Папярэдняя старонка: 2010

№ 10 (953) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 10 (953) 10 САКАВІКА 2010 г.

100 гадоў з дня нараджэння Пятра Конюха

Беларус Пётр КОНЮХ - чалавек незвычайнага лёсу. Адораны ад прыроды прыгожым голасам, ён здолеў атрымаць бліскучую адукацыю ў Рымскай акадэміі мастацтваў, на працягу многіх гадоў славіў у свеце Беларусь і беларускую песню.

Будучы спявак нарадзіўся 8 сакавіка 1910 года ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Першапачатковую адукацыю атрымаў у беларускім мястэчку Турэц былога Наваградскага павету (сягоння Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці). Потым паступіў у Кашалёўскую сельскагаспадарчую школу, але праз некаторы час змушана пакінуў яе. Да прызыву ў войска жыў у Турцы, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.

Надзелены ад прыроды незвычайным талентам, Пётр Конюх з канцэртамі хору, арганізаванага ў Турцы, пабываў у Наваградку, Стоўбцах, іншых навакольных мясцовасцях. Умеў не толькі спяваць, але і граць на кларнэце, мандаліне, гітары.

Цяжкія матэрыяльныя ўмовы не дазволілі здольнаму юнаку атрымаць музычную адукацыю на радзіме. Скончыўшы ў 1938 годзе адмысловыя курсы ў Вільні, ён перад вайной працаваў экспертам па закупцы льну ў Баранавічах. Акалічнасці на доўгія гады разлучылі яго з сям'ёй. У ваенныя гады капрал Пётр Конюх у складзе 9-га палка артылерыі 2-га Польскага корпуса генерала Андэрса прыняў удзел у бітве з фашыстамі пад Монтэ-Касіна, атрымаў за ўдзел у ёй Памятны Крыж, пазней уганараваны "Зоркай Італіі". У Рыме Пятра запрасілі на вучобу ў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх "Фаўст", "Барыс Гадуноў", "Дон Карлас" і іншых. У 1954 годзе адправіўся ў турнэ па Еўропе, прычым заўсёды ўключаў у свой рэпертуар беларускія песні.

Увосень 1956-га Конюх пераехаў у ЗША. У снежні таго ж года даў канцэрт у адным з залаў "Карнегі-хола". У 1958 годзе Пятра Коню-хава запрасілі ў Хор данскіх казакоў, які з'явіўся ў ЗША у 30-я гады. На працягу 27 гадоў Пётр Конюх пабываў з хорам у Канадзе, Японіі, Аўстраліі, Англіі, Нямеччыны, Францыі і інш.

Памёр 14 ліпеня 1994 года ў гарадку Святой Кацярыны на 85-м годзе жыцця. Пахаваны ў ЗША на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі), дзе яшчэ пры жыцці паспеў набыць участак.


АЛЯКСЕЮ МАРАЧКІНУ - 70

Аляксей МАРАЧКІН нарадзіўся ў вёсцы Папоўшчына (Чэрыкаўскі раён Магілёў-скай вобласці) 30 сакавіка 1940 года, на рэлігійнае свята мучаніка Аляксея, але ў пашпарце напісана - 10 сакавіка.

Яшчэ ў школе ён марыў паступіць у менскую вучэльню, якая рыхтавала мастакоў, але закончыць прыйшлося мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута.

Як настаўнік па малюнку і чарчэнні ў 1962 годзе паехаў па размеркаванні ў глыбокае Палессе, у вёску Рубель Столінскага раёна. У войску служыў пад Барысавам, у знакамітых Пячах. Арганізаваў для афіцэрскіх дзяцей студыю выяўленчага мастацтва. Дарэчы, сярод іх быў руды хлопчык Мікола Ісаёнак - сёння гэта вядомае прозвішча ў беларускім мастацтве. Пасля войска працаваў два гады настаўнікам у СШ № 4 у Жодзіна і паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Па вялікаму рахунку, Аляксей Марачкін лічыць сябе прадстаўніком незапа-трабаванага пакалення, бо ў яго маладосці трэба было маляваць толькі так, як загадала КПСС. А ён ніколі не працаваў «на заказ». Не маляваў ні Леніна, ні Маркса з Энгельсам. На карцінах Марачкіна - іншыя героі: Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі, Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт Вялікі, Іван Луцкевіч, Цётка…

З 1990 года ў суполцы "Пагоня".

У 2005 годзе Аляксея Марачкіна абралі Старшынёй Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», якім прабыў да лета мінулага года. Неаднаразова абіраўся сябрам Сойму БНФ "Адраджэння" і сойму Партыі БНФ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ многіх скліканняў.

Аляксей Марачкін. Алесь Мара. Мастак. Паэт. Грамадскі дзеяч. Асоба - ва ўсіх сваіх іпастасях. І ва ўсіх - выбітная. Адзін з найбольш заўважных архітэктараў беларускага адраджэння хвалі 1990-х. Як у Хемінгуэя: кожны чалавек - мацярык. Тым больш такі, такога маштабу і таленту, як Аляксей Марачкін.

(Пра А. Марачкіна чытайце на ст. 3.)


"Белмоўныя дзеці"

У асяроддзі нацыянальна арыентаваных, так званых "свядомых" бацькоў з'явіўся і замацоўваецца тэрмін "белмоўныя дзеці". За рэдкасцю такой з'явы на Беларусі бацькі, што гадуюць дзетак беларускамоўнымі, гуртуюцца, аб'ядноўваюць свой творчы патэнцыял дзеля стварэння беларускамоўнага атачэння сваім дзецям. Так жыве беларуская дыяспара на Беларусі.

Але мінулі часы, калі зацятыя ідэалісты прасоўвалі ў масы ідэю аднамомантнай бела-русізацыі ўсіх 10 млн беларусаў. Відавочна і тое, што дзяржаву збольшага задавальняе існаванне беларускай дыяспары на Беларусі ў сёняшнім выглядзе - пара беларускіх садочкаў, дзесятак школак і па 2-3 групы нават не ў кожным з ВНУ. Маўляў, які попыт, такая і прапанова.

Як жа стварыць такі попыт на беларускае, які змяніў бы стаўленне і грамадства, і дзяржавы да нацыянальных каштоўнасцяў, у тым ліку да мовы?

Напачатку выкараніць у сабе імкненне адмяжоўвацца на прасторы "сваёй рэзервацыі". Слушна робяць тыя, хто прыцягвае на беларускія дзіцячыя святы дзяцей і бацькоў, малазнаёмых з нацыянальнымі традыцыямі. Супольнае свята - лепшая глеба да знікнення насцярожанасці, з якой ставяцца зараз да "беларусаў свядомых" беларусы звычайныя. Такі станоўчы пасыл - мы такія ж, як вы, далучайцеся да нас, бо мы цікавыя і карысныя вам, а вы - нам - пакідае след надоўга, будзіць цікаўнасць да сваіх каранёў, будзіць генетычную памяць, заклікае быць лепшым - адкрытым, смелым, адказным за будучыню сваіх дзяцей і будучыню краіны.

Менавіта з гэтага сыходзілі арганізатары дзіцячага свята, што адбылося 21 лютага ў адным з менскіх кафэ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Дзяцей дашкольнага ды малодшага школьнага ўзросту запрасілі разам з бацькамі павесяліцца і адпачыць. Вось што чакала гасцей свята.

Пасля кароткага ўсту-пнага слова ініцыятаркі мера-прыемства Людмілы Ліцвінавай святочную праграму адкрыў юны Адась, які пад акам-панемент маці, Таццяны Матафонавай-Грыневіч, праспяваў некалькі дзіцячых песень.

І тут жа некаторыя таты і мамы нечакана для саміх сябе сталі артыстамі і паказалі ўсім добра знаёмую казку "Рэпка". Але, паколькі артыс-там паставілі ўмову - не перамаўляцца, - то і дружнай працы ў іх не атрымалася. Дзед і Бабка не знайшлі памочнікаў, і Рэпка (ролю якой бліскуча выканаў самы вялікі тата) дасталася шустрай Мышцы. Дзеці не разгубіліся, і паказалі бацькам, як трэба выцягваць Рэпку. А паразумецца ім дапамагла родная мова! І ўсе малыя артысты атрымалі падарункі.

Таццяна Матафонава-Грыневіч таксама праспявала некалькі песень, сярод якіх і вядомую "Спадчыну" на верш Янкі Купалы, і цудоўна грала на скрыпцы. Зміцер Сідаровіч прадставіў дуду - традыцыйны беларускі музычны інструмент, што знаходзіцца ў сваяц-тве з шатландскай валынкай. Дапоўніў ансамбль акардэаніст Аляксей Крукоўскі.

Дзеці нядоўга заставаліся гледачамі - самі чыталі вершы, спявалі , а ўзнагародай артыстам сталі кніжкі беларус-кіх казак і шчырыя апладыс-менты.

Адась і Таццяна навучылі ўсіх ахвотных вясёлай гульні "Явар", а Зміцер адклаў на хвілінку ўбок дуду і разам з Людмілай Ліцвінавай паказаў вясёлы танец.

Запомнілася гасцям і паўметровая лялька - літара Ў, якая ажыла ў руках шасцігадовага Мсціслава Церашкова і весела віталася з новымі сябрамі.

Песні, вершы, гульні, скокі і вяселле не пакінулі абыякавымі не толькі дзетак, якія з калыскі чуюць беларус-кую мову, але і тых, чые бацькі гавораць пераважна па-расейску, бо мова свята зразумелая ўсім.

Алена ЦЕРАШКОВА, суарганізатарка свята.


ЗАПРАШАЕМ

прыняць удзел у ІІІ Агульнанацянальнай дыктоўцы, якая адбудзецца 15 сакавіка, пачатак а 18 гадзіне! Месца правядзення: сядзіба ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13).

Уваход вольны!



ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" арганізуе бясплатныя падрыхтоўчыя заняткі па беларускай мове і гісторыі для школьнікаў 7-х - 9-х класаў. Заняткі праводзяць вядомыя педагогі, кандыдаты навук, выдатнікі адукацыі Беларусі.

Арганізацыйны сход 17.03.2010 г. (серада) у памяшканні ТБМ (Мінск, вул. Румянцава, 13, каля ст.метро "Плошча Перамогі"). Вучні 7-х-8-х класаў збіраюцца ў 16.30., вучні 9-х класаў - у 17.15. Даведкі праз тэл.: 284-85-11.


СПРАВАЗДАЧА СТАРШЫНІ РАДЫ ПРУЖАНСКАЙ РАЁННАЙ АРГАНІЗАЦЫІІ "ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ІМ. Ф.СКАРЫНЫ."

28 лютага у Пружанах у малой зале палаца культуры была праведзена справаздачная канферэнцыя Пружанскай арганізацыі ТБМ. Была заслухана справа-здача старшыні,скарбніка, узнагароджаны падзячнымі лістамі заснавальнік Пружавнскай арганізацыі і першы яе старшыня Здановіч І.Ю., старэйшая актывістка і нязменны скарбнік Чаркасава Г.І.і юбіляр Жаўнярчук Л.В.

Абраны абноўлены склад рады, старшынёй надалей прапанавалі застацца Жэгалавай Т.М., абмеркаваны план дзейнасці арганізацыі на 2010 год, заслухана інфармацыя аб удзеле сяброў таварыства ў выбарах у мясцовыя саветы.

У Дзень роднай мовы праведзены дыктоўкі сярод вучняў гімназіі. Сябры таварыства вырашылі правесці дыктоўку 25 сакавіка ў 17.00 у дзіцячай раённай бібліятэцы.

Паважанае спадарства дазвольце мне даць кароткую характарыстыку дзейнасці Рады таварыства, а таксама ўсёй нашай арганізацыі за перыяд 2008-2009 гадоў, паспрабаваць прааналізаваць моцныя і слабыя бакі нашай дзейнасці за апошнія два гады працы.

Мэтай нашай дзейнасці надалей было пашырэнне кола прыхільнікаў таварыства, папулярызацыя ўжывання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці людзей, культурна-асветніцкая праца сярод жыхароў Пружаншчыны (дзяцей, моладзі, людзей сталага ўзросту). У нашай справе мы імкнёмся да цеснага супрацоўніцтва з установамі культуры і асветы, нашай раённай газетай, незалежным выданнем "Вы і Мы", адміністрацыяй Пружанскага раёна.

Увесь перыяд, пра які ідзе гаворка, дзейнічала Рада таварыства ў складзе 7 чалавек: старшыня Рады Жэгалава Та-рэса, намеснік - Жаўнярчук Ларыса, сябры Рады: Здановіч Іван, Макарэвіч Інна, Хадаровіч Ганна, Бялеста Марына і Папека Мікола.

Рэгулярна праводзіліся паседжанні Рады (не меней аднаго разу на 2 месяцы). Так у 2008 годзе праведзена 7 па-седжанняў па актуальных, на той перыяд часу, пытаннях дзейнасці арганізацыі. Да пры-ладу: адзначэнне 90-годдзя БНР (Дзень Волі), арганізацыя выезду ў Ружанскую пушчу да магілы касінераў Каліноўскага, аб праекце адкрыцця беларускага класа ў адной са школ горада, аб юбілеі дзіцячай раённай бібліятэкі, выбары дэлегатаў на Х агульнабеларускі з'езд ТБМ, аб узнаўленні дзейнасці краязнаўчага таварыства "Спадчына", візуальнае афармленне горада і населеных пунктаў раёна, 100-годдзе паэта-земляка Міколы Засіма.Вось няпоўны пералік пытанняў, якія вырашала Рада.

У 2008 годзе быў накіраваны ліст у райвыканкам аб афармленні вітрын, вывесак, назваў магазінаў і кавярняў у горадзе і раёне, на гэтую ж тэму намі быў падрыхтаваны і надрукаваны ў "Раённых буднях" артыкул, дзе мы звярнулі ўвагу нашай адміністрацыі на недапушчальна малую колькасць візуальнага афармлення на беларускай мове, на адыёзна бязлікія вітрыны, а таксама на граматычныя памылкі.

У 2008 годзе ўся пра-грэсіўная частка беларускага грамадства адзначыла 90-год-дзе БНР.

Мы таксама адзначалі гэтую знамянальную дату.Быў выпушчаны юбілейны нумар інфармацыйнага выдання "Вы і Мы" і напярэдадні 25 сака-віка распаўсюджаны ў горадзе.

У дзень свята праве-дзены мітынг ля бюста Р. Шырмы і экскурсія ў музей Шырмы пры школе мастацтваў. Маю-чы горкі досвед адзначэння гадавіны БНР у 2007 годзе, мы больш не звярталіся ў райвыканкам і раённую бібліятэку з мэтай правядзення афіцыйнай вечарыны.

У апошні час у нашай дзяржаве востра паўстала пытанне беларускамоўнай адукацыі дзяцей і моладзі.У нашым горадзе няма ніводнай школы, у якой можна было б атрымаць адукацыю на мове тытульнай нацыі, таму мы пачалі падымаць пытанне аб адкрыцці беларускага класа ў адной са школ горада. На бацькоўскіх сходах ў дзіцячых садках пабывалі Жаўнярчук Л., Здановіч І., Хадаровіч Г., Бялеста М., Жэгалава Т. Праведзена анке-таванне бацькоў будучых першакласнікаў, у "Раённых буднях" надрукаваны зварот да бацькоў, праведзены персанальныя сустрэчы з асобнымі бацькамі, але нажаль інертнасць нашага грамадства, адсутнасць зацікаўленнасці з боку аддзела адукацыі райвыканкаму прывялі да адмоўных вынікаў у справе беларусізацыі адукацыйнага працэсу. Тым не менш ідэю адкрыцця ў нашым горадзе беларускага класа мы не пакінулі. Быў складзены праект і распрацаваны план адкрыцця беларускага класа з фальклорна-этнаграфічным ухілам.

Гэта праца доўжылася з верасня 2008 па верасень 2009 года. Зноў праведзена анкета сярод 106 сем'яў, дзеці якіх павінны былі пайсці ў першы клас восенню 2009 года. Анкета ўтры-моўвала пытанні, якія высвятлялі стаўленне людзей да мовы, да адукацыі на беларускай мове, да беларускіх традыцый і звычаяў.У рамках праекта праве-дзены сходы бацькоў ва ўсіх 7 садках горада, цэлы шэраг сустрэч з супрацоўнікамі садкоў і школ, з адміністрацыяй раёна, супрацоўнікамі аддзела адукацыі. Ход праекта асвятляўся ў раённай газеце. Былі надрукаваны артыкулы, аб'явы аб ме-рапрыемствах, зварот каардынацыйнага камітэта, справаздачны артыкул аб праведзе-най працы. Былі праведзены мерапрыемствы для дзетак: навагодні ранішнік з праглядам спектакля "Цётухна Прастуда", выступленне лялечнага тэатра дзіцячай бібліятэкі, паездка на масленіцу ў рэзі-дэнцыю Дзеда Мароза ў Бела-вежскую пушчу, вечарына "Гучы роднае слова" з удзелам бацькоў будучых перша-класнікаў і іх дзетак, моладзе-вага гурта "Лета", вучняў і бацькоў адзінага ў горадзе беларускамоўнага 9 "В" класа СШ №5, запрошаныя госці з СШ № 3 і ясляў/садка № 3.

Трэба сказаць,што пры ўсіх нашых намаганнях клас так і не быў адкрыты, але ясна высветлілася, што на сёння людзі ўжо разумеюць неабходнасць беларускай адукацыі ў нашай дзяржаве, бальшыня з павагай і любоўю ставіцца да роднага слова, дзеці наогул цудоўна ўспрымаюць роднае беларускае слова.У ходзе працы над праектам мы сабралі даволі вялікі краязнаўчы матэрыял, узнікла ідэя стварэння музея адной беларускай сялянскай сям'і. У нас маюцца не толькі канкрэтныя рэчы гэтай сям'і, але і дакументы 3-х пакаленняў яе. Т.ч. хочацца зрабіць выснову, што наша грамадства зараз існуе ў стане чакання, патрэбен штуршок зверху, каб мы сталі нармальным у этнічным плане грамадствам.

У сувязі са 100-годдзем паэта, нашага земляка Міколы Засіма мы звярталіся з хадатайніцтвам у райвыканкам аб ўсталяванні памятнага каменя на месцы, дзе калісьці стаяла хата Засімаў, аб рамонце помніка на магіле яго бацькоў, аб перавыданні зборніка вершаў М. Засіма. Райвыканкам ўлічыў нашы прапановы. Быў праве-дзены касметычны рамонт помніка бацькоў Засіма, адкрыта мемарыяльная дошка на будынку раённай бібліятэкі, якая носіць імя М. Засіма.

12 верасня 2008 года была праведзена ўдалая акцыя па ўшанаванні памяці паўстан-цаў 1863 года ў Ружанскай пушчы ля вёскі Ласасін. Групы сяброў ТБМ і вучняў Пружанскай гімназіі ўсклалі кветкі, запалілі свечкі і правялі мітынг на брацкай магіле 40 паўстанцаў. Святары Варанілавіцкай царквы і Пружанскага касцёла правялі памінальную малітву і асвяцілі магілу.

Увесь апошні перыяд нам даводзіцца весці абшырную перапіску з раённымі ўладамі. Мы звярталіся з просьбамі, хадатайніцтвамі і заявамі аб візуальным афармленні вуліц горада і населеных пунк-таў раёна, аб перайменаванні вуліц (адну з новых вуліц у горадзе райвыканкам паабяцаў нам назваць у гонар канцлера ВКЛ Льва Сапегі), аб адкрыцці беларускага класа, аб усталяванні памятных дошак М. Засіму, Р. Шырме, Раісе Жук-Грышкевіч.

Стала ўжо традыцыяй праводзіць беларускую дыктоўку кожны год у лютым - сакавіку ў знак падтрымкі нашай мовы. Колькасць удзельнікаў гэтай акцыі з кожным годам у нас узрастае. У 2009 годзе радай праведзена 5 пашыраных паседжанняў з запрашэннем актывістаў нашай арганізацыі. Акцэнт у гэтым годзе больш надаваўся працы з дзецьмі і моладдзю, а таксама краязнаўчаму кірунку. У сакавіку 2009 года Жаўнярчук Л. на агульнабеларускай асамблеі падала інфармацыю аб нашай арганізацыі (быў аформлены стэнд, на якім прадстаўлены матэрыялы аб дзейнасці Пружанскай арганізацыі, што зацікавілі прадстаўнікоў арганізацый з іншых рэгіёнаў краіны) і зрабіла выступленне ў Інфармацыйным цэнтры ў г. Менску, пасля чаго мы наладзі-лі кантакты з Баранавіцкай арганізацыяй ТБМ. Папека М. быў прадстаўніком нашага таварыства на агульнабеларус-кай краязнаўчай канферэнцыі.

Зараз рыхтуем да вы-дання буклет аб дзейнасці Пружанскага ТБМ у гонар 20-ці годдзя арганізацыі. Цэлы шэ-раг цікавых мерапрыемстваў праходзіць у суполках раённай дзіцячай бібліятэкі, гімназіі, газеты "Раённыя будні".

Разам са станоўчымі момантамі нашай дзейнасці ёсць многа і недахопаў, аб якіх нельга не сказаць.У кожных абставінах дзейнічае аб'ектыўны і суб'ектыўны фактар. Аб'ектыўнасць, якой бы непрыемнай дла нас не была, мусім прымаць як данасць, а вось суб'ектыўнасць гэта нашы недапрацоўкі, непаслядоўнасць ў дзеяннях, недастатковая настойлівасць, не здзейсненыя планы. Так, да прыкладу, зацягнулася праца па выданні буклета ў гонар 20-годдзя таварыства. Мы планавалі пачаць збіраць матэрыялы аб незвычайных абставінах жыцця нашых землякоў пад загалоўкам "Лёсы людскія" і даваць матэрыял ў прэсу. Пакуль што толькі Рачко Віктар даў свой цікавы матэрыял з жыцця Раісы Жук-Грышкевіч да 90-годдзя з дня яе нараджэння, не актывізавала сваю працу і краязнаўчае таварыства "Спадчына", хоць аб ім ішла гаворка на чарговым паседжанні рады і прымалася пастанова. Не вырашана пытанне і з адыёзнымі назвамі некаторых вуліц такіх, як вуліца 60 год Кастрычніка, вуліца Кірава і г. д.

Трэба настойліва прадаўжаць працу па развіцці беларускамоўнай адукацыі дзяцей у нашым горадзе, дамагацца адкрыцця беларускай школы.

Нізкі ўзровень падпіскі на газету "Наша слова", усяго 6 нумароў на раён, пры тым гэтая лічба застаецца стабільнай на працягу ўсяго апошняга перыяду.

Актыўнасць нашых сяброў ТБМ таксама жадае быць лепшай, мы не ўключылі ў працу Пружанскай арганізацыі ўсіх яе сяброў. Усё, што праводзілася, праводзілася сіламі, галоўным чынам, актывістаў. Таму ў сувязі з 20-годдзем ТБМ і дзеля актывізацыі дзейнасці кожнага сябра нашай арганізацыі мы сёння і сабраліся амаль усім складам, запрасілі сюды людзей, якія неабыякава ставяцца да праблем род-най мовы, каб шчыра і адкрыта абмеркаваць дзейнасць Пружанскай арганізацыі ТБМ, выслухаць усе заўвагі і пажаданні, абраць новы склад Рады, намеціць планы на будучае з улікам сённяшніх абставін і магчымасцяў.

Звярнуцца да кожнага тут прысутнага, да кожнага рупліўца нашай мовы і культуры ўключыцца ў дзейнасць арганізацыі.

А, напрыклад, мяне асабіста вельмі турбуе пытанне канкрэтнага ўключэння ў справу кожнага сябра нашага таварыства. Мы, арганізацыя дабраахвотная, матэрыяльнай зацікаўленнасці, якая сёння яўляецца важным фактарам актыўнасці чалавека, тут няма.

Галоўны фактар нашай дзейнасці гэта любоў да Бацькаўшчыны і роднай мовы, тра-дыцый, культуры, свядомая зацікаўленнасць станам бела-русчыны ў сучасным беларускім грамадстве.Патрэбны сілы і мужнасць, каб працаваць часта сустракаючы абыякавасць у грамадстве. Тым пры-емней адзначыць, што такія людзі ёсць і кола іх пашыраецца.

Яны, аб'яднаныя ў нашым таварыстве, раскрываюць свой інтэлектуальны патэнцыял, атрымліваюць маральную асалоду і пашыраюць свой кругагляд, свае веды ў галіне беларускай культуры, свае арганізатарскія здольнасці. Наша Пружанская арганізацыя з'яўляецца малой ячэйкай агульнабеларускага таварыства, якое на сённяшні дзень ёсць адной з самых уплывовых грамадскіх арганізацый і хоць працуе ў не зусім спрыяльных ўмовах, пашырае кола сваёй дзейнасці.Таму хачу прасіць шаноўную грамаду уважліва выслухаць выступоўцаў у ходзе абмеркавання пытання , выказаць свае меркаванні і аб'ектыўна ацаніць нашу дзей-насць. Абраць актыўных, год-ных людзей у склад новай Рады, а новаабранай Радзе энтузі-язму, энергіі і плёну ў працы.

Тамара Жэгалава. 28.02. 2010 г.


Хай прадзецца табе, няхай творыцца!..

(Да 70-годдзя з дня нараджэння Аляксея Марачкіна)

Кожны раз, трапляючы на менскую прывакзальную плошчу, я з хваляваннем гляджу на сталінскага пакрою аграмадныя дамы, якія назы-ваюць брамай у сталіцу. У адным з гэтых дамоў, на самым апошнім паверсе, чвэрць стагоддзя таму была майстэрня Аляксея Марачкіна. Не, не майстэрня, а студыя Духу, дзе ў маладосці я штудзіраваў праўдзівую навуку беларускасці. Менавіта тут я пазнаёміўся з Язэпам Драздовічам і Пётрам Сергіевічам, Міхасём Сеўруком і Янкам Пачопкам; менавіта тады перад маімі вачамі расхінуўся і назаўсёды паланіў душу дзівосны луг народнага мастацтва. А створаныя Аляксеем нацюрморты і пейзажы, яго партрэты князёўны Рагнеды, Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Івана Луцкевіча ўвачавідкі расхіналі абложаную шэрымі хмарамі нашу беларускую будучыню. І ўрэшце рэшт яна ўсміхнулася на ўвесь свет бел-чырвона-белай усмешкаю! І гэтую сонечную радасць не вырве з людскіх сэрцаў «Касмічная пачвара над вёскай» - аніякая, нават падобная на тую, што Аляксей прадбачліва напісаў на палатне ў 1975-1985 гадах.

Я часта згадваю нашу сумесную вандроўку па Віцебшчыне ў чэрвені 1983 года ў дружнай кампаніі з Яўгенам Куліком, Уладзімірам і Міхасём Басалыгамі. Я на свае вочы бачыў, як горнуцца да Аляксея людзі - вяскоўцы і гараджане, маладыя і старыя, дзяўчаты і хлопцы, як пяшчотна ён гла-дзіць па галоўцы дзетак. Пе-рада мной, былым інтэрнатаўцам з дзесяцігадовым стажам, адкрылася мудрая дзея сардэчнасці і дабрыні. Таму і цягнула мяне, быццам магнітам, у прывакзальную вежу-камяніцу. Я прыходзіў сюды з найбліжэйшымі сваімі сябрамі - Уладзімірам Калеснікам, Алесем Пісьмянковым, Уладзімірам Маруком, Алесем Каско. Гартаюцца старонкі жыцця, гартаюцца старонкі памяці і не сціраюцца запісы, зробленыя сэрцам...

* * *

1 кастрычніка 1985 года. На паседжанне пiсьменнiцкага прэзiдыюма з Бярэсця прыехаў Уладзімір Калеснiк. Увечары, перакусiўшы на скорую руку, сазванiлiся з Аляксеем, якi прапанаваў паглядзець яго новыя палотны. Уладзiмiр Андрэевiч ахвотна згадзiўся, бо сам любiць пастаяць за эцюднiкам. Аляксей адразу нас папярэдзiў:

- Пакажу толькi сёлетнi ўзятак...

Прагляд пачаўся з нацюрмортаў.

У «Дзiсненскай керамiцы» Уладзімір Андрэевіч ад-значыў гарманiчную сувязь памiж ганчарнымi вырабамi i драўлянай архiтэктурай на заднiм плане: «Без гэтага, - сказаў ён, - суладдзя не атры-малася б, бо матэрыяльная культура - адзiн мацярык».

«Нацюрморт з лiхтаром» па словах Калесніка «шмат аб чым гаворыць, i ў першую чаргу пра спрадвечныя пошукi сутнасцi жыцця».

Вялікае ўражанне на Улпдзіміра Андрэевіча зрабiлi маляваныя дываны Аляксея, асабліва дыван, прысвечаны Еўфрасiннi Полацкай.

«Цудоўны твор! - не скупiўся на пахвалу берасцейскі госць. - Як дакладна рытмiчна ён арганiзаваны, як гараць на ім багдановiчаўскiя васiлькi! I, заўважце, вочы ў Еўфрасiннi - вiзантыйскiя, а губы - нашы, беларускiя, горасныя...»

«Вы правiльна падмецiлi, - удзячна пагадзіўся Аля-ксей, - бо ў вачах - iмкненне да вышэйшай духоўнасцi, а ў вуснах - жывое жаноцкае пачуццё...»

У дыване, прысвеча-ным Скарыну, Уладзімір Андрэевіч адзначыў: «Гэта лiнiя Адраджэння, а не часоў Рэфармацыi цi Класiцызму. На-ват дзiўна, як вам удалося яе спалучыць з традыцыямi народнага мастацтва?»

Я слухаў гэтыя развагi, занатоўваў у блакнот i радаваўся за ўдалы вечар. Уладзімір Андрэевіч нібыта памаладзеў, пачаў расказваць пра сваю апошнюю кнiгу «Тварэнне легенды», дзе сабрана ўсё лепшае, што напiсаў ён пра Скарыну, Гусоўскага, Купалу, казачнiка Рэдкага. I падсумаваў: «Гэта тое, хлопцы, да чаго я iшоў усё жыццё...»

* * *

14 снежня 1985 года. Распытваў сёння Аляксея, калі ў ім упершыню абудзіўся Мастак. І запісаў з яго слоў наступнае:

«Усё пачалося са звы-чайнага вясковага акна. У дзяцiнстве я любiў узбiцца локцямi на падваконне i глядзець на старыя дрэвы, на воблакi на небе, на поле за хатай... Шмат цiкавага можна ўбачыць за акном! Першыя малюнкi я зрабiў менавіта на шыбе. Пахукаю на шкло - яно запацее і малюю пальцам, што мне ўздумаецца. Помню, як вярнуўся з вайны бацька. Хтосьці з франтавікоў прывалок дахаты трафейны акардэон, хтосьці швейную машынку «Зiнгер», а мой тата прытарабанiў цэлы рукзак каляровых паштовак. Для мяне тыя нямецкiя паштоўкi сталi акном у сапраўднае Мастацтва. Сярод рэпрадукцый пракідваліся творы на «забароненыя» тэмы, напрыклад, аголеныя жанчыны.... Мабыць, з бацькавых паштовак і пачалася мая сцежка ў мастакоўства... Праўда, яна ледзь не скончылася ў трэцім ці чацвёртым класе. Аднойчы настаўніца выклікала мяне да класнай дошкі і папрасіла намаляваць каня. Пачаў я бойка: накрэмзаў галаву, выгнуў шыю, дабраўся да тулава... І раптам убачыў, што на дошцы не хапае месца для ног і хваста. Павярнуўся да настаўніцы і ледзь не з плачам: «Марыя Іванаўна, дошка замалая!» От ужо дзе было рогату ў класе! На некалькі тыдняў адпала ахвота маляваць. А потым зноў уладна пацягнулі да сябе алоўкі...»

* * *

1 сакавіка 2010 года. Не маеш ты, Аляксей, ні папяро-вых званняў, ні бліскучых лаўрэацкіх бляшак, ні іншых пустых бразготак, якімі цешац-ца аматары падачак і мітусні. Затое за спіной у цябе, дарагі дружа, даўно выраслі нязлом-ныя крылы Грамадзяніна і Мастака. Ні за якія грошы іх не купіш: яны ёсць або іх няма. Моцнага здароўя табе, паменш калдобін на жыццёвай дарозе. Як сказала ў адным з вершаў наша духоўная Маці, - «хай прадзецца табе, няхай творыцца, яшчэ скрыні не поўныя ў нас!»

Уладзімір Ягоўдзік.


Канцэптуальны падыход

Канцэпцыя дзяржпраграмы па развіцці культуры і мастацтва на 2011-2015 гады распрацоўваецца ў Беларусі па ініцыятыве Міністэрствы культуры.

Як паведаміў журналістам 17 лютага ў Гомелі міністр культуры Павел Латушка, галоўная задача праграмы - звярнуць увагу на неабходнасць далейшага сістэмнага развіцця сферы культуры краіны. Па словах міністра, з боку кіраўніцтва краіны адчуваецца значная падтрымка развіцця сферы культуры, аднак "гэтая дзейнасць, гэтыя высілкі павінны быць працягнутыя, ім трэба надаць дадатковы імпульс".

У рамках праграмы мяркуецца сістэмна падысці да праблемных момантаў у развіцці беларускай культуры, паглядзець у цэласнасці на развіццё прафесійнага мастацтва, у тым ліку кінамастацтва. Па меркаванні міністра, ёсць неабходнасць падумаць над эфектыўнасцю выкарыстання выдзеленых дзяржаўных сродкаў, а таксама вызначыць, дзе трэба павялічыць фінансаванне. Як адзначыў міністр, патрабуецца "абуджэнне" творчай, прыватнай, грамадскай ініцыятывы ў сферы культуры, у тым ліку для рэалізацыі праектнай дзейнасці, стварэння ўмоў для прыцягнення інвестыцый.

Для развіцця краіны прынцыповым, па меркаванні міністра, з'яўляецца ўзнаўленне Інстытута культуры Беларусі, праект якога разглядаецца ў міністэрстве. У якасці асноўных кірункаў яго дзейнасці П. Латушка назваў навукова-метадычнае забеспячэнне сферы культуры краіны і распрацоўку адпаведнай метадычнай базы для ўсіх устаноў культуры па розных відах мастацтва, а таксама падвышэнне кваліфікацыі працаўнікоў галіны. У сферу дзейнасці інстытута таксама павінны ўвайсці пасоўванне беларускай культуры, фармаванне іміджу краіны праз беларускую культуру за мяжой. "Гэтым займаецца большасць еўрапейскіх краін, Расійская Федэрацыя, Украіна, Літва. І гэтым мы абавязаныя заняцца таксама",- падкрэсліў міністр.

Як адзін з прыярытэт-ных кірункаў праграмы міністр вылучыў разгляд пытан-няў, звязаных з аховай гістарычна-культурнай спадчыны. Таксама ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА П. Латушка адзначыў, што Мінкультуры будзе вітаць пашырэнне беларускай мовы ва ўстановах ку-льтуры.

- Цяжка сабе ўявіць сферу культуры без адной з дзяржаўных моў, якой з'яўляецца беларусская. Першым чынам мы будзем вітаць пашы-рэнне выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах культуры краіны - як у адміністрацыйных установах, так і ў тэатрах, музеях, бібліятэках-пры правядзенні розных культурных мерапрыемстваў.

У той жа час, па меркаванні міністра, гэта павінен быць натуральны, спакойны і лагічны працэс, які б не шкодзіў успрыманню беларускай мовы і не ствараў праблем пры выкарыстанні рускай мовы. "Ве-льмі важна кожнаму з нас зразумець, што беларуская мова з'яўляецца складнікам нашай культуры, нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Усё гэта прыйшло да нас ад нашых прадзедаў і бацькоў, і мы павінны захаваць і перадаць яго нашым дзецям. Абсалютна натуральным з'яўляецца адначасовае развіццё і беларускай культуры, і беларускай мовы".

"Беларусы і рынак", №8, 22.02.2010 г.


Кіраўнік гурта, фестываляў і каранацый

Алег Хаменка - заснавальнік беларускага фольк-рока, лідар легендарнага гурта "Палац". Упэўненая моц і вера ў сябе спалучаюцца ў ім са спакоем, мяккасцю памяркоўнасцю. Унутранымі рысамі - талерантнасцю, iнтэлiгентнасцю - ён нагадвае Уладзіміра Мулявіна. Ці можна ўявіць сабе Алега, які размаўляе не на роднай мове? Акрамя працы ў гурце, Алег цудоўна спраўляецца з роляй тэле- i радыёвядоўцы, крытыка, выкладчыка.

Гурт "Палац" пад яго нязменным кіраўніцтвам браў удзел ў фестыва-лях у Заходняй Еўропе і ў краінах СНД. У 1993 го-дзе " Палац" патрапіў ў дзесятку лепшых калектываў Усходняй Еўропы па выніках фестывалю РадыёФранс Інтэрнасьаналь. Атрымліваў узнагароды і прэміі на фестывалях "Славянскі базар", "Ма-ладзечна 1995-2001", "Азія-Даўсы (Казахстан), "Басовішча 1995-2000" (Польшча), "Суклегас" (Літва), Рок-каранацыя 1995-2000, Казачы круг 2001, Краіна Мрыі 2004 (Украіна). Шматгалосныя спевы, спалучэнне розных народных інструментаў, смелае выкары-станне магчымасцяў сучасных ісінтэзатараў вызначаюць яго стылістыку. За 18 гадоў, што iснуе гурт, з яго выйшлi ў сольнае плаванне многiя му-зыкі.

- Спадар, Алег, раскажыце, калі ласка, крышачку пра сябе.

- Нарадзіўся ў красавіку 1967 ў Менску. Вучыўся ў агульнаадукацыйных "чы-жоўскіх" школах: № 117 - да сё-мага класа, і № 43 - з сёмага па дзесяты, ды ў бліжэйшай музычнай, №2, па класу трамбона. У 1990-тым годзе я закончыў БДУКІМ па спецыяльнасці "культуролаг", ў 2007 - аспі-рантуру. Хацелася зменшыць колькасць белых плямаў на прасторы беларускай культуры. Грунтоўная тэарэтычная адукацыя абавязвае мяне пе-радаваць свае веды. Выкладаю тэхналогію прадзюсарскай дзейнасці ў сферы мастацтва на кафедры Менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКІМ. Перадаю досвед юнакам, хто пачынае гэты шлях. У беларускіх музыкаў ёсць свае стратэгія. Вывучаеш спачатку тое, што зроблена папя-рэднікамі ў гэтай сферы, наза-пашваеш свой досвед, потым спрабуеш яго асэнсаваць. Цяпер ужо час асэнсоўваць.

Працу ў "Палацы" мы пачыналі ў 1992 годзе з асяродка маладых прафесійных музыкаў, якія мелі густ і адчуванне розных музычных стыляў. Асновай для нашага аб'яднан-ня быў беларускі аўтэнтычны фальклор, які выконваўся музыкамі, як ў арыгінальным гучанні, так і ў стылёвых апрацоўках.

І па сёняшні дзень у складзе гурта акрамя вядомых музычных інструментаў (саксафон, гітара, труба, акардэон, сінтэзатары) удзельнічаюць і традыцыйныя аўтэнтычныя беларускія інструменты: лера, дуда, жалейка, дудка, сурмы. У творчасці гурт выкарыстоў-вае матэрыял, сабраны ў фаль-клорных экспедыцыях.

Напачатку нашай дзейнасці з дзесяці песнь дзве былі аўтарскімі , іншыя -па матывах беларускіх фальклорных пе-сень і абрадаў, цяпер - напало-ву. У будучыні думаем, што суадносіны будуць 80/20 ад-соткаў адпаведна аўтарскіх і фальклорных песень. Мае кам-пазіцыі таксама не ў баку, бо і я - частка народа, я - частка гэтага кола .

- Улетку Вы былі мастацкім кіраўніком фестывалю "ВеlaMusik-2009", які праходзіў на пляцоўцы аэраклуба "Баравая" пад Менскам". Якія ўражанні засталіся пасля гэтага свята?

-Вельмі адчувальны недахоп "фестывалю фестываляў", дзе маглі б сабрацца героі ўсіх музычных прэміяў, узнагародаў, цырымоніяў, што праводзяцца на Беларусі." Рок кола" і " Рок - каранацыя" ладзяцца ў канцэртных залах, а " Басовішча"- за межамі Беларусі".

Жывы гук на адкрытым паветры - гэта больш натуральная форма існавання актуальнай музыкі.

У старадаўнія часы, калі свята ў беларусаў было вялікім, музыкі выходзілі з палацаў і сядзіб на вуліцу, да людзей, да натуральнага ланд-шафту.

Мы запрасілі на фесты-валь сапраўдных зорак - "J: Морс", "Краму", " Дзеці дзя-цей","Гарадскія", " Без білета" і інш. Гуртоў багата, а музыч-най індустрыі ўвогулле бра-куе, ды і музычнага бізнесу таксама. Але калі зараз нічога не рабіць, то і спадзяванняў на гэты конт не будзе. "ВеlaMu-sik" мусіць звярнуць на гэта ўвагу .

- На гэтым тыдні адбылася 14-тая ў гісторый найноўшай беларускай музыкі рок-каранацыя. Якія выні-кі гэтай падзеі?

- Рок-каранацыя прай-шла добра, хаця ўвесь вечар прыйшлося моцна гукаць у мікрафон. У ліку першых ка-рону атрымалі "Без білета". Мы думаем, што гэтым хлоп-цам зараз патрэбна падтрымка больш, чым іншым калектывам, каб лепей развівацца і самаўдасканальвацца. Адзна-чаныя каронамі таксама былі "Ляпіс Трубяцкі", "Крама", "Open Space", "The Toobs", Зміцер Вайцюшкевіч і іншыя.

- Ці ёсць у Вас іншыя захапленні ў жыцці па-за прафесійнай дзенасцю?

- Я даўнi прыхiльнiк гандболу, бiльярду i аўтаспорту. Не фанат, але iмкнуся сачыць за спаборнiцтвамi.

Гутарыла Э. Дзвінская.

На здымку: Алег Хаменка, фота аўтара.


У Празе будзе дошка ў памяць Л. Геніюш

Працягваецца праца над стварэннем мемарыяльнай дошкі да 100-годдзя Ларысы Геніюш. Дошку мяркуецца ўсталяваць ў сталіцы Чэшскай Рэспублікі Празе на доме, у якім жыла паэтка ў 30-40 гады мінулага стагоддзя. Ініцыятарам гэтай мемарыяльнай імпрэзы стаў культурна-асветны клуб "Спадчына".

Мастак, сябра культурна-асветнага клуба "Спачына" Уладзімір Мелехаў падрыхта-ваў працоўную мадэль дошкі ў гонар Л. Геніюш (на здымку) і на чарзе - яе адліўка ў метале.

Адначасова сябры "Спадчыны" вядуць перамовы з адказнымі асобамі ўраду Чэхіі і ў прыватнасці з уладамі Прагі з мэтай узгадніць усе тэхнічныя дэталі мемарыяльнай імпрэзы, якая будзе спадарожнічаць усталяванню дошкі. Для гэтага сябры "Спадчыны" сустракаліся з адказным супрацоўнікам МЗС Чэшскай Рэспублікі, кіраўніком кірунку СНД Уладзімірам Румлам, кіраўніком чэшскай амбасады ў Рэспуліцы Беларусь Іржы Карасам для вырашэння асноўных пытанняў размяшчэння дошкі ў гонар Л. Геніюш, далейшых крокаў у рэалізацыі планаў святкавання юбілею Л. Геніюш у Чэшскай Рэспубліцы.

А. Мяльгуй.


У Бельску спаборнічаюць па беларускай мове

"Васіль Быкаў - дэмаскатар вайны і сталінскіх злачынстваў" - пад такім лозунгам прайшоў цэнтральны этап 16-га выпуску алімпі-яды беларускай мовы. У Бельскім беларускім ліцэі за званне лаўрэата змагаліся ліцэісты з самога Бельска, Гайнаўкі ды Беластока.

Аляксандр Баршчэўскі (старшыня арганізацыйнага камітэта алімпіяды) адзначыў:

- Параўнаўча, добра выглядаюць вучні з Беластока, якія вучацца ў беларускім класе ў адным з беластоцкіх польскіх ліцэяў. Адчуваецца, што бацькі гэтых вучняў культывуюць беларускую мову ў хаце. Гэтага, мне здаецца, нельга сказаць ні пра вучняў з Бельска, ні з Гайнаўкі... Я думаю, што алімпіяда і атмасфера, звязанай з ёй сустрэчы, нейкім чынам уплываюць і на свядомасць яе ўдзельнікаў.

У цэнтральным этапе алімпіяды беларускай мовы прынялі ўдзел 33 ліцэісты. Вынікі спаборніцтва ды лаўрэатаў арганізатары алімпіяды абвесцяць у наступным тыдні.

Міхась Сцепанюк, Радыё Рацыя.


Зміцер Вайцюшкевіч на полаччыне

3 сакавіка на Полаччыну завітаў вядомы беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч. На працягу дня ён правеў некалькі сустрэчаў. Першая сустрэча са студэнтамі гістарычна-філалагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага універсітэта адбылася ў па-мяшканні Кадэцкага корпуса ў Полацку. Другая сустрэча адбылася з вучнямі і калектывам гімназіі №2 г. Наваполацка, а трэццяя - з жыхара-мі абодвух гарадоў у памяшканні бібліятэкі імя Я. Коласа ў Наваполацку.

Кожная сустрэча распачыналася песняй на словы У. Някляева «Дарога». Вядомы выканаўца выконваў спевы на беларускай, польскай, рускай, японскай мовах. Ва ўяўленні слухачоў быў створаны мост дыялогу культур Усход-Захад.

Гучалі спевы на творы Г. Бураўкіна, А. Хадановіча, У. Някляева, шматлікія пераклады з іншых моваў. На прыканцы сустрэчы абавязкова выкон-валіся вядомыя хіты «Я нарадзіўся тут» і «Бывайце здаро-вы, жывіце багата».

Пад час сустрэчы найбольш актыўныя слухачы атрымалі падарункі: сумкі і паштоўкі ад ініцыятывы «Будзьма беларусамі», дыскі ад суполкі «Рубон» ТБМ.

Сустрэчы былі арганізаваны суполкай «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з дапамогай грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі».

Наш кар.


У Гародні - "Казюкі"

Вялікай выставай творчасці народных майстроў і сяброў Саюза мастакоў пачалося святкаванне на цэнтральнай вуліцы горада. Каля ста майстроў народнікаў, якія працуюць у розных тэхніках умельства, з вялікай па абшарах геаграфіяй з'ехаліся на традыцыйнае свята гістарычнай Літвы.

Свае вырабы размясцілі на вуліцы Савецкай. Ганчар Сяргей Пашчанка, лічыць, што з гэтага дня майстры пачынаюць каляндар удзелу ў розных фэстах у Беларусі. Урачыстая частка пачалася з выступу танцавальнага калектыву з польскай школы. Мерапрыемства вялося па-польску і па-беларуску. Так менавіта ў такой паслядоўнасці: адна вядоўца казала па-польску, а другая паралельны тэкст казала па-беларуску. Прысутнічалі чыноўнікі гар- і аблвыканкаму, а таксама прадстаўнікі Саюзу палякаў, якім кіруе Станіслаў Сямашка. Выступаў ён па-расейску. Паціху дабраліся да трохмоўя, але і тут беларуская мова не першая.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX