Папярэдняя старонка: 2010

№ 17 (960) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 17 (960) 28 КРАСАВІКА 2010 г.


АЛЕСЮ ПЕТРАШКЕВІЧУ - 80

Петрашкевіч АлЕсь Лявонцьевіч нарадзіўся 01.05.1930 г. у в. Пярэвалачня Талачынскага раёна ў сялянскай сям'і. Маці, Мар'я Іванаўна Макарэнка, была вя-домай на Талачыншчыне льнаводкай, бацька, Лявонцій Іванавіч, - патомным дойлідам (загінуў у 1941). Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны А. Петрашкевіч скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1948 г. скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 - Коханаўскую сярэднюю школу. У 1955 скончыў БДУ, атрымаў дыплом юрыста. 3 1954 працаваў у ЦК ЛКСМБ інструктарам, загадчыкам лектарскай групы, намеснікам загадчыка аддзела. З 1961 у ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара (1963-67), загадчык аддзела культуры (1976-79). Рэктар Менскага інстытута культуры (1975-76). З 1967 адказны сакратар, у 1973-75 і ў 1979-91 намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. З 1991 кіраўнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных Хронік Памяці пры Міністэрстве культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Сябра Рады СП Беларусі (з 1991). Старшыня Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур (з 1991). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоў-нага Савета УССР, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі.

Творчы почырк А. Петрашкевіча як публіцыста, фельетаніста і сатырыка пачаў складвацца ў 50-я гады (першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку датуюцца 1954). Пільнае вока, добры стыль, трапнае слова вылучалі яго праблемныя публікацыі.

Першы мастацкі твор - сатырычнае апавяданне «Кары егіпецкія», з якога потым нарадзілася камедыя «Адкуль грэх» (1970, пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Купалы).

«Праблемы веку» (алкагалізм, бюракратызацыя апарата кіравання, разбурэнне прыроды і эрозія маральных устояў грамад-ства) раскрывае ў драмах «Трывога» (1974, пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Коласа, іншымі тэатрамі на Беларусі і за яе межамі), «Соль» (1981, ставілася Рускім драматычным тэатрам БССР, у тэатрах Украіны), сатырычных камедыях «Злыдзень» (1974, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі) і «Укралі кодэкс» (1976, ставілася ў Гомельскім абласным драматычным тэатры, у тэатрах Віцебска, Берасця, Харкава і інш.).

Распрацоўвае гістарычную тэматыку. П'еса «Напісанае застаецца» (1979, пастаўлена ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы і ў Гародні) пра Ф. Скарыну. У ёй услаўляецца сіла слова, бескампраміснасць, вернасць сваім пераканан-ням, любоў да роднага краю, народа, мовы.

У трагедыі «Русь Кіеўская» («Гора і слава», 1982, пастаўлена Крымскім рускім драматычным тэатрам) асвятляецца перыяд хрышчэння Русі, паказваецца трагізм і непазбежнасць рашучай ломкі старых устояў і звычаяў. Аўтар драмы «Мост упоперак ракі» (1986), п'есы-фантасмагорыі «Куды ноч, туды сон» (1987). Гістарычная хроніка «Змова» (напісана ў 1983, ставілася ў Крымскім тэатры) прысвечана падзеям Кастрычніка.

А. Петрашкевіч звяртаецца і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху (трагедыя «Злавеснае рэха», 1984, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі). Да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Беларускі тэатр юнага гледача паставіў у многім біяграфічную драму «У спадчыну - жыццё». Тэме партызанскай і падпольнай барацьбы моладзі прысвечаны пяцісерыйны тэлевізійны фільм «Нас выбраў час» (1976-78, сцэнарый А. Петрашкевіча і У. Халіпа). Аўтар сцэнарыя мастацкай кінастужкі «Нядзельная ноч» (1977), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле паэмы Я. Коласа (пастаўлена Беларускім тэатрам оперы і балета; тая ж паэма была інсцэніравана для Беларускага радыётэатра), гістарычнай драмы пра Ф. Скарыну «Прарок для Айчыны» («Полымя. 1990. № 8; у 1992 па ёй пастаўлены тэлеспектакль у дзвюх частках). Гістарычныя п'есы Алеся Петрашкевіча склалі зборнікі "Воля на крыжы" (2000), "Здрапежаная зямля" (2003).

Творам драматурга ўласцівы публі-цыстычнасць, сцэнічнасць, дынамізм сюжэту, вострая інтрыга, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў, спалучэнне народнага гумару са з'едлівай сатырай. Выступае ў друку з фельетонамі і публіцыстычнымі артыкуламі. Піша пад псеўданімамі Алесь Аляксееў, Алесь Тутэйшы, Алесь Шпак і інш.

Драматург, празаік, публіцыст, кіна-сцэнарыст. Сябар СП Беларусі з 1974. Сябар Саюза журналістаў Беларусі з 1961. Кандыдат гістарычных навук (1967). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1975). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976; за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі).

Жыве ў Менску.


У Лондане адбылася 27-ая сесія Рады БНР

Удзельнікі сесіі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяраў авіяцыйнай катастрофы пад Смаленскам, сярод якіх былі прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай і Ры-шард Качароўскі, апошні прэзідэнт Польшчы ў выгнанні.
Былі заслуханыя справаздачы кіраўніцтва Рады і сектараў. Асаблівая ўвага была нададзеная падтрымцы адукацыйнай і культурніцкай дзейнасці ў Беларусі, спрыянню росту нацыянальнай свядомасці.

Удзельнікі сесіі разгледзелі план дзеянняў на бліжэйшы час і перспектывы супрацоўніцтва з палітыкамі ЗША, Канады і еўрапейскіх краінаў, а таксама з міжнароднымі арганізацыямі.

