Папярэдняя старонка: 2009

№ 41 (932) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 41 (932) 14 КАСТРЫЧНІКА 2009 г.


Сёння пачаўся перапіс насельніцтва Беларусі

Гэта патрэбна мне, маёй сям'і, маёй краіне

14 кастрычніка ў Беларусі пачаўся другі ў суверэннай гісторыі перапіс насельніцтва. Дзяржава захацела атры-маць адказ на шматлікія пытанні, якія тычацца яе насельніцтва. А на якія пытанні хацела б мець адказ само насельніцтва?

А яны ёсць.

Чаму ўсе заняткі з перапісчыкамі ва ўсёй краіне вяліся па-руску?

Чаму ў СМІ з'явілася інфармацыя, што арганізатары перапісу надрукавалі вельмі мала бланкаў на беларускай мове. Калі гэта так, то што, ізноў як у мінулы перапіс давядзецца выдзіраць гэтыя бланкі цераз гвалт?

Як паводзіць сябе з перапісчыкамі, якія не змогуць размаўляць па-беларуску?

Чым мы можам адказаць на такі русіфікатарскі падход да перапісу?

На апошняе пытанне адказ ясны. Кожны грамадзянін Беларусі, кожны сябар ТБМ і кожны не сябар падчас гэтага перапісу павінен рашуча і адназначна абазначыць сваю нацыянальную і моўную самабытнасць. Мы павінны патра-баваць беларускамоўныя анкеты, і на іхнія хітрамудрыя пытанні мы павінны адказваць:

Я - беларус.

Мова мая - беларуская.

Краіна мая - Беларусь.

Калі я нарадзіўся ў Беларусі, я адкажу: "Мая родная мова - беларуская".

Калі я жыву ў Беларусі, я адкажу: "Мая родная мова - беларуская".

Калі я нарадзіўся за мяжой, я чуў дома, я чуў ад дзядулі і бабулі беларускую мову, і я адкажу: "Мая родная мова - беларуская".

Калі я нарадзіўся ў зрусіфікаванай сям'і, ува мне ўсяроўна цячэ беларуская кроў, і я адкажу: "Мая родная мова - беларуская".


Ці будзе працяг? Будзе!

У папярэднім нумары мы паведамлялі пра пробную версію адмысловай праграмы, прысвечанай беларускай мове, якая прайшла ў эфіры «Нашего утра» на канале АНТ.

На мінулым тыдні ў чацвер 8 кастрычніка адбыўся другі эфір перадачы, і стала вядома, што перадача будзе выходзіць цераз тыдзень у чацвер. Праграму будуць весці разам з вядоўцамі "Нашего утра" спявак Андрусь Такінданг ды намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім.

На здымку: спявак Андрусь Такінданг, намеснік старшыні ТБМ, старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Алена Анісім.


Экзамен па беларускай мове павінен быць абавязковым для ўсіх

Аляксей Дземідовіч у артыкуле "Чаму беларуская мова ў заняпадзе" выказаў трывогу пра становішча беларускай мовы ў краіне. За мову трэба змагацца гуртам, а пакуль змагаюцца адзінкі таму няма і выніку. Родную мову нашу хацелі знішчыць рускія цары, каб лягчэй было далучыць нашы землі да сваёй імперыі. Яны добра разумелі: калі будзе жыць родная мова, народ нельга падпарадкаваць, а калі народ забудзе сваю мову яго лёгка далучыць да Расіі. У школы накіроўвалі рускамоўнага настаўніка, у цэрквы - рускамоўнага папа, а ў царскай арміі былі рускамоўныя афіцэры. Не лепшае становішча было і ў Савецкім Саюзе. Даволі ўспомніць, як многія лепшыя сыны і дочкі паплаціліся жыццём толькі за тое, што яны любілі сваю мову, паэты пісалі вершы, пісьменнікі прозу, вучоныя навуковыя трактаты. У. Дубоўка Станіслаў Шушкевіч і многія іншыя былі сасланы у тайгу на лесанарыхтоўкі. А яны ж маглі пісаць, шліфаваць нашу родную, неапаўторную мову. Народ утаміўся змагацца за сваю мову. Аднак мова яшчэ жывая, яна трымаецца ў памяці народа генамі. Усе мы памятаем 199194 гады. Мова за гэтыя чатыры гады амаль што адрадзілася. Людзі ніколькі не пратэставалі супраць адраджэння мовы, школы хутка пераходзілі на вучобу на беларускай мове. У дзіцячых установах таксама гучала беларуская мова. Народ прыняў сваю мову і гатоў быў вучыць сваіх дзяцей на роднай мове.

Круты паварот зноў пайшоў пасля прыняцця закона аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай. У гарадскіх школах у асноўным навучанне праходзіць на рускай мове. Маладыя сем'і у якіх нараджаюцца дзеці, вучаць іх размаўляць на рускай мове, бо бацькі не ведаюць роднай мовы. Гэтым дзецям руская мова становіцца ўжо роднай. Другой мовы яны ўжо не чуюць з самага дзяцінства. Яшчэ ў вёсках размаўляюць на сваёй мове, але вёскі нашы ўжо паміраюць, у іх няма людзей, а дзе няма моладзі, там няма будучыні. Настаўнікі, якія рыхтуюцца нашымі ВНУ, не вывучаюць прадметаў на роднай мове і не могуць іх выкладаць на ёй.

Для Беларусі, як паветра, патрэбен беларускамоўны ўніверсітэт, аб неабходнасці якога доўгі час вялася гаворка, пакуль не заціхла. А ўніверсітэта беларускамоўнага, як не было, так і няма. Без беларускамоўнага ўніверсітэта мы ніколі не адродзім сваю родную мову. Наш урад таксама рускамоўны, за невялікім выключэнне. Тэлебачанне перайшло на вяшчанне на рускай мове. І гэта вельмі кепска. Перадачы перасталі слухаць. Без падтрымкі ўраду, Прэзідэнта мы не зможам адрадзіць сваю мову. Бо каб адрадзіць мову ў сярэдніх школах трэба ўвесці абявязковы экзамен па беларускай мове, бо яна не толькі дзяржаўная, але яшчэ і родная. А пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя установы ўвесці абавязковы экзамен па роднай мове. Як і ва ўсім свеце.

Праз гадоў 1020 праблема з роднай мовай будзе знята. А іншыя мовы трэба вывучаць, каб нашы людзі маглі падарожнічаць і свабодна размаўляць на іншых мовах.

Іван Бяляўскі, пенсіянер.

* * *

Браты мае і сёстры нашы!

Сягоння гэта наша справа

Самім змагацца, дбаць пра росквіт

Уласнай мовы і дзяржавы.

Што мы за людзі? Даруй Божа!

Дзе наша годнасць заблукала?

Усё сваё таптаць мы можам,

А заступіцца -- гэткіх мала.

Паўсюдна мовай пагарджаюць

Сыны і дочкі, нашы ўнукі,

Краіну ціхенька сплаўляюць

У заграбушчыя, чужыя рукі.

Яшчэ жывая мова ў вёсках,

Ды нашы вёскі выміраюць,

Што будзе з мовай, дарам боскім,

Ніхто цяпер таго не знае.

За волю продкі ваявалі

І зберагалі мову годна

Ад здзеку, бруду і навалаў,

Як найвялікшы дар прыродны.

Праз пераследы, ссылкі, войны

Сыноў загінула нямала,

А мову збераглі нашчадкам,

Цяпер на роднай мове крадкам

Гаворым мы і нашы дзеці.

Калі ж свабодна загаворым

Раздольна, вольна, дружным хорам?

Каб нас пачулі ва ўсім свеце.

Іван Бяляўскі


Беларускія калумбы

На партале "Spadchyna.org" у сайце "Адраджэнцы Беларусі" ёсць вэбстаронка, прысвечаная дзеячам беларускага замежжа, якія жывуць у Амерыцы. На ім змешчаны каля 50 алейных і графічных партрэтаў і пададзены біяграфіі. Неабходна адзначыць, што збор матэрыялаў пра дзейнасць беларускага замежжа пачаўся ў 90х гадах ХХ ст. Ужо 2 красавіка 1997 г. клуб "Спадчына" арганізаваў у Чырвоным касцёле выстаўку "Беларускія калюмбы", якая рыхтавалася сумесна са службай інфармацыі пасольства ЗША ў РБ. Дэманстраваліся 62 партрэты дзеячоў Амерыкі. Да выставы прымеркавана стварэнне адмысловага каталога "Беларускія калюмбы. Мастацкая выстава з калекцыі Анатоля Белага". У аснову сайтстаронкі пакладзены адзначаны каталог. Адкрывала выставу першы сакратар і аташэ па культуры ЗША місіс Джэнет Дэмірэй. Дадамо, што на вебстаронцы "Пантэон" прыведзены 70 помнікаў, якія знаходзяцца на сядзібе музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, першага нацыянальнага пантэона. Дадаткова адзначым, што ўпершыню на Беларусі на сядзібе музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах усталяваны пяць помнікаў беларусам, жыццё якіх непасрэдна звязана з ЗША. Сярод іх помнік Анатолю Бярозку (Мацей РэпкаСмаршчок), Наталлі Арсенневай, Барысу Кіту, Язэпу Варонку, Андрэю Тадэвушу Касцюшку. Помнік апошняму адкрывала 16 кастрычніка 2007 г. пасол ЗША місіс Карэн Сцюарт. Помнік Анатолю Бярозку адкрыты 1 верасня 1996 г., Наталлі Арсенневай 27 снежня 2003 г., Барысу Кіту 12 чэрвеня 2004 г., а Язэпу Варонку на 25 сакавіка 2008 г. да 90х ўгодкаў БНР. Беларусам Амерыкі можна ганарыцца, што іх выбітныя прадстаўнікі ўвекавечаныя ў скульптуры на іх радзіме. На вэбстаронцы "Наш люстрадзён" пададзены на кожны дзень года імёны самых выбітных беларусаў (каля 1700 файлаў), гістарычныя падзеі нашай краіны, а таксама паза ўвагай не засталіся дзеячы беларускага замежжа. Калі кожны з наведвальнікаў сайта адкрые каляндар "Наш люстрадзён" ў дзень сваіх народзінаў, то пераканаецца ў гэтым. Стваральнікі сайта ведаюць, што гэта не канчатковая работа па яго фармаванні і спадзяюцца на зваротную сувязь з беларусамі замежжа, якія таксама могуць унесці свае імёны і імёны сваіх блізкіх і сяброў, якіх лічаць вартымі адзначыць гэтым календаром, а таксама імёны і біяграфіі другіх выбітных беларусаў, за адно і падзеі ў культурным і палітычным жыццы беларускай дыяспары ў Амерыцы, гісторыю жыцця беларускага замежжа. Нажаль, дзяржаўныя службы ніколі не клапаціліся ўвекавечыць імёны выбітных беларусаў, асабліва тых, хто лёсам апынуўся за мяжой. Упершыню створаны народны каляндар з файламі на 1700 імёнаў з біяграфіямі выбітных беларускіх дзеячоў і перш за ўсё тых, хто апынуўся за мяжой. Матэрыялы просім дасылаць на наш мэйл. Ўсе сабраныя дадзеныя партала павінны паслужыць стварэнню культурнага цэнтра ў Амерыцы і будучай энцыклапедыі жыцця беларускай эміграцыі. Папярэдне ўдзячны за вашыя водгукі і супрацоўніцтва.

Гісторык, краязнавец Пятро Русаў.


Мовазнаўчы досвед

Новыя, натуральныя моўныя адзінкі

Аберучма. "Выпрастай шырокія плечы і з песняй, агнём у вачах кідайся ў свет, хапай жыццё аберучма" (Анатоль Казлоў. Паразумецца з ветрам // Маладосць, 2009. № 4. С. 13).

Лексема аберучма мае значэнне 'абедзвюма рукамі (абхапіць, узяць што-небудзь)'. Тлумачальны слоўнік зафіксаваў аднакаранёвыя (ад-наасновавыя) словы (з тым жа значэннем) аберуч і аберучкі (Т. 1, с. 47).

Утварэнне ад аберуч з далучэннем прыслоўнага суфікса -ма: аберуч-ма. Параўн. лежма, седзьма.

Неўразумеліца. "Не ведаю, што сказаць. Маўчаць няёмка, а хваліць ды охаць-ахаць - не дазваляе сумленне. Таму і адводзіш, хаваеш вочы, бубніш пад нос неўразумеліцу". (Маладосць. 2009. № 4. С.23).

Слоўнікі фіксуюць то-лькі аднаасновавы адпаведнік неўразуменне і прыметнік неўразуменны (ТСБМ, т.З, с.400), а таксама неўразумела, неўразумелы (Беларуска-рускі слоўнік, т.І ,1988, с.795). Менавіта ад апошняга слова з выкарыстаннем суфікса -іц- і ўтварылася гэтая выразная сваёй будовай і значэннем адзінка: неўразумел-іца (аднамадэльныя драбніца, таямніца, бяссоніца).

Таўпеня. "Яе хочацца да нястрыму ў кагале, гурце, масе, у бясконцай таўпені такіх жа двуногіх, як сам..." (Маладосць. 2009. № 4. С.37).

Наватвор таўпеня па-ходзіць ад слоўнікавага тоў-піцца 'збірацца дзе-небудзь вялікай групай, утвараць на-тоўп' (ТСБМ, т.5, кн.1, с.500). Утварэнне з суфіксам -ен- (параўн.: ступаць - ступень).

Нястрым. Гл. тэкст да папярэняга артыкула Таўпеня. Няўстрым - утварэнне (нуль-суфіксаае) ад не стрымацца, сінонім да слоўнікавага ня-стрымнасць 'нясцерпнасць', 'невыноснасць'.

Самадайка. " - Бр-р, якое зацяганае слова, падобнае да самадайкі-прастытуткі, якую, хто хоча, той і мае бясплатна, задарам, так" (Маладосць. 2009. №4. С.29).

У сялянскім заходне-беларускім асяроддзі бытавала менавіта сваямоўнае слова самадайка, а не яго іншамоўны пазычаны адпаведнік прасты-тутка.

Цямрэча. "Правалі-ліся ў цямрэчу кубы і кубікі дамоў" (Маладосць. 2009. №4. С.29). Слоўмікі не падаюць гэтага слова, а толькі цемра, цемрадзь і цемрань. Назоўнік цямрэча - утварэнне з суфік-сам -эч-а ад цемра: цямр-эча. Параўнай малеча, старэча, глушэча. Суфікс надае павелі-чальна-ўзмацняльнае адценне.

Павел Сцяцко


Можна ўлічыць і гэта…

У "Зводным плане ўстаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009 - 2012 гг." ("Культура", № 23, 6 - 12 чэрвеня 2009 г.) разгорнута шырокая панарама помнікаў, якія могуць быць устаноўлены на тэрыторыі Беларусі ў бліжэйшыя гады. Тут пералічаны гарады, вёскі, іншыя мясціны, якія ўвайшлі ў гісторыю сваімі адметнымі падзеямі ці месцамі нараджэння выдатных постацяў. Не абыдзены у гэтым пераліку і горад Слуцк. Тут упамянуты помнік, які мяркуецца адкрыць у горадзе - Іллі Капіевічу.

Мне здаецца, што гэта не зусім поўна. Да гэтага помніка трэба яшчэ дадаць помнік вядомым ва ўсёй Заходняй Еўропе і, бадай, ва ўсім свеце - Слуцкім паясам.

На працягу амаль 100 гадоў з сярэдзіны ХVІІІ да сярэдзіны ХІХ стагоддзяў у Беларусі на слуху былі вырабы ручнога шаўкаткацтва - вядомыя слуцкія паясы. Напачатку яны калькавалі ўзоры, якія прывозілі з Блізкага Усходу, потым сталі ўключаць у арнамент беларускія нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флоры - васількі, незабудкі і інш.

У Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар Ян Маджарскі - армянскі майстарткач і арандатар Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У 1758 годзе ён быў запрошаны дзяржаўным і ваенным дзеячом Вялікага Княства Літоўскага, мецэнатам, віленскім ваяводам Міхалам Казіміравічам Радзівілам (Рыбанькам, 1702 - 1762) у Нясвіж, потым у Слуцк кіраваць мануфактурай па вырабе слуцкіх паясоў, у 1776 - 1777 гадах - арандатар Слуцкай мануфактуры. Сын Яна - Лявон (каля 1740 - 1811) працягнуў працу бацькі, у 1777 - 1807 гадах арандаваў Слуцкую мануфактуру, якая пры ім стала буйным прадпрыемствам. Ян Маджарскі распрацаваў новы тып пояса - слуцкі, назва якога стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязь слуцкіх паясоў з усходнімі ўзорамі паступова страчвалася. Беларускія майстры перанялі і творча распрацавалі ўсходняе рамясло, надалі яму мясцовы беларускі характар. Ткалі слуцкія паясы даўжынёй 2 - 4,5 метра з шаўковых, залатых і срэбных нітак, гэтак званыя літыя паясы, правы бок якіх быў цалкам затканы залатой ніткай, якая шчыльна закрывала шаўковую аснову. Найбольш тыповымі матывамі ў ткацтве слуцкіх паясоў былі : авал, абкружаны лісцем з сцяблінкамі і кветкамі, кветкі на доўгім сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з ваз; букеты кветак з хвалепадобным абрамленнем. На рагу пояса з абодвух бакоў ткалася метка на стараславянскай і лацінскай мовах ("Слуцк", "У горадзе Слуцку", "Зроблена ў Слуцку"). Шаўковыя паясы тыпу слуцкіх выраблялі таксама ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай і ў Францыі.

Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў выпускала кунтушовыя паясы, шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, павязкі, стужкі, дываны, тканіны для літургічнага ўжытку. У 1763 годзе, напрыклад, працавала 6 чаляднікаў і 34 вучні, было 6 дзяўчат "для навіўкі шоўку". У канцы ХVІІІ стагоддзя Слуцкая мануфактура мела 24 ткацкія станкі, каля 55 работнікаў, вырабляла да 200 паясоў штогод коштам па 50 - 100 рублёў. У ХІХ стагоддзі зза змены моды адбылося зніжэнне вытворчасці. Пасля 1846 года звесткі пра Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў адсутнічаюць.

Таму, у горадзе Слуцку мэтазгодна ўстанавіць помнік Слуцкім паясам - адзіны помнік тут, у нас, на тэрыторыі Беларусі.

Мэтазгодна разгледзець пытанне аб адкрыцці помніка беларускаму пісьменніку Альгерду Рышардавічу Абуховічу (псеўд. Граф Бандынэлі). Ён паходзіў з вядомага шляхецкага роду герба "Ключ раздвоены" ("Абуховіч") у Вялікім Княстве Літоўскім. Альгерд Абуховіч нарадзіўся 6 жніўня 1840 года ў вёсцы Калацічы, цяпер Глускі раён Магілёўскай вобласці. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Шмат падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некаторых звестак удзельнічаў у паўстанні 1863 - 1864 гадах пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Перакладаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, І.В. фон Гётэ, Ф. Шылера, В. Гюго, Дж. Байрана, Г. Дантэ. Гэтыя пераклады распаўсюджваліся ў рукапісах. А. Абуховіч разам з Ф. Багушэвічам па праву лічацца пачынальнікамі жанру байкі ў беларускай літаратуры.

А.Абуховіч аўтар баек: "Ваўкалак" (разглядаў праблемы свабоды чалавечай асобы), "Старшына" (палітычная сатыра на паслярэформенную Расійскую імперыю), "Суд", "Воўк і лісіца", верша "Дума а Каралю ХІІ".

Мемуары А. Абуховіча, напісаныя ў 1894 годзе, і фрагменты якіх былі надрукаваны ў 1916 годзе ў газеце "Гоман" (Вільня") - яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю. Магіла А.Абуховіча на гарадскіх могілках Слуцка захавалася і была знойдзена выдатным краязнаўцам Рыгорам Родчанкам.

Помнік можна і патрэбна адкрыць таксама ў горадзе Глуску Магілёўскай вобласці.

У культурна-асветніцкім клубе "Спадчына" ёсць мастацкія распрацоўкі помнікаў Слуцкім паясам і А. Абуховічу і іх увасабленне.

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец



Дарагія сябры і кіраўніцтва ТБМ імя Францішка Скарыны!

Вельмі шаноўны старшыня таварыства Алег Трусаў!

Я шчыра віншую ўсіх вас ад імя Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак", ад імя Аб'яднання мастакоў- беларусаў Балтыі "Маю гонар" , ад імя Рыжскай Беларускай асноўнай школы, з 20-годдзем таварыства. Хоць мы магчыма афіцыйна не з'яўляемся сябрамі вашага таварыства, аднак з першых дзё яго заснавання разам з вамі змагаемся за адраджэнне і папуля-рызацыю нашай роднай мовы ў Латвіі і ў нашым Балтыйскім рэгіёне. Мы вашы паплечнікі і аднадумцы. Праз вашу цудоўную газету "Наша слова" мы пастаянна сочым за вашымі справамі і радуемся кожнаму адваёванаму вамі кавалачку беларушчыны на ніве нашага Адраджэння. Хоць вялікае адраджэнне, якое пачалося ў пачатку 90-х гадоў , было спынена тымі хто выбраў для сабе роднай мовай, мову чужой дзяржавы і зямлі, аднак для вас гэта адраджэнне не спынілася. Вы сваімі дзеяннямі працягваеце адраджэнцкую справу, і зроблена ў гэтым шмат. Найвялікшая заслуга ў гэтым кіраўнікоў - прэзідэнтаў таварыства, славутых людзей і патрыётаў нашай Бацькаўшчыны Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і Алега Трусава. Зычам вам усім здароўя, моцы, вытрымкі і цярпення ў далейшай барадзьбе за адраджэнне і ў абароне нашай роднай мовы, мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь. Жыве Беларусь! Жыве беларуская мова!

П.С. Дзякуй вашай газеце за надрукаванне ў ёй віншавання Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве з нагоды майго Дня нараджэння.

Ваш Вячка Целеш.

Налепка, прысвечаная 20-годдзю ТБМ, выпушчана Магілёўскай абласной арганізацыяй ТБМ імя Ф. Скарыны.


Галерэя "Ў"

Галерэя сучаснага мастацтва адчынілася ў Менску ўвечары 7 кастрычніка. Зазывалы гукалі: «Хочаце прыходзьце, хочаце не прыходзьце. Можаце з разумным тварам разглядаць творы, а можаце хуценька пайсці ў бар».

Ахвотных да сучаснага мастацтва хапала: і ў бары, і каля твораўінсталяцый Сяргея Кірушчанкі. Кожная зала галерэі была бітком набіта людзьмі.

У сваім вітальным слове дырэктар галерэі Кацярына Шатэрнік расказала пра ўнікальнасць гэтага месца:

Мы хочам, каб кожны тут змог адкрыць для сябе нешта цікавае, каб вам тут было цёпла і ўтульна. Акрамя галерэі і выстаўнай залі, у хуткім часе, адкрыем тут кавярню і кнігарню. Хочам, каб гэтае месца было пляцоўкай для правядзення культурных мерапрыемстваў. Для таго, каб людзі адкрывалі сябе, вялі тут дыскусіі, каб яны сустракаліся і рыхтавалі цікавыя праекты. Каб людзям творчым і думаючым ніколі і нічога тут не забаранялася і не было ніякіх табу.

Табу на адкрыцці галерэі заўважана не было. Былі чытанні Пастэрнака басанож на павосеньскі халодным асфальце, былі танцы аголенай дзяўчыны з прыкрытым шалікам тварам, былі і спевы Сяргея Пукста І пакуль у адной зале гучалі барабаны і акардэон, пад ўмелымі рукамі музыкаў з гурта «Гурзуф», у другой зале беларускія літаратары чыталі вершы: пра маты, Радзіму, каханне і цыркулі.

З 8 кастрычніка тут праходзіць персанальная выстава Сяргея Кірушчанкі «EARTH ART» («Надыйшоў час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам. 27 кастрычніка ў галерэі адбудзецца майстарклас аўстралійскага музыканта, медыаартыста Бэна Фроста.

Наведаць галерэю сучаснага мастацтва «Ў» можна ў любы дзень з 10.00 да 22.00. Адрас галерэі - праспект Незалежнасці 37а, у дворыках за крамай «Том Тэйлар».

Нарэшце зрабілі нешта арыгінальнае. Прынамсі назвы "Ў" ні ў адной іншай краіне няма і быць не можа.

Паводле НН.


Прэзентацыя кнігі Алега Трусава

СЯДЗІБА ТБМ ЗАПРАШАЕ

26 кастрычніка 2009 (панядзелак)

У МЕЖАХ КАМПАНІІ "БУДЗЬМА" АДБУДЗЕЦЦА

прэзентацыя кнігі гісторыка Алега Трусава

"Невядомая нам краіна"

ПАЧАТАК У 18.00, УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: вул. Румянцава, 13

Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах / Алег Трусаў. - Менск : Кнігазбор, 2009. - 152 с.

Кніга кандыдата гістарычных навук, дацэнта Алега Трусава распавядае пра дзяр-жаўныя ўтварэнні беларускага народа, якія ў афіцыйнай (беларускай і замежнай) гістары-яграфіі да гэтага часу не прынята лічыць беларускімі. Кніга паказвае, што беларускі народ, у праве на дзяржаўнасць якому некаторыя гора-палітыкі адмаўляюць да гэтага часу, акрамя асноўных дзяржаўных утварэнняў (Полацкае, Тураўскае, Пінскае, Наваградскае і інш. княствы, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, БНР, БССР, Рэспубліка Беларусь) утварыў яшчэ два вялікія княствы (Цвярское і Смаленскае), дзве рэспублікі (Пскоўскую і Сярэднюю Літву), валодаў краямі, землямі (Дзвінскі край, Северская зямля, Надбужская краіна) і нават блізкімі ды заморскімі калоніямі.

Выданне ўтрымлівае таксама рэцэнзіі на пяць найбольш цікавых гістарычных кніг апошніх гадоў.

10 і 11 кастрычніка адбыліся прэзентацыі кнігі Алега Трусава "Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах" у Магілёве і Мсціславе. Імпрэзы прайшлі пры вялікай цікавасці землякоў аўтара. Тым больш, што Мсціслаўшчына тая частка Вялікага Княства Смаленскага, якая сумела застацца ў складзе сваёй этнічнай дзяржавы Беларусі, у адрозненне ад астатніх зямель, апісаных у кнізе, якія ўваходзяць у склад чужых дзяржаў.


"Камень Міндоўга" Сяргея Чыгрына

Беларускі пісьменнік, краязнаўца і журналіст са Слоніма Сяргей Чыгрын у менскім выдавецтве "Кнігазбор" выдаў кнігу паэзіі "Камень Міндоўга".

Кажыце сваяцтва, а не радство,

Кажыце краса, пекната, хараство

І дабрыня, бальшыня, меншыня -

Кажыце, пакуль вам падказваю я... - пачынае аўтар сваю новую кнігу вершам пад назвай "Родныя словы". І адразу згадваецца, што "спачатку было слова". І мы, каго сёння называюць беларусамі, таксама пачаліся з роднага беларускага слова - а не з бульбы, як нехта сёння думае.

У 70-старонкавы зборнік, надрукаваны накладам 100 асобнікаў, увайшлі найлепшыя вершы паэта з ранейшых выданняў і творы апошняга часу. Гэтую невялічкую кнігу можна было б назваць выбраным з лірыкі любові да роднай мовы - вершы "Родныя словы", "Мова", "Мая мова", - любові да Беларусі, яе песняроў і герояў, любові да малой радзімы паэта - вершы "Малітва", "Божа наш ідзе на Беларусь", "Каханы край мой", "Міхал Валовіч", "Касцёл святога Андрэя ў Слоніме", "Успенскі сабор у Жыровічах", "Пытанне да Кузьмы Чорнага", "Лён" Анатоля Сыса", "Васілю Быкаву", "Паэт" ды шмат яшчэ іншых на гэтую тэму. Ёсць тут і лірыка кахання, што ўтварыла ў кнізе асобную нізку "Калізіі душы".

Засяроджвацца аўтар "Каменя Міндоўга" і на месцы нашчадкаў жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага ў сучаснай Беларусі, над сэнсам і роляй чалавека ў гэтым быцці. Галоўны алгарытм светабачання лірычнага героя большасці вершаў зборніка - служэнне Беларусі цяпер і на карысць наступных пакаленняў. У гэтым ёсць творчае, грамадзянскае і чалавечае крэда самога аўтара.

Сяргей Чыгрын працягвае ў "Камені Міндоўга" класічную традыцыю ў беларускай паэзіі. Вывераны рытм і звонкая ці, наадварот, глухая рыфма большасці вершаў звыкла кла-дуцца на слых і душу чытача ды малююць нам то шляхетнага Адама Міцкевіча з Марыляй у фальварку, то муры Жыровіцкага манастыра, то вёску Сынковічы ці хату Ларысы Геніюш у Зэльве. І толькі напрыканцы зборніка, у "Калізііях душы" паэт адступае ад сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання, паказваючы ў шчымлівых лірычных абразках гэтай нізкі, што і вольная форма верша яму падуладная.

...З'яўляешся ты -

Усё для мяне становіцца

Блізкім і дарагім,

Толькі я для цябе - чужы, - заканчвае паэт кнігу вершам "Без цябе гэты горад чужы...". Але даўно ўжо не чужая многім жыхарам горада над Шчарай паэзія Сяргея Чыгрына. І зборнік "Камень Міндоўга" стаўся добрым падарункам аматарам беларускай паэзіі.

Мікола КАНАНОВІЧ.


Як нараджалася і выспявала ідэя аднаўлення Лідскага замка

Кожны раз, калі прыязджаю ў г. Ліду і хаджу па яе вуліцах, якія апошнім часам мяняюцца да лепшага, з прыемнасцю ўспамінаю яшчэ даваенны горад, як я школьнікам у 1940 годзе першы раз са сваёй вёскі Ахонава што за 30-ць кіламетрах, першы раз прыехаў у Ліду.

Тады горад мне падаўся агромістым, не тое, што наша Дзятлава.

І яшчэ лёс падараваў мне шчасце, калі я ў 1955 годзе пасля заканчэння ў Менску політэхнічнага інстытута, прыехаў ў Ліду на працу ў будаўнічае кіраванне і на 26 год, аж да 1981 года, звязаў сваё жыццё з гэтым цудоўным і родным мне горадам. Не лічу за лішнюю нясціпласць, калі кажу, што асабіста ганаруся тым, што было зроблена з маім удзелам за тыя гады па адбудове горада, яго прадпрыемстваў, жылых дамоў, аб'ектаў сацыяльнай сферы і па добраўпарадкаванні, бо ў тыя далёкія часы, яшчэ ў 1955 годзе, горад ляжаў ў развалінах часоў вайны, цэнтр быў зруйнаваны: ад замка да завода "Сельмаш" заставаліся лічаныя дамы. Сам замак таксама меў непрыглядны выгляд: у вуглах былі агромністыя праломы, ад былых вежаў амаль нічога не засталося.

К канцу 50-х гадоў горад шпарка адбудоўваўся, аднавілі працу разбураныя вайной заводы, была створана ТЭЦ і пабудаваны новы малочны завод.

Паступова расла магутнасць будаўнічага кіравання: стваралася вытворчая база, павялічваўся кадравы склад, расло майстэрства і якасць работ. У 1963 годзе насупраць замка быў пабудаваны інтэрнат будаўнічага кіравання, у якім на першым паверсе размясцілася адміністрацыя з усімі службамі. Побач на вуліцы Перамогі будаваўся яшчэ адзін інтэрнат і дзіцячы садок. Стваралася добрая інфраструктура будаўнікоў.

Ходзячы кожны дзень на працу - замак пастаянна быў навідавоку. На замкавым два-ры былі горы друзу і ламачча, пасвіліся козы з суседніх падворкаў, за замкавымі сценамі хаваліся п'яніцы, каб выпіць. З боку уладаў за замкам не было ніякага нагляду і клопату - усё цякло само па сабе.

Паступова са сцен выпадалі валуны і каменні. У 1966 годзе ў сувязі з ростам аб'ёмаў будаўніцтва будаўнічае кіра-ванне перарасло ў Будаўнічы трэст № 19.

Калі я стаў кіраўніком трэста, узнікла ідэя на замкавым двары стварыць спартыўныя пляцоўкі для маладых будаўнікоў. Была выказана просьба гарвыканкаму, каб замак перадалі пад шэфскі нагляд трэсту. Просьба была задаволена.

Перш-наперш мы вывезлі непатрэбнае ламачча, сіламі трэстаўскай моладзі падраўнялі зямлю і зрабілі пляцоўкі для гульні ў мяч, з вуліцы Камсамольскай на тэрыторыю замка завялі вадаправод і зімой пачалі заліваць каток. Выдзелілі спецыялістаў, і самыя небяспечныя, месцы, дзе каменні пагражалі выпа-дзеннем, падмацавалі цэментнай рошчынай, гэта было зроблена яшчэ і таму, што ў той час у горадзе хадзіла такая думка і пагалоска, нават ад высокіх чыноўнікаў: парэшткі сцен замка лепш разабраць, і каменні пусціць на будоўлі горада.

Але калі даводзілася бываць на ўнутраным пляцы замка і глядзець нават на паўразбураныя сцены, уражвала веліч збудавання. Думалася: як нашы далёкія продкі - беларусы (тады іх называлі ліцвінамі) змаглі на працягу двух гадоў ўручную падняць такую масу камення і вымураваць на вякі такія сцены?

Мроілася: наколькі яны былі разумнымі і таленавітымі людзьмі! Веліч продкаў падмацоўваецца яшчэ і тым, што ўдала было выбрана месца збудавання, калі на зліцці двух рэчак Лідзейкі і Каменкі і пры стварэнні абводненага рова дасягалася непрыступнасць усяго замка, і там у час небяспекі магло схавацца болей за 10 тысяч жыхароў.

Усё гэта напаўняла сэрца і думу гонарам за стваральнікаў замка, выклікала пачуццё радасці, павагі і пашаны да іх.

Таму, калі напрыканцы 1969 года мяне абралі старшынём Лідскага гарвыканкаму, у ліку іншых планаў і задумак пачала выспяваць ідэя аднаўлення замка!

Але як падступіцца да гэтай справы? Перш за ўсё трэба было разбудзіць грамадскую думку, укараніць у свя-домасць, што замак - гэта наша родная гісторыя, здабытак нашых продкаў, наш нацыянальны здабытак і гонар.

У той час большасць людзей жыла пад уплыввам штучна створанага недобразычліўцамі міфу пра тое, што беларусаў ў далёкім мінулым заваявалі літоўцы, і менавіта яны будавалі замкі - цвердзі. Ні ў гісторыяграфіі, ні ў школе ў падручніках па гісторыі не было і ўспаміну аб Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.

Калі ў адной з сустрэч з намеснікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Пронькам С.А. зайшла гаворка аб захаванні і наступным аднаўленні замка, ён нават папракнуў, што не варта адроджваць памяць аб Гедзіміне: ён жа літовец.

Хаця цяпер мы добра знаем, што паміж беларусамі (тады ліцвінамі) і летувісамі (тады жмудзінамі) за ўвесь час існавання сумеснай дзяржавы ніколі не было ні процістаяння, ні варожасці, а была добразычлівасць, павага і памяркоўнасць, што добра захавалася і да нашых дзён. Гэта была ўзаемная сапраўдная талерант-насць адзін да аднаго.

У 1972 годзе на адной з сесій абласнога Савета дэпутатаў я афіцыйна падняў пытанне аб рэстаўрацыі Лідскага замка. У гэты час ужо быў добры прэцэдэнт: у Літве поўным ходам ішло аднаўленне Тракайскага замка, вялася работа па рэгенерацыі старой Вільні. Падтрымалі гэту ідэю старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Фамічоў Р.Ф. і 2-гі сакратар Гарадзенскага абкаму КПБ Кабяк С.Т., які перад гэтым працаваў у Лідзе. Ад імя абласнога Савета дэпутатаў мая прапанова пайшла ў Міністэрства культуры БССР.

У хуткім часе гэта дало вынік Міністэрства культуры даручыла Рэспубліканскім рэстаўрацыйным майстэрням, што размяшчаліся у Менску па тагачаснай вуліцы Горкага пачаць распрацоўку гэтага аб'екта.

Неўзабаве восенню 1976 годзе ў гарвыканкам з майстэрні наведаліся два мала-дыя энергічныя спецыялісты, якім было даручана весці гэтую работу. Трусаў Алег Анатольевіч як гісторык і археолаг пачаў весці археалагічныя раскопкі і пошук гістарычных звестак аб замку у розных крыніцах. Багласаў Сяргей Георгіевіч як архітэктар пачаў распрацоўваць праект кансервацыі рэштак замка, а затым і праект рэстаўрацыі яго.

Такі вось быў выток гэтай задумы па рэстаўрацыі Лідскага замка.

Уладзімір Логаш, старшыня Лідскага гарвыканкаму ў 1969-1980 г.


Лодка жыцця Міхася Мельніка

30 верасня ў Лідскай раённай цэнтраль-най бібліятэцы імя Я. Купалы адбылася значная культурная падзея нашага горада - прэзентацыя зборніка вершаў "Лодка жыцця" вядомага паэта Лідчыны, намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, старшыні ТБМ Лідскага каледжа Міхася Мельніка. Вяла яе намеснік дырэктара бібліятэкі Тамара Зенюкевіч.

Канферэнцзала была запоўнена. Арга-нізатары нават не разлічвалі на такую колькасць прысутных, таму ім прыйшлося паклапаціцца аб тым, каб размясціць усіх гасцей. Павіншаваць Міхася Іванавіча з выданнем яго кнігі прыйшлі калегі-педагогі, студэнты, паэты, журналісты і проста аматары паэтычнага слова.

Тамара Зенюкевіч пачала прэзентацыю з кароткіх біяграфічных звестак пра жыццё паэта і пра яго творчы шлях. Шмат цікавых пытанняў было зададзена і самаму паэту, які з вялікім зада-вальненнем расказваў гасцям цікавыя жыццёвыя гісторыі.

Словы пра аўтара і да аўтара мелі былы рэдактар Лідскай газеты Алесь Жалкоўскі, малады паэт Алесь Хітрун, паэт і сябар Іван Гушчынскі, намеснік дырэктара СШ № 11 і рэдактар зборніка "Лодка жыцця" Ганна Рэлі-коўская, паэт Станіслаў Суднік.

Вядоўца знаёміла прысутнічых з новымі вершамі, якія ўвайшлі ў зборнік, аналізавала іх разам з аўтарам і расказвала аб тым, якія эмоцыі і пачуцці яны ў яе выклікаюць.

На прэзентацыі амаль што кожны з запрошанных гасцей пажадаў выказаць свае меркаванні, цёплыя словы і віншаванні ў адрас Міхася Мельніка. Свой верш, прысвечаны яму, прачытала Алена Какорына. Кранальную рэцэнзію паэтысы Алесі Бурак агучыла Ірэна Сліўко.

Вершы Міхася Іванавіча выразна і эмацыянальна чытала выкладчыца Лідскага каледжа Ганна Валянцінаўна Мальцава, а так-сама навучэнкі Лідскага каледжа Святлана Кава-левіч, Рома Гарбачык і Кацярына Канецкая.

Песні на словы паэта выканалі Аляк-сандра Арноўская, Каця Пышко і Маргарыта Скобля, музыку да якіх напісала Святлана Мазітава. Вельмі хораша гучалі песні пад гітару ў выкананні Сержука Чарняка і Васілісы Пазну-ховай, словы да якіх таксама напісаў Міхась Мельнік.

На гэтым цудоўным вечары панавала святочная і прыемная атмасфера. Прэзентацыя была пазнавальная і вельмі цікавая. Дзякуючы ёй Міхась Іванавіч раскрыўся ўсім гасцям не толькі, як таленавіты паэт, але і як вельмі цікавы, шчыры чалавек, сапраўдны патрыёт роднай мовы і беларускай паэзіі.

Напрыканцы вечара было зроблена шмат фотаздымкаў, аўтар падпісаў усім ахвотным кнігі, госці ўручылі паэту кветкі і яшчэ раз выказалі словы захаплення.

Юлія Грыб.

"Лодка жыцця" - другая кніга ўжо шырока вядомага на Лідчыне паэта Міхася Мельніка, куды ўвайшлі яго новыя вершы, заняла сваё пачэснае месца на маёй кніжнай паліцы сярод кніг шматлікіх паэтаў Прынёмання.

І нельга абысці ўвагаю гэты зборнік паэзіі Міхася Мельніка - чалавека няўрымслівага, неабыякавага, адкрытага, шчырага і шчодрага на дабрыню. Радкі яго вершаў высвечваюць менавіта гэтыя рысы характару аўтара, бо ніхто пра цябе не скажа гэтак праўдзіва, як тое, што напісана тваёю ўласнаю рукою.

Пройдземся па старонках "Лодкі жыцця" і бліжэй пазнаёмімся і са зместам зборніка, і з яго аўтарам.

Як крэда Міхася Мельніка гучаць яго ўласныя даверлівыя радкі ў эпіграфе да кнігі: "Адчыняю ў сэрца насцеж дзверы".

Не паверыць гэтым словам няма ніякай падставы, бо ўжо на першых старонках кнігі паэт ад шчырага сэрца з сыноўскай адказнасцю, з вялікай замілаванасцю і захапленнем гаворыць пра сваю Айчыну - родную Беларусь, якая яму, "хлопцу вясковаму", "крылы для ўзлётаў дала" і "далучыла душу да дабра".

Міхась Мельнік прызнаецца сваей радзіме ў самым высокім пачуцці - любові, называючы яе ненаглядным, светлым, цудоўным, чароўным, краем, "святою зямлёю", якой ніколі не здрадзіла і не здрадзіць сэрца паэта. Ён да канца застанецца "шчод-рым і багатым любоўю да зямлі сваёй", бо тут ён "страціў спакой назаўсёды" і "навек захаваў сваё сэрца".

Роднаму краю служыць аўтар усім сваім адданым і сумленным сэрцам: "ганаруся зямлёй сваёй", "шаную цябе", "люблю сыноўскай душой". Сын роднай зямлі, Міхась Мельнік зросся душою з "зямлёю сваёй", "зямлёю святой", дзе " дрэвы з зоркамі цалуюцца", дзе краявіды " ў яблынях і грушах", дзе "таямнічая крынічка" і рачулка, якую абдымаюць вербы, дзе з бярозкай можна раздзяліць свой сум і трывогу. А лес для аўтара "Лодкі жыцця" - гэта храм, дзе можна прычасціцца лагоднасцю і стаць дабрэйшым, хаця Міхасю Мельніку дабрыні не пазычаць. Хіба можа чалавек без шчырай, непадробнай дабрыні, якую цяжка аспрэчыць, напісаць такія высакародныя і гуманістычныя радкі:

Дайце яблыка

З яблыні асірацелай,

Хоць паўяблыка

Ці паўдолі!

Я зярняткі -

Сумныя вачаняткі

Вылузаю

Ды рассею,

Каб узышлі

Дрэвамі

Вечнай любові!

Хіба ж можна больш ёміста выказаць свае аптымістычныя і добразычлівыя адносіны да жыцця?

Свае глыбокія патрыятычныя пачуцці перадае паэт з вялікім мастацкім майстэрствам і грамадзянскай адказнасцю, бо ён - адзін з дабрадзеяў, якія дбаюць пра красу роднага краю, пра гістарычнае мінулае і сучаснасць любай і дарагой яго сэрцу Беларусі...

Алеся Бурак.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX