№ 12 (955) 24 САКАВІКА 2010 г.
170 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча
21 сакавіка споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння беларускага прарока Францішка БАГУШЭВІЧА . Біяграфія яго пісана-перапісана, але два пастулаты, вылучаныя Ф. Багушэвічам, ужо 120 гадоў вызначаюць цяпершчыну, мінуўшчыну і будучыню Беларусі.
Першы. Ён падкрэсліў пераемнасць гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і сучаснай яму Беларусі, вызначыў этнічныя межы Беларусі, узяўшы за аснову моўны арэала ("...Гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вiльнi да Мазыра, ад Вiцебска за малым не да Чарнiгава, гдзе Грод-на, Мiнск, Магiлёў, Вiльня i шмат мястэчкаў i вёсак...") .
Другі . Ён вызначыў вырашальную ролю роднай мовы ў духоўным жыцці нацыі ("Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлi!") . Звярніце ўвагу: не мова можа памерці, а нацыя - у духоўным, а потым і ў фізічным быцці, "як той чалавек прад ск-наннем, катораму мову займе" .
Выдзяляючы гэтыя пастулаты пісьменнік і літаратуразнавец Пятро Васючэнка меў безумоўную рацыю. Ад 1891 года, калі Францішак Багушэвіч сфармуляваў пастулаты ў прадмове да "Дудкі беларускай", яны застаюца ў цэнтры ўвагі беларускага грамадства. Мова і этнічныя межы з павесткі дня не здымаюцца, бо праблемы, звязаныя з імі, не вырашаюцца.
ДУХ ПРАРОКА
"Зямля спрадвечная,
кушлянская, Свайго ты помніш земляка.
Такая блізкая і наская --
Зямля Мацея Бурачка."
(З верша Юрася Свіркі "Постаць Прарока ")
"Каб ніколі не цураўся
Сваёй роднай мовы,
У якой узгадаваўся,
Хоць забыўся дзеля новай."
ЯнкаКупала.
У часы заганы
На зямельцы - маці
Цар сядзеў нязваны,
Як ва ўласнай хаце.
З гневам, поўным болі,
З верай і надзеяй
Жыў мужык без долі
"Бог не роўна дзеле." *
Кліч, аднак, пачуўся
Каліноўскай "Волі"
I ад сну прачнуўся
Касінер нядолі.
Як прыйшла патрэба --
Быў разгар паўстання,
У руках са стрэльбай
Бой прымаў... настаўнік.
I кружылі каты
Віхрам у ваколлі,
І чакалі краты,
Каб закраціць волю.
У вятрах разгулу
Царсцвенных наказаў
Віўся морак глуму
Над зямлёй паразы.
Не сумелі здолець
Чужака у схватцы --
Рабскі дух нядолі
Пасяліўся ў хатцы.
Трэ было пабачыць,
Як мужык гаруе,
Як жыццём лядачым
Царскі біч кіруе.
У паўстанцкіх шыхтах
Не здабыўшы волі,
Адвакацкім спрытам
Выбаўляў з нядолі.
Мужыку быў братам
У хадах судовых.
Стаў ён адвакатам
І для роднай мовы.
Бараніў ён слова
Ў беларускіх межах,
Знаў: гук роднай мовы
Для "душы - адзежа".
Гаварыў без фальшу:
"Не губляйце ж мовы,
Беларускай нашай,
Каб ( зусім) не ўмёрлі!"
Словам павучальным
Ён апісваў стала,
Як мужык апальны
Зведваў выт нямала.
Ён таксама раіў:
Ведаць мову - слушна!
"Вымятаць бруд з краю"
Толькі з ёю зручна!
I зайграў "Смык" з "Дудкай"
Ад нуды да болю:
Загучалі чутка
Песні па ваколлю.
Лёс іх надта значны --
Следам праўды крочыць,
Падымаць ад спячкі
І расплюшчваць вочы.
Час святла настане
Над зямелькай крэўнай,
"Плакаць перастанем
Мы над доляй" , пэўна!
I гучаць зноў песні
Песняра - прарока...
І парою весняй
Пояць веры сокам.
Мікола Мілаш,
г. Салігорск.
*Выдзеленае - словы і цытаты з твораў Фр. Багушэвіча.
25 САКАВІКА - ДЗЕНЬ ВОЛІ
Пасланне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды Дня Волі
Дарагія суродзічы-беларусы!
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з нашым вялікім нацыянальным святам - Днём волі і жадаю Вам правесці яго з верай і надзеяй на лепшую будучыню. Беларускі народ даможацца волі і дэмакратыі, так як дамогся незалежнай дзяржавы.
У вольным свеце мы ведалі, што ніякае зло не можа быць вечным. Чыталі Трэцюю ўстаўную грамату Рады БНР, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі і верылі, што калі ў 1918 годзе ў такіх цяжкіх умовах наш народ здолеў выказаць сваё жаданне быць вольным між вольнымі народамі свету, дык ён знойдзе ў сабе сілы ператрываць здзек і няволю савецкіх часоў ды адродзіць зноў сваю незалежную дзяржаву.
Сёння хацела б падзяліцца з Вамі вытрымкай з Трэцяй устаўной граматы, якую ўважаю асабліва натхняльнай: "Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя звязі, якія далі магчымасць чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае насмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі."
Дарагія суродзічы! Памятайма гэтыя словы. Толькі свая незалежная вольная дзяржава абароніць край ад захопніцкіх замахаў на яго, з якіх бы бакоў яны не ішлі. Толькі дэмакратычны ўрад здолее забяспечыць народу мірную вонкавую палітыку. Толькі свая ўлада выратуе ад заняпаду і нішчэння нацыянальную мову і культуру.
З глыбіні сэрца жадаю Вам вытрываласці, любові да свайго прыгожага краю, веры ў будучыню і мужнасці, якая характарызуе ўсіх вольных духам людзей. Прыдзе час, калі наш народ будзе святкаваць сваё вялікае свята незалежнасці і свабоды ды з гонарам успамінаць продкаў, якія 25 сакавіка 1918 году скінулі з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці.
Жыве Беларусь!
25 сакавіка 1918 года
Нам вясна прынесла незалежнасць,
сонечна яснеў над родным краем
бел-чырвона-белы сцяг,
усміхнулася яму зямля,
усміхнулася, як сонцу веснавому.
Нам вясна прынесла незалежнасць,
гром грымеў вясенні -
гром Пагоні.
Веснавала воля ў Беларусі!
Незалежнасць,
што прынесла нам вясна,
заваёўнікі панішчылі.
Сіле цёмнай не падолець
духу нашага змагарнага.
Нас гартуе
бел-чырвона-белы незгасальны сцяг.
Дзеля незалежнасці і волі
сэрцы б'юцца мужныя ў грудзёх.
Мкнуцца, рвуцца
ў будучыню вольную Пагонічы.
03.01.2003.
Генадзь Тумаш
ЗАПРАШАЕМ
прыняць удзел у ІІІ Агульнанацянальнай дыктоўцы, якая адбудзецца 25 сакавіка, пачатак а 18 гадзіне!
Месца правядзення: сядзіба ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13).
Уваход вольны!
"НАШАМУ СЛОВУ" - 20 ГАДОЎ
Першай газеце ТБМ - 20
17 сакавіка 1990 года пабачыў свет першы нумар газеты ТБМ - "Наша слова". Спачатку гэта быў штомесячны бюлетэнь-газета, заснаваны першым кіраўніком ТБМ Нілам Гілевічам, а ўжо ў наступным годзе газета пачала выходзіць штотыднёва, пачала прадавацца ў шапіках і атрымала права на падпіску праз дзяржаўную сістэму распаўсюду. У складзе рэдакцыі пад кіраўніцтвам вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Эрнеста Ялугіна працавала больш за дзесяць чалавек. Аб'ём выдання быў ад 8 да 12 старонак, а наклад дасягаў 20 тысяч асобнікаў. Газета мела дзяржаўную фінансавую падтрымку і выходзіла ў Менску.
Аднак пасля рэферэндуму 1995 года і змены дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі беларускай культуры, адукацыі і мовы, дзяржаўнае фінансаванне газеты напрыканцы 1996 года спынілася. Яе існаванне апынулася пад пагрозай і некалькі месяцаў газета не выходзіла. У гэты час вырашаўся лёс і самой арганізацыі ТБМ.
Аднак дзякуючы намаганням новага кіраўніцтва ТБМ, якое ўзначаліў Генадзь Бураўкін, арганізацыя захавалася, і паўстала пытанне аб аднаўленні дзейнасці газеты без аніякай дзяржаўнай падтрымкі на грамадскіх пачатках.
У гэты няпросты час адказнасць за лёс выдання ўзяў на сябе былы афіцэр, падпалкоўнік, шчыры беларускі патрыёт, які паходзіць з нясвіжскай шляхты, Станіслаў Суднік. З восені 1997 года і па сённяшні дзень "Наша слова" выходзіць у Лідзе, дзе жыве і працуе яе нязменны кіраўнік і рэдактар. Газета выходзіць толькі на грамадскіх пачатках, не маючы ганарараў і заробкаў для рэдактара і журналістаў, але яна мае свой адметны твар і добра вядомая, як у Беларусі, так і за яе межамі.
Падрабязную інфармацыю пра гісторыю "Нашага слова" можна прачытаць у яе юбілейным нумары ад 17 сакавіка гэтага года. Хочацца пажадаць "Нашаму слову" новых чытачоў і асабліва новых сталых падпісчыкаў.
Старшыня ТБМ, сябар рэдакцыйнай калегіі "Нашага слова" Алег Трусаў.
Выспа ў моры нігілізму
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Ска-рыны, як і Беларускі народны фронт "Адраджэньне", пры канцы 80-х - пачатку 90-х былі пакліканы часам дзеля аб'яднання нацыянальна сведамых людзей і абуджэння грамадства. Трыбунай ТБМ стала газета "Наша слова", першы нумар якой выйшаў у сакавіку 1990 г. "НС" на чале з яе галоўным рэдактарам, талена-вітым пісьменнікам Эрнестам Ялугіным імкліва стала ў шэраг патрыятычных СМІ Беларусі: "ЛіМ", "Народная газета", "Навіны БНФ "Адраджэньне", "Свабода", "Наша ніва", "Культура", іншыя перыядычныя выданні. У гэтым шэразе "НС" заняла сваю нішу. Стрыжнем дзейнасці Таварыства і яго друкаванага органа было замацаванне дзяржаўнага статусу беларускай мовы.
Асаблівая патрэба ў прапагандзе і абароне беларускай мовы, на дзіва, паўстала пасля прыняцця Вярхоўным саветам XI склікання 26 сту-дзеня 1990 г. Закону аб мовах у БССР, калі на глебе нацыянальнага нігілізму хлынула навала дамарослага расейскага шавінізму. Абаронцаў незаслу-жана адрынутай і зганьбаванай славутай беларускай культурна-гістарычнай, у т. л. моўнай, спадчыны ў афіцыйных постсавецкіх СМІ, як "Совет-ская Белоруссня", "Знамя юностн", "Вечерннй Мннск" і інш. газетах, называлі калабарантамі, "пенай" і г. д. Невы-мернымі высілкамі нешматлі-кай апазіцыі ў Вярхоўным савеце (блізу 10% дэпутацкага корпусу) на чале з Зянонам Пазняком, і дзе ключавымі фігурамі былі таксама лідары Таварыства Ніл Гілевіч і Алег Трусаў, якія разам з тым узна-чальвалі тады камісію ВС па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, уда-валася не толькі стрымліваць антыбеларускі накат, а і рухаць у бальшыні сваёй кампар-тыйны заканадаўчы орган рэспублікі да дзяржаўнай не-залежнасці Беларусі. Узгадай-ма толькі палымяныя выступы ў ВС Н. Гілевіча, які абапіраю-чыся на лісты грамадзян, што паступалі ў Камісію з розных куткоў краіны, пераконваў дэпутатаў у важнасці роднай мовы для беларускага народа дзеля самазахавання і іх уласна пачэснай гістарычнай місіі. I вынік - беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай.
Газета ТБМ "НС" бы-ла штандараносцам роднага слова. Літаральна праз год яна пачала друкавацца на 4-х аркушах. Тэматыка зместу імкліва шырылася. Перад усім падавалася інфармацыя з жыцця арганізацыі - як Рады, так і рэгіянальных суполак, у т. л. замежных. Пастаянна знаходзілі месца ў газеце і найважнейшыя ініцыятывы ды справы вельмі актыўнай у той час Акадэмічнай арганізацыі ТБМ. Назаву некаторыя публікацыі. № 22 за 1992 г.: "Мова - глеба пад дрэвам нацыі" - пра пытанні беларускай арфаграфіі. № 21 за 1993 г.: "Моўнай крыніцы - быць чыстай!" - пра русіфікацыю беларускай лексікі. № 45 за 1993 г.: у рубрыцы "Жыццё таварыства" - пра стан беларускай мовы ва ўстановах Акадэміі навук, а таксама прапанову па дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь, па ўзоры новага беларускага пашпарта і напісанні нацыянальных імёнаў і прозвішчаў (ад імя акадэмічнай арганізацыі ТБМ мной прапанавана запісваць у пашпарце дадзеныя рэквізіты толькі па-беларуску ў кірыліцавым і лацінкавым варыянтах). № 47 за 1993 г.: пад той самай рубрыкай - выступ су-праць прапаноў выдавецкай фірмы "Эридан" увесці і замацаваць двухмоўе ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
"НС" была трыбунай падрыхтоўкі, абмеркавання і пашырэння вынікаў ініцыяваных ТБМ і яе акадэмічнай суполкай канферэнцый "Пра-блемы беларускага правапісу" (Мн., 1992), "Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі" (Мн., 1994 і 1995) і інш.
Неўзабаве з'явілася, на мой погляд, архіважная ста-ронка "НС" "Вучымся!". Воч-на-завочную школу шэраг гадоў вяла Валянціна Раман-цэвіч. Выдатныя былі моўна-гістарычная і літаратурная рубрыкі, у т. л. "Шэдэўры сусветнай паэзіі па-беларуску" (вёў Лявон Баршчэўскі). Друкаваліся новыя літаратурна-драматычныя, а таксама дэтэктыўна-прыгодніцкія тво-ры, перакладзеныя на беларускую мову. Апошняя старонка, як правіла, прысвячалася роз-най культурнай інфармацыі. Значнае месца тут займаў "Бела-рускі народны каляндар". Друкаваліся святочныя бела-рускія песні для масавага развучвання.
"НС" запрашала да абмеркавання і супольнага развязання найважнейшых праблем ў развіцці роднай мовы і выкананні ёю разнастай-ных дзяржаўных функцый. Газета захавала свой адраджэнц-кі курс і пасля ганебнага анты-беларускага рэферэндуму 1995 г. Нягледзячы на яго вынікі, "НС" несла беларускае слова ў здранцвелае грамад-ства. З'явілася новая старонка - "Academia "NS" з пастаянны-мі рубрыкамі: "Гісторыя мо-ваў на Беларусі" (вёў кандыдат філалагічных навук Уладзімір Свяжынскі), "Філалогія", "Культура мовы" (вёў і вядзе дагэ-туль доктар філалагічных на-вук, прафесар Павел Сцяцко), "Слоўнік сінонімаў" Міколы Крыўко, "Беларускае замежжа" і інш. Друкаваліся арты-кулы, інтэрвію і дыскусіі па пытаннях беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі, беларускай пісьмовай графікі (кірыліцы і лацінкі - №№ 9-11 за 1995 г.)
Газета стала вельмі змястоўнай і карыснай, але, на вялікі жаль, ужо не запатра-баванай часам. Наадварот, беларускамоўным СМІ, у т. л. і "НС" з боку дзяржавы ства-раліся невыносныя ўмовы для існавання. У другой палове 90-х даходзіла справа да ліквідацыі сядзібы і самой ТБМ. Выданне газеты Таварыства прыйшлося перавесці з Менска ў г. Ліду. Уратаванне "НС" па праве належыць нашаму мужнаму сябру Станіславу Судніку. Пазбаўленая фінансавай (усе складкі сяброў ТБМ не маглі пакрыць хоць бы арэнды ся-дзібы) і тэхнічнай базаў у гэты перыяд, не адзін год запар газета выдавалася фактычна высілкамі, у т. л. інтэлектуаль-нымі, спадара Судніка.
3 цягам часу "НС" узнавіла моц, з'явіліся новыя рубрыкі: "Пагоня за мову", "Дыярыюш" (па гістарычных аспектах беларускай мовы), "Вострая брама" (лісты чытачоў), "Дзядзінец", "Ад род-ных ніў" (выступы, вершы, гумарэскі, смяшынкі). Апош-нім часам шмат месца ў газеце адводзіцца гістарычным асобам і памятным датам Беларусі. Гэта надзвычай важна ва ўмовах крайняй абмежаванасці прасторы беларускамоўных СМІ, якія фармуюць рэальны патрыятызм грамадзян краіны. "НС" сёння - выратавальная выспа ў моры нацыянальнага нігілізму.
Рэспубліка Беларусь - парадаксальная краіна, дзе дзяржаўнае будаўніцтва з сярэдзіны 90-х гг. вядзецца на чужой духоўнай і культурнай аснове. Ды не проста ігнаруецца найбагацейшая тысячагадо-вая нацыянальная спадчына, але нават адмаўляюцца стрыж-нёвыя нацыянальныя прыя-рытэты: мова, культура, гістарычная сімволіка. Вядомы ўсім класік грамадазнаўства К. Маркс часта згадваў: "Чужая мова ёсць зброя ў жыццёвай барацьбе", мова паводле яго меркавання - важнейшы інструмет у развіцці грамадства. Прыкра, што гэтага не зразу-мелі ініцыятары згаданага рэферэндуму, не разумеюць і сучасныя беларускія дзяржаўныя чыноўнікі ўсіх рангаў, за выключэннем адзінкавых асо-баў, якія, на жаль, знаходзячыся падпарадкавана ў павуціне нігілістычнай сістэмы, "надвор'я" не робяць, і не могуць зрабіць. Пакуль будзе пана-ваць мова іншай дзяржавы, не будзе ў Беларусі ні міжна-роднай павагі, ні рэальнай незалежнасці.
Язэп Стэпановіч , доктар біялагічных навук, сябар Сакратарыяту і Рады ТБМ.
У ФРАЗЕАЛАГІЧНУЮ СКАРБОНКУ
У маім двухтомным «Слоўніку фразеалагізмаў», апублікаваным у 2008 годзе выдавецтвам «Беларуская эн-цыклапедыя», пададзены каля 7 тысяч фразеалагічных адзінак. У прадмове да слоўніка сказана, што ў ім выяўлены і па магчымасці поўна апісаны фразеалагічны склад беларус-кай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане. Зразумела, фразеалогія ўвесь час папаўняецца. І я пастаянна пры чытанні беларускіх кніг, часопісаў, газет «палюю» на новыя выразы, а таксама на тыя, якія па розных прычынах не трапілі ў названы слоўнік. Вось некаторыя з гэтых выразаў.
Назоўнікавы фразеалагізм воўчая зграя ўжываецца з асуджальным адценнем у значэнні «варожая, ненавісная кампанія людзей»: Трапіў Клімчук у воўчую зграю і вый па-воўчы... Як бы цяпер ні хацеў, а звароту назад да сваіх няма (М. Гамолка); А божачка! Няўжо гэта ты, Амялян?.. А як жа ты трапіў у гэтую воўчую зграю? (К. Каліна); Прыгле-дзеліся мы тут добра: усе паны - ад нізу да верху - воўчая зграя (М. Клімковіч); У натоў-пе Нупрэй убачыў Лявона Кончыка, і яму трохі стала весялей: усё ж не адзін перад гэтай воўчай зграяй ён будзе (В. Ткачоў).
Выраз склаўся ў выні-ку метафарычнага пераасэнса-вання словазлучэння «воўчая зграя» ў прамым значэнні гэтых слоў. Прыгадаем, дарэчы, аповесць В. Быкава «Воўчая зграя», дзе яе загаловак мае падвойны сэнс: у адным з эпізодаў аповесці дзейнічае зграя з сямі ваўкоў, а ў некаторых іншых эпізодах - акупанты або іх прыслужнікі - паліцаі (гэта ўжо «воўчая зграя» ў пераносным сэнсе).
Прыслоўна-акалічна-сны, функцыянальна не замаца-ваны фразеалагізм на сённяш-ні дзень абазначае «ў сучасны момант, на цяперашні час»: Байкі Крапівы не страцілі свайго гучання і злабадзённасці і на сённяшні дзень (М. Лынькоў); Дарогай Уладзіміра Караткевіча ідзе і Л. Дайнека, на сённяшні дзень, несумненна, найбольш значны ягоны паслядоўнік (А. Марціновіч); Варта прызнаць гэтую класіфікацыю як найбольш слушную на сённяшні дзень (Роднае слова. 2009, №10).
Дзеяслоўны фразеала-гізм збіць з ног (каго) мае значэнне «ўдарам ці штуршком паваліць каго-небудзь на зямлю або падлогу»: Ну і шуганулі вы яго! Выскачыў як апараны. Чуць мяне з ног не збіў (К. Крапіва); Салдат, не спяшаючыся, падышоў, паво-льна адвёў руку і кароткім ударам у грудзі збіў жанчыну з ног (Э. Самуйлёнак); Ён кінуўся да дзвярэй, збіў з ног салдата і пабег уздоўж сяла (М. Лобан). Між іншым, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (т. 2, с. 428) пры апісанні мнагазначнага дзеяслова «збіць» памылкова вылучаюць у ім адно з яго значэнняў - «прымусіць каго-небудзь упасці», але ілюструюць яго прыкладам-фразеалагізмам «збіць з ног».
У згаданым напачатку «Слоўніку фразеалагізмаў» (т. 1, с. 474) змешчаны на сваім алфавітным месцы фразеала-гізм захадзіць (пайсці) ходы-рам (хадуном), аднак чамусьці без яго апісання, хоць ва ўсіх іншых мясцінах слоўніка, дзе ёсць загаловачныя «апорныя» кампаненты пайсці, ходырам, хадуном даюцца адсылкі на «захадзіць ходырам». Узнікае неаб-ходнасць падаць гэты слоўнікавы артыкул у «Нашым слове»: Захадзіць (пайсці) ходырам (хадуном). Зак. Разм. 1. Часцей ужыв. пры дзейн. са знач. канкр. прадмета. Пачаць хістацца, калыхацца. Захадзілі жорны хадуном, аж трасуцца сцены ветраковы, увіхацца трэба - кожны дом ганарыцца ўраджаем новым (Я. Непача-ловіч); Ходырам захадзіў вагон (Х. Шынклер). 2. Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета ці зборн. знач. Пачаць бурна праяўляцца, хутка рухацца. Прыйшла яна [рэвалюцыя] - ходырам усё захадзіла, свет перавярнуўся, а я мала што разумею (В. Каваль); Унутры ж нельга бачыць - а там у Зосі так і захадзіла хадуном, так і разлілося нешта цяжкім атрут-ным жарам (Ц. Гартны); - Як толькі выкурым немцаў, то такое вяселле вам закруцім, уся Карпілаўка ходырам пойдзе, - пазіраючы на маладых, казаў Салавей (С. Грахоўскі).
Іван Лепешаў.
ЯЗЫК ВОРАГ МОВЫ
Язык мой - вораг мой. У Беларусі вельмі цяжка сустрэць настаўніка беларускай мовы і літаратуры, які размаўляе на роднай мове на перапынках, пасля ўрокаў, асабліва ў гарадскіх школах. На Ўкраіне сітуацыя з стаўленнем да роднай мовы лепшая, чым у сінявокай, але ўлады ўсё роўна не задаволеныя такім становішчам рэчаў, што і прыводзіць перыядычна да казусных сітуацыяў. Вось і Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў нека-нстытуцыйнай пастанову Кабінета міністраў ад 30 верасня мінулага года, у якой патрабуецца, каб настаўнікі ўкраінамоўных дзяржаўных і камунальных школ гаварылі ў працоўны час выключна на ўкраінскай мове. Пры гэтым, удакладняе "Карэспандэнт", КС устанавіў канстытуцыйнасць іншага палажэння, у адпаведнасці з якім у дзяржаўнай і камунальнай агульна-адукацыйнай вучэбнай установе мовай навучання з'яўляецца ўкраінская мова, а ўсе іншыя могуць прэтэндаваць толькі на статус моваў нацыянальных меншасцяў.
Паводле СН-плюс, №6, 2010 г.
У Дзень Канстытуцыі - агульнанацыянальная дыктоўка
15 сакавіка, у 16-ю гадавіну прыняцця Канстытуцыі, паводле якой беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай, у Таварыстве беларускай мовы ў Менску зноў пісалі агульнанацыянальную дыктоўку.
Першая дыктоўка сёлета адбылася ў Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, яшчэ адна будзе ў Дзень Волі 25 сакавіка. А наагул беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку ўжо трэці год запар. І не толькі ў сталіцы.
Сёння ўрывак з твору Ўладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» пад дыктоўку намесніцы старшыні ТБМ Алены Анісім пісалі болей, як 40 чалавек:
- Мэта нашай дыктоўкі не ў тым, каб праверыць і некаму даказаць, што чалавек дрэнна ведае мову, кепска піша. Мэта наша якраз у тым, каб людзі маглі прыняць удзел у дыктоўцы, каб яны адчулі сябе роднасна. У нас розныя пакаленні, і каб мы ўсе адчувалі сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Усе ўдзельнікі дыктоўкі, незалежна ад выніку, абавязкова атрымоўваюць падарункі. Сёння, дарэчы, уручалі дыскі з запісам фільмаў Белсату «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Дыктоўку пішуць не толькі ў сталіцы. Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў, што сябры ТБМ арганізуюць дыктоўкі ва ўсіх рэгіёнах:
- З Пінскага раёна прыязджаў настаўнік, нагрузілі мы яго, што ледзь мог падняць. Больш за 200 чалавек ужо ў Пінскім раёне напісала дыктоўку, а ён па школах раздасць кніжкі Якуба Коласа, Янкі Купалы, значкі, торбачкі з надпісам «Будзьма». У нас ёсць рэзервовы фонд падарункаў.
Чарговы этап дыктоўкі адбудзецца ў Дзень Волі, 25 сакавіка.
Іна Студзінская.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гародні
21 сакавіка ў Гародні прайшла 3-ая агульнанацыя-нальная дыктоўка. Ладзілася яна пры падтрымцы шматлікіх нацыянальных арганізацыяў, сярод іх значнае месца адыграла падтрымка Радыё Рацыя. Каля 200 чалавек пісала дык-тоўку ў памяшканні будынка па вуліцы Будзёнага-48, і ўсе прысутныя атрымалі падарункі. Набор для пісання, плюс асадка з лагатыпам Радыё Ра-цыя, а таксама цішоткі і торбы са згадкай пра Радыё Рацыя.
Дыктоўку чытаў паэт з Менска Андрэй Хада-новіч. Ён лічыць, што дыктоўка, якую ён чы-таў, была вялікай адказ-насцю перад тымі, каму чытаў, да таго ж (пажартаваў) гэта была яго першая дыктоўка, хаця мае філалагічную аду-кацыю.
Зыходзячы з таго, што праходзіла рэк-ламная акцыя нашага Радыё Рацыі, я спра-баваў высветліць яе сту-пень вядомасці. Удзе-льнікі дыктоўкі чулі пра Радыё, але не ўсе маюць магчымасць яго слухаць
Рэкламная акцыя Радыё Рацыі, якая была прымеркаваная да агульнанацыяна-льнай дыктоўкі на думку яе наведнікаў, дае ўпэўненасць, што родная мова жыве і ў пісьме, і ў слове.
Віктар Парфёненка , Радыё Рацыя, Гародня.
Фота: Вацлаў Галімскі, Радыё Рацыя.
Гарадзеншчына ў складзе БНР
1-я ўгодкі БНР
Першы раз "Дзень 25 сакавіка" святкавалі ў 1919 годзе якраз у Гародні, дзе на той час знаходзіўся Урад БНР. Як гэта адбывалася, распавядае даследчык беларуска-нацыянальнага руху ў Гародні Андрэй Чарнякевіч:
- 25 сакавіка, першую гадавіну абвяшчэння БНР, адзначалі даволі сціпла, у памяшканні беларускага камітэта ўдзельнікаў настаўніцкага з'езду, які ладзіўся у той час у Гародні ў канцы сакавіка. Сёння гэта вул. Савецкая, хутчэй за ўсё, 23. У якасці старшыні Беларускай цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны распачаў вячэру П. Аляксюк, прачытаўшы першую ўстаўную грамату Рады БНР, пасля чаго прысутныя праспявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі мясцовыя беларускія дзеячы. Адначасова 25 сакавіка, хутчэй за ўсё ў памя-шканні клуба «Бацькаўшчына», адбылася развітальная вячэра на ад'езд былога першага старышыні Народнага Сакратарыяту БНР, а зараз Міністра беларускіх спраў пры Літоўскім урадзе Я. Варонкі .
Здымак з уласнага ар-хіву Уладзіміра Ляхоўскага.
Камендант Гарадзенскага павету БНР
Адам Трыпус (?- 16.09. 1965) паходзіў з Вялікай Бераставіцы на Гарадзеншчыне. У часы змагання за незалежнасць быў павятовым камендантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага.
У 1920-21 гг. настаўнік Віленскага беларускага прытулку. На пачатку 1921 года арыштоўваўся польскімі ўладамі.З 1921 года працаваў настаўнікам Гарадзенскай беларускай гімназіі, а таксама быў адным з кіраўнікоў бела-рускага прытулку для дзяцей у Гародні. Вылучаўся ў поль-скі сойм ад нацыянальных меншасцяў па Беластоку. У 1923 г. праходзіў па судовай "справе 45". З другой паловы 20-х гадоў настаўнічаў на Берасцейшчыне ў в Ратапіцы, пасля вайны працаваў у Берасцейскім раённым аддзеле адукацыі і настаўніцкім інсты-туце.
Забіты ў Берасці невядомымі асобамі. Пахаваны ў Берасці.
Беларуская мова павінна быць дзяржаўнай на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне
Паважаная рэдакцыя!
Напісаць гэты ліст вы-мусіла вялікая цікаўнасць і адначасова адсутнасць інфар-мацыі пра жыццё беларусаў у Расійскай Федэрацыі. Вядома, што Смаленшчына і да сёння заселена беларусамі, але невядома, у прыватнасці мне, якое яны маюць беларускае культурніцкае жыццё (ці не маюць). Цікава: ці ёсць там беларуская мова і літаратура, хаця б у асобных школках як прадмет вывучэння? Калі не, то чаму? У нас жа для рускіх ёсць усё: і школы па-руску, і каледжы, і ВНУ, і магістратуры, і аспірантуры... Як дапамагае ўрад Рэспублікі Беларусь беларусам Расіі мець сваё нацыянальнае жыццё, ці фінансуе хоць нейкія адукацыйныя, культурніцкія беларускія па сваёй сутнасці праекты, кнігі? Ці падтрымлівае беларускамоўных пісьменнікаў на той жа Смаленшчыне (калі там такія ўвогуле ёсць)? Ці дзенічае ТБМ у РФ? Ці распаўсюджваецца там беларускамоўная прэса, музыка і мастацкая літаратура? Калі так, то ў якіх аб'ёмах? Часта можна пачуць на ўзроўні кух-няў, што акрамя 10-15 % грамадзян РБ гэта нікому больш не патрэбна, а за мяжой - дык і гаворкі няма, там нічога. Жы-вучы ў Гародні добра бачна, што беларускім цікавяцца ў Польшчы, Літве, Латвіі, чуў і пра Украіну, але Расія... Тут цішыня ў інфармацыйнай пра-сторы. Магчыма я проста не натрапіў на неабходную інфармацыю.
У нашай краіне мову нацменшасці (13%) узвялі ў ранг дзяржаўнай і ўсё ёю запаланілі. А чаму б нам, беларусам, не патрабаваць ад ураду РФ, каб у асобных суб'ектах федэрацыі ў якасці яшчэ адной дзяржаўнай мовы ўвялі б бе-ларускую, асабліва на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне, тым болей, што беларусаў там не 13%, а ў разы больш. У нас, у Гародні, людзі пра гэта пачалі гаварыць даўно, яшчэ з 1996-97 гадоў, але так ніхто афіцыйна, публічна гэтую ідэю чамусьці не выказваў. Заканадаўства Расійскай Федэрацыі гэтае двухмоўе дазваляе (у Татарстане 2 дзяржаўныя мовы). Акрамя таго, калі мы такія славянскія браты і паводле афіцыйных установак "імкнемся" ў адну саюзную дзяржаву, то чаму Расія ўсё яшчэ цягне і не зрабіла беларускую мову другой дзяржаўнай у сябе, ці хаця б у бліжэйшых да Беларусі суб'ектах федэрацыі? Непарадак! Трэба патраба-ваць!
Успамінаецца, што Бе-ларуская Народная Рэспубліка была абвешчана ў этнічных межах беларускай нацыі (як на карце беларускага племені Я. Карскага, а таксама Доўнар-Запольскага і інш.): з Беластокам, Вільняй, Дзвінскам, Смаленскам. Нават БССР абвяшчалася ў Смаленску і ў тых жа самых этнічных межах (!!!) паводле статутных дакументаў. Гэта ўжо пасля БССР крамсалі і перакройвалі, як хацелі. I чаму на адзначэнні 80-х угодкаў утварэння БССР у 1999 годзе ў сродках масавай інфармацыі Беларусі нават не вымавілі слова пра абвешчанне БССР у Смаленску ў этнічных межах? Затое, пра некалькі паветаў, з якіх пачыналася джяржбудаўніцтва БССР, гаварылі многа і заўзята па ўсіх беларускіх каналах радыё і тэлебачання.
Я не дарма задаю такія пытанні. Мне і маім блізкім нічога не вядома пра белару-саў у Расіі, гэта як "тэра інкогніта", а ведаць цікава. Спадзя-ванне толькі на "Наша слова". Хочацца атрымаць адказы на вышэй пастаўленыя пытанні на старонках газеты.
...А мо і праўда трэба звярнуцца ва ўрад РФ з грамадскай ініцыятывай, каб бела-рускую мову зрабіць другой дзяржаўнай на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне? Я не жартую! А што яны думалі?!
3 павагай
Сяргей Мікалаевіч Арцюх, работнік вытворчага аб'яднання "Азот".
"Калі ўзноўлена песня, вернута народу - адчуваю, што нездарма жыву і працую"
Любоў Сівурава - кіраўніца калектыва "GUDA", дацэнт кафедры менэджменту сацыяльна - культурнай дзей-насці, выкладчыца творчых дысцыплінаў. Яна распрацавала і вядзе вучэбны курс "Фестывальны менеджмент". Спадарыня Любоў скончыла аспірантуру ІМЭФ, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы па спецыяльнасці "Культуралогія". Натхнёна і мета-дычна яна займалася навуко-вай, даследчыцкай працай ў галіне этналогіі, сучаснай аматарскай творчасці, прыкладной этнамузыкалогіі.
Матуля двух сыноў, цудоўная жонка, спадарыня Любоў усё ж лічыць, што трэба жыць творчасцю, і бычыць у ёй вялікі сэнс. "Маёй маці 75 гадоў, яна - чалавек спеўнай культуры, голас у яе моцны, яе сілкуе творчасць. Мама паходзіць з Жабінкаўскага раёна, песеннага краю. Там мы ў свой час запісалі 3 касеты вясельных песень."
Спадарыня Любоў Сі-вурава распавяла пра гісто-рыю стварэння этна-фольк гурта "GUDA":
-- У 1995 годзе я была навуковым супрацоўнікам Інстытута праблем культуры.
Па роду дзейнаці мы наведвалі розныя фестывалі з навукова-метадычнымі мэтамі. Нас вельмі ўразіла падзея ў Барысаўскім раёне ў вёсцы Мёдча, дзе праводзіўся міні рэгіянальны фестываль. Мы пазнаёміліся з Антанінай Абра-мовіч, якая кіравала мастацкім калектывам, ладзіла экспедыцыі па зборы фальклорнага матэрыялу.
На зваротным шляху ў аўтобусе мы пачалі спяваць так, як спяваюць у нас на вёсцы.
Гучней за ўсіх спявала моладзь. Адна з падарожніц, Ірына Мазюк, запрасіла нас на сустрэчы моладзевага творчага аб'яднання. З таго часу мы пачалі развіваць нашу творчую дзейнасць.
Мы сустрэліся з песнямі высокага кшталту, але пры запісе іх, ноты не фіксуюць ні тэмбральнай афарбоўкі, інтанацыі, непаўторных адценняў спеву. Таму мы запісвалі іх на магнітафон непасрэдна. Больш за 10 год мы працуем над зборам матэрыялу і не можам спасцігнуць усёй глыбіні песень. У 2000 годзе нам прадаставілі студыю на радыё, і мы на працягу чатырох гадзінаў запісалі альбом з 20-ці песень.
Аднойчы мы знайшлі нотны запіс 1911 года прыго-жай, старадаўняй песні "Медуніца", узнавілі, прыдумалі канон,- дзеліцца уражаннямі сп. Любоў.
-- Калі вяртаецца стра-чаны твор, у песні знаходзяць водгук людзі розных пакален-няў, яна становіцца актуальнай, зразумелай слухачам розных узростаў, -- гэта важна для нас.
Закладзены ў гэтым глыбокі сэнс: песня надае маральнае і эстэтычнае выха-ванне, нясе мудрасць продкаў, перадае базавыя каштоўнасці беларускага народа.
Нельга дапускаць, каб песні страчваліся з ужытку. Трэба фіксаваць як мага больш народных песень. У Літве, напрыклад, гэты культурны пласт захоўваецца пры падтрымцы дзяржавы на нацыянальным узроўні, на запісы выдаткоўваюцца сродкі, дыскі захоўваюцца ў фанатэках.
У гучанне ўносяць свае непаўторныя адценні старэйшыя прадстаўніцы нашага калектыву - Кацярына Акімава, Таццяна Яцкевіч, Вольга Тарасевіч, Вольга Карабцова.
Тры разы на тыдзень мы збіраемся, інтэнсіўна працуем над голасам, слыхам, сугуччам.
Сёння сапраўдны нефармальны лідар нашага калектыва - Вікторыя Міхно, яна ўмее ладзіць з людзьмі, умее навучыць спевам, выхоўвае моладзь. Вікторыя - біёлаг па адукацыі, скончыла аспірантуру, напісала дысертацыю.
Вольга Емяльянчык - прадстаўніца старэйшага пакалення, выкладчыца Полацкага ўніверсітэта, выкладае гісто-рыю, займаецца антрапалогіяй, рыхтуецца абараніць дысертацыю. Яна - адна з пачынальніц нашага руху. У Вольгі найлепшыя вакальныя здоль-насці.
Малады склад калектыву прадстаўляюць: Наталля Краўцова, выкладчыца БДУКіМ, праектны менеджэр, Ганна Емялёва, якая скончыла магістратуру, абараняе магістарскую дысертацыю, працуе ў музеі Вялікай Айчыннай вайны.
Дар'я Зуева -- студэнтка трэццяга курса, Наста Шыманская,Таццяна Бароўка, студэнтка БДУПУ імя Танка. Ёсць падрыхтоўчая група і новы кірунак: спевы, танцы, старажытныя народна-пабытовыя танцы, карагоды.
Мы самі шыем строі для канцэртаў, кашулі і спадніцы, альбо замаўляем майстрыцам. На кожны дзень народзінаў замаўляем і робім які-небудзь элемент строю.
Змітру Вайцюшкевічу на дзень народзінаў мы падара-валі пас, асноўны элемент мужчынскага строю.
Без вышыванага паса мужчына не мог з'яўляцца на людзях. Пас павінен яго ахоўваць.
Мы падарылі яго на доўгую дарогу і добрае жыццё і заспявалі: "Сыпце пшаніцу, карміце коняў". Так праводзілі сябры маладога з маладой. Нядаўна падаравалі капар- шапачку з вушкамі і стужкамі Вікторыі Міхно.
Нашы выканаўцы старэйшага складу замужам, га-дуюць сынкоў і дачушак. Мы перадаём жаночую абрадавую культуру, захавальнікамі і транслятарамі якой здаўна былі жанчыны", -- адзначыла Л. Сівурава.
Грэе і лашчыць вясенняе сонейка. Вясну гукаюць дзяўчаты сваім звонкімі спевамі. Пякуць птушачак на Дабравешчанне, апранаюць святочныя строі, чакаюць іх у госці сябры.
Э. Оліна.
На здымках: Любоў Сівурава, гурт "GUDA".
У Менску плануецца стварэнне мемарыяльнай дошкі мітрапаліту Мелхісэдэку
Пра гэта карэспандэнту газеты паведаміў старшыня менскага клуба "Спадчына" Анатоль Белы. Разам са "Спадчынай" устаноўкай мемарыяльнай дошкі апекуецца праваабаронца Таццяна Процька. На гэты чын, па словах А. Белага, ужо атрымана папярэдняе дабраславенне мітрапаліта Філарэта.
Акрамя згаданай ініцыятывы клубу "Спадчына" належыць шмат іншых. У большасці сваёй планы клуба на 2010 год выкладзены ў прамове Анатоля Белага на ўрачыстым паседжанні, прысвечаным 25-годдзю клуба. Прывядзём некаторыя вытрымкі з прамовы.
... Мы страшэнна адстаём у многіх кірунках. Калі гісторыя старажытнага часу больш-менш праясняецца, мы ўсе лічым, што Літва -- гэта наша зямля, наша тэрыторыя, наша дзяржава, то мы страшна адстаём у такім кірунку, як рэвалюцыйны рух на Беларусі. Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, паўстанне 1831 г. і г.д. Мы маем тут вялікі правал. І вось што я хачу прапанаваць: ёсць некалькі чалавек, якія займаюцца Каліноўскім. Ёсць ужо сайты на гэтую тэму. Я падгаварыў гэтых хлопцаў. У аднаго я прасіў, каб ён узяўся за гэта -- стварыць народны сайт, энцыклапедычны даведнік па Кастусю Каліноўскаму. У нас ёсць сілы, у нас ёсць магчымасці. Нам толькі трэба аб'яднацца: не толькі клубу "Спадчына", але і многім іншым. Я гатовы ўзяць на сябе гэтую місію, ці аддаць каму-небудзь, ці дапамагаць. Але такі энцыклапедычны даведнік проста неабходны. Калі будзе ў нас такі даведнік, мы зможам паказаць наш рэвалюцыйны рух. Без гэтага рух гістарычны не магчымы. Другая праблема гісторыі, на якую нам трэба звярнуць увагу і дапамагаць гэтай справе -- гэта стварэнне, таксама энцыклапедычнага даведніка, прысвечанага стварэнню БНР. Вось стварылі 2-томнік ВКЛ. Трэба па такому ўзору ствараць энцыклапедычны даведнік БНР. Тады перастануць ісці ўсялякія шпекуляцыі. Спачатку трэба прыкласці ўсе намаганні на сайце, у электроннай сістэме. І трэцяе. Я хацеў бы бачыць стварэнне такога гістарычнага даведніка, прысвечанага Заходняй Беларусі. Гэта неверагодны рух, гэта неверагодныя намаганні, гэта змаганне, гэта турмы -- гэта ўсё разам узятае патрабуе вось такіх высілкаў. Шкада, што тут не прысутнічае Арсень Ліс, я з ім гаварыў. Ён мог бы ўзяцца за такое стварэнне...
І апошняе. Што хацелася б бачыць у гістарычным жыцці, гістарычнай навуцы? Які б яшчэ хацелася мець гіс-тарычны даведнік? Здаецца, пра Міколу Ермаловіча напісана шмат. Але мала хто ведае, што ён выдатны паэт, дэсідэнт, што яго дэсідэнцкія рэчы апярэдзілі свой час на некалькі дзесяцігоддзяў: усё, што было створана ў Маскве, Піцеры і г.д. А па філасофскім светапоглядзе ён пераўзыходзіць самых прасунутых публіцыстаў. Адзін Мікола Ермаловіч можа зацьміць усе маскоўскія змагарныя атрады. Таму, што М. Ермаловіч змагаўся за нешта іншае. Яны змагаліся за права выезду ў Ізраіль, а ён змагаўся за Беларусь. Ужо з 1972 года ён пачынае ствараць свае дэсідэнцкія рэчы. А тыя вершы, якія ён пісаў -- гэта шыкоўныя рэчы. Запытайце вы ў любога з масцітых паэтаў, ці ведаюць яны Міколу Ермаловіча як паэта? Не, не ведаюць, і не хочуць ведаць! Ва ўпор не заўважаюць. А чаму? Яны ведаюць, калі ўвесці ў літаратурны абіход Міколу Ермаловіча, то трэба цалкам мяняць канцэпцыю літаратурнага працэсу ў Беларусі. А ім гэтага не хочацца. Як не хацелася гісторыкам мяняць канцэпцыю раз-віцця гісторыі Беларусі, таму што яны прывыклі да іншых успрыняццяў. Так і цяпер нашым масцітым-літаратарам няма жадання мяняць канцэпцыю літаратурнага працэсу. Вось у чым уся сутнасць. Трэба таксама зрабіць такія намаганні і выдаць энцыклапедычны даведнік, прысвечаны Міколу Ермаловічу. Тады спыняцца ўсялякія шпекуляцыі. Клуб "Спадчына" выдаў такі даведнік пра Ермаловіча. Вось тут сядзіць спадар Валера Мазынскі. Ён шэсць гадзін рабіў аўдыёкнігу. Зрабіў ён яе на выдатна. Я яе бачыў наяву і на сайце, у Інтэрнэце. Гэтага мала. Трэба больш шырока паказаць ролю Ермаловіча. Тады знік-нуць усялякія непаразуменні.
... У мяне на сайце ёсць адна жанчына, якая вельмі прыгожа падае народны бела-рускі каляндар. І гэта выдатна. Але ж я хацеў бы, каб да гэтага календара падключыўся наш Белсат. І каб мы кожны дзень паказвалі не толькі нашы свя-ты, але каб гучала наша беларуская песня. У нас ёсць песні на кожны перыяд года. Трэба думаць аб гэтым. Я думаю, што спадар Мазынскі мог бы вельмі дапамагчы ў гэтай справе. Вы маглі б стаць аб'я-днаўчым цэнтрам. Вось тут сядзіць Алесь Лозка. Давайце падумаем, і сумесна вырашым гэтую праблему. Тут трэба мець Белсат, які даў бы нам дазвол кожны дзень выконваць якую-небудзь беларускую песню. Тут патрэбна аб'яднан-не партый, якія змаглі б стварыць сваю перадачу, ці сваё радыё, ці сваё тэлебачанне, на якіх будзе гучаць беларуская песня, беларуская мова. Тады мы вернемся з ацапянення, якое напала на нас...
... Вось тут у нас прысутнічае Пасол Чэхіі. Я дам яму слова. Калі ласка, пан Пасол. Я вас прашу, зрабіце ўсе намаган-ні, каб у Чэхіі мы змаглі паставіць помнік Ларысе Геніюш, стагоддзе з дня народзінаў мы адзначаем у 2010 г. Справа вось у чым, ёсць такая катэгорыя "максімум чалавечы". Адна справа, як вылічыць свой "максімум чалавечы", і другая справа, як вас ацэньваем мы пры выкананні гэтага максімуму. Калі вы дапаможаце нам паставіць помнік Л. Геніюш у Чэхіі, якая жыла ў вас пэўны час, то я заяўляю, што буду ганараваць вас не срэбным пяр-сцёнкам, а залатым. Няхай маё слова будзе даражэй за золата. Вось такая просьба да вас...
... Я знаходжуся ў Чырвоным Касцёле. Гэта святое месца... А ёсць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. Гэта наш прарок. Няхай бы касцёл паклапаціўся, каб там хоць шыльдачку прароку нашаму змясціць. Вось ёсць Вінцэнт Гадлеўскі. У 1942 годзе яго расстралялі ў Трасцянцы. Ён прыняў пакутніцкую смерць. Чаму б нам, вернікам, не паклапаціцца пра Гадлеўскага. Гэта таксама наш прарок. Касцёл пакуль маўчыць пра гэта. А чаму не папрасіць стварэння помніка Гадлеўскаму.
Паводле Анатоля Белага.