№ 3 (946) 20 СТУДЗЕНЯ 2010 г.
125 гадоў з дня нараджэння Юрыя Тарыча
ТАРЫЧ (сапр. Аляксееў) Юрый Віктаравіч [12 (24). 1.1885, Полацк - 21.2. 1967], беларускі кінарэжыеёр, сцэнарыст, заснавальнік бел. маст. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. РСФСР (1935). У 1903-04 вучыўся ў Маск. ун-це. Удзельнік 1-й Сусв. вайны. У 1904 - жн. 1905 санітар-добраахвотнік у дзейнай арміі на маньчжурскім фронце. 25.12. 1905 арыштаваны і сасланы ў Сібір як член Варшаўскай вайскова-рэв. групы РСДРП. Выступаў як акцёр драм. тэатраў у правінцыі (1907-14) і ў Маскве (1918-24). Адзін з кіраўнікоў Курсанцкага тэатра ў Маск. Крамлі, дзе паставіў і першы на прафес. сцэне сыграў ролю У. I. Леніна ў п'есе-хроніцы «Пагібель самадзяржаўя» (1924). 3 1914 працаваў у кіно эпізадычна як сцэнарыст (у 1919 як акцёр), з 1923 пастаянна, з 1925 і як рэжысёр. Паставіў адзін з лепшых сав. гіст. фільмаў 1920-х г. «Крылы халопа» (сцэн. з К. Шыльдкрэтам і В. Шклоўскім, сурэжысёр Л. Леанідаў, 1926). У 1943-45 маст. кіраўнік кінастудыі «Манголкіно» [маст. кіраўнік стужак - хранік.-дакумент. «Надом», дакумент.-маст. «Манголія», маст. «Цокту-Тайжды» («Стэпавыя віцязі»)]. 3 1945 на кінастудыях Масквы. У 1928-39 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Т.- рэжысёр героіка-рамантычнага кірунку, з яго творчасцю звязана фармаванне ідэйна-маст. прынцыпаў развіцця кінамастацтва рэспублікі. Стварыў першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926) паводле аповесці М. Чарота «Свінапас» (сцэн. з М. Чаротам) У кінастужцы высокая паэзія арганічна спалучалася з строгай дакументальнасцю; у адным з эпізодаў фільма зняліся кіраўнікі маладой бел. рэспублікі I. А. Адамовіч, В. Г. Кнорын, А. Р. Чарвякоў. З эпічным размахам былі ўзноўлены эпізоды Грамадз. вайны на Беларусі і ў гіст.-рэв. фільме «Адзінаццатага ліпеня» (1938, сцэн. з А. Зяновіным). У 1930 Т. зняў 1-ю бел. гукавую кінапраграму «Пераварот», паставіў фільм-памфлет «Нянавісць» (па ўласным сцэнарыі). Праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы Т. «Да заўтра» (1929, сцэн. з I. Бахарам. пра рэв. барацьбу моладзі Зах. Беларусі), «Вышыня 88,5» (1932, агітпрапфільм на ваен. тэму) і «Шлях карабля» (1935). У Айч. вайну на Цэнтр. аб'яднанай кінастудыі ў Алма-Аце з У. Корш-Сабліным стварыў кіназборнік «Беларускія навелы» (1942, навела «На кліч маці"). У пач. 1950-х г. на кінастудыі «Беларусьфільм» паставіў некалькі дакумент. фільмаў, у т. л. «Народны паэт» (1952), маст. кіраўнік кінафільма маладых кінематаграфістаў «Апавяданні пра юнацтва» (1961).
70 гадоў Леаніду Дайнеку
ДАЙНЕКА Леанід Мартынавіч (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972-89 адказны сакратар час. «Маладосць». 3 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «За-помнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917- 19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).
Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей - герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К. Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы - ВКЛ - адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.
29 студзеня 2010 г.
Творчая вечарына Леаніда Дайнекі з нагоды 70-гадовага юбілею пісьменніка.
У імпрэзе бяруць удзел: Уладзімір Дамашэвіч, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў, Дзмітрый Бугаёў, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Пашкевіч. Уздымаць святочны настрой гасцям і юбіляру падчас вечарыны будуць: Зміцер Вайцюшкевіч, Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін, Кастусь Герашчанка, Таццяна Беланогая, а таксама гурт "Стары Ольса" і Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята". Вядовец вечарыны - Эдуард Акулін.
Чырвоны Касцёл. Пачатак - у 18 гадзін. Уваход вольны.
Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа святкуе 20-годдзе
Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа святкуе 20-годдзе.
Рашэнне аб стварэнні беларускамоўнага гуманітарнага ліцэя было прынята 15 студзеня 1990 года на паседжанні рады «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Савецкага раёна Менска пад старшынствам Алега Трусава .
У 2003 годзе па загадзе Міністэрства адукацыі Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа быў зачынены, і ад тых часоў працуе у паўпадпольных умовах.
Як паведаміў нязменны кіраўнік ліцэя Уладзімір Колас , за час дзейнасці гэтай навучальнай установы яго скончылі каля 700 чалавек.
Паводле яго словаў, выпускнікі ліцэя сталі моладзевымі лідэрамі, грамадскімі дзеячамі, бізнэсоўцамі, навукоўцамі і выкладчыкамі, акцёрамі і музыкамі, журналістамі і літаратарамі.
Як лічыць Колас, выпускнікі ліцэя «адрозніваюцца цвёрдымі ведамі, незалежным крытычным мысленнем і ўмен-нем аргументавана апераваць інфармацыяй». Пра гэта, паводле яго словаў, сведчаць і даклады навучэнцаў на навуковай канферэнцыі, якая адбылася 12 студзеня і была прымеркаваная да 20-годдзя ліцэя.
- Ад самага пачатку ён стаў альтэрнатывай той другаснай ролі, якая адводзіцца беларускай мове і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў дзяржаўнай сістэме сярэдняй адукацыі, - падкрэсліў Колас.
Паводле яго словаў, за 20 гадоў установа прайшла шлях ад нядзельнай навучальнай установы пазакласнага тыпу да Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа Міністэрства адукацыі.
Як адзначыў Колас, ліцэй з філіяламі ва ўсіх абласцях краіны стаў пілотнай школай па выпрацоўцы канцэпцыі нацыянальнай адукацыі, у рамках якой былі створаны больш за 50 навучальных праграм, а таксама шэраг падручнікаў.
- Нягледзячы на высокі ўзровень навучання і выхавання, у 2003 годзе ўлады пазбавілі навучальную ўстанову афіцыйнага статусу, і яна вярнулася да формы грамадскай структуры, захаваўшы калектыў выкладчыкаў, сярод якіх вядомыя навукоўцы, літаратары і перакладчыкі, - сказаў Колас.
Нягледзячы на выму-шаную апазіцыю да сістэмы адукацыі, у шэрагу краін Еўропы менавіта беларускі гуманітарны ліцэй прадстаўлены як адзіная недзяржаўная ўстанова з навучаннем на роднай мове. Гэта адна з прычын, чаму выпускнікі ліцэя маюць магчымасць працягваць навучанне практычна па ўсім свеце.
Наш. кар.
Парадак дня Канферэнцыі Таварыства беларускай мовы
Праект
24 студзеня 2010
Месца правядзення - зала тэатра "Зніч", размешчаная ў цокальным паверсе касцёла
св. Сымона і св. Алены.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў канферэнцыі з 10.00 да 10.30
1. 10.30-12.30. Пленарнае паседжанне. (Даклады, якія закранаюць стан беларускай мовы ў розных сферах грамадзянскага жыцця краіны).
1.1 10.30. Адкрыццё канферэнцыі : А. Трусаў
1.2 10.35-10.50. Курцова В.М., кандыдат філалагічных навук: "Сучаснае беларускае маўленне".
1.3 10.50-11.05. Трусаў А.А. кандыдат гістарычных навук: "Далейшае існаванне беларускай мовы залежыць ад нашай моладзі".
1.4 11.05-11.20. Завальнюк А. кандыдат гістарычных навук: "Ужыванне роднай мовы ў касцёле".
1.5 11.20-11.35. Сачанка С.Б.: "Пашырэнне беларускай мовы ў рэлігійным жыцці" (на прыкладзе М. Сяднёва).
1.5 11.35-11.50. Капылоў І.Л. кандыдат філалагічных навук, Анісім А.М.: "Назвы чыгуначных станцый Беларусі: да праблемы іх перайменавання".
1.6 11.50-12.05. Вячорка В.: "Заканадаўчыя гарантыі абароны беларускай мовы як нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці".
1.7 12.05-12.20. Баршчэўскі Л., кандыдат філалагічных навук: "Беларуская мова ў СМІ".
1.8 12.20-12.30. Спрэчкі па дакладах. (Дыскусія і спрэчкі па прачытаных дакладах) .
2. 12.30-14.00. Перапынак.
3. 14.00-16.00. Працяг пленарнага паседжання. (Беларуская мова і яе стан у рэгіёнах Беларусі).
3.1 14.00-14.15. Сырыца В.: "Беларуская мова ў Баранавіцкім раёне".
3.2 14.15-14.30. Суднік С.: "Функцыянаванне беларускай мовы на Лідчыне".
3.3 14.30-14.45. Чэчат А.В.: "Беларуская мова ў Фрузенскім раёне сталіцы".
3.4 14.45-15.00. Каратчанка І.В.: "Моўныя асаблівасці, быт і культура вясковых жыхароў Руднянскага раёна Смаленскай вобласці (па матэрыялах даследаванняў фальклору і этнаграфіі 90-х гадоў мінулага стагоддзя).
З 15.00 - 15.15. Маслюкоў Т.: "Дзейнасць сяброў ТБМ у Светлагорскім раёне па паляпшэнні стану беларускай мовы".
4. 16.00-16.30. Дыскусія і спрэчкі па прачытаных дакладах .
5. 16.30-16.45. Прыняцце выніковых дакументаў канферэнцы
Парадак дня Рады ТБМ
Праект
24 студзеня 2010 г.
Рэгістрацыя сяброў Рады з 12 да 12.30
Месца правядзення Рады - зала тэатра "Зніч", размешчаная ў цокальным паверсе касцёла св. Сымона і св. Алены.
1. 12.30-12.45. Справаздача старшыні ТБМ аб працы арганізацыі ў 2009 годзе.
2. 12.45-13.00. Абмеркаванне і зацвярджэнне плана работы ТБМ на 2010 год.
3. 13.00-13.10. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.
4. 13.10-13.30. Прыняцце звароту да кіраўніка Рэспублікі Беларусь з нагоды 20-х угодкаў прыняцця "Закона аб мовах у БССР".
Віншаванні ТБМ імя Ф. Скарыны
Шчыра віншуем Вас і Вашых родных са святам Божага Нараджэння і Новым годам!
Вясёлых святаў і шчаслівага 2010 года!
Ваш Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ.
* * *
Віншуем Вас з Калядамі і Новым годам.
Сонца, радасці, аптымізму, безліч падарункаў, шчаслівых усмешак блакітнага чыстага неба, цікавых вандровак і новых сустрэч, узнёслых мараў, спраўджаных надзей усяго самагасамага добрага, светлага, цёплага, таго, што прынясе радасць і шчасце...
Управа МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
* * *
У святы Божага Нараджэння і Новага году прашу прыняць мае самыя цёплыя віншавальныя словы.
Шчыра зычу, каб спраўдзіліся Вашы калядныя чаканні, а вера ў лепшае, надзейныя сябры, ды нязломны дух, дапамагалі Вам у Вашых здзяйсненнях
З пажаданнямі ўсяго
найлепшага
Аляксандр Мілінкевіч.
* * *
Віншуем вас, сябры са святам! З Новым Годам, з новым шчасцем...
Ад імя калектыву УП "Новая альтэрнатыва дырэктар І.М. Дудкоў.
Каб было па-беларуску
Паважаны спадару!
Я чытаю з вялікай увагай "Наша слова". Ёсць артыкулы мовазнаўчыя, якія мяне цікавяць, і цешуся, калі справа ідзе ў лепшым кірунку. У друкаваных сродках інфармацыі пішацца, што ў Беларусі людзі дзвюхмоўныя, але ў сапраўднасці гэта не так, калі яны прыязджаюць у ЗША, то ў большасці размаўляюць парасейску. Я трымаюся маёй беларускай мовы гадамі, карыстаюся ангельскай, дзе ёсць патрэба. Тое, што цяпер адбыаецца у Беларусі, дык гэта непрымальна. Я спатыкаў словы ў аповядах, якія не адпавядаюць беларускай мове. Ужо цяжка цярпець, калі свіны здор называюць салам , але ж называюць лой авечы ці барані салам , карові лой ці валовы лой названы таксама салам , гусіны шмалец названы лоем гэта не беларуская мова. У мове нашай масла гэта выраб з смятанкі ці смятаны збітае масла . Пасля той Сусветнай вайны, два мужчыны немаглі дамовіцца, тады чалавек сказаў суразмоўцу: "Масла масленае". Я ў той час не ведаў, што з аліўкаў робяць алей, які часам некаторыя называюць "маслам" . Ангельска беларускі слоўнік В. Пашкевіч: Слова Olive азначае аліўка і ў другім значэнні масліна . Калі дрэва аліўкавае, то на ім растуць аліўкі, з якіх вырабляюць аліўкавы алей. Я знаю, што ў Амерыцы ёсць вялікі выбар аліўкавага алею oliv Oil, ёсць кукурузны алей corn Oil, ёсць сланечнікавы алей sanflawer Oil , раслінны алей vigetoble Oil , гэты алей ужываецца ў кулінарыі. Я яшчэ памятаю, у нас была сячкарня і каб копцы працавалі лягчэй, мы мелі алівярку у яе налівалі алівы і алівілі сячкарню, каб лёгка рэзала сечку. На маё разуменне аліва гэта для механічнага ўжывання, а посны тлушч алей з аліўкаў ці з раслін гэта для спажывання. Я не ёсць супроць неалагізмаў, але каб яны гучалі збеларусізавана і памагчымасці мілагучна.
Для механізацыі ёсць:
Мазь - зробленая з нафты.
Мазута - мазаць колы аўтамабіля.
Шмара, шмар для металёвых прыладаў.
Шмаравідла - ужывалі мазаць колы ў возе.
З найлепшымі пажаданнямі да Вас. Дзякую за гістарычныя нарысы.
Жадаю поспеху ў "Нашым слове".
З пашанай Кастусь Верабей , ЗША.
Беларуская паэтка атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію
Беларуская паэтка Вальжына Морт, якая ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой, была ўганараваная прэстыжнай амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Ленэна (2009 Lannan Literary Fellowship), паведамляе афіцыйны сайт фундацыі.
Літаратурныя прэміі Фундацыі Ленэна (Lannan Literary Awards) - серыя ўзнагарод і стыпендый, заснаваная ў 1989 годзе, якой штогод уганароўваюцца, як вядомыя, гэтак і маладыя "аўтары надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы".
Прэмія лічацца адной з самых фінансава прывабных у свеце. Гэтак, за апошнія 20 год узнагароды Фундацыі Ленэна атрымалі 173 чалавекі, а агульная сума прэмій склала 13 млн даляраў. Напрыклад, у 2006 годзе памер прэмій ў галіне паэзіі, мастацкай і дакументальнай літаратуры склаў па $150 тысяч кожная.
Характэрна, што фонд не прымае заяваў на ўзнагароды або стыпендыі. Кандыдаты вылучаюцца ананімна "сеткай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў і рэдактараў ", пасля чаго літаратурны камітэт фундацыі прымае канчатковае рашэнне.
Апроч Морт лаўрэаткай літаратурнай стыпендыі Фундацыі Ленана за 2009 год стала 50гадовая амерыканская паэтка Сара Ліндсэй.
Вальжына Морт (Мартынава) нарадзілася ў 1981 ў Менску, дзе скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды "Крышталь Віленіцы" Міжнароднага літаратурнага фестывалю "Віленіца2004" (Славенія, 2005). У 2005 годзе ў менскім выдавецтве "Логвінаў" выйшаў яе дэбютны зборнік вершаў "Я тоненькая, як твае вейкі".
З 2006 года - жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову "Factory of Tears" ("Фабрыка слёз"), названы амерыканскім друкам "першым у гісторыі беларускаангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў". Пераклад выканалі пулітцэраўскі лаўрэат, паэт Франц Райт і ягоная жонка, Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне.
"Вальжына Морт - маладая беларуская паэтка, якая жыве ў Амерыцы, імкнучыся стаць пасланцам Беларусі паза яе межамі. Яе творы - крык душы аўтара, які піша пра змаганне роднай Беларусі за ўласную мову і ідэнтычнасць. Усе, апроч аднаго верша, размешчаныя ў кнізе побач з беларускамоўным арыгіналамі. Вершы прасякнуты тонкай лініяй барацьбы паміж цынізмам і патрыятызмам: Беларусь для Морт - рубец на яе сэрцы", - напісаў у рэцэнзіі да "Фабрыкі слёз" самы аўтарытэтны літчасопіс Амерыкі New Yorker.
Ужо пасля ад'езду за акіян Вальжына Морт стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Хуберта Бурды (Нямеччына, 2008) і стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Gaude Polonia, выйгравала стыпендыі ды магчымасць працаваць у Літаратурным калоквіюме ў Берліне і Міжнародным доме пісьменнікаў у Грацы (Аўстрыя). Яе ангельскамоўныя пераклады ўсходнееўрапейскіх паэтаў друкаваліся ў анталогіі New European Poets (Graywolf Press, 2008). Аўтарытэтнае амерыканскае літаратурнае агенцтва Blue Flower Arts называе беларуску сярод найбольш вядомых і самых таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амерыкі.
Апошнім часам Вальжына Морт выкладае ва ўніверсітэце Балтымару (ЗША). Яе муж, амерыкнец Ёзаф Скарсэзэ - уладальнік незалежнай студыі гуказапісу.
Кастусь Лашкевіч.
Шаноўная рэдакцыя!
У газеце "Наша слова" ад 30 снежня 2009 г. быў надрукаваны артыкул "У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча", падпісаны "Наш кар.", у якім "сакратарыят ТБМ выказвае шчырую падзяку сябру ТБМ Глебу Лабадзенку за актыўную пазіцыю ў пытанні ўшанавання памяці пра Уладзіміра Караткевіча, пра ўсіх і ўсё, што з ім звязана". На ўсталяваным надмагільным помніку надпіс:
"Бабуля пісьменніка Уладзіміра Караткевіча
Барысевіч Людміла Антонаўна (1873-1963)" ,
а таксама радкі з паэмы Ул. Караткевіча "Зямля дзядоў":
"Непадалёк
ад ледзь жывой капліцы,
Над бабчынай
магілаю старой,
Як слёзы залацістыя,
жывіца
Цячэ з параненых
магутных хвой."
На гэтую тэму былі артыкулы ў "Звяздзе", дзе 31 кастрычніка апублікаваны фотаздымак магілы, падпісаны "Магіла бабулі Караткевіча Ганны Грынкевіч" , а зараз сцвярджаецца, што магіла бабулі Ганны не захавалася. Было і паведамленне на сайце "Радыё "Свабода", у якім пісалася, што радкі, высечаныя на помніку, прысвечаны Л.А. Барысевіч (праўда, у час напісання паэмы Л.А.Барысевіч была яшчэ жывая).
Мне здаецца, людзі павінны разумець, што паміж усталяваннем помніка Гервасію Выліваху, шыльды на доме, перайменаваннем вуліцы і ўсталяваннем помнікаў на магілах сваякоў вялікая розніца. Да таго ж, Л.А.Барысевіч была не бабуляй Ул.Караткевіча, а другой жонкай яго дзеда. Нават калі пісьменнік і гасцяваў у іх хаце, і мог лічыць яе за бабулю, пісаць на помніку: "Бабуля пісьменніка Уладзіміра Караткевіча" недарэчна.
Кожны чалавек пражывае сваё ўласнае жыццё і варты свайго крыжа (помніка, надпісу, памяці - тут ужо як лічаць яго блізкія). Заўважу, што на помніках маці, бацьку, жонцы, сястры і іншым родным Ул. Караткевіча надпісаў, удакладняючых ступень сваяцтва, няма. Таксама, як і на помніках бабулям іншых пісьменнікаў, мастакоў, гістарычных дзеячаў і г.д.
На жаль, жаданне ўшанавання памяці іншым разам пераходзіць мяжу здаровага сэнсу і маральнай адказнасці.
З павагай, Алена Сінькевіч, пляменніца Ул.Караткевіча. 14.01.2010 г.
Пакутніцкі крыж Мельнікавых
Навіны кніжнага свету
Мікалай Мельнікаў. Імя гэта многім вядома на Гарадзеншчыне. Найперш заўзятарам беларускага слова, выхаванцам Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, у якім вучыліся ў Мікалая Аляксандравіча праўдзе жыцця.
Нядаўна больш блізка пазнаёміўся з Мікалаем Мельнікавым і я, лідзянін. Дзякуючы ягонай кнізе "Радавод", дасланай аўтарам на мой адрас. Сама назва кнігі раскрывае тэму невялікага, але багатага на трагічныя падзеі і такія ж чалавечыя лёсы твору. Перад чытачом паўстае гісторыя роду працавітых сялян некалькіх пакаленняў з хутара Брады Чавускага раёна, што на Магілёўшчыне.
З любоўю і няшчотай піша аўтар пра Восіпа Мельнікава - свайго дзеда, галаву раскулачанай сям'і. у яе складзе, як запісана ў рэпрэсіўных дакументах, налічвалася 5 працаздольных членаў, а 11 чалавек знаходзілася на ўтрыманні. І вось гэтай дружнай і працавітай ячэйцы грамадства было наканавана без ніякай віны гібець у гулагаўскіх лагерах. Волагды, Архангельска і іншых мясцін. Колькі жахлівых пакут зведаў там дзед Восіп, бабуля Ульяна, іх нашчадкі! Невыносна цяжка пра гэта чытаць, а як было перажыць?! І сталым людзям і іх дзецям. У ліку малалетніх пакутнікаў знаходзіўся і Міколка любы ўнук Восіпа, які, дасягнуўшы шаноўнага ўзросту, і напісаў згаданую кніжічкусповедзь.
Варта хоць коратка сказаць чытачу пра сям'ю Мельнікавых. Усе яны, ад старога да малога, вызначаліся працавітасцю, пашанай да людзей, любоўю да роднай зямлі. З любасцю апавядае аўтар пра побыт хутаран, іх вернасць народным традыцыям. Так, калі трэба было даць параду або адвесці чалавека ад глупства, дзед Восіп знаходзіў належную прымаўку.
Кожная з іх дыхала народнай мудрасцю, падштурхоўвала да роздуму, словам, вучыла..
Вось некалькі прыказак залацінак. "Паміраць збірайся, а жыта сей", "Ад лені не гнуцца калені", "Без гаспадара гумно плача, а без гаспадыні хата", "Горка часам праца, ды хлеб ад яе салодкі", "Адальюцца воўку авечыя слёзы". Родная мова, беларускі фальклор вельмі шанаваліся ў сям'і Мельнікавых.
Быў яшчэ ў Мельнікавых культ кветак, культ прыроды. Пралескі з блізкага лесу, валошкі, ляшчына і рабіна, буслы і іншыя птушкі, як і розныя кветкі, лагодзілі жыццё хутара. Сугучна ім вялася паміж сямейнікамі і размова. У зваротах аднаго да другога чуліся словы: "Голубе", "родненькікаханенкі, "анёлачак мой", "сёстрыца", "браток"... усё гэта яднала чалавечыя душы. Навек у сэрца аўтара пасяліліся словы дзеда, пачутыя ў валагодскім лагеры:
Не закрасуе для нас наш белы сад. Не будзе каму напаіць коней чыстаю вадою з калодзежа, павесці іх на начлег. Надыдзе вясна, а я не выйду ў поле, каб пасеяць грэчку і лён. А ці закалосіцца пасеяное мною жыта? А ці з'явяцца ў ім валошкі?..
Раней, піша М. Мельнікаў, ён ніколі не бачыў, каб дзед плакаў. А пасля гэтых слоў з яго вачэй паліліся слёзы. Тады ўнук прытуліўся да дзеда і заплакаў разам з ім.
"Радавод" - невялікая кніжка Мікалая Мельнікава. Але колькі ўмясціла яна людскога гора! І дзіцячых пакут! Што яшчэ больш горка і балюча. Гэта праўдзівы аповяд аб знішчанай сялянскай сям'і, аб знішчанай беларускай вёсцы. На жаль, такую трагедыю зведалі многія тысячы нявінных сем'яў і тысячы вёсак.
Напрыканцы застаецца сказаць Мікалаю Мельнікаву "Дзякуй" за праўдзівую кніжку і адначасова выказаць вялікую ўдзячнасць за стварэнне ў Гародні грамадскага музея Васіля Быкава, вялікага пісьменніка, носьбіта праўды і справядлівасці, прарока беларусаў.
Алесь Жалкоўскі. На здымку: У музеі В. Быкава, на пярэднім плане
Настаўнік і дарадца
25 студзеня 2010 года Лявону Міхайлавічу Анціпенку, журналісту, літаратару і краязнаўцу - 75 гадоў
Так здарылася ў маім жыцці, што ў свой час я "захварэў" на краязнаўства. Шклоўская раённая газета "Ударны фронт" заўсёды шмат увагі ўдзяляла гэтай тэматыцы. З цягам часу з'явілася жаданне і самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара.
Першапачаткова свае паведамленні я рабіў па-руску і супрацоўнікі газеты перакладалі іх на беларускую мову. Гэта мяне неяк бянтэжыла. І вось, у чарговы раз, я завітаў у рэдакцыю ўжо з беларускамоўным артыкулам. Тагачасны рэдактар, Лявон Міхайлавіч Анціпенка, запрасіў ў свой кабінет і пачаў моўчкі чытаць мой рукапіс. Я ўважліва паглядаў на Лявона Міхайлавіча, які нахіліўшыся над маімі паперамі, пачаў амаль у кожным сказе вы-праўляць памылкі. Хутка чырвоны колер рэдактарскага пяра запоўніў усе мае аркушы, і я з напружаннем і сорамам чакаў, чым гэта ўсё скончыцца. Лявон Міхайлавіч па - ранейшаму моўчкі нешта абдумваў і нічога не гаварыў. Чакаючы адмоўнай рэакцыі я не вытрымаў і першы запытаў: "Напэўна мне больш ніколі не трэба нічога пісаць?" І нечакана пачуў у адказ: "Пішы! У цябе павінна атрымацца". Такога прысуду я не чакаў.
Пасля гэтай падзеі я стаў больш пільна цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. Паступова з'явіліся новыя артыкулы ў раённай газеце, потым у іншых газетах і часопісах. Матэрыялы па краязнаўству ўвайшлі ў кнігі і гісторыка - краязнаўчыя зборнікі. Мяне пачалі запрашаць да ўдзелу ў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Гэта паспрыяла таму, што ў мяне з'явіліся сябры - аднадумцы ў розных кутках Беларусі і за яе межамі.
Беларуская мова, як ўвогуле беларушчына, зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, шанаваць бацькоў, любіць і берагчы Радзіму. Асобнае месца на гэтым маім шляху належыць творчасці Лявона Міхайлавіча:
Мне Богу рана спавядацца,
Бо мала спраў, а больш надзей.
І можа нават гэтак стацца,
Што не памножыцца падзей.
А пойдзе ладам з ласкі Бога -
Яго штораніцы прасі.
Пакуль не збаўлены зямнога,
Цярпліва ты свой крыж нясі.
Калі абыдзешся без грэху
У гэтым немачным жыцці,
То адгукнешся ў небе рэхам,
За ім імкніся і ляці.
Ці магчыма, каб гэтыя словы Лявона Міхайлавіч, як і ўся яго творчасць, не закранула пачуццё чалавека?
Лявон Міхайлавіч Анціпенка па-ранейшаму з'яўляецца маім галоўным настаўнікам і дарадцам. Пад час юбілею жадаю шаноўнаму Лявону Міхайлавічу добрага здароўя, шчасця, прыемных навін, асабліва ад дзяцей і ўнукаў, а таксама асалоды ад творчага натхнення і далейшых поспехаў!
Удзячны вам, што не прагналі,
Цярпліва рукапіс чыталі,
Памылкі, сказы выпраўлялі,
І толькі потым прамаўлялі.
Удзячны Вам
за шчырасць і праўдзівасць,
За слова мудрае, цярплівасць,
За тое, што разглядзелі захапленне,
Да краязнаўства
падтрымалі далучэнне.
Удзячны Вам за добрую навуку,
За тое, што першым падаеце руку,
За асалоду пры размове
І творчасць,
што гучыць на роднай мове.
Ваш вучань Аляксандр Грудзіна , Шклоўская суполка ТБМ.
В. Кустава і А. Вярцінскі наведалі Полаччыну
Беларускія паэты Анатоль Вярцінскі і Валерыя Кустава наведалі Полаччыну па запрашэнні суполкі "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" 14 студзеня.
Агулам на трох імпрэзах, якія прайшлі ў Полацкай гарадской гімназіі №2, Наваполацкай гарадской гімназіі №2 і бібліятэцы імя Я. Коласа ў Наваполацку, прысутнічала больш за 250 чалавек.
Дзякуючы суполцы "Рубон" аматары паэзіі атрымалі ў падарунак кнігі паэзіі Валерыі Куставай і Анатоля Вярцінскага. Тыя ж, хто прапанаваў найцікавейшую версію на пытанне В. Куставай "Што можна рабіць пабеларуску?", атрымалі ў падарунак модныя кашулькі і торбачкі ад кампаніі "Будзьма беларусамі!"
В. Кустава казала:
Нас са спадаром Анатолем прыемна ўразіў цёплы прыём у Полацку і Наваполацку - вельмі гасцінныя людзі, якія сапраўды неабыякавыя да беларускай культуры і беларускіх паэтаў: настаўнікі і вучні ведалі не толькі нашыя біяграфіі, але і вершы на памяць. Было вельмі прыемна выступаць перад старшакласнікамі абедзвюх гімназіяў - дзеці слухалі ўважліва, задавалі шмат пытанняў, жыва рэагавалі на паэзію і гісторыі з літаратурнага жыцця, якімі мы з імі дзяліліся. У бібліятэцы слухачы былі ўжо больш сталага веку… Зрэшты, сярод іх былі і навучэнцы ПТВ, і студэнты Полацкага ўніверсітэта, выкладчыкі і проста аматары прыгожага пісьменства. Асабіста мне падалося, калі меркаваць па рэакцыі залы, што ў сэрцах гледачоў знайшлі водгук не толькі вершы, але і саснёная мной песня "Жытачка", якую я выканала акапэльна.
Традыцыйным на ўсіх трох выступах было тое, што першым браў слова класік беларускай літаратуры Анатоль Вярцінскі, які пасля дасціпных гісторый і чытання вершаў прадстаўляў творчасць Валерыі, якую, паводле словаў пісьменніка, ён яшчэ ў 12 гадоў пасля Алеся Разанава і Васіля Жуковіча дабраславіў на творчы шлях сваёй прадмовай да яе нізкі вершаў у часопісе "Полымя".
Зміцер Шчэрбік.
Пісьменнік, мастак, выдавец
На прэзентацыі новай кнігі прозы Уладзіміра Сіўчы-кава "Бювар. Маналогі і дыялогі", якая прайшла 22 снежня 2009 года ў новай сталічнай галерэі "Ў" ( г. Менск, праспект Незалежнасці, 37а) выступалі найперш "суаўтары" празаіка і выдаўца.
Уступнае слова пра гісторыю стварэння "Бювара" сказала крытык і выдавец Раіса Шастак.
Пісьменьнік і навуковец, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Пятро Васючэнка, аўтар пасляслоўя ўжо да другой кнігі прозы Ул. Сіўчыкава разважаў пра ўнёсак у "літаратуру факту", пра асаблівасці эпісталярнага стылю ў творчасці калегі па пяру.
Мастак Аляксей Марачкін згадваў літаратурна-мастакоўскі праект "Жодзін-цы" (шэсць выставаў з імпрэзамі па ўсёй Беларусі і выданне аднайменнага альбома), які летась і пазалетась удалося ажыццявіць разам.
Да ягоных слоў ахвотна далучыўся графік, старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца і выказаў сваё захапленне ад мастацтвазнаўчага эсэ пра Ван Гога "Загадка Вінцэнта".
Паэт і празаік Леанід Дранько-Майсюк засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці для літаратара найперш высокай маральнасці, прааналізаваў падарожныя нататкі "Мюнхаўзенаў камень, або Пілігрымка ў Крывію".
Краязнавец, празаік і перакладчык Анатоль Бутэвіч пажадаў Ул. Сіўчыкаву не толькі творчага, але і вытворчага плёну, выказаў спадзяванне, што неўзабаве пабачыць перакладзены ім мемуарны твор "Багуслаў Радзівіл. Аўтабіяграфія".
Пра выдавецкі даробак Ул. Сіўчыкава - дырэк-тара выдавецтва "Радыёла-плюс", ахвотна расказаў адзін з яго актыўных аўтараў, знака-міты літаратуразнавец і педагог, грамадскі і палітычны дзеяч, перакладчык і мовазнавец-паліглот Лявон Баршчэў-скі.
Паэт, эсэіст, радыёжурналіст, укладальнік найгрунтоўнейшых паэтычных анталогій Міхась Скобла прыгадаў канец 80-х гадоў, сумесную вучобу на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, прыход у літаратуру і супольную дзейнасць у складзе грамадска-літаратурнай суполкі "Тутэйшыя", а на заканчэнне падарыў "юбіляру" кнігу сваіх радыёгутарак з прысвячэннем:
Уладзіміру Сіўчыкаву:
Спалохаецца грып свіны
з прастудаю,
Забудзецца Расея на аншлюс
Пасля атак псіхічных
з "Вольнай студыі"
І кнігазалпаў
з "Радыёлы-плюс"!
Некалькі музычных нумароў выканаў струнны квартэт у складзе: першая скрыпка Кацярына Пукст, другая скрыпка - Наста Ша-буня, альт - Юля Весялкова і віяланчэль - Аляксандр Іваноў. Яны падарылі прысутным сапраўднае свята і ўзнёслы настрой - выканалі творы Анта-ніна Дворжака і Вольфганга Амадэя Моцарта.
Сярод прысутных (40-50 чалавек) пераважалі калегі-літаратары і сваякі "імянінніка", журналісты і студэнты-філолагі.
Маршалкам выступіў сам "імяніннік", а дапамагаў яму мастак Рыгор Сітніца.
На заканчэнне прыхільнікі творчасці Уладзіміра Сіўчыкава змаглі атрымаць аўтографы на новай кнізе.
Лідзія Сіўчыкава.
Ян Коцікаў
* * *
Не задушыць ніхто беларускую мову,
Ніхто адарваць ад Радзімы не зможа...
Чую буслоў на Палессі размову,
Бачу дзяржаву, што ўсё пераможа!
Вясёлка
Мой род, жыве па ўсёй Беларусі:
Віцебск, Гомель, Менск, Магілёў
Разляцеўся ён, як качкі, як гусі,
А я ў Сібіры, не забыў зямлякоў!
Беларусь сінявокая - цуд, як у казках,
Гэта не дробязь, гэта не кепскі дзень.
Жывуць беларусы ў казачных вёсках:
Усяж, Фундамінка ды Малая Вядрэнь!
Палессе, балоты, азёры ды воля,
Ля беражкоў шуміць і шапоча чарот.
Не адарваць мяне ад Радзімы ніколі.
Сніцца Беларусь на чужыне штогод!
Сніцца Днепр, як тата адзіны,
На дняпроўскіх лугах - канюшыны стагі,
Ураджай чырванее - парэчкі, маліны,
А ў лузе клякочуць прыемна буслы!
Мяне не адняць ад Радзімы ніколі,
Моцна трымаюць - белыя рукі бяроз.
А я ў Сібіры, па Беларусі сумую да болю,
Мне сніцца Радзіма ў сібірскі мароз
Бачу ў снах цябе, Беларусь!
Сорак год жыву ў Сібіры,
Зусім да Сібіры прывык,
Але ж без Беларусі, як Арфей без ліры,
Таму, што беларускі я мужык!
Ноччу сняцца мне азёры,
Пад нагамі - мох балот.
Сіні лён, ды белыя бярозы,
Ля Дняпра шуміць чарот.
Крочу лесам, ды балотам,
Мох бахматым дываном ляжыць,
I кажу Вам перад Богам:
- Без Радзімы мне не жыць...
У пракосах сохне канюшына,
Гук жалейкі чаруе, пяе,
Гэта ты - мой прытулак адзіны
Сінявокае мары мае!
г. Навасібірск.
Блаславёныя Кушляны
Уладзімір Содаль, карпатлівы літаратурны края-знаўца, нястомны даследчык жыцця і творчасці Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, Аляксандра Уласава, Язэпа Драздовіча, зноў парадаваў чытача сваёй новай кніжкай, на гэты раз "Блаславёнымі Кушлянамі".
Матэрыялы пра Францішка Багушэвіча Уладзімір Содаль збірае дзесяцігоддзі і шчодра дзеліцца імі з чытачамі. Ужо даўно на слуху ў знаўцаў гісторыі беларускай літаратуры яго кнігі "Людзьмі звацца" (1977), "Францішак Багушэвіч: Альбом-выстава ў школе" (1986), "Кушлянскі кут" (1990), "Сцежкамі Мацея Бурачка" (1991), "Жупранская старонка" (1992), "Свіранскія крэскі" (1995), "Умей слухаць" (2003), "Святы той куточак фальварак Свіраны" (2005).
Ён глыбока ведае кожны твор Прарока беларускага адраджэння, дакопваецца да сэнсу кожнага радка, арыгінальна тлумачыць аўтарскую думку. А яшчэ ў Багушэвічавых мясцінах - Кушлянах, Свіранах, Жупранах, Смарго-ні, Ашмянах - запісвае народны матэрыял пра Багушэвіча і яго сям'ю, пра суседзяў - аповеды, жарты, досціпы, анекдоткі - сапраўдныя дыяменты вуснай творчасці.
Кожны Багушэвічаў юбілей У. Содаль рупіцца адзначыць новай кнігай. Вось і "Блаславёныя Кушляны" выйшлі да 170-х угодкаў паэта. Выйшла кніга ў выдавецтве "Кнігазбор" невялікім накладам - усяго 300 асобнікаў, але яе каштоўнасць ад гэтага ніяк не меншая. Проста Уладзіміру Содалю апошнія 15 гадоў даводзіцца выдаваць свае кнігі за ўласны кошт: з пенсіі, зрэдку са спонсарскай дапамогі дабрадзеяў. Таму аўтар ніколі не праміне аддзячыць сваіх ахвярадаўцаў. Вось і выданню гэтай кнігі паспрыялі сям'я пісьменніка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сям'я скульптара Льва Гумілеўскага, гісторык Раіса Крывальцэвіч, Лявон Злотнікаў з Гомельшчыны, Людміла Ліцвінава і Валянціна Мароз з Менска, опе-рны спявак Пётра Тарасевіч і шмат хто іншы. Усім ім У. Содаль шчыра ўдзячны.
На старонках гэтай кнігі, якая складаецца з апавядан-няўабразкоў, - гісторыя сядзібы Кушляны, таленавіта раска-заная краязнаўцам. Усяго 53 апавяданні.
Пачынаецца выданне з уступу, які аўтар адмыслова назваў "Выток", згадваецца тут аб тым, што прывяло даследчыка да Багушэвіча. "Часам у мяне пытаюцца: як я ўзбіўся на Францішка Багушэвіча? Гэтага я і цяпер не ведаю … Але ж быў якісь пачатак, штуршок, імпульс. Самае цікавае, калі ўсё гэта здарылася, я быў малады, і мне, грамадзяніну развітога сацыялізму, будаўніку камунізму, ягоныя творы здаваліся старызнай, не вельмі абробленымі, грувасткімі, цяжкаватымі, перапоўненымі нязвы-кламі для мяне дыялектызмамі, гістарызмамі. Тым не менш, я пацягнуўся да Багушэвіча, інтуітыўна адчуў якуюсь гарманічнасць гэтай асобы з яго словам, думкамі, настроямі … Мабыць, гэта найперш знайшло водгук у маёй душы і павяло Багушэвічавымі сцежкамі. А тут выпала мне рыхтаваць на тэлевізіі перадачу пра Францішка Багушэвіча. А як расказаць пра песняра, не пабыўшы на яго радзіме? ..
Было гэта ў годзе шэсцьдзесят дзявятым … Я тады толькі шчэ пачынаў на тэлевізіі".
І яшчэ. "Вырашыў распытацца ўсё пра Кушляны, хто як іх памятае, што змянілася, што знікла. Хто як запомніўся з Багушэвічавых суседзяў. Вядома, для паўнаты ўражанняў трэба было абхадзіць усё наваколле, лясы, пералескі, спазнаць кожную сцежку, кожную дарожку, якая вяла ў Кушляны, праз Кушляны. З якіх я толькі старон не заходзіў у Кушляны! Праз Навасёлкі і Марымонты, праз Забалацце і Наздрачуны, праз Трыколі і Ваўкелы, праз Асіпаны і Рудалі …
Кожны раз я мяняў дарогі і напрамкі, каб добра сабе ўяўляць песняроў кут, каб бачыць і адчуваць яго пры любой нагодзе".
Аўтар даследуе некалькі версій паходжання назвы Кушляны . Дыялектны слоўнік падае: "Кушачка - гняздо ці кусток з гняздом". Некаторыя вучоныя выводзяць назву "Кушляны" ад балтыйскай асновы, прынамсі, ад літоўскай "kusteti" (шаптаць).
"Так гэта ці не - цяжка сказаць. Але шаптаць тут было і ёсць пра што і каму. Шаптаць маглі векавыя дрэвы, травы, трыснягі".
Тут цікавыя даследаванні-назіранні і пра жытло Багушэвіча, гісторыю яго фальварка, наваколля Кушлян.
Надзвычай багатая тапаніміка ваколіц: балота Ваўке-лы (згаданае ў вершы "Здарэнне"), пагорак Лабок (згаданы Багушэвічам у апавяданні "Сведка"), Лысая гар - грудок каля лесу і камень памяці на ёй, Барок, селішчы Трахімы, Трыколі, поле Дубелішкі, яр Лапішкі. А шляхі-дарогі, што звязвалі Кушляны са светам? Пра кожную з іх напісаў Со-даль, па кожнай не адзін раз прыйшоў!
Шмат цікавага і на сядзібе песняра: парк, прысады, сажалка, каплічка, крыжы, сонечны гадзіннік. І пра усё гэта Содаль піша з досведам, пранікнёна.
Заглянуў ён і ў кнігу наведвальнікаў музея-сядзібы Францішка Багушэвіча, дзе пакінулі свае запісы вядомыя творцы А.Мальдзіс, А.Каўка, Я. Пархута, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, А.Пісьмянкоў, а таксама і простыя людзі - аматары творчасці Францішка Багушэвіча, прывёў найбольш цікавыя вытрымкі з гэтых захопленых водгукаў.
Не раз згадвае цёплым словам У. Содаль кіраўнікоў-ахоўнікаў музея Ф. Багушэвіча: Міхала Ляпеху і Алеся Жамойціна. Першы збярог дом паэта, пры другім (з 1987 г.) "пад страху Багушэвічавага дома вярнуліся шмат якія яго рэчы, … у паэтавым доме сталася так, як было за ягоным жыццём. Як і даўней, адсюль праменяцца нашы беларускія ідэі, беларускі дух".
Другі раздзел кнігі - гэта паэтычныя прысвячэнні Францішку Багушэвічу як вядомых беларускіх паэтаў (М. Танк, А. Пісьмянкоў, В. Іпата-ва, М. Скобла, Ю. Голуб, Д. Бічэль-Загнетава, А. Жамойцін, В. Шніп, С. Панізнік, Ю. Свірка і многіх іншых), так і ўнука Уладзіміра Содаля - Сержыка Чылікіна-Садэльскага.
Завяршаецца кніга перапіскай аўтара з Міхалам Ля-пехам (1903-1992), захавальнікам сядзібы Францішка Багушэвіча, якая ўвайшла ў раздзел "Весткі з Кушлянаў". У гэтым ліставанні аповед пра тое, як жылі паэтавы Кушляны з канца 60-х і аж да 90-х гадоў.
Кніга багата ілюстравана: маецца план кушлянскай сядзібы, здымкі Кушлян і ваколіц, малавядомыя здымкі Ф. Багушэвіча, яго сям'і і сяброў.
Кніга будзе карысная для выкладчыкаў, метадыстаў пры падрыхтоўцы да ўрокаў беларускай літаратуры і да пазакласных мерапрыемстваў аб жыцці і творчасць Францішка Багушэвіча. Тут яны адшукаюць удзячны матэрыял для літаратурных кампазіцый, сцэнарыяў, прысвечаных 170-ым угодкам паэта.
Знаёмства з гэтай кні-гай, магчыма, падштурхне неабыякавага чытача наведаць Кушляны, прайсці сцежкамі паэта, дакрануцца душой да гаючых крыніц Багушэвічавай творчасці.
P.S. Першая прэзентацыя кнігі У. Содаля «Блаславёныя Кушляны" прайшла 1 снежня ў лінгвагуманітарным каледжы УА МДЛУ перад шматлікай аўдыторыяй выкладчыкаў і навучэнцаў, за што мы шчыра ўдзячны аўтару.
Алесь Чэчат, выкладчык беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа.