Папярэдняя старонка: 2009

№ 44 (935) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 44 (935) 4 ЛІСТАПАДА 2009 г.


ВІКТАРУ БЕКІШУ - 80

Шчыра віншуем з 80-годдзем шаноўнага Віктара Андрэевіча Бекіша.

Хай будзе шчасце і здароўе,

Віруюць хай крынічкай сілы!

І кожны дзень, пражыты Вамі,

Хай будзе радасным і мілым.

З павагай сябры Рады ТБМ Фрунзенскага раёна г. Менска.

* * *

Да віншаванняў далучаюцца сябры Сакратарыяту ТБМ імя Ф. Скарыны і адзна-чаюць грамадскі чын Віктара Бекіша падзякай!

Моцнага Вам здароўя, ладу ў сям'і, поспехаў ва ўсіх Вашых справах!

Пра В. Бекіша чытайце на ст. 2.


60 гадоў Міхасю Мельніку

Мельнік Міхась Іванавіч нарадзіўся 7 лістапада 1949 года ў вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. У роднай вёсцы скончыў пачатковую школу. У 1965 годзе скончыў 8 класаў Станькаўскай школы - інтэрната Дзяржынскага раёна Менскай вобласці. У 1968 годзе скончыў Гарадзенскае гарадскую прафесійна-тэхнічную навучальню № 49 - хімікаў па спецыяльнасці слесар-інструментальшчык і адначасова зменную сярэднюю агульнаадукацыйную школу № 1 г. Гародні. У 1968-1972 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага педагічнага інстытута імя Янкі Купалы, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Астравецкай СШ Гарадзенскай вобласці. У 1973-74 г. служыў у шэрагах Савецкай Арміі ў Ленінградскай вайсковай акрузе. 3 1974 года жыве на Лідчыне. Працаваў намеснікам дырэктара Красноўскай і Голдаўскай сярэдніх школ, старшынём прафсаюзнага камітэта Лідскай сярэдняй сельскай пафесійна-тэхнічнай навучальні № 55 механізацыі меліярацыйных работ. 3 1984 года выкладае беларускую мову і літаратуру ў Лідскай педагагічнай навучальні (з 2001 года - Лідскі педкаледж, з 2006 года - Лідскі каледж Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы).

Узнагароджаны нагрудным знакам "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" (1995 г.), выкладчык вышэйшай катэгорыі. Выбіраўся народным дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў (1990-1995 гг.), першым старшынём Лідскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Выбірауся сябрам Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, уваходзіў у склад тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1994 г.). Актыўны арганізатар пабудовы ў горадзе Лідзе помніка вялікаму першадрукару і асветніку Францішку Скарыну (адкрыццё адбылося 25 ліпеня 1993 года, скульптар Валяр'ян Янушкевіч). На сёння старшыня ТБМ Лідскага каледжа, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Першы верш на рускай мове надрукаваў у 1966 годзе ў рэспубліканскай газеце "Зорька". А першы верш на беларускай мове "Задуменная ноч" з дабраславення славутага Васіля Быкава быў надрукаваны 25 лістапада 1967 года ў газеце "Гродзенская праўда". З'яўляецца адным з сааўтараў кнігі "Краю мой - Нёман" (Менск, 1986 г.). Сааўтар (разам з Пятром Чаборам) зборніка вершаў "Скрыжаванне" (Менск, 1996 г.). Выдаў інфармацыйны фотаальбом "Время и судьбы" (2004 г., сумесна з Леанідам Віннікам) аб вядомых людзях Лідчыны. Укладальнік і рэдактар анталогіі твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова" (2008 г.). У 2009 г. выйшла ў свет кніга паэзіі Міхася Мельніка "Лодка жыцця" (2009 г.). На працягу доўгіх гадоў публікуе свае літаратурна-крытычныя, навукова-метадычныя і публіцыстычныя артыкулы ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку. Таксама з'яўляецца адным з заснавальнікаў і выдаўцоў газет "Народная трыбуна" і "Голас з Ліды" (1992-1995 гт.). 3 2004 года кіруе літаратурным аб'яднаннем "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". На словы Міхася Мельніка напісана шмат песень.

З юбілеем, Міхась Іванавіч!


ДЗЯДЫ - 2009

Сёлета 1-га і 2-га лістапада па ўсёй краіне адзначаліся Дзяды. Адзна-чаліся шэсцямі, наведван-нем могілкаў, ціхім сямей-ным застоллем. І не трэба верыць тым СМІ, якія кажуць, што шэсці ў гэты дзень не да месца, і не трэба думаць, што менскае шэсце адзінае ў Беларусі. Ад 1 лістапада і на працягу двух тыдняў ідуць і будуць ісці працэсіі па парафіяльных могілках, у якіх возьме ўдзел у тысячу разоў больш людзей, чым было на шэсці ў Менску.

Працэсія на дзяды мае пяць стацыяў. На першай моляцца за святароў, якія адышлі ў лепшы свет, але ў свой час хрысціі, давалі шлюб, спавядалі прысутных на набажэнстве. На другой стацыі моляцца за родных бацькоў. На трэцяй стацыі моляцца за апекуноў, хрышчоных бацькоў, іншых дабрадзеяў, якія пры жыццці былі блізкія прысутным. На чацвёртай стацыі моляцца за загінулых на войнах, у аўтакатастрофах і пры іншых няшчасцях. І на пятай, апошняй, стацыі моляцца за ўсіх тых, за каго сёння памаліцца няма каму, за невядомых, за тых чые роды перасек-ліся, за прапаўшых няведама дзе. Ксёндз кажа, што ўсім, хто ўдзельнічае ў такім набажэнстве даруецца адпушчэнне грахоў, як і пасля споведзі.

