Папярэдняя старонка: 2010

№ 20 (963) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 20 (963) 19 ТРАЎНЯ 2010 г.

18 траўня - Сусветны дзень музеяў

НОЧ МУЗЕЯЎ

Міжнародная акцыя "Ноч музеяў" сёлета ўпершыню прыйшла і ў Бабруйск. 14 траўня людзей запрашаў да сабе Краязнаўчы музей. "Ноч" пачалася ў 18:00 і скончылася ў змярканні - у 22:00. Уваход, як і ў Менску, зрабілі платным. Калі наведвальнік вырашаў прыхапіць з сабой фотаапарат, кошт уваходу павялічвалася ўдвая.

Краязнаўцы вырашылі здзівіць гасцей незвычайным чынам: не новымі экспанатамі або экспазіцыямі, а сваёй самадзейнасцю. Перапранутыя ў рыцараў, сялян і афіцэраў царскага войска, яны наладзілі самадзейнае тэатралізаванае шоў, накармілі наведвальнікаў сухарамі з чорнага хлеба і нават прымусілі танчыць.

За час акцыі музей наведалі каля 50 чалавек.


27 траўня ў малой зале к/з Мінск пройдзе Русальны канцэрт гурта GUDA пры ўдзеле этнічна-перкусійнага праекта Drummaterria.

Пачатак а 19 ай гадзіне. Кошт квіткоў ад 10 000 да 15 000.

Даведкі: 6490888. Квіткі прадаюцца ў касе к/з Мінск і пераходзе Я. Коласа.

Напярэдадні канцэрту GUDA ладзіць адмысловую русальную фотасесію.

27 траўня, у самай сярэдзіне русальнага тыдня, таямнічае стане відавочным!


15 гадоў рэферэндуму 1995 года

Заява Сакратарыяту ТБМ

Пара забяспечыць абяцаную роўнасць

14 мая 2010 года спаўняецца 15 гадоў з дня правядзення сумнавядомага рэфе-рэндуму, паводле вынікаў якога беларуская і руская мова атрымалі роўныя правы. Што з гэтага атрымалася - зараз бачна кожнаму. Адсутнічае сістэма нацыянальнай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, колькасць беларускамоўных вучняў скарацілася да 18%, беларускамоўныя школы і нават класы адсутнічаюць у большасці абласных і раённых гарадоў Беларусі. Прынятыя ў 1998 г. папраўкі ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" пярэчаць Канстытуцыі і дазваляюць чыноўнікам не карыстацца беларускай мовай.

Сакратарыят ТБМ заклікае беларускія ўлады нарэшце выканаць рашэнне рэферэндуму 14 мая 1995 г., унесці адпаведныя змены ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і прыняць Указ Прэзідэнта аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і культуры.

Прынята на паседжанні Сакратарыяту ТБМ

11 мая 2010 года.


14 траўня 1995

Далакопы

нашай Мове-Матухне

дол капалі,

дол глыбокі,

дол халодны.


Трунары зрабілі

нашай Мове-Матухне дамоўку,

збудавалі хату,

цесную і цёмную,

без вокнаў, без дзвярэй.


Смутку

нашай Мове-Матухне навеялі

не чатыры дошкі,

не зямлі магільнай сажань,

не праводзіны і не памінкі чынавенствам,

а злаўцешная здаволенасць таго,

хто задумаў гэта пахаванне.


Рэферэн-думнік пасля хаўтураў

вельмі мала спаў уночы,

сон яму прысніўся страшны.

Лесам ідучы, натрапіў ён

на свежы насып, на магілу.

Думкі ў сне злаўцешныя

снаваліся нядоўга, бо раптоўна

расхіліўся лес хваёвы,

расхінулася магільная зямля,

раскалолася труна,

Мова-Матухна з сырой зямліцы ўстала

і да рэферэндумніка мовіла:

"Хто капае яму на мяне,

той у гэту ж яму сам уваліцца!"

Глянуўшы з пагардаю

на рэферэндумніка спалатнелага,

Мова-Матухна пайшла

на покліч шматгалосы,

да сыноў адданых і дачок,

пад зару світальную -

пад бел-чырвона-белыя штандары!

11.03.2000

Генадзь Тумаш


Пяты міжнародны кангрэс беларусістаў

20-21 траўня ў Менску пройдзе Пяты міжнародны кангрэс беларусістаў

У гэтыя дні ў беларускай сталіцы адбудзецца мноства разнастайных паседжанняў, канферэнцый і сустрэч, прысвечаных беларускай жа тэматыцы. Удзел у іх возьмуць самыя вядомыя даследчыкі і навукоўцы, якія займаюцца пытаннямі беларускай гісторыі, культуры і мовы.

Сярод удзельнікаў кангрэса Эльжбета Смулкова (Варшава, Польшча), прафесар Інстытута інтэрдысцыплінарных даследаванняў «Artes Liberales» Варшаўскага ўніверсітэта, Арнольд МакМілін (Лондан, Вялікабрытанія), Мікалай Нікалаеў (Санкт-Пецярбург), загадчык аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, Дарота Міхалюк (Торунь, Польшча), доктар гуманітарных навук, Адам Мальдзіс (Менск), прафесар, Рыгор Піўтарак (Кіеў, Украіна), акадэмік, Алесь Смалянчук (Гародна-Вільня, Беларусь), прафесар, Рышард Радзік (Люблін, Польшча), прафесар, і інш.

Кангрэс таксама будзе суправаджацца спадарожнымі імпрэзамі, сярод якіх асаблівую цікавасць мае выклікаць лекцыя прафесара Цімаці Снайдэра (Ельскі універсітэт, ЗША) «Паходжанне народаў Усходняй Еўропы» (17.00, 19-га траўня, канферэнцзала Інстытута імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3, 4-ы паверх).


МОЙ АДКАЗ СЯРГЕЮ АРЦЮХУ

Газета «Наша слова» 24 сакавіка гэтага года змясціла ліст С.М. Арцюха пад загалоўкам «Беларуская мова павінна быць дзяржаўнай на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне». Я прачытаў гэты ліст і ніяк не змог утрымацца, каб не выказаць катэгарычную нязгоду з, мякка кажучы, несур'ёзнай ініцыятывай аўтара «патрабаваць ад ураду РФ, каб у асобных суб'ектах федэрацыі ў якасці яшчэ адной дзяржаўнай мовы ўвялі беларускую, асабліва на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне». У іншых мясцінах аўтарскага артыкула ўпамінаюцца яшчэ і Беласток, Вільня, Дзвінск.

Папершае, нельга, як кажуць, гусей дражніць. Бо гэтыя патрабаванні моўнага характару могуць быць для кіраўніцтва нашай дзяржавы зачэпкай, каб чарговы раз абвінаваціць беларускіх «нацыяналістаў», «апазіцыянераў» у іх нібыта прэтэнзіях, не толькі моўных, але і тэрытарыяльных, да суседніх краін - Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы.

Падругое, не зразумела, пра якіх беларусаў Смаленскай, Бранскай і Пскоўскай абласцей клапоціцца аўтар. Праўда, ён спасылаецца на вядомую карту беларускага племя, зробленую ў свой час акадэмікам Я.Ф. Карскім. На ёй (пра гэта ведаюць сёння вельмі многія) у этнічных межах беларускай нацыі слушна, на аснове даследавання гаворак мясцовага насельніцтва таго часу, пазначана і большая частка Смаленскай губерні - аж да Вязьмы. Я.Ф. Карскі, несумненна, прымаў пад увагу і статыстычныя звесткі, што зрэдку публікаваліся на падставе перапісу насельніцтва царскай Расіі. Так, у кнізе «Смоленская губерния. Сведения 1859 г.» (выданне 1868 г.) змешчана наступная табліца: (гл. табліцу).

З табліцы бачым, што ў сямі з дванаццаці ўездаў Смаленскай губерні беларусы значна перавышаюць колькасць вялікарасіян ці складаюць абсалютную большасць насельніцтва гэтай губерні. Не будзем, аднак, забываць, што з таго часу прайшло 150 гадоў.

Як засведчана ў энцыклапедыях, Пскоў толькі нязначны час быў пад уладай Вялікага Княства Літоўскага, а з 1510 года ён ужо ў складзе Масковіі; Бранск у 1500 годзе занялі войскі Івана ІІІ, і Браншчына стала часткай той жа Масковіі; Смаленск з 1686 года паводле «Вечнага міру» паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай канчаткова замацаваны за Рускай дзяржавай. Працэс русіфікацыі беларусаў (а гэта - у асноўным сяляне, вясковае насельніцтва) быў у тыя стагоддзі марудны, бо яшчэ не было тады ні школ, ні газет, ні радыё, ні тэлебачання. Тое самае можна сказаць і пра ХІХ - пачатак ХХ стагоддзяў, калі Я.Ф. Карскі складаў згаданую вышэй карту. Расійскія ўлады і нават тагачасная перадавая, але з вялікадзяржаўнымі, шавіністычнымі поглядамі інтэлігенцыя прыкладалі значныя намаганні, каб гэты працэс паскорыць. Так, папулярны прадстаўнік дзекабрысцкага руху П. Песцель на старонках «Русской правды» рашуча выступаў за тое, каб беларусаў і маларосаў (украінцаў) «за сапраўдных рускіх лічыць і ад гэтых апошніх ніякімі іншымі назвамі не аддзяляць», заклікаў дабівацца таго, каб «на цэлай прасторы расійскай дзяржавы» была «адна толькі мова руская». Пушкін жа толькі і марыў пра час, калі «славянские ручьи сольются в русском море», а пра беларусаў пісаў, што гэта «народ, издревле нам родной».

Але толькі ў перыяд існавання СССР, калі пад інтэрнацыянальным лозунгам ствараўся «адзіны савецкі народ», амаль усе гэтыя мары ажыццявіліся. Рэзка змяніліся колькасныя суадносіны паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам. Сялян, гэтых адвечных захавальнікаў моўных традыцый, стала менш за 20 працэнтаў. Непараўнальна ўзмацнілася магутнае ўздзеянне школы і сродкаў масавай інфармацыі.

Гэта выразна можна бачыць на прыкладзе нашай сучаснай Рэспублікі Беларусь, дзе яе кіраўніцтва з гонарам заяўляе: «Мы те же русские, только со знаком качества». Маўляў, свяцейшыя за папу рымскага...

Пра стан жа беларускай мовы і яе далейшы лёс - ні слова. А між тым міжнародная арганізацыя ЮНЕСКА ў мінулым годзе аднесла мову беларусаў да моў, што апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Гэтага не можа бачыць толькі сляпы. Я не стану тут прыводзіць агульнавядомыя факты пра адсутнасць беларускіх школ у нашых гарадах, сярэдніх і вышэйшых устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання, пра іншамоўную дзейнасць нашага радыё і тэлебачання, пра газеты, у якіх толькі назва надрукавана пабеларуску (скажам, «Рэспубліка», «Гродзенская праўда») і г.д. У нашым горадзе на цэнтральнай плошчы вось ужо колькі месяцаў красуецца выкананы вялікімі прыгожымі літарамі лозунг: «Я люблю тебя, Беларусь!»

Хочацца запытаць у Сяргея Арцюха: ці захавалася хоць штонебудзь беларускае ў іхнім вытворчым аб'яднанні «Азот»? У нашым, напрыклад, універсітэце я не бачу нічога беларускага, апрача вялізнай прыгожай шыльды: «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы». Звярніце ўвагу: «імя Янкі Купалы». Хіба гэта не здзек з памяці нашага генія, прарока, апостала? Ёсць у нас на філалагічным факультэце і аддзяленне беларускай мовы і літаратуры (набіраецца толькі 22 стацыянарнікі ды 12 завочнікаў, бо няма куды размяркоўваць выпускнікоў зза колькаснага скарачэння беларускіх школ; а было ж не так даўно - у 19911994 гадах - зусім іншае: 125 стацыянарнікаў і 50 завочнікаў). Думаю, што не толькі я, а і іншыя адчуваюць сябе тут, як абарыгены ў рэзервацыі. І ніхто з кіраўніцтва не збіраецца выратоўваць беларускую мовугаротніцу ў нашай краіне. І ніякага прасвету не відно.

У канцы мінулага года адзін журналіст на прэсканферэнцыі задаў Прэзідэнту А.Р. Лукашэнку пытанне: «Беларуская мова зараз знаходзіцца ў заняпадзе, у тым ліку зза дэфіцыту падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. Я прапаную ўвесці сістэму дзяржаўных грантаў і прэферэнцый для грамадскіх арганізацый, якія займаюцца моўнымі праблемамі, для беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі і для беларускамоўных класаў і школ». Адказ быў такі: «Вопросы языковые раз и навсегда в стране решены. По крайней мере, в тот период времени, пока я буду президентом. Мы этот вопрос однозначно решили на референдуме, и я не собираюсь вносить какиелибо дополнения и новшества».

Гэта ўсё было пра тое, як амаль дабілі дзяржаўную (па Канстытуцыі, але не дэфакта) мову ў нас - у самастойнай, незалежнай, суверэннай Рэспубліцы Беларусь. А цяпер - пра Смаленшчыну (наконт Пскоўскай і Бранскай абласцей казаць не варта).

Беларусы ў сённяшняй Смаленшчыне - гэта нешта віртуальнае, фантастычнае, міфічнае. Няма іх там. Днём з агнём не знойдзеш іх. За больш чым трыста гадоў іх даўнымдаўно пераварылі ў катле русіфікацыі. І яны канчаткова забылі, што іх продкі калісьці былі беларусамі (ці, дакладней, ліцьвінамі). З уласнага досведу ведаю: калі каму з іх нагадаеш, што іх прапрапрадзеды - беларусы, дык яны, цяпер ужо «стопрацэнтныя вялікарасіяне», і чуць не хочуць гэтага, гнеўна абураюцца на цябе, «бульбаша», а іншыя паблажліва пасміхаюцца: маўляў, у землякі набіваешся...

Праўда, асобныя ўласна беларускія слоўцы і выразы маглі цалкам застацца незабытымі і нават цяпер ужывальнымі ў моўнікаў Смаленшчыны. Так, славуты паэт Аляксандр Твардоўскі (родам з Рослаўскага ўезда) у паэме «Дом у дороги» замест рускага «косовище» выкарыстаў знаёмае з дзяцінства, ад бацькоў і дзядоў, беларускае «кассё» («И, опершися на косьё, босой, простоволосый, он постоял и понял всё и не дошел прокоса»). Або ў трох выданнях паэмы «Теркин на том свете» было беларускае прыслоўе «ўначы» замест рускага «ночью» («Пить - пивал. Порой без шапки приходил, в ночи шумел. Но, помимо как от бабки, он взысканий не имел»), а пасля, відаць, нехта падказаў паэту, што няма ў рускай мове спалучэння «в ночи», і ў апошнім выданні была зроблена замена.

Калі б у якімнебудзь раёне Смаленшчыны нейкім цудам уцалела хоць некалькі вёсак, жыхары якіх, не адмаўляючыся ад «великого, могучего, правдивого и свободного русского языка», пажадалі, каб іх дзеці вучыліся пабеларуску, то адразу б узнікла невырашальная праблема: а навошта вучыць беларускую мову, калі ў далейшым яна не мае ніякага прымянення ў жыцці? У якую расійскую вышэйшую ўстанову адукацыі зможа паступіць выпускнік такой беларускай сярэдняй школы? Няма такіх. А захоча выпускнік паехаць на вучобу ў суседнюю «брацкую Беларусь», дык і тут, аказваецца, няма ніводнай ВНУ з беларускай мовай навучання. Зачараванае кола...

У якасці прыкладу двухмоўя ў Расіі С. Арцюх прыводзіць Татарстан, але, мусіць, не ведае, што ў Татарстане такая ж незалежнасць, якую БССР мела ў Савецкім Саюзе. Калі не так даўно Дума РФ абмяркоўвала і зацвярджала Канстытуцыю Татарстана, на трыбуну падняўся цяпер ужо ўсім вядомы Жырыноўскі (яшчэ больш вядомы як «сын юрыста») і рашуча заявіў: канстытуцыйны артыкул аб тым, што Прэзідэнтам Татарстана можа быць толькі чалавек, які валодае татарскай мовай, аніяк непрымальны. І амаль уся Дума пагадзілася з ім.

С. Арцюх задае цэлы шэраг пытанняў: ці выкладаецца на Смаленшчыне беларуская мова і літаратура «хаця б у асобных школках як прадмет вывучэння», ці дапамагае ўрад Беларусі беларусам Расіі мець сваё нацыянальнае жыццё, ці падтрымлівае беларускамоўных пісьменнікаў Смаленшчыны, ці дзейнічае ТБМ у РФ? і г.д. На ўсе гэтыя і іншыя пытанні адказ можа быць толькі адмоўны: не, няма там нічога гэтага. І не можа быць. Па тых жа прычынах, пра якія вышэй гаварылася, здаецца, дастаткова.

Іван ЛЕПЕШАЎ, прафесар.


Беларуская Смаленшчына ўжо ў сеціве!

Смаленск - не Вільня. І ў беларускай нацыянальнай міфалогіі займае значна меншае месца. Яго не прынята лічыць жаданай сталіцай, дзе нараджалася беларуская нацыянальная ідэя, а аб колішняй беларускасці Смаленшчыны сёння амаль ніхто нічога не ведае.

Сяргей Астанковіч і Фарэд Берашэд, стваральнікі сайта, прысвечанага беларускай спадчыне Смаленшчыны, жадаюць змяніць такі стан рэчаў. «Смаленшчына - адвечная зямля беларускага народу» - прачытае кожны, хто зойдзе на гэтую старонку.
Напаўненне сайта даволі сціплае, аднак раздзел «бібліятэка» можа пахваліцца насамрэч цікавымі матэрыяламі, датычнымі Смаленшчыны і яе ролі ў беларускай гісторыі і культуры. Тэксты, што тут змешчаныя, без сумнёву могуць быць цікавыя як навукоўцам, так і аматарам беларушчыны.

Сталася так, што на мапе Еўропы практычна нельга знайсці краінаў, у якіх дзяржаўныя межы поўнасцю адпавядалі б межам этнічным. Беларусь, як вядома, не з'яўляецца выняткам з агульнага правіла. Беласточчына, Віленшчына, Дзвіншчына, Пскоўшчына, Браншчына, Севершчына і Смаленшчына - гэта тое, што ўжо, мабыць, ніколі не будзе беларускім па прыкмеце дзяржаўнай ці адміністратыўнай. Аднак ці будзе там Беларусь культурная і нацыянальная залежыць толькі ад нас саміх.

Праект "Беларуская Смаленшчына" з'яўляецца спробай пакуль што прыцягнуць увагу грамадскасці да пытання беларускага насельніцтва сучаснай Смаленскай вобласці - тэрытарыяльнаадміністратыўнай адзінкі Расійскай Федэрацыі.

Асноўныя мэты праекта наступныя:

· Папулярызаваць гісторыю і культуру Беларускай (Заходняй) Смаленшчыны;

· Прапагандаваць беларускую самасвядомасць сярод смаленскіх беларусаў, як прыезджых з Беларусі, так і мясцовых;

· Асвятляць усе апошнія навіны, якія тычацца беларускага элементу Смаленшчыны.

Праект не збіраецца прапагандаваць ніякіх сепаратысцкіх ідэяў ці заклікаць да перагляду дзяржаўных межаў, а нясе выключна культурніцкаасветны і інфармацыйны характар.

Адміністратар сайта запрашае да супрацоўніцтва ўсіх ахвочых падтрымаць праект!!! Этнолагі, гісторыкі, літаратары і ўсе зацікаўленыя Беларускай Смаленшчынай могуць адсылаць на электронную скрыню faberrashed@gmail. com свае тэксты, інфармацыю, фотаздымкі, пытанні, заўвагі і прапановы.

Наш кар.


ЛАПАЧУ САМАРОДКІ СЛОЎ

Паблізу Менска ёсць дзве мясцінкі. Адна з іх здаўна нарачоная Карпілаўкай, другая - Акопамі. Ці згаданыя назовы нагадалі вам кольвек што? Калі не, то падкажу. Карпілаўка асвечана імем Ядвігіна Ш., знанага нашага празаіка, белітрыста, гумарыста, грамадскага дзеяча. Другая, Акопы, -- Купалавым творчым геніем. Абедзве мясціны блізкія адна аднае, суседнічаюць. Але даўно ўжо няма з намі нашых карыфееў, а творчая аўра ў гэтым куточку не змерла. Яе падхапіў, узгадаваны ў гэтым творчым куточку, Сяргей Давідовіч. Ён і літаратар і мастак. А пачынаў як міліцэйскі. Толькі хараство згаданага кутка, людская гармонія для яго былі вышэй за ўсё. Таму выходзяць з пад яго пяра такія вершы, як гэты.

Што сёння раніцай зраблю найперш? -

У думках сам з сабой вяду бяседу. -

Заместа снедання складу лірычны верш,

А потым верш складу замест абеду.


А што з вячэрай? Дам і ёй адбой.

Не да яды - займуся творчай справай.

Такі вось суд наладжу над сабой,

I буду жыць адной духоўнай стравай.


А ноччу ўсім паэтам не да сну -

I мы ўсю ноч не будзем спаць з Пегасам.

А ранкам... ранкам «ногі працягну».

Няўжо памру? О-о! Ну яго з Парнасам!


Не, раніцай насмажу сала я,

Абедаць буду і вячэраць потым.

Хай байкамі сілкуюць салаўя,

Але і ён галодны згубіць ноты.

Пагадзіцеся, дасціпна, даверліва, з гумарам, як сапраўдны творца з народу. І ён, як творца з народу, у заўсёдным пошуку самародкаў народных слоў.

САМАРОДКІ СЛОЎ

Ператрасаю і лапачу

У засяроджанай цішы -

Часцей наўпрост, радзей наўдачу,

Шукаю скарб сваёй душы.


Ён назапашан велізарны:

Каштоўнасць, значнасць і баласт.

Гады спрасоўваліся скарбна,

За годам год, за пластам пласт.


Старацель -ён ані хвілінкі

Не палайдачыць на баку.

Ён, дзеля залатой крупінкі

Прасейвае гару пяску.


Вось і паэт, самааддана

Гарыць, ўваскрэшваецца зноў.

У рудніку душы складана

Вышукваць самародкі слоў.

Вершы Сяргея Давідовіча - гэта даверлівы дыялог з чытачом. От, як гэты:

Пішу... Пішу... Таўсцее сшытак

Сам аўтар, сам чытач, сам крытык.

У рыфмах лад, у думках вольнасць -

Падзяка Госпаду за здольнасць!

Пішу і цешуся дзіцяцем,

Што парадніўся з творчым шчасцем.


Пішу...

А што далей? Пытанне.

А дзе чытач? I слова вяне,

Як гіне без вады расліна.

Шуфляда - вершаў дамавіна.

1 сам, як крыж на дамавіне -

I думкі мруць, і сэрца стыне.


Пішу...

Пішу...

Каму патрэбен

Жыцця грааль, душы малебен?

Сяргей Давідовіч чуйны да ўсіх праяў жыцця, нашага жыцця, асабліва такой далікатнай з'явы, як нашае нацыянальнае жыццё.

I хто сказаў, што ў Беларусі

Дух беларускасці памёр?

Хлусня!

Тады ўжо лепей схлусіць,

Нібыта ў нас няма азёр.


Я абвяргаю далікатна,

I вось што выкажу яшчэ:

Памрэ тады, калі папятна

Вада рачная пацячэ.

Свой водгук на новую кніжку Сяргея Давідовіча "Зямлі святая памяць" скончу ягоным жа вершам "Не стаўце кропку". Згаданы верш вельмі кампазіцыйна завяршае ўсё паэтава крэда. То чытайма.

Дарэмны восеньскія

каверзы-старанні,

не стаўлю кропку я

ні ў гулях, ні ў каханні.

Іду за марамі праз лес

драпежны, шчыльны,

не стаўлю кропку я,

бо кропка - крыж магільны.

Даўно ў дарозе я,

ступаю нетаропка,

а перадых кароткі -

коска, а не кропка.

Пакуль Гасподзь не зачыніў

у заўтра дзверы,

Не стаўлю кропку

ні ў жыцці, ні на паперы...


Уладзімір Содаль-Садэльскі.


ЗАХОЎВАЦЬ ВЕЧНА

Фелікс Шкірманкоў - былы старшыня Слаўгарадскага гарадскога Савета, якога заўсёды непакоіла доля роднага кутка і здароўе яго людзей, што жывуць пад цяжарам чарнобыльскай бяды. Кароткія радкі з яго біяграфіі. У пятнаццаць гадоў баец знішчальнага батальёна. Пасля сканчэння спецыяльнай партызанскай школы перайшоў лінію фронту і змагаўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў брыгадзе Ф. С. Шляхтунова, якая з 1943 года насіла імя генерала Л. М. Даватара. Двойчы быў паранены. У красавіку 1944 года накіраваны Беларускім штабам партызанскага - руху на вучобу ў Маскоўскае ваеннаінжынернае вучылішча, пасля 4-ы Украінскі фронт. Зноў раненне. Вайну закончыў пад Прагай камандзірам звяза інжынернай выведкі. Дэмабілізаваўся ў 1951 годзе, скончыў у Магадане курсы тэхнікаўгеолагаў, Маскоўскі горны інстытут, працаваў у геолагавыведвальных партыях, на распрацоўцы радовішчаў золата на Калыме, Чукотцы, Ахоцкім узбярэжжы. Пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў родны Слаўгараді пачаў пісаць кнігі, уступіў у ТБМ.

Да 65-годдзя Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Менску ў выдавецтва «Чатыры чвэрці» выйшла кніга Фелікса Шкірманкова " Захоўваць вечна : дак. аповесць, вершы".

У кнізе чырвоным радком праходзіць думка: мы павінны заўсёды помніць тых, хто адстаяў родную Беларусь у крывавай вайне з фашысцкімі захопнікамі, і аддаваць ім пашану.

АД АЎТАРА

На 1 студзеня 2010 года, калі пайшоў 65-ы год з дня нашай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у Слаўгарадскім раёне засталося ў жывых толькі 18 франтавікоў - інвалідаў вайны. Якраз па аднаму на кожную тысячу жыхароў. А перакладаючы на вайсковую лексіку, сёння сярод нас жыве адзін з кожнага поўнавартаснага стралковага палка. Няўмольны час няспынна робіць сваю справу, камплектуючы палкі-прывіды.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне толькі споўнілася 15 гадоў. Крыху раней - у студзені 1941 года - мяне прынялі ў камсамол. I таму для мяне не існавала праблемы, што рабіць. Як толькі ў Глуску, дзея жыў з бацькамі, стварылі знішчальны батальён, з бацькоўскай паляўнічай стрэльбай звярнуўся да камандзіра з патрабаваннем, каб мяне неадкладна залічылі ў батальён.

Падставы для гэтага ў мяне былі, як мне здавалася, жалезныя - я камсамолец. Камандзір зразумеў, што гэты нахабны хлопчык тэарэтычна мае рацыю, і мяне залічылі.

Праз тыдзень мяне разам з дваімі маімі аднагодкамі ў суправаджэнні дарослага байца з батальёна накіравалі ў Гомель, каб там на цягніку ад-правіць у глыбокі тыл, далей ад хутка набліжаўшагася фронту. Гэты варыянт мяне ніяк не задаволіў, і я, як кажуць, даў дзёру ад суправаджаючага і пайшоў шукаць абкам камсамолу. Не вельмі хутка, але знайшоў. У калідоры, убачыўшы на дзвярах шыльдачку: "Першы сакратар Рудак Аркадзь Дзянісавіч", - рашуча адчыніў дзверы.

Мне пашанцавала. Напярэдадні ЦК ЛКСМБ прыняў пастанову: "Лічыць камсамол Беларусі мабілізаваным на фронт". Так я апынуўся ў 1-й Камуністычнай роце Беларусі, якая фармавалася з членаў партыі і камсамольцаў. Потым партызанская школа - Усебеларускі збор у Горкаўскай вобласці і баявыя будні ў тыле ворага.

У красавіку 1943 года пасля цяжкага ранення я трапіў у вайсковы шпіталь у Маскву (з Бягомльскага партызанскага аэрадрома). Пасля выпіскі са шпіталя быў накіраваны Беларускім штабам партызанскага руху ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае вайскова-інжынернае вучылішча. Па заканчэнні яго 2 студзеня 1945 года 17-гадовым малодшым лейтэнантам адбыў на 4-ы Украінскі фронт у 113-ы ордэнаў "Багдана Хмяльніцкага" і "Чырвонай зоркі" Станіслаўскі інжынерна-сапёрны батальён, дзе быў прызначаны камандзірам звяза інжынернай выведкі. Так і сустрэў Перамогу недалёка ад Прагі ў Чэхаславакіі, паспеўшы атрымаць ужо чацвёртае раненне, ордэн "Чырвонага сцяга" і медаль "За адвагу". Прайшлі дзесяцігоддзі. Зыходзяць з жыцця апошнія ўдзельнікі той свяшчэннай усенароднай вайны з фашысцкай навалай. Я палічыў сваім абавязкам сабраць напісаныя ў розныя гады вершы, урывак з дакументальнай аповесці, прысвечаныя ветэранам фронту і тылу, у гэтую маленькую кніжачку як сведчанне аднаго з многамільённай арміі абаронцаў сваёй Бацькаўшчыны - аўтараў Перамогі - з адной мэтай, - каб помнілі нашчадкі, як іх дзеды і прадзеды, бабулі і прабабулі рабілі ўсё у імя Перамогі, а гэта значыць у імя шчасдя наступных пакаленняў, каб ніколі ні на хвіліну не забываліся, якой дарагой цаной была дасягнута гэта Перамога і захоўвалі гэтую памяць ВЕЧНА.


На беларускую мову пераклалі першую кніжку з серыі пра мумітроляў фінскай пісьменніцы Тувэ Янсан

Перакладзена першая з серыі кніг Тувэ Янсан пра мумітроляў - "Маленькія тролі і вялікая паводка". Кніга, перакладзе-ная Настай Лабадой, выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа.

Тувэ Янсан - сусветна вядомая шведскамоўная пісьменніца і мастачка з Фінляндыі, аўтарка шэрагу кніг для дзяцей і дарослых, сярод якіх - аповесці "Шчыры падман", "Дачка скульптара", раман "Горад сонца" і многія іншыя. Але знакамітай яна зрабілася перадусім дзякуючы кнігам пра мумітроляў, якія сама ж ілюстравала. На сённяшні дзень мумітролі - ледзь не нацыянальны гонар Фінляндыі: ім прысвечаны нацыянальны муміпарк, выявы гэтых абаяльных герояў можна знайсці дзе заўгодна - нават на віншавальных паштоўках.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX