвіжскі архіў і бібліятэчная калекцыя ўключана ў Сусветны рэестр Праграмы ЮНЕСКА "Памяць свету"
Нясвіжскі архіў і бібліятэчная калекцыя ўключаны ў Сусветны рэестр Праграмы ЮНЕСКА "Памяць свету". Пра гэта паведаміла прэсслужба МЗС Беларусі са спасылкай на рашэнне Міжнароднага кансультатыўнага камітэта Праграмы ЮНЕСКА "Памяць свету", сесія якога праходзіла 27-31 ліпеня ў Брыджтаўне (Барбадос).
У лік аб'ектаў дакументальнай спадчыны таксама ўвайшлі брытанская Maгна карта (Вялікая хартыя вольнасцяў), апублікаваная ў 1215 годзе, гераічная паэма сярэднявечнай Еўропы "Песня пра Нібелунгаў", архівы Лігі нацый, каралеўскія архівы Мадагаскара і Тайланда.
У рэестр уваходзяць 197 аб'ектаў дакументальнай спадчыны, якія маюць выключнае сусветнае значэнне.
Архівы і Нясвіжская бібліятэка Радзівілаў былі намінаваны з ініцыятывы Беларусі сумесна з Літвой, Польшчай, Расіяй, Украінай і Фінляндыяй - краінамі, на тэрыторыі якіх захоўваюцца часткі аднаго з найбуйнейшых архіваў і кніжных збораў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У Дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі знаходзіцца 20 тыс. (з 90 тыс.) спраў з архіва, а ў менскіх бібліятэках - некалькі тысяч кніг з калекцыі, якая калісьці захоўвалася ў Нясвіжы.
Пры садзейнічанні ЮНЕСКА ідзе праца па віртуальнай рэканструкцыі архіву і бібліятэкі Радзівілаў, адзначаецца ў паведамленні прэсслужбы МЗС. Для гэтага створана міжнародная рада, у якую ўвайшлі прадстаўнікі краін, дзе знаходзяцца асобныя фрагменты. У якасці першачарговай задачы вызначана стварэнне ў электронным варыянце апісання ўсяго збору для забеспячэння доступу да яго спецыялістаў і аматараў гісторыі.
Праграма ЮНЕСКА "Памяць свету" была заснавана ў 1992 годзе. Нацыянальная камісія Беларусі па справах ЮНЕСКА сумесна з Міністэрствам культуры, дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, вядучымі архівамі і бібліятэкамі краіны "актыўна ўдзельнічае ў ажыццяўленні праграмы". У прыватнасці, вернуты ў электронным выглядзе архіў Міхала Клеафаса Агінскага, пераведзены ў лічбавы фармат партызанскі друк перыяду Вялікай Айчыннай вайны, рыхтуецца дыск з дакументамі, што тычацца знешніх сувязяў Беларусі, ажыццяўляецца вопіс бібліятэкі Храптовічаў, вядуцца перамовы з ЮНЕСКА аб рэалізацыі праекта віртуальнай рэканструкцыі архіву і бібліятэкі Сапегаў.
Паводле БелаПАН.
Вітольд Карлавіч Цэраскі
Да 160-тых угодкаў з дня нараджэння
(Працяг. Пачатак у папярэднімнім нумары.)
У 1906 г. Цэраскі вынаходзіць просты акуляр для дэталёвага вывучэння сонечных плям, які дае магчымасць назіраць не дыяфрагмуючы аб'ектыў. З гэтым акулярам Вітольд Карлавіч назіраў у 15-ці цалевы рэфрактар тонкія дэталі сонечнай паверхні, аб назіраннях з акулярам сваёй канструкцыі ён напісаў: "У траўні - чэрвені бягучага года я назіраў сонечныя плямы з нашым 15-цалевым рэфрактарам, пры цалкам адкрытай адтуліне, павелічэнне было 435 разоў. У нашым клімаце выгляд Сонца … надзвычай дрэнны, толькі на працягу кароткіх імгненняў яно бывае спакойным, і тады на паверхні Сонцы і ў плямах бачна дзіўная колькасць дэталяў ... цені плям уяўляліся мне як густыя аблокі цёмнага сіне-фіялетавага колеру, дно іх было далёка не аднастайным ... можна было адрозніць вельмі розныя адценні ... Цені мелі па краях вялікую колькасць тонкіх прыдаткаў, падобных на зубцы грабянца, тонкія карані ці лапкі казуркаў ... 25-26 траўня я бачыў асляпляльнае воблака якое плыло над плямай, … яно мне здалося жаўтлявым і больш яркім, чым паверхня Сонца. 20 траўня такое ж воблака зусім змяніла сваю структуру за 24 гадзіны і з зусім аднастайнага стала касмыкаватым. Часам былі прыкметныя доўгія паходні, якія праходзяць праз паў-цень ... 19 траўня на ўсходнім краі з'явілася група плям, вакол якіх перапляценне паходняў праектавалася на грануляваную паверхню Сонца. Было відавочна, што ніякая замалёўка не можа перадаць усе гэтыя тонкія дэталі, гэтак жа, як і ніякі фатаграфічны працэс не можа перадаць усе бясконцыя градацыі адценняў, пачынаючы ад асляпляльнага святла паходняў і заканчваючы вельмі цёмнымі адценнямі ўнутранасці плям".
Імя Цэраскага назаўжды злучана з адкрыццём рэдкай і вельмі прыгожай з'явы ў атмасферы Зямлі - серабрыстых аблокаў. Некаторыя згадванні пра начныя аблокі, якія свецяцца, сустракаюцца ў працах еўрапейскіх навукоўцаў 17-18 ст. але яны маюць адрывісты і невыразны характар. А першаадкрывальнікамі гэтай з'явы лічацца Т. Бэкхаўс (Backhouse T.W.) які назіраў іх 8 чэрвеня ў Кісінгэне (Нямеччына), і астраном Маскоўскага універсітэта Вітольд Карлавіч Цэраскі, які назіраў іх незалежна ад Бэкхаўса ўвечар 12 чэрвеня (па новым стылі) 1885 г. Цэраскі не спяшаўся з публікацыяю атрыманых вынікаў. Ён зрабіў гэта толькі праз два гады, але паведамленне пра незвычайную з'яву прайшло незаўважаным.
Вось як адкрыццё апісвае сам адкрывальнік у артыкуле "Аб аблоках, якія свецяцца":
"У 1885 г., каля летняга сонцастаяння, намі былі заўважаны зусім асаблівыя аблокі, названыя пасля свецяшчыміся ці серабрыстымі аблокамі.
Што да іх з'яўлення, то я дакладна ведаю, што да 4 чэрвеня 1885 г. мы іх ніколі не бачылі …
Вяртаючыся аднойчы ў адзін з гэтых дзён досвіткам з шпацыру, мы ўбачылі неба ў незвычайным стане; было бачна - адбываецца нешта, што трэба назіраць, хоць метэаралогія і не ўваходзіць у праграму працы Абсерваторыі.
Палова неба да зеніту была пакрытае шчыльным пластом зусім новых для нас аблокаў. З'ява была тады ў максімуме ... яе навізна прымусіла нас страціць найболей цікавыя і спрыяльныя імгненні. Шмат разоў з таго дня мы бачылі і фатаграфавалі вельмі цікавыя аблокі, але гэта былі ўжо толькі рэшткі, якія не давалі ніякага ўяўлення пра з'яву ў яе максімальным развіцці.
Назіранне дазволіла нам адкрыць нека-торыя вельмі характэрныя ўласцівасці згаданых аблокаў.
24 чэрвеня 1885, як сказана вышэй, мы спрабавалі вызначыць іх вышыню, назіраючы з двух пунктаў, аддаленых на 10 км адзін ад аднаго, і знайшлі, што гэтая база замалая, гэта паказвала на вялікую вышыню аблокаў. Назіранні 26 чэрвеня далі нам вертыкальную вышыню каля 75 км. Хутка мы зразумелі, што аблокі, якая б ні была іх колькасць, не бачныя ні днём ні ўначы; яны бачныя толькі пры адпаведным становішчы Сонца пад гарызонтам, пры ранішняй ці вячэрняй заранцы.
У гэтую гадзіну разгортваецца дзіўная карціна: на зусім ясным небе з'яўляюцца аблокі, і праз некаторы час яны становяцца нябачнымі. Я падкрэсліваю тое, што яны не знікаюць, але толькі становяцца нябачныя, гэта я ўстанавіў з упэўненасцю, назіраючы іх простым вокам і ў трубу са слабым павелічэннем.
Калі ўвечар аблокаў шмат, то на паўночным захадзе над кропкаю, дзе зайшло Сонца, утвараецца сегмент, які свеціцца і, змяняючыся патроху ў памерах, павольна перасоўваецца на поўнач. Апоўначы вышыня сегменту больш не змяняецца, і гэта самы спрыяльны момант каб рабіць назіранні, замалёўкі ці фатаграфаванні.
Аблокі, нягледзячы на іх яркасць, вельмі празрыстыя; не адзін раз я бачыў, як яны праходзілі перад зоркамі, не памяншаючы іх бляску. Гэта паказвае, што паглынанне света малое, але ўсё ж існуе і ўплывае на фотамет-рычныя назіранні. Малая колькасць маіх астра-намічных назіранняў за апошні час тлумачыцца менавіта прысутнасцю гэтых аблокаў.
Пачынаючы з 1885 г. мы іх бачылі кожнае лета. У мінулым, 1889 годзе я ўбачыў іх у першы раз 9 чэрвеня, у 11 вечара, каля гарызонту на паўночным захадзе, але да поўначы яны зніклі …".
Вялікую вядомасць атрымалі працы Цэраскага па вызначэнні тэмпературы паверхні Сонца. Напачатку 90-х гг. ХІХ ст. пытанне пра тэмпературу Сонца было яшчэ спрэчным. Дзеля вызначэння тэмпературы Сонца навукоўцы звярталіся да розных спосабаў і атрымлівалі зусім розныя вынікі.
У 1889 г. на Сусветнай выставе ў Парыжы дэманстраваліся вырабы французскай аптычнай прамысловасці. Сярод іх, па словах наведвальніка выставы В.К. Цэраскага, "у аптычным аддзеле мімаволі звяртала на сябе ўвагу велічынёю і дасканаласцю ўвагнутае люстэрка". Пасля парыжскае выставы гэтае люстэрка дэманстравалася сярод экспанатаў фірмы "Жэтліф і Сымон" на французскай выставе ў Маскве ў 1891 г., па заканчэнні якой па рэкамендацыі сябра Сталай Камісіі аддзела Прыкладной фізікі Палітэхнічнага музея В.К. Цэраскага люстэрка было набыта для Палітэхнічнага музея ў Маскве.
Для правядзення даследаванняў на гэтую тэму ў траўні 1894 г. Цэраскі атрымаў дазвол узяць набытае Палітэхнічным музеем люстэрка ва ўніверсітэцкую абсерваторыю і правёў з ім шэраг доследаў у траўні 1894 г. Па меркаванні Цэраскага, тэмпература ў фокусе люстэрка магла служыць "зыходнаю кропкаю для меркаванняў пра тэмпературу Сонца". Люстэрка ўстаўлялася ў простую драўляную раму на шарнірах і ўраўнаважвалася цэглаю. Назіральнік трымаў у фокусе ўзор, які падвяргаўся плаўленню. Падчас доследаў прамяні Сонца, сабраныя люстэркам, расплаўлялі амаль імгненна ўсе металы і мінералы (ад плаціны да карунду), нават вапну. Зыходзячы з гэтага Цэраскі ацаніў тэмпературу ў фокусе люстэрка, як ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, у 3500° С. Затым з дапамогаю люстэрка былі сабраны промні ад электрычнай дугі з вядомай тэмператураю роўнай 3500° С. Электрычную дугу ўсталёўвалі на такой адлегласці ад люстэрка, каб яе малюнак у фокусе атрым-ліваўся такім жа па памерах, як малюнак Сонца ў папярэднім доследзе. У фокус уносіліся розныя лёгкаплаўкія рэчывы. У гэтым выпадку тэмпература ў ім складала каля 150° С. Такім чынам, было пацверджана, што тэмпература ў фокусе люстэрка складае толькі малую частку тэмпературы крыніцы. У выніку апрацоўкі вынікаў Цэраскі вызначыў: тэмпература паверхні Сонца - больш за 6000° С, што адпавядае вынікам сучасных вымярэнняў. У памяць аб гэтым не складаным, але выдатным эксперыменце, дазволіўшым яшчэ 100 гадоў назад устанавіць ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, рэфлектар французскае фірмы "Жэтліф і Сымон" ў Палітэхнічным музеі носіць памятную назву «Люстэрка Цэраскага».
Стварыў Цэраскі і простую канструкцыю сонечнага тэрмаэлектрагенератара. Тэрмабатарэя гэтага генератара складалася з 25 ідэнтычных элементаў. Батарэя змяшчалася ў драўляную раму, прамежкі паміж сценкамі і элементамі генератара запаўняліся ватаю. Рама ў шкляной скрыні была размешчана так, каб гарачыя пласты тэрмабатарэі знаходзіліся пад шклом, а халодныя - на адкрытым паветры, што дазваляла дасягнуць у сонечны дзень рознасці тэмператураў паміж імі у 50 °С. Магутнасць генератара была невялікая - яе хапала толькі на прывядзенне ў дзеянне электрычнага званка. В.К. Цэраскі сцвярджаў, што "тэрмаэлектрычны слуп пры сваёй вельмі простай канструкцыі ўяўляе сабою самы лепшы сродак утылізаваць сонечнае цяпло". Асабліва яго прыцягвала ідэя "пакрыць пустэльныя схілы гор скалістага берага Крыма, залітыя сонечным святлом, тэрмаэлектрычнымі слупамі, якія будуць паглынаць сонечныя прамяні і дадуць магчымасць выкарыстоўваць іх". Аднак вырашыць праблему сонечнае тэрмаэнергетыкі ў той час было не пад сілу з прычыны недастатковага развіцця навукі і тэхнікі. Таму ідэі В.К. Цэраскага пачынаюць увасабляцца ў жыццё толькі ў наш час.
У XІХ ст. яшчэ не было вырашана пытанне пра велічыню сціску Сонца і меркавалася часавая змена яго формы. Для рашэння гэтага пытання Цэраскі прыдумаў і пабудаваў адмысловы геліёметр.
Складанай навуковай задачай у той час было вызначэнне яркасці Сонца. Праблема складалася ў велізарнай розніцы ў яркасці Сонцы і звычайных зорак. За гэтую цяжкую задачу браліся да яго толькі нямногія даследнікі, і праца Вітольда Карлавіча выканана найболей старанна. Бляск Сонцы быў аслаблены праз адлюстраванне яго прамянёў ад шаравой шкляной паверхні. Гэты бляск параўноўваўся днём пры дапамозе фатометра з бляскам планеты Венеры, а па заходзе Сонца бляск Венеры параўноўваўся фатометрам з бляскам абраных зорак. У 1903 г. гэтым арыгінальным спосабам ён вызначыў бачную зорную велічыню Сонца у - 26,5 m. (адрозніваецца ад сучаснай на 0,1 m.).
З канца XIX ст. фірма - вытворца складанай механікі оптыкі "Фірма Трындзіных" цесна супрацоўнічала з вядомым астраномам Вітольдам Карлавічам Цэраскім. Пад кіраўніцтвам дырэктара абсерваторыі былі распрацаваны некалькі канструкцыяў штатываў для тэлескопаў і асвоена іх вытворчасць. У рэклам-ным праспекце фірмы адзначалася: "У апошні час у Расіі зацікавіліся астраноміяй. Таму нашая фірма задалася мэтаю стварыць тып таннага і ў той жа час найбольш зручнага партатыўнага штатыва для астранамічных трубаў. Мы мелі на ўвазе астраномаў - аматараў, якім вельмі важна мець штатыў, лёгка пераносны і ў той жа час зручны". Фірма пад кіраўніцтвам Цэраскага асвоіла выпуск штатываў для астранамічных трубаў з адтулінамі аб'ектыва 61-108 мм і 110-130 мм. Дапамог астраном і з абсталяваннем прыватнай абсерва-торыі Трындзіных у Маскве па апошнім слове тагачаснае тэхнікі. Навуковец добра паставіўся да справы будаўніцтва і адкрыцця новай маскоўскай агульнадаступнай абсерваторыі Трындзіных, бо падчас працы ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта яму даводзілася нярэдка адмаўляцца ад правядзення заняткаў з вучнямі сярэдніх навучальных установаў з-за недахопу часу і месца.
У гады рэвалюцыі 1905 г. абсерваторыя падвяргалася рэальнай небяспеке з-за блізкіх баёў, а таксама з прычыны таго, што менавіта ў ёй знаходзілася бальшавіцкая таемная «яўка», якая ўзначальвалася супрацоўнікам абсерваторыі П.К. Штэрнбергам (партыйны псеўданім «Месяцовы»), пра што Цэраскі не падазраваў.
(Працяг у наступным нумары.)