Сесія Рады БНР прыняла рэзалюцыю супраць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.

У адпаведнасці са Статутам Рады, адбыліся выбары кіраўніцтва. Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі пераабраная Івонка Сурвіла.


Сябар ТБМ узнагароджаны медалём Францыска Скарыны

Кіраўнікі шэрагу беларускіх грамадска-культурных аб'яднанняў у Расійскай Федэрацыі ўзнагароджаны медалём Фран-цыска Скарыны.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у ліку ўзнагароджаных - дырэктар Нова-сібірскага цэнтра беларускай культуры Ніна Кабанава , старшыня савета рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы" Сяргей Кандыбовіч , старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алег Рудакоў .

Яны ўганараваны медалём "за заслугі ва ўмацаванні культурных сувязяў паміж Рэс-публікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, вялікі асабісты ўнёсак у захаванне традыцый беларускай культуры", паведамляе БелаПАН.

На здымку: Алег Рудакоў.


Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Курсы гутарковай мовы для тых, хто хоча пачаць размаўляць на роднай мове

10 крокаў, каб загаварыць па-беларуску

Калі вас цікавіць, што яднае беларускую мову і заходнееўрапейскія; калі вы хочаце даведацца, што такое "благо" і што такое "блага"; як вітаюцца і развітваюцца беларусы, ды шмат чаго іншага - ласкава просім на курсы.

Калі вы - малады чалавек, які цікавіцца беларускай мовай, але пакуль не адважыўся пачаць гаварыць у паўсядзённым жыцці па-беларуску, - запрашаем вас зрабіць разам з намі 10 крокаў для таго, каб пераканацца, што гэта магчыма !

Цікавыя тэсты, пераадоленне бар'ераў, вучоба і практыка - за 10 заняткаў!

Гэтыя бясплатныя курсы праходзяць кожную пятніцу, а 18.30 у "Таварыстве беларускай мовы" (вул. Румянцава, 13).

Першы занятак - 7 траўня (мая).


КОНКУРС "Беларускі настаўнік года"

На пачатку года журы Таварыства беларускай школы падвяло вынікі чарговага на-цыянальнага конкурсу "Беларускі настаўнік 2009 года". Імі прызнаны.

ЖУКОВІЧ Мікола Васільевіч - настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дырэктар СШ № 1 г. Бярозы Берасцейскай вобласці. Нарадзіўся 4 красавіка 1964 г. у в. Здзітава Бярозаўскага раёна. Закончыў Берасцейскі педагагічны інстытут і аспірантуру пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (1999). Кіраўнік дзіцячага драматычнага гуртка "Жывічка". Пазаштатны лектар на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў у абласных інстытутах. Сябар Бярозаўскай раённай каардынацыйнай рады па пытаннях развіцця беларускай літаратурнай мовы і ўшанавання памяці Ніны Мацяш. На занятках выкарыстоўвае нетрадыцыйныя формы - альманахі, дыспуты, залікі, семінары, віктарыны і г.д. Запрашае на сустрэчы пісьменнікаў. Мае шмат цікавых распрацовак па вывучэнні праграмных празаічных твораў, правядзення пазакласных мерапрыемстваў, скіраваных на развіццё грамадзянскіх і нацыянальных пачуццяў. Адкрыў у Інтэрнеце персанальны Web-праект "Каб харашэць душой", першы ў краіне электронны навукова-метадычны дапаможнік для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і адміністратара беларускамоўнай установы (www.zhukovich4.narod.ru).

Суаўтар метадычных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для ІV і ІХ класаў. Мае каля паўсотні навукова-метадычных артыкулаў у часопісах "Роднае слова", "Беларуская мова і літаратура" і інш. выданнях. Пра яго можна прачытаць у арт. метадыста БАІПКН Н. Левічавай "Залог поспеху - у абнаўленні" (Роднае слова, 2004, № 4); Д. Гуштын "Выкладчык, якога любяць дзеці" (Маладосць, 2009, № 11); матэрыялы "круглага стала" "Адукацыйныя тэхналогіі ў сучаснай школе" ("Беларуская мова і літаратура", 2009, № 8) і інш.

БАРШЧЭЎСКІ Лявон Пятровіч - супрацоўнік эксперыментальнай лабараторыі "Беларуская школа ХХІ ст." РГА "ТБШ". Паэт, перакладчык, літаратар, педагог, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 4 сакавіка 1958 г. у Полацку. Скончыў Менскі інстытут замежных моваў і яго аспірантуру. Кандыдат філалагічных навук. Працаваў гідам-перакладчыкам у Менску, настаўнікам СШ № 10 г. Полацка, выкладчыкам Новаполацкага політэхнічнага інстытута, намеснікам дырэктара Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа (з 1991 г.). Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі (1990-1995). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Старшыня, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладае з лацінскай, старажытнагрэцкай, нямецкай, англійскай, французскай, польскай, іспанскай і іншых моваў. Аўтар дапаможнікаў: "Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму: папулярныя нарысы" (Мн., 2003); "Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён" (у суаўтарстве, Мн., 2006); "Еўраслоўнік" (Уроцлаў, Менск, 2008) і інш.

Упершыню ў сусветнай практыцы Л. Баршчэўскі выпусціў слоўнік на 28 мовах "Еўраслоўнік", які па праву можна ўнесці ў кнігу рэкордаў Гінеса.

ПРАКАПОВІЧ Ігар Міхайлавіч - настаўнік геаграфіі і астраноміі СШ № 1 г. Паставы Віцебскай вобласці. Педагог, паэт, краязнавец. Нарадзіўся 9 снежня 1960 г. у Паставах. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Кіруе навукова-краязнаўчым таварыствам школьнікаў "Ювента". Таксама працуе па сумяшчальніцтву кіраўніком краязнаўчых гурткоў Аб'яднання пазашкольнай работы, Пастаўскай раённай гімназіі. Скончыў аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, Вучонай рады Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня раённага ТБМ. Аўтар шэрагу індывідуальных і калектыўных зборнікаў паэзіі ("Намагнічаны космас", 1996, "Шляхі наканаванага бязмежжа", 1999, "Я Вас каханнем растрыво-жу…" 2005, "Луска вечнасці", 2005, "Калядны ранак", 2007).

Вядомы краязнавец. Падрыхтаваў і выдаў дапамож-нікі: "Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна" (Віцебск, 1994.- 50 с), "Адкуль паходзяць назвы. Наваполацк" (2000. - 45 с.), "Крыжы і камя-ні: нарысы па гісторыі Пастаўскага краю" (Маладзечна, 2003. - 56 с.), "Манькавічы: гіст.-геагр. нарыс" (Паставы, 2004. - 60 с. (у суаўт.), "Насельніцтва Пастаўскага краю" (Паставы, 2004. - 56 с.), "Ваколіцы Паставаў" (Паставы, 2004. - 60 с.), "Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы" (Паставы, 2005. - 60 с.), "И край родной откроет тайны: система шк. краеведения" (Мн., 2006. - 124 с.), "Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы" (Мн., 2006. - 56 с. (у суаўт.), "Гута-Голбія: гіст.-геагр. на-рыс Галбейскага краю" (Мн., 2007. - 88 с. (у суаўт.). "О Беларусь, мая шыпшына…": на радзіме У. Дубоўкі" (Мн., 2007. - 128 с. (укл. разам з І.Заяц). "Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна" (Мн., 2007. - 124 с.) "Паставы: гіст. хроні-ка горада" (Мн., 2007. - 80 с. Паставы: фотаальбом. Мн., 2006, 08. - 32 с.) і інш.

Аўтар гістарычна-краязнаўчага курса "Паставазнаўства" (Мн., 2009. - 304 с.), вялікага шэрагу артыкулаў у часопісах, зборніках.

Па выніках конкурсудыпломамі ТБШ адзначаны: Сыраежкіна Галіна Станіславаўна, настаўніца геаграфіі СШ № 17 г. Барысава, а таксама шэраг настаўнікаў зачыненага Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.


КОНКУРС "Беларускі настаўнік 2010 года"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай школы" (ТБШ) з 2007 года сістэматычна праводзіць конкурс "Беларускі настаўнік года". Ужо ганаравана нямала настаўнікаў і кіраўнікоў школ, ліцэяў і гімназій, якія вядуць навучанне на беларускай мове. Пераможцамі яго становяцца не толькі выдатнікі адукацыі, прафесары, але і простыя педагогі cярэдніх адукацыйных, дашкольных і пазашкольных устаноў краіны.

Сёлета абвяшчаецца чарговы конкурс. У ім могуць прыняць удзел педагогі усіх тыпаў адукацыйных і выха-ваўчых устаноў (ад дашколь-ных да каледжаў), акрамя ВНУ, са стажам працы не менш трох гадоў. На кандыдата конкурса запаўняецца анкета (дадаецца) рэкамендуючай арганізацыі, установы, або самім педагогам і дасылаецца да 10.05.2010 на адзін з адрасоў: tbskoly@tut. by, або іншыя, якія можна атрымаць па даведачнаму тэ-лефону 8029-7520821. Мо-гуць дадавацца іншыя матэры-ялы, што пацвярджаюць высокія вартасці кандыдата. Пры неабходнасці журы ТБШ можа наведаць установу канкур-санта.

Конкурс будзе асвят-ляцца ў прэсе і на старонцы ў інтэрнэце.

Задачы конкурса:

· маральная падтрымка беларускамоўных педагогаў адукацыйных устаноў;

· прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем роднамоўнага выкладання і вы-хавання ў базавых і сярэдніх школах, дашкольных і пазашкольных установах, ліцэях, гімназіях і каледжах;

· фармаванне грамадскай думкі аб прэстыжнасці навучання па-беларуску;

· аб'яднанне беларускамоўных педагогаў, спрыянне іх супрацоўніцтву, абмену досведам працы, арганізацыі супольных праектаў і інш.

Крытэрыі вызначэння пераможцаў конкурса:

· выкладанне па-беларуску дысцыпліны ці правядзенне выхаваўчай працы на роднай мове;

· прафесіяналізм і наватарства, творчасць і навуковасць;

· аўтарытэт сярод калег, бацькоўскай грамадскасці і навучэнцаў;

· высокая грамадзянская пазіцыя.

Усе дастойныя кандыдаты будуць адзначаны дыпломамі ТБШ, асобна будуць ганараваны тры пераможцы-лаўрэаты да летніх вакацый. Паўторна могуць прымаць удзел у конкурсе ўсе дыпламанты ТБШ, акрамя пераможцаў.


Мовазнаўчы досвед

Суджаны, асуджаны, а не судзімы . "Па квітку можна было атрымаць грошы ў нарыхтоўчым пункце, што і зрабіў хуліган. Дарэчы, раней судзімы за хуліганства" (Звяз-да. 4 сакавіка 2010 г. С. 6).

Беларускай мове словы з суфіксамі -ім-, -ем- неўласці-выя. Расійскім аддзеяслоўным утварэнням з -им-, -ем- адпа-вядаюць беларускія з суфікса-мі -ан-, -н-, -альн- (зрэдку -он- (-ён-), -ч-, -ев-) : гнаны (гони-мый), вылечны (излечимый), паважаны (уважаемый), ня-зменны (неизменяемый)...

Пра штучнасць слова судзімы , якое падаецца ў перакладных слоўніках (судимый - судзімы) , сведчыць аднакаранёвае слова падсудны , якое падае "Беларускарускі слоўнік" пад рэдакцыяй К. Крапівы як адэкват рас. подсудимый (Т. 2. 1989. С. 62). Натуральным адпаведнікам рас. судимый ёсць беларускае суджаны (асуджа-ны) : "раней суджаны (асу-джаны) за хуліганстеа " .

Пра неўласцівасць бе-ларускай мове гэтага "судзі-мы" сведчыць і той факт, што яго не падаюць тлумачальныя беларускія слоўнікі.

Пазбегчы - а не паз-бегнуць . " Пазбегчы было немагчыма, Калі не камень у грудзях, I носяць людзі за плячыма I боль, і гнеў, і грэх, і жах" (Маладосць. 2010. № 2. С. 5).

Форма пазбегчы - натуральны карэлят (суадноснае ў пары слова) да незакончанага трывання пазбягаць . У слоўніках, нажаль, бачым толькі штучную форму "пазбег-нуць" ("Каб было бліжэй да рускай мовы" - Кузьма Чорны) - рас. избегнуть . А структура натуральнага слова досыць выразная: бегчы -> збегчы -> пазбегчы (як і збягаць -» пазбягаць ). Тым часам як пазбегнуць не мае такой празрыстасці, натуральнасці, бо няма ў нашай мове "бегнуць" , а толькі бегчы .

Павел Сцяцко


Беларуска-літоўскі размоўнік

Алесь Мікус у выдаўца Зміцера Коласа ў Менску выдаў "Беларуска-літоўскі размоўнік". У прадмове да размоўніка сказана:

"Гэты "Беларуска-літоўскі размоўнік" - ці не першая (прынамсі, адна з малалікіх) спроба звесці разам дзве мовы, беларускую і літоўскую, паставіць іх «праз працяжнік», адну побач адной.

Літоўская мова можа быць цікавая беларусам не толькі таму, што гэта мова краіны, з якой Беларусь мяжуе. Гэта яшчэ і мова, падобная да гаворак, якімі размаўлялі продкі беларусаў у сівой старажытнасці. Праз літоўскую мову беларус можа даткнуцца да старой спадчыны, якая таксама і ягоная.

Беларуская мова цікавая літоўцам не толькі таму, што гэта мова краіны, якую з нядаўніх часоў прынята ўспрымаць як рускамоўную. Беларуская мова мае найболей агульнага з той мовай, якою пісаліся законы ў Вялікім Княстве Літоўскім - супольнай дзяржаве продкаў цяперашніх беларусаў і літоўцаў.

Нягледзячы на тое, што размоўнік найперш прызначаны беларусам, што наведваюць Літву, тут пададзеная і інфармацыя, якая можа быць карысная таксама жыхарам Літвы, што наведваюць Беларусь. У размоўніку выкладзеныя асновы правілаў вымаўлення беларускай мовы, інфармацыя пра святы сучаснай Беларусі, памятныя мясціны і інш. Разам з перакладамі з адной мовы на другую падаюцца транскрыпцыі беларускіх словаў лацінскімі літарамі (для літоўскага чытача) і літоўскіх словаў кірылічнымі літарамі (для беларускага чытача). Асаблівасць гэтага размоўніка ў тым, што ён аднолькава можа прыдацца як беларусу, так і літоўцу.

Словы і выразы размеркаваныя па трох буйных тэмах - «Моўны этыкет», «Падарожжа», «У краіне», якія падзеленыя на драбнейшыя падтэмы. Перш ідуць найбольш ужываныя выразы (сказы) для паўсядзённых зносінаў, тады - словы і словазлучэнні, якія (у назоўным склоне) можна падстаўляць у сказы. У раздзеле «Дадаткі» змешчаныя пазначэнні часу, назвы лічбаў, геаграфічныя назвы.

Хацелася б спадзявацца, што гэты размоўнік заахвоціць літоўцаў і беларусаў да больш глыбокага знаёмства з мовамі суседзяў і дасць магчымасць выкарыстаць атрыманыя моўныя веды на практыцы.

Гаро кялё! У добры шлях!"


Беларуская вёска на шляху да Байкала

На павароце з трасы Баяндай - Еланцы ў Іркуцкай вобласці з'явіўся незвычайны дарожны знак. На белым указальніку-стэле -- ярка-чырвоны этнічны ўзор і надпіс на беларускай і рускай мовах: "Беларуская вёска Тургенеўка. Заснаваная ў 1909 годзе. Этнаграфічны музей". Гэты дарожны знак на шляху да Байкала з'явіўся па ініцыятыве Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Вёска была заснаваная перасяленцамі, якія прыехалі ў Сібір з Заходняга Палесся па сталыпінскай рэформе, распавядае старшыня таварыства беларускай культуры Алег Рудакоў. Беларусы прывезлі на прыбайкальскія землі не толькі нацыянальную культуру земляробства, але і старадаўнія славянскія абрады і традыцыі, многія з якіх ашчадна захавалі да нашых дзён. А турысты, якія едуць на Байкал, нават не падазраюць аб існаванні такой унікальнай вёскі. Таму мы вырашылі ўсталяваць гэты дарожны знак.

Праект Таварыствы беларускай культуры быў падтрыманы на конкурсе грантаў Губернскага сходу грамадскасці. Акрамя таго, ініцыятыву падтрымаў дэпутат Заканадаўчага сходу Сяргей Басхолаў.

... Звярнуўшы з трасы Баяндай-Еланцы каля новага паказальніка і праехаўшы засеяныя пшаніцай палі, вы трапляеце ў Тургенеўку. Адразу кідаецца ў вочы характэрная для беларускіх вёсак рыса каля кожнай хаты разбіты кветнік, у якім абавязкова чырванее рабіна дрэва сям'і. Вуліцы, як пры першых перасяленцах, шырокія, праз кожныя шэсць хат завулак. Зза платоў выглядаюць яркажоўтыя галовы сланечнікаў.

У пачатку дваццатага стагоддзя яшчэ не было невымярзальных гатункаў пшаніцы, таму першыя жыхары Тургенеўкі вырошчвалі жыта і ячмень. Абавязкова сеялі лён і каноплі з іх выраблялі ніткі і ткалі адзежу. У этнаграфічным музеі Тургенеўкі ёсць цэлая святліца, прыбраная тканымі дыванамі і капамі ды паласатымі ходнікамі, вышытымі ручнікамі і фіранкамі. Усё гэта зроблена рукамі першых тургенеўцаў і перададзена ў музей іх дзецьмі і ўнукамі.

Экскурсію па этнаграфічным музеі праводзіць Саша вучань восьмага класа мясцовай школы, прыбраны ў традыцыйную беларускую кашулю з чырвоным гафтам па каўняры і рукавах. Карэнны тургеневец распавядае аб тым, як жылі яго дзяды і прадзеды, паказвае, з якіх самавараў яны пілі гарбату, з якога посуду елі, якімі прыладамі працавалі. Ёсць у музеі і начынне, вырабленае тургенеўскімі кавалямі. З асаблівым гонарам малады экскурсавод дэманструе некалькі цвікоў і падкову, выкаваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны жанчынайкавалём Фёклай Мацвееўнай Мартыновіч.

Зараз у Тургенеўцы жыве пад паўтары тысячы чалавек. Вёска паранейшаму захоўвае сваю нацыянальную самабытнасць. Пры школе працуе дзіцячая фальклорная студыя "Ручнічок", а па святах сваімі выступамі вяскоўцаў радуе беларускі народны хор "Варэнічкі". У 2002 году ў вёсцы было створана аддзяленне Іркуцкага таварыства беларускай культуры.

Тургенеўцы займаюцца, у асноўным, фермерствам. Аднак гатовыя развіваць і турызм.

Спадзяёмся, новы ўказальнік прыцягне да нас падарожнікаў, ахвочых пазнаёміцца з культурай беларусаў Прыбайкалля, - усміхаюцца мясцовыя жыхары.

Яўгенія Скарэднева.


І ручнік вышываны на шчасце, на долю дала

З маленства памятаю найбольш прыгожую рэч у бацькоўскім доме. Гэта быў тканы ручнік, цёмначырвоны арнамент па белым. Ад бабулі Лісаветы ён перайшоў да маці, а яна перадала нам, сваім дачушкам. Мы яго з цікавасцю разглядалі, рассцілалі як абрус, а потым парэзалі на дзве часткі. Ледзь не згубілі наогул. Калі ж старэйшая дачка выходзіла замуж, то папрасіла палову таго ручніка ў дарунак. Ён доўга захоўваўся ў маладой сям'і. І ўсё ішло добра, пакуль аднойчы сярэдняя сястра не забрала сямейную рэліквію на працу ў дзіцячы сад. Там афармлялі "беларускі куток". Мы і не падумалі, што наш ручнік, магчыма, служыў абярэгам. На сям'ю абрынуліся беды: смерць немаўляткі, затым маці і сястры, швагра, разводы… Былога не вернеш, а сёння што рабіць? Хочацца, каб дзеці і ўнукі жылі шчасліва.

Аднойчы на вёсцы мне падаравалі добрыя людзі хлеб на ручніку. Ён крамны, чырвонабелы, толькі адна палоска цёмная. Відаць, без смутку ў жыцці не абыйдзешся… Але сёння гэты ручнік я трымаю на пачэсным месцы. Без яго мне было б неспакойна, няўтульна.

На святы люблю апранаць вышываную кашулю ці іншае адзенне з арнаментам. У кнігах можна даведацца, што азначаюць узоры, які код перадаецца праз пакаленні. І гэта зусім не тое, што людзі набываюць у Турцыі, з іншым, усходнім, малюнкам ці арнаментам. Нас абараняе ў жыцці "сваё".

Мой сын паставіў на паліцу партрэт мужнага змагаара ў вышыванцы, дэпутата Вярхоўнага Савета Валерыя Шчукіна. А дзед пытаецца: "Якая ён нам радня?". "Паважаны чалавек", кажам яму.

Шмат хлопцаў і дзяўчат шпацыруюць часам па вуліцах і плошчах Беларусі ў нацыянальных строях, шляхетных сукенках, рыцарскіх даспехах. Усё гэта часцей убачыш на святах і фэстах. Трэба будзе і майму сыну набыць вышыванку, хаця яна даражэйшая ўтрая за звычайную кашулю. Каб стаць сапраўднымі беларусамі - гаспадарамі на сваёй зямлі, неабходна … стаць багатымі, якімі былі нашы дзяды і прадзеды. Хопіць ужо прыбядняцца! Ніхто ж не забараняе дастаць з куфра лепшае адзенне і выйсці ў людзі: на кірмаш, на канцэрт і нават на "Дажынкі". Сучасныя мастакі і майстры ствараюць выдатныя калекцыі ў народным стылі. Хочаце верце - хочаце не, у вышыванцы адчуваю сябе больш упэўнена і нейкая боская сіла вядзе па зямлі.

Яна Трубач.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Шкірманкоў Фелікс Паўлаў Міхаіл Іванавіч Арлоў Валянцін Мікалаевіч Петрашкевіч Алесь Лявонав. Каляда Ніна Фёдараўна Валошчык Мікола Антонавіч Самасюк Ганна Яніцкая Мая Міхайлаўна Драўніцкі Іван Пятровіч Хвайніцкі Часлаў Сіманавіч Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Сілкова Раіса Іванаўна Цвікевіч Мікалай Аляксеевіч Буднік Янка Фёдаравіч Міцкевіч Яўген Фаміч Касавец Іван Язэпавіч Жабінская Марыя Пятроўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Кляшторная Мая Тодараўна Драўніцкая К.М. Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Лытнёў Міхаіл Ніжанкоўская Ірына Уладзіс. Марцінкевіч Яўгенія Гнеўка Анатоль Лявонавіч Акуленка Міхаіл Анішчык Барыс Вітальевіч Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Касцюк Георг Васільевіч Быстранкова Таіса Вікенц. Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Шуткін Сяргей Сяргеевія Кароль Аляксей Сцяпанавіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Латоцін Лявон Алякандравіч Бордак Уладзімір Адамавіч Мекшыла Мікалай Шахмуць Ніна Іванаўна Крук Віктар Фёдаравіч Шаўкера Алег Леўшык Станіслаў Станіслав. Нікіпорчык Віктар Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Дрозд Галіна Рухлова Тамара Хітрун Ілья Андрэевіч Шароў Георг Іванавіч Малько Пётр Іванавіч Шруб Марына Кудрашоў Віктар Корзан Яніна Браніславаўна Грудзіна Аляксандр Пятров. Майсеня Людміла Іосіфаўна Малышава Галіна Праўдзін Віктар Аляксандр. Калакольцава Аліна Шабуня Ніна Сцефановіч Рамуальд Александровіч Разалія Адам. Шышкавец Ала Аркадзеўна Мальцава Ганна Валянцін. Аляшчэня Мікалай Мікал. Мацвеева Тацяна Генадз. Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Васільева Кацярына Шарах Мікола Аркадзевіч Карповіч Андрэй Іванавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Шыманіца Ала Іванаўна Гладкі Леанід Анатольевіч Брыцько Уладзімір Міцкевіч Кастусь Вайцаховіч А.Р. Кавальчук Галіна Тадэвуш. Якубчык Генрых Анапрыенка Ірына Станевіч Тамара Іосіфаўна Стукаў Віктар Якаўлевіч Быкава Надзея Мартынаўна Коўган Сяргей Яўгенавіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Тышкевіч Галіна Францаўна Паплаўская Ірына Станіслав. Галустаў Эдуард Шупенька Ірына Аляксандр. Пятрашка Мая Навасельская Таццяна Уладз. Клімуць Вольга Бабіч Юры Міхайлавіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Бакшун Валянціна Валчок Ліля Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Харланчук Аляксандр Анат. Мурашка Людміла Мікал. Баланчук Эдуард Мікалаевіч Сідар Маргарыта Карнееў Віктар Васільевіч Таневіч Галіна Янаўна Пожанька Ігар Леанідавіч Сабуць Галіна Эдмундаўна Шчарбіна Святлана Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Чарнышова Алена Аляксан. Лебедзева Наталля Мікал. Церпугова Алена Фёдараўна Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Харанека Святлана Станісл. Снітко Галіна Мікалаеўна Калацкая Вольга Апалька Жанна Віктараўна Кот Алена Кандраццеў Андрэй Васіл. Кампанеец Святлана Юр'еўна Азарка Вольга Уадзіміраўна Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Бушлякоў Юрась Сямёнавіч Шарыпкін Генадзь Ісайкіна Вольга Юр'еўна Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Думанскі Аляксандр Грумо Зміцер Пашкевіч Ігар Адамковіч Аляксандр Эдмун. Галубовіч Вольга Алесіна Таццяна Міхайлаўна Счасная Нэлі Пятроўна Снітко Вольга Уладзіміраўна Бяйдук Наталля Яцыновіч Святлана Валіцкая Іна Отчык Андрэй Васілеўская Кацярына Тырсін Васіль Анатольевіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Пыжык Аляксей Шчэрба Святлана Мікал. Карпінская Юлія Моніч Алесь Карцель Настасься Тарасенка Уладзімір Мікал. Станевіч Юры Даніловіч Раіса Строкач Алякчандр Пятров. Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Цюрын Аляксей Сяргеевіч Дзяконскі Аляксандр Алякс. Лагун Вольга Эдвардаўна Шантар Дзіяна Георгіеўна Чухліб Наталля Буз Андрэй Віктаравіч Аскерка Зміцер Абухоўскі Юры Жукоўская Таццяна Яўген. Буката Людміла Аляксандр. Васільчук Іван Дзмітрыевіч Жураўлёва Таццяна Сярг. Камко Наталля Юр'еўна Салговіч Вольга Віктараўны Мацвееў Максім Іванавіч Рубанік Таццяна Радзюк Алена Іванаўна Шык Кірыл Іванавіч Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Сяліцкая Рыта Кабылка Віталь Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Лапо Аляксандр Іванавіч Богуш Святлана Яўгенаўна Талкачыкава Кацярына Ал. Астахновіч Андрэй Казімір. Калеснікава Алена Уладзімір. Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Пералыгін Алесь Паўлініч Валеры Валерыяв. Макарскі Андрэй Георгіевіч Баркун Юры Васільевіч Кандратовіч Ян Янавіч Пуцікаў Ілля Кравец Дзмітры Юр'евіч Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Лук'янцаў Кірыла Іванова Анфіса Міхайлаўна Шахаб Дар'ян Казакевіч Юры Іосіфавіч Макарчык Уладзімір Гарбачэўскі Васіль


Сугучнасць сэрцаў

Concordia parvae res crescunt,
discordia maximae dilabuntur.
(Пры зладжанасці і малыя справы растуць,
пры разладзе - і вялікія гінуць.)
Салюстый, І ст. да н. э.

Concordia Chor - малады, творча скіраваны калектыў, які ўзначальвае Галіна Казіміроўская. Гэты аматарскі хор сабраў у свае шэрагі людзей розных прафе-сій і ўзростаў, якіх яднае любоў да музыкі і жаданне спяваць. 25 нязменна адданых музыцы асобаў запрашаюць знаўцаў харавога мастацтва і ўсіх, хто жадае, разам парадавацца чаканаму надыходу вясны.

Вялізныя глыбокія вочы, адухоўлены погляд. Дырыжор і кіраўнік хору - Галіна Казіміроўская, жонка Змітра Вайцюшкевіча, жанчына з вялікім унутраным прасторам духу, любоўю да музыкі, мастацтва. Разам з Ксеніяй Мін-чанка, Ганнай Хітрык і сваім маленькім сынам Язэпам яна прымала удзел у праграме "Мой сябра - Анёлак". Спадарыня Галіна падзялілася дум-камі пра жыццё і творчую дзейнасць.

- Наша сям'я была вялікай (у бацькоў было васьмёра дзяцей), музычна - артыстыч-най Усе з дзяцінства захапляліся музыкай. Мама - скры-пачка, тата - інжынер, інтэлектуал, знаўца музыкі і тэатра, які працаваў у навуковай установе. Некаторыя з нас сталі прафесійнымі музыкамі, іншыя маюць інакшыя прафесіі, але частковую музычную адукацыю і здольнасці маюць усе. Зараз усе ўжо даволі дарослыя і маюць сваіх дарослых дзяцей, якіх таксама вы-хоўваюць у яднанні з музыкай. Але лёс склаўся так, што амаль усе мае браты і сёстры насяля-юць розныя краіны.

Мы раслі ў творчай атмасферы, былі маленькай музычна-тэатральнай трупай. Заўсёды рабілі касцюмаваныя тэатральныя пастаноўкі, спявалі і танчылі. Ні адно свята не абыходзілася без хатніх спяктакляў ці канцэртаў, на якія заўсёды запрашалі суседзяў, сяброў. Сваю адукацыю я пачала ў 1-ай музычнай школе па класу скрыпкі, але заканчвала ўжо ў класе харавых спеваў. Мне да гэтага часу наш школьны хор "Тоніка" падаецца самым лепшым і сапраўдным - там вучылі не спяваць ноты, там вучылі слухаць, адчуваць музыку. Гэта была сапраўдная магія, якая на ўсё жыццё захапіла мяне.

Далей, як і марыла, былі навучальня і кансерва-торыя (цяпер Беларуская Акадэмія музыкі), дзе я займалася па спецыяльнасці: харавое дырыжаванне. Паралельна з вучобай пісала харавыя творы, рабіла апрацоўкі народных песень, працавала ў габрэйскай гімназіі з вучнёўскім хорам.

Пасля заканчэння Акадэміі паехала ў Галандыю да маёй сястры, якая мае там прыватную музычную школу і выкладае фартэпіяннае май-стэрства.Там у перыяд з 2004 па 2006 я працавала з дарослым аматарскім хорам, а так-сама выкладала спевы і сальфеджыа.

Вярнуўшыся дадому, вырашыла рабіць штосьці сур'ёзнае на Беларусі. У 2006 годзе я паступіла на працу ў Беларускую дзяржаўную ха-равую капэлу імя Рыгора Шырмы. Было цікава спяваць сур'ёзную музыку, працаваць на адной сцэне з рознымі аркестрамі і бачыць розных дыры-жораў. Харавы калектыў быў створаны ў 1939 годзе і носіць імя яго заснавальніка - Рыгора Раманавіча Шырмы . Ствараўся ён з мэтай прапаганды беларускай народнай песні і аб'ездзіў у свой час увесь Савецкі Саюз. З цягам часу рэпертуар капэлы вельмі пашырыўся і складаецца з твораў самых розных жанраў, эпох і кампазітараў: В.-А. Моцарта, Р. Шумана, , А. Брукнера, А. Брамса, А. Дворжака, Г. Берліёза, І. Гайдна, Кс. Бенгверела, Д. Ка-балеўскага, С. Баха, Л. Бетховена, Дж. Пучыні; Д. Шастаковіча, П.Чайкоўскага і ін-шых.

Высокая музычная культура, яркая эмацыйнасць, інтанацыйная чысціня, выразнасць і натуральнасць спеваў,-такія рысы яго прызнаюць крытыкі.

Пазней я заснавала самастойны аматарскі калектыў - " Concordia Chor".

Мы стварылі гэты хор у праграмісцкай кампаніі IBA з яе супрацоўнікаў. Цёплы ася-родак сяброў, якія бачаць у гэтым адпачынак пасля асноў-най працы, рэалізацыю сваіх музычных здольнасцей і жаданняў, а таксама і душэўную падтрымку. Харавыя спевы акрыляюць людзей. Хор наш камерны, складаецца прыклад-на з 25 чалавек. Мы спяваем розную музыку: тут і харавая класіка, і старажытная музыка, і сучасная. Вялікае месца ў рэпертуары займаюць народныя песні, прычым не толькі беларускія, але і украінскія, рускія, кубінскія і нават японскія. Мы выступаем у гарадах Беларусі і ў замежжы. Ксёндз са Смаргоні, які пазнаёміўся з дзейнасцю нашага хора, запрасіў нас выступіць ў сваёй парафіі. У нас разнастылёвая манера спеваў. Больш цікавіць шматгалоссе - спаконвечная народная манера спеваў.

Не так даўно з маёй ініцыятывы ўзнікла канцэртнае агенцтва "BelArtSound". Наша мэта і мара - папулярызаваць харавое мастацтва, ствараць умовы для яго развіцця. У агенцтве працуюць людзі, улюблёныя ў музыку, творчыя асобы, якія стараюцца зрабіць усё, каб мара стала рэальнасцю. Мы плануем праводзіць у Беларусі харавыя фестывалі, арганізоўваць харавыя канцэрты, увогуле, распачынаць свята музыкі. Таксама будем старацца прадстаўляць беларускую харавую культуру ў іншых краінах і адкрываць Беларусь для харавых калектываў усяго свету.

У траўні збіраемся правесці першы спеўны Форум. Хочам запрасіць "Госціцу"- таленавіты калектыў, які ўзначальвае Ларыса Сімаковіч. Творчы калектыў "Госціца" - адзіны ў Беларусі тэатр аўтэнтычнай і архаічнай музыкі і харэаграфіі, які перайшоў мяжу этнаграфізму і звярта-ецца да гледача на сучаснай мове танцу мадэрн.

Эксперыментам трэба лічыць і тое, што пасля шматлікіх, цалкам аўтарскіх, музычна-пластычных дзей Л. Сімаковіч прыйшла да ўвасаблення музычнага матэрыялу, да якога ў свой час звярталіся такія сусветна вядомыя харэографы, як Дж. Робінс, М. Бежар, І. Кіліян.Таксама хацелася б запрасіць лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кампазіта-ра Вячаслава Кузняцова .

На мой погляд, у нас не хапае фестываляў для развіцця харавых спеваў. Двух такіх вялікіх і сур'ёзных музычных падзей, як фэст "Магутны Божа" і Фестываль праваслаўных спеваў усё ж недастаткова. Арганізацыяй канцэртаў у свеце акадэмічнай музыкі займаецца Міністэрства куль-туры.

- Якія яшчэ кірункі музыкі Вам блізкія?

- Люблю спяваць джаз, блюз, а яшчэ bossa novu. Мне падабаецца ездзіць з канцэр-тамі, вандраваць. Канешне, вельмі хочацца прафесінага росту, хочацца ствараць музы-ку, эксперыментаваць, а можа пашанцуе, і стану калісьці каля сімфанічнага аркестра...

- Не маглі б Вы адкрыць сакрэт, як пазнаёміліся з Вашым мужам Змітром?

- Пазнаёміліся выпадкова, гэта было ў мяне на лецішчы. Я запрасіла сваіх сяб-роў, а яны - Зміцера. Атрымаўшы адукацыю ў класічна музычнай плыні, я ўвогуле не ведала пра існаванне альтэрнатыўнай музычнай культуры. І калі сябры мне сказалі, што прыедзе вядомы беларускі бард, мне гэта не пра што не гаварыла. Яго прозвішча мне не было знаёмым. Калі ён сказаў: "Я - Зміцер Вайцюшкевіч", - я адказала: "А я - Галіна Казіміроўская."

Потым ён запрасіў мяне на традыцыйны канцэрт 20 ліпеня на свой дзень наро-дзінаў, у малую залу КЗ "Мінск". Я была пад вялізным уражаннем і нават заганарылася, што ў Беларусі такое ёсць, што так прыгожа гучаць песні на беларускай мове. Мне здавалася, што гэты цудоўны спеў накіраваны менавіта мне, хаця песні, безумоўна, пісаліся раней - ну, гэта таксама адзін з талентаў Зміцера.

- Ці Вы адчуваеце сабе самай шчаслівай жанчынай, якой столькі пяшчотных і трапяткіх словаў прысве-чаны?

- Менавіта так, а як жа можа быць яшчэ?

- Якім Вы хацелі б зрабіць Ваш дом?

- У вялікім горадзе шмат шумоў перашкаджаюць чуць унутраную музыку.

Нам бы хацелася жыць на тым самым хутары, які Зміцер адшукаў на беразе Нёмана. Ён набыў яго ў мяс-цовага дзядулі. Ад дзеда Зміцер даведаўся, што калісьці яго бацька сватаўся да дзедавай дачкі. Гэта быў пэўны знак лёсу.

- Пра што марыце для Вашай сям'і, для сына?

- Хачу выхаваць добрага, вольнага чалавека. Хачу вырасціць сябра! Мне ў дзяцінстве трошкі не хапала пара-зумення з бацькамі, хацелася большай цеплыні. У Язэпкі ёсць відавочныя музычныя здольнасці, гэта і не дзіўна. Ён слухае гук юлы і паўтарае яго адзін ў адзін гук. Ён адрознівае голас бацькі, калі чуе яго ў нейкім запісы, уважліва слухае і, як удзячны слухач, пляскае ў ладкі пасля кожнай песенькі. Калі гаварыць аб прафессіі - не буду чагосьці навязваць сыну і падганяць яго. Калі я выйшла з Акадэміі музыкі, падумала, што толькі зараз і варта ў яе паступаць, каб глыбей усвядоміць, спасцігнуць музыку, а не прабегчы палову па паверхні, а штосьці ўвогуле вызубрыць, ды і забыць.

Цяпер я думаю пра тое, каб у сына быў добры асяродак, каб ведаў родную мову, ну і самае галоўнае, каб быў здаровенькі.

Гутарыла Э. Дзвінская.

На здымках: 1. Зм. Вайцюшкевіч і Галіна Казіміроўская ў праграме "Мой сябра - Анёлак". 2. Галіна Казіміроўская. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX