№ 42 (933) 21 КАСТРЫЧНІКА 2009 г.
ЗА ГОД РОДНАЙ МОВЫ
Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачалі з 14 кастрычніка кампанію па зборы подпісаў за абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы.
Гэтая ініцыятыва была агучана на нядаўнім Пятым з'ездзе беларусаў свету і падтрымана Радай Таварыства беларускай мовы. І "Бацькаўшчына", і ТБМ ужо накіравалі звароты да прэзідэнта Беларусі з тым, каб адпаведны ўказ быў выдадзены. Адказ, атрыманы з Адміністрацыі Прэзідэнта, неадназначны, таму цяпер грамадскія арганізацыі заклікаюць грамадзян Беларусі падтрымаць гэтую ініцыятыву.
Як вынік, абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы мусіць пацягнуць за сабой распрацоўку і рэалізацыю на дзяржаўным узроўні канкрэтных захадаў па папулярызацыі беларускай мовы і беларускамоўнай культуры ў грамадстве, пашырэнне сферы яе ўжытку.
Улічваючы, што 2009 год быў абвешчаны годам Роднай зямлі, грамадскім арганізацыям цалкам лагічным і паслядоўным падаецца абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы.
Усіх, каму неабыякавы лёс роднай мовы, ГА ТБМ імя Ф. Скарыны і МГА Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" запрашаюць далучыцца да кампаніі па зборы подпісаў. Падпісаныя лісты трэба дасылаць самім па ўказаным у лісце адрасе.
З АПАНТАНАСЦЮ Ў НАВУЦЫ
Прафесару Івану Лепешаву - 85
23 кастрычніка спаўняецца 85 гадоў Івану Якаўлевічу Лепешаву - доктару філалагічных навук, прафесару кафедры беларускай мовы Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
Чытачам «Нашага слова» гэта прозвішча добра знаёмае па шматлікіх артыкулах на старонках штотыднёвіка - заўсёды надзённых, цікавых, бескампрамісных, з відавочнай грамадзянскай пазіцыяй іх аўтара.
Нарадзіўся ён на Віцебшчыне, у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і іншымі. Пасля заканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута шмат гадоў настаўнічаў на Гарадзен-шчыне. Працуючы ў Берштаўскай СШ Шчучынскага раёна, апублікаваў у выдавецтве «Народная асвета» дзве кнігі, напісаў канды-дацкую дысертацыю. Узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы». З 1971 года - у Гарадзенскім педінстытуце (універсітэце).
Іван Якаўлевіч вельмі многа піша і друкуецца. На творчым рахунку прафесара 530 публікацый. Сярод іх 40 кніг. Амаль усе напісаны аднаасобна. Гэта манаграфіі, слоўнікі, навучальныя дапаможнікі (9 - з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь). Дарэчы, ягоныя кнігі выходзілі ў 11 выдавецтвах краіны, а артыкулы друкаваліся ў 19 беларускіх, рускіх і ўкраінскіх часопісах, у 20 беларускіх, рускіх і польскіх газетах.
Доктарскую дысертацыю Іван Якаўлевіч абараніў у 1985 г., а пасля гэтага зрабіў у навуцы тое, чаго хапіла б не на аднаго доктара філалагічных навук. Без перабольшання могуць быць прыраўнаваны да доктарскай дысертацыі яго манаграфія «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы», «Слоўнік фразеалагізмаў у двух тамах» (па 700 с. кожны), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» (448 с.). Другая, несумненна, магчымая доктарская дысертацыя - манаграфія «Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства» і «Слоўнік беларускіх прыказак» (каля 600 с.). Яшчэ адна - тры кнігі пра лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту, выдадзеныя ў рэспубліканскіх выдавецтвах. Апрача таго, па гэтых трох актуальных навуковых тэмах аўтар апублікаваў каля 200 артыкулаў. Між іншым, названыя вышэй слоўнікі (яны выйшлі ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя») аха-рактарызаваны ў друку як фундаментальныя працы, якімі мог бы ганарыцца цэлы творчы калектыў.
У многіх іншых кнігах І.Я. Лепешава таксама распрацоўваюцца новыя, нікім не чапаныя або спрэчныя навуковыя тэмы.
Іван Якаўлевіч не абмяжоўваецца толькі лінгвістычнай тэматыкай, выходзіць за яе межы. Ёсць у яго цудоўныя, пазнавальныя літаратура-знаўчыя, гістарычныя, краязнаўчыя артыкулы.
Ва універсітэце працуюць пяць выкладчыкаў, якія абаранілі кандыдацкія дысертацыі, выкананыя пад кіраўніцтвам І.Я. Лепешава.
Я вельмі ганаруся, што мне пашчасціла быць вучаніцай Вялікага настаўніка - Івана Якаўлевіча. Яго высокі ўзровень культуры, велізарная працаздольнасць, творчы пошук, шырокая эрудыцыя, тонкае адчуванне душы чалавека, сціпласць заўсёды ўражвалі і ўражваюць усіх, хто працуе з ім.
Пажадаем жа яму добрага здароўя і далейшага плёну ў навуковай працы!
М.А. Якалцэвіч, дацэнт к-ры бел. мовы.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У сувязі са зваротам Рады "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" на імя Кіраўніка дзяржавы аб аб'яўленні 2010 года Годам роднай мовы інфармуем, што ў цяперашні час Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сумесна з зацікаўленымі прапрацоўвае пытанне аб тым, якой асноўнай тэматыцы будзе прысвечаны наступны год у нашай краіне.
Прапановы Рады ТБМ будуць таксама разгледжаны.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С.І. Буко.
Кіраўніку беларускай дзяржавы
Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу
Адрас: 220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38
Грамадскасць Беларусі пазітыўна ацаніла абвяшчэнне 2009 года Годам роднай зямлі. Цалкам лагічным і паслядоўным было б абвяшчэнне наступнага года Годам роднай мовы, тым больш, што менавіта з 2010 года ўводзіцца ў дзеянне закон аб зменах і дадатках у правілы беларускай мовы (апошні раз такія змены ўносіліся ў 1959 г.).
Мова - адзін з важнейшых чыннікаў фармавання грамадскай свядомасці, самаідэнтыфікацыі, ментальнасці, здабытак і галоўная прыкмета сталасці любой нацыі, падмурак яе незалежнасці. Родная мова - найвялікшае багацце, дадзенае кожнай нацыі, са знікненнем якога само існаванне пэўнага народа і створанай ім дзяржавы, яго ўнікальны характар, тое, што робіць яго адрозным ад іншых народаў свету, ставіцца пад пагрозу. Сённяшні ж стан беларускай мовы выклікае вялікую занепакоенасць. Дастаткова толькі ўзгадаць, што на пачатку бягучага года ЮНЕСКА аднесла беларускую мову да моваў, якім пагражае знікненне.
Таму прапануем Вам сваім указам абвесціць наступны 2010 год Годам роднай мовы і даць даручэнне Ураду распрацаваць канкрэтную праграму дзеянняў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы і беларускамоўнай культуры ў грамадстве, пашырэнне яе ўжытку ў першую чаргу ў такіх сферах як:
- адукацыя;
- сродкі масавай інфармацыі;
- дзяржаўны дакументазварот і справаводства;
- знешняя рэклама.
Усходняе партнёрства і грамадзянская супольнасць Беларусі
Прайшло каля паўгода ад таго моманту, калі 7 траўня 2009 года ў Празе адбыўся ўстаноўчы саміт Усходняга партнёрства (УП) - новай ініцыятывы Еўрасаюза, якая павінна спрыяць эканамічнаму і палітычнаму збліжэнню з Еўропай і паступовай еўраінтэграцыі шасці постсавецкіх рэспубалік: Украіны, Малдовы, Беларусі, Грузіі, Азербайджана і Арменіі. Сярод перспектыў для "усходніх партнёраў" - уцягванне нацыянальных эканомік у адзіны еўрапейскі рынак, далучэнне да адзінай сістэмы калектыўнай бяспекі і агульнай энергетычнай сеткі, памяншэнне вартасці і паступовая адмена віз. Бюджэт праграмы на 2010-2013 гады - 600 млн еўра.
Пэўны час у Беларусі Усходняе партнёрства раз-глядалася, як механізм нейкіх прэферэнцый для ўладных структураў у абмен на зрухі ў дэмакратызацыі беларускага грамадства.
На самай справе "Усходняе партнёрства" - шматбаковы механізм супрацоўніцтва, прапанаваны з боку Еўразвязу названым шасці дзяржавам Усходняй Эўропы і Закаўказзя. Адмысловая роля ў рамках праграмы адводзіцца пытанням грамадзянскай супольнасці ў кожнай з краінаў. Менавіта з гэтай мэтай у сярэдзіне 16-17 лістапада ў Брусэлі пройдзе І форум грамадзянскай супольнасці "Ўсходняга партнёрства".
На арганізацыйным паседжанні, тэма якога вызначалася як "Форум грамадзянскай супольнасьці "Усходняга партнёрства": парадак дня для Беларусі", арганізатары паведамілі: форум выклікаў надзвычай вялікі інтарэс з боку няўрадавых арганізацый. Калі з большай ва ўсіх адносінах Украіны паступілі 62 заяўкі, то ад Беларусі - 76. У выніку задаволена 27 просьбаў. Сярод заяўнікаў ад Беларусі ёсць і Грамадскае аб'яднанне "Та-варыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Усяго ж на форум будзе запрошана 220 арганізацый з 6 краін.
У адным з пунктаў устаноўчай дэкларацыі "Ўсходняга Партнёрства" гаварылася аб неабходнасці развіваць і падаваць метады для заснавання Форума грамадзянскай заснавання "Усходняга Партнёрства". У чэрвені 2009 года Еўракамісія запрасіла ўсе зацікаўленыя бакі да ўдзелу ў гэтым Форуме, прыярытэтная задача якога - умацаванне кантактаў і дыялогу паміж арганізацыямі грамадзянскага грамадства і органамі самакіравання.
Прадугледжваецца, што Форум будзе засядаць як мінімум раз у год на рэгулярных сесіях або канферэнцыях, падтрымліваць рэалізацыю кірункаў праграмы Ўсходняга партнёрства ЕС, а таксама супрацоўнічаць з адпаведнымі структурамі ЕС.
Праект прадугледжаны для арганізацый, якія ўтвараюць грамадзянскую супольнасць, у шырокім сэнсе слова, гэта значыць для прафсаюзаў, гандлёвых асацыяцый, няўрадавых арганізацый (НУА-НДА), экспертных і навуковых арганізацый ("think-tank"), фондаў, а таксама для рэгіянальных і міжнародных аб'яднанняў пералічаных арганізацый з дзяржаў - удзельнікаў Усходняга партнёрства, як і з краін - чальцоў ЕС і іншых міжнародных арганізацый і аб'яднанняў.
Да Форума засталося менш месяца. Аднак пытанняў адносна яго напаўнення пакуль больш, чым адказаў. Асноўныя з іх эксперты і будучыя ўдзе-льнікі гістарычнага мерапрыемства абмяркоўвалі 1 9 каст-рычніка на круглым стале ў Менску.
Практычна ўсе выступоўцы сышліся на думцы: брусельскі форум наўрад ці будзе мець уплыў на прыняцце палітычных рашэнняў. Аднак сход можа стаць паўнавартасным органам маніторынгу, генератарам ідэяў, скіраваных на дэмакратызацыю працэсаў у праблемных краінах. Так, Уладзімр Мацкевіч , які прадстаўляе Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, канстатуе відавочнае падвышэньне цікавасці беларусаў да еўрапейскага вектару - на фоне астывання ўвагі да даўгабуду ў выглядзе "саюзнай дзяржавы" з Расеяй
"Як кажа ўсходняя прымаўка, калі караван мяняе кірунак, кульгавы вярблюд можа апынуцца наперадзе каравана. Мы сёння ў Эўропе - такі вось кульгавы вярблюд, які заўсёды позьніцца, пляцецца ў хвасце. Але пакуль ён цягнецца ў хвасце, у самой супольнасці, нацыі выспяваюць пэўныя падыходы, погляды, рэфлексіі, якія маюць агульнаеўрапейскае значэнне. На сёння, акрамя ўсяго іншага, акрамя дапамогі Беларусі інтэгравацца ў Еўропу і распаўсюдзіць на Беларусь эўрапейскія прынцыпы жыцця, мы не павінны забывацца на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці. І таму слушныя, адэкватныя прапановы што да парадку дня, рэгляменту форуму могуць зрабіць касцяк беларускай дэлегацыі, які ўзгодніць падыходы, на гэтым форуме лідарам грамадзянскай супольнасці. Гэта дасць магчымасць значна лепш уста-лёўваць стасункі з еўрапейскай грамадзянскай супольнасцю".
Па меркаванні старшыні міжнароднага кансорцыюма "Еўрабеларусь" Улада Вялічкі , Форум грамадзянскай супольнасці - "яшчэ больш загадкавая рэч, чым сама ініцыятыва "Усходняе партнёрства". Сёння, калі да пачатку мерапрыемства засталіся лічаныя дні, мы па-ранейшаму не маем прадстаўленні аб плане і характары мерапрыемства, нават не ведаем спісу ўдзельнікаў, запрошаных у Брусель. Не атрыманыя адказы на шэраг асноватворных пытанняў", - адзначае эксперт.
Прадстаўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій Андрэй Ягораў адным з галоўных пытанняў лічыць наступны: ці будуць на Форуме ў Бруселі сфармаваныя працоўныя групы па чатырох асноўным платформах Усходняга партнёрства: 1) дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць; 2) эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітыкай ЕС у розных сферах; 3) навакольнае асяроддзе, змяненні клімату і энергетычная бяспека; 4) кантакты паміж людзьмі. "Цяжка ўявіць, што збор з больш за 200 чалавек за два дні зможа нават у бліжэйшым набліжэнні абгаварыць усю шматстатнасць тэматычных пытанняў. Гэта значыць на першае месца, хутчэй за ўсё, выйдуць працэдурныя пытанні", - падкрэслівае палітолаг.
Эксперт Беларускага інстытута статэгічных даследаванняў (Вільня) Дзяніс Мельянцов , наадварот, перакананы, што ФГС першапачаткова быў створаны як сама-развівальная структура. "Не варта чакаць і варажыць, што нас чакае ў Бруселі. Трэба самім канструяваць", - гаворыць ён.
Па ацэнцы Мельянцова, патэнцыял Форума досыць вялікі. "У ідэале новы статус дазволіць беларускаму грамадзянскаму сектару аўтарызавацца, стаць публічным органам, меркаванне якога будзе ўлічвацца еўраструктурамі і які зможа ўплываць на празрыстасць дыялогу паміж беларускімі ўладамі і ЕС". Пры гэтым ён падкрэслівае, што магчымы патэнцыял форума таксама не варта пераацэньваць: "Наўрад ці яго паўнамоцтвы перавысяць Камітэт рэгіёнаў ЕЗ і Сацыяльны і эканамічны камітэт ЕЗ, якія вы-носяць пытанні і прапановы на разгляд заканадаўчых органаў ЕС, але не ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў".
2 лістапада ў Менску адбудзецца канфэрэнцыя з удзелам зацікаўленых арганізацый і ўдзельнікаў брусельскага форуму. На ёй будзе канчаткова ўзгодненая пазіцыя дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый далучыцца да абмеркавання надзённых пытанняў жадання пакуль ня выказалі.
Прадстаўнікі ТБМ на "круглы стол" 19 кастрычніка запрошаны не былі. А Таварыства мае свае пазіцыі і свае прапановы па ўзаемадзеянні з Еўразвязам у рамках Усходняга партнёрства, не менш, а магчыма, і больш канструктыўныя і практычныя, чым змогуць прапанаваць іншыя арганізацыі.
Яраслаў Грынкевіч, паводле СМІ.
Чарговая сустрэча ў ТБК
Таварыстве беларускай культуры ў Літве) была прысвечана вядомым у гісторыі падзеям якія ў свой час адбыліся ў верасні. На гэты раз сярод выступоўцаў быў рэдактар і журналіст з Беларусі Ўладзімір Скрабатун. Ён расказаў пра сваю дзейнасць у Глыбоцкай газеце, у якой падаюцца крытычныя даследаванні і разнастайныя гістарычныя матэрыялы з гэтага рэгіёну. Што цікава і дзіўна для Беларусі то яна яшчэ выдаецца на беларускай мове акрамя тэлепраграмы, а неузабаве будзе 500 ы яе нумар. Уладзімір Скрабатун вядомы як аўтар некалькіх сотняў даследчых артыкулаў і кнігі аб Глыбоцкім краі.
Візіт прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі змястоўна абмаляваў віленскі журналіст Андрусь Старавойтаў. Ён сам прысутнічаў у зале дзе выступаў беларускі прэзідэнт. Акрамя журналістаў большасць прысутных складалі прадпрымальнікі. А. Лукашэнка прадстаўляў выставу "БЕЛАРУСЬ ЭКСПО 2009". Нажаль, беларускай мовы там не было .
Аб дзейнасці антыкамуністычнага падполля на Мядзельшчыне і Вілейшчыне ў 1948-50 гады расказала К. Балаховіч. Яскравай фігурай у той час быў Расціслаў Лапіцкі. Ён нарадзіўся на Мядзельшчыне, там жа і распачаў сваю дзейнасьць. Бацька Расціслава Лапіцкага быў святаром. Гэта ў свой час таксама зрабіла ўплыў на Расціслава ён падпрацоўваў псаломшчыкам .
194849 гады душылася ўсякае іншадумства. Расцісаў Лапіцкі стварыў падпольную антыкамуністычную арганізацыю на Мядзельшчыне. У яе шэрагі ўлілося шмат аднадумцаў. Удзельнікі гэтай арганізацыі друкавалі і расклейвалі ўлёткі ... Расціслава і яго паплечнікаў злавілі і дапытывалі, але допыты нічога не далі, і іх часова адпусцілі. Тады Расціслаў зноў цішком вяртаецца на Мядзельшчыну і працягвае ранейшую дзейнасць. Гэта было нядоўга. Хворага Расціслава ўсё ж арыштавалі. Пазней зняволілі яго сяброў і паплечнікаў.
У ліпені 1950 года ў Маладэчне адбыўся суд без пракурораў і сведкаў. Яго паплечнікі былі асуджаны на 25 гадоў зняволення, а самога Расціслава пакаралі смерцю. Гэта адбылося недзе ў лесе пад Вілейкай. Так гінулі маладыя людзі.
Кіраўнік таварыства сп. Хведар Нюнька ўзгадаў прысутным пра Аршанскую бітву. Яна была істотная тым, што войска літоўскае атрымала перамогу над расейскім. У гэтай бітве вызначыўся гетман Канстанцін Астрожскі. Толькі 30000 байцоў складала войска літоўскае і аж 80000 расейскае, а выявілася, што і меншай колькасцю можна перамагчы. Гэты значны дзень святкуецца беларусамі па ўсім свеце. Крыху раней кожны год ля Воршы адзначалі гэтае свята, толькі апошнім часам улады Беларусі пачалі забараняць і ствараць розныя перашкоды. Але, думаю, што ў будучым Беларусь належным чынам паставіцца да святкавання гэтай падзеі.
Свой новы фільм прывезла ў Вільню Вольга Мікалайчык.Фільм пад назваю "Сэрца за кратамі" распавядае гледачу аб нядаўніх падзеях на Беларусі і аб новых палітычных вязнях. Фільм вельмі спадабаўся прысутным на імпрэзе.
К. Барсучок. Наздымку: У Скрабатун Вільня, 2009. кастрычнік.
Юрыдычная школа ТБМ
6 кастрычніка скончыла сваю працу юрыдычная школа ТБМ.
На апошнім яе занятку адбыўся круглы стол "Нашы прапановы па паляпшэнні моўнага заканадаўства". Удзел у ім прынялі, акрамя слухачоў юрыдычнай школы, усе ахвочыя.
Падчас пасяджэння круглага стала былі абмеркаваны, акрамя тэарэтычных пытанняў, ужо здзейсненыя крокі. Так, на запыт, падрыхтаваны адным з удзельнікаў юрыдычнай школы, быў атрыманы адказ ад кіраўніцтва сталічнага "Пріорбанка". Уім было паабяцана ўвесці беларускую мову ў банкаматах вышэйназванага банка.
На пасяджэнні круглага стала было ўзнята пытанне і пра поўную адсутнасць беларускай мовы ў інфармацыйных кіёсках усіх без выключэння банкаў Беларусі. Таму прынята рашэнне заняцца і гэтым пытаннем, каб беларускамоўныя грамадзяне маглі без перашкод карыстацца беларускай мовай падчас аплаты праз банкаўскія тэрміналы.
Надзённае пытанне - прыняцце Закона аб геаграфічных назвах Рэспублікі Беларусь, і ў звязку з гэтым - афармленне шыльдаў, інфармацыйных абвестак, якія ўтрымліваюць і назвы населеных пунктаў, і назвы чыгуначных станцый. Паводле аднаго фота, зробленага на станцыі "Беларусь", актыўны слухач юрыдычнай школы падрыхтаваў ліст да кіраўніцтва Беларускай чыгункі, дзе прапанаваў выправіць памылкі, заўважаныя і зафіксаваныя на шыльдзе чыгуначнага вакзала.
Усе прапановы, якія прагучалі на пасяджэнні круглага стала, былі запісаны і перададзены ў сакратарыят ТБМ, яны будуць улічаны падчас далейшай практычнай дзейнасці арганізацыі.
Каханне з формулы падзення
Кузьмінкі
У кожнай школе існавалі і цяпер існуюць свае парадкі. А ў сярэдніх і старшых класах таксама ствараецца свой асаб-лівы мікраклімат. Так было заўсёды, і так будзе, хоць усе выконваюць адзіныя Правілы для вучняў.
Настаўнік фізікі Васіль Пятровіч, які быў класным кіраўніком ў сёмым класе сярэдняй школы ў вёсцы Стасеў-ка, вырашыў рассадзіць вучняў па партах у шашачным парадку: хлопчык - дзяўчынка на адной парце, дзяўчынка - хлопчык на другой і г. д. Адным словам, яму ідэя гэта спадабалася, бо ўмацоўвала дысцыпліну на ўроку, а для задавальнення і ажыццяўлення задумы нават пар хапіла. "Пажаніў нас Кузьма на Кузьмінкі, - гаварылі гарэзлівыя хлоп-цы, тым часам скажаючы прозвішча кіраўніка класа, якое было Кузьмянок. А паводле беларускага народнага календара сапраўды святы Кузь-ма лічыўся апякуном земляробства і вяселляў. Сяляне па традыцыі Кузьмінкі (дзень Кузьмы і Дзем'яна) адзначалі 14 лістапада. А настаўнік той, выхаваны на камуністычных ідэях, магчымы ні пра якія Кузьмінкі не ведаў, а выконваў Боскую волю. Шашачны парадак у размяшчэнні школь-нікаў на партах нікому не спадабаўся, але час прымірыў іх з настаўнікам, а потым і хлопцаў з дзяўчатамі. А тым, што сядзелі на адной парце, давялося неяк жа ладзіць, нешта гаварыць адзін аднаму, а то і сябраваць.
Такім чынам, па волі настаўніка Рыгорка Вараўка аказаўся на адной парце з Таняй Кулік, якая сядзела ад яго, па правую руку. Насіла дзве светлыя касы і мела чароўныя блакітныя вочы. Яна хадзіла ў школу з гэтай вёскі. Рыгорка да Тані ставіўся спачатку абыякава, не звяртаў на яе аніякай увагі. Варожасці не было, але стараўся яе не заўва-жаць. Таня яму не дакучала, яна сядзела на сваім месцы, як тая птушка кулік у сваім балоце і "чывікала", калі ў яе нешта пыталіся.
Адносіны паміж Рыгорам і Таняй хутка змяніліся пасля кантрольнай работы па фізіцы, якая была ў сярэдзіне навучальнага года. Трэба было рашыць па дзве задачы ў кожным варыянце. Рыгорка рашаў задачы першага, а Таня - другога варыянтаў. Рыгорку матэматыка давалася лёгка, і першую задачу рашыў хутка, а другую - ніяк. Яна была хоць і простая, але ён забыў і ніяк не мог успомніць формулу свабоднага падзення цела. А без яе задача не рашалася. І тут Рыгорка звяртаецца да сваёй суседкі, просіць запіскай: напішы формулу падзення. Таня не заўважае, маўчыць, не звяртае ўвагі. Потым, калі настаўнік нечым заняўся, яна штурхнула локцем Рыгорку і, падняўшы вышэй калена спаднічку, паказала яму напісаныя на сцягне ўсе формулы па фізіцы. Таня пальцам указала на формулы падзення.
- Выбірай. Іх тры: v = gt, h = gt 2/2; v 2 = 2gh, - прашаптала яна. Рыгорка запісаў іх і разважаў так: хуткасць залежыць ад часу і паскарэння, а таксама і ад вышыні падзення цела. Ён рашыў другую задачу. Можна чакаць выдатнай адзнакі (тады гэта была "пяцёрка").
- Во якая старанная, якая разумная! Такую незвычайную шпаргалку напісала і мне дапамагла, - падумаў ён. Ды дзе! А ў яе і ножкі прыгожыя, такія кругленькія.
Гэта была іх першая абаюдная таямніца. Таямніца пад спадніцай. Цяпер Таня магла разлічваць на абарону свайго суседа па парце ў розных варунках і нечаканасцях. І Рыгорка пачаў аказваць Тані знакі павагі. А 8 Сакавіка яна знайшла ў сваім партфелі шакаладку. Яна адразу здагада-лася, хто яе паклаў.
На ўроку беларускай літаратуры Таня адламала два кубікі ад шакаладкі і падсунула суседу. "Грыша, дзякуй табе. Пакаштуй", - сказала ціха яна. Рыгорка зачырванеўся, нібы толькі вылез з лазні. Ён здаў першы экзамен па каханні, а Таня яго прыняла і адзнаку паставіла. Можна было чакаць і другі і трэці.
Потым яны чамусьці пачалі разам затрымлівацца ў школьнай бібліятэцы. Калі Таня хадзіла да сяброўкі ў Слабаду, дык Рыгорка падвозіў яе на ровары да суседняй Стасеўкі. У вёску не завозіў, каб не гаварылі. А потым, калі яны ўжо вучыліся ў восьмым класе, ён аднойчы праводзіў яе з вечарынкі да хаты і нечакана па дарозе пачаў яе цалаваць. Яна ціха абмякла і прыліпла да хлопца, нібы яе прыцягнула да яго магнітам. І Рыгорку падалося, што ў Тані мядовыя губкі, і ад яе пахне мятай, бэзам і невядома яшчэ якімі кветкамі. А можа так яго ачаравалі пахі духоў! А можа гэта ўсё толькі здавалася? А можа гэта былі звычайныя пахі майскай чаро-мхі? Наступіла вясна, вясна школьнага кахання Тані і Рыгоркі.
Дні ішлі сваім парадкам. Стрэлы Амура нечакана спускаліся на Таню. Яна ўжо даўно адчула, што кахае Рыгор-ку і радавалася таму, што некалі Васіль Пятровіч пасадзіў іх разам. Цяпер у яе ёсць каханы сябра.
Вось і закончана школа. Прыйшоў час Вараўку - адпраўляцца служыць у Савецкую Армію. На цэлых тры гады. Таня праводзіла яго, як мужа, хоць яны і не запісаліся. Яна будзе яго чакаць, а ён будзе ёй пісаць. Служыць завезлі яго далёка, аж у Нова-сібірск. Адтуль ішлі лісты поўныя кахання. Ішлі яны доўга, але іх чакалі. Потым, калі Таня вучылася ў Менскім тэхнікуме лёгкай прамысло-васці, яна атрымлівала ўжо Рыгоравы лісты з Ленінграда, з ваенна-палітычнага вучылішча МУС. Пасля заканчэння тэхнікума Таня Кулік праца-вала тэхнолагам на швейнай фабрыцы ў Чэрвені. Жыла яна ў інтэрнаце.
Ці будзеш са мной жаніцца?
Пасля чарговага кінафільма пра каханне курсантаў ваенна-палітычнага вучылішча па камандзе "Адбой!" паклалі спаць. Рыгор заснуў хутка і яму прыснілася, што дзяўчаты адвярнуліся ад яго. З ім не хоча ніхто гаворыць, нават Таня. Яна маўчыць, нібы аб'явіла яму байкот. Раніцай, успамі-наючы сон, ён думаў пра сэнс такога нязвыклага сна. Прынеслі пошту. Яму ліст. На гэты раз без зваротнага адраса, але па добразнаёмаму почарку, які ён пазнаў бы яго і сярод сотні, ён ведаў, ад Тані з Беларусі. Калі адкрыў канверт заўважыў адразу, што ліст кароткі і незвычайны. Яны перапісваліся на рускай мове, а цяпер чамусьці гэты ліст яна напісала па-беларуску. Па-беларуску і афіцыйна, нібы заяву на развод.
Курсанту Рыгору Вараўку.
Я атрымала твой ліст да нейкай Людмілы, якую ты шчыра кахаеш. Прачытала. Навошта яго ты прыслаў мне? Каб прынізіць мяне?! (Так ты ў мяне быў першым і я цябе пакахала. Шкадую, вельмі шкадую, што менавіта ты быў маім першым). Магу падумаць і паверыць, што ты пераблытаў канверты і лісты пісаў амаль пад кальку. Але нават і ў такім выпадку ты здрадзіў мне, а я цябе чакала, спадзявалася на цябе і на тваю ласку. Спадзявалася, што мы будзем заўсёды разам. Ты гэтым лістом пакрыўдзіў мяне. Я табе, як здрадніку, не дарую. Ты стаў маскалём, бальшавіцкім прыхваснем, савецкім янычарам. Мне такі сябра не трэба. Ты здрадзіў не толькі мне, але і нашай Беларусі. Спадзяюся, ты памята-еш, што ў нас усе сяляне не любяць калгасы і ненавідзяць НКВД, МДБ і ўсякія МВД. Ты сярод тых, каго ў нас не любяць. Падумай, хто ты, кім ты стаў. Ты можаш аднесці мой ліст у свае органы, можа памяняеш яго на медаль. Атрымаеш медаль "За адвагу", але ён - цацка за здраду.
І не думай, што свет клінам сышоўся на табе. На мяне ў Чэрвені дзецюкі звяртаюць увагу, прапануюць схадзіць у кіно і на вечарынку. Цяпер не буду губляць часу.
Калі ты не закончаны падонак, спалі гэты ліст і забудзь мяне назаўсёды.
Таня. 1962 г.
І яшчэ была прыпіска: "Болей мне не пішы і не шукай мяне. Усё ў мінулым і палыном зарасло" і неразборлівы подпіс.
Рыгора такі ліст вельмі засмуціў. Яму давялося хутчэй спаліць яго, каб было ўсім спакойна. Няма дакумента - няма і клопатаў. Горш таго, яна абазвала яго янычарам. Пра турэцкіх янычараў ён ведаў са школы, што яны надзейна і аддана служылі акупантам у войску і нават маглі па загаду чужынцаў пакараць сваіх бацькоў. Не, ён не такі. Няўжо савецкія войскі акупавалі Беларусь?
Рыгор думаў пра сябе, хто ж ён. Але Таня напісала і праўду. Не любяць у нас вяскоўцы калгасы, уцякаюць з іх, а МВД для іх - наогул пудзіла. Ці туды пайшоў ён вучыцца?! Таня пра палітыку з ім ніколі не гаварыла, - успамінаў ён. А вось цяпер знайшла чым яго ўпікнуць. А Людміла яму зусім не адпісала на пераблытаны ліст. Цяпер у яго нікога няма: ні адной, ні другой. Шкада Тані, якую ён так кахаў. Як жа знайсці вы-йсце? Пісаць, апраўдвацца, прасіць даравання - няма сэнсу. Трэба чакаць і нешта прыдумаць.
Мінуў месяц, а можа два пасля таго разладу. У Ленінград ужо прыйшла вяс-на, і Рыгор вырашыў патэле-фанаваць Тані на работу, па-прасіць яе, каб даравала "янычару".
- Добры дзень, Таня, - сказаў ён дрыжачым голасам. - Ты даруй мне, што так атрымалася.
- Добры дзень, зямляк. Ты будзеш са мной жаніцца ці не? - цвёрда запыталася Таня.
- Дзеля таго я і званю.
- Ну дык слухаю.
- Я вазьму некалькі дзён адпачынку і прыеду да цябе, каб усё аформіць. Пойдзеш замуж за мяне?
- Падумаю, калі ты прыедзеш. Да пабачэння, - сказала яна і паклала трубку.
З тэлефоннай кабіны Рыгор выйшаў у добрым настроі, бо яму далі надзею на выпраўленне памылкі. Кінуў тэлефаністцы купюру ў тры рублі і адышоў ад бар'ера.
- Вазьміце рэшту, - сказала тэлефаністка.
- Пакіньце сабе на цукеркі, - сказаў ён і выйшаў на праспект.
Курсант Вараўка напісаў рапарт начальніку вайсковага вучылішча з просьбай, каб далі яму сем дзён адпачынку для жаніцьбы, бо інакш ён згубіць свой лёс, сваю каханую. Яму не адмовілі.
На прахадную Чэрвеньскай швейнай фабрыкі Рыгор прыйшоў за гадзіну да канца першай змены. Рашыў чакаць.
Выйшла нейкая дзеўка і запытала:
- Вы чакаеце Таню? І Вас завуць Коля?
- Ага, - і кіўнуў галавой.
- Таня на прахадную не прыйдзе. Яна прасіла мяне перадаць наступнае: "Каб больш ты сюды не прыходзіў, бо яна выходзіць замуж за другога".
Рыгор павесялеў. Калі такі адказ нейкаму Колю, хай сабе можа і прыдуманаму, а можа і яўнаму, дык цяпер Таня стане яго жонкай, і ён тут будзе яе чакаць, нават, калі яна надоўга затрымаецца.
Пасля сустрэчы і кароткіх тлумачэнняў Таня Кулік пайшла ў аддзел кадраў і ўзяла тры дні адпачынку без аплаты. Вяселле ў Чэрвені не рабілі, а шлюб аформілі па-савецку, па-грамадзянску. Зайшлі ў аддзел ЗАГС у Чэрвені: яна з пашпартам, а ён з "Ваенным білетам". Там у іхніх дакументах паставілі штампы, далі распісацца два разы, выпісалі пасведчанне аб шлюбе, уручылі маладой і павіншавалі. Адразу яны распілі па бакалу савецкага шампанскага, бо бутэльку шампанскага пры-неслі з сабой. Работнікі ЗАГСа яшчэ раз павіншавалі маладых з законным шлюбам і зычылі кахання, шчасця і дастатку. Ніякіх сведак не было. У той час яны былі не патрэбныя. Афармленне пасведчання аб шлюбе заняло некалькі хвілін. Адным словам, праз паўгадзіны яны сталі мужам і жонкай. Пасведчанне забрала Таня. З ЗАГСа маладыя пайшлі ў ваенкамат. У ваенкамаце Чэрвеньскага раёна іх прынялі з радасцю і паспачувалі курсанту вучылішча, што 7 дзён на мядовы тыдзень малавата. І ваенкам сваёй рукой прадоўжыў адпачынак да 10 дзён. Вайсковая вучоба ў такім вучылішчы нікуды не дзенецца, бо там выкладаюцца агульна-вайсковыя дысцыпліны. У навучанні не адстанеш.
Укусі сухарык
Маладыя вырашылі з'ездзіць да сваіх бацькоў. У Стасеўцы і Слабадзе згулялі звыайнае вясковае вяселле. Асабліва ім запомнілася гасцяванне на Пярэзаўкі ў Алены Сямёнаўны, маці Тані. Яна напякла аладак-дранікаў, патэльню яек з каўбасой і скваркамі і частавала маладых. Асабліва старалася дагадзіць зяцю. Прыняла іх вельмі ветліва, як родных. А потым нечакана сказала ім:
- А я гэтага вяселля даўно чакала. Шмат гадоў.
- А чаму так? - запытаў у яе зяць.
А вы абодва маглі загінуць у лагеры смерці пад Азарычамі. Вас Бог тады пашкадаваў: збярог і аднаго, і другога. А колькі там людзей загінула: і старых, і малых, і дарослых, і ўсякіх! Голад, холад, марозы. Памятаю мая Танячка некалькі дзён нічога не ела. Прасіла есці, а што я ёй дам. Сама галадала. Еў хлопчык сухарык, а яна глядзіць на яго і просіць "Дай мне ўкусіць, хоць разок". І той памачыў сухарык у чысты снег і паднёс у сваёй руцэ маёй дачушцы і кажа: "Кусай з маёй рукі, а болей не дам". І можа той сухарык уратаваў Таню ад смерці, каб выжыла.
- А хто быў той хлопчык? - запытаў зяць у цёшчы.
- А той хлопчык так-сама выжыў. Гэта быў ты. Забыўся, як пачаставаў маю Танячку сухарыкам, а я запомніла, бо ты ратаваў маю Танячку, а я верыла ў прыкмету, калі такое здарылася, калі выжывуць дзеці, дык яны пажэняцца. Я добра ведала тваю маці і вашу сям'ю. І нашы "логавы" у тым лагеры былі побач. І хоць вы не павянчаліся, але шлюбы адбываюцца не толькі на зямлі, а там на нябёсах. І вам здаўна было наканавана быць разам. Жывіце дружна, шануйце адзін аднаго. Будзьце шчаслівыя! Я дабраслаўляю вас, маладых.
Сымон Барыс