Папярэдняя старонка: 2009

№ 32 (923) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 32 (923) 12 ЖНІЎНЯ 2009 г.


Жураўлі на Палессе ляцяць

80 год з дня нараджэння Алеся Ставера

СТАВЕР Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) 10.8.1929, в. Маргавіца Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. -23.7.1995), бел. паэт. Скончыў Менскі пед. ін-т (1954). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржфілармоніі, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у Бюро прапаганды маст. л-ры Саюза бел. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1949. Першы зб. ] вершаў «Золак над Бярозай» (1959). Зб-кі вершаў «Ластаўкі перад дажджом»! (1967), «Жураўлі ляцяць...» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Мой край беларускі» (1983), «Зоры зямныя» (1989) пра любоў да роднай зямлі, працоўныя будні, мінулае народа, маладосць і каханне. Раман «Пад канвоем» (1966), кнігі аповесцяў і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар лірычнай камедыі «Алімпіяда Салодкая», п'есы «Слова - не верабей» (абедзве паст. 1977). Для дзяцей зб-кі «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984). На многія яго вершы напісаны песні («Жураўлі на Палессе ляцяць», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасце верыцца», «Беларусачка» і інш.).


Кветкі Ларысе Геніюш

Напярэдадні 99-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш актывісты дэмакратычных рухаў усклалі кветкі да яе магілы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Вячаслаў Сіўчык. Паводле яго слоў, у паездцы ў Зэльву, дзе пахавана паэтка, узялі ўдзел каля 20 чалавек з Менска. Да іх далучыліся і жыхары Зэльвы.

Мы наведалі царкву, прыбраліся на магіле паэткі, усклалі кветкі і паставілі свечкі, - паведаміў Сіўчык.

Паездка была арганізавана гарадзенскім абласным аддзяленьнем аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і мемарыяльнай секцыяй Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле слоў Сіўчыка, 9 жніўня, у дзень нараджэння Геніюш, таксама адбудуцца памятныя мерапрыемствы:

Я разглядаю гэтыя мерапрыемствы як падрыхтоўку да 100гадовага юбілею паэтэсы, які адбудзецца ў наступным годзе. У мяне ў планах пачаць падрыхтоўку да святкаваньня гэтай даты ўжо цяпер. І я думаю, што ў 2010 годзе будзе шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Геніюш, і святкаванне будзе маштабным і агульнарэспубліканскім.

Ён таксама адзначыў, што ўсе лісты па пытанні рэабілітацыі Геніюш, якія накіроўваліся ў шматлікія інстанцыі, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, былі праігнараваны.

Ларыса Геніюш нарадзілася 9 жніўня 1910 года ў Ваўкавыскім раёне Гарадзенскай вобласці. Пасля заканчэння Ваўкавыскай гімназіі жыла з мужамэмігрантам у Празе, дзе была сакратаром прэзідэнта Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Васіля Захаркі. Геніюш займалася захаваннем і ўпарадкаваньнем прэзідэнцкага архіву, падтрымлівала беларускіх эмігрантаў, палітычных бежанцаў і ваеннапалонных. У Празе ў 1942 годзе яна выдала сваю першую кнігу "Ад родных ніў". 5 сакавіка 1948 года, з'яўляючыся грамадзянкай Чэхаславакіі, Геніюш была арыштавана, а ў 1949 годзе ў Менску асуджана на 25 гадоў пазбаўленьня волі як асоба без грамадзянства. Пакаранне адбывала ў лагерах Комі і Мардовіі. У 1956 годзе была датэрмінова вызвалена, але дагэтуль не рэабілітавана. Пасялілася на радзіме мужа - у Зэльве.


Сёння 610 гадоў з дня бітвы над Ворсклай

Бітва на Ворскле 1399. Адбылася 12 жніўня паміж войскамі ВКЛ на чале з Вялікім князем Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам ЦімурКутлукам і цемнікам Едыгеем каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра, відаць, на тым самым полі, дзе ў 1709 адбылася Палтаўская бітва). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татараў, прыведзеныхханамТахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі аддзелы з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15-20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ, у тым ліку Аляксандра Мансуравіча Мамая, Андрэя Альгердавіча Полацкага, Зміцера Альгердавіча Бранскага, Івана Барысавіча Кіеўскага, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Зміцера Данілавіча Астрожскага. Войска Залатой Арды (відаць, па колькасці большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перамовамі, аднак з падыходам асноўных татарскіх сілаў войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Загінула не менш за 16 беларускіх князёў, шэраг польскіх паноў, у т. л. кракаўскі кашталян Спытка. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. ЦімурКутлук сканаў ад ран, атрыманых у бітве. Едыгей таксама быў забіты праз дваццаць гадоў адным з сыноў Тахтамыша.

Перамога ў гэтай бітве дазволіла татарам зрабіць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні, але не спыніла Вітаўта. ВКЛ захавала кантроль над паўночным Прычарнамор'ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Вітаўт пасадзіў такі Тахтамыша на ханства, праўда, у Крым, дзе той праз некалькі гадоў быў забіты..

За паразу на Ворскле на Вітаўта многія стагоддзі сыплюць нараканні ў залішняй амбітнасці, але мэты, якія ставіў Вітаўт вартыя былі не адной такой бітвы.

Дачка Вітаўта Соф'я Вітаўтаўна была на той момант Вялікай княгіняй Маскоўскай. Але становішча і Васіля І, і Соф'і, і, як паказалі наступныя падзеі, унука Вітаўта Васіля ІІ было ў Маскве вельмі няўстойлівым. Моцныя баярскія групоўкі ўвесь час былі гатовыя да змовы і бунту. Вітаўт мог узяць Маскву ў любы момант, але яе трэба было ўтрымаць. Адзіным выйсцем было далучэнне Маскоўскага княства да ВКЛ з наступнай яго ліквідацыяй, як тое адбывалася з іншымі ўдзельнымі княствамі. Параза на Ворскле не дала гэтага зрабіць, а то гісторыя ўсёй Еўропы была б іншая. Гэтая ж параза стала адной з прычын, якая вымусіла Вітаўта падпісаць ВіленскаРадамскую унію 1401 года паміж ВКЛ з Польшчай.

БІТВА НАД ВОРСКЛАЙ (1399)

Вунь стары ліцвін ля хаты

Думку думае зацята.

Ля яго ягнятка скача,

А ён, бедны, ледзь не плача.


Узгадаў, як над ракою

Ворсклай, мутнаю, чужою

Пацярпеў Вітаўт паразу,

Дзе і ён тады быў разам.


О, Вітаўце, слава наша,

Хто цябе калі настрашьшь?

Пра карону ты шчэ дбаеш,

Волас хоць зсівелы маеш.


Што ж казаць, як ты меў сілы,

Звон мячоў быў сэрцу мілы,

Ды вось моцна пацярпелі,

Як Эдыгу біць хацелі.


Варажбы не слухаў дзіўнай,

Што тлумачыў Ян з Пакрыўнай,

Не паслухаў Спыткі слова,

Гнеўны быў на хана мову.


Хан Эдыга ж так адмовіў,

Як Кутлуку ты прамовіў:

Мне паддайся, я старэйшы,-

Што ж тут гневацца, мілейшы.


Ды хапіла гневу, пыхі,

Лезлі ў бітву, як у ліха,

I за справу Тахтамыша

Прападалі, быццам мышы.

Цяжка, цяжка нам прыйшлося,

Тысяч сто там засталося,

Што былі жывымі ўчора,

Кроў струменем, трупаў горы.


Ледзьве ўцёк за ласку Бога,

Смеласць Спыткі, Астрарога...

... Ой, маліся, дзед, маліся,

Не давай улады пысе...

Ян Чачот.


Прыбайкальскае люстэрка або Хатнi кансерватызм i праблемы аб'яднання беларусаў у супольнасць

Да 100-годдзя перасялення беларусаў у Сібір

З выступлення дэлегата Алега Рудакова на V з'ездзе Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Шаноўныя суродзічы! Першнаперш вітаю вас ад імя Рэгіянальнага грамадскага аб'яднаньня "Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага"!

Прыемна бачыць, што Беларускі Рух - "Рух сапраўднага адраджэння шчырага беларускага парыятызму" не згасае, а я лічу, што дык і значна пашыраецца. І гэта робіцца ня гледзячы на, так бы мовіць, на зусім неспрыяльныя ўмовы!

Я добра ведаю як развіваецца беларускі рух у Расіі, і, у першаю чаргу, у Прыбайкаллі. Тут я маю 13 гадоў досведу кіраўніцтва у беларускай супольнасці.

Зраблю невялічкі аналіз нашага руху, выкажу некаторыя прапановы. У Расіі, дарэчы, і зараз доўжыцца ўсплёск нацыянальнакультурнай рупнасці народаў нярускай нацыянальнасьці. Праўда, некаторыя русафілы, напужаўшыся такога ўсплёску, пачалі ствараць і свае Цэнтры рускай культуры, пры гэтым утвараючы гвалт, што рускім у Расіі цяжка жыць і "адраджаць" сваю нацыянальную культуру. Як быццам ім штосьці пагражае. Як быццам у Расіі больш не гамоняць на рускай мове, альбо не выходзяць газеты, альбо не працуюць на рускай жа мове тэатры, кінастудыі, альбо не вядзецца на рускай мове дакументацыя, альбо ВНУ перайшлі на лацінку…

Гэтак сама і ў нас, у Іркуцку, як толькі пачаліся стварацца нацыянальнакультурныя аб'яднанні, адразу ж узнік і Цэнтр рускай культуры (ЦРК) пры Тэатры народнай драмы. Гэты Тэатр дарэчы мае добры калектыў для поспеху ў творчым развіцці. Для гэтага Тэатра маецца асобны радок у бюджэце нашай вобласці. Усе артысты і адміністрацыя працуюць стала на аплачваных пасадах, і ім яшчэ кожны год Упраўленне па справах рэлігій і нацыянальных стасункаў пры ўрадзе Іркуцкай вобласці як Цэнтру рускай культуры выдзяляе не малыя грошы з агульнага бюджэтнага фонду, які дзеліцца на ўсе нацыянальнакультурныя аб'яднаньі рэгіёна.

Аняго ж: трэба каб руская культура не згубілася ў межах Расіі! А вось нам, Рэгіянальнаму грамадскаму аб'яднанню "Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага" (РГА ІТБК) не перападала анічога ад гэтага агульнага бюджэтнага пірага тры гады запар.

Увогале ўсе нацыянальнакультурныя аб'яднанні ў Расіі я падзяляю на чатыры групы.

Першая - умоўна назавём групу "метрапольная" - гэта тыя, якім добра і стала дапамагаюць іхнія дзяржавы. У Іркуцку да такіх НКА належаць літоўскі, польскі, нямецкі, фінскі, габрэйскі цэнтры. Ім выдзяляюцца грошы з метраполій на розныя праграмы і нават проста на развіццё. Вось, напрыклад, літоўцаў у нас у вобласці згодна з апошнім перапісам (2002 года) налічваецца каля 1600 чалавек. Але ў іх маецца сваё консульства (праўда ганаровае - адна багатая літоўка па паходжанні, якая стала жыве ў Іркуцку і з'яўляецца грамадзянкай Расіі - прызначана ганаровым консулам Літвы). І праз гэта консульства ідзе фінансаванне Цэнтра літоўскай культуры "Швітурыс" - "Маяк". Даходзіць да смешнага. У студзені гэтага года да мяне прыйшоў старшыня Літоўскага цэнтра і кажа: "Алег, дапамажы. Нам Літва выдзяляе 500.000 расійскіх рублёў на развіццё на 2009 год. А я не ведаю куды іх падзець? Што з імі рабіць? У цябе вялікі досвед. Можа параіш?"

Шчыра кажу, такая зайздрасць мяне апанавала, што ледзь стрымаўся, каб не заплакаць. Альбо іншы прыклад з тымі ж літоўцамі. У траўні Літоўскі цэнтр і іх ганаровы консул дае шырокую абвестку, што яны будуць святкаваць 1000годдзе літоўскай дзяржаўнсці. Таму запрашаюць усіх, але па спецыяльных білетах на вечарыну і банкет. Прычым па тэлефоне паведамляюць, што на банкет дала грошы консульства, таму ён будзе шыкоўны. І што вы думаеце, сабралася амаль уся іркуцкая знаць. Прыйшлі і дэпутаты, і чыноўнікі, і навукоўцы, і дзеячы культуры. Там усім ім "распавялі" пра мужную гісторыю літоўскага народа і гісторыю іх дзяржавы ВКЛ. Даходзіла да зусім смешнага. Адна бібліятэкарка (руская, але ёй далі даручэнне) расказала пра літоўскіх пісьменнікаў. І першым знакамітым на увесь свет літоўскім паэтам называе... Адама Міцкевіча, які нарадзіўся па яе словах... "ў Літоўскай губерніі". Дзе менавіта не удакладняла. Другая выступоўца (татарка, толькі і ёй далі даручэнне) распавяла пра "літоўскіх татараў". Пры гэтым у яе дакладзе прагучала што літоўскія татары дагэтуль захавалі сваю веру і маюць мячэці. Самая буйная ў Відзах... і хуценька прамовіла - "праўда цяпер гэта тэрыторыя Беларусі". Прагучала гэта так, што можна было падумаць, што беларусы захапілі літоўскі горад Відзы.

На гэтым мерапрыемстве выступіў і я. Як змог расставіў некаторыя акцэнты. Але мне далі слова ў канцы, пры гэтым папярэдзіўшы, што часу засталося мала і банкет стыне. Шмат казаць не давялося. Праўда, я потым зрабіў артыкул: "Сучасны літовец і гістарычны ліцьвін - ці ёсць розніца?". Гэты артыкул надрукаваны ў "Маланцы" і ў прэстыжным каляровым іркуцкім часопісе "Іркуцкія кулуары", які чытае ўся наша мясцовая эліта.

Адно гэтыя прыклады добра сведчаць пра мэтанакіраваную працу Літоўскай дзяржавы і яе падтрымку Літоўскага цэнтра ў Прыбайкаллі. Нагадаю, што літоўцамі запісаліся па перапісу толькі 1600 чалавек. Беларусаў жа там пражывае каля 50 тысяч чалавек. Але мы не маем у вобласці свайго консульства, мы не маем ніякай патрымкі з боку сваёй дзяржавы.

Другая група НКА - назавём іх "міграцыйныя" - гэта тыя, якія ў большай ступені займаюцца падтрымкай сваіх працоўных мігрантаў. Да такіх у Іркуцку належаць таджыкі, кіргізы, афганцы, азербайджанцы, армяне, узбекі, кітайцы і інш.

Яны мала праводзяць культурніцкія мерапрыемствы. А калі і праводзяць, то ў асноўным, адзначаючы мусульманскія святы. Іх галоўная задача дапамагчы працаўладкаванню сваіх мігрантаў. І яны гэта паспяхова робяць. Схема такая. Прыязджае напрыклад таджык у Іркуцк на заробкі. Калі ён трапляе ў сваю дыяспару, то павінен плаціць даволі высокія грашовыя складкі, але яму ў гэтым выпадку дапамагаюць ўладкавацца на працу. І, самае галоўнае, дапамагаюць атрымаць за гэтую працу грошы. Таксама дапамагаюць вырашыць усе пытанні з міграцыйнымі службамі. Калі ж такі таджык будзе шукаць працу ў Іркуцку самастойна, то ніхто не дае гарантый, што яго не ашукаюць, альбо не "заграбе" пільная спецслужба.

Трэцяя група НКА - назавём іх "дзяржаўныя" - гэта Цэнтр бурацкай культуры і Цэнтр рускай культуры. Яны маюць стаўкі. У іх маюцца прафесіяналы, якія пры пасадах кіруюць рознымі гуртамі і адказваюць за розныя кірункі. У буратаў напрыклад маецца каля 30 ставак.

Чацвёртая група НКА - назавём іх "аматарскія" - гэты тыя, якія працуюць на аматарскіх пачатках. Зусім не маюць ні вызваленых пасад, ні сталай падтрымкі з боку абласных органаў улады і таксама амаль забытыя сваімі метраполіямі. Да такіх у Іркуцку належаць беларусы, украінцы, татары і чувашы. Праўда, часам надаралася, што траім апошнім народам іхныя гістарычныя Радзімы так ці інакш дапамагалі. Беларусам жа Прыбайкалля пашэнціла меней. Некаторыя у нас нават з актывістаў ІТБК мяне папракаюць, што не ўмею прасіць. Можа гэта і так.

Але літоўцы, альбо палякі не просяць свае дзяржавы. Яны атрамліваюць дапамогу стала, метадычна і не толькі на праекты. Больш таго ў іх нават спрошчана сістэма справаздачы. Можна актам спісваць грошы.

Пры ўсім пры тым, я ні колькі ні перабольшваю, беларускае таварыства ў Іркуцку лічыцца самым актыўным, самым наватарскім, самым маладзёвым з усіх 40 НКА Іркуцкай вобласці.

Сакрэт нашай актыўнасці вельмі просты. Мы самаахвярна працуем на выхаванне беларускага шчырага сапраўднага патрыятызму, і ў першаю чаргу сярод моладзі. Тыя беларусы, альбо нашчадкі беларускіх перасяленцаў сталыпінскіх часоў, якія трапілі да нас, прыйшлі ў актыў, ужо не шкадуюць ні сваіх грошай, ні свайго часу, ні свайго здароўя на карысць беларускага культурнага адраджэння. Такая ў нас мікраатмасфера. Я вельмі ўдзячны ўсім сваім паплечнікам за іх самаахвярнасць. Асабліва тым, хто сёння прысутнічае на гэтым форуме: Волі Галанавай, Алене Сіпаковай, Васілю Ракіце, Наташы Бакуновіч.

Наша суполка на сённяшні дзень мае 11 адзяленняў па Іркуцкай вобласці, 17 творчых калектываў. Мы працуем па 20 кірунках. Пры ІТБК ствараюцца самастойныя юрыдычныя адзінкі - мясцовая нацыянальнакультурная аўтаномія "Беларусы Чарамхова" і маладзёвы клуб "Крывічы". Мы выдаем свой бюлетэнь, праводзім абласны фэстконкурс "Гучы гоман беларускі" і шмат праводзім іншых цікавых мерапрыемстваў. Кожны месяц у нас чыняцца нейкія справы.

Але ж разам з тым адзначу: з тых 50 000 беларусаў Прыбайкалля ў нашу суполку ўвайшлі ўсяго толькі каля 1000 чалавек - 2%. І гэта пры ўмове вельмі актыўнай 13гадовай працы ІТБК.

У чым праблема? Я бачу праблему толькі ў характары беларуса.

Яшчэ ў час службы ў войску я пачаў заўважаць: калі два украінцы сустрэнуцца выпадкова - яны землякі не разлі вада. А беларус беларуса сустрэў - як і не пабрацімы, не радня. "Во ты адкуль?". "З Гомеля". "А, а я зпад Полацка". "Ну добра, пакуль". І разышліся.

Я доўгі час ніяк не мог зразумець, у чым прычына такіх паводзін. Я задаваў сабе пытанне: "Чаму беларусы ў Расіі вельмі неахвотна аб'ядноўваюцца ў сваю нацыянальную супольнасць?" А потым да мяне дайшло. Я ўсё гэта называю ўвогуле "Хатні кансерватызм". Але ён складаецца з некалькіх частак:

Самаіндэфікацыя (не ўсе беларусы ведаюць, што яны беларусы).

Вось адзін яскравы прыклад з маёй этнаграфічнай вандроўкі па беларусіх вёсках Прыбайкалля. У вёсцы Тарнопаль, якая ўзнікла ў 1937 годзе, я размаўляў з цёцяй Дусяй Заікінай, якой было болей за 60 гадоў. На маё пытанне: ці шмат тут пражывае беларусаў, яна мне адказала (даслоўна):

- У нас цяпер ужо пашці ўсе рускія, вось сястра мая дык яна была беларуска, а я і то ўжо руская.

- Дык яна што не родная вам сястра - пытаюся я.

- Не, радная.

- Тады як гэта атрымалася? Ваша сястра родная - беларуска, а вы асабіста не?

- Ну, яна ж нарадзілася яшчэ ў Беларусі ў Калядзічах, дзе та, кажуць, пад Гомляй, а я ўжо нарадзілася тут, у Сібіры.

- Але па крыві вы, мусіць жа, таксама беларуска.

- (Пасля некаторага роздуму.) Па крыві, можа, і беларуска, але ж у пашпарце запісана, што руская. Я ж тут нарадзілася…

Самаізаляцыя (я беларус, але пра гэта лепш не згадваць, і ўвогуле мне і аднаму добра ў сваёй хаце).

Сарамлівасць (я беларус, але мая мова ды культура нязначныя, ды і жыву я ў Расіі, дык што тут ужо…).

Недасведчанасць (я беларус, мова і культура мае значныя, але асабіста я анічога пра гэта не ведаю, дык лепш і не ўзгадваць).

Савецкая інтэрнацыянальная /прарасійская/ адукаванасць (мы можа і беларусы, аднак наш народ рускі).

Адсутнасць Бацькаўшчыны ( я беларус, але каму я патрэбен).

Кепская праца актыву ІТБК з магчымымі сябрамі Таварыства. (Гэта не значыць, што мы кепскія, але ніхто ў нас не мае вызваленай пасады, што замінае штодзённай працы на карысць ІТБК).

На кожную частку ў мяне ёсць канкрэтныя прыклады з майго ўжо немалога досведу кіраўніка беларускай супольнасці ў Прыбайкаллі. Але гэтыя прыклады я зараз не буду прыводзіць.

Спачатку мне было крыўдна за беларусаў, а цяпер я ганаруся сваім народам. Бо, калі паглядзім на нашу гісторыю, то што мы ўбачым? Усе значныя войны праходзілі цераз Беларусь. На гэтых войнах гінулі лепшыя, найбольш патрыятычныя. Заставаліся ў жывых толькі "прыстасаванцы". Больш за тое, наша Бацькаўшчына была пад палітычным, эканамічным, культурным уплывам нашых суседзяў. Як можна было выстаяць? Колькі мы ведаем асіміляваных у такіх умовах і зніклых народаў!

Але толькі нашыя продкі выстаялі! Яны, дзякуючы сваёй упартасці і свайму кансерватызму захавалі для нас нашу мову, нашу традыцыю, нашу гісторыю!

Цяпер прыйшла і наша часіна. Наша пакаленне, у прыватнасьці маё пакаленне, не ведае што такое вайна. А, як вядома, кожнае пакаленне нараджае сваіх герояў. Нашы героі тут сярод нас. Дык ці зможам мы адрадзіць Беларускі Рух, "Рух сапраўднага адраджэння шчырага беларускага парыятызму"!

Мы проста абавязаны гэта зрабіць!!!

Увогале, нам, у тым ліку і дзяржаўным органам, трэба знайсці адказ на пытанне: "Каго вы жадаеце выхаваць у Беларусі?"

Бо ёсць вялікая розніца - жыхар Беларусі і шчыры патрыёт Беларусі. Жыхар Беларусі не будзе размаўляць на беларускай мове, не будзе адстойваць нашу гістарычную спадчыну, не будзе за мяжой годна казаць: я - беларус! Не будзе абараняць інтарэсы сваёй краіны.

Але ўсё гэта самаахвярна будзе рабіць шчыры беларускі патрыёт!

Дык каго Вы жадаеце ўбачыць у выніку. Да чаго імкнецца беларуская інтэлігенцыя і да чаго імкнецца дзяржаўная улада? Ці ў адным кірунку гэтыя намаганні?

І яшчэ: вось я прыязджаю ў Беларусь і пераходжу на беларускую мову. Размаўляю паўсюль і з усімі. Бываюць розныя надарэнні, але зараз я пра іх не буду казаць. Галоўнае, што я паказваю тутэйшым жыхарам, што ёсць яшчэ беларуская мова на вуліцы. І самае цікавае, што апошнім часам мне адказваюць таксама на беларускай мове.

Толькі мясцовыя беларускія патрыёты (можа, не ўсе, але я ведаю многіх) між сабой размаўляюць пабеларуску, а з народам на вуліцы - толькі парасейску.

І я іх не разумею: гэта вы што - не давяраеце свайму народу? Альбо пагарджаеце ім? Альбо баіцеся размаўляць пабеларуску?

Адно ўявіце сабе, калі ўсе беларускія патрыёты выйдуць на вуліцу і пачнуць гаманіць з незнаёмымі людзьмі пабеларуску! Дык можа гэта стане новай моднай хваляй?

Я пазнаёміўся з праектам закона Рэспублікі Беларусь аб суайчынніках і планам далейшай працы Згуртавання беларусаў свету. Ухваляю ўсё гэта.

Аднак ёсць у мяне яшчэ з дзесятак прапаноў, назаву некаторыя:

правесці ЗБС сумесна з дзяржаўнымі органамі Фэст у Беларусі беларускіх гуртоў замежжа;

стварыць пры Савеце Міністраў асобнае міністэрства (дэпартамент) па ўзаемадачыненнях з беларускай дыяспарай;

правесці асобны сход моладзі - "Нашчадкі беларускага народа";

падрыхтаваць і правесці ў 2010 годзе навуковую канферэнцыю - 100 гадоў Сталыпінскаму перасяленню беларусаў у Сібір;

ЗБС "Бацькаўшчына" узяць на сябе ініцыатыву выдаць падручнікі па беларускай мове і гісторыі беларускага народа для беларускай моладзі і дзяцей замежжа, у прыватнасці, для расійскіх беларусаў.

Спадзяюся, шаноўныя, што наш беларускі рух яшчэ больш будзе набіраць сваю сілу і моц! І будзе заўжды жыць беларускі народ! І будзе жыць Беларусь!

Падрыхтаваў прамову да друку Васіль Якавенка.


"Радзімая зямля, прынікнуў я к табе…"

2 жніўня ў вёсцы Ракуцёўшчына, дзе размяшчаецца філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча "Фальварак Ракуцёўшчына", адбылося свята паэзіі і песні "Ракуцёўскае лета - 2009". Свята мае багатыя традыцыі і ладзіцца штогод сумеснымі намаганнямі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Маладзечанскага райвыканкаму.

Летам 1911 года, з далёкага Яраслаўля па запрашэнні братоў Луцкевічаў, у фальварак Ракуцёўшчына прыехаў наш слаўны паэт Максім Багдановіч. Усяго некалькі летніх месяцаў правеў ён сярод беларускіх палёў, лясоў, лугоў, але гэтая мясціна стала для яго магутнай крыніцай натхнення. Па ўспамінах Вацлава Ластоўскага менавіта тут Максім напісаў дзве паэмы "Вераніка" і "У вёсцы", шмат вершаў.

"Радзімая зямля, прынікнуў я к табе…" гэтыя радкі Максіма Багдановіча сталі лейтматывам сёлетняга свята. Шлях да максімавай Ракуцёўшчыны традыцыйна пачынаецца з наведвання Максімавага саду і мемарыяльнага знака - двух валуноў. Адзін сімвалізуе свечку вечнай памяці, на другім размешчаны радкі з верша Максіма Багдановіча:

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася, і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй

збожжа на раллі.

Пад шэпат дрэваў урачыста прамаўлялі: мастак Эдуард Агуновіч, пісьменнікі Анатоль Бутэвіч і Віктар Шніп. Свае вершыпрысвячэнні падаравалі любімаму паэту пастаянныя ўдзельнікі свята - дзеткі з патрыятычнага клуба "Спадчына", якія прыехалі з вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці.

У філіяле "Фальварак Ракуцёўшчына" (былой сядзібе Лычкоўскіх) гасцей сустракала хлебамсоллю яго загадчыцца Лілея Заліўская. Яна шчыра прывітала ўсіх аматараў паэтычнага слова і запрасіла наведаць экспазіцыю. Пасля знаёмства з музейнымі інтэр'ерамі ўсе скіраваліся да сцэны, якая традыцыйна была ўсталявана ля Максімавай крынічкі. Распачалося мерапрыемства з ўступнага слова дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяны Шэляговіч. Таксама прысутныя з увагай выслухалі ўзнёслыя прамовы Канановіч Людмілы, намесніка старшыні Маладзечанскага райвыканкаму і Гаўрылавай Святланы, галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці.

Запамінальнай падзеяй "Ракуцёўскага лета - 2009" стала перадача ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча каштоўнай рэчы навалкі, якую вышыла Дар'я Кормаз (траюрадная сястра паэта па бацькоўскай лініі). А перадала гэтую рэліквію яе ўнучка Вольга Дашкоўская.

Шмат цёплых слоў, прыгожых песень прагучала ў гэты дзень на паляне. Лілася са сцэны знакамітая "Зорка Венера", у выкананні вядомага барда Алеся Камоцкага. Выступалі беларускія паэты: Віктар Шніп, Анатоль Зэкаў, Зміцер Арцюх, Леанід ДранькоМайсюк, Валерыя Кустава, Рагнед Малахоўскі і іншыя. Святочную праграму завяршылі выступленні творчых калектываў Маладзечанскага раёна. Кожны з ўдзельнікаў мерапрыемства спрабаваў у сваім выступленні адкрыць новую рысачку характару Максіма Багдановіча, намаляваць яго цудоўны вобраз, спасцігнуць загадку яго творчасці. Прыемна, што многія прыехалі сюды сем'ямі, каб далучыць да роднага слова сваіх дзяцей. Бо, як адзначыў, Анатоль Бутэвіч: "Чым больш людзей прыйдзе да Багдановіча, тым больш людзей стануць беларусамі".

Наталля Камко, малодшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея М. Багдановіча.


Сайт "Грунвальд"

На партале Spadchyna. org устаноўлены новы сайт "Грунвальд". Сайт прысвечаны знакамітай падзеі нашай славутай гісторыі - перамозе аб'яднаных дружын ВКЛ і Кароны Польскай над крыжакамі. У матэрыялах сайту размешчаны некалькі папак.

Першая змяшчае "Зварот сяброў клуба "Спадчына" да Савета Міністраў, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, творчых саюзаў, палітычных партый і грамадскасці краіны". На яго ўжо прыйшлі адказы дзяржаўных устаноў падтрымаць юбілейны год адпаведнымі мерапрыемствамі. Прафесар А.П. Грыцкевіч узначаліў створаны аргамітэт па святкаванні Грунвальдскай бітвы.

У наступнай пад назвай "Анатоль Грыцкевіч" змешчаны артыкул аўтара "Грунвальдская бітва 1410 - ліквідацыя пагрозы незалежнасці ВКЛ", у якой распавядаецца пра падзеі бітвы.

На сайце таксама ёсць дзве папкі "Галерэя 1" і "Галерэя 2". У першай змешчаны каляровыя ілюстрацыі з польскага выдання кнігі "Album Grunwaldzki" аўтараў Анджэя Кляйна, Анджэя Надольскага і Анджэя Новакоўскага. Яны перадаюць поўнае ўражанне бітвы з дапамогаю карцін Я. Матэйкі, З. Развадоўскага і А. Попеля. Апошнія мастакі сярод многіх эпізодаў адлюстравалі сцэны з удзелам войскаў ВКЛ. Панарама і інтэр'еры замка Мальборк, галоўнага ўмацавання крыжакоў. У другой прыкладаюцца галерэя карцін беларускіх мастакоў і тэракотавыя медалі з выявамі герояў Грунвальда, якія знаходзяцца ў "Старадарожскім нацыянальнамастацкім музеі Анатоля Белага". Жыгімонт Карыбутавіч, Вітаўт, Ягайла, першы на Беларусі помнік "Героям Грунвальда", фотаздымкі адкрыцця помніка з удзелам клуба "Вялікае Княства", кіраўнік Арына Вячорка, - усе гэтыя адметныя і знакавыя ілюстрацыі прадстаўляюць нашу сучасную і мінулую гісторыю.

Папка "Medieval II total war" з'яўляецца дакладнай копіяй у дзве с паловай хвіліны анімацыйнай стужкі фірмы "SEGA". Адлюстраваны падзеі бітвы з выдатным паказам яе асобных момантаў і 64 панарамныя здымкі знятыя на рэальным месцы Грунвальдскай бітвы.

Папка "Кнігі" змяшчае тэксты і ілюстрацыі з кніг і артыкулаў А. Краўцэвіча, К. Тарасава, В. Чаропкі. С. Судніка прысвечаных падзеям Грунвальдскай бітвы. Адзначым, што С. Суднік зрабіў дзевяць карт, на якіх раскладваюцца ўсе моманты бітвы. Кнігі даюць поўнае ўражанне аб удзеле беларусаў у бітве і іх роля ў перамозе. Іншыя крыніцы не раскрываюць роль ліцвінаў пад час бітвы.

І нарэшце, завяршаюць гэты сайт музычныя і літаратурныя набыткі нашых сучаснікаў, а таксама даецца нотны варыянт песні "Багародзіца", з якой беларусы ішлі на бітву. Адзначым, што літаратура і музыка адлюстроўваюць адпаведныя ўяўленні нашага народа аб Грунвальдскай перамозе.

Роля Грунвальдскай бітвы яшчэ да канца не асэнсавана ў гістарычнай памяці народа, у дзяржаўных сродках СМІ і ў структурах улады. Неабходна заўважыць, што звыш паловы тысячагоддзя тэрыторыя Беларусі не падвяргалася нашэсцю нямецкіх войскаў. Карыстальнікі пачэрпнуць для сябе гістарычную, мастацкую, музычную і літаратурную інфармацыю глыбіні 600гадовай даўнасці. Спадзяёмся, што сайт будзе спрыяць натхненню нашых літаратараў, кампазітараў і мастакоў на стварэнне найбольш грунтоўных твораў, прысвечаных Грунвальдскай перамозе.

Гісторык, краязнавец Пятро Русаў.


Беларуская культура - трывалы элемент еўрапейскай культуры

10-ы юбілейны "Беларускі Трыялог" сабраў інтэлектуалістаў з Еўропы, тых, хто цікавіцца беларускай культурай. Арганізатарам канферэнцыі з'яўляецца аб'яднанне "Віла Сакрата", якое таксама выдае гадавік Annus Albaruthenicus.

Па словах ініцыятара Трыялогаў Сакрата Яновіча, 10 гадоў існавання сустрэч і 10 нумароў часопіса зрабілі сваю работу. Цікавасць да беларускай культуры вырасла ў шмат разоў.

Калі 10 гадоў таму назад я знайшоў у Еўропе толькі двух інтэлектуалістаў, якіх цікавіла беларуская культура, то ў гэты момант я маю ў Еўропе каля 30 інтэлектуалаў, усякіх: італьянцаў, немцаў, французаў, аўстрыякаў - і гэта мяне надта радуе. Гэта сведчыць аб тым, што беларуская культура пачынае быць нейкім трывалям элементам еўрапейскай культуры.

Як часта паўтарае Сакрат Яновіч: адна канферэнцыя - гэта не канферэнцыя, адзін часопіс - гэта не часопіс. Тымчасам канферэнцыі 10 гадоў запар і 10 нумароў гадавіка - гэта ўжо падзея, тым больш значная, што задумана дзеля беларускай культуры.

Наталля Герасімюк.


Запрашаем у падарожжа "Сэрца Беларусі - Меншчына"

Магілёўская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 14-16 жніўня 2009 г. ладзіць чарговую трохдзённую вандроўку "Сэрца Беларусі - Меншчына" па цэнтральнай Беларусі. Падчас падарожжа мы наведаем музей-запаведнік у Заслаўі, музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, пабачым самае вялікае вадасховішча краіны і ўзыдзем на самую высокую кропку Беларусі, наведаем Мірскі і Нясвіжскі замкі, індустрыяльны Салігорск і старажытны Слуцк, а таксама мноства помнікаў архітэктуры і іншых цікавейшых мясцін.
Падарожжа пройдзе на камфартабельным аўтобусе па маршруце Магілёў - Заслаўе - Вязынка - Радашковічы - Вілейка - Крывічы - Будслаў - Ілля - г. Дзяржынская - Івянец - Мір - Новы Свержань - Стоўбцы - Мікалаеўшчына - Сноў - Нясвіж - Клецк - Капыль - Слуцк - Салігорск - Любань - Магілёў.


Вітольд Карлавіч Цэраскі

Да 160-тых угодкаў з дня нараджэння

(Працяг. Пачатак у папярэднімнім нумары.)

Навуковая дзейнасць Цэраскага атрымала ўсеагульнае прызнанне. У 1914 г. ён быў абраны членам - карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі Навук. Быў гэтак жа сябрам Маскоўскага матэматычнага таварыства і ганаровым сябрам Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды. Ён актыўна удзельнічаў у жыцці навуковых таварыстваў.

Польскі даследчык Пшэмыслаў Рыбка са здзіўленнем піша, што Цэраскі яшчэ ў 1901 г. адмовіўся ад прапановы Ягелонскага універсітэта ўзначаліць кафедру астраноміі. Між іншым гэты факт сведчыць аб тым, што ўжо на пачатку ХХ ст. яго ведалі ў Еўропе, і аб сталых кантактах з польскімі астраномамі.

Цэраскі цікавіўся гэтак жа і гісторыяй астраноміі XVI і XVII стагоддзяў. Ён наведаў месцы дзе працавалі Капернік і Ціха Браге і напісаў артыкул аб сваіх папярэдніках. У артыкуле пра Каперніка і Ціха Браге Цэраскі дарэчы адзначаў, што "перавароту ў навуцы, роўнага па значэнні перавароту, зробленаму Капернікам у гісторыі навукі, ужо быць не можа. Калі падобнае наогул магчыма, дык толькі ў вобласці так званых псіхічных з'яваў".

У 1887 г. Маскоўскае матэматычнае таварыства сумесна з таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі ўрачыста адзначыла 200-годдзе з дня выхаду працы І. Ньютана "Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі". 20 снежня 1887 г. з дакладам "Ньютан як творца нябеснай механікі" выступіў астраном В. К. Цэраскі. Яго даклад па структуры і манеры выкладу, з'явіўся яркім прыкладам прамоўніцкага мастацтва, узорам публічных выступаў, характэрных для гэтага навукоўца.

Пра публічныя лекцыі Цэраскага, як гэта ні дзіўна, не захавалася звестак да 1887 г., хоць неверагодна, каб бліскучы лектар, не выступаў з імі. Часцей за ўсё ён выступаў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Яно падзялялася на некалькі аддзяленняў. Адно з іх, фізічнае, на сваіх пасяджэннях збірала масквічоў, якія цікавіліся фізікай. Паведамленні па фізіцы вельмі часта суправаджаліся дэманстрацыямі; бывалі таксама паведамленні па механіцы і па астраноміі, дакладчыкам на астранамічныя тэмы быў Цэраскі. Актыўна выступаў ён з публічнымі лекцыямі ў Палітэхнічным і Гістарычным музеях перад навучэнцамі гімназіяў і школаў. Мноства яго артыкулаў, прысвечаных папулярызацыі астранамічных ведаў, былі апублікаваныя ў часопісах "Свет Божы", "Русская мысль", "Навуковае слова", "Рускі астранамічный каляндар". Вітольд Карлавіч усяляк дапамагаў першаму ў Расіі аб'яднанню аматараў астраноміі - Ніжагародскаму гуртку аматараў фізікі і астраноміі. Пачынаючы з 1901 г., ён сам становіцца супрацоўнікам Астранамічнага календара і змяшчае ў ім шэраг артыкулаў. У сваіх артыкулах для аматараў астраноміі ён засяроджваўся не толькі на спецыфічных астранамічных тэмах але і шукаў адказы на "вечныя пытанні" : "Зорнае неба, біялагічныя з'явы ў цесных межах Зямлі і духоўная дзейнасць у нас саміх, разам узятыя, спараджаюць паняцце пра Сусвет, хоць і смутнае і ў вышэйшай ступені няпоўнае... Але бясконцасць даступна сузіранню чалавека толькі на зорным небе, прытым бясконцасць сапраўды тут прысутнічае, і не як гіпотэза ці здагадка, а адгэтуль ужо паняцце пра яе, законным і неабходным чынам распаўсюджваецца на сукупнасць жыццёвых і іншых працэсаў у прыродзе" . Цэраскі лічыў што: " ...астраном ... павінен ведаць усе тонкасці сучаснай астранамічнай... практыкі... Але ніколі, ні на хвіліну ён не павінен забываць, што ён павінен быць навукоўцам, мысляром, прыродазнаўцам - філосафам, наколькі гэта дазваляюць яго сілы і здольнасці...".

* * *

Цэраскі завёў нядзельныя зборы ўсіх супрацоўнікоў абсерваторыі для навуковых дакладаў і вольнага абмеркавання ўсякіх пытанняў, звязаных з навуковай працай абсерваторыі. Ён хацеў чуць меркаванні іншых, бывалі гарачыя спрэчкі, якія перапыняліся дасціпнымі і лагоднымі заўвагамі Вітольда Карлавіча, часам даходзіла да галасавання, і быў выпадак, калі Вітольд Карлавіч выканаў жаданне грамады, хоць сам галасаваў супраць. Адносіны Цэраскага да супрацоўнікаў былі самыя добразычлівыя, і нават патрабаванні выказваліся ў мяккай, пераконвальнай, а не загаднай форме. Гэта стварала на абсерваторыі незвычайна добрую атмасферу ўзаемнага разумення і даверу. Каб згуртаваць астраномаў у адну сям'ю, Цэраскі прыдумаў "свята абсерваторыі". Свята адбывалася штогод увечар 25 снежня. Да 9й гадзіны ў кватэры Вітольда Карлавіча збіраліся астраномы і "сябры абсерваторыі". У сярэдзіне вячэры гаспадар уставаў і, адзначыўшы заслугі ранейшых дырэктараў, партрэты якіх віселі на сцяне, даваў своеасаблівую справаздачу аб навуковай дзейнасці абсерваторыі ў мінулым годзе і выказваў пажаданні для кожнага на будучы год. Майстар слова ўмеў у прыгожай, дасціпнай форме нешматлікімі словамі вызначыць задачы для ўсіх, ад сябе, дырэктара, да самага малодшага супрацоўніка, якім нярэдка бываў студэнт. Пасля таго хтонебудзь з прысутных астраномаў прамаўляў тост у гонар Вітольда Карлавіча, і своеасаблівая "афіцыйная" частка свята заканчвалася, пачыналася нязмушаная гутарка, якая доўжылася да нявызначанага часу.

Цэраскі ўважліва кіраваў працай іншых супрацоўнікаў, даючы ім значную свабоду ў выбары тэмы працы, але ж заўсёды клапаціўся пра тое, каб праграмныя тэмы абсерваторыі выконваліся дакладна.

Сучаснікі адзначалі яго асабістую культуру, высокі інтэлект, спагадлівасць да людзей. Цёпла ён ставіўся да маладых навукоўцаў, простых супрацоўнікаў абсерваторыі, падтрымліваў сувязь са студэнтамі - беларусамі і адгукаўся на іх патрэбы. Сярод ягоных вучняў два сусветна вядомыя астраномы, якія нарадзіліся ў Беларусі Ціхаў Г.А. (з Смалявіч пад Менскам) і Блажко С.Н. (г. Хоцімск, Магілёўская вобласць). Дапамагаў і зусім невядомым маладым людзям якія мелі жаданне атрымаць адукацыю і шукалі ў яго падтрымкі. Захаваліся ўспаміны Зотава Ф.Я. які пісаў: "У 1911 г. я, просты хлапчук з "глухой вёскі", бацька якога ўмеў толькі чытаць "па складах" (менавіта так у рускім тэксце, не "по слогам" а "па складах"), працуючы ў карчме, прачытаў папулярны артыкул Цэраскага і напісаў яму ліст з просьбаю пасадзейнічаць у атрыманні адукацыі". Праз некаторы час да Зотава зайшоў сын прафесара са сваім сябрам і запрасіў яго да сябе дахаты. Цэраскі пагаварыўшы з маладым чалавекам, даў яму праграму самападрыхтоўкі і падручнікі. Праз некалькі месяцаў па просьбе прафесара маладога чалавека праэкзаменаваў Блажко С.Н. Прафесар пасадзейнічаў паступленню на двухгадовыя 1-я Маскоўскія электратэхнічныя курсы. Зотаў так апісаў вядомага астранома: "І вось у першы раз я ўбачыў Вітольда Карлавіча. Ён запрасіў сесці насупраць яго. Я ўбачыў перад сабою чалавека з сіваватымі хвалістымі валасамі, з адкрытым светлым тварам і вачыма, якія як бы выпраменьвалі святло. Усё аблічча Вітольда Карлавіча было адухоўленым. Словам, я бачыў перад сабою чалавека, якім у маім тагачасным уяўленні і павінен быў быць усякі вялікі навуковец".

Кола зносінаў Цжраскага не абмяжоўвалася навукоўцамі. Ён не быў вузкім адмыслоўцам, яго жывы розум цікавілі літаратура, мастацтва, гісторыя; паступова ён становіцца часткай навукова - літаратурнага гуртка моладзі, прыцягваючы да сябе сваім таварыскім характарам, разнастайнасцю інтарэсаў і досціпам гутарак. Вось як сведчыў пра гэта ў сваіх успамінах акадэмік А. А. Белапольскі: "Я быў і яго (Цэраскага) вучнем, і яго таварышам. Незабыўныя гады нашага сумеснага знаходжання ў Маскоўскай абсерваторыі, калі ў нас утварыўся гурток моладзі, злучанай агульнымі інтарэсамі навукі, мастацтвы і жыцця, глыбока хвалявалі мяне ў часы майго наступнага жыцця. Лідарам гэтага гуртка заўсёды быў Вітольд Карлавіч. Ён … задаваў тэмы нашым навуковым і жыццёвым спрэчкам, уносіў ажыўленне ў іх разумнымі заўвагамі, выклікаў крытыку да прачытанага, ён быў душою нашага гуртка; часта прыцягваў ён да нас і маладых людзей звонку: да яго заўсёды імкнуліся знаёмыя бо ведалі, што вечар, праведзены ў Вітольда Карлавіча, пакіне ў душы ўцешнае ўражанне... Каля яго збіраліся самыя выбітныя людзі ў Маскве ... усе яны былі тады маладымі людзьмі, бліскалі сілаю і талентамі. Сапраўды я лічу адмысловым шчасцем, што першыя крокі майго жыцця працяклі ў гэтым бліскучым асяроддзі, у цэнтры якой быў Вітольд Карлавіч. Гэтую здольнасць прыцягваць да сябе людзей Вітольд Карлавіч захаваў на ўсё сваё жыццё". Белапольскі, пісаў, што ўжо ў 80х гадах ХІХ ст. вакол Цераского ўтварыўся шматлікі гурток навукоўцаў, артыстаў, мастакоў. А. А. Белапольскі пералічвае толькі некаторых удзельнікаў гуртка з ліку навукоўцаў і філосафаў: К.А. Андрэеў, Н.Я. Жукоўскі, Н.І. Карэеў, М. С. Карэлін, Л. М. Лапацін, Б. К. Младзееўскі, В. С. Салаўёў. Але і па гэтых імёнах відаць, што ў коле сябраў былі інтэлектуальныя лідэры грамадства таго часу. Многія з гэтых дзеячоў потым увайшлі ў склад Маскоўскага псіхалагічнага таварыства і бралі ўдзел у яго часопісе "Пытанні філасофіі і псіхалогіі".

Вялікае сяброўства злучала Цэраскага з вядомым паэтам Максіміліянам Валошыным. Яны пазнаёміліся ў 1907 г. пад час адпачынку ў Крыме. Паэт быў аматарам астраноміі і шматлікія госці, якія бывалі ў М. Валошына ў Крыме (Кактэбель), па вечарам падымаліся на адмыслова зробленую над хатай назіральную пляцоўку - абсерваторыю, каб паглядзець на Месяц, зоркі, планеты, паслухаць у выкананні ветлівага гаспадара вершы пра Сусвет. Акрамя Цэраскіх, у М. Валошына у розны час гасцявалі выбітныя дзеячы культуры: І. А. Бунін, Ф. І. Шаляпін, А. Н. Талсты, М. А. Булгакаў, А.Н. Скрабін, В. Я. Брусаў.

У архіўным фондзе В. К. Цэраскага, які захоўваецца ў Пецярбургскім архіве АН РФ (фонд № 716), захаваліся два рукапісныя сшыткі, што змяшчаюць нататкі Цэраскага па грамадска - палітычных пытаннях. Першы з іх сшыткаў мае 37 старонак, нататкі ў гэтым сшытку адносяцца пераважна да падзей 1886 г. ці да больш ранніх. На вокладцы сшытка значыцца: "De rebus omnibus" ("Пра загадку амнібуса", літаральна "Пра ўсеагульную загадку". Другі сшытак ў 16 старонак з нататкамі аб падзеях канца 1890х - пачатку 1900х гг. Усе запісы ў сшытках зроблены "для сябе" і адкрываць унутраны свет нашага земляка. Цэраскі быў далёкі ад палітыкі. Ён лічыў, пісаў пра гэта ў сшытках, што справа прафесара - аддаваць усе сілы сваёй кафедры, няўхільна выконваць абавязкі навукоўца і настаўніка. Але Цэраскі нарадзіўся ў Беларусі. Ён быў плямяннікам паўстанца 1863 г. і яшчэ вучнем Слуцкай гімназіі стаў сведкам рэпрэсій царскага ўраду. Стаўшы потым навукоўцам і прафесарам, стаў сведкам палітыкі русіфікацыі народаў Расіі. Нядзіўна, што нацыянальна - патрыятычныя разважанні складаюць галоўную частку запісаў у сшытках Цэраскага.

У першым сшытку чытаем: "Патрыятызм можна падтрымліваць гістарычнымі ўспамінамі. Ён, уласна кажучы, нічога матэрыяльнага не патрабуе. Але страта незалежнасці, наогул, забівае народ, таму што сціскае сферу дзеяння, таму што пазбаўляе магчымасці задавацца гістарычнымі задачамі і перспектывамі. Толькі Радзіма, перад велічэзнымі цяжкасцямі, натхняе чалавека і грамадства". Пасля гэтага ён піша: "Патрыятызм, да яго я дайшоў досведам і назіраннем, ёсць сіла і запатрабаванне такое ж несумнеўнае і натуральнае, як запатрабаванне дыхаць. Патрыятызм выяўляецца і ў хвіліну страты, і ў хвіліну роздумаў аб страце незалежнасці".

Цэраскі пісаў гэтыя радкі ў той час, калі руская публіцыстыка, у тым ліку "Маскоўскія ведамасці" Каткова М. Н., абвяшчала "палякаў" лютымі ворагамі рускае дзяржаўнасці. Зразумела, што Каткоў быў законным і натуральным аб'ектам непрыязнасці Цэраскага, які пісаў у тым жа сшытку, відавочна, пад жывым уражаннем чытання "Маскоўскіх ведамасцяў: "Каткоў усё расце, ён і багаслоў, і філосаф, і юрыст, і фінансіст, і палітык, і філолаг з філолагаў, і патрыёт. Думаюць, што ён святы і прарок. Перад усімі прарокамі ў Каткова вялікая перавага - тых гналі, а яго берагуць. Добра быць паліцэйскім святым і жандармскім прарокам". "Рускіх няма, ёсць антыпалякі. Калі нацыя дойдзе да самасвядомасці, калі будуць рускія, дык паладзіць з імі будзе не цяжка".

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Лявон Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX