Папярэдняя старонка: 2010

№ 15 (958) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 15 (958) 14 КРАСАВІКА 2010 г.


Сакратарыят грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выказвае самыя шчырыя спачуванні братняму польскаму народу ў сувязі з гібеллю ў авіяцыйнай катастрофе пад Смаленскам лепшых сыноў і дачок незалежнай Польшчы.

Няхай зямля ім будзе пухам, а памяць пра іх з'яднаецца з памяццю Катыні.


125 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага

Сымон РАК-МІХАЙЛОЎСКІ нарадзіўся 2(14) красавіка 1885 г. у вёсцы Максімаўка Вілейскага павету Віленскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці). Паходзіў з сялян. Бацька, Аляксандр, і маці, Марцаліна (дзявочае прозвішча Рудзь), працавалі на гаспадарцы. У 1900-1904 Сымон вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, затым працаваў настаўнікам на Маладзечаншчыне. Праводзіў шырокую культурна-асветную працу на вёсцы, збіраў беларускі фальклор.

У час рэвалюцыі 1905-1907 агітаваў людзей выступаць супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці. Сяляне выбралі яго хадаком у Дзяржаўную думу. Пасля паражэння рэвалюцыі, вымушаны быў з'ехаць у Крым. У Феадосіі скончыў педінстытут (1912). Настаўніцкую працу працягваў на радзіме: арганізоўваў беларускія школы, прапагандаваў вызваленчыя ідэі, стаў сябрам БСГ. У 1914-1917 у царскай арміі. Знаходзячыся на Румынскім фронце, праводзіў рэвалюцыйную агітацыю. З 1917 актыўна дзейнічаў на палітычнай арэне ў Менску. Паспяваў усюды, дзе толькі ўзнікалі спробы арганізацыі дзяржаўнага жыцця беларускага народа, прапануючы свае формы і сродкі рэалізацыі вызваленчых ідэй.

У сакавіку 1917 удзельнічаў у з'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый; у кастрычніку арганізаваў Беларускі вайсковы з'езд і ўзначаліў створаную на з'ездзе Цэнтральную Вайсковую Раду (пазней, у 1919, чалец Беларускай Вайсковай Камісіі), прымаў удзел у III з'ездзе БСГ і выбраны ў яе ЦК. У снежні ўдзельнічаў ва Ўсебеларускім Кангрэсе. У 1918 стаў чальцом Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У гэты ж час многа энергіі аддаваў арганізацыі беларускага школьніцтва: ствараў школы на вёсцы, у Менску ўзначальваў 10-месячныя курсы для беларускіх настаўнікаў. Адзін са стваральнікаў і сябар ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918-1920 жыў з сям'ёй у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі (выкладаў арыфметыку). У 1920-1922 працаваў дырэктарам і настаўнікам матэматыкі ў Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах (цяпер Ашмянскі раён). Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.

У 1922 Сымон Рак-Міхайлоўскі быў выбраны дэпутатам польскага сейму, прымаў актыўны ўдзел у рабоце Таварыства Беларускай Школы (ТБШ). З 1923 чалец Цэнтральнай Школьнай Рады (з 1926 - Галоўнай Управы) ТБШ. Адзін з ініцыятараў стварэння і намеснік старшыні ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады (1925). Чалец КПЗБ з 1926.

У сярэдзіне 20-х гг. С. Рак-Міхайлоўскі вёў мноства грамадскіх і творчых справаў, якія служылі гуртаванню жы-хароў Заходняй Беларусі.

У 1927 у сувязі з разгромам БСРГ арыштаваны, прысуджаны да 12 гадоў зня-волення ў турме. У час следства знаходзіўся ў турмах Вільні, Уронкаў, Каранова. Згодна з рашэннем апеляцый-нага суда ў 1930 выйшаў на волю, пабываў у роднай вёсцы Максімаўка.

У 1931 кампартыя пераправіла яго з сям'ёй у Менск. Тут С. Рак-Міхайлоўскі працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, быў чальцом ЦВК БССР (1931-32). Стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. 9 студзеня 1934 г. быў арыштаваны і асуджаны на 10 год канцлагераў. Па некаторых звестках, быў высланы на Поўнач у Салаўкі.

У 1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Менску 27 лістапада 1938 г.

У Максімаўцы С. Рак-Міхайлоўскаму пастаўлены памятны камень з мэмарыяльнай дошкай. У Маладзечне яго імем названа вуліца.


90 гадоў назад нарадзіўся Аляксей Карпюк

КАРПЮК Аляксей Нічыпаравіч (н. 14.4. 1920, в. Страшава, Беластоцкае ваяв. Польшча - 14.07.1992), бела-рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Гарадзенскі пед. ін-т (1949), Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац. вызв. руху ў Заходняй Беларусі, Айчыннай вайны. У 1949-59 на педагагічнай і журналісцкай рабоце; у 1965-70 і з 1978 сакратар Гарадзенскага аддзялення СП БССР, у 1977-81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні. Першы твор - аповесць «У адным інстытуце» (1953). У аповесці «Данута» (1959) паказаў фармаванне характару і светапогляду заходнебеларускага юнака, яго шлях да барацьбы за сац. і нац. вызваленне. Рэальную аснову аповесці «Пушчанская адысея» (1964) складаюць падзеі з жыцця аўтара, вязня фаш. канцлагера Штутгаф, пасля ўцёкаў - партызана, камандзіра партыз. атрада на Беласточчыне. Раман-быль «Вершалінскі рай» (1972) вызначаецца антысектанцкай сатырычнай скіраванасцю. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), "Сучасны канфлікт" (1983), "Рэквіем" і "Белая дама" (1991), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), "Вольга Корбут" (1977, у суаўт.) Насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстыч-насць, унутраная эмацыянальная напружанасць і стрыманасць голасу, рамантычнасць пафасу - вызначальныя рысы яго творчасці. Творы Карпюка перакладзены яа рус, укр., літ., лат., польскую і чэшскую мовы. За кнігу прозы "Сучасны канфлікт" Літаратурная прэмія імя Івана Мележа (1985).


Віншуем з юбілеем!

У кожнага з нас у жыцці ёсць людзі, якіх мы любім толькі за тое, што яны ёсць, за тое цяпло, якое яны выпраменьваюць, за тую дабрыню і творчую энергію, якой яны дзеляцца з намі пры кожнай сустрэчы, таму што проста не могуць іначай, не могуць не дзяліцца тым скарбам душы, якім валодаюць. Ведаць такога чалавека - вялікае шчасце і ўдача ў жыцці, а вучыцца ў яго - удача ўдвая. Выдатная настаўніца, навуковец і творчая асоба, паэтка і перакладчыца, Алена Уладзіміраўна Таболіч , выкладаючы ў лінгвістычным універсітэце, уласным прыкладам натхняе сваіх студэнтаў творча падыходзіць нават да штодзённых руцінных заняткаў, адкрываючы новыя таленты сярод іх. А для іх часта так і застаецца загадкай, як адзін чалавек можа спалучаць у сабе столькі разнастайных здольнасцяў.

Алена Уладзіміраўна проста не магла не стаць паэткай. Нарадзіўшыся ў вельмі жывапісным куточку Беларусі, невялікай вёсачцы Горна, што на Зэльвеншчыне, яна з дзяцінства ўвабрала ў сябе незвычайную прыгажосць роднай зямлі. "Мае мары не ў Менску, / мае мары лятуць / праз узгоркі, / Дзе шлях маіх продкаў / быў светлы, і цяжкі, і горкі, / Дзе вочкі валошкі / мне хочуць у жыце / ўсміхацца, / Дзе ў роскашы вытканай / з зёлак дзівосных, захочаш / навекі застацца." У кожным радку гэтага верша "Песня гарнянкі" адчувецца вялікая любоў да роднага краю. Але чытаеш - "Маё сэрца не ў Менску!" і чуеш другі цудоўны радок "My heart's in the Highlands…" ("Маё сэрца ў горах…"). Алена Уладзіміраўна не толькі прыдумала выдатнае наследаванне, апісаўшы сваю радзіму ў стылі Роберта Бёрнса, але і перадала яго геніяльны твор пабеларуску. Яе незвычайны дар - адчуваць прыгажосць не толькі роднай, але і ангельскай паэзіі - мае свае карані ў далёкай гісторыі роду Алены Таболіч. Справа ў тым, што дзявочае прозвішча Аленінай маці - Ляўдар - завезенае ў Беларусь акурат з Шатландыі, з рамантычнай горнай Скотыі, як называў сваю радзіму Бёрнс. Ці не таму перакладчыцу з вёскі Горна, што прытаілася між лясістых беларускіх пагоркаў, адразу пацягнула да сапраўдных вяршыняў, на якія багатая яе прарадзіма.

Была ў жыцці Алены Уладзіміраўны адна сустрэча, якая не магла не паўплываць на яе лёс. У далёкім 1962 г. светлым велікодным днём у зэльвенскай царкве да яе нечакана падышла незнаёмая жанчына і загаварыла з ёй. Гэта была выдатная беларуская паэтка Ларыса Геніюш, якая адчула ў маладзенькай дзяўчыне ў моднай гарадской сукенцы цікавага чалавека. Дзяўчына аказалася студэнткай апошняга курса сталічнага інстытута замежных моваў. На развітанне паэтка наказала спасцігаць і дасканаліць чужыя мовы, але любіць і берагчы найперш родную, беларускую.

Так і сталася. Абараніўшы дысертацыю па прасодыі ангельскай мовы, Алена Таболіч займаецца супастаўляльным вывучэннем ангельскай і беларускай моваў, з'яўляецца адной з аўтарак "Англійскабеларускарускага слоўніка" (1989, 1995, 2004) а таксама шматлікіх артыкулаў і дапаможнікаў па ангельскай мове. Працяглы час яна перакладала англамоўную паэзію толькі для сябе, не дбаючы пра публікацыі. Яе пераклады, якія яна выкарыстоўвала на занятках па фанетыцы ангельскай мовы і мастацкім перакладзе з ангельскай мовы на беларускую, заставаліся вядомымі толькі яе студэнтам. Самая вялікая радасць адчуваецца чалавекам толькі тады, калі ён можа ёю падзяліцца. І Алена Таболіч сваёй радасцю ад судакранання з класічнай англамоўнай паэзіяй падзялілася ў кнізе "Срэбны дождж" (1999). Упершыню ў Беларусі пабачыла свет перакладная анталогія з паралельнымі арыгінальнымі тэкстамі. Большасць з пяцідзесяці твораў, якія складаюць зборнік, - якраз тыя, па якіх Алена Уладзіміраўна вучыць студэнтаў ангельскай мове і паэтычнаму перакладу. Задумвалася кніга як ужытковы матэрыял для заняткаў са студэнтамі, а ў выніку атрымалася цудоўнае падарожжа па эпохах і кантынентах з Рычардам Олдынгтанам, Огдэнам Нэшам, Уільямам Блэйкам, Джонам Кітсам, Лоры Лі, Томасам Мурам, Робертам Стывенсанам ды іншымі. Мінулася некалькі хуткаплынных гадоў, і беларускія чытачы атрымалі ад яе новы падарунак - "Ліхтарык глогу" - другую кнігу паэтычных перакладаў, якая сабрала перастварэнні вершаў брытанскіх, амерыканскіх, ірландскіх, шатландскіх і валійскіх паэтаў. Паэтаў, вядомых у свеце, але, на жаль, амаль нязнаных у Беларусі. Адметнасць кнігі яшчэ і ў тым, што ў ёй змешчаныя і пераклады з беларускай мовы на ангельскую. І як тут не згадаць, што і на гэтай дзялянцы Алена Таболіч мае добрыя набыткі. Яна - сярод перакладчыкаў кнігі Рыгора Барадуліна "Ксты", якая вылучалася на Нобелеўскую прэмію.

Так Алена Уладзіміраўна з гонарам выконвае наказ сваёй славутай зямлячкі і працягвае рупліва працаваць на карысць роднай краіны, каб яшчэ больш англамоўных паэтаў загаварылі пабеларуску, і каб англамоўны свет змог адчуць і ацаніць прыгажосць беларускай паэзіі.

Сябры ТБМ.


Амялішка: паспяховы дэбют

Мінулы год парадаваў гарадзенскую грамадскасць запамінальнымі выданнямі. З цікаўнасцю віталі прадстаў-леныя кнігі А. Карпюка "Развітанне з ілюзіямі ", Д. Бічэль "Хадзі на мой голас ", П. Сеўрука "Напісанае застаецца ", кнігу А. Чарнякевіча пра Гародню. Завяршыўся год знаёмствам з кнігамі Міхася Амялішкі " Заблудныя " і "Гучыць наш хор ".

Міхась Васільевіч вядомы як актыўны сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, як былы выкладчык фізікі Гарадзенскага сельска-гаспадарчага інстытута, а цяпер мы пазнаёміліся з ім як з "лірыкам" - сваімі кнігамі ён даказаў, што "фізікі" могуць працаваць і ў "лірыцы", хаця літаратурнай творчасцю ён заняўся ўжо пасля выхаду на пенсію. Такі ўжо ён чалавек, што абранай справе аддаецца поўнасцю, не адхіляючыся на іншыя.

Кніга " Заблудныя " па жанру - раман-успамін, як патлумачыў сам аўтар, пераносіць нас у 20 - 30-я гады мінулага стагоддзя на крэсы ўс-ходнія - у Заходнюю Беларусь і складаецца з двух частак: "Гаёвы " і " Гаспадар ". У цэнтры твора - гісторыя беларускай сям'і Амялішкаў і яе адносіны з жыхарамі вёсак Бортнікі і Вольна, мястэчка Сноў і Нясвіжа: сялянамі і панамі, гандлярамі і чыноўнікамі, перабежчыкамі і эмігрантамі, інтэлігентамі. Аўтар не паддаўся на савецкія шаблоны апісання прыгнечанага становішча беларусаў пры польскай уладзе. Ён апіраўся на ўласны досвед, на ўспаміны і аповяды сваіх бацькоў, родных і землякоў, на сведчанні незаангажаваных гісторыкаў і стварыў праўдзівую карціну жыцця беларусаў на сумежжы дзвюх дзяржаў - Польшчы і Беларусі-СССР, дзвюх палітычных і ідэалагічных сістэм. Той разлом, што раскалоў Бе-ларусь, прайшоў і праз душы і свядомасць беларусаў па абодва бакі мяжы і прымусіў іх шукаць лепшай долі на процілеглым баку.

- Міхась Васільевіч, хто гэтыя "заблудныя"? У чым яны заблудзіліся? - спыталі ў аўтара на вечарыне тыя, хто яшчэ не паспеў прачытаць кнігу.

Адказ шукае і Васіль Амялішка, селянін, гаёвы (ляснік) на дзяржаўнай службе. У гутарках з карчмаром Ёселем, з мясцовымі настаўнікамі ён жыва цікавіцца падзеямі за мяжой - у савецкай Беларусі, у СССР, у Германіі, дзе да ўлады прышлі нацысты. Яму карціць даведацца ад заходніка, якому пашанцавала збегчы з будаўніцтва Беламорканала, ці " у Саветах лепшае жыццё, чым у нас", а прыехаўшага пагасцяваць з Амерыкі земляка-эмігранта ён распытвае аб жыцці за акіянам. Па роду ягонай працы яму даводзіцца сустракацца ў лесе з людзьмі, якія пераходзяць мяжу з рознымі мэтамі: хто ўцякае ад савецкіх карных органаў, хто ідзе праводзіць агітацыйную работу. І ён бачыць вынікі гэтай прапаганды: хава-ючыся ў лесе, некаторыя з "заблудных" імкнуцца перайсці мяжу і трапіць у СССР; іншыя, сабраўшыся ў карчме, настойліва хочуць даведацца, ці праўда, што "Саветы за мяжой задарма аддаюць сялянам зямлю, а рабочым фабрыкі і заводы".

Аўтар твора не ідэалізуе дзяржаўныя парадкі ў даваеннай Польшчы, паказвае рост незадаволенасці часткі сялян умовамі жыцця, жорсткую расправу з адным, на іх думку, крыўдзіцелем-гаёвым. Герой твора, Васіль, бачыць беднасць і беззямелле заходнебеларускай вёскі, вымушанасць эмігра-цыі з Заходняй Беларусі, задушэнне беларускай мовы і школы, разумее, чаму сяляне кра-дуць дзяржаўны лес. Таму ён і іншыя героі кнігі мараць аб адбудове сваёй незалежнай беларускай дзяржавы, успамінаюць яе складаную гісторыю.

У сувязі з гэтым хацелася б параіць Міхасю Васільевічу падыйсці больш дакладна да выкарыстання гістарычнай лексікі пры адлюстраванні пэўных гістарычных эпох (размовы аб кастрычніцкім перавароце, палітыцы Савецкай дзяржавы, становішчы ў са-вецкай Беларусі, міжнароднай палітыцы і інш.).

Сацыяльная лінія ў кнізе ўдала перамяжаецца лірычнымі, бытавымі, сямейнымі сцэнамі. Мы з хваляваннем чытаем апісанне трагічнага кахання маладых паноў Слізняў і простых сялянскіх хлопцаў і дзяўчат. М. Амялішка паказаў сябе добрым знаўцам вясковага жыцця, абрадаў, пабыту сялян, якія ён назіраў у бацькоўскай хаце: з веданнем справы рас-казвае аб выпечцы хлеба ў вясковай печы, аб радасным і святочным абрадзе зажынак, аб падрыхтоўцы да касавіцы, аб паездцы ў сваты, аб шматлікіх гаспадарчых клопатах каля хаты, у полі, на лузе. Героі кнігі не ўяўляюць свайго жыцця без працы - крыніцы дабрабыту сям'і і школы выхавання дзяцей, фармавання гуманнай маралі.

Ва ўсёй кнізе звяртае на сябе ўвагу культура адносінаў у беларускай сям'і паміж дарослымі і дзецьмі, паміж грамадзянамі ў грамадстве. Па-ўсюль адчуваецца праўдзівасць, шчырасць, адкрытасць у размовах, павага да чалавека, адсутнічаюць насілле, гвалт, прымус. Часта гучаць выразы: "калі ласка", "пан гаёвы", "пані Ядвіга", "прашу прабачыць", "ці магу затрымаць вас" і г.д. Вось звяртаецца пані Слізнёва да Андрэя Амялішкі:

- Пане Андрэй, я хацела б запрасіць Вас да сябе ў палац і параіцца... Ці маеце час?

- Так, шаноўная пані, маю ...

Яшчэ прыклад - зварот сялян да крамара:

- Пан Ёсель, скажыце, калі ласка, ці праўда, што Саветы задарма аддаюць зям-лю сялянам?..

Духоўная культура, добразычлівасць герояў кнігі праяўляюцца і ў іх адносінах да навакольнай прыроды: гаёвы Васіль тонка адчувае перамены ў жыцці лесу і яго насельнікаў, з захапленнем расказвае дзецям аб яго прыгажосці ў розныя поры года.

Такімі ж чулымі да прыроды з'яўляюцца і яго жонка Надзя і іншыя члены сям'і Абрамчыкаў. Яны паўстаюць перад намі як добрыя, сумленныя, чулыя людзі і ўвасабляюць лепшыя якасці нашага народа.

У тым і каштоўнасць кнігі М. Амялішкі "Заблудныя ", што ён на прыкладзе сваёй сям'і змог шчыра і праўдзіва расказаць і аб гісторыі сваёй вялікай сям'і - Беларусі.

Другая кніга Міхася Амялішкі " Гучыць наш хор " вяртае нас у зусім нядаўнія гады - у канец мінулага стагоддзя, калі на хвалі перабудовы пачаўся новы этап нацыянальнага духоўнага адраджэння. Абудзіўся інтарэс да праўдзівай гісторыі Беларусі, да беларускай мовы, культуры. У краіне ўзніклі нефармальныя саюзы, клубы, суполкі, якія аб'ядноўвалі людзей неабыякавых да лёсу сваёй краіны, тых, хто хацеў садзейнічаць яе духоўнаму адраджэнню. У Менску ствараюцца суполкі "Талака" і "Тутэйшыя", у Гародні - "Паходня".

І з першых сваіх крокаў, мерапрыемстваў у пахаднянцаў узнікла патрэба стварыць свой хор беларускай духоўнай музыкі. На працягу пяці гадоў дзякуючы намаганням і пошукам сяброў клуба "Паходня" і найперш яго кіраўніка Міхася Ткачова ў 1991 г. быў створаны хор, пазней названы "Бацькаўшчына". Першы і нязменны яго стараста Міхась Амялішка ў сваёй кнізе прасочвае яго шлях за пятнаццаць гадоў, расказвае, якія цяжкасці пераадолелі яго арганізатары ў пошуках мастацкага кіраўніка, у падборы ўдзельнікаў, музычнага рэпертуару, памяшканняў для рэпетыцый. За гады сваёй дзейнасці хор "Бацькаўшчына" падарыў удзячным слухачам звыш трохсот канцэртаў, наведаў з духоўнымі спевамі дзясяткі гарадоў, мястэчак і вёсак нашай краіны, прынёс мілагучнае беларускае слова ў Літву, Польшчу, Украіну, Данію, Нямеччыну, Фран-цыю. Аўтар цікава апавядае, з якім замілаваннем сустракалі энтузіястаў, аматараў хору ў наведаных імі краях.

Міхась Васільевіч зна-ходзіць цёплыя словы, каб адзначыць самаадданую працу ў хоры многіх яго ўдзельнікаў - сапраўдных адраджэнцаў беларускай духоўнай песні. І ў першую чаргу адзначае нястомную працу яго мастацкага кіраўніка Веры Васільеўны Кунцэвіч. Яна не толькі кіраўнік хору, але і ініцыятар многіх паездак, канцэртных выступленняў, яе намаганнямі створаны папулярны творчы калектыў.

Заслуга хора "Бацькаўшчына" у тым, што ён нясе слухачам, прыдушаным камерцыйнай папсой, высокія духоўныя каштоўнасці на сваёй мове, выхоўвае цікавасць да нашай, беларускай культуры. А ў заслугу сп. Амялішкі аднясём тое, што ён выканаў вялікую працу - напісаў каштоўную кнігу аб гісторыі ўнікальнага творчага калектыву, хору "Бацькаўшчына", у стварэнне якога і ён уклаў шмат намаганняў.

У заключэнне трэба сказаць, што дэбют Міхася Амялішкі як "лірыка", аўтара літаратурна-мастацкіх твораў аказаўся паспяховым, удалым, і пажадаем яму новых поспехаў у далейшай працы.

Іван Буднік, сябар ТБМ, г. Гародня.


АЛЯКСЕЮ ПЫСІНУ ПРЫСВЯЧАЕЦЦА…

…З гліны, з праменняў, з роднага слова

Свет свой па-свойму ляпіць…

Аляксей Пысін

У панядзелак, 22 сакавіка, у Магілёве, у Палацы культуры вобласці адбылася літаратурная вечарына "Голас памяці", прысвечаная 90годдзю выдатнага паэта, ураджэнца Магілёўшчыны Аляксея Пысіна. Арганізатары імпрэзы - Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, клуб "Натхненне" і Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 70 магілёўцаў.

Вядоўцы вечарыны, адным з якіх быў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзячкоў, на працягу імпрэзы знаёмілі прысутных з жыццёвымі пуцявінамі паэта. А лепш уявіць сабе жыццёвы і творчы шлях Аляксея Пысіна дапамагала цудоўная прэзентацыя фотаздымкаў, падрыхтаваня супрацоўнікамі гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса спецыяльна да 90годдзя нашага выдатнага зямляка, і кніжная выстава, прысвечаная творчасці А. Пысіна.

На працягу імпрэзы магілёўскія школьнікі чыталі вершы Аляксея Пысіна, а сябры паэта літаратары Віктар Арцем'еў і Іван Аношкін дзяліліся ўспамінамі пра нашага знакамітага земляка. Цікава, што В. Арцем'еў пачаў сваё выступленне са шкадавання, што на такой вечарыне не прадстаўлены мясцовыя ўлады, а І. Аношкін выказаў нязгоду, зазначыўшы, што ўлады заўсёды добра ставіліся да Аляксея Пысіна. Так, напрыклад, А. Пысіну ў Магілёве далі кватэру, а пасля смерці паэта ўсталявалі памятную шыльду на доме, дзе ён жыў і працаваў. "Але каб працаваць у гэтай кватэры, паэт вымушаны быў пісаць у ванне", парыраваў В. Арцем'еў, расказаўшы пра няпростыя жыллёвыя ўмовы А. Пысіна. А вось Алег Дзячкоў дадаў, што "хоць ўлады і ўсталявалі мемарыяльную шыльду, але па старой добрай савецкай традыцыі зрабілі на ёй памылку".

Аўтар музыкі на вершы Аляксея Пысіна Мікалай Яцкоў выканаў некалькі песняў ("Твае далоні", "Пяць патронаў", "Паязды"), а Галіна Сёміна, выканаўшы песню на словы А. Пысіна, падарыла прысутнай у зале дачцэ паэта Любові Аляксееўне дыск з запісам песні. Дарэчы, акрамя Любові Аляксееўны, на вечарыне прысутнічалі і два ўнукі паэта, якіх у гонар дзеда таксама назвалі Аляксеямі.

Скончылася ж вечарына нязмушанай сяброўскай размовай паміж яе ўдзельнікамі і фотаздымкамі на памяць з дачкой і ўнукамі Аляксея Пысіна.

Юрась Каласоўскі, Магілёў.


Вечарына памяці Ларысы Геніюш

7 красавіка ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў рамках праграмы "Будзьма" грамадскасць сталіцы зладзіла літаратурную вечарыну памяці Ларысы Геніюш. Менавіта ў гэты дзень у 1983 годзе не стала легендарнай паэткі, якая за сваю любоў да Беларусі была засуджаная на 25 гадоў сталінскіх ГУЛАГаў, але не скарылася савецкай уладзе і да канца дзён засталася грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёлетні год грамадскасцю краіны абвешчаны годам Ларысы Геніюш.

Імпрэза пачалася голасам паэткі. А на экране ноўтбука адзін за адным выплывалі рэдкія фотаздымкі з яе асабістага архіву, выявы мясцінаў, дзе яна жыла. Асабліва ўразіў краявід ваколіцаў лагера Абезь, дзе Ларыса Геніюш адбывала зняволенне.

Даследчык творчай спадчыны паэткі Міхась Скобла сказаў, што на імпрэзе прагучыць дванаццаць невядомых яе вершаў, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук:

Там, дарэчы, цэлыя радовішчы вершаў Ларысы Геніюш, лістоў яе, празаічных твораў. Прыносяць табе гэтую тэчку, там ёсць такі ліст карыстальніка, і за дваццаць пяць гадоў ён ні разу не запоўнены, ніхто не чытаў яшчэ гэтых архіваў. Канешне, тут трэба добрым словам згадаць Адама Восіпавіча Мальдзіса, які ў 1983 годзе літаральна выхапіў гэты архіў, выратаваў гэты архіў з рук зэльвенскіх начальнікаў.

Дванаццаць ненадрукаваных раней вершаў з гэтага архіву чыталі на вечарыне знаныя асобы. Некаторыя з іх былі асабіста знаёмыя з Ларысай Геніюш. Прыгадвае мастак Аляксей Марачкін :

Я памятаю, як мы пазнаёміліся з ёй бліжэй на з'ездзе Саюзу пісьменнікаў. Са мной былі Мікола Купава і Яўген Кулік. Яна, убачыўшы нас, так ласкава звярталася: "Ах, Кулічок ты мой Кулічок!.. А ты - Купаўка! А Марачкін - вядзьмак ты, вядзьмак родны!" У мяне тады былі даўгія валасы, але я не ведаю, што яна мела на ўвазе.

Свае згадкі пра паездку ў Зэльву да легендарнай паэткі ў гісторыка Алега Трусава :

Нас там было трое. Яна нам чытала вершы можа больш за гадзіну, у тым ліку і славуты верш "Зубры". А зараз я вам прачытаю верш "Мой дом". Гэта якраз апісанне тога дома, дзе я быў увосень 1978 году.

Многія з прысутных гаварылі пра страх, які не дазваляў ім у свой час пазнаёміцца з рэпрэсаванай паэткай, якая, дарэчы, і да сёння не рэабілітаваная.

Валянціна Аксак.


Выдадзеная паэма Алеся Клышкі пра Менск і менчукоў

Менскае выдавецтва "Смэлтак" выдала паэму Алеся Клышкі "Мінская зямля". У 80-старонкавае ілюстраванае літаратурнамастацкае выданне ўвайшлі паэма Алеся Клышкі "Мінская зямля" і ўспаміны яго старэйшай сястры Ірыны Клышкі "Што табе сніцца, стары дом?".

У выданні выкарыстаныя здымкі з сямейнага архіва Клышкаў, а таксама з паштовак, каляндароў і даведнікаў, прысвечаных сталіцы.

У прадмове да выдання яго рэдактар Сяргей Чыгрын заве паэму "маленькім гімнам Менску, менскай зямлі і менчукам", "паэмайразважаннем пра сваю сям'ю, пра людзей, якія жылі побач", "паэмайпамяццю, паэмайсумленнем, паэмай-настальгіяй".

Сваю паэму аўтар пачаў з маці, пачаў з малітвы маці: "Божа мілы, дзень распачаць не маю сілы, сям'ю чым сёнкя накарміць, з адчаю сэрцайка баліць...". I дзеці разумелі, што цяжка ўсім, але дзеці хацелі есці. А ў Менску, як і па ўсёй Беларусі, у пасляваенныя гады жыць было даволі няпроста...

У кожнай частцы твора ёсць свой эмацыянальны ключавы матыў. Ён разрастаецца, нарошчвае вакол сябе нейкія гукавыя сугалоссі, алітэрацыі, асанансы, падхоплівае сэнсавыя значэнні, адценні трагічнага, смешнага і настальгічнага пачуцця, становячыся глыбокім матывам перажывання.

У паэме "Мінская зямля" Алеся Клышкі праявілася наватарская ў сваёй сутнасці канцэпцыя ўзвышанага, канцэпцыя глыбокага бачання ўсіх пластоў народнага жыцця, бачання многіх радасцей і пакут, хмарных дзён і жыццёвых прасветлін. Героі паэмы надзелены чуйнасцю самога аўтара. I гэта надало паэме нейкай мудрай і чароўнай сілы. А сіла гэта ў любові да роднай мовы, да спадчыны бацькоў і да нашай зямлі. Верыцца, што новая кніга Алеся Клышкі пакіне прыкметны след у гісторыі менскай зямлі і нашай літаратуры.

Наш кар.


Пераможца дыктоўкі ў Віцебску

Па выніках агульнанацыянальнай дыктоўкі, праведзенай у Віцебску, пераможцай прызнана Алена Георгіеўна Сакалова , сябра Віцебскай абласной Рады ТБМ, выкладчыца англійскай мовы Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа.


Наперад! Ур-а-а-а!!!

Апавяданне

Інваліду Вялікай Айчыннай вайны другой групы з 1946 года, бацьку
(айчыму) Мікалаю Мікітавічу Скуцэню (1920 -1997)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Яны беглі міма Капусты, як і міма дзесятка іншых байцоў, сержантаў, афіцэраў. Наперад, браткі. Сярод зялё-нашынельнікаў няма герояў і патрыётаў, хутчэй іх трэба зні-шчыць.

- Ура-а-а! За Радзіму, ура!

Упаў, усхапіўся, ківаў наперад перабітаю рукою вясёлы дружбацкі ўкраінец Віць-ка Каланча, хлопчык, які ўвесь час гаварыў пра сваю вясковую дзяўчыну, не заўважаў цяпер белізны твару пасябрукоў і ўласнага, не адчуваў болю і слабасці. Глеб Марозаў ужо не крычаў, сляпымі і спакойнымі вачыма ўзіраўся ў чыстае і назаўжды яснае для яго неба. Няўмела, з цяжкасцо Зураб Жванія заціскаў руку перавязкавым бінтам.

Ніхто не супыняўся. Атака! Ярасныя злыя людзі набягалі на нямецкія траншэі. Кожны мінаў сябра і прыяцеля, мёртвага ці жывога яшчэ, але ўжо не ў агульных шэрагах, наліваўся гарачаю лютасцю.

Наперад! За сябе і паплечніка, наперад.

Гэта былі ўжо не проста байцы. Кожны гатовы сам упасці (хоць не думаў пра гэта і марыў пра іншае - пра жыццё), але не супыніцца. Гладыя-тары выконвалі абавязак.

Хто дабяжыць, не ведалі, але беглі ўсё імклівей... Бліжэй праклятыя траншэі, меней прыгінаюцца воіны. Рэдкі паўзе.

Паляцелі гранаты. Адзін рывок - і мы ўжо там! Памажы вінтоўка і будзь вернай рука. Не падвядзі вока. Памажы, Божухна!

У наступе пяхота - царыца палёў, каралева бітваў. У наступе адкрытыя кожнай кулі і асколку людзі, нічым, апрача вопраткі, не прыкры-тыя і ад усведамлення сваёй мажлівай параненасці, яшчэ болей жахотныя. Атака!

Парадзелыя хвалі са-вецкіх салдат дасяглі нарэшце першых нямецкіх траншэй. Каму пашчасціла прабегчы, прахістацца, прапаўзці трыста з лішнім метраў нічыйнай зямлі, ужо выразна бачыў асабістых, звекавечна асабіста-праклённых ворагаў. Стралялі ў гітле-раўцаў на хаду, ужо прыцэль-на. Кожны выбіраў мішэню імгненна, аўтаматычна, біў ворагу ў галаву і грудзі. Каб напавал, дашчэнту.

Зусім парадзелая хваля бязлітасных, азвярэлых людзей укацілася ў траншэі зялёна-шынельнікаў. Літасці чакаць нельга было, праявіць літасць не было як. Або ты -або цябе. Гэта ведалі людзі над траншэямі і людзі ў траншэях.

Немцы і венгры не вы-трывалі. Пабеглі. Выскоквалі, аўтаматамі з пояса, прыцэльна білі па праклятых рускіх. Кідалі гранаты. Беглі назад. Хутчэй, барджэй назад. Уцякалі.

Няскладны, знешне слабы Іван Кітаеў у траншэі лоўка калоў штыком, біў пры-кладам, не азіраўся ні на кога. Не мог азірнуцца. Мікалай Макарэня, такі ж перакошана-твары і лёгкі, бачыў людзей у траншэі і ўкрыццях, ча-ла-ве-каў - і нікога не выдзяляў, не мог выдзеліць. Кожнаму адно-лькавая ўзнагарода. Для Ма-карэні людзі сталі розніцца колерам вопраткі, формаю каскі, відам зброі. Старшы лейтэнант Вячаслау Малібога з фінкаю у адной руцэ і нага-нам у другой; афіцэр сумленна рабіў салдацкую няўдзячна-чорную працу. Слова састу-піла месца дзеянню, самае важкае, палкае і высокае слова не магло замяніць наганны стрэл. Палітрук Малібога памагаў сваім, спадзяваўся на дапамогу сваіх.

- Даеш Грунвальд, славяне, - шэпча Малібога і б'е аберуч.

З вамі Бог, а з намі хто? Вас жанчына спарадзіла, а нас хто? Вы прыйшлі да мяне ў хату і мяне хочаце забіць?! Вы, прыстойныя і добрыя, нашых дзяцей гоніце перад сабою ў атацы, затуляеце імі сябе... Гады, падлюгі!

Вы кожнаму свайму салдату хочаце паставіць асоб-ны крыж на нашай зямлі, а мы дзесяткам, нават сотням дабра-чных хлопцаў на сваёй і чужой зямлі капаем адну брацкую магілу, ставім адну зорку. Вы паліце нашы хаты і вёскі. З людзьмі. Цяжарных і дзяцей паліце жыўцом. Грабежнікі, гвалтаўнікі. Вылюдкі. І мы вас пашкадуем?

Не падвядзі рука. Вось так. Так будзе з кожным. З кожным.

Стралялі, білі, душылі. І выйсце было адно перад жахлівым валам ярасці і лютасці воінаў савецкіх - сысці з дарогі, упасці, замерці, або сходу ўзняць рукі.

Не сыходзілі, адваж-ныя, упэўненыя, не падалі, не ўзнімалі просьбітна рукі. З усіх відаў зброі білі немцы ў віхур-ны чалавечы вал. Траплялі.

Для людзей па абодва бакі траншэі не хісталіся травы, не спявалі птушкі, не дзьмулі вятры і не свяціла сонца. Не стала родных і блізкіх. Толькі таварышы па зброі і ворагі. Дзейнічалі дзе паўзком, дзе бяжком. Стралялі і рэзаліся, біліся не падлеткі, не хлопцы - здаровыя мужчыны. Му-жыкі.

За сённяшні парыў страшэннай вынішчальнай узаемнай нянавісці абсалютна незнаёмых людзей астральныя сілы ўжо значылі вінаватых, неслі ім і продкам кару.

За чырвонаармейцамі і поруч нарэшце сталі паўзці тры танкі. Металам хоць трохі патрэбна было прыкрыць аго-леныя чалавечыя сэрцы.

Сумленне, шкадаванне за няўдала зробленае і зусім нязробленае не заміналі атакоў-нікам. Радавыя і лейтэнанты, яфрэйтары і сержанты былі радавымі перад прагаю аднаго - перамогі.

У траншэях, першай і другой, мітусіліся ўсё болей. Стралялі прыцэльна, з чаго маглі, стралялі ўсе. Гранаты ляцелі ў наступоўнікаў.

Нескарэнне ворага не ўразіла савецкіх. Вораг ёсць вораг, яго трэба знішчыць чым хутчэй, расцерці на друз. То-лькі мацней перасохла ў груд-зях Макарэні і Кітаева, Малі-богі і Астроўскага, смялей пасігалі за танкамі, - іх на роту прышлося тры, адзін ужо нем-цы падбілі.

- Браточкі, наперад, - не загадваў, маліў палітрук Малібога.

- Санітара сюды!

Санітары нароўні з пе-хацінцамі ў першых радах, перавязваюць, выносяць, страляюць.

- Дзякую, браце, што аддаў свой пакет, бяжы, мяне медыкі знойдуць.

На тым жа высокім па-рыве ўзнёслай рашучай адвагі савецкія выскоквалі з першай нямецкай траншэі, сігалі да другой. Адразу за немцамі. Ужо не крадком ці ўподбегі, усе ляцелі адкрыта, перамоганос-на. За батальёнам другі батальён.

Атака, тая ж імклівая, жорсткая, працягвалася. Або ты - або я; мяне ці цябе.

Страляніны меней, яра-сных акрываўленых людзей болей.

Падбіла другі танк, супыніўся трэці, а пехацінцы беглі, гэтак жа імпэтна, шпарка. Перад імі адпаўзалі людзі, падала ніц зброя. Пяхота заслу-жана даказвала сваю перавагу і моцу; безразважныя святкавалі перамогу.

Дарогу пяхоце, дарогу царыцы палёў!

І не было сярод пехацінцаў слабых і моцных. Усе асілкі, волаты, вярнідубы. Беглі і паўзлі, падалі і ўскоквалі героі. Кожны, незалежна ад таго, усведамляў ён кошт цяперашняй уласнай дарогі ці не, незалежна, як каго потым ад-значаць. Адзнакі тут не было як ставіць - кожны быў варты сябе. Магло толькі заўважацца выключнае - геройства ці подласць. Астатняе - простая праца, гераічная і разняво-леная праца.

- Наперад! - крычаў старшы лейтэнант Валянцін Іваноў.

- Ура-а!

Не было тут лепшых і горшых. Усе роўныя. Як перад смерцю.

Супраціўляліся ата-коўнікам забойцы. На іх ішлі забойцы. Людзі ў акопах і траншэях абапал нічыйнай палоскі зямлі гэтага не ведалі. Лічылі сябе правымі. Яны выконвалі волі вышэйшых, загады мудрэйшых.

Яны біліся за Айчыны, родных, звычаі. Хаця па вялікім рахунку былі з аднаго кораня і зямлі - славянскіх. Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) для продкаў атакоўнікаў былі не-калі радзімаю, як цяпер радзіма для абаронцаў.

...Два яфрэйтары, Мі-калай Макарэня і Лявон Астроўскі, языкаты і смелы, якога ўжо двойчы прадстаўлялі да медалёў, беглі ўпоплечкі, амаль разам падалі і паднімаліся. У азарце аднолькавасці рухаў не заўважалі часу.

Лёнька Астроўскі вы-ручыў Макарэню - высокі паранены немец падхапіўся нечакана, аўтамат упёр сабе ў жывот. Націснуць на курок не паспеў. Макарэня зразумеў небяспеку, калі яе не стала, нават не падзякаваў Астроў-скаму. Усё ўспрымалася, быц-цам так трэба было, быццам іначай нельга. Макарэня адчу-ваў да Астроўскага блізоту і парадненне, як да брата. Яны разам рабілі адну справу.

Бухаўшыся на зямлю, шкрабучыся ў выяміны ў пошуках прытулля ад куль і асколкаў, сябры не заўважалі мокрасці ці сухасці зямлі, мух, чарвякоў. Усе помыслы пра адно - варожыя траншэі. Ура, атака. Палахлівасці, якая горш раны ў жывот, у яфрэйтараў не было.

Як і не было другой зямлі на свеце, апрача гэтай, дагледжанай, акуратнай вен-герскай зямлі. Я і вораг. Толькі ў тэорыі або я, або мяне, а ў сапраўднасці выйграю адно я.

Мікалай Макарэня па-ранейшаму вясёлы і рэзкі, злы, воля яго рухаў нічым не скоўвалася. Былі моманты, калі працавічанцу здавалася, ён не ўзнімецца, не выберацца з ямы, не перакоціцца на другі бок каўдобіны, ён абавязкова ўпадзе ад цяжару гранат, патронаў, вінтоўкі, але паказваліся людзі ў сакавіта-зялёнай ці светла-карычневай форме, у незнаёмых касках, і Мікалай Макарэня ўзнімаўся, выпаўзаў, хітраваў, дабягаў - і рабіў патрэбнае. Што тыя людзі, насупраць, хацелі зрабіць з ім. Рукі і ногі ўсё выконвалі ін-стыктыўна. Без думак і пера-жыванняў.

Безсвядомы аўтаматызм рухаў, лоўкасць і знаходлівасць радавалі Макарэню і не радавалі, ён проста не мог адчуць гэтае пачуццё, хаця ведаў, яно ёсць. Хвілінамі яму невыказна лёгка і шчасна. Усё рабілася цудоўна, нават лепш. Ён не бег, поўз, хаваўся - ляцеў. Усе рухі зліліся ў лінію палёту.

А вось і ён выручыў Астроўскага, і не думаў, быццам зрабіў штосьці вялікае, - каштоўнасць выратаванага жыцця ацэніцца потым. Падаў і зноў бег Мікалай Макарэня, наракаў на фізічную нямогласць і задышнасць і ні разу не думаў, што не дабяжыць ці ўпадзе нерухомы, бяздыханны, - ні разу не думаў пра смерць.

Параненыя немцы паднімалі рукі, іх не чапалі, аббягалі. Адзін з немцаў, Курт Гекель, пачаў страляць у спіну атакоўнікам. Курта пакрыў-дзіла, да глыбіні душы абразіла недарэчная смерць пабраціма Манфрэда. Курт хацеў зніш-чыць забойцу блізкага чала-века, падбіў савецкага байца. Азірнуцца, кінуць на зямлю аўтамат Курт не паспеў. У вачах атакоўнікаў забойцам быў не чырвонаармеец, забойцам стаў Курт задоўга да сённяшняй атакі, сёння ж ён, ухапіўшы зброю ў паднятыя было рукі, проста ўкараціў уласны век і век усіх прыяцеляў-немцаў. Курта не паспеў забіць свой жа паплечнік Ганс; поўнасцю ўсвя-доміў Ганс цану выхадкі Курта занадта позна.

За першымі шарэнгамі савецкіх войск пабеглі новыя шарэнгі, пайшлі новыя танкі. Рэзервы камандзіра палка, такія ж ярасныя і ліхія, бачылі страляніну Курта Гекеля. Калі новая хваля савецкіх волатаў прабегла, жывых фашыстаў на ўчастку роты Валянціна Івано-ва ў гэтым месцы не было. Ні аднаго.

Мікалай Макарэня не памятаў, калькі чалавекам ён выратаваў жыццё, колькі чала-век выратавалі яго. Яфрэйтар аўтаматычна, з бязстрашнасцю выў і ўракаў, шчаслівым бег за іншымі. Быў першы і не першы. Хвіліна зодуму перад атакаю не ўспаміналася, яна - жыццё, без яе, калі молішся Богу, лёсу, выпадку, немагчыма. Такая хвіліна прыходзіць да любога разумнага перад кожнаю вялі-каю справаю.

З Мікалаем Макарэнем, ты праўду наваражыла цыганка, нічога дрэннага не будзе, ні-чо-га. Адно не зявай, Міколка. Не ты, дык цябе.

"Чакаюць цябе два сыны". Напляла ў Бесарабіі нежа-націку цыганка кашалі з лап-цямі. Смяяліся пасябрукі з слуццака. Які ты халасцяк! А яфрэйтар аддаў вядунцы буханку хлеба, дзве кансервы. Дарэмна, мусіць, паверыў выдумшчыцы.

Хочацца верыць чар-няўцы, хочацца...

У гэтым пекле сваіх узводаўцаў ужо не бачна.

...Позна ўвечары збярэцца ўзвод, нядаўна пераўкамплектаваны з разлікам на выбыццё байцоў. Папаўненне - дзевятнаццаць вясковых украінскіх хлопцаў. Сённяшняя атака - і з трыццаці сямі чалавек на зборны пункт узвода прыцыбалі, прыпляліся восем. У тым ліку два былыя штраф-нікі. Звычайна пасля зацяжнай атакі, наступлення праз цэлы дзень, застаецца палова баявога складу ўзвода. Хто забіты, паранены... А тут выбыла дваццаць дзевяць! Пад Балатонам у чарговы раз немцы паказалі, як выдатна могуць ваяваць, нават у абароне.

Старшына скажа: "Хлопцы, гарэлкі ўдастоліцу", - і толькі трое стануць піць, узгадваць, плакаць, эхаць, вы-дзяквацца Богу. Рэшта, як Мікалай Макарэня, сухама ўкінуўшы чаго ў рот, зваляцца на бакавую: спаць, трызніць, плакаць, эхаць, узгадваць Бога.

...Смерці не будзе, калі ты застанешся сам сабою, ты праўду казала чарадзейка. Нашай будзе перамога.

Нічога не баяўся не адзін Мікалай Макарэня. Смерць - вызваленне, пераход у лепшы свет, і ніхто ў шарэнгах атакоўнікаў не думаў пра яе. Не меў часу. Старую, з шчарбатаю касою на плячах проста адмаўлялі, яе няма. Зачараванне боем поўніла ўсіх, і хто падаў бяздыханным - быў шчаслівым, твар лучыўся пяшчотаю і замілаваннем. Як і кожны, хто ідзе ў лепшы свет за блізкіх, Айчыну.

...Атака працягвалася ўвесь дзень. Чацвёртай лініі абароны ў немцаў не было. Савецкія танкі пайшлі ў прарыў. Пяхота за імі.

Яшчэ ўчора Мікалая Макарэню і паплечнікаў турбавала яда, зямлянка, вінтоўка, былі лепшыя і горшыя камандзіры - асабістае пераважвала, а ўжо сёння ўсё навокал было добрым, людзі залатыя. Сёння на першым плане ў воінаў стаялі непераходныя паняцці - Бог, выпадак, жыццё. Сёння байцы самі сталі анёламі, вызначалі чужы лёс.

Валер Санько

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX