№ 33 (924) 19 ЖНІЎНЯ 2009 г.
600 гадоў таму назад пачалася Вялікая вайна (1409-11)
ВЯЛІКАЯ ВАЙНА 1409-11, вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна зза спрэчных тэрыторый (Добжынская зямля, Памор'е, Новая Марка, Жамойць). ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойць, Польскае каралеўства - Памор'е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узброеныя сілы ордэна. Крыжакі імкнуліся замацаваць за сабой гэтыя землі, асабліва Жамойць, якая злучала паморска-прускія і лівонскія ўладанні ордэна. Вайне папярэднічала актыўная дыпламатычная дзейнасць. Ордэн, ахвяраваўшы буйныя грашовыя сумы, заручыўся падтрымкай чэшскага караля Вацлава і венгерскага караля Жыгімонта. ВКЛ 14.9.1408 заключыла мір з Маскоўскім вял. княствам і забяспечыла сабе тыл. Крыжакі і саюзнікі праводзілі прапагандысцкую кампанію і вербавалі наймітаў па ўсёй Еўропе. 31.5.1409 у Жамойці выбухнула паўстанне супраць ордэна, неафіцыйна падтрыманае вял. князем ВКЛ Вітаўтам. Калі Польшча ў канфлікце заняла бок Вітаўта, вял. магістр Ульрых фон Юнгінген 6.8.1409 абвясціў Ягайлу вайну. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8. 1409 , калі войскі ордэна напалі на польскія залогі ў Добжынскай зямлі. У час ваеннай кампаніі 1409 крыжакі захапілі Добжынскую зямлю і паўночныя Куявы, у Новай Марцы разбілі паспалітае рушэнне, войскі ВКЛ уступілі ў Жамойць і выгналі адтуль ворага, палякі вярнулі Быдгашч. 8.10. 1409 Польшча пры пасярэдніцтве караля Вацлава заключыла з ордэнам перамір'е «да заходу сонца» 24.6.1410, паводле, якога абодва бакі захоўвалі ўладанні на час падпісання пагаднення, палякі абавязваліся не дапамагаць жмудзінам і іх саюзнікам. Перамір'е не тычылася ВКЛ, аднак ордэн актыўных дзеянняў супраць княства не пачаў.
Бакі выкарысталі час для актыўнай ваеннай і дыпламатычнай падрыхтоўкі да вырашальнага сутыкнення. Адначасова канфлікт спрабавалі вырашыць праз міжнародны суд, аднак рашэнне суддзі чэшскага караля Вацлава IV ад 15.2.1410 пакінула ордэну правы на спрэчныя землі,таму Ягайла і Вітаўт не пагадзіліся з такім прысудам і не прызналі яго.
89.12.1409 у Бярэсці адбылася канспіратыўная нарада, на якой польскі кароль Ягайла і Вітаўт разгледзелі і ўзгаднілі стратэгічна-тактычныя пытанні летняй кампаніі 1410. Было вырашана аб'яднаць сілы і скіраваць удар на Мальбарк, каб прымусіць ордэн прыняць генеральную бітву ў полі і, карыстаючыся вял. колькаснай перавагай, разграміць яго армію.
У сваю чаргу рыхтуючыся да вайны, Ульрых фон Юнгінген 20.12.1409 падпісаў у Будзе антыпольскую дамову з венгерскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім, аднак не атрымаў ад яго ніякай дапамогі.
У траўні 1410 ордэн заключыў перамір'е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Вітаўту ўдалося да канца лета нейтралізаваць войскі лівонскай філіі ордэна, што значна паўплывала на ход ваенных дзеянняў (лівонскія войскі з'явіліся на прускім тэатры вайны толькі ў канцы жніўня).
Паказаўшы сябе выдатнымі военачальнікамі, Ягайла і Вітаўт шляхам шматлікіх перамяшчэнняў увялі ворага ў зман, прымусілі ордэн рыхтавацца да нападу з розных бакоў і вылучыць значныя сілы на абарону межаў у розных месцах. Саюзнікі злучылі каля Чэрвіньска свае сілы і рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк.
Кіраўніцтва ордэна было дэзарыентавана манеўрамі праціўніка і не чакала з'яўлення яго аб'яднанай арміі на сваёй зямлі. Тым не менш вял. магістр паспеў своечасова перавесці сілы на поўдзень Прусіі, каб перакрыць шлях на сталіцу. 10.7.1410 ён спаткаў армію саюзнікаў на ўмацаванай пераправе каля Кужэнтніка, але Ягайла ўхіліўся ад бітвы і адвёў сілы назад, каб потым зноў павярнуць на Мальбарк. Ульрых фон Юнгінген пайшоў напярэймы і 15 ліп. сутыкнуўся з саюзнікамі недалёка ад Стэмбарка (Таненберга) і Грунвальда (Грунфельда), на полі паміж якімі і адбылася генеральная бітва. Для ордэна яна скончылася ваеннай катастрофай: загінула ці трапіла ў палон больш за 2/3 яго войска. Пасля нядоўгага адпачынку на полі бітвы армія Вітаўта і Ягайлы рушыла на Мальбарк, займаючы па дарозе прускія гарады і замкі. 25.7.1410 сталіца была ўзята ў аблогу.
Ордэнская дзяржава выратавалася толькі дзякуючы рашучым дзеянням комтура Генрыха фон Плаўэна, які здолеў апярэдзіць саюзнікаў, першы дабраўся да сталіцы і арганізаваў яе абарону, паспеўшы сабраць каля 4 тыс. рыцараў. На дапамогу яму паспяшаліся рыцары з Інфлянцкага ордэна і Германскай імперыі.
З інфлянцкіммаршалам Б. Гевельманам, які па дамове з Вітаўтам не прыйшоў пад Грунвальд, але прывёў да Мальбарка 2 тыс. рыцараў, 8.9.1410 Вітаўт заключыў перамір'е, а 19.9.1410 зняў аблогу і накіраваў войска ВКЛ дамоў. 22.9.1410 пачаў адводзіць польскую армію і Ягайла. Так, нягледзячы на 2-месячную аблогу (25.7 19.9. 1410), Мальбарк выстаяў. Абараніўшы сталіцу, ордэн змог хутка вярнуць усе свае замкі ў Прусіі, занятыя саюзнікамі пасля бітвы пад Грунвальдам, і аднавіць узброеныя сілы.
У кастр. 1410 Вітаўт зноў збіраў войска для далейшых дзеянняў, аднак да новага паходу ў Прусію не дайшло. Перад пагрозай вайны на два фронты (з ордэнам і яго саюзнікам імператарам Жыгімонтам Люксембургскім) Ягайла і Вітаўт пагадзіліся на прымірэнне з ордэнскай дзяржавай. Быў падпісаны Тарунскі мір 1411. Ордэн пайшоў на значныя тэрытарыяльныя саступкі: адмовіўся ад Жамойціі яцвяжскіх земляў на карысць ВКЛ (толькі на перыяд жыцця Ягайлы і Вітаўта), а Польскаму каралеўству вярнуў Добжынскую зямлю і абавязаўся выплаціць 100 тыс. коп чэшскіх грошаў у якасці выкупу за палонных. Пытанне прыналежнасці Дрэздэнка і Сантака перадавалася на міжнародны арбітражны разгляд, але Гданьскае Памор'е і Хелмінская зямля заставаліся ў межах ордэнскай дзяржавы. У выніку вайны Тэўтонскі ордэн страціў сваё дамінантнае становішча ў Балтыйскім рэгіёне, яго вайсковы і асабліва эканам. патэнцыял быў моцна падарваны.
Муза і натхняльніца паэта
Родныя, сябры і калегі павіншавалі з 70-ці га-довым юбілеем Валянціну Міхайлаўну Барадуліну . Жонка народнага паэта Беларусі амаль паўстагоддзя крочыць па жыцці з самым дарагім чалавекам, які прысвяціў ёй рамантычныя радкі. Вядуння беларускай мовы і літаратуры, шчырая гаспадыня, аматарка паэзіі і музыкі, прыхільная да ўсіх відаў прыгожага мастацтва, яна заўсёды падтрымлівала сяброўства паэтаў, спевакоў, артыстаў.
Яны пазнаёміліся яшчэ ў сценах Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Валянціна Міхайлаўна пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ доўгі час працавала ў рэдакцыі Беларускай Энцыклапедыі. Рыгор Іванавіч - у рэдакцыях газет і часопісаў, выдавецтве "Мастацкая літаратура" і інш.
Разам з калегамі яны ўзгадалі тыя часы, як перыяд найвышэйшага пад'ёму, найвялікшай цікавасці да гісто-рыіі, культуры і роднай мовы. Валянціна Міхайлаўна рупі-лася менавіта ў аддзеле гісторыі і этнаграфіі Беларускай Энцыклапедыі.
- Пад кіраўніцтвам такіх высокіх аўтарытэтаў, галоўных рэдактараў як Пятрусь Броўка, Міхась Ткачоў, Мікола Ермаловіч працавалася найбольш плённа. Сістэматызавалі вялікую колькасць даведачнага матэрыялу, замаўлялі артыкулы аўтарытэтным навукоўцам з Беларусі і Расіі па найбольш актуальных пытаннях. Нямала артыкулаў напісалі для нас браты-адраджэнцы прафесары Анатоль і Валянцін Грыцкевічы. Нашым калегам быў чалавек вялізнай эрудыцыі і досведу, гісторык і краязнаўца Анатоль Валахановіч. Прыемна ўзгадаць такі сур'ёзны вынік працы таго перыяду як выданне першай 12-томнай Беларускай Савецкай энцыклапедыі ў чырвонай вокладцы, - падзялілася ўспамінамі Валянціна Міхайлаўна.
Зараз сямейную традыцыю працягвае ўнучка Дамініка, якая таксама навучаецца на філалагічным факультэце БДУ. Сябры і калегі ўдзячныя Валянціне Міхайлаўне і жадаюць ёй моцнага здароўя , добрага настрою.
Э. Дзвінская. На здымку: Н. Давідзенка, А. Валахновіч, В.М. Барадуліна.
Зварот МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
з нагоды каментара кіраўніка Міжнароднага канала Шведскага радыё наконт рашэння аб спыненні ад 1 верасня 2009 года вяшчання па-беларуску
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае абурэнне з нагоды надрукаванага ў шведскай газеце "Dagens Nyheter" за 5 жніўня каментара кіраўніка Міжнароднага канала Шведскага радыё Інгемара Лёфгрэна наконт рашэння аб спыненні ад 1 верасня 2009 года вяшчання на беларускай мове.
У прыватнасці, спадар Лёфгрэн заявіў, што Міжнародны канал Шведскага радыё "будзе навіновым, арыентаваным на слухачоў у Швецыі, ніякіх дэмакратычных праектаў. Інакш могуць узнікнуць пытанні, чаму мы не вяшчаем на мандарыне на Кітай, або на мовах Зімбабве на гэтую краіну".
Вышэйзгаданае выказванне, на думку МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", складаецца з глыбока некарэктных параўнанняў, якія сведчаць пра татальнае неразуменне сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Посткаланіяльнае бачанне свету спадаром Лёфгрэнам не можа не выклікаць здзіўлення і абурэння дэмакратычнай супольнасці.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" патрабуе паважлівага стаўлення да роднай мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь і настойвае на працягу вяшчання па-беларуску пасля 1 верасня 2009 года. Таксама МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" патрабуе ад спадара Лёфгрэна прынесці афіцыйнае прабачэнне за свае словы.
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
ПРАМОВА ПРА МОВУ
( Вянок санетаў)
1
Ў сузор'ях моваў на планеце
Нам зорка даражэй адна.
У час нягод і ліхалеццяў
Была надзеяй нам яна.
Мне мова нібы хлеб штодзённы,
І без яе мне больш не жыць.
Той дзень лічу шчаслівым, плённым,
Як слова роднае гучыць.
Глыток паветра - наша мова:
Яго ўдыхнуўшы, мы жывём.
Як немаўляткі, першым словам
Мы мову мамаю завём.
Яна нам свет змагла адкрыць,
Нязгаснай зоркаю гарыць.
2
Нязгаснай зоркаю гарыць
Нам мова родная, жывая.
Да волі з ёю шлях адкрыць
І ў будучыню шчасце маем.
Хоць розны невук, як груган,
Яе дзяўбе і абражае,
Яна ідзе, як караван,
І злосны брэх не заўважае.
Дзе б ні былі мы, ні жылі,
Як доля ні была б суровай;
Ці на бацькоўскай мы зямлі,
Ці то ў Сібіры, ці ў Айове -
Усім адна нам мова свеціць:
Яна мілейшая на свеце.
3
Яна мілейшая на свеце,
Нібыта родны ўтульны дом.
На ёй матуля часта дзецям
Спявала песні перад сном.
На ёй бабуля вечарамі
Вадзіла ў казачны сусвет.
Былое йшло перад вачамі,
У душах пакідала след.
Тут мова родная наўкола
Звінела ў песнях ля прысад,
Жыла і ў гарадах, і ў сёлах -
І кожны бліжняму быў рад.
Апорай ўсім магла служыць,
Дала правы народам быць.
4
Дала правы народам быць,
І за яе, як сваю маці,
Змагацца будзем, каб здабыць
Ёй годны стан у роднай хаце,
Каб невукі і каралі
Ў Пракрустаў ложак не ўціскалі,
Каб больш на дзедаўскай зямлі
Яе прышлосці не знішчалі.
Хай мова вольна ў старане
Гучыць малітваю з амбона,
Душу глухую закране
Мелодыяй чароўных звонаў -
І нас нянавісць абміне:
Нянавісць розніла плямёны
5
Нянавісць розніла плямёны,
Што розным кленчылі багам,
Чужых адкінулі імёны,
К сваім нізрынуўшы нагам.
І песні розныя спявалі
У дні вяселля і бяды,
Па-свойму хаты будавалі -
Знікалі еднасці сляды.
Усіх злучыла наша мова,
Што даў нябёсаў Валадар,
Гасіла ў сэрцах і галовах
Старой нянавісці пажар.
Плямёны збіліся ў народ,
Варагаваўшыя шмат год.
6
Варагаваўшыя шмат год
Суседзі, ворагі былыя,
Адзін другому слалі ў род
Сватоў, здабыткі палявыя.
Не смутак неслі ад нягод,
Сляпой нянавісці не зналі,
Вадзілі разам карагод,
Адныя святы вызнавалі,
Бо ўратавала мова іх
Ад узаемнага знішчэння,
Дасланая з нябёс саміх
Для згоды і паразумення,
І гуртавала ўсіх нястомна
Славян ад Сожа і да Нёмна.
7
Славян ад Сожа і да Нёмна,
Ад Прыпяці і да Дзвіны
На землях новых, непатомных
Радніла мова з даўніны.
Але зласліўцы выганялі
Яе з палацаў, устаноў,
У школах карцарам каралі
За колькі нашых родных слоў.
Яна ж, нязломная, жывая,
У беднай хаце зажыла.
Мальба Прарока к нам дайшла:
- Народ без мовы памірае.
І ў даўні час ліцвінскі род
З'яднала мова у народ
8
З'яднала мова у народ
Тубыльцаў лесу і балот
І прышлы люд славянаў вольных,
Гаспадароў у полі здольных.
Кіпелі жарсці, бы ў катле,
Гады міналі, як аблокі, -
І род ліцвінаў рос, сталеў,
Штогод яго мужнелі крокі.
Народ ліцвінскі малады
Узводзіў край свой незалежны
І волю бараніў заўжды
Ад лап захопнікаў драпежных.
Айчына ў час ліхі пазнала
За доўгі век бядот нямала.
9
За доўгі век бядот нямала
І мова тут перанясла:
Гняла заходняя навала,
Да слёз усходняя гняла.
І людзі, сквапныя, глухія,
Да бедаў мовы ў старане,
Пра замкі дбалі радавыя,
Дзе кара здраду іх міне.
Але з глыбінь народных звонка
Струменіла яна ў вяках,
То на Скарынаўскіх старонках,
То ў брацкіх школах мела дах.
Любоў сяброў і здзек чужых
Ёй давялося перажыць.
10
Ёй давялося перажыць
Нашэсце дзікіх ордаў царскіх,
Што неслі кайданы душы,
Не мелі літасці ні ласкі.
За імі віўся дымны след
У спляжаным, знямелым краі,
Жыцця і сонца засціў свет,
І крумкачоў шугалі зграі...
Але паўстаў народны дух,
Узняў паніклую айчыну.
Натхняла адраджэнскі рух
Анёлам мова без спачыну.
Яна паўсюль запанавала,
За княжацкім сталом гучала.
11
За княжацкім сталом гучала
У час піроў і перамоў,
Абразаў тут не сустракала,
Была як роўная між моў.
І мова Вільні і Нясвіжа
Нам мудрасць кніжную нясла -
Не тым, хто стаў да трона бліжай,
Да каралеўскага стала.
Чужую мову з іншай верай
Пусцілі здраднікі дамоў,
Перад сваёй замкнулі дзверы
Палацаў, школаў, устаноў,
Каб не псавала ім душы,
А мужыку магла служыць.
12
І мужыку магла служыць
У вечнай хлебаробскай справе:
І як штодня на свеце жыць,
Як ладкаваць жыццё па праве.
На роднай мове дасылаў
Малітвы ён Тварцу Сусвету,
Што хлебным нівам шчодрасць даў,
Што дзеці ласкай абагрэты.
І паўставаў ягоны род
За годную для мовы долю;
"Мужыцкай праўдай" крушыў лёд,
Які скаваў ліцвіна волю.
І мова к шчасцю заклікала,
А да цара ў астрог трапляла.
13
І да цара ў астрог трапляла,
Бо сілай мужнага пяра
Яна свабоду праслаўляла,
А трэба - бацюхну-цара.
І ў новы час над ёй расправу
Тут доўжылі бальшавікі,
Загналі творцаў нашай мовы
На Калыму, на Салаўкі.
А рэшткам сціхлага народу
Рай абяцалі на зямлі:
Каб адракліся мовы, роду
І зажылі, як маскалі.
Ды людзі мовілі: "Не быць!
Жыла і будзе мова жыць!"
14
Жыла і будзе мова жыць,
Хоць дамарослыя манкурты
Імкнуцца ў клетку пасадзіць
Замардаванай і закутай.
Каб папялушкаю была,
Кутка не мела ў роднай хаце -
Улада так ёй дапякла:
Яна ёй - мачаха, не маці.
А мова ў векавым цярпенні
Ад небяспекі не бяжыць.
Ёй маладыя ў іх памкненнях
Ідуць сумленна паслужыць.
Таму й красуецца на свеце
Ў сузор'ях моваў на планеце.
15
Ў сузор'ях моваў на планеце
Нязгаснай зоркай зіхаціць.
Яна, мілейшая на свеце,
Дала правы народам быць.
Нянавісць розніла плямёны,
Варагаваўшыя шмат год.
Славян ад Сожа і да Нёмна
З'яднала мова у народ.
За доўгі век бядот нямала
Змагла з народам перажыць,
За княжацкім сталом гучала
І мужыку магла служыць,
А да цара ў астрог трапляла -
Жыла і будзе мова жыць!
Іван Буднік
Буднік І.Ф. працаваў настаўнікам гісторыі, рускай мовы і літаратуры, інспектарам Гарадзенскага раённага аддзела адукацыі. Быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў раёне і 15 гадоў узначальваў Гарадзенскую раённую арганізацыю Таварыства. З'яўляецца намеснікам старшыні рады Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Яго вершы і артыкулы друкаваліся ў абласных і раённых перыядычных выданнях.
Саломапляценне - беларускае мастацтва
УА "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастац-тваў" , Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (вул. Каліноўскага, 12)
ЗАПРАШАЕ
на аўтарскія курсы саломапляцення прыхільнікаў народнага мастацтва, аматараў традыцыйных беларускіх рамёстваў, усіх ахвочых авалодаць адным з самых прывабных сярод шматлікіх народных рамёстваў і промыслаў - майстэрствам саломапляцення.
Мастацкае саломапляценне на Беларусі - гэта залаты вянец творчай фантазіі беларускіх майстроў. Золата саломкі здаўна прываблівае і вылучаецца сваёй непаўторнай пластыкай, шматлікімі бясконца фантастычнымі метадамі і спосабамі пляцення. Зроблены ўласнаручна сувенір з саломкі заўжды будзе найкаштоўнейшым і самым арыгінальным падарункам.
Самастойна авалодаць тэхнікай пляцення з саломкі не вельмі проста, таму найлепш пачынаць навучанне разам са спрактыкаваным майстрам. На аўтарскія курсы саломапляцення запрашае
Галіна Суша - член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, удзельніца рэспубліканскіх выставак народнага мастацтва, аўтар шматлікіх публікацый пра творчасць беларускіх майстроў. На курсы запрашаюцца выкладчыкі выяўлен-чага, дэкаратыўна-прыкладнога мас-тацтва, педагагічныя работнікі, спецыялісты сферы культуры, усе ахвочыя.
Кантактны тэлефон МТС 8(029)2562386.
Мовазнаўчы досвед
Ненармаваныя моўныя адзінкі, штучныя пазычанні
У мастацкіх творах некаторых пісьменнікаў старэйшага пакалення, апублікаваных у перыядычным дру-ку, усё яшчэ сустракаюцца словы і іх формы з былога ўсесаюзнага стан-дарту ці набліжаныя да яго, хоць яны не адпавядаюць сучасным тэндэнцы-ям, нормам. Спынімся на прыкладах з аднаго мастацкага тэксту (Дзеяслоў. 2008. №5 (36)): «Ягайла спусціў ногі, шукаючы цёплыя мехавыя чуні» (С.40).
У беларускай мове слова мех (яго прыметнік мехавы ) мае значэнне: 1) тара з палатна для захоўвання і перавозу сыпкіх целаў, дробных рэчаў і пад.; 2) у кавальскай справе: пры-стасаванне з скуры для нагнятання паветра ў горан: а таксама для прывядзення ў дзеянне некаторых музычных інструментаў; у фатаграфіі - святлонепранікальная частка фатаграфічнай камеры... Гэта засвед-чана слоўнікамі. (Гл. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы». 1996, с. 343).
Расійскаму мех ( меховой ) адпавядае ў нашай мове слова футра ( футравы ). Дарэчы, яно пада.ецца і ў гэтым тэксце: «Плашч, падшыты бабровым футрам» (С.46).
«Заяц хуткімі спрактыкава-нымі рухамі рэзаў каравай хлеба з дарожнага сака...» (С.22). Слова каравай мае значэнне вясельнага абрадавага пірага круглай формы (або вялікай булкі, спечанай для якой-небудзь урачыстасці. свята). а выпечаны хлеб (пераважна круглай фор-мы) - гэта бохан. На старонцдо 60 бачым гэтае натуральнае слова: «...свежы, з прыліплым лістом клёну бохан і ладны кавалак сыру...»
Язычаскія святары. I нату-ральнае: язычнікі-славяне (С.30). Ад яго -нарматыўнае язычніцкі ( языч-нік + скі - язычніцкі ).
«.. .Каб не яна, рцсклявалі б цябе вараны» (С.ЗЗ). Па-беларуску нарматыўна: раздэяўблі б крумкачы (груганы) .
«...Стукаць сваімі катламі ды тарэламі » (С,52). У беларускай мове - талеры (талеркі) .
« Па многу разоў падыма-ліся» (С.47). Нарматыўна: многа, шмат разоў...
«Пабачыў звілістую паласу» (С.22) - пакручастую паласу .
« Па карэннях бегаюць ляс-ныя мурашы» (С.23), «тоўстыя дубовыя бярвенні » (С.25). Нарма-тыўныя формы - без падвойных зычпых -нн- : каранях (ці карэнях), бярвёны.
«Разам яны стануць мацней за крыжакоў» (С.44) - стануць мацнейшымі...
«Яна зусім было заняпала » (С.29). Трэба: была заняпала . Скла-даная форма прамінулага (прошлага) часу мае дзеяслоў-звязку адпаведнага роду (жаночы род: яна ).
«...Па ўсяму бачна» (< по всему видно). Трэба: па ўсім, з усяго відаць (бачым).
«... Шчоўкнуў карліка па носе» (С.82). Пстрыкнуў... (стукнуў) .
Абаімі рукамі, а беімі рукамі - на месцы натуральнага абедз-вюма...
Палка абламілася - на месцы нарматыўнага абламалася .
Павел Сцяцко
Адродзім нашу спадчыну
Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны накіравалі 11 жніўня 2009 года заяву ў Міністэрства культуры і аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама, якую падпісалі 52 грамадзянаў нашага горада. Свае подпісы паставілі вядомыя краязнаўцы, гісторыкі, паэты, журналісты, грамадскія актывісты горада Баранавічы.
Як вядома міністэрства культуры распрацавала план (праект) ўстаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009-2012 гг. і заклікала грамадзянаў да дыскусіі ў гэтым пытанні. Па гэтаму плану ў вёсцы Ясянец (Баранавіцкі раён) будзе ўсталяваны мемарыяльны знак у гонар апошняга канцлера ВКЛ Іахіма Храптовіча, а ў Баранавічах - помнік беларускаму тэатральнаму дзеячу Уладзіславу Галубку.
Аднак мы лічым, што ў нашай гісторыі і культуры вельмі шмат асоб і падзей, якіх таксама варта ўключыць у згаданы план (праект) ўстаноў-кі манументальных збудаванняў, каб увекавечыць іх для будучых пакаленняў. Найперш неабходна ўсталяваць памятны знак на Траецкім касцёле ў вёсцы Ішкалдзь (Баранавіцкі раён). Гэта самая старажытная культавая мураваная пабудова гатычнага стылю 15 стагоддзя ў нашым краі, якая да гэтага часу не мае ахоўнай дзяржаўнай дошкі. Было б надзвычай добра, каб мясцовыя улады не забыліся і ўшанавалі 100 гадовы юбілей Барыса Кіта, устанавіўшы мемарыяльную дошку ў гонар сусветна вядомага астрафізіка на будынку музычнай вучэльні. Менавіта тут быў у 1939-1941 гг. Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, у якім выкладаў матэматыку самы знакаміты вучоны беларус свету Барыс Кіт. Мы прапануем гарадскім уладам знайсці сродкі для рэстаўрацыі Паланечанскага палаца Радзівілаў і будаўніцтва помніка заснавальнікам горада Яну і Лізавеце Развадоўскім - да 140-годдзя заснавання горада Баранавічы.
Спадзяёмся, што нашае меркаванне будзе ўлічана, калі канчаткова зацвердзяць план ўстаноўкі манументальных збудаванняў у нашай краіне.
Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца. Фота: гаротны стан Паланечанскага палаца Радзівілаў XVIII - пер. пал. XIX ст.
ТБК у беларускім Паазер'і
Сябры Таварыства Беларускай Культуры ў Літве наведалі этнічную Бацькаўшчыну. Гэтым разам праехаліся па маршруце Вільня-Камаі-Паставы-Глыбокае-Мосар-Мядзель-Радкі-Вілейка-Заброддзе-Жупраны-Вільня.
Першым месцам, якое мы наведалі, была вёска Камаі, знакамітая адным са старэйшых касцёлаў Беларусі Яна Хрысціцеля, які за 400 год ніколі не спыняў сваёй дзейнасці. Унікальнасць гэтага храма яшчэ і ў тым, што ён калісьці выконваў абаронную функцыю. У ім служыў беларускі святар ксёндз Кастусь Стаповіч, ведамы як паэт Казімір Сваяк. Яму ў 2006 г. у сценах гэтай святыні была адчынена мемарыяльная шыльда. Тут быў ахрышчаны прафесар Браніслаў Руткоўскі, вядомы арганіст, дырыжор, педагог.
Паставы, якія мы наведалі наступнымі, у гэты дзень адзначалі сваё 600-годдзе. Магчыма таму мясцовыя краязнаўцы не змаглі нам удзяліць шмат часу, каб глыбей пазнаёміць з горадам, а распавялі толькі караценька аб яго гісторыі і сучаснасці. А далей мы самастойна вандравалі вулачкамі старажытных Пастаў. Безумоўна, самы м уражлівым было наведванне палаца Тызенгаўза. Нягледзячы на тое, што там зараз знаходзіцца бальніца, яшчэ можна ўявіць былую веліч палацавапаркавага ансамбля. Тым больш бачна, што праводзяцца працы па аднаўленні знешняга выгляду будынка. А ўнутры два пакоі прысвечаны мінуламу, там адноўленае былое іх ўбранства і прадстаўлена кароткая гісторыя Паставаў і Тызенгаўзаў. Тут варта адзначыць, што Канстанцін Тызенгаўз быў арнітолагам і сабраныя ім экспанаты сталі асновай арніталагічнай калекцыі Віленскага універсітэта.
Паэт, гісторык, географ, краязнаўца, педагог Ігар Пракаповіч у сваім расповядзе аб Паставах акцэнтаваў нашу ўвагу на архітэктуру горада і спыніўся на такім моманце, як знішчэнне помнікаў архітэктуры ў савецкі час, калі на плошчы было шмат цікавых і старажытных забудоў, а іх проста знеслі, каб пабудаваць райвыканкам. Праўда радуе той момант, што пры пабудове новых дамоў, улічваюцца архітэктурныя традацыі мінулага.
Варта адзначыць, што Пастаўшчына дала Беларусі і свету шмат цікавых і выбітных асобаў, сярод якіх беларускі паэт Уладзімір Дубоўка.
У Глыбокім нас чакалі краязнаўцы Уладзімір Скрабатун і Кастусь Шыталь. Гісторыя горада і былога мястэчка цесна звязана з тымі трагічнымі падзеямі, што адбываліся на нашых землях. Глыбокае - былая вотчына Корсакаў, якія пакінулі найбольшы след у яго гісторыі. Найбольшага росквіту мястэчка дасягнула ў часы Рэчы Паспалітай і прыйшло ў занядбанне ў Расейскай Імперыі (дарэчы, як і ўся Беларусь). І сёння, у цэнтры, мы бачым два прыгожыя касцёлы, якія нагадваюць аб тых велічных падзеях, што калісьці адбываліся. Не захаваўся трэці касцёл у Беразвеччы (былая ўніяцкая царква з кляштарам айцоў базыліянаў), не захавалася ў самім Глыбокім і ўніяцкая царква.
Цікавым было наведванне былога кармеліцкага касцёла і кляштара. У яго скляпеннях яшчэ хаваецца шмат таямніцаў. Калісьці там спачываў яго фундатар - Корсак. Да гэтага часу так і невядома, у якім месцы ён быў перазахаваны. І зараз там знаходзяць шмат трунаў, чалавечых парэшткаў.
Кляштар, як і Глыбокае, памятаюць імператара Францыі Напалеона Банапарта, які спыняўся тут у час свайго паходу на Маскву. Па адных звестках, ён прабыў у іх 7 дзён, па іншых - 10. Сцены памятаюць і енкі паўстанцаў 186364 г.г., якіх тут дапытваў сам Мураўёў.
На сёняншні ж дзень - кляштар у разбураным стане. Ад будынка захавалася толькі адна сцяна і фрагменты агароджы, што нагадваюць аб слаўных старонках мінулага Глыбокага.
Глыбокае вядома і сваімі знакамітымі асобамі. Тут нарадзіўся ДужДушэўскі, знакаміты аваіяканструктар Павел Сухі, з ваколіц Глыбокага паходзіць Вацлаў Ластоўскі, беларускі польскамоўны пісьменнік Тадэвуш ДаленгаМастовіч, у памяць якога ў горадзе ўсталявана мемарыяльная шыльда. На могілках спачывае вядомы беларускі ксёндз Антон Зянкевіч, які стаяў ля вытокаў беларусізацыі касцёла на Віленшчыне ў 2030 г.г. ХХ ст. і прымаў у ім актыўны ўдзел, за што меў шмат нападак з боку польскага шавіністычнага каталіцкага святарства.
Яшчэ і сёння блукаючы вулачкамі гэтага старажытнага практычна зруйнаванага мястэчка можна ўбачыць шмат слядоў слаўнага мінулага.
У чарговы раз наведалі і "беларускі Версаль" - касцёл святой Ганны ў Мосары. Кожны раз уражвае прыгажосць і добраўпарадкаванасць касцельнай тэрыторыі, колькасць наведвальнікаў.
Пераначаваць мы спыніліся ў Мядзелі, дзе нас гасцінна прыняла Крыстына Балаховіч у доме сваёй маці. Тут адбылася сустрэча і з журналістам і краязнаўцам Алесем Высоцкім. У часе вячэры абмяркоўвалі планы на наступны дзень і дзяліліся сваімі ўражаннямі ад першага дня вандроўкі. А начаваць нас гасцінна прыняла спадарыня Ала ў сваім доме, за што ёй выказваем шчырае дзякуй.
Сваім святым абавязкам палічылі наведванне магілы Валеры Місюка, намесніка старшыні ТБК, які трагічна загінуў летась на свой дзень народзін 19 ліпеня. Заехалі і ў вёску, дзе жыве яго бабуля і дзе два гады таму Валера нас гасцінна прымаў у часе адной з вандровак па Мядзельшчыне. Бабуля Валеры, спадарыня Ніна, прыняла нас надзвычай гасцінна, была вельмі ўзрадавана нашаму прыезду, увесь час распавядала аб сваім найвялікшым горы - страце ўнука Валеры. Уражвае жвавасць гэтае 84гадовае жанчыны і яе светлы розум і памяць. Яна яшчэ рупіцца па гаспадарцы і працягвае жыць, помнячы Валеру. "Пакуль ёсць памяць - чалавек жыве", кажуць мудрыя. Таму, пакуль мы памятаем нашага сябру, ён з намі, жывы, побач. А на яго магілу нарвалі кветак з яго родных палёў, па якіх ён калісьці бегаў, будучы хлапчуком. Няхай у яго вечным сне яны нагадваюць аб каранях, аб дзяцінстве і няхай сніцца яго Беларусь, вечная, незалежная, дэмакратычная...
Не пакінула нас абыякавымі і наведванне Вілейкі. Думаю, у памяці ўсіх застанецца знаёмства з краязнаўцам, архітэктарам, мастаком Анатолем Капцюгом. І тут хочацца выказаць падзяку Алесю Высоцкаму, які нас звязаў з гэтым цікавым чалавекам.
Анатоль чакаў нас у краязнаўчым музеі, дзе і распавёў пра гісторыю Вілейкі з часоў глыбокай старажытнасці, каменнага веку да нашых дзён. Створаныя ім кампазіцыі дапаўнялі яго аповяды і дапамагалі нам вандраваць па старонках прабеглых дзён. І тут таксама шмат слаўных момантаў. На Вілейшчыне нарадзіўся і быў растраляны адзін з найвялікшыў патрыётаў Бацькаўшчыны - Расціслаў Лапіцкі. Адсюль паходзіць Язэп Малецкі. Адсюль карані Ігната Дамейкі.
Самым цікавым і ў той жа час балючым момантам, было наведванне адзінага ў свеце мемарыялу Зніклых вёсак (архітэктар Анатоль Капцюг). Аўтар нам распавёў аб сваёй ідэі. У аснове - малекула ДНК, іншымі словамі, аснова жыцця. І паабапал яе камяні са спісамі няісных вёсак. На заднім плане вёскапрывід і студняжуравель, як напімін аб былых вёсках. "Прыпыніся вандроўнік! Дакраніся рукою і сэрцам да гэтых камянёў. І няхай твая душа напоўніцца любоўю да роднай вёскі, роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час. Няхай заўсёды будуць з табой пачуццё нашчадка сваіх блізкіх і далёкіх продкаў, адчуванне сваіх каранёў, Бацькаўшчыны", гаворыць надпіс на маўклівым камяні. І ведаеш, што гэтыя вёскі ўжо больш ніколі не адновяцца, не пачуеш у іх ні людской гамонкі, ні звону касы ў ранішняй расе, ні спеву пеўняў на ўсходзе сонца...
У вёсцы Заброддзе мы наведаліся ў госці да Барыса Цітовіча, які займаецца ўвекавечваннем памяці ахвяраў Першай сусветнай вайны. Вядома, што тут, на Вілейшчыне, тады стаяў фронт, ішлі жорсткія баі. І сёння засталося шмат пакінутых, знявечаных магіл загінуўшых салдат.
І апошнім нашым прыпынкам сталі Жупраны - месца пахавання Францішка Багушэвіча.
У часе вандроўкі мы зразумелі, што Беларусь вечная, яна паза часам і паза сістэмамі і ўладамі. Беларусь - гэта яе зямля і яе людзі. Глядзіш, як адзін чалавек можа шмат рабіць: захоўваць гісторыю і сляды свае зямлі, увекавечваць памяць былых пакаленняў, не зважаючы ні на якія сістэмы, і разумееш, пакуль ёсць такія беларусы, пакуль яны будуць берагчы Памяць, датуль будзе і Беларуь.
Алесь Адамковіч, Вільня
Кніга пра беларускага мастака
Выданне "Мастак Антон Карніцкі" слонімскага пісьменніка, гісторыка і жур-наліста Сяргея Чыгрына паба-чыла свет у менскім выдавец-тве "Кнігазбор".
Антон Карніцкі жыў у Слоніме ў 1930-х- пачатку 1940-х гадоў. Але лёс яму адмераў усяго 32 гады, ён памёр у пачатку 1944 года. Антон Карніцкі быў вельмі таленавітым чалавекам, шчырым беларусам. Вучыўся ў Наваградку, потым у Варшаве. Падчас Другой сусветнай вайны 180 яго твораў вывезлі немцы.
Звестак пра жыццёвы і творчы шлях Антона Карніцкага захавалася вельмі мала. Але Сяргей Чыгрын здолеў адшукаць па крупінцы яго некаторыя творы, невядомыя раней факты з біяграфіі.
Кніга ""Мастак Антон Карніцкі" складаецца з трох раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны беларускім мас-такам, якія жылі ў Слоніме падчас нямецкай акупацыі (1941-1944). У другі раздзел увайшло інтэрвію аўтара кнігі з Сяргеем Новікам-Пеюном, які ведаў Карніцкага. Інтэрвію было зроблена 20 гадоў таму і нідзе не друкавалася.
У трэцім раздзеле Сяргей Чыгрын цікава распавядае пра творчасць мастака, пра яго жыццёвы шлях. У кнізе змеш-чана шмат рэдкіх фотаздымкаў, а таксама рэпрадукцый яго адшуканых карцін.
Кніга Сяргея Чыгрына вяртае з небыцця яшчэ адно імя слыннага і таленавітага беларуса, які любіў сваю Баць-каўшчыну і мастацтва,
Кацярына БЕРАЗОЎСКАЯ
Вітольд Карлавіч Цэраскі
(Заканчэнне. Пачатак у папярэднімнім нумары.)
Як навуковец і прафесар Цэраскі асабліва востра рэагуе на падзеі жыцця, яго хвалюе палітыка ўраду ў асвеце: "Ордэны, чыны і месцы даюцца прафесарам за так званыя адміністрацыйныя здольнасці. Гэта дрэнна, бо яны (г. з. такія прафесары) з'яўляюцца прадстаўнікамі ўніверсітэта, не быўшы носьбітамі яго ідэі ... універсітэт і інспекцыя зваротна прапарцыйянальныя". Ён з абурэннем прыводзіць выняткі з водгукаў гімназічнага начальства аб абітурыентах, выхаванцах гімназіяў, паступіўшых ва ўніверсітэт: "NN ніякіх кнігаў не чытае, наогул вучань узорны ... NN - вальнадумец, чытае Спенсара".
Нататкі 80-х гадоў, адлюстроўваюць цікавасць Цэраскага да міжнародных спраў і трывогу з нагоды ўзмацнення германскага мілітарызму. Цэраскі занатаваў: "У Турцыі - прускія інструктары ў войску, у Кітаі - прусакі, усюды прусакі". "У імя чаго, - пытае Цэраскі , - будзяць яны спячую сілу ўсходніх народаў, што даюць ім, чаму вучаць?". У сувязі з выступам на юбілеі Гейдэльбергскага універсітэта германскага кронпрынца, які гаварыў пра значэнне ўніверсітэтаў для выпрацоўкі разу-мовай дысцыпліны, Цэраскі заўважае: "Што мае на ўвазе пад разумоваю дысцыплінаю спадар прускі салдат?".
У пазнейшых нататках Цэраскага мы знаходзім і водгук на замах на жыццё міністра народнай асветы Багалепава ў 1901 г. Непа-срэднай нагодаю да замаху былі высілкі Багалепава па аддачы ў салдаты студэнтаў за ўдзел ва ўніверсітэцкіх хваляваннях. Запісы Цэраскага зроблены пад непасрэдным уражан-нем артыкула ў "Маскоўскіх ведамасцяў", у якім давалася апалагетычная характарыстыка Багалепава і, у прыватнасці, сцвярджалася, што ён заўсёды дзейнічаў "падпарадкоўваючыся сумленню". З гэтай нагоды Цэраскі заўважае: "Сумленне таго ці іншага чалавека не ёсць крытэр справядлівасці і праўды. Выключна толькі сумленню падпарадкоўваліся фанатыкі, прыгнятальнікі, найвялікшыя злачынцы і вылюдкі... Падобным чынам Рачынскі, цалкам шаноўны чалавек, хваліў Мураўёва за тое, што той расстраляў графа Плятэра ўжо пасля царскага памілавання. І для яго, зусім сумленнага рускага чалавека і прытым дбайнага супрацоўніка "Пытанняў філасофіі і псіхалогіі", мяжы паміж дабром і злом не існуе" . Наступны за гэтым запіс "Вянок на магілу Багалепава" (памёр ад атрыманага ранення), у якім Цэраскі па пунктах фармулюе вынікі дзейнасці Багалепава і шкоду, якую ён зрабіў справе развіцця навукі і асветы і, у прыватнасці Маскоўскаму універсітэту. Асабліва адзначае "дзікі і тупы пераслед палякаў, армянаў і г. д.". Цэраскі ўспамінае, што ў 1898 г., пры пры-значэнні В. І. Вернадскага прафесарам, Багалепаў, тады апякун Маскоўскай навучальнай акругі, выклікаў Вернадскага да сябе і заявіў яму, што яго прызначаюць не за навуку (навука - справа Акадэміі навук) і што прафесар павінен узгадняць свае дзеянні з поглядамі ўраду і выхоўваць студэнтаў "у вядомым кірунку". "Скажам ад сябе, што падобны погляд на ўніверсітэты ёсць найвялікшае няшчасце і згуба ўніверсітэтаў. Ганенне навукі - сапраўднай, вольнай, глыбокай - зробіць універсітэт найгоршай са школаў, бо ён пазбаўлены рамеснае, тэхнічнае асновы".
Цэраскі ў перыяд 1889-1911 гг. быў сябрам Рады Маскоўскага універсітэта і яго ўдзел у ўніверсітэцкіх справах быў актыўным. У 1901 г. Цэраскі ўваходзіў у склад камісіі, абранай Радай Маскоўскага ўніверсітэта для разгляду пытанняў пра неабходныя пераўтва-рэнні ва ўніверсітэтах. У 1904-1905 гг. у вельмі складаным становішчы Цэраскі ўзначальваў камісію Рады па справах студэнцкіх установаў. Вітольд Карлавіч востра рэагаваў на разгром Маскоўскага ўніверсітэта ў 1911 г., ён далу-чыўся да прафесараў, якія выступілі з пратэстам супраць разгрому ўніверсітэта. Ён спыніў чытанне лекцыяў ва ўніверсітэце і захаваў за сабою толькі абсерваторыю.
* * *
Здароўе Вітольда Карлавіча заўсёды было слабым і патрабавала сталай увагі з боку сям'і. Прыкладна каля 1910 г. у яго пачала выяўляцца хвароба, якую лекары так і не змаглі вызначыць дакладна. Хвароба выяўлялася паступова, павольна павялічвалася агульная фізічная слабасць, тым часам як розум захоўваў поўную працаздольнасць. Цэраскі адчуваў, што сілы сыходзяць, і спяшаўся дапісаць свае працы (яны склалі VI том 2-й серыі "Прац Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі"). У 1916 г., па патрабаваннях лекараў, ён вырашыў скласці з сябе кіраванне абсерваторыяй і пераехаць з жонкай у Феадосію, дзе, як усе спадзяваліся, паўднёвае сонца ўмацуе яго здароўе. Тут і заспела яго рэвалюцыя і грамадзянская вайна.
Зотаў Ф.Я. успамінае: "Пасля дэмабілізацыі я адправіўся на Поўдзень … у той час немцы займалі Ўкраіну, і я, хаваючыся ад іх, апынуўся ў Феадосіі. Цэраскія прынялі мяне, як роднага сына. Матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх тады было няважным. Вітольд Карлавіч па стане здароўя не мог працаваць. Увесь цяжар клопатаў пра здабыванне сродкаў ляжаў на Лідзіі Пятроўне. Яна выкладала ў настаўніцкім інстытуце і давала шмат прыватных урокаў па розных прадметах…. У сям'і Цэраскіх я тады пражыў каля 6 месяцаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх, яна ў той час у Феадосіі, як і раней у Маскве, была прыцягальным цэнтрам усіх думаючых людзей. У суботу ўвечар ці ў нядзелю ў Цэраскіх збіралася невялікая грамада … бываў мастак Багаеўскі, паэт Валошын, члены сям'і мастака Айвазоўскага … каля двух месяцаў сталым госцем была жанчына - астраном Пулкаўскай абсерваторыі, прозвішча якой я не памятаю … Вечары Вітольд Карлавіч любіў праводзіць у невялікім садку на двары…
Неяк у Феадосіі я зайшоў у яго пакой і заспеў яго за сталом з тварам, залітым слязьмі. Мне было нязручна спытаць яго, што з ім. Ён сам пачаў: "Вось Зотаў, шкада што Вы добра не валодаеце польскай мовай, каб у поўнай меры адчуць усю сардэчнасць і прыгажосць Міцкевіча". Тут я заўважыў, што перад ім ляжыць раскрытая кніга …".
На працягу нейкага часа Цэраскія жылі ў свайго сябра, паэта Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі, і перажылі неверагодныя цяжкасці рэвалюцыі менавіта дзякуючы апецы паэта. У вялікую кватэру прафесара на Прэсні, Вялікі Мікольскі завулак, 5, Цэраскія ўжо не вярнуліся. Увосень 1922 г. яны пераехалі пад Маскву, у Троіцк Падольскага павету Маскоўскай губерні, дзе сын, Канстанцін Вітольдавіч працаваў лекарам. Зотаў Ф.Я. наведаў іх: "Пасля пераезду Цэраскіх у Траецкае я паехаў наведаць іх … Здароўе Вітольда Карлавіча было значна горшым за тое, якім яно было падчас майго знаходжання ў Феадосіі. Ён зараз увесь час знаходзіўся ў пасцелі. Але выразнасць думкі і жывая цікавасць да ўсяго ў яго заставалася ранейшай. Ён некалькі гадзінаў не адпускаў мяне ад сябе, распытваючы пра тое, што робіцца ў Маскве …".
У 1924 г. астранамічныя ўстановы і арганізацыі ўрачыста адзначылі 75-гадовы юбілей вучонага.
Вітольд Карлавіч Цэраскі памёр у Траецкім. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках недалёка ад уваходу.
Ягоны сябар Максіміліян Валошын прысвяціў яму кранальны верш.
Імем Цэраскага названы кратэр на зваротным боку Месяца і астэроід. Але самым відным помнікам выдатнаму навукоўцу служыць Маскоўская астранамічная абсерваторыя.
9 траўня 2009 г. споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння Вітольда Карлавіча Цэраскага (1849 - 1925). У Беларусі дата прайшла незаўважанай. А вось у Маскве ў чацвер 14 траўня, у 15 гадзін у Музеі ДАІШ (Дзяржаўны Астранамічны Інстытут імя П.К. Штэрнберга МДУ) на Чырвонай Прэсні адбылося выязное ўрачыстае паседжанне ДАІШ з запрашэннем прадстаўнікоў навукі і культуры Беларусі - землякоў навукоўца па яго родным горадзе Слуцку, прысвечанае гэтаму юбілею. (9 траўня былі ускладзены кветкі на магілу В.К. і Л.П. Цэраскіх на Ваганькаўскіх могілках).
На паседжанні былі заслуханы даклады:
"В.К. Цэраскі як навуковец і арганізатар навукі". ( Ю.Л. Менцын, загадчык Музея ДАІШ.); "Аб увекавечванні памяці В.К. Цэраскага на яго радзіме, аб слаўнай гісторыі г. Слуцка і аб новых гістарычных пошуках аб сям'і навукоўца". У.М. Дудко, чалец Рады Федэральнай навукова-культурнай аўтаноміі (ФНКА) "Беларусы Масквы".)
Была прынятая рэзалюцыя аб мера-прыемствах па далейшым увекавечанні памяці В.К. Цэраскага ў Маскве і Слуцку.
* * *
Максіміліян Валошын
ПАМЯЦІ В.К. ЦЭРАСКАГА
Ён з тых, у кім сапраўда малых ісцін
І авалоданне законамі натуры
У сэрцах не туманіць сузірання
Тварца сусветаў у яго праявах.
Праз лікаў тонкую вуаль і формул
Выносіў Бога твар да твару ён,
Як і першнастаўнікі навукі:
Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль.
Яго я бачыў змучаным у крэсле,
З дрыготкімі рукамі, але з тварам
Такой празрыстасці, што ён свяціўся
Ў малочным німбе месяцовай сівізны.
За слоў вагой блішчэлі таямніча
Вадзяныя ліцьвіна вочы,
Што на вякі ўвабралі ззянне
Туманнасцяў і зорных Галатэй.
Ў яго гаворцы ўлоўлівала вуха
Такую беражнасць да слоў чужых,
Да з'яваў мімалётнага жыцця,
Што ўміленне грудзі заціскала.
Такім ён быў там на Чырвонай Прэсні,
Калі ў Абсерваторыі адзін
Сваёй навукі свет недатыкальны
Абараняў ад тых і ад усіх.
Урад бяздарны, жорсткі, злы,
Як звеку ўрады ўсе,
Прагнаў яго, пры тым забараніў
Тварыць як творцу і як вучонаму вучыць.
Расейская міжсобіца застала
Яго ў глухім прыморскім гарадку,
Дзе ён шукаў бязвоблачнага неба
Больш яснага і зорнага, чым у Маскве.
Была вайна, тэрор, і мор, і голад.
Каму патрэбны дрэхлы астраном?
Як даказаць уезнаму загпраду
Ягоныя правы на харчпаёк?
Таму, хто змог запрэгчы ў працу сонца,
Хто новых зорак вылічаў шляхі
Па пуду за Сусвет, таварыш!
Даеш тлушчы ў астраномавы паёк!
Высокая камедыя навукі
Ў руках вайскоўцаў, дурняў і дзяльцоў...
Разбітым і замучаным на поўнач
Паехаў ён, каб хоць памерці дома.
І радаснай журбою зашчаміла
Любіўшых яго сэрцы вестка тая,
Што ён вярнуўся ў зорную айчыну
Ад цесных дзён, ад душных спраў зямных.
10 лістапада 1925, Кактэбель.
Лявон Лаўрэш