Таму масавыя шэсці ў Курапаты ці да іншых памятных або трагічных мясцін - гэта фактычна тая ж працэсія да яе пятай стацыі, да месца малітвы за тых, якія многімі тысячамі леглі ў гэтую землю няведамымі, абязімёненымі, пад лагернымі нумарамі, цэлымі сём'ямі, з каранямі вырванымі з палеткаў быцця.

нацыянальных партыяў, грамадскіх і моладзевых арганізацыяў. Шэсце ладзілася ад завода "Пра-мень" да ўрочышча Курапаты. Амаль палова ўдзельнікаў акцыі прынеслі сюды бел-чырвона-белыя сцягі ды расцяжкі. Таму само мерапры-емства выглядала вельмі відовішчна.

Пра свой удзел у Дзядах распавёў былы старшыня Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі:

- Адзін з галоўных чыннікаў фармавання нацыі - гэта нацыянальная памяць. Але Курапаты - гэта яшчэ і сімвал супраціву, сімвал таго, што мы не забылі сталінскага тэрору, які ў падруч-ніках сарамліва называюць "рэпрэсіямі". А гэта быў сапраўдны тэрор. У Курапатах ляжаць не менш за некалькі дзесяткаў беларускіх пісь-меннікаў, выдатных дзеячоў розных іншых сфер, тысячы простых людзей розных нацыяналь-насцяў, і гэты някропаль павінен быць сімвалам паяднання.

Вельмі шмат моладзі прыйшло на гэтую акцыю. Пра тое, чаму яны тут распавяла актывістка "Маладога Фронту" Таццяна Шапуцька:

- У асноўным менавіта моладзь нясе адказнасць за лёс Беларусі. Немагчыма будаваць новую краіну, не асэнсаваўшы і не адчуўшы ўсю крывавую гісторыю Беларусі, асабліва ў камуністычны перыяд...

На здымках: шэсце ў Курапатах, ля крыжа ахвярам сталінізму ў Лошыцы.


…Настаўніку ў пояс пакланюся: шчырае слова пра Віктара Бекіша

12 лістапада 2009 года Віктару Анд-рэевічу Бекішу, кандыдату філалагічных навук, выкладчыку, метадысту, адраджэнцу з Менска спаўняецца 80 гадоў. З нагоды гэтай круглай даты хочам павіншаваць шаноўнага юбіляра з паважным узростам і выказаць шчырыя словы падзякі.

Са студэнцкіх гадоў нам і многім нашым калегам пашчасціла ведаць Віктара Андрэевіча. Згадваецца пачатак верасня 1974 года, калі ў філфакаўскую аўдыторыю да нас, нясмелых першакурснікаў беларускага аддзялення філалагічнага факультэта педагагічнага інстытута імя М. Горкага, увайшоў маладжавы, прыгожы, спакойны мужчына. Ён назваўся, сказаў, што будзе куратарам нашай 101 групы і выклад-чыкам стараславянскай мовы. Гаварыў стрымана, няспешна, як бы абдумваючы кожнае слова. Меў прыемную дыкцыю.

Пазней мы ўпэўніліся ў адоранасці, начытанасці, эрудыцыі, яго вялікай любові да роднай мовы і літаратуры, да беларускай гісторыі. На перапынках любіў распытваць, адкуль, з якой мясціны Беларусі кожны з нас прыехаў "у навуку". Яшчэ больш ён стаў нам блізкім, калі запісаліся да яго ў гурток гісторыі беларускай мовы, даведаліся пра шматвяковы шлях роднага слова, пра дзяржаўнасць беларускай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Віктар Андрэевіч у тыя ўжо далёкія 70-ыя падводзіў нас да пераканання пра велічнасць нашай мовы, нашай гісторыі, што "…мова наша ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая".

Хутка праляцелі гады вучобы ў інстытуце, дзе мы ўзбагаціліся ведамі, значна пашырылі свой кругагляд, авалодалі методыкай выкладання беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай працы. З нашым куратарам былі на экскурсіях у Акінчыцах і Смольні, Вязынцы і Ракуцёўшчыне, у музеях, тэатрах, часта наведвалі Дом літаратара (яшчэ той, на Энгельса).

Зводзіў нас лёс з Віктарам Андрэевічам не раз і пазней. Ён цікавіўся жыццём і працай сваіх былых студэнтаў, прыходзіў на традыцый-ныя сустрэчы з намі.

Асабліва частымі сталі сустрэчы з любімым выкладчыкам у пачатку 90-х гадоў, у перыяд новага ўздыму беларускага Адраджэн-ня. Тое, што Віктар Андрэевіч душой успрыняў нацыянальнае абуджэнне нікога не здзівіла, мы яшчэ раз пераканаліся, наколькі гэты чалавек аддадзены беларускасці. Ён быў ля вытокаў БНФ і ТБМ у Фрунзенскім раёне г. Менска.

* * *

Нарадзіўся Віктар Андрэевіч Бекіш 12 лістапада 1929 г. у вёсцы Кліманты Вілейскага ваяводства (цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці). Гэта даволі вялікая вёска на 90 двароў за 7-8 км ад мястэчка Радашкавічы. Бацька Андрэй Андрэевіч і маці Марыя Сымонаўна (дзявочае прозвішча Філон) лічыліся сераднякамі, мелі 18 гектараў зямлі (усякай), трымалі шмат жывёлы. Быў дастатак, але дзеля дабрабыту ўсе працавалі зранку і да змяркання. У сям'і было 6 дзяцей - трое братоў і тры сястры. Віктар быў малодшым. Дзеці па прыкладу бацькоў увесь час былі ў працы: то свіней-кароў пасвяць, то ў агародзе з маці, то траву сушаць, то бягуць у лес па грыбы-ягады - такі быў паўсядзённы быт іхняй сям'і.

У 1936 годзе Віктар (па мясцоваму Вінцэнт) пайшоў вучыцца ў пачатковую польскую школу ў Клімантах. У 1939 годзе закончыў 3 класы. Настаўніца, ужо немаладая, строгая Валянціна Міцкевіч. Было, што і карала вучняў: за вушы цягала, у "лапу" давала - даставалася няздольным і неслухам. Віктар жа настаўніцкай кары пазбягаў, бо вучыўся з ахвотаю, быў здольным, адным з лепшых вучняў школы. Асабліва любіў чытанне, пісьмо.

З 1939 г. вучыўся ў "стражніцы", былой польскай пагранічнай заставе, у будынку якой размясцілася Кліманта-Загорская школа пасля далучэння Заходняй Беларусі, дзе і закончыў чацвёрты клас. Віктар Андрэевіч успамінае, што вучыў яго настаўнік Васіль Ільіч Баран, выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, чалавек светлы і таленавіты.

Цяжка было ў вайну: час быў неспакойны. Актыўна дзейнічалі партызаны. Немцы помсцілі нявінным людзям. У вайну фактычна вучыцца не давялося, толькі зімой 1941/1942 года нейкі час пахадзіў у школу, цяжка захварэў. Аднавіў вучобу пасля вайны. З 1945 па 1950 г. вучыўся ў Радашкавіцкай СШ. Кожны дзень даводзілася пеша хадзіць "па навуку". У школе быў моцны настаўніцкі калектыў. Было шмат вучняў-пераросткаў, якім вучыцца перашкодзіла вайна. З выкладчыкаў асабліва запомніліся Ціхаправава Вера Мікалаеўна (навучала беларускай мове і літаратуры ў 5 класе) і Зікунова (на жаль, імя, імя па бацьку не запомнілася), выкладала беларускую мову і літаратуру ў старэйшых класах, заслужаная настаўніца БССР. Апошняя прывучала сваіх вучняў да артыстычнай дзейнасці, рэпетавала з імі, арганізоўвала канцэрты мастацкай самадзейнасці.

Ужо ў старэйшых класах Віктар вырашае звязаць свае жыццё з беларускай мовай і літаратурай пад уплывам настаўніка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, былога партызана, які працаваў у Радашкавіцкай СШ з 1948 па 1951 год. Ф.М. Янкоўскі потым стаў вядомым навукоўцам-лінгвістам, прафесарам, доктарам філалагічных навук, які заклаў асновы такіх галін мовазнаўства, як беларуская фразеалогія, беларуская арфаэпія.

Не дзіўна, што ў 1950 годзе па заканчэнні Радашкавіцкай СШ лёс прывёў хлопца ў Менскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта. Стаў студэнтам, але праз 2-3 тыдні прыйшла позва з ваенкамата (не паглядзелі, што і студэнт!). Накіравалі служыць у Разань, дзе залічылі курсантам сярэдняй вайсковай пяхотнай вучэльні імя К.Я. Варашылава (1950-1952гг.). Вучэльню закончыў па ІІ разрадзе (г. зн. на "выдатна": меў толькі адну "4" па фізічнай культуры) і ў званні лейтэнанта быў накіраваны для праходжання вайсковай службы камандзірам пяхотнага звяза ў Забайкальскую вайсковую акругу. У 1956 годзе адбылося вялікае скарачэнне ў войску, трапіў пад яго і Віктар Андрэевіч. Вярнуўся на радзіму, узнавіўся на гістарычна-філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Менскага педінстытута імя М. Горкага. Праз 5 год (1961 г.) закончыў гэтую навучальную ўстанову. Віктару Андрэевічу ішоў ужо трыццаць другі год. Пасля інстытута былі тры гады працы ў Міністэрстве асветы БССР памочнікам міністра, інспектарам адзела кадраў, рэдактарам "Зборніка загадаў і інструкцый Міністэрства асветы БССР". У 1964 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Менскага педінстытута імя М. Горкага (кіраўнік -- прафесар Марыя Анд-рэеўна Жыдовіч) і ў 1967 г. закончыў яе. У 1970 г. ім была абаронена кандыдацкая дысертацыя па гістарычнай лексікалогіі, працаваў на кафедры беларускага мовазнаўства асістэнтам (1967 г.), старшым выкладчыкам (1972 г.), да-цэнтам (1973 г.) да 1980 года. З 1980 года працуе на кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання на пасадзе дацэнта, два гады (1991-1993 гг.) загадвае гэтай кафедрай.

Выкладаў беларускую мову ў Слёнскім універсітэце (Польшча) з 1992 па 1997 гг.

У 1999 г. выйшаў на пенсію, але працаваў, вучыў студэнтаў да 2003 г. апошнія 6 гадоў - "сапраўдны пенсіянер", вядзе актыўную грамадскую работу ў ТБМ Фрунзенскага раёна сталіцы. Шмат часу праводзіць у роднай вёсцы, бо цягне бацькаўшчына, кліча бацькавая хата.

Амаль паўвеку Віктар Андрэевіч у педагогіцы. Ён працаваў побач з выдатнымі, таленавітымі калегамі-выкладчыкамі. З цеплынёй прыгадвае прафесара, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навук Беларусі, шматгадовага загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, лічыць яго методыку выкладання ўзорнай. Быў ён адказны, патрабавальны, умеў арганізаваць людзей: пры ім кафедра вырасла ў салідны калектыў. Ф.М. Янкоўскі - гэта педагог, патрыёт, вельмі дасведчаны чалавек.

З павагай ўспамінае прафесараў Міхася Станіслававіча Яўневіча, Леаніда Пракопавіча Падгайскага і многіх іншых сваіх калег.

Значны ўклад В.А. Бекіша ў методыку выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах: у сааўтарстве з Л.М.Грыгор'евай ён выдаў падручнік беларускай мовы для 3 класа школ з беларускай мовай навучання (1988), які вытрымаў некалькі перавыданняў. Праз год выйшаў падручнік і для 2 класа (Бекіш В.А., Грыгор'ева .М., Падгайскі Л.П., Севярнёва Г.К. Беларуская мова. Падручнік для 2 класа з беларускай мовай навучання. Мн., "Народная асвета", 1989), які таксама неаднойчы перавыдаваўся.

У перыяд працы ў Польшчы (1997) выходзіць яшчэ адна лінгвістычная праца В. Бекіша - у сааўтарстве з польскім моваведам Г. Фантаньскім выдаў "Беларуска-польска-рускі слоўнік лінгвістычных тэрмінаў і спецыяльнай лексікі" (Катавіцы, 1997).

Ёсць у В.А. Бекіша і друкаваныя артыкулы па гісторыі беларускай мовы.

* * *

У Віктара Андрэевіча цудоўная сям'я. Больш за 50 гадоў жыве ён у каханні і згодзе з жонкай Галінай Міхайлаўнай. Яна, як і Віктар Андрэевіч, закончыла гістарычна-філалагічны факультэт педінстытута, усё жыццё працавала ў дашкольных установах, доўгі час была загадчыцай дзіцячага садка.

З педагогікай звязалі свой лёс і абедзве дачкі - Наталля і Таццяна. Старэйшая Наталля Віктараўна закончыла тэатральна-мастацкі інстытут. Прафесійны дызайнер, яна выкладае выяўленчае мастацтва ў школе і ў Палацы дзяцей і моладзі. Малодшая Таццяна Віктараўна пасля вучобы на факультэце пачатковага навучання педінстытута доўгі час працавала настаўніцай пачатковых класаў.

Сям'я - жонка, дочкі, унукі - ахіляюць клопатам, цяплом, увагай.

Бацькаўшчына, родны кут - даюць сілы, натхненне. У родныя Кліманты неадольна цягне, асабліва вясной, летам. Гэта дабраславёная радашкавіцкая зямля часта сніцца Віктару Андрэевічу. Вось побач з Клімантамі вёска Максімаўка, адкуль родам вядомы грамадовец Рак-Міхайлоўскі; вось вёска Загорцы, адсюль родам мама; а тут Вялікія і Малыя Бакшты, з былымі маёнткамі паноў Кавалеўскіх і Янушэўскіх; крыху далей вялікая вёска Сычавічы - радзіма Міколы Абрамчыка, дзеяча БНР; а вось Мігаўка - фальварак Аляксандра Уласава, рэдактара "Нашай Нівы"; вёска Повязань, а за ёю і Купалава Вязынка. А вось і старажытныя Радашкавічы, тут некалі бацька Андрэй Андрэевіч у сіротскім дзяцінстве парабкаваў у маёнтку пана Андрэя Сніткі.

Усё сваё жыццё Віктар Андрэевіч працаваў сумленна і самааддана. Ён выдатнік асветы Беларусі (1979), выдатнік асветы СССР (1990), узнагароджаны медалём "Ветэран працы", шматлікімі граматамі, у тым ліку граматамі Міністэрства асветы Беларусі.

У заключэнне некалькі слоў пра ТБМ-аўскую дзейнасць юбіляра. У найбольш складаны для беларускай справы час ён узначаліў Фрунзенскую раённую арганізацыю ТБМ імя Ф. Скарыны г.Менска (1997 - 2000 гг.). Прыклаў шмат намаганняў, каб зарэгістраваць яе ў органах выканаўчай улады, ажывіць працу суполак на прадпрыемствах і школах раёна. Пры ім арганізацыя вырасла колькасна, налічвала 680 чалавек. Актыўна працаваў ён і ў рэгіянальнай арганізацыі БНФ. Сваімі лепшымі сябрамі лічыць Генадзя Банкевіча (памёр у 2008 г.), Аляксея Лапенку.

Ён і цяпер у грамадскіх клопатах, пільна сочыць за хадой сучаснага жыцця, трывожыцца за стан беларускай мовы ў краіне.

Доўгіх Вам гадоў жыцця і моцнага здароўя, шаноўны юбіляр!

Лілея Чэчат, Алесь Чэчат , сябры ТБМ, выкладчыкі лінгвагуманітарнага каледжа МДЛУ, былыя студэнты Віктара Бекіша.


Радзіма - мова

Я пабыла ў Гатаўшчынскай СШ па запрашэнні настаўніцы беларускай мовы Наталлі Маркаўны Сухавіла, сустрэлася з вучнямі. Тое асноўнае, патрэбнае, што я хацела сказаць, - гэта святло нашай мовы.

На вас глядзіць мая душа

I непакоіцца ля Бога...

Вам трэба мовай узвышаць

Сябе ад роднага парога.

Святло слова - сэнсавае паняцце (думка, абазначаная гукамі, знакамі, праяўляецца выразнасцю у зносінах). Яно нясе зразумеласць, яснасць.

Роднае святло роднага слова - яснасць плюс любоў; ад уздзеяння духоўнай аўры таго асяроддзя, дзе ты нарадзіўся, жыў, што стварыла твае пачуцці, каб несці боскі запавет: "Шануй бацьку і маці тваю", шануй Айчыну. Гэта адухоўленая яснасць. Роднае, нясе ў сабе асаблівую любоў. Вобразна кажучы, духоўную крэўнасць, цеплыню, вернасць, неразлучнасць, незабыўнасць і малітву:

За Беларусь і мову,

За шанаванне слова.

Каб думкай не пакрывіць,

Божа, дабраславі!

Любоў дадзена Богам, каб расла душа чалавека, сям'і, грамадства праз слова як сувязнога-асвятляльніка. "На пачатку было Слова. I Слова было ў Бога. I Слова было Бог"~ гэта добра вядомыя словы з бібліі.

Роднае Слова - Слова роду твайго. Нават, калі ты, па нейкай прычыне, размаўляеш на іншай мове, усё роўна роднай ты называеш мову роду твайго, зямлі той, дзе жылі родзічы, каб сцвердзіць святыя адносіны да Айчыны, патрыятызм. Тым болып, калі ты - беларус ад нараджэння,

Дзе і травінка шэпча мовай:

Хіба Радзіма - адкрыццё?..

Ды і чалавечая культура патрабуе абараняць, як годнасць сваёй асобы, вартасць, вышыню, так і духоўную прыгажосць Радзімы. Яна (прыгажосць) -таксама ад святла думак і слова, ад таленту твайго, ад любові. I мова

Нікому не варожая,

Вірлівая, прыгожая,

Раўнюткая характарам:

Дзе слова ёсць "прамень",

Такое выяўляльнае,

Бо трапнае, світальнае.

О, мова беларуская,

Празрыстая, як дзень.

Дзіўна, але імя "Беларусь" усё яшчэ цяжка абараняецца мовай. Тым не менш, яго трэба абараняць, мо не так, як абараняюць дып-лом, святлом ведаў. Хоць і гэткім чынам патрэб-на. Але, найперш, так, як абараняюць маці... Гаварыць па-беларуску з любоўю, з асэнса-ваннем.

ІІра Мову і не трэба мовы:

На Мове трэба гаварыць

Калі ты розумам здаровы

I не згубіў святы парыў.

Вы скажаце: "Нам і рускае слова роднае, мы яго чуем з дзяцінства, вымаўляем". А я ў адказ: "Вымаўляеце па-беларуску". I гэта сцвярджае, што яно - прышлае да нас, навязанае нам, беларусам, той краінай, пад уціскам якой знаходзілася Беларусь вякамі.

Ды і смешна называць сябе беларусам, не прымаючы, не ведаючы беларускай мовы - галоўнай культурнай прыкметы краіны. I каб з нас, з нашай цемнаты, не смяяліся іншыя народы, у якіх сваё "я" выразнае, мы павінны ведаць, найперш, сваю родную мову, якая паказвае, хто мы, чые мы, якія мы. Безумоўна, трэба падзяка-ваць многім небеларусам за тое, што яны мудрыя і спачувальна падтрымліваюць беларускіх патрыётаў у моўнай нашай праблеме.

Веру і спадзяюся, што вы, юныя жыхары беларускай вёскі, гэта добра разумееце. Няхай не дарэмным будзе маё з'яўленне ў вас. Я шчыра прызнаюся кожнаму, што

Самоціцца душа, аж ныюць грудзі... "

Мой дружа, ты па-роднаму скажы:

"Радзіма - мова!" Я ж вас чую, людзі

На роднай глебе ля сваёй душы.

Гаварыце, даражэнькія, дома, у Бела-русі, па-беларуску!

Можа скептык жмурыцца вачыма?

Я святой амбіцыі прашу:

Трэба мовай ратаваць Айчыну,

Як любоўю кожную душу.

Марыя Баравік.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь УА "Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы" Кафедра беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 5 сакавіка 2010 года будзе адзначацца юбілей знанага мовазнаў-ца і педагога, доктара філалагічных навук, прафесара кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства Паўла Уладзіміравіча Сцяцко.

З гэтай нагоды плануецца выданне зборніка навуковых прац "Грані роднага слова".

Мовазнаўчыя артыкулы прысвячаюцца такім аспектам, як:

- тэорыя і гісторыя беларускай мовы;

- стасункі беларускай мовы з іншымі мовамі (славянскімі, германскімі, балтыйскімі);

- анамастыка;

- тэрміналогія;

- этымалогія;

- дыялекталогія;

- фаналогія;

- лексікалогія;

- фразеалогія;

- словаўтварэнне;

- граматыка;

- мова мастацкай літаратуры;

- методыка выкладання мовы.

Рэдкалегія зборніка пакідае за сабой права адбору дасланых прац з улікам іх дачынення да названых кірункаў даследавання, актуальнасці і навуковай значнасці.

Патрабаванні да афармлення матэрыялаў

Аб'ём артыкула - да 6 старонак, набраных шрыфтам «Times New Roman». Памер шрыфту - 14 п. Міжрадковы інтэрвал - адзінарны.

Параметры старонкі: фармат А4, адступ для правага поля - 30 мм, ад левага, верхняга і ніжняга - 20 мм.

Захоўваць матэрыял як «Тэкст у фармаце RTF (*.rtf)».

Афармленне асобных элементаў артыкула наступныя:

 ініцыялы і прозвішча аўтара, горад (тлустым шрыфтам, выраўноўванне па правым краі);

 праз радок - загаловак матэрыялу публікацыі прапіснымі (вялікімі) літарамі (тлустым шрыфтам, выраўноўванне па цэнтры);

 праз радок - асноўны тэкст (выраў-ноўванне па шырыні, абзац - адступ 12 мм).

 спіс цытаваных крыніц падаецца пад назвай Спіс літаратуры (шрыфт - светлы курсіў, выраўноўванне па цэнтры);

 спасылкі даюцца ў квадратных дужках згодна з парадкам цытавання ў тэксце. Першая лічба - нумар са спіса літаратуры, наступныя лічбы - старонкі. Напрыклад: [1, с. 25-27]. Бібліяграфія афармляецца па новых правілах. Пры наборы асноўнага тэксту не дапускаецца ўстаноўка:

 двух і больш сімвалаў «прабел» побач;

 адступлення абзаца і іншых адступленняў з дапамогай клавішы «Табуляцыя»;

 адступлення (прабелу) паміж словам і сімвалам «кропка», «коска», «двукоссе», «двукроп'е», «дужка».

Тэкст артыкула дасылаецца да 30 снежня 2009 г. поштай (на электронным носьбіце і на паперы) або электроннай поштай.

Адрас: 230023, г. Гродна, вул. Леніна, 32. Філалагічны факультэт. Кафедра беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.

Тэхнічны сакратар: Кашубовіч Наталля Іванаўна.

Даведкі па тэлефонах: 80152741148 (кафедра беларускага і тэарэтычнага мова-знаўства) 80292839148 (мабільны) - тэхнічны сакратар

АРГКАМІТЭТ


Белая птушка змрочным наваполацкім днём

21 кастрычніка суполка «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і ініцыятыва «Будзьма» арганізавалі дзве сустрэчы з вядомым беларускім бардам Таццянай Беланогай. Першая сустрэча мела месца ў гарадской гімназіі №2, другая у бібліятэцы імя Я. Коласа.

Падчас сустрэчаў Таццяна Беланогая выконвала спевы з сваіх альбомаў «Дзьвюхкроп'е», «Пабачыць сьвет», «Там, дзе мы» на ўласныя вершы, вершы Марыі Беланогай, Яўгеніі Янішчыц . Яна распавядала пра свой шлях да творчасці, беларускай мовы, культуры, пра свае вандроўкі і канцэрты па Беларусі і шматлікіх краінах свету, розніцы ва ўспрыманні спеваў рознымі народамі, іх адносінамі да адзіноты. І са школьнікамі, і са студэнцкай моладдзю, што пераважна прыйшла на сустрэчу ў бібліятэку, выканаўца арганізавала гульню ў асацыяцыі. Аўтарам лепшых асацыяцый на тэмы Беларусі, роднага краю атрымалі ў падарунак ад выканаўцы і ТБМ дыскі, паштоўкі.

Сапраўды, Таццяна Беланогая сваёй шчырасцю і ўсмешкай расквеціла шэры дажджлівы дзень.

Наш кар.


Памяці Анатоля Сыса

31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна адкрылі мэмарыяльную дошку на роднай хаце вялікага беларускага паэта Анатоля Сыса.

З гэтай нагоды ў Гарошкаў прыехалі ўсе кіраўнікі Саюза беларускіх пісьменнікаў, дзясяткі прыхільнікаў паэзіі Сыса з Менска, Гомеля, Рэчыцы, з Украіны, Польшчы.

Яны ўсклалі кветкі на магілу Анатоля Сыса, а пасля сабраліся ў цэнтры вёскі ля роднай хаты Анатоля, каб адкрыць тут мемарыяльную дошку з надпісам: " У гэтай хаце нарадзіўся, жыў і тварыў вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс".

Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін сказаў:

Яшчэ пры жыцці Анатоль Сыс вызначыў сваё месца ў беларускай паэзіі - паміж Янкам Купалам, якога лічыў сваім бацькам па духу, і Максімам Багдановічам, якога паважаў як брата па крыві. Пасля смерці Анатоля ўтварылася святая тройца беларускай літаратуры. Амаль як у Бібліі - Айцец, Сын і Святы Дух беларускай паэзіі. Тры волаты беларускага слова, тры нацыянальныя геніі, тры паэты з трагічным лёсам.

На ўрачыстай імпрэзе дзяліліся ўспамінамі пра Сыса, чыталі вершы і прысвячэнні Анатоль Вярцінскі, Алесь Пашкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Вера Лукша з Польшчы. Гучала багата песень у выкананні Кастуся Герашчанкі , Алеся Камоцкага і Касі Камоцкай , іншых бардаў.

Менскі скульптар Павел Лук , аўтар мемарыяльнай дошкі Анатолю Сысу:

Ідэя гэтай працы і гэтай дошкі - Эдуарда Акуліна, матэрыялы выкарыстаны нашага шыкоўнага фатографапартрэтыста Анатоля Кляшчука. Адліта дошка са сплаву алюмінію і крэмнію. Упрыгожанні - жалейка і валошкі, паколькі Анатоль неяк аднойчы так выказаўся: "Я - сын Купалы і брат Багдановіча". Вось і выкарысталі такія беларускія сімвалы.

Сёлетняя ўрачыстасць у Гарошкаве стала пятым па ліку святам беларускай паэзіі. Прымеркавана яна да 50годдзя Анатоля Сыса, да якога той не дажыў чатыры з паловай гады. Выпушчаны дзве кнігі выбраных вершаў паэта - "Ягамосць" і "Алаіза".

Наш кар.

"У гэтай краіне

не маю я дому.
Вось воблака -

сяду і ў свет палячу
На гэтай гаморай,

над гэтым садомам.
Не грошай, не славы -

я волі хачу".

А. Сыс.


А. Казакевіч правеў прэзентацыю ў Наваполацку

27 кастрычніка ў Наваполацку адбылася прэзентацыя часопіса "Палітычная сфера". Прэзентаваў часопіс яго рэдактар палітолаг, аглядальнік, доктар паліталагічных навукаў Анрэй Казакевіч. Ен распавеў пра канцэпцыю выдання, развіццё і стан паліталагічнай навукі ў Беларусі, расказаў пра тэматыку выдадзеных і планаваных нумароў часопіса. Пад час прэзентацыі была прэзентавана і выдадзена выдавецтвам манаграфія Крысціны Гамулкі "Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фармаванняў".

У прэзентацыі, арганізаванай суполкай "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ ўдзельнічала больш за 20 чалавек. Аўтары лепшых пытанняў атрымалі ў падарунак ад А. Казакевіча і ТБМ кнігі і часопісы ў падарунак.

Наш кар


Шлях да Блакітнай крыніцы

Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Ска-рыны" ў нядзелю, 18 кастрычніка, зладзіла чарговую вандроўку, удзел у якой прынялі каля 50 магілёўцаў. Падарожжа адбылося па маршруце Магілёў-Вейна-Гразівец-Лясная-Слаўгарад-Блакітная крыніца-Магілёў.

Прапануем Вашай увазе найбольш цікавую інфармацыю пра мясціны, у якіх нам давялося пабываць гэтым разам.

Царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы. Вейна, Магілёўскі раён

Калісьці ў Вейна дзей-нічала царкоўна-прыходская школа, а сёння царква цікавая тым, што яна пабудаваная з закругленымі кутамі. У 2002 г. храм абноўлены абразамі і размалёўкай. У 2008 г. было праведзена добраўпарадка-ванне прыроднай крыніцы вады на тэрыторыі храма. Асвячэнне гаючай крыніцы адбылося ў дзень Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы мітрапалітам Магілёўскім і Мсціслаўскім Сафроніем.

Радзіма мовазнаўцы, фалькларыста і этнографа Івана Насовіча. Гразівец, Чавускі раён

На жаль, сёння ў Гра-зіўцы нішто не нагадвае пра тое, што менавіта тут у 1788 г. нарадзіўся выдатны мовазнавец-лексікограф Іван Насовіч.

Асноўная навуковая праца Насовіча - тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губернях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў.

Найбольш значнай сярод фальклорна-этнаграфічных прац І. Насовіча стаў "3борнік беларускіх прыказак".

Аўтарству Івана Насовіча належыць гістарычны нарыс «Aб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» і мемуары «Успаміны майго жыцця».

Застаецца дадаць, што выдатны даклад пра жыццё і дзейнасць нашага выдатнага земляка зрабіў сябар Магілёўскага ТБМ Міхась Булавацкі.

Мемарыяльны комплекс ў гонар 200-годдзя перамогі расейскіх войскаў пад шведамі ў бітве 28 верасня 1708 г. Лясная, Слаўгарадскі раён.

Пасля бітвы, у выніку якой шведы адышлі да Прапойска, кінуўшы ўвесь транспарт з правіянтам, расейскі імператар Пётр І сказаў: "Гэтая перамога можа першаю назвацца, гэта першая спроба салдацкая была, якая іх падбадзёрыла і маці Палтаўскай баталіі стала…". Цікава, што гэта сімвалічнае "мацярынства" пацвярджаецца тэрмінамі: бітва пры Палтаве здарылася дакладна праз дзевяць месяцаў пасля бітвы пры Лясной.

У 200-гадовы юбілей бітвы ў вёсцы Лясная быў збудаваны помнік у выглядзе арла, які стаіць на зрынутым шведскім сцягу і глядзіць на ўсход, у бок Расеі. Побач быў закладзены храм, прататып Пятроўскай царквы. Адкрыццё мемарыяльнага комплекса адбылося 12 ліпеня 1912 г. у дзень святога Пятра.

Да 28 верасня 2008 г., калі тут урачыста адзначылі 300-годдзе бітвы, мемарыяльны комплекс, які ўключае мемарыяльную капліцу, манумент у гонар перамогі рускіх войскаў і мармуровы абеліск на брацкай магіле рускіх воінаў, быў адрамантаваны.

Сустрэча з паэтам, публіцыстам Феліксам Шкірманковым, царква Раства Багародзіцы, Замкавая гара. Слаўгарад.

У Слаўгарадзе (былым Прапойску ці Прапошаску) нас чакаў пісьменнік і публіцыст, ветэран вайны Фелікс Шкірманкоў.

Найперш здзіўляе бадзёрасць і аптымізм сп. Шкірманкова, які пасля слоў прывітання прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных роздуму над лёсам краіны. Апошнія, безумоўна, так кранулі прысутных, што пераважная большасць з іх адразу ж скарысталася магчымасцю набыць адну ці некалькі кніжак з аўтографам аўтара.


Бяспамяцтва

Няма страшней

бяспамяцтва нічога,

Ты з ім губляеш карані свае,

І ўсё адметнае,

што дадзена ад Бога,

І не цікавішся,

хто прашчуры твае.


Ты ўжо не беларус, не рускі,

Не паляк і не літовец.

Сустрэнешся з табой,

і бачыш: ты --

Бязродны, рускамоўны

суразмовец.


У гэтым вінаваты самі мы,

Дазволілі двухмоўшчыну

ўзаконіць.

Зянону не паверылі тады,

Што мову родную

Закон не абароніць.


Няма страшней бяспамяцтва.

Яно

Знішчае як асобу чалавека.

І гэта ўжо заўважана даўно:

Без роднай мовы

ты нікчэмны недарэка.

Фелікс Шкірманкоў.

Сама ж сустрэча з слаўгарадскім пісьменнікам адбы-валася каля сцен царквы Раства Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаванай у горадзе ў 1793 г. па ініцыятыве князя Галіцына. Прыгожы храм з васьмігранным купалам праектаваў яркі прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў - аўтар Неўскіх варот Петрапаўлаўскай цвердзі і паштамта ў Санкт-Пецярбургу. Кіраваў будаўніцтвам дасведчаны майстар Лука Іваноў. Усе будаўнічыя матэрыялы для храма вырабляліся на месцы, толькі жалеза на дах прывезлі з Масквы. Інтэр'ер упрыгожылі іканастасам, жывапісам і пышнымі фрэскамі, у якіх падаюцца 57 сюжэтаў Новага і Старога запаветаў. Лепшыя маскоўскія мастакі распісвалі храм, кіраваў размалёўкай знакаміты мастак Уладзімір Баравікоўскі - аўтар партрэтаў Паўла I і Кацярыны II.

Да 1930 г. храм быў галоўным праваслаўным прыходам раёна, пакуль па вядомых прычынах не быў зачынены. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён моцна пацярпеў ад доўгага абстрэлу - у ім размяшчаўся назіральны пункт немцаў.

У 1987 г. будынак царквы перадалі Слаўгарадскай праваслаўнай грамадзе, якая цяпер дзейнічае як праваслаўны прыход Раства Найсвяцей-шай Багародзіцы.

На жаль, на аднаўленне выдатных фрэсак не хапае грошай, а таму сёння ні на адным святым, намаляваным на іх, не відаць ліку…

Стоячы над абрывам на Замкавай гары і гледзячы на сутокі Проні і Сожа ўнізе, мы спрабавалі ўявіць сабе, што калісьці на гэтым месцы ўзвышаўся сярэднявечны замак, а пасля палац князя Галіцына. Дарэчы, Замкавая гара з трох бакоў была акружана дзесяціметровымі равамі, а з чацвёртага - 30-метровым абрывам. Звесткі аб Прапойскім замку як стратэгічным вайсковым аб'екце датаваныя 1518 годам. Замак быў драўляны, абмазаны глінай, яго вянчала вежа, працавалі пад'ёмныя масты.

Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй у 1654-1667 гадах да горада падыходзіў Багдан Хмяльніцкі, а гетман Залатарэнка з баямі ўзяў Прапойск. Мясцовы замак быў разбураны, пабудовы горада спаленыя, зямля апусцела і пачала зарастаць лесам.

У верасні 1772 г., калі пасля падзелу Рэчы Паспалітай Прапойскую воласць далучылі да Расійскай імперыі, Кацярына II падарыла яе князю Галі-цыну. Той заняўся гандлем лесам і броварнай справай, а ў 1776 г. вырашыў пабудаваць на Замкавай гары новы палац. Гэта быў двухпавярховы драў-ляны асабняк, абмазаны глінай. Сёння ад яго застаўся толькі прысядзібны дом, які быў злучаны з палацам перакідным мастом, уздоўж якога былі пабудаваныя паркавыя ансамблі. Парк вылучаўся складанай воднай сістэмай, якая забяспеч-вала працу млына.

Пасля смерці князя замак паступова заняпаў і ў пер-шай палове 20 ст. быў канчат-кова разбураны.

Блакітная крыніца (Слаўгарадскі раён)

За 8 кіламетраў ад Слаўгарада на левабярэжжы Сажа на паверхню зямлі выбі-ваецца найбольшая ва Усходняй Еўропе крыніца. Сам унікальны помнік беларускай прыроды - Блакітная крыніца або Сіні калодзеж - уяўляе сабой возера дыяметрам 20-25 м з патокам чыстай вады, які выбіваецца на паверхню з глыбіні 100-200 метраў. Прыток вады ў крыніцы, з якой выцякае рэчка Галубка, - 5 тысяч кубаметраў у суткі. Вакол крыніцы растуць дубы, ліпы, чорная вольха, вярба, ляшчына.

Блакітная крыніца была апісана ў 1912 г. этнографам Еўдакімам Раманавым, але шанавалася яна яшчэ з паганскіх часоў. Магчыма, у гэтым месцы калісьці прынялі хрышчэнне радзімічы. Цяпер тут крыжы і каплічка, а на Спас сюды прыязджаюць тысячы паломнікаў.

Вада ў возеры мае незвычайны блакітнавата-смарагдавы колер, таму што выходзіць на паверхню з глыбіні, дзе яна цыркулюе ў тоўшчы пісчага мелу (выдатны прыродны адсарбент). Вада Блакітнай крыніцы валодае высокімі пітнымі якасцямі і можа служыць эталонам чысціні падземных вод. Людзі набіраюць яе бутэлькамі і нават каністрамі... Існуе павер'е, што калі тройчы перайсці рэчку ля крыніцы, ад чалавека адчэпяцца ўсе хваробы. Дарэчы, вада ў крыніцы сцюдзёная - 6-8 градусаў круглы год. Сюды прынята прыязджаць, каб памаліцца, выпіць і набраць вадзіцы, памыцца ў раўчуку, каб у цішыні і спакоі пабыць на гэтым святым месцы, каб часцінку святыні павезці ў сваёй душы, вычышчанай і прасветленай.

Пра паходжанне крыніцы існуе некалькі легенд. Адна з іх - пра Кацярыну, Сцяпана і Івана. Калісьці сваталіся да Кацярыны два хлопцы, Іван і Сцяпан. І паспрачаліся яны - хто ж Кацярыну замуж возьме? Выйшлі тады хлопцы на стромкі правы бераг Сожа, узялі па валуну і кінулі - чый далей паляціць, таму і дастанецца дзяўчына. Пабегла Кацярына паглядзець, чый валун куды паляцеў, і ўбачыла, што яе ўмілаваны Сцяпан аказаўся слабейшы за Івана. Стала дзяўчына на Іванаў валун і сказала: "Чым з нялюбым жыць, лепш буду вадой служыць". Падскочыла, ударылася аб валун, разбілася і разлілася люстранай роўняддзю крыніцы.

На жаль, папулярнасць крыніцы не заўсёды прыносіць ёй карысць. Так, нядаўна дайверы дасталі з дна возера шмат бутэлек і іншага посуду. Навукоўцы прапануюць уладам абмежаваць доступ да крыніцы, агарадзіўшы яе і адвёўшы вадавод за межы ахоўнай зоны, каб зберагчы унікальны помнік прыроды.

Дарэчы, каб даехаць да Блакітай крыніцы, трэба пераехаць праз маляўнічы Сож па пантонным мосце. І хоць зрабіць гэта на вялікім аўтобусе няпроста, але ж сам помнік прыроды, безумоўна, варты пераадоленых на шляху да яго кіламетраў. Як вартыя іх і многія іншыя цікавейшыя мясціны нашай Беларусі, якія мы абавязкова яшчэ наведаем.

Наступны аб'ект вандровак Магілёўскага ТБМ - Віцебск і ваколіцы. Далучайцеся!

Юрась Каласоўскі,

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX