Папярэдняя старонка: 2010

№ 02 (945) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 2 (945) 13 СТУДЗЕНЯ 2010 г.


МІКОЛУ АЎРАМЧЫКУ - 90

Аўрамчык Мікола , нарадзіўся 14.01.1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953-1980 гг. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), рамана «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1980).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франка, М. Джаліля, Г. Эміна, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?» (1950), В. Бычко «Тры сястры» (1953), паэму М. Нагнібяды «Васілёк» (1961) і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964) за зборнік «Сустрэча былых канагонаў».


70 гадоў Яраславу Клімуцю

10 студзеня старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Яраславу Клімуцю споўнілася 70 гадоў! Сакратарыят ТБМ, Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ шчыра віншуюць шаноўнага сп. Яраслава Клімуця з юбілеем!

Няхай Вас акружае велікадушнасць родных і блізкіх людзей, а кожны дзень будзе напоўнены дабрынёй і падтрымкай родных і сяброў!

Добрага Вам здароўя, дабрабыту, міру і згоды, веры ў свае сілы і здзяйснення ўсіх жаданняў! Хай Новы 2010 год прынясе Вам і Вашым родным моцнае здароўе, аптымізм і дабрабыт, радасць і шчырасць, вялікі плён і задавальненне ад стваральнай працы на сваю і грамадскую карысць!

Яраслаў Клімуць (кандыдат філалагічных навук, дацэнт, былы дэкан філалагічнага факультэта МДУ імя А. Куляшова, член Саюза пісьменнікаў Беларусі). Малая радзіма сп. Клімуця - вёска Вострава Мастоўскага раёна, ён выпускнік Гудзевіцкай сярэдняй школы. Я. Клімуць з'яўляецца аўтарам шэрагу публікацый па гісторыі роднай літаратуры. Гэты вельмі сціплы і тактоўны чалавек стаяў ля вытокаў Магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы ў 1989 годзе. З ініцыятывы Яраслава Клімуця пры Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куля-шова працаваў нядзельны беларускамоўны ліцэй. Таксама Я. Клімуць вёў літаратурную старонку ў газеце "Магілёўская праўда".

Зараз сп. Клімуць працуе над стварэннем анталогіі літаратуры Магілёўшчыны.


"Глобус" будзе беларускамоўным

Электронная энцыклапедыя "Глобус Беларусі" стане беларускамоўнай. У сеціве пачалася акцыя па перакладзе зместу сайту з расейскай на беларускую мову.

З ініцыятывы аўтара гэтай ідэі журналіста і паэта Глеба Лабадзенкі да яе далучылыся ўжо 300 перакладчыкаў. Аб'ём энцыклапедыі - 500 000 знакаў.

Да журналіста і паэта Глеба Лабадзенка няспынна паступаюць паведамленні. Людзі актыўна адгукаюццца на яго прапанову па стварэнні беларускамоўнага "Глобуса Беларусі".

- Сайт "Глобус Беларусі" - самы поўны ў свеце збор беларускай архітэктуры, які не мае аналагаў у свеце. У свой час аўтар сайту Андрэй Дыбоўскі запачаткаваў яго на расійскай мове, але потым пашкадаваў. І вось мы доўга думалі, як перакласці гэты кантэнт, бо аднаму чалавеку гэта не пад сілу праз вялізарнейшы аб'ём тэксту. І я вырашыў зрабіць усеагульную акцыю: вывесіць спіс населенных пунктаў, кожны чалавек выбірае той пункт, які яму падабаецца і перакладае змест. За першыя два дні больш за 300 населенных пунктаў людзі ўжо разабралі.

Далучыцца да акцыі па перакладзе інфармацыі пра беларускія цікавосткі можа кожны праз блог Глеба Лабадзенкі

Аўтары спадзяюцца, што сумеснымі высілкамі сайт "Глобус Беларусі" станецца беларускамоўным ужо ў гэту весну.

Радыё Рацыя.


Слоўнік ад Баршчэўскіх

Алена і Лявон Баршчэўскія падрыхтавалі арфаграфічны слоўнік. Ён выйдзе згодна з новымі правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія ўступаюць у сілу з 1 верасня 2010 года.

Гэта будзе дапоўненае перавыданне слоўніка, які склала Алена Баршчэўская. У папярэднім выданні налічвалася 35 тысяч слоў. Лявон Баршчэўскі дадаў яшчэ амаль 7 тысяч. Адметнасць слоўніка ў тым, што цэлы раздзел у ім прысвечаны правільнаму напісанню замежных асабовых імёнаў.

"Наша Ніва".


Часопіс "Верасень" у Лідзе

Прэзентацыя 1-га нумара часопіса "Верасень" пройдзе ў Лідзе 20 студзеня ў 17.00 у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У прэзентацыі будзе весці рэй галоўны рэдактар часопіса, паэт і бард

Эдуард Акулін.


Калядная вечарына на сядзібе ТБМ

Сталася добрай традыцыяй грамадою адзначаць Каляды на вуліцы Румянцава, 13 у Менску. Аднак кожны год бывае ў нечым адметным. Зразумела чаму. Бо далучаюцца новыя ўдзельнікі, хтосьці з маладых сяброў ТБМ упершыню судакранаецца са старажытнай жывой народнай куль-турай і сваім удзелам надае новае дыханне і аблічча гэтаму святу.

Так сталася і на гэты раз. 5 студзеня 2010 года на сядзібе Таварыства, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці. Нягледзячы на тое, што шырока не абвяшчалася пра каляднае свята, шмат хто завітаў у гэты вечар на ТБМ, і не проста так, а з пачастункамі. Зрэшты, менавіта такім заўсёды і было свята ў народзе: самі для сябе ўсё рабілі, ад таго і радасць шчырая ў душы панавала. Не прымусілі сябе доўга чакаць і калядоўшчыкі з мядзведзем ды з казою, з зоркаю каляднаю ды з песнямі вітальнымі. Расчулілі прысутных. Песні беларускія гучалі праз увесь вечар, і спявалі ўсе, у тым ліку і госці з далёкай Паўднёвай Карэі. Напрыканцы ўсе атрымалі ўнікальную магчымасць пабачыць старадаўнюю ценевую батлейку, нязменную спадарожніцу калядаў.

Разыходзіцца не хацелася, нягледзячы на позні час. Але наперадзе чакаюць новыя імпрэзы і мерапрыемствы, запланаваныя, як і Калядная вечарына, праектам "Дыялог" . У студзені пройдуць:

1) 19 - а 19-й гадзіне сустрэча з навукоўцам Веранікай Курцовай на тэму "Сучаснае беларускае маўленне і новы правапіс";

2) 26 - а 19-й гадзіне паседжанне дыскусійнага клуба на тэму "Нацыянальная беларуская сімволіка і спосабы яе папулярызацыі", вядовец Алег Трусаў.

3) 24 студзеня (нядзеля) адбудзецца канферэнцыя

Я - дзяўчынка Каляда

Новы Год на падыходзе.

У абноўленай прыродзе

Я малюю - усур'ёз:

Тата стаў як Дзед Мароз,

А Снягуркай сёння - мама.

На маім малюнку - Брама.

Пройдзе праз яе да нас

У вясёлы школьны клас

Новы Год, увесь кудлаты.

Для яго убор багаты

Я зрабіла - Каляда.

Падышла пара святая:

Калядую я, вітаю

З Днём Народзінаў Хрыста!

Будзе вера у народзе, -

Перад Богам стане ў згодзе

Беларусаў грамада.

Сяргей Панізьнік ад імя ўнучкі Яны-Стэфаніі Янішчыц.


Калядная сустрэча ў ТБК

У суботу 26 снежня ў ТБК адбылася святочная імп-рэза, на якой ушанавалі памяць беларускіх дзеячоў, што нара-дзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы.

Праграма гэтым разам была насычанай і шматбаковай. Акрамя дакладаў аб беларускіх дзеячах, адбылася прэзентацыя фільма Тацяны Дубавец "Тутэйшыя", выступіў украінскі гурт "Сьвітліца", а напрыканцы беларусы і ўкраінцы разам адзначылі Каляды і завяршэнне 2009 г., павіншавалі адзін другога са святамі.

Імрэза распачалася з прывітальнага слова старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які распавёў пра Вацлава Іваноўскага і пра Кастуся Шышэю.

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў фальварку Лябёдка Лідскага павету Віленскай губерні (зараз в. Лябёдка Шчучынскага раёна). З 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбурзе першае беларускае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца". Адначасова супрацоўнічаў з газетамі "Наша доля" і "Наша ніва". У 191315 жыў у Вільні. У 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Пасля 1917 г. ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з'ездзе 1917 ў Менску. У 1918 стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў А. Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Менску. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў горад Смаленск. Восенню 1919 увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Менску. У лютым-сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларускапольскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім педагагічным інстытутам. У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы.

Пасля падзелу Беларусі Іваноўскі адышоў ад палітычнай дзейнасці і заняўся навукай. У 192239 займаў пасаду прафесара Варшаўскага палітэхнічнага інстытута. З пачаткам Другой Сусветнай вайны ў 1939 г. Іваноўскі ў Вільні.

У 1942 быў прызначаны на пасаду бургамістра Менска. У 1943 з'яўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства. 6 снежня 1943 Вацлаў Іваноўскі быў цяжка паранены невядомымі на вуліцы і назаўтра памёр. Пахаваны на менскіх Кальварыйскіх могілках.

Далей сп. Хведар распавёў пра Кастуся Шышэю. Ён быў адным з тых, хто займаўся адраджэннем беларускасці ў Літве, стаяў на чале стварэння ТБК. К. Шышэя служыў у батальёне Барыса Рагулі, за што пасля сядзеў у сталінскіх лагерах. Але праз усё сваё жыццё пранёс у сваім сэрцы Беларусь.

Наступнымі былі даклады пра беларускіх каталіцкіх дзеячоў: біскупа Часлава Сіповіча і ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Думаю, не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што гэтыя асобы адыгралі вырашальную ролю ў пабудове беларускага нацыянальнага каталіцкага касцёла і неслі веды ў свет пра беларусаў каталікоў, тлумачачы ўсім, што яны не палякі і не рускія.

У чарговы раз нас прыемна ўразіў украінскі ансамбль "Сьвітліца", які выканаў некалькі песняў на ўкраінскай мове. Яго салісты Аксана і Раман і іх дачка Багданка падаравалі беларусам цудоўны калядны вечар. І вельмі прыемны той факт, што ў ТБК з украінцамі наладзіліся кантакты, і з кожным разам адносіны паміж намі становяцца ўсё больш і больш цёплымі.

Таксама ў часе імпрэзы новыя сябры кораценька распавялі пра сябе і сваю дзейнасць

У гэты калядны вечар, калі Божае Дзіцятка наноў прыйшло ў гэты свет, каб яго адарыць супакоем, спагадай, любоўю, нарадзілася надзея на веліч і нашае Бацькаўшчыны. Маленькае дзіця змагло цэлы свет перамяніць да лепшага і тым самым і нам падаравала надзею на ўваскрашэнне нашай шматпакутнай Беларусі.

З Божым нараджэннем!

Вясёлых Калядаў!

Алесь Адамковіч, Вільня 2009 год.


Паважаны Алег Анатольевіч!

Прыміце самыя цёплыя і сардэчныя віншаванні з Новым годам і Калядамі!

3 пажаданнямі моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.


Знамянальныя даты для культуры Беларусі ў 2010 г.

- 880-годдзе з дня нараджэння Кірылы Тураўскага;

- 790-годдзе з дня нараджэння Сімяона Полацкага;

- 600-годдзе Грунвальдскай бітвы;

- 540-годдзе з дня нараджэння Міколы Гусоўскага;

- 520-годдзе з дня нараджэння Францішка Скарыны;

- 200-годдзе з дня нараджэння Івана Хруцкага;

- 170-годдзе з дня нараджэння Францішка Багушэвіча;

- 100-годдзе з дня нараджэння Генадзя Цітовіча;

- 90-годдзе з дня заснавання Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;

- 80-годдзе з часу стварэння Беларускай студыі оперы і балета;

- 80-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча;

- 80-годдзе з дня заснавання Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі

Беларусь імя I. Жыновіча.


У 2010 г. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь запрашае Вас на:

- XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" (ліпень);

- XVII Менскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" (лістапад);

- рэспубліканскі конкурс маладых талентаў "Зорка ўзышла над Беларуссю" (студзень - красавік);

- VШ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у г. Гародні (чэрвень);

- Дзень беларускага пісьменства ў г. Хойнікі (верасень).

У 2010 г. адбудуцца:

- Год культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі;

- праект "Культурная сталіца Беларусі" (студзень - снежань);.

- збор сродкаў на рэстаўрацыю Наваградскага замка (ХШ-ХVII стст.).


Віншаванні ТБМ імя Ф. Скарыны

Самыя добрыя калядныя пажаданні!

Місія АБСЕ.

* * *

Вясёлых Калядаў і цудоўнага Новага Года.

Ігар Ліхавы. Пасол Украіны.

* * *

Спадарства, шчыра віншуем Вас са святам Нараджэння Божага! Зычым анёльскай падтрымкі і Божае ласкі ва ўсіх справах дзеля пашырэння беларушчыны. Хай не згасае светач дзіўны - родная мова!

Сябры гістарычна-патрыятычнага клуба "Спадчына", Дварэц, 2009.

* * *

Сардэчна віншуем са святам Божага нараджэння, Новым Годам і Калядамі!

Спадзяёмся, што новы год наблізіць нас да моцнай, квітнеючай і сапраўды незалежнай Беларусі. Жадаем плё-ну ў працы і здзяйснення ўсіх задум і мараў, моцнага здароўя, веры ў нашае годнае будучае і любові адзін да аднаго.

БелаПАН.

* * *

Няхай ён добры будзе, год 2010-ы! Няхай шчаслівым будзе гэты год. І моц, і сілу прынясе ў хаты, і будзе ласкавы, як хатні кот.

Заўсёды ваш - БАЖ.

* * *

З нараджэннем Хрыстовым і Новым Годам.

Амбасада Славакііі.


Уручэнне ўзнагарод Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі беларускім вучоным і грамадскім дзеячам

10 снежня 2009 года, у адпаведнасці са Статутам Генеральнай асамблеі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (МАНЕ) былі абраны новыя члены акадэміі.

Членамі МАНЕ сталі Савіцкі Мікола Іванавіч - прафесар, доктар эканамічных навук, грамадскі дзеяч і Завальнюк Уладзіслаў Мацвеевіч - ксёндз, магістр тэалогіі, святар касцёла св. Сымона і св. Алены, кандыдат гістарычных навук. Ганаровымі членамі МАНЕ сталі Белая Святлана Анатольеўна - пісьменніца, журналістка, грамадскі дзеяч і Валахановіч Анатоль Іосіфавіч - пісьменнік, гісторык, журналіст, навуковец, грамадскі дзеяч.

Генеральная асамблея Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі ўзнагародзіла групу беларускіх вучоных медалямі МАНЕ. Залатымі медалямі ўзнагароджаны: Белы Анатоль Яўхімавіч - навуковец, калекцыянер, старшыня Менскага культурнаасветніцкага клуба "Спадчына", грамадскі дзеяч; Віцязь Пётр Аляксандравіч - акадэмік НАН Беларусі, першы віцэстаршыня Прэзідыума НАН Беларусі. Срэбнымі медалямі МАНЕ ўзагароджаны Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч - акадэмік НАН Беларусі, грамадскі дзеяч; Багданкевіч Станіслаў Антонавіч - доктар эканамічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч; Лабуноў Уладзімір Архіпавіч - акадэмік НАН Беларусі, прафесар БДУІР.

26 снежня 2009 года ў Менску ў касцёле св. Сымона і св. Алены ва ўрачыстых абставінах Прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Яўген Яўгенавіч Шыраеў уручыў дыпломы і нагрудныя знакі новаабраным членам і ганаровым членам МАНЕ: М.І. Савіцкаму, У.М. Завальнюку, С.А. Белай, А.І. Валаханоаічу.

Былі ўручаны залатыя і срэбныя медалі А.Я. Беламу, П.А. Віцязю, Р.Г. Гарэцкаму, С.А. Багданкевічу, У.А. Лабунову.

Новаабраныя члены МАНЕ і ўзнагнароджаныя медалямі ў сваіх выступленнях распавялі высокаму сходу пра сваю навуковую, творчую працу, грамадскую дзейнасць, пра свае планы на будучае на карысць адраджэння Бацькаўшчыны і міжнароднай супольнасці з Расіяй, Украінай, іншымі славянскімі краінамі, краінамі Еўропы і Азіі.

Новаабраных і ўзнагароджаных шчыра віншавалі члены МАНЕ, навукоўцы, сябры творчых суполак, саюзаў, клуба "Спадчына", прадстаўнікі рэлігійных канфесій Беларусі, калегі, сябры, аднадумцы, знаёмыя.

А наперадзе чакае ўпартая праца на карысць Бацькаўшчыны, міжнароднай супольнасці па адраджэнні Беларусі.

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец. На здымку: дзейныя і ганаровыя акадэмікі МАНЕ.


Радзівілаўскія чытанні

У 2009 годзе спаўнілася 340 гадоў з дня смерці, а ў 2010 годзе будуць адзначаныя 390-ыя ўгодкі знакамітага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, мецэната і таленавітага творцы князя Багуслава Радзівіла (1620-1669). Даты не вельмі круглыя, але ўдзячныя жодзінцы арганізавалі чытанні, прысвечаныя памяці заснавальніка іх горада. Праводзяцца яны з ініцыятывы краязнаўчага музея і называюцца "Роля роду Радзівілаў у гісторыі Беларусі".

Гарадскі этап чытанняў праходзіў у Маладзёвым цэнтры. На ім былі прадстаўлены два дзесяткі прац і даследванняў, прызнаных самымі цікавымі ў школах і іншых навучальных установах горада. Паліна Салівончык (СШ №8) прадставіла радавод "Я з роду Радзівілаў", Алесь Шастаковіч (СШ №5) зачытаў рэферат "Жанчыны роду Радзівілаў", Ксенія Ляўко і Кацярына Толкач (школа-інтэрнат) прэзентавалі даследванне "Княгіня Марыя Магдалена Радзівіл - беларуская патрыётка і мецэнатка", Кацярына Мельнік (гімназія №1) зачытала эсэ "Паланэз №13 ля мінор", Ганна Лахоўская (СШ №9) абнародвала даследванне "Радзівілы на абшарах Вялікага Княства Літоўскага", а гісторык Міхась Краўцэвіч выступіў з паведамленнем "Радзівілаўская сімволіка ў геральдыцы",

З асаблівай і зразумелай цікавасцю былі ўспрыняты даследванне Марыны Гардзейка (СШ №2) "Багуслаў Радзівіл", відэапраект Лізаветы Тарасевіч і Юліі Машковіч (СШ №6) "Знаёмства з Багуславам Радзівілам", архітэктурны праект Паліны Сіваковай і Любові Сіліч (СШ №7) "Плошча і праект помніка Багуславу Радзівілу", а таксама праект "Карчма-музей "У Багуслава" Насты Мартысюк, Антона Гары, Ксеніі Калеснікавай, Насты Красоўскай і Марка Грыня (гімназія №1).

Вяла імпрэзу дырэктарка краязнаўчага музея Ірына Супрановіч, а ў складзе аўтарытэтнага журы поруч з аўтарам гэтых радкоў, які спрэзентаваў у прызавы фонд тры дзесяткі кніжных тамоў, былі гісторыкі, мастацтвазнаўцы, педагогі.

У красавіку 2010 года ў Жодзіне будзе праведзены другі, міжнародны этап чытанняў, удзел у якім возьмуць знакамітыя айчынныя і замежныя вучоныя, даследчыкі, краязнаўцы, літаратары і мастакі.

Уладзімір Сіўчыкаў, пісьменьнік і выдавец.


З "Вераснем" - у засені Веры...

7 студзеня, акурат падчас свята Божага нараджэння, адбылася падзея, якую доўга чакалі і сталыя беларускія пісьменнікі, і нашы маладыя літаратары. Маю на ўвазе выхад першага нумара і прэзентацыю новага літаратурнамастацкага часопіса "Верасень", якая з вялікім поспехам прайшла ў дольнай зале менскага Чырвонага касцёла.

Але каб гэтая падзея і суправодная ёй імпрэза набыла сапраўднае грамадскае гучанне, калектыву рэдакцыі часопіса "Верасень", яго рэдактару, паэту і барду Эдуарду Акуліну спатрэбіліся крэатыўныя ідэі ў стварэнні канцэпцыі і дызайну часопіса, небанальныя захады для вырашэння шматлікіх фінансавых праблем. У выніку гэтай працы літаратурная прастора нашай краіны папоўнілася дыхтоўным выданнем, у якім сабраныя творы знаных аўтараў: Рыгора Барадуліна, Леаніда Дайнекі, Барыса Пятровіча, пераклады твораў сусветна вядомых літаратараў Джані Радары і Элкі Няголавай, а таксама ўзоры творчасці маладых - Настассі Кухарэнкі, Ігара Канановіча, Віталя Рыжкова, Лізаветы Дамінікі Панамаровай, Мюра Фарыдовіча, Дар'і Ліс і іншых аўтараў. Што тычыцца афармлення першага нумара "Верасня", то самі чытачы далі высокую адзнаку часопісу, калі масава набывалі гэтае цудоўнае з выгляду і паводле зместу выданне. І кожнага з іх у кніжцы чакаў калядны сюрпрыз - музычны дыск Эдуарда Акуліна альбо Таццяны Беланогай на выбар. Дарэчы, перад прэзентацыяй у Чырвоным касцёле выказваліся перасцярогі, што аматары беларускага слова могуць аддаць перавагу канцэрту Змітра Вайцюшкевіча «Мой сябра Анёлак», які меўся адбыцца ў гэты ж самы вечар у канцэртнай зале "Мінск". Але гэтыя прагнозы не спраўдзіліся, і дольная зала Чырвога касцёла з вялікімі цяжкасцямі ўмясціла ўсіх ахвотных трапіць на гэтае паэтычнае свята. Дзіўна, але людская згруджанасць спрыяла стварэнню ў зале незабыўнай атмасферы яднання беларускіх душ! І ніхто з тых, каму не хапіла месцаў у зале (а імпрэза доўжылася роўна дзве гадзіны) нават не падумаў пакідаць вечарыну.

Як адзначыў напачатку імпрэзы яе арганізатар і галоўны рэдактар часопіса "Верасень" Эдуард Акулін, наступны юбілей "Верасня", зважаючы на беспрэцэдэнтны аншлаг падчас першапрэзентацыі выдання, варта планаваць няйначай, як у Палацы Рэспублікі, дзе даўно гаспадарыць чужое слова і чужая песня… А тое, што з'яўленне новага выдання выклікала значную ўвагу ў літаратурных колах, засведчылі прывітальныя словы, якія даслалі на адрас удзельнікаў вечарыны Народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. Вітальнае слова на шчаслівую творчую дарогу новаму часопісу выказалі вядомыя пісьменнікі А. Вярцінскі, С. Панізнік, Л. Дранько-Майсюк, Л. Дайнека, які, дарэчы, з вялізарным поспехам прачытаў сваю баладу "Цэгла пана Гарбанёва".

Чырвоную цэглу са сценаў ірвуць,

Як быццам зубы з роту дзяруць.

Пан Гарбанёў слёз не лье.

Не цэглу - памяць ён прадае.

За сала, за мёд, за грыбоў кашалі.

Навошта памяць гэтай зямлі?

Калі са свядомых смяюцца людзей,

Калі зачыняць музей ці ліцэй,

Ведайце, адназямельцы мае,-

Цэглу пан Гарбанёў прадае!

А вось маладую плынь айчыннай паэзіі і прозы прэзентавалі ўжо даволі вядомыя па ранейшых публікацыях у незалежных выданнях аўтары В. Рыжкоў, Л. Д. Панамарова, Ігар Канановіч, Наста Кудасава. Падборкі іх вешаў у "Верасні" надалі часопісу крылы маладога творчага імпэту і дынамізму паэтычнай думкі.

Сваё вітальнае слова нованароджанаму выданню выказала і кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў асобах Алены Анісім і Алега Трусава. "Хросныя бацькі" часопіса падкрэслілі, што рэдакцыя часопіса "Верасень" здзейсніла сапраўдны вычын, калі ў сённяшніх умовах за няпоўны месяц рэалізавала такую важную для айчыннай літаратуры задуму, а таксама выказалі ўпэўненасць, што часопіс стане калыскай для маладых талентаў, якія ўзбагацяць беларускае прыгожае пісьменства. Ад імя ўсіх прыхільнікаў беларускай літаратуры і ТБМ "Верасень" вітаў і рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, які адзначыў, што "...заўсёды ў Беларусі знаходзіліся людзі дзеля ўсялякай добрай справы!" Гэтыя словы выклікалі шчырую падтрымку тых, хто прыйшоў ў святы вечар на прэзентацыю.

Цёплымі апладысментамі і ўвагай прысутных былі ўганараваныя ўдзельнікі гістарычнапатрыятычнага клуба "Спадчына" пад кіраўніцтвам Наталлі Ляўкевіч з Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Юныя паэты чыталі свае вершы, якія былі змешчыны ў часопісе пад рубрыкай "Верасок", дзе можна можна пазнаёміцца з паэтычнымі спробамі пяра Яны Сіневіч, Святланы Жукоўскай, Алены Лашкоўскай, Крысціны Баравік. Аматары паэзіі з вялікім захапленнем успрынялі верш Алены Станцаль "Роздум", які выявіў шчырасць пачуццяў і неардынарнасць мастацкага здумення юнай паэткі.

Здаўна заведзена, што святы беларускай паэзіі, дзе б яны не ладзілася, ніколі не адмяжоўваліся ад песні. У выпадку з "Вераснем" усё зразумела: яго галоўны рэдактар Эдуард Акулін і сам знакаміты беларускі бард. На гэта былі настроены шматлікія ўдзельнікі прэзентацыі,сярод якіх можна было заўважыць і Аляксея Марачкіна, і Васіля Зуёнка, і акадэміка Радзіма Гарэцкага… Усе з энтузіязмам і воклічамі "брава!" прымалі музычныя творы ад Народнага вакальнага гурта "Пліса" пад кіраўніцтвам Кастуся Герашчанкі, спявачак Таццяны Беланогай і Алесі Сівохінай. Галоўнай жа дзейнай асобай, як і меркавалася, стаў Эдуард Акулін. Да глыбіні душы слухачоў кранула новая песня Эдуарда Акуліна "Мама", уся зала разам з Эдуардам спявала завяршаючы акорд вечарыны - славутую песню "Янка Купала". Дарэчы, сімвалічна, што святы вечар аказаўся шчодрым адразу на тры святы: Раство Хрыстова, нараджэнне часопіса "Верасень" і нараджэнне галоўнага рэдактара выдання - Эдуарда Акуліна.

Па заканчэнні прэзентацыі часопіса "Верасень" людзі пакідалі памяшканне дольнай залы Чырвонага касцёла, дзелячыся сваімі ўражаннямі ад перажытага: "За ўвесь год не прыходзілася быць на такой цёплай і душэўнай паэтычнай сустрэчы!" Таму відавочна, што супадзенні датаў беларускіх вечарын на сёння не бяда: аматараў беларушчыны столькі, што яны могуць запоўніць не адну сталічную залу! Гэта значыць, што ёсць сапраўдны выбар: каму Вайцюшкевіч, каму - Акулін з "Вераснем"!

Пасткрыптум. Усе, каму не хапіла падчас прэзентацыі першага нумара новага літаратурна-мас-тацкага часопіса "Верасень" могуць набыць яго на сядзібе ТБМ па адрасе: Румянцава,13. Будзьма з "Вераснем" і вера нас не пакіне!

Анатоль Мяльгуй. Фота аўтара

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX