№ 4 (947) 27 СТУДЗЕНЯ 2010 г.
Канферэнцыя ТБМ "Сучасны стан беларускай мовы і далейшая дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні"
24 студзеня ў Менску ў дольнай зале Чырвонага касцёла прайшла канферэнцыя ТБМ "Сучасны стан беларускай мовы і далейшая дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні".
У канферэнцыі акрамя сяброў ТБМ з усіх рэгіёнаў Беларусі прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрства культуры, міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
Канферэнцыю асвятлялі карэспандэнты "Роднага слова", "Белсата", "Беларускага радыё", СБ "Беларусь сёння", "Нашай нівы", "Звязды", "Новага часу", "Нашага слова".
Вялікую цікавасць выклікаў даклад начальніка Кіравання ўстановаў культуры і народнай творчасці Наталлі Аўдзеевай. Нажаль, ад міністэрства адукацыі дакладу не было. Вельмі грунтоўнымі былі даклады Лявона Баршчэўскага і Вінцука Вячоркі. Прававыя аспекты бытавання лінгвасістэм, паднятыя ў дакладзе Вінцука Вячоркі, наогул, адкрываюць новае поле дзейнасці для ТБМ.
З добрымі словамі ў адрас ТБМ і газеты "Наша слова" выступіў Адам Мальдзіс. Ён падкрэсліў важнасць біяграфічных артыкулаў, якія друкуюцца з нумара ў нумар і асобна адзначыў артыкул лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша пра акадэміка Гаўрыіла Ціхава, які доўгі час знаходзіўся паза ўвагай беларускіх біёграфаў.
Пэўную насцярожанасць выклікаў даклад кандыдата філалагічных навук В. Курцовай, з якога на слых праглядваліся спробы некаторых "навукоўцаў" параўноўваць, а, магчыма, і прыраўноўваць трасянку да дыялектаў, што крайне недапушчальна. Трасянку можна адносіць толькі да катэгорыі жаргонаў, яна можа прыраўновацца толькі да "фені". Разам з тым правільна было падкрэслена негатыўнае стаўленне практычна ўсяго насельніцтва Беларусі да трасянкі. І ніякія закіды пра нейкі асаблівы "рускі язык", што быццам бы бытуе ў Беларусі крытыкі не вытрымліваюць.
Даклады канферэнцыі будуць апублікаваны ў асобным зборніку, які пабачыць свет абавязкова сёлета. У зборнік акрамя дакладаў, што прагучалі з трыбуны, увойдуць і даклады, якія былі падрыхтаваны да канферэнцыі, але не былі прачытаныя зза фізічнай немагчымасці дакладчыкаў дабрацца да Менска у тым ліку і зза вялікага марозу.
Рэспубліканская Рада ТБМ
24 студзеня ў Менску адбылося паседжанне рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны. На паседжанні прысутнічала 37 сяброў Рады. Рада разгледзела пытанні ў адпаведнасці з раней заяўленым парадкам. Рада зацвердзіла план дзейнасці ТБМ на 2010 год, прыняла заяву "Закону аб мовах у Беларусі - 20 гадоў". Рада правяла змены ў складзе Сакратарыяту ТБМ. У склад Сакратарыяту былі ўведзены Эдуард Акулін і Алесь Чэчат.
16 снежня 2009 года рашэннем Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта №1497 зарэгістравана Гомельская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", пра што выдадзена пасведчанне № 03-01412/016.
Віншуем!
З днём народзінаў, Валянціна Карлаўна!
Спадарыню Валянціну Раманцэвіч, нястомную руплівіцу Таварыства беларускай мовы, сардэчна віншуем з прыгожым юбілеем!
Ад шчырага сэрца ў дзень юбілею
Жадаем вясенняе светлай надзеі,
Лагоды, усмешак у будні і святы.
Хай добрыя весткі прыходзяць у хату!
Жадаем моцнага здароўя, цудоўнага настрою. Няхай кожны дзень будзе ў радасць!
Сябры Рады Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска.
* * *
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты «Наша слова» віншуюць паважаную Валянціну Карлаўну з днём народзінаў.
Зычым Вам доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх Вашых планах на ніве Беларушчыны.
(Пра В. Раманцэвіч чытайце на ст. 4.)
Дзяржава збіраецца адзначаць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, але без асаблівага імпэту
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.
вул. Румянцава, д.13,
220005, г.Мінск
Паважаны Алег Анатольевіч!
Вашы прапановы аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, уважліва разгледжаны Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь з 2009 года вядзецца падрыхтоўка да гэтай юбілейнай даты. Плануецца арганізаваць міжнародную навуковую канферэнцыю, выпуск паштоўкі, памятных манет і кнігі, канцэрт музыкі часоў Вялікага Княства Літоўскага, фестывалі сярэдневяковай культуры і славы беларускай зброі, іншыя мерапрыемствы.
Мінскім гарвыканкомам распрацоўваецца праектная дакументацыя па рэканструкцыі Мінскага замчышча, у сувязі з чым стварэнне помніка героям Грунвальдскай бітвы ў цяперашні час прадстаўляецца немэтазгодным. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі адзначыла, што гэта тэрыторыя ніяк не звязана з бітвай і таму ставіцца пад сумненне гістарычная абгрунтаванасць усталявання на ёй помніка.
Мсціслаўскім райвыканкамам у 2010 годзе запланавана закладка на тэрыторыі Успенскага манастыра ў вёсцы Пустынкі памятнага знака, прысвечанага юбілею Грунвальдскай бітвы.
У Польшчы і Літве адбудуцца навуковыя канферэнцыі, семінары, адукацыйныя і спартыўныя мерапрыемствы, пленэры, выстаўкі, экспазіцыі, выпуск бібліяграфічных выданняў. Украіна з-за неспрыяльнай эканамічнай сітуацыі прыме ўдзел толькі ў міжнародных акцыях па грунвальдскай тэматыцы.
Прапанова аб прысваенні адной з вуліц г. Мінска назвы "Грунвальдская" уключана ў план работы Камісіі па найменаванню і перайменаванню праспектаў, вуліц і другіх састаўных частак г. Мінска.
Начальнік галоўнага ўпраўлення
па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С.І.Буко.
Справаздача
Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2009 год
Шаноўнае спадарства! Мінулы 2009 год быў для нас юбілейным годам, годам 20-х угодкаў стварэння ТБМ. Сябры ТБМ актывізавалі сваю дзейнасць як у Менску, так і ў розных рэгіёнах нашай краіны. Пра гэта рэгулярна пісала "Наша слова", "Новы час" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Добра дзейнасць ТБМ асвятляў тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя" і іншыя радыёстанцыі. Таму я спынюся толькі на найбольш важных момантах.
27 студзеня адбылася мая сустрэча з старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі А. Зімоўскім, якая адбылася па маёй прапанове ў сувязі з заявай Рады ТБМ "Аб вяртанні дзяржаўнай мовы на экран Беларускага тэлебачання". На сустрэчы было вырашана зрабіць пэўныя захады па павелічэнні колькасці гадзін беларускамоўнага вяшчання на ўсіх каналах БТ. У выніку гэтага ўсе абласныя тэлерадыёкампаніі пачалі рабіць выпускі навін пабеларуску, пашырылася ўжыванне беларускай мовы на ўсіх рэспубліканскіх тэлеканалах. Чацвёрты месяц транслюецца штотыднёвая перадача на тэлеканале АНТ, прысвечаная гісторыі слоў роднай мовы (адна з вядоўцаў - намеснік старшыні ТБМ, філолаг Алена Анісім).
Дзякуючы намаганням таварыства, 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 года будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні. Да гэтай слаўнай падзеі ТБМ выдала кішэнны і насценны календары на гэты год з выявай графічнага ліста Міхася Басалыгі "Бітва пад Грунвальдам", а таксама ўпершыню выдала перакідны настольны календар на 2010 год, прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне Гарадзеншчыны.
У мінулым годзе з траўня па кастрычнік па ініцыятыве Менскай гарадской арганізацыі ТБМ актыўна працавала юрыдычная школа ТБМ "Ведаем свае правы". Пад час заняткаў былі абмеркаваны законапраекты, якія закранаюць пытанні моўнай палітыкі ў нашай краіне, распрацаваны ўзоры лістоў для зваротаў у розныя ўстановы.
У кастрычніку 2009 года распачаты праект "Дыялог", які быў падтрыманы Дзярждэпартаментам ЗША і ўладамі Рэспублікі Беларусь. У межах гэтага праекта прайшоў шэраг сустрэч грамадскасці з навукоўцамі, гісторыкамі, краязнаўцамі ў Менску і ў горадзе Лідзе. Мерапрыемствы будуць адбывацца і ў гэтым годзе.
20 лютага 2009 года на беларускім інтэрнэт-партале TUT.BY адбыўся форум з маім удзелам, на якім было засведчана, што стан беларускай мовы хвалюе сёння многіх грамадзян нашай краіны. Карыстальнікі парталу не толькі задавалі пытанні, але і ўступалі ў дыскусію пра лёс беларускай мовы.
У сталічным Палацы мастацтваў ТБМ зладзіла ўрачыстае паседжанне, прысвечанае 10-годдзю Міжнароднага дня роднай мовы. Былі ўшанаваныя рупліўцы беларушчыны ў трох намінацыях.
У лютым-сакавіку мінулага года на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі адбылася ІІ Агульнанацыянальная дыктоўка. У акцыі ўзялі ўдзел амбасадары розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні.
У мінулым годзе ТБМ заснавала новы літаратурны часопіс "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін), першы нумар якога выйшаў у снежні 2009 года.
У чэрвені-верасні мінулага года сябры ТБМ правялі шэраг мерапрыемстваў па святкаванні 20х угодкаў ТБМ. Да юбілею ТБМ быў надрукаваны "Летапіс ТБМ 1989-2009", юбілейны кішэнны каляндарык, значок, а таксама сцяжкі, буклет, налепкі, канверты.
У жніўні мінулага года лабараторыя "Новак" і Інстытут стратэгічных даследаванняў BISS (Вільнюс, Літва) засведчылі, што 52% апытаных з павагай ставяцца да беларускай мовы і толькі 8% назвалі яе "бруднай і калгаснай". Аб змене адносінаў насельніцтва да роднай мовы сведчыць і вяртанне старажытных тапонімаў на мапу краіны, увядзенне помнікаў і мемарыяльных знакаў выбітным дзеячам нацыянальнай гісторыі і культуры. Так, на пачатку верасня ў Смаргоні (Гродзенская вобласць) адкрыты помнік класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу, будаўніцтва якога было запланавана ў 1960-я гады.
У кастрычніку 2009 года прайшоў чарговы перапіс насельніцтва. Я спадзяюся, што вынікі перапісу пакажуць павышэнне аўтарытэту беларускай мовы ў грамадстве. Тым больш, што пад час перапісу ўлады не перашкаджалі сцвярджаць свае адносіны да роднай мовы.
Дзейнасць арганізацыі ў новым 2010 годзе будзе адбывацца ў адпаведнасці з планам, які неўзабаве будзе зацверджаны гэтай Радай.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
НЕ ШУКАЙ СЯБЕ НА ЧУЖЫНЕ
Да 70-гадовага юбілею пісьменніка Леаніда Дайнекі
У адна тысяча дзевяцьсот саракавым годзе ў звы-чайнай сялянскай сям'і нарадзіўся хлопча. Амаль нічым не прыкметны. Акурат той, які ў Змітраўцы-2, што пад Клічавам. Звычайнае немаўля. Але ж і жвавае, і як пачало смактаць у матулі Тэклі з грудзей, не заўсёды поўных, то разам з малаком увабрала і настрой маладзіцы - трывогу за парадак у самай шчаслівай краіне, трывогу за бацьку-вайскоўца, бо ён як рушыў у паход за вызваленне Заходняй Беларусі, дык дапяў потым ажно да лініі Манергейма ў Фінляндыі, а вярнуўся адтуль - собіла ўжо і ў партызанах паваяваць, а пасля - і на плацдармах Другой Сусветнай… Змітраўка дачакалася яго, але, да жалю, толькі інвалідам.
Далей, чуеце, з бацькі атрымаўся вясковы нізавы кіраўнік, пабываў на розных незаменных тады пасадах. Важней тут, праўда, што ён быў бацькам шматдзетнай сям'і. А трывог у тое ліхалецце хапіла. Дык жа і ўсмоктвала наша лабасценькае хлапчанё, якое сталі зваць Лёнікам, усё-ўсё, чым яго атульвала жыццё, і матчыну пяшчоту, і непакой, і радасць перамогі, а таксама пасляваенны клопат, шырока разліты ў народзе, пра зня-быты вынік працы на ферме, на полі, асабліва ў бясхлебіцу. Над усім жа, між тым, узвы-шаўся клопат пра сям'ю, пра свой род і нават нешта большае, што перадавалася ўжо не аднымі вуснамі.
Пачуцці хлопчыка развіваліся суладна з духам вясковай глыбінкі. Ні дзе-небудзь, а тут выспявала і гартавалася сумленне. Пачуцці ў душы, тыя ўзносіліся на крылах мараў і юначай фантазіі. У хлопца назапашваўся багаты і шчодры чуццёвы набытак! І гэты скарб песціў яго. Неўтаймоўны на-бытак той шукаў выйсця і, не знаходзячы, самаразгараўся ды гэтак, што, пэўна, даставаў аж да карэньчыкаў валасоў, падсмажваў іх, і ад таго шавя-люра ў падлетка аздаблялася ўсё больш і больш агніста-рудым колерам. Інакш адкуль бы такому вогненнаму колеру ўзяцца?
Атрымаўшы атэстат сталасці, юнак рашыў паглядзець, што робіцца за ваколі-цамі роднай Змітраўкі. І, як птах-маладзён з дрэва, ён спікіраваў з хрыбціны вёскі ў прастору. Удыхнуў на поўныя грудзі, хвалявала і радавала свабода. Яго падхапіла ветрам рамантыкі і як бачыш закінула ў прыбалцкі горад Калінінград. За шчасце лічыў быць паўна-вартасным грамадзянінам і працаваць на будоўлі вучнем муляра, атрымліваць грошы, хоць невялікія, але ж і яны падмацоўвалі, сагравалі мары, задумкі. Шукаў-шукаў ды выкройваў, як перакінуць ужо падмогу бацькам - гонар які!..
Але ж нязгасная рамантыка, як і неўтаймаванасць натуры, неўзабаве шпурлянула яго з захаду на усход - у Свярдлоўскую вобласць, дзе таксама чакала будоўля, а адтуль ужо нават - у Ніжні Тагіл. У тым Тагіле набудзе прафесію электразваршчыка і ўладкуецца, споўнены рабочага гонару, на працу ў аграмадным металургічным камбінаце.
Што ён шукаў, можна толькі здагадвацца. А калі па шчырасці і па больш высокім рахунку - шукаў самога сябе. З кніжак ведаў, што калі зной-дзеш сябе, будзеш шчаслівым.
На сваю ж творчую пуцявіну ён выйшаў толькі пасля службы ў арміі, і тое, што раней набыў, што пабачыў, клалася ў запас. Звольнены ў запас ваяр, ужо інтуітыўна пацягнуўся на філфак Белдзяржуніверсітэта.
Не забываў ён тым часам і на дамоўку, і вось аднойчы вылілася:
Недзе ля Магілёва -
Майго шчасця падкова.
Яе конь партызанскі
Там згубіў выпадкова.
Недзе ля Магілёва -
Майго сэрца аснова,
Найсвяцейшая мара,
Найгучнейшае слова.
Леанід Дайнека адразу ж, з першай кнігі вершаў "Галасы" (1969), заявіў пра сябе як пра паэта вельмі здольнага, раскаванага, свежага, пра што яшчэ больш грунтоўна засведчылі наступныя зборнікі: "Бераг чакання" (1972), "Начныя тэлеграмы" (1974), "Мая вясна саракавая" (1979), "Вечнае імгненне" (1985). І з першых жа вершаў, як адзначала крытыка, "ягонае свежае паэтычнае дыханне настолькі натуральна ўлілося ў шматгалосы хор беларускай паэзіі, што, вобразна кажучы, у аркестры ён хутка стаў далёка не апошняй скрыпкай" (А. Марціноваіч). Па вобразнаму ладу і невычарпальнай метафарычнасці паэт Л. Дайнека, бадай, не ўступае такому віцязю беларускай літаратуры як Уладзімір Караткевіч, з якім яго родніць і наступная акалічнасць.
Не задаволены ў поўную меру паэтычнымі ўдачамі, Леанід Марцінавіч шукае свой талент таксама і ў прозе - апавяданні "Бацькава крыніца" (1974), раманы "Людзі і маланкі" (1978), "Запомнім сябе маладымі" (1981), "Футбол на замініраваным полі" (1983). Але толькі ж асаблівы мас-такоўскі смак адчуў, калі пе-райшоў на гістарычную прозу. Хацелася напісаць пра беларускую мінуўшчыну. З ягонага ж прызнання: "Сверб стаяў у душы, незагойная стрэмка ныла ў сэрцы. Ды на кожнае хаценне патрэбна ўменне і патрэбна цярпенне. Яшчэ ў маленстве (яно такое далёкае), чытаючы кніжкі пра славутых віцязяў, пра аблогі гарадоў, пра жахлівыя вастрадзюбыя бярвенні-тараны, якія нібы шкарлупінне, праломвалі акутыя жалезам брамы, марыў я нейкім чынам сустрэцца з продкамі - з крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі. Але як?" (Уступ да рамана "Меч князя Вячкі"). Разумеў Леанід, што, збіраючыся па-новаму ў творчы шлях, пойдзе па цаліку, нікім яшчэ не кранутым. Пайшоў… Раскрываючы ссівелыя падзеі, паданні, легенды, карціны і характары, ён расчышчаў прыступкі да вытокаў свайго народа і сваёй нацыі. Пры гэтым адначасова пачуваў сябе мастаком слова і даследчыкам, стваральнікам і рэстаўратарам мінулых дзей ды вобразаў гераічных асоб у іх узаемадзеенні і ўзаемаперапляценні. Мець удачу тут - падвоенае шчасце!
Нарэшце, асаблівую вагу ў чытачоў займелі раманы "Меч князя Вячкі" (1987), "След ваўкалака" (1988), "Жалезныя жалуды" (1990). Менавіта за першыя два творы аўтар атрымаў Літаратурную прэмію імя І.Мележа (1988) і Дзяржаўную прэмію БССР (1990).
Чытачоў захапляе лёгкасць стылю і займальнасць твораў Л. Дайнекі. Яго творам уласціва паэтыка, як, зрэшты, і містыка, паяднаная з рэалістычнымі малюнкамі. Ён майстар у авалоданні часам і прасторай, што найбольш характэрна для рамана "Назаві сына Канстанцінам" (2008). Дзякуючы своеасаблівай сюжэтнай канструкцыі, героі гэтага твора перасяляюцца з адной эпохі ў другую, і пры гэтым захоўваецца як нітка аповяду, так і пафас у служэнні свайму народу, Айчыне. Падобна У. Караткевічу, аўтар рамантызуе гісторыю, адно пры гэтым ніколькі не паступаецца праўдай, псіхалагічнай дакладнасцю і глыбінёй, не злоўжывае вымыслам. Ад твора да твора ў Л. Дайнекі усё выразней праяўляецца асацыятыўнае мысленне, уласцівае ў пэўнай меры і раману "Жалезнымя жалуды" і фантастычнаму раману "Ча-лавек з брыльянтавым сэрцам". У апошнім рамане час дзеяння персанажаў - Вялікая Эра Плюралізму, і ў новай мадэлі грамадства будучыні, якую прапануе нашай увазе пісьменнік, найзначнае месца адводзіцца праблеме духоўнасці і маральнаму разняволенню асобы. Чалавек з брыль-янтавым сэрцам - мудрэйшы лідэр грамадзянскай супольнасці - сцвярджае, што чалавецтву давядзецца плаціць за стагоддзі фальшу і самапад-ману.
Творчасць Л. Дайнекі найвыдатным чынам каарды-нуецца з задачамі нашага часу, якія стаяць перад літаратарамі і ўвогуле перад беларускай інтэлектуальнай элітай, - вярнуць нашаму народу гонар і годнасць, нацыянальную самаідэнтыфікацыю і самапавагу. Неўзабаве мы атрымаем новы гістарычны раман Л.Дайнекі "Пра лісоўчыка, злога хлопчыка", які ў скароце друкуецца ў часопісе "Дзеяслоў".
А час адбівае засечку (таму віхрова-вогненнаму хлопчыку, які выйшаў з сям'і Марціна і Тэклі Дайнекаў у Змітраўцы) - 70 гадоў! Жалю варта, але калісьці родныя краявіды Змітраўкі цяпер халодзяць душу:
Там рэчачка бегла паўз хаты,
Паіла жывою вадой.
Рашучы быў меліяратар -
Не знойдзеце рэчачкі той.
Калі сум мінае, льга ўзважваць набыткі. Нямала й зроблена, хоць і не ўсё зроблена, але такі сёння творца ў поўным росквіце сіл.
Можна лічыць, што пісьменнік Леанід Дайнека знайшоў тое няведамае, што шукаў, і пачувае сябе цяпер як чалавек з брыльянтавым сэрцам. Ён сённяшні наш суайчыннік. І ён жа з будучыні, бо з упэўненасцю можна сказаць: не адны мы, але і нашчадкі будуць яго чытаць, любіць, шанаваць.
То шчаснага шляху, браце, далей!
Васіль Якавенка
Баранавіцкі паэт Алесь Корнеў атрымаў берасцейскую літаратурную мядовую прэмію
Каханне! Ад яго пачатак
Жыццё бярэ па ўсёй зямлі.
Алесь Корнеў
14 студзеня 2010 года баранавіцкія паэты, краязнаўцы, аматары прыгожага слова наведалі Пружаны. Менавіта тут адбываецца штогадовае ўручэнне берасцейскай мядовай літаратурнай прэміі, якую заснаваў з 2001 года пружанскі прадпрымальнік Мікалай Папека. За 2009 год мядовую прэмію (пуд мёду і дыплом) атрымаў баранавіцкі паэт Алесь Корнеў за зборнік вершаў "Неўтаймоўны сексафон". Уручэнне прэміі адбылося ў музеі-сядзібе Пружанскі "Палацык". На ўрачыстай імпрэзе выступілі баранавіцкія і берасцескія паэты і навукоўцы Алесь Каско, Міхась Маліноўскі, Лявон Баласюк, Уладзімір Барысюк, Яўген Баласін, Іван Лагвіновіч. А барды Таццяна Рэпічава і Алесь Паплаўскі праспявалі свае цудоўныя песні.
Хацеў бы адзначыць, што Алесь Корнеў - адзін з самых стваральных паэтаў Берасцейскай вобласці. Ён - аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў вершаў. У такіх зборніках як "Услед за ластаўкай", "Грае раніца зару" Алесь Корнеў апявае пра прыгажось роднай зямлі і яе людзей. А ў зборніку вершаў "Крыжы зямелькі нашае" аўтар у вершавальнай форме паказвае трагічнагераічную гісторыю нашай зямлі. Але найбольш паэт Корнеў (па прафесіі доктардэрматолаг) праславіўся любоўнай лірыкай, раскрыццём інтымных адносінаў паміж мужчынай і жанчынай.
Жыве ўва мне
тваё святло і аўра,
І твой настрой -
узвышаны мажор.
Ты для мяне,
як Проксіма цэнтаўра,
Бліжэйшая
з усіх нябесных зор.
Алесь Корнеў
"Пад зоркай Мілавіцай"
Пра такое прыгожае каханне і амурныя адносіны апяваецца ў зборніках вершаў "Жаночыя напевы", "Пад зоркай Мілавіцай", "Неўтаймоўны сексафон". Тут майстар прыгожага слова піша не пра родны куточак, палі і лугі, не пра цяжкую беларускую долю, сенажаці, хаты ды лясы. Гэтыя вершы, найперш, пра каханне, пра эротыку, якой здаўна не хапае беларускай паэзіі.
А ты сама - у глыбіні нірваны,
Схаваўшы ў зрэнках шал,
і тлум, і смех.
Глядзіш. Маўчыш,
бы крыж зацараваны,
Усім на свеце дараваўшы грэх.
Алесь Корнеў.
"Пад зоркай Мілавіцай".
Усе сябры і прыхільнікі роднага слова шчыра віншуюць спадара Алеся Корнева з прыгожай і заслужанай узнагародай.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай рады ТБМ імя Ф. Скарыны.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым
амашэвіч Уладзімір Максім. Лыч Леанід Міхайлавіч Драгун Павел Якаўлевіч Добыш Генадзь Канстанцін. Грышан Мікола Паўлавіч Галякевіч Яўген Ціханавіч Савіцкі Мікалай Іванавіч Янушэўскі Віктар Пятровіч Раманцэвіч Валянціна Карл. Бубен Уладзімір Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Калядка Таццяна Рыгораўна Шундрык Георг Бублікава Лілія Чылік Ніна Аляксандраўна Абраменка Эдуард Якаўлевіч Лашкоўская Рэгіна В. Кішкурна Уладзімір Герасім. Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Жук Мікалай Ракевіч Мікалай Барысік Мікалай Прыгожын Аркадзь Ілліч Клімчык Генадзь Ражкоў Леанід Мікалаевіч Петрушкевіч Ала Мікал. Болбас Вадзім Іванавіч Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Русак Андрэй Яканюк Данат Лявонавіч Цімохін Леанід Аляксандр. Камесніковіч Вольга Сахута Яўген Міхайлавіч Дубіцкі Віктар Сымонавіч Матэлёнак Леанід Аляксанд. Крысюк Людміла Баравік Марыя Якаўлеўна Рысявец Раіса Рыгораўна Засім Тамара Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Мазынскі Валер Яўгенавіч Сямдзянава Галіна Георгіеўна Мірановіч Міхаіл Кухаронак Аляксандр Дзміт. Касаржэўскі Віктар Іванавіч Канапацкі Ібрагім, памёр Мартынаў Мікола Рыгоравіч Сцепанішчава Вера Андр. Чыбісаў Мікола Іжохіна Надзея Іванаўна Утохіна Наталля Савасцеева Людміла Лукашонак Тамара Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Нікіценка Таццяна Пятроўна Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Літвінава Людміла Сямёнаўна Крэйніна Людміла Міхайл. Маліноўская Таццяна Рыгор. Петрашкевіч Часлава Крук Алена Гуцалік Галіна Гільвей Вацлаў Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Ігаценка М.І. Ярмусік Эдмунд Ярмусік Эдмунд Станіслав. Ахрамчук Віктар Георгіевіч Цэдрык Ганна Васільеўна Шашута Алесь Ціткоўскі Ігар Адамавіч Памецька Ніна Казіміраўна Клімовіч Наталля Сянкевіч Мікалай Іванавіч Плітко Віктар Васільевіч Язукевіч Ганна Чаславаўна Парфёнаў Аляксандр Іван. Верхачуб Уладзімір Васіл. Камінская Аліна Аляксандр. Шалкевіч Віктар Антонавіч Васючэнка Пятро Васільевіч Гаравы Леанід Антонавіч Пухоўская Таццяна Фёдар. Філюта Ніна Рыгораўна Гарэлава Ганна Сцефановіч Галіна Іванаўна Свістун Сяргей Канановіч Ірына Аўкштулевіч Тамара Яўген. Новікава Яна Райчонак Аляксандр Алег. Сідарук Лілія Мікалаеўна Карнеева Алена Віктараўна Лявончыкава Дз. Марачкін Ігар Аляксеевіч Мурашка Ігар Ладыга Сяргей Паўлавіч Працко Святлана Аляксандр. Лагодская Ірына Маслюкова Алена Аляксанд. Нікіцін Віталь Хадневіч Васіль Краснабаеў Артур Мікал. Корзан Ала Вікеньцеўна Мінько Жанна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Андруцэвіч Станіслаў Вяч. Піўко Юрый Бубновіч Іна Іванаўна Чарнышова Зоя Войткун Галіна Вотэхаўна Нялепа В. Касцючык Валянціна Міхайл. Дземідовіч Вольга Валер. Пятровіч Аксана Іванаўна Жукоўская Л. С. Надокунева Ірына Старавойтаў Сяргей Мікал. Ходар Аляксандр Сіплівеня Жана Сямёнаўна Ануфрыенка Валянціна Грынь Сяргей Іванавіч Канашэнка Рыгор Кірэеў Антось Мікалаевіч Багдзевіч А.І. Канойка Ігар Туровіч Алесь Крываногава Святлана Макарэвіч Аляксандр Васіл. Хмянчук Марыя Іванаўна Вашкевіч Марына Сіманёнак Людміла Іванаўна Мудроў Максім Губарэвіч Юрый Іванавіч Кляшчонак Алена Мянькоў Юры Уладзіміравіч Машнюк Тацяна Аляксандр. Петрашкевіч Аляксандр Ан. Бузо Алег Леанідавіч Падашвялёў Дзмітрый Аляк. Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Мішчанкова Юлія Анатол. Ушакоў Сяргей Аляксандр. Губарэвіч Настасся Уладзім. Крыванос Алеся Бяліста Марына Гарнастай Алена Рымко Вольга Бардош Іна Анатольеўна Лазарэвіч Аляксандр Серада Алеся Сяргееўна Мяцельскі Мікалай Міхайл. Рудніцкая Яніна Шчасная Марыя Яшчэня Ірына Богуш Мікалай Кучынскі Віталь Паўлавіч Лабада Анастасія Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч Пятроўскі Аляксандр Сарока Андрэй Іванавіч Строганаў Вадзім Вячаслав. Кучаравенка Паліна Уладзім. Стома Анастасія Карбановіч Сяргей Красоўскі Сяргей Уладзімір. Старжынскі Андрэй Цішакіна Ірына Пятроўна Місуна Раман Забаўская Святлана Аскерка Валянціна Валянцін. Курыленка Юлія Шырвель Андрэй Раманавіч Літаш Вольга Кузьмянкова Наталля Алег. Ковель Уладзімір Шпакаў Фелікс Трубкін Аляксей Анатол. Ружыцкі Павел Аляксандр. Шаўчук Аляксандр Мікал. Страчук Аляксандр Сярг. Паўкштэла Сюзана Алегаўна Наскоў Міхаіл Андрэевіч Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Дзенісевіч Павел Алегавіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Дзмітручына Ганна Мікал. Іваніцкі Павел Яўгенавіч Качура Яўген Ваўрышук Наталля Юр'еўна Кур'ян Астап Андрэевіч Голуб Аксана Уладзіміраўна Тэрэз Віктар Чарняўскі Сцяпан Матавілава Кацярына Ігар. Садоўская Яна Францаўна Емяльянава Аляксандра Вік. Яшын Дзмітрый Іванавіч Бабічаў Антон Вячаслававіч Аўсеенкава Кацярына Валер. Пяткевіч Марына Ліс Тамара Заяц Генадзь Мікалаевіч Бярэзіна Надзея Уладзімір. Вярцейка Алесь Сучок Міхась Крывапуст Дзмітрый Валер. Мельнікаў Мікалай Аляксан. Рачко Мікалай Хацкевіч Анатоль Канстанц.
Прэзентацыя часопіса "Верасень" на Лідчыне
20 студзеня на Лідчыне прайшла прэзентацыя новага літаратурна - мастацкага часопіса "Верасень". У прэзентацыі бралі ўдзел галоўны рэдактар часопіса Эдуард Акулін і паэт Леанід Дранько-Майсюк.
Першая сустрэча з будучымі чытачамі часопіса адбылася ў Мінойтаўскай сярэдняй школе. Традыцыйная цёплая атмасфера лідскіх вясковых школаў мела месца і тут. Дзеці радаваліся сустрэчы.
Імпрэза ў Лідскай гарадской школе № 16 адрознівалася. Дзяцей на сустрэчу прыйшло значна больш. Дайсці да вялікай аўдыторыі было цяжэй, але, як заўжды, удалося.
У Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Ліды прэзентацыя часопіса "Верасень" праходзіла падчас паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якім кіруе намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхась Мельнік. Тут сабраліся аматары прыгожага пісьменства з Ліды, прыйшлі ўдзельнікі творчай студыі "Пегас", якой кіруе лідская паэтэса Васіліса Пазнухова, вучні школы № 11, дзе завучам паэтэса Ганна Рэлікоўская, прыехалі сябры клуба "Спадчына" з Дварца Дзятлаўскага раёна, якім кіруе Наталля Ляўкевіч.
Трэба спадзявацца, што беларускае слова дайшло да ўдзячных сэрцаў, і беларускасці на Лідчыне стала больш.
Наш кар.
Беларускі перакідны каляндар
Сябрам ТБМ ўдалося адсачыць выданне ў Беларусі яшчэ аднаго беларускамоўнага перакіднога календара.
Каляндар быў выдадзены друкарняй "Перамога", якая размешчана ў г. Маладзечна на вул. Таўлая, 11.
У календары адлюстравана тэматыка:
- усход-захад Сонца і Месяца;
- нашы гарады;
- помнікі архітэктуры;
- беларуская міфалогія;
- народныя прыкметы;
- карысныя парады.
Гэта радасць і боль, бо даводзіцца радаывацца за рэчы, якія павінны быць звыклымі і штодзённымі.
Наш кар.
У Менску адкрылася выстава "Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам"
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску адкрылася літаратурнадакументальная выстава «Васіль Быкаў. Шлях, вызначаны лёсам». Выстава адкрылася ў рамках праекту «Чалавек нараджаецца, каб жыць...», прымеркаванага да 65годдзя вызвалення Беларусі.
Экспазіцыя складаецца з тэматычных блокаў і знаёміць з творчым шляхам Васіля Быкава, асноўнымі этапамі яго жыцьця і літаратурнай дзейнасці. У раздзеле «Жыццёвыя і творчыя вытокі» прапанаваныя матэрыялы пра дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка, выявы роднай хаты, блізкіх і сяброў, сустрэчы з землякамі на Ўшаччыне ў пазнейшыя гады.
Цэнтральнае месца экспазіцыі займае самы вялікі тэматычны блок - «Праўда перажытага», які распавядае пра народнага пісьменніка як франтавіка і яго літаратурную творчасць, звязаную з тэмай Вялікай Айчыннай вайны. Гэта фатаздымкі з аўто графамі 1944-1945 гадоў з архіва пісьменніка, яго лісты да родных, кнігі, аўтарскія пераклады, ліставанне з беларускімі і замежнымі літаратарамі. Закранаецца таксама гісторыя напісання і выдання аповесці «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў» і іншых. На выставе размешчаныя фатаздымкі і матэрыялы перапіскі, якія асвятляюць аспекты знаёмства і творчага сяброўства Васіля Быкава з Аляксандрам Твардоўскім, Аляксандрам Салжаніцыным, Чынгізам Айтматавым, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам і іншымі пісьменьнікамі.
Заключны тэматычны блок - «Асэнсаванне», у якім паказана творчая лабараторыя пісьменьніка, ліставанне Васіля Быкава з перакладчыкамі, аўтарскія літаратурныя сцэнарыі, перапіска, звязаная з пастаноўкай фільмаў, праграмы, фатаздымкі да спектакляў.
Наш кар.
Ад палескіх вытокаў: Педагагічны лёс Валянціны Раманцэвіч
Валянціна Карлаўна Раманцэвіч і сёння адзін з самых дзейсных і актыўных сяброў ТБМ. Сваё жыццё яна прысвяціла нялёгкай настаўніцкай працы, роднай мове. Была настаўніцай пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, метадыстам, загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, выкладчыкам сучаснай беларускай мовы і методыкі мовы ў педкаледжы №1. Яна сябар Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны.
Нарадзілася В.К. Раманцэвіч (яе дзявочае прозвішча Лінкевіч) 3 лютага 1935 года ў в. Лышча, што на Піншчыне. Вёска мясцілася на берагах прыгожай рэчкі Вісліца. Мяркуюць, што з гэтых мясцін быў славуты паэт-лацініст эпохі Адраджэння, сучаснік Францішка Скарыны Ян Вісліцкі. Першыя ўражанні дзяцінства былі звязаны з гэтай рачулкай, прыгожымі палескімі краявідамі і жыхарамі вёскі. На жаль, у вайну фашысты спалілі вёску. У пасляваенны час Лінкевічы пабудаваліся ў суседняй вёсцы Востраў каля Пагосцкага возера. З гэтай вёскай звязаны гады школьніцтва і юнацтва Валянціны.
Бацька Кароль Адама-віч і мама Алена Фёдараўна аказалі на сваіх дзяцей Валянціну, Зіновія і Лілею вялікі ўплыў, выхавалі іх у павазе да Бога і людзей.
Вучыцца ўжо давялося пасля вайны. У Пагост-Загародскую школу пайшла ў верасні 1944 года. Вучылася лёгка, з ахвотаю. Была ў захап-ленні ад многіх сваіх настаўнікаў, таму і вырашыла звязаць свой лёс са школай - стаць настаўніцай.
У 1954 годзе пачынаецца яе 50-гадовы педагагічны шлях.
З 1954 па 1959 год яна працуе спачатку важатай, а потым настаўніцай Сташанскай СШ Лагішынскага раёна Бера-сцейскай вобласці, затым у Навадворскай сямігодцы гэтага ж раёна.
З 1959 па 1961 год вучыцца ў Пінскім педагагічным вучылішчы імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і мастацкай самадзейнасці. Вучылішча заканчвае з адзнакай.
З 1963 года Валянціна Карлаўна жыве і працуе ў Менску, куды пераехала па месцы працы мужа Івана Канстанцінавіча. У Менску да яе прыйшла педагагічная вядомасць. У СШ №72 Заводскага раёна горада яна выкладае да 1969 года ў пачатковых класах, потым яшчэ шэсць гадоў (1969-1975) наву-чае дзяцей гэтай жа школы роднай мове і літаратуры. Адначасова (1967-1972) завочна вучыцца на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Вучылася лёгка, бо мела ўжо значны педагагічны досвед.
Гарадскі аддзел адукацыі заўважыў здольную, таленавітую настаўніцу і прапанаваў ёй узначаліць кабінет беларускай мовы і літаратуры Менскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Тут Валянціна Карлаўна адпрацавала 17 гадоў (1975-1992) да самага выхаду на пенсію. Ёй падабалася працаваць з людзьмі, настаўнікі яе вельмі любілі за шчырасць, добразычлівасць, камунікабельнасць. Многія з іх і зараз згадваюць яе добрым словам за чалавечнасць, тактоўнасць, метадычную дапамогу.
У 1985 годзе Міністэрства асветы прысвоіла ёй званне «Выдатнік народнай асветы БССР». У 80-90-ыя гады Валянціна Карлаўна шмат друку-ецца на старонках беларускіх педагагічных выданняў: папулярызуе перадавы педагагічны досвед настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры г. Менска, публікуе свае ўласныя распрацоўкі мерапрыемстваў, прысвечаныя 500-годдзю Францішка Скарыны, 150-годдзю Кастуся Каліноўскага.
З канца 80-х гадоў у Беларусі пачынаецца новы ўздым нацыянальнага адраджэння, Валянціна Карлаўна шчыра і захоплена падтрымала яго. Яна шмат зрабіла для таго, каб у Менску ўзніклі спачатку беларускамоўныя класы, а пасля і школы. Першай такой школай стала СШ №108.
Пра ўклад Валянціны Раманцэвіч у методыку вы-кладання роднай мовы сведчыць дапаможнік «Алімпіяды па беларускай мове» (у су-аўтарстве з Я. Лаўрэлем і Ж. Прыймак), выпушчаная ў 1987 годзе ў выдавецтве «Народная асвета».
Разам з лепшымі дочкамі і сынамі Беларусі яна была ля вытокаў нашай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны, удзельнічала ў яго I з'ездзе і ва ўсіх астатніх з'ездах, пастаянна ўваходзіць у рэспубліканскую Раду ТБМ. Яна практычна рухала справу беларусізацыі: распрацавала спецыяль-ную праграму і па ёй арганізоўвала і вяла курсы беларускай мовы з настаўнікамі, вайскоўцамі.
У 1993 годзе ТБМ імя Ф. Скарыны выдала яе кніжку «Пачаткі роднай мовы» - дапаможнік для ўсіх тых, хто захацеў вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй. Тады, на пачатку 90-х, сістэма курсаў ТБМ па вывучэнні беларускай мовы даволі плённа працавала не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. На курсы ішлі настаўнікі розных профі-ляў, інжынерна-тэхнічныя работнікі, супрацоўнікі КДБ, міліцыі, арміі. У дапамогу ім у 1991-1992 гадах газета «Наша слова» амаль паўгода з нумара ў нумар друкавала пачатковы курс вочна-завочнай школы Валянціны Раманцэвіч. Гэтыя публікацыі і ляглі ў аснову цудоўнага дапаможніка «Па-чаткі роднай мовы». Наклад кнігі (20000 асобнікаў!) хутка разышоўся.
Тады ж, у 1993 годзе ў сааўтарстве з У. Тананам Ва-лянціна Карлаўна падрыхтавала і выдала «Беларускую мову: Дапаможнік для вай-скоўцаў». Курс быў разлічаны на 26 заняткаў. Водгукі на гэтую кнігу былі самыя найлепшыя.
А ў 1996 годзе выдавецтва «Беларуская энцыкла-педыя» выпускае яшчэ адну кнігу В.К. Раманцэвіч «Русско-белорусский словарь для военных» (у суаўтарстве з М. Крыўко, В. Пулко і С. Танана).
У снежні 1992 года Валянціну Карлаўну запрасілі працаваць выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў педагагічную вучэльню №2 (з 1994 года - педагагічны каледж №1). Тут яшчэ больш расквіт-неў яе педагагічны талент. У гэты час навучанне ў каледжы вялося на беларускай мове. У 1994 годзе было адкрыта новае аддзяленне, якое на базе сярэд-няй школы рыхтавала настаўнікаў беларускай мовы і літа-ратуры. Валянціна Карлаўна стала вядучым спецыялістам на гэтым аддзяленні: на аснове ўласнага вопыту распрацавала праграму па методыках выкла-дання беларускай мовы, літа-ратуры, лексічным аналізе тэксту, сучаснай беларускай мове, тэорыі літаратуры.
Нам пашчасціла 10 гадоў працаваць побач з Валян-цінай Карлаўнай, быць куратарамі ў паралельных групах на беларускім аддзяленні, зрабіць за гэты час тры выпускі. Пашчасціла амаль штодзень ба-чыцца з ёю, вучыцца жыццёвай і педагагічнай мудрасці. На ўроках і ў пазакласнай рабоце яна імкнулася фармаваць у будучых настаўнікаў роднай мовы і літаратуры глыбокую павагу да прафесіі, любоў да Бацькаўшчыны, яе гісторыі і культуры, да народных звычаяў і абрадаў, да вывучэння св-аіх каранёў. Вялікай арганізацыйнай удачай Валянціны Карлаўны было стварэнне ў каледжы літаратурнага аб'яднання «Маладзічок». Лепшыя творы маладых літаратараў друкаваліся ў «Родным слове», «Першацвеце», «Маладосці», «Вясёлцы», «Раніцы» і іншых выданнях. Рэгулярна выпускаліся альманахі «Маладзічка» - усяго іх выйшла 17.
Стараннямі Валянціны Карлаўны вясной 1996 года ў каледжы была створана суполка ТБМ, у якую на той час уваходзіла звыш 180 сяброў з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў. Гэта была самая масавая арганізацыя ТБМ Фрунзенскага раёна горада Менска.
Доўгі час (20 гадоў!) яна была сябрам рэдкалегіі часопіса «Роднае слова», прымала актыўны ўдзел у яе пасяджэннях, часта друкавалася на старонках гэтага выдання, дзелячыся сваім багатым педагагічным досведам з настаўнікамі-беларусаведамі краіны.
Навукова-метадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання часта запрашаў яе ў якасці эксперта падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для школ. Яна рэцэнзавала многія падручнікі і дапаможнікі па беларускай мове і літаратуры.
За час працы ў каледжы з яе ўдзелам прайшлі шматлікія сустрэчы навучэнцаў і выкладчыкаў з пісьменнікамі, навукоўцамі. У нас бывалі Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Кастусь Цвірка, Эрнест Ялугін, Уладзімір Ліпскі, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Содаль, Мікола Маляўка, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Алесь Масарэнка, Леанід Пранчак, Алесь Бадак, Іван Курбека, Ала Канапелька, артыстка Галіна Дзягілева, народны майстар і музыка Уладзімір Пузыня, бард Зміцер Бартосік і многія-многія іншыя творцы. Навучэнцы рэгулярна наведвалі Дом літаратара, Дом дружбы з замежнымі краінамі, літаратурныя музеі Менска, пры гэтым яны часта прымалі актыўны удзел у вечарынах, выступалі з чытаннем твораў.
Мы часта згадваем шматлікія экскурсіі па гістарычных і літаратурных мясцінах Беларусі з яе ўдзелам: Строчыцы, Ракуцёўшчына, Акопы, Карпілаўка, Вязынка, Акінчыцы, Смольня, Кушляны, Дудуткі, Полацк, Мір, Нясвіж. А потым, пад яе апекай, пра убачанае і пачутае у гэтых паездках нашы навучэнцы расказвалі на старонках шматтыражнай газеты «Веснік педкаледжа», альманахаў «Маладзічок», «Гісторыя і мы», рэспубліканскіх газет.
Апошняй яе значнай акцыяй у каледжы стала кіраўніцтва даследаваннем навучэнцаў «Іх імёнамі названы вуліцы горада Менска», прысвечаным 60-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
З 2004 года Валянціна Карлаўна працуе рэдактарам і перакладчыкам у выдавецтве «Народная асвета». Яе веды і вялікі педагагічны вопыт запа-трабаваны і зараз. Яна авалодала камп'ютэрам. Пераклала на беларускую мову і адрэдагавала за гэты час больш 20 падручнікаў па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі, геаграфіі.
З гэтага ж 2004 года яна актыўна супрацоўнічае з выдавецкім цэнтрам касцёла св. Сымона і св. Алены, якім кіруе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Яна рэдагуе і карэктуе многія рэлігійныя выданні. Гэтая работа вельмі карпатлівая і адказная. З яе ўдзелам выйшлі «Евангелле», кніга У. Завальнюка «Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі» і іншыя. Рыхтуецца «Міжканфесійны энцыклапедычна-тлумачальны слоўнік».
І як тут не парадавацца за Валянціну Карлаўну!
У 2008 годзе пабачыў свет бібліяграфічны паказальнік «Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса «Роднае слова» (у сааўтарстве з А. Вы-соцкай, У. Куліковічам, А. Чэчатам). У гэтай кнізе сабраны бібліяграфічны матэрыял на 479 беларускіх пісьменнікаў, звесткі пра каторых друкава-ліся у часопісе з 1988 па 2007 год.
І вось апошні для Валянціны Карлаўны «перадкалядны падарунак»: у канцы 2009 года ў выдавецтве «Народная асвета» пабачыў свет яе «Слоўнік сучаснай беларускай мовы», падрыхтаваны ў сааўтарстве з У. Завальнюком і М. Прыгодзічам. Гэтая кніга складзена з улікам новых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прынятых 24 чэрвеня 2008 года. У рэестравую частку слоўніка ўключана звыш 20 тысяч слоў.
Валянціна Карлаўна і зараз у актыўным творчым пошуку: яна бадзёрая і жыццярадасная. Радуецца, што яе досвед і веды запатрабаваныя і зараз, што можа прыносіць карысць беларускай справе, роднай мове, сям'і. Яна цвёрда пераканана, што наша краіна будзе еўрапейскай дзяржавай, у якой беларуская мова, нарэшце, стане поўнаўладнай гаспадыняй. У яе цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы і глыбокая вера ў Бога, трывалыя сямей-ныя «тылы» у асобах сына Вадзіма і дачкі Алены, унучак Каці, Тані і Іры, праўнука Алеся, які ўжо вучыцца ў шостым класе.
Пражыўшы амаль паўвека ў сталіцы, яна ў душы засталася ўсё той жа пінчанкай-паляшучкай - мудрай, памяркоўнай, аптымістычнай і жыццярадаснай. Не забывае сваю малую радзіму. Час ад часу (зараз ужо радзей) адведвае сястру Лілію, якая жыве ў бацькоўскай хаце, гоіць душу сустрэчамі з землякамі, з род-нымі краявідамі.
Моцнага Вам здароўя, шчасця, новых творчых поспехаў, дарагая Валянціна Кар-лаўна!
Лілея Чэчат, Алесь Чэчат, настаўнікі, сябры ТБМ імя Ф. Скарыны.