Папярэдняя старонка: 2009

№ 40 (931) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 40 (931) 7 КАСТРЫЧНІКА 2009 г.


ІОСІФУ СЯРЭДЗІЧУ - 60

Іосіф Паўлавіч СЯРЭДЗІЧ нарадзіўся 1 кастрычніка 1949 года ў в.Забараўцы Пінскага раёна. Пасля школы ўладкаваўся ў рэдакцыю ганцавіцкай раённай газеты, паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. З 3-га курса перавёўся на стацыянар, хутка быў прыняты ў штат "Сельской газеты". З 1982 па 1990 год працаваў у "Советской Белоруссии» на пасадах ад загадчыка аддзела да першага намесніка галоўнага рэдактара. У перыяд з 1984 па 1986 год вучыўся ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у Маскве. У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання па Пінскай выбарчай акрузе №133. Стаўшы дэпутатам, ініцыяваў выданне парламенцкай "Народнай газеты". На яе старонках накладам каля 700.000 асобнікаў узнімаліся вострыя пытанні, з-за чаго ўзнік канфлікт з уладай. У 1995 годзе сваім указам Прэзідэнт вызваліў Іосіфа Сярэдзіча з пасады. У гэтым жа годзе заснаваў уласную газету і даў ёй назву "Народная Воля". З гэтага часу Іосіф Сярэдзіч - рэдактар самай уплывовай незалежнай газеты Беларусі. Лёс "Народнай Волі", лёс Іосіфа Сярэдзіча і лёс Беларусі на доўгія гады сталі неразлучнымі. Спадар Іосіф сябар ТБМ, як і ўся рэдакцыя "Народнай Волі".


480 гадоў назад уведзены ў дзеянне Статут ВКЛ 1529 г.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529, Першы Статут, звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст. Падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясц. звычаёвага права, пастаноў судовых і дзярж. устаноў, Судзебніка 1468, прывілеяў. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А. Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў складанні і рэдагаванні Статута прымаў удзел Ф. Скарына). Пры распрацоўцы Статута 1529 упершыню вырашаны шэраг складаных тэарэтычных і практычных задач: выпрацавана сістэма і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыповыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзярж., адм., грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш. галін права. Складальнікі Статута не прытрымліваліся сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, а выпрацоўвалі сваю. У яе аснове закладзены новыя прынцыпы: суве-рэннасць дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінства права, прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спец. нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам. Гэтыя нормы былі не выключэннем, а састаўной часткай у сістэме Статута 1529, хоць і супярэчылі яго асн. прынцыпам.

Статут уведзены ў дзеянне 29.9.1529 . Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Пазней у яго ўнесены дапаўненні, у выніку колькасць артыкулаў павялічылася да 283. У 1-3-м раздзелах змешчаны ў асн. нормы дзярж. права і прынцыповыя палажэнні інш. галін права, у 4-м і 5-м - шлюбна-сямейнае, апякунскае і спадчыннае, у 6-м - судова-працэсуальнае, у 7-м - крымінальнае, у 8-м - зямельнае, у 9-м - лясное і паляўнічае, у 10-м - цывільнае, у 11-13-м - крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае права. У статуце 1529 юрыдычна замацаваны асновы грамадскага і дзярж. ладу, прававое становішча класаў, саслоўяў і сац. груп насельніцтва, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых органаў дзярж. кіравання і суда. Абвяшчалася правіла, паводле якога ўсе асобы, «як убогія, так і багатыя», павінны былі судзіцца паводле норм, выкладзеных у Статуце. Вял. князь абавязаўся захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы, не дапускаць чужаземцаў на дзярж. пасады ВКЛ, не даваць ім маёнткаў, не адбіраць у мясц. феадалаў пасады і маёмасці без суда, прытрымлівацца ўсіх старых законаў і звычаяў. Асаблівая ўвага ў Статуце аддавалася судова-працэсуальнаму праву.


ПРЫНЯТА НА РАДЗЕ ТБМ

Зварот да Кіраўніка беларускай дзяржавы з прапановай уключыць на разгляд парламента змены ў Закон аб мовах

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

У сувязі з нездавальняючым станам заканадаўства ў галіне моў прапануем Вам уключыць у парадак працы парламента ў гэтым годзе разгляд зменаў у "Закон аб мовах".

Па просьбе Цэнтра па заканадаўчай дзейнасці Таварыства беларускай мовы даслала свае прапановы па гэтым пытанні. Спадзяёмся, што яны будуць улічаны пры абмеркаванні і заканадаўчым зацвярджэнні новых зменаў.

Прынята Рэспубліканскай Радай ТБМ 01.10.09 г.


Зварот да Кіраўніка беларускай дзяржавы пра абвяшчэнне 2010 года Годам роднай мовы

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Грамадскасць нашай краіны з ухвалай сустрэла вестку пра абвяшчэнне 2009 года Годам роднай зямлі. Аднак неаднаразова ўжо гучалі словы пра тое, што родная зямля без роднай мовы - гэта пустыня без гаючай вады. І на самай справе, нельга ўявіць сучасную заможную Беларусь без мовы продкаў.

Сябры Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца да Вас з прапановай абвясціць 2010 год Годам беларускай мовы ў нашай краіне . Тым самым мы падтрымліваем рашэнне Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", якое прагучала на з'ездзе. Мы лічым, што такое рашэнне прадэманструе ўсім паважлівае стаўленне кіраўніцтва краіны да сваёй гісторыі і культуры і паспрыяе кансалідацыі нашага грамадства ў эпоху пераўтварэнняў.

Прынята Рэспубліканскай Радай ТБМ 01.10.09 г.


Зварот да грамадзян Беларусі з нагоды Перапісу насельніцтва

Шаноўнае спадарства!

У кастрычніку 2009 года ў нашай краіне пройдзе чарговы Перапіс насельніцтва. Адным з пытанняў будзе пытанне пра вызначэнне Вашай роднай мовы.

Гэтым разам арганізатары Перапісу бяруцца тлумачыць, што такое "родная мова", называючы ёй "мову, засвоеную першай у раннім дзяцінстве". Гэта толькі адно з існуючых азначэнняў "роднай мовы", але не абавязковае. Нярэдка людзі называюць "роднай" мову нацыі, мову свайго народа.

Запаўняючы перапісныя лісты, Вы маеце магчымасць самастойна вызначаць Вашу родную мову. Указанне падчас перапісу беларускай мовы ў якасці роднай - гэта адзін з відаў яе падтрымкі. Такая падтрымка ёй цяпер вельмі патрэбна. Выкарыстайце магчымасць падтрымаць мову, якая зрабіла нас самабытнымі ў свеце.

Дзесяць гадоў таму грамадзяне Рэспублікі Беларусь перад усім светам зазначылі: беларусы ведаюць і паважаюць дзяржаўную беларускую мову. Пацвердзім вернасць сваім продкам у Год роднай зямлі!

У будучыню маем ісці з беларускай мовай!

Прынята Рэспубліканскай Радай ТБМ 01.10.09 г.


Ці будзе працяг?

Пробная версія адмысловай праграмы прайшла ў эфіры «Нашего утра». Вялі праграму спявак Андрусь Такінданг ды намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім .

Падводка была наступная. Вядовец Валеры Кашчэеў казаў, што згодна з даследаваннямі Інфармацыйна‑аналітычнага інстытута пры Адміністрацыі прэзідэнта, па‑беларуску пастаянна гавораць 12% насельніцтва.

- Натуральна, - дадавала Люся Лушчык, - большасць гаворыць па‑руску, значны працэнт - ужываючы беларускія і рускія словы».

- А ці ведаеце вы, што такое ровар? - пытаўся спадар Кашчэеў - і пачыналася перадача Андрэя Такінданга.

Спявак глядзіцца ў кадры стыльна і натуральна. Ён патлумачыў, што азначаюць словы ровар і імбрычак (праўда, чамусьці напісалі ровэр , але там таксама вялося і пра англійскую марку машыны), потым спадарыня Алена Анісім распавяла, дзе і калі гэтыя словы ўжываюцца.

Перадача пакінула пазітыўнае ўражанне, магчыма, і дзякуючы харызме і нязмушанасці сп. Такінданга, але што далей? Ці адважыцца АНТ, самы рускамоўны тэлеканал Беларусі, на сталае размяшчэнне ў эфіры такой перадачы?

Наш кар.

На здымку: А Такінданг, які, магчыма, будзе вучыць беларусаў размаўляць па-беларуску.


Вялікаму сябру Беларусі Дзмітру Паўлычку - 80

Дзмітро Паўлычка нарадзіўся 28 верасня 1929 года ў сяле Стопчатыў Івана-Франкоўскай вобласці. Скончыў Львоўскі ўніверсітэт. Працаваў галоўным рэдактарам часопіса "Всесвiт", сакратаром кіравання Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Адзін з заснавальнікаў Народнага Руху Ўкраіны. Народны дэпутат Украіны 12-га склікання. Аўтар зборнікаў "Каханне і нянавісць", "Мая зямля", "Днина", "Рубаі". Многія яго вершы пакладзеныя на музыку. Напісаў сцэнары да фільмаў "Сон", "Захар Беркут"; літаратурна-крытычныя артыкулы; перакладаў творы ангельскіх, іспанскіх і польскіх аўтараў.

Дзмітро Васільевіч узнагароджаны ордэнамі Працоўнага чырвонага сцяга, Дружбы народаў, "Знак Пашаны", ордэнамі "За заслугі" трэцяй ступені і князя Яраслава Мудрага пятой ступені. Герой Украіны, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, мае дыпламатычны ранг амбасадара Ўкраіны (быў амбасадарам у Польшчы і Славакіі).

ДЗВЕ ДЗЯРЖАЎНЫЯ МОВЫ

Я знаю дзесяць моў, ды за адну, за тую,

Што роднай Украіне вольны дух дае,

За мову, што ад рабства нас усіх ратуе,

Як баявік, памру, баронячы яе!


Бо мова - гэта дзея думкі багатворнай,

Бо слова - гэта зерне з сілаю святой.

Маскоўскія імперскія цяжкія жорны

Малолі нас, каб дух усмерціць нематой.


Я вам скажу, братове, пры святле Аранты,

Што з дзвюх дзяржаўных моў -

дарога ў смерць адна;

Нас вынішчаць рабы, яны - як акупанты,

Бо супраць роднай мовы іхная вайна.

Пярэварацень піша ў нас універсалы,

Чужою мовай піша ўказы дабрадзей.

Ён прагне, каб яго за гэта шанавалі,

Што двух'языкі й гнуткі ён, няйначай змей.


Братэрства, дружба, чэсць і роўнасць -

ні да чога!

Патопча ўсё й паб'е шавіністычны шал…

У скрутны час прашу я Пушкіна й Талстога

Прыйсці і вырваць

з рук дзвюхмоўнасці кінжал!

Пераклаў з украінскай мовы Генадзь Тумаш.

Дзмітро Паўлычка


Назаві беларускую мову роднай!

Шаноўныя сябры!

Праз некалькі дзён у нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, адным з пунктаў якога будзе пытанне пра Вашую родную мову. Мы ведаем, што большасць з Вас шануе беларускую мову і падтрымлівае пашырэнне яе ўжывання ў грамадскім жыцці.

Беларуская мова - гэта неад'емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага еўрапейскага народу. Вынікамі перапісу насельніцтва мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы з'яўляемся паўнавартаснай нацыяй, годнай цікавасці і павагі з боку іншых нацый свету.

Адказ "беларуская" на пытанні перапісчыкаў аб роднай мове і мове штодзённага ўжытку мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам "беларуская" вы станоўча паўплываеце на яе.

Будзем жа памятаць пра гэта, адказваючы на пытанні перапісчыкаў! Падтрымаем наш нацыянальны скарб - мову нашых продкаў, якая нас усіх аб'ядноўвае і робіць унікальнымі.

Будзьма з мовай!

Радзім Гарэцкі , акадэмік НАН Беларусі, грамадскі дзяяч;

Рыгор Барадулін , Народны паэт Беларусі;

Ніл Гілевіч , Народны паэт Беларусі;

Генадзь Бураўкін , паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі;

Анатоль Грыцкевіч , прафесар, доктар гістарычных навук;

Уладзімір Арлоў , пісьменнік;

Алена Макоўская , кіраўнік МГА "Згурта-ванне беларусаў свету "Бацькаўшчына";

Ніна Шыдлоўская , старшыня Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына";

Алесь Пашкевіч , старшыня ГА "Саюз бела-рускіх пісьменнікаў";

Андрэй Хадановіч , старшыня ГА "Беларускі ПЭН-цэнтар";

Алег Трусаў , старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны";

Антон Астаповіч , старшыня ГА "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры";

Зміцер Рагачоў , старшыня МГА "Гісторыка";

Андрэй Дынько , шэф-рэдактар газеты «Наша Ніва»;

Андрэй Скурко , галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва";

Валеры Булгакаў , рэдактар часопіса "Arche";

Барыс Пятровіч , рэдактар літаратурнага часопіса "Дзеяслоў";

Артур Клінаў , рэдактар культурнага альманаха "pARTISAN";

Віталь Супрановіч , кіраўнік "БМА group";

Аляксей Марачкін , кіраўнік творчай суполкі "Пагоня" пры Беларускім саюзе мастакоў;

Міхал Мілашэўскі , кіраўнік Незалежнай тэлестудыі "Брэнтстар";

Віталь Броўка , прадзюсар, арт-дырэктар;

Сяргей Будкін , каардынатар музычнага парталу «Тузін гітоў»;

Зміцер Вайцюшкевіч , спявак, кампазітар;

Алесь Камоцкі , спявак, паэт;

Кася Камоцкая , спявачка;

Віктар Шалкевіч , спявак, актор;

Зміцер Бартосік , спявак, пісьменнік, журна-ліст;

Таццяна Беланогая , спявачка;

Руся , спявачка, "Рок-князёўна 2006";

Святлана Зелянкоўская , актрыса;

Юры Цыбін , прадзюсар, паэт;

Міхал Анемпадыстаў , дызайнер, паэт;

Зміцер Падбярэзскі , музычны крытык;

Глеб Лабадзенка , паэт, журналіст;

Ігар Лялькоў , гісторык;

Юры Жыгамонт , актор, тэлевядовец;

Севярын Квяткоўскі , літаратар;

Лявон Вольскі , лідар гурту "NRM";

Ян Маўзэр , лідар гурту "tav. Mauzer";

Піт Паўлаў , лідар гурту "GARADZKIJA";

Алекс Дэвід , лідар гурту "Atlantica";

Слава Корань , лідар гурту "Ulis";

Аляксандар Ракавец і гурт "IQ-48";

Ігар Варашкевіч , лідар гурту "Крама";

Алег Хаменка і гурт "Палац" ;

Святлана Бень , лідар гурту "Серебряная Свадьба";

Андрусь Такінданг і гурт "Recha";

Ганна Хітрык і гурт "Дети Детей";

Зміцер Басік , лідар гурту "VICIOUS CRUSADE"

Зміцер Сасноўскі , лідар гурту "Стары Ольса".


Беларуская сістэма стэнаграфіі

27 верасня 2009 года на паседжанні Рэспубліканскай Рады ТБМ у Менску быў прэзентаваны першы ў гісторыі навучальны дапаможнік па стэнаграфіі на беларускай мове. Аўтар Станіслаў Суднік. Навуковы рэдактар доктар філалагічных навук, прафесар Павел Сцяцко. 224 ст. 250 асобнікаў.

Гэты навучальны дапаможнік стаўся вынікам нарады на кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, якая адбылася пад старшынствам доктара філала-гічных навук, прафесара Паўла Сцяцко ў па-чатку 2004 года.

На нарадзе канстатавана, што без беларускай сістэмы стэнаграфіі беларуская лінгвістычная сістэма няпоўная, і разгледжана пытанне пра яе неабходнасць і актуальнасць. Было вырашана новую сістэму стэнаграфіі не ствараць, а прыстасаваць да беларускай мовы добра распрацаваную і эфектыўную сістэму М.М. Сакалова, якая ляжала ў аснове адзінай сістэмы стэнаграфіі СССР і ляжыць у аснове рускамоўнай сістэмы стэнаграфіі Беларусі.

У ходзе працы над беларускай сістэмай стэнаграфіі былі прааналізаваныя Адзіная сістэма стэнаграфіі СССР, адна з сістэм стэнаграфіі Расіі, сістэма стэнаграфіі Польшчы. Быў зроблены запыт у Акадэмію навук Украіны і атрыманы адказ, што ўкраінскай сістэмы стэнаграфіі не існуе.

Падчас працы рэалізоўваліся два асноў-ныя прынцыпы:

1) як мага больш ашчадна падысці да сістэмы Сакалова;

2) як мага больш поўна ўлічыць асаблі-васці беларускай лінгвістычнай сістэмы.

Распрацаваная сістэма - вынік кампра-місу паміж гэтымі двума прынцыпамі.

Выпрацаваная сістэма на працягу трох гадоў праходзіла апрабацыю ў Лідскім каледжы, у выніку апрабацыі была праведзена даводка сістэмы і пацверджана яе лагічнасць і завершанасць. У дапаможніку ўлічаны таксама досведы сямігадовага выкладання аўтарам рускай сістэмы ў іншых навучальных установах, а таксама правядзення аглядных заняткаў па польскай сістэме.

Беларуская сістэма стэнаграфіі дазваляе дасягаць тых жа паказчыкаў хуткасці і чытабельнасці, як і руская.У кожным канкрэтным выпадку гэтыя паказчыкі залежаць выключна ад досведу і навыкаў канкрэтнага стэнаграфіста.

Што такое стэнаграфія?

Даведка

Стэнаграфія - гэта хуткапіс асаблівымі знакамі, такімі кароткімі, што імі можна запісаць жывую мову. У кнігу рэкордаў Гінэса ўнесены паказчык максімальна дасягнутай хуткасці стэнаграфіі - 173 словы ў хвіліну.

Тэрмін паходзіць ад грэчаскіх словаў stenos - вузкі і grapho - пішу .

Яшчэ ў старажытным Егіпце было заўважана: час, які ідзе на стварэнне іерогліфа, значна большы, чым той, што ідзе на вымаўленне слова. Таму яшчэ ў Егіпце пачалі выкарыстоў-ваць спрошчаныя іерогліфы, каб наблізіць тэмп пісьма да хуткасці маўлення.

Далейшае развіццё хуткапісу адбываецца ў Грэцыі і Рыме. Аўтарам старажытнага рым-скага хуткаснага пісьма лічыцца Тырон.

Лацінскі хуткапіс называўся "тырона-вымі нотамі" ( nota - па латыні - знак ).

Сам тэрмін "Стэнаграфія" ўведзены ў Англіі ў 1602 г. Дж. Уілісам. Да ХVІІ ст. існавала да 3000 розных знакаў. Затым пайшлі працэсы скарачэння іх колькасці.

У кірыліцкім пісьме элементы хуткапісу ўжываліся ледзь не ад моманту яго ўзнікнення.

Адна з першых кнігаў па рускай стэна-графіі выйшла ў 1820 г. у Пецярбургу. Называ-лася яна "Графодрамия или Искусство скоро-писи", аўтар М.А. Корф.

У 1858 г. выйшла кніга М.І. Іваніна "О стенографии и применении её к русскому язы-ку". У 1860 г. сістэма Іваніна была апрабавана на практыцы.

М.М. Сакалоў на аснове тэарэтычнага і практычнага параўнання сямі лепшых сістэм стэнаграфіі ўдасканаліў рускую сістэму. Яго метад заснаваны на вывучэнні біяхімічных заканамернасцяў пісьма з улікам частотнасці літар і марфемаў ў звычайным пісьме.

Да расійскіх рэвалюцый 1917 года веданне стэнаграфіі прыраўноўвалася да ведання замежнай мовы.

У 1933 годзе савецкім урадам было прынята рашэнне аб дзяржаўнай адзінай сістэме стэнаграфіі. Яе вучылі ў школах і ВНУ. У пасляваенныя гады савецкая адзіная сістэма стэнаграфіі была распаўсюджана на большасць краінаў сацыялістычнага лагеру. У 1976 годзе сістэма Сакалова была прынята ў Польшчы.

Пасля вайны 1939-1945 гг. стэнаграфію, як правіла, выкладалі на курсах, у прыватнасці пры дамах афіцэраў, а таксама на завочных курсах.

У СССР адзіная сістэма існавала да 1991 г. Пасля распаду СССР у новых самастойных краінах стэнаграфія пайшла сваімі шляхамі.

Заканадаўцамі моды ў Беларусі сталі спецыялісты блізкія да БДУ і ў першую чаргу Ніна Іванаўна Круглова. У аснове беларускай рускамоўнай сістэмы стэнаграфіі ляжыць усё тая ж сістэма Сакалова.

У канцы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя для запісу беларускамоўных тэкстаў прымя-нялася руская сістэма стэнаграфіі.

Уласна беларуская сістэма стэнаграфіі на аснове сістэмы Сакалова выкладаецца ў Беларусі з 2004 года.


Банкаматы «Прыёрбанка» беларусізуюцца

Банк па ініціатыве Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, распрацоўвае праграмнае забеспячэнне па-беларуску.

Паводле словаў старшыні ТБМ Алега Трусава, актывісты заўважылі, што ў банкаматах і плацёжна-даведачных тэрміналах «Прыёрбанка» можна карыстацца расійскай і англійскай мовамі, але немагчыма беларускай.

«Мы звярнуліся з лістом да старшыні праўдлення банка Сергея Касцючэнкі і атрымалі станоўчы адказ. Праз некаторы час у банкаматах і плацёжна-даведачных тэрміналах «Прыёрбанка» будзе ўсталяванае праграмнае забеспячэнне на беларускай мове», - сказаў Трусаў.

Ён адзначыў, што па ініцыятыве ТБМ банкаматы шэрагу банкаў, у тым ліку «Беларусбанка», ужо не першы год працуюць з выкарыстаннем беларускай мовы.

Паводле БЕЛАПАН.


Першы Тышкевіцкі пленэр у Лагойску

25 верасня на базе Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў адбылася знакавая падзея, якая не магла застацца па-за ўвагай жыхароў нашага горада, першы Тышкевіцкі пленэр, на які ў якасці ўдзельнікаў былі запрошаны вучні ўсіх школ раёна (у тым ліку дзіцячых школ мастацтваў г. Лагойска і г. п. Плешчаніцы), навучэнцы Менскай гімназіікаледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка і Менскай дзяржаўнай мастацкай навучальні імя А.К. Глебава. Арганізатары мерапрыемства мелі на мэце выклікаць у таленавітых дзяцей і моладзі цікавасць да гісторыі роднага краю, прывіць любоў да яго непаўторных мясцін.

Пасля кароткага ўступнага слова арганізатараў мерапрыемства - дырэктара музея С.І. Жыгуновай і выкладчыка выяўленчага мастацтва Лагойскай СШ №1 Ніканюк А.М. - ўдзельнікі пленэру раздзяліліся на дзве групы, адна з якіх (школьнікі) накіравалася на экскурсію па зале, прысвечанай жыццю і дзейнасці братоў К. і Я. Тышкевічаў, а другая (навучэнцы гімназіікаледжа і навучальні) - па Тышкевіцкіх мясцінах у Лагойску (паглядзелі на рэшткі велічнага палаца, у якім калісьці размяшчаўся першы на Беларусі музей, зазірнулі ў самыя глыбіні парка і, як людзі творчыя, з багатай фантазіяй, не пакінулі паза ўвагай самага старога яго жыхара - двухсотгадовую вярбу, якая перажыла войны і ліхалецці, сваімі галінамі даўшы жыццё новым дрэвам. Азнаёміліся навучэнцы і з гісторыяй Лагойскіх храмаў, у прыватнасці, адзінага ацалелага з часоў Тышкевічаў царквы Св. Мікалая, якая таксама стала цэнтральным вобразам многіх работ.)

Абедзве групы размясціліся па маляўнічых берагах р. Гайна і на працягу дзвюх гадзін стваралі свае (не пабаімся гэтага слова) шэдэўры. Яшчэ ніколі жыхары нашага горада не бачылі тут такой колькасці (69 удзельнікаў) юных мастакоў (дарэчы, усе работы будуць захоўвацца ў фондах музея).

Для падвядзення вынікаў усе работы былі перанесены ў Лагойскі музей, дзе з імі пасля змаглі азнаёміцца ўсе ўдзельнікі пленэру. Нялёгкая задача стаяла перад журы, у склад якога ўваходзілі настаўнікі выяўленчага мастацтва са школ г. Лагойска, выкладчыкі гімназіікаледжа імя Ахрэмчыка і мастацкай навучальні імя Глебава.

Нарэшце пачалася самая хвалюючая частка мерапрыемства - узнагароджанне пераможцаў, якое праводзілася ў зале, прысвечанай жыццю і дзейнасці братоў Тышкевічаў. У малодшай узроставай катэгорыі (да 13 год) пераможцай стала Дышлевіч Анастасія з САШ №1, ІІ месца заваяваў Яцкевіч Павел з той жа школы. Ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 16 год І месца атрымала Акуліч Крысціна з дзіцячай школы мастацтваў г. Лагойска, ІІ месца - Баталка Валерыя (ДШМ г. Лагойска), ІІІ месца - Гілевіч Ганна (ДШМ г. Лагойска) і Нікалаенка Арцём (САШ в. Акалова). Усе астатнія школьнікі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў пленэру і значкамі з гербам г. Лагойска. Сярод навучэнцаў гімназіікаледжа і навучальні І месца атрымаў Богдан Вадзім (МДМВ імя Ахрэмчыка) за карціну "Дзівосны горад на рацэ", ІІ месца - Уладзімір Сайко (МДМВ імя Ахрэмчыка) за карціну "Краявід з царквой", ІІІ месца - Іванясеня Кацярына (МДМВ імя Ахрэмчыка). Усе астатнія ўдзельнікі ўзнагароджаны памятнымі значкамі. Завяршылася мерапрыемства калектыўным частаваннем пірагамі з надпісам "Тышкевіцкі пленэр".

Арганізатары мерапрыемства выказваюць шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам пленэру.

Старшы навуковы супрацоўнік Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў

Д.В. Рамадзіна.


Памёр журналіст Альгерд Невяроўскі

1 кастрычніка 2009 году ў Беластоцкім шпіталі ў выніку затрымкі дзейнасці сэрца пасля ранейшага інфаркту ва ўзросце сарака гадоў памёр журналіст Альгерд Невяроўскі.

Альгерд нарадзіўся 19 жніўня 1969-га года ў Менску. У 1995 годзе закончыў гістарычнае аддзяленне Каталіцкага ўніверсітэта імя Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве са званнем магістра. З таго часу працаваў у асноўным журналістам. Два гады ў газеце «Наша слова», затым у газеце «Свабода». Супрацоўнічаў у якасці карэспандэнта з расейскай газетай «Камерсант». Цягам сямі гадоў, да 2005 году, быў карэспандэнтам польскай рэдакцыі радыё Бі-Бі-Сі. Працяглы час, з 1996-га па 2007 год, быў карэспандэнтам Радыё Свабода ў Менску, на якім гучалі яго каментары, нарысы і паведамленні са сферы палітычнага, рэлігійнага і грамадскага жыцця. З 2007 году жыў і працаваў журналістам Радыё Рацыя ў Беластоку. Ён шмат часу праводзіў на працоўным месцы, шукаючы тэмаў, абмяркоўваў новыя задумы, клапаціўся аб якасці праграмы Радыё Рацыя, з якім быў моцна эмацыйна звязаны.

Спыненне працы сэрца ва ўзросце 40 гадоў у выпадку жыццярадаснага чалавека была шокам для сваякоў і сяброў па працы. Альгерд асіраціў дваіх дзяцей: 14-гадовую дачку Івону і 13-гадовага сына Часлава.

Выказваем словы спачування блізкім Альгерда, падзяляючы з імі гэтае вялікае гора.

Вечная яму памяць!


Nokia прапануе тэлефоны з беларускай мовай меню

На айчынным рынку з'явіліся мабільныя тэлефоны Nokia з беларускай лакалізацыяй. Існаванне такіх мадэлей карэспандэнту пацвердзілі ў кампаніі Nokia.

На гэты момант вядома, што беларуская лакалізацыя ёсць у мадэлей 5030 і 1661. Поўны пералік апаратаў, для якіх прапанавана лакалізацыя, як чакаецца, будзе зроблены пазней.

Адной з перадумоў такога зруху ў моўнай палітыцы Nokia з'яўляецца двухгадовая праца ТБМ з гэтай кампаніяй.


Чакаем вашы прапановы

Шаноўныя сябры ТБМ!

Нядаўна мы з вамі адзначылі 20-я ўгодкі легальнага існавання ТБМ. Карыстаючыся выпадкам, я выказваю шчырую падзяку ўсім, хто павіншаваў нас з гэтым святам, як грамадзян Беларусі, так і іншых краін. Зараз трэба рыхтавацца да наступнага года працы.

Просім усіх тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў даслаць на рахунак ТБМ сяброўскія складкі за гэты год (адпаведны бланк мы друкуем).

Да 15 снежня перашліце свае прапановы для ўключэння ў план работы ТБМ на наступны год. Дзякуючы нашым намаганням, напрыканцы верасня з'явіўся ў продажы беларускамоўны адрыўны каляндар "Родны край". Усе ахвотныя могуць набыць яго ў краме "Акадэмкніга" (Менск), таксама ён ёсць і ў сядзібе ТБМ і іншых месцах.

Таму за працу, сябры.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Звяры пад доглядам чалавека

4 кастрычніка - Міжнародны дзень жывёл

Дух прэрыяў, індыйскіх вігвамаў, далёкіх падарожжаў напаўняе ўражлівыя душы дзяцей, наведвальнікаў Менскага заапарку. На гарыстых схілах і пад дрэвамі яны бачаць цароў прыроды ільвоў з рудымі грывамі, якія мірна дрэмлюць у сваіх логавах, рысяў, тыграў і ваўкоў, самі на хвіліны ператвараюцца ў каўбоеў, асядлаўшы белых коней з доўгімі касмылямі. Далей адкрываюцца пляцоўкі з даўганогімі страўсамі, вярблюдамі. Марскія коцікі ныраюць у ваду, зрэдку паказваючы бліскучыя спіны.

У Беларусі за апошнія 20 гадоў створаны шэсць заалагічных паркаў, якія маюць статус прыродаахоўных, жывёлаабарончых, асветніцкіх аб'ектаў. У Менскім заапарку жыве 2300 хрыбетных жывёл, якія належаць да 270 відаў і 15 відаў бесхрыбетных.

Сталічны заапарк быў адчынены ў жніўні 1984 года, у дзень гадавіны заснавання Менскага аўтазавода. Яго фундатарам стаў ветэран аўтазавода Фёдар Ідэлевіч Рэўзін, таленавіты вынаходнік, пісьменнікнатураліст. Яго апошняя кніга "Шэры воўк вярнуўся да людзей" была надрукавана ў 1999 годзе ў Ізраілі і прысвечана беларускай прыродзе.

Фёдар Рэўзін каля трыццаці гадоў быў старшынём клуба аматараў прыроды МАЗа.

Аднойчы ён убачыў стары дуб, вырваны з карэннем на месцы будоўлі. Тыдзень дрэва праляжала на сырой восеньскай зямлі. Даведаўшыся пра гэта Фёдар падагнаў паўпрычэп, на якім перавозілі цяжкія танкі, даставіў дрэва ў горад. Жыццё старажытнага асілка працягнулася на новым месцы. Першы год паіла волата з дубровы палівачная машына.

Каржакаваты няўломак ажыў і праз некалькі год абсыпаў зямлю моцнымі бліскучымі жалудамі. Цяпер казачны дуб служыць укрыццём для птушак.

У 1987 годзе быў падрыхтаваны праект развіцця заасада. Часовыя дамкі і вальеры, пабудаваныя ў 1984 годзе, меркавалася замяніць новымі, што і было з часам выдатна зроблена. Але нават і ў тыя часы, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці, паспяхова ўтрымліваліся і распаўсюджваліся такія віды жывёл, як рысі, бурыя мядзведзі, шыншылы, стэпавыя арлы. Даследаваўшы тэрыторыю, якая пралягае ў пойме ракі Свіслач, арнітолагі параілі аддаць перавагу вадаплаўным птушкам. Старое русла і ручай аблюбавалі лебедзі-шыпуны, шэрыя гусі, канадскія казаркі, чырвонагаловыя ныркі, чаротаўніцы і цэлая процьма пярнатага свету. Тут заўсёды аказвалася дапамога дзікім жывёлам, якія патрапілі ў нядолю. Кожную зіму з тых пор заасад прытульваў розныя віды драпежных і капытных жывёл, якім была патрэбна ветэрынарная дапамога.

У 1993 годзе гарадскія ўлады пайшлі насустрач заапарку і выдаткавалі сродкі на будаўніцтва за кошт фонду аховы прыроды Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. У 1997 годдзе заасад атрымаў статус прадпрыемства "Менскі заапарк", і тэрыторыя яго пашарылася.

У тым жа годзе Менскі заапарк стаў сябрам Еўраазіяцкай рэгіянальнай асацыяцыі заапаркаў і акварыюмаў, у якую ўваходзяць каля 50 заапаркаў, цэнтраў абароны жывёлаў з Чэхіі, Балтыі, краін СНД, Расіі, прымае ўдзел у міжнародных праграмах па захаванні рэдкіх відаў жывёл.

У 2001 годзе горад зарэзерваваў пад пашырэнне заапарку тэрыторыю ў 42 гектары. Другая чарга рэканструкцыі пашырыць экспазіцыйны комплекс для ўтрымання прадстаўнікоў фаўны Паўднёвай Амерыкі. Трапічны павільён вышынёй ў 14 метраў дазволіць наведвальнікам паглыбляцца ў вільготную атмасферу джунгляў.

Сям'я пушчанскіх волатаў

Каля вальера з самымі магутнымі насельнікамі ўдалося атрымаць цікавую інфармацыю. На Беларусі зараз на волі жыве 565 зуброў, якія ствараюць 8 папуляцый. Старэйшыя з іх памятаюць грандыёзныя палацы, асвечаныя сонечным золатам, усю раскошу лясных аранжарэяў, гіганцкія шматпавярховыя залы з калонамі векавых ствалоў Белавежы.

У 1919 годзе зубры на волі былі знішчаныя і захаваліся толькі ў заапарках, з гэтага яны працягнулі свой каралеўскі род.

У Менскім заапарку жыве сям'я з чатырох зуброў. Даваць імёны гэтым велічным магутным жывёлам, з вялізарнымі грывамі, ціхай стоенай, павольнай сілай прынята з літары назвы краіны. Таму менскіх волатаў назвалі Барон і Барышня, Барчонак і Бусінка. Два зубраняткі нарадзіліся тут, на водах Свіслачы. Гараджане выбіралі імёны ім адпаведна конкурсу. Каля вальера з пушчанскімі асілкамі натоўп народу. Маладзенькая матуля смела ласуе бацькузубра морквінамі ды капустай, а дзеці дзівяцца з яго моцы і спакою.

Двухгорбы вярблюд Хан быў падораны заапарку артысткайдрэсіроўшчыцай Тэрэзай Дуравай ў 80тыя гады. Прыгажун выступаў на арэне цырку, пакуль у яго не здарыўся рэўматызм. Тады цыркавую кар'еру прыйшлося спыніць і перабрацца ў заасад. Новую пару маладых вярблюдаў наведвальнікі назвалі Каракум і Сахара, ад іх чакаюць прыплоду.

Дзіку Хрушы амаль дваццаць гадоў. Калісьці яго паілі з бутэлечкі, а цяпер ён адчайны вяпрук з ікламі. Здавалася б, век яго рухаецца да старасці. Але як толькі ў вальер да яго патрапілі маленькія асірацелыя парсючкі, ён падбадзёрыўся, узяў іх пад апеку.

Дзеці і звераняты

Пра тое, хто даглядае чатырохногіх сяброў, як яны харчуюцца і бавяць час, мы распыталі супрацоўніцу асветніцкага аддзела заапарка Кацярыну Кандратовіч.

Кацярына, навуковы супрацоўнік, у якой вочы так і ззяюць ад захаплення, вядзе экскурсіі, стварае калекцыі, збірае літаратуру. "Калі я прыйшла сюды ўпершыню, мяне вельмі здзівіла, як добра і разнастайна кормяць звяроў: прапануюць багаты рацыён гародніны, пладоў і ягад, дадаюць аліўкавы алей, Дзякуючы гэтаму ў аленяў, лісак і мядзведзяў густая і доўгая поўсць. Людзі ставяцца да іх з вялікай дабрынёй, напрыклад, на жывёльнай кухні робяць бутэрбродзікі з тварагом і чарэшнямі для маленькіх малпак, з вялікіх кавалкаў мяса заатэхнік дбайна выразае пражылкі і неякасныя кавалкі. У адзін з дзён мы дазваляем наведвальнікам прыносіць харчаванне для звяроў крупы (у запячатаных пакунках), гародніну, толькі якасную."

(Аднак былі часы, калі корму жывёлам банальна не хапала. Пэўны перыяд над адным з жыхароў заапарка рысем брала шэфства і ТБМ, падкормлівала звера.)

"Звяры ахвотна прыносяць прыплод у заапарку. У нас моцная ветэрынарная служба, мы дапамагаем гараджанам, якія трымаюць дома незвычайных гадаванцаў, даём кансультацыі і парады. З нашымі насельнікамі працуюць заатэхнікі і рабочыя ў групах, якія прыбіраюць штодня. Мастакаматар упрыгожвае парк прыгодніцкімі выявамі. У гуртку верхавой язды вучым дзяцей ездзіць на конях. Шчыра сябруем з клоўнамі, артыстамі, танцорамі з " Качаткоўтэатру" і ншых калектываў, яны забаўляюць дзяцей і дарослых на вакацыях і выходных."

"Мы ахоўваем і разводзім рэдкіх жывёл, дадае Кацярына Аляксандраўна, якая дзяжурыць у выходны дзень у асветніцкім аддзеле. З нашых выхаванцаў занесеныя ў Чывоную кнігу Беларусі такія звяры як буры мядзведзь, барсук, зубр, з птушак - арланбелахвост, шэры жораў, чорны бусел.

Цёплая поўсць лечыць

Падарожжа працягваецца, і наведвальнікі заходзяць у "Вясковую сядзібу", кантактную пляцоўку, якая створана для блізкага знаёмства з маладняком. За прыгожай агароджай з лазовых галін дазваляецца тое, што забаронена ў іншых заапарках. Тут можна прылашчыць маленькіх казлянят, у якіх толькі адрастаюць рожкі, пагладзіць трусянят, гусянят, парсючкоў. Псіхолагі сцвярджаюць, што цесныя зносіны з жывёламі дабратворна ўплываюць на душу дзіцяці, а таксама лечаць цялесныя нядугі. Дзецямінвалідам рэкамендаваны заняткі з конямі і сабакамі, іх стан пасля гэтага значна паляпшаецца.Для кантактнай пляцоўкі жывёлы падбірнаюцца з мірным і адкрытым характарам.

У заапарку гараджане, якія не маюць прысядзібнай гаспадаркі, вяртаюць на імгненні старазапаветную насычанасць жыцця, калі чалавек жыў ў згодзе з жывёламі, трымаў свае статкі, якія служылі сімвалам дабраславення і дастатку, а рахманыя ягняты знаходзіліся пад пільным доглядам клапатлівага гаспадара.

Э. Дзвінская

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX