Папярэдняя старонка: 2009

№ 51 (942) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 51 (942) 23 СНЕЖНЯ 2009 г.

З Калядамі, шаноўныя беларусы!

Куцця. Марозна. Хмурнавата.

Сняжок падкідвае заўзята;

Снег на Куццю -

грыбы на лета,

Такая матчына прымета,

А сцежкі чорны - ягад многа

Ну, і за гэта хвала Богу...

... I дроў на свята накалолі,

Трасянкі загадзя натрэслі,

Сянца пахучага прынеслі:

Куцці гаршчок ужо ў калена

Стаяў на лаве, чакаў сена,

I вось цяпер

гаршчок з куццёю,

Як цар даўнейшаю парою,

Ў пачэсны кут,

на свой прастол,

Стаўляўся з гонарам за стол

На гэта сена пад багамі,

Ўладар над хлебам і блінамі,

Бо ён у гэты дзень - персона!

Яго вянчаў абрус-карона:

Гаршчок агорнуты пашанай,

Хоць ён фаміліі глінянай.

Якія ж матчыны намеры

Наконт куцці, наконт вячэры?

Ох, гэта дзецям знаць цікава,

Калі якая будзе страва,

Ў якім ліку, ў якім парадку?

Што на канцы і што ўпачатку?

А ў маткі ўсё абмеркавана

I ўсё прадумана ад рана...

... Маўчком Антось

часінай шэрай

У ельнячок

шмыгнуў з сякерай:

Ці ж ён звярэдзіцца,

сагрэшыць,

Калі малых дзяцей пацешыць

I іх ялінкай пад куццю

Хоць раз забавіць у жыццю,

Калі забавіць толькі зможа?

Ялінка ў хаце так прыгожа!

I колькі радасці і ўцехі!

На ёй валоскія арэхі,

А з пазалочанай паперкі

Глядзяць панадныя цукеркі;

I больш на ёй няма нічога,

Ды хіба ж дзецям трэба многа?

Якуб Колас.


Станіславу Шушкевічу - 75

Ён паказаў, што кіраваць Беларуссю можна і трэба на беларускай мове

ШУШКЕВІЧ Станіслаў Станіслававіч (н. 15.12.1934, Менск), бел. фізік, дзярж. дэеяч. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991). Д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Сын паэта С.П.Шушкевіча. Скончыў БДУ (1956). 3 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, на Менскім радыёзаводзе. У 1961- 67 і 1969-90 у БДУ (з 1971 заг. кафедры, з 1986 прарэктар). У 1967-69 у Менскім радыётэхн. ін-це (прарэкгар).

У 1989-91 нар. дэп. СССР. У 1990-96 дэп., у 1990-91 1-шы нам. Старшыні, у 1991-94 Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 3 1994 дырэкгар Цэнтра паліт. і эканам. даследаванняў Еўрап. гуманітарнага ун-та (Менск). Разам з кіраўнікамі Расіі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Навук. працы па радыё-фізіцы, опта- і ядз. электроніцы. Адзін з аўтараў асноватворных прац па аднаэлектроннай фотарэгістрацыі. Развіў метады электроннай інтраскапіі, спосабы візуалізацыі і каардынатаадчувальныя цвердацельныя дэтэкгары іанізавальных выпрамяненняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988. Сябар ТБМ.

Мая маці сваё здароўе паклала, каб нас выгадаваць. Яна закончыла педінстытут, спачатку працавала ў Койданаве - была кіраўніком мясцовай самадзейнасці. Была членам саюза пісьменнікаў СССР - на білеце членскім подпіс Горкага стаіць. Друкавалася пераважна на польскай мове...

... Маці ў 1980-м годзе памерла. Заўсёды вучыла мяне ўспрымаць рэчаіснасць спакойна. Гэта яна мяне пераканала стаць фізікам. Маці ўвесь час гаварыла пра «сапраўдную адукацыю» - лекараў, біёлагаў, фізікаў. Мая настаўніца расійскай мовы потым наракала на мяне. Маўляў, выбраў фізіку, а не лірыку.

Сябе я памятаю з 1936-га. Тады якраз памёр мой дзед, а ў дзіцячай памяці адклаліся яго боты. У садзе мы ставілі самавар і яго гарачая труба аднойчы прыпаліла мне нагу, а дзед мяне суцяшаў. Вось з таго моманту мне боты дзедавы і запомніліся.

Недзе напрыканцы 1939-га я навучыўся чытаць, і маці пачала даваць мне бацькавы лісты [бацька сядзеў у савецкім канцлагеры - Рэд.]. Можна было раз у месяц дасылаць лісты. Я добра памятаю, як адказваў яму на беларускай мове...

... Калі падпісалі Белавежскія пагадненні, спачатку ніякага адчування не было асаблівага. Тады я ўжо быў крыху дасведчаным чалавекам у гістарычным плане.

Для мяне галоўным было тое, што Расія прызнае незалежнасць Беларусі. Для Ельцына зусім іншае важна было. Таму ён у 1997 годзе публічна пашкадаваў аб тых пагадненнях.

Было неабходна адразу паставіць дакументы на разгляд Вярхоўнага Савета. Я добра разумеў, што калі белавежскія пагадненні не ратыфікуюць - гэта будзе канцом маёй кар'еры. Адзін выраз «СССР перастае існаваць» чаго варты быў...

Станіслаў Шушкевіч, (вытрымкі з інтэрвію).


75 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава

ЧЫГРЫНАЎ Іван Гаўрылавіч (21.12.1934, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. - 5.1. 1996), бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1957). 3 1957 працаваў у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1962 у час. «Полымя». 3 1975 нам. старшыні, з 1976 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. 3 1987 старшыня праўлення Бел. фовду культуры, адначасова з 1989 гал. рэдактар час. «Спадчына». Друкаваўся з 1952. Пачаткам літ. дзейнасці сам Ч. лічыў 1961, калі было апуб-лікавана апавяд. «Праз гады». У зб-ках апавяд. «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. паказана духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваен. умовах. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва Літ. прэмія імя А. Фадзеева 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму наз. «верамейкаўскі цыкл»). У іх адлюстравана атмасфера ваен. часу, вяс-ковы побыт на акупаванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партыз. руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці бел. народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вял. Айч. вайны. Паводле сваіх раманаў і апавяд. Ч. стварыў п'есы «Плач перапёлкі» (паст. 1980, Бел. т-р імя Я. Купалы), «Апраўданне крыві» (паст. 1984, Брэсцкі абл. драм. т-р), "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" (паст. 1986, Тэатр-студыя кінаакцёра). Аўтар п'ес «Следчая справа Вашчылы» (1988, пра кіраўніка Крычаўскага антыфеад. паўстання 18 ст.), «Звон - не малітва» (паст. 1988, т-р імя Я. Купалы; пра княгіню Рагнеду), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1989, погляд на эпоху Сталіна). У трагічным гратэску «Ігракі» (1990) перадваен. падзеі. Драм. фантазія «Хто вінаваты?», абразок «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» пра Чарнобыль і звязаныя з ім праблемы. П'еса «Прымак» (1994) і драм. аповесць «Брат караля» (1995) пра бел. дзяржаўнасць часоў ВКЛ. Драма «Савіцкі» (1994) пра заступніка абяздоленых, «бел. Дуброўскага». У трагікамедыі «Госці» (паст. 1994, т-р імя Я.Купалы) аналіз стану грамадства пач. 1990-х г. П'еса «Зайграй, хлопча малы» (1995) пра бел. паэта П. Багрыма. Творчасці Ч. ўласцівы глыбокі дэталёвы аналіз унутр. свету чалавека, паэтычнасць, рэаліст. канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова. Аўтар манаграфіі «М.Я. Нікіфароўскі» (1960, з В.К. Бандарчыкам), крытыка-публіцысгычных кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). На бел. мову пераклаў п'есы «На дне» М. Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага і інш. Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (1970, з І. Новікавым, Дзярж. прэмія Беларусі 1974). Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Алраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэж. І.Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (1991). Па матывах рамана «Плач і пёлкі» У. Кандрусевіч напісаў сімфонію.


ЛАРЫСА ВАСІЛЬЕЎНА ЖАЎНЯРЧУК

Яе ўрок - заўседы казка,

Цікава з ёю размаўляць,

А тыя словы"Калі ласка",

Як музыка, для нас гучаць

Так пісала вучаніца СШ №2 г. Пружаны Л. Несцяровіч пра сваю любімую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Ларысу Васільеўну Жаўнярчук яшчэ ў 2003 годзе. Сёння Ларыса Васільеўна працуе ўсё ў той жа школе, цяпер ужо гімназіі. Сама ж яна, настаўнік вышэйшай катэгорыі,працуе па сучасных тэхналогіях, у тым ліку праектнай і інфармацыйнай. Яе метадычныя распрацоўкі ўрокаў, пазакласных мерапрыемстваў, навуковыя працы можна знайсці на інфармацыйнаметадычным партале для настаўнікаў. У снежні 2009 г. Ларыса Васільеўна адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей. І хаця за плячыма ўжо немалы жыццёвы шлях яна застаецца маладой прывабнай жанчынай, энергічным, натхнёным настаўнікам, грамадскім дзеячом, шчырым прыхільнікам беларускага моўнакультурнага адраджэння.

Нарадзілася Жаўнярчук Л.В. 29 снежня 1959 года ў вёсцы Непамацынаўка Пружанскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1977 г. скончыла Галенскую сярэднюю школу, працавала на Пружанскім заводзе радыедэталей.У 1980 годзе выйшла замуж,а ў 1982 г. з мужам і сынам пераехала ў саўгас "Прагрэс" Бярозаўскага раёна. Тут тры гады працавала выхавальніцай у дзіцячым садку. У гэтым жа 1982 годзе паступіла на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і скончыла яго ў 1988 годзе.

З 1985 г. зноў у Пружанах, працавала сакратаром камітэта камсамолу на радыёзаводзе. Набыўшы вышэйшую адукацыю, пайшла працаваць у школу, спачатку ў Лінаўскую, а пасля ў СШ №2 г. Пружаны настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Значную ўвагу Ларыса Васільеўна надае пазакласнай працы з вучнямі. Выпускала газету "Крынічка", дзе размяшчаліся творчыя працы вучняў. Кіравала гуртком "Спроба пяра". Кіравала драматычным гуртком, ставіла па ўласным сцэнарыі "Вячоркі", п'есы "Знойдзены чырвонец" А. Гаруна, "Востраў буслоў" В. Жуковіча, "Мікітаў лапаць"М. Чарота. Выступае ў друку па пытаннях абароны правоў беларускай мовы.

Была сябрам Пружанскай рады Таварыства беларускай мовы.са студзеня 2007 года з,яўляецца намеснікам старшыні рады.Тройчы абіралася дэлегатам на з'езды ТБМ, апошні раз гэта юбілейны дзесяты з'езд.

Ларыса Васільеўна добры арганізатар і актыўны удзельнік усіх мерапрыемстваў нашага грамадскага аб'яднання. Яе намаганнямі быў выдадзены зборнік вершаў мясцовага паэта Я. Вароніча. Пад кіраўніцтвам Ларысы Васільеўны вучнямі гімназіі вядзецца краязнаўчадаследчая работа. Былі даследаваны жыццёвы і творчы шлях ураджэнцаў Пружаншчыны мастака Станіслава Жукоўскага, спевака Міхала ЗабэйдыСуміцкага, стваральніка народнай харавой капэлы Рыгора Шырмы, польскага паэта Францішка Карпінскага, паэтаў Міколы Купрэева і Міколы Засіма.

Ларыса Васільеўна арганізавала ў гімназіі тэатральналітаратурны клуб "Талака", дзе разам са сваімі выхаванцамі правяла шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленне беларускіх абрадаў і традыцый. Гэта свята нацыянальнай кухні, абрад уваходзін у хату. Самы прамы і непасрэдны ўдзел прыняла суполка гімназіі пад кіраўніцтвам Жаўнярчук Л.В. у распрацоўцы і правядзенні цыклу мерапрыемстваў нашага грамадскага аб'яднання ў гонар 125годдзя класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа. Асабліва ўразіла выніковае свята да юбілею Купалы і Коласа, праведзенае ў лістападзе сіламі выхаванцаў Ларысы Васільеўны, вучняў і педагогаў школы мастацтваў.

Ад імя рады Ларысе Васільеўне была выказана шчырая падзяка.

Наогул, у настаўніцы Жаўнярчук Л.В. шмат мерапрыемстваў прысвечаных дзеячам беларускай літаратуры і мастацтва. Вечары прысвечаныя творчасці Яўгеніі Янішчыц, мясцовых паэтаў Міколы Папекі, Емяльяна Вароніча.

Ларыса Васільеўна шмат падарожнічае са сваімі выхаванцамі па роднай Пружаншчыне, займаецца складаннем на беларускай мове турыстычных маршрутаў і картаў Пружаншчыны. Яна стала непасрэдным кіраўніком і здзяйсняльнікам распрацаванага і праведзенага нашым грамадскім аб'яднаннем праекта "Гучы беларускае слова ад дзіцячага садка да школы". Разам са старшынёй рады ТБМ шмат намаганняў прыклала Ларыса Васільеўна дзеля наладжвання кантактаў з бацькоўскай грамадскасцю, кіраўніцтвам садкоў і школ горада, адміністрацыяй раёна. Непасрэдна ёй распрацаваны сцэнар і праведзены беларускі навагодні ранішнік для дзетак старэйшых груп садкоў, наша заключнае мерапрыемства "Сустрэча ў Пружанскім палацыку".

9 красавіка 2009 года ў палацыку сустрэліся бацькі будучых першакласнікаў і іх дзеці з бацькамі і дзецьмі беларускамоўнага 9"В" класа СШ №5, моладзевым гуртом "Лета", прадстаўнікамі адміністрацыі школы №3 і садка №3, дзе Ларыса Васільеўна была вядоўцам і распрацоўшчыкам сцэнару гэтага мерапрыемства.

Сёння наша Ларыса Васільеўна поўная планаў і праектаў. Яна натхнёна ідзе наперад і моцна верыць у незгасальную ідэю перамогі беларускага Адраджэння на нашай зямлі.

Тарэса Жэгалава , старшыня Пружанскай рады ТБМ ім.Ф.Скарыны.


Сустрэча ў сядзібе ТБМ

20 снежня ў сядзібе ТБМ адбылася сустрэча зацікаўленай моладзі з намеснікам старшыні ТБМ Аленай Анісім.

На імпрэзу прыехалі маладзёвыя актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі: з Гарадзеншчыны, Віцебшчыны, Гомельшчыны, з Магілёва, а таксама студэнты менскіх ВНУ.

Пад час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні эфектыўнасці розных формаў працы па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў моладзевым асяродку і ў грамадстве ў цэлым. У сваіх выступах моладзь выявіла шчырую заклапочанасць сучасным станам мовы і гарачае жаданне змяніць яго да лепшага. Былі прапанаваныя наступныя формы дзейнасці: арганізацыя правядзення "Што, дзе, калі?" пабеларуску; распрацоўка віктарыны, звязанай з гісторыяй ТБМ і іншае.

Пад час абмеркавання моладзь прыйшла да высновы аб неабходнасці стварэння пляцоўкі для камунікацыі ў сеціве. З гэтай мэтай быў абраны каардынатар далейшай дзейнасці моладзі ТБМ. Ім стаў Кірыл Сыцько з Ліды.

Напрыканцы імпрэзы выступіла спявачка Таццяна Беланогая.

Наш кар.


Мовазнаўчы досвед

Маладзік і поўнік - поўня

Засеўкі прымеркаваў да таго дня, калі ў небе месяц выкругліўся ў поўнік... Якраз у поўнік звычайна рабілася гэта ў Волі. (Кастусь Цвірка. Воўчая выспа// Полымя. 2009. № 4. С. 53).

Як тут усё натуральна: поўны месяц - поўнік! Тая ж мадэль утварэння ("аснова прыметніка + суфікс - ік "), што і ў слове маладзік: малады месяц -маладзік.

Поўня зарыентавана на слова жаночага роду - луна : гэта сцягнутае (кандэнсаванае) найменне ад двухслоўнай назвы "поўная луна". У "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с. 242) чытаем: "Поўня, ж. - полнолуние, полная луна". Тут, дарэчы, падаецца і беларускае матываванае ўтварэнне: "Поўнік, м. - см. поўня ".

За савецкім часам бела-рускія слоўнікі падавалі толькі форму, зарыентаваную на ўсесаюзны стандарт (полная луна - поўня) . I пазнейшыя перакладныя слоўнікі паўта-раюць тое ж: "Полнолуные - поўня" ("Русско-белорусскнй словарь" 1993 г.).

Аднак "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Т. 4, с. 296) змясціў гэтае слова: "Поўнік, -а, м. Разм. Поўны месяц, поўня". Праўда, прычапіўшы памету "размоўнае", хоць такое стылёвае абмежаван-не гэтага натуральнага слова не пацвярджаюць кантэксты-ілюстрацыі да яго з маўлення знаных беларускіх пісьменнікаў. У Алены Васілевіч: "У акно глядзеў і заліваў пакой сераб-рыстым святлом поўнік " . У Рамана Сабаленкі: "Месяц-поўнік як бы веславаў на сініх хвалях, і гэтак было хораша на зямлі і ў высях ".

Як вынікае з нагада-нага, болып выразным, структурна і семантычна матываваным, ёсць слова поўнік : поўны месяц - поўн-ік.

Сучасны нацыянальны друк пацвярджае гэта актыўным выкарыстаннем слова поўнік . А лексікаграфічныя даведнікі ўсё яшчэ на старых пазіцыях: ігнаруюць сучасную маўленчую практыку.

Крыўдна, што новы Тлумачальны слоўнік (1996), створаны ў незалежнай краіне Рэспубліцы Беларусь, не падае гэтае лексічнае адзінкі, засведчанай сваім папярэднікам, як і многіх іншых беларускіх слоў.

Варта нагадаць тут: поўня - шматзначнае слова, якое, як сведчыць Тлумачаль-ны слоўнік беларускай мовы, мае больш шырокае значэнне - "росквіт, паўната" што пац-вярджаецца кантэкстамі з мовы беларускіх пісьменнікаў: "Вясна была ўжо ва ўсёй поўні" (Пестрак). "Сама ў сілу [дзядзька] увабраўся, у ясную поўню гадоў " (Лужанін).

Такім чынам, фазы месяца натуральна пазначаюцца дэрыватамі тоеснай структуры (з фармантам -ік ): маладзік і поўнік . Лексема поўня больш прыдатная для абазначэння адцягненага паняцця паўнаты, росквіту.

Ці па-беларуску гэта?

Добрая пагода. Любая пагода. "А захад чысты і сонца як закацілася за зямлю - чакай добрав пагоды " (Полы-мя. 2007. № 7. С.49). Бо поле - не заводскі цэх пад дахам, дзе можна папрацаваць у любую пагоду . (Тамсама, с.195).

Стан атмасферы ў пэўны час у пэўным месцы абазначаецца ў беларускай мове словам надвор'е . Беларусы кажуць: зводка надвор'я, добрае (кепскае) надвор 'е. Добрае надвор 'е абазначаецца адным словам пагода , а кепскае - утварэннем з прыстаўкаю-адмоўем не- : непагода , ці непагадзь .

Этымолагі звязваюць слова пагода з коранем -год- , словамі годны, гожы, прыгодны, годзіць (надвор'е). Таму ў народнай мове "непагода" мае і назву нягода . Гэта засведчана і "Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы": " Нягода . Дрэннае надвор'е, непагода" (Т.З, с.425). Беларускаму сло-ву пагода адпавядае рас. вёдро , якое засведчыў яшчэ "Бела-руска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с.206), а таксама акадэ-мічныя беларускія пераклад-ныя слоўнікі (1953 г. і яго перавыданні).

Менавіта такое значэн-не лексемы пагода пацвярджа-ецца вытворцымі ад яго словамі -прыметнікамі і дзеясловамі: пагодлівы і пагодны - 'доб-ры, ясны, цёплы'. Пагодзіцца - 'рабіцца пагодным'. Паго-дзіць - пра добрае спрыяльнае надвор'е. Распагодзіцца - пра наступленне яснага, пагоднага надвор'я.

I ўстойлівыя выслоўі, прымаўкі таксама маюць слова пагода толькі з значэннем 'добрае надвор'е': Хто даж-джом косіць, той пагодаю сушыць. Дым слупамі на пагоду падымаецца ўгару.

Такім чынам, слова па-года - гэта не любое надвор'е, а толькі добрае надвор'е. Таму і кажуць: Калі сонца закаці-лася за зямлю, чакай пагоды .

Б'юць крынічныя ключы. Нас не палохалі ні віры, ні студзёная вада, асаб-ліва ў тых мясцінах, дзе білі крынічныя ключы. (Полымя, 2007. № 7. С.197). У беларус-кай мове слова ключ не мае такога значэння, як у рас. мове. Рас. ключ (источник, родник) адпавядае белар. крыніца ( Русско-белорусскнй словарь, 1993, т.1, с.637). I ўстойлівыя звароты з гэтым словам маюць адметныя беларускія адпавед-нікі: "бить ключём - біць крыніцай, кипеть ключём - кіпець, віраваць".

Дзіўна бачыць згада-ную трасянку на старонках знанага часопіса. Тым больш, што праз тры старонкі (с. 197) у тэксце сустракаем натураль-нае беларускае: "...дзе бруіліся тры гаючыя крыніцы".

Павел Сцяцко


Гурток беларускай мовы ў Магілёве

Пры Магілёўскай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ўжо два гады працуе гурток беларускай мовы, які яднае вакол сябе неабыякавых да нашага нацыянальнага скарбу і багацця - мовы - людзей.

На працягу гэтага часу ў гуртку выкладалі такія настаўнікі беларускай мовы, як Алена Асадчая і Наталля Лебедзева; сёння ж гурткоўцы самі распрацоўваюць тэмы заняткаў і самі рыхтуюцца да іх. Але ўсё гэта было б немагчыма без самаадданай працы такога чалавека, як Алена Асмакоўская. Архітэктар па адукацыі, актывістка Магілёўскага ТБМ здолела не проста арганізаваць заняткі гуртка, але і зрабіць іх надзвычай цікавымі і змястоўнымі. І сёння заняткі гурткоўцаў маюць не толькі філалагічны, але і краязнаўчы, нават культуралагічны кірунак.

Так, апошнія два пасяджэнні сяброў беларушчыны былі прысвечаны дзейнасці Магілёўскай духоўнай семінарыі і яе выпускнікам. На іх ішла зацікаўленая размова пра Спаскі кафедральны сабор у Магілёве і яго архітэктара Іягана Глаўбіца; жыццё архіепіскапа Георгія Каніскага, які з 1755 г. ўзначаліў Магілёўскую праваслаўную епархію; пра такіх выдатных сыноў Беларусі, як Іван Насовіч, Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Іван Грыгаровіч. Адметнасцю гэтых заняткаў з'яўляецца тое, што гурткоўцы самі рыхтуюць паведамленні пра таго ці іншага дзеяча беларускай культуры, помнік архітэктуры, цікавую мясціну ці народны звычай.

Тэмай бліжэйшых заняткаў гуртка беларускай мовы стануць Каляды і Новы год на Беларусі, а ў студзені гурткоўцы зоймуцца вывучэннем ручнікоў Магілёўшчыны, нагодай для чаго стала адпаведная выстава ў этнаграфічным музеі Магілёва.

Заняткі гуртка беларускай мовы, якія наведвае больш за 10 чалавек, адбываюцца штотыдзень у сераду а палове на сёмую. Запрашаем усіх неабыякавых да беларушчыны!

Кантактныя тэлефоны: Алег - 388-35-61 (Velcom), 245-64-52 (МТС)

Юрась Каласоўскі, Магілёў.


Стэфан Эрыксан стварыў у Беларусі нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан увойдзе ў гісторыю. І не толькі як адзін з першых замежных дыпламатаў, які амаль без акцэнту размаўляе па-беларуску, але і як чалавек, які з мэтай заахвочвання цікавасці да беларускай мовы сярод сваіх калег, а таксама ў беларускім грамадстве прапанаваў стварыць у Менску суполку беларускамоўных паслоў. Гэту ідэю па словах Эрыксана падказаў яму міністр культуры Павел Латушка, які падчас працы ў Варшаве ўваходзіў у суполку польскамоўных амбасадараў. На мінулым тыдні адбылося першае паседжанне гэтага нефармальнага клуба, на якім прысутнічалі пасол Польшчы Генрык Літвін, пасол Украіны Ігар Ліхавы, пасол Літвы Эдмінас Багдонас, а таксама спадар Латушка.

Наш кар.


"Замест птушыных песень..."

Словы беларускага мастака Васіля Шаранговіча: "Самая страшная трагедыя, якую толькі можна ўявіць сабе, гэта трагедыя дзяцей вайны. Чалавек толькі зірнуў шырока расплюшчанымі вачыма на свет - і замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачыў чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачуў аўтаматныя чэргі", у якасці эпіграфа вельмі і вельмі пасуюць да кніжкі Іллі Копыла "Нябышына. Вайна (Акупацыя вачамі падлетка)". Памерам кніжка - невялікая, усяго 126 старонак, але аўра кожнай яе старонкі сваёй шчырасцю, сумленнасцю і безагляднай праўдай пагружае цябе ў такі стан, што ты адчуваеш недахоп паветра у грудзях.

Падзеі, у якія абрынулася жыццё шасцігадовага хлопчыка, яго сям'і і роднай вёскі Нябышына, ахопліваюць перыяд з 1га верасня 1939 г. (Менавіта тады для беларусаў пачалася вайна) па 3яе верасня 1945 года (дата, калі капітуляавала Японія, і калі сям'я Копылаў атрымала "пахавальную", у якой паведамлялася, што 19-га жніўня 1945 г. у Манжурыі, пад Мукдэнам, загінуў Піліп Копыл - галава шматпакутнай сям'і. Дарэчы, Піліп Копыл ужо быў непрызыўнога ўзросту, ды яшчэ і стан здароўя пасля кантузіі на Першай Сусветнай вайне (у яго быў дрэнны слых) ... Адразу пасля адступлення фашыстаў камуністычная ўлада прапанавала яму, не камуністу, аднавіць калгас. Да вайны ён узначальваў калгасную гаспадарку. Але, пачуўшы цяпер ад аднавяскоўцаў: "Піліп. Няўжо зноў у нас будзе гэты ненавісны калгас, зноў галеча? Мы нават пры немцах жыллі лепш", ён катэгарычна адмовіўся ад прапановы ўлады. І вось за гэта Піліп Копыл быў накіраваны "дапамагаць СССР і яго непераможнай арміі дабіваць Японію".

Але вернемся да вогненнай вёскі Нябышына, у якой некалькі хат падпалілі немцы, а рабавалі яе, забівалі і дабівалі яе жыхараў (каб потым не было сведак), дапальвалі разам з людзьмі паліцаі і былая мясцовая жыхарка са сваім мужам. "Вось такая была вайна: свае жахлівей, чым немцы", так завяршае аўтар свой жудасны аповяд "Трагедыя ў вёсцы". Тут трэба дадаць, што лёс Нябышына загадзя быў прадвырашаны - спланаваны вышэйшым кіраўніцтвам партызанскага руху яшчэ ў Маскве. А на месцы тарагічныя падзеі толькі спрвакаваны. Такіх жудасных аповядаў у кнізе - безліч. Асабліва ў першай яе частцы, названай - "Такая праўда". Яе складаюць 38 рэпартажаў памяці - дакументальна мастацкіх запісак. Без перабольшанняў можна сказць, што "Такая праўда" гэта сапраўдны шэдэўр. І ён па шчымлівай праўдзе адкрытай душы аўтара, па напоўненасці псіхалагічным, гістарычным і бытавым матэрыялам, па шматсказанасці пры нешматслоўі (кароткасць - сястра таленту), па дакладнасці мовы годна і пераканальна ўпісваецца ў шэраг такіх выдатных твораў, як "На імперыялістычнай вайне" М. Гарэцкага, "Рэпартаж з пятлёй на шыі" Ю. Фучыка, "Дзённік Ганны Франк" Г. Франк. Як і ў пералічаных творах, у "Такой праўдзе" не знойдзеш ні аднаго моманту нейкай позы ці рысоўкі. Там толькі горкая і пякучая праўда.

Другую частку "Нябышына. Вайна" складаюць дыялектычнааналітычныя разважанні пра трагічны лёс Беларусі і беларусаў пад час гітлераўскай акупацыі, паліцэйскага і партызанскага "самадурства і бязмежжа". Гэта частка асноўным сваім генезісам мае тую ж жудасную факталогію, што пададзена ў "Такой праўдзе". Як бачым, эмацыянальнае ўспрыняцце рэчаіснасці падлетка супадае з рацыянальным успрыняццем тых жа з'яў сталага чалавека. І што паказальна. Гэтыя два ўспрыняцці пад пяром аўтара супадаюць яшчэ і ў сваёй высокай маральнасці, гуманізме. Як тут не ўспомніць эпізод, калі чырвонаармейскі афіцэр прапанаваў дзесяцігадоваму Іллі застрэліць палоннага немца, а падлетак адмовіўся. Праз многія дзесяцігоддзі І. Копыл напіша: "Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за малаль таго афіцэра. Хоць слова "мараль" я тады яшчэ не ведаў". Ужо тады, як і пазней, яго душа пры розных нялюдскіх умовах жыцця працівілася асатанеласці. І, бадай, І. Копыл першым у нашым сучасным пісьменстве наводзіць на думку аб халакосце, які адбыўся для беларусаў.

Пры чытанні "Нябышына. Вайна" нявольна прыходзіць думка, што гэты твор не можа быць не заўважаны і ў іншамоўнай прасторы. І таму ёсць спадзева, што ён будзе перакладзены на іншыя мовы.

І колькі слоў пра аўтара выдання. Чалавек ён незвычайны, асоба неардынарная. Яму ўжо пайшоў 76 -ы год, але і па знешнім выглядзе, і па светаадчуванні ён значна маладзейшы. За яго нестандартныя паводзіны і ў войску я му, прафесійнаму вайскоўцу, як кажуць, даставалася, і ў адстаўку прыйшлося пайсці толькі ў званні маёра, а не, хаця б палкоўніка ці падпалкоўніка. І Копыл - высока адукаваны чалавек. Сярод асноўных яго зацікаўленняў - беларуская гісторыя, культура і літаратура. Ён - беларусацэнтрыст. Многія з яго знаёмых (і аўтар гэтых радкоў) казалі, што яму трэба было быць журналістам ці літаратарам. Не будзе перабольшаннем сказаць, што і як працаўнік пяра І. Копыл адбыўся. Ён многа друкаваўся ў СМІ, ён - пастаянны аўтар многіх радыёперадач на беларускай "Свабодзе, ён у інтэрнеце - актыўны. А цяпер вось і кніга, кніга звышадметная. І. Копыл - актыўны ўдзельнік амаль усіх масавых грамадзянскіх акцый і культурных мерапрыемстваў; ён сталы падпісчык "Нашага слова".

У заключэнне варта падаць адзін абзац з "Нябышына. Вайна", які дае зразумець прыроду і стан унутранага ўкладу героя і аўтара гэтай невялікай вялікай кніжкі: "Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Бацька сказаў: "Нічога, адбудуемся. Галоўнае - мы жывы, хоць і не ўсе". Ён меў на ўвазе смерць Мікаалая. "Я паставіў перад сабой мэту - выжыць і вас зберагчы. І мы гэтага дасягнулі - прадоўжыў свой маналог бацька. - гэта большае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну ці забіць немца зза вугла". Потым, калі я ўспамінаў гэтыя словы, я пагаджаўся з імі. Мне не зразумела, для чаго Аляксандр Матросаў закрыў амбразуру сваім целам. Можна ж быдо закрыць яе шынелём, бушлатам ці закінуць у амбразуру гранату.

Але вернемся да папялішча. Бацька азірнуўся наўкола. А потым бадзёра прамовіў: "Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё".

І яшчэ. На вялікі жаль, у выданні прысутнічае адна прыкрасць: у ім шмат карэктарскіх памылак. А выйшла "Нябышына. Вайна" літаральна днямі ў выдавецтве Віктара Хурсіка.

Яўген Гучок.


Юбілей Анатоля Белага і клуба "Спадчына"

Неабходна стварыць энцыклапедыі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў супраць рускага царызму Кастуся Каліноўскага, гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі і Заходняй Беларусі, а так-сама творчасці гісторыка, філосафа, дысідэнта і паэта Міколы Ермаловіча. Пра гэта заявіў 12 снежня ў Менску на ўрачыстым паседжанні, прысвечаным 25-годдзю Менскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" яго старшыня Анатоль Белы.

Сярод іншых перспектыўных праектаў з удзелам сяброў клуба Белы назваў вывучэнне тэмы нацыянальна-вызвольнага руху на Беларусі, узвядзенне помніка Ларысе Геніюш у Празе ці мемарыяль-най дошкі на доме ў гэтым горадзе, дзе жыла паэтэса, а таксама стварэнне штодзённай праграмы, прысвечанай беларускай народнай песні, на тэлеканале "Белсат". На думку Белага, неабходна ўсталяваць памятныя дошкі на менскім касцёле Святых Сымона і Алены ў гонар ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага і на касцёле ў гарадскім пасёлку Радашковічы (Маладзечанскі раён Мен-скай вобласці), дзе быў ахры-шчаны народны паэт Беларусі Янка Купала. Акрамя таго, як лічыць старшыня клуба, у ста-ліцы трэба ўшанаваць памяць мітрапаліта Мельхіседэка - прыхільніка абвяшчэння Беларускай аўтакефальнай права-слаўнай царквы.

Удзельнікі вечарыны цёпла віталі навукоўца, калек-цыянера, ставаральніка "Спадчыны" і прыватнага Старадарожскага музея выяўленчага мастацтва (Менская вобласць), сябра Беларускага саюза мас-такоў і Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоля Белага, якому 10 снежня споўнілася 70 гадоў.

Заслужаны дзеяч мас-тацтва Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, рэжысёр Валеры Мазынскі адзначыў, што Белы з`яўляецца чалавекам, які ўсё жыццё збіраў вакол сябе зацікаўленых Беларуссю людзей. Паводле яго слоў, Белы стварыў у Старых Дарогах "фенаменальны" музей, які ўздзейнічае і будзе ўздзейнічаць на людзей.

Мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка адзначыў, што дзейнасць Белага і клуба "Спадчына", якія "засведчылі сваю фантастычную жыццяздольнасць", пашыраюць у краіне "тэрыторыю свабоды і беларушчыны".

Камітэт ушанавання клуба "Спадчына" ганараваў рознымі ўзнагародамі некалькі дзесяткаў дзеячоў навукі і культуры Беларусі.

У вечарыне ўзялі ўдзел акцёр Юрась Жыгамонт, музыкі Андрэй Плясанаў і Таццяна Матафонава.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Свята Ігара Задарожнага

27 лістапада ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся вялікі канцэрт пад назвай "Асенні карнавал". У зале быў аншлаг. Публіка сабралася, каб паслухаць маладога таленавітага саліста Белдзяржфілармоніі, лаўрэата прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў Ігара Задарожнага.

Выпускнік Беларускай Акадэміі музыкі па класу вакалу (2006 г., клас заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Міхаіла Жылюка) выступае на сцэнах канцэртных залаў Беларусі і гастралюе далёка за яе межамі.

У яго багаты голас - прыгожы гучны барытон, прыемны тэмбр. Поўны дыяпазон і эмацыянальнасць дазваляюць спеваку уключаць у свой рэпертуар песні, розных па жанрах - ад класічных рамансаў і оперных арый да лёгкай эстраднай песні і нават джазу.

У той святочны вечар гучалі песні: лірычны дуэт "Эхо любви" (кампазітара Я. Пцічкіна, з рэпертуару Ганны Герман) у выкананні Ігара Задарожнага і салісткі філармоніі, лаўрэата Міжнароднага конкурсу Нэлі Дусінскай (дуэт прагучаў вельмі пранікнёна), "Верни мне музыку", "В нежданный час", "Солнцем опьянённый" (усе тры песні А. Бабаджаняна), "Старый рояль" (М. Мінкова), "Листопад" і "Мы с тобой танцуем" (Д. Тухманава(, "Я помню вальса звук прелестный" (М. Лістова). Вялікі поспех мелі песні: "Танец на барабане" (Р. Паўлса), "Канареечка" (цыганская табарная). "Маритана" (з музыкі да п'есы Ф. Дзюманда і А. Дэнэры "Дон Сезар дэ Базан") і іншыя.

Мне падалося, што спявак любіць выконваць песні з рэпертуару Мусліма Магамаева. Яго нават называюць беларускім Магамаевым. І нічога дзіўнага ў тым няма. голас Задарожнага і тэмперамент сапраўды нагадваюць знакамітага артыста.

Ігар Задарожны родам з Берасцейшчыны. Скончыў Берасцейскі музычны каледж па класу баяна (1999 г.). Талент яго шматгранны. З маленства захапляўся музыкай. У выніку - азнаёміўся з гучаннем розных інструментаў, сярод якіх баян, акардыён, саксафон, раяль, ударныя і духавыя. Піша і аранжыруе музыку. Салістам Белдзяржфілармоніі стаў у 2004 годзе.

І. Задарожны яшчэ і танцор. А гумару яму не пазычаць. Трэба было бачыць, як ён з кіёчкам хадзіў, прытанцоўваючы па сцэне, пераймаючы Чарлі Чапліна. І яшчэ ён іграў на саксафоне. Ігар Задарожны - гэта артыст і музыка ад Бога.

Апладысменты ў зале не сціхалі на працягу дзвюх з паловай гадзін. Пляскалі нават стоячы. Гледачы дружна скандавалі: "Брава". Гэта было сапраўднае свята. Таленавіты спявак і музыкант заваяваў сімпатыі і сэрцы мінчан. Ён на пачатку зорнай дарогі. Яму толькі трыццаць. Застаеццца пажадаць спеваку высокага ўзлёту. Але ёсць і слушная заўвага: нажаль, у рэпертуары І. Задарожнага малавата беларускіх песень. А яны павінны быць абавязкова, бо яркі талент беларуса належыць не яму аднаму, а ўсяму народу беларускаму.

У "Асеннім карнавале" прымалі ўдзел: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жылюк, лаўрэат міжнароднага конкурсу Надзея Кійкова, вакальная група "Дыямант", шоўбалет Валерыя Бурага "Гарэзлівыя агеньчыкі".

Хочацца сказаць цёплыя словы ў адрас двух калектываў Белдзяржфілармоніі, якія суправаджалі гэты вялікі канцэрт: ансамбль пад кіраўніцтвам Ігара Іванова (першае аддзяленне) і новы калектыў "РЭТРАХІТ" пад кіраўніцтвам кампазітара Валянціны Сярых, які нарадзіўся ў працэсе падрыхтоўкі праекту І. Задарожнага. Гэтыя два калектывы, якія суправаджалі спевы Задарожнага, хоць і невялікія, аднак гучалі, як вялікі аркестр. І гучалі бліскуча, на высокім мастацкім узроўні, бо ў іх склад уваходзяць высокапрафесійныя музыканты. Валянціна Сярых, да прыкладу, сябар Беларускага саюза кампазітараў, вядомая як аўтар вакальных цыклаў на вершы Максіма Багдановіча і сучасных беларускіх паэтаў, як аўтар камернаінструментальных твораў, песень для дзяцей і мастацкі кіраўнік вядомага ў рэспубліцы дзіцячага ансамбля "Званочкі".

Увесь канцэрт як заўсёды цікава і змястоўна вяла музыкавед Іна Зубрыч. Рэжысёр - Тацяна Можар.

З вялікім поспехам прайшоў "Асенні карнавал". Было шмат кветак і апладысментаў. Завяршыўся канцэрт бліскучым шоў пад музыку вядомай песні "Карнавал" з рэпертуару Карэла Гота. Але галоўнае - на гэтым свяце больш поўна раскрыўся талент Ігара Задарожнага, які праявіўся не толькі ў песнях, але і ў акторскім дараванні Спевака.

Яшчэ раз хочацца пажадаць яму высокага узлёту.

Алена Кобец-Філімонава.


Ціхаў Гаўрыіл Андрыянавіч

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

У 1945 г. пасля шматгадовага перапынку Гаўрыіл Андрыянавіч вярнуўся да даследванняў Марса. Ужо не малады астраном, а шырока вядомы масціты навуковец, ён паставіў перад сабой галоўную задачу свайго жыцця - вырашыў знайсці новыя довады на карысць гіпотэзы існавання жыцця на Марсе. У наступныя некалькі гадоў ён сфармуляваў асноўныя тэзісы для абгрунтавання гіпотэзы існавання жыцця на Марсе і стварыў новую навуку - астрабатаніку, якая праз нейкі час стала часткай астрабіялогіі.

Астрабатаніка паўстала як навуковая галіна, якая спрабуе растлумачыць аптычныя асаблівасці марсіянскіх "мо-раў" з пазіцый гіпотэзы аб існаванні марсіянскай расліннасці. Вось як выглядае астрабатанічная гіпотэза ў тым выглядзе, у якім яе выказаў сам аўтар:

1. Законы жыцця ў Сусвеце адзіныя.

2. Прыстасвальнасць жыцця да ўмоў асяроддзя надзвычай вялікая.

3. Расліны маюць аптычную прыстасавальнасць да ўмоў асяроддзя.

Толькі абапіраючыся на такія тэзісы, лічыў навуковец, варта даследаваць магчымасць жыцця на планетах. Інакш жа непазбежны сыход у вобласць фантазіі, якая ні да чаго не прывядзе.

Апаненты існавання жыцця на Марсе высунулі некалькі вельмі лагічных аргументаў:

 Па-першае, зямная расліннасць вельмі моцна рассейвае нябачныя, "цеплавыя" інфрачырвоныя прамяні. Ме-навіта таму знятыя праз інфрачырвоныя светлафільтры зямныя расліны здаюцца як бы пакрытымі інеем або снегам. Між тым у марсіянскіх "мораў" няма такога інфрачырвонага эфекту.

 Па-другое, у спектры зямных раслін добра бачныя палосы паглынання, якія стварае хларафіл - рэчыва, без якога неймагчымае жыццё раслін. У спектры жа марсіянскіх раслін ніякіх палос паглынання хларафілу не выяўлена.

 Нарэшце, па-трэцяе, зямной расліннасці ўласцівы зялёны колер, тады як, па назіраннях шматлікіх астраномаў, "моры" Марса маюць добра прыкметны блакітнае, сіняе, а часам нават фіялетавае адценне.

Ціхаў пачаў шукаць адказы на гэтыя пытанні, ён цалкам аддаўся новай навуцы, лічачы, што на іншых планетах (Марсе, Венеры, Меркурыі) могуць існаваць іншыя формы жыцця, якія прыстасаваліся да ўмоваў, аб якіх да пачатку касмічнай эры існавалі цалкам няслушныя звесткі. Першым ён стаў ужываць спектраскапію для даследавання святла, адлюстраванага ад зямных раслін, якія растуць у цяжкіх умовах: высакагорных плато, пустынях або палярных аблас-цях, каб выявіць шляхі прыстасавання іх да жыцця і параўноўваць са спектрам святла, адлюстраванага ад некаторых участкаў Марса. Пры гэтым ён адкрыў знікненне палос паглынання хларафілу ў спектры некаторых высакагорных раслін. Потым, калі высвятлілася, што на Марсе няма расліннасці, гэтыя вынікі страцілі астранамічнае значэнне, але захавалі біялагічную цікавасць.

У сувязі з развіццём касманаўтыкі, у снежні 1956 г. у Маскве адбылося скліканае Акадэміяй навук СССР нарада найбуйнейшых савецкіх астраномаў і біёлагаў па пытанні аб магчымасці жыцця на планетах. Пераважная большасць удзельнікаў нарады выказалася ў карысць наяўнасці на Марсе арганічнага жыцця, і нарада прыняла рашэнне аб неабходнасці развіцця даследаванняў жыцця за межамі Землі. Усе гэтыя нарады праходзілі з удзелам нашага земляка і тое што ён атрымаў падтрымку, сведчыць пра тое, што на ўзроўні ведаў сярэдзіны 50-х гадоў ідэі Ціхава мелі рацыю. І падобна на тое, што з мэтай далейшага развіцця касмічнай біялогіі, прыцягнення ўвагі грамадскасці да космасу і гро-шай на касманаўтыку, астраба-таніку і персанальна Ціхава падтрымлівалі найбольш уп-лывовыя савецкія вучоныя той эпохі - ракетчыкі. Вядомы кан-структар ракетнай тэхнікі Сяргей Паўлавіч Каралёў прапаноўваў стварыць "Планетны навукова-даследчы інстытут на базе сектара астрабатанікі Казахскай Акадэміі навук" і прыцягнуць да справы Гаўрыіла Андрыянавіча Ціхава і ўсіх яго аднадумцаў, якія займаліся астрабіялогіяй. Каралёў напісаў дакладную запіску Хрушчову, дзе сярод іншага прапанаваў ураду і гэтую ідэю. Аднак Ціхаў памёр праз паўгода пасля адсылкі гэтага ліста генсеку, пахаваўшы разам з сабой ідэю стварэння Планетнага інстытута.

* * *

Вучань Гаўрыіла Андрыянавіча - Віктар Германавіч Тэйфель у наш час пісаў : "Навуковыя вынікі, якія мы атрымалі, азначалі, што ў прынцыпе на Марсе расліны маглі быць. Кажучы аб гэтым, сур'ёзны і больш чым проста адказны навуковец Ціхаў ніколі - хоць гэта яму і прыпісвалі - не сцвярджаў, быццам ён даказаў што жыццё на Марсе існуе. Ён меркаваў такую магчымасць, яе не выключаюць і сённяшнія амерыканскія вучоныя якія даследуюць Марс … Галоўнае, што зрабіў у сваім жыцці Гаўрыіл Адрыянавіч, звязана не з астрабатанікай. У першую чаргу ён быў астрафізікам, прычым яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. У гэтай вобласці ім зроблена шмат сур'ёзных адкрыццяў … Ён быў не толькі рамантыкам, але больш практыкам, навукоўцам. І ні на ёту не адставаў ад сучаснасці. Захаваліся нават фатаграфіі, дзе ён з супрацоўнікамі разглядае здымкі адваротнага боку Месяца. Наогул касмічныя адкрыцці займалі вялікую ўвагу Ціхава. Яшчэ да запуску штучнага спадарожніка Зямлі на тэрыторыі астрабатанічнага сек-тара была створана станцыя па назіранні за ім, і мы, студэнты і аспіранты, праводзілі тады свае эксперыменты. У тыя часы, трэба сказаць, да ідэй Гаўрыіла Адрыянавіча была вялікая цікавасць не толькі ў СССР, але і за мяжой. Так, у 1958 годзе спецыяльна да яго прыязджаў вядомы амерыканскі астраном Джордж Вільсан. Вось тады ён і вымавіў фразу, якую потым часта цытавалі. "Амерыка, - сказаў ён, - занадта позна прызнала Цыялкоўскага, і цяпер мы выпраўляем памылку тым, што прызнаём ідэі Ціхава". Сказаныя Вільсанам словы не былі праявай адной толькі дыпламатычнай ветлівасці. Ціхаў падарыў Вільсану галінку расліны гінкга як знак супрацоўніцтва і сяброўства. Мінула вельмі шмат гадоў з гэтай сустрэчы, і вось гады два назад у інтэрнэце з'явіліся ўспаміны жонкі Ві-льсана аб гэтым эпізодзе і аб гэтай галінцы гінкга. Амерыканскія навукоўцы, якія працуюць цяпер у цэлым шэрагу арганізаваных у ЗША астра-біялагічных інстытутаў, пры-зналі, што сам тэрмін "астрабіялогія" быў прапанаваны Ціхавым і ўпершыню з'явіўся як назоў яго кнігі, што выйш-ла ў 1959 годзе … сакраментальнае пытанне "Ці ёсць жыццё на Марсе?" хвалявала ў тыя часы вельмі многіх людзей, і даследванні, якія праводзіліся Ціхавм і яго супрацоўнікамі ў сектары астрабатанікі, прыцягвалі шырокую ўвагу. На абсерваторыі сектара не было адбою ад экскурсантаў, а аўдыторыі, дзе выступаў з публічнымі лекцыямі Ціхаў, былі заўсёды перапоўненыя...

У канцы жыцця навукоўца, у 1959 годзе, вышлі мемуары Ціхава «Шэсцьдзесят гадоў ля тэлескопа», якія яго ворагі зло перайначвалі «Шэсцьдзесят гадоў у трубу». Касмічныя даследванні пакуль не выявілі жыцця па-за Зямлёй. Няўжо «Шэсцьдзесят гадоў у трубу»? Не, ідэя аб магчымасці існавання жыцця ва ўмовах, адрозных ад зямных, не страціла сваёй актуальнасці. І астрабіялогія бурна развіваецца. Пошукі якія вядуцца амерыканскімі астрабіёлагамі шмат у чым вынікаюць менавіта з ідэй, якія паўстагоддзя назад былі высунутыя нашым земляком. Першым чынам гэта прыстасавальнасць жывых арганізмаў да залімітавых па шкоднасці фізічных умоваў: да вельмі нізкіх або вельмі высокіх тэм-ператур, адсутнасці або нізкага ўтрымання кіслароду. Дарэчы такія арганізмы знойдзены нават на Зямлі і атрымалі назоў экстрамафілаў, іх знаходзяць ў самых розных месцах - пад лёдам Антарктыкі, высока ў атмасферы і нават у ядзерных рэактарах! Сучасная астрабіялогія засноўваецца на дасяг-неннях біялогіі, астраноміі і хіміі. У эксперыментальным плане яна выкарыстоўвае магчымасці касманаўтыкі для вывучэння Сонечнай сістэмы, а таксама метады астраноміі і радыёастраноміі для вывучэння арганічнага складніка міжзорнага асяроддзя і пошуку планетных сістэм, падобных да Сонечнай сістэмы. І астраномаў зноў хвалюе меркаваны колер раслін на іншых планетах: у інтэрнэце ёсць артыкул Нэнсі Цзян («В мире науки» №7, 2008 Рэжым доступу: elementy.ru/lib/430636 ), супрацоўніцы інстытута касмічных даследаванняў у Нью-Ёрку пад назвай «Колер раслін на іншых планетах» - гэта як раз тэма над якой усё жыццё працаваў Ціхаў.

Імем Г. А. Ціхава названыя кратэры на Марсе і Месяцы, малая планета №2251, знойдзеная 19 верасня 1977 г. у Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX