№ 43 (934) 28 КАСТРЫЧНІКА 2009 г.
Анатоль Сыс - паэт-апокрыф…
Да 50-годдзя з дня народзінаў Анатоля Сыса
"Часу тры сняжынкi маю..." - так прароча-трагiчна выдыхнуў паэт Анатоль Сыс у апошнiм вершы за некалькi дзён да заўчаснай смерцi 4 траўня 2005-га, на 45-м годзе свайго зямнога шляху. Але паэты не памiраюць... Сапраў-дныя паэты перасяляюцца ў нябёсную Гасподу, абжываючы беларускую Вечнасць. Ён пайшоў, каб застацца ў сваiх вершах, у сваiх кнiгах. Iх у Анатоля было не так ужо i шмат, дакладней, усяго тры: "Агмень" (1988 г.), "Пан Лес" (1989 г.) i "Сыс" (2003 г.). Толькi тры. Затое якiя! Амаль кожны верш з iх разабраны на цытаты або паэтычныя эпiграфы. Такое ў свой час было толькi з "Вянком" Максiма Багдановiча. Так нараджаецца класiка... Так пішуцца паэтычныя апокрыфы…
Сёлета 26 кастычніка Анатолю Сысу споўнілася б 50 гадоў. Толькі 50! Залаты юбілей. Зеніт жыцця і творчасці. А яго няма сярод нас ужо больш як чатыры гады. За гэты час Саюзам беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога Анатоль быў з 1988 года, шмат чаго зроблена для ўшанавання ягонай памяці. Па-першае, на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў заснавана свята паэзіі ў ягоны гонар. Гэтай восенню яно пройдзе ў пяты раз. Па-другое, летась беларускай талакой (сябры Анатоля, ягоныя пабрацімы па пяру, беларускія музыкі) на магіле паэта быў усталяваны помнік варты ягонага паэтычнага таленту. Па-трэцяе, у выдавецтве "Беларускі кнігазбор" ўвасобілася ў рэальнасць ягоная прыжыццёвая мара - выдаць кнігу вершаў пад сімвалічным назовам "Лён". Адразу пасля выхаду "Лён" паспеў ператварыцца ў паэтычны бестселер. І нарэшце 31 кастрычніка гэтага года на роднай хаце Анатоля Сыса будзе ўрачыста адкрыта мемарыяльная шыльда, на якой побач з гарэльефам паэта змешчаны такія словы: "У гэтай хаце нарадзіўся, жыў і тварыў вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс. 1959-2005"
А яшчэ шыльду аздабляюць дзве грацыёзныя валошкі і жалейка (божая дудка), як сімвал духоўнай повязі Анатоля Сыса з Максімам Багдановічам, якога ён уважаў за брата па крыві і Янкам Купалам, якога ён лічыў сваім духоўным бацькам…
Ну і нарэшце аддаць даніну памяці ад-наму з найвыбітнейшых паэтаў ХХ стагоддзя ў Гарошкаў на ўжо традыцыйнае свята паэзіі гэтай восенню збяруцца такія майстры беларускага слова, як: Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Арлоў ды іншыя, у гонар Анатоля на ягоныя словы будуць спяваць цудоўныя барды: Алесь і Кася Камоцкія, Вальжына Цярэшчанка і Андрэй Мельнікаў, Кастусь Герашчанка і…
Вось бадай што і ўсё, што мы можам зрабіць для вялікага Паэта ў краіне, дзе па ягоных словах, ён ніколі не меў Волі. Спадзяюся, што ў нябеснай Гасподзе, поруч з Янкам Купалам і Максімам Багдановічам гэтую Волю Анатоль Сыс нарэшце знайшоў…
У гэтай краіне не маю Волі…
Аддаляючыся, наблiжаюцца да кожнага з нас апо-сталы беларускага Духу - Янка Купала i Максiм Багдановiч. Асаблiва абвострана адчуваеш гэта на Гарошкаўскiх могiлках на плячы ў магутнага Дняпра, побач з апошнiм выраем роўнавялiкага iм паэта Анатоля Сыса.
Пад бярозаю косцi,
а ў кроне
птушка гняздо мосцiць,
тут вячыста-надзiва -
здаецца:
я сам тут ляжу -
на вясковым пагосце
збаўляюцца людзi ад злосцi,
ён, як гай запаветны,
здзiўляе спакоем душу.
Цi ведаў ты, Толя, што аднойчы гэтыя радкi стануць тваёй паэтычнай эпiтафiяй самому сабе?.. Рана, ой рана ты пайшоў ад нас да свайго бацькi Янкi i брата Максiма. Рана перасялiўся ў свой "гарошкаўскi рай", як ты любiў называць свае, самыя прыгожыя на Бе-ларусi могiлкi. "I бярозы тут самыя белыя... Такiя белыя, што ў начы здаюцца прывiдамi..." Ты i сам стаў прывiдам, Анатоль. Светлым анёлам-ахоўнiкам улюбёнай сваёй Беларусi.
Беларусь мая, мая магiла,
З бел-чырвона-белага радна
Цi кашулю мне
на смерць пашыла?
Беларусь мая, мая магiла,
Ты ж адна ў мяне,
як ёсць адна...
Так пранiзлiва-шчыра, так балюча пра Беларусь яшчэ ніхто і ніколі да цябе не напісаў. Так сказаць мог толькi генiй, прадракаючы сваю прышласць.
Толя, выпраўляючы цябе ў апошні жыццёвы вырай, я папраўляў на тваіх грудзях кашулю-вышыванку, якую ты апрануў на сустрэчу з Богам… Усё сталася так, як ты сам сабе і прадказаў. Вось толькі сяброў ля тваёй труны аказалася меней, чым пальцаў на дзвюх руках… Затое правесці цябе сабраліся самыя адданыя, каго пры жыцці ты ласкава называў "мае сыночкі"…
"Мая хата без сяброў - не хата!"- напісаў ты ў адным са сваіх вершаў. 31 кастрычніка твая гарошкаўская хата будзе поўная тваіх сяброў, амаль як калісьці, калі ты любіў адзначаць свае Дні народзінаў. І я свята веру, што настане час , і твой Гарошкаў ператворыцца ў нашу паэтычнаю Меку, і будуць з'язджацца да цябе, Анатоль, на пагасцiны людзi з усіх куткоў Беларусi. I на старажытным гарадзiшчы Мiлаградскай культуры, а не на цесным падворку, як звычайна, будуць адбывацца агульнанацыянальныя святы паэзii i песнi. I на гэтых святах будзе выступаць i чытаць на памяць твае вершы будучы прэзідэнт краiны, калi ён будзе гэтак жа любiць Беларусь, як яе любiў і любіш Ты. Так будзе. Мы яшчэ сустрэнемся - i ў тваiм улюбёным Гарошкаве, i ў на-шых высокiх беларускiх нябёсах...
Эдуард Акулін.
Рэгіянальныя тэленавіны перайшлі на беларускую мову, але не ўсе
Ад 19 кастрычніка ўсе абласныя тэлерадыёкампаніі пачалі выдаваць у эфір выпускі навінаў па-беларуску.
Загадчык аддзела навінаў магілёўскай студыі тэлебачання Сняжана Ганчарова патлумачыла такое рашэнне кампаніі тым, што "гэта даўняя наша задума. Я не магу адказваць за іншыя рэгіёны, але мы даўно прапаноўвалі і рыхтавалі праекты беларускамоўных перадач. Ад новага году плануем уключыць некалькі беларускамоўных рубрык у ранішні блок".
Загадчык аддзела інфармацыі гомельскай тэлерадыёкампаніі Аляксандр Рамашоў таксама пацвердзіў інфармацыю, аб пераходзе на беларускую мову: "Гэта агульнарэспубліканская акцыя, як я зразумеў. Планавалася, што пяройдзем на беларускую мову з пачатку кастрычніка, аднак адбылося гэта толькі цяпер з розных прычын." У гарадзенскай студыі тэлебачання навіну таксама з задавальненнем пацвердзілі. Дырэктар тэлерадыё-кампаніі Гародні Мікалай Мельнічэнка адзначыў, што "ў нас двухмоўе, таму вырашылі пашырыць беларускамоўнае вяшчанне. Мы прааналізавалі сітуацыю і выявілі, што было замала перадач на беларускай мове. Таму і вырашылі павялічыць аб'ём беларускай мовы ў нашай сетцы. Ёсць некаторыя цяжкасці. Многія супрацоўнікі падзабылі мову. Але працуюць. Усё будзе добра".
Праўда, "хваля беларусізацыі" па ўсім відаць пры-пынілася на ўзроўні вобласці. У Лідзе мясцовае тэлебачанне навіны на беларускую мову пакуль што не перавяло.
Алесь Пілецкі.
Міжнароднае радыё Кітая па-беларуску
На партале Міжнароднага радыё Кітая (МРК) СRI-Online адкрылася беларускамоўная старонка - belarusian.cri.cn.
Інтэрнэт-старонка на беларускай мове - "акно для знаёмства беларусаў з Кітаем", паведаміў 19 кастрычніка намеснік галоўнага рэдактара МРК Інь Лі .
На сайце размешчаныя навіны Кітая, звесткі пра культу-ру і турызм. Наведнікам прапануюць урокі кітайскай мовы, а ў інтэрактыўнай зоне ўсе ахвотныя могуць абменьвацца інфармацыяй пра Кітай.
Міжнароднае радыё Кітая было створана ў 1941 годзе, каб паглыбіць разуменне і дружбу паміж народамі Кітая і ўсяго свету. Гэта адзінае ў КНР дзяржаўнае радыё, якое вяшчае на замежныя краіны. Праграмы МРК можна слухаць на 59 мовах цягам 1,52 гадзіны на суткі.
Сайт CRI-Online адкрыты ў 1998 годзе. Сёння на ім публікуюцца матэрыялы на 59 мовах.
БелаПАН
ICQ 6.5 на беларускай мове даступная для запампоўкі і выкарыстання
Кампанія ICQ LLc сумесна з Bigmir.net у Беларусі выпусцілі афіцыйны кліент ICQ 6.5 на беларускай мове. Увесь інтэрфейс, ад усталёўкі праграмы да ўнутраных фіч, прапаноўваецца на родным для беларусаў мове.
Я вельмі рады, што нам удалося выпусціць беларускамоўны кліент ICQ. Мы атрымлівалі шмат лістоў з пытаннямі ад беларускіх карыстальнікаў, ці будзе беларуская мова ў кліенце. Зараз мы можам упэўнена сказаць, што афіцыйны беларускі ICQ поўнасцю наш, родны. Жадаю сказаць дзякуй камандзе сацыяльнай сеткі Belarusy.by за дапамога ў якасным беларускім перакладзе. Паверце, з першай старонкі ўсталёўкі вы будзеце здзіўленыя якасцю перакладу і не захочаце пераходзіць на іншы кліент", распавёў дырэктар ІП "МірІнтэрнэт" Іван Монцік.
Запампаваць беларускую версію кліента можна, як на афіцыйным сайце icq.com і вылучыўшы мову для ўсталёўкі "беларускі", альбо на беларускай старонцы icq. bigmir.net/by. Па бясплатным доступе кліент даступны для запампоўкі ў беларускай сацыяльнай сетцы Belarusy.by.
"Дух - гэта, людзі, Я!"
Пад такім назовам 31 кастрычніка 2009 года ў вёсцы Гарошкаў, непадалёк ад Рэчыцы, адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса. Сёлетняе свята прымеркавана да 50-гадовага юбілею паэта. У свяце бяруць удзел родныя і землякі Анатоля, ягоныя сябры, а таксама вядомыя беларускія паэты, барды і мастакі. У тым ліку: Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Арлоў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Павел Змітрук, Міра Лукша, Ганна Кандрацюк, Алесь Камоцкі, Кася Камоцкая, Алесь Бяляцкі, Сяржук Сыс, Галіна Дубянецкая, Міхась Скобла, Валянціна Аксак, Андрэй Мельнікаў, Вальжына Цярэшчанка, Кастусь Герашчанка, Ларыса Раманава, Павел Лук, Генадзь Лапацін ды інш.
Ласкава запрашаем усіх, каму на справе, а не на словах дарагі несмяротны Дух айчыннай паэзіі, хто любіць і памятае творчасць Анатоля Сыса - аднаго з найвыбітнейшых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя.
Пачатак свята а 12-ай гадзіне на Гарошкаўскіх могілках, дзе адбудзецца ўскладанне кветак да надмагільнага помніка паэту. У 12.30 - урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі. А 13-ай пачнуцца паэтычныя чытанні і бардаўскі канцэрт на падворку роднай хаты Анатоля Сыса. У межах свята таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі паэтычных прысвячэнняў А. Сысу "Ягамосьць" і выбранага тома паэзіі "Алаіза".
Ушануйма годна памяць Паэта, чыю творчасць па праву называюць "жураўліным сэрцам" Беларусі.
Свята адбудзецца пры падтрымцы агульнанацыянальнай кампаніі "Будзьма бела-русамі!"
Для тых, хто жадае далучыцца да імпрэзы, кантактныя тэлефоны:8 025-60-60-891 (у Менску) і +37533-6-72-24-60 (у Рэчыцы).
З кнігі паэтычных прысвячэнняў Анатолю Сысу "Ягамосьць"
Данута БІЧЭЛЬ
ПЛАЧ
Прыйдзе ў сне, спытае:
-Данута, ты як падпішаш мне сваю новую кнігу?
- У два словы, - адкажу яму, -Анатолю - Данута…
-Э, не! Падпішы так, як я табе падпісаў, падпішы вершам.
Дык я табе, Анатолю,
усе рыфмы свае пераплачу,
перарыфмую болі…
Калі бура разбурыла твае дні,
калі падмыты Дняпром твае карані,
І Дняпром падмыты, і Сожам,
не збярог цябе добры Божа
не было цябе каму падтрымаць,
смерцю стала табе твая кватэра сама,
хмары аглохлі, сарваліся,
абарваліся хмары, са сну ў сон пад адхон,
з хваляў сну на сну хвалі - і прапалі,
стаміліся і прапалі - у драўляным чаўне
на чорным парэпаным дне,
не ў горле гарачай печы -
у цямрэчы
паэта Анатоля Сыса пахавалі,
у напластаванні стагоддзяў,
туды кроцік не ходзіць, не даходзіць
карэнне ў сутарэнне…
Чаўны, пласкадонкі, лодкі
сталі на якар…
і аніякай Дняпровай паводкай
Твае лодкі з месца не зрушыць…
спынены час душыць…
якія там ружы?!
Памерлі гужы,
арэлі ўтравелі, удзірванелі…
да змёртвыхпаўстання на Божую волю
ты падаўся, паэце, Сыс Анатолю!
Ніякай краплінай слова
смагу сваю не натоліш,
Беларусі не вымраіш болей
неабсяжную светлую волю…
адыграў пажыццёвую ролю.
Нехта навейшы - не лепшы -
на згвалтаванай,
ветрам паваленай вежы
будзе глушыць твае вершы…
у чыстым полі -
у прысаку, у вуголлі,
у сотах паэтавых вулляў
і абвугленых вуснаў,
як у пабітай пасудзіне,
матывам, рэчытатывам…
Вось гэта тое, святое,
што ўжо ёсць, і што будзе…
Прызнайся, Толік, што гадка,
калі наглуха забітая хатка,
не пад крылом пчалінае маткі
спаткі і спаткі? і спаткі…
Эдуард Акулін
CЫС
Забылі Сыса - як забілі
Паэта у мулкай труне…
Забілі, забілі, забылі -
"І словы - вярыгі мае…"
Забылі Сыса - як любілі,
як вучні калісьці Хрыста.
Забілі, забілі, забылі -
"І выкрэсліў Слова я…"
Забылі Сыса - як малілі:
- Не пі болей, Толя, памрэш…
Забылі, забылі, забілі -
яго ненапісаны верш.
Забылі Сыса - як завылі
апоўнач за Гомлем ваўкі.
Забілі, забілі, забылі -
чые між аблок ветракі…
4 лютага 2001 г.
ВОШЫ
або маналог Анатоля Сыса
Магіла - чорныя вошы…
Анатоль Сыс
Вошы - вечнасці вершадзеці, -
вы Пегасу, каб зор дастаў,
грывы рыфмамі запляцеце,
я не змог, бо я верш пісаў.
Для Радзімы, для маці, для любай
і для сына, якога сніў…
Вошы, Бог вас паслаў на згубу,
так любіў, што рашыў згубіць.
Забяру вас з сабой у магілу,
твар не буду знарок галіць…
Вы прашылі душу, як шыла,
хоць на дзірках душа - баліць.
Ой, баліць нат пад небастоллю,
не таму, што няма з кім піць,
а таму, што без Сыса Толі -
з кім Паэзія будзе жыць?
Вошы выелі дні і ночы…
Пачакайце крыху, прашу, -
покуль, гледзячы д'яблу ў вочы,
Богу ў рукі аддам душу.
25 снежня 2006 г.
Павал Змітрук
СЫСУ
І чорныя, і шэрыя дажджы
Стаялі, як сцяна чужога дому,
Як помнік трыадзінаму другому,
Як доля, як паэзія Хінжы.
Як пісягі пакорнасці на спінах,
Як след дзіка - крывёю ў мяккі снег,
Як гэты край, які мне не пакінуць,
А ён ці раз пакіне шчэ мяне.
Як немата, што прэч не адпускае,
Як мова, да якой не дажыву.
Я ўкленчыў прад табою, родны Краю;
Я чую, як ты ссек мне галаву...
Прысніся, Дзед, і праўду мне скажы
Пра гэту тэрыторыю Хінжы.
МАЙСТЭРСТВА І... ПАМЫЛКІ
Нядаўна Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А.С. Пушкіна выдаў зборнік навуковых артыкулаў «Беларуская фразеалогія і еўрапейскі моўны кантэкст». У зборнік уключаны 68 дакладаў ці выступленняў, заслуханых і абмеркаваных на адпаведнай навуковай канферэнцыі ў Брэсце, што адбылася вясной гэтага года. Аўтары артыкулаў - выкладчыкі, аспіранты, магістранты і, відаць, студэнты-старшакурснікі з усіх абласных гарадоў рэспублікі. На самой канферэнцыі я не прысутнічаў, але цяпер больш-менш уважліва прачытаў увесь зборнік. Ёсць у ім шмат добрых артыкулаў па разнастайных праблемах беларускай фразеалогіі. Але сустракаецца і нямала недакладнасцей, недарэчнасцей, неабгрунтаваных сцвярджэнняў, асабліва ў працах, прысвечаных стылістычнаму выкарыстанню фразеалагічных адзінак у мастацкіх і публіцыстычных тэкстах. Пра некаторыя найбольш тыповыя недакладнасці далей і пойдзе размова - на прыкладах толькі з артыкула дацэнта Ларысы Аўдошынай «Майстэрства фразеаўжывання ў кнізе У. Калесніка «Доўг памяці».
Мы ўсе добра ведаем Уладзіміра Калесніка як аўтара шматлікіх капітальных літаратуразнаўчых прац, а яго «Доўг памяці» - гэта мемуары, кніга ўспамінаў пра маленства, гады навучання ў польскай гімназіі, пасля ў Наваградскім педвучылішчы, пра падпольную, а затым партызанскую дзейнасць. Сам мемуарны жанр абмяжоўвае ўжыванне разнастайных сродкаў мастацкай выразнасці, але пры неабход-насці выкарыстоўваюцца і яны, у тым ліку і фразеалагізмы. І Л. Аўдошына робіць шэраг цікавых назіранняў за індывідуальна-аўтарскім ужываннем фразеалагізмаў у Калеснікавай кнізе ўспамінаў, разглядае розныя стылістычныя прыёмы абыгрывання гэтых моўных адзінак. Але з некаторымі сцвярджэннямі нельга пагадзіцца.
Так, у складанай, трывожнай сітуацыі трое падпольшчыкаў рашылі неадкладна ісці ў партызанскі атрад, з якім яны мелі трывалую сувязь. Ваня Мацко заявіў, што і ён з малодшым братам пойдзе разам з імі. Далей гаворыцца, што «Ванеў ход дзвюма фігурамі парушыў правіла і ўвогуле выдаваўся нам залішне рызыканцкім». Л. Аўдошына піша, што спалучэннем «ход дзвюма фігурамі» аўтар «зашыфраваў фразему ход канём, якую чытач павінен дэкадзіраваць». Але такая «расшыфроўка» - вялізная нацяжка. Аўтарскае метафарычнае спалучэнне «ход дзвюмя фігурамі» не мае ніякай сувязі з фразеалагізмам ход канём , сэнс якога - «спрытны, абходны манеўр, разлічаны на поспех у чым-небудзь».
Аўтарка сцвярджае, што ў кнізе У. Калесніка ёсць нямала фразеалагізмаў, «не зафіксаваных літаратурнымі слоўнікамі, але патэнцыяльна магчымых у фразеалагічнай сістэме». Прыводзіцца пры-клад, у якім «патэнцыяльна магчымы» прэтэндэнт даюць бярозавай кашы выдзелены тлустым шрыфтам: «Ён і цяпер пачаў смяяцца з таго, што не пазналі сваіх нашы, даюць бярозавай кашы» . У нашай мове, як і ў некаторых іншых, ёсць назоўнікавы фразеалагізм бярозавая каша , што значыць «розгі, дубец, рэмень і падобнае» . Ён найчасцей ужываецца пры разнастайных дзеясловах-суправаджальніках: бярозавай кашы не шкодзіла б (Я. Купала), бярозавай кашы хоча (захацеў) (М. Лынькоў, Л. Калодзежны), бярозавай кашы ўсыпаць (М. Танк, А. Дзятлаў), карміць бярозавай кашай (М. Матукоўскі, У. Арлоў), пака-штаваць бярозавай кашы (А. Пальчэўскі, Л. Левановіч) і г.д. Выкарыстоўваецца ён і з дзеясловам «даць» , абазначаючы ў такім разе « (даць) розгаў, дубца і пад.» . Ва ўсіх пададзеных выпадках перад намі назоўні-кавы выраз бярозавая каша , а таму толькі ў такой форме ён і фіксуецца ў слоўніках. А дру-гая частка прыведзенага пры-кладу з кнігі У. Калесніка - літаральнае паўтарэнне таго, што ёсць у п'есе К. Крапівы «Партызаны», у наступным эпізодзе. Кулак Маргун пыта-ецца ў Батуры, які «таксама занепакоіўся», пачуўшы, што вось-вось павінна ўступіць у вёску польскае войска: «А табе ж чаго баяцца? Гэта ж вашы... Ты ж паляк, здаецца?» Батура адказвае , «загадкава падміргваючы»: «Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы».
Становячыся элементам сказа, фразеалагізм, як і слова, павінен рэалізавацца з тым значэннем, якое замацавала за ім маўленчая практыка і з якім занатоўваецца ў нарматыўных даведніках. Толькі пры такой умове паміж тым, хто гаворыць ці піша, і тым, хто слухае ці чытае, усталёўваецца ўзаемаразуменне. Фразеала-гізм можа быць ужыты з неўласцівым яму значэннем толькі тады, калі гэта абумоўлена крытэрыем мастацкасці і ўспрымаецца як стылістычны прыём. Калі ж фразеалагізм выкарыстаны з іншым, ненарматыўным значэннем і адыход ад нормы не выклікаецца якой-небудзь стылістычнай мэтай, перад намі фразеалагічная памылка.
Л. Аўдошына, відаць, не ведае гэтага, бо ўсхваляе тое, што, па сутнасці, трэба крытыкаваць. Яна піша: «Цікавымі і арыгінальнымі ўяўляюцца прыклады выкарыстання У. Калеснікам вядомых фразеалагізмаў з нетыповым, не зафіксаваным у слоўніках значэннем». Далей прыводзяцца чатыры прыклады і робіцца спроба памылковыя ўжыванні лічыць «цікавымі і арыгінальнымі». Адзін з іх такі: «Цяпер ён дэманстраваў, што сядзіць ціха, як рудая мыш» . Тут замест «як рудая мыш» трэба: «як мыш пад венікам» . Выраз жа як рудая мыш ужываецца пры дзеясловах загінуць, прапасці , абазначаючы пры гэтым «зусім дарэмна, бескарысна» .
Яшчэ ў адным прыкла-дзе бачым ненарматыўнае вы-карыстанне фразеалагізма баранчык божы : «Ваня Мацко дражніўся, іранізаваў: - Ка-леснік рашыў стаць аслом гасподнім ці божым баранчыкам» . Фразеалагізмам «баранчык божы» называюць бакаса, балотную птушку з голасам, падобным на бляянне, а фразеалагізмам «конь божы» (у польскай мове koń Pana Jezusa) неадабральна характарызуюць тупога, неразумнага чалавека. У прыведзеным прыкладзе пераблытаны два выразы, якія маюць аднолькавы прыметнікавы кампанент ( конь божы і баранчык божы ).
Гэтак жа памылкова ўжыты і яшчэ два выразы: бокам-скокам, ні жывы ні мёртвы.
З аднаго боку, гэта памылкі аўтара кнігі ўспамінаў, а з другога боку - памылковая іх інтэрпрэтацыя Л. Аўдошы-най.
Наогул недакладнасці семантычнага характару пры ўжыванні фразеалагізмаў - досыць пашыраная з'ява. У «Праблемах фразеалагічнай стылістыкі» (1984) я прыводзіў больш як 130 прыкладаў такога тыпу, выяўленых у творах вельмі многіх аўтараў.
А што да У. Калесніка, то сваю кнігу ўспамінаў ён, як сведчыць Янка Брыль, «пачаў пісаць ужо хварэючы ці дома, ці ў бальніцы, пісаў, выразна спяшаючыся». І не змог яшчэ і яшчэ раз перачытаць напісанае, паправіць штосьці, бо адышоў у іншы свет. А рукапіс падрыхтоўвала да выдання яго жонка.
Яшчэ некалькі слоў пра артыкул Л. Аўдошынай. Яна выпісала з «Доўгу памяці» 9 спалучэнняў, якія называе фразеалагізмамі, не зафіксаванымі ў слоўніках, і адносіць іх «да так званай фразеалагічнай нерушы»: цягнуць за вяровачку, гарнушак нямыты, з пустой качаргой у руках і інш. Але іх ні ў якім разе нельга лічыць фразеалагізмамі, бо ніводзін з іх не мае ні ўстой-лівасці, ні ўзнаўляльнасці. Гэта індывідуальна-аўтарскія спалучэнні, аднойчы выкарыстаныя ў пэўнай маўленчай сітуацыі. Таму яны і не фіксуюцца ў слоўніках, і не павінны фіксавацца. І «фразеалагічнай нерушшу» не з'яўляюцца.
Іван Лепешаў
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе
Ермакова Аляксандра Мікал. Асмакоўская Алена Кавалёва Алена Пятроўна Якаўцава Людміла Уладзімір. Еўсіевіч Наталля Анатол. Мельнікаў Аляксандр Кавалёў Аляксей Аляксандр. Грыб Ян Янавіч Есьман Рыгор Міхайлавіч Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Бабкова Ганна Ігараўна Лойка Алег Паўлавіч Дабравольскі Аляксандр Ал. Сталярова Вера Трафімец Ульяна Святаслав. Пашкевіч Валеры Васільев. Мацкоўская Наталля Васіл. Вярцінскі Анатоль Ілліч Ялугін Эрнест Васільевіч Сойка Мікалай Уладзіміравіч Абрагімовіч Марына Яўген. Чарнаморцаў Валер Фядзюшын Ягор Ягоравіч Цімаховіч Аляксандра Іван. Касцюк Таццяна Уладзімір. Клікун Таццяна Кажамякін Генадзь Вячаслав. Мухіна Леанарда Станіслав. Мароз Жана Мікалаеўна Волкаў Алег Падасетнікаў Васіль Баўтовіч Міхась Давыдзька Святлана Пугачэўскі Аляксандр Вікт. Скуратовіч Аркадзь Домаш Валянціна Іосіфаўна Левіт Зміцер Несцераў Аляксей Дацэнка Аляксандр Кірыл. Маліноўскі Віктар Леанідавіч Літоўчык Святлана Міхайл. Міхалевіч Мілана Міхайл. Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Капойка Уладзімір Віценя Алег Аляксандравіч Таўгень Антон Кудлацкая Валянціна Казачонак Сяргей Данішэвіч Вольга Вікторчык Ніна Сяргееўна Мельнікаў Андрэй Міхайл. Лапіцкая Святлана Марозава Святлана Валянц. Дубовік Іна Пятроўна Лубянава Таццяна Віктар. Карповіч Ірына Іванаўна Белакоз Вера Кучынская Галіна Пагрэбіцкі Алег Васько Віктар Вячаслававіч Нікіціна Людміла Канстанцін. Ралько Леанід Міхайлавіч Борын Алег Мікалаевіч Пракопчык Марына Міхайл. Андрусевіч Вольга Аляксан. Тозік Эдуард Чашун Уладзімір Гнедчык Алег Тычына Дзмітры Валянцін. Савіч Аляксандр Аляксандр. Здановіч Уладзімір Васільев. Зарэцкая Вера Якаўлеўна Яніцкі Міхаіл Іванавіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Драгун Данута Федаровіч Надзея Федаровіч Кацярына Груша Дар'я Уладзіміраўна Крыжаноўская Вольга Аляк. Пыльчанка Яўген Аляксанд. Дрыга Святлана Мікалаеўна Дзядзюля Вера Уласевіч Дар'я Шнітоўскі Міхась Уласава Дар'я Ветчынаў Сяргей Хамінскі Міхась Аляксандр. Сабалеўскі Антон Аляксандр. Сцепулёнак Эма Антонаўна Пугаўка Алена Савіцкая Яніна Іосіфаўна Вішнеўскі Павел Уладзімір. Моніч Зміцер Казакоў Алесь Бародка Зміцер Міхайлавіч Зуева Галіна Паўлаўна Цвяткова Алена Мікалаеўна Гівоіна Вольга Міхайлаўна Дуброў Алег Анатольевіч Баранаў Аляксандр Георгіев. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Андрэйкавец Надзея Дмітр. Макарэвіч Наталля Міхайл. Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Станкевіч Ларыса Фёдараўна Дубко Ганна Міхайлаўна Лепяцюхіна Ганна Досіна Алена Бабак Вольга Паражынскі Аляксандр Шымкус Рычард Эдуардавіч Хвошч Галіна Марговіч Антон Антонавіч Нагін Павел Розумаў Анатоль Якаўлевіч Крук Валянціна Іосіфаўна Фралоў Аляксей Валер'евіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Губарэвіч Віктар Дзмітр. Кузьміч Мікалай Пятровіч Кадыш Любоў Трафімчык Алена Веніямін. Міжурына Раіса Канстанцін. Раманюк Наталля Севасцян Павел Цехановіч Святлана Гур'ян Алена Барысаўна Маковіч Дзіна Сцямпкоўская Хрысціна Бяляўская Таццяна Панюціч Аляксандр Кацяшоў Дзмітры Сяргеевіч Мілаш Леакадзія Яскевіч Аляксей Юр'евіч Амінава Святлана Дзербянёва Анжаліка Кошкіна Людміла Чаславаўна Тышко Іван Іванавіч Козел Валеры Тарасава Святлана Міхайл. Казлоўскі Руслан Канстанцін. Асецкі Аркадзь Ганчарова Таццяна Сергіевіч Дзмітры Бахвалаў Дзмітры Булаш Алена Шчурко Лідзія Іванаўна Шыманчык Святлана Мікал. Шчурко Галіна Аляксандр. Ваданосава Фаіна Аляксандр. Русецкі Марцін Ігаравіч Кузьма Аляксандр Стасюкевіч Дзіна Мельнік Міхась Іванавіч Паросава Марына Паляшчук Таццяна Бартасевіч Людміла Козел Галіна Маркаўна Лысова Таіса Нікіціна Ліля Турцэвіч Паліна Віктараўна Радзівон Ірына Сурко Анатоль Чаховіч Г. Г. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Бекіш Віктар Андрэевіч Радкоў Генадзь Андрэевіч Царкоў Мікалай Прохаравіч
Міленіум Літвы ў Палацы мастацтва
22 кастрычніка ў cталічным Палацы мастацтва ад-крылася выстава твораў жы-вапісу, графікі, скульптуры і фотамастацтва, прысвечаная 1000-годдзю наймення Літва .
Гэта першая з імпрэзаў у праграме фэсту:
27 кастрычніка - прэзентацыя альманаха "Літва",
6 лістапада - Дзень паэзіі,
11 лістапада - літаратурна-мастацкая вечарына "Радзівіліяда",
14 лістапада - спектакль "Спатканне з Літвой".
Завершыцца фэст 15 лістапада канцэртам класічнай і дударскай музыкі.
"Літва, бацькоўскі край,
Тугою па табе
тут вобраз твой ствараю,
О, ты - заступніца
прачыстая над намі…"
Гэтымі пранікнёнымі паэтычнымі радкамі Адама Міцкевіча з паэмы "Пан Тадэвуш" народная артыстка Бела-русі Зінаіда Бандарэнка адкрыла выставу, прысвечаную 1000-годдзю ўзгадак у пісьмовых крыніцах Літвы.
Існуе шмат канцэпцый утварэньня ВКЛ, няма згодны паміж гісторыкамі наконт лакалізацыі Літвы, ёсць розныя погляды і меркаванні, кажа доктар гістарычных навук Юры Бохан:
- Пару дзён таму мне давялося быць на канфэрэнцыі ў Нясвіжы. І там прадстаўнік вялікага роду Радзівілаў сказаў: "Я адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага". Крыху раней гэта сказаў Чэслаў Мілаш: "Я - грамадзянін краіны, якой не існуе - грамадзянін ВКЛ". Я думаю, шмат хто можа так сказаць.
Наш кар.
Другія Тышкевіцкія чытанні ў Лагойску
16 кастрычніка на базе Лагойскага гістарычна-края-знаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў прайшла абласная навуковая канферэнцыя - "Другія Тышкевіцкія чытанні". А дзесятай гадзіне ўсе ўдзельнікі і госці канферэнцыі (супрацоўнікі раённага гістрычна-краязнаўчага музея і кафедры музеязнаўства БДУКіМ, краязнаўцы музейныя работнікі з г. Вілейкі) сабраліся на Цэнтральнай плошчы каля будынка райвыканкаму, каб урачыстым ускладаннем кветак да магілы К. Тышкевіча пачаць мерапрыемства. Затым яны наведалі знакавыя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Тышкевічаў, а менавіта: касцёл, пабудаваны на месцы, дзе раней знаходзілася фамільная крыпта роду, царкву Св. Мікалая і цудадзейную крынічку каля яе, будынак колішняй палатнянай фабрыкі і рэшткі палаца, у якім крыху больш за паўтара ста-годдзі таму размяшчаўся першы на тэрыторыі Беларусі музей.
Пасля рэгістрацыі ўдзельнікаў канферэнцыі прайшло пленарнае пасяджэнне, на якім выступілі Г. В. Драгунова, намеснік старшыні Лагойскага райвыканкаму, А. І. Смолік, загадчык кафедры культуралогіі БДУКіМ, і П. А. Вабіш-чэвіч, начальнік аддзела культуры Лагойскага райвыканкаму. Пасля "кававай хвілінкі" ўдзельнікі канферэнцыі разы-шліся па секцыях (іх было дзве - гісторыі і археалогіі і края-знаўчая). Адпаведную атмасферу стваралі малюнкі і карціны ўдзельнікаў "Тышкевіцкага пленэру", які напярэдадні прайшоў у Лагойску.
У секцыі гісторыі і археалогіі свае даклады прадста-вілі С. І. Жыгунова ("Віленскі музей старажытнасцей"), І.Н. Колабава ("Нумізматычная калекцыя Лагойскага музея Ты-шкевічаў"), А. М. Нароўская ("Гравюры ў мастацкай калекцыі К. і Я. Тышкевічаў"), А. Я. Паўлава ("Дакументы роду Тышкевічаў"), А.А. Трусаў ("Вяртанне навуковай спад-чыны братоў Тышкевічаў"), Г. А. Карпечанка ("Канстанцін Тышкевіч і паўстанне 1830-1831 гг.").
У секцыі краязнаўства вялікую цікавасць выклікалі даклады І.І. Бамбешкі "Экспедыцыйнае даследаванне Лагойшчыны ў 1923 г." і М.М. Петуха "Вялля - крыніца жыцця", якія суправаджаліся паказам слайдаў, а таксама паведамленне М. М. Міхалевіча і В. М. Кастэнкі "Корчмы ў кнізе К. Тышкевіча "Вілія і яе берагі" (на жаль, В.М. Кастэнка па трагічнай выпадковасці не дажыў да канферэнцыі, у якой так хацеў узяць удзел).
Кожны з удзельнікаў мерапрыемства атрымаў на памяць карту Лагойскага раёна і буклет, сувенір у выглядзе званочка з надпісам "Лагойск - 2009", праграмку і, выдадзены кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства БДУКіМ спецыяльна да гэтага дня, асобнік зборніка "Другія Тышкевіцкія чытанні".
Завяршылася канферэнцыя круглым сталом, на якім было вырашана наступныя, ужо трэція, "Тышкевіцкія чытанні" правесці ў Вілейцы.
Арганізатары канферэнцыі выказваюць шчырую ўдзяч-насць усім яе ўдзельнікам і спадзяюцца, што мерапрыемства запомнілася атмасферай добразычлівасці і даследчыцкага азарту.
Дзіна Рамадзіна, ст. навуковы супрацоўнік Лагойскага гістарычна-краязнаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў.
Сведкі міжваеннай гісторыі Беларусі
У 2009 годзе ў Менску ў выдавецтве Віктара Хурсіка выйшла кніга Святланы Белай "Да роднага ганку". У аснову кнігі пакладзены магнітафонныя гуказапісы, зробленыя ў 1991 - 1994 гадах, гутарак аўтара з віленскімі беларусамі, якія пасля Другой сусветнай вайны пераехалі жыць у ЗША.
У кнігу ўвайшлі гутаркі-ўспаміны, гутаркі-інтэрвію Галякоў, Часлава Найдзюка, Вітаўта Тумаша, Мацвея Рэпкава Смарчка (Анатоля Бярозкі), Яні Каханоўскай, Юліі Андрусішынай, Міколы Шчорса, Антона Шукялойця. Змешчаны цікавыя і змястоўныя матэрыялы пра Віленскую беларускую гімназію.
З іх грунтоўных расповедаў паўстае карціна міжваеннай Беларусі, лёсу людзей, якіх за мяжою ніхто не чакаў, і таму трэба было самастойна зарабляць сабе на жыццё, адукацыю і выхаванне дзяцей, на ахову здароўя для сябе і сваёй сям'і. І беларусы ўсё гэта з гонарам вытрымалі. Яны не растварыліся сярод іншых народаў, не згубілі сваёй нацыянальнай адметнасці, а, наадварот, здолелі захаваць любоў да сваёй Радзімы, да яе гісторыі і культуры, навучыць сваіх дзяцей любіць сваю родную Беларусь.
Героі інтэрвію былі сведкамі многіх гістарычных падзей - абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, яе падзел, міжваенны перыяд, ліхалецце Другой Сусветнай вайны, эмі-грацыя, жыццё на чужыне. Яны хацелі прайсці доўгую дарогу на Радзіму, дадому, але гэта не ўсім удалося. А цяпер мы можам пра іх, пра іх жыццё і дзейнасць пазнаёміцца з гэтай кнігі.
У артыкуле "Віленская беларуская гімназія" распавядаецца пра адну з першых беларускіх сярэдніх школ, якую 1 студзеня 1919 года заснаваў Іван Луцкевіч, як прыватную гімназію. Гімназія размяшчалася ў Базылянскіх мурах і стала самым буйным беларускім асяродкам у Вільні. Гімназія з'яўлялася 8-класнай навучальнай установай гуманістычнага тыпу. Напачатку не ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Паступова гімназія стала нацыянальнай навучальнай установай, з 1924 года ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску. Разам з гімназіяй дзейнічаў і прытулак для дзяцей-сірот, які заснаваў і апякаў ксёндз Адам Станкевіч, і нас-таўніцкія курсы. Беларуская гімназія працавала нягледзячы на перашкоды з боку польскай і савецкай уладаў. У гімназіі дзейнічалі вучнёўскія гурткі, духавы аркестр, хор, бібліятэка, выдаваліся друкаваныя і рукапісныя часопісы. Гімназія дзейнічала да чэрвеня 1944 года і была закрыта пасля аднаўлення ў Вільні савецкай улады.
Пераймальнікам традыцый Віленскай беларускай гімназіі стала беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны ў Вільні. Гэта адзіная поўная сярэдняя школа ў Летуве з беларускай мовай навучан-ня, у 2005 годзе ў школе навучалася каля 170 вучняў і выкладалі каля 40 настаўнікаў. Дырэктарам стала Галіна Сівалава. Сярэдняя школа была адкрыта намаганнямі віленскіх беларусаў у канцы ХХ стагоддзя.
Дырэктарамі гімназіі былі вядомыя дзеячы беларускага Адраджэння: Мікола Анцулевіч, Радаслаў Астроўскі, Міхаіл Кахановіч, Барыс Кіт (Кіта), Аляксандр Міхале-віч, Антон Неканда-Трэпка, Сяргей Паўловіч, Браніслаў Тарашкевіч.
Настаўнікамі працавалі: Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Ігнат Дварчанін, Язэп Драздовіч, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, ксёндз, настаўнік Закону Божага Адам Станкевіч, Язэп Шнаркевіч, настаўнік спеваў і выхавальнік у інтэрнаце Рыгор Шырма і многія іншыя.
У Беларускай гімназіі вучыліся Наталля Арсеннева, Мікалай Арэхва, Часлаў Бу-дзька, М. Вітушка, Галіна Войцік (Луцкевіч), Анатоль Іверс, Кастусь Касяк, Якуб Міско, Лявон Луцкевіч, Юры (Юрка) Луцкевіч, Часлаў Най-дзюк, Яўген Скурко (Максім Танк), Яраслаў Станкевіч, Валянцін Таўлай, Вітаўт Ту-маш, Антон Шукялойць, Ян Шутовіч і іншыя.
Грунтоўныя ўспаміны Антона Шукялойця - беларускага грамадскага дзеяча ў ЗША. Быў шматгадовы стар-шыня беларуска-амерыканскага задзіночання, сябар рэдакцыі газеты "Голас", сябар беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
А. Шукялойць згадвае асноўныя факты з жыцця ў міжваенны час вядомых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячоў Яўгена Скурко (Максіма Танка), Генадзя Цітовіча, Міхася Забэйды-Суміцкага, Язэпа Драздовіча, мастака Міхася Сяўрука, мастака Пётры Сергіевіча, Рыгора Шырмы, беларускіх і польскіх археолагаў Гелены Цэгак-Галубовіч і яе мужа Уладзіміра Галубовіча, Макара Краўцова - аўтара беларускага гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", Анатоля Бярозку, Міха-ся Машару, Сяргея Хмару, Наталлю Арсенневу, Янку Брыля і іншых. Р. Шырма быў цікавым чалавекам, размаўляў па-беларуску з палескім акцэнтам - "корова", "коза" і дэманстратыўна карыстаўся гэтым палескім гаворком, хаця пісаў на беларускай літаратурнай мове. Цікавыя звесткі пра Алеся Матусевіча, які ў час вайны працаваў у Менску, у рэдакцыі "Беларуская газета".
Мацвей Рэпкаў-Смарчок (Анатоль Бярозка) пакінуў цікавыя ўспаміны пра беларускага паэта Язэпа Пушчу і яго шэдэўр рамантычнай лірыкі 20-х гадоў ХХ стагоддзя "Лісты да сабакі".
Мікола Шчорс - беларускі палітычны дзеяч. У 1935 - 1937 гадах быў старшынём Беларускага студэнцкага саюза (БСС), уваходзіў у "Беларускі фронт" Вінцэнта Гадлеўскага. У сваіх успамінах расказваў пра мястэчка Новы Свержань, адкуль ён родам, пра студэнцкія гады, праведзеныя ў Вільні, пра сям'ю, пра настаўніка-бацьку, які быў сябрам Грамады і пасля яе раз-грому 7 дзён адсядзеў у Наваградскай турме. Распавёў пра Якуба Коласа і яго брата Міхася Міцкевіча "завадатара ўсяго беларускага". М. Міцкевіч ставіў п'есы Янкі Купалы, Францішка Аляхновіча, што былі выдадзены раней. Да савецкіх выданняў не мелі доступу. Добрыя эпізоды згадваў М. Шчорс пра Вітаўта Тумаша, В. Гадлеўскага, Р. Шырму, ксяндза Адама Сінке-віча, Яна Станкевіча і іншых.
Часлаў Найдзюк (1915 - 1995), малодшы брат Язэпа Найдзюка, рэдактара і выдаўца часопіса "Шлях моладзі", па-кінуў цікавыя ўспаміны пра яго вучобу ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя (Вільня), пра працу ў друкарні, дзе былі выдадзены кнігі "Беларуская граматыка" Браніслава Тарашкевіча, "Беларускія народныя песні" з нотамі Рыгора Шырмы, "Першыя заняткі. Беларуская граматыка для хатняга чытання" Сяргея Паўловіча, зборнік вершаў Янкі Купалы "Шляхамі жыцця", паэмаў "Сымон-музыка" і "Новая зямля" Якуба Коласа. З 1926 да 1940 гадоў было выдадзена 146 беларускіх кніжак і брашураў. Тры студэнцкія саюзы - Беларускі, Літоўскі і Украінскі спрыялі развіццю адраджэння беларускага студэнцкага руху.
Грамадскі дзеяч, гісторык, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш (1910 - 1998) пакінуў свае ўспаміны пра вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі (Вільня, Базылянскія муры, Вострабрамская вуліца, 9), пра настаўніка спеваў Рыгора Шырму, Францішка Аляхновіча і іншых. Асноўнымі падручнікамі ў Віленскай беларускай гімназіі былі "Беларуская граматыка для школаў" Браніслава Тарашкевіча (1918), "Гісторыя беларускай літаратуры" Максіма Гарэцкага (1920), "Геаграфія Беларусі" Аркадзя Смоліча (1919). Цікавымі сталі ўспаміны В. Тумаша пра настаўнікаў гімназіі В. Грышкевіча, А. Луцкевіча, Я. Драздовіча, ксяндза А. Станкевіча, П. Сергіевіча і іншых. Ва ўспамінах шмат старонак прысвечана музею Івана Луцкевіча. Колькі старонак успамінаў прысвечаны Максіму Танку, якога згадвае В. Тумаш.
У бібліятэцы В. Тумаша захавалася 4 асобныя выданні-адбіткі і 34 артыкулы, якія былі змешчаны ў зборніках, часопісах, газетах, з іх 5 былі падпісаны адным з яго псеўдонімаў - "Брага Сымон".
Цікавыя ўспаміны Яніны Каханоўскай (у дзявоцтве Шабуня) (1909 - 2005), пля-менніцы Івана і Антона Луцкевічаў. Зведала шмат нягод, але яны не зламалі яе дух, не пахіснулі яе веры ў дабрыню чалавека. Аптымізм і лагодная натура былі галоўнымі рысамі яе характару. Сваё доўгае і складанае жыццё яна аддала сям'і, беларускай грамадзе, нацыянальнай справе, якой служыла, працягваючы традыцыю сям'і Луцкевічаў.
Яніна Каханоўская цікава распавядала пра Янку Купалу, Купаліху (жонку Янкі Купалы), радню Купалы, якая была рэпрэсавана і выслана ў Сібір.
Аднойчы Яніна прыйшла да Купалаў. "Ён прынёс 4 бутэлькі піва, шклянкі і ўжо наліваў… Тут увайшла Купаліха, забрала піва: "Ёй можна, табе - не!" Яна сама любіла піва і давяла сябе да таго, што стала тоўстая як бочка," - піша Яніна Каханоўская.
Цікавыя замалёўкі пра Якуба Коласа.
Тут жа змешчаны ўспаміны-гутаркі з Юліяй Андрусішынай і яе знакамітым сынам Данчыкам, які прыходзіцца ўнукам Яніны Каханоўскай. Добра распавядаецца пра малога Данчыка, яго дзяцінства, пра яго псеўданім - Максім Лукашэвіч. У Беларусі, калі Данчык прыязджаў у 1989 годзе, ён даў 15 канцэртаў, у Беластоку - 3, усяго - 18. Ён мала спаў, бо канцэрты былі позна, а з раніцы запрашалі на сустрэчы: з хорам Г. Цітовіча ў Оперным тэатры ў 11 гадзін раніцы. У гэты час голас добра не гучыць. Дакументальны фільм здымалі таксама ў 11 гадзін раніцы. Данчык расказваў, што кожны вечар збіраліся сябры, госці. Выпівалі мала, але ўсяроўна алкаголь шко-дзіць голасу. Не курыў. Гадоў 8 не курыў. А потым пачаў курыць. Цікавыя ўспаміны Юліі Андрусішынай пра Луц-кевічаў, Наталевіча, Станіславу Луцкевіч, пра сыноў - Лявона і Юрку Луцкевічаў, пра пада-рожжа Данчыка па Еўропе.
Уражваюць эпізодамі з жыцця "Спадарства Галякоў". Леанід Галяк (1910 - 1980) першы рэдактар газеты "Беларус", сябра Рады БНР, аўтар двухтомных успамінаў. Шмат цікавага пра Беларускую гімназію распавяла Раіса Галяк - жонка Леаніда Галяка, пра настаўнікаў - Любу Русецкую, якая выкладала навуку аб рэчах, Алену Сакалову, якая была настаўніцай пачатковых класаў, Антона Луцкевіча, які "мог вельмі цікава падаць беларускую літаратуру", Вячаслава Багдановіча, які быў расстраляны ў Вілейцы. Пра гэта распавёў кіраўнік НКУС святару Мірановічу. Яны прагульваліся, і энкэвэдэшнік сказаў: "А зараз расстрэльваецца святар Багдановіч." Магчыма ў Вілейцы быў расстраляны і Антон Луцкевіч.
Радаслаў Астроўскі выкладаў у гімназіі фізіку. "Веды даваў добрыя - як лапатай накладваў у галаву". Р. Астроўскі расказваў, што сярод студэнцкай моладзі модна было быць атэістам. Ён, у свой час, перад экзаменам тэалогіі вывучыў толькі адзін 13-ы білет і яго выцягнуў на экзамене. І гэты выпадак ён часта прыводзіў як прыклад.
Жонка Астроўскага Антаніна выкладала ручную працу: дзяўчат вучыла вышываць, хлопцам выкладала выпальванне, выпільванне лобзікам.
Антон Неканда-Трэпка выкладаў фізіку. Часам ён гаварыў вучням: "Электрычнасць у гімназіі не выкладаецца, але я мушу вам прадставіць". Пачне тлумачыць, а пасля заблытаецца так, што ўжо і сам не разумее, што да чаго.
Глеб Багдановіч - вучань, здаваў экзамен. Чарга вялікая, прафесар пытаўся па кожнаму білету доўга. Глеб нудзіўся чакаць, яму хацелася хутчэй вызваліцца. Ён падышоў да прафесара і сказаў: "Пастаўце мне двойку і я пайду." Прафесар паставіў, і Глеб здаваў экзамен наступнай вясной.
Мікола Сіняўскі, па мянушцы "Дзік", выкладаў матэматыку. На яго лекцыях заўсёды быў вэрхал і балаган.
У гімназіі вучнёўскі тэатр ставіў спектаклі - "Кветка шчасця", аперэтку "Іван Купала", для музычнага суправаджэння якой спецыяльна запрашалі яўрэйскі аркестр.
Жыццё параскідала ўсіх, і вучняў, і настаўнікаў па свеце. Але яны ніколі не забы-валі роднай беларускай гімназіі - школы нацыянальнай свядо-масці.
Дык давайце ж пазнаёмімся са споведзямі жывых сведкаў не вельмі далёкай беларускай гісторыі, былых жыхароў беларускай Вільні - беларускага краю, жывых носьбітаў неўміручага беларускага духу, мужнасці і цярпення.
Прыемнага Вам чы-тання, дарагія беларусы!
Анатоль Валахановіч, гісторык, журналіст, пісьменнік, краязнавец.