№ 36 (927) 9 ВЕРАСНЯ 2009 г.
150 гадоў з дня нараджэння Браніслава Эпімах-Шыпілы
ЭПІМАХ-ШЫПІЛА Браніслаў Ігнатавіч (4.9.1859, б. фальварак Будзькаўшчына, Полацкі р-н Віцебскай вобл. - 6.6.1934), дзеяч бел. культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Канд. гіст.-філал. н. (1887). Скончыў Рыжскую Аляксандраўскую гімназію (1880), Пецярбургскі ун-т (1885). Працаваў у бібліятэцы ун-та (1891-1925), адначасова выкладаў грэч. і лац. мовы ў вышэйшых і сярэдніх навуч. установах Пецярбурга. 3 1925 рэдактар, у 1927-29 старшыня камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. 18.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, зняволены. 12.9.1930 выпушчаны на волю з забаронай жыць у Менску. Збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры Беларусі. Укладальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» (1889-1931, зберагаецца ў Цэнтр. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі), у якой сабраны творы Ф. Тапчэўскага, Я. Лучы-ны, А. Паўловіча, У. Сыракомлі, А. Плуга, Цёткі, некалькі ананімных твораў. У 1893 зрабіў рукапісную копію п'есы «Залёты» В. Дуніна-Марцінкевіча, меў рукапіс зб. «Скрыпачка беларуская» Ф. Багушэвіча і інш. Матэрыялы хрэстаматыі выкарыстаны ў працы Я.Ф. Карскага «Беларусы» і інш. публікацыях. Э.-Ш. - ініцыятар стварэння, адзін з кіраўнікоў бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Фактычны кіраўнік Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та, бел. культ.-грамадскага руху ў Пецярбургу. Падтрымліваў творчыя сувязі з Багушэвічам, М. Доўнар-Запольскім, А. Ельскім, А. Сапуновым, Карскім, Цёткай, Я. Коласам, М. Багдановічам, Ц. Гартным, Паўловічам, К. Буйло, Б. Тарашкевічам, Я. Драздовічам, А. Грыневічам, У. Ігнатоўскім, рэдакцыяй газ. «Наша ніва». Адзін з заснавальнікаў Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916), навук. Т-ва вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі (1918), садзейнічаў рабоце Белнацкама. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчасці Я. Купалы, які ў 1909-13 жыў у яго кватэры ў Пецярбургу: садзейнічаў паступленню Я. Купалы на курсы Чарняева, - аказваў яму падтрымку, рэдактар першага зб. Я.Купалы «Жалейка». Збярог рукапісы многіх вершаў паэта, пераважна 1906-07 (апубл. 1929-30). Сабраў творы Я. Купалы пецярбургскага перыяду (зберагаюцца ў Літ. музеі Я.Купалы ў Менску). Я. Купала прысвяціў Э.-Ш. вершы «Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з новым 1910 годам», «Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу» (1910), легенду «Паляўнічы і пара галубкоў» (1912). Наведваў яго ў Ленінградзе ў 1933. Э.-Ш. прымаў удзел у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на III канферэнцыі народаў» (Лазана, 1916), дзе выказаны пратэст супраць паднявольнага становішча бел. народа, абгрунтавана яго права на самаст. развіццё. Пад яго рэдакцыяй (з М. Байковым) выдадзены «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927) М.І.Каспяровіча і «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» (1929) М.В. Шатарніка. Аўтар рэцэнзіі на зб. А.К. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1928). У 1929 Э.-Ш. перадаў АН Беларусі асабістую бібліятэку - 5 тыс. тамоў, пераважна па беларусазнаўстве.
IV-я канферэнцыя беларусаў Балтыі
Выступленне прэм'ер-міністра ўраду Літвы распачало ў Вільні Чацвёртую канферэнцыю беларусаў Балтыі. У сустрэчы ўдзельнічала некалькі дзесяткаў дэлегатаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Беларусі і Расіі. У канферэнцыі бралі ўдзел і мелі слова старшыня ТБМ Алег Трусаў і намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
Адкрываючы сустрэчу, літоўскі прэм'ер-міністр Андрус Кубілюс звярнуў увагу на тое, што ў беларусаў і літоўцаў вельмі доўгая супольная гісторыя. Сярод падзеяў, якія аб'ядноўваюць нашыя народы, прэм'ер-міністр назваў Аршанскую і Грунвальдскую бітвы.
На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, прысутнасць на ёй прэм'ер-міністра сведчыць аб павазе з якой урад Літвы ставіцца да беларускіх пытанняў.
Старшыня Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ніна Шыдлоўская лічыць таксама, што канферэнцыі беларусаў Балтыі ўжо па сваёй традыцыі з'яўляюцца важнымі для ўсіх прыхільнікаў беларушчыны.
Двухдзённая канферэнцыя беларусаў Балтыі, гэта не толькі афіцыйныя выступы ды дыскусіі, а таксама прэзен-тацыя беларускіх мастакоў Балтыі.
Канферэнцыі спадарожнічае выстава мастацкіх працаў Алега Аблажэя, Андрэя Балахановіча, а таксама кірмаш беларускіх кнігаў, што выдадзены беларусамі Балтыі. Кароткі канцэрт на цымбалах прадставілі беларусы з Калінінграду.
Асабліва цёпла ўдзельнікі канферэнцыі прынялі прэзентацыю фільму Вольгі Нікалайчык "Беларускія справы", які распавядае пра гісторыю і сучаснасць віленскіх беларусаў.
Пра чацвёртую канферэнцыю беларусаў Балтыі маем спадзеў распавесці больш падрабязна.
Наш кар.
Дзень беларускага пісьменства ў Смаргоні
6 верасня ў Смаргоні (Гарадзенская вобласць) прайшоў XVI Дзень беларус-кага пісьменства.
-- Святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, хто заклаў аснову кнігадрукавання, ствараючы ў Беларусі асветніцкія цэнтры, хто ўпрыгожваў сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі", - заявіў на цырымоніі адкрыцця старшыня аргкамітэту - віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Патупчык.
Сярод слаўных дзеячаў нацыянальнай культуры - выхадцаў са Смаргонскага краю ён назваў кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, этнографа-лінгвіста Яна Карловіча, музыкантаў Вячаслава Карловіча і Віктара Роўду, а таксама класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, які адным з першых стаў выдаваць свае творы на беларускай мове. Віцэ-прэм'ер выказаў "шчырую ўдзячнасць усім, хто сваёй працай садзейнічае захаванню нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, зберажэнню лепшых традыцый роднай зямлі".
Цырымоніі адкрыцця папярэднічала асвячэнне новага сабора Праабражэння Гасподняга. У цырымоніі бралі ўдзел прадстаўнікі кліру Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, дзяржаўных структур, а так-сама ўдзельнікі рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў" з жыватворным агнём ад труны Гасподняй (Менск - Берасцейская, Менская, Гомельская і Гарадзенская вобласці - Смаргонь).
У праграму ўрачыстасцяў уключаны адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу, выступленне Узорна-паказальнага аркестра памежнай службы Беларусі, канцэрты мастацкіх калектываў Гарадзенскай вобласці і Смаргонскага раёна, калектываў духоўнай і класічнай музыкі, маладых выканаўцаў, фестываль кнігі і прэсы, тэатралізаваныя пастаноўкі "Крэўскі замак" і "Старонкі гісторыі Смаргоні", спартыўнае і фальклорна-этнаграфічнае святы, "Літаратурная гадзіна" з удзелам беларускіх празаікаў і паэтаў, праваслаўная выстава, а таксама цырымонія перадачы эстафеты свята прадстаўнікам горада Хойнікі (Гомельская вобласць) - сталіцы XVII Дня беларускага пісьменства 2010 года.
На здымках: помнік Францішку Багушэвічу; без мядзведзя ў Смаргоні аніяк.
У Гдыні - вуліца Янкі Брыля
Пастановай ад 26 жніўня 2009 года гарадской управы горада Гдыні адной з вуліцаў нададзена імя беларускага пісьменніка і удзельніка вераснёўскай кампаніі 1939 года ў Польшчы супраць фашысцкіх захопнікаў Янкі Брыля.
Пра гэта паведаміў супрацоўнік гарадской управы горада Казімеж Івашка.
Адна з 12-ці новых паўсталых вуліц у новым раёне горада, самая доўгая, якая займае большую частку гэтага раёну, будзе насіць імя Янкі Брыля. Брыль заслужыў назву з-за абароны горада, і з-за сваёй літаратурнай дзейнасці. Яго кнігі займаюць пачэснае месца на паліцах гдыньскіх бібліятэкаў.
З ініцыятывай прысваенння імя Янкі Брыля адной з вуліцаў ў Гдыні 4 гады таму выступіла культурна асветніцкае таварыства Хатка з Гданьска.
Як адзначае Казімеж Івашка ініцыятыва ўсёж дачакала рэалізацыі якраз ў 70 - тую гадавіну з дня выбуху Другой Сусветнай вайны і зараз імя Янкі Брыля будзе вядомае жыхарам Гдыні не толькі як пісьменніка, але і як абаронцы іх горада.
Валя Лаеўская, Радыё Рацыя.
Да настаўнікаў Беларусі
Высокапаважаныя і дарагія настаўнікі Беларусі!
Апошнім часам неяк шмат мне даводзілася чуць пра двухмоўе нашага народу. Я жыву ў двухмоўнай Канадзе і з сумам бачу розніцу між беларускім і канадскім двухмоўем.
Хацела б падзяліцца з Вамі маімі думкамі на гэтую тэму ў гэтыя так важныя першыя дні новага школьнага году, калі Вы будзеце пачынаць выхоўваць новую хвалю маладых беларусак і беларусаў, ад якіх калісьці будзе залежаць дабрабыт нашага краю і беларускага народу.
Канада з канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя вырашыла ўвесці двухмоўе - даючы ў краіне ангельскай і францускай мовам аднолькавы статус. Ад таго часу ў Канадзе няма тае федэральнае ўстановы, дзе франкамоўны ці англамоўны канадыец не можа карыстацца сваёй уласнай мовай. Камісарыят афіцыйных моваў Канады даглядае, каб кожная ўстанова мела двухмоўных або хаця б англамоўных і франкамоўных урадоўцаў, каб кожны канадыец мог дабіцца, чаго жадае, на адной з гэтых дзвюх галоўных моваў Канады. Такім ёсць кожнае сапраўднае двухмоўе.
У Беларусі няма двухмоўя. Калі беларус не можа карыстацца сваёй мовай у войску, у любой урадавай установе, у судзе, у шпіталі, у самалёце, у цягніку, калі трэба ведаць расейскую мову, каб зразумець што гаворыць старшыня дзяржавы па тэлебачанні, або папросту каб зразумець, пра што гаворыць беларускае радыё, справа тут не ў двухмоўі, а ў чужамоўнай акупацыі нашага краю.
Чужая мова, чужая адміністрацыя, чужыя школы, чужыя лекары - ці такой Вы хочаце бачыць свой "мілы кут" на гэтай зямлі, сваю бацькаўшчыну? Ці Вам гэта папросту абыякава? Але абыякавым чалавек сябе адчувае толькі калі ў глыбокай дэпрэсіі. Ападаюць рукі, пра веру ў лепшую будучыню для сябе і для сваіх дзяцей - перастае думаць. Абы толькі пражыць да заўтра, каб ніхто не чапаў.
Дарагія настаўнікі Беларусі, Вы яшчэ можаце адрадзіць беларускую Беларусь. Вы можаце выхаваць добрых, сумленных беларусаў, якія будуць шанаваць усё беларускае, быць годнымі нашае шматвяковае гісторыі. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў нядаўна казаў, што хапіла б аднаго званка, каб адрадзіць нашую мову. Вы маглі б гэта зрабіць нават без таго званка. Пакажыце прыкладам новаму пакаленню, што Вы паважаеце сваю мову, што любіце ўсё беларускае, што любіце свой прыгожы край, пакажыце Вашым вучням, што ЯНЫ могуць зрабіць, каб жыла беларуская Беларусь! Тады Вашае жыццё не будзе змарнаванае, а Вашая праца станецца Вашым укладам у адраджэнне краю, за які Вашыя продкі калісь змагаліся і аддавалі сваё жыццё.
З глыбіні сэрца люблю наш край і беларускі народ. Так хацелася б, каб неяк пераканаць Вас, мае дарагія браты і сёстры - настаўнікі Беларусі, што трэба ратаваць тое, што яшчэ засталося беларускім. Уключна з мовай, якую яшчэ МОЖАМ выратаваць.
З верай у Вашую добрую волю і ў Вашую любоў да ўсяго роднага
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР.
Банкамат па-беларуску
У любой дзяржаве ўсе ўстановы працуюць на сваёй дзяржаўнай мове. І так павінна быць, калі краіна не акупавана іншай дзяржавай. У нас у Беларусі банкаматы дзейнічаюць на беларускай, рускай і англій-скай мовах. На беларускай і рускай мовах - для грамадзян Беларусі, а на англійскай - для тых, хто не ведае нашыя дзяр-жаўныя. Англійская мова ў банкаматах - для нашых гасцей.
У Менску, на вуліцы Бабруйскай, якая праходзіць побач Прывакзальнай плошчы (каля Чыгуначнага вакзала) банкамат каля будынка банка "Белінвестбанк" на беларускай мове не працаваў. І летась, і сёлета. Сёлета ў жніўні я задумаў гэтую праблему вырашыць. Зайшоў у банк, дачакаўся пакуль загадчык (дырэктар) банка гаспадарыня Наверсава законылць гутарку па тэлефоне, зайшоў у яе кабінет і ветліва па-руску папрасіў у яе "Книгу предложений и заявлений", супакоіў жанчыну, што я напішу толькі прапанову. Трэба адзначыць, што гэту кнігу яна мне выдала адразу. І я аформіў заяву прапанову па ўсіх правілах: дату, адрас, тэлефон сваёй службы, напісаў тэкст і распісаўся. А тэкст я напісаў такі: "Банкамат на вул. Бабруйскай у Мінску, каля будынка "Белкамінвестбанк", з пачатку 2009 года на беларускай мове не працуе. Чаму?
Чаму парушаюцца мае правы? Чаму парушаецца Асноўны закон і Закон аб дзяржаўнасці беларускай мовы?
Прашу прыняць меры."
А на словах гаспадыні банка сказаў, што банкамат знаходзіцца блізка ад чыгунач-нага вакзала, а гэта ўжо твар сталіцы.
- Куды Вам напісаць адказ на прапанову? - запытала яна ў мяне.
- А не трэба нікуды пісаць. Гэта мне не трэба, а Вам тым больш, навошта лішнія клопаты. а пасля выхадных (у Вас ёсць 3-4 дні для вырашэн-ня тэхнічнай праблемы) я сам праверу, як ён працуе па-беларуску.
А калі працаваць на беларускай мове не будзе, дык не сумнявайцеся старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч будзе ведаць пра гэта. Не думаю, што ён будзе Вас хваліць, калі Вы не прымеце меры па маёй прапанове.
Праз тыдзень я праверыў работу таго банкамата па-беларуску. Працаваў добра. Але дыскрымінацыя беларускай мовы ўсё ж існуе. Мяркуйце самі. Парадак выбару моў такі: "Язык: русский, англий-ский, белорусский".
А павінна быць так: "Мова (язык); беларуская, руская, англійская" -- і толькі так.
І ўсё гэта залежыць ад кожнага беларуса, а не ад чы-ноўніка-прыстасаванца.
Сымон Барыс.
Ад рэдакцыі:
Сымон Барыс усё-такі атрымаў адказ з банка на сваю прапанову, запісаную ў кнігу: ліст № 22-71/4228 ад 19.08.2009 г. У лісце, праўда, па-расейску напісана наступнае:
"У банку ўважлівым чынам разгледжана Ваша заўвага ад 05.08.2009 з нагоды працы банкамата, размешчанага па адрасе: г. Мінск, вул. Бабруйская, 9, на беларускай мове. У адказ Вам можам паведаміць наступнае: спецыялістамі абслуговай арганізацыі 5 жніўня 2009 г. была праведзеная дыягностыка і ажыццёўлены рамонт функцыянальных клавішаў дадзенага банкамата. Варта адзначыць, што банк упершыню сутыкнуўся з такой няспраўнасцю, таму была ажыццёўлена выбарная праверка працаздольнасці банкаматаў, якія знаходзяцца на абслугоўванні банка. У выніку праверкі падобных няспраўнасцяў у працы астатніх банкаматаў банка выяўлена не было, ва ўсіх банкаматах даступна функцыя выбару мовы абслугоўвання.
У далейшым супрацоўнікамі банка будзе надавацца большая ўвага праверцы працы ўсіх функцыянальных клавіш прыстасаванняў. Прыносім свае прабачэнні за прычыненыя нязручнасці, і спадзяёмся што ў далейшым непрыемнасцяў, звязаных з абслугоўваннем у банка, у Вас не паўстане.
Нам. кіраўніка А. Сягровец."
Усё, як у цывілізаваных краінах. Адна заўвага аднаго кліента -- і ўсе службы на нагах. Усё папраўлена, і прынесены прабачэнні. А нехта сумняваецца, што мы ў Еўропе.
Крама беларускіх крыжаванак
ТАА "Рэдакцыя газеты "Магазин кроссвордов" у г. Менск пачало выпуск Першай газеты беларускіх крыжаванак "Крама крыжаванак". Галоўны рэдактар газеты Аляксандр Ваюшын. Адрас рэдакцыі: 220033, г. Мінск, вул. Нахімава, 20. E-mail: krama_ kr@tut.by. Падпісны індэкс: 63313 у каталозе "Белпошты". Выходзіць 1 раз у квартал. Фармат газеты А-4, 16 старонак. Газета поўнаколерная.
Нарэшце беларусы пачалі даганяць свет. У той час, калі ў краіне прадаюцца сотні, а можа тысячы самых розных збор-нікаў крыжаванак, з'явіўся беларускі зборнік. Зараз толькі ад цікаўнасці і ак-тыўнасці беларускіх аматараў крыжаванак будзе залежаць поспех гэтага выдання.
Дарэчы, выйшла ўжо тры нумары газеты. Чацвёрты нумар павінен з'явіцца пасля 5 лістапада. Разгадвайце беларускае, думайце па-беларуску!
Мовазнаўчы досвед
Пра натуральныя лексічныя адзінкі - словы выразнае будовы і сэнсу
Кожная мова, акрамя сваіх, спрадвечных, мае і інша-моўныя словы. Пазычаныя словы з неблізкароднасных моваў нярэдка маюць невыраз-ную будову, якая не дазваляе лёгка ўлучаць лексічную адзінку ў маўленне, карыстацца ёю. Асабліва вылучаюцца гэтым пазычаныя дзеясловы з элементам -ір- (-ыр-) . Тлумачэнне значэння такіх дзеясло-ваў даецца ў слоўніках звычайна з выкарыстаннем аднакаранёвых назоўнікаў: " Кам-пасціраваць, незак. Прабіваць з дапамогаю кампосцера. Лі-дзіраваць, незак. Быць лідэрам" (Тлумачальны слоўйік бела-рускай літаратурддй мовы. Мінск, 1996, с. 270, 318).
Непасрэдныя семанты.-чныя стасункі такіх дзеясловаў з назоўнікамі сведчаць, што натуральнымі формамі дзея-словаў тут маюць быць утва-рэнні ад назоўнікаў: кам-посцер-аваць - 'прабіваць з дапамогаю кампосцера', лідэр-аваць - 'быць лідэрам' Параўн. у названым слоўніку: " Ма-неўраваць, незак. Рабіць манеўр" (С. 332).
Такія выразныя будо-ваю і сэнсам дзеяслоўныя формы (узніклыя ў мове-пазычальніцы ад аднакаранёвых назоўнікаў) знаходзяць сваё адлюстраванне і ў акадэмічных слоўніках. Так, у трохтомавым "Беларуска-рускім слоўніку" 2003 года засведчана: прэмі-яваць ('узрагароджваць прэ-міяй') - рус. премировать, палітураваць ('пакрываць падітурай') - палировать, раянаваць (раён-аваць) -райо-нировать і іншыя.
Згаданыя сваямоўныя формы іншамоўных дзеясло-ваў добра ўпісваюцца ў куст аднаасновавых адзінак: ман-таж - мантажаваць (не: манціраваць), мантажны, мацтажнік, мантажніца, мантажор, мантажыст, мантажыстка.
Адметныя дзеяслоўныя формы ўтвараюцца паводле беларускай словатворчай мадэлі "назоўнік + суфікс -ава- " ( лета -> летаваць ). Параўн. з адрас -> адрасаваць, віза -> візаваць ...Такім шляхам узнікла нямала дзеясловаў ад іншамоўных назоўнікаў.
Новыя словы (формы дзеясловаў) гэтага ўзору ўсё часцей выкарыстоўваюцца ў сучасным маўленні, што трэба толькі вітаць: такая з'ява ста-суецца з структурна-сістэм-нымі законамі нацыянальнай мовы беларусаў.
Да нас трапляюць і словы з блізкіх моваў. Таксама нярэдка без пэўнай адаптацыі - прыстасавання да законаў мо-вы-пазычальніцы.
Напрыклад, слова крэ-пасць з руск. крепость , якое ад крепить, крепкий . (Бела-рускія адэкваты: мацаваць, умацоўваць; моцны, дужы; цвёрды ( цвёрдалобы - руск. крепколобый ). Перакладныя слоўнікі падаюць: " Крепость I воен. крэпасць, цытадэль; летающая крепость - лятаю-чая крэпасць ; Крепость II. 1. (прочность, насыщенность) мацунак, трываласць ; 2. (сила): моц, дужасць, сіла ; Крепость III (о документах) ист. купчая " (Русско-белорусскнй словарь, Мн., 1993, т, 1,с. 684).
Як бачым, вайсковы тэрмін застаўся без перакладу. Хоць і тут мажлівыя беларускія адпаведнікі. Так, у "Расейска-беларускім вайсковым слоў-ніку" С. Судніка і С. Чыслава (Менск, "Белфранс", 1997, с. 87) чытаем: " Крепость I (фортиф.) фартэца, цвердзь ; летающая крепость -лётная фартэца ".
Без адаптацыі падаецца і прыметнік ад гэтага тэрміна: " Крепостной - крапасны: к. ван. - крапасны вал ".
Аднак форма " кра-пасны " надта невыразная, хут-чэй набліжаецца да дзеяслова крапаць + суф. -асн- (параўн. першасны ).
У беларускай мове ад назоўнікаў на -аць, -асць пры-метнікі звычайна ўтвараюцца з выкарыстаннем суфікса -ев- , ён дае магчымасць захаваць без зменаў утваральную аснову. Натуральнай тут мае быць форма крэпасцевы ( крэпас-цевае збудаванне, вал ). Параўн. у названым слоўніку: лапаць - лапцевы (рус. лапотный). Або: вадкасцевы, бясппоцевы і пад.
Хоць калі ісці ад свайго, то будзе цвердзевы, фартэ-цавы .
У беларускіх савецкіх слоўніках нярэдка падаюцца словы, якія сваёй формай за-цямняюць сэнс, яны - вынік за-нядбання заканамернасцяў ро-днай мовы (створаныя з агляд-кай на ўсесаюзны стандарт).
Натуральна ўспрыма-ецца сэнс прыметнікаў з суфік-сам -ав- (-ев-) : гарачкавы (прыступ гарачкі, а не гара-чачны ), лялькавы тэатр, кіш-кавы тракт, жабравыя шчылі-ны (жаберныя), свечкавае асвятленне (свячное), гірлян-давы, падкладкавы матэрыял, рычаговы пераключальнік, прамежкавая атэстацыя (бя-гучая), кухневыя выпарэнні (кухонныя) і пад.
Больш апраўданыя і такія формы лексемаў, як за-праўны (для заправы), кіна-здымная камера (здымаць кіно), разыгранка (г. зн. ра-зыгранае), вывучаны конь (а не абучаны ), слезацечны і гная-цечны (а не ...тачывы ), мілата (а не абаянне ), перавернуты (а не скажоны ), парцяны (рус. хлопчатобумажный ), аблюба-ванец (любімчык), прадзіўны (прадзільны), пастка ці лавіл-ка (лавушка), жолаб (кармуш-ка), выплата (палучка), даван-не (дача), донне (днішча катла), з поўным правам (па праву, па праве), піўніца (піўнушка), пукаўка (хлапушка), рукапры-кладанне (рукапрыкладства), касцюмаваны баль (касцюмі-раваны), вычытванне карэк-туры (вычытка), масажаваць .
Павел Сцяцко
Чалавек у вышыванцы
Гэта было не так даўно. На вуліцы ў Заслаўі я запрыкмеціла маладую маці з дзіцем на руках. Жанчына была апранута ў белую вышываную кашулю. Я пацікавілася ў яе, дзе можна набыць такі прыгожы строй. Мой сын якраз папрасіў купіць яму новую вышыванку. Абышла ўсе сталічныя, вядомыя мне, крамы, але ж не змагла там нічога выбраць. Сучасныя мужчынскія і жаночыя кашулі з традыцыйнай беларускай вышыўкай патрэбны многім. Нехта, можа, запытаецца - навошта гэта вам?Задаволіла маю цікаўнасць літаратурная сустрэча ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, якая праходзіла ў рамках праекту "Будзьма". Вядоўцам нашага семінара быў слынны журналіст і пісьменнік Уладзімір Содаль. Ён даўно збірае расповяды, успаміны, фотаздымкі, цікавыя гісторыі пра нашы вышыванкі і людзей, якія з гонарам іх носяць. Некаторыя ўдзельнікі семінару на сустрэчу прыйшлі ў сваіх вышываных кашулях ці прынеслі вышываныя рэчы з сямейнай калекцыі. Людзі згадвалі, што пачуваюць сябе добра ў нацыянальных строях, а менавіта святочна, ўрачыста, утульна. Гэта як абярэг, асабліва калі зрабіў гэты дарунак блізкі, родны чалавек. Узор арнамента гаворыць сам за сябе. Не трэба разумнаму чалавеку тлумачыць, што вышыванка - гэта нацыянальная каштоўнасць, наша повязь з продкамі, з нашым беларускім менталітэтам. Слабо апрануць вышыванку і прайсці галоўным праспектам сталіцы? А фартух у нацыянальным касцюме нават падкрэслівае ролю жанчыны гаспадыні. З якой нагоды апранаем вышыванку? Прыкладам, у мяне святочны настрой. У горадзе ці вёсцы - фэст, свята Купалле, Вялікдзень, Каляды, музычная, літаратурная вечарына. Чаму б не пайсці ў беларускі тэатр ці да сяброў у нацыянальным адзенні? Мой тата ажаніўся ў вышыванай кашулі, лепшай у цяжкі пасляваенны час. Мама таксама шанавала нацыянальныя традыцыі і святы, вучыла і мяне вышываць. Яна мела ад сваёй бабулі прыгожы саматканы ручнік, які перадала ў спадчыну нам, дзецям. Можа не паверыце, мяне ў дзевяностых гадах на Купалле моцна збілі нейкія малойчыкі. Білі пад дых. І за што? Мабыць за тое, што была апранута ў беларускі нацыянальны строй. Гэты строй і цяпер у мяне ёсць.
Шмат хто ў захапленні ад прыгажосці арнаментаў вышывак, ткацтва, малюнкаў. Абыякавых я не сустракала. Цікавыя эпізоды з свайго жыцця ў вышыванцы распавялі на семінары спадары Сяргей Панізнік, Мікола Савіцкі, Мікола Ліннік, спадарыні Людміла Дзіцэвіч, Лета Юстыновіч і Людміла Белахвостава.
На свае вочы мы пабачылі кашулю беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, якую той падараваў у Празе спадару Янку Шпаку. Калекцыя Уладзіміра Содаля найбагацейшая ўспамінамі і фотаздымкамі ў вышыванках знакамітых людзей: Пятрусь Броўка, Максім Танк, Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Шавыркін (у яго адметны шлюбны здымак), Васіль Ліцвінка, Багдан Андрусішын (Данчык). Вельмі цікавая гісторыя вышыванкі ў паэта Міколы Аўрамчыка. Усю вайну праляжала закапаная ў зямлю… Пётр Краўчанка - колішні міністр замежных спраў - пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь у вышыванцы выступаў на генеральнай асамблеі ААН.
Нашу вечарыну аздобіла выстава кніжнай графікі і малюнкаў гісторыка і мастака Юрыя Малаша. Ён распавядаў пра выкарыстанне беларускага арнаменту ў творчасці Язэпа Драздовіча і ў рукапісных кнігах. Пазнаёміліся таксама з кнігамі "Беларускі арнамент" Міхаіла Кацара і "Беларускі ручнік" Вольгі Фадзеевай. На семінары, прысвечаным вышыванцы, мы даведаліся шмат аб майстэрстве ткацтва і вышыўкі. Атрымалі запрашэнне наведаць выставу "Цуды з куфра" у гісторыкакультурным музеізапаведніку "Заслаўе". Як кажуць навукоўцыэтнографы, у хітраспляценнях колераў і ўзораў можна прачытаць дзівосныя гісторыі, сакральныя шыфры, якія сёння, на жаль, мала хто разумее. Нам не хапіла часу, каб пачуць усе расповяды, таму мяркуецца працягнуць абмеркаванне на другой сустрэчы.
Мне даўно карціць увасобіць на экране ці ў кнізе гэтую тэму, - прызнаўся спадар Уладзімір Содаль. - Картатэка людзей, якіх варта паслухаць, у мяне вялікая. Францішак Багушэвіч калісь пісаў: "Пазнаюць жа людзей ці па гаворцы ці па адзенню, хто якое носіць, ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы". Мушу сцвердзіць, што вопратка, адзенне таксама ёсць мова душы. Асаблівая роля ў повязі слова і стану душы выпадае на вышыванку.
Прапаную: падчас перапісу насельніцтва зрабіць і перапіс вышыванак. Увесці для вучняў малодшых класаў у школьную форму вышываначку ці яе элементы. Адкрыць пры ТБМ клуб носьбітаў вышыванак. Заснаваць Свята нацыянальнай вышыванкі. Калі гэта будзе - яшчэ параімся. Магчыма, на Дзень Незалежнасці. Уяўляеце?.. " . Мэта нашага клуба, каб каб нацыянальная культура і мастацтва захоўваліся не толькі ў энцы-клапедыях, музеях, "рэзервацыях", але каб яны існавалі, квітнелі і пашыраліся ў штодзённым жыцці.
Яна Трубач, Заслаўе
Данута Бічэль у Баранавічах
29 жніўня 2009 года баранавіцкія сябры ТБМ суст-рэліся са знакамітай гарадзенскай паэткай Данутай Бічэль. Яна праехала на творчую сустрэчу па запрашэнні мясцовага паэта Алеся Белага. Сустрэча з прыхільнікамі творчасці па-эткі адбылася ва ўтульным садзе па вуліцы Адама Міцкевіча 65.
Данута Бічэль прэзентавала сваю кнігу "Хадзі на мой голас". Паэтка расказала пра сваё жыццё, творчасць, адказала на шматлікія пытанні прысутных. Удзельнікі імпрэзы пагадзіліся разам з Данутай Бічэль прыняць удзел летам 2010 года у пілігрымцы, прысвечанай 100-годдзю з дня народзінаў паэткі Ларысы Геніюш.
Баранавіцкая спявачка Галіна Ярашэвіч вітала ўдзельнікаў творчай сустрэчы сваі-мі песнямі пра Ларысу Геніюш.
Сябры ТБМ з задавальненнем набывалі кнігі Дануты Бічэль "Хадзі на мой голас", зборнік вершаў Алеся Чобата "Калі хочаце мець ў Айчыне свабоду", а таксама 2-х томную энцыклапедыю творчасці Васіля Быкава, выдадзеную Сяргеем Шапранам.
Віктар Сырыца,
старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
Выносіцца на Раду ТБМ
27 верасня 2009 г.
Праект
Зварот да Прэзідэнта пра абвяшчэнне 2010 года Годам роднай мовы
Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!
Грамадскасць нашай краіны з ухвалай сустрэла вестку пра абвяшчэнне 2009 года Годам роднай зямлі. Аднак неаднаразова ўжо гучалі словы пра тое, што родная зямля без роднай мовы - гэта пустыня без гаючай вады.І на самай справе, нельга ўявіць сучасную заможную Беларусь без мовы продкаў.
Сябры Грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Ф.Скарыны" звяртаюцца да Вас з прапановай абвясціць 2010 год Годам беларускай мовы ў нашай краіне.Тым самым мы падтрымліваем рашэнне беларусаў свету, якое прагучала на з'ездзе. Мы лічым, што такое рашэнне прадэманструе ўсім паважлівае стаўленне кіраўніцтва краіны да сваёй гісторыі і культуры і паспрыяе кансалідацыі нашага грамадства ў эпоху пераўтварэнняў.
Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 27 жніўня 2009 г.
Праект
Зварот з прапановай уключыць на разгляд парламента змены ў "Закон аб мовах"
Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!
У сувязі з тым, што з верасня 2010 года пачне дзейнічаць Закон аб новым правапісе беларускай мовы, просім Вас уключыць у парадак працы парламента разгляд прапаноў па зменах у "Закон аб мовах".
Свае прапановы, якія ўзніклі падчас нашай практычнай дзейнасці па падвышэнні прэстыжу беларускай мовы, па просьбе Цэнтра законатворчай дзейнасці мы даслалі і прасілі б іх улічыць пры абмеркаванні і заканадаўчым зацвярджэнні новых зменаў.
Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 27 жніўня 2009 г.
Праект
Зварот да грамадзян з нагоды Перапісу
Шаноўнае спадарства!
У кастрычніку 2009 года ў нашай краіне пройдзе чарговы Перапіс насельніцтва. Адным з пытанняў будзе пытанне пра ўжыванне роднай мовы. Мы звяртаемся да Вас з просьбай пацвердзіць сваё паважлівае стаўленне да старажытнай мовы нашых продкаў і выявіць жаданне карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай штодзённа: на працы, у побыце, падчас кантактаў з дзяржаўнымі службоўцамі і інш.
Дзесяць гадоў таму грамадзяне Рэспублікі Беларусь перад усім светам зазначылі: беларусы ведаюць, паважаюць дзяржаўную беларускую мову і карыстаюцца ёю.
Будзем жа вернымі і мужнымі і на гэты раз, не здрадзім свайму народу ў Год роднай зямлі!
Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 27 жніўня 2009 г.
Будзе беларускі каляндар
Прыпазніліся... Але ўсё ж выйдзе каляндар. Насто-льны, перакідны, беларускі. Падрыхтаваны як праект Гарадзенскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Ска-рыны.
Можа зачэпіць ён хоць нейкія зрусіфікаваныя душы. І, вядома, дапаможа тым, хто мае ў нацыянальным календары глыбокую нутраную па-трэбу. Прыемна ж сядацца за рабочы стол, калі перад табой штодзень каляндарны тэкст на роднай мове і з адпаведнай пазнавальнай інфармацыяй. Натуральна, што наш каляндар пабудаваны на матэрыяле Гарадзеншчыны, г.зн., што вялікія круглыя даты будуць датычыць выдатных асоб Прынёманскай зямлі, людзей навукі, палітыкі, мастацтва, эканомікі, спорту. Шмат месца адводзіцца таксама ўгодкам гістарычных падзей і помнікаў культуры нашага рэгіёну.
Выпушчаны ён будзе на жаль невялікім накладам, і гэта звязана з нашымі абмежа-ванымі фінансавымі магчы-масцямі.
Беларускі каляндар на 2010 год спадзяёмся ўбачыць у продажы ў кастрычніку.
Аляксей Пяткевіч , старшыня рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
Выйшаў раман Кастуся Цвіркі
У бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" выйшаў раман Кастуся Цвір-кі "Воўчая выспа".
У інтэрвію БелаПАН Цвірка адзначыў, што тэма рамана - вынішчэнне беларускага сялянства падчас ка-лектывізацыі. Тэма ўвасабля-ецца праз лёс аднаго з раску-лачаных Ігнася Каралені , які ўцёк з сібірскага лагера ў сваю вёску, дзе засталася жонка з двума хлопчыкамі-блізнятамі. Тут Ігнась даведваецца, што аднаго з яго маленькіх сыноў скраў і знёс у лес воўк. Сярод балота на Воўчай выспе Ігнась знаходзіць хлопчыка, адбудоў-вае сядзібу, выхоўвае сына і марыць забраць да сябе род-ных. Але нават і ў такой глушы энкаведысты высачылі гас-падара. Раман напісаны павод-ле ўспамінаў аднавяскоўцаў і матэрыялаў, сабраных у фаль-клорных экспедыцыях аўтара па Беларусі. "Па ўсёй краіне падчас раскулачвання стаяў суцэльны плач. Знішчылі і выселілі з Беларусі самых леп-шых гаспадароў, якія цуды рабілі на сваёй зямлі. А на ёй засталіся выпадковыя людзі - зайздроснікі, п`яніцы і гуль-таі. Калектывізацыя стала трагедыяй для сялянства і ўсяго беларускага народа, бо яна вярнула ў вёску рабства і паншчыну" , - падкрэсліў Цвірка , паведамляе БелаПАН
21 верасня 2009 г. (панядзелак) ў сядзібе ТБМ адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым прысвечаная яго новай кнізе паэзіі
Пачатак а 18 гадзіне. Уваход вольны.
Адрас: г. Мінск, вул. Румянцава, 13
Беларусы-ліцвіны ў Маскве ў 1612 годзе
У сувязі з прынятым у Расіі некалькі год таму святам 4 лістапада, якое тлумачыцца расійскімі афіцыйнымі асобамі быццам бы днём вызвалення Расіі ад польскіх акупантаў у 1612 годзе і з няўдалай антыгістарычнай прапагандай гэтага свята (фільм "1612 год"), трэба зрабіць некалькі ўдакладненняў.
Смута
Падзеі 1612 года ў Расіі мелі сваю перадгісторыю. На пачатку XVII стагоддзя ў Расіі распачаўся моцны палітычны крызіс, звязаны са спыненнем дынастыі маскоўскіх цароў, нашчадкаў вялікага князя Івана I Каліты. Апошнім царом з гэтай дынастыі быў сын Івана Жахлівага ~ Фёдар Іванавіч, які памёр у 1598 годзе. Уладу захапіў і загадаў абвясціць сябе царом фактычны кіраўнік Маскоўскай дзяржавы пры цары Фёдары, баярын Барыс Фёдаравіч Гадуноў, брат жонкі Фёдара ~ царыцы Ірыны. Барыс Гадуноў быў дваранскім царом і выклікаў нянавісць баярскай апазіцыі, з якой вёў жорсткую барацьбу. Фактычна з гэтага і пачаўся палітычны крызіс у Расіі, які ў гісторыі меў назву Смута. Баяры не маглі дараваць Барысу Гадунову ўдзел у антыбаярскай палітыцы Івана Жахлівага - у апрычніцтве, а таксама яго паходжанне ад татарскіх выхадцаў з Залатой Арды, а значыць і ніжэйшае за іх становішча ў тагачасным расійскім грамадстве.
У гэты перыяд існавалі планы ўтварэння федэрацыі трох славянскіх дзяржаў Польшчы, БеларускаЛітоўскай дзяржавы і Маскоўскага царства. Яны падтрымліваліся часткай уплывовых колаў Рэчы Паспалітай (польскіх і апалячаных магнатаў), у тым ліку канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам і самім каралём польскім і Вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Вазам. 3 маскоўскага боку план вялікай федэрацыі на чале з Жыгімонтам Вазам падтрымліваўся апазіцыйным маскоўскім баярствам, якое такім чынам хацела пазбавіцца ад Барыса Гадунова, які ўжо разгарнуў антыбаярскія рэпрэсіі супраць Раманавых, Чаркаскіх, Шуйскіх, Сіцкіх, Рапніных і іншых. Такім чынам ; паміж маскоўскім баярствам і кіраўнічай групоўкай у Рэчы Паспалітай існавалі патаемныя сувязі. Пры гэтым кароль Жыгімонт Ваза не адвяргаў план і вайсковай інтэрвенцыі ў Расіі, калі надасца зручная нагода. Са свайго боку, маскоўская баярская апазіцыя выставіла свайго кандыдата на трон, які ўвайшоў у гісторыю як Ілжэдзмітрый I (калі б ўтрымаўся на троне, то быў бы царом Дзмітрыем I). Ратуючы гэтага прэтэндэнта на трон ад арышту тагачаснымі маскоўскімі праваахоўнымі органамі, баярская апазіцыя перакінула яго ў Рэч Паспалітую (пэўны час ён знаходзіўся ў Брагіне, у праваслаўнага магната, князя Адама Вішнявецкага). Гэты чалавек выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана Грознага, які быццам бы ўратаваўся ў 1591 годзе, калі па афіцыйнай версіі хлопчык, царэвіч Дзмітрый быў, забіты.
У Рэчы Паспалітай Ілжэдзмітрыя падтрымалі магнаты і кароль Жыгімонт. 3 аддзеламі польскай, беларускай і ўкраінскай шляхты, запарожскіх і данскіх казакоў Ілжэдзмітырый авалодаў паўднёвай часткай Маскоўскай дзяржавы. На яго бок пераходзілі гараджане, сяляне, дваране і царскія войскі. Ён раздаваў ільготы і прывілеі прадстаўнікам розных пластоў расійскага грамадства (гэта значыць быў "добрым царом"). У чэрвені 1605 года, ужо пасля смерці Барыса Гадунова, Ілжэдзмітрый I заняў Маскву і быў каранаваны як цар Дзмітрый I. Праз год, у траўні 1606 года ён быў забіты змоўшчыкамібаярамі на чале з князем Васілём Іванавічам Шуйскім падчас народнага паўстання ў Маскве, падрыхтаванага гэтымі ж баярамізмоўшчыкамі.
У наступныя гады Рэч Паспалітая падтрымала новага прэтэндэнта на царскі пасад, які ўвайшоў у гісторыю як Ілжэдзмітрый II (бо не ўсе расіяне яго прызналі, і ён быў забіты ў снежні 1610 года, так і не заняўшы царскі пасад у Крамлі).
Паходжанне Ілжэдзмітрыя II даволі цмянае. Па адной версіі ён быў настаўнікам у Шклове, а потым у Магілёве. Падругой - толькі хаваўся на Беларусі, а сам быў з Масквы. Вядомыя расійскія гісторыкі С.М. Салаўёў, М.І. Кастамараў, С.Ф. Платонаў лічылі, што Ілжэдзмітрый II з'явіўся незалежна ад польскіх магнатаў, а быў стаўленнікам расійскіх служылых людзен і казакоў, якія ненавідзелі баярскага цара Васіля Шуйскага, а ліцвінаў і палякаў ён выкарыстоўваў як наёмнікаў у сваім войску. Праўда, савецкія гісторыкі лічылі яго польскай марыянетку, каб, маўляў, заваяваць Маскоўскую дзяржаву. Гэтая версія існуе ў Расіі і цяпер. Новы прэтэндэнт выдаваў сябе за таго ж расійскага царэвіча, а потым цара Дзмітрыя Іванавіча, які быццам бы выратаваўся ў Маскве ў 1606 годзе ("забілі не таго"). У 1607 годзе ён пачаў свой паход на Маскву з Беларусі. Да яго далучыліся дваране, гараджане, шмат сялян і казакоў як да свайго ("добрага") цара. Прыходзілі і аддзелы шляхецкіх дабраахвотнікаў з Беларусі, а таксама Украіны. Пазней далучыліся і аддзелы добраахвотнікаў з польскай шляхты. Так, у жніўні 1607 года да "цара Дзмітрыя" ў Старадуб прыйшоў аддзел мазырскага харунжага (павятовы ганаровы тытул), палкоўніка Язэпа Будзілы з 700 коннікаў. Пры цары стварылася і свая Баярская дума. На пачатку 1608 года Ілжэдзмітрый II заняў Арол, куды да яго збіраліся рэшткі разбітых войскаў "гетмана" Івана Балотнікава і "царэвіча" Пятра, якія былі разбітыя царскімі войскамі Васіля Шуйскага.
Сюды ж у Арол прыйшлі наёмнікі з Украіны пад началам князя Рамана Ражынскага, з Беларусі - атрад Самуіла Тышкевіча і конныя харугвы Аляксандра Лісоўскага.
З Арла Ілжэдзмітрый II рассылаў граматы з ільготамі да насельніцтва, заклікаючы пераходзіць на яго бок. Дваранам раздаваў граматы на маёнткі. Гісторык В.М. Тацішчаў адзначыў, што новы цар даваў "усім сялянам і халопам былую вольнасць, якую ў іх цар Барыс адняў, і тым увесь просты народ да сябе прывабіў".
Да войска самазванца, як яго называлі ў Маскве, далучыліся ўкраінскія і данскія казакі, а таксама казакі, што "хадзілі" па Расіі (з былых сялян і халопаў).
Ужо ў другой палове 1608 года аддзелы Ілжэдзмітрыя II кантралявалі амаль палову тэрыторыі Расіі. Аднак Маскву яму ўзяць не ўдалося, і ён замацаваўся ў сяле Тушына, за 20 кіламетраў ад Масквы (цяпер адзін з раёнаў Масквы). Адсюль і яго мянушка ў Маскве "Тушынскі злодзей". У Тушыне быў сфармаваны паралельны з маскоўскім урад, у склад якога ўвайшлі апазіцыйныя цару Васілю Шуйскаму баяры і дваране, у тым ліку Раманавы, князі Чаркаскія, Трубяцкія, Сіцкія. У Тушына пацягнуліся на службу дваране і баяры, каб атрымаць пасады і маёнткі. У Тушыне быў нават і свой "патрыярх Маскоўскі і ўсяе Расіі" (а ў Маскве сядзеў свой патрыярх). Да "цара Дзмітрыя" ў Тушына прыехала і жонка Марына Мнішак, якая прызнала свайго мужа. Праўда, абвянчалася з ім патаемна, каб не было граху. Патрыярхам у Тушыне зрабілі былога баярына Фёдара Мікітавіча Раманава Філарэта. Ён быў арыштаваны пры Барысе Гадунове, і разам з жонкай пастрыжаны ў манаства. Ілжэдзмітрый I узвёў манаха Філарэта ў сан мітрапаліта ў Растове Вялікім (цяпер раённы цэнтр у Яраслаўскай вобласці). А Ілжэдзмітрый II ужо ў сан патрыярха Маскоўскага. Патрыярх, зразумела, верна служыў тушынскай царскай уладзе.
Дарэчы, афіцыйныя гісторыкі ў царскай Расіі і гісторыкі Рускай Праваслаўнай царквы намагаліся затушоўваць "патрыяршую" кар'еру патрыярха Філарэта, бо менавіта яго сын Міхаіл Фёдаравіч Раманаў быў абраны на земскім саборы 1613 года першым царом з дынастыі Раманавых. А бацька, выходзіць, служыў беларускапольскім акупантам, якія ўзначальвалі не толькі войска Ілжэдзмітрый II. "Палявыя камандзіры"- Ян Пётр Сапега, М. Ражынскі, А. Лісоўскі - кантралявалі і тушынскі ўрад. Некаторыя аўтары нават пісалі, што мітрапаліт (а потым патрыярх) Філарэт служыў акупантам "нехаця", выходзіць згаджаўся на сан мітрапаліта і патрыярха таксама "нехаця". Аднак і былая яго жонка, манахіня, з сынам таксама былі ў тушынскім лагеры, так бы мовіць пад рукой, а не ўцяклі ад акупантаў.
У 1608-1609 гадах становішча ў Маскоўскім царстве было няўстойлівым. Аддзелы тушынцаў рабілі набегі на тэрыторыю, кантраляваную ўрадам цара Васіля Шуйскага, а аддзелы В. Шуйскага на тэрыторыю падкантрольную "цару Дзмітрыю". Асабліва жорстка паводзілі сябе рускія казакі з сялянаў і халопаў, бо ўжо адчулі смак волі і ўсёдазволенасці. Жорстка паводзілі сябе і коннкі з атрадаў беларускага шляхціца Аляксандра Лісоўскага, якія маланкава перамяшчаліся на дзесяткі кіламетраў за дзень і нападалі на ворага знянацку. Аднак Рэч Паспалітая поўнасцю Маскоўскую дзяржаву не кантралявала. Становішча заставалася няпэўным.
Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609-1618 гадоў
У гэтых умовах паступова перавагу атрымлівалі "тушынцы". Смута ў Расіі вяла да разбурэння гарадоў і вёсак, парушэння эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, упадку ўлады. "Тушынскага" цара падтрымлівалі кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза, частка беларускаліцвінскага і польскага войскаў, украінскія і данскія казакі і вялікая маса расійскіх казакоў з былых сялян і халопаў, якія не збіраліся вяртацца пад прыгнёт баяраў і памешчыкаў і асабліва жорстка распраўляліся з імі. Праўда, некаторыя з гэтых казацкіх камандзіраў самі ўжо сталі памешчыкамі.
У такіх умовах цар Васіль Шуйскі, каб толькі захаваць уладу, хацеў заключыць дагавор з Жыгімонтам, але баярская апазіцыя ў Маскве, жадаючы пазбавіцца ад В. Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону сыну караля Жыгімонта, падлетку Уладзіславу з умовай, што новы цар пяройдзе з каталіцтва ў праваслаўе, а ўсе справы ў Маскоўскім царстве цар будзе вырашаць разам з Баярскай думай, а не самастойна.
Сам кароль Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны з Расіяй. Зноўку ўзнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці трэцяга ўдзельніка федэрацыйнай дзяржавы, побач з Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. Пры такім варыянце сам Жыгімонт стаўся бы ўладаром Расіі. Праўда, такі варыянт не задавальняў маскоўскіх баяраў. Але яны ясна далі зразумець, што ад Васіля Шуйскага як ад цара гатовыя адмовіцца. Зачэпкай да пачатку вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было ўвядзенне шведскага корпуса на чале з генералам Я. Дэлагардзі на тэрыторыю Расіі для барацьбы супраць тушынцаў. Паколькі Жыгімонт Ваза быў у стане вайны са Швецыяй, то саюз з яго ворагамі цара Васіля Шуйскага разглядаў як варожы акт, які даваў магчымасць пачаць вайну. Жыгімонт быў раней каралём Швецыі, але быў там пазбаўлены трона на карысць яго дзядзькі, і з 1600 года Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане вайны са Швецыяй.
Кароль Жыгімонт асабіста ўзначаліў войска польскае і літоўскае, што пайшло ў Расію. У склад літоўскага войска ўвайшлі і 12 пяхотных выбранецкіх рот (10 з іх беларускія). Па закліку караля да яго войска далучыліся беларускаліцвінскія, польскія і ўкраінскія аддзелы зпад Тушына.
У верасні 1609 года пачалася аблога Смаленска. Першымі да горада падышлі аддзелы Льва Сапегі, потым польскага гетмана польнага Станіслава Жулкеўскага. Аблогай кіраваў сам кароль, але толькі ў чэрвені 1611 года Смаленск быў узяты.
Бітва пад Клушынам 1610 года
У выніку распаду лагера Ілжэдзмітрыя II (большасць аддзелаў з Рэчы Паспалітай пайшла ў войска караля) тушынскія баяры і дваране не пайшлі на замірэнне з Шуйскім, а накіравалі пасольства пад Смаленск да караля Жыгімонта. У лютым 1610 года гэтыя баяры на чале з тушынскім патрыярхам Філарэтам падпісалі дагавор аб заняцці маскоўскага трону 15гадовым каралевічам Уладзіславам Жыгімонтавічам (як яго ўжо называлі ў Польшчы па беларускім узоры) Паводле дагавору, Уладзіслаў павінен быў кіраваць Расіяй разам з Баярскай думай. Аднак пакуль бацька яго не адпусціў, бо ў Маскве яшчэ сядзеў цар Васіль Шуйскі (а Ілжэдзмітрый II знаходзіўся ў Калузе).
Для заняцця Масквы ўлетку 1610 года было накіравана невялікае войска на чале з гетманам Станіславам Жулкеўскім. Яно складалася з польскіх і беларускіх коннікаў і ўкраінскіх казакоў. Да яго далучыліся і аддзелы былых тушынцаў.
У сувязі з падыходам з Масквы вялікага войска на чале з братам цара, князем Дзмітрыем Шуйскім, адным з бяздарных расійскіх палкаводцаў, С. Жулкеўскаму прыйшлося падзяліць сваё войска на дзве часткі. Адна былыя тушынцы (польскія і ліцвінскія аддзелы), да 7 тысяч чалавек - блакавала расійскія аддзелы ваяводаў Г. Валуева і Д. Ялецкага ля Царова Займішча (на поўдзень ад Гжацка, цяпер горад Гагарын ва ўсходняй Смаленшчыне), а сам з конным войскам на чале 6500 чалавек рушыў на 35тысячнае войска князя Дзмітрыя Шуйскага, якое знаходзілася ля сяла Клушына, на поўнач ад Гжацка (дарэчы месца нараджэння першага савецкага касманаўта Юрыя Гагарына).
У войску Дз. Шуйскага налічвалася 30 тысяч дваранскай конніцы і 5 тысяч пяхоты, наёмнікаў шведаў, французаў і немцаў. Апошнія былі незадаволены Шуйскім, бо ён ім не выплаціў грошай за службу (а ў такім выпадку жаўнеры не ваявалі, бо бясплатна гінуць не хацелі). Шуйскі проста хацеў "зэканоміць" і выплаціць грошы ўжо пасля бітвы, калі наёмнікаў застанецца менш.
(Працяг у наст. нумары.)
Